четверг, 30 октября 2014 г.

Сяргей Прэйс. Пад псэўданімам Беларусаў. Койданава. "Кальвіна". 2014.





   Шляхціц Аляксей Станіслававіч (Сьцяпанавіч) Бялеўскі [Бѣлевскій] нарадзіўся 17 (29) сакавіка 1859 г. ў маёнтку Шэды Горацкага вуезду Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі (цяпер вёска Шэды Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці РБ), у сям’і заможнага землеўласьніка. З 1869 г. да 1874 г. Аляксей вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, адкуль быў потым пераведзены ў Полацкі кадэцкі корпус, які ён скончыў ў 1876 годзе і паступіў у Пятроўска-Разумоўскую земляробчую акадэмію.
    Ад заснаваньня і па 1878 г., калі пачалося суцэльнае пераўтварэньне акадэміі, у ёй было 1111 слухачоў, з якіх скончыла курс са ступеньню кандыдата ўсяго толькі 36 чалавек. Галоўнай падставай да пераўтварэньня акадэміі ў вышэйшую навучальную ўстанову (у звычайным сэнсе гэтага слова) паслужыла недастатковая пасьпяховасьць ходу заняткаў. Новым статутам 3-летні курс працягнуты быў яшчэ на год; слухачы (па новым статуце - студэнты) не маглі заставацца ў акадэміі звыш 6 гадоў. Для паступленьня ў акадэмію патрабавалася заканчэньне курсу сярэдняй навучальнай установы; плата за слуханьне лекцый была падвышаная (для студэнтаў з 13,5 руб. да 20 руб., для вольных слухачоў - да 75 руб. за паўгодзьдзе). У 1883 г. было зачыненае лясное аддзяленьне з мэтай большай спэцыялізацыі ўстановы. З 1878 г. па 1893 г. пры акадэміі выдаваліся “Известия Петровской земледельческой и лесной академии”, з 1890 г. “Известия Петровской сельскохозяйственной академии”.
    Акадэмія знаходзілася ў дачным месцы – у сяле Пятроўскае-Разумоўскае, якое было зьвязанае з Масквой чыгункай. На той час акадэмія была даступная для ўсіх саслоўяў і туды залічылі слухачоў усіх жадаючых без аніякіх іспытаў. Таксама не было ні пераходных ні выпускных экзамэнаў. Той, хто меў атэстат аб заканчэньні гімназіі, то па заканчэньні праслухоўваньня 3-х гадавога курса атрымліваў дыплёмы на ступень кандыдата і магістра сельскай гаспадаркі ды лесаводзтва.
   У Маскве Бялеўскі знаёміцца праз Аляксандра Ёгансена з дваранкай Цьвярской губэрні Кацярынай Ёгансен [Иогансен], якая нарадзілася ў 1875 г. Аляксей даваў ёй чытаць кнігі, што падыходзілі для яе ўзросту ды ўсяляк апекаваў ёю.
    У 1879 г. быў прыцягнуты да дазнаньня пры Маскоўскім жандарскім упраўленьні, якое праводзілася з 6 сакавіка 1879 г. па справе аб забойстве правакатара Рэйнштэйна, па абвінавачваньню ў імкненьні стварыць, разам з Люцэрнавым, Ігнацьцевым, Цьверыцінавым, Віктаравым, Гольдсьмітам і іншымі, “Цэнтральны распарадчы камітэт”. Дазнаньнем было цалкам выяўлена прыналежнасьць яго да рэвалюцыйнай партыі. Па пагадненьню міністра ўнутраных спраў з шэфам жандараў у чэрвені 1879 г. ён быў высланы пад публічны нагляд паліцыі ў Валагодзкую губэрню. Хадайніцтвы яго і ягонай маці ў 1879 г. аб пераводзе з Валагодзкай губэрні на радзіму ў Горацкі вуезд было адхіленае.
    Пасьля непрацяглага знаходжаньня ў Волагдзе ў 1880 г. Белеўскі быў паселены ў г. Сольвычагодзку Валагодзкай губэрні. У красавіку 1880 г., за ўтойваньне ўцёкаў з Сольвычагодзку пяцёх паднаглядных, ён быў пераведзены ў г Мезень Архангельскай губэрні. У 1881 г. разам з некаторымі іншымі сасланымі, Белеўскі быў прыцягнуты да сьледзтва па справе аб нападзе на паліцэйскага служку, якога сасланыя выгналі са сваёй кватэры. З прычыны гэтага пастановай Асобай Нарады ад 12 кастрычніка 1881 г. Аляксей быў пакінуты пад наглядам паліцыі ў Архангельскай губэрні на 5 гадоў, а пастановай той жа нарады ад 3 лістапада 1881 г. пераведзены для адбыцьця тэрміну нагляду ў Заходнюю Сыбір і паселены ў г. Марыінску Томскай губэрні.
    Пастановай Асобай нарады ад 21 лютага 1884 г., з прычыны ягонага хадайніцтва і станоўчага водзыву томскага губэрнатара, яму дазволена было пераехаць на бацькаўшчыну ў Магілёўскую губэрню з пакіданьнем пад наглядам паліцыі і забаронай жыхарства ў Магілёве, дзе, магчыма, пабраўся шлюбам з Ганнай Міхайлаўнай Анучынаю, якая нарадзіла яму сына і дачку Веру.
    У 1884 г. Белеўскі быў прыцягнуты да дазнаньня, якое ўзьнікла ў Ялутараўску (справа І. Бяляўскага, Р. Лічкус і інш.), з прычыны выяўленьня ў г. Ялутараўску Табольскай губэрні ў Тэр-Маркозава калектыўнага лісту, дзе меўся і ягоны подпіс, адрасаванага “Калёніі ялутараўскіх паднаглядных” і які зьмяшчаў асуджэньне ўчынкаў ялутараўскіх сасланых з Муранавым. Але дазнаньнем не было выяўлена дадзеных да абвінавачваньня Бялеўскага. Таму, па пагадненьню міністраў унутраных спраў і юстыцыі, ад 18 студзеня 1885 г., справа аб ім была спынена. У сьнежні 1884 г. ён быў вызвалены ад галоснага і падпарадкаваны негалоснаму нагляду паліцыі. Жыў у маёнтку Ждановічы Чавускага вуезду Магілёўскай губэрні дзе займаўся гаспадаркай.
    У кастрычніку 1886 г. Бялеўскаму было дазволенае знаходжаньне ў Маскве, дзеля здачы іспытаў у Пятроўскай акадэміі, якія ён здаў у тым жа годзе, атрымаўшы ступень кандыдата. (Пазьней, у 1889 г. ён здаў іспыты на магістра сельскай гаспадаркі). У 1887 г. Бялеўскі ўваходзіў у Маскве ў групу “Сацыялістаў–федэралістаў”, зьяўляючыся ў ёй прадстаўніком ад Пятроўскай акадэміі. Быў рэдактарам першых двух нумароў ліберальна-народніцкай газэты “Самоуправление”, якая друкавалася ў Жэнэве ў 1887–1889 гадах, у якой зьмясьціў некалькі сваіх артыкулаў. Бачыўся напачатку 1888 году ў Маскве з М. Бяляевым, пад час аб’езду апошнім розных гарадоў. На маскоўскай кватэры Бялеўскага адбываліся сходкі асоб, якія належалі да “Самоуправления”. У 1888 годзе, пры правядзеньні дазнаньня па справе “Самоуправления”, зьвярнулі ўвагу і на зносіны Бялеўскага з рознымі асобамі, якія былі прыцягнутыя да гэтага дазнаньня. 14 красавіка 1889 г. быў абшуканы, з прычыны падазрэньня ва ўдзеле разам з А. Капыловай і іншымі ў распаўсюджваньні “Самоуправления”. У выніку чаго Бялеўскаму было забароненае жыхарства ў Маскве і Цьверы.
    Некаторы час Бялеўскі часова выкладаў ў Горыгорацкім земляробчым інстытуце батаніку і садоўніцтва, на што была зьвернутая ўвага дэпартамэнту паліцыі. У траўні 1890 г. пры вобыску ў эмігранта Б. Рэйнштэйна ў Парыжы прозьвішча Бялеўскага было знойдзенае ў ягоным нататніку. Таму Бялеўскі ў 1890 г. быў прыцягнуты да дазнаньня пры Пецярбургскім жандарскім упраўленьні па справе аб “Санкт-Пецярбурскім тэрарыстычным кружку” (справа Н. Істомінай, С. Файніцкага і інш.). Утрымоўваўся пад вартай з 7 кастрычніка 1890 г. па 4 сакавіка 1891 г., пасьля чаго быў вызвалены пад заклад у 1200 рублёў. Дазнаньнем ён быў выкрыты ў тым, што, не прымаючы прамога ўдзелу ў дзейнасьці рэвалюцыйнага згуртаваньня, ён аказваў садзейнічаньне ягоным сябрам, прадставіўшы ў 1883 г. у Маскве сваю кватэру дзеля сходаў, явак, жыхарства і спатканьняў сяброў згуртаваньня ды пад адрас для перапіскі, а таксама садзейнічаў перавозу з Масквы ў Пецярбург значнай колькасьці падпольных выданьняў. Пад час дазнаньня Бялеўскі падаў у міністэрства ўнутраных спраў прашэньне, у якім, указваючы на свае прызнаньні пад час допыту, даўнасьць самога ўчынку, “бездакорныя” свае паводзіны ў далейшы час і цяжкі сямейны і маёмасны стан, хадайнічаў аб зьмякчэньні долі. Па найвысачэйшаму загаду ад 22 студзеня 1892 г. ён быў падпарадкаваны публічнаму нагляду паліцыі па месцу жыхарства ў Магілёўскай губэрні на 3 гады.
    У лютым 1893 года Белеўскі хадайнічаў праз магілёўскага губэрнатара аб зьняцьці з яго паліцэйскага нагляду. У сваім прашэньні ён зазначыў на свае ўжо немаладыя гады, сумны жыцьцёвы вопыт, цяжкія наступствы папярэдніх паводзінаў, якія сапсавалі яму навуковую кар’еру і стан ды выказваў шчырае жаданьне працаваць дзеля забесьпячэньня сваіх дзяцей. Магілёўскі губэрнатар, Чавускі павятовы спраўнік, начальнік Магілёўскага жандарскага ўпраўленьня і Магілёўскі губэрнскі маршалак сьведчылі аб ягоных беззаганных паводзінах. Па найвысачэйшаму загаду ад 12 красавіка 1893 г., па дакладу міністра юстыцыі Бялеўскі быў вызвалены ад публічнага нагляду паліцыі і, па распараджэньні дэпартамэнту паліцыі ад 11 траўня 1893 г,. падпарадкаваны непублічнаму паліцэйскаму нагляду з забаронай жыхарства ў сталіцах і іхніх губэрнях на працягу двух гадоў. Жыў у сваім маёнтку Кабанаўка Рэчыцкага павета Менскай губэрні.
    Па маючым дадзеным ад траўня 1893 г. з ім вяліся перамовы адносна выданьня рэвалюцыйнага зборніка “Союз”, прычым Бялеўскі згаджаўся на рэдагаваньне і на матэрыяльную падтрымку прадпрыемства. Напрыканцы 1893 г. ён паступіў на пасаду губэрнскага земcкага агранома ў Ніжагародзкай губэрні. Праездам у Ніжні-Ноўгарад Бялеўскі бачыўся ў Маскве з А. Ёгансанам ды ягонай сястрою Кацярынаю, якая ўжо мела па мужы прозьвішча Прэйс. Раньняе замуства не перашкодзіла ёй ўстаць на рэвалюцыйны шлях, які прывёў да адчужэньня ад мужа. Аляксей ўвесь час пакуль быў у выгнаньні ліставаўся з ёю і вось зараз ізноў сустрэўся. З Масквы Бялеўскі выехаў 7 лістапада 1893 году ў суправаджэньні маскоўскіх філёраў у Ніжні-Ноўгарад. Па распараджэньні дэпартамэнту паліцыі за ягонымі зносінамі і карэспандэнцыяй было ўстаноўленае зусім сакрэтнае назіраньне. У 1894 г. ён вярнуўся да хаты.
    У гэтым і наступных гадах Бялеўскі зачаста наяжджаў з Менскай губэрні ў Пецярбург. Гэта быў час заняпаду народніцтва, бо моц ужо набіраў сацыял-дэмакратычны рух і ў гэты пераломны момант восеньню 1894 г. адрадзілася “Група нарадавольцаў”, якая ўяўляла электычную сумесь народніцтва і марксізму. Ёй папярэднічала “Група нарадавольцаў,” якая ўзьнікла ў 1890 г. і ў якую ўваходзілі М. С. Аляксандраў (Альмінскі), К. М. Аляксандрава (Даўгова.), А. Ю. Фейт, А. А. Ергін, В. І, Браўдо (сын стацкага радцы г. Коўна.) ды інш. У красавіку 1894 г. гэтая група была выкрытая паліцыяй. Калі восеньню 1894 г. у Пецярбург вярнуліся А. Ергін ды В. Браўдо, якія пад час правалу адбывалі вайсковую павіннасьць, то са старых знаёмых сустрэлі толькі лекара Акадэміі Навук А. Фейта, які пазнаёміў А. Ергіна з К. Прэйс, слухачкаю вышэйшых жаночых курсаў. Кацярына была найбольш упартай у захаваньні старых нарадавольскіх традыцыяў і, асабліва, тэрору. Зразумела ж у 1894 г. у групу ўвайшоў і Бялеўскі. У Кацярыны Прэйс былі свае сувязі ў рабочым асяродзьдзі праз краўца Васіля Прыютава, які пагадзіўся аднавіць друкарню і прыцягнуў да справы сваіх таварышаў па нядзельнай школе братоў Міхаіла і Рыгора Тулупавых, Мікалая Бялова (друкарскі наборшчык), Мікалая Сьмірнова і інш. Яны падшукалі кватэру пад № 13 на Крукаўскім канале ў доме № 23 і з лютага 1895 г. там пачала дзейнічаць друкарня, якая падтрымлівала цесную сувязь з “Саюзам барацьбы за вызваленьне рабочага кляса” ды друкавала ейныя брашуры. Таму “Група нарадавольцаў” падзялялася на два гурткі – інтэлігенцкі і рабочы. Бялеўскі зьяўляўся ў гэтай групе галоўным тэарэтыкам і галоўнай літаратурнай сілаю ды вёў барацьбу з тэрарыстычнымі тэндэнцыямі, выяўляючы схільнасьць да марксізму. Ён быў рэдактарам і аўтарам найважнейшых артыкулаў у № 3 і № 4 “Летучего Листка группы народовольцев”, якія выйшлі ў 1895 г. У сваіх артыкулах Бялеўскі выказваў погляды, якія ўяўлялі сумесь народніцкіх і напаўмарксісцкіх ідэяў.
    У кастрычніку 1895 г. адбыўся пярэпалах, бо Прэйс доўга не вярталася з адной са сваіх звычайных паездак, таму і распаўсюдзілася чутка аб ейным арышце. У сьпешным парадку пачалі ліквідоўваць друкарню, але Прэйс неўзабаве зьявілася і друкарня працягвала сваю працу. Але ўсё ж на гэты раз Прэйс прыцягнула “хвост”, бо філёры, пасьля таго як яна ў Маскве наведала паднаглядную тэрарыстычную групу Аленіна і Захлыстава, прапануючы ім зьдзейсьніць царазабойства, прасачылі яе да Пецярбурга. У хуткім часе, пасьля арышту А Ергіна, усё ж такі вырашылі зьмяніць месца друкарні. У траўні 1896 г. Бялеўскі зьняў разам з К. Прэйс у дачным пасёлку Лахта, пад Пецярбургам, лецішча, якое знаходзілася ў адасобленым месцы, прапісаўшыся там пад чужымі пашпартамі, якія ім перадаў правакатар Гуровіч. На лецішчы была разьмешчаная партыйная друкарня, куды Бялеўскі зрэдку наяжджаў са свайго маёнтка ў Менскай губэрні. Але 24 чэрвеня 1896 г. ён быў арыштаваны пры выкрыцьцю друкарні паліцыяй.
    Нявытрыманасьць у дачы паказаньняў, пачатак якому паклала, як зазначае арыштаваная па гэтае жа справе Праскоўя Францаўна Кудзелі, “Кацярына Прэйс, па натуры чалавек энэргічны, парывісты, здольны... але з вялікім самаўзвышэньнем на мяжы да фанабэрыстасьці. Ёй чамусьці жадалася зрабіць вялікае ўражаньне на жандараў і прадставіць сябе выбітнай і сур’ёзнай рэвалюцыянэркай, па волі якой рухаліся ўсе астатнія удзельнікі справы, і яна вельмі падрабязна і зусім недарэчы прыпісвала асабіста сабе ўсе заслугі па працы групы... У сваіх падрабязных паказаньнях Прэйс даходзіць да таго, што дае жандарам нават характарыстыку некаторых сваіх таварышаў па справе.... Прэйс сьвядома ці міжвольна пераацаніла значнасьць сваёй асобы. Але, магчыма, Прэйс хацела ўзяць асабіста на сябе ўсю адказнасьць па справе, каб абеліць іншых і звузіць колькасьць прыцягнутых. Гэта была бы вельмі наіўна... На жаль, яе паказаньні сьведчаць супраць яе. Яна бліскае перад жандарамі сваёй паінфармаванасьцю ў рэвалюцыйных справах увогуле і шырынёю рэвалюцыйных знаёмстваў... Адсюль правільней будзе даць тлумачэньне яе “шчырасьці”, - менавіта імкненьнем да рэвалюцыйнага самаўзьвелічэньня. Такія паводзіны Прэйс на допытах абразілі таварышаў у іхніх рэвалюцыйных пачуцьцях, тым больш, што яны самастойна пайшлі на рэвалюцыйную працу, па гэтаму многія з іх у сваіх паказаньнях, не шкадуючы сябе, пачалі казаць, што працавалі ў рэвалюцыйным падпольлі цалкам сьвядома і імкнуліся да гэтага яшчэ да знаёмства з Прэйс, і пачалі прыадкрываць заслону сваёй былой працы. Такім чынам сьледзтва без вялікіх намаганьняў выявіла дзейнасьць і мінулае многіх сяброў групы...”. /Кудели П.  Народовольцы на перепутье. Дело лахтинской типографии с приложением документов и “Летучих листков” группы народовольцев 1892 г. – 1895 г. Л. 1925. С. 8./. Кацярына на судзе сьцьвярджала, што гэта ёй удалося прыцягнуць на рэвалюцыйны шлях Бялеўскага, але той яе бараніў, бо паказваў, што “тыя маральныя заахвочваньні, якія прывялі яе да супрацьпраўнай дзейнасьці, сустракалі ва мне поўнае спачуваньне і, мяркую, узмацніліся пад маім уплывам”. Прыцягнуты да дазнаньня пры Пецярбурскім жандарскім упраўленьні Бялеўскі ўтрымліваўся ў Петрапаўлаўскай крэпасьці з 24 чэрвеня 1896 г. па 25 лістапада 1897 г., а затым быў пераведзены ў Дом папярэдняга зьняволеньня. Па найвысачэйшаму загаду ад 18 лістапада 1897 г. ён быў зьняволены на два гады, з залікам папярэдняга ўтрыманьня пад вартай, з наступнай высылкаю пад публічны нагляд паліцыі ва Ўсходнюю Сыбір на 8 гадоў.
    Пакараньне Бялеўскі адбываў у Пецярбургскай адзіночнай турме, куды паступіў 25 лістапада 1898 г. У 1898 г. было задаволенае хадайніцтва ягонай жонкі, хворай на сухоты, аб дазволе адбываць яму турэмнае зьняволеньне ў Маскве, куды ён быў пераведзены 9 сакавіка 1898 г. і быў зьняволены ў Маскоўскую цэнтральную перасыльную турму. Тэрмін зьняволеньня ў Бялеўскага скончыўся 24 чэрвеня 1898 г. і месцам пасяленьня яму ва Ўсходняй Сыбіры была прызначаная Якуцкая вобласьць.
    З Краснаярску ён зьвярнуўся з прашэньнем аб пасяленьні яго ў адным месцы з Кацярынаю Прэйс. (Ягоная жонка. пэўна, памерла ад сухотаў). І. І. Папоў, рэдактар газэты “Восточное обозрение”, якая выходзіла ў Іркуцку, успамінаў: “Пісаў у нас і А. С. Белеўскі... Ён быў вучоным аграномам і трапіў у Сыбір разам з жонкаю К. Прэйс па справе лахцінскай друкарні. Ён ехаў за свой кошт да Іркуцка, а ў Іркуцку павінен быў сесьці ў турму і ўжо далей ісьці прыстанкамі. Ён высылаўся на 8 гадоў у Верхаянск, Якуцкай вобласьці, самае зімнае месца на мацерыку. Гэтае хвалявала яго, так як двухгадовае сядзеньне ў турме падарвала ягонае здароўе. Але нашы калымчане, верхаянцы, асабліва Кавалік [“Дзядуля рускай рэвалюцыі” С. П. Кавалік, ураджэнец маёнтку Свадкавічы Чэрыкаўскага вуезду Магілёўскай губэрні, на той час, пасьля адбыцьця верхаянскага выгнаньня, знаходзіўся ў Іркуцку.] і іншыя супакойвалі Бялеўскага. Мы “зрабілі” А. С. хворым, і нам удалося пазбавіць яго ад іркуцкай турмы да моманту адпраўкі партыі ў Жыгалава, на ленскія параплавы. Клопаты аб пакіданьні Бялеўскага ў Іркуцку не ўладзіліся – А. Д. Гарамыкін [Іркуцкі генерал-губернатар] не падтрымаў хадайніцтва. Бялеўскі надрукаваў ў нас некалькі апавяданьняў і артыкулаў ды потым пісаў з Якуцкай вобласьці”. [Попов И. И.  Забытые иркутские страницы. Записки редактора. Иркутск. 1989 г. С. 98-99.]
    Па распараджэньні якуцкага губэрнатара Бялеўскі павінен быў быць адпраўлены ў Калымскую акругу Якуцкай вобласьці, але з-за хваробы яго часова пакінулі ў Якуцку. М. С. Альмінскі (Аляксандраў), які з 1898 г. адбываў ссылку ў Алёкмінскай акрузе Якуцкай вобласьці, у 1899 г. зрабіў заяву перад калёніямі сасланых аб ганебных для сапраўднага рэвалюцыянэра паводзінах К. Прэйс на судзе, якая паслужыла падставаю для барацьбы з народнікамі, у прыватнасьці з іхняй тактыкаю мірнага суіснаваньня з уладамі. Гэтую заяву, як ідэю, падхапілі ўсе сасланыя сацыял-дэмакраты і міжусобная барацьба ахапіла ўсе калёніі “якуцкай ссылкі”, падзяліўшы яе напалову. Супраць партыйнага суду выступалі нарадавольцы.
    Бялеўскі, пераназначаны ў Верхаянск, выбыў з Якуцка 14 студзеня 1900 г. і 6 лютага 1900 г., разам з К. Прэйс, прыбыў туды. Там ужо былі асуджаныя па гэтай жа справе М. Бялоў, І. Далінін, М. Сьмірноў і М. Тулупаў, а іхні хаўрусьнік А. Ю. Фейт удзельнічаў у дапаможнай партыі К. Валасовіча пры Рускай Палярнай экспэдыцыі барона Э. В. Толя (1900-1903).
    У Верхаянску ўжо віравала вайна па “справе Прэйс”. Бялеўскі, абараняючы Прэйс, шалёна выступаў супраць сацыял-дэмакратаў і з-за гэтага адыходзіў ад “рэвалюцыйных” ідэяў. Гэтая барацьба прывяла да расколу Верхаянскай ссылкі. Добрая тэарэтычная падрыхтоўка верхаянскіх сасланых сацыял-дэмакратаў дазволіла ім весьці непрымірымую барацьбу супраць народнікаў і іхняй канцэпцыі, але яна засталася ў меншасьці.
    У Верхаянску ў Аляксея Бялеўскага 23 (25) жніўня 1900 г. нарадзілася дачка Яўгенія “прыжытая ад палітычнай паднагляднай Кацярыны Прэйс”. У хуткім часе Бялеўскі і Прэйс пабраліся законным шлюбам. У лістападзе 1900 г. ён, разам з Кацярынаю, хадайнічаў аб пераводзе яго ў Якуцк, з прычыны поўнай адсутнасьці ў Верхаянску заробка і мэдычнай дапамогі. Пераведзеныя ў Якуцк яны 10 красавіка 1900 г. пакінулі Верхаянск.
    У гэты час па вуліцы Бальшой у Якуцку ў сасланага валахана (скапца) арандаваў палову хаты ўраджэнец Менскай губэрні выгнанец Эдвард Пякарскі [складальнік слоўніка якуцкай мовы] з сям’ёю. Ён увайшоў у станавішча земляка і аддаў ім сваё жытло. Бялеўскі ў Якуцку быў дапушчаны да заняткаў у радзе сельскагаспадарчага таварыства па распрацоўцы пляна барацьбы з кабылкай, на што яму быў прадстаўлены крэдыт, дзеля разьездаў.
    У 1902 г. Аляксей часова быў дапушчаны да выкананьня абавязкаў абласнога архітэктара. У тым жа годзе Бялеўскі дамогся пераводу ў Енісейскую губэрню і 6 чэрвеня 1902 г. выехаў у Енісейск.
    Праяжджаючы па Якуцкім тракце праз Верхаленск ён даслаў ў газэту “Восточное обозрение“ нататку: “Из  Верхоленска“ [№№ 234, 274.], падпісаўшы яе псэўданімам “Бѣлоруссъ”. Дарэчы, ён бадай што першы з рэвалюцыянэраў, што пайшлі ў расейскі рэвалюцыйны рух, вызначыў сябе беларусам. Да прыкладу, А. Бонч–Асмалоўскі вызначыўся толькі тады, калі паўстала БССР. “Мне прыйшло ў галоў зараз наступнае, - пісаў ён з Масквы у Кітай М. Руселю-Судзілоўскаму, - на днях я атрымаў ад беларускага часопіса “Полымя” напамін з просьбаю зьмяшчаць свае артыкулы ў іх на працягу 1929 году і далей. Друкуюць яны на сучаснай беларускай мове, але прымаюць артыкулы супрацоўнікаў і на рускай... Вы дасьцё што-небудзь зьмясьціць у “Полымя”. Вы ж таксама беларус па паходжаньні і наша беларуская моладзь у мясцовых нацыянальных вышэйшых установах з задавальненнем будзе чытаць свайго знакамітага суайчыньніка”.
    Не заяжджаючы ў Іркуцк Бялеўскі праехаў з Якуцкага тракту прама на чыгунку праз Мікалаеўскі завод. У 1902 г. у № 11 часопіса “Русское богатство”, рэдактарам якога быў былы сасланы Якуцкай вобласьці Ўладзімер Караленка, зьявіўся  артыкул А. Бялеўскага “Аграрный вопрос в Якутской области”, напісаны “на аснове часткова друкаваных, часткова рукапісных збораў сказак і паданьняў якуцкага народу; дадзеных рукапісу Паўлінава (не апублікаванага), які працаваў у архіве Як. абл. праўленьня ў 70-х гадах XIX стагоддзя...” і іншых матэрыялаў. У 1903 г. да Аляксея ў Енісейск прыехала і Кацярына.
    Пад час міністэрства Сьвятаполк-Мірскага, пасьля скарачэньня тэрміну выгнаньня згодна маніфэсту 11 жніўня 1904 г., Бялеўскі быў вызвалены ад публічнага нагляду паліцыі без абмежаваньняў у выбары месца жыхарства. Ён заняўся літаратурнай дзейнасьцю, а свае творы пачаў падпісваць псэўданімам “Бѣлоруссовъ”. Так у 1906 г. ён пад псэўданімам “Беларусаў” у Маскве надрукаваў кніжку успамінаў “Из  пережитого”, дзе ў нататцы “Дома” ёсьць гэткія словы: “Імпэратар Мікалай І, праяжджаючы па Беларусі, назваў яе красуняй, але беспасажніцай. Калі ў першай палове вызначэньня быў лёгкі камплімэнт, то ў другой існая праўда для таго часу. Лапцюжная і сярмяжная Беларусь жыла ўся ў курных хатах і ведала толькі мякінны хлеб. І хоць на тэрыторыі Прыдняпроўя, як вядома, ў цараваньне ваяўнічага імпэратара ніякіх войнаў не вялося, тым не менш мой бацька апавядаў мне, што яму даводзілася бачыць бароны ў рабоце, якія былі запрэжаныя жанчынай і каровай, - як зараз у Маньчжурыя і, па словах Неміровіча-Данчанкі. Калі пачалася пара рэформаў, Беларусі дакранулася толькі першая; лапцюжнікаў адпусьцілі на волю, але паклапаціцца пра ўмовы, спрыяльныя для назапашваньня “пасагу”, не пажадалі патрэбным. Па гэтаму прыгажуня абышлася без земстваў, без школаў, без мэдыцыны. За блізкае знаёмства з каварнай Польшчай ёй давалі суворых губэрнатараў. І лупцавалі ж красуню! Пераважна за тое, што яна, спасылаючыся на сваю ўбогасьць, дрэнна спраўлялася з падаткамі; але не толькі за гэтае. Ігралі ролю і фальшывыя ідэі...”. /С. 43-44/.
    Ягоныя артыкулы ў 1906 г. зьявіліся ў выданьнях “Наша жизнь”, “Путь” ды “Час”, а ў 1908 г. ў выданьні “Правда жизни”.
    У 1908 г. уваходзіў у “Бюро садзейнічаньня, пры Галоўным Камітэце Сялянскага Саюзу” і быў арыштаваны па справе Сялянскага Саюзу, як адзін з яго заснавальнікаў, а пасьля вызваленьня эмігрыраваў.
    Свае артыкулы ён дасылаў напачатку з Турэччыны, а потым з Парыжу, ў 1909 г. у выданне “Лебедь” і “Вестник Европы”, з 1913 г. у “Русское богатство” і “Сев. Зап.” ды інш. Быў сталым карэспандэнтам, з 1915 г. кадэцкіх “Русских ведомостей”. Дарэчы, ў ягонай кніжцы нарысаў “Париж” (М. 1914), знайшлося месца нарысу “Феменісткі”, у якім ён апісвае “парыскае” каханьне графіні, якая “нарадзілася на берагах глыбокага Нёману” да беднага мастака “жыдзюкі” з яе радзімы.
    Вярнуўшыся ў Расію пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, Бялеўскі выступіў, як рашучы контррэвалюцыянэр. Ён уваходзіў у бюро буржуазна-памешчыцкага “Савета Грамадзкіх Дзеячаў”, а ў 1918 г., як прадстаўнік падпольнага Маскоўскага Цэнтру (“Правы Цэнтр”), выехаў на Дон, дзе ўваходзіў у “Савет” пры генэрале Карнілаве.
    Пад час “Дзяржаўнай нарады”, якая адбылася 26 жніўня – 10 верасьня (8-23 верасьня) 1918 г. ва Ўфе, прадстаўнікоў абласных урадаў, антысавецкіх партыяў і прадстаўнікоў чэскага Нацыянальнага Савету па пытаньню аб стварэньні, замест абласных урадаў, адзінай “усерасійскай улады”, ён увайшоў у склад часовага праўленьня “Нацыянальнага Саюза”, які стаяў за аднаасобную дыктатуру. На ёй Бялеўскі быў зарэгістраваны пад прозьвішчам Беларусаў.
    Пасьля Бялеўскі зьехаў у Сыбір, дзе ўдзельнічаў у палітычнай дзейнасьці пры А. В. Калчаку. Быў сябрам кадэцкай Партыі Народнай Свабоды. Падрыхтоўчая камісія пад яго кіраўніцтвам распрацоўвала пытаньне аб Усерасійскім Урадавым Сходзе ўстаноўчага характару і абласных прадстаўнічых устаноў. Былі выпрацаваны “Агульныя палажэньні”, якія меркавалася пакласьці у падмурак будучага закону аб выбарах у Нацыянальны Устаноўчы Сход. Таксама Бялеўскі ў Кацярынбурзе выдаваў газэту “Отечественные ведомости”.
    Пазыцыі Калчака тады былі блізкімі да кадэцкіх ліберальна-буржуазных. У лютым 1919 г., пры паездцы на фронт, Калчак прыбыў у Кацярынбург, дзе да яго прыйшла дэлегацыя на чале з Бялеўскім. Як успамінаў габрэй Леў Апанасавіч Кроль (5. 7. 1871, Магілёў — 3. 1. 1931, Парыж): “Яна пайшла з прапановай аб тым, каб не падпарадкоўваць край і начальніка краю вайсковай уладзе, як гэта па чутках, практыкуецца. У выніку – адмірал стукаў кулаком па стале і крычаў, што грамадзянскія чыны паказалі сваю поўную непрыдатнасьць, хаця, напраўду, і сярод вайсковых мала людзей талковых, але гэтыя хоць дысцыплінаваныя, хоць слухаюцца... Бедны А. С. Беларусаў не толькі атрымаў першае расчараваньне, але з ім, па прыходзе да хаты, здарыўся наймацнейшы сардэчны прыпадак, ад якога ён не мог ачуняць некалькі дзён...” [Кроль Л. А.  За три года. Воспоминания, впечатления, встречи. Владивосток. 1921.].
     Бялеўскі быў камандзіраваны ў Іркуцк дзеля высьвятленьня ўзаемаадносінаў з прадстаўнікамі саюзных дзяржаваў і там сканаў 3 верасьня 1919 года ад тыфу. Пахаваны на Ерусалімскім могілках у Іркуцку.
    Творы:
    Верхоленск. // Восточное обозрение. № 234. Иркутск. 5 октября 1902. С. 3.
    Аграрный вопрос в Якутской области. // Русское богатство. № 11. СПб. 1902. С. 91-115.
    Земельный вопрос и национализация земли. Москва. 1906. 68 с.
    В поисках рациональной морали. (Письмо из Парижа). // Вестник Европы. № 9. СПб. 1912. С. 295-308;
    Из пережитого. Москва. 1906;
    В старом доме Рассказы, воспоминания, размышления. Москва. 1908. 288 с. [Некаторыя прыпісваюць гэты твор пяру Івана Міхайлавіча Беларусава (1850-1920)]
    Париж. Москва. 1914. 249 с.
    Париж. Очерки. 2-е изд. 1915. 240 с.
    Франция. Очерки. Москва. 1915. 306 с.
    Кооперация национальных сил. Москва. 1917. 31 с.
    Странички воспоминаний. // Свобода России. № 46, 48, 54, 58. Петроград. 1918.
    Верховный правитель и демократия. // Отечественные ведомости. 26 февраля 1919.
    Шейне-Крейне. // Якутск вечерний. Якутск. 14 июня 2002. С. 26.


    Літаратура:
    Личное дело адм. ссыльных Алексея Белевского и Прейс Е. на 17 листах. НА РС(Я). Ф. 25. Воп. 3. Спр. 50.
    Венгеров С. Критико-биографический словарь русских писателей и ученых. (От начала русской образованности до наших дней). Т. 1 (вып. 1-3). Предварительный список русских писателей и ученых и первые о них справки. (2-е изд.). Петроград. 1915. С. 97.
    [Некрологи] // Наш путь. [редакторъ В. І. Язвицкій. Издатель - Г. А. Бѣлевскій] Омск. 15 (2) сентября 1919. С. 2.
    Светлой памяти А. С. Белоруссова-Белевского. // Великая Россия. Томск. 3 октября 1919.
    Ногин В.  На полюсе холода. Москва-Петроград. 1919. С. 10, 135.
    Гинс Г. К.  Сибирь, союзники и Колчак. Поворотный момент русской истории. 1918-1920 гг. Т. 2. Пекин. 1921. С. 270-271.
    Куделли П.  Народовольцы на перепутьи. Дело Лахтинской типографии. // Красная летопись. № 2. Ленинград. 1924. С. 55, 59, 66-77.
    Горев Б. И.  Из партийного прошлого. Воспоминания 1895-1905. Ленинград. 1924. С. 13.

    В ссылке и в эмиграции. (Идейные конфликты). // Стеклов Ю. М.  Борцы за социализм. Очерки из истории общественных и революционных движений в Россиии. Ч. II. 2-е изд. Москва – Ленинград. 1924. С. 289-290.
    Куделли П.  Народовольцы на перепутьи. Дело Лахтинской типографии. С приложением документов и «Летучих листков» группы народовольцев 1892 г. и 1895 г. Ленинград. 1925. С. 7, 10-11, 14, 17-23, 27-30, 33, 35, 108-109, 118-120, 134-134, 140-148.
    Козьмин Б.  П. Куделли. Народовольцы на перепутьи. Дело Лахтинской типографии. С приложением документов и «Летучих листков» группы народовольцев 1892 г. и 1895 г. ГИЗ. Л. 1925. Стр. 168. // Каторга и ССылка. Кн. 26. Москва. 1926. С. 290.
    Максаков В., Турнов А.  Хроника Гражданской войны в Сибири 1917-1918. Москва-Ленинград. 1926. С. 88.
    Белоконский И. П.  К истории политической ссылки 80-х годов. // Каторга и ссылка. №2 (кн. 31). Москва. 1927. С. 145.
    Николаев В.  Политическая ссылка в изучении Якутского края. // В якутской неволе. Сборник материалов и воспоминаний. Москва. 1927. С. 184.
    Белевский Алексей Станиславович. // Большая Советская Энциклопедия. Т. 5. Москва. 1927. С. 421-422.
    Верхоянская ссылка. // Сибирская энциклопедия. Т. 1. Москва /Новосибирск/. 1929. С. 466.
    Копылова–Орочко А. Д.  Воспоминания об Ольге Николаевне Фигнер–Флоровской. // Каторга и ссылка. № 62 (Кн. 1). Москва. 1930. С. 17.
    Ногін В.  У краіне палярнага холаду. Менск. 1931. С. 155.
    Белевский Алексей Степанович. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. 3. Восьмидесятые годы. Вып. 1. Москва. 1933. Стлб. 238-242.
    Масанов И. Ф.  Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1. Москва. 1956. С. 153.
    Мещерский А. П.  Первые марксисты в Сибирской ссылке. Иркутск. 1966. С. 175-176.
    Петряев И. И.  Сотрудники «Восточного обозрения» и «Сибирских сборников» (1882-1906). Биобиблиографические материалы. // Попов И. И.  Забытые иркутские страницы. Записки редактора. Иркутск. 1989. С. 348.
    Попов И. И.  Забытые иркутские страницы. Записки редактора. Иркутск. 1989. С. 10, 98, 99, 107, 373, 380.
    Казарян П. Л.  Верхоянская политическая ссылка (1861-1903 гг.). Якутск. 1989. С. 44, 55, 115, 140, 141, 172.
    Ліўшыц У.  Рэвалюцыянер і журналіст. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёну. Мінск. 1996. С. 83-84.
    Казарян П. Л.  История Верхоянска. Якутск. 1998. С. 94, 189.
    Плотников И. Ф.  Александр Васильевич Колчак. Исследователь, адмирал, Верховный правитель России. Москва. 2002. С. 130, 437, 627, 628, 684.
    Баркоускі А.  Под псевдонимом  Белорусов. // Якутск вечерний. Якутск. 14 июня 2002. С. 26.
    Белевский Алексей Степанович. // Екатеринбург. Энциклопедия. Екатеринбург. 2002. С. ?
    Верховный правитель России. Документы и материалы следственного дела адмирала А. В. Колчака. Москва. 2003. С. 322, 368, 683.
    Селянинова Г. Д.  Деятельность А. С. Белевского-Белоруссова в Екатеринбурге в конце 1918 - первой половине 1919 года. // Известия Уральского государственного университета. № 27. 2003. С. -?.
    Белевский Алексей Степанович. // Краткая Российская энциклопедия. Т. 1. Москва. 2003. С. 256.
    Белевский Алексей Степанович. // Новая иллюстрированная энциклопедия. Т. 1. Москва. 2004.
    Баркоўскі А.  Пад псеўданімам Беларусаў. // Голас Радзімы. Мінск. 22 красавіка 2004. С. 24.
    Архивы России о Якутии. Выпуск 1. Фонды Государственного архива Иркутской области о Якутии. Справочник. Отв. ред. проф. П. Л. Казарян. Якутск. 2006. С. 128, 452.
    Яковлев Э. М.  «Якутские земские четырехгодичные сельскохозяйственные курсы объявляю открытыми». // Якутский архив. № 4. Якутск. 2008. С. 78.

    Горад чыноўнікаў і рэвалюцыянераў. // Нікалаеў. М. Беларускі Пецярбург. Санкт-Пецярбург. 2009. С. 78.
    Ермолаев А. Н.  Революционеры народовольцы в политической ссылке на территории Кузбасса в 1870–1880 гг. // Вестник Кемеровского государственного университета Т. 1. № 3 (63). 2015. 40-41.
    Сяргей Прэйс,
    Койданава.