пятница, 10 октября 2014 г.

Арон Харытон. Сасланая Рыўка. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                               САСЛАНАЯ  РЫЎКА
    Рыўка [Вера] Ёселеўна [Иосифовна; Исааковна] Шэфцель [Шефтель], па мужы Руc [Русс]  - нар. у 1866 г. у габрэйскай сям’і мешчаніна губэрнскага места Магілёў Расейскай імпэрыі.
    За рэвалюцыйную дзейнасьць была арыштаваная і наказам ад 22 кастрычніка 1886 г. высланая адміністрацыйна ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 4 гады. Па хадайніцтве жаніха часова была пакінутая ў Маскоўскай цэнтральнай перасыльнай турме, дзе па дастаўленьні туды Вільгельма Іванавіча Руса [нарадзіўся ў 1867 г. у сям’і мешчаніна павятовага места Вязьма Смаленскай губэрні Расейскай імпэрыі. У 1884 г. скончыў Саратаўскую Аляксандра-Марыінскую рэальную вучэльню ды паступіў у Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію. За рэвалюцыйную дзейнасьць быў арыштаваны ў 1886 г. і загадам ад 11 лютага 1887 г. на 4 гады сасланы ў Архангельскую губэрню. Калі быў паселены ў г. Пінега, падаў прашэньне аб дазволе ўступіць у шлюб з Рыўкай Шэфцель і адбываць тэрмін у прызначаным ёй месцы жыхарства.] выйшла замуж за яго 4 траўня 1888 г. і разам з мужам была адпраўленая ў Сыбір.
    Іркуцкім генэрал-губэрнатарам 8 сьнежня 1887 г. месцам ссылкі ёй была прызначаная Якуцкая вобласьць. Прыбыла ў акруговы горад Алёкмінск Якуцкай вобласьці 9 лістапада 1888 г. і адразу распачала хадайніцтва аб пакіданьні на жыхарстве ў Алёкмінску, бо Алёкмінскі акруговы лекар знайшоў для ейнага мужа далейшую паездку небясьпечнай для ягонага здароўя, так як у яго хутка разьвіваліся сухоты. Патрэбны дазвол атрымала 25 лістапада 1888 г. Паводле яе прашэньня, Іркуцкі генэрал-губэрнатар дазволіў ёй з мужам за ўласны кошт нават пераехаць на жыхарства ў Балаганскую акругу Іркуцкай губэрні, але Вільгельм Рус памёр 7 лютага 1889 г. і 9 лютага быў пахаваны ў м. Алёкмінск і яна падала прашэньне аб пераводзе яе на жыхарства ў п. Мача ды пакіданьні яе ў Алёкмінскай акрузе. Атрымала дазвол і 12 жніўня 1889 г. пераехала на жыхарства ў Мачынскую рэзыдэнцыю золатапрамыслоўцаў, дзе займалася пісьмовымі працамі. У пачатку сакавіка 1890 г. вярнулася ў Алёкмінск. Іркуцкі генэрал-губэрнатар 30 красавіка 1890 г. дазволіў ёй перавод у Ніжнеўдзінскую акругу Іркуцкай губэрні. Адпраўленая з Алёкмінскай акругі 10 ліпеня 1890 г.
    Па заканчэньні тэрміна ссылкі 22 кастрычніка 1890 г. выехала з Іркуцкай губэрні ў акруговы г. Бійск Томскай губэрні, дзе з 1891 г. знаходзілася пад тайным наглядам паліцыі.
    Літаратура:
    Кротов М. А.  Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 235.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 101, 160, 192, 251-253, 476.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 101, 160, 192, 251-253, 476.
    Арон Харытон,
    Койданава.