пятница, 24 октября 2014 г.

Кляра Трус. Буратазнаўца Кроль. Койданава. "Кальвіна". 2014.






    Майсей /Моисей, Михаил/ Аронавіч /Ааронович, Аоронович, Аронович, Афанасьевич/ Кроль нарадзіўся 24 лютага або 30 сакавіка (10 /12/ красавіка) 1862 г. у мястэчку Налібакі (па іншым зьвесткам у Жытоміры) Ашмянскага вуезда Віленскай губэрні ў мяшчанскай габрэйскай сям’і.
    Скончыў хедар у м. Жытомір Валынскай губэрні Расейскай імпэрыі, а потым там жа і гімназію.
    У 1880 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўнівэрсытэта, дзе сышоўся з партыяй “Народная воля”, быў двойчы выключаны за ўдзел у студэнцкіх беспарадках.
    У 1887 г. экстэрнам скончыў юрыдычны факультэт Імпэратарскага Новарасійскага ўнівэрсытэта ў Адэсе. Быў памагатым прысяжнага паверанага акругі Санкт-Пецярбурскай службовай палаты, службоўцам кіраваньні Паўднёва-Усходняй чыгункі.
    У 1887 /1888/ г. быў арыштаваны па абвінавачваньні ў дзяржаўным злачынстве і высланы адміністрацыйным парадкам у канцы 1888 г. ва Ўсходнюю Сыбір.
    Як успамінаў сам Майсей Кроль:
     Як і іншыя габрэі, сасланыя ў Сыбір, я, па ўсталяваным правіле, павінен быў быць адпраўлены ў Калымск Якуцкай вобласьці. Ніхто - ні я, ні мае таварышы - не сумняваліся ў тым, што гэта будзе менавіта так, тым больш што я быў “дзесяцігоднікам”, г. зн. быў прысуджаны да ссылкі на 10 гадоў. У сьнежні 1889 году мы сталі рыхтавацца да доўгага і вельмі цяжкага зімовага вандраваньня да берагоў Ледавітага акіяна. Начальства вырашыла адправіць першую групу ў Якуцк у палове сьнежня. У гэту групу ўпісалі і мяне.
    Нашы падрыхтоўкі складаліся ў тым, што мы закуплялі неабходную цёплую адзежу, дохі, валёнкі, футравыя шапкі з навушнікамі і г. д. Быў ужо прызначаны дзень нашай адпраўкі.
    У гэта ж час жонка Каравулава стала клапатаць, каб яе мужа пасялілі не ў суровай Кірэнскай акрузе Іркуцкай губэрні, куды ён быў прызначаны, але ў м. Балаганск, дзе было значна цяплей і дзе, дзякуючы блізкасьці Іркуцка, жыцьцё ссыльных было значна цікавей, чым у закінутых кутах Кірэнскай акругі. Там мелася бібліятэчка, пошта прыходзіла часьцей і мясцовае насельніцтва было культурней.
    За суткі да адпраўкі ў Якуцк нашай першай групы ў маю камэру ўбегла ўсхваляваная жонка Каравулова і крыкнула мне:
    - Мілы Кроль, вы ў Якуцк не паедзеце!
    - Што вы кажаце? - спытаў я яе, агаломшаны гэтым паведамленьнем. - Што такое?
    Яе адказ уразіў усіх, якія знаходзіліся ў маёй каморы.
    Кажучы пра хваробу Васіля Андрэевіча і тлумачачы ў канцылярыі генэрал-губэрнатара, наколькі важна для яго здароўя, каб яго пакінулі ў м. Балаганск, яна, між іншым, зьвярнула ўвагу службоўцаў генэрал-губэрнатарскай канцылярыі на тое, што сярод тых, якія адпраўляюцца ў Якуцкую вобласьць палітычных маецца вельмі хворы чалавек, Кроль, і што яна не ўяўляе сабе, як ён, з яго цяжкай гарлавой хваробай, перанясе небясьпечны пераезд ад Іркуцка да Якуцка ў самы разгар зімы.
    - Дазвольце, - сказаў адзін службовец, - вы кажаце пра Кроля, мне здаецца, што пра яго маецца нейкая папера з Міністэрства ўнутраных спраў.
    Ён стаў корпацца ў грудзе папер, якія ляжалі ў яго на стале. Корпаўся ён даволі доўга, нарэшце знайшоў шуканую паперу.
    - Ну так, - сказаў ён, - маецца распараджэньне з Пецярбургу, каб Кроля, з прычыны яго сур’ёзнай гарлавой хваробы, паслалі не ў Якуцкую вобласьць, а ў м. Селенгінск Забайкальскай вобласьці.
    Вось гэту дзіўную і нечаканую вестку прынесла мне найласкавая Праскоўя Васільеўна.
    Больш трох месяцаў валялася гэта папера ў канцылярыі генэрал-губэрнатара. Пра яе існаваньне зусім забыліся, і не ўспомні Каравулова выпадкова аба мне, я быў бы адпраўлены ў Калымск. Можа быць, я не перанёс бы гэтага вандраваньня. А калі б нават шчасна дабраўся да Калымска, то маё жыцьцё склалася б зусім інакш, чым пазьней у Селенгінску.
    Павінен прызнацца, што паведамленьне Каравулавой мяне глыбока патрэсла. Усе мае пляны, усе мае думкі зыходзілі са здагадкі, што я правяду шмат гадоў у Калымску разам са сваімі таварышамі і сябрамі. Я думаў, што там, на беразе Ледавітага акіяна, мы агульнымі сіламі наладзім сумеснае жыцьцё, разам будзем пераносіць пазбаўленьні, разам працаваць і падтрымліваць адзін аднаго маральна ў хвіліну засмучэньня і нуды.
    І раптам усе гэтыя пляны і надзеі паваліліся, расьсеяліся, як міраж.
    Павінен адзначыць, што ўсё без выключэньня таварышы былі надзвычай радыя таму, што мне не прыйдзецца ехаць у Калымск. Забайкальле славілася сваім здаровым і параўнальна цёплым кліматам, і яны не сумняваліся, што знаходжаньне маё ў Селенгінску ўмацуе мяне, а, можа быць, нават вылечыць маё хворае горла.
    Як і меркавалася, першая група таварышаў была адпраўлена ў Якуцк праз дзень пасьля таго, як канцылярыя генэрал-губэрнатара паведаміла турэмнаму начальніку, што я не падлягаю адпраўцы ў Якуцкую вобласьць. Затым, з прамежкамі ў адзін тыдзень, адпраўляліся наступныя групы”.
    Спачатку Кроль знаходзіўся ў Новаселенгінску Забайкальскай вобласьці, на 10 гадоў. Затым перасяліўся ў акруговае места Забайкальскай вобласьці Верхневудзінск, дзе працаваў у мясцовым архіве.
    У 1892 г. іркуцкі аддзел ІРГТ камандзіруе яго у экспэдыцыю ў Селенгінскую акругу, дзеля вывучэньня мясцовых народаў. Ад 1892 г. па 1895 г. ён з дазволу ваеннага губэрнатара разьяжджае па улусам буратаў і паселішчам тунгусаў. Ён вывучаў юрыдычны і эканамічны побыт буратаў ды напісаў шэраг артыкулаў па этнаграфіі, што друкавалі “Известия Восточно-Сибирского Отделения Императорского Русского Географического Общества” і ў працах Троіцкасаўскага ды Чыцінскага аддзелах Усходне-Сыбірскага Аддзяленьня Імпэратарскага Расейскага Геаграфічнага Таварыства.
    У 1897 г. перабраўся ў Іркуцк і прыняў удзел у экспэдыцыі па дасьледаваньні землеўладаньня і землекарыстаньня ў Забайкальскай вобласьці, якая праходзіла пад кіраўніцтвам А. Куламзіна, і склаў 10-ы выпуск выдадзеных экспэдыцыяй Матэрыялаў Камісіі Кулумзіна: “Комиссия для исследования землевладения и землепользования в Забайкальской области. Материалы. Выпуск 10. Формы землепользования. Высочайше учрежденная под председательством статс-секретаря Куломзина. СПб. 1898”. Гэта праца давала карціну эвалюцыі землекарыстаньня ад формаў самых першабытных да найноўшых таго часу і высьвятляе, з дапамогай статыстычнага мэтаду, цесную залежнасьць паміж формамі землекарыстаньня і іншымі, выяўленымі ў лічбах, гаспадарчымі элемэнтамі.
    Друкаваў артыкулы ў выданьнях: “Восточное обозрение”, “Сибирь”, “Новое слово”, “Санкт-Петербургские ведомости”, “Северный курьер”, “Мир божий”, “Жизнь”, “Научное обозрение”, “Восход”, “Сын Отечеств” ды іншых пэрыядычных выданьнях.
    Напачатку XX стагодзьдзя
    У пачатку 1900 практыкуе адвакатуру ў Іркуцку. У архіве Ўсходне-Сыбірскага ІРГТ захавалася ягоная працаБеглые заметки о Якутской области. Очерки”. /Рукопись. д. 677. 1900. 23 лл. Архив ВСИРГО/.
    Далучыўся да эсэраў і зрабіўся актыўным удзельнікам габрэйскага нацыянальнага руху. Выступаў у якасьці адваката на працэсах, злучаных з габрэйскімі пагромамі 1903-1905 гг. ў Кішынёве, Гомелі, Жытоміры, Воршы, у прыватнасьці абаронцам у судзе над 36 габрэямі – удзельнікамі самаабароны (кастрычнік 1904 – студзень 1905, Гомель). Майсей Кроль адзін са стваральнікаў “Саюза дзеля дасягненьня поўнага раўнапраўя габрэйскага народа ў Расеі” (1905).

    З 1908 у Іркуцку, узначальваў таварыства па вывучэньні Сыбіры, разам з Архангельскім ды Рагоўскім выдаваў часопіс “Народная Сибирь”. Між іншым ягоная жонка Рахіль (Роня) Ільлінічна (1882-1950), сацыяліст-рэвалюцыянэр, паходзіла з Іркуцкай губэрні. Ад 1916 г. прылічваецца да Іркуцкай судовай палаты.
    У 1917 г. Майсей Кроль як чалец Сялянскага саюза, быў абраны ва Ўстаноўчы сход па Іркуцкай выбарчай акрузе. 20 ліпеня 1917 г., пры стварэньні Сыбірскай абласной Думы ў Томску, быў дапушчаны да яе працы як дэпутат Устаноўчага сходу. Удзельнік 1-га Чэлябінскага паседжаньня па выпрацоўцы адзінага антыбальшавіцкага ўрада на ўсходзе Расеі. У верасьні 1918 г. ад ЦК кадэтаў удзельнічаў ва Вуфімскім Дзяржаўнай Нарадзе і быў абраны ў Савет старэйшын.
    Адзначым таксама, што ва Вуфімскім Дзяржаўнай Нарадзе ўдзельнічаў габрэй Леў Апанасавіч Кроль (5. 7. 1871, Магілёў — 3. 1. 1931, Парыж) — дзеяч кадэцкай партыі, масонскі актывіст ў Кацярынбурзе і, потым, ва Францыі і яго зачаста блытаюць з Майсеем Кролем. /Кроль Л. А.  За три года. Воспоминания, впечатления, встречи. Владивосток. 1921./
    Ад 1919 г. жыў у Харбіне (Хіна), займаўся адвакатурай, удзельнічаў у літаратурным жыцьці, старшыня Харбінскага абласнога камітэта Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, адзін з арганізатараў Народнага ўнівэрсытэта ў Харбіне, дзе чытаў лекцыі па гісторыі права.
    Ад 1925 г. пражываў у Парыжы (Пранцыя), займаўся адвакатурай ды супрацоўнічаў з выданьнямі: “Современные записки”, “Воля России”, “Вольная Сибирь” (Прага). Удзельнічаў у аб’яднаньні расейска-габрэйскай інтэлігенцыі ва Францыі. Ад 1928 г. адзін з рэдактараў часопіса “Цукунфт - צוקונפֿט” (Нью-Ёрк). У сваіх артыкулах крытыкаваў плян стварэньня Габрэйскай Аўтаномнай Вобласьці на Далёкім Усходзе СССР.
     У 1930-я гады ў Парыжы адбыўся шлюб Ісака (Аляксандра) Абрамавіча Астроўскага і Лізаветы Майсееўны Кроль, дачцэ Майсея Кроля, другога стража (трэці па важнасьці пост) масонскай ложы Паўночная Зорка, якая працавала ў Парыжы ў зьвязе Вялікага Ўсходу Францыі. [Ісак Астроўскі нарадзіўся ў 1904 г. ў габрэйскай сям’і, дзяцінства правёў у Іркуцку, дзе скончыў гімназію і два курса юрыдычнага факультэта мясцовага ўнівэрсытэта. Быў чальцом Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. У 1923 г. сям’я Астроўскіх з кантрабандыстамі перайшла савецка-маньчжурскую мяжу і дабралася да Харбіна. Затым Ісак рушыў у Эўропу, дзе спрабуе атрымаць адукацыю ў Льежы, Празе, але поўнае безграшоўе прымушае яго кінуць вучобу, перабрацца ў Парыж і па рэкамэндацыі знаёмых у 1927 г. паступіць у футравую справу (дом Л. Неўсыхіна) і вырасьці з часам да дырэктара футравага прадпрыемства.] На паседжаньні ложы было вырашана паднесьці шаноўным маладым падарунак, якім зрабілася кніга Ж. Дэ НерваляВандраваньне на Ўсход” (нумараваны асобнік 307), на якой чальцы масонскай майстэрні пакінулі свае аўтографы /у розныя гады ў ложы Паўночная Зорка налічвалася 164 чалавекі, з якіх 47 пакінулі свае подпісы на кнізе, сярод іх быў і Пётра Сямёнавіч Іваноў – экспэрт-бухгальтар, мастак, паэт ды таксама зяць Майсея Кроля./.
    Напрыканцы 1931 года ў ложы Паўночная Зорка сталі адраджацца забытыя масонскія традыцыі (гэта стала магчымым у сувязі з вылучэньнемпалітыкаў у асобную ложу - Вольная Расея): жалобныя памінаньні памерлых братоў, арганізацыя пэўнай узаемадапамогі, а галоўнае - арганізацыя нефармальных сустрэч (“Кубачкі Кроля”), бо перад сваім сконам Леў Апанасавіч Кроль адпісваў пэўную грашовую суму, якая ішла на тое, што чальцы ложы маглі бясплатна па нядзелях зьбірацца ў адной з парыжскіх кавярняў на Манпарнасе дзеля абмеркаваньня бягучых пытаньняў.
    Майсей Кроль актыўны дзеяч Таварыства распаўсюджваньня рамеснай і земляробчай працы сярод габрэяў. Адзін з ініцыятараў стварэньня Кружка (Аб’яднаньня) расейска-габрэйскай інтэлігенцыі. Чытаў лекцыі ў Габрэйскім народным унівэрсытэце.
    7 красавіка 1937 г. М. А. Трус. госьць масонскага ложы Сябры Любамудрыя ў Парыжы. /Заснавана 10 ліпеня 1925 г. Усталявана 19 ліпеня 1926 г. /
    Ад 1941 г., пасьля акупацыі фашыстамі Парыжа, жыў у Ніцы, дзе і памёр 31 сьнежня 1942 г. Пахаваны на могілках Баньё.
    Астроўскі ж у 1940 годзе быў мабілізаваны ў французскае войска, быў паранены, зьдзейсьніў уцёкі на поўдзень Францыі, перанёс скон цесьця. Толькі ў 1954 годзе Ісак Астроўскі нарэшце змог пераламаць ход свайго эмігранцкага жыцьця. Справа ў тым, што доўгія гады Астроўскі захапляўся літаратурай, філязофіяй, жывапісам, сам пісаў пэйзажы, зьбіраў старадаўнія кнігі, маркі, нават рабіў малюнкі “на замову” для масонскіх ложаў. І вось у 50 гадоў Астроўскі кідае сваю ранейшую працу, якая прыносіла стабільны прыбытак, і становіцца антыкварам, адкрывае сваю ўласную краму на бульвары Распай у Парыжы і становіцца вядучым пастаўшчыком для шэрагу буйных музэяў Францыі.
    Ад М. Кроля А. Астроўскі “успадкаваў” пост архівіста і бібліятэкара ложы Паўночная Зорка. Калі ж з-за малалікасьці і састарэласьці чальцоў ложа была зачыненая, Астроўскі пры дапамозе Тацьцяны Аляксееўны Асаргіной перадаў у 1970-х гадах усе матэрыялы ложы ў Нацыянальную бібліятэку Францыі, а ў 1983 годзе ліквідаваў сваю антыкварную справу, тым не менш найболей дарагія для сябе дакумэнты (асабістыя масонскія патэнты, граматы, некаторыя кнігі) Астроўскі да свайго скону ў 1994 годзе захоўваў пры сабе.
    Творы:
    Брачные обряды и обычаи у забайкальских бурят. Иркутск. 1894. 32 с.
    Брачное право инородцев Селенгинского округа. Сообщено 31 янв. 1895 г. на годовом собрании Троицкосавско-Кяхтинского отд-ния Приамурского отд. Рус. геогр. о-ва. Иркутск. 1895. 20 с.
    Охотничье право  и звериный промысел у забайкальских бурят. Иркутск. 1895. 31 с.
    О забайкальских бурятах. Доклад, прочит. 13 сент. на заседании общ. собрания членов Забайкальск. геогр. отд-ния. Чита. 1896. 26 с.
    Предварительный отчет о работах по исследованию забайкальских бурят за период 1892-1895 гг. Иркутск. 1896. 12 с.
    Ново-Селенгинск. Краткий очерк его прошлого и настоящего. Иркутск. 1896. 33 с.
    Очерк экономического быта инородцев Селенгинского округа. Сообщ. в общ. собрании членов Троицкосавско-Кяхтинск. отд-ния Приамурск. отд. Имп. Рус. геогр. о-ва 13 марта 1896 г. Иркутск. 1896. 42 с.
    Что такое правильное народное представительство? СПб. 1906. 48 с.
    Как прошли выборы в Государственную думу. СПб. 1906. 67 с.
    Что такое правильное народное представительство? СПб. 1906. 48 с.
    Уроки прошлой выборной кампании. СПб. 1907. 69 с.
    О задачах Общества изучения Сибири и улучшения ее быта. Доклад, причитанный16 февр. 1913 г. на годичном общем собрании Иркут. отд. О-ва. Иркутск. 1913. 18 с.
    Что такое правильное народное представительство? Иркутск. 1917. 48 с.
    Путь октябрьской революции. Харбин. 1922. /Пад псэўд. “Н. Аркадьев”/
    Страницы моей жизни. Мемуары. Том 1. Нью-Йорк. 1944. 311 с.
    Страницы моей жизни. Москва. 2008. 734 с.

    Літаратура:

    Кроль Моисей Ааронович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). Санкт-Петербург. 1890-1907.
    Калашников Н. С.  Моисей Аронович Кроль (Некролог). ЗаС. № 12/13. 1943. С. 31-35
    Отечественные архивы. 1999.
    Демин Э. В.  140 лет со дня рождения этнографа, исследователя Забайкалья М.А. Кроля // Бурятия: Календарь знаменательных и памятных дат на 2002 год. Улан-Удэ. 2001.
    Иркутская летопись 1661-1940 гг. / Сост., автор предисловия и примечаний Ю. П. Колмаков. Иркутск, 2003. С. 118, 226, 261, 270, 272, 278, 285, 286, 289, 290, 293, 322.
    Административно-судебная система Восточной Сибири конца XIX – начала XX веков в лицах и документах: Материалы к энциклопедии. Иркутск. 2004. С. 196-197.
    Жуковская Н.  Бурятия и буряты в жизни Моисея Кроля (из архива Гуверовского ин-та войны, революции и мира) // Восточная коллекция. РГБ. Москва. 4. 2004.
    Архивы России о Якутии. Выпуск 1. Фонды Государственного архива Иркутской области о Якутии. Справочник. Отв. ред. проф. П. Л. Казарян. Якутск 2006. С. 429, 433.
    Кляра Трус,
    Койданава