среда, 8 октября 2014 г.

Алесь Прысутны. Ансамбаль "Рунь" у Якутыі. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                 АНСАМБАЛЬ  “РУНЬ”  У  ЯКУТЫІ
    У верасьні 1991 г. сп. Яўген Лецка (на той час заарганізатар Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”), акторка Тацьцяна Мархель, народны майстра па кераміцы Сымон Саўрыцкі ды фальклёрны ансамбаль «Рунь» Беларускага тэхналягічнага інстытуту імя С. М. Кірава, наведалі сваіх землякоў у Якуцку дзеля азнаямленьня з дзейнасьцю мясцовай суполкі «Суродзіч». /Прысутны.  Госьці з Беларусі ў Якуцку. // Голас часу. Лондан. № 1. 1992. Б. 26./
    Афіцыйна гэтае мерапрыемства называлася “Правядзеньне культурнай праграмы «Дні Бацькаўшчыны» у Якуціі з удзелам сьпеўна-танцавальнага гурта «Рунь»”. /Хроніка дзейнасці Міжнароднай грамадскай арганізацыі «Бацькаўшчына». Дзесяць год (1990-2000 гг.)”. Мінск. 2000. С. 1./, або “Правядзеньне культурнай праграмы «Дні Бацькаўшчыны» у Якуціі з удзелам танцавальнага гурта «Рунь»”. /Статут МГА “Бацькаўшчына”. Хроніка дзейнасці МГА “ЗБС «Бацькаўшчына»”. Праграма “Замежная беларуская супольнасць у ХХІ стагоддзі” (Праект). Мінск. 2001. С. 15./
    З успамінаў Я. Лецкі бачна што ён “прыляцеў у Якуцк разам са славутым тады ансамблем “Рунь” Беларускага тэхналягічнага інстытута, які узначальваў мой зямляк і аднаклясьнік Іван Жарскі”. /Лецка Я.  Вяртаньне з-за небакраю. // Ласкоў I.  Летапісная літва: сваяцтва і лес (кніга-пошук). Вільня. 2011. С. 10./
    Жарскі, Іван Міхайлавіч нарадзіўся 7 ліпеня 1944 г. у в. Вярбіцы, Навагрудзкага раёна Гродзенскай вобласьці. Хімік. Кандыдат хімічных навук (1975), прафэсар (1990). Заслужаны работнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь (1994), член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі, Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай экалягічнай акадэміі. Працаваў у Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце: Факультэт хімічнай тэхналёгіі і тэхнікі. Катэдра хіміі, тэхналёгіі электрахімічных вытворчасьцей і матэрыялаў электроннай тэхнікі (асыстэнт, 1971-1974; дацэнт, 1974–1981; загадчык катэдры, 1981–1987). Прарэктар па вучэбнай рабоце (1981–1987), рэктар (з 1987). /Жарскі Іван Міхайлавіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 6. Мінск. 1998. С. 426./ Зразумела, што ўзначальваць ансамбаль “Рунь” ён ня мог, але усё што вытваралася ў сьценах інстытуту па савецкай завядзёнцы пэўна было справай ягоны рук.
    Сецева ж паведамляе што ансамбаль “Рунь” утвораны у 1984 г. і нязьменнай кіраўнічкай яго зьяўляецца Галіна Яўгенаўна Чыпінская, якая, дарэчы, і прыяжджала ў Якуцк.
    Маладыя артысты добра сьпявалі ды танчылі ў ДК імя Кулакоўскага, але зусім па-за сцэнічным тэкстам не маглі размаўляць па-беларуску. Таксама іх нехта падмануў, што у Якуцку можна зрабіць добры гешэфт сярод якутаў на гарэлцы і яны яе шмат прывезьлі, якую і самі ж спажылі...
    Алесь Прысутны,
    Койданава.