пятница, 24 октября 2014 г.

Алесь Баркоўскі. Пэдагог са Смалявічаў. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                   ПЭДАГОГ УЛАДЗІМЕР КРАСІНСКІ
    Падчас вучобы ў Якуцкім рачным вучылішчы, недзе ў 1972 годзе на 2-м курсе мне давялося здаваць іспыты па матэматыцы ў бамбасховішчы. Дарэчы, тады матэматычкай была беларуска - жонка вайскоўца. Уваход у бамбасховішча быў па шрубавай лесьвіцы са Штабу Грамадзянскай абароны (будынак зараз разабраны), дзе ў 30-я гады побач знаходзілася ўнутраная турма НКУС ЯАССР, а душнікі бомбасховішча, у выглядзе двух прыгожых альтанак, выходзілі на вуліцу Дзяржынскага. Па чутках, там павінна было адседжвацца кіраўніцтва рэспублікі на выпадак атамнай вайны. Мы, курсанты, былі “паддосьледнымі трусамі” - у нас бралі разнастайныя аналізы, а кармілі ад прэстыжнага на той час рэстарана “Лена”. Выходзіць на паверхню не дазвалялася, ды і дзьверы былі зачыненыя знадворку. Зьдзяйсьнялася толькі тэлефонная сувязь. Але ў нас знайшліся ўмельцы, якія змаглі адчыніць далёкія дзьверы у праходзе, і мы атрымалі магчымасьць лазіць па трубах праз аддуху ў 4-ы магазын за віном, а падвышаны ціск па раніцах тлумачыўся трансляцыяй футбольнага чэмпіянату па тэлевізары. Зараз Штаб згарэў, уваход засыпаны, засталіся толькі пашарпаныя альтанкі… Але тады мне не было вядома аб трагедыі, якая адбылася прыблізна на гэтым жа месцы з выкладчыкам матэматыкі Якуцкага рачнога тэхнікума ў далёкім 1938 годзе…
    У лютым 1938 года начальнікам Якуцкага рачнога тэхнікума стаў Фёдар Рыгоравіч Касмакоў, ураджэнец пасёлка Верхні-Маркаўскі Вусьць-Куцкага раёна, 1911 года нараджэньня, які ў 1930 годзе скончыў Кірэнскі пэдагагічны тэхнікум.
    24 кастрычніка 1938 г. яму на стол легла “ананімная” пісулька:
    “Тав. Касмакову Ф. Р.
    Учора выкл. Красінскі, распавядаючы аб сваёй вялікай нагрузцы, згадаў імя Ньютана. “Гэты навуковец, - казаў Красінскі, як і ён, працаваў па 18 гадзінаў у суткі ... Выслухваючы дадзены аповяд Красінскага, т. Каменчанка зазначыў, што тав. Энгельс назваў Ньютана “індукцыйным аслом”. Нечакана Красінскі пачаў даказваць, што Энгельс “прафан у вобласьці натуральных навук, сам асёл і дурань”. Лічу, што гэтае “выказваньне” Красінскага - нахабны паклёп на геніяльнага нашага вучонага - барацьбіта Фрыдрыха Энгельса, паклёп на камунізм. Гэта варожы голас”.
    Натуральна Касмакову ў гэтым становішчы неабходна было хутка рэагаваць. У выніку чаго з’явіўся наступны рапарт:
                                              “Начальніку II аддзела НКУС ЯАССР.
    У Якуцкім рачным тэхнікуме працуе матэматыкам гр. Красінскі Ўладзімер Іванавіч, які мне, з часу майго зьяўленьня ў тэхнікуме, у маіх вачах ён падаецца падазроным. Праверкі і асабістае назіраньне прыводзяць да высновы, што ягоная праца падлягае праверцы, а ён выгнаньню з Савецкай Школы. Прыклады, якія падштурхоўваюць на выкрыцьцё, наступныя:
    1). Маючы магчымасьць паехаць у адпачынак у Маскву, ён гэтым летам паехаў у водпуск праз Алдан і вярнуўся, не пабываўшы ў Маскве.
    2). 23 кастрычніка 1938 г. у прысутнасьці выкладчыкаў Красінскі заявіў што Энгельс, калі даваў ацэнку мэтаду працы вучонага Ньютана і параўноўваў яго з заснавальнікам матэматыкі Лейбніцам [што Ньютан “індукцыйны асёл”] сам прафан у натуральных навуках. Гэтае можа дапусьціць толькі “прыдурак” або вораг.
    Я думаю, што гэтыя словы ворага накіраваныя супраць камунізму, які ствараецца бальшавікамі”.
    На той час у г. Алдане ворганамі НКУС ЯАССР была “выяўлена” к-р змова ў золатаздабываючай прамысловасьці, ніці якой “вялі” ў Маскву. Начальнік II аддзела 25 кастрычніка 1938 г. натуральна адразу ж наклаў рэзалюцыю: “Вовікаў. Тэрмінова займіцеся асобай Красінскага”. І, зразумела, 28 кастрычніка 1938 г. п/о упаўн. II аддзела УДБ НКУС ЯАССР А. Вовікаў “знайшоў, што Красінскі, які з’яўляецца к-р настроеным элемэнтам неаднаразова ў коле выкладчыкаў ЯРТ праводзіў к-р трацкісцкія агітацыі, накіраваныя супраць пабудовы камунізму ў адной краіне і спахабляў рэвалюцыйную тэорыю марксізму, а таму, кіруючыся арт. 128, 174, 158 КПК пастанавіў: гр-на Красінскага Ўладзіміра Іванавіча прыцягнуць у якасьці абвінавачванага па арт. 58 п. 10 ч. 1 КК РСФСР. Меру стрыманьня … абраць утрыманьнем пад вартай у Якуцкай турме”. Гэтую пастанову адразу ж зацьвердзіў нам. наркама МУС ЯАССР, капітан дзяржбясьпекі І. А. Дарафееў і ў ноч з 1 на 2 лістапада 1938 г. Красінскі быў арыштаваны.
    2 лістапада 1938 г. быў дапытаны як сьведка выкладчык ЯРТ Аляксей Гур’евіч Калінчанка, 1907 г. нар. (г. Наманган), які ў 1933 г. скончыў ЛІВТ, і ён паказаў: “У перапынку паміж заняткамі 23 кастрычніка 1938 г. у выкладчыцкай ЯРТ у прысутнасьці пэдагогаў: мяне, Хахлачова, Гур’ева, Чарэмкіна, выкладчык матэматыкі і мэханікі Красінскі Ўладзімер Іванавіч пачаў гаварыць, што ён у сёньняшні дзень працаваў столькі ж, колькі ў свой час працаваў Ньютан. Пасьля гэтага ён пачаў абмяркоўваць ступень велічы вучонасьці Ньютана, але на гэта я Красінскаму зазначыў, што не менш вялікім навукоўцам з’яўляецца Лейбніц … Красінскі ж, сьцьвярджаючы сваё, заявіў: “вучонага падобнага Ньютану няма”. Тады я прывёў з кнігі “Дыялектыка прыроды” словы аднаго з заснавальнікаў філязофскага матэрыялізму Энгельса, дзе ён, параўноўваючы Ньютана з Лейбніцам, гаворыць: “Ньютан у параўнаньні з Лейбніцам індукцыйны асёл”. На гэта Красінскі ў іранічнай форме заявіў “калі гэта так, то значыцца Энгельс сам асёл і прафан, нічога не разумее, а бярэцца разважаць, аб чым яму не варта”. Пэдагогі, якія прысутнічалі, былі сьцьвярджэньнем Красінскага ўражаныя. Тут я і Хахлачоў паспрабавалі разупэўніць Красінскага, зазначыўшы яму, што Энгельс зусім не прафан, а чалавек усебакова адукаваны і ў прыватнасьці ў галіне матэматыкі разьбіраўся вельмі глыбока і даў накірунак у разьвіцьці гэтай навукі, а сваім вызначэньнем Ньютана ён указаў на ягоны к-р падыход да вывучэньня прыродазнаўства. На гэта Красінскі з пераканаўчай настойлівасьцю заявіў: “з працамі Энгельса я знаёмы, чытаў іх і выводжу выснову што Энгельс у навуцы прафан, і калі ён дае такую выснову Ньютану, то ён сам асёл і дурань у тым жа сэнсе, у які ён вызначыў Ньютана”. Іншых падобных заяў ад Красінскага я да гэтага не чуў, але па водгуках выкладчыка Белавусава і Ягорава мне стала вядома, што Красінскі з’яўляецца па-антысавецку настроеным чалавекам і такія размовы ў яго не ўпершыню”.
    Тады жа, 2 лістапада 1938 года, была дапытаная як сьведка Ганна Сьцяпанаўна Арсеньнева, 1904 г. нар., выкладчыца 4-й няпоўнай сярэдняй школы г. Якуцка, якая паказала: “Па мойму Красінскі з’яўляецца яскрава выяўленым к-р элемэнтам, якому, з ягоных слоў і паводзінам, усё нянавіснае. Ён ненавідзіць Савецкае кіно, літаратуру, Савецкіх пралетарскіх пісьменьнікаў, пазьбягае сходаў, мітынгаў, заяўляе: “Не ашчаджайце грошы, іхняя каштоўнасьць хутка міне, таму купляйце рэчы”, і вядзе шэраг іншых к-р размоў, зьмест якіх цяжка перадаць. Прыкладна 20 сакавіка гэтага году, знаходзячыся на праводзінах у былога дырэктара тэхнікума Башмакова, дзе ён у гутарцы з пэдагогам тэхнікума Белавусавым, які задаў пытаньне Красінскаму: “Сталін і Горкі геніяльныя людзі?”, на што той адказаў: “Гэта два ідыёты”. Пачуўшы гэтыя выказваньні Башмакоў загадаў Красінскаму паўтарыць, і той паўтарыў гэтыя выказваньні. Тады Башмакоў выняў пісталет і кінуўся да Красінскага, але я і ягоная жонка ўтрымалі яго і на гэтым размова перарвалася. Таксама быў такі характэрны выпадак: у ліпені гэтага году перад выбарамі, калі тав. Сталін і Молатаў далі сваю згоду балатавацца ў ЯАССР, то ў гонар гэтага быў заарганізаваны мітынг, на які Красінскі пад выглядам галаўнога болю ісьці адмовіўся, а калі ўсё пайшлі на мітынг, ён пайшоў у горад. У пэрыяд выбараў у Вярхоўны Савет СССР Красінскі быў вылучаны агітатарам сярод абслуговага пэрсаналу тэхнікума, і калі зайшоў да мяне на кватэру, я яму задала пытаньне: “Як вы праводзіце агітацыю?” Ён адказаў: “Я ведаю аб чым трэба гаварыць - трэба крычаць: “Галасуйце за Сталіна, выбірайце Сталіна і ўсё будзе ў парадку”. У адказ на гэтыя словы я яму сказала, што хіба можна так выказвацца. Ён адказаў: “Слухайце радыё, чытайце газэты. Сутнасьць адна і тая жа”.
    2 лістапада 1938 г. быў дапытаны і арыштаваны абвінавачваемы, які паказаў: Я, Уладзімер Іванавіч Красінскі нарадзіўся 19 лютага 1884 г. у мястэчку Смалявічы Барысаўскага р-ну Мінскай вобл. у сям’і селяніна, пасьля чыгуначнага тэлеграфіста. У 1903 г. скончыў чыгуначнае вучылішча ў г. Гомелі, і ў якасьці старшага рабочага ў г. Лібаве на Лібава-Роменскай чыгунцы сустрэў рэвалюцыю 1905 г. Я быў абраны дэлегатам ад службы шляху ў страйкавы камітэт, а пасьля задушэньня рэвалюцыі зьняволены ў Шлісэльбургскую турму. Пасьля вызваленьня з турмы на парукі маці я адказаў і вытрымаў у 1906 г. іспыты на атэстат сталасьці. У 1908 г. я па конкурсным экзамэну быў прыняты ў Пецярбургскі інстытут інжынэраў шляхоў зносінаў, дзе дзякуючы адсутнасьці сродкаў правучыўся да 1915 г. Пасьля яго заканчэньня я быў накіраваны на пабудову Ачынскай чыгункі у якасьці начальніка дыстанцыі (прарабам). На гэтай пасадзе я прапрацаваў адзін год і перавёўся на пабудову чыгункі Волхаў - Рыбінск. Пад час Кастрычніцкай рэвалюцыі я быў старшым інжынэрам па праектаваньні чыгуначнай лініі Ярмоліна-Кіпаеў у Петраградзе, дзе пры мне і адбыўся пераварот, таму я горача ёй спачуваў і чытаў першым Ленінскую газэту… Па заканчэньні вышукальніцкіх работаў я паступіў начальнікам будучастка шляху той жа чыгункі, дзе прапрацаваў да 1921 г. Апроч працы на чыгунцы, я быў сталым выкладчыкам будаўнічых курсаў дзесятнікаў. У 1922 г. я перавёўся ў Сяміпалацінск на пабудову Сыбірскай чыгункі, дзе прапрацаваў да ліпеня 1922 г. З 1923 г. па 1925 г. служыў на Сярэдне-Азіяцкай чыгунцы і быў выкладчыкам чыгуначнага і гідратэхнічнага тэхнікумаў ў г. Ашхабадзе. З 1925 г. па 1929 г. быў інжынэрам у Воднай гаспадарцы Туркмэніі і выкладчыкам па сумяшчальніцтве ў тых жа тэхнікумах. У 1929-1931 гг. быў выключна выкладчыкам гідратэхнічнага і чыгуначнага тэхнікумаў і нам. дырэктара па вуч. частцы гідратэхнікума і тады ж быў па конкурсе навуковых працаў абраны дацэнтам па катэдры тэарэтычнай мэханікі ў Туркмэнскім Аграбаваўняным Інстытуце з загадваньнем гэтаю катэдрай. У 1931 г. з-за хваробы нябожчыцы жонкі я перавёўся ў Маскву на пасаду дацэнта ў Маскоўскія ВТНУзы, дзе і працаваў дацэнтам па будаўнічай мэханіцы ў МІЧТ аж да майго арышту ў 1933 г. Гэты арышт быў зьвязаны з маёй працай у Туркмэніі на Ср. Аз. чыгунцы і я быў асуджаны Тройкай АДПУ па арт. 58 п. 10 ч. 1 і арт. 109 да тэрміну ў лягерах на 3 гады за антысавецкую агітацыю і шкодніцкі расход будматэрыялаў. Тэрмін адбываў у лягеры Бамлягу ў г. Свабодны. Па адбыцьці тэрміну пакараньня 28 сакавіка 1936 г. я быў вызвалены і вярнуўся ў Маскву - у Кашыру. Пасьля марных спробаў зноўку ўладкавацца на пэдагагічную працу я ў 1937 г. напрыканцы траўня месяца з’ехаў у Якуцк дзеля падшуканьня тут сабе пэдагагічнай працы. У Якуцку я быў прыняты на пасаду выкладчыка матэматыкі ў ЯРТ”.
    Зразумела Красінскі пацьвердзіў усе высунутыя супраць яго абвінавачваньня. Як ён пазьней на судзе заявіў: “я ў ноч з 1-га на 2 лістапада 1938 г. не спаў, акрамя гэтага я быў узрушаны і даў ілжывыя сьведчаньні на допыце 2 лістапада 1938 г.”
    3 лістапада 1938 г. быў дапытаны муж Арсеньневай, Казлоў Пётр Іванавіч, 1906 г. нар., выкладчык ЯРТ, які ў 1936 г. скончыў МІВТ. Ён паказаў “… Мне вядома, што былы пэдагог ЯРТ Красінскі з’яўляецца антысавецкім чалавекам, які сыстэматычна вядзе ў тэхнікуме к-р агітацыю, накіраваную на дыскрэдытацыю кіраўніцтва партыі і ўрада, Савецкай улады і яе эканамічнага патэнцыялу. Акрамя гэтага ён чалавек, які ненавідзіць сучаснае Савецкае кіно, літаратуру, у прыватнасьці творы Максыма Горкага ён з нянавісьцю заве працай “басяка”. Вядзе агітацыю за масавую куплю прамтавараў, сьцьвярджаючы, што “хутка грошы абясцэняцца, не будуць уяўляць каштоўнасьці, таму купляйце прамтавары і не кладзіце грошы ў Ашчадкасы”. У лістападзе 1937 г. калі ён быў высунутым кіраўніком палітгуртка абслуговага пэрсаналу ў тэхнікуме, то ў гэты час у коле выкладчыкаў заявіў у кплівай ды іранічнай форме: “Зараз я падняўшы абедзьве рукі буду крычаць – “Галасуйце за Сталіна, за Сталіна”, пасьля чаго гучна засьмяяўся, выклікаўшы абурэньне прысутных. Падобныя развагі ў яго сыстэматычныя…”
    Тады жа 3 лістапада 1938 г. Вовікаву быў выдадзены ордэр за № 855 на “ператрус у Красінскага”. Пры ператрусе па вуліцы Стаханава 3 кв. 38 былі знойдзены “грошы 1309 р. 15 к.” і “карта ракі Сунгары” - правага даплыву ракі Амур.
    7 сьнежня 1938 г. быў падвергнуты допыту выкладчык ЯРТ Хахлачоў Уладзімір Мікалаевіч, 1906 г. нар., які ў 1932 г. скончыў літаратурны інстытут у Іркуцку. Ён паказаў: “… Антысавецкія размовы Красінскага мне вядомыя, так ён яўна ў гутарцы сярод выкладчыкаў ЯРТ гаварыў такія словы: “Працаваў падобна Ньютану 18 гадзінаў у суткі”, на гэтыя словы запярэчыў выкладчык Калінчанка, сказаўшы, што “Энгельс ставіць вышэй Лейбніца, а Ньютана ён заве індукцыйным аслом”. Тады Красінскі заявіў: “Энгельс сам нічога не разумее ў матэматыцы і прыродазнаўстве. Энгельс сам дурань, асёл і прафан. Тады Красінскаму зазначылі, што Энгельс энцыкляпэдычна ўсебакова адукаваны, што ён мае навуковыя працы па пытаньнях прыродазнаўства ды матэматыцы і яму прывялі вытрымку з “Дыялектыкі прыроды” Энгельса. Ён заявіў, што гэтую працу чытаў і не кідаючы свае антысавецкія размовы, працягваў настойваць на тым што Энгельс – “асёл, дурань і прафан, што ён не мае ніякага ўяўленьня і права судзіць аб навуковых заслугах Ньютана. … Будучы абраным на прафсаюзным сходзе агітатарам ён на бліжэйшых днях вывесіў абвестку наступнага зьместу аб дні палітычнай вучобы: “Найнізшым агентам яўка строга абавязковая” … Усё ягоныя размовы лічу антысавецкі накіраванымі супраць партыі і Сав. улады”.
    10 сьнежня 1938 г. як сьведка быў дапытаны Мікалай Ільіч Ягораў, 1907 г. нар., ваенрук ЯРТ, які паказаў: “Па сумесным жыхарстве з Красінскім і ягонай працы ў ЯРТ мне вядома … што ў адносінах да студэнтаў, якія не дасягалі посьпеху па ягоным дысцыплінам, ён не намагаўся выцягнуць навучэнца з навучальнай прорвы, а на адварот у прысутнасьці яго казаў, што з гэтага асла толку не выйдзе… У дачыненьні да грамадзкай працы то ён лічыць яе пустой справай. У адносінах з выкладчыкамі ён ставіць сябе вышэй за ўсіх. Крытычны ў прыватнасьці ў дачыненьні Белавусава, крытычна разглядае яго працу завуча, маўляў былы матрос што можа папоўніць у пэдагагічным працэсе вучобы. Пры распрацоўцы мною тэорыі ўтапічнага сацыялізму ў лютым месяцы Красінскі паспрачаўся са мною ў прыватнасьці пра тое, хто павінен кіраваць дзяржавай і пытаньню разьдзяленьня працы, адстойваючы наступны пункт погляду: - “На чале краіны павінны стаяць інжынэры, а ўсё астатнія павінны ісьці ў памагатыя”.
    19 сьнежня быў дапытаны як сьведка дырэктар ЯРТ Касмакоў, які паказаў: “Я ведаю Красінскага з 20 лютага 1938 г. па сумеснай працы ў ЯРТ. З боку Красінскага мне вядомыя факты ягоных антысавецкіх размоў. Магу прывесьці ягоныя размовы. Будучы падчас перапынку, даты не памятаю, у выкладчыцкай, дзе прысутнічалі выкладчыкі Калінчанка, Чарэмкін, Хахлачоў, Гур’еў, там Красінскі пачаў весьці размову аб надзвычайнай сваёй загрузцы. Стаў параўноўваць сваю выконваемую працу з Ньютанам, маўляў што я працую падобна Ньютану па 16-18 гадзінаў у суткі. Падчас размовы прысутнічаў Калінчанка і пачуўшы гэткія разважаньні сказаў што Энгельс у сваёй працы “Дыялектыка прыроды”, калі параўноўваў Ньютана з заснавальнікам матэматыкі Лейбніцам, сказаў што Ньютан у параўнаньні з Лейбніцам індукцыйны асёл, пасьля гэтага Красінскі сказаў “што Энгельс сам асёл, прыдурак і дурань, і сьцьвярджаў што Энгельс у натуральных навуках прафан і дурань… Калі на прафсаюзным сходзе ў кастрычніку месяцы 1938 г. Красінскі быў вылучаны агітатарам сярод малодшага абслуговага пэрсаналу, то ён праз некаторы час вывесіў аб’яву, у якой напісаў: “Збор усім малодшым чальцам строга абавязковая”. Лічу што ўся размова была яўна к.-рэвалюцыйная.
    20 сьнежня 1938 г. як сьведка быў дапытаны выкладчык ЯРТ Мацьвей Міхайлавіч Белавусаў, 1897 г. нар., які ў 1933 г. скончыў пэдагагічны факультэт ЛІВТа. Ён паказаў: “Я ведаю Красінскага з верасьня 1937 г. … Я быў запрошаны былым начальнікам ЯРТ Башмаковым на шклянку гарбаты, але не памятаю якога чысла, у кватэру Казловых, … дзе мы завялі гутарку аб Савецкіх пісьменьніках. У прыватнасьці быў закрануты пісьменьнік М. Горкі, па адрасе якога Красінскі казаў, што пісьменьнік М. Горкі за апошні час выдыхнуўся. У апошнім творы “Аб прыгодзе маладога чалавека” напісаў “глупства” … Будучы на пэдсавеце ў 1937 г., даты не памятаю, Красінскі рэзка выступіў супраць студэнта ЯРТ Заслаўскага, сказаўшы “што Заслаўскі вучыцца ў тэхнікуме не можа і трымаць яго бескарысна і марнаваць дарма час не да чаго. Красінскаму было дадзена заданьне ад былога дырэктара Башмакова падцягнуць Заслаўскага да ўзроўня групы, але Красінскі … заявіў, што курсант Заслаўскі не зможа і не трэба яго пераводзіць у 4 групу, і студэнт Заслаўскі змушаны быў звольніцца з ЯРТ… Усе ягоныя развагі па частцы пісьменьніка М. Горкага лічу антысавецкімі.
    Выслухаўшы гэтыя абвінавачваньні, Красінскі адказаў: “Так, я прызнаю сябе вінаватым у тым, што праводзіў антысавецкую агітацыю сярод выкладчыцкага складу ЯРТ …”.
    Таму 25 сьнежня 1938 г. сьледзтва, якое вёў Караткоў, скончылася.
    У “Абвінаваўчым заключэньні” ад 31 сьнежня 1938 г. значылася: “Вызначана: Красінскі … сыстэматычна праводзіў контррэвалюцыйную агітацыю сярод выкладчыкаў ЯРТ ЯАССР накіраваную на дыскрэдытацыю мерапрыемстваў Сав. Улады і УКП(б) і яе правадыроў, спахабляючы Новую Сталінскую Канстытуцыю. Красінскі сьвядома распаўсюджваў к-р выдумленыя правакацыйныя чуткі аб няўстойлівасьці Савецкай валюты, заяўляючы, што вартасьць Сав. рубля хутка ўпадзе. У сьнежні 1938 года падчас выбарнай кампаніі ў Вярхоўны Савет СССР, будучы агітатарам, Красінскі сярод выбарнікаў дыскрэдытаваў правадыроў партыі і ўраду, выказваючы ў адносінах да іх паклёпніцкія ў іранічнай форме фразы… У мэтах дыскрэдытацыі правадыроў пралетарскай рэвалюцыі і заснавальнікаў Савецкай літаратуры Красінскі неаднаразова апаганьваў тэорыю рэвалюцыйнага марксізму і ролі мастацкай літаратуры рэвалюцыі. Будучы варожа настроены ў адносінах да Сав. Улады і УКП(б) Красінскі сярод выкладчыкаў ЯРТ пачаў прасоўваць трацкісцкую ідэалёгію аб немагчымасьці пабудовы сацыялізму ў адной краіне. К-р антысавецкая дзейнасьць Красінскага цалкам даказаная матэрыяламі сьледзтва, а таксама прызнаньнем самога абвінавачванага… Па гэтаму меркаваў бы, сьледчую справу № 2027 накіраваць у Пракуратуру ЯАССР на заключэньне”.
    5 студзеня 1939 г. Пракурор ЯАССР Смалянінаў пастанавіў справу “зацьвердзіць і накіраваць у Вярхоўны суд ЯАССР на разгляд”.
    7 сакавіка Судовая калегія па крымінальных справах ВС ЯАССР пад кіраўніцтвам … старшыні ВС ЯАССР Нартахава. “разгледзеўшы справу ў закрытым паседжаньні” пастанавіла “меру стрыманьня пакінуць без зьмены”.
    11 сакавіка 1939 г. Судовая калегія па крымінальных справах ВС ЯАССР у складзе старшыні т. Афонскага з удзелам абаронцы тав. Любімава ў закрытым судовым паседжаньні прыступіла да разбору крымінальнай справы № 2027. Любімаў заявіў што “Красінскі сябе вінаватым не прызнае, і ўказвае, што ў папярэднім сьледзтве даў ілжывыя паказаньні абгаварыўшы сябе, у сілу прымяненьня да яго гвалтоўнага мэтаду допыту і што справа вырасла на глебе ілжывага даносу… Мой падабаронны не з’яўляецца сацыяльна чужым элемэнтам, а савецкім пэдагогам, які працуе каля 20 гадоў”. У 1 гадзіну 31 хвіліну быў абвешчаны прысуд па арт. 58 п. 10 ч. 1 Красінскага “падвергнуць да 10 гадоў пазбаўленьня волі і паразы ў правах на 5 гадоў”.
    Красінскі не здаецца і падае касацыйную скаргу ў Крымінальную Судовую калегію ВС РСФСР, у якой піша: “… Уладкаваўшыся на пасаду выкладчыка матэматыкі ў ЯРТ, дзе атрымаўшы сваю любімую справу, я хутка зарэкамэндаваў сябе моцным, любячым сваю справу выкладчыкам. Акрамя матэматыкі, мне перадалі ўрокі па тэарэтычнай мэханіцы, аднятыя ад выкладчыка Казлова, супраціўленьне матэрыялаў і дэталі машын. Выкладчыкі ўбачылі ў мне моцнага і небясьпечнага саперніка на арэне вучобы, а так як навучэнцы да мяне ставіліся з вялікай павагай, то таму выкладчыкі ўсяляк выступалі супраць мяне, сустракаючы заўсёды рэзкі адпор з боку студэнтаў. Я бачыў гэта і жадаў вясною па заканчэньні навучальнага года зьехаць з Якуціі, але студэнты, даведаўшыся аб гэтым, групамі прыходзілі да мяне і прасілі застацца яшчэ хоць бы на адзін год, каб дакончыць ім са мною курс матэматыкі. Я пагадзіўся і застаўся. У 1938-39 гг. у тэхнікум паступіў новы выкладчык Хахлачоў, які сыстэматычна праводзіў зваду ва ўсіх Якуцкіх тэхнікумах. У ЯРТ, убачыўшы ва мне ўзорнага выкладчыка, ён узброіўся супраць маёй перавагі. Фатальным чынам нам. дырэктара Сямірэкаў абсьледаваўшы ягоную працу, раскрытыкаваў яе на пэдсавеце і паставіў у прыклад і ўзор для яго маю працу. Гэта і паслужыла штуршком да звады, якая скончылася размовай аб Ньютане, а затым маім арыштам”. Маскоўская гар. калегія абаронцаў даручыла Калмагораву выступіць у ВС РСФСР па справе Красінскага. … У выніку чаго Судовая калегія па крымінальных справах ВС РСФСР, у складзе старшынствуючага Жыватава… угледзела “неадпаведнасьць” і накіравала справу на дасьледаваньне.
    Дасьледаваньне праводзілі: начальнік 1 аддз. Воднага аддзелу НКУС ЯАССР лейтэнант дзярж. бясьпекі Дзмітрыеўскі і п/о упаўнаважаны Воднага аддз. НКУС ЯАССР Чуйко.
    20 верасьня 1939 г. Красінскі паказаў: “Я ў судовым паседжаньні адмовіўся ад сваіх паказаньняў таму што на папярэднім сьледзтве да мяне ўжываўся прымус пры маім допыце з боку сьледзтва… які заключаўся ў тым, што мяне цэлымі днямі і начамі дапытвалі не даючы мне магчымасьці адпачыць, пагражалі, што калі я не буду даваць сьведчаньні аб сваёй антысавецкай агітацыі, то мяне зб’юць”.
    Як сьведка быў дапытаны кансультант па вытворчасьці Якуцкага аблпрафсаюзу Віктар Віктаравіч Файбушэвіч, 1899 г. нар., урадж. г. Нерчынску, габрэй які ў 1921 г. быў выключаны з УКП(б) за п’янку, у 1922 г. зьняволены на 2 г. пазбаўленьня волі за службу ў Калчака. Ён паказаў: “З гр. Красінскім я пазнаёміўся ў верасьні 1937 г., калі ён прыходзіў у Якуцкі рыбны тэхнікум на прадмет уладкаваньня на працу ў якасьці пэдагога па матэматыцы. Я у гэты час працаваў завучам Рыбнага тэхнікума і меў гутарку з Красінскім, але ён не быў прыняты бо ў ягонай працоўнай кніжцы было падчышчанае месца, дзе казалася, за што ён звольнены з ранейшага месца працы, што выявіла ў нас да яго падазронасьць… Некалькі пазьней мне стала вядома, што Красінскі стаў працаваць у ЯРТ… Пры сустрэчах з Красінскім і ў гутарцы з ім я прыйшоў да перакананьня, што ён з’яўляецца антысавецкі настроеным чалавекам… Ён казаў, што аднёс боты ў майстэрню а яны не гатовыя ў тэрмін: “Вось вам і Савецкая майстэрня, а раней мне гэта рабілі адразу і своечасова”. Аднойчы ён купіў даху на кірмашы і заявіў: “Я за даху заплаціў 1500 р. таму што зараз надышоў такі час, што ў нашай краіне ўсе жулікі і імкнуцца адзін аднаго падмануць”… Я такія гутаркі чуў часта… Неяк у мяне (я, Каралеў ды Красінскі) пілі гарбату і размаўлялі аб магчымасьцях камунізму, Красінскі заявіў: “Які камунізм, у якой краіне, што вы глупства гаворыце”… Калі я стаў растлумачваць і даказваць аб магчымасьці пабудовы камунізму ў адной краіне і зьвярнуўся за пацьверджаньнем да Каралёва, лічачы яго камсамольцам, то Каралеў адказаў, што калі бы я выступаў дзе-небудзь на трыбуне, то я б сказаў, што камунізм можна пабудаваць у адной краіне, а гаворачы паміж намі - гэта ўтопія… Ведаючы, што Каралеў жыве разам з Красінскім, я зразумеў, што ён падпаў пад ягоны ўплыў. Я яму назаўтра параіў пераехаць ад яго з пакою, на што Каралеў адказаў “што Красінскі стары і ён балбоча шмат, але я не зьвяртаю ўвагі на ягоныя размовы”.
    Таксама як сведка быў дапытаны выкладчык якуцкай мовы ЯРТ Чаромкін Сьцяпан Мікалаевіч, 1891 г. нар., ураджэнец Момскага раёна Якуціі, які паказаў: “… Назіраючы за паводзінамі і працаю Красінскага ў ЯРТ я лічу, што Красінскі антысавецкая асоба… да грамадзкіх мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў тэхнікуме Красінскі ставіцца па-наплявальніцку, сходы лічыў пустым марнаваньнем часу, даручаныя грамадзкія заданьні не выконваў”…
    Паўторна быў дапытаны Белавусаў, які паказаў: “З боку Красінскага я на вечары-провадах Башмакова ніякай антысавецкай агітацыі не чуў… Пры размове аб Горкім Красінскі сказаў, што Горкі пісаў спачатку добрыя творы, а ў апошні час выдыхнуўся і ў сваіх апошніх творах у параўнаньні з першымі напісаў глупства… Красінскі аб тав. Сталіну на гэтым вечары… ніякай гутаркі са мною не вёў… Красінскі быў у даволі добрым нападпітку… Я не бачыў ці кідаўся Башмакоў да яго з пісталетам, бо прыйшоў пазьней за ўсіх, але бачыў у Башмакова быў рамень і кабур, а ці быў там пісталет у кабуры не ведаю”.
    Дапытаная Беловусова Агрыпіна Мікалаеўна, 1904 г. нар., вельмі каротка адназначна паказала: “Не памятаю, не бачыла”…
    У якасьці сьведкі быў дапытаны загадчык вучэбнаю часткаю ЯРТ Сямірэкаў, 1910 г. нар., які паказаў: “Мне вядома, што Красінскі часта наведваў кватэру пэдагога Казлова, дзе яны сумесна ладавалі выпіўкі… Што ж датычыцца ўзаемаадносін Красінскага з Хахлачовым, то я павінен адзначыць, што паміж імі назіраліся выпадкі нездаровых узаемаадносінаў у прыватнасьці мне вядома, што ў апошні час Красінскі з Хахлачовым не размаўляў”…
    Паўторна быў дапытаны і Казлоў, які зноўку паказаў што: “… у 1938 г. увосень я ў Якуцкай кінасетцы глядзеў кінакарціну “Дзяцінства Горкага”. Пасьля прагляду кінакарціны я прыйшоў дахаты і рашыў зайсьці да Красінскага каб падзяліцца сваімі ўражаньнямі аб гэтай карціне, бо мне гэтая карціна спадабалася… Я спытаў Красінскага: “А вы гэтую карціну глядзелі?” Ён мне на гэта адказаў: “Яшчэ я буду глядзець карціны пра ўсякіх басякоў накшталт Горкага” і тут жа пачаў нада мною сьмяяцца… У 1938 г. у сакавіку месяцы я разам са сваёй жонкай Арсеньневай быў на провадах у былога дырэктара ЯРТ Башмакова… На другі дзень мне Арсеньнева распавядала, што ў той час як я, будучы ў моцным ап’яненьні, заснуў, паміж Белавусавым і Красінскім адбылася гутарка аб тав. Сталіну і Горкім, у якой Красінскі зрабіў к-р выбрык супраць тт. Сталіна і Горкага, назваўшы першага “дурнем” а другога “ідыётам”. Пачуўшы гэтае, Башмакоў кінуўся да Красінскага з пісталетам, але яго затрымалі прысутныя на гэтай вечарынцы… Павінен толькі адзначыць, што прыкладна ў канцы 1938 г., або пачатку 1939 г. у выходны дзень захадзіў да мяне Белавусаў і пасьля таго як мая жонка Арсеньнева выйшла на кухню ён спытаў мяне “што там мяне ў НКУС Ганна Сьцяпанаўна ўцягвае, я ж нічога не ведаю”. Я яму адказаў, што мне аб гэтым нічога невядома і на гэтым гутарка ў нас скончылася”…
    Жадалі таксама дапытаць і Башмакова, але па атрыманай даведцы ад 17 кастрычніка 1939 г. стала вядома, што “па матэрыялах 7-га аддзяленьня УДБ НКУС ЯАССР - Башмакоў Георгій Нічыпаравіч асуджаны на дзесяць гадоў, этапаваны ў Паўночна-Ўсходнія лягеры гор. Уладзівасток”.
    17 кастрычніка 1939 г. было скончана паўторнае сьледзтва і ў “абвінаваўчым заключэньні” з’явіўся запіс, што Красінскі “… сыстэматычна праводзіў антысавецкую агітацыю, накіраваную на дыскрэдытацыю мерапрыемстваў, якія праводзяцца УКП(б) і Сав. уладай і на апашленьне новай Сталінскай канстытуцыі г.зн. вінаваты ў злачынстве прадугледжаным арт. 58 п. 10 ч. 7”. Справа ізноў была перададзена на заключэньне ў Пракуратуру ЯАССР. Пракурор Смалянінаў справу вярнуў на дасьледаваньне т. Някрасаву з правядзеньнем вочных ставак, пры гэтым зазначыўшы, што … “пытаньне з вывешваньнем аб’явы … “найнізшым агентам тэхнікума яўка на заняткі абавязковая” - бліжэй трапляе пад… арт. 159 КК, а не 58 п. 10 КК. Гэты пункт выключыць”. Сьведчаньні Чарэмкіна аб невыкананьні Красінскім даручэньняў грамадзкіх арганізацый як агітацыйнай працы па выбарах у Вярхоўны Савет не можа разглядацца як крымінальнае злачынства”.
    У сувязі з гэтым Чуйкам 4 лістапада 1939 г. быў дапытаны выкладчык ЯРТ па тэхніцы-судомэханіцы Міхаіл Фёдаравіч Ларын, 1916 г. нар., ураджэнец г. Кірэнску, які паказаў: “… Так, г-на Красінскага я ведаю з 1937 г. калі быў яшчэ студэнтам ЯРТ, а затым у 1938 г. я ўжо працаваў пэдагогам тэхнікума, і мне прыходзілася з Красінскім сутыкацца… Я асабіста ад Красінскага нічога антысавецкага не чуў. У 1938 г. пасьля арышту Красінскага я на сходзе ў тэхнікуме чуў, што Красінскі у гутарцы з пэдагогам тэхнікума абазваў абразьлівымі словамі Энгельса. На другі або трэці дзень пасьля сходу мяне Чарэмкін спытаў, што было на сходзе, я яму распавёў аб вышэйпададзеным факце, больш аб Красінскім я паказаць нічога не магу”…
    Тады ж яшчэ раз быў дапытаны Касмакоў, які паказаў: “… Аб размове на перамене мне стала вядома са слоў пэдагогаў тт. Калінчанкі і Хахлачова. Калінчанка ў той жа дзень, калі Красінскі у гутарцы з пэдагогам абразіў т. Энгельса, прыйшоў да мяне ў кабінэт і паведаміў аб гэтым факце. На другі дзень прыйшоў да мяне Хахлачоў і ў такім жа выглядзе як Калінчанка паведаміў тое ж самае. Выслухаўшы Хахлачова, я прапанаваў Хахлачову і Калінчанку каб яны мне аб гэтым факце афіцыйна напісалі, што імі і было зроблена”.
    На гэты раз сьледзтва было скончана 15 лістапада 1939 года, а 17 лістапада 1939 года “абвінаваўчае заключэньне” было перададзена ў пракуратуру.
    11 студзеня 1940 года Судовая калегія па крымінальных справах ВС ЯАССР у складзе старшыні Жывадуевай, народных засядацеляў: Фёдаровай, Нікалаева, Жырохавай, дзяржаўнага абвінаваўцы пракурора Курчатава і абаронцы адваката Забалуевай у закрытым судовым паседжаньні пачала слухаць справу Красінскага. Абарона адразу жа высунула свае заўвагі: “Ці можна верыць п’янай жанчыне, што … Сталін і Горкі ідыёты”, бо фактычна гаворка ішла аб Горкім і Талстым. Акрамя гэтага народны засядацель Нікалаеў Яфім Паўлавіч у канвэрце выказаў сваё асабістае меркаваньне аб паклёпе на Красінскага. У выніку па новым прысудзе Красінскі быў асуджаны “… па арт. 58 п. 10 ч. 1 КК да 4 гадоў пазбаўленьня волі і 1 году паразы ў правах з залікам папярэдняга зьняволеньня ў Якуцкай турме”.
    13 студзеня 1940 года Красінскі падае касацыйную скаргу ў ВС РСФСР, дзе адвакатам была прызначаная Н. У. Каменская. Судовая калегія па крымінальных справах ВС РСФСР “заслухаўшы даклад Лебедзевай, тлумачэньні сябры калегіі Каменской, якая прасіла справу вытворчасьцю спыніць, выявіла: прысуд суду падлягае адмене, а справа спынена па наступных падставах: сьведка Арсеньнева на судзе паказала, што падчас гутаркі абвінавачванага з Белавусовым абвінавачваны дапусьціў антысавецкія выразы па адрасе аднаго з кіраўнікоў партыі. Аднак сьведка Белавусаў катэгарычна адмаўляе гэтыя акалічнасьці і паказвае, што ў іх гутарка з абвінавачваным была пра літаратара Горкага. Пры чым, як відаць з матэрыялаў справы, гутарка гэтая мела месца на сямейнай вечарынцы, куды Белавусаў прыйшоў са спазьненьнем і засьпеў большасьць госьцяў у нецьвярозым стане, у тым ліку і сьведку Арсеньневу. Сам жа ён быў цьвярозы. Пры такім становішчы сьведчаньні Арсеньневай не могуць з’яўляцца бясспрэчным доказам для абвінавачваньня Красінскага. Пры гэтым не верыць сьведчаньням Белавусава, які знаходзіўся цалкам у нармалёвым стане, падстаў таксама не маецца… Бачна, што пэдагог Красінскі з усіх выкладчыкаў ЯРТ з’яўляецца самым дысцыплінаваным і добрасумленным. Прысуд суду адмяніць і справу ў дачыненьні Красінскага вытворчасьцю скасаваць і яго з пад варты неадкладна вызваліць”. 24 сакавіка 1940 года гэткую ж пастанову прыняла Судовая калегія па крымінальных справах ВС ЯАССР.
    Літаратура:
    Архив УФСБ Республики Саха (Якутия) РФ. Дело 2027, арх. 1540.
    Бриг Л.  Клевета (по материалам, любезно предоставленным Алесем Барковским). // Якутск вечерний. Якутск. 15 июня 2001. С. 3.
    Красинский Владимир Иванович. // Книга Памяти. Книга – мемориал о реабилитированных жертвах политических репрессий 1920 - 1950-х годов. Том второй. Якутск. 2005. С. 166.
    Барковский О.  «Ньютон – индукционный осёл...» // Ленский водник. Якутск. 1 октября 2011. С. 3.
    Алесь Баркоўскі,
    Койданава.