среда, 15 октября 2014 г.

Айку Заслаўская. Садысты Сьцяпан. Койданава. "Кальвіна". 2014.




   Сьцяпан Мікалаевіч Гаранін нарадзіўся 12 сьнежня 1898 г. у Расейскай імпэрыі (у цяперашняй Рэспубліцы Беларусь). Скончыў вясковую школу і з 17 гадоў пайшоў працаваць у кузьню. Быў пакліканы ў войска, дзе даслужыўся да у чыну унтэр-афіцэра. З 1918 г. у РСЧА. Са сьнежня 1919 г. чалец РКП(б). Удзельнічаў у баях з войскам А. І. Дзянікіна. З 1 верасьня 1920 г. па травень 1921 г. знаходзіўся ў палоне ў палякаў, адкуль зьдзейсьніў уцёкі. Скончыў Вышэйшую памежную школу. Бацькі жонкі як кулакі былі высланы ў Котлас, а ён за сувязь зь імі меў у 1935 г. строгую вымову. Да кастрычніка 1937 г. быў начальнікам 15-га Заслаўскага памежнага атраду НКУС БССР, які межаваўся з 16-м Койданаўскім памежным атрадам. Узнагароджваўся нагрудным знакам Ганаровага работніка УЧК-АДПУ, граматай ЦВК БССР, баявой зброяй, атрымаў чын палкоўніка. 1 сьнежня 1937 г. прыбыў у Магадан і з 19 сьнежня 1937 г. пачаў выконваць абавязкі начальніка Паўночна-Ўсходняга папраўча-працоўнага лягера. Зь ягоным імем зьвязваюць масавыя рэпрэсіі ў лягерах “Дальбуда” на Калыме, якія атрымалі назву “гараніншчына”. Гаранін уласнаручна расстрэльваў па некалькі, а парой некалькі дзесяткаў чалавек штодзённа. Забіваючы, сьмяяўся або сьпяваў вясёлыя дрындушкі. Бывала Гаранін страляў і ў камэндантаў  лягераў.  27 верасьня 1938 г. ён быў арыштаваны, як японскі шпег, і 30 траўня этапаваны ў Маскву ды зьняволены ў Суханаўскую вязьніцу. 17 студзеня 1940 г. Асобай нарадай НКУС СССР асуджаны да 8 гадоў ППЛ, потым тэрмін знаходжаньня ў лягеры быў падоўжаны. 3 ліпеня 1950 г. памёр у Пячорскім ППЛ. 3 ліпеня 1989 г. па арт. 1 Указа Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 16 студзеня 1989 г. “Аб дадатковых мерах па аднаўленьні справядлівасьці ў адносінах ахвяраў рэпрэсіяў, якія мелі месца ў пэрыяд 1930—1940-х гадоў” быў пасьмяротна рэабілітаваны, што выклікала вялікае непаразуменьне.

    Айку Заслаўская,

    Койданава.