среда, 8 октября 2014 г.

Аўнэр Турнэпс. Шалом Гурэвіч. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                                   ШАЛОМ  ГУРЭВІЧ
    Шалом [Шолом] Герцэвіч [Герцевич] Гурэвіч [Гуревич] - нар. у 1874 г. у габрэйскай сям’і мешчаніна вуезднага места Лепель Віцебскай губэрні Расейскай імпэрыі.
    Працаваў фэльчарам, прымаў удзел у працы рэвалюцыйных гурткоў. Арыштаваны і прысудам ад 11 кастрычніка 1895 г. высланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 3 гады.
    З губэрнскага места Чарнігаў быў адпраўлены 10 лістапада 1895 г. праз Маскоўскую цэнтральную перасыльную турму ў Сыбір. Іркуцкім генэрал-губэрнатарам быў прызначаны ў акруговы горад Алёкмінск Якуцкай вобласьці.
    Дастаўлены ў Алёкмінск 31 сьнежня 1896 г. і пакінуты ў ім на жыхарства. Вызначаных заняткаў не меў і жыл на казённы кошт. З набліжэньнем заканчэньня тэрміна ссылкі 11 кастрычніка 1898 г. іркуцкі ваенны генэрал-губэрнатар 10 траўня 1898 г. дазволіў да наступленьня бездаражы, але не раней жніўня месяца, выехаць у акруговае места Верхаленск Іркуцкай губэрні і там скончыць тэрмін ссылкі.
    Атрымаўшы прахадное пасьведчаньне, Гурэвіч за ўласны кошт выехаў 19 жніўня 1898 г. з Алёкмінска ў Верхаленск. Распараджэньнем Дэпартамэнту паліцыі ад 24 верасьня 1898 г. пасьля вызваленьня ад ссылкі падлягаў тайнаму нагляду паліцыі. Яму забаранялася пражываньне ў сталічных, унівэрсытэцкіх і некаторых іншых гарадах і губэрнях.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якуцк. 1995. С. 192, 273, 469.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 192, 273, 469.
    Аўнэр Турнэпс,
    Койданава.