четверг, 9 октября 2014 г.

Ізя Харук. Пэдагог Голда. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Голда [Ольга] Беркаўна [Борисовна] Кавенок, у замустве Вікер [Виккер] - нарадзілася ў 1877 годзе ў губэрнскім месьце Гародня Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і дробнага гандляра.
    Скончыла Гарадзенскую жаночую гімназію, 2 гады настаўнічала ў вёсцы, у 1896 г. вярнулася ў Гародню і тады ж уступіла ў PPS, працуючы ў якасьці прапагандыста і агітатара пад псэўданімам “Алте”.
    У 1897 г. пераехала ў Беласток, дзе ўвайшла ў арганізацыю “Працоўны Сьцяг”, вяла арганізацыйную і прапагандысцкую працу. У ліпені 1898 г. яе арыштаваная па справе “Працоўнага Сьцяга”.
   Была адпраўленая ў Пецярбург у ДПЗ. Пасьля 5-ці месяцаў турмы яе выслалі пад асобы нагляд паліцыі на радзіму, паводле найвысачэшага загаду ад 23 лютага 1900 г. яна падлягала аддачы пад галосны нагляд паліцыі на 1 год у мяжы габрэйскай аселасьці ў абраным месцы жыхарства.
    У 1900 г., да заканчэньня прысуду, зьехала з Гародні ў Кацярынаслаў, дзе працавала ў якасьці чальца камітэта РСДРП. У 1901 г. перабралася ў Адэсу, дзе прыняла ўдзел у арганізацыі “Паўднёвай рэвалюцыйнай групы сацыял-дэмакратаў”, уваходзіла ў Выканаўчую камісію групы (псэўданім “Алена”). Па даручэньні “Паўднёвай рэвалюцыйнай групы” езьдзіла ў Кішынёў, каб адтуль накіраваць для ўзмацненьня партыйнай працы ў Адэсе некалькіх рабочых-арганізатараў, і ў Крамянчуг дзеля сувязі з “Паўднёвым Рабочым”, а таксама ў Гародню, дзеля атрыманьня літаратуры па старых PPS-саўскіх сувязях.
    Па вяртаньні ў Адэсу 16 лістапада 1901 г. была арыштаваная (пад імем Кавенскай). Пры арышце ў яе былі знойдзеныя праклямацыі Адэскага камітэту. З-за гэтага была прыцягнутая да дазнаньня Адэскай жандарскай управай і ўтрымоўвалася пад вартай па 29 лістапада 1901 г., а затым адпраўленая па этапу ў Лодзь, адбываць галосны нагляд па справе “Працоўнага Сьцяга”.
    16 лістапада 1902 году, скончыўшы там тэрмін нагляду, зьехала на партыйную працу, псэўданім “Ліда”, ў Кішынёў (1902 г.), затым у Адэсу (1903 г.). Прымала ўдзел у арганізацыі ўсеагульнага страйку 1903 г. у Адэсе. Была арыштаваная, але неўзабаве выпушчаная. У тым жа годзе рушыла ўсьлед за мужам, Давідам Вікерам, у якуцкую ссылку.
    Удзельнічала ў Якуцку ва ўзброеным “раманоўскім” пратэсьце і асуджаная па справе “раманаўцаў” Якуцкім акруговым судом 30 ліпеня - 8 жніўня 1904 г. да 12 гадоў катаргі.
    Па дарозе з Якуцка ў Аляксандраўскую турму зьбегла з этапу (у ноч на 23 верасьня 1904 г. з апошняга прыпынку - с. Урык Іркуцкай губэрні) ды эмігрыравала ў Жэнэву (Швэйцарыя).
    Увесну 1905 г. вярнулася ў Расію і вяла партыйную працу ў Растоўскай на Доне арганізацыі РСДРП. Праз паўгода была арыштаваная ў Растове-на-Доне пад імем Лізы Гордзінай. Сядзела з крымінальнымі як валацуга, таму кастрычніцкая амністыя яе не кранула, але таварышы з волі вызвалілі яе пры дапамозе падробленых дакумэнтаў.
    Арыштаваная зноўку ў 1906 г. у Кацярынаславе, дзе працавала па зьбіраньні разгромленай правакацыяй мясцовай с.-д. арганізацыі, але дзякуючы добраму пашпарту неўзабаве была вызваленая.
    Зьехала ў Пецярбург, дзе працавала за Неўскай заставай (Семянікоўскі завулак). У 1907 г. паехала адпачыць у Ніжні Ноўгарад, дзе ледзь пазьбегла арышту па былой “раманоўскай справе”, бо яна, з некаторымі іншымі уцекачамі-супрацэснікамі, была выключаная з агульнай амністыі “раманоўцаў” і падлягала, паводле хадайніцтву Іркуцкай судовай палаты, якая разглядала гэтую справу 5 - 6 красавіка 1905 г. у апэляцыйным парадку, і зробленаму ў адпаведнасьці з гэтым хадайніцтвам дакладу міністра юстыцыі, зацьверджанаму царом 22 лютага 1906 г. - зьняволеньню ў крэпасьці на 2 гады.
    Зьехала за мяжу, дзе заставалася да 1917 г., не парываючы сувязі з с.-д.(меншавікамі). Па вяртаньні ў Расею прысьвяціла сябе цалкам пэдагагічнай працы.
    Літаратура:
    Виккер, Ольга Борисовна (Голда Берковна). // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы 1880-1904. Выпуск II. Москва 1933. Стлб. 802-804./
    Ізя Харук,
    Койданава.