среда, 17 сентября 2014 г.

Станіславас Гедзімінас Ілгунас. Юнацтва Чэрскага. Койданава. "Кальвіна".2014.

 




                                          АЎТАР  ЖЫЦЬЦЁПІСУ  ЯНА  ЧЭРСКАГА


    Станіславас Гедзімінас Ілгунас (Stanislovas Gediminas Ilgūnas) нар. 29 сакавіка 1936 г. ў вёсцы Канталішкяй /Kantališkiuose Sasnavos valsčius, Marijampolės apskritis/ Марыямпальскай акругі Летувіскай Рэспублікі.
    У 1951 г. разам з бацькам быў арыштаваны за захоўваньне і распаўсюджваньне антысавецкай літаратуры ды за дапамогу лясным братам. Бацьку Пранаса прысудзілі да 25 гадоў пазбаўленьня волі, а тады яшчэ 14-летняга Гедзімінаса адпусьцілі. У 1953 г. Гедзімінас Ілгунас быў арыштаваны за стварэньне антысавецкай групы моладзі.
    У 1957 г. Гедзімінас выйшаў на волю ды вярнуўся ў Капсукас (Марыяпаль), працаваў на цукровым заводзе. У 1966 году пераехаў у Янава, працаваў на заводзе азотных угнаеньняў, у 1968-1990 гг. быў начальнікам аддзела Янаўскага будаўнічага трэста.
    Завочна скончыў Каўнаскі эканамічны тэхнікум (1967), вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце на факультэце гісторыі і філялёгіі (1967-1976), у 1976 г. атрымаў дыплём журналіста.
    У 1988 г. быў адным са стваральнікаў Саюдзіса ў Янаве. У 1990 г. быў абраны ў Вярхоўную раду - Аднаўленчы Сойм.
    У 1993-1997 гг. быў гендырэктарам Літоўскай дырэкцыі архіваў, у 1997-1998 гг. - дараднікам прэзыдэнта Альгірдаса Мікаласа Бразаўскаса, з 1998 г. - дырэктарам Дырэкцыі тысячагодзьдзя Літвы пры канцылярыі прэзыдэнта Літоўскай Рэспублікі Валдаса Адамкуса.
    З жонкай Бируте выхаваў чатырох дзяцей.
    Памёр 8 траўня 2010 года.
    Улетку 1982 года пад эгідай Летувіскай АН была зьдзейсьнена экспэдыцыя прысьвечаная памяці ўсясьветна вядомага дасьледчыка Ўсходняй Сыбіры Яна Чэрскага, якая прайшла па ягоным маршруце 1892 года. Ейныя ўдзельнікі пранесьлі па шляху экспэдыцыі жменю зямлі са двара гісторыка-філялягічнага факультэта Вільнюскага Дзяржаўнага унівэрсытэту па якому, тады Віленскаму, калісьці крочыў знакаміты вучоны і высыпалі яе на ягоную магілу. У склад экспэдыцыі ўваходзілі: ад АН Летувіскай ССР Г. Ілгунас (кіраўнік); Б. Калушкявічюс (дырэктар навуковай бібліятэкі Каўнаскага мэдычнага інстытута); А. Юшкявічютэ (геоляг з Вільнюса); І. Ігнатавічэне (кандыдат геаграфічных навук). Дарэчы Ілгунас прысьвяціў Чэрскаму шэраг прац: Jonas Čerskis. Vilnіus. 1959; Jonas Čerskis. Vilnius, 1983. 144 p.; И. Черский и Вильнюс. // Вопросы истории науки и техники Прибалтики (Тезисы докладов ХІІ Прибалтийской конференции по истории науки и техники) Вильнюс. 1979. С. 178-179; Дзяцінства і юнацтва Яна Чэрскага. // Бярозка. № 1. Мінск. 1996. С. 14-15; Nuo Neries iki Kolymos: Jonas Čerskis. Vilnius. 2008. 278 p.
    Айта Лабуя,
    Койданава.

                                                     ЮНАЦТВА  ЧЭРСКАГА
    У школах Вільні
    Малалецтва, маладосьць географа, геоляга, палеантоляга, дасьледчыка Сыбіры, Якуціі Я. Д. Чэрскага [1] прайшлі ў Вільні. У літаратуры на расійскай мове дагэтуль анічога не апублікавана пра гады вучобы Я. Д. Чэрскага ў Вільні, удзеле ў паўстаньні 1863 года. Біёграфы, якія пісалі аб гэтым пэрыядзе ягонага жыцьця, паўтаралі агульныя фразы, ці наогул анічога не пісалі. Памылкова (Б. Дыбоўскі) [2] запэўніваюць, што Я. Д. Чэрскі не валодаў замежнымі мовамі, што пасьля паланеньня ён утрымліваўся ў Віцебскай турме, там быў і засуджаны.
    У той час віленскія школы, іх грамадзка-культурнае, палітычнае асяродзьдзе сфармавалі Я. Д. Чэрскага як чалавека і асобу. Акрамя Вільні ані ў якой школе больш ён ужо не вучыўся. Дакумэнты ягонай маладосьці, школьных гадоў, удзелу ў паўстаньні даюць магчымасць праўдзіва падаць шлях вучонага – ад летувіскай ракі Нярыс [3] да якуцкай ракі Калымы, на якой ён сканаў у час экспэдыцыі 1892 года.
    Дванаццацігадовы Я. Чэрскі пачаў вучыцца ў Вільні ў 1857 годзе, куды ён прыбыў з роднага Свольнінскага маёнтка [4], які знаходзіўся ў Дрысенскім павеце Віцебскай губэрні. У цяперашні час тут знаходзіцца трэцяя брыгада калгаса “Ленінскі шлях” [5] Верхнядзьвінскага (былога Дрысенскага) раёну Віцебскай вобласьці Беларусі. У 1970 годзе ў вёсцы Свольна яшчэ стаяў стары жылы дом Чэрскіх, які не захаваўся да нашых дзён.
    Па прыезьдзе ў Вільню Я. Чэрскі пачаў вучыцца ў Віленскай 1-й гімназіі. У Цэнтральным Гістарычным Архіве Летувіскай ССР (далей ЛДЦГА) знойдзеныя клясныя журналы веравызнаньня і нямецкае мовы 1857-1858 навучальнага году. У іх значыцца і прозьвішча з адзнакамі вучобы Яна Чэрскага, вучня другога клясу. Па вышэйзгаданым прадметам у яго чацьвёркі і пяцёркі. У ягоным клясе – 51 вучань. Усяго ў гімназіі было 7 клясаў. Гімназія знаходзілася ў будынку сучаснага Віленскага ўнівэрсытэта, які ў 1979 годзе адзначыў 400-дзе свайго існаваньня.
    Пад час вучобы Чэрскага ў сьценах унівэрсытэту, апошні быў зачынены з-за актыўнага ўдзелу ягоных студэнтаў у паўстаньні 1831 году. Некаторыя з выкладчыкаў пасьля закрыцьця парабіліся настаўнікамі Віленскай 1-й гімназіі. дзе вучылася нямала юнакоў, якія пазьней зрабіліся правадырамі рэвалюцыйнага руху. У 1856 г. гімназія мела нядрэнную па тым часе, бібліятэку: 994 тамоў кніг 509 назваў.
    Як ужо адзначалася, у гімназіі Чэрскі пачаў вучыцца ў другім клясе. У клясных журналах 1856-1857 навучальнага году яго імя няма. Дзе ён атрымаў пачатковую адукацыю і скончыў першы кляс, дагэтуль невядома. У 1858-1859 навучальным годзе Чэрскі – ужо ў трэцім клясе, у першым ягоным аддзяленьні. (Клясы з-за вялікай колькасьці вучняў былі разьдзеленыя на аддзяленьні). Разам з Чэрскім вучыўся А. Бараноўскі, які пазьней таксама зрабіўся паўстанцам 1863 году.
    Вынікі вучобы Я. Чэрскага у трэцім клясе вельмі сьціслыя. У гімназіі выводзілася сярэдняя месячная адзнака. Па закону божаму за кастрычнік – чацьвёрка, студзень – двойка, усе астатнія месяцы – тройкі. Па прыродазнаўчай гісторыі: лістапад – двойка, люты – чацьвёрка, астатнія тройкі. Па ўсеагульнай і расійскай гісторыі – усе двойкі, за выключэньнем лістапада. Расійская мова – за студзень – двойка, астатнія – тройкі, і толькі па нямецкай мове ў Я. Чэрскага пяцёркі. Мабыць прычынай дрэннай пасьпяховасьці было слабае здароўе, бо толькі ў верасьні з-за хваробы прапушчана 7 дзён заняткаў. Столькі ж прапушчана і ў іншыя месяцы, прычыны – тыя ж.
    У сьпісах вучняў 1859-1860 навучальнага году Віленскай 1-й гімназіі Чэрскага ужо няма. Згодна сьцьвярджэньню польскага біяграфічнага слоўніка, пачынаючы з чацьвёртага клясу, ён перайшоў вучыцца ў Віленскі шляхетны інстытут.
    Пасьля закрыцьця Віленскага ўнівэрсытэту ў 1831 годзе былі адчынены шляхетныя школы, у прыватнасьці, у Вільні – шляхетны інстытут тыпу гімназіі. Тут нягледзячы на суровую дысцыпліну сярод вучняў распаўсюджваліся настроі супраць цара, дзейнічалі тайныя гурткі. У інстытуце выкладалі вядомыя прагрэсіўныя людзі таго часу, гэткія, як Станіслаў Манюшка, мастак Канут Русецкі. Інспэктарам школы быў Каліноўскі, бацька Язэпа Каліноўскага, стваральніка вайсковай сэкцыі аддзела, які кіраваў правінцыямі Літвы ў паўстаньні 1863 году. Французскую мову выкладаў італьянец Ахіл Банольдзі – фатограф, настаўнік скокаў, опэрны сьпевак і актыўны ўдзельнік паўстаньня 1863 году.
    У ЛДЦГА няма клясных журналаў і сьпісаў вучняў 1859-1860 ды 1860-1861 навучальных гадоў Віленскага шляхетнага інстытуту. Я. Чэрскі ў гэты час павінен быў вучыцца тут у чацьвёртым і пятым клясах. Клясныя журналы маюцца толькі за 1861-1862 навучальны год. У сьпісах вучняў шостага клясу знаходзіцца і Я. Чэрскі. Калі ў трэцім клясе 1-й Віленскай гімназіі ён вучыўся даволі дрэнна, то тут ён адзін з лепшых вучняў, хаця гадавая адзнака па паводзінах толькі 4. Першы трымэстар – 5, другі – 4, трэці – 3. Магчыма, Я. Чэрскі яшчэ не быў на баку антыўрадавых маніфэстацыяў, якія распачыналіся у горадзе.
    Хаця ў 1861-1862 навучальным годзе паводзіны Я. Чэрскага не выдатныя, вучыцца ён добра. Пасьля заканчэньня навучальнага года ў кожным клясе былі іспыты. Па заканчэньні іх падсумоўваліся гадавыя і атрыманыя на іспытах адзнакі і па кожнаму прадмету выводзілася сярэдняя гадавая адзнака. У гадавым журнале Чэрскаму выведзены наступныя адзнакі: закон божы, катэхізіс, сьвяшчэнная і царкоўная гісторыя – 5, руская мова – 5, руская славеснасьць – 4, усеагульная гісторыя – 5, расійская гісторыя – 4, альгебра – 3, геамэтрыя – 4, фізыка – 4,33, прыродазнаўчая гісторыя – 4,83, лацінская мова – 4,67, польская мова – 5, французская мова – 4,5, нямецкая мова – 4,33. У канцы – заўвага “Варты пераводу”.
    У 1862-1863 навучальным годзе Чэрскі ўжо ў сёмым, апошнім клясе. Ён напярэдадні заканчэньня прывілеяванай школы. Пасьля гэтага ён зможа паступіць ва ўнівэрсытэт або атрымаць дзяржаўную службу. У гэтым годзе ў клясе Я. Чэрскага толькі 17 вучняў. У клясным журнале за першы і другі трымэстар ягоныя адзнакі – амаль адны пяцёркі, за выключэньнем дакладных навук, дзе маюцца тройкі. Паводзіны за першы трымэстар – 4, за другі – 5.
    У клясным журнале за трэці трымэстар Я. Чэрскага ўжо няма. Віленская акруга па адукацыі некалькі разоў патрабавала ад Шляхетнага інстытута зьвестак аб навучэнцах. У адказе інстытута акрузе ад 20 верасьня 1863 года чытаем, што ў пачатку 1863 года ў інстытуце вучылася ўсяго 139 навучэнцаў, а пад час адказу – толькі 86. У сьпісе тых, хто самастойна пакінуў інстытут, сярод 22 іншых навучэнцаў розных клясаў ёсьць і прозьвішча навучэнца сёмага клясу Я. Чэрскага. У гадавой зводцы навучэнцаў сёмага клясу побач з прозьвішчам Чэрскага напісана чырвоным атрамантам заўвага “не вярнуўся пасьля масьленіцы”. У сьпісе навучэнцаў, якія самавольна пакінулі інстытут маецца гэткае растлумачэньне: “Чэрскі Іван, 19 год [узрост паказаны няправільна – Г. І.], бацькі – маці землеўласьніца Віцебскай губэрні, Дрысенскага павету, убыў 13 лютага да бацькоў”. Гэты дзень і трэба лічыць днём уключэньня Чэрскага ў справы паўстаньня.
    З клясу Я. Чэрскага, акрамя яго, выбылі і не закончылі школу яшчэ чацьвёра навучэнцаў: В. Бараноўскі, К. Клімчыцкі, С. Мазуркевіч і Р. Памарніцкі. Побач з іхнімі прозьвішчамі – размаітыя заўвагі, аднак нідзе не напісана, што яны пайшлі ў паўстанцы. У іншых жа справах мы знаходзім дакумэнты аб клясным таварышу Я. Чэрскага Бараноўскім, як аб удзельніку паўстаньня.
    Віленская сьледчая камісія па палітычным справам лістом № 628 ад 20 лютага 1864 года зьвяртаецца да дырэктара Віленскай 1-й гімназіі з запытам, ці не вучыўся ў 1862 або 1863 годзе злоўлены мяцежнік Бараноўскі. Калі вучыўся – як яго клічуць, дзе жывуць бацькі, калі пакінуў гімназію і іншае.
    Школьныя гады ў Вільне засталіся ў памяці Я. Чэрскага на ўсё жыцьцё. Амаль праз трыццаць гадоў, пад час сваёй апошняй экспэдыцыі з “краю сьвету”, якуцкага паселішча Верхне-Калымску 4 лютага (23 студзеня) 1892 года Я. Чэрскі пісаў у Пецярбург акадэміку Ф. Плеске: “Пішыце, калі ласка сёе-тое падрабязьней і аб усіх, прама ці ўскосна прыналежных да Акадэміі ... гэта мяне цікавіць, а таксама зьвесткі аб асобах, якіх я пакінуў пасьля заканчэньня вакацыйнага адпачынку ў інстытуце”.
    Гэтак скончылася вучоба Я. Чэрскага. Калі ён у лясах Віцебскай губэрні біўся з салдатамі царскага войска, дванаццаць, тых хто застаўся, ягоных клясных таварышаў здавалі ў інстытуце заключныя іспыты. Шасьцёра з іх былі ўсяляк ўзнагароджаны за добрыя паводзіны і вучобу. Я. Чэрскі замест атэстату аб заканчэньні інстытута атрымаў рашэньне вайсковага Дынабурскага [Даўгаўпілскага - Г І.] арданансгаўза быць сасланым у Сібір, рэкрутам у салдаты.
    У шэрагах паўстанцаў
    2 лютага 1863 года, калі Я. Д. Чэрскі яшчэ вучыўся ў інстытуце, было ўведзена вайсковае становішча ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях. Прычына гэткай меры – паўстаньне, якое пачалося ў Польшчы. Літоўскі правінцыяльны камітэт 1-га лютага абвясьціў на літоўскай ды польскай мовах маніфэст, які прапанаваў усім паўстаць. “Кроў, якая ліецца за Нёманам, заклікае нас да зброі” – пісалася ў маніфэсьце. Віленскія жыхары яшчэ ў студзені натоўпамі пачалі сыходзіць у паўстанцкія атрады. Мясцовая газэта “Виленский вестник” за 26 сакавіка пісала: “Шайкі мяцежнікаў ствараюцца пераважна з моладзі, якая скрытна уцякала з гораду і падпарадкавалася якойсьці таямнічай волі. Школьнікі, якія недавучыліся, масьцеравыя, дробныя чыноўнікі складаюць той зброд, які трымае край у трывожным становішчы і перарывае хаду мірных заняткаў, якія абслугоўвалі ягоны дабрабыт”.
    Здаецца, гэтай “якойсьці таямнічай волі”, па словах царскага карэспандэнта, падпарадкаваўся і Я. Д. Чэрскі.
    Да паўстанцаў Я. Чэрскі прыбыў са сваім таварышам Паўлам Чарвінскім.[6] У атрадзе ён разам з ім змагаўся з царскімі войскамі, разам яны былі ўзяты ў палон. П. Чарвінскі яшчэ ў 1862 годзе абвінавачваўся па Марыенгаўзенскай справе. У Марыенгаўзене дзейнічала тайная друкарня арганізацыі “Зямля і воля”, нарыхтоўвалася зброя, нейкі час друкавалася паўстанцкая газета “Mużyckaja prauda”. Маёнтак Марыенгаўзен знаходзіўся ў Люцінскім павеце Віцебскай губэрні. У ім Я. Чэрскі бываў яшчэ ў дзяцінстве з бацькам у ягонага гаспадара, маршалка губэрні Ліпскага, які прызнаў Я. Чэрскага у 1845 годзе сябрам шляхецкага саслоўя.
    На пачатку красавіка Я. Д. Чэрскі ўступіў у паўстанцкі атрад, які фарміраваўся ў Юхноўскім лесе [7], на мяжы Дрысенскага і Себежскага паветаў Віцебскай губэрні. Паўстанец П. Чарвінскі, які другі раз быў узяты ў палон 25 сьнежня 1863 года, у пратаколе допыту даў наступныя паказаньні: “у мяцеж ( ... ) мяне падгаварыў Кульчыцкі [8], у шайку яго першапачаткова і паступіў. Потым з другім таварышам – Чэрскім – адправіўся я з мэтай складаньня зброі, каб скарыстаць ўсяміласьцівую амністыю 1 траўня, але быў зьняволены ў Дынабургскую крэпасць, дзе і ўтрымліваўся”.
    П. Чарвінскі тут мае на ўвазе амністыю тым удзельнікам паўстаньня, якія да 1 траўня 1863 года “складуць зброю”. Аднак з далейшых сьведчаньняў П. Чарвінскага, а таксама з судовай справы Я. Чэрскага можна меркаваць, што яны добраахвотна здавацца не зьбіраліся.
    З судовай справы Я. Чэрскага выяўляецца, што ён быў у той частцы атрада Э. Б. Кульчыцкага, што і паўстанец Юліян Лепкоўскі – шляхціц маёнтка Казлова Дрысенскага павету. Апошні, узяты ў палон 29 красавіка 1863 года, даў наступныя паказаньні пра фарміраваньне і дзеяньне атрада:
    “Паўтары тыдні таму назад у нас пачалі перадаваць адзін аднаму, каб зьбіраліся ў Юхноўскі лес, а так як я даўно вырашыў далучыцца да паўстаўшых то і адправіўся туды са сваім малодшым братам Аўгустам Лепкоўскім. Разам з намі сабралася з Дрысенскага павета да 60 чалавек; на другі дзень у тым жа лесе, але ў іншым месцы сабралася яшчэ 60 чалавек з Себежскага павета, неўзабаве мы злучыліся разам і абралі ў кіраўнікі ў чаканьні сапраўднага начальніка, які меўся быць да нас, двух братоў Альшеўскіх. Па сканчэньні 3 дзён прыбыў да нас і галоўны начальнік, малады чалавек з русымі валасамі, прозьвішча ягонае мне невядома, таксама як і невядома тое, адкуль ён прыехаў. [Гэта быў Э. Б. Кульчыцкі. - Г. І.]
    Па прыбыцці начальніка мы пачалі займацца франтавымі вучэньнямі як то: паваротам і рассыпному строю, акрамя гэтага, кожны дзень рабілі перамяшчэньні ў Юхноўскім лесе, які распасьціраецца вёрстаў на 50. Атрад наш дзяліўся на 2 аддзяленьні, кожнае аддзяленьне ў 60 чалавек, у сваю чаргу падзялялася на дзесяткі, як у аддзяленьнях, гэтак і ў дзесятках былі старшыя. Пры атрадзе знаходзілася коньніца чыслом 16 чалавек і абоз, сьпярша да 15 павозак, а потым ён зьменшыўся да 5, так як мы, маючы на ўвазе пасоўваньне ў Літву, паступова зьменшвалі наш абоз, каб ён не абцяжарваў у нашым пасоўваньні. Коньніца была ўзброеная стрэльбамі, рэвальвэрамі і шаблямі, пяхота ж уся мела стрэльбы (былі нават запасныя стрэльбы), а некаторыя, звыш гэтага, мелі пісталеты, рэвальвэры і кінжалы. Харчы мы мелі часткай з сабой, як, напрыклад, саланіну, сьвініну, хлеб, сухары, часткай жа куплялі ў вёсках, як, напрыклад, быдла”.
    24 красавіка, калі паўстанцы спыніліся для адпачынку, зьбіраючыся далей ісьці да літоўскіх паўстанцаў, а першай гадзіне іх выявілі царскія войскі. Зачалася бойка.
    “Пакуль мы прыйшлі ў парадак, - пішацца ў пратаколе, - салдаты акружылі нас паўколам. Між тым мы рассыпалі ланцуг і нам загадана было легчы, але гэтак як і я, некаторыя іншыя, якія знаходзіліся на флянгу, не пачулі гэтай каманды і працягвалі страляць стоячы, то і былі салдатамі, якія наступалі, адрэзаны ад сваіх, якія, лежачы ўрассыпную ў густым лесе, былі непрыкметнымі для салдатаў.
    Убачыўшы сябе, такім чынам, цалкам адрэзанымі, мы адважыліся ў колькасьці 13 чалавек [у тым ліку Я. Чэрскі. - Г. І.] прабрацца ў Літву каля Дзісны. Ішлі мы па сонцу, накіроўваючы наш шлях да Дзьвіны. 27 красавіка, у суботу, увечары а 10 гадзіне мы падышлі да Барбілавічаў і разьмясьцілася на начлег ля самага маёнтку ў лесе. На другі дзень а дванаццатай гадзіне раніцы нас акружылі ў гэтым лесе салдаты; убачыўшы іх, мы кінуліся бегчы, але, калі прабеглі невялікую адлегласьць, убачылі што лес скончыўся, а пачалося поле, і сярод поля былі мужыкі; тады я супыніўся, усьлед за мною супыніліся і іншыя, і мы былі ўзятыя салдатамі”, - дае паказаньне Ю. Лепкоўскі.
    Пасьля паразы 24 красавіка камандзір атрада Э. Б. Кульчыцкі быў узяты ў палон, а 30 красавіка ён застрэліўся. Я. Чэрскі са сваім таварышам П. Чарвінскім быў у ліку тых 13 паўстанцаў, пра якіх дае паказаньне Ю. Лепкоўскі. Чэрскаму і Чарвінскаму, калі адзінаццаць іхніх таварышаў трапілі ў палон, яшчэ раз удалося уцячы. Іх узялі ў палон асобна. Гэтае пазьней паказаў пад час сьледзтва П. Чарвінскі. З судовай справы выяўляецца, што Чарвінскага і Чэрскага ўзялі ў палон пазьней, гэтага ж 28 красавіка ў маёнтку Анатоля Корсака.
    1 траўня ўзятых у палон паўстанцаў, у тым ліку і Я. Чэрскага, пасадзілі ў Дынабурскую крэпасьць, а не ў Віцебскую турму, як пішуць усе ягоныя біёграфы.
    Травень Чэрскі правёў у турме Дынабурскай крэпасьці. Паўстаньне працягвалася далей, незалежна ад яго. У траўні новым генэрал-губэрнатарам Паўночна-Заходняга краю (слова “Літва” тады ўвогуле забаранялася ўжываць) прызначаецца вядомы сваёй жорсткасьцю граф М. М. Мураўёў. Новапрызначаны генэрал-губэрнатар у Вільню з Пецярбургу едзе праз Дынабург у турме якога пакутуюць узятыя ў палон паўстанцы, сярод іх і Я. Чэрскі, а таксама граф Л. Плятэр, які кіраваў атрадам паўстанцаў, што напаў на транспарт са зброяй у Краслаўцы. Тут у Дынабургу М. М. Мураўёў, зацьвердзіў сьмяротны прысуд першай сваёй ахвяры 1863 году – Л. Плятэру. Пачаўся Мураўёўскі тэрор. Народ Літвы назваў генэрал-губэрнатара за ягоныя “працы ў імя Айчыны” Мураўёвым-вешальнікам.
    Не пазьбегла прасьледу і сям’я Чэрскіх.
    На пачатку чэрвеня пачаўся суд над паўстанцамі атрада Кульчыцкага. Дынабурская сьледчая камісія па палітычным справам у сваім рапарце ад 3 чэрвеня 1863 года пісала: “Ваша правасхадзіцельства ад 2, 11 і 25 мінулага мая за № 102, 585 і Дынабургскі камэндант ад 29 чысла гэтага ж месяца за № 265 адправіў у сьледчую камісію, якая знаходзіцца под маім старшынствам паказаньні наступных асоб: Паўла Чарвінскага, Яна Чэрскага, Язэпа Франкевіча..., Юльяна Лепкоўскага, якія пасьля дастаўленьня ў Дынабурскую крэпасьць 1 мая былі ў прысутнасьці камісіі дапытаны і прызналіся ва ўдзеле ў мяцяжы”.
    У канцы ліста – віза генэрал-лейтэнанта Длатоўскага ад 3 чэрвеня 1863 года: “Справу” перадаць палявому вайсковаму суду пры Дынабурскім арданансгаўзу”. У гэтым дакумэнце пералічаныя якраз тыя трынаццаць паўстанцаў, пра якіх распавядае ў сваіх паказаньнях Ю. Лепкоўскі. Чатырнаццаты – Алаіз Корсак, арыштаваны з-за таго, што ў ягоным маёнтку ўзялі ў палон Чэрскага і Чарвінскага.
    У той жа дзень пачаўся суд пад вышэйзгаданымі паўстанцамі. У цэлым жа судзілі з разьбітага атрада Кульчыцкага 61 паўстанца.
    У справе маецца рукою Чэрскага напісанае растлумачэньне суду: “Да адабраных ад мяне пры сьледзтве паказаньням і цяпер, у гэтым судзе прачытаным, прыбавіць і ўбавіць ад іх нічога не маю”.
    Праз чатыры дні паседжаньня суд вынес прысуд: “Аб захопленых 28 красавіка ў лесе паміж Бардзілавым і станцыяй Лазоўскай шляхціцаў: Паўле Чарвінскім, 22 гадоў, Яне Чэрскім, 18 гадоў, прадпісаць: судзіць іх вайсковым судом разам з асобамі, якія ўдзельнічалі ў шайцы мяцежнікаў, разьбітай у Юхнавіцкіх лясах”.
    Падсудныя паказалі: Паўла Чарвінскі, Ян Чэрскі ... паступілі ў шайку Кульчыцкага добраахвотна і пасьля , як яе разьбілі, мелі намер злучыцца з іншай шайкай, але пад маёнткам Бардзіловічы былі сялянамі затрыманы (...) Алаіз Корсак – што ён у паўстаньні ўдзелу не прымаў, а арыштаваны таму, што ў ягоным маёнтку затрыманы шляхціцы, якія былі ў шайцы Кульчыцкага: Чарвінскі і Чэрскі, якія прыйшлі без ягонага, Корсака, ведама”.
    У абвінавачваньні паўстанцаў далей напісана: “Урбановіч, Чэрскі, Франкевіч, якія хоць і не атрымалі належнай адукацыі, а некаторыя нават па адукацыі не вышэй прасталюдзінаў, але добраахвотна ўдзельнічалі са зброяй у руках у мяцяжы і паўстаньні”.
    Суд прысудзіў таварышаў па зброі Я. Чэрскага – Л. Бержыцкага і М. Вельгорскага “Пакараць сьмяротна і расстраляць”. Рашэньне па 19 паўстанцам, ў тым ліку П. Чарвінскаму, Ю. Лепкоўскаму, было гэткае: пазбавіць іх “усіх правоў стану і саслаць у Сыбір у катаржную працу”.
    Астатніх, у тым ліку Я. Чэрскага, “згодна 7 параграфу правілаў прызначыць шараговым у аддаленыя войскі асобных Арэнбурскага і Сыбірскага карпусоў”.
    Асуджаных нейкі час яшчэ трымалі ў Дынабурскай турме. Сябру Я. Чэрскага П. Чарвінскаму з дапамогай жонкі фэльдфэбэля Фралова 17 жніўня 1863 года з турмы ўдалося зьбегчы. Ён ізноў пайшоў у атрад паўстанцаў, камандаваў паўстанцкім атрадам у паўночна-заходняй Літве і напрыканцы 1863 года зрабіўся адным з асноўных кіраўнікоў паўстанцкага руху. Дзейнічаў ён пад псэўданімам “Сава”. Шмат разоў на чале свайго атрада ён біўся з войскамі царскай арміі ў сучасных Анікшчайскім, Уцянскім, Укмергскім раёнах. У канцы 1863 паранены П. Чарвінскі другі раз трапіў у палон, быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня і 7 сакавіка 1864 года павешаны ў літоўскім мястэчку Ужпаляй, Уценскага раёну.
    Напрыканцы лета 1863 года Я. Чэрскі разам з іншымі асуджанымі быў адпраўлены ў Сыбір. Гвалтам прыгнаны сюды, ён палюбіў гэты край, вывучыў яго і зрабіўся вучоным, лепшым знаўцам геалёгіі Сыбіры ды назаўжды застаўся там.
    Аднак да Калымы ён прыйшоў ад літоўскай ракі Нярыс. [9]
    Г. ІЛГУНАС, сябра аб’яднання
    гісторыкаў прыродазнаўства
    пры Акадэміі навук Летувіскай ССР.
    /Илгунас Г.  Юность Черского. // Колымская правда. Черский. [Ніжнекалымскі раён ЯАССР] 14 июля; 21 июля. 1984./
    Заўвагі:
    1). 6 траўня 1846 г. у Забельскім касьцёле Себежска-Дрысенскага Дэканату быў зроблены запіс аб хросьце сына Дамініка і Ксеніі Якаўлевай (Конан) Чэрскіх - Яна Станіслава Францішка.
    2). Бенядзікт Дыбоўскі (30. 4. (13. 5) 1833 - 31. 1 1930), ураджэнец маёнтка Тонвы Мінскага павету, па іншым звесткам маёнтка Адамарын Вілейскага павету Менскай губэрні, а першапачатковаю адукацыю атрымаў у Мінскай гімназіі. Затым ён вывучаў мэдыцыну і прыродазнаўчыя навукі ў Тарту (1851-1857), Брэслаў (1857-1858), Бэрліне (1858-1860). Будучы з 1862 г. экстраардынарным прафэсарам заалёгіі ды палеанталёгіі ў Галоўнай Школе. што ў Варшаве, ён прымкнуў да паўстаньня 1863-1864 гг., за што ў 1864 годзе быў прыгавораны да 12-гадовай катаргі ды сасланы ва Ўсходнюю Сыбір, дзе, карыстаючыся падтрымкай Усходне-Сыбірскага аддзела Імпэратарскага Рускага Геаграфічнага Таварыства, пачаў вывучаць фаўну Прыбайкальля, Прыамур’я ды Далёкага Усходу Расіі. Дарэчы, ў 1877 годзе, калі ўжо быў вызвалены ад выгнаньня, Бенядзікт Дыбоўскі не прыняў “ідэю Рускага Геаграфічнага Таварыства пра дадатак да ягонага прозьвішча прыдомка “Байкальскі”, адмовіўся таксама ад катэдраў, якія былі яму прапанаваныя ў Томскім ды Пецярбургскім унівэрсытэтах, а эмігрыраваў у Аўстрыю”.
    3). Беларуская рака Вілія.
    4). Франц Хрыстафоравіч быў у 1792 г. уведзены ва ўладаньне м. Сволна (Шыпілаўшчына) з сялянамі. Дамінік сын Яна у 1834 г. прадаў маёнтак, а ў 1839 г. ізноў набыў яго у Корсака.
    5). Калгас “Ленінскі шлях” знаходзіцца у Жоўнінскім с/с Верхнядзьвінскага р-на, а Сволна, дзе нарадзіўся Я. Чэрскі у Валынецкім с/с Верхнядзьвінскага р-на, у “калгасе імя Калініна”, дзе і зараз існуе падмурак дому Чэрскіх.
    6). Чарвінскі Павал – нар. у 1841 г. у Віцебскай губэрні /па іншым зьвесткам у мястэчку Горкі Копыскага павету Магілёўскай губэрні/ у шляхецкай сям’і. У пачатку 1860-х гадоў вучыўся ў Інстытуце горных інжынэраў і Тэхналягічным інстытуце ў Пецярбургу, быў зьвязаны з арганізацыяй “Народная воля”. У пачатку 1863 г. у маёнтку Марыенгаўзен Віцебскай губэрні, дзе была друкарня “Зямлі і волі”, удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстаньня. Вясной 1863 г. схоплены карнікамі і зьняволены ў Дынабурскую крэпасьць 7 (19). 6. 1863 пазбаўлены правоў стану і засуджаны на 4 гады катаргі, 19. 6. (1. 7) 1863 г. уцёк з-пад варты і далучыўся да атрада Э. Ужаснёўскага, які дзейнічаў у Вількамірскім і Панявежскім павеце Ковенскай губэрні. У кастрычніку 1863 г. узначаліў асобны паўстанцкі атрад ў Вількамірскім павеце, зьдзейсьніў некалькі удалых баёў з карнікамі. За мужнасьць К. Каліноўскі надаў Чарвінскаму званьне паручніка ды прызначыў яго ваенным начальнікам Новааляксандраўскай акругі. 22. 12. 1863 (3. 1. 1864) атрад Чарвінскага быў разьбіты, а ён сам, захоплены ў палон. Часовы палявы аўдытарыят прыгаварыў Паўла Чарвінскага да сьмяротнага пакараньня. 7 (19) 3 1864 г. ён быў павешаны ў мястэчку Ушполь. Ягоныя браты: Ян, кіраўнік паўстанцкага атрада – расстраляны ў Кіеве, Раймонд, які змагаўся ў атрадзе Зьвеждоўскага, загінуў на Магілёўшчыне.
    7). Юхавіцкія лясы – цяпер Юхавіцкая лесапаляўнічая гаспадарка на паўночным захадзе Расонскага раёну Віцебскай вобласьці РБ. Вёска Юхавічы, якая месьціцца там, знаходзіцца ў 166 км ад Віцебска і ў 35 км ад чыгуначнай станцыі Ідрыцы (цяпер ужо РФ).
    8). Эўстахі Баляслаў Кульчыцкі (2. 10. 1842 – 12. 5. 1863) - шляхціц Аўгустаўскай губэрні, вучыўся ў Брэсцкім (1850-1859) і Наўгародзкім (1859-1861) кадэцкіх карпусах і артылерыйскім вучылішчы ў Пецярбурзе. У 1862 г. залічаны ў Артылерыйскую акадэмію. Пад час паўстаньня меў 21 год. Камандаваў паўстанцкім атрадам на мяжы Себежскага і Дрысенскага паветаў Віцебскай губэрні (Юхавіцкі лес). 6. 5. 1863 г. ягоны атрад быў разьбіты, Кульчыцкі з групаў паўстанцаў перайшоў у Зябецкія лясы, дзе 12. 5. 1863 г. іх абкружылі ўрадавыя войскі. Паўстанцы вымушаныя былі здацца, а Кульчыцкі, каб не трапіць у рукі карнікаў – застрэліўся.
    7). У тыя часы беларускі горад Вільня , як і рака Вілія, не належалі яшчэ летувісам.
    Айта Лабуя,
    Койданава.



Алег Рудакоў
                                                    ПАМЯЦІ  ЯНА  ЧЭРСКАГА

                                                      Выйшаў Янка да Байкала
                                                      Паглядзеў ён на яго
                                                      Ва ўсім сьвеце ясна стала
                                                      Што тут ёсьць і да чаго.

                                                      Хто такі спадар Ян Чэрскі? –
                                                      Запытаеце мяне,
                                                      Дык скажу я Вам пачэсна –
                                                      Ведаю яго я як сябе.

                                                      Нарадзіўся наш Янук
                                                      У беларускім месцы,
                                                      Але ж вытрываць пакут
                                                      Не зьбіраўся дзесьці.

                                                      Як убачыў, што народ
                                                      Прыгнятаюць каты,
                                                      Дык пайшоў ён у лясок
                                                      Да Кастуся - ў салдаты.

                                                      Той Кастусь вядомы наш
                                                      Барацьбіт за волю,
                                                      Цар баяўся не здарма ж
                                                      Страціць лепшу долю.

                                                      I паслаў ён шмат гармат,
                                                      Ката - Мураўёва,
                                                      Зь ім безьліч сваіх салдат,
                                                      Каб зваяваць Беларусь нанова.

                                                      Доўгі час сьцяг барацьбы
                                                      Бел-чырвона-белы
                                                      Паднімалі ваяры
                                                      Хлопцы касінэры.

                                                      Але ж вораг быў мацней,
                                                      Перамог ён нашых.
                                                      Той ці іншы, хто лацьвей
                                                      Зьбегчы змог, а “вінаватых”...

                                                      Хлапчукоў, дзяцей, старых
                                                      I жанчын даволі,
                                                      Той, хто спачуваў, для ўсіх
                                                      Час прыйшў няволі.

                                                      Мураўёў старанны быў,
                                                      Ведаў сваю працу,
                                                      Столькі шкоды нарабіў,
                                                      Нікому ня даў шанцу.

                                                      Янка меў тады ўсяго
                                                      Васямнаццаць годаў,
                                                      Але не пашкадавалі і яго,
                                                      Далі царскіх “мёдаў”.

                                                      У горад Віцебск ў кайданах
                                                      Прыгналі, як сабаку,
                                                      Зьведаў Янка, ня толькі жах,
                                                      А і царску “абяцанку”.

                                                      Абяцаў тады царок
                                                      Дараваць “заблудшым”,
                                                      А зрабіў жа ўсё знарок
                                                      Як мага “найхудшым”.

                                                      У Сыбір ўсіх пагнаў,
                                                      Ў турмы і за краты.
                                                      А Янук жа наш папаў
                                                      У рэкруты - салдаты.

                                                      У далёкі горад Омск
                                                      Пешшу іх пагналі,
                                                      Па дарозе шмат кагось
                                                      Зь сьпісу выкрасьлялі.

                                                      Але ж Янка нездарма ж
                                                      Беларусам зваўся,
                                                      Годна Рэй трымаў ён наш,
                                                      Лёсу не зракаўся.

                                                      Ён навукі вывучаць
                                                      Моцна ўжо жадае
                                                      I дасьледваньні пачаць
                                                      Сам сябе змушае.

                                                      У хуткім часе “дараваць”
                                                      Цар ўсё ж вырашае,
                                                      Яну ён жыцьцё пачаць
                                                      Нанова дазваляе.

                                                      Жыць, рабіць і нейкі час
                                                      Працай навуковай
                                                      Хоць і зрэдку, цераз раз,
                                                      Заняўся адмыслова.

                                                      У Іркуцк дазвол ён меў
                                                      Пераехаць хутка,
                                                      Бо Байкал даўно хацеў
                                                      Зьведаць не па чутках.

                                                      Да таго ж сябры яго
                                                      Былі тут вядомы,
                                                      I Дыбоўскі, й... шмат тут хто
                                                      Быў яму знаёмы.

                                                      Разам хлопцы пачалі
                                                      Прыбайкальле коўзаць,
                                                      Столькі шмат яны змаглі
                                                      Новага знаходзіць,

                                                      Што ў Вэнэцыю пайшла
                                                      Частка той работы,
                                                      А адтуль назад прыйшлі
                                                      Слава ды “пачоты”!

                                                      Яна Чэрскага, дык вось
                                                      Мапа залунала,
                                                      Да яго раней ніхтось
                                                      Ня ведаў так Байкала.

                                                      Ў Пецярбургу аж урад
                                                      Вымусіў надумаць,
                                                      Як жа ж Чэрскага назад
                                                      У Эўропу “сунуць”.

                                                      Ў Акадэмію навук
                                                      Запрасіць хацелі,
                                                      Але вырашыў Янук
                                                      Хопіць, “надаелі”

                                                      Лепей край Іркуцкі наш
                                                      Зьведаць дасканала,
                                                      Бо вандроўкі трэба аж
                                                      Зладзіць да акіяна

                                                      Да таго і жонка тут,
                                                      Дзеўка маладая,
                                                      Не які-небудзь хамут,
                                                      Добра памагае.

                                                      Маўрай клікалі бацькі,
                                                      Змалку прывучалі
                                                      Працу ведаць і навукі
                                                      Пашыраць казалі.

                                                      Так жылі ўдвох яны,
                                                      Маўра зь Янам разам.
                                                      Грошы ёсьць - ну і ішлі
                                                      У падарожжа часам.

                                                      Хутка радасьць ім прыйшла
                                                      Хлопчык нарадзіўся.
                                                      Змалку яго маць вучыла
                                                      Каб ў навуку ўбіўся.

                                                      Але вось гады ішлі,
                                                      Цяжкасьці змушалі,
                                                      Яна Чэрскага хваробы
                                                      Моцна дакучалі.

                                                      I аднойчы - жах які,
                                                      У час вандроўкі доўгай,
                                                      Калі выйшлі ўсе яны
                                                      Да ракі вядомай.

                                                      Тая рэчка - Калыма
                                                      На поўначы Сыбіры
                                                      Стала труной для земляка
                                                       (Беларус быў шчыры!).

                                                      Ён загінуў... ля ракі,
                                                      Яго пахавалі,
                                                      Але Маўра з сынам ўсё ж змаглі
                                                      Скончыць вандраваньне.

                                                      Чэрскі Ян сыйшоў ў нябыт
                                                     Вельмі ўжо зарана
                                                      Але стаў ён знакаміт
                                                      Працы друкаваны.

                                                      Дзевяноста сем работ
                                                      Напісаў вучоны.
                                                      Кожны скажа: “Не лянот!
                                                      Хлопца працаздольны!”






    РУДАКОЎ Алег нарадзіўся 28 красавіка 1968 году ў вёсцы Бязьдзедавічы Полацкага раёну. У 1985 годзе скончыў вышэйшую ваенна-інжынэрную камандную вучэльню ў г. Цюмені. Пяць гадоў адслужыў у Іркуцку. З войска быў звольнены па стану здароўя і застаўся жыць у Сыбіры.
    Заснавальнік і шматгадовы кіраўнік Іркуцкага Таварыства Беларускай Культуры імя Я. Чэрскага. Аўтар шматлікіх публікацыяў і выданьняў па гісторыі беларусаў Прыбайкальля.
Ганаровы сябра ЗБС “Бацькаўшчына”.
    /Беларус 2014. New-York. 2014. С. 149-154./