четверг, 9 октября 2014 г.

Ідалія Куста. Перасяленка ва Вузду. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                        ПЕРАСЯЛЕНКА  ТАЦЬЦЯНА
   
На пляцоўцы для гульняў не сьціхаюць пісклявыя галасы. Гуляюць дзеці разам са сваімі выхавальнікамі. Зьвяртаю ўвагу на прыгожую дзяўчыну, якую з усіх бакоў, нібы чародка вераб’ёў, абступілі дзеці. Падыходжу бліжэй, знаёмлюся. Тацьцяна Фурлет у дашкольным цэнтры разьвіцьця дзіцяці працуе памочнікам выхавальніка чацьвёрты год. У 1999 годзе Тацьцяна разам з бацькамі пераехала ва Узду з Якуцка.
    Тацьцяна, Вы чалавек прыежджы. Якім было першае ўражаньне ад нашага горада?
    — Уразілі чысьціня і сьвежае паветра. Раней мне ніколі не даводзілася жыць у правінцыяльных гарадках, таму на першым часе з асьцярогай адносілася да акружаючых. Аднак хутка зразумела, што людзі тут простыя, шчырыя. У мяне зьявілася шмат сябровак. Цяжэй было прывыкнуць да клімату. У параўнаньні з маразамі і халодным паветрам Якуцка клімат Беларусі мне здаўся мяккім, нават цёплым.
    — А чаму менавіта ў дзіцячы садок пайшлі працаваць?
    — Вельмі люблю дзяцей. Люблю займацца з імі, гуляць, размаўляць. Усе дзеткі вельмі цікавыя і непасрэдныя, яны не навучыліся яшчэ хлусіць, не ўмеюць быць жорсткімі. Іх дзіцячыя галасы — гаючы бальзам для майго сэрца, а іх усьмешкі — ясныя маленькія сонейкі, ад якіх сьвятлее наша жыцьцё.
    — Цікава, як праводзіце свой вольны час?
    — Рыхтуюся да паступленьня ў ВНУ. Хачу набыць вышэйшую адукацыю. Не ведаю, як складзецца жыцьцё далей, але мне б хацелася вучыцца ў Менску, а працаваць ва Узьдзе.
    Вядома, не ўвесь свой вольны час Тацьцяна займаецца вучобай. Яна зачытваецца гістарычнымі раманамі, захапляецца навуковай фантастыкай, і, як сапраўдны рамантык, вельмі любіць прагулкі, любіць памарыць і пафантазіраваць. Што ж, пажадаем ёй выдатна здаць уступныя экзамэны і ажыцьцявіць свае мары.

    У 2003 годзе Тацьцяна скончыла эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Падчас вучобы пазнаёмілася з будучым мужам, за ім і прыехала ў Каралёва. Тут маладая сям’я атрымала службовае жыльлё, затым пабудавалі сваю кватэру. У сям’і падрастае дачка Дар’я. Тацьцяна Ўладзімераўна, ўжо Зыза, працуе эканамістам у ПМК-69. “Работа эканаміста, лічыць Тацьцяна, цікавая і творчая. Гэта не толькі паперы і лічбы, але і магчымасьць прыдумаць нешта новае, прагназаваць і назіраць за яго ажыцьцяўленьнем, аналізаваць Падчас сваёй працы на прадпрыемстве Тацьцяна яшчэ больш упэўнілася ў правільнасьці свайго выбару. Менавіта тут яна знайшла тое асноўнае, што неабходна кожнаму: стабільнасьць і разьмеранасьць жыцьця, упэўненасьць у заўтрашнім дні”.
    Літаратура:
    Казнадзей А.  Змяніла Якуцк на Узду. // Чырвоная зорка. Узда. 30 красавіка 2004.
    Астравух С.  Правільны выбар. // Чырвоная зорка. Узда. 10 снежня 2013.
    Ідалія Куста,
    Койданава.
.