четверг, 28 августа 2014 г.

Вячаслаў Шыдлоўскі. Рысы майго пакаленьня. Ч. 2. Койданава. "Кальвіна". 2014.





                                                                           Рур
     Маецца на ўвазе не геаграфічны назоў. Зусім не. Гэта абрэвіятура найменьня аднаго структурнага зьвяна ў сыстэме ГУЛАГа на Калыме – “роты усиленного режима”. То не вайсковая рота, нават не рота вохры. Гэта нешта сярэдняе паміж карцэрам і штрафным ізалятарам са строгім утрыманьнем вязьняў. Хутчэй за ўсё і тое, і другое: і калектыўны карцэр, і ізалятар. У той лягерны час (другая палова трыццатых гадоў) сутнасьць абрэвіятуры была страчаная. Слова “рур” набыло мужчынскі род і поўную незалежную лексычную самастойнасьць. Яно па-ранейшаму абазначала ўсё той жа рэальны спосаб пакараньня зэкаў “по усмотрению” лягернага начальства. На прыіску імя Вадап’янава лягпункты не мелі сваіх рураў. Быў адзін, зводны, на галоўнай прыіскавай зоне. Правам накіроўваць зьняволеных з лягерных зонаў у рур карыстаўся кожны з плоймы лягернай адміністрацыі, вызначаючы тэрмін ізаляцыі паводле сваёй волі.
    Наш прыіскавы рур уяўляў сабою астрожную драўляную пяцісьценную будыніну на два ізаляваныя аддзяленьні з асобнымі ўваходамі проста знадворку. Ніякіх там сенцаў або тамбураў. Вонкава гэтая вязьніца нагадвала хлеў, зрублены ў лапу. Дах, як звычайна на Калыме, пляскаты, зроблены з умацаванага накатніка. Будавалі рур і абсталёўвалі цесьляры (безумоўна, зэкі) згодна з яго прызначэньнем, як ізалятар. Маленькія закратаваныя вокны пад дахам, двухпавярховыя нары, жалезная печка-бочка з бляшанай трубой-дымаходам. Вось і ўвесь інтэр’ер. Апрача ўсяго прысутнічала нязьменная ў такіх “установах” параша. У тым часе, калі я трапіў у гэты рур (зіма 1937/38 года), драўлянай падлогі ўжо не было. Не было і сподніх нараў. Усё было раней узадрана і спалена замест дроў. Перад печкай ляжаў пень з каранямі, нагадваючы сабой васьмінога. Прызначэньне гэтага “паліва” не для цяпла, а для чарговага зьдзеку з вязьняў. У руры ні пілы, ні сякеры ніколі не было і не магло быць. Так і ляжаў гэты пень у самыя халады, магчыма, усю зіму. Не былі спаленыя і захаваліся толькі верхнія нары. Таму й ацалелі. Дарэчы, менавіта блатныя спалілі падлогу і споднія нары, пакінуўшы верхнія для сябе.
    Жыхары рура падзяляліся на дзьве асобныя групы: на “людзей” і на “чарцей”. Падзел ішоў па вэртыкалі. Блатныя канцэнтраваліся на ацалелых нарах. Усе астатнія - проста на рачной гальцы і каменьні з прычыны адсутнасьці сподніх нараў і падлогі. Жыхароў верхніх нараў нехта з інтэлектуалаў, з ліку тых, хто месьціўся проста на голай гальцы, назваў “верхняй палатай лордаў”. Гэтае вызначэньне падабалася і самім “лордам”, хоць ніхто з іх не разумеў сапраўднай сутнасьці іроніі.
    Абедзьве паловы будыніны рура, ізаляваныя паміж сабой сярэдняй сьцяной, былі злучаныя нарой, прарытай у рачной гальцы пад падрубам, аб чым стараста рура не здагадваўся. Людзі пры неабходнасьці лазілі з адной паловы ў другую. Усяго вязьняў у абедзьвюх паловах - камэрах рура ўтрымлівалася чалавек 100-150 ці крыху болей.
    Мой арышт прыпадаў на канец 1936 г. - на сутокі ягодаўшчыны і яжоўшчыны. Завяршыўся пэрыяд кульмінацыі ягодаўскага тэрору і пачаў разгортвацца яшчэ больш жорсткі - яжоўскі. Толькі ў выніку зьбегу абставін я разьмінуўся з калымскаю “тройкай” і не трапіў на Сэрпантынку. А вось у руры пасьпеў пасядзець двойчы, прычым без трагічных вынікаў. Па калымскіх мерках, мой лёс аказаўся калі і не надта шчасьлівым, то ўдалым. Часам мне шанцавала.
    Увосень 1937 года мяне прываліла ў забоі грунтам, пра што я згадваў ужо. Як вынік - сустаўны пералом нагі. Гэта была першая ўдача. Пасьля кароткага лячэньня ў лягернай бальніцы мяне камісавалі. Вызначылі другую асобую катэгорыю лягернай працаздольнасьці. Гэта азначала, што я падлягаю выкарыстаньню толькі на лёгкай працы. Пакуль дырэктарам трэста “Дальстрой” быў Берзін, лягернае начальства яшчэ брала пад увагу заключэньне дактароў нават тады, калі яны ўсе былі зьняволеныя. Мяне прызначылі днявальным палаткі, у якой месьцілася брыгада майго добрага знаёмага Ільіна. Ён да арышту быў прызваны з Паўночнага Каўказа на тэрміновую службу ў пагранвойскі. Служыў у Беларусі, у раёне чыгуначнай станцыі Бігосава на мяжы з Латвіяй. Там жа атрымаў 58-ю і быў этапіраваны на Калыму, дзе лёс зьвёў нас у адной палатцы. Яго брыгада была зборная. Якраз тады ўжо ішла канцэнтрацыя палітзьняволеных у асобныя брыгады. Гэтая ператасоўка суправаджалася расьсяленьнем крымінальнікаў і палітычных у розныя палаткі, якое не абыходзілася без кур’ёзаў. Некаторым палітвязьням-беларусам удавалася пэўны час пахадзіць у ролі крымінальнікаў. Было так, што грознаму 58-му расейскаму артыкулу ў крымінальным кодэксе БССР адпавядаў 72-гі. А паводле кодэксу РСФСР 72-гі вызначаў кару за падробку дакумэнтаў. Нікому не хацелася значыцца менавіта палітычным. Вось і спрабавалі некаторыя з землякоў-“политстатейников” схаваць сутнасьць свайго прысуду-выраку, карыстаючыся разнабоем нумарацыі артыкулаў у двух кодэксах (БССР і РСФСР). Затое пасьля выкрываньня сутнасьці блытаніны іх “с треском” выганялі з брыгад крымінальнікаў, як “ворагаў народа, што праніклі туды таемна”. Дзякуй Богу, што не дабаўлялі за гэта тэрміну зьняволеньня. Відаць, таму, што меў месца недагляд з боку лягернай адміністрацыі і пагалоска пра гэта была не на яе карысьць.
    Надышоў той час, калі на пасаду начальніка УСВИТЛа прыбыў з Масквы палкоўнік Гаранін. Сваю дзейнасьць ён пачаў з чысткі органаў і бязьлітаснага лягернага тэрору. Неяк пайшлі чуткі, што Гаранін езьдзіць па лягерах і аглядае свае ўладаньні. З перапуду лягернае начальства заганяла ўсіх палітычных на працу толькі ў забой, не беручы пад увагу нічога.
    У адзін з ліхіх дзён нарадчык закамандаваў і мне ісьці ў забой. Я адмовіўся, спасылаючыся на заключэньне лягернай мэдкамісіі. Пасьля разводу брыгад мяне даставілі ў дамок начальніка лягера. Такім чынам, я “предстал пред очи” самога Кудзінава. Пры гэтым прысутнічала ўся адміністрацыйная зграя зоны, у тым ліку і вохраўцы. Я паўтарыў аргумэнты, на падставе якіх адмовіўся ісьці ў забой. Гэта разьюшыла Кудзінава канчаткова. Выйшаўшы з раўнавагі, а можа, пазіруючы перад падначаленымі, ён пачаў нецэнзурна лаяцца. Каскад нецэнзурных словаў чаргаваўся са словамі “трацкіст” (тады на Калыме ўсіх палітвязьняў называлі не іначай, як “трацкістамі”). Заўважыўшы, што на мне чыстае лягернае адзеньне, Кудзінаў выклікаў капцёра і загадаў мяне пераапрануць ва ўсё сьпісанае.
    Калі мы ішлі з капцёрам да капцёркі, ён, чамусьці напаўголаса, раіў мне ісьці ў забой, не рызыкаваць. Добры чалавек, ён папярэджваў мяне, што зараз лютуе “тройка”, ідуць расстрэлы. Пра гэта я сам выдатна ведаў, але цьвёрда наважыўся выпрабаваць свой лёс да канца. Відаць, капцёр, чалавек больш сталы, разумеў лепей за мяне, што адвага “качать права” ў сталінскім канцлягеры, ва ўмовах тэрору, была адпаведная самагубству. Толькі пазьней я зразумеў, што ў тых абставінах я тады рызыкоўна хадзіў па самым краі бездані.
    У капцёрцы я пераапрануўся ў зашмальцаваныя драныя транты (целагрэйку, ватныя штаны), пераабуўся ў дабітыя валёнкі. Хто насіў гэтае адзеньне да мяне? Можа, чалавек, якога ўжо пасьпелі расстраляць на Сэрпантынцы? А можа, гэтыя лахманы садралі з дахадзягі, памерлага з галадухі?.. Капцёр старанна шукаў чаго-небудзь, што можна было апрануць паверх. Нарэшце ён знайшоў цывільны абтрапаны кажушок з адным-адзіным (пад каўняром) салдацкім бронзавым гузікам, з выявай на ім двухгаловага царскага арла. Бог ведае, каго ў гэтым кажушку і з якой глушы прывезьлі сюды на Калыму? А можа, яго ўжо і не было сярод жывых у тым часе?
    Я падперазаўся вяровачным матузком, і мы пайшлі да начальства. Мая экіпіроўка выклікала ў Кудзінава шчырае задавальненьне. Пакуль мы з капцёрам адсутнічалі, начальства падрыхтавала суправаджальную паперу ў рур. Яе ўжо трымаў у руцэ вохравец. Ён растлумачыў мне, нібы пацеры прачытаў: “Шаг влево, шаг вправо - расценивается как побег. Оружие применяется без предупреждения. Вперед!” І мы пайшлі: адзін канваір і адзін падканвойны.
    Так і йшлі мы моўчкі, я - сьпераду, ён - ззаду са стрэльбай напагатове, накіраванай штыхом у маё плячо. Ён такі ж малады, як і я. Мы з ім - людзі аднаго пакаленьня. Можа, нават аднагодкі? Я йшоў і думаў: якая ўсё ж людаедзкая ідэалёгія бальшавізму, што паставіла нас у розныя варожыя пазыцыі без усялякае на тое прычыны.
    У прыіскавым пасёлку я і канваір сутыкнуліся з натоўпам энкэвэдэшнікаў. Яны ішлі быццам бы бязладным касяком. А насамрэч усё было ў адпаведнасьці з субардынацыяй. Наперадзе сам палкоўнік Гаранін у атачэньні сваёй сьвіты, а далей - мясцовы апарат НКВД. Недзе ад хваста натоўпу, заўважыўшы нас, аддзяліўся наш прыіскавы старшы лейтэнант дзяржбясьпекі, узяў у вохраўца паперу, хутка прабег па ёй вачыма, скамандаваў: “В рур!”, а сам шпарка пашыбаваў наўздагон натоўпу.
    Нездарма хваляваўся Кудзінаў, накіроўваючы мяне ў рур. Тады палкоўнік Гаранін сапраўды ўпершыню аб’язджаў сваю “вотчыну”, наганяючы на нізавое лягернае начальства, бадай, большы жах, чым на зэкаў. Пазьней, калі я вярнуўся з рура, мне расказалі, як Гаранін наведаў нашу “камандзіроўку”. Ён не грэбаваў кантактамі і са зьняволенымі. У нашай палатцы ён, маляўніча паставіўшы нагу на бліжэйшыя нары, абапёрся локцем аб калена і сказаў: “Прежде чем сесть в поезд и отправиться на Колыму, я побывал в Кремле, на приеме у товарища Сталина. У меня особые полномочия. Предупреждаю всех вас, что за контрреволюционный саботаж будем расстреливать”. Хлопцы казалі, што ягоныя вочы не давалі сумневу ў зьдзяйсненьні гэтых пагроз.
    Проста са старастата рура, куды мы прыйшлі, мяне без затрымкі накіравалі па прызначэньні. Праз некалькі хвілін я ўжо стаяў перад дзьвярыма рура, чакаючы, пакуль супрацоўнік старастата справіцца з замком. Нарэшце адчыніліся дзьверы. Над імі вонкі на марозным паветры заклубілася пара. Я ўпершыню пераступіў парог рура. Пакуль вочы не прызвычаіліся да паўзмроку, я амаль нічога не бачыў. Неўзабаве я ўжо мог разглядзець, што робіцца навокал. На голай гальцы шчыльна сядзелі і ляжалі скурчыўшыся людзі, такія ж, як і я. Яны маўчалі. Мой прыход сустрэлі без цікаўнасьці. На верхніх нарах блатныя рэзаліся ў карты. На гальцы было цесна, на нарах - даволі прасторна. Там месьціліся “лорды”, адчуваючы сябе, як дома. Пераканаўшыся ў тым, што ўлік зэкаў у старастаце заблытаны, яны маўчалі, калі каго-небудзь выклікалі на выхад. У выніку атрымлівалася, што выкліканага быццам бы ў руры ўжо няма. Гэтым блатныя яшчэ больш заблытвалі ўлік. Бальшыня з іх была гатова перазімаваць у руры. У старастаце не ведалі нават сапраўднай колькасьці людзей, што ўтрымліваліся тут. У гэтым можна было пераканацца пад час выдачы паек хлеба. У камэры, апрача парашы, заўжды стаяла скрынка, якой адводзілася роля карыта. У яе адзін раз на суткі клалі трохсотграмовыя пайкі хлеба згодна з папярэднім падлікам людзей. Блатныя спрытна навучыліся ашукваць дастаўшчыкаў паек, робячы так званыя “мастыркі”, якія ўяўлялі сабой муляжы чалавечых фігур, складзеных з адзеньня і абутку. Звычайна на край нараў клалася шапка, а далей кідалася целагрэйка ці яшчэ што-небудзь з адзеньня. Побач з шапкай клаліся валёнкі і зноў жа яшчэ што-небудзь з гарнітура. Стваралася ўражаньне, быццам адзін сьпіць галавой да сьцяны, а другі - наадварот. Ля “мастырак” сядзеў напаўраспрануты іх творца. Высокія верхнія нары і паўзмрок, што панаваў у камэры, перашкаджалі выпадковаму выяўленьню падману пры падліку людзей. Такім чынам майстар “мастырак” атрымліваў тры пайкі хлеба. А калі ён пасьпяваў пралезьці праз падкоп у другую камэру (пакуль грымелі завалы і замкі на дзьвярах) ды пабыць аб’ектам падліку і там, дык атрымліваў чатыры пайкі. А гэта - кіляграм і дзьвесьце грамаў хлеба пры штрафной норме трыста грамаў. Так яны і абдурвалі праставатых служакаў старастата рура. Пасьпявалі “вандраваць” з адной камэры ў другую амаль усе блатныя, стараючыся не надта вытыркацца на вочы пры падліку, каб не быць прыкмечанымі. Даводзілася зьдзіўляцца здольнасьці блатных прыстасоўвацца да любых, нават найгоршых умоваў у няволі, калі, здаецца, заставалася адна магчымасьць - завыць ад роспачы. Ужываліся ўсе сродкі: кругавая парука, узаемадапамога, узаемападтрымка, хітрыкі, хлусьня, туфта (падман) і нават гвалт, апрача, як я пісаў раней, здрады інтарэсам касты, стукацтва, службы ў лягернай адміністрацыі.
    Пасьля таго як зачыняліся дзьверы камэры, пачынаўся разбор паек і пакінутай вады. Канфліктаў ніколі не было. Святасць пайкі паважалася нават блатнымі. Зразумела, “чэрці”, што жылі на гальцы, атрымлівалі па адной пайцы (трыста грамаў), бо рабіць «мастыркі» ім не выпадала. Яны галадалі і марнелі.
    У той дзень, калі я трапіў у рур, у гэтай халоднай вязьнічнай яме паміраў чалавек ад дыстрафіі, даведзены да крайняй мяжы. Ён трапіў у рур па “ізаляцыі” перад кастрычніцкімі сьвятамі, паводле вызначэньня НКВД. І перад гэтым ён быў не ў лепшым фізычным стане. Пра яго казалі, што ён былы тэхнічны дырэктар аднаго з аўтамабільных заводаў краіны, здаецца, маскоўскага. Ён ціха канаў у куце камэры, лежачы на голай гальцы. Ён уяўляў сабой шкілет, абцягнуты скурай. А тым часам на пошце ў пасёлку Хатыннах сабралася аж каля дзесяці пасылак, прадуктовых ды з цёплым адзеньнем, прысланых роднымі ды сваякамі на яго імя. Зьвесткі гэтыя дакладныя, бо атрыманыя былі блатнымі рура ад днявальных пры начальстве. Пазьней яны паведамілі, што райаддзел НКВД канфіскаваў пасылкі і здаў для рэалізацыі сярод “вальняшак”. Гэта стала вядома яму перад сьмерцю - чалавеку, які паміраў з голаду.
    Наагул у рур, хто хацеў (з начальства), той і садзіў, каго хацеў (з вязьняў), таго і садзіў. Сядзелі, напрыклад, два трактарысты бестэрмінова. Іх пасадзіў Паўлаў, прызначаны начальнікам Дальбуду пасьля таго, як яго папярэдніка Берзіна арыштавалі. Пасадзіў, але забыўся абмежаваць тэрмін знаходжаньня ў руры. Ніхто не адважваўся іх “звольніць”, хоць яны ўвесь час настойвалі на гэтым. Так і сядзелі яны да мяне і пасьля мяне. Адбылося гэта таму, што ім “пашанцавала” сустрэцца з Паўлавым на трасе, калі яны везьлі рэйкі для ваганэтачнай дарожкі. Траса тады месцамі ўяўляла сабой сьнегавы каньён, утвораны безупыннымі расчысткамі заносаў. У складаных дарожных абставінах ім давялося згружаць рэйкі, а потым зноў нагружаць. У сьнегавым каньёне не было дзе павярнуцца. Яны вымушаныя былі згрузіць рэйкі проста на дарогу, што затрымала рух, але не больш чым на гадзіну. На тое ліха пад’ехаў Паўлаў на сваёй пэрсанальнай эмцы. Аб’езду не было, і яму давялося чакаць. Гэта і забясьпечыла хлопцам бестэрміновы рур. Чым скончылася гэтая дзікая недарэчнасьць, я ўжо не ведаю.
    Адзін палітзэк апынуўся ў руры з волі сына начальніка прыісковай лягернай зоны. Адбылося гэта так. Палітзэка прывялі да дома начальніка на расправу з нейкай прычыны. Ён моўчкі стаяў і слухаў лаянку, пагрозы. За гэтай сцэнай сачыў сынок, стоячы на ганку дома. Раптам ён абурана сказаў:
    - Папа, что ты с ним разговариваешь? Посади его в рур!
    Бацька змоўк і загадаў зрабіць так, як раіў сынок.
    Якія зрухі адбываліся ў дзіцячай душы - адзін Бог ведае. Упэўнена можна сказаць, што сын у сваім жыцьці пайшоў па сьцежцы бацькі. Да гэтага ён быў падрыхтаваны псыхалягічна ўжо тады.
    Памятаю, у сваім часе Луначарскі сказаў прыкладна так: жаданьне бацькоў бачыць працяг сваёй справы ў дзецях - перадумова нараджэньня кляса і такі кляс нарадзіўся ў нашай краіне. Гэта - шматаблічная намэнклятура, як буйная, так і дробная.
    У верасьні 1991 года расейскае тэлебачаньне пад рубрыкай “Камэра дасьледуе мінулае” у перадачы “Вялікі канцэрт народаў ці дыханьне Чэйн-Стокса” дало слова прадстаўніку намэнклятурнай дробязі. Сьсівелы чалавек у форме КДБ з задавальненьнем паведаміў тэлегледачам, што “служыў, служыў і даслужыўся да чына старшыны. А вось мой сын ужо маёр тых жа органаў”.
    Гэтая перадача нагадала мне калымскага 7 - 8-гадовага хлопчыка, што параіў бацьку пасадзіць палітзэка ў рур. Я ў думках паспрабаваў прасачыць магчымы жыцьцёвы шлях хлопчыка. У год сьмерці Сталіна ён ужо мог быць на службе ў органах з дыплёмам ведамаснай навучальнай установы КДБ і працягваць справу бацькі. Ён мог быць звольнены пры скарачэньні органаў у час хрушчоўскай адлігі і апынуцца па-за клясам намэнклятуры. А можа, служыў і далей пры Брэжневе, вёў “барацьбу” з дысыдэнтамі, падводзячы іх пад суды або ахоўваючы іх у зоне? Да пачатку перабудовы ён мог апынуцца ўжо на пэнсіі і стаць членам грамадзкай арганізацыі вэтэранаў вайны, працы і арміі. Мог быць выбраны ў нейкі орган улады ад вэтэранскай арганізацыі. У часе путчу мог падтрымаць ГКЧП? А калі не ён, дык іншыя з гэтага асяродзьдзя. Думаю, што я ў сутнасьці не адхіліўся ў сваіх меркаваньнях ад лягічнага разьвіцьця варункаў нашай рэчаіснасьці.
    Апынуўшыся ў камэры рура, я пачаў прыглядацца, дзе і самому прызямліцца на гальцы. Раптам у падкопе паказалася галава з чорнай барадой. Гэта быў Данька Хайло. Ён сядзеў у суседняй камэры. Мы прывіталіся. Ён спытаў, дзе я разьмясьціўся. Я сказаў, што пакуль нідзе. Тады ён скамандаваў “людзям” на нарах пацясьніцца і даць мне месца. Данька і тут быў у сваёй ролі - ролі “пахана”. Мы абмяняліся апошнімі лягернымі навінамі, і ён палез у падкоп. Мне далі месца на нарах ля самай сьцяны. Але гэта было ўсё ж лепей, чым на голай каменнай гальцы. Лежачы на нарах, я ўспомніў чутны недзе ў лягеры анэкдот. Аб’ектам жарту ў анэкдоце быў зэк-кітаец. Седзячы пад нарамі, ён скардзіўся: “Кому нара - хорошо, кому низа – плохо”. Пры гэтым словы “кому нара” і “кому низа” пры маўленьні зьліваліся. Паводле сюжэта, кітаец за акцэнтную “крамолу” атрымаў дадатковы тэрмін па палітычным артыкуле кодэкса. Доўга карыстацца прывілеямі блатных мне не давялося. Дні праз два выклікалі аднаго блацяка на выхад. Ён адазваўся, бо наважыўся пакінуць рур. Але сядзеў ён ад руры з самага лета, і ў яго на нагах, апрача шахцёрскіх гумовых чуняў, нічога не было. Вядома, у такім абутку ўжо не выйдзеш на пяцідзесяціградусны мароз.
    - Ты! Дай валенки! - зьвярнуўся ён да мяне. - Косого знаешь? Я передам через Косого.
    Ніякага Касога я не ведаў і валёнкі не даў. Яму даў нехта з блатных, і ён зьнік за дзьвярыма рура. Пасьля гэтага інцыдэнту блатным стала зразумела, што “пахан” падсунуў ім у кампанію “чорта”. Мяне сагналі з нараў, і я апынуўся там, дзе знаходзіўся кітаец у згаданым анэкдоце. Давялося месьціцца на гальцы пад нарамі. Праз нейкі час Данька пацікавіўся праз сьцяну маім лёсам. Пачуўшы мой голас зьнізу, ён неадкладна пралез у нашу камэру. Даведаўшыся, у чым справа, ён даў такі разнос блацякам, што ў мяне, як кажуць, аж вушы вялі. Блатныя зацята агрызаліся. Данька прапанаваў мне перайсьці разам з ім, дакладней, перапаўзьці праз падкоп у другую камэру, дзе ён знаходзіўся сам. Паабяцаў, што знойдзе для мяне месца на нарах, але папярэдзіў, калі я заўважу, што ў камэру прывялі “чалавека” і яму не хапае месца на нарах, то мне трэба загадзя злазіць з нараў, лепей без напаміну. На гэты раз злазіць з нараў не давялося да самага вызваленьня з рура.
    У руры таксама зачытвалі загады Гараніна аб расстрэлах. Гэта трывожыла. Усебакова абмеркаваўшы з Данькам “текущий момент”, мы прынялі намер на ўсялякі выпадак хадзіць на працу ў забой, бо так было бясьпечней. У наступную ж раніцу мы паведамілі прадстаўніку старастата згоду стаць добраахвотнікамі. Нас занесьлі ў сьпіс і здалі вохры. Так пачалася наша рураўская працоўная вахта.
    На працу ў забой вадзілі з рура тых, хто жадаў, бо ведалі, што блатныя не пойдуць, а “чэрці” не ўсе могуць рухацца. Хадзілі тыя, у каго яшчэ былі сякія-такія сілы ды цяплейшая апратка. За працу давалася дадатковая пайка хлеба (300 грамаў) і міска баланды на абед са сталоўкі лягера.
    Праз нейкі час у рур наведаўся наш прыіскавы опэрупаўнаважаны старшы лейтэнант дзяржбясьпекі, той сама, што стрэў нас з вохраўцам пад час наезду Гараніна. Я паскардзіўся на Кудзінава, расказаў усё, як было. Ён спытаўся, ці хаджу я на працу. Атрымаўшы станоўчы адказ і сьведчаньне прадстаўніка старастата, загадаў занесьці мяне ў сьпіс на “вызваленьне”. Пасьля мяне паскардзіўся і Данька. Сказаў, што пасадзілі без усялякае прычыны. Яго таксама занесьлі ў сьпіс. Прыкладна праз гадзіну-паўтары па нас прыйшоў нарадчык з нашай зоны, на гэты раз ужо без вохраўца. Тут жа нас прывялі да начальніка лягера - таго самага Кудзінава. Ён нават памятаў маё прозьвішча, бо сказаў: “Зайди, Шидловский, ко мне завтра, я подышу тебе легкую работу. Сейчас меня вызывают в Севлаг и я не имею времени”. Мне падалося, што ў яго спакойным тоне хаваецца зьдзек. На гэты раз я памыліўся. Праз пару дзён працы ў забоі ён зноў паставіў мяне днявальным на старое месца. Гэтую мэтамарфозу я не магу растлумачыць да сёньняшняга дня. Так я і прадняваліў да прамыўнога сэзона 1938 года.
                                                                         Пайка
    Абавязкі днявальнага ў брыгадзе былі нескладаныя. Прыбраць у палатцы, нанасіць з бройлера гарачай вады да прыходу людзей з працы, прынесьці дроў і падпаліць у печках-бочках. Іх у палатцы было дзьве. Узімку вады неставала, а то і зусім не было ў лютыя маразы. Тады вязьні забясьпечвалі сябе вадой са сьнегу. Дроў таксама не хапала, бо ў раёне дзейнасьці прыіска было высечанае ўсё, што толькі можна высекчы, не мінаючы і кедравага сланіку.
    Гэтае дрэва, прыстасаваўшыся да лютай калымскай зімы, сьцелецца пакручастымі камлямі (таўшчынёй не болей за 10-15 см) па схілах сопак і зімуе пад сьнегам. Кедравы сланік ні чым не нагадвае сібірскія кедры з ганарліва ўзьнятымі кронамі. Тым не менш на працягу многіх папярэдніх вякоў ён захапіў значную прастору там, дзе для яго ўжо амаль не было канкурэнтаў, і заняў больш за 40% плошчаў у складзе калымскае тайгі. Бальзамічная таполя, вярба чазенія і даурская лістоўніца засталіся ў далінах рэк - у межах абалоні і ніжніх тэрас. Кедравы ж сланік захапіў сопкі. Ён перагарадзіў дарогу лістоўніцы, якая з большым ці меншым посьпехам выбіраецца на схілы замшэлых сопак. Сваімі зарасьнікамі кедравы сланік надае асаблівасьць калымскаму краявіду. Сопкі, занятыя ім, калі глядзець з далечыні, нагадваюць густа-зялёнае каракулевае футра. Калі сланік зьнішчаўся расьцяробамі або пажарамі - прастору заваёўваў у хуткім часе скрыпень (“иван-чай”), утвараючы травяное покрыва. Скрыпень афарбоўваў сопкі ў сэзонны колер, надаючы краявіду незвычайна прыгожы выгляд сваёй адметнай зыркасьцю.
    Кароткае калымскае лета - пара багатай квецені. Прырода прысьпешвае ўсе працэсы вэгетацыі. У мой час схілы сопак ружавелі ад скрыпеню. Яны бывалі проста бэзава-ружовыя. Часам не хацелася верыць, што на фоне гэтай прыгажосьці там, у распадку, у Сэрпантынцы з асалодай дзейнічалі каты, мэтадычна зьнішчаючы вязьняў, ні ў чым не павінных перад Богам і людзьмі, ахвяраў канібальскай ідэалёгіі.
    Скрыпень густа рос і сярод палатак у зоне. Лягернікі напіхвалі ім сяньнікі і падушачныя насыпкі.
    Пажар зарасьнікаў сланіку - гэта пажар ігліцы і дробных галінак. Ён вельмі страшны. Полымя з “рэактыўным” гудам імкліва паўзе суцэльнай заслонай, вышынёй прыкладна 5-7 мэтраў, зьнішчаючы ўсё жывое на сваім шляху.
    Агонь пакідаў пасьля сябе, нібы на патрэбу зьняволеным, пакручастыя, пераплеценыя паміж сабой камлі дрэў, якія не пасьпелі згарэць, нечым нагадваючы процьму зьнерухомленых удаваў. Не дагарэлы на сопках, кедравы сланік дагараў у печках, збольшага абаграваючы цела і душу акалелых на марозе вязьняў.
     Сланік меў яшчэ адну адметную якасьць. Ён ратаваў зьняволеных ад немінучай цынгі. Цяжка было ўявіць, што гэты непрыемнага паху адвар з ігліцы прымушае хваробу адступаць. Але гэта менавіта так. Я сам пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце. Толькі кедравы сланік захаваў мне зубы, выратаваў ад хваробы, ацёкаў, распаду тканак цела.
    Тайга ў далінах рэк, прызначаных для здабычы золата, саступала сваё месца забоям, зьнішчалася гарнякамі ў першую чаргу. Далей надыходзіла чарга кедравага сланіку на сопках. Дрывасекі нарыхтоўвалі з яго дровы, як на пажарышчах, так і на ацалелых дзялянках. Гэта былі рэшткі мясцовага паліва, таму яго і неставала.
    Азяблыя, стомленыя і ператомленыя людзі пасьля вячорнай баланды вярталіся ў палатку, гуртаваліся вакол печак, падсушвалі скарыначкі хлеба, пакуль яны не прыжураць. То была адметная заварка для кіпеню, замест гарбаты. Сушылі валёнкі, рукоўкі, анучы і вялі ціхую нясьпешную гамонку, апавядаючы пра свае “злачынствы”. Такім чынам бавілі час да вечаровай паверкі. Калі папыталіся ў аднаго хлопца, за што яго пасадзілі, ён коратка адказаў: “Я - шофер Жлобы”. Уся яго віна была ў тым, што ён вазіў вядомага камандзіра часоў грамадзянскай вайны, які ў трыццатыя гады быў дырэктарам рысасаўгаса на Кубані. Жлобу расстралялі, шафёру далі тэрмін зьняволеньня.
    Кітаец Ваня родам з Маньчжурыі (усіх кітайцаў у лягеры называлі гэтым імем) напачатку не мог сказаць і трох словаў па-расейску. Потым навучыўся. Ён расказваў, што часта лавіў рыбу на Амуры. Аднаго разу не заўважыў, як лодку аднесла за лінію фарватэру, што ўмоўна лічыўся дзяржаўнай мяжой. Ад савецкага берага падышоў катэр, узяў лодку на буксір і прыбуксіраваў яе да пагранзаставы. Там яго арыштавалі, потым абвінавацілі ў шпіянажы, судзілі і далі поўную дзесятку. Ні пад час сьледзтва, ні пасьля суду яму не далі магчымасьці паведаміць поштай ці дыпляматычным каналам пра свой лёс родным і блізкім у Маньчжурыі. Паводле яго меркаваньня, дома, напэўна, лічаць, што ён утапіўся ў Амуры.
    Афганец Муса Мамед-аглы, смуглявы аднавокі чалавек, расказваў, што займаўся дробным кантрабандным гандлем. Доўга вандраваць цераз мяжу не давялося, быў затрыманы. Яго таксама абвінавацілі ў шпіянажы, далі тэрмін - і на Калыму. Аднойчы ў забоі пры разборцы ўзарванай пароды на яго накацілася вялізная глыба. Але намаганьнямі ўсёй брыгады яго, пакалечанага, удалося ўратаваць.
    Былі ў брыгадзе два фіны: Пакканен і Фірданен. Яны дрэнна валодалі расейскай мовай, таму іх аўтабіяграфічныя зьвесткі цьмяныя і сьціплыя. Яны як быццам былі членамі ЦК фінскай кампартыі. Пры ўпамінаньні кім-небудзь прозьвішча Кусьсінена яны пачыналі злавацца і лаяцца. Пакканена ўсе называлі Паканін. На нашых вачах яго фінскае прозьвішча трансфармавалася ў расейскае.
    У гэтым часе, ужо перад канцом навігацыі, прыбывала папаўненьне з фантастычнымі тэрмінамі - 15, 20, 25 гадоў зьняволеньня. Тэрміны, у бальшыні яшчэ ягодаўскія, ім здаваліся дзіцячай карай. Яны не перавышалі дзесяці гадоў. Памятаю ў ліку “доўгатэрміновікаў” аднаго чалавека, што меў сьвежанькіх 25. Па прафэсіі авіяканструктар. Ён вылучаўся сваім надзвычай роспачным настроем, прыгнечаным станам. Быў негаваркі, замкнёны, мала расказваў пра сябе. Усё больш скардзіўся на свой безнадзейны лёс. Відаць, ён добра разумеў, што яго доля - быць вечным лягернікам Калымы да самага скону, што, маючы прыблізна саракагадовы ўзрост, яму не выцягнуць свой шчодры тэрмін. Аднак лёс яго мог стацца, магчыма, шчасьлівым. Неяк улетку 1938 ці 1939 года яго выклікалі ў райаддзел НКВД, не тлумачачы навошта. Зьбіраючыся, лічыў, што Сэрпанцтынкі яму не мінуць. Пры канцы дня ён вярнуўся па рэчы чысьценькі, паголены, апрануты ў новы лягерны гарнітур. Калі ў райаддзеле ўпэўніліся, што гэта ён, а не хто іншы, то пачалі рыхтаваць да сьпешнай адпраўкі на “мацярык”. Я ўпершыню ўбачыў на яго твары ўсьмешку. Магчыма, дзе-небудзь у сыстэме авіяканструктарскай службы нешта парушылася, і ён зноў спатрэбіўся? А можа, яго падманным шляхам павезьлі на перасуд з больш трагічным вынікам? Зьніклі ж з Калымы ленінградцы-энкавэдзісты, што праходзілі па кіраўскай справе. Зараз іх канчатковы лёс агульнавядомы. Вывозілі ж з лягераў на перасуд і беларусаў. Цярністы жыцьцёвы шлях іх канчаўся ў Курапатах.
    Былі ў брыгадзе два элеватаршчыкі. Яны мелі па 15 гадоў па “шкодніцкім” пункце пяцьдзесят восьмага артыкула. Апавядаючы ля печкі пра сваю справу, яны паведамілі, што на іх элеватары завёўся клешч. Эфэктыўна зьнішчаць кляшча ніхто не ўмеў. Аднак гэта не выратавала іх ад доўгага тэрміну зьняволеньня. “Праполка” штату элеватара не абмежавалася толькі імі.
    Далёка не ўсе “спавядаліся” перад печкай у кароткія вольныя хвіліны. Памятаю грузіна, пра якога казалі, што ён меншавік. Сваёй буйной постацьцю і маўклівасьцю ён нагадваў манумэнт. Здавалася, што ён даў зарок маўчаньня. Неўзабаве гэты чалавек нечакана памёр ад сардэчнага прыступу. Пра яго захавалася толькі зрокавая памяць.
    Пазьней, калі зьявіліся “заходнікі”, адзін з іх, заходні ўкраінец Адольф Бернардзіхоўскі, расказваў аб пераканаўчай упэўненасьці свайго сьледчага, што ён мае справу з “ворагам народа”. Не маючы магчымасьці даказаць гэта і каб абвінаваціць свайго падсьледнага хоць у чым, ён бездапаможна казаў: “Твое имя говорит о том, что ты враг народа”. Бернардзіхоўскі меў няшчасьце быць цёзкам фюрэра. Лёс тых арыштаваных, што былі цёзкамі “отца всех народов”, урэшце, не быў лепшы, чым у Адольфа Бернардзіхоўскага.
    Усе размовы каля печак раптоўна перапыняліся камандай: “На поверку становись!” Па гэтай камандзе палітзэкі шнураваліся ў адзін шэраг паміж нараў на праходзе. Пачыналася пераклічка. Называлася прозьвішча вязьня. Ён мусіў казаць сваё імя і імя па бацьку, назваць артыкул кодэкса, па якім быў асуджаны, і тэрмін зьняволеньня. Далёка не ўсе мелі “раскошу” быць асуджанымі. Была значная частка, калі не пераважная, рэпрэсаваных “особым совещанием” НКВД. Іх так і звалі: рэпрэсаваныя, адрозна ад асуджаных рознымі судамі. Рэпрэсаваныя палітвязьні, замест пяцьдзесят восьмага артыкула кодэкса, мелі ліцер, які ўяўляў сабой абрэвіятуру, прыдуманую “особым совещанием”. Тут ужо фантазіі “особосовещанцев” не было мяжы. Паколькі “особое совещание” прысвойвала ліцер і тэрмін завочна, то многія не маглі іх расшыфраваць. Напрыклад, у былога студэнта з Алма-Аты Ўнігенава Джумабая быў ліцер КРКОМГР. Што ён абазначаў, Джумабай не мог растлумачыць.
    Былы старшыня выканкама Туруханскага краю (прозьвішча забылася) меў ліцер СКРТ. Ён меў на гэтай пасадзе пэрсанальную машыну, пэрсанальны катэр, пэрсанальны “кукурузьнік”. Яму пашанцавала мець і пэрсанальны ліцер. Другога такога ні ў кога не было. Ён свой ліцер тлумачыў так: “Содействие контрреволюционным троцкистам”. У свой час у Туруханск саслалі відных трацкістаў. Старшыня крайвыканкаму зрабіў запытаньне ў Масквы, як іх выкарыстоўваць. Адказ быў кароткі: “Па спэцыяльнасьці”. Так і зрабіў. Але йшоў час, мяняліся наркамы ўнутраных спраў, і старшыні крайвыканкама давялося сесьці ў турму за “содействие”.
     Відавочна, багатая фантазія “особосовещанцев”, з прычыны масавасьці рэпрэсій, вычарпалася. Тады яны пачалі ўсё часьцей зьбівацца на шаблён, забясьпечваючы рэпрэсаваных ходкімі: КРА (контррэвалюцыйная агітацыя), АСА (антысавецкая агітацыя), КРД (контррэвалюцыйная дзейнасьць). Дзень пры дні на вечаровай паверцы безьліч разоў гучала з вуснаў палітзьняволеных гэтае нялюдзкае краканьне, асаканьне, каэрдэканьне. Сярод крымінальнікаў нічога такога не чулася, акрамя толькі артыкулаў крымінальнага кодэкса, за выняткам хіба аднаго вядомага мне выпадку. У азэрбайджанца Мансура Абдул-аглы крымінальнае злачынства не ўкладвалася ў дзейны тады кодэкс. Дзеля гэтага ён таксама быў “безартыкульным” вязьнем. Калі на паверцы называлі яго імя: “Мансур!”, ён з характэрным акцэнтам адказваў: “Абдулоўлы, похыщение трупа!” Пра гэта “похыщение трупа” ён, як папугай, мусіў паўтараць “адкрытым тэкстам” штодня, на працягу ўсяго тэрміну зьняволеньня.
    Пасьля вечаровай паверкі ўсе павінны былі класьціся спаць. Размовы ля печак не ўзнаўляліся да наступнага вечара. Спынялася ўсялякая ўнутрыпалатачная мітусьня. Той, хто расьцягваў сваю пайку хлеба надаўжэй, клаў яе рэшту пад падушку. Гэта было адзінае месца схованкі. Да таго ж адчуваньне пад вухам агрызка пайкі ўсяляла, хоць і мізэрную, упэўненасьць, што ў жыцьці не ўсё скончана. Ніхто не баяўся, што рэшткі пайкі нехта ўкрадзе. Тут дзейнічала лягерная мараль, лягерныя запаветы: “Не ўкрадзь чужую пайку”, “Не абваж зэка”. Сьвятасьць пайкі была непарушная. Прынамсі, у тым лягеры, дзе я адбываў свой тэрмін. Я гэта назіраў нават у руры на прыіску імя Вадап’янава. Гэтага запавету трымаліся і блатныя. Калі на волі стала амаль правілам абважыць пры магчымасьці пакупніка, то ў лягеры тады ў дачыненьні да пайкі ніводны хлебарэз не дазваляў сабе гэтага. Звычайна ў “штаце” хлебарэза было некалькі слабасілак (дахадзяг). Яны ў вольны ад прыгону час за натуральную плату хлебам стругалі трэсачкі для прыколваньня даважкаў, каб не згубілася ні грама. Была поўная ўпэўненасьць, што ты атрымаеш сваю норму. Справа іншая, што яе, гэтай нормы, не хапала, каб нармальна жыць.
    Такое няпісанае правіла захоўвалася і пазьней. Паэт Анатолій Жыгулін, калымскі вязень паваеннага часу, пісаў у сваім вершы “Хлеб”:
                                                         А хлеб несли из хлеборезки.
                                                         Был очень точно взвешен он.
                                                         И каждый маленький довесок
                                                         Был щепкой к пайке прикреплен.
    Ліхой зімой 1937/38 года памёр, не першы і не апошні ў палатцы, дзе я дняваліў, былы інжынэр-канструктар пермскага гарматнага завода, зьнясілены цяжкой працай, холадам і голадам. Памёр ён уначы. Толькі ўранку я заўважыў, што чалавек мёртвы. Нерухомыя вочы былі ашклянела ўтаропленыя ў дах палаткі. Разяўлены шчарбаты рот ямкай чарнеў паміж запалых шчокаў, парослых сівою шчэцьцю. Схуднелы твар быў зацярушаны сенам і пушынкамі скрыпеню. Відаць, нехта цікаваў, як чалавек канаў, і калі ўпэўніўся, што мёртвы, завалодаў яго пайкай. Былы інжынэр-канструктар надвячоркам ужо не здолеў зьесьці прынесеную яму пайку, паклаў яе пад падушку. Той, хто абшукваў нары нябожчыка і завалодаў яго пайкай, рабіў гэта пасьпешліва, не без хваляваньня ад удачы. Таму і натрусіў зьнячэўку на твар нябожчыка сена з незашытай насыпкі падушкі. Мяне абурыла гэтае рабаўніцтва. Мне яно здавалася бессаромным і нахабным. Зьвяртаючыся да невядомага марадзёра, я назваў яго трупаедам. Былы старшыня Туруханскага крайвыканкама, папіваючы нішчымны вар, згатаваны на печцы ў кансэрвавай бляшанцы, заядаючы рэштай сваёй пайкі, разважыў так: “Нябожчыку пайка ўжо непатрэбна. Нічога ганебнага ў тым, што яе нехта прысвоіў, няма. Можа, пайка нябожчыка працягне або выратуе жыцьцё таму, хто яе ўзяў. Не трэба абурацца ўчынкам, у якім няма нічога бесчалавечнага”. Такая халодная лёгіка была ўспрынятая ўсімі астатнімі з поўным разуменьнем. Калі па-лягернаму лічылася амаральным авалоданьне чужой пайкай жывога, то пайка мёртвага лічылася спадчынай таго, хто першы заўважыў сьмерць чалавека. Разважаньні былога старшыні Туруханскага крайвыканкама ў тых умовах маглі пераканаць каго хочаш. У далейшым я ставіўся больш спакойна да гэтакіх выпадкаў.
                                                                     “Трацкісты”
    У краіне грымелі адзін за адным палітычныя працэсы над “правымі” і “левымі” трацкістамі, бухарынцамі, паплечнікамі Леніна, актыўнымі ўдзельнікамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, героямі грамадзянскай вайны. Палітычная каньюнктура таго часу пачварна праяўлялася і ў ГУЛАГу. Усіх нас, палітартыкульнікаў, пачалі зваць “трацкістамі” без разбору. Мянушка гучала як палітычная лаянка. Нават мы, маладзейшыя, не былі выняткам. Мы памяталі першую палову дваццатых гадоў, калі Троцкі лічыўся другой фігурай пасьля Леніна. Яго партрэты можна было бачыць у пэрыядычных і юбілейных выданьнях, нават у першым выданьні “Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі”. І раптам такі паварот. Мы добра ведалі, што Троцкі быў першым наркамваенморам, актыўна ўплываў на ход грамадзянскай вайны. Таму мы засыпалі былых вайскоўцаў, удзельнікаў баёў з белымі, рознымі пытаньнямі і, безумоўна, не маглі абысьці асобу Троцкага. Адзін наш брыгаднік (прозьвішча яго выветрылася з памяці) апавядаў аднойчы ля печкі пра свой удзел у баях супраць арміі Дзянікіна. Ён бачыў Троцкага ў дзеяньні пры даволі незвычайных абставінах. Дзея адбывалася ў нейкім гарадку на рацэ, што была лініяй разьмежаваньня дзьвюх варожых армій. Назвы гарадка і ракі я не запамятаў. Сытуацыя была такая: на гэтым беразе чырвоныя, на тым - белыя. Нехта з чырвоных апароў на сьпіртзаводзе цыстэрны са сьпіртам. Вестка раптоўна разьнеслася па ўсіх часьцях. Пачалася пагалоўная п’янка. Амаль увесь гарнізон быў п’яны. Апавядальнік меркаваў, што ў белых разьведка не была на адпаведным роўні. Бо калі б яны ведалі пра становішча, якое склалася ў выніку п’янкі ў стане чырвоных, то фарсіравалі б раку і ўзялі б гарадок амаль што голымі рукамі. Але гэтага не адбылося.
    Адвячоркам на поўных парах на чыгуначную станцыю гарадка ўляцеў бронецягнік. Аказалася - гэта пэрсанальны бронецягнік Троцкага. На пэрон выйшаў Троцкі з ад’ютантам-татарынам. З броневагонаў дэсантаваўся атрад рэвалюцыйных матросаў. Перад вачыма Троцкага паўстала сапраўдная карціна стану гарнізона. Ён неадкладна загадаў ад’ютанту расстрэльваць усіх п’яных. Матросы ўзяліся за справу. Апавядальнік расказваў: яму падалося, што гэта жарт (спосаб папужаць). Але жарты былі дрэнныя. Матросы адводзілі п’яных да ляска, недалёка за станцыяй, і сапраўды расстрэльвалі. Троцкі загадаў сабраць на нараду ўсіх камуністаў, што былі ў цьвярозым стане ці, прынамсі, трымаліся на нагах, і тут жа пачаў мяняць камандны склад. Рабіў гэта так: падыходзіў да чалавека, тыкаў у яго пальцам і казаў: “Ты - камандзір палка, ты - камандзір батальёна” і г. д. Ад’ютант ішоў сьледам і фіксаваў яго вусныя загады. Калі “кадравае пытаньне” было вырашанае, Троцкі паставіў баявую задачу: “Уранку фарсіраваць раку. Ноч выкарыстаць для падрыхтоўкі”. Пачалі рыхтаваць плыўсродкі, разьбіраць будыніны, вязаць плыты, устанаўліваць на іх гарматы. На досьвітку пачалося фарсіраваньне ракі. Артылерыйскі абстрэл берага белых вялі проста з плытоў прамой наводкай. Кавалерыя пайшла ўплаў і ўброд. Для белых гэта было поўнай нечаканасьцю. Яны не вытрымалі націску і пачалі адступаць, ведучы ар’ергардныя баі з напорыстай чырвонай коньніцай. Так завяршылася масавая п’янка. Калі б не рашучыя асабістыя дзеяньні Троцкага на гэтым участку фронту, то невядома, як бы склаліся справы. Колькі б дзён яшчэ п’янствавалі?
    “Трацкісты” грэліся ля печкі і з цікаўнасьцю слухалі апавяданьне - сьведчаньне бывалага чалавека старэйшага пакаленьня, былога камуніста, пра тое, чаго нельга было ўжо пачуць на волі або прачытаць у кнігах, газэтах, часопісах.
    Кнігі, у якіх характарызавалася сапраўдная роля Троцкага ў рэвалюцыі, канфіскаваліся і служылі даказаным рэчавым абвінавачваньнем супраць уладальніка гэтых кніг. Такія кнігі раптоўна сталі “крамольнымі”, іх потым уціхую лаўжамі спальвалі, канфіскуючы таксама і з дзяржаўных бібліятэк па сьпісах, зацьверджаных у органах НКВД. Калі Гітлер паліў творы Гейнэ ў прылюдных вогнішчах на плошчах Бэрліна, то нашы “кампэтэнтныя” органы да такой “паказухі” яшчэ тады не дайшлі. Можа, у гэтым адыграла нейкую ролю нястача ў краіне каменнага вугалю, і канфіскаваныя кнігі скарыстоўваліся ў кацельнях НКВД для абагрэву ведамасных будынкаў.
    Гарэлі кнігі і беларускіх пісьменьнікаў, што трапілі ў Курапаты ці ГУЛАГ. Потым садзілі тых, што мелі гэтыя кнігі. Многія з гэтых рэпрэсаваных кніг, як і людзі, цяпер рэабілітаваныя. Шкада, што запозьнена.
                                                                           Туфта
    Гэты лягерны тэрмін у перакладзе на звычайную, нармальную мову сэнсава абазначае падман. Паходзіць гэта слова зноў жа ад гулагаўскай абрэвіятуры ТФТ (тяжелый физический труд). Абрэвіятура была па сваёй сутнасьці дырэктыўнай. Яна вызначала спосаб эксплуатацыі і стаўленьня ў першую чаргу да нас – “контрыкаў”. Эксплуатацыя спосабам ТФТ вызначалася жорсткасьцю і бязьлітаснасьцю. Яна абыймала ў пэўных умовах і іншыя пласты лягернага насельніцтва, у тым ліку і блатных. Апошнія ўмелі вынайсьці спосаб унікнуць, ухіліцца, пазьбегнуць ТФТ, ашукаць недалёкае лягернае начальства, кажучы лягерным жаргонам – “втереть очки” (карцёжны тэрмін), “забіць бакі”, ужыўшы пры неабходнасьці подкуп, хабар. Урэшце абрэвіятура ТФТ ператварылася ў новую лексычную форму “туфта”, якая, ужо набыўшы жаночы род, увайшла ў лягерны лексыкон. Трансфармаваўшы свой пачатковы сэнс, яна стала абазначаць зусім процілеглае. Сэнсава яна ахапіла вельмі шырокі арсэнал спосабаў падману дзеля палёгкі жыцьця зьняволеных у лягеры. У гэтай ролі слова хутка распаўсюдзілася па ГУЛАГу. У трыццатыя гады “туфта” на пару з “блатам” праніклі з лягернай зоны і на волю. Неўзабаве яны і тут запанавалі. Туфта - у эканоміцы, у выглядзе прыпісак, блат - у намэнклятурнай кадравай сыстэме.
    На волі туфта і блат знайшлі сабе трывалае месца ва ўрадлівай глебе кар’ерызму, карупцыі, намэнклятурнай кругавой парукі, усеагульнай гіерархічнай залежнасьці ўсіх і кожнага, моцна павязаных сыстэмай таталітарызму.
    Сіла туфты нярэдка давала званьні, ордэны, прэміі (у тым ліку і сталінскія), прасоўвала з дапамогай блату па службе, уздымала на вышыню шараговыя пасрэднасьці, а то і сапраўдных злачынцаў. Асабліва яна расьцьвіла ў органах НКВД ад нізу да верху, дзе панавалі поўнае самавольства і беззаконнасьць. Толькі ў час хрушчоўскай адлігі таму-сяму давялося разьвітацца з туфтовымі званьнямі, ордэнамі і пасадамі каінавай службы. Бывала, праўда, і раней апала, калі з ордэнамі забіралі і жыцьцё, але пры іншых варунках.
    Туфта і блат - мера нашага палітычнага і эканамічнага жыцьця, грамадзкіх і службовых узаемадачыненьняў, што існавалі тады па абодва бакі калючага дроту.
    Карані туфты і блату менавіта ў зоне ГУЛАГа. Яны праніклі ў лягерную глебу даўно. Гэтаму спрыяла абвостраная адчайная барацьба за выжываньне, кіраваная інстынктам самазахаваньня. У гэтай барацьбе не было месца агульнапрынятай маралі, павазе да агульначалавечых прынцыпаў, гуманным дачыненьням паміж прыгнечанымі і прыгнятальнікамі. Кожны вязень думаў адно: як застацца жывым? Перамагалі тыя, што ядналі свае сілы і абмежаваныя магчымасьці. У такой сытуацыі грэбаваць “туфтой” не выпадала.
    Калымскай вясной 1938 года лягернае начальства пастанавіла ў тэрміновым парадку зрабіць мэдычны агляд усіх вязьняў, што выйшлі з зімы жывымі. Мэта агляду адна: вызначыць фізычны стан, ступень працаздольнасьці кожнага перад пачаткам прамыўнога сэзона. Па сутнасьці гэта была “інвэнтарызацыя” наяўнай рабочай сілы. Яе вынікі давалі падставу запатрабаваць папаўненьне. Сама працэдура мэдагляду нагадвала парад голых дахадзяг. У голым выглядзе калымскія вязьні былі яшчэ страшнейшыя, чым апранутыя ў лягерныя неданоскі. Пазьней мне давялося ўбачыць падобнае на фотаздымках, зробленых у фашысцкіх лягерах сьмерці пад час вызваленьня вязьняў гітлерызму войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Такога паратунку вязьням сталінізму не прадбачылася.
    Стан людзей быў жахлівы. Не было ніводнага здаровага чалавека. Перад мэдычнай камісіяй праходзілі людзі змарнелыя, схуднелыя, з рознай ступеньню абмаражэньняў рук, ног, твару, з глыбокімі паражэньнямі цынгой. Некаторыя не маглі стрымаць дыстрафічнага паносу нават у час агляду. На агульным фоне я выглядаў больш-менш прыстойна. Як бы там ні было, а зіму пракантаваўся ў палатцы, у якасьці днявальнага. Далейшы мой лёс мэдкамісія вызначыла без ваганьняў - накіравала ў забой. Пярэчыць не было сэнсу. Належала ўладкавацца ў якую-небудзь брыгаду. Я яшчэ не прыняў ніякага намеру, калі надарылася выпадковая размова з Валодзькам Паповым. Ён тады яшчэ не быў брыгадзірам. Цэлую зіму ён цынгаваў, а то і сымуляваў цынгу, карыстаўся блатам у лекпома. Такім чынам, у забоі бываў рэдка. Заўважыўшы непарадак на яго нарах, я зрабіў яму вымову.
    - Ты со мной полегче! - жартам адказаў ён.
    - Гэта чаму ж? - спытаў я.
    - Меня назначают бригадиром.
    - Ты ж блатны, табе нельга быць брыгадзірам.
    Ён сказаў, што быў савет блатных лягера і для яго, як палітзэка, зроблена выключэньне. Далі дазвол. Я пацікавіўся, якую брыгаду ён узначаліць. Ён назваў. Гэтая брыгада вызначалася найгоршым фізычным станам у нашым лягеры. Яе складалі адны дахадзягі. Члены такіх брыгад звычайна гінулі адзін за адным ад лягерных нягод, лічы што да апошняга чалавека. На іх “палявала” і “тройка”, нішчыла Сэрпантынка. Я заўважыў Валодзьку Папову, што ён мае шанц у найбліжэйшы час “предстать перед всевышним” разам з брыгадай. На гэта ён самаўпэўнена адказаў:
    - Вот посмотришь, через месяц мы загремим на весь прииск.
    У гутарцы я паскардзіўся яму, што мэдкамісія пазбавіла мяне льготнай катэгорыі працаздольнасьці, што давядзецца йсьці ў забой, што я ў разгубленасьці яшчэ не вызначыў, у якую брыгаду падацца. Ён запрасіў мяне ў сваю брыгаду. Я не адразу адважыўся даць згоду, але ён угаварыў. Гэта быў другі выпадак у маім лягерным жыцьці, калі лёс спрыяў мне пры выбары жыцьцёва важнага для мяне рашэньня. Першы выпадак быў цалкам у руках лёсу і ад мяне не залежаў. То быў пералом нагі на працы ў забоі на пачатку майго лягернага жыцьця. Ён якраз і забясьпечыў мяне пасадай днявальнага ў палатцы амаль на цэлы год, за які я, працуючы ў забоі, мог бы загінуць, як рудая мыш. Але гэта ўсё скончылася, уперадзе была невядомасьць.
    Валодзька Папоў актыўна ўзяўся за ажыўленьне сваёй брыгады. Кантактаваў з лягерным начальствам, няўхільна дасягаючы сваёй мэты. Ён умеў гэта рабіць, валодаючы дыпляматычнымі здольнасьцямі. Дамогся згоды начальства на палепшанае харчаваньне, так бы мовіць, пад будучыя ўяўныя высокія працэнты перавыкананьня нормаў выпрацоўкі. Яму паверылі. Праз месяц брыгада стала на ногі. Людзі шпарка пайшлі на папраўку. Працэнты выпрацоўкі ў брыгадзе паступова пералезьлі за сотню, вядома не без “туфты”. Блатныя спрыялі і дапамагалі нашаму брыгадзіру ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі, кіруючыся каставай салідарнасьцю. У іх асяродзьдзі быў зусім малады хлопец Сямёнаў (сапраўднае прозьвішча). Па вонкавым абліччы ён нагадваў школьніка старэйшых клясаў. Будучы зэкам-бытавіком, працаваў маркшэйдэрам участка. Спэцыяльнасьць набыў у лягеры. Там жа навучыўся прафэсійна махляваць. Папярэдняй зімой ён нівеляваў плошчы пад новыя забоі. На асобных палігонах ён занівеляваў і сьнег. Такім чынам, на ўсялякі выпадак ён “заделал туфту” ў выглядзе, як ён казаў, “заначкі”. Таўшчыня сьнегу дасягала ад аднаго да паўтара-дзьвух мэтраў, а па лагчынах і болей. У выніку сьнег быў улучаны ў кубатуру ўскрышной пароды, якую належала выпрацаваць. Сьнег сам па сабе растаў, заначка магла стаць значным туфтовым дадаткам да рэальнай выпрацоўкі нормаў. Сямёнаў па сакрэце параіў Папову перайсьці на ўскрышныя работы на гэтых палігонах. Папоў пачаў апрацоўваць лягернае начальства, тлумачачы, што ў старым забоі ў брыгады абмежаваны фронт работы. Няма дзе па-сапраўднаму разгарнуцца. Яму пайшлі насустрач. Аддалі ў яго распараджэньне для закладкі забою тыя палігоны, якія раіў Сямёнаў. Да таго ж Папоў дамогся пераводу брыгады з тачачнай адвозкі пароды на конную. Такім чынам, мы сталі працаваць на грабарках.
    Нечакана для мяне ўсё пачалося вельмі хутка. Мая асьцярога не спраўдзілася. Людзі ўвабраліся ў сілу. Абмарожаньні загойваліся, цынга адступіла. У палове лета брыгада ўжо “выконвала” нормы ў сярэднім за месяц на 200-225 працэнтаў. Такім спосабам “контрыкі” далі фору ўсім. Брыгада заняла першае месца па прыіску, пакінуўшы ззаду найлепшыя брыгады з бытавікоў. Кантрольныя маркшэйдэрскія замеры давалі нікчэмную розьніцу, якая не выходзіла за дазволеную. Але і праца ішла на ўсю сілу. Нельга ж было працаваць ябы-як, бо брыгада апынулася навідавоку. Яе заўважыла прыісковае начальства. Заўважылі і органы НКВД. Разы тры іх агент прыходзіў у цывільным гарнітуры ўпотай паглядзець на працу брыгады. Але ўтаіцца яму не ўдавалася. Запрыкмеціўшы яго здалёк, людзі пачыналі шчыраваць, у пэўнай ступені паказушна. Коні бегалі рысьсю. Канагоны (згаданы вышэй інжынэр-мэталюрг Велінг, стары калгасьнік Марозаў ды іншыя), паганяючы коней, таксама бегалі трушком, трымаючыся за аглоблю. Уражаньне было незвычайнае. Можна было паверыць, што выпрацоўка нормаў адпавядае сапраўднасьці.
    Брыгада ўключылася ў патагонную сыстэму стаханаўскага руху, выклікаючы на сацспаборніцтва моцныя брыгады бытавікоў. Дарэчы сказаць, ідэолягі ГУЛАГа не дазвалялі ўжываць слова “соцсоревнование”. На іх перакананьне, у вуснах зэкаў яно гучала крамольна, па-кашчунску, і таму было замененае словам “трудсоревнование”. “Вялікі і мудры” ў той час вяшчаў: “Соцсоревнование говорит: догоняй лучших, подтягивай отстающих, добейся общего подъема”. “Общего подъема” так і не адбылося. Пераважная бальшыня брыгад, сеўшы макам узімку, так і не дацягнулася да выкананьня нормаў. І гэта не дзіва. Яны ж не мелі, як мы, “іньекцый” туфтой. А гэта цягнула за сабой паўгалоднае існаваньне, дрэннае стаўленьне лягначальства, пільную ўвагу з боку органаў і “тройкі” з трагічнымі вынікамі. Наша брыгада мела магчымасьць трымацца на роўні дзякуючы туфце. У выніку брыгада харчавалася па так званай стаханаўскай норме, атрымлівала на рукі сякія-такія грошы. Папоў дамогся дазволу карыстацца дадатковымі прадуктамі цераз капцёрку за наяўны разьлік. Нарэшце нам пачалі выдаваць па 50 грамаў сьпірту кожнаму штодня. На гэтыя “прывілеі” начальства ішло не без карысьці, ставячы сабе за мэту такім прыкладам “подтягивать отстающих”, адначасна б’ючы іх голадам і рэпрэсіямі. У шматплянавай праграме генацыду, жорсткай бесчалавечнай эксплуатацыі зьняволеных гэта толькі дэталі. Дэвіз праграмы - плян па намыве золата любой цаною. “Кроў на золаце гэтым людзкая блішчыць”. Пры перавыкананьні пляна начальству таксама нешта перападала. Ну, скажам, ордэны і мэдалі ды прэміі.
    Пярэсты склад брыгады не перашкодзіў Папову зьяднаць яе. Нашым дэвізам стаў лёзунг: “Адзін за ўсіх, усе за аднаго”. Тады яшчэ не было ў нашай брыгадзе стукача Колесава. Іншым разам я схіляюся да думкі, што ён быў улучаны ў брыгаду ў якасьці “наседкі” спэцыяльна. Але гэта адбылося пазьней, узімку. Да гэтага часу брыгада стала маналітнай і нам лёгка ўдалося засьцерагчыся ад даносаў, пра што я пісаў вышэй.
    З таго часу калі нам пачалі выдаваць сьпірт, агульнай згодай усталявалі ў брыгадзе сухі закон. Увесь сьпірт паступаў у распараджэньне Папова. А гэта прыблізна два з паловай літры сьпірту штодня. Праца ў брыгадзе была зладжаная. Гэта давала магчымасьць Папову падоўгу адсутнічаць у забоі. Ён браў сьпірт, вяртаўся ў зону і спойваў адміністрацыю лягпункта да апошняга лягпрыдурка. Сам не піў. Трымаўся сухога закону. Гэта паўтаралася кожны дзень да канца прамыўнога сэзона. Паступова ён дасягнуў таго, што мог навязваць ім сваю волю. Працавалі мы без выхадных па 12 гадзін. Папоў пакідаў па чарзе штодня два чалавекі ў зоне. Праходзячы раніцою цераз вахту на працу разам з брыгадай, казаў сваім новым “сябрам” тонам, на які не запярэчыш: “Я пакінуў у палатцы двух чалавек на адпачынак. Каб не чапалі”. І яго слухаліся. Ён пакідаў і трэцяга, але з дазволу лекпома. Перад выхадам на працу ён ішоў у мэдпункт і называў прозьвішча брыгадніка, якому неабходна даць “туфтовае” вызваленьне ад працы па хваробе. Адказу ніколі не было. У руках у Папова быў і лекпом. Такім чынам, і ў гэтым мы мелі перавагу перад астатнімі вязьнямі. У нас рэгулярна былі “туфтовыя” выхадныя па чарзе. А паколькі яны нідзе не фіксаваліся, то пасьля прамыўнога сэзона Папоў дамогся для брыгады “туфтовага” адгулу “за працу без выхадных”. Іншым разам Папову патрэбны былі грошы для хабару і подкупу. Адпаведная сума зьбіралася ў складчыну. Гэта для начальніка лягпункта. Ён не апускаўся да п’янкі з падначаленымі, бальшыня якіх былі зэкі. Да таго ж ён мог мець сьпірт і без нас.
    Папоў працягваў наладжваць оргіі. Лягерная “эліта”, поўзаючы, бывала, па ўласных ванітах, п’яна гугнявіла: “Володька, мы тебя освободим досрочно, по блату, вот увидишь! Легавыми будем, если не освободим!” І ён верыў, стараўся яшчэ болей. Калі ўвосень замерзла вада і прамыўка спынілася са значным перавыкананьнем пляна, расчуленае начальства пачало вылучаць на датэрміновае вызваленьне крымінальнікаў з лепшых брыгад. Наконт нашай брыгады “ворагаў народа” начальнік лягпункта зрабіў запытаньне ў райаддзеле НКВД. Адтуль паведамілі, што можна вылучыць трох чалавек, толькі асуджаных па артыкуле 58-10, пры ўмове, калі яны адседзелі палову тэрміну. Гэтаму патрабаваньню адпавядаў сам Валодзька Папоў, у пэўнай меры я ды яшчэ Алейнічэнка - хлопец з Украіны. На нас былі напісаныя выдатныя характарыстыкі, аформлены іншыя патрэбныя дакумэнты, і справы пайшлі па інстанцыях. Пачалі чакаць. Праз месяц ці крыху пазьней вызвалілі вылучаных крымінальнікаў. Пра нас нібы забыліся. Ніякіх зьвестак. Пацягнуліся месяцы зімы 1938/39 года. Папоў страціў надзею, засумаваў. Стаўка на “туфту” і “блат” правалілася. Неяк у сярэдзіне зімы ён здаў брыгаду свайму земляку – “чыстаму контрыку” Макараву Грыгорыю, выказаўшы такім чынам сваю крыўду. Сам пайшоў на блатныя пасады. Праз нейкі час Макараў прастудзіўся і памёр ад крупознага запаленьня лёгкіх. Брыгадзірам прызначылі сыбірака Некіпелава. Брыгада пайшла ўніз, але, маючы летнюю загартоўку, пратрымалася, як кажуць, на “паверхні” аж да вясны 1939 года. Нечакана прыйшло паведамленьне аб датэрміновым вызваленьні з лягера Валодзькі Папова. Мяне і Алейнічэнку не вызвалілі. Валодзька акрыяў духам. “Туфта” дала яму волю. Гэта быў адзіны вядомы мне выпадак, калі датэрмінова вызвалілі “контрыка”. Прычына затрымкі была ў тым, што Магадан не адважыўся вызваліць палітычных, і справа была накіраваная ў Маскву. Пастанова прыйшла са спазненьнем на паўгода, на працягу якога Папоў утрымліваўся ў лягеры, юрыдычна будучы ўжо вольным. Разьвітаўшыся з лягерам, ён уладкаваўся прарабам па апробаваньні адпрацаваных забояў перад тым, як адвесьці іх пад адвалы.
    Неўзабаве ён перавабіў да сябе жонку аднаго інжынэра – “вальняшкі”. А між тым, ён расказваў яшчэ ў лягеры, што на “мацерыку” на Ўкраіне ў яго ёсьць жонка і маленькі сынок. Мы з Паповым не бачыліся, можа, з год пасьля таго, як ён стаў вольным. Аднаго разу ён завітаў да нас у забой па старой памяці. Падышоў да нас з шырокай белазубай усьмешкай, якую не пасьпела сапсаваць цынга. Валасы яго густой кудзеры блытаў вецер. Ён прычэсваў іх пяцярнёй, адхінаючы на патыліцу. Па ўсім было відаць, што Папоў задаволены жыцьцём. Адно яго шчыра непакоіла: у яго калымскай жонкі выявілася пазаматачная цяжарнасьць. Чым усё скончылася, я ўжо не ведаю.
                                                                    Людзі брыгады
    Папову ўдалося ўдыхнуць жыватворную сілу надзеі ў душы людзей. Яны перад гэтым былі даведзеныя да такога стану, калі ім было ўжо ўсё адно, хто ў іх будзе брыгадзірам і што будзе далей. Яны жылі ад пайкі да пайкі. Інакш кажучы, жылі жывёльным інстынктам, які падмяніў у іх усё чалавечае. І раптам людзі ўваскрэсьлі душой. Стала магчыма зьяднаць іх у змаганьні за выжываньне. Гэтаму не перашкодзіла нават розьніца ў нацыянальнай прыналежнасьці, узросьце, адукацыі, культуры. Пра некаторых членаў брыгады я пісаў вышэй. Людзі самі па сабе вельмі цікавыя, нярэдка з багатым жыцьцёвым досьведам. Я, як адзін з маладых, прыглядаўся не толькі да аднагодкаў, але і да людзей старэйшага пакаленьня. Мяне цікавіў іх нутраны сьвет, стаўленьне да сябе самога, да свайго становішча.
    Марозаў, наш канагон, былы калгасьнік “из каких-нибудь дальних губерний”. Ён, бадай, усё сваё жыцьцё цягнуў лямку пад прымусам. У Першую сусьветную вайну, будучы ўжо сталым чалавекам, быў мабілізаваны ў царскую армію ваяваць “за веру, царя и отечество”. На фронце трапіў у палон да немцаў, дзе знаходзіўся больш за два гады. Вярнуўся, жыў на ўласнай гаспадарцы. Калі пачалася калектывізацыя, яго загналі ў калгас, а потым і ... у ГУЛАГ. Аднойчы, у час размовы, я пацікавіўся, ці авалодаў ён у палоне нямецкай мовай. Усё ж такі два гады - не два месяцы. Ён адказаў, што не хацеў ламаць сваю расейскую мову. Дарэчы, ён размаўляў на нейкім правінцыйным дыялекце. Тады я запытаўся, ці памятае ён якія-колечы нямецкія словы. На гэты раз адказ быў сьцьвярджальны. Я папрасіў назваць іх. Ажывіўшыся, ён прыпомніў два словы: “ауф штэйн” і “шнель-шнель” (“уставай” і “хутчэй, хутчэй”). Відаць, у палоне ён чуў гэтыя словы штодня, таму і запомніў. На Калыме ж яму давялося чуць кожнай раніцы сэнсава блізкія словы, толькі ўжо на расейскай мове. У вуснах нарадчыка яны гучалі так: “Вылетай без последнего!” і “давай, давай”. Адбывалася гэта пасьля звону рэйкі ў часе разводу на працу, пры “падчыстцы” палатак. Стары Марозаў “вылятаў” не так спрытна, як маладыя. За гэта атрымліваў для бадзёрасьці некалькі кухталёў. Толькі пры Папове ўжо ніхто з лягерных “прыдуркаў” не мог дазволіць сабе гэтага. Не чапалі нават пальцам. Наагул пад час разводу ніхто з іх нос не ткнуў у нашу палатку. Усё абыходзілася без іх удзелу і, безумоўна, без кухталёў.
    Вышэй памянёны Велінг Георгій Готлібавіч, таксама канагон, мяркуючы па ўсім - выдатны інжынэр-мэталюрг. У часе працэсаў усялякіх “промпартый” і “шахцінцаў” яго абмінула ліха. А вось у другой палове трыццатых падгрэблі і яго. Цалкам паглынуты сваёй прафэсіяй мэталюрга, ён мала цікавіўся палітыкай. Але быў нейкі непрацяглы час, калі ён у Наркамцяжпроме замяшчаў вядомага Пятакова. Гэтага хапіла, каб атрымаць праз “особое совещание” пяцёрку з ліцерам КРД.
    Рост у яго быў высокі. Калі прыбыў на “Камандзіроўку Чэлюскін” у 1937 годзе, выглядаў чалавекам мажным, паўнаватым. Быў апрануты ў скураное паліто-рэглан з карычневага хрому. На носе акуляры ў тоўстай рагавой аправе. У лягеры ён стаў худым, крыху прыгорбленым, нечым нагадваючы Дон Кіхота з клясычных малюнкаў. Успамінаў, што не знаходзіў у Савецкім Саюзе курорта для паратунку ад атлусьценьня. Вымушаны быў езьдзіць у буржуазную Чэхаславакію - у Карлавы Вары. Жартуючы казаў, што не здагадваўся, што Калыма - сама лепшы, сама выніковы айчынны курорт супраць атлусьценьня. На пачатку зімы 1938/39 года ён як вылучэнец Папова стаў брыгадзірам іншай брыгады. Неўзабаве яго кар’ера як брыгадзіра раптоўна абарвалася. Двое з яго брыгады пасьля лазьні апранулі бялізну паверх лягернай вопраткі (як маскхалаты) і пайшлі ў сопкі. Іх таго ж дня знайшлі па сьнежным сьледзе. Гэта быў роспачны безнадзейны ўчынак уцекачоў. Жыцьцёвы шлях іх закончыўся ў Сэрпантынцы. Самога брыгадзіра Велінга зьнялі з лягпасады і накіравалі на штрафны ўчастак Рыжая Крыніца. Відаць, і там ён атрымаў падтрымку Папова праз блатныя сувязі, бо быў прызначаны лекпомам штрафнога лягпункта. У гэтай ролі ён і закончыў свой тэрмін зьняволеньня. Пасьля звальненьня працаваў старшым інжынэрам прыіска. Апошні раз мы з ім выпадкова сустрэліся ў Магадане ўвесну 1945 года. Я быў на курсах па павышэньні кваліфікацыі, а ён прыехаў абараняць праект вытворчага пляна прыіска. У размове мы не маглі не прыгадаць Валодзьку Папова. Велінг расказаў, што апошні раз сустрэў яго таксама ў Магадане перад самай вайной. Ён меў дакумэнты на выезд з Калымы на “мацярык”. Паводле словаў Велінга, Папоў выглядаў больш чым прыстойна: паліто як з іголкі зьнятае, модны капялюш. Усё гэта пры добрым настроі. Я пацікавіўся, ці была з ім жанчына. Велінг сказаў, што Валодзька быў адзін. Невядома, як разьвязаўся яго палюбоўны вузел.
    Велінг расказаў тады, як яго самога спрабавалі прыцягнуць да працы па спэцыяльнасьці на Калыме. Калі было пастаноўлена будаваць мэталюргічны завод у пасёлку Аратукан, Дальбут запрасіў у Масквы прыслаць спрактыкаванага мэталюрга. Адтуль з НКВД адказалі, што такі ёсьць на Калыме. Прозьвішча яго - Велінг. Па лініі кадраў яго адшукалі на прыіску і прадставілі начальніку СГПУ Гагкаеву для размовы. Велінг ад прапановы адмовіўся. Гагкаеў спрабаваў прымусіць яго згадзіцца пагрозамі, спрабаваў пужаць. Але ж Велінг быў досыць пужаны і згоды не даваў. Урэшце яго пакінулі ў спакоі. Я пацікавіўся, ці не загаварыла ў ім крыўда за бязьвіннае зьняволеньне і зьдзек. Ён адказаў, што не. З ягоных словаў я зразумеў, што мэталюргія трымаецца на вогнетрывалых матэрыялах, а на Калыме яны не якасныя. І таму магчымыя аварыі. Няцяжка здагадацца, што пры гэтым адбылося б з былым палітвязьнем. Таму і не згадзіўся.
    Усманаў Ума (па справе чамусьці Ізмайлаў Умар) - імпульсіўны, гарачы па характары чачэнец. Меў у свой час “вышку”, замененую на “дзесятку” пры зацьвярджэньні прысуду ў ЦВК СССР. Да Калымы пабыў на Беламорканале. Некаторы час там, у Выгерахшы, працаваў у лягернай адміністрацыі жаночага лягера, дзе шылі лягерную вопратку. Расказваў, што, выкарыстаўшы сваё службовае становішча, садзейнічаў удалым уцёкам адной інгушкі. Вярнуўшыся ў горы, на радзіму, яна прыслала яму ліст з падзякай. Асуджаны быў за супраціўленьне калектывізацыі. Як мусульманін меў дзьве жонкі: старэйшую і малодшую. Калі ў іх ауле пачалі заганяць людзей у калгас, маладыя мужчыны селі на коней і падаліся ў горы. Месцы ў гарах, дзе яны хаваліся, былі абложаны рэгулярнымі войскамі, якія ўтварылі шчыльную блякаду. Здавацца не думалі. Адбыліся безвыніковыя напады войскаў на паўстанцаў. Сувязь з ауламі парушылася. А тым часам у аулах пачалі браць заложнікаў. Але ў стан паўстанцаў прапускалі з пэўнай мэтай жонак і блізкіх. Тыя прыносілі несуцяшальныя навіны. Такім спосабам спрабавалі ўзьдзейнічаць на маральны стан паўстанцаў. Паводле слоў Умара, калі прыходзіла малодшая жонка, то казала: “Чаму ты не прыходзіш у аул? Я па табе сумую”. Калі прыходзіла старэйшая жонка, то казала: “Ні ў якім разе не прыходзь у аул. Там цябе зловяць”. У апошні раз прыйшла старэйшая жонка і паведаміла, што арыштаваныя бацька, маці і ўся радня. Арыштаваным казалі, што звольняць толькі тады, калі сын здасца. Запэўнівалі, што яму нічога не будзе.
    Арышты бацькоў паўстанцаў, блізкіх і родных былі масавыя, павальныя. Паўстанцы доўга раіліся, што рабіць. Сілы былі няроўныя. Часовую перавагу паўстанцаў забясьпечвала знаходжаньне ў непрыступных гарах. Яны яшчэ доўга супраціўляліся б. Але акцыя па захопе заложнікаў вымусіла здацца. Пачаліся суды і расправы. Як вядома, апошняя расправа адбылася пасьля Вялікай Айчыннай вайны, але ўжо над усім чачэнскім народам. Карныя органы абышліся на гэты раз без судоў і без заложнікаў.
    Даседжваць другую палову тэрміну Ўмара прывезьлі на Калыму. Працаваў ён у нашай брыгадзе спрытна. Быў вельмі таварыскі, не даваў маркоціцца тым, хто паддаваўся роспачы. Але лягер падарваў яго здароўе. У апошні год майго тэрміну ён трапіў у каманду слабасілак разам з камбрыгам Ю. Якубоўскім. Іх некуды перавялі. Але куды?.. Да нас яны не вярнуліся.
    Эстонец Мэакала Аўгуст Пятровіч - былы студэнт вэтэрынарнага факультэта Тартускага ўнівэрсытэта, апынуўся ў ГУЛАГу адразу ж пасьля іміграцыі ў Савецкі Саюз. У сябе на радзіме, у незалежнай Эстоніі, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасьцю. Нелегальна перайшоў дзяржаўную мяжу, спадзеючыся знайсьці паратунку ад перасьледу. Тут нашы органы прынялі яго “гасьцінна”. Кажучы словамі лягжаргону, “прыпаялі” дзесятку - і на Калыму. Ён быў чалавек разважлівы. Мяркую, што вымусіў яго стаць такім уласны жыцьцёвы досьвед. Пасьля анэксіі Эстонскай рэспублікі Савецкім Саюзам ён казаў: “Маіх дзядзькоў раскулачаць” (дзядзькі яго былі фэрмэры). Ён ужо добра ведаў, што гэта такое.
    Таджык Базараў Раджаб таксама, як і Ўмар Ізмайлаў, меў “вышку”, замененую дзесяцьцю гадамі зьняволеньня. Яго змыла з радзімы хваля барацьбы Савецкай улады з басмацкім рухам. Абвінавацілі ў садзейнічаньні гэтаму руху, бо даў дзесяць авечак басмачам. Ён казаў так: “Калі б я не даў дзесятак авечак, то ў мяне не адбылося б сустрэчы з вамі, а суду не было б чаго рабіць. Мяне парашылі б самі басмачы”. Суд не паверыў яму, што дзесяць авечак - гэта кантрыбуцыя, а не падарунак.
    З выгляду Раджаб быў вельмі прыкметны: смуглявы, нетаропкі, карыя выразныя вочы, нос з гарбінкай. Ён любіў пажартаваць нават з начальствам. Памятаю, аднаго разу праз наш забой праходзіў у суправаджэньні дзьвюх жанчын начальнік участка - грузін Папава. Яго папярэднік Задзясенец да таго часу некуды зьнік. Наагул, у часы Берыі грузінскі кантынгент сярод начальства прыкметна павялічыўся, асабліва сярод вышэйшага эшалёна. Папава ведаў Базарава. Праходзячы міма, ён пацікавіўся:
    - Как дела, Раджаб?
    - Плохо, гражданин начальник, - паскардзіўся Базараў.
    - Почему плохо? - спытаў Папава.
    - У тебя две жены, у меня ни одной.
    Дыялёг разьвесяліў брыгаду і расьсьмяшыў жанчын, адна з якіх была прарабам па апробваньні забояў. Калі Раджаб акрыяў пасьля зімы, як і ўсе астатнія брыгаднікі, то сьпяваў сяды-тады свае тужлівыя песьні на незнаёмай нам мове.
    - Пра што сьпяваеш, Раджаб? - пыталіся ў яго.
    - Я не сьпяваю, а размаўляю душой з роднымі і блізкімі, што засталіся там - на радзіме.
    Сьпяваў не толькі Базараў, сьпяваў і Грыгорый Макараў, пакуль быў жывы і здаровы. Калі брыгада дасягнула зэніту “туфтовай” славы і калі нам, кажучы словамі “великого и мудрого”, “жить стало лучше, жить стало веселей”, мы забываліся, што жывем у самым пекле ГУЛАГа. Энэргія ўваскрэслай жыцьцёвай сілы брала сваё. Упэўніўшыся ў сабе, мы пачалі патроху ігнараваць навакольную рэчаіснасьць. Непазьбежна зьявілася і весялосьць.
    У Макарава быў цудоўны сакавіты голас. Можа, таму што ў нас быў унутрыбрыгадны сухі закон, мы больш за іншыя любілі ўкраінскую “антыалькагольную” песьню гуляка-чумака, якую ён заводзіў па нашай просьбе. Мы спрабавалі яму падпяваць. У нас гэта выходзіла бязладна. Мая слыхавая памяць захавала інтанацыі яго сьпеву да сёньняшняга дня.
    Макараў ніколі не хварэў, заўжды быў здаровы. Ніхто не дапускаў думкі, што ён раптоўна памрэ. Недзе там, у Палтаве ці Лубнах, яго дзьве дачкі сталі сіротамі, а жонка, пэўна ж, нават не здагадвалася, што стала ўдавой. Ніхто не напісаў ёй, бо не ведалі дакладнага адраса.
    Прыватную перапіску на Калыме ніхто ніколі не забараняў. І гэта зразумела. Па лістах лягерная цэнзура сачыла за настроем зьняволеных, іх думкамі, палітычным становішчам у лягеры і на волі. У іншых лістах цэлыя абзацы былі замазаныя чорнай фарбай. Але былі і такія цэнзары, што закрэсьленае імі ў час пэрлюстрацыі лёгка чыталася. Калі спынялася на зіму навігацыя, то лісты спазьняліся на паўгода. Атрымаўшы іх, мы дзяліліся паміж сабой навінамі нават тады, калі яны насілі асабісты характар. Мяркуючы па лістах, на “мацерыку” не заўсёды ўяўлялі, што робіцца на Калыме. Недарэчнымі і дзікімі былі пісьмы маладых жонак некаторых вязьняў. Праз недакладнасьць праўдзівых зьвестак, нерэгулярнасьць пошты і цэнзурныя выкрэсьліваньні раўнівых жонак грызла падазронасьць. Іманава, які ўжо быў вольны, жонка намерылася спужаць. Прыслала тэлеграму: “Выхожу замуж”. Ён разам з тэлеграфным пераводам грошай паслаў адказ: “Поздравляю! Высылаю три тысячи на свадьбу”. Аднаму з нашых (прозьвішча не памятаю) жонка ўвесь час прысылала занудныя лісты. У адным яна пісала: “Признайся. Ты там запутался со своими матрешками?” Чалавек быў у роспачы. Ён не ведаў, як яе запэўніць, што “матрошак” нідзе і блізка няма. Да таго ж дахадзягам у галаве была пайка, а не “матрошка”.
    Жонка брыгадзіра Паўла Зайкоўскага баялася, каб ён не падумаў пра яе блага. Магчыма, ён у сваіх лістах выказваў ёй свой недавер. Яна клялася перад ім у сваім лісьце: “Хіба я дозволю знущатыся над своім білым целом?” Зайкоўскі з нейкім гонарам чытаў яе лісты ўслых, каб чулі ўсе.
    Былі і такія жонкі, што пра ўсё здагадваліся. Ім падказвала праўду інтуіцыя. Яны ўсё ведалі, усё разумелі з паўслова. Напрыклад, Джавадаву Джаваду Мусеіб-аглы (былому загадчыку катэдры пэтраграфіі асадкавых парод Бакінскага нафтавага інстытута) жонка пісала кожны тыдзень па лісту. Яны былі цёплыя, прачуленыя, шчырыя, перасягнутыя трывогай за яго лёс.
    Згаданы вышэй Барыс Ямпольскі, каб адолець цэнзурны бар’ер, карыстаўся мовай, падобнай на эзопаўскую. Каб дакладна паведаміць пра сваё становішча, ён пісаў: “Дядю Лэхема я вижу не часто”. Слова “лэхем”, узятае з іўрыту, абазначала хлеб. Разьлік быў на тое, каб цэнзар падумаў, што мае справу з лістом прадстаўніка “кланавай контры”, калі на Калыму трапілі і пляменьнік, і дзядзька. У другім лісьце Ямпольскі пісаў: “Я вспоминаю нашу Машу и очень завидую ей”. Машай звалі казу, якую трымалі дома. Яе песьцілі, кармілі ўволю, шанавалі.
    Кожны асьцерагаўся пісаць праўду, каб не рызыкаваць. Кожны ўлічваў наяўнасьць цэнзуры. За праўду ў пісьмах можна было трапіць на Сэрпантынку. Калі мы, ужо вольныя, выяжджаючы з Калымы, аўтаматычна выпадалі з-пад мясцовай цэнзуры, у нас бралі падпіску “о неразглашении тайны”.
    Блатныя “грэлі рукі” нават на паштовых сувязях зьняволеных. У лягерных зонах пошты не было. Лісты ды іншыя паштовыя адпраўленьні насіў у Хатыннах вылучаны з уркаў паштар. Вязьні моцных брыгад у прамыўны сэзон зараблялі і атрымлівалі на рукі пэўныя сумы грошай. Не ўсё пералічвалася на рахунак ГУЛАГа. Некаторыя вязьні не трацілі іх на харчы, зьбіралі за два-тры месяцы і пасылалі жонцы, дзецям. Грошы здавалі паштару-урку разам з адрасам. Той на пошце сам запаўняў блянкі пераводаў. Правільна пісаў назоў горада, прозьвішча адрасата, а вось назоў вуліцы, нумар дома або найменьне вёскі выдумляў. Перад вязьнем даваў справаздачу паштовай квітанцыяй са скарочаным адрасам (горад, прозьвішча). Праз пэўны час грашовы перавод вяртаўся з паметкай “адрасат не знойдзены”, зноў трапляў у рукі паштара для звароту грошай адпраўніку. Паштар спакойна клаў грошы сабе ў кішэню. Для адпраўніка грошай заставалася невядомым, дайшлі грошы ці не. Пасьля махінацыі паштара былі раскрытыя, але грошы ўжо былі прайграныя ў карты.
    Ніжэй зноў вяртаюся да характарыстыкі людзей брыгады. Наш брыгаднік - украінец Сьцяпан Каташэўскі трапіў на Калыму яшчэ юнаком. У вясковай бойцы ён забіў хлопца-аднавяскоўца. Гэта было ў калектывізацыю, а паколькі забіты быў камсамольцам, то Сьцяпана абвінавацілі ў палітычным тэрарызьме і асудзілі па 58-й да дзесяці гадоў зьняволеньня. Ён быў адзіным чалавекам у нашай брыгадзе, які зрабіў сапраўднае злачынства. Я яго сустрэў у Ягадным недзе ў 1944 ці 1945 годзе, калі ён быў ужо вольны. Пры сустрэчы са мной ён нахіліў галаву і зьняў шапку. Мяне зьдзівіла такая павага да маёй асобы. Але, калі ён папляскаў даланёю па сваёй лысіне, голай як калена, я зразумеў яго намер паказаць, што здарылася з валасамі, якія ў свой час (я гэта памятаю) не браў нават рэдкі грабянец. У калымскім саўгасе Эльген ён пазнаёміўся з жанчынай, таксама былой зьняволенай. Яны ажаніліся. Там, у саўгасе, яны тады жылі і працавалі.
    Былі ў нашай брыгадзе два браты Залеўскія, родам з Сахаліна. Некалі іх прадзеда выслалі з Польшчы (а магчыма, з Беларусі) за ўдзел у паўстаньні супраць расейскага самаўладзьдзя. Туды ж, на Сахалін, была высланая і іх прабабка. Яны маладыя (прадзед і прабабка) пабраліся шлюбам і чамусьці засталіся назаўсёды жыць на Сахаліне. Усім вядома, што Сахалін быў месцам высылкі і катаргі ў Расейскай імпэрыі. Тым жа ён застаўся і ў савецкі час, хоць “слава” і паблякла. Парадокс савецкай гісторыі ў тым, што ў “тридцатые проклятые, сороковые роковые” людзей высылалі нават з клясычных мясьцін царскай ссылкі, у тым ліку і сахалінскіх, апісаных Чэхавым. Славу іх перахапілі шматлікія “выспы архіпэляга ГУЛАГа”. У час высылкі прадзеда і прабабкі Залеўскіх Сахалін лічыўся краем сьвету. У трыццатыя гады энкэвэдэшнікі маглі запіхнуць чалавека яшчэ далей. Нашчадкаў паўстанцаў асудзілі менавіта на Сахаліне па ліпавай палітсправе і загналі на Калыму.
    Студэнт з Яраслаўля Панфілаў, як і ўсе астатнія брыгаднікі, трапіў на Калыму бітай сьцежкай. Энкэвэдэшнікі ўрываліся ў асяродзьдзе студэнцтва, як лісы ў куратнік. “Выяўлялі” там “ворагаў народа”, гуртавалі іх з дапамогай стукачоў у “контррэвалюцыйныя групы і арганізацыі”, што завяршалася турмой і канцлягерам. Калечылі такім чынам жыцьці маладых.
    Мой марскі шлях пралёг праз пратоку Ляпэруза, а ў Панфілава - праз карэнную Японію, па пратоцы Цугару (Сангарарскай) паміж выспамі Хансю і Хакайда. Гэта было раньняй вясной, калі пратока Ляпэруза тады яшчэ не аслабанілася ад лёду. Японцам няўцям было, што вязуць савецкія караблі праз іх тэрыторыю. Навігацыйныя дакумэнты, што прад’яўляліся пагранслужбе, былі сапраўднай “туфтой”. Дагляду караблёў яны не рабілі, наіўна давяраючы фальсыфікаваным суднавым паперам. У гэтым пераканаўся Панфілаў. Перад тым як карабель увайшоў у тэрытарыяльныя воды Японіі, усіх зэкаў загналі ў трумы і задраілі люкі. Ахова таксама зьнікла ў чэраве карабля. Тое ж заўсёды рабілася і пры транспарціроўцы зэкаў праз пратоку Ляпэруза.
    Панфілаў схаваўся сярод габарытных грузаў, умацаваных на палубе, і патаемна назіраў за тым, што адбывалася. Палуба апусьцела. Карабель уваходзіў у пратоку. Перад вачыма Панфілава на працягу 110 кілямэтраў праплывалі абодва берагі. Яны то набліжаліся, то аддаляліся. З-пад вады ўзьнімаліся скалы. Праз масты і віядукі прабягалі цягнікі паміж гарадамі і пасёлкамі. Па пратоцы снавалі судны. Адкрываліся панарамы вялікіх гарадоў Аэморы, Хакадатэ. На рэйдзе порта Хакадатэ стаяла эскадра вайсковых караблёў. Пазьней яна, відаць, удзельнічала ў нападзе на Пірл-Харбар.
    Ад порта Хакадатэ ў бок нашага карабля шпарка шыбаваў катэр, на носе якога стаяў афіцэр. Карабель застапарыў ход - катэр прышвартаваўся да яго борта. З карабля спусьцілі трап, афіцэр і тры салдаты падняліся на палубу карабля. Капітан прад’явіў суднавую “ліпу”. Афіцэр пазнаёміўся з фальшывымі дакумэнтамі, потым казырнуў і спусьціўся разам з салдатамі на сваё судна. Катэр адваліў ад борта. Шлях караблю, напханаму зьняволенымі, быў адкрыты. Ён рушыў наперад і неўзабаве без прыгодаў апынуўся на прасторах Ціхага акіяна. Раздраілі люкі. На палубу пачалі вылазіць вязьні. Ахова ведала, што з карабельнай зоны ніхто нікуды не ўцячэ. Пра ўсё гэта апавядаў нам сам Панфілаў у адзін з вечароў, грэючыся каля печкі ў палатцы.
    Назіраньні Панфілава лішні раз пацьвердзілі хлусьлівасьць прымітыўна-фантастычнай легенды, у якую ніхто не верыў, пра зьнікненьне крывавага палкоўніка НКВД Гараніна. Пасьля прыходу Берыі да ўлады ў НКВД палкоўнік таемна зьнік з Калымы, дзе лютаваў больш за год. З ім абышліся так, як ён абыходзіўся са зьняволенымі. Шляхам фізычнага зьнішчэньня яго пазбавілі магчымасьці расказваць іншым пра “особые полномочия”, атрыманыя ад Сталіна. Раптоўнае зьнікненьне палкоўніка вымагала тлумачэньня. Была прыдумана легенда, паводле якой у Магадан прыехала быццам бы родная сястра палкоўніка і са зьдзіўленьнем убачыла, што Гаранін - гэта не Гаранін. Хто падсунуў гэтую прымітыўную легенду, здагадацца няцяжка. Па ёй выходзіла, што японцы ўкралі з нашага карабля сапраўднага Гараніна, падмяніўшы сваім чалавекам. Дзеля чаго? Заўважце: дзеля зьнішчэньня зэкаў. Навошта? Легенда не тлумачыла.
    Паводле легенды, сапраўдны Гаранін быў рахманы, чалавечны энкэвэдэшнік. А на самой справе - зьвяруга, што ў гады жорсткага тэрору даслужыўся да чына палкоўніка. Легенда сьцьвярджала, што Гаранін быў пасланы Сталіным на Калыму, каб навесьці там рэвалюцыйны парадак, але японцы гэтаму перашкодзілі. “Туфтовай” легендай асобу Гараніна сьвядома раздвоілі ўжо пасьля яго фізычнага зьнішчэньня. Будучы адзіным і непадзельным у сваёй якасьці, ён наводзіў на Калыме крывавы парадак. Хадзілі чуткі, што ён і сам “баловался” пісталетам, а вынікі “баловства” заднім чыслом сьпісвала “тройка”. Тыя, што заткнулі яму рот і занялі ягонае месца, дзейнічалі тым жа спосабам, якім дзейнічаў сам Гаранін. Хіба што вераломней і, да часу, хітрэй. Калі ў паслугах Гараніна мінула патрэба, канцы, як кажуць, схавалі ў ваду, не палічыўшыся з яго вернай службай ката.
    Наша брыгада, дый іншыя брыгады, былі паводле свайго складу інтэрнацыянальныя, як у Гішпаніі на пачатку трыццатых. Толькі там яны былі добраахвотныя, а тут, на Калыме, - прымусовыя. За калючым дротам зоны ГУЛАГа на практыцы зьдзяйсьнялася “зьліцьцё нацый”, абвешчанае партыяй вуснамі “правадыра”.
                                                                    “Джурма”
    Такім быў назоў аднаго з караблёў, якія належалі Дальбуду. Гэты карабель на працягу многіх гадоў вазіў зьняволеных з Уладзівастока, а пазьней з Находкі ў бухту Нагаева, што побач з Магаданам. Ён перавёз іх у сваіх цьвіндэках і турмах процьму. То было старое аднатрубнае судна. Яно магло зьмясьціць у сваім чэраве ад паўтары да трох тысяч нявольнікаў. Выгляд у яго быў брудны, бо, відаць, не хапала часу (з прычыны ўдарнай працы) навесьці яму касмэтыку. Барты былі загаджаныя, бо абапал, за парэнчамі палубы, віселі над вадой, нібы бальконы, дзьве прыбіральні, зробленыя з дошак. Каля іх заўсёды стаялі чэргі. Усё, што падала і лілося, парывы ветру ляпілі на бакі карабля.
    Калі амаль адначасна наш этап у складзе трох цялячых цягнікоў прыбыў вясною 1937 года ва Ўладзівасток пасьля трыццаціпяцідзённага падарожжа, пачатага ад Масквы, там, на прыморскай перасылцы, месьцілася 30-35 тысяч зьняволеных. Дальбудаўскія караблі “Джурма”, “Дальстрой”, “Индигирка” безупынна снавалі паміж бухтамі Залаты Рог і Нагаева, не пасьпяваючы разгрузіць перасылку. Дальбуду давялося фрахтаваць караблі марфлёту. А цягнікі з этапамі ўсё прыбывалі і прыбывалі. Колькасьць вязьняў на ўладзівастоцкай перасылцы безупынна расла. Канвэер ГУЛАГа працаваў напружана. А Севвостлаг прагнуў усё новага і новага папаўненьня ў калымскія зоны.
    Былі на ўладзівастоцкай перасылцы і старажылы, што затрымліваліся там на працяглы час. Гэта ў асноўным блатныя. Ім не хацелася плыць на Калыму. Калі іх па фармулярах выклікалі на этап, то яны маўчалі, затойваліся. Тая ж тактыка, якую я назіраў пазьней у руры на прыіску імя Вадап’янава.
    Праз тыдзень вярнулася з бухты Нагаева “Джурма” і стала на якар на рэйдзе. Чарговую партыю вязьняў, у тым ліку і мяне, прыгналі ноччу (каб горад не бачыў) на бераг, загналі на баржы, і катэр пацягнуў іх да “Джурмы”. Там на асьветленым борце карабля быў бачны трап. Пачалася пагрузка людзей проста з баржаў. Другі борт карабля абслугоўваўся другім катэрам. За ноч “натапталі” ў трумы і цьвіндэкі, колькі ўлезла. Толькі наступным днём “Джурма” прычаліла да пірса для загрузкі палубы мангольскімі коньмі, мэталічнымі канструкцыямі і агрэгатамі. Той жа дзень выйшлі ў адкрытае мора.
    Сярод разнамасных “пасажыраў” карабля вылучалася вялікая колькасьць украінскіх праваслаўных сьвятароў. Здавалася, што на Ўкраіне падгрэблі божых служкаў да апошняга. Чарга вуніяцкіх сьвятароў Заходняй Украіны к таму часу яшчэ не надышла. Яны тады былі за мяжою. Іх нельга было дастаць. Гэта адбылося пазьней - пасьля ўзьяднаньня, а потым пасьля Вялікай Айчыннай вайны. Кіпцюры НКВД-МГБ дацягнуліся і да іх.
    На караблі стыхійна ўтварыўся выдатны ўкраінскі хор. Сьвятары бавілі час у сьпевах, укладаючы душу ў песьню. Пад жалезнай стольлю цьвіндэка, нібы абвал, грымела:
                                                         Плачуць-тужаць казачэнькі
                                                         У турэцкай няволі!
    Натхнёна, з глыбокім пачуццём, спявалі гістарычную песьню:
                                                         Катарына – ураж’я баба,
                                                         Што ты нарабіла?
                                                         Край вэсэлы, стэп шырокі
                                                         Та й занапастыла.
    Так спявалася пра расейскую імпэратрыцу Кацярыну ІІ. У гэтай песьні дасталося і “пану Багдану” за тое, што “заняпастыў Польшчу та шчэ й Украіну... бо ў галаве розуму мала меў”.
    Калі сьвятары замаўкалі, пачынаў сьпяваць нейкі малады былы вайсковец. Прынамсі, ён сьпяваў арыю з “Роз-Мары”:
                                                         Цветок душистый прерий,
                                                         Твой смех нежней свирели...
    Такі сьпеў не спалучаўся з абставінамі, не стасаваўся да агульнага настрою. Шчыльна напханым у трумы ніжэй за ватэрлінію, вязьням было не да сьмеху, нават пяшчотнага сьвірэльнага. Усе разумелі: тое, што адбываецца з намі, ёсьць толькі “душистые цветки”, а “ягадкі” будуць потым - там, на Калыме. Праз пяць дзён мы былі ўжо ў Магадане, пакінуўшы за сабой каля двух з паловай тысяч кілямэтраў марскога шляху. Там, пасьля санапрацоўкі, разьвезьлі нас па прыісках.
    Лёс “Джурмы” мне невядомы. Хутчэй за ўсё яе па старасьці разрэзалі на мэталялом. А шкада. Можна было паставіць у Магадане на вечную стаянку, як Аўрору ў Ленінградзе, і зрабіць на ёй музэй пра ГУЛАГ.
    Два іншыя дальбудаўскія караблі зьніклі пры іншых акалічнасьцях. “Индигирка” патанула ці была патопленая. А вось “Дальстрой” выбухнуў у бухце Находка, загружаны аманітам. Тады загінула брыгада зэкаў-грузчыкаў. Калі я выяжджаў з Калымы ў 1947 годзе праз Находку, то бачыў, як над вадой тады яшчэ ўзвышаўся іржавы борт карабля. Усе з цікаўнасьцю зьвярталі на гэта ўвагу, бо ведалі, што там адбылося.
    Гэта быў сэнсацыйны выбух. Тады лічылася “модным” тлумачыць такія выпадкі дывэрсіяй і шкодніцтвам. На справе ж, відаць, гэта было вынікам нейкай выпадковай хімічнай рэакцыі, узьніклай праз халатнасьць або некампэтэнтнасьць. Калі ў Магадане стала вядома пра выбух у Находцы, туды неадкладна вылецеў самалётам адзін з дзесяці намесьнікаў начальніка Дальбуда генэрал-лейтэнанта Нікішова. Гэта быў Груша - здольны інжынэр, разумны чалавек. Прыбыўшы ў Находку, ён між іншага ўбачыў, што побач з базавымі складамі выбуховых рэчываў знаходзіцца транзытны барачны пасёлак, у якім часова месьціліся вольнанаёмныя. У пасёлку спыняліся да часу тыя, што ехалі на Калыму і з Калымы. Груша загадаў неадкладна эвакуяваць часовых жыхароў пасёлка. Прыблізна праз тыдзень пасьля гэтага выбухнулі і склады. Недзе ў той час на вуліцы ў Магадане загарэўся саракатонны аўтамабіль “Дайманд”, загружаны аманітам. Да бяды не дайшло. Пажар патушылі.
    Пасьля, калі я ўжо працаваў у Беларусі, да мяне дайшлі чуткі, што яшчэ адзін карабель з аманітам выбухнуў. На гэты раз у бухце Нагаева. Пра гэтыя выбухі афіцыйна нічога не паведамлялася. Усё было пакрыта змрокам сакрэтнасьці.
                                                                      “Вальняшкі”
    Насельніцтва калымскага краю другой паловы 30 - 40-х гадоў можна было падзяліць на дзьве катэгорыі: лягернікі і “вальняшкі”. Першая катэгорыя, заняволеная, бяспраўная, значна перавышала колькасна. Гэта была аднародная маса насельнікаў шматлікіх лягерных зонаў “Севвостлага”. У сваю чаргу гэтая катэгорыя ўмоўна падзялялася на дзьве няроўныя групы: палітычных і крымінальнікаў. Значна болей было першых. Мяжа падзелу між імі часьцей за ўсё была размытая. Яна сьціралася з прычыны аднолькавага лягернага рэжыму ўтрыманьня. Умовы іх існаваньня прыкладна аднолькавыя, з нязначнымі варыяцыямі, якія не надавалі істотнай розьніцы.
    Другая катэгорыя насельніцтва краю – “вальняшкі” выразна падзялялася на тры групы: мясцовыя карэнныя жыхары (тубыльцы); вольнанаёмныя, што прыехалі на Калыму з “мацерыка” па вярбоўцы на дагаворных умовах; былыя вязьні, якія дажылі да вызваленьня з лягера, пасьля працавалі пэўны час па вольным найме. Другой групе (вэрбаваных дагаворнікаў) мянушка “вальняшкі” прысвойвалася зэкамі прыярытэтна. Прадстаўнікі трэцяй групы (былыя вязьні) даволі часта пераходзілі ў першапачатковы стан у выніку беззаконьня і драконаўскіх законаў, што існавалі тады. Маюцца на ўвазе законы, па якіх судзілі за прагулы і спазьненьні на працу, ды іншыя. Напрыклад, за 1943 год на прыіску імя Вадап’янава, дзе на той час працавалі толькі былыя зэкі, зноў асудзілі па вышэйназваных законах каля чатырохсот чалавек. Тады часам цяжка было разабрацца, дзе канчаецца вольны і дзе пачынаецца зэк. Бальшыня асуджаных - гэта тыя, што выпадкова спазьняліся. Іх спэцыяльна пільнавалі, высочвалі, цікавалі за імі, фальсіфікавалі факты, абы не пакінуць суды без працы. Здаралася і так, што афармленьне дакумэнтаў у суд насіла характар асабістай помсты або палітычнага перасьледу з боку начальства. Ва ўмовах беззаконьня можна было чакаць якой заўгодна подласьці. У гэтую ж кучу валілі і тых, хто з нейкіх прычынаў, іншы раз уважлівых, прапускаў выхады на працу. Назад у зону траплялі “бічы” і “бамжы” (гэтыя назовы тады яшчэ не выкарыстоўваліся). Гэтым найменьням сутнасна адпавядала малалікая пасьлялягерная праслойка былых зэкаў з пэўнымі паводзінамі і спосабам жыцьця, што нагадваюць паводзіны сучасных гарадзкіх туляг. Туды ж - назад у зону - трапляла пэўная частка з асяродзьдзя блатных, якія па звычцы ігнаравалі ўсякую працу, рабілі новыя злачынствы.
    Мясцовае карэннае насельніцтва, адасобленае вольным становішчам і нацыянальнымі асаблівасьцямі культуры, адціснутае ў больш глухія раёны калымскае тайгі, вяло сваё традыцыйнае жыцьцё. Басэйн Калымы насялялі якуты, эвены і эвенкі (тунгусы). Яны ў асноўным займаліся аленегадоўляй і паляваньнем. Ім таксама сапсавалі спрадвечны лад жыцьця, загналі ў нешматлікія калгасы. Заможных раскулачылі. Геоляг Б. І. Вронскі ў сваёй кнізе “На золотой Колыме. Воспоминания геолога” (Москва: Географгиз, 1959) падае пра гэта цікавыя зьвесткі. У 1932 годзе ён дабіраўся з Хатыннаха ў раён работ з узначаленай ім партыяй у даліну ракі Нелькоба, прыток Тенке. Прыбыўшы на вусьце Тенке, Вронскі наведаў заможнага якута Д. І. Пратапопава, што жыў на другім (левым) беразе Калымы. Пратапопаў трымаў аленяў, коней, кароў. Але наняць коней Вронскі не змог. Патрэбны быў дазвол сельсавета, які знаходзіўся за 60 кілямэтраў уверх па Калыме, у якуцкім пасёлку Аратук. Пратапопаў, між іншага, паведаміў Вронскаму, што на Нелькобе шмат зьдзічэлых аленяў, якіх злавіць нельга. Гэта статак, што належаў багатаму тунгусу Васілю Сьляпцову. Калі пачалося раскулачваньне, Сьляпцоў кінуў амаль увесь свой шматлікі статак, а сам з сям'ёй і невялікай колькасьцю аленяў зьнік невядома куды. Пасьля гэтага якуты езьдзілі на Нелькобу паляваць на зьдзічэлых аленяў Сьляпцова. Па сутнасьці ішоў адстрэл прадукцыйнага статку аленяў, які стаў нічыім. Гэты яскравы прыклад сьведчыць, як разбуралася эканамічная аснова традыцыйнага жыцьця тубыльцаў.
    Якуты, эвены, эвенкі, арычы жылі ў злагадзе, не варагуючы паміж сабой. Традыцыі ў асноўным былі агульныя, тоесныя ці блізкія, бо выпрацаваліся пражываньнем уперамежку ці па суседзтве на працягу вякоў. Шчыльнасьць насельніцтва была малая. Камунікацый ніякіх. Жыцьцё ў такіх умовах вымагала зычлівага стаўленьня да іншага чалавека, павагі да яго ўласнасьці. Гэта знайшло матэрыяльнае ўвасабленьне ў стварэньні па тайзе паляўнічых лабазаў з дапамогай харчу, якія ніхто не ахоўваў. Калі мы прыйшлі з геалягічнай разьведкай у даліну ракі Тыллах (левага прытока Калымы), то пабудаваная намі база апынулася побач з паляўнічым лабазам. Ён быў пусты. Інакш і быць не магло, бо лабазы рабавалі зэкі-беглякі, дый не толькі яны. Далейшае папаўненьне лабазаў усім неабходным страціла сэнс і не рабілася. Побач валяўся аблезлы, размоклы ад дажджоў складны абраз, драўляны крыж і торба з аленевай скуры, у якой захоўваліся гэтыя атрыбуты праваслаўнай рэлігіі. Іх выкінуў рабаўнік як непатрэбныя яму рэчы. Народ, які прынёс праваслаўную рэлігію тубыльцам праз расейскіх папоў-місіянэраў, сам жа апаганіў яе і тут, як і ва ўсёй краіне.
    На глухіх таежных сьцежках іншым разам можна было натрапіць на адзінокія зімоўкі. Іх, як і лабазы, будавалі (невядома, хто і калі) дзеля таго, каб выпадковы вандроўнік, паляўнічы або пастух маглі спыніцца тут, абагрэцца, падсілкавацца і нават заначаваць. Там была бляшаная печка, нарыхтаваныя дровы, запалкі, харчы ды шмат чаго іншага Той, хто выкарыстоўваў запас дроў, нарыхтоўваў адпаведную іх колькасьць. Так рабілася дзеля выгоды і зручнасьці таго, хто спыніцца ў зімоўцы наступным. Апрача таго, пакідалася нешта патрэбнае, што меў з сабой кожны. І гэтая традыцыя парушылася. У зімоўках ужо нельга было што-небудзь знайсьці. Такое становішча магло прывесьці да непрадбачаных трагічных здарэньняў. Памятаю адзін выпадак. Наш тапограф вяртаўся з геалягічнай разьведкі ў даліне ракі Джэлгала на базу разьведраёна ў пасёлак Саганья, што знаходзіўся на трасе. Гэта кілямэтраў 60 глухой тайгі. На яго шляху прыкладна праз 30 кілямэтраў стаяла зімоўка. За дзьве-тры сотні мэтраў да будыніны тапограф трапіў у дзейную наледзь. Звычайна наледзь утвараецца ў далінах рэк там, дзе зімой сэзонная мерзлата злучаецца з вечнай мерзлатой. Такое адбываецца часьцей за ўсё на парожыстых месцах ракі, дзе скальныя пароды ўтвараюць яе днішча. На такіх адцінках даліны мала рачных адкладаў жвіру, галькі, валуноў. Вышэй і ніжэй па даліне гэтыя адклады бываюць даволі магутныя (10-20, а то і 30 мэтраў). Іх тоўшча да паверхні насычана вадой, якая не прамярзае ўсю зіму, затуленая і зашчэмленая паміж сэзоннай і вечнай мерзлатой. Вада ў тоўшчы адкладаў рухаецца ў бок вусьця ракі, чаму спрыяюць значныя ўхілы горных далін. На сваім шляху вада сустракае неадольную перашкоду ў тых месцах, дзе сэзонная мерзлата злучылася з вечнай. У пласьце рачных адкладаў узьнікае напруга. Паступова нарастае гідрадынамічны ціск на мярзлотны перахват даліны. Нарэшце наступае крытычны момант. Вада ўзрывае лёд, грунт. Усё гэта ляціць уверх, б’юць халодныя гейзэры, затапляецца абалоня даліны. Так утвараюцца зімовыя паводкі (наледзі) у найбольш лютую сьцюжу. Паводка падспудна хаваецца пад сьнегам, пакуль не скуюць яе маразы. На паверхні сьнегу паводка сябе не праяўляе. Яна проста нябачная. Гэты працэс паўтараецца на працягу зімы некалькі разоў, урэшце поўнасьцю заліваючы ўвесь пласт сьнегу. Паступова за зіму нарошчваецца тоўшча адкрытага лёду 5-10 мэтраў па ўсёй абалоні. Вада пачынае заліваць ніжнюю тэрасу, лезе на схілы даліны. Лютыя маразы пераможна і хутка скоўваюць наледзі. Працэс гэты суправаджаецца безупыннай “кананадай” - вынік разьмярзаньня і растрэскваньня лёду пры чарговым напластаваньні тоўшчы. “Кананада” стварае ілюзію эшалёнаванага бою, асабліва ў змроку ночы. То далёка, то блізка чутны безупынныя “выбухі і страляніна”. Уяўленьне становіцца выразным і падобным да рэальнасьці. Калі мне даводзілася назіраць гэтую зьяву прыроды, я міжволі зьвяртаўся да Беларусі, лунаў там, дзе ішла бязьлітасная вайна. У душы пасяляўся неспакой за родны край, за лёс блізкіх мне людзей.
    Гора таму, хто, ідучы па сьнезе, трапіць у схаваную пад сьнегам ваду дзейнай наледзі. Так здарылася з нашым тапографам. Для яго выйсьце было толькі адно: як мага хутчэй дабрацца да будыніны зімоўкі і паспрабаваць уратавацца, запаліўшы ў печы. Трываў моцны мароз. Пакуль ён ішоў па вадзе, валёнкі прамоклі наскрозь. На іх камякамі натоптваўся і намярзаў сьнег. Ногі пачалі зьмярзацца з валёнкамі. Нарэшце яму ўдалося ўсё-такі дайсьці да зімоўкі. Але ў ёй не было дроў. Ён паспрабаваў разрэзаць валёнак на адной назе, выпадкова параніўся, а мэты не дасягнуў. Так і замерз у гэтай працятай сьцюжай будыніне. Там яго знайшлі праз нейкі час акалелым. Ён стаўся ахвярай таго, што прышлымі быў парушаны ўклад жыцьця тубыльцаў.
    Штовосень аленяводы праводзілі каралізацыю статка. Алені заганяліся ў загарадкі (каралі). Там рабілі падлік пагалоўя, вялі адбор на забой, адбіралі пэўную колькасьць аленяў для нартавых перавозак грузаў ды іншае працы. Адначасна жывёлу таўравалі (ставілася мэталічнае таўро на вуха кожнай жывёліне).
    Шматлікія лягерныя зоны ўтвараліся на Калыме шпаркімі тэмпамі. Тубыльцам, якія такога ніколі не бачылі, цяжка было зразумець, чаму людзі заганяюць другіх у “каралі”, зробленыя з калючага дроту. Да таго ж пільнуюць загнаных і ўначы і ўдзень, выводзячы на прыгонную працу пад наглядам узброеных вартаўнікоў. Мясцовым жыхарам было няўцям, што загнаныя ў “каралі” людзі таўраваныя нумарамі артыкулаў кодэкса або ліцерамі “особого совещания”. Яны не здагадваліся, што чыясьці злая воля дзяліла загнаных на тых, што пасылаліся на забой, і тых, што павінны былі выпрацавацца дашчэнту, раней тае пары, як надыдзе заўчасная чарга сканаць.
    Інтарэсы карэнных жыхароў ушчамляліся дзейнасьцю наежджых. Высякалася тайга, на значных плошчах вяліся горныя распрацоўкі, адбываліся таежныя пажары, выгараў ягель аленевых пашаў. Толькі бяскрайнія прасторы Калыма-Індзігірскага краю давалі магчымасьць абарыгенам неяк захаваць традыцыйныя эканамічныя спосабы гаспадараньня на сваёй зямлі. З таго што нетры іх зямлі бязьлітасна эксплуатаваліся прышлымі, карэнныя жыхары нічога не мелі. Іх паступова пераводзілі на аселы спосаб жыцьця, утвараючы пасёлкі ў аддаленых раёнах тайгі.
    Але непажаданых суседзяў з цягам часу станавілася ўсё болей і болей. Пазбавіцца ад гэтага карэнным жыхарам не было як. Тайга ўсё шырэй напаўнялася чужымі людзьмі. Першымі, з кім даводзілася сутыкацца абарыгенам, былі геолягі. Яны карысталіся паслугамі карэнных жыхароў: наймалі аленевы транспарт, а іншым разам і конна-ўючны, для завозу грузаў у бездарожную тайгу. Сьледам за геолягамі, якія адкрывалі ўсё новыя і новыя радовішчы россыпнага золата, саранчой ішла прыісковая навала. Яна нішчыла прыроду, парушала ўстойлівы балянс экалягічнага асяродзьдзя.
    Задоўга да гэтых часоў якутам і эвенам даводзілася калі-нікалі сустракацца на прасторах калымскай тайгі з адзіночкамі-старацелямі, якія траплялі сюды праз Олу, што на Ахоцкім узьбярэжжы. На Калыму прывяла іх не толькі прага золата, але і дэзэрцірства. Тут можна было схавацца ў бяскрайняй тайзе і перачакаць Першую сусьветную вайну. Іх было мала. У розныя гады не болей за 4-6 чалавек. Яны то каапэраваліся, то разыходзіліся па тайзе шукаць золата паасобку. Па сутнасьці, гэтыя апантаныя шукальнікі шчасьця былі першаадкрывальнікамі калымскага золата. Іх дзейнасьць можна лічыць подзьвігам. Ні ім, ні каму іншаму нават у сьне не прыходзіла ў галаву тое, што пацягнулі за сабой у трыццатыя гады гэтыя подзьвігі. Аднаму шукальніку - татарыну Сафі Шафігуліну, празванаму Барыскам, прага золата каштавала жыцьця. Затое ў аналы гісторыі адкрыцьця калымскага золата яго імя ўпісанае навечна.
    Увесну 1914 года Барыска з трыма іншымі хаўрусьнікамі трапіў на Буюнду (правы прыток Калымы). На першую зімоўку засталіся толькі двое: сам Барыска і М. Канаў. На другую зіму Барыска застаўся адзін. Вясной з вусьця Буюнды ён падняўся ўверх па Калыме да другога правага прытока - рэчкі Сярэднекан. Там у адным распадку, які потым быў названы “Крыніцай Барыскі», ён натрапіў на даволі багатае золата. Толькі яму не давялося ім пакарыстацца. Позьняй восеньню 1916 года (па іншых зьвестках 1917) якуты, праяжджаючы ўверх па Сярэднекану, знайшлі Барыску мёртвым у паставе “седзячы” над шурфам. Яны пахавалі яго ў гэтым шурфе, выкапаным ім самім. Праз два дзесяткі гадоў з лішкам у гэтых мясьцінах вялася здабыча золата буйным прыіскам, якому далі назоў “Прыіск Барыскін”. Геоляг Е. К. Усьціеў у сваёй кнізе “У истоков золотой реки (история одной экспедиции)” (М.: Мысль, 1972) піша, што аднаго разу экскаватар прыіска, здымаючы пустую пароду, падхапіў каўшом труп, які поўнасьцю захаваўся ў вечнай мерзлаце, невядомага барадатага чалавека ў падранай адзежы старога пакрою. Гэта быў Барыска. Яго пахавалі другі раз. Менавіта ён лічыцца першым у шэрагу першаадкрывальнікаў калымскага золата.
    З другім, больш удачлівым шукальнікам шчасьця мне давялося працаваць узімку 1940/41 года пасьля вызваленьня з лягера. Гэта быў Філіп Раманавіч Палікарпаў. У 1923 годзе ён дамовіўся з адным былым хаўрусьнікам Барыскі, каб пайсьці працягваць пошукі золата ў даліне Буюнды. Шчасьце ім не спадарожнічала, і яны вярнуліся ў Олу. У 1924 годзе Філіп Раманавіч выпраўляецца на Калыму адзін. Дасягнуўшы вытокаў Сярэднекана, ён вядзе апрабоўваньне. Яно паказвае павелічэньне знакаў золата з перамяшчэньнем уніз па Сярэднекану. Каб знайсьці багатае золата, яму не хапіла сілаў. Ён літаральна галадаў, бо харчаваўся чым Бог пашле. Увосень спыніў пошукі і вярнуўся ў Олу. Нейкі час паляваў на марскога зьвера - нерпу ды іншых цюленяў. У 1926 годзе ён аб’яднаўся з другім былым хаўрусьнікам Барыскі М. Канавым і яшчэ адным старацелем Бавыкіным. З імі Палікарпаў зноў выправіўся на Сярэднекан. На гэты раз ім пашанцавала. Яны знайшлі багатае золата. У 1927 годзе Палікарпаў прывёў на Сярэднекан невялікую арцель старацеляў і распачаў здабычу золата. Нястача ежы прымусіла арцель вярнуцца ў Олу. Тут Філіпу Раманавічу стала вядома, што тэрыторыю, дзе ён адкрыў россыпы, падпарадкавалі “Саюззолату”. Ён за 10 тысяч рублёў паведаміў прадстаўніку “Саюззолата” пра вынікі сваіх пошукаў. Здабыча золата паступова пачала разгортвацца. Філіпа Раманавіча прызначылі горным наглядчыкам. То быў канец яго “старацельства”.
    У 1928 годзе на Калыму прыбыла дзяржаўная геалягічная экспэдыцыя Геалягічнага камітэта на чале з геолягам Ю. А. Білібіным і яго памочнікам В. А. Цараградзкім. Менавіта зьвесткі Ф. Р. Палікарпава паслужылі асновай для таго, каб сканцэнтраваць работы на Сярэднекане. Так пачалося кваліфікаванае плянамернае вывучэньне краю з ухілам на пошукі радовішчаў золата. Пазьней органы НКВД узяліся за Філіпа Раманавіча. Яго пасадзілі, патрабуючы аддаць быццам бы намытае ў свой час і схаванае золата. Нічога не дамогшыся, выпусьцілі, бо ў ім, чалавеку спрактыкаваным, была патрэба. Геолягі ставіліся да яго з вялікай павагай, прызначалі начальнікам апробавальных партый і штолета пасылалі ў некранутую тайгу. Зімой ён узначальваў які-небудзь участак разьведраёна, дзе вёў шурфовачную разьведку. У гэтай ролі я і засьпеў яго ўзімку пры канцы 1940 года.
    А было гэта так. 6 лістапада 1940 года мне абвясьцілі надвячоркам пра звальненьне з лягера і прапанавалі пакінуць зону. Надыходзіла ноч. Дзявацца не было куды. Я прасіўся дазволіць мне застацца ў зоне да раніцы. Сказалі, што вольнаму “не положено” знаходзіцца ў зоне, і не дазволілі. Такая прынцыповасьць не магла мяне расчуліць, бо я памятаў, як наш былы брыгадзір Папоў утрымліваўся ў зоне лішняга паўгода пасьля фактычнага вызваленьня. Давялося проці ночы на зьмярканьні ісьці ў вольны пасёлак Хатыннах і шукаць нейкага прытулку. Я прыгадаў, што раней звольніўся мой добра знаёмы былы брыгадзір Ільін, пра якога я ўспамінаў вышэй. Таго ж вечара мне ўдалося яго адшукаць. У яго я і заначаваў. Ён працаваў нарміроўшчыкам у Хатыннахскім разьведраёне. Уранку ён адрэкамэндаваў мяне, станоўча характарызуючы, начальніку разьведраёна (прозьвішча не памятаю). Мяне прынялі на працу ў якасьці дзесятніка шурфовачных работ і накіравалі на ўчастак “Ніжні Хатыннах” да Філіпа Раманавіча Палікарпава. Ён сустрэў мяне ветліва і пасяліў разам з сабой. Да гэтага ён месьціўся адзін у асобным пакоі таежнай драўлянай будыніны. На ўчастку працавала брыгада шурфоўшчыкаў, выключна зьняволеныя. Іх пільнавала цэлае зьвяно вохры. Мне давялося весьці дакумэнтацыю шурфоў.
    Так мы і жылі ўсю зіму 1940/41 года ўдвох, у адным памяшканьні. Філіп Раманавіч быў вельмі цікавы чалавек. У тым часе ён быў ужо немалады, з багатым жыцьцёвым досьведам. Нескладаную таежную гаспадарку ён вёў сам, нібы не давяраючы мне. Сам варыў стравы, паліў у печы. Харчаваліся мы разам. Есьці было што. Мяне ў харчаваньні не абмяжоўваў. Хутчэй наадварот. А сам, па старой звычцы таежнага бадзягі, у дачыненьні да сябе ўвесь час эканоміў. Відаць, у мінулым ён шмат нагаладаўся, што эканомія стала сутнасьцю яго побыту ў любых умовах існаваньня. Экзатычнасьць яго паводзін у гэтым сэнсе іншым разам здавалася ўмоўна рэфлекторнай. Разам з тым не быў скупы да іншых, як чалавек чулы і спагадлівы.
    Нагаварыўшыся ўдосталь перад тым, як класьціся спаць, памятаю, ён мне казаў:
    - Вячеслав, обглодай косточку, да я положу ее в свежий суп и поставлю на ночь на печку, пусть вываривается.
    А да таго, раней, гэтая костачка пабыла ўжо ў двух супах. Гарбату ён звычайна піў без цукру, заядаючы селядцом. Калі я рабіў яму заўвагу, ён казаў:
    - Я посолонцую. Я так привык, не обращай на это внимания.
    Шурфоўшчыкі, якім лягернага пайка было мала, прыходзілі да Філіпа Раманавіча з просьбай выпісаць дадаткова хлеба. У яго была такая магчымасьць. Выслухаўшы просьбу, ён казаў:
    - Начишь ты, паря (ён вельмі часта ўжываў гэты сібірскі зварот да чалавека), ведь обжираетесь вы. Я по калу вижу, что обжираетесь. Мне, бывало, адной булки хлеба хватало на целое лето.
    Далей апавядаў пра сваё цяжкае жыцьцё, калі ён адзін на ўсю тайгу, прыйшоўшы на Калыму з Ахоцкага ўзьбярэжжа за сотні кілямэтраў, шукаў золата. Зьняволены звычайна стаяў і цярпліва слухаў, бо ведаў, што адмовы не будзе. Скончыўшы апавядаць, Філіп Раманавіч браўся за паперу і пісьмова загадваў капцёру выдаць дадаткова хлеба.
    Калектар Уладзімір Малій, які штолета хадзіў з Філіпам Раманавічам у пошукавыя партыі, расказваў мне пра паказальны выпадак. Аднаго разу яны спыніліся нанач на беразе таежнай рэчкі. Раніцой Малію захацелася піць. Ён зайшоў па калені ў рэчку, зачэрпнуў конаўку вады, палову выпіў, а астатнюю выліў назад. За гэтым назіраў Філіп Раманавіч. Ён са шчырым абурэньнем сказаў:
    - Ты что делаешь? Почему зачерпнул больше, чем тебе надо? Начишь ты, паря, в воде стой, а воду экономь.
    Аднойчы ўсім раённым геолягаразьведвальным упраўленьнем СГПУ авалодаў перапалох. Апэратыўная група вохры застрэліла ў тайзе двух уцекачоў з нейкага лягера. Пры адным была палявая сумка з картамі. У РайГРУ адразу ўстанавілі, што сумка Філіпа Раманавіча. Пасьля гэтага яго лёс нейкі час заставаўся невядомы. Дапускалася магчымасьць таго, што партыя выразана ўцекачамі. У тое лета партыя Філіпа Раманавіча працавала ў глухой тайзе - недзе недалёка ад вытокаў ракі Таскан. Туды была сьпешна накіраваная апэратыўная група Вохры. Калі група прыбыла ў раён работ партыі, то яна знайшла Філіпа Раманавіча за працай. Ён працягваў весьці дасьледаваньне, адмываць пробы. На шчасьце, пад час нападу беглякі іх не забілі, а толькі павязалі.
    Пазьней Філіп Раманавіч захварэў на язву страўніка, і яго сьпешна адправілі на “мацярык” для лячэньня. Далейшы яго лёс мне невядомы.
    Быў нейкі час (гэта ў вайну), калі дакладны, безупынна дзейны канвэер ГУЛАГа, што пастаўляў зьняволеных на Калыму, замарудзіў сваю працу. Нявольніцкая чалавечая плынь захлынулася з прычыны новага няшчасьця, абрынутага на краіну. Патрэбныя былі перадусім салдаты. Але з Калымы нікога не прызывалі, бо гэта пагражала рэзкім скарачэньнем здабычы золата. Так цягнулася нядоўга. Ужо пад канец вайны і адразу ж пасьля яе хлынула новая плынь нявольнікаў. Яе складалі савецкія салдаты, што былі ў нямецкім палоне, цывільныя, аднесеныя да калябарантаў, уласаўцы ды рэпатрыяваныя з дапамогай альянтаў так званыя перамешчаныя асобы. Гэта адбывалася пазьней. А пакуль, у першай палове саракавых гадоў, у геалягічнай разьведцы дый на прыісках апрача зэкаў-доўгатэрміновікаў працавала значная колькасьць былых вязьняў. На іх трымалася і шурфоўка. Працавітыя працавалі – “мантулили”, “втыкали”, “горбатились”, “вкалывали”, “ишачили”, як тады казалі на лягерным жаргоне. Пералічаныя сынонімы лягернага лексыкону вобразна вызначалі стаўленьне і былых вязьняў да “освобожденного труда”. Тым часам блатныя прыдурваліся, “кантовались” або рабілі новыя злачынствы, махлявалі, кралі, забівалі. Гэтая катэгорыя “вальняшак” не прапускала ніводнага зручнага выпадку, каб не падмануць каго-колечы ці абакрасьці. Былі клясычныя выпадкі падману, вядомыя паводле мэтодыкі яшчэ з часоў карнэта Савіна і Сонькі Залатой Ручкі, што праславіліся да рэвалюцыі.
    Памятаю такі выпадак. Начальнік аддзела кадраў СГПУ капітан дзяржбясьпекі Селязьнёў сабраўся аднойчы ў камандзіроўку на нейкі прыіск. Пра гэта ён сказаў жонцы і раніцой пайшоў ва ўпраўленьне. Праз паўгадзіны да яго жонкі зьявіўся нейкі чалавек і сказаў:
    - Мяне паслаў ваш муж. Ён неўзабаве адпраўляецца на прыіск. Прасіў, каб вы перадалі яму кажух.
    Яна, не доўга думаючы, кінула на руку невядомага кажух, і той спакойна пайшоў. Толькі пасьля вяртаньня з прыіска самога Селязьнёва жонка даведалася, што ён нікога не пасылаў. А тым часам недзе, можа і ў лягернай майстэрні, кажух раскроілі і сшылі некалькі паўкажушкоў для блатных. Блатная мафія дзейнічала не толькі нахабна, але і тонка, у залежнасьці ад абставін, арганізавана, выкарыстоўвала кожны пралік, кожнае разявацтва, даверлівасьць, страту пільнасьці.
    Папярэднік Селязьнёва - старшы лейтэнант дзяржбясьпекі Сёмушкін выязджаў з сям’ёй на “мацярык”. Жонка яго прадавала на “таўкучцы” у Ягадным два гарнітуры па 6 тысяч рублёў кожны. Муж, відаць, хапнуў іх з амэрыканскіх дабрачынных ахвяраваньняў, карыстаючыся службовым становішчам. Трэба думаць, што тое-сёе з нахапанага пакінулі і для сябе. Нагрузіўшы машыну дабром, сям’я Сёмушкіных адбыла ў Магадан. Не даехаўшы кілямэтраў 4-5 да аўтабазы Спорнае, машына сапсавалася (мо так было задумана). Сёмушкін пакінуў на сапсаванай машыне з рэчамі жонку і дачку. Сам жа на спадарожнай паехаў у пасёлак Спорнае прасіць знаёмага начальніка аўтабазы замяніць сапсаваную машыну на спраўную. Тым часам падышла парожняя грузавая машына і, разьвярнуўшыся, стала побач. З кабіны вылезьлі двое і сказалі:
    - Машыну прыслаў ваш муж, каб давезьці рэчы да Спорнага. Перагружайцеся.
    І самі дапамагалі. Калі жонка Сёмушкіна памкнулася перасесьці таксама, хлопцы сказалі, што муж параіў застацца на сапсаванай машыне. Начальнік аўтабазы, маўляў, дае яму сваю легкавушку і ён неўзабаве прыедзе па іх. Такім чынам, рэчы паехалі ў невядомым кірунку. Яшчэ праз паўгадзіны на грузавой пад’ехаў муж, і, даведаўшыся пра ўсё, зразумеў, што на “мацярык” давядзецца ехаць толькі з акрэдытывамі, але без рэчаў.
    Такое паўтаралася з іншымі і ў Магадане. Замест замоўленай машыны для дастаўкі рэчаў у порт Нагаева пад’яжджала нейкая іншая. Пачыналася пагрузка рэчаў. Калі гаспадар ішоў у дом па апошні клунак, машына ад’яжджала і зьнікала невядома дзе.
    Іншым разам закручваліся такія крымінальныя падзеі, што нават Агата Крысьці не магла б прыдумаць нешта падобнае. І не дзіва. На Калыме да вайны была сканцэнтраваная значная частка блатнога сьвету ўсёй краіны - ад Ленінграда і да Ўладзівастока. У сыстэме Дальбуду блатныя прысутнічалі ўсюды, апрача камандных пасадаў. Да таго ж праца была рухомая, не прывязаная да аднаго месца. Гэта ім падабалася з усіх пунктаў гледжаньня. Было іх гняздо і ў Сярэдне-Дзебінскім разьведраёне, у тым ліку і на яго базе ў пасёлку Саганья, што знаходзіўся на трасе за 18 кілямэтраў ад Ягаднага ў бок Сусумана.
    Начальнікам разьведраёна быў усё той жа, хто браў мяне на працу яшчэ ў Хатыннаху. Ён у часе адпачынку на ўзьбярэжжы Чорнага мора знайшоў сабе другую жонку. Яна працавала ў штаце дома адпачынку. З ёй і вярнуўся на Калыму. Назавем другую жонку Галінай. Яе, відаць, нечым не задавальняў мужчына - высокі, стройны, смуглявы мужчына, чамусьці празваны паўцыганам. У іх было ўжо дзіця. Магчыма, Галіна была жанчынай невысокай маральнасьці. Як бы ні было, але яна ўступіла ў інтымную сувязь з шафёрам грузавой машыны разьведраёна Клімантавым, прыгожым маладым чалавекам, ленінградзкім блятаром, ужо адседзеўшым на тую пару свой тэрмін зьняволеньня. У зручны для сябе час Галіна ўпотай прыходзіла калі-нікалі ў гараж да Клімантава, дзе ў яго была невялічкая бакоўка з тапчаном. Там адбываліся іх інтымныя спатканьні. Пабочнае жыцьцё таемна ад мужа для Галіны стала нормай.
    Загадчыкам гаспадаркі разьведраёна быў Абрам, несамавіты на выгляд чалавек сярэдняга ўзросту і росту, трохі лысаваты, з прарэджанымі цынгою зубамі. Прозьвішча не памятаю. (Дый не толькі яго. Мы звычайна зьвярталіся адзін да аднаго, называючы толькі імя. Таму прозьвішчы шмат каго, у тым ліку і Абрама, лёгка пазабываліся.) Абрам у вольны час любіў заходзіць да Клімантава, а калі апошні адсутнічаў, то мог і паляжаць на яго тапчане, памарыць упоцемку.
    У начальніка разьведраёна была слабасьць - ён любіў выпіць. Такая ж слабасьць была і ў Галіны. Пярэдадзень Кастрычніка 1942 года яны адзначалі дома разам (безумоўна, са сьпіртам), і муж паехаў на ўчастак Бурхала праводзіць урачысты сход. Калі добра зьмерклася, Галіна бітай сьцежкай спусьцілася з верхняй тэрасы Дзебіна, дзе стаялі дамы ІТР, на ніжнюю, дзе стаяў гараж, стайня, склад ды іншыя службы разьведраёна. Электрычнага асьвятленьня ў пасёлку не было, і Галіна незаўважанай прайшла ў гараж. Кашэчай хадой яна зайшла ў бакоўку Клімантава, намацала на тапчане мужчыну, моўчкі абняла яго. То быў Абрам. Галіна, будучы на добрым падпітку, упоцемку не разабралася, хто ляжыць на тапчане. Абрам імгненна ацаніў сытуацыю і не разгубіўся...
    Так бы Галіна і не здагадалася, што адбылося, калі б не ракавое супадзеньне абставін. Калі яна выйшла з бакоўкі, да гаража пад’ехала машына. З-за руля вылез Клімантаў, зайшоў у гараж і засьвяціў карасынавую лямпу. Пры сьвятле лямпы Галіна ўсё зразумела. У бясьсільнай злосьці яна заляпіла аплявуху ні ў чым не вінаватаму Клімантаву. Ад нечаканасьці ён выпусьціў з рук лямпу. Лямпа разьбілася. Карасіна ўспыхнула. Загарэлася падлога, набрынялая гаруча-змазачнымі рэчывамі. Загарэлася машына, што была ў гаражы на рамонце. Галіна зьнікла, пакінуўшы сам-насам Клімантава з Абрамам. З пажарам яны не змаглі справіцца. У выніку згарэў гараж разам з бакоўкай Клімантава - месцам яго палкіх спатканьняў з Галінай. Згарэла і машына, што была ў гаражы. Пачалося сьледзтва. Клімантаў нічым не выдаў сапраўдную віноўніцу пажару, вытлумачыўшы здарэньне нядбайнасьцю і неасьцярожнасьцю з яго боку. Яму далі два гады тэрміну зьняволеньня і пакінулі працаваць у разьведраёне.
    Але такія людзі, як Клімантаў, не маглі жыць без прыгод. Ягаднінскаму кодлу блатных стала вядома, што на перавалачны склад суседняга Ніжне-Дзебінскага разьведраёна прывезьлі шмат амэрыканскіх харчоў і тавараў. Быў самы час гэты склад абрабаваць.
    З базавых складоў СГПУ звычайна выбіралася тое, што па разнарадцы прызначалася разьведраёнам, перамешчалася на перавалачныя склады, якія стаялі побач з базавымі, а потым паступова вывозілася ўжо ўласным аўтатранспартам разьведраёна. Базавыя склады СГПУ ахоўваліся вохрай, якая не несла адказнасці за перавалачныя склады. Апошнія ахоўваліся вартаўнікамі, падпарадкаванымі разьведраёнам. Такая сістэма аховы вельмі спрыяла спакусе абакрасьці той ці іншы перавалачны склад, інфармаванасьць касты злачынцаў была дакладнай.
    Група блатных, у тым ліку і Клімантаў, сабраўшыся невялікай хэўрай (не болей за 7-8 чалавек), вырашыла ўчыніць злачынства - абакрасьці перавалачны склад Ніжне-Дзебінскага разьведраёна. Для гэтага іх хаўрусьнік, што працаваў шафёрам на Ягаднінскай вітаміннай фабрыцы, выгнаў без дазволу машыну, і яны паехалі на справу. Але апэрацыя сарвалася дзякуючы пільнасьці вартаўніка. Расчараваныя, яны вярталіся з мілым ліхам.
    На наступны дзень на Ягаднінскім перавале дарожнікамі, што расчышчалі трасу ад завеі, быў заўважаны “драмадзёр” (аўтамашына-паўпрычэп), нагружаны мяхамі з амэрыканскай мукой. Капот матора газагенэратарнай аўтамашыны быў падняты. На маторы ляжаў нежывы шафёр.
    У вайну амаль увесь аўтапарк Дальбуду быў пераведзены на газагенэратарнае паліва з драўлянай чуркі. Кабіны ЗІСаў сталі яшчэ цясьнейшыя, бо абапал ставіліся катлы. Па трасе на аўтабазах былі ўтвораны цурказаправачныя. Безупынна верашчалі цыркулярныя пілы, наразаючы цурбанкі. Тайга прадаўжала радзець. Ад сушыльняў пахла прыемным смаляным дымам. Пры выкарыстаньні газагенэратарнага паліва маторы трацілі частку сваёй моцы. Машыны (асабліва “драмадзёры”) з цяжкасьцю ўспаўзалі на перавалы, марудна адольвалі схілы, губляючы хуткасьць да таго, што іх можна было дагнаць, ідучы шпаркім крокам. Ад гэтага пачалося рабаваньне “газгенаў” (так пачалі зваць газагенэратарныя аўтамашыны) на хаду. Пазьней дзеля засьцярогі пачалі прызначаць канвой.
    Тады ж труп шафёра быў абсьледаваны. Пашкоджаньняў на яго целе і нутраных органах не было выяўлена. Мэдыкі далі заключэньне, што шафёр памёр ад сардэчнай хваробы. Другіх вэрсій не было. Чалавека пахавалі і сьледзтва спынілі.
    Па нейкім часе зэкі зноў расчышчалі перавал ад сьнегу. Адзін з іх знайшоў патрон аб браўнінга. Вярнуўшыся ў барак, ён пачаў вырабляць з патрона муштук для цыгарак. Гэта заўважыў прараб. Ён пацікавіўся, дзе вязень узяў патрон. Той адказаў, што знайшоў на трасе, прыкладна там, дзе стаяў “газген” з мёртвым шафёрам. У гэтых двух фактах прараб убачыў пэўную сувязь. Ён паведаміў пра знаходку ў органы. Сьледзтва аднавілі. Зрабілі эксгумацыю і паўторны, больш уважлівы агляд трупа. У выніку на цемені была выяўлена невялічкая адтуліна і куля ў мазгах. Ранка не дала крыві, таму і не была заўважаная ў густых валасах пад час першага абсьледаваньня. Злачынства было відавочным. Да таго ж частка мукі была разрабаваная. Распрацавалі новую вэрсію, паводле якой пачалі сачыць за спэкуляцыяй мукой у большых памерах, чым гэта было магчыма пра карткавай сыстэме. Такім чынам неўзабаве сьледзтва выйшла на забойцу. Гэта быў Клімантаў.
    Дзея злачынства адбывалася наступным чынам. На зваротным шляху машына праімчалася міма “газгена”, што стаяў на перавале, нагружаны мяхамі з амэрыканскай мукой. Мэтраў праз 100-150 Клімантаў пастукаў па кабіне. Зарыпелі тармазы і машына спынілася. Шафёр спытаўся ў чым рэч. Клімантаў сказаў, што пойдзе да “газгена” і папросіць пару мяшкоў мукі. Калі ён падышоў да “газгена”, шафёр капаўся ў маторы. Клімантаў зьвярнуўся да яго:
    - Слыш! Дай пару мяшкоў мукі.
    - Ты што? Я ж за іх расьпісаўся ў накладной.
    - Не дасі, сам вазьму, - сказаў Клімантаў.
    Шафёр, ведаючы калымскія норавы, пацягнуўся за завадной ручкай. У гэты момант Клімантаў выхапіў браўнінг і стрэліў яму ў галаву. Той упаў на матор і не варушыўся. Сьмерць была імгненнай. Клімантаў падбег да сваёй машыны і закамандаваў:
    - Давай задам да “газгена”!
    - Што, дамовіўся? - спыталі яго.
    - Дамовіўся. Давай хутчэй!
    Перакінулі дзесятак мяхоў у сваю машыну і шпарка рушылі ўперад. Даехаўшы да Ягаднага, павярнулі на Саганью. Заехалі ў пасёлак дарожнікаў Сахаціны, што знаходзіўся на процілеглым баку трасы супраць Саганьі, і схавалі мяхі ў сьнезе. Сярод дарожнікаў былі свае людзі. Праз іх спрабавалі прадаць муку, але неўзабаве папаліся.
    Клімантава прысудзілі да расстрэлу. У апошнім слове ён прасіўся на фронт, каб “искупить свою вину”. Дарэчы, ён не першы спрабаваў выратавацца ад пакараньня праз вайну. Але на Калыме была свая вайна, і ён, як прайграўшы, скончыў жыцьцё на Сэрпантынцы.
    Калі гаварыць пра вэрбаваных (дагаворнікаў) і камандзіраваных, то трэба адзначыць, што яны - людзі вельмі розныя. У залежнасьці ад службовага становішча, асабістых якасьцяў і культуры яны па-рознаму ставіліся да зьняволеных і былых вязьняў. Апарат Севвостлага і вохра паводзілі сябе як плянтатары. Інжынэрна-тэхнічная інтэлігенцыя, геолягі, цывільныя службоўцы ставіліся да нас памяркоўна, нярэдка спачувальна, зычліва, звычайна не выказваючы пагарды, тым больш нянавісьці. Не памятаю ніводнага чалавека сярод супрацоўнікаў геалягічнай службы, якога можна было б папракнуць у гэтым. Яны разумелі сутнасьць становішча, што было ў краіне. Не зважаючы на тое, што ўсім ім, ад начальніка аддзела і вышэй, пры Берыі былі прысвоены чыны і званьні НКВД, усё ж яны заставаліся людзьмі. Званьні вымагалі насіць форму органаў. Аднак гэта не мяняла іх нутранога сьвету. Яны не сталі катамі або іх памагатымі. Тон задаваў у свой час сам дырэктар трэста Дальбуд (пазьней начальнік упраўленьня з тым жа назовам) Э. П. Берзін - удзельнік грамадзянскай вайны, з латышскіх стралкоў, выдатны гаспадарчы дзеяч. Геоляг Б. І. Вронскі ў названай вышэй кнізе ўспамінаў, што на пачатку сакавіка 1932 года Сярэднекан наведаў сам Берзін. На агульным сходзе інжынэрна-тэхнічных працаўнікоў ён паведаміў, што неўзабаве на Калыме будуць утвораныя буйныя канцлягеры. Вось тады ў 1932 годзе Калыма і пачала адлік гадоў сваёй лягернай гісторыі. Паводле Вронскага, Берзін, між іншага, асабліва падкрэсьліў удзельнікам сходу, што яны не павінны ні ў якім разе чым-колечы паказваць, што вязьні знаходзяцца на асаблівым становішчы. “На працы вы мусіце, - сказаў Берзін, - ставіцца да іх так, быццам бы яны вольнанаёмныя. Аднак у нерабочы час вам не варта заводзіць занадта блізкіх узаемадачыненьняў. Першае я загадваю, другое прашу ўлічыць”. Гэтаму наказу яны заставаліся верныя ўвесь час, нават пасьля таго, як Берзіна расстралялі і на Калыме ўсталявалі лягерны тэрор. Працаўнікі са стажам давалі прыклад стаўленьня да вязьняў несупыннаму новаму папаўненьню. Першым у гэтым шэрагу быў начальнік геолягаразьведвальнага ўпраўленьня «Дальстрой», геоляг па прызваньню, генэрал-маёр В. А. Цараградзкі. Даведаўшыся, што недзе на прыіску ў якасьці дрывасека ля бойлера гібее яго былы настаўнік - вядомы мінэраляг Болдыраў, ён адшукаў яго і забраў у Магадан на працу ў ГРУ, чым выратаваў ад немінучай сьмерці. Аднак драпежная і прагная Калыма ўсё ж праглынула яго жыцьцё. Неяк Болдырава накіравалі прачытаць лекцыю ў недалёкім узьбярэжным пасёлку карэнных жыхароў. Ехалі на аўтамашыне па лёдзе бухты Нагаева. Лёд бухты як аўтадарога выкарыстоўваўся вельмі часта. Бывала, караблі ўзімку разгружаліся на ледзяны прыпой, шырыня якога дасягала амаль ста кілямэтраў ад берага да адкрытай вады Ахоцкага мора. Грузы аўтамашынамі перавозіліся па лёдзе ў склады порта Нагаева.
    Машына, на якой ехаў Болдыраў, правалілася ў палонку. Болдыраву ўдалося вылезьці з вады. Ён, мокры, пайшоў у бок пасёлка, да якога ўжо было не так далёка. Але не дайшоў. Прыкладна за паўкілямэтра ад пасёлка ён замерз.
    В. А. Цараградзкі вызначаўся як выдатны геоляг і здольны арганізатар геалягічнай службы Дальбуда. Ён шырока выкарыстоўваў былых вязьняў на практычнай працы ў разьведраёнах і геалягічных партыях. Значная частка іх прапускалася праз вучэльню ў Магадане, дзе атрымлівала неабходныя сыстэматызаваныя веды. Без шырокага дадатковага выкарыстаньня рэзэрву патэнцыйных магчымасьцяў былых вязьняў, бадай, нельга было б так хутка вывучыць геалягічную будову агромністай тэрыторыі. За 18 гадоў - з 1928 да 1947 (апошняга майго калымскага года) на тэрыторыі Дальбуда працавала больш за 1300 партый і экспэдыцый, якія ахапілі дасьледаваньнем тэрыторыю, што сягае на ўсход ад Лены і Алдана (улучаючы басэйны Індзігіркі і Яны) ажно да Ахоцкага і Бэрынгавага мораў ды на поўнач - аж да Ўсходне-Сыбірскага і Чукоцкага мораў. Праз абсягі гэтай велізарнай тэрыторыі пралягала і мая жыцьцёвая сьцяжынка. Яна віляла паміж калымскіх магільнікаў, не ўткнуўшыся ні ў адзін з іх, каб вывесьці мяне назад - на бацькаўшчыну, каб урэшце мець магчымасьць закончыць свой жыцьцёвы шлях і легчы касьцьмі ў родную зямлю Беларусі, за што я ўдзячны лёсу. Я ўдзячны і тым людзям, што ставіліся там да мяне, як і іншых былых палітвязняў, па-чалавечы, не паддаўшыся агульнадзяржаўнаму псыхозу шалёнай прапаганды, хлусьні і цкаваньня. Іх імёны запалі ў памяць назаўсёды.
    Вызначаўся добрым стаўленьнем да былых палітвязьняў і начальнік РайГРУ СГПУ геоляг Н. А. Шыла, які апошнім часам узначальваў Далёкаўсходняе аддзяленьне АН СССР. І ягоны лёс быў скалечаны вайной. Тады хадзілі чуткі, што яго жонка загінула ў блякадным Ленінградзе. Нібыта яе забілі, каб зьесьці.
    Спагадлівымі людзьмі былі геолягі магіляўчанін Скарнякоў, гамяльчанін Махлін, які потым працаваў у АН БССР, начальнік тапаграфічнага аддзела РайГРУ Русанаў, тапограф Ружыцкі, не кажучы ўжо пра начальнікаў геалягічных партый Капітонава, Дзіхціеўскага і шмат каго іншага. Апошні, выехаўшы з Калымы, працаваў у Летувіскім ГРУ, а потым вельмі доўга - галоўным інжынэрам Беларускага геалягічнага ўпраўленьня ў Менску. Тут ён не так даўно і памёр.
    Вельмі прыемнае ўражаньне пакінулі выкладчыкі Магаданскай вучэльні. Усе яны вельмі добра ведалі і разумелі сваю аўдыторыю. Ніводны з іх ніколі не дазваляў сабе нагадаць нам хоць раз, хоць ускосна, што мы - былыя палітвязьні, паставіцца да нас з пагардай. Не магу не ўспомніць з удзячнасьцю і павагай наступных выкладчыкаў: Пятрова Рафаіла Пятровіча, Стулава Мікалая Мікалаевіча, Калтоўскага Юрыя Юр’евіча, Пчалінцава Васілія Аляксандравіча, Прозарава Міхаіла Аляксандравіча, Няходава Мікалая Аляксеевіча, Чайкоўскага Васілія Канстанцінавіча, Карпава Н. Ф.
    Горш было, калі я вярнуўся назад у Беларусь. Тут амаль на кожным кроку я натыкаўся на непрыязнае стаўленьне, пра што пісаў напачатку. Але і тут ратавалі, бескарысьліва працягвалі руку дапамогі добрыя людзі.
                                                                     “Воўчы білет”
    Такое побытавае вызначэньне пашпартоў з рэжымам абмежаваньняў перайшло з дарэвалюцыйных часоў у савецкую штодзённасьць. На Калыме “воўчых білетаў” не выдавалі. Там на былых зэкаў пашпартных блянкаў не трацілі. Іх замянялі рознымі даведкамі. З адной стандартнай, выдадзенай СВИТЛам у Магадане, я вяртаўся дадому. Яна называлася форма “А”. У ёй значылася, што я адбыў тэрмін зьняволеньня, па якім артыкуле і на які тэрмін быў асуджаны. На даведцы была мая фотакартка, а побач дактыляскапічны адбітак майго пальца ківача. Яны былі засьведчаны лягернай гербавай “серпасто-молоткастой” пячаткай. У правым верхнім куце даведкі было вызначана: “Правом на жительство не служит. При потере не возобновляется”. Барані бог згубіць! Гэтая даведка дала магчымасьць атрымаць у Магадане перад выездам з Калымы першы пасьлялягерны пашпарт. Але радасьці было мала, бо ў канцы пашпарта значылася: “Паспорт выдан на основании статьи 39-й положения о паспортах”. Гэтая непрыкметная на першы погляд прыпіска ператварыла пашпарт у “воўчы білет”. Кожны пашпартыст, усякі міліцыянт ці эмгэбіст ведалі, што ўладальнік пашпарта - былы палітвязень і што яму не дазваляецца жыць у пэўнай колькасьці гарадоў ды ў памежжы. Прыбліжацца да гэтых гарадоў і да дзяржаўнай мяжы не дазвалялася менш чым на сто кілямэтраў. За парушэньне гэтых правілаў належаў тэрмін зьняволеньня. Такім чынам, за мной пацягнуўся калымскі канчур вяроўкі ад паслабленай пятлі на шыі, за які ў кожны момант маглі пацягнуць. Мне не давялося ехаць у Градзянку, дзе прапісвалі такіх, як я. Удалося прапісацца ў роднай вёсцы, а ўладкавацца на працу ў Менску ў Беларускім геалягічным упраўленьні. Начальнікам упраўленьня быў вядомы геоляг Гарэлік Залман Абрамавіч, чалавек памяркоўны. Галоўны інжынэр Астроўскі дапытаў мяне, за што я быў асуджаны, але дыяганальную візу на заяве наклаў. З яе вынікала, што я прыняты на працу. У Менску прапісацца было нельга, і я пачаў свае вандроўкі па геалягічных партыях, асьцерагаючыся сутыкацца з міліцыяй. Усё ішло больш-менш добра. Я папярэджваў, што мне нельга працаваць у прымежных партыях, і мяне туды не пасылалі. Але зьмянілася начальства. Зьмена супала па часе з маскоўскім “делом врачей”. У геалягічным упраўленьні Беларусі адчуўся яго перуновы пошчак, што ўвасобіўся ў разгоне супрацоўнікаў габрэйскай нацыянальнасьці. Для гэтага быў прысланы з Масквы на пасаду начальніка ўпраўленьня нехта Шыленка. Яго лічылі эмгэбістам. Гарэліка звольнілі, і ён пайшоў на працу ў акадэмію.
    У той час Шыленка прызначыў мяне старшым геолягам у партыю, якая дзейнічала ў раёне Горадні. Я пайшоў да яго і давёў да ведама, што для мяне дарогі ў Горадню няма. Ён дамогся таго, каб я ўсё-такі паехаў. Прыехаўшы ў партыю, я неадкладна накіраваўся ў абласное ўпраўленьне МГБ. Мяне прыняла жанчына - капітан дзяржбясьпекі. Яна аказалася даволі ветлівай і ўважлівай. Я паказаў ёй загад аб маім прызначэньні і “воўчы” пашпарт, зьвярнуўшы яе ўвагу на тое, што яны знаходзяцца ў супярэчнасьці. Спытаў: як мне быць? Яна сказала, што трэба неадкладна вяртацца туды, адкуль прыехаў. Яе прапанова (калі можна гэта назваць прапановай) азначала невыкананьне загаду начальніка геалягічнага ўпраўленьня, за што мог быць пакараны адміністрацыйна. На гэтую акалічнасьць я зьвярнуў увагу эмгэбісткі і папрасіў якую-небудзь паперку. Яна сказала літаральна наступнае: “Не бойся. Возвращайся смело. Мы позвоним, а справки на этот счет мы не выдаем”. Акрылены надзеяй, што мне ўдасца выблытацца са складанай сытуацыі з дапамогай МГБ, я вярнуўся ў Менск і адразу ж - да Шыленкі. Застаў яго ў кабінэце, калі ён у валёнках, у якія абуваўся на працы (а была ўжо цёплая вясна), хадзіў усьцяг доўгага стала, грэўся хадой. Ацяпленьне ўжо адключылі, і ў кабінэце было халаднавата. Я далажыў яму, што МГБ мяне выгнала з Горадні. Ён, не спыняючы хады, даволі доўга маўчаў, а потым толькі і сказаў: “До чего ты дожился”. Загадаў пайсьці да П. А. Леановіча (а ён тады быў галоўным геолягам упраўленьня) і сказаць ад яго імя, каб той даў мне якую-небудзь працу. Леановіч прапанаваў напісаць праект на дэталёвую разьведку выхадаў на паверхню зямлі гранітаў у Глушкавіцкім раёне на рацэ Ўбарць. Адразу ж паўстала неабходнасьць зрабіць выпіскі з 3-га тома “Геологии СССР” (Беларуская ССР). А на гэтым томе грыф “секретно”. Вельмі пільная начальніца геалягічных фондаў упраўленьня Зуева, ведаючы, што я не маю допуску, том мне не выдала. Давялося зноў ісьці да Леановіча з адчаем. Ён, доўга не думаючы, пасадзіў мяне ў сябе ў кабінэце, сам пайшоў у фонды, узяў том і прынёс мне. У яго кабінэце я і зрабіў патрэбныя мне выпіскі. Неабходнае вывучэньне папярэдніх дасьледаваньняў пры праектаваньні вымагала азнаёміцца з геалягічнай справаздачай Зуева (мужа “фондаўскай” Зуевай). Ён працаваў у Акадэміі навук Беларусі і ў свой час займаўся дасьледаваньнямі на выхадах глушкавіцкіх гранітаў. Яго машынапісная праца захоўвалася ў спэцчастцы Акадэміі навук. Я зьвярнуўся туды. Мне адмовілі. Прыйшлося прасіць самога Зуева, каб ён узяў са спэцчастцы сваю працу і даў мне магчымасьць азнаёміцца з ёй на яго працоўным месцы. Ён сказаў, што працу не выдаюць і яму самому, не зважаючы на ягонае аўтарства. Так было ці не, я ўжо не ведаю. Прыйшлося зноў у роспачы зьвяртацца да Леановіча. Ён знайшоў даволі просты выхад. Паслаў у спэцчастку АН БССР геоляга Ігашава, які меў допуск, каб той узяў працу Зуева і перадаў мне. А мне параіў знайсьці зацішны куток, каб я не мог трапіць на вочы загадчыцы спецчасткі. Я пайшоў да былога калымчаніна Е. М. Махліна. Ён, вярнуўшыся з Калымы, дзе працаваў па вольным найме, у АН БССР займаўся навуковай працай. Дарэчы, вывучаў парагнэйсы сьмілавіцкай сьвідравіны і глушкавіцкія граніты. Адначасна быў загадчыкам геалягічнага музэю акадэміі. Выслухаўшы мяне, ён прыладзіў невялікі столік у музэі за паліцамі, занятымі ўзорамі камянёў і мінэралаў. Ігашаў - паджылы ўжо чалавек, да таго ж баязьлівы, відаць, напужаны тым, што адбывалася наўкола, прынёс мне патрэбнае і вельмі прасіў, каб я не вытыркаўся з-за паліц і не хадзіў па калідоры, бо загадчыца спэцчасткі штось западозрыла. Ён разумеў, што перадача “сакрэтных” матэрыялаў асобе, якая не мае допуску, хоць сабе і ў часовае карыстаньне, цягне за сабой вялікія непрыемнасьці, але не выканаць загад Леановіча ён не адважыўся. Я яго супакоіў, паабяцаўшы, што не вылезу са схованкі, пакуль не выпішу ўсяго, што мне патрэбна да праекта. На гэты раз для мяне ўсё абышлося без значных непрыемнасьцяў.
    Вальней за ўсё працавалася ў палявых геалягічных партыях. Там было вузкае кола супрацоўнікаў. Абыходжаньне з “сакрэтнымі” матэрыяламі насіла ўмоўны, фармальны характар. Усе тапаграфічныя карты паўмільённага маштабу і буйнейшыя лічыліся сакрэтнымі. (Толькі для нас, а не для немцаў. Яны мелі іх яшчэ да акупацыі і пад час яе.) У палявых умовах я без абмежаваньняў карыстаўся ў працы гэтымі картамі, хадзіў з імі ў маршруты, а ў журнале штодзённай выдачы іх расьпісваўся хто-небудзь з геолягаў, якія мелі допуск.
    Вось так і працавалася былому калымчаніну ў сябе на радзіме, дзе былі ўсталяваныя чужыя парадкі, за выкананьнем якіх пільна сачылі кампартыйныя “асаднікі” ды шэфы МГБ, што паходзілі часьцей за ўсё з прыблудаў.
    У той час штат упраўленьня быў “засьмечаны” былымі работнікамі МГБ, пракуратуры на пасадах, не зьвязаных з геалёгіяй. Пасаду юрысконсульта займаў былы працаўнік пракуратуры. Даведаўшыся аб маіх праблемах, ён аднойчы мне сказаў:
    - Давай пашпарт. У мяне ў міліцыі старыя сувязі. Прапішу.
    Я паверыў, аддаў пашпарт. Праз дзень пры сустрэчы, адчуваючы няёмкасьць ад таго, што страціў гонар, ён сказаў:
    - Прабач. Падвёў я цябе незнарок. Пашпарт забралі і не аддаюць.
    Было не падобна на тое, што ён зрабіў усё знарок.
    Праз некаторы час прыйшоў міліцыянт. У аддзеле кадраў пачаў вывучаць маю асабовую справу. Начальніца аддзела кадраў Вера Палазьнік бараніла мяне як магла. Сьведчыла, што я ў Менску не жыву, працую ў палявых партыях. Казала, што я маю ўрадавую ўзнагароду. Добрую вусную характарыстыку далі Шыленка і Леановіч. Міліцыянт, пачуўшы толькі станоўчае, пакінуў мой “воўчы” пашпарт, нават не пажадаўшы мяне ўбачыць. Пасьля гэтага здарэньня я стараўся ўнікаць паслуг і ўдзелу ў маім лёсе самаўпэўненых былых, якія страцілі з нейкіх прычынах у сваю працу ў органах і пракуратуры. Пры Шыленку іх шмат нашышкалася ў сыстэму геалягічнай службы, бо ён аддаваў ім перавагу перад іншымі катэгорыямі людзей.
    Паколькі я вярнуўся з Калымы з паслабленай пятлёй на шыі, дык былі небясьпечнасьць, што адпаведныя органы могуць яе зацягнуць. У Беларусі ў той час уладарыў Цанава. Пачалі зьбіраць і адпраўляць назад у ГУЛАГ тых, што вярнуліся. Быў у геалягічнай службе яшчэ адзін такі, як я. Яго забралі. Мяне гэты “хапун” абмінуў. Мо таму, што я “згубіўся”, не вяртаючыся з палявых вандроўных партый? Але мяне падсьцерагала свая ўнутрыведамасная небясьпека.
    Ужо тады, па вайне, у галаве нейкага “преобразователя природы” зарадзілася сакрамэнтальная думка сапсаваць Палесьсе рэгіянальнай мэліярацыяй. Нехта гэтую ідэю ўвёў у вушы “вождю” і справа закруцілася. У Беларускім геалягічным упраўленьні стварылі Гідрагеалягічную экспэдыцыю з некалькіх партый. Пачаліся дасьледаваньні дзеля абгрунтаваньня праектаў асушэньня. Я тады працаваў у Столінскай партыі. То быў 1952 год.
    За палескай праграмай надзейна замацаваўся найвышэйшы ранг – “Сталинская стройка коммунизма”. У паветры запахла сталінскімі прэміямі, ордэнамі і мэдалямі. На гэты конт масквічы ўмелі трымаць нос па ветру і ніколі не рабілі прамашкі. Таму Ўсесаюзны гідрагеалягічны трэст адабраў нашу экспэдыцыю ад геалягічнага ўпраўленьня Беларусі. Мы апынуліся ў непасрэдным падпарадкаваньні Маскве. У экспэдыцыі паявіліся новыя людзі з цэнтра. У прыватнасьці, галоўным інжынэрам экспэдыцыі быў прызначаны А. Н. Лаўроў, які раней “преобразовывал природу” ў Сярэдняй Азіі ці Казахстане. У першы наезд у Столін ён намерыўся наведаць райкам партыі. Усе спэцыялісты пайшлі туды гуртам. Нас прыняў першы - таварыш Самаркін - намэнклятура Крамля, прысланы ў Столін разам з батальёнам войск МУС для савецізацыі раёна.
    Размова ў яго кабінэце пайшла, безумоўна, пра “сталинскую стройку коммунизма”. Самаркін з глыбокім задавальненьнем, не хаваючы радасьці, нам паведаміў, што ў часе нейкай партыйнай нарады ў Крамлі сам таварыш Сталін распытваў Патолічава, як ідуць справы на Палесьсі. Самаркін адпавядаў сваёй ролі савецізатара. Ужо тады ў Століне дзейнічала расейская сярэдняя школа і не было беларускай.
    У экспэдыцыі пачалі адбывацца некаторыя структурныя зьмены. У штаце зьявілася новая пасада: зампаліт начальніка. На вакансію прызначылі былога эмгэбіста Корзуна - майго земляка па Чэрвеньскаму раёну. Я нават скурай адчуваў, што ў экспэдыцыі мяняецца палітычны клімат, што для мяне гэта дабром не скончыцца. Так яно і здарылася. Зампаліт шукаў сабе працу, каб зацьвердзіць важнасьць сваёй ролі. Аб’ектам яго ўвагі стаў я. Ён паслаў у Маскву ў трэст паперу аб тым, што ў экспэдыцыю “пракраўся вораг народа”. Аб гэтым адразу ж паведаміла машыністка, якая друкавала ягоны данос. Заставалася чакаць разьвязкі.
    Неўзабаве ў Маскву ў трэст па справах выехаў Лаўроў. Ад яго ў трэсьце запатрабавалі на мяне кампрамат, каб мець фармальную падставу дзеля звальненьня мяне з працы. Ён напісаў рапарт (аб чым мне паведамілі канфідэнцыйна), хаця да гэтага, калі я вярнуўся з палявой партыі і прасіўся ў адпачынак, каб зьехаць з Менска, бо не было прапіскі, ён катэгарычна адмовіў, патрабуючы брацца за камэральныя работы. У сытуацыі, якая склалася, партбілет пераважыў сумленьне ў душы інтэлігента Лаўрова без нутраной барацьбы. Доўга чакаць разьвязкі не прыйшлося: з Масквы паступіў загад звольніць мяне з працы “за невозможностью дальнейшего использования”. Начальнік экспэдыцыі Н. М. Грыпінскі прадубляваў загад трэста таксама без згрызоту сумленьня. Так я стаў беспрацоўным, па тэрміналёгіі таго часу “тунеядец”. Запіс у працоўнай кніжцы выключаў магчымасьць знайсьці працу. Узьнік шанец трапіць у ГУЛАГ другі раз. Я вярнуўся ў сваю вёску Карзуны без спадзяваньняў і надзей. Ішоў трэці месяц беспрацоўя ў чаканьні горшага. Сувязьзю са сьветам служыў батарэйны радыёпрыёмнік “Родина”.
    Аднае раніцы я пачуў па радыё нешта надзвычайнае, ад чаго скаланулася ўся краіна. Жалобны голас дыктара паведамляў пра Чэйн-Стоксава дыханьне і ступарозны стан “вялікага і мудрага”. Трывожыла адна думка: ці паднімецца, ці ўстане? Я палез у мэдычны даведнік. Стала ясна, што не ўстане. А гэта ўскосна мяняла маё становішча ў лепшы бок.
    Калі скончылася афіцыйная жалоба, я пайшоў у сваё Геалягічнае ўпраўленьне да Леановіча (ён тады ўжо быў начальнікам упраўленьня). У яго кабінэце адбыўся кароткі дыялёг:
    - Ты чаго прыйшоў?
    - Дайце зарабіць кусок хлеба.
    - Пішы заяву.
    І я быў прызначаны начальнікам разьведвальнай партыі. Самае цяжкое пасьлялягернае выпрабаваньне засталося ў мінулым. Але яно не было апошнім. Потым, пасьля выхаду на пэнсію, гэты вымушаны разрыў бесьперапыннага працоўнага стажу біў, як кажуць, па кішэні.
    Пры Хрушчове пачалася рэарганізацыя міністэрстваў і ведамстваў, у выніку якой нашу экспэдыцыю вярнулі назад у Беларускае геалягічнае ўпраўленьне. Пазьней я зноў працаваў у ёй доўгі час, аж да выхаду на пэнсію.
    Зараз, у канцы жыцьця, азіраючыся назад, зьдзіўляюся, адкуль хапала сілы выносіць гвалт і зьдзек ужо пасьля вяртаньня з Калымы. Іншым разам было цяжка і моташна, што хоць ты зноў вяртайся на Калыму ўжо добраахвотна. Даводзілася задумвацца над тым, хто я? Вольны чалавек ці вечны нявольнік? Бывала так у сталінска-берыяўскія часы, калі даводзілася, як і ўсім астатнім геолягам, садзіцца на зіму на камэральныя работы ў Менску, з той толькі розьніцай, што ў мяне не было прапіскі, не было нават права наняць у горадзе хоць які кут. З палітычнага тупіка, у які я быў загнаны, выйсьця не было. Знаходзячыся на дзяржаўнай службе, я вымушаны быў ратавацца ад палітычнага перасьледу з боку гэтае дзяржавы. Каб не пакідаць працу па спэцыяльнасьці, я мусіў езьдзіць за 35 кілямэтраў у сваю вёску начаваць. Аўтобусы тады не хадзілі. Усё зводзілася да “галасаваньня” на выезьдзе з горада ў надзеі, што які-небудзь шафёр падбярэ і давязе хоць бы ў кузаве. Раніцай назад у горад тым жа спосабам. Выдаткаваў на пераезды амаль усё, што зарабляў. “Галасаваньне”, бывала, безнадзейна зацягвалася да 10-11 гадзін вечара. Тады я ехаў на чыгуначны вакзал, купляў уваходны білет і ўладкоўваўся дзе-небудзь сярод сапраўдных транзытных пасажыраў, каб седзячы перадрамаць ноч. Заўтра ж, як звычайна, на працу.
    Так цягнулася да ХХ зьезда партыі. Хрушчоўская палітычная адліга дала магчымасьць зьмяніць пашпарт, а значыць, і жыць у Менску хоць па часовай прапісцы, кватаруючы ў прыватных дамах. Заставаліся складанасьці з допускам да “сакрэтных” матэрыялаў, што па-ранейшаму псавала шмат крыві да самага выхаду на пэнсію.
    Толькі ў 1989 годзе пасьля рэабілітацыі, ажно на 76-м годзе я ўздыхнуў вальней, набыў ільготы. Але і пасьля гэтага я ўпэўніўся ў тым, што нас - рэабілітаваных палітвязьняў могуць прыгнятаць і ў часы перабудовы ўсё тыя ж намэнклятурныя сілы.
                                                          Уладныя “таго сьвету”
    Калі гаварыць пра ўладных людзей калымскага прадоньня, што складалі структурныя дэталі машыны тэрору і прыгнёту, то многія з іх канчалі дрэнна не толькі ў выніку палітычнай барацьбы ўнутры зграі “д’ябалістаў”, выпеставанай генэральным д’яблам. Яны былі пакараныя Богам яшчэ і па-іншаму. Памятаю такі выпадак. Недзе ў 1954 годзе аднаго разу па нейкай пільнай службовай патрэбе я зайшоў у кабінэт да начальніка Белгалоўгеалёгіі П. А. Леановіча. То было ўжо ў Менску на Сьвярдлова, 3. Праз колькі хвілін зайшлі яшчэ двое. Адзін з іх мой беспасярэдні начальнік геоляг Фёдар Максімавіч Усянкоў. Мы з ім у тым годзе вялі геалягічную здымку Смалявіцкага і прылеглых да яго раёнаў. У свой час ён працаваў на Калыме па вярбоўцы, па вольным найме, дзе, як ён апавядаў, ледзь не загінуў, заблудзіўшыся ў гарах. Яго знайшлі праз тыдзень. Там, на Калыме, мы не ведалі адзін аднаго. Лёс зьвёў нас толькі ў Беларусі.
    Другі наведнік быў мне зусім не знаёмы. Я яго бачыў упершыню. Менавіта ён прыцягнуў маю ўвагу сваім вонкавым выглядам і станам вопраткі. Фёдар Максімавіч адрэкамендаваў Леановічу незнаёмага як былога начальніка прыіска імя Вадап’янава, раячы ўзяць яго на працу. Гэта якраз той прыіск, на якім я “давал стране металл”. Я аслупянеў. Сапраўды сьвет цесны. Паблізу ад мяне стаяў чалавек алькашызнага выгляду, няголены, неахайны, у зашмальцаваным заношаным паўкажушку брудна-рыжага колеру, апранутым не па сэзоне. Я добра памятаў гэтыя адметныя, стандартныя, новенькія светла-карычневыя паўкажушкі, апранутыя на плечы самазадаволеных ружовых мордаў, амаль заўсёды на падпітку, якія трымалі сябе як плянтатары сярод рабоў. Яны не спазналі ні холаду, ні голаду, ні адчуваньня дакору сумленьня.
    З нейкага здранцьвеньня мяне вывеў стук дзьвярэй, калі яны зачыніліся за наведнікамі. Начальнік Белгеолягаўпраўленьня Леановіч быў чалавек праніклівы. Ён адмовіў у прыёме на працу “былому”, нават не зазірнуўшы ў працоўную кніжку. Рэдка хто на яго месцы зрабіў бы інакш. Магчымы канец “былога” ўгадваецца дзе-небудзь пад плотам у нецьвярозым стане ці пры іншых падобных варунках. Божая кара пачала зьдзяйсьняцца над імі яшчэ рукой Сталіна ў паваенны час, недзе пры канцы 1947 ці на самым пачатку 1948 года. Яны, не зазнаўшы ні гора, ні бяды, ні галечы, перачакаўшы на Калыме ліхалецьце вайны, назьбіралі на ашчадных кніжках даступнымі для іх спосабамі (падвойнай зарплатай, паўночнымі надбаўкамі да яе, выкарыстаньнем службовага становішча, прэміямі, махлярствам, а то й спэкуляцыяй) значныя сумы “доўгіх рублёў”. Сталінская грашовая рэформа падсекла іх дабрабыт пад корань, скараціўшы капітал у дзесяць разоў, калі ўклад быў большы за тры тысячы рублёў (а ён заўсёды быў намнога большы). Яны вокамгненна ператварыліся з “мільянэраў” літаральна амаль у жабракоў. То быў скрышальны ўдар пад дых за адданую сабачую службу. Праўда, гэты ўдар у пэўнай ступені адчулі і сумленныя працаўнікі, але гэта іх суцешыць не магло. Маральна нетрывалыя сярод іх (а такіх была бальшыня) не змаглі ачуняць ад шоку, не вытрымаўшы падспуднасьці свайго куміра, маўкліва пракляўшы яго і не дараваўшы яму. Гэта ўсё адбылося яшчэ да гістарычнага хрушчоўскага зруху акцэнтаў, які канчаткова даканаў іх. Падспудны ўдар “любімага і мудрага” быў, бадай, асноўнай прычынай, з якой многія ўладныя людзі апынуліся на шляху дэградацыі, што пачалася яшчэ тады, калі яны нас тыранілі. Нам - хто выжыў і яшчэ не перажыў тады, у тым часе глябальную трагедыю народа - гэтыя маленькія трагедыі апаратчыкаў тыраніі здаваліся сьмешнымі. Мы ставіліся да іх з пэўнай доляй злараднасьці. Што зробіш. Так выхавала нас жорсткае жыцьцё, жорсткі час. Гэтыя рысы былі атрыманыя ў спадчыну ад старэйшага пакаленьня праз ідэалягічныя гены гэтак званай клясавай (дакладней, узаемнай) нянавісьці. Мы ж, зэкі, і яны належалі да розных “клясаў”. Яны - да кляса прыгнятальнікаў, мы - да кляса прыгнечаных. У такіх умовах нічога іншага ва ўзаемадачыненьнях чакаць нельга, нягледзячы на тое, што мы крочылі з імі ў “светлую будучыню” не пад рознымі сьцягамі. А што ж пасля ХХ зьезда? Штучны падзел грамадзтва быццам бы зьнік. Вось і пачалі сустракацца на скрыжаваньнях жыцьцёвых шляхоў “бывшие и те и эти”.
    “Тот ураган прошел, нас мало уцелело”. Тым не менш мы не адзіныя носьбіты горкай памяці. Памыляецца той, хто думае, што з адыходам нас у нябыт зьнікне і наша памяць. Не ўсе сем’і “ворагаў народа” зьнішчаныя з каранямі. Так, радзеюць нашы шэрагі цяпер натуральным шляхам. Але нашчадкі ацалелых вязьняў і нашчадкі сталінскіх удоў і сірот множацца. Яны і нясуць эстафэту нашай дэталізаванай памяці ў вякі, каб стаць ёй абагуленай у гісторыі. Бо “никто не забыт, ничто не забыто”. Гэтае выслоўе мае дачыненьне не толькі да Вялікай Айчыннай вайны, але і да ГУЛАГа. Памяць застаецца ў соках разгалінаваных радаводных дрэваў мільёнаў сем’яў, пацярпелых ад культу, ад тагачаснай партыйнай палітыкі. Нехта сказаў, што заўтрашні дзень стане сёньняшнім, а ўчарашні - ніколі. Але памяць пра ўчарашні дзень - сёньняшняя для ўсіх часоў. Такой ёй і быць. Горкая памяць, пра якую я вяду размову, настолькі прыкметная, што яе не схаваеш пад надуманай прапагандысцкай “рамантыкай” трыццатых гадоў. Нездарма ў народзе кажуць: трыццатыя - праклятыя, саракавыя - ракавыя. Цяжкая памяць нашых сем’яў, наша памяць ёсьць і застанецца ўсенароднай, насуперак жаданьням былых катаў. Насуперак усяму яна пакрочыць праз вякі раўналежна з памяцьцю пра вайну, бо ў гістарычным разрэзе нашай эпохі яны непадзельныя.
                                                                      Закон тайгі
    Рака Калыма сваіх вытокаў не мае. Яна пачынаецца з сутокаў трох рэк: Кулу, Аян-Юрах і Берелех. Толькі ніжэй сутокаў яна набывае свой назоў. Безьліч буйных і дробных прытокаў, што зьбягаюць з горнага хрыбта, названага прозьвішчам нашага земляка Я. Чэрскага, а таксама з паўночна-заходняга схілу хрыбта Гыдан, утвараюць вадазбор яе верхняй плыні. Паступова, год за годам, па гэтых прытоках, пачынаючы з буйнейшых, прасоўваліся ў некранутую тайгу геалягічныя партыі, абыймаючы ўсё большую тэрыторыю. На падставе вынікаў дасьледаваньняў партый утвараліся разьведраёны. Адным з такіх быў Сярэдне-Дзебінскі разьведраён. Паступова ён разрастаўся, ствараючы новыя ўсё больш аддаленыя разьведучасткі. Недзе ўлетку 1942 года з басэйна ракі Дзебін, па яго правым прытоку - рацэ Джэлгала, цераз перавалы геолягаразьведчыкі праніклі конна-ўючным транспартам у даліну ракі Тыллах і заснавалі там базу новага ўчастка. А гэта прыкладна 100 кілямэтраў ад базы разьведраёна - пасёлка Саганья, пры поўным бездарожжы. У наступную зіму грузы транспартаваліся на аленях. На ўчастку працавала па згодзе блізу 25 аленевых нартаў. А гэта паўсотні аленяў. Іх прыгналі тры каюры з карэнных жыхароў-эвенаў: муж і жонка Пётра і Ганна Сьляпцовы ды іх сваячка Ўльляна Бапцава. Працавалі зьвязкамі па пяць нартаў. Для гэтага прарабу Марцідзі давялося вылучыць у дапамогу эвенам двух чалавек - былых зэкаў у якасьці каюраў. Адзін з іх Захар Лепігоў быў родам з Магілеўшчыны. За кароткі час ён стаў запраўскім каюрам, спраўляўся з аленямі не горш за эвенаў.
    Узімку 1942/43 года мы прасунуліся ўніз па Тыллаху яшчэ кілямэтраў на 30-40 і ўтварылі на правым прытоку Тыллаха - Вялікім Амчуку - новае прарабзтва з пякарняй, лазьняй, харчовым складам. Гэта было маё прарабзтва. Вакол глухая некранутая тайга. На ўчастку працавала прыкладна 30-35 шурфоўшчыкаў пад кіраўніцтвам трох дзесятнікаў шурфовачных работ ды некалькіх узрыўнікоў. Усё насельніцтва ўчастка - былыя зэкі. Утварыўся замкнёны, ізаляваны ад ўсяго сьвету гурт людзей. Ён жыў выключна паводле законаў тайгі. Нідзе і блізка не было органаў савецкай улады. Не было нават вохры. Усе былі ўзброеныя самаробнымі фінкамі. Насілі іх адкрыта, на пасе ў самаробнай похве. У мяне, прынамсі, быў казённы трохзарадны аблегчаны кавалерыйскі карабін і пэўная колькасьць патронаў да яго. Я набіў імі самаробную кулямётную стужку. Перакрыжаваўшыся ёй, як рэвалюцыйны кранштацкі матрос, сьмела хадзіў па тайзе, не баючыся ні мядзьведзя, ні ліхога чалавека. занукала іншы раз і канфлікты між асобнымі людзьмі. Яны гасіліся астатнімі па прынцыпе прымірэнчай таварыскасьці, але, бывала, мелі і трагічныя вынікі.
    Летам 1943 года я перамясьціў адну брыгаду шурфоўшчыкаў з пятнаццаці чалавек у даліну рэчкі Малы Амчук, таксама правага прытока ракі Тыллах, дзе былі пазначаны шурфовачныя лініі. Хлопцы выбралі ў тайзе зручнае месца, павалілі лістоўніцы і на расьцяробе (штучнай паляне) зрубілі з бярвёнаў барак. Рабілі для сябе, таму стараліся. Усярэдзіне нават сьцены пасклюдавалі, ад чаго будыніна стала ўтульнейшая, сьвятлейшая. Закончылі будаўніцтва, пачалі шурфаваць. Разьбілі некалькі шурфовачных ліній і ўзяліся за працу без раскачкі. Працавалі зьдзельна, таму зацікаўлена. Тыя шурфоўшчыкі, чые родныя мясьціны не трапілі пад нямецкую акупацыю, пасылалі сваім сем’ям грошы, каб яны маглі ўратавацца ва ўмовах карткавай сыстэмы ў гарадах або “пустопорожнего трудодня” - на вёсцы. Самі ж цягнулі лямку, як маглі.
    Аднаго разу я адправіўся са сталай базы, што на Вялікім Амчуку, на Малы Амчук, каб пабачыць, што там робіцца. Толькі спусьціўся з перавалу, дайшоў да першай шурфовачнай лініі і пачаў разглядаць выкладкі здабытай пароды, як бачу: бяжыць ад барака мне насустрач адзін рабочы (былы старшыня сельсавета з Браншчыны). Задыхаўшыся, ён паведаміў мне, што татарын Ахмуртаў Капаз забіў масквіча Міронава. Я спытаўся: за што? Былы старшыня сельсавета адказаў: “За кайло”. Кайло - гэтая вечная прылада рабскай працы вязьняў - сталася прычынай забойства. Двое былых зэкаў, якія выжылі ў лягеры, стаўшы вольнымі, не падзялілі кайло. У выніку адзін забіў другога. Гэта здарылася ў перапынку на полудзень. Міронаў абурыўся, што Капаз без дазволу ўзяў яго кайло. Пачалася дробязная сварка. Міронаў назваў Капазава “зверь” (абразьлівая мянушка “инородцев”). Капаз выхапіў нож з похвы і ўсадзіў яго проста ў сэрца Міронаву. Кроў фантанам. Хапіла аднае хвіліны, каб аддзяліць душу ад цела. Міронаў толькі і пасьпеў сказаць: “Ну, усё!” У часе сваркі ён сядзеў у бараку ў адной бялізьне і латаў вопратку.
    Да барака заставалася кілямэтры тры. Я прысьпешыў хаду і калі падышоў да барака, Міронаў ужо ляжаў знадворку ля парога, прыкрыты з галавой кароткай байкавай бруднаватай коўдрай, з-пад якой тырчэлі пажоўклыя босыя ногі. Я адхінуў коўдру з твару Міронава. Сьмерць ужо паклала на ім свой адбітак. Калыма паглынула яшчэ адно жыцьцё, чым былі адзначаны ўлазіны ў таежным бараку.
    Тапчан Міронава стаяў пры пераковай сьцяне, што аддзяляла бакоўку, у якой асобна месьціліся два дзесятнікі. Я зайшоў у барак. Усе былі ў прыгнечаным стане. У тым ліку і Капаз. Нехта прыцягнуў маю ўвагу да сьцяны над тапчаном Міронава. На склюдаваным бервяне за дзень да сьмерці Міронаў напісаў чатырохрадкоўе (здаецца, з верша Дзяніса Давыдава):
                                                  Пусть смерть пугает глупый свет,
                                                  Но нас бояться не принудит.
                                                  Пока мы живы - смерти нет,
                                                  А смерть придет, так нас не будет.
    Што гэта? Адчуваньне блізкай сьмерці ці выклік ёй? Меркаваць не бяруся.
    Я папрасіў Капаза, каб ён зайшоў у бакоўку дзесятнікаў для гутаркі, і пайшоў з барака, міма трупа Міронава, у другія асобныя дзьверы. Капаз ішоў за мной сьледам. Апынуўшыся ў бакоўцы, я спытаў у Капаза, за што ён забіў Міронава. Ён мне адказаў з выразным акцэнтам: “Он меня назвал зверем. Я не стерпел и убил его ножом”. Я запытаўся:
    - А дзе нож?
    - Я забросил его в тайгу.
    Я папрасіў Капаза пайсьці знайсьці нож і аддаць яго мне. Капаз пакорліва пайшоў з бакоўкі. Праз адчыненыя дзьверы я назіраў за ім. Ён сапраўды адышоўся мэтраў 40-50 і пачаў прыглядацца долу. Дзесятнікі, што прысутнічалі пры нашай размове, не ўхвалілі мой намер абяззброіць Капаза. Праз хвіліну-другую Капаз знайшоў нож, прынёс яго ў бакоўку і палажыў перада мной на самаробны стол. Я схаваў нож у палявую пляншэтку.
    Побач з высокай расейскай дваранскай і народнай культурай раўналежна заўсёды крочыла цьвёрдым поступам і расейскае нахабства, расейскае хамства, асабліва ў дачыненьні да “инородцев”. Карані гэтых зьяваў у імпэрскім мысьленьні часта завуаляваныя інтэлектуаламі пад панславізм, мэсіянства, выключнасьць нацыі, перавагу культуры, гістарычную ролю і г. д. Ідэолягамі камуністычнай партыі быў прыдуманы тэзіс “старэйшабратняга першынства сярод роўных”. Больш недарэчнага нічога прыдумаць нельга. Усім гэтым афіцыйная прапаганда атручвала мазгі адным і абражала іншых. На гэтым тэзісе былі закамплексаваныя, “зацыкленыя” масы людзей. Як вынік распаўсюдзіліся абразьлівыя мянушкі, дапасаваныя да пэрыфэрыйных народаў. Не самі ж на сябе яны прыдумвалі гэтыя мянушкі. Да прыкладу: румыны і малдаване – “мамалыжники”, украінцы – “хохлы”, беларусы – “бульбаши”, палякі – “пшеки”, летувісы – “лабасы”, эстонцы – “чухна”. Абагульнена (відаць, толькі ад этнічнага невуцтва) ўсе народы поўначы – “чурки”. З той жа прычыны ўсходнія народы Азіі – “косоглазые”, японцы – “мамаки”, каўказцы – “черножопые” (быццам бы туды знарок заглядвалі). Агульная мянушка азіяцкіх народаў – “звери”. Хамскае гыгыканьне і нахабнае выскаляньне на пацеху тупому расейскаму вялікадзяржаўнаму шавінізму спараджала хвалі абразьлівых анэкдотаў. Адышла ў мінулае хваля анэкдотаў “армянскага радыё”, якая прыпадала на 50 - 60-я гады. Усе яны расейскага хамска-фальклёрнага паходжаньня. Запомніўся адзін (відаць, сапраўды армянскі). Вось ён: армянскае радыё спыталі: “Чаму анэкдоты армянскага радыё такія бязглуздыя?” Армянскае радыё адказала: “Таму што іх прыдумляюць расейцы”.
    У 70 - 80-х гадах у часе асваеньня нафтавай Поўначы і залатой Чукоткі пайшла хваля паўночных анэкдотаў, у якіх насьміхаліся з чукчаў, называючы іх “чуркамі”. Гэтая хваля анэкдотаў не згасла і дагэтуль. Узьнікалі гэтыя хвалі якраз у пэрыяд “росквіту” інтэрнацыяналізму, у пару міграцыйна-ссыльнага зьліцьця нацый па дырэктывах і ўтварэньня ў выніку “пасьпяховай” нацыянальнай палітыкі партыі “новой общности - советского народа”, а па сутнасьці выбуховага матэрыялу ў міжнацыянальных дачыненьнях. Многія не разумеюць гэтага і зараз, як не разумеў гэтага і Міронаў. Ён сарваўся, а Капаз “не стерпел”.
    Таму, хто будзе чытаць мае ўспаміны, неабходна ўявіць сабе маё становішча тады. Звычайна паведамляюць аб злачынстве ў міліцыю. Яе й блізка не было. Да базы разьведраёна больш за сотню кілямэтраў бездарожнай тайгі. Дый там толькі адміністрацыя ды вохра. Для неадкладнай мэдычнай дапамогі або канстатацыі сьмерці чалавека неабходна выклікаць лекара. Яго таксама можна было знайсьці толькі за сьветам. А Міронава трэба было хаваць. Труп нельга было трымаць тыдзень або два. Я напісаў рапарт на імя начальніка разьведраёна і прапанаваў аднаму ўзрыўніку з блатных сьпешна даставіць яго на Саганью. У рапарце я прасіў тэрмінова неадкладна накіраваць лекпома для канстатацыі факта сьмерці Міронава. Узрыўнік, узяўшы хатуль з боханам хлеба і павесіўшы сваю фінку на дзягу, адправіўся ў дарогу пешкі. Я не сумняваўся ў тым, што ён захопіць у дарогу і пару малых зарадаў выбухоўкі.
    Летам дні там вельмі доўгія, а ночы - белыя. Мы знаходзіліся дзесьці на шыраце Ўхты. А гэта 62-63 градусы паўночнай шыраты. Недалёка і палярны круг. Амаль кругласутачнае сьвятло спрыяла ўзрыўніку ў сьпешным выкананьні майго заданьня.
    Ад Ахмуртава Капаза я ўзяў падпіску не адлучацца з участка да пэўнага распараджэньня. Яна пачыналася так: “Я - Ахмуртаў Капаз, учыніўшы забойства Міронава, абавязуюся не адлучацца...” і г. д. Пакінуць яго на Малым Амчуку лічыў немэтазгодным. Таму накіраваў яго на Вялікі Амчук да дзесятніка Явелева (былога сталага жыхара Ўладзівастока) - метысаванага нашчадка палітссыльнага каўказскага паходжаньня. Амаль адначасна Капаз з маёй пісулькай да Явелева, а ўзрыўнік з рапартам да начальніка разьведраёна самастойна выправіліся па тайзе ў процілеглых кірунках.
    На Саганьі, незадоўга да гэтага здарэньня, зьмянілася начальства. Былы начальнік разьведраёна, пасьля таго як згарэў гараж, перавёўся на іншае месца працы. Магчыма, яму стала вядома аб прыгодах жонкі. Нам прызначылі новага - былога чэкіста армяніна Маркаряна. Па характары ён быў чалавек мяккі, ціхі, але ўпэўнены ў сабе. Цяжка было дапусьціць, што ён пасьля рэвалюцыі мог кагосьці там расстрэльваць. Але ж людзі кажуць, што ў ціхім балоце чэрці растуць. А вось руку ён сам сабе прастрэліў па-сапраўднаму неўзабаве пасьля таго, як зьявіўся ў нас на Саганьі. Адбылося гэта так. З нейкай пільнай прычыны да яго ў дом глыбокай ноччу пастукаўся вохравец. Маркарян запаліў карасінавую лямпу, узяў пісталет, узьвёў курок і пайшоў адчыняць дзьверы. Трымаючы ў левай руцэ лямпу, ён выставіў яе наперад, каб высьвеціць таго, хто стукаўся ў дзьверы, а правай накіраваў у бок апошняга рулю пісталета. Але зьнячэўку націснуў пальцам на курок і прастрэліў сваю левую руку. Лямпа ўпала і разьбілася. Вохравец таксама ўпаў - з перапуду. Карасіна разьбітай лямпы загарэлася. Вялікім намаганьнямі вохраўцу і Маркаряну ўдалося затушыць агонь.
    Жонка Маркаряна - былая опэрная сьпявачка ці то Казанскай, ці то Сьвярдлоўскай опэры, пульхная маладзіца. Яна мела прыемны моцны голас. Я чуў яе ў Ягадным, калі прыяжджаў да нас на гастролі з Магадана вядомы сьпявак тых гадоў Вадзім Козін - на той час зэк. Яна таксама выступала там самадзейна. Калі Козін зьявіўся ў Магадане, то пра гэта паведаміла “тарбазное радыё” па ўсёй Калыме. “Тарбазным радыё” называлі неафіцыйныя чуткі (ад слова “тарбаза” - абутак абарыгенаў). Згодна з гэтымі чуткамі, Козіна захапіла з сабой (нібы набыла як прыгоннага), вяртаючыся з Масквы самалётам, начальніца Магаданлага Грыдасава. На той час Козін сядзеў у Маскве ўжо асуджаны. Грыдасава была вядомая ўсёй Калыме і як жонка начальніка Дальбуда - генэрал-лейтэнанта войск НКВД І. Ф. Нікішова.
    І мне давялося быць носьбітам “тарбазнога радыё”. Памятаю, у чэрвені 1941 года ў клюбе пасёлка Хатыннах адбываўся нейкі пасялковы сход “вальняшак”, здаецца, прысьвечаны выбарчай кампаніі. Я на ім прысутнічаў. Апошнім на гэтым сходзе выступаў начальнік палітаддзела СГПУ. Ён, між іншага, сказаў прыкладна так: “Вот уже длительное время в мире идет война. Только наша страна, благодаря мудрой внешней политике товарища Сталина, находится вне войны”. Пры гэтым ён “забыўся” пра вайну з Фінляндыяй, пра акупацыю прыбалтыйскіх дзяржаў ды іншае. Выступленьне сваё ён закончыў усхваленьнем “вождя” под бурныя аплядысмэнты прысутных.
    Сход закончыўся, і людзі нетаропка выходзілі на вуліцу. Недзе сярод апошніх выйшаў і я. Адразу кінулася ў вочы, што людзі не разыходзяцца, а, згуртаваўшыся вакол слупа, на якім вісеў чорны галосьнік, слухалі радыё. Я таксама прыслухаўся і нечакана пачуў наступны ўрывак перадачы: “Советское правительство дало приказ Красной армии изгнать...” і г. д. Людзі, якія толькі што воплескамі ўхвалялі мудрую замежную палітыку “вождя”, напружана, устрывожана, моўчкі слухалі радыё. Ніхто не варушыўся. Толькі энкэвэдзісты, чамусьці, замітусіліся. Аднекуль зьявілася кузаўная паўтаратонка. Яны кінуліся да машыны, пазалазілі на яе і, стоячы ў кузаве, некуды панесьліся.
    Праслухаўшы перадачу, я паволі пакрочыў уверх па даліне Хатыннаха на ўчастак, куды быў перакінуты на разьведку рассыпнога касітэрыту (валавянага каменя). Я крочыў па трасе, што вяла на прыіск “Штурмавой” паўз свой “родны” лягпункт “Камандзіроўка Чэлюскін”, з якога “вылузаўся” каля васьмі месяцаў таму. Нічога з ім не адбылося за гэты час. Ён быў на сваім месцы і спраўна дзейнічаў. На месцы была і Сэрпантынка.
    Я ўсім сустрэчным паведамляў навіну - казаў адны і тыя ж словы: “Пачалася вайна! Германія напала на нашу краіну!” На павароце даліны я сышоў з трасы і пакрочыў далей па буйной чэрвеньскай зеляніне роўдані, заходзіў на кожную шурфовачную лінію, дзе працавалі людзі, паўтараў адны і тыя ж словы пра вайну. Такім чынам, іншым разам толькі з дапамогай “тарбазнога радыё” чуткі даволі хутка дасягалі самых глухіх куткоў Калымскай тайгі.
    Маркарян абагатварыў сваю жонку і пяшчотна клікаў яе не інакш, як “Верачка”. Яна, відаць, заслугоўвала такога стаўленьня, была жанчына добрая, не дзяліла людзей па палітычных метках. Магчыма, яе ўплыў зрабіў Маркаряна чалавекам больш мяккім і разважлівым.
    У тым часе за перавалам на Джэлгале ўжо дзейнічаў прыіск. Геолягі вялі даразьведку на прылеглых тэрыторыях. Маркарян выехаў туды для азнаямленьня з раёнам работ. Мой пасланец сустрэў яго там. Маркарян апэратыўна адшукаў мэдыка і накіраваў да нас разам з узрыўніком - маім пасланцом. Прыкладна на другія суткі яны прыбылі на ўчастак.
    Шурфоўшчыкі пахавалі свайго сябра Міронава як належыць, адсалютаваўшы выбухамі, зрабіўшы з дапамогай вабухоўкі глыбокую магілу ў вечнай мерзлаце. Вядома, пахавалі без труны, бо не было дошак. Насыпалі магілу са жвіру і паставілі крыж з надпісам. Так быў закладзены яшчэ адзін пагост на Калыме.
    Неўзабаве побач зьявілася яшчэ адна магіла. У шурфе падарваўся Кузьма Бязьдзенежны (добра не памятаю, вяцкі ці валагодзкі мужык), малады, дужы, працавіты чалавек. Сьмерць была недарэчная. Вінаватыя былі былыя лягернікі трутні-блатныя, што працавалі на ўчастку ўзрыўнікамі. Нават адпаліць адзін-два разы на дзень шпуры і то яны ленаваліся. Таму толькі разносілі зарады і раздавалі шурфоўшчыкам. Тыя закладвалі і адпальвалі зарады самі. Кузьма затрамбаваў зарады і запаліў бікфордавы шнуры. Звычайна адбегшы ад шурфа, пачыналі лічыць выбухі. Кузьма не далічыўся аднаго выбуху. Мог прыняць такі выпадак за дэфэкт аднаго зарада, зацяжку або здвойваньне выбухаў. Счакаўшы трохі, падышоў да шурфа. Шурф быў яшчэ мелкі, пакуль што праходзіўся навыкід. Кінуў у шурф рыдлёўку, кайло і, відаць, нахінуўся, каб скочыць у шурф. У гэты момант адбыўся зацяжны выбух. Ён у літаральным сэнсе слова раструшчыў галаву Кузьме. Хто з узрыўнікоў не выканаў свой службовы абавязак, высьветліць было ўжо нельга.
    Праз нейкі час халоднай восеньню памёр яшчэ адзін ад крупознага запаленьня лёгкіх. Нават тыя, хто выжыў у зоне, засявалі іншы раз касьцьмі сваімі гэтую чужую для іх зямлю.
    Увечары таго дня, калі быў забіты Міронаў, я вярнуўся на асноўную базу, на Вялікі Амчук. Адразу ж Явелеў далажыў мне, што Капаз ледзь не забіў капцёра, кінуўшы ў яго паўкіляграмовую гіру. Калі капцёру стала вядома пра забойства, ён запатрабаваў ад Капаза, каб той сплаціў доўг Міронава. Узьнялася сварка, якая траха не закончылася яшчэ адным забойствам. Толькі своечасовае ўмяшаньне Явелева спыніла інцыдэнт. Па сутнасьці, для ўзьнікненьня канфлікту, як і ў першым выпадку, вялікіх прычын не было. Рэч у тым, што харчы шурфоўшчыкам і ўсім іншым выдаваліся па ведамасьці пад расьпіску. Ведамасьці падаваліся ў бугальтэрыю разьведраёна, дзе ўтрымліваўся кошт забору за месяц. Хваляваньне капцёра было дарэмнае. Міронаў пасьпеў зарабіць больш, чым спажыў.
    Пазьней тым вечарам прыйшоў да мяне Капаз і паскардзіўся на капцёра, выказаўшы пагрозу. Ён сказаў: “Пусть он меня не трогает. Иначе я его убью. Мне все равно, что один, что два”. Давялося папярэдзіць капцёра, каб ён не чапаў Капаза, быў далей ад бяды. Словам, жыцьцё на ўчастку ішло па законах тайгі.
    Капаз спраўна працаваў на ўчастку болей за два тыдні, пакуль не прыйшоў па яго нарад вохры. Што сталася з Капазам, мы не даведаліся. Верагодна, ягонае жыцьцё закончылася ў Сэрпантынцы.
    Закон тайгі да ўцекачоў быў жорсткі. Геолягі затрымлівалі іх, лавілі і здавалі вохры. Не бралі пад увагу, што самі многія былі зэкамі і гатовыя былі ў свой час бегчы на край сьвету. Тут пытаньне стаяла рубам: ці мы іх, ці яны нас. Нездарма ж блатныя, перад тым як зьдзейсьніць уцёкі, угаворвалі якога-небудзь “салажонка-фраера” ісьці з імі на “мацярык”. У крытычны час пераходу, калі не было ўжо чаго есьці і наступаў голад, яго забівалі і зьядалі. На жаргоне блатных гэта гучала “взять с собой в бега каптёрку”.
    Беглякі добра ведалі, што ў геолягаў было чым пажывіцца: здабыць харчы, зброю, вопратку, нават тапаграфічныя карты. Ім было няўцям, што па гэтых картах можна прайсьці 50-100 кілямэтраў тайгой ці па горнай бездаражы - і ўсё. А далей не меней дзьвюх тысяч кілямэтраў незнаёмага шляху да чыгункі. Далёка не ўсім удавалася туды выйсьці. Гэта амаль безнадзейна. Аднак даведзеныя да адчаю зьняволеныя ўцякалі, абы пазбавіцца невыносных умоваў жыцьця.
    Явелеў расказваў аднойчы, як яны, працуючы ў адной геалягічнай партыі, “злавілі” двух уцекачоў. Ідучы чарговым маршрутам, ён і рабочы пачулі слабы крык: “Эй! Мы беглецы! Возьми нас!” Яны пайшлі на голас і ўбачылі двух “нацменаў”. У тайзе ўцекачы дахадзіліся да таго, што, згаладалыя, амаль страцілі магчымасьць рухацца. Яны былі вельмі радыя сустрэчы з геолягамі. Наіўна радаваліся, што выратаваліся ад сьмерці. А радавацца не было падставаў. За ўцёкі “тройка” адпраўляла на Сэрпантынку. Некаторыя беглякі разьвітваліся з жыцьцём у тайзе пры сустрэчы з апэратыўнымі групамі вохры. Пра характар гэтых трагічных сустрэч нічога сказаць нельга. Яны пакрыты таямніцай, а тайга ніколі нічога не раскажа. Злоўленых уцекачоў вохраўцы не заўсёды прыводзілі да аддачы пад суд “тройкі”. Бывала, забітых у тайзе сьпісвалі “на спробу ўцячы”. Мой знаёмы, былы вохравец, расказваў, што дастаткова было прынесьці з тайгі дактыляскапічны адбітак пальцаў рукі застрэленага або саму далонь ці хоць бы палец-ківач. Па адбітках вызначалася асоба ўцекача для сьпісаньня з уліку ў ГУЛАГу. Трупы ж пакідалі лісам і мядзьведзям, а калі гэта адбывалася ля Калымы, то хавалі марскім спосабам (з каменем на шыі) або адпраўлялі плыньню ў Паўночны Ледавіты акіян. Гэта таксама адпавядала законам тайгі.
    Неўзабаве наш разьведучастак ператварылі ў разьведраён, назваўшы яго Тыллахскім. Выбралі месца для базы там, дзе сутыкаюцца даліны Малога Амчука і Тыллаха. А гэта ўсяго блізу 15 кілямэтраў ад якуцкага пасёлка Аратук. Не думаю, што якуты былі радыя нашаму зьяўленьню ў іх пад бокам.
    Распачалося інтэнсіўнае будаўніцтва канторы, дамоў, складоў, пякарні, лазьні. Прызначылі новага начальніка разьведраёна. Гэта быў Зыскін. Паводле яго словаў, ён паходзіў з каўказскіх габрэяў. Таму пярэчыла яго прозьвішча. Яно нагадвала прозьвішчы нямецкага паходжаньня тыпу Ліпкін (ліб кінд), Фішкін (фіш кінд) і г. д. Як бы ні было, але ён быў носьбітам процьмы анэкдотаў, якія можна было б далучыць да катэгорыі антысэміцкіх, калі б яны гучалі з вуснаў негабрэя. Часьцей за ўсё ў іх ліку былі побытавыя або жартоўныя. Зыскін не трымаў іх пры сабе. Адпускаў іх пры ўсякай размове, у кожным выпадку, з усялякай нагоды, што выклікала стрыманы, крыху няёмкі сьмех у тых, хто вымушаны быў слухаць яго. Дружнага рогату не было. Папракнуць яго ў антысэмітызме было недарэчна, таму яго цярпліва слухалі, як падначаленыя свайго начальніка, калі той нешта вярзе. Ад гэтага Зыскін атрымліваў пэўнае задавальненьне, іншым разам тлумачачы: “Што можна мне, вам не дазваляецца”. З ім прыехала яго жонка, маладзейшая за яго, палячка. Дзе яны знайшлі адно аднаго, нам было невядома. У яе было сваё прозьвішча. Мы яе паміж сабой звалі “графіня Валеўская”.
    З заканчэньнем будаўніцтва пашыраліся штаты. Зьявіліся бугальтар, загадчык гаспадаркі з жонкай - былой зьняволенай, прараб выбуховых работ, галоўны геоляг ды іншыя. Тайга абжывалася, але яшчэ жыла паводле сваіх законаў.
    Аднаго разу да нас заехаў вэтэрынар з Аратука. Ён вяртаўся з вышнявіны Тыллаха, дзе наведаў пастухоў, што наглядалі за статкам аленяў. Папярэдзіў нас, што ўніз па Тыллаху ідуць два ўцекачы. Калі яны зьявіліся на папасе, то ў аднаго з іх страляла якутка з дробнакалібэркі, але не трапіла. Пачуўшы гэта, Зыскін падняў па трывозе ўвесь наяўны інжынэрна-тэхнічны пэрсанал і службоўцаў, прапанаваў узяць зброю, якая ў каго была, і асабіста ўзначаліў “кампанію” па адлове беглякоў. Памалу, уважліва аглядаючы мясцовасьць, пачалі прасоўвацца ўверх па даліне. Летні адвячорак зьмяніўся белай ноччу. Станоўчых вынікаў “кампаніі” не было. Зыскін спыніў каардынацыю дзеяньняў, вярнуўся на базу, а з ім і іншыя. Засталіся толькі двое: я ды прараб узрыўных работ. Мы прайшлі да вусьця Вялікага Амчука, агледзеліся, нічога не заўважылі, павярнулі назад. Паволі, моўчкі, крыху насьцярожана крочылі берагам Тыллаха. Раптам бачым: на высьпе шугае высокае полымя. Значыць, там уцекачы. Мы перайшлі пратоку, узялі зброю напагатоў і, ціха крадучыся, падышлі да вогнішча. Павярнуўшы свае плечы да цяпла, моцна спалі два маладыя хлопцы. Накіраваўшы на іх зброю, мы выгукнулі: “Рукі ўгару!” Хлопцы прачнуліся, селі і седзячы паднялі рукі. Пакуль я трымаў карабін напагатове, прараб абшукаў іх. У кішэнях, апрача паўкарабка сярнічак і ляза брытвы, нічога не было. З гэтакім набыткам яны адважыліся “пойти в бега”. З выгляду ўцекачы-блазьнюкі, але не блатныя. Высьветлілася, што пасьля звальненьня з лягера яны працавалі па вольным найме на прыіску імя Вадап’янава. За спазьненьне на працу былі зноў асуджаныя і накіраваныя на Саганью, у наш былы разьведраён, адкуль і зьбеглі. Баяцца іх не было сэнсу. Мы закінулі зброю на плячо і, ідучы побач, гутарылі. На базе Зыскін загадаў заггасу выпісаць ім паёк і паставіць іх на будаўніцтва. Як-ніяк лішнія працоўныя рукі. Вохры ў нас не было, каб пільнаваць іх. Ім так спадабалася ў нас, што яны больш не зьбіраліся нікуды ўцякаць. Жылі яны тут каля месяца. Потым, калі па іх прыйшла вохра, яны вельмі прасілі Зыскіна, каб пакінуў іх у сваім разьведраёне. Але гэта ад яго не залежала. Лёс іх нам невядомы. Думаю, што ён незайздросны. Як-ніяк насьпявала трэцяя судзімасьць.
    Аднойчы наш бугальтар з другім спадарожнікам адправіліся пешкі на Саганью, каб трапіць у Ягаднае па службовых справах. Адышлі яны не болей за кілямэтар, як сустрэлі невядомага чалавека, які ішоў ім насустрач па беразе Тыллаха. За плячыма ў яго хатуль, на поясе - амэрыканская сякерка.
    Бугальтар спытаўся ў яго:
    - Куды вы ідзяце?
    Адказ быў кароткі:
    - На лесанарыхтоўкі.
    Незнаёмы, відаць, не ведаў, што на дзесяткі кілямэтраў навокал ніякіх лесанарыхтовак не было. Бугальтар імгненна зразумеў, хто перад ім, адскочыў мэтраў на пяць і накіраваў на незнаёмца сваю дубальтоўку. Спадарожнік бугальтара адабраў у невядомага сякерку, абшукаў. Іншай зброі не было. Давялося вяртацца назад на базу, але ўжо ўтрох. Незнаёмец быў небясьпечны злачынец-рэцыдывіст. Ён бы нікога не пашкадаваў. Але тут ён пралічыўся. Дастаткова яму было сказаць “Іду на Аратук” - і на яго не зьвярнулі б увагі. Яму б паверылі. Ды пра існаваньне Аратука ён нічога не ведаў. Гэтага бегляка давялося трымаць пад замком. Бугальтар і яго спадарожнік зноў выправіліся ў дарогу. У Ягадным паведамілі пра затрыманага ўцекача. Праз пару дзён прыйшоў нарад вохры і забраў затрыманага. Бугальтар пазьней цікавіўся ягоным лёсам. Яму паведамілі, што ўцекача прысудзілі да расстрэлу.
    Калі вохры станавілася вядома, што з нейкай зоны ўцяклі зьняволеныя, дык неадкладна наўздагон высылалася апэратыўная група. У асноўным вохраўцы “ачышчалі” тайгу ад уцекачоў. Але і геолягі вымушаныя былі іншым разам рабіць гэта, калі ў зоне іх дзейнасьці зьяўляліся небясьпечныя часовыя суседзі. Такі быў жорсткі закон тайгі.
    Былых зэкаў уладкоўвалі на працу па ўсёй Калыме. Пасылалі нават у суседні з намі якуцкі пасёлак Аратук. Там іх набралася бадай столькі, колькі было карэнных жыхароў. Пасылаць былых вязьняў вымушалі абставіны, дакладней - недахоп рабочай сілы. У гэтым пасёлку якуты (у тым часе ўжо калгасьнікі) не маглі забясьпечыць патрэбы жывёлагадоўчай фэрмы, бо памер яе не адпавядаў колькасьці наяўных рабочых рук. Вось у такіх выпадках штучна створаныя “дзіркі” затыкаліся былымі зэкамі, а часам і зэкамі. Так злучаліся “дети разных народов”. Не думаю, што такое спалучэньне ў Аратуку было плённае ва ўзаемадачыненьнях паміж якутамі і прышлымі. Але ж гэта адпавядала дырэктыўным устаноўкам на зьліцьцё нацый. Не бралася пад увагу тое, што прышлыя прыносілі з сабою норавы лягернай зоны. Паводзілі сябе нетактоўна, мякка кажучы.
    Тыллахскі разьведраён разгортваў шурфовачныя работы вакол Аратука. Аднаго дня галоўны геолаг Дзенісяк і я пайшлі на правае ўзьбярэжжа Калымы намячаць шурфовачныя лініі па далінах прытокаў. Папярэдне было дамоўлена з адным якутам у Аратуку, што ён дасьць нам за плату на пэўны час каня пад уюк. Паводле дамоўленасьці, з намі (пры кані) мусіў пайсьці сын гэтага якута. Меркавалі прабыць у тайзе больш за тыдзень. Нам дапамаглі данесьці да Калымы палатку, хлеб, харчы, інструмэнты ды іншыя рэчы. Падышоўшы да левага берага, насупраць Аратука мы пасыгналілі стрэламі ў паветра. Ад правага берага адплыла лодка, на якой нас і пераправілі ў Аратук. У якута мы даведаліся, што ягоны сын марна ганяўся па тайзе за паўздзічэлым канём, што прызначаўся нам. Конь кінуўся са стромы ў Калыму і заплыў на выспу сярод ракі. Выбавіць яго адтуль было немагчыма. У выніку сытуацыя ўскладнілася. Мы вымушаныя былі пакінуць частку рэчаў і палатку ў Аратуку, а ўзяць з сабой столькі, колькі маглі панесьці. У пасёлку я сустрэў свайго старога знаёмага па лягернай зоне. Гэта было дарэчы. У яго бараку агульнага пражываньня прышлых мы і пакінулі лішні груз, які не маглі панесьці на сабе, у тым ліку частку хлеба і харчоў.
    Улічыўшы тое, што Дзенісяк ужо немалады чалавек, я даў яму магчымасьць ісьці ўлегцы, узяўшы на сябе ролю, якая прызначалася таму каню. Мы рушылі пешкі ўверх па Калыме па роўнядзі яе абалоні. Тут сопкі расступаліся на паўдзесятка кілямэтраў і болей, саступіўшы месца заліўным сенажацям. Пышная трава была вышэйшая за пояс. Паплавы прасьціраліся і па прытоках Калымы. У адным мы сустрэлі гурт касцоў з Аратука. Гурт складаўся з былых зэкаў. Над паплавамі стаяў прыемны водар сьвежага сена. Я з асалодай паспрабаваў пакасіць, тужліва прыгадаўшы сваю далёкую вёску Карзуны, што на Чэрвеньшчыне, дзе калісь клаў пракосы на лугах у даліне Волмы і Слоўсьці.
    Касцы кідалі стагі з жэрдкамі ў асяродку, ну як рабілася гэта ў нас у Беларусі. Раўнінны краявід шырокіх лугоў, падобных на шырокую роўдань Дняпра або Прыпяці, з той толькі розьніцай, што тут небакрай засланялі сопкі. Адвечны спакой прыроды гэтых мясьцін уліваўся ў душу, выганяючы адтуль трывогі ненатуральнага нашага жыцьця. Але цалкам пазбыцца адчуваньня таго, дзе мы, у якім краі, было немагчыма. Пра гэта выразна напаміналі нейкія выпадковыя дробязі. Напрыклад, занятыя працай, мы не заўважалі, куды зьнікаюць касцы ўвечары. Ажно яны клаліся спаць у будонах, закамуфляваных пад звычайныя стагі. Буданы не вылучаліся сярод мноства стагоў і гэта засьцерагала ад нечаканага нападу ўначы. Мы спыняліся нанач дзе-небудзь ля ракі і спалі пад адкрытым небам па чарзе, ахоўваючы сон адзін аднаго са зброяй у руках. Такая пільнасьць была не лішняй.
    Дзенісяк быў тыповым прадстаўніком старой школы геолягаў, выхаваным на традыцыях Ленінградзкага горнага інстытута. Ён жыў адзінока. Ці была ў яго дзе-небудзь на белым сьвеце сям’я? Невядома. Ён валодаў моцна разьвітой беспамылковай інтуіцыяй, але, на жаль, не кіраваўся ёю. І таму штораз шкадаваў і каяўся, што не паслухаўся яе голасу. Так бывала нават у дробязях. Памятаю, аднае раніцы, калі мы ўжо не спалі, перад намі на касе мэтраў за 7-10 густа села чародка далінных курапатак. Дзічына, як на далоні. Дзенісяк паціху ўзяў сваю дубальтоўку і пачаў цэліцца. Інтуіцыя падказвала, што трэба страляць неадкладна. Але ён паддаўся спакусе і пачаў вадзіць рулямі з разьлікам як мага болей курапатак узяць на прыцэл. Тым часам курапаткі агледзеліся, узьняліся і паляцелі, а Дзенісяк у чарговы раз пачаў каяцца. Зноў жа, калі мы галодныя вярнуліся ў Аратук, зьеўшы ў папярэднія дні ўсё, што бралі з сабою, высьветлілася, што мой знаёмы “пусціў у расход” пакінуты намі хлеб, спадзеючыся вярнуць за кошт прадуктовых картак пры чарговым заборы харчоў. Але не пасьпеў гэтага зрабіць. А мы так спадзяваліся пад’есці, вярнуўшыся назад! Калі мы, галодныя, выйшлі з барака, Дзенісяк зноў пачаў каяцца: “Я ведаў, што так і будзе. Калі мы пакідалі Аратук, я падумаў, што лепей схаваць хлеб у тайзе. Ну мог бы знайсьці яго алень ці карова, урэшце, мядзьведзь. Але маглі і не знайсьці. Апошняе было верагодней. А тут ведаў напэўна, што зьядуць, але не паслухаўся інтуіцыі”.
    Нічога не аставалася рабіць і мы накіраваліся ў пякарню да пекара. Дзенісяк і пекар, як пажылыя людзі аднаго веку, былі добра знаёмыя. Пекар адразу адваліў нам цэлы бохан жытняга добра выпечанага сьвежага хлеба. Да таго часу Калыма перайшла на ўтрыманьне Амэрыкі. Да нас завозілася толькі амэрыканская пшанічная высокага гатунку мука. Есьці белы хлеб са стравамі нязвыкла, іншы раз хацелася чорнага, але яго не было. А тут, у Аратуку, яшчэ быў глыбінны завоз жытняй мукі. Я схадзіў на фэрму. Якутка-даярка дала мне амаль паўвядра сырадою. На пякарні мы добра падсілкаваліся чорным хлебам з малаком. На памяць прыйшла родная вёска, дзяцінства, калі маці адвячоркам, падаіўшы карову, частавала сырадоем з акрайцам жытняга хлеба, сьпечанага на кляновых лістах або аеры.
    Пакуль елі, тым часам старыя (Дзенісяк і пекар) гутарылі, дзяліліся навінамі. Дзенісяк расказваў пекару, што ў Магадане бачыў сапраўднага папа з доўгімі валасамі, у падрызьніку і з крыжом на грудзях. Гэта было нам у навіну. Тады, пад час вайны, Сталін проста з разьлікам паслабіў ціск на праваслаўную царкву. Другой навіной, паведамленай пекару, было тое, што эмгэбісты перайшлі на новую форму з пагонамі, якая нагадвала апратку царскай арміі. Таго дня мы без прыгод вярнуліся на базу разьведраёна.
    Так і ішло маё постлягернае, калялягернае жыцьцё. Думалася, што “надо мной не властен ни один начальник”. На справе ж волю далі (а маглі і не даць), але шворку не адпускалі. Мы былі запрыгоненыя за Дальбудам надоўга. Нават на вайну не пускалі.
    У гэтым пэрыядзе хлынула на Калыму хваля вязьняў ваеннага часу. Адзін з іх ліку трапіў ажно да нас - на Тыллах. Гэта быў малады чалавек, не болей за дваццаць пяць гадоў. Да пачатку вайны быў на тэрміновай службе ў войску. Літаральна ў першыя ж дні вайны трапіў у палон да немцаў. Расказваў, як вялі бой за нейкую вёску на Ўкраіне. Яна двойчы пераходзіла з рук у рукі. У апошняй атацы яму дала па нагах кулямётная чарга. Куля прайшла праз мяккія тканкі нагі. Застаўся на полі бою. Недзе ў Заходняй Украіне змясьцілі ў лягер ваеннапалонных. Умовы былі нечалавечыя. Надышлі восеньскія халады. Адзеньне - салдацкія порткі і гімнасьцёрка. Але жыцьцё ішло па законах палону. Немцы ганялі на працу зьбіраць ураджай з калгасных палёў. Аднойчы прынёс у лягер бурак і выменяў на яго ў данскога казака крапіўны мяшок. Абрэзаў вуглы, каб можна было прасунуць рукі, зрубіў дзірку для галавы. Надзеў мяшок цераз галаву, як кашулю, падперазаўся канчаром вяроўкі, так і хадзіў у гэтай самаробнай апранасе. Пазьней адправілі ў Нямеччыну. Давялося быць у розных мясьцінах на цяжкой працы. Горш за ўсё даймала амэрыканскае бамбаваньне, што накрывала тэрыторыю бомбавым дываном. Самалёты ішлі хваля за хваляй. Гінулі і немцы, але найбольш нашы ды іншыя, вывезеныя немцамі з захопленых краін Эўропы. Хавацца ад бомбаў амаль не было дзе. У канцы вайны мясьціна, дзе ён знаходзіўся, апынулася на нэйтральнай тэрыторыі. Нейкі час не было ні савецкіх войскаў, ні альянтаў. Кожны вырашаў сам за сябе, як быць далей. Адны ішлі на захад, другія - на ўсход. Ён пайшоў на ўсход. Нарэшце трапіў на буйны зборны пункт у Чэхаславакіі. Там пачалі фармаваць эшалёны з цялячых вагонаў для адпраўкі людзей дамоў. Эшалёны рыхтавалі дзіўным чынам. На вокны ставілі краты, на вагонах з тамбурамі - кулямёты. Калі пыталіся, навошта гэта робіцца, адказвалі: “Каб абараніць ад нападу бандэраўцаў пасьля пераезду дзяржаўнай мяжы”. Урэшце мяжу пераехалі, ніякіх бандэраўцаў не бачылі. Пацягнуліся тыдні. Канвой і кулямёты не здымалі, нікога нікуды не адпускалі. Нарэшце прыбылі ў порт Находку на Далёкім Усходзе. А там на карабель - і ў Магадан. У Магадане на “пункце фільтрацыі” пачаліся допыты. Асабліва старанна “фільтравалі” тых, што траплялі ў палон групамі, падразьдзяленьнямі. Сярод іх звычайна знаходзіўся слабы духам і воляй, ад якога вымагалі нагаворваць на іншых. Рабілі гэта з дапамогай вытанчаных зьдзекаў. У такіх выпадках “фільтрацыя” канчалася буйнымі тэрмінамі зьняволеньня “за измену родине”.
    Усё гэта расказваў нам прысланы да нас ваеннапалонны. Яго таксама прапусьцілі праз канвэер “фільтрацыі”. Шчасьце яго, што не было каму на яго нагаворваць. Да таго ж раненьне нагі. Дзякаваў Бога за тое, што не палічылі за самастрэла. У выніку - толькі шэсьць гадоў працы на Калыме на правах вольнага без права выезду на “мацярык”. Карацей кажучы, далі 6 гадоў ссылкі. Яго прапусьцілі праз кароткатэрміновыя курсы ў вучэльні Магадана - і ў тайгу. Такім шляхам ён трапіў з нямецкага палону ў савецкі палон.
    Мы, былыя, сабраўшыся іншым разам у каго-небудзь пасядзець, пагутарыць, бралі чарку. З намі звычайна бываў і наш ваеннапалонны. Памятаю, аднойчы ён на падпітку сказаў з тугой у голасе: “Не могу себе простить, что легкомысленно совершил в жизни роковую ошибку. Надо было пойти на запад, а я пошел на восток. И вот я здесь - на Тыллахе”.
    Ён нам расказваў пра аднаго маладога эстонца, з якім пазнаёміўся на фільтрацыйным пункце. Гэты эстонец у свой час быў мабілізаваны як грамадзянін сваёй рэспублікі ў армію Эстонскай дзяржавы. На вернасьць ёй і прысягаў. Пасьля анэксіі Эстоніі, праведзенай Чырвонай арміяй, ён, па сутнасьці, трапіў у савецкі палон. Пасьля нападу Германіі на Савецкі Саюз быў мабілізаваны ў Чырвоную армію як грамадзянін СССР і прысягаў на вернасьць Савецкаму Саюзу. Трапіў у нямецкі палон ужо ў форме чырвонаармейца.
    У немцаў стаўленьне да эстонцаў было лепшае, чым да іншых. Ім казалі, што іх айчына - вялікая Германія. Яго трэцім разам мабілізавалі, але ўжо на гэты раз у эстонскае фармаваньне, што ваявала на баку немцаў. Зноў прысяга, але Германіі. Пры канцы вайны трапіў у савецкі палон. Урэшце апынуўся на фільтрацыйным пункце. “Фільтратар” абвінаваціў яго ў “измене родине”. Тады эстонец спытаўся ў яго:
    - А дзе мая радзіма? Я служыў па мабілізацыі ў трох розных арміях. Мяне прымушалі прысягаць на вернасьць тром розным дзяржавам. Каторая з іх мая радзіма? Каторай і калі я здрадзіў?
    Фільтратар сцвярджаў:
    - Твая радзіма Савецкі Саюз.
    Эстонец з гэтым не хацеў пагадзіцца, сьцьвярджаючы наступнае:
    - Я не магу лічыць сваёй радзімай краіну, у якой для мяне толькі турмы і канцлягеры.
    Яго асудзілі на доўгі тэрмін катаржных работ і неўзабаве выклікалі “с вещами”.
    Лягерны рэжым на Калыме ўстанавілі яшчэ больш жорсткі, асабліва для катаржан. Да таго ж тэрміны давалі тады больш працяглыя. Не скупіліся. Утвараліся катаржныя зоны з невыносным рэжымам. Пасьцелі ім не выдавалі. Людзі спалі на голых нарах не разьдзеючыся. Катаржнікі былі даведзеныя пякельным жыцьцём да крайняй мяжы, за якой толькі сьмерць. У выніку сярод іх значна ўзрасла сьмяротнасьць, што вымусіла начальства Севвостлага памякчыць рэжым.
    Пазьней, калі я ўжо працаваў у геалягічных партыях, мне даводзілася ў часе камэральных работ бачыць іншым разам катаржан у пасёлку Ягаднае. Іх аднекуль прыводзілі сяды-тады на расчыстку трасы (яна праходзіла праз пасёлак) і вуліц ад сьнегавых заносаў. На іх, як колісь на мне, брудная лягерная вопратка, падшытая ветрам, з той розьніцай, што ў іх на сьпінах былі нумары. Лічбы замянялі прозьвішчы. Кідалася ў вочы вялікая колькасьць вохраўцаў і аўчарак, што ахоўвалі катаржан. У марозным паветры над натоўпам катаржан стаяў смурод даўно немытага цела і бруднага адзеньня. Усё гэта ў свой час адчувалася і перажывалася самім. Нібы збоку бачыў сваё мінулае. Яно не забылася.
                                         На Калымскім шляху “з варагаў у грэкі”
    Адкрыцьцё буйных пакладаў золата на Калыме суправаджалася ажыятажам. Яшчэ задоўга да будаўніцтва трасы “вождь” прагнуў наяўнага рэальнага золата. Відаць, дарадчыкі пераканалі “вялікага і мудрага” ў тым, што там, на Калыме, яго запасы невычэрпныя. Апэтыты разгарэліся пасьля першых посьпехаў разьведкі і здабытнікаў. Таму, відаць, Севвостлаг быў на асаблівым становішчы ў ГУЛАГу, у МГБ і ў самога Сталіна. Бралі золата якім заўгодна коштам і спосабам. “Вождь народов” бачыў дзьве выгады ад асваеньня Калымы: па-першае - зьнішчэньне “ворагаў народа” - яго ворагаў, як яму здавалася; па-другое - узбагачэньне казны. У недаступнай тайзе адкрываліся прыіскі. Туды ішлі людзі: адны добраахвотна, іншыя пад канвоем. Іх трэба было неяк забясьпечыць. Для гэтага на рацэ Малтан, што ўпадае ў раку Бахапчу (правы прыток Калымы), была створаная сплаўбаза. На ёй будаваліся кунгасы. Сплаўбаза знаходзілася за пераваламі горнага хрыбта Гыдан. Грузы ад Магадана да сплаўбазы цераз перавалы цягнулі і ўлетку і ўзімку на няўклюдных санях трактары, набытыя за мяжой. Далей грузы сплаўляліся кунгасамі па Малтану і Бахапчы на Калыму, а ўжо далей - па Калыме да першых прыіскаў на Сярэднекане і Качынай. Шлях гэты жартам называлі “из варяг в греки”. А жартаваць было не варта. Ён быў вельмі небясьпечны. Малтан - рака парожыстая. Мне самому давялося бачыць у рэчышчы Малтана стары паўразвалены кунгас, загнаны вадой на камяністую выспу. Ён у мой час ужо пасьпеў зарасьці кустамі тальніка. Асабліва небясьпечныя былі парогі на Бахапчы, там, дзе яна праразае гранітны масіў. Ён і называецца Бахапчынскі. На парогах гінулі людзі пад час сплаву. Імёны некаторых увекавечаны ў назовах парогаў.
    На гэты “шлях” мы выйшлі геоляга-здымачнай партыяй у 1945 годзе ў складзе пятнаццаці чалавек і васьмі коней з уюкамі. Тады ўжо спраўна на працягу, бадай, дзесяці гадоў дзейнічала Калымская траса з яе аўтабазамі, дыспэтчарскімі, заправачнымі, дацягнутыя будаўніцтвам аж да Індзігіркі. Калымскі сплаўны шлях абязьлюдзеў задоўга да нашага прыходу ў даліну Малтана. Там, дзе было людна, тайга зноў зьдзічэла, зьнікалі матэрыяльныя сьляды трагічнай калымскай гісторыі.
    У Магадане ў тым часе дзейнічала аэрагеадэзічнае ўпраўленьне, займаючыся плянамерным картаваньнем тэрыторыі краю. Ці не ўпершыню мы былі забясьпечаныя дакладнымі тапаграфічнымі картамі стотысячнага маштабу і аэрафотаздымкамі. Аднойчы ў маршруце, ідучы па горным хрыбце ўздоўж даліны ракі Малтан, я ўбачыў праз бінокль нейкі пасёлак, што прыляпіўся на верхняй тэрасе ракі каля самага падножжа правага схілу даліны. Людзей у пасёлку не заўважалася. Папярэдняе вывучэньне маршруту сьведчыла, што на маім шляху ніякіх пасёлкаў няма. Мы добра ведалі, што даліну Малтана людзі даўно пакінулі. Я дастаў з пляншэткі карту і пачаў прыдзірліва разглядаць. На ўсім лісьце карты ніякіх пасёлкаў не значылася. Тады я ўзяў стос аэрафотаздымкаў. На двух ці трох суседніх здымках я заўважыў пасёлак - той, што быў перада мной. Чаму картографы праігнаравалі сытуацыю пры складаньні карты, вытлумачыць не мог. Я прыйшоў да высновы, што перада мной даўно пакінутая сплаўбаза.
    Са мною быў мой маршрутны работнік інгуш Мальцагаў Ахмет (у партыі былі два браты Мальцагавы). Мы з ім спусьціліся з гор у даліну і насьцярожана падышлі да пустога пасёлка. Асьцерагаючыся, што там выпадкова могуць месьціцца ўцекачы, мы пачалі мэтадычна аглядаць кожную будыніну. Я звычайна станавіўся са стрэльбай напагатове супраць дзьвярэй, а Ахмет асьцярожна, з нажом у руцэ заходзіў у будыніну. Нарэшце, апошняя будыніна, што стаіць наводшыбе. Ага, гэта будыніна вохры. На ёй прыбіты стандартны лёзунг, намаляваны на дошцы: “Труд в СССР - дело чести...” і г.д. Нават і тут, як усюды, як па ўсёй краіне.
    Мы зайшлі ў будыніну. Яна была лепей дагледжаная, лепей абсталяваная. Здавалася, што з яе толькі ўчора выселіліся людзі. На падлозе валяліся розныя паперы. Я падняў адну... То быў рапарт лягстарасты на імя начальніка вохры. У ім было напісана, што зьняволены такі і такі адмовіўся зайсьці ў ваду па пояс, калі гэта спатрэбілася пры спуску на ваду чарговага кунгаса. Па даце было відаць, што дзея разыгрывалася раньняй вясной, калі вада ледзяная. Як пакаралі ўпартага зэка, невядома.
    Пустыя пасёлкі, як гэты, як на закінутым рудніку “Дняпроўскі” ды іншых, якія мне даводзілася наведваць на Калыме, заўсёды выклікалі непрыемныя пачуцьці, наводзілі на роздум пра марнасьць жыцьця. Напэўна, і душы тых, што загінулі тут, на Калыме, косьці якіх валяюцца недзе каля сопак, побач з разрабаванымі мядзьведзямі магільнікамі, пакінулі гэтыя злавесныя пасёлкі. Можа, хіба толькі здані загубленых прыходзяць часам сюды. Іншы раз здавалася, што пустыя пасёлкі сталі селішчамі самога сатаны. Я звычайна пакідаў іх з цяжкай думай пра тых, каго ўжо няма, каго ўжо ніколі не будзе. Сярод іх апынуўся мой аднавясковец, мой сябар дзяцінства, былы аднаклясьнік па Сьмілавіцкай сямігодцы, Лухверчык Макар, расстраляны тут пад час разгулу гараніншчыны, не надта даўно рэабілітаваны пасьмяротна. Трапілі мы сюды абылганыя даносамі таксама “сябра”, таксама былога аднаклясьніка, толькі з другой вёскі, толькі з прыхаванымі рысамі Юды.
    Мы з Ахметам пакінулі пасёлак і пакрочылі далей па беразе Малтана. Але неўзабаве дарогу перагарадзіла строма. Вада віравала пад навіслай скалой. Шляху далей не было. Агледзеўшыся, мы заўважылі круты распадак, намечаны ў скале. Па ім вада ўвесну не цячэ, а падае вадаспадам проста ў раку. Зараз ён быў сухі. Нам падалося, што па яго тальвегу можна падняцца ўгару мэтраў на сто і па пляскатай сопцы абысьці прыціск. Ахмет палез першы, я - сьледам. З-пад ног сыпаўся з характэрным шоргатам друз патрэсканых гліністых сланцаў. Паступова тальвег станавіўся больш круты, больш стромкі. Да сярэдзіны пад’ёма я ўжо выбіўся з сіл. Здавалася, вось-вось пакачуся ўніз па распадку, як па крута пастаўленым жолабе або латку, разаб’юся ўшчэнт і застануся тут назаўсёды. А косьці мае з часам будуць валяцца, як валяюцца па ўсёй Калыме выбеленыя косьці сотняў тысяч. Думка гэтая маланкай мільганула ў галаве. Мяне апанаваў страх. Я зірнуў уніз. Там, на перакаце, стаяў па калені ў пеністай вадзе начальнік партыі Капіронаў і крычаў:
    - Куды вы палезьлі? Давайце назад! Я перавязу вас на лодцы!
    Як гэта можна было зрабіць, бадай, ён і сам не ведаў. Лодку ж заліло. А як спусьціцца?.. Рэч у тым, што надоечы мы знайшлі паўгнілую старую пласкадонку. Начальнік наважыўся правесьці свой чарговы маршрут на лодцы. Мы сяк-так яе падлаталі і ссунулі на ваду. У той момант, калі мы заняліся “альпінізмам”, ён падплыў да чарговага парога, што быў насупраць. Лодку закруціла на парозе, перакуліла і начальнік апынуўся ў вадзе. Стоячы на перакаце рэчышча, ён з трывогай сачыў за намі і працягваў крычаць, каб мы спускаліся ўніз. А зрабіць гэта было ўжо немагчыма, як і падняцца ўгару. Я распасьцёр рукі і прыліп да скалы ўсім целам. З-пад ног усё сыпаліся дробныя абломкі сланцаў, лёгка аддзяляючыся па кліважы (дробных шчылінах) ад скалы. Ахмет Мальгацаў - дзіця гор - не разгубіўся. Ён вырас на Каўказе і для яго такія прыгоды былі не ў навіну. Ён скінуў са сваіх ног гарняцкія гумовыя чуні і закамандаваў гэта зрабіць і мне. Зрабіць гэта было не цяжка, бо чуні былі абуты ўгалоступкі. Яны, падскокваючы, пакаціліся ўніз. Іх пазьбіраў начальнік. Голымі пальцамі ног я, як малпа, пачаў чапляцца за вузкія выступы скалы. Ахмет скамандаваў:
    - Давай стрэльбу! - і ўзяўся за рулю. Я неяк вылузаўся з плячавога рамяня. Ахмет працягваў камандаваць:
    - Трымайся за прыклад!
    Так мы, счапіўшыся з дапамогай стрэльбы, сантымэтар за сантымэтрам пачалі прасоўвацца ўгару. Стромкасьць паступова станавілася меншая і мы з неймавернымі намаганьнямі вылезьлі наверх. Ахмат потым казаў, што я з твару быў белы як палатно. Гэты выпадак назаўсёды адбіў у мяне жаданьне займацца “альпінізмам” нават тады, калі ў гэтым была пільная патрэба.
    Лёс пасёлкаў і асобных будынкаў, узьведзеных па ўсёй Калыме, аднолькавы. Яны з часам станавіліся пакінутымі і закінутымі, іх разбураў час. Засталіся толькі тыя, што не страцілі свайго эканамічнага значэньня. Апошнія знаходзяцца на трасе або на яе адгалінаваньнях. Напрыклад, Аратукан з заводам горнаўзбагачальнага абсталяваньня на аснове мэталяломнай мэталюргіі; Ягаднае з сваім рамонтна-мэханічным заводам, створаным на базе зэкаўскай мэхмайстэрні; пасёлкі Іўльцінскага і Валькумейскага горнаўзбагачальных камбінатаў. Жывыя, вядома, і пасёлкі вуглекамбінатаў (асновы энэргетыкі Калымы) - Хасыньскага, Эльгенскага, Аркагалінскага, Зыранскага. Каменнавугольныя радовішчы Калымы славутыя не толькі сваімі карыснымі выкапнямі, але і былымі катаржнымі зонамі.
    Думаю, што той жа лёс заняпаду напаткаў і пасёлак Хатыннах, дзе я пачынаў сваё вольнае калымскае жыцьцё. Залатыя россыпы ракі Хатыннах у тэмпе былі вычарпаныя, і даліна, дзе некалі лютавала сьмерць, пакінутая людзьмі. Сьляды іх дзейнасьці - пустыя адвалы адпрацаваных парод ды закінутыя лягерныя магільнікі. Зьніклі запасы золата ў многіх далінах рэк, зьніклі людзі, зьніклі зоны, зьніклі турмы, у тым ліку самая страшная (але не адзіная) - Сэрпантынка, праз якую пайшла на той сьвет безьліч людзей. У гэтым праклятым краі зьнікалі зоны і турмы ў адных месцах і ўзьнікалі ў іншых, куды этапаваліся масы зьняволеных.
                                                            Канец Сэрпантынкі
    На Сэрпантынцы расстрэльвалі кожны дзень 30-50 чалавек пад павецьцю паблізу ізалятара. Потым трупы адцягвалі на трактарных санях за сопку. Трактарысты, грузчыкі і тыя, хто закопвалі трупы, жылі ў асобным бараку. Пасьля расстрэлу самога Гараніна расстралялі і ўсіх іх. Была там і іншая тэхніка: падводзілі да глыбокага шурфа з завязанымі вачыма і стралялі ў вуха або ў патыліцу (ніхто не расказваў аб якім-колечы супраціве). Сэрпантынку закрылі, ізалятар зраўнялі з зямлёй, а разам і ўсе сьведчаньні расстрэлаў.
    Напісанае вышэй (пад загалоўкам “Канец Сэрпантынкі”) - гэта не мае словы. Гэта словы Аляксандра Салжаніцына. Я запазычыў іх з вядомай кнігі “Архипелаг ГУЛАГ”. Двукосьсі, якімі належала вызначыць чужыя словы, я апусьціў знарок. Я мог бы далей працягваць трактоўку фактаў, узяўшы яе з твораў іншых аўтараў, што пісалі пра Калыму, змаўчаўшы да часу пра іх аўтарства. Чытач, бадай, не здагадаўся б, што гэта падборка з розных крыніц пра адны і тыя ж падзеі. А рэч тут у аб’ектыўнай падачы жорсткай праўды. Таму і няма супярэчнасьцяў у розных сьведак падзей. Праўда не бывае асабістай.
    Мяне ўразіла інфармаванасьць і дасьведчанасьць Салжаніцына пра Сэрпантынку і наагул пра Калыму лягерную. У яго падача фактаў спалучаецца з дакладнай геаграфіяй “Севвостлага”, наглуха закрытай сакрэтнасьцю амаль да апошняга часу. А сам Салжаніцын не быў на Калыме. Значыць, сьведчаньні яго карэспандэнтаў вельмі дакладныя.
    У зносцы да запазычанага мной урыўка Салжаніцын піша: “У 1945 годзе на Сэрпантыннай (маецца на ўвазе даліна крыніцы, дзе знаходзіўся ізалятар. - В. Ш.) адкрылі прамысловыя запасы золата (раней не ведалі яго там). І давялося здабываць паміж касьцямі: золата даражэй”.
    У іншым месцы Салжаніцын піша: “Лютасьць калымскага рэжыму вонкава была адзначаная тым, што начальнікам УСВИТЛага (упраўленьне паўночна-ўсходніх лягераў) быў прызначаны Гаранін, а начальнікам «Дальстроя», замест камдзіва латышскіх стралкоў Э. Берзіна - Паўлаў.
    ...І пачаліся “гаранінскія расстрэлы”, прамыя забойствы, іншы раз пад трактарны грукат, іншы раз і без. Многія лягпункты вядомыя расстрэламі і масавымі магільнікамі: Аратукан і Палярны, і Сьвістапляс, і Аннушка, і нават сельгас Дукча, але болей за іншых славутыя гэтым прыіск Залацісты (начальнік лягпункта Пятроў, опэрупаўнаважаныя Зелянкоў і Анісіпаў, начальнік прыіска Баркалаў, начальнік райаддзела НКВД Бураў) і Сэрпантынка. На Залацістым выводзілі днём брыгады з забою - і тут жа расстрэльвалі засаб. (Гэта не замест начных расстрэлаў, тыя - самі сабой.) Начальнік “Юглага” Мікалай Андрэевіч Агланаў, прыяжджаючы туды, любіў выбіраць якую-колечы брыгаду, у нечым вінную, загадваў адвесьці яе ўбок і ў напужаных скучаных людзей сам страляў з пісталета, суправаджаючы гэта радаснымі крыкамі. Трупы не хавалі, яны ў траўні загніваліся - і тады ацалелых дахадзяг клікалі закопваць іх за палепшаны паёк, нават са сьпіртам” (канец вытрымкі).
    Я сьведчу, што ўсё гэта было. Я ведаю пра гэта з уласнага досьведу лягернага жыцьця, з таго, што я чуў ад многіх ацалелых зэкаў, былых зэкаў, сумленных “вальняшак”, нават былых вохраўцаў, што пазбавіліся ад палітачмурэньня.
    Калымскія цмокі, пераняўшы багаты вопыт ГУЛАГа за папярэднія гады, пачынаючы ад 1917-га, рабілі і свае “адкрыцьці”. Напрыклад, пахаваньні расстраляных у шурфах. Першы чалавек, пахаваны на Калыме ў разьведачным шурфе, быў Барыска. Яго пахавалі ў 1917 годзе якуты па неабходнасьці. Масавае разавае пахаваньне расстраляных з выкарыстаньнем разьведшурфоў адбылося пасьля таго, як селевая плынь размыла магільнік Сэрпантынкі, пра што я пісаў напачатку. Некага з катаў натхніў спосаб, ужыты якутамі. І са слоў Салжаніцына відаць, што гэты спосаб знайшоў сваё “прагрэсіўнае творчае” разьвіцьцё. А колькі іх, пустых, без золата, шурфаў?! Часам пакінутыя цэлыя лініі. Падводзь, страляй, запаўняй. Ні коней, ні трактара не трэба. Да таго ж разьведка вядзецца безупынна. А што такое разьведкавы шурф? Гэта гатовая глыбокая горная выпрацоўка, плошчай мэтар на паўтара, пройдзеная ў вечнай мерзлаце. Глыбіня залежыць ад геалягічных умоваў. Памятаю, на Тыллаху на некаторых шурфовачных лініях глыбіня іх сягала за трыццаць мэтраў. Ну, няхай сабе дзесяць мэтраў, няхай пяць. Усё роўна ніхто не вылезе адтуль, нават недастрэлены. Дый праца зэкаў-шурфоўшчыкаў геолягаразьведкі не прападзе дарэмна. А выкарыстаньне гатовых шурфаў пазбавіць ад лішніх турботаў.
    Я ўпэўнены: у такім кірунку разважаў любы калымскі кат. А тым, у каго была бедная фантазія ці адсутнічаў езуіцкі практыцызм, сама рэчаіснасьць падказвала, што рабіць. Напрыклад, заваліла ў штольні вязьняў. Ага! Чаму б не выкарыстаць адпрацаваныя штольні, каб прываліць расстраляных, ужыўшы выбух?
    Сэрпантынка зьнікла. Яе разбурылі, бо яна была збудаваная на залатых россыпах. Але гэта не азначала, што яна не ўзьнікне “лягерным фэніксам” дзесьці ў іншым месцы. Адкрываліся новыя радовішчы, утвараліся новыя зоны, будаваліся новыя сэрпантынкі, бо гэта адпавядала прыродзе сыстэмы. Яны будаваліся з тупой, настойлівай, мэтанакіраванай бальшавіцкай упартасьцю, асновай якой была канібальская ідэалёгія генацыду, увасобленая ў працах і ўказаньнях “отца всех народов, величайшего гения всех эпох”.
    Нядаўна прачытаў верш Алеся Звонака “Аляўціна” (Полымя. № 10. 1990).
    Верш крылаты, у ім вольны палёт думкі, пачуцьцяў, успамінаў. Ёсьць паэтычнае ўвасабленьне фактаў. Але вось у тлумачэньні слова “Сэрпантынка” ў падрадкоўніку - недакладнасьць. Там напісана: “Сэрпантынка - штрафны лягер на Калыме. Рэдка хто з яго вяртаўся жывым”. Гэта не лягер. Нават і не ізалятар. Гэта турма, вастрог, катоўня, дзе зьнішчалі фізычна тых, хто туды трапляў. Хто туды трапляў, той не вяртаўся. Гэта канвэер сьмерці, па якім “тройка” адпраўляла на той сьвет масу зьняволеных, у асноўным з СГПУ (Северного горно-промышленного управлення), з зон Севлага, падпарадкаванага УСВИТЛу, ды з іншых мясьцін Калымы, дзе не пасьпелі стварыць свае катоўні. Туды, безумоўна, траплялі людзі і з прыіска Верхні Ат-Урах, дзе Алесь Звонак быў “сьціплым удзельнікам вялікага будаўніцтва камунізму”. (Разумею, што цытаваны выраз быў спробай выдаць самому сабе індульгенцыю, каб неяк засьцерагчыся ад чарговага “хапуна”). Тое ж рабілі мы ўсе, усім ГУЛАГам. Толькі бальшыня з нас па прастаце сваёй не разумелі, не здагадваліся, што ўдзельнічаем у будаўніцтве “сьветлага будучага”. Не здагадваліся і тыя, касьцьмі якіх органы брукавалі дарогу ў “камунізм” на ўсіх шыротах і мэрыдыянах краіны.
    Бог мяне бараніў, хоць я бачыў Сэрпантынку, яе панараму штодня ўвесь свой тэрмін, з ранку да вечара, у любую пару года. Я бачу яе нутраным зрокам і зараз, амаль фатаграфічна.
    Засталося шкадаваньне, што мне не давялося ўбачыць яе зьнішчэньня.
    Мне давялося сядзець у лёхах Краснадарскага НКВД, у Краснадарскай турме на Дубінцы, у Растоўдонскай турме, у Харкаўскай перасыльнай, у Кіеўскай на Лук’янаўцы, у Аршанскай гарадзкой, у Аршанскай этапнай, у лёхах НКВД у Менску, у Менскім Пішчалаўскім замку, у Барысаўскай турме. Мяне этапавалі ў сталыпінскіх вагонах, цялячых эшалёнах, карабельных трумах і цьвіндэках. Усюды былі краты, краты, краты. Здавалася, што ўвесь сьвет быў закратаваны. Прайшоў немалы час - цэлае паўстагодзьдзе. Прайшла разбуральная вайна. Зьнішчаліся гарады, гарэлі вёскі. А гэтыя цытадэлі гвалту ацалелі. “Не прав твой, о небо, святой приговор!”
    Зрэшты, аднаго разу ў жыцці я атрымаў задавальненьне ад разбурэньня. Было гэта ў 1967 годзе. Геалягічная партыя з маім удзелам працавала на Барысаўшчыне, а база партыі месьцілася ў Барысаве. Захацелася паглядзець на Барысаўскую турму, дзе калісьці сядзеў пасьля разгрузкі Менскай турмы. Я ўбачыў руіны. Але разам з задавальненьнем закралася ў душу шкадаваньне. Хай бы была, толькі ў іншай якасьці. Ну, скажам, у якасьці музэя партыйна-дзяржаўнага гвалту над уласным народам. Гэта стасавалася б з гісторыяй горада Барысава.
    Паводле некаторых зьвестак, на месцы турмы быў Барысаўскі замак, збудаваны на высьпе, аддзеленай пратокай Бярэзіны. Пратока зараз затарфована. Мікалай І пераабсталяваў замак пад турму. У гэтай якасьці яна праіснавала да часоў Сталіна, калі выкарыстоўвалася інтэнсіўней, чым пры ўсіх Аляксандрах і Мікалаях.
    Ну вось, здаецца, і ўсё тое, што хацелася сказаць, каб пачулі іншыя. Высьвечаныя горкай памяцьцю асобныя эпізоды, моманты пэўнага пэрыяду майго доўгага жыцьця, далёка не асабістыя. Высьвечаныя з парушэньнем храналёгіі ў пераказе падзей. Мне здавалася, што так лепей, выразьней, рэльефней.
    Я не імкнуўся адкрыць для майго пакаленьня (для яго рэшткаў) нешта новае пра той час. Гэта зрабіць немагчыма, бо ў асноўным яно страчана вайной, канцлягерамі нямецкімі і савецкімі, нарэшце, вычарпальным расходаваньнем гадоў, адпушчаных яму генэтычна. Можна лічыць, што майго пакаленьня як цэласнага гістарычнага пласта чалавецтва ўжо няма.
    Таму, спадзяюся, мае ўспаміны пра трыццатыя, саракавыя, пяцідзесятыя, пра дні і ночы, прапахлыя крывёю нявінных ахвяраў, будуць мець нейкую карысьць для маладых і маладзейшых, як папярэджаньне, засьцярога ад паўтарэньня ідэалягічна-палітычнага апакаліпсіса. Спадзяюся на гэта.
    Чуюцца іншым разам заклінаньні: “Хватит про это! Сколько можно?!” Калі я чую такое, то мне прыходзяць на памяць словы Аджубея: “Не так просто развеять прах прошлого”. Калі я чую гэтыя заклінаньні, то разумею, што яны цудоўна “манціруюцца” са сталінізмам. Разумею, каму прыкра слухаць пра тое, што было. Гісторыя ў нас агульная і яе нельга разьмежаваць калючым дротам мінулага. Не атрымаецца. Ужо не атрымаецца. Памнажаючы зьвесткі пра наша мінулае, памнажаем скруху, жаль, тугу па мільёнах бязьвінных ахвяраў.
    Буду рады, калі мае ўспаміны папярэдзяць некага ад ідалапаклонства нашаму мінуламу. Калі-нікалі бачу і чую, як камусьці хочацца зноў ператварыць нас у ідалапаклоньнікаў, замяніць адну ману другой. Мы ўжо нажыліся дэкрэтнай “праўдай”, дырэктыўнай “праўдай”, якая на паверку сталася хлусьнёю. Няма свабоды там, дзе няма свабоды праўдзе. Гэта словы Вацлава Гавэла - чалавека, які ведае ім цану.
    Нам не абысьціся без палітычнага вымярэньня падзей мінулага. Дапушчанае зло нельга паправіць. Важна зноў не дапусьціць. Я даў сваё асабістае сьведчаньне для гісторыі пра гады маладосьці майго пакаленьня, пра ідэалягічна замацаваны тым часам генацыд, даў, прысягнуўшы свайму сумленьню, не крывячы душою. Часам чутны заклікі жыць так, як жылі мы, старыя. Гэта - голас сьпевакоў тае самае песьні. Другой яны не ведаюць. Не варта слухаць сьпевы ідэалягічных сірэнаў.
    Не папракніце мяне ў іроніі. Без іроніі нельга асэнсаваць мінулае. Таму ёсьць яскравы прыклад: даклад Хрушчова ХХ зьезду.
    На памяць прыйшлі чыесьці словы: “Партыя надзімала сталінскія ветразі, накіроўваючы краіну на рыфы”. Мы зараз сядзім на іх. Маладым рабіць высновы са створанага і натворанага намі.
                                                          ПЕРАЖЫЎШЫ ГУЛАГ
    На турэмных, этапных, лягерных перакрыжаваньнях я сутыкнуўся з тысячамі і тысячамі лёсаў. Я бачыў мноства людзей, абвінавачаных і асуджаных ці бяссудных, але ні ў чым не вінаватых, акрамя крымінальнікаў (“бытавікоў”). Але апошніх было няшмат у параўнаньні з вялізнай масай палітычных, якія колькасна пераўзыходзілі ўсіх іншых.
    Вядома, сярод “бытавікоў” было таксама шмат незаслужана жорстка пакараных паводле сталінскіх драконаўскіх законаў за дробныя крадзяжы, якія часта ўчыняліся з галадухі, за збор каласкоў на калгасных палях ды іншае. Усе яны безагаворачна падводзіліся пад гэтак званы закон “ад сорак восьмага” (“за крадзеж сацыялістычнай уласнасьці”), на падставе якога атрымоўвалі круглыя дзесяткі. Яны несьлі свой лягерны крыж нароўні з тымі, хто ўчыніў больш цяжкія крымінальныя злачынствы.
    Масавы “чысьцец” працоўных вынішчальных лягераў непазьбежна прыводзіў чалавека да аб’ектыўных ацэнак таго гістарычнага часу, вызваляў ад памылковых поглядаў. Хоць праўда не заўсёды спасьцігалася лёгка, у рэшце рэшт рэчаіснасьць усё ставіла на свае месцы, лягічныя ацэнкі вынікалі з рэальных фактаў. А іх, фактаў, было аж занадта. Аднак сустракаліся і такія зэкі, якія лічылі сябе “сьвятымі”, а ўсіх астатніх – “грэшнымі”. Гэта было або шчырае перакананьне, або памылка, а іншым разам - крывадушнасьць. Такі кожнага лічыў ворагам народа, а сябе - непавінна пацярпелым. Яму, як і набожнаму чалавеку, лягчэй было пераносіць нягоды лягернага жыцьця. Ён спадзяваўся, што “бацька народаў” урэшце “разьбярэцца” ва ўсім. Але дарэмна! Гэтакіх людзей сустракаў і летапісец ГУЛАГа пісьменьнік Салжаніцын, пра што ён напісаў у сваім сусьветна вядомым творы “Архипелаг ГУЛАГ”.
    У той час шмат хто зазнаў жахі “золатаздабычы”, але найбольш гэта закранула габрэйскае насельніцтва мястэчак і гарадоў, у першую чаргу дробных крамнікаў, якія займаліся гандлем да рэвалюцыі і ў пэрыяд нэпа, рамесьнікаў. “Кампэтэнтныя органы” здагадваліся, што менавіта гэты пласт насельніцтва перасякала самая багатая “залатаносная жыла”. Залатыя запасы яе вычэрпваліся тым хутчэй, чым больш люта працавалі рэпрэсіўныя органы.
    Каб мець уяўленьне пра становішча, што склалася на той час, нагадаю пачатковую гісторыю грашовага абарачэньня ў краіне ў першыя гады савецкай улады. Выпуск савецкіх папяровых грошай суправаджаўся неверагоднай інфляцыяй, якая нарастала з кожным днём. Грошы страцілі ўсялякую вартасьць і іх проста ігнаравалі. Ролю грошай выконваў хлеб. Цэны на тавары і паслугі вызначаліся пудамі ці фунтамі хлеба. Адначасова ў абарачэньні ў прыватным гандлі і паміж прыватнымі асобамі знаходзілася залатая валюта царскай чаканкі, якая была да пачатку рэвалюцыі на руках у насельніцтва. Дэнамінацыя, праведзеная пад час нэпа, стабілізавала савецкі рубель, і ён лёгка канкурыраваў з царскім золатам. Быў пэрыяд, ва ўсялякім разе ў Беларусі, калі 10 рублёў царскага золата катыраваліся як 9 рублёў савецкіх.
    Да пачатку 30-х гадоў царскае золата поўнасьцю зьнікае з абарачэньня ў прыватным гандлі і ў зьдзелках паміж прыватнымі асобамі. Яно асядае на руках у насельніцтва як зьберажэньні “на чорны дзень”. Пакуль царскае золата знаходзілася ў неафіцыйным абарачэньні, дзеячам дзяржбанка не прыходзіла ў галаву думка зрабіць выгадны для насельніцтва і дзяржавы абмен яго на савецкія грошы або правесьці пераважную скупку. А як толькі яно зьнікла з абарачэньня, “правадыр народаў” адчуў ягоны смак. Неадкладна з дапамогай рэпрэсіўных органаў пачалося задавольваньне прагі. Чалавека маглі арыштаваць і катаваць па падазрэньні, што ён мае царскую залатую валюту. Да яе залічаліся і нацельныя крыжыкі, ланцужкі, шлюбныя пярсьцёнкі з золата ды іншае. Арыштаванага катавалі да таго часу, пакуль ён не згаджаўся аддаць, што меў, вядома, без кампэнсацыі, як і пры ўсялякім іншым грабяжы. Горш было таму, каму не было чаго аддаць.
    Пазьней адзін з пацярпелых пад час “залатой ліхаманкі” распавядаў мне, як людзей шчыльна набівалі ў камэру, а потым напаўнялі камэру гарачай парай. Адначасова бразгатлівая талерка рэпрадуктара крычала на ўсю моц, у духу інтэрнацыяналізму, на чатырох мовах - расейскай, беларускай, габрэйскай і польскай: “отдай деньги”, «аддай грошы», “гіп гелд”, “отдай пінендзы”. Мала хто вытрымліваў.
    Сталін, якога прапаганда абагаўляла, дзейнічаў у адпаведнасьці з формулай “савецкая ўлада - гэта я”, стварыўшы магутны апарат тэрору, падначалены толькі яму. Ужо тады ён цьвёрдай нагой стаў на шлях злачынстваў і цалкам заслугоўваў нянавісьці. Для большай пераканаўчасьці нагадаю словы вядомага гісторыка Роя Мядзьведзева, выказаныя на гэты конт у яго кнізе “Старонкі мінулага”: “Рэпрэсіі 30-х гадоў завяршылі даўно задуманую ўзурпацыю Сталіным улады ў краіне і ў партыі, якая праводзілася паэтапна. Яшчэ пры канцы 20-х гадоў яго не без падстаў называлі дыктатарам” і далей: “Зразумела, узурпацыя ўлады Сталіным не была зьменай толькі зьнешняй формы Савецкай ўлады. Па сутнасьці, гэта быў частковы контррэвалюцыйны пераварот...”
    Усохлая рука “правадыра” шчодрай жменяй сеяла насеньне шалёнай злосьці, сутыкаючы людзей па прынцыпе “падзяляй і валодай”. І гэтае насеньне прарасло глыбокай нянавісьцю да самога “правадыра”, яго блізкага і далёкага атачэньня і рэпрэсіўных органаў з боку той часткі насельніцтва, якая была ўкінутая ў крывавы вір рэпрэсій. Усё гэта вылілася пад час Вялікай Айчыннай вайны зьвядзеньнем рахункаў, сьляпой помстай, шырокім распаўсюджаньнем калябарацыянізму на акупаваных тэрыторыях. Гэтая ўсохлая жорсткая рука, па сутнасьці, штурхнула ў абдымкі акупантаў значную частку тых, хто пацярпеў. Глеба для гэтага была падрыхтавана ўсім жахам перадваеннай рэпрэсіўнай палітыкі. Пацярпелыя ад “боства” былі гатовыя служыць д’яблу.
    Рэпрэсіі ў Беларусі, як і ва ўсёй краіне, дасягнулі сваёй кульмінацыі ў 1937-1940 гадах. У той час яны былі даведзены камандай Цанавы да крайніх межаў на тэрыторыі далучанай Заходняй Беларусі, дзе органы ў сваіх злачынствах дайшлі да бяссудных расстрэлаў па загадзьдзя складзеных сьпісах. У выніку крывавай бойні мноства людзей прапалі без зьвестак, г.зн. бясьсьледна зьніклі ў НКВД, які стварыў сыстэму шматлікіх Курапат.
    У паважанай рэспубліканскай газэце ад 17 жніўня 1988 года зьмешчаны рэпартаж спэцыяльнага карэспандэнта В. Гойтмана з паседжаньня нефармальнага аб’яднаньня “Талака”. Пад тэкстам дзьве рэпрадукцыі з фатаграфій часоў акупацыі. Газэта міжволі выказала пашану Гітлеру, зьмясьціўшы яго партрэт. Праўда, мэта была іншай: выкарыстаць гэты партрэт у якасьці “пудзіла”, каб адпудзіць моладзь ад “Талакі”. Але гаворка не пра гэта. Як адзначана вышэй, фатаграфіі адносяцца да пэрыяду 1942-1943 гадоў. Пасьля Кастрычніка прайшло 25-26 гадоў. А на здымку пад сьцягамі беларускай нацыянальнай сымболікі 12 - 14-гадовыя хлапчукі, у мінулым савецкія школьнікі і піянэры. Першамайскіх усьмешак на іх тварах няма. Што пасялілася ў іх душах?.. Міжволі ўзьнікае пытаньне: а дзе іх бацькі? Можа, у Курапатах? А можа, на Калыме? Ці знаходзяцца іх бацькі ў ліку тых двух з паловай мільёнаў ахвяр беларускага народа, названых В. Гойтманам? Ці ёсьць яшчэ іншая статыстыка, якая доўга замоўчвалася і замоўчваецца? Гэтая закрытая статыстыка характарызуе “фашызм” нашай уласнай гадоўлі. Хлапчукі тыя паміж дамарослым і чужым фашызмам, як зерне паміж камянямі жорнаў.
    Калябарацыянізм меў месца не толькі ў Беларусі. Дастаткова нагадаць Расейскую вызваленчую армію генэрала Ўласава. Узьнік калябарацыянізм у асноўным на глебе, шчодра палітай крывёю ахвяраў сталінскага тэрору і самадурства.
    Людзей часьцей за ўсё арыштоўвалі па даносах. На пачатку 30-х гадоў пачаў фармавацца “корпус” сэксотаў (сакрэтных супрацоўнікаў органаў) з амаральных, подлых, зайздросьлівых, карысьлівых, баязьлівых людзей, кар’ерыстаў, інтрыганаў, зваднікаў, для якіх не было нічога сьвятога. Ім належала на ўсю моц выявіць свае “таленты” ў другой палове 30-х гадоў. Гэтым людзям былі невядомы такія паняцьці, як гонар, абавязак, сумленьне, сяброўства, каханьне, сямейныя і сваяцкія сувязі. Яны ўвесь час прадавалі і здраджвалі, хлусьліва сьведчылі без згрызотаў сумленьня, выкарыстоўвалі выдумкі, хлусьню і паклёпы. Сваёй гнюснай дзейнасьцю яны, па сутнасьці, адпраўлялі за срэбранікі і без іх на пагібель сталінскім душагубам бязьвінных людзей. Органы НКВД усялякімі спосабамі стараліся папярэдзіць выкрыцьцё сэксотаў іх ахвярамі, бо яны былі патрэбныя для шматразовага выкарыстаньня. Здаралася, што іх фіктыўна арыштоўвалі разам з ахвярамі іх жа даносаў. У працэсе сьледзтва яны праходзілі па групавой справе, “выкрываючы” і няславячы знаёмых і сяброў, адначасова выкарыстоўваліся як падсадныя качкі ў камэрах для сачэньня за іншымі арыштаванымі. Звычайна іх місія заканчвалася разам з заканчэньнем сьледзтва па “сваёй” групе, а ў абвінаваўчым заключэньні адным абзацам паведамлялася, што сьледчыя дадзеныя пра пэўнага ўдзельніка “контррэвалюцыйнай групы” (называлася прозьвішча сэксота) вылучаны ў самастойную асобную справу. На самой справе гэта азначала, што ён не будзе прасьледавацца судом, аб чым няцяжка было здагадацца. Пасьля такой маскіроўкі сэксота вызвалялі з-пад фіктыўнага арышту, а група, падведзеная пад сапраўдны арышт і сьледзтва з яго ўдзелам, атрымоўвала тэрміны і ішла этапам у лягеры ці пад расстрэл.
    У год Чарнобыля (1986) мне давялося працаваць на Магілёўшчыне ў геалягічнай партыі. Нейкі час геолягі разьмяшчаліся ў Шклове. Я ўспомніў пра Віктара Цымбарэвіча, які нарадзіўся ў гэтых мясьцінах. Калісьці нам давялося разам “раскручваць” свае тэрміны на Калыме. Зацеплілася надзея на магчымую сустрэчу пасьля такога доўгага расстаньня. Знайшоў на карце вёску Аляксандраўку. Да яе кілямэтраў 15. Намерыўся ў наступную нядзелю зьездзіць туды.
    У прыгожай старой вёсцы Аляксандраўцы першымі мне сустрэліся пажылыя жанчын, якія сядзелі на лаўцы каля адной з хатаў. Апранутыя яны былі па-сьвяточнаму, бо была нядзеля. Спынілі машыну. Падышоў, павітаўся, спытаў: ці жыве ў вёсцы хто-небудзь з палякаў па прозьвішчы Цымбарэвіч? Адказ расчараваў. Я запытаў, ці памятаюць яны Віктара. Сказалі, што добра памятаюць, што ў 1936 годзе яго арыштавалі ў Менску, дзе ён вучыўся, і пра далейшы яго лёс ніхто нічога не ведае, нават сваякі, у тым ліку і старэйшы брат - пэнсіянэр, былы настаўнік, які жыве ў іншым раёне.
    Адна з жанчын сказала: “Якія яны палякі? Яны - старажылы, такія ж беларусы, як і мы. Толькі маліліся Богу ў касьцёле, а мы ў царкве. Праўда, з-за гэтай розьніцы ўлады тады ставіліся да іх горш, чым да нас”.
    Сумны і расчараваны, я вяртаўся ў Шклоў. Па дарозе думаў пра Віктара, спрабуючы шляхам лягічных разваг прасачыць за ягоным лёсам. Пасьля руплівага адбору з найбольш верагодных вэрсій засталіся тры. Першая: мог загінуць у лягеры, не вытрымаўшы невыносных умоваў. У гэта не хацелася верыць. Ён жа быў малады, здаровы.
    Другая вэрсія больш рэальная. Яна зьвязаная з вайной. Не, ён не мог быць мабілізаваны ў Савецкую армію. Гэта выключана. З Калымы наогул нікога не прызывалі - ні вольнанаёмных, ні зьняволеных. Патрэбныя былі золата, волава і іншыя карысныя выкапні.
    Аднак калі “вялікі і мудры” вырашыў стварыць польскую армію на савецкай тэрыторыі, магчыма, па патрабаваньні лёнданскага польскага ўрада Мікалайчыка, то сталі зьбіраць палякаў, паразганяных па лягерах усёй краіны, ацалелых пасьля Катыні, Асташкава і іншых месцаў пакараньня сьмерцю. Калыма ў гэтым выпадку не была выключэньнем. Падыходзілі ўсе: ваеннапалонныя і зьняволеныя, заходнікі і ўсходнікі, тыя, хто адседзеў і яшчэ сядзіць, палякі і заходнія беларусы.
    Я бачыў гэтых хлопцаў, памытых, паголеных, абмундзіраваных у новую лягерную робу. Яны ведалі, куды іх павязуць. Азлобленыя, не саромеліся выказваць свае пачуцьці. Звычайна казалі: “Мы ім наваюем”.
    З такога кантынгенту пад Сьвярдлоўскам польскім генэралам Андэрсам была сфармаваная польская армія, якую мелі намер увесьці ў дзеяньне на савецкім фронце. У гэтую армію мог трапіць і Віктар Цымбарэвіч.
    Калі ж усё было падрыхтавана, армія забаставала. Становішча разрадзіў Чэрчыль. Ён прапанаваў перавесьці армію на Захад. “Генэралісімус” згадзіўся. Армія была выведзена ў 1942 годзе з Савецкага Саюза праз Касьпійскае мора ў Іран, далей у Ірак і Афрыку. Усяго з СССР было выведзена 114,5 тыс. польскіх вайскоўцаў і іх сем'яў. Ці не гэтым шляхам прайшлі і ўнучкі Францішка Багушэвіча, перад тым як пасяліцца ў пасьляваеннай Польшчы?
    Баявое хрышчэньне армія Андэрса прыняла ў пясках Эль-Аламейна і ў Італіі пры штурме манастыра Монта-Касіна. Манастыр быў добра ўмацаваны немцамі. Яго не змаглі ўзяць войскі саюзьнікаў і каляніяльныя войскі. Зламаць нямецкую абарону павінны былі палякі. У гэтым штурме выявілася ўся лютасьць і нянавісьць, якая сабралася ў іх душах за папярэднія гады выпрабаваньняў і пакут. Узяцьце Монта-Касіна аплочана тысячамі жыцьцяў палякаў і беларусаў. Меркаваньне, што ў Італіі на брацкіх могілках спачывае і Віктар, выключыць нельга.
    І нарэшце, трэцяя вэрсія. У Савецкім Саюзе было створана другое польскае злучэньне - дывізія пад камандаваньнем генэрала Берлінга. У яе складзе было шмат савецкіх грамадзян польскага паходжаньня і іншых нацыянальнасьцяў. Дывізія была ўведзена ў бой пад Воршай каля вёскі Леніна. Калі дапусьціць, што Віктар не трапіў у армію Андэрса, то ён мог трапіць у дывізію Берлінга і палажыць косьці ці пад Воршай, ці пад Прагай Варшаўскай. Праўда, у сьпісах загінуўшых пад вёскай Леніна, апублікаваных у кнізе “Память о совместной борьбе” (Масква, 1989; Варшава, 1989), прозьвішча Віктара Цымбарэвіча няма. Дзе б ні спачываў яго прах - на Калыме ці ў Італіі, у Беларусі ці Польшчы, - мір праху яго і вечная памяць.
    У пэрыяд разгулу сталінскага тэрору рызыкоўна і небясьпечна было мець кнігі, аўтары якіх абвяшчаліся “ворагамі народа”. У атмасфэры ўсеагульнага страху, якая панавала ў краіне, людзі вымушаны былі весьці бесьперапынную, пэрманэнтную “чыстку” асабістых бібліятэк і зьнішчаць іншы раз вельмі каштоўныя выданьні, надрукаваныя ў Савецкім Саюзе дзяржаўнымі і каапэратыўнымі выдавецтвамі ў 20-я і на пачатку 30-х гадоў, аўтары якіх былі рэпрэсаваныя. І бяда чакала таго, хто да вымушанага зьнішчэньня кнігаў ставіўся не так сур’ёзна, як таго патрабаваў момант. Такі чалавек, апынуўшыся ў руках органаў, атрымліваў стандартнае абвінавачаньне, іншы раз адзінае: “захаваньне, чытаньне і папулярызацыя ці распаўсюджваньне контррэвалюцыйнай літаратуры”. Варыяцыі маглі быць рознымі, але вынік адзін - тэрмін і лягер.
    Кнігі, зразумела, пры ператрусах канфіскаваліся і ўсё роўна спальваліся, але ўжо ў топках кацельных НКВД. Зараз, заходзячы ў кнігарні, у тым ліку і букіністычныя, я бачу іх перавыдадзенымі ці цудам ацалелымі, бяру ў рукі з душэўным хваляваньнем і радуюся, што час ганеньняў і на людзей, і на кнігі мінуў. Бязьвінна пацярпелыя, яны, як і людзі, цяпер рэабілітуюцца. На жаль, гэты працэс ідзе не так хутка, як хацелася б, асабліва ў нас, у Беларусі.
    Горш ідуць справы з архівамі, найперш з асабістымі. У адрозьненьне ад тыражаваных кнігаў асобныя экзэмпляры якіх маглі ацалець, архівы, як правіла, вяліся ў адным экзэмпляры і беззваротна зьніклі ў жэралах топак. Іх ўжо не адродзіш, як і бязьвінна расстраляных грамадзян нашай краіны. І гэта незаменная страта для гісторыі, для культуры.
    Я не думаю, што для вызначэньня каштоўнасьці асабістых канфіскаваных органамі архіваў пісьменьнікаў, вучоных, дзяржаўных дзеячаў, што трапілі ў няміласьць, прыцягваліся кампэтэнтныя людзі. Тады ж побач з беззаконнасьцю панавала і невуцтва. А калі і прыцягваліся, то далёка не ўсялякі мог асьмеліцца сказаць праўду пра каштоўнасьць архіва таго ці іншага “ворага народа”, бо гэта патрабавала моцнага духу і мужнасьці, якіх тады шмат каму неставала.
    Ну а што маглі сказаць такія даволі вядомыя тады кансультанты, як Бэнда, Кучар і іншыя, пра каштоўнасьць асабістага архіва таго ці іншага рэпрэсаванага беларускага пісьменьніка? Адназначны адказ вынікае з “аб’ектыўнасці” памянёных кансультантаў. Першы нават прыдумаў для сябе абрэвіятурны псэўданім “Бендэ”, выкарыстаўшы пачатковыя літары ад словаў “Бі нацыянал-дэмакратаў”. Са спрытам дварняка яны брахалі на ўсіх, жадаючы дагадзіць інтарэсам “правадыра”, думаючы толькі пра тое, каб не гаўкнуць неўпапад.
    Супрацоўнікі органаў НКВД, для якіх у той час было дасягальным асабістае жыцьцё кожнага чалавека, вышуквалі ў асабістых архівах разам з “крамолай” што-небудзь такое патаемнае, інтымнае, “салёнае”, каб пацяшацца і задавальняць свае “інтэлектуальныя запатрабаваньні” ў перапынках, калі надакучвала прымушаць арыштаваных даваць жаданыя для сьледзтва паказаньні. Я памятаю, як у кабінэце майго сьледчага - малодшага лейтэнанта дзяржбясьпекі Шэйкмана зьбіраліся амаль усе сьледчыя 4-га сакрэтна-палітычнага аддзела НКВД БССР, каб “разрадзіцца” і адпачыць ад “турбот праведных”. Яны капаліся ў канфіскаванай асабістай перапісцы арыштаваных, вышукваючы што-небудзь вартае смакаваньня з іх пункту гледжаньня.Часам гэта насіла характар зьдзеку над чыстымі інтымнымі пачуцьцямі, даверанымі паперы. Яны атрымлівалі асалоду ад гэтага, практыкаваліся ў камэнтарах, насычаючы іх вулічнай лексыкай, зусім не саромеючыся маёй прысутнасьці, пакуль я сядзеў у куце ў чаканьні новага раунду допытаў. Памятаю, якую асалоду выклікала ў іх чытаньне канфіскаваных у кагосьці парнаграфічных паэм сучасьніка Пушкіна - даволі вядомага Івана Сямёнавіча Баркова. Яны рагаталі, як коні, гэты сьмех, здавалася, чутны быў на тагачаснай Савецкай вуліцы. Сама начальнік аддзела Марыя Антонаўна Губская на гэтых “хлапечніках” не прысутнічала. Гэта было ніжэй яе жаночай годнасьці. З той вясёлай кампаніі акрамя прозьвішча Шэйкман запомнілася яшчэ адно даволі дзіўнае прозьвішча Мэханік (можа, хто-небудзь памятае яго “мэханічныя” цяжкія кулакі?). Ён быў грузны, лысы, старэйшы за іншых, у асноўным маіх равесьнікаў.
    Маё пакаленьне... Яно было падзелена пралеглым паміж намі ценем генія сьмерці, які стварыў палітычнае сілавое поле д’ябальскай магутнасьці. Яно раскідала нас па розных полюсах, нягледзячы на тое што ў нас былі аднолькавыя камсамольскія білеты, аднолькавыя погляды - так бы мовіць, аднолькавага полюснага знака.
    У той час ажыцьцяўлялася сатанінскае цкаваньне адзін аднаго шляхам палітычнага ўлюлюканьня, вынікам чаго была непазьбежная адпраўка ў лягеры, а часта і ў “сьвет іншы”, што для майго і папярэдняга пакаленьня азначала самазьнішчэньне. Мы былі адвольна падзеленыя на дзьве далёка не роўныя часткі і зьмешчаны па абодва бакі фатальнай рысы. І толькі ХХ зьезд партыі і асабліва перабудова зьвялі нас разам - і катаў, і ахвяр, і сэксотаў. Сёньня, здараецца, мы жывем на адной вуліцы, часам у адным доме, але ўжо ў ролі ціхіх, малапрыкметных пэнсіянэраў. Я маю на ўвазе тых з майго пакаленьня, каму пашчасьціла выжыць і дажыць да старасьці. Ужо нішто вонкава не падзяляе нас, нягледзячы на тое што ў мінулым наша жыцьцё працякала асобна - па розныя бакі драцяной лягернай агароджы. Хіба што розьніца ў сацыяльным становішчы, якая ўсё яшчэ існуе, ды памяць пра наша такое рознае мінулае.
    Службоўцы органаў ні на хвіліну не дапускалі думкі, што над імі таксама можа захмарыць. Але ў іх куміра былі свае інтарэсы і, вядома, свае пляны і разьлікі. На маёй памяці “зьмена вахтаў”, калі энкавэдзісты саджалі адзін аднаго, адбывалася двойчы. Першы раз, калі каманда Яжова зьмяняла каманду Ягоды. Другі раз, калі каманда Берыі зьмяняла каманду Яжова. У абодвух выпадках Сталін дзейнічаў вераломна па прынцыпе “канцы ў ваду”.
    Шмат якія энкавэдзісты пад час кампаній чыстак і “зьмены каравулаў” былі выкінуты з органаў, як рэч, што адслужыла сваё і стала непатрэбнай. У гэтым выпадку яны папаўнялі лягеры, што раней самі адпраўлялі іншых людзей. А тыя, што ажыцьцяўлялі непасрэднае кіраўніцтва пры рэалізацыі ўстановак на масавыя рэпрэсіі, якія зыходзілі ад “правадыра”, былі вынішчаны фізычна, бо вельмі шмат ведалі. Цяпер гэта стала вядома ўсім.
    Між тым іншым разам можна пачуць размовы пра бязьвінна пацярпелых супрацоўнікаў органаў НКВД. Прыводзіцца нават кругленькая лічба загінуўшых - 20 тысяч. Магчыма, яна дакладная, рабіць высновы не бяруся. А вось з тлумачэньнем прычынаў іх зьнішчэньня відавочная падтасоўка. Кажуць, іншы раз афіцыйна, што яны пацярпелі з-за адмовы ўдзельнічаць у рэпрэсіях. Ну проста-такі масавае непаслушэнства і непадпарадкаваньне волі “правадыра”, адмова ад аднойчы і назаўсёды абранай прафэсіі ката. Так яны і ішлі пакаянныя ў турму? Калі і былі такія, то гэта адзінкі, якія заслужылі сабе славу “ворагаў народа, што прабраліся ў органы”. Атрымліваецца, што нехта стараецца адпрацаваць алібі для тых, хто працяглы час тварыў беззаконьне, зьдзяйсьняў злачынствы. Значыць, вядуцца пошукі парамэтраў для залічэньня катаў у ахвяры і нехта займаецца мітатворчасьцю, называючы Каіна Авэлем, стараючыся “падвярстаць” катаў да сапраўдных ахвяраў рэпрэсій. Задумаемся над тым, дзеля чаго гэта робіцца...
    Я ніколі не бачыў на тварах тагачасных супрацоўнікаў органаў нават ценю незадаволенасьці сабою, сваёй прафэсіяй. Не было і сьледу сумневу, згрызот сумленьня, раскаяньня. Не было і чалавечага стаўленьня да тых, хто знаходзіўся пад сьледзтвам, да арыштаваных, асуджаных. Наадварот, энкавэдзістам былі ўласьцівыя грубасьць, жорсткасьць, садызм, фанабэрыстасьць, самаўпэўненасьць, самазадаволенасьць. Гэта ж не жартачкі! Знакі адрозьненьня ў іх на пятліцах (пагонаў яшчэ не было) былі на два парадкі вышэйшыя, чым у арміі пры параўнальна аднолькавых пасадах. Кожны з іх лічыў сябе “пупам зямлі”, увасабленьнем “рэвалюцыйнай законнасьці”.
    Маё сутыкненьне з органамі, калі не лічыць тых, хто мяне арыштоўваў, - падробленых пад старшых лейтэнантаў пехацінца і артылерыста, адбылося праз 35 дзён пасьля таго, як мяне пасадзілі ў Краснадары ў сутарэньне НКВД. Я шмат часу ішоў этапам у Менск у сталыпінскіх вагонах, падоўгу адседжваючы ў турмах, пачынаючы з Краснадарскай, што на Дубінцы, у Растоўскай, Харкаўскай перасыльнай, Кіеўскай, што на Лук'янаўцы, Аршанскай. За гэты час сустрэўся з мноствам людзей асуджаных, падсьледных і, зразумела, страціў усялякія ілюзіі. Я ўжо ведаў, з кім буду мець справу.
    У Менск наш сталыпінскі вагон прыбыў раніцай з маскоўскім цягніком. Вагон адчапілі і пакінулі на крайнім пуці паміж Заходнім мостам і вакзалам. Прыехаў “варанок” і апэратыўна даставіў мяне да пачатку працоўнага дня ў будынак НКВД БССР. Людзі старэйшага пакаленьня добра памятаюць гэты дом на вуліцы Савецкай паміж вуліцамі Валадарскага і Камсамольскай. Там заўсёды на тратуары “прагульваўся” паставы, не дазваляючы прахожым спыняцца.
    Мяне адразу прывялі ў кабінэт начальніка 4-га сакрэтна-палітычнага аддзела НКВД БССР Марыі Антонаўны Губскай. Там я павінны быў пачакаць, пакуль зьявіцца прызначаны мне сьледчы Шэйкман. У абліччы Губскай не было нічога такога, што выдавала б у ёй монстра. Звычайная жанчына, прыкладна саракагадовага, як кажуць, бальзакаўскага ўзросту, ці то бялявая, ці то русявая, яшчэ не кранутая завяданьнем, вонкава нават сымпатычная. На стале зазваніў тэлефон. Яна падняла слухаўку. З размовы можна было лёгка здагадацца, што тэлефанаваў сынок ці дачушка. Колькі ў яе голасе было жаночай, мацярынскай пяшчоты, ласкі! Яна тлумачыла, што зьесьці, што апрануць, перш чым пайсьці ў школу. Усё гэта не магло выклікаць нічога іншага, акрамя замілаваньня. Адным словам, вонкава ў ёй не было нічога адыёзнага.
    А між тым па начах яна, як ваўчыха, рыскала па горадзе, калі наш Минск усталый мирно спал”, урывалася ў кватэры, дзе жылі звычайныя савецкія людзі, якія не адчувалі за сабой аніякай віны, капалася ў іх асабістай маёмасьці. Яна забірала з сабою бацькоў ад дзяцей, якія крычалі немым голасам, падсьвядома адчуваючы, што становяцца сіротамі. Для яе ж гэтыя дзеці былі не свае - чужыя. Нашаму “кіраўніку нацдэмаўскай групы” была зроблена вялікая “ласка” - ён быў арыштаваны самой Губскай.
    Працуючы на адказнай пасадзе ў НКВД БССР у Менску, у пэрыяд эскаляцыі тэрору гэтая жанчына прыносіла незьлічоныя беды, гора, няшчасьце ці сьмерць у Курапатах шмат каму з жыхароў горада і не толькі ім. Хто вымерае глыбіню ўсіх гэтых трагедый, хто загладзіць іх хоць бы часткова, хоць бы пакаяньнем?
    Мая прысутнасьць у кабінэце Губскай не магла не стварыць атмасфэру напружанасьці. Першай загаварыла яна. Загаварыла “прафэсійна”. Гэта было пытаньне: “Што ты ведаеш пра контррэвалюцыйную дзейнасьць свайго брата Ўсевалада Шыдлоўскага?” Я адказаў, што мой брат ніякай контррэвалюцыйнай дзейнасьцю не займаўся. Патрэбы ні ў гэтым пытаньні, ні ў маім адказе не было. Яны павінны былі толькі разрадзіць цяжкую атмасфэру маўчаньня.
    Справа ў тым, што на той час ужо сядзела група былых студэнтаў ВПІ, у тым ліку і пісьменьнік Сяргей Грахоўскі. (Мой брат і Грахоўскі былі аднакурсьнікамі.)
    У працэсе сьледзтва нас не спрабавалі якім-небудзь чынам паяднаць. Не было нават аніякага намёку на гэта, што цалкам зразумела: чым больш “раскрытых контррэвалюцыйных груповак”, тым больш шанцаў на ўзнагароды і павышэньне ў чынах.
    У беларускага народа ёсьць такая прымаўка: “Насіў воўк, панесьлі і воўка”. Неўзабаве “бліскучая” кар’ера Губскай раптоўна абарвалася. Пасьля фіяска Ягоды нехта з каманды Яжова арыштаваў і Губскую, сеўшы ў яе наседжанае крэсла. Мажліва, гэта быў які-небудзь Ермалаеў ці Крупянкоў, мажліва, нехта іншы, што не так ужо істотна.
    Злавесным ва ўсім гэтым было тое, што ўсе справы “ягодаўскага” пэрыяду, сфабрыкаваныя органамі, заставаліся ў сіле да ХХ зьезда партыі і пазьней. Тэрор пры Яжове значна ўзмацніўся. У гэтым іронія лёсу такіх і больш значных пешак, як Губская, што выбылі з шулерскай злачыннай гульні на шахматнай дошцы сталінізму.
    У лягер Губская не трапіла. Яе памучылі і вызвалілі “з-за адсутнасьці складу злачынстваў”. Праўду кажуць у народзе, што воран ворану вачэй не выдзеўбае.
    Вось што піша наконт гэтага вядомы гісторык, прававерны камуніст Рой Мядзьведзеў у творы, цытаваным вышэй: “Частку супрацоўнікаў НКВД зьнішчылі ў часы Сталіна. Некаторых пакаралі ў 1953-1957 гадах. Але шмат хто абышоўся лёгкім спалохам - іх звольнілі з пасад, якія яны займалі, і накіравалі на іншую працу ці на пэнсію”.
    Мяне перадалі Шэйкману ў яго кабінэце. Расьпяразваючы свой макінтош нядаўна ўведзенай для НКВД уніформы, названай кімсьці “ягодаўкай”, ён задаў мне нязначныя пытаньні, імкнучыся наладзіць кантакт. У сваю чаргу я прыглядаўся да яго - будучага вяршыцеля майго лёсу. Росту ён быў сярэдняга ці нават ніжэй сярэдняга. Яго цёмныя вочы - з ледзь заўважнай касавокасьцю. Чорныя, шорсткія валасы, утваралі непаслухмяную шавялюру. Калі б не ўніформа, ён выглядаў бы звычайным местачковым хлопцам, якім, уласна, і быў, бо нарадзіўся і вырас у з Мазыры. Што прывяло яго ў органы на шлях сьледчага, сказаць цяжка. Відаць, яму давала поўнае задавальненьне тое, што студэнты - яго аднагодкі цэлымі гуртамі праходзілі праз ягоныя рукі і падводзіліся яго намаганьнямі пад суды, што забясьпечвала рост прэстыжу і абавязковае прасоўваньне па службе. Ён належаў да катэгорыі местачковых “падонкаў” (выраз Яўгеніі Альбац), якія пацягнуліся ў органы, што лічылася прэстыжным сярод недалёкіх людзей. Такі тып выведзены паэтам Іосіфам Уткіным у “Аповесьці пра рыжага Мотэлэ”.
    З першага ж допыту мне стала зразумела, што асаблівай цікавасьці для яго я не ўяўляю. Я быў патрэбны трэцім, проста для камплекту, бо што гэта за контррэвалюцыйная група з двух чалавек? За 35 дзён майго этапаваньня з Краснадара ў Менск сьледзтва, па сутнасьці, скончылася. Намаганьнямі сьледзтва была сабрана “контррэвалюцыйная нацдэмаўская група” з чатырох чалавек у складзе трох вайскоўцаў (вайсковага фэльчара, курсанта артшколы, майстра зброі) і аднаго цывільнага - студэнта. У кіраўнікі групы сьледзтвам быў “узьведзены” вайсковы фэльчар, які пазьней загінуў на Калыме, цяпер рэабілітаваны пасьмяротна з-за адсутнасьці складу злачынстваў. Фэльчар даволі ўпарта адмаўляў высунутыя супраць яго абвінавачваньні. Але жорсткія катаваньні пад час сьледзтва прымусілі яго прызнаць усё, што паказаў студэнт. Тады вытанчана дзейнічалі “яжовыя рукавіцы”. Фэльчар падпісаў усё, што ад яго патрабавалі. На яго няшчасьце, знайшліся і “рэчавыя доказы”: канфіскаваныя пад час арышту вершы, у якіх вынайшлі “крамолу”. Хто ведае, можа, загінуў паэт, талент якога не пасьпеў раскрыцца.
    Маё прыбыцьцё этапам у Менск са значным спазьненьнем, па сутнасьці, на шапачны разбор, ужо не магло паўплываць на вынікі сьледзтва. А ці магло яно паўплываць наогул? Не мела ніякага значэньня маё адмаўленьне віны і непрызнаньне сябе вінаватым.
    Аднак Шэйкман звыкла рабіў сваю справу, не грэбуючы нават дробнымі паскудзтвамі і падлогамі. Допыт вёўся на расейскай мове. Да прыкладу, калі я казаў: “Он мой соученик”, то сьледчы выкарыстоўваў сугучнасьць словаў і пісаў у пратаколе: “Он мой соучастник”, спадзеючыся, што я не заўважу падлогу. Даводзілася тыцкаць яго носам і выкрываць у непрыстойнасьці. Аднаго разу ён абурыўся і пачаў крычаць, абзываючы мяне ворагам народа. Я адмовіўся даваць паказаньні. Тады сьледчы выклікаў па ўнутраным тэлефоне на дапамогу Губскую. Тая каршуном уляцела ў кабінэт Шэйкмана, істэрычна крычала і размахвала перад маім тварам кулакамі, аднак выцяць не асьмелілася. І ўсё ж нарэшце абвастрэлае супрацьборства паміж мною і сьледчым скончылася кампрамісам, які выявіўся ў аднаўленьні карэктнасьці з боку Шэйкмана, хоць і прытворнай, няшчырай.
    Абвінавачваньні былі недарэчныя, надуманыя, прымітыўныя. Усялякія сяброўскія сустрэчы, дарэчы сказаць, вельмі рэдкія, якія праходзілі з нагоды сямейных урачыстасьцяў ці проста так, расцэньваліся сьледзтвам як “сход групы”. Допыт круціўся вакол нікчэмных фактаў, якім надавалася палітычная інтэрпрэтацыя. Абыгрывалася сяброўская размова (а мы былі сябрамі з дзяцінства), якая быццам бы калісьці адбылася, пра тое, што калгасьнікі пакідаюць вёску і едуць у горад. На самой справе такой размовы ніколі не было, хоць калгасьнікі сапраўды пачалі пакідаць вёску ў пошуках лепшага жыцьця. Сур’ёзным абвінавачваньнем лічылася “захоўваньне контррэвалюцыйнай літаратуры”, у разрад якой трапілі пэрыядычныя выданьні мінулых гадоў, творы беларускіх пісьменьнікаў, абвешчаных “ворагамі народа”, і шэраг кніг беларускіх клясыкаў (Багдановіча, Купалы, Коласа), працы арыштаваных вучоных, у тым ліку і навучальныя дапаможнікі. Да крамольнай літаратуры была далучана і паэзія Ясеніна, творчасьць якога характарызавалася тагачаснай крытыкай як “бандыцкае выяўленьне кулацка-трацкісцкай ідэалёгіі”. Шэйкман гартаў перада мною рукапісныя сшыткі вершаў Ясеніна, канфіскаваныя ў мяне, лічачы іх доказам маёй віны.
    Сьледчы ахвотна даваў мне чытаць “выбітыя” паказаньні “кіраўніка групы”, ад якіх апошні адмовіўся перад трыбуналам, і ніколі - паказаньні студэнта. З імі я азнаёміўся праз 51 год у вайсковай пракуратуры, калі трымаў у руках тоўстую папку нашай справы з грыфам “захоўваць вечна”. У ёй на пажаўцелых лістах зафіксавана ўся недарэчнасьць, якая адбылася з намі тады і якая каштавала жыцьця аднаму з нас траіх, адпраўленых з тэрмінамі ў лягеры.
    У абвінаваўчым заключэньні адзначалася (вядома, для адводу вачэй), што сьледчыя матэрыялы пра ўдзел чацьвёртага, г.зн. студэнта, у гэтай “контррэвалюцыйнай групе” вылучаюцца ў асобную справу. Студэнт пакінуў турму, каб працягнуць вучобу і, бясспрэчна, сэксоцтва.
    Усе матэрыялы допытаў захаваліся ў пратаколах у выглядзе пытаньняў і адказаў і толькі паказаньні студэнта носяць форму маналёга. З гэтага можна зрабіць, бадай, адзіную выснову: у НКВД тады існаваў нейкі каардынацыйны аддзел, дзе канцэнтраваліся і захоўваліся арыгіналы даносаў, і толькі потым, пасьля арышту на іх падставе, машынапісныя копіі накіроўваліся сьледчым, дзе далучаліся да справы. Я зразумеў, што адпраўным пунктам, які паслужыў узьнікненьню нашай справы, быў названы вышэй маналёг.
    Такім чынам, з дапамогай сэксота была “разгромлена” яшчэ адна “контррэвалюцыйная нацдэмаўская групоўка”. А ў вызначэньні Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР пры пераглядзе нашай справы ў траўні 1989 года запісана літаральна наступнае: “Як вынікае з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР, а таксама архіва Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП Беларусі, у пэрыяд 1920-30 гг. на тэрыторыі Беларускай ССР арганізацыі “БНЦ” – “Нацдэмы” не існавала”.
    Там жа адзначаецца, што “студэнт”, калі яго патурбавалі ў кастрычніку 1988 года, паказаў, што справа ў дачыненьні да яго была спынена ў студзені 1937 года за недаказанасьцю віны. З гэтага вынікае, што ён на ўсіх нашых не такіх ужо частых сяброўскіх сустрэчах прысутнічаў не як сябра, а як сэксот НКВД. Фальсыфікацыя гэтых сустрэч у яго даносе адыграла сваю каварную ролю. Ён прыслужваў органам, таму не быў асуджаны разам з намі. Ён быў патрэбны органам для чарговых сцэнарыяў.
    Больш чым паўстагодзьдзя прайшло з тых часоў. Азіраючыся на мінулае, я думаю не толькі пра незьлічоныя ахвяры, але і пра памагатых органаў - сэксотаў, стукачоў, інфарматараў, “наседак”, даносчыкаў, таптуноў, “кансультантаў”, тлумачальнікаў “чысьціні ідэй” і іншых. Хто яны? Фанаты? Ці тыя, хто страціў сумленьне? Ці хто заняпаў духам?.. Менш за ўсё было першых, болей - апошніх. Калі б у гэты час у краіне было нармальнае становішча, то адмоўныя рысы чалавека не выявіліся б у такой агіднай форме ў характарах і дзеяньнях іх носьбітаў. Яны проста заглухлі б, апынуўшыся ў рудымэнтарным стане. Але насеньне ліха, беззаконьня і самадурства легла на спрыяльную глебу. Яно дало буйныя ўсходы і, як чартапалох, заглушыла прыроджаныя чалавечыя якасьці: дабрату, спагаду, літасьцівасьць, сумленнасьць і г.д. Дайшло нават да масава-псыхозных мітынговых патрабаваньняў сьмерці невядома каму і невядома за што. А тыя, хто не паддаваўся масаваму псыхозу, замкнуліся ў сабе, маўчалі ў чаканьні, малітоўна паўтараючы пра сябе засьцярогу, выказаную Ясеніным наступнымі словамі: “Только бы мне, как ромашке, не скосили головы”. А ў неабходным выпадку адпаведна дзейнічалі, падпарадкоўваючыся інстынкту захаваньня. Калі ўчынкі фанатаў у служэньні органам мелі сакрамэнтальны характар, то для тых, хто заняпаў духам, - практычны. “Што мне да блізкіх? Толькі б самому ацалець”. Пры вярбоўцы сэксотаў вельмі добра дзейнічаў шантаж з боку органаў. Там, дзе законы, якія павінны забясьпечваць правы грамадзян, не дзейнічаюць, вельмі лёгка загнаць чалавека ў тупіковую сытуацыю. І на самой справе, калі Садоўскага можна было штурхнуць на шпіянаж за мяжою, то гэткім жа спосабам іншых - на ўнутраны шпіянаж. Незалежна ад пабуджальных матываў сэксоты і былі ўнутранымі шпіёнамі, што знаходзіліся на службе (платнай ці бясплатнай) у органах НКВД. Закамуфляваныя, яны ўкараняліся ў асяродзьдзе, у калектыў і, як чарвяточына пад карой дрэва, разьядалі іх, прыводзячы вызначаных ахвяраў да трагічных наступстваў.
    Я яшчэ да арышту ведаў, што студэнт мае кантакты з супрацоўнікамі органаў НКВД. Не адчуваючы за сабой аніякай віны, я не надаваў гэтаму ніякага значэньня і тым больш не мог прадбачыць магчымыя наступствы гэтых кантактаў. Вонкава яны былі бяскрыўдныя. Студэнт расказваў мне, што жонка аднаго буйнога энкэвэдзіста пажадала вывучаць замежную мову, каб мець магчымасьць знаёміцца з замежнай (заходняй) пэрыёдыкай. Яна зьвярнулася ў студкам ВПІ з просьбай замацаваць за ёю каго-небудзь з аддзяленьня замежных моваў для хатніх заняткаў. Выбар прыпаў на нашага сябра, і ён стаў бываць на кватэры ў гэтага буйнога чына органаў.
    Аднаго разу студэнт праводзіў сваю каханую дзяўчыну ў студэнцкі інтэрнат і затрымаўся там да глыбокай ночы. Вяртаўся ўжо амаль пад раніцу. Каля аднаго будынка адламаў галінку бэзу, якая зьвісала над вуліцай. Тут жа быў схоплены і пасаджаны ў сутарэньні НКВД. Раніцой допыт пачаўся з таго, як ён апынуўся і што рабіў каля гэтага будынка. Як высьветлілася, у гэтым доме жыў высокапастаўлены службовец ЦК КПБ. Тлумачэньні студэнта пад увагу не прымаліся. Тады ён сказаў, што знаёмы з жонкай іх буйнога начальніка. Патэлефанавалі ёй дадому, каб упэўніцца, ці праўду ён кажа. Гэтая дама неадкладна зьявілася ў будынак НКВД і адразу строга спытала студэнта, як ён сюды трапіў. Прыйшлося расказваць: “Праводзіў студэнтку, вяртаўся і г.д.” Дама расчулена ўсклікнула: “Ах, закаханы Амур! Навошта вы яго трымаеце? Адпусьціце!” І студэнт быў вызвалены. Паступова ён станавіўся сваім у гэтым асяродзьдзі. Слабавольны, нерашучы, баязьлівы, ён быў прыцягнуты да сакрэтнага супрацоўніцтва.
    Распавядаючы пра гэта, я не стаю на пазыцыі ўсёдараваньня. Разам з тым разумею, што ўсе мы ахвяры малоха сталінізму - і пацярпелыя, і сэксоты (ва ўсялякім разе нейкая частка з іх). Мяне хвалюе адно пытаньне: ці хопіць у каго-небудзь з іх мужнасьці хоць цяпер, каб напісаць пакаянныя ўспаміны? Ці выкарыстае хто-небудзь гэтую магчымасьць з ліку тых, хто яшчэ жывы і здаровы і хоць крыху валодае пісьменьніцкімі здольнасьцямі? Такіх прыкладаў пакуль няма. А гэта сьведчыць пра абсалютную маральную дэградацыю гэтых людзей.
    Паводзіны студэнта былі тыповымі для сэксотаў. Іх заўсёды разьдзірала ўнутраная барацьба. Сумленьне да пары да часу жывіла зародкі чалавечнасьці, пакуль душа не аказвалася канчаткова разбуранай, спустошанай і прыгнечанай жывёльным інстынктам самазахаваньня ва ўмовах татальнага тэрору і самадурства, што лявінай абрынуліся на народ. Ім уласьцівыя былі глухата да людзкіх бедаў і пакут, бяздушнасьць у дачыненьнях да блізкіх, знаёмых, былых сяброў, нават сваякоў, якія трапілі па іх ці нават не па іх віне пад каток рэпрэсій.
    Тым часам у ВПІ на геаграфічным аддзяленьні вучылася мая сястра. Калі з намі было ўсё скончана, студэнт, як быццам нічога і не адбылося, як пасьля канікул, камандзіроўкі ці адпачынку, зьявіўся ў інстытут і, можна меркаваць, працягваў “выяўляць ворагаў народа” сярод студэнцтва. Гэта ж ён быў у свой час падселены ў інтэрнат польскай сэкцыі. Ён перастаў вітацца з маёй сястрой без усякіх падставаў на гэта. Сустракаючыся ў калідорах інстытута, ён пагардліва праходзіў міма ці рабіў выгляд, што не заўважае яе. Такія сустрэчы пасьля таго, што адбылося, зразумела, былі яму непрыемныя. Спачатку ніхто і не ведаў на геафаку пра бяду, якая напаткала нашу сям’ю. На той час быў асуджаны і мой старэйшы брат, які працаваў адказным сакратаром газэты “Піянер Беларусі” і вучыўся на газэтным аддзяленьні вячэрняга Камвуза імя Леніна.
    Калі студэнты геаграфічнага факультэта ВПІ даведаліся, што іх аднакурсьніца - сястра асуджаных “ворагаў народа”, у кіраўніцтве камсамольскай арганізацыі факультэта ўзьняўся лямант і ўлюлюканьне. Урэшце гэта вылілася ў ганеньне і патрабаваньне выключыць сястру з інстытута. Рэктар баязьліва пайшоў насустрач “пільнаму” камсамолу, і сястра апынулася за сьценамі інстытута. Прыклаўшы нечалавечыя намаганьні і настойлівасьць, паабіваўшы парогі розных устаноў на працягу года, яна ўсё-такі вярнулася ў інстытут і закончыла яго на год пазьней за “пільных”.
    Здарылася так, што студэнт, прайшоўшы праз вайну, і я - праз ГУЛАГ, вярнуліся ў Менск. Першая сустрэча была выпадковай і выклікала ў яго дрэнна схаваную зьбянтэжанасьць. Ранейшыя дачыненьні не маглі аднавіцца па зразумелых прычынах. Здараліся сустрэчы і пазьней, часьцей за ўсё на розных вечарынах у Доме пісьменьнікаў, якія я часам наведваў. Стаўленьне да мяне мянялася ў залежнасьці ад каньюнктурных зьменаў у краіне. Былі выпадкі (пасьля прыходу да ўлады Брэжнева), калі студэнт мяне не заўважаў. Гэта ў яго добра атрымлівалася, бо было адпрацавана з артыстызмам, набытым яшчэ ў студыі Галубка. Такія дачыненьні, па сутнасьці, не зазналі сур’ёзных зьменаў да самой яго сьмерці. Зразумела, яго самаўпэўненасьць і самаадчуваньне з пачаткам перабудовы не маглі заставацца ранейшымі. Адчуваньне пагрозы выкрыцьця не садзейнічала ранейшаму душэўнаму камфорту і спакою, хоць напярэдадні перабудовы ён у адной публікацыі яшчэ жангліраваў тэрмінам “белбурнацы”, запазычаным у некаторых “ідэйна чыстых” прокшаў, бажкоў і іншых пасрэднасьцяў з пісьменьніцкага асяродзьдзя.
    Сьледчы пракуратуры БВА пры пераглядзе нашай справы палічыў неабходным патурбаваць і былога студэнта. Што ён адказваў на пытаньні сьледчага, зьявіўшыся па выкліку, я ўжо не ведаю. Пад час наведваньня сьледчага пасьля гэтага я пацікавіўся, што сказаў студэнт. Той адказаў: “Што з яго ўзяць. Стары чалавек. У яго трасуцца рукі. Сказаў - такі быў час”. А ён жа малодшы за мяне. І рукі ў яго трэсьліся не ад старасьці. Проста надышоў час, калі ён апынуўся ва ўладзе жывёльнага страху. Гэта ж не жартачкі - варушаць стары пыл, выклікаюць для тлумачэньняў. Магчымае выкрыцьцё сапраўднай ролі - а гэта пры яго рэпутацыі, набытай рознымі спосабамі, - магло ўвесьці ў шокавы стан. Пры іншых абставінах ён умеў добра валодаць сабою.
    1988-1989 гг.
    /Вячаслаў Шыдлоўскі. Рысы майго пакалення. Менск. «Тэхналогія». 2001./