четверг, 9 октября 2014 г.

Дуся Шагал Бундаўка Розенфельд. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                         БУНДАЎКА  РОЗЕНФЕЛЬД
    Хана [Анна] Шмуэлеўна [Сомойловна, Наумовна] Розенфельд, у замустве Гінзбург –нар. 17 сьнежня 1881 г. у губэрнскім месьце Віцебск Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і купца 2- гільдыі Шмуэль Ноах [Шмуль Неух, Самуил Наум] бэн Іцках Розенфельда (1863-1923), які нарадзіўся ў Лёзна і валодаў у Віцебску ювэлірнымі крамамі, ад маці Фрыды Альты (1863-1943), дачцэ купца Боруха Арона Левьянта.
    Ва ўзросьце 16 гадоў яна ўжо была чальцом прапагандысцкага гуртка, які ўзначальваў у Віцебску Абрам Гінзбург У 1898 г. яна ўвайшла ў склад Віцебскага камітэта РСДРП (мянушка “Стрыжка”). Адзін з агітацыйных лісткоў віцебскімі сацыял-дэмакратамі быў выпушчаны з нагоды моцна нашумелай гісторыі з забойствам працоўнага Мэндэля Ківенсана, які 18 чэрвеня 1899 года быў знойдзены павешаным у арыштанцкай камэры Віцебскага гарадзкога паліцэйскага кіраваньня. У ноч на 25 чэрвеня ў горадзе з нагоды забойствы Ківенсана зьявіліся праклямацыі на рускай і габрэйскай мовах за подпісам Віцебскага сацыял-дэмакратычнага камітэта. Праклямацыі насілі відавочна сацыяльна-палітычны характар, прычым, праклямацыя на ідыш была складзена ў больш рэзкіх выразах, чым праклямацыя на рускай мове. 4 ліпеня на магіле Ківенсана была арганізавана дэманстрацыя, у якой удзельнічала больш 400 чалавек. Па гэтай нагодзе Віцебскі сацыял-дэмакратычны камітэт пры дапамозе Абрама Гінзбурга выпусьціў другі лісток.  У сярэдзіне лістапада 1899 г., падчас чарговага пакліканьня навабранцаў, сацыял-дэмакраты распаўсюдзілі ў горадзе праклямацыю на ідышы, або “габрэйскім жаргоне”, у колькасьці 700 асобнікаў. У ёй паказвалася на цяжкія ўмовы салдацкай службы і пра тое, што пралетарыят не мае вонкавых ворагаў, а яго ўнутраным ворагам могуць быць толькі капіталісты ды іхні ўрад. Адначасова з праклямацыяй супраць мілітарызму камітэт, у які ўваходзіла Хана Розенфельд, распаўсюдзіў шмат агітацыйнай літаратуры на габрэйскай і рускай мовах. У ноч на 24 студзеня 1900 г. была распаўсюджаная па прадпрыемствах і раскіданая па дварах складзеная сацыял-дэмакратычным камітэтам гектаграфаваная праклямацыя на ідыш “Ўсеагульны габрэйскі працоўны зьвяз у Расеі і Польшчы”
    У 1900 г. лятучым атрадам філёраў, якія прыбылі ў Віцебск з Масквы, за “Стрыжкай” вялося сачэньне. 12 сакавіка 1901 года быў разасланы цыркуляр са сьпісам тых, якіх пры выяўленьні вынікала “абшукаць, арыштаваць і прывесьці ў распараджэньне начальніка Віцебскага губэрнскага жандарскага кіраваньня”. Пад № 40 значылася “Розенфельд, Хана Неўхава, дачка віцебскага 2-й гільдыі купца”. Начальнікам Маскоўскага ахоўнага аддзяленьня было распаўсюджанае апісаньне яе адмысловых прыкмет: “Гадоў 18-20; брунэтка; поўнага сярэдняга росту; постаць тонкая, стройная; твар невялікі; нос кароткі; валасы чорныя; погляд хуткі; хада даволі прыгожая. Апранаецца: чорная кароткая жакетка і белая да каленяў палярынка - апошняй моды; спадніцы розныя, але больш чорныя, капялюш касторавы карычневы (форма пушкінская), фарсісты з адным шэраватым пяром. Станік або блюзка, пераважна пунсовыя”. Але Хане атрымалася пазьбегнуць арышту ды зьехаць з Віцебску.
    Амаль год Хана хавалася ад паліцыі ў розных месцах. У жніўні 1901 г. яна апынулася ў Крамянчугу, куды да таго часу перабраўся Абрам Гінзбург і куды прыехаў пасьля вызваленьня з турмы ягоны гімназічны таварыш Бэрка Цэтлін.
    Працягваючы выпуск газэты “Южный рабочий”, для друкаваньня шостага нумара Гінзбург перакінуў падпольную друкарню ў Мікалаеў. На імя аднаго з чальцоў групы была зьнятая кватэра, дзе ўсталявалі абсталяваньне. Хане даручылі “найблізкае назіраньне за друкарняй”. Яна падтрымлівала “сувязь з навакольным сьветам”, хоць “большаю часткай знаходзілася ў кватэры, дапамагаючы ў тэхніцы працы”.
    17 лютага 1902 г. яна, па фальшывым пашпарце на імя Фрэйды Срулевай Блатман, была арыштавана на кансьпірацыйнай кватэры ў Лізаветградзе, дзе разам з Гінзбургам ды Цэтліным працавала ў падпольнай друкарні, якая выпускала газэту “Южный рабочий”, і была зьняволеная ў адэскую турму. Пры “таемным пасрэдніцтве наглядчыка Ліхзаветградзкага земскага арыштанцкага дому” Андрэя Крашнюха Хана Розенфельд і Родзя (Роза) Тэрман перадалі на волю сваім сваякам цыдулкі, якія, аднак, патрапілі ў рукі жандараў. Ліст, які Хана адрасавала бацьку, называючы яго ў мэтах кансьпірацыі “каханы дзядзечка”, яна напісала на ідыш. У ім яна выкладала акалічнасьці арышту, назвала сваё выдуманае імя, прасіла перадаць ёй кнігі “гістарычныя і бэлетрыстычныя ды падручнік французскай мовы”, а таксама “дапамагчы з абедамі”. Хоць гэты ліст Ханы Розенфельды ў Віцебску не атрымалі, аднак з ананімнага ліста ў сакавіку 1902 г. ў сям’і ўсё ж дазналіся пра тое, што яна знаходзіцца ў Адэскай турме. Па даручэньні бацькі адзін з братоў Янкель Гірш паехаў у Адэсу. Не ведаючы, што Хана хаваецца пад імем Фрэйды Блатман, у жандарскім кіраваньні ён пакінуў 20 рублёў на яе сапраўднае імя, якія яму потым вярнулі з тлумачэньнем, што “такой арыштаванай няма”. Супраць Ханы былі высунуты абвінавачваньні ў тым, што яна “Зьяўляецца адным з дзейных чальцоў злачыннага гуртка ў м. Віцебску, была ў блізкіх адносінах з выбітнымі чальцамі места, наведвала кансьпірацыйную кватэру Соскіна, мела ўласную кансьпірацыйную кватэру, займалася друкаваньнем рэвалюцыйных заклікаў і распаўсюджвала такія па Віцебску” Бацькі моцна перажывалі за лёс дачкі. 1 кастрычніка 1902 г. на імя дырэктара Дэпартамэнта паліцыі яны напісалі прашэньне з просьбай у сувязі з заканчэньнем папярэдняга сьледзтва “вызваліць нашу дзяўчыну Хану Розенфельд, якая знаходзіцца ў Адэскай турме, з турэмнага зьняволеньня з аддачай яе, да атрыманьня прысуду, пад нагляд паліцыі”. Аднак практычна нічога ўжо зрабіць было немагчыма.
    Па найвысачэйшым загадзе ад 9 ліпеня 1903 г. Хане Розенфельд, Абраму Гінзбургу і іншым асобам от 9 июля 1903 г., якія праходзілі па “віцебскай справе” Арону Гінзбургу, Гіршу Лур’е, Міхелю Брусеру и Залману Нахмансону была прызначаная высылка ва Ўсходнюю Сыбір пад галосны нагляд паліцыі на 8 (6) гадоў.
    У сакавіку 1904 г. яны былі дастаўленыя ў Якуцк і ўселеныя ў с. Чурапчу Батурускага ўлусу Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці, дзе Абрам Гінзбург і Хана Розенфельд зрабіліся мужам ды жонкаю. Напачатку 1905 г. Гінзбургі зьдзейсьнілі уцёкі.
    У 1907 годзе у іх нарадзіўся сын Валянцін, затым у 1908 г. Леанід.
    Хана хутка адышла ад рэвалюцыйнай дзейнасьці і занялася выхаваньнем дзяцей. Да грамадзкай і палітычнай працы яна ўжо больш ніколі не вярталася. Пасьля арышту і ссылкі на працягу ўсіх наступных гадоў яна прыяжджала ў Віцебск на сямейныя сьвяты. Пра адно з такіх сьвятаў у сваіх успамінах пісала ейная сястра Бэла Шагал: “Мяне [абложваюць] старэйшыя сястра і браты, якія зьехаліся з вялікіх гарадоў. Для мяне яны такія ж чужыя, як і астатнія госьці. Я не бачу іх увесь год. Браты вучацца дзесьці далёка ад дому, сястра жыве дзесьці яшчэ. Сёлета яна прывезла з сабой дваіх сыночкаў. Яны лезуць да ўсіх на калены, выбіраюць, у каго нагі даўжэй, і просяць, каб іх пагушкалі...”.
        Улетку 1922 г. Гінзбургі перабраліся з Кіева ў Маскву, куды да гэтага часу ўжо перасяліліся з Віцебску бацькі Ханы і яе браты Абрам і Мэндэль. У Маскве Абрам Гінзбург пачаў працаваць у апараце ВСНГ. Іхні сын Валянцін Гінзбург пайшоў па стопах бацькі і зрабіўся эканамістам. Да 1930 г. ён служыў у ВСНГ РСФСР. Малодшы Леанід зрабіўся інжынэрам і працаваў у кабінэце электрыфікацыі пры інстытуце народнай гаспадаркі імя Пляханава. Іхняя маці Хана па-ранейшаму заставалася хатняй гаспадыняй, пражывала ў Маскве па вуліцы Садова-Кудрынскай, д. 21, кв. 47.
    15 сьнежня 1930 г. Абрам Гінзбург быў арыштаваны і асуджаны да 10 гадаў зьняволеньня а 30 сьнежня 1937 г. расстраляны ў Чэлябінску.
    Хана пасьля арышту мужа працавала гардэробніцай ва ўнівэрсытэце. Усе наступныя гады яна ціха пражыла ў Маскве і памерла ў 1956 году. Леанід палегл шэрагоўцам на фронце, Валянцін вярнуўся з фронту афіцэрам, дзе быў цяжка паранены, і памёр напачатку 1970-х гадоў.

    Ейныя браты и сёстры:
    Іцхак [Исаак] (1881-1978) - вучыўся ў Гісэнскім ды на філязоўскім факультэце Бэрнскага унівэрсытэта ў Швэйцарыі. Затым скончыў мэдычны факультэт Лазанскага ўнівэрсытэта.
    Арон [Аарон] (1884-1940).
    Янкель Гірш [Яков] (1883-1973) – вучыўся ў Швэйцарыі, далучыўся да меншавікоў, пазнаёміўся з Пляханавым. У 1915 г. працаваў у Ваенна-прамысловым камітэце Саюза земстваў і гарадоў, дзе загадваў аддзелам працы і мэталюргіі ды ўладкаваў у свой аддзел свайго сябрука Дзям’яна Беднага [Яфім Аляксеевіч Прыдвораў] і свайго швагра Мардахея [Марка] Шагала. У 1926-1939 гг. быў прафэсарам Ленінградзкага палітэхнічнага унівэрсытэта. Пад час вайны вывучаў эканоміку саюзьнікаў і ў 1946 г. выпусьціў кнігу “Промышленность Соединенных Штатов Америки и война” а ў 1947 г. быў за яе абвінавачаны ў “пакланеньні прад амэрыканскім капіталам” ды звольнены з унівэрсытэту. У 1949 г. яго арыштавалі па “ленінградзкай справе” і 5 гадоў ён знаходзіўся ў Карагандзінскіх лягерах.
    Ізраіль [Израиль] (1886-1942) – вывучаў ювэлірную справу ў Бэльгіі.
    Мэндэль [Мендель] (1888-1933) - працаваў лекарам ў Маскве.
    Бася Рэйза (Берта) [Белла] (1890-1944) - скончыла Віцебскую гімназію і вучылася на Вышэйшых Жаночых курсах у Маскве. У 1915 г. яна выйшла замуж за Мордухая Майсея [Марка] Шагала, усясьветна вядомага габрэйскага мастака з Віцебска.
    Абрам (1892-1980) – работаў эканамістам у Міністэрстве лясной прамысловасьці ў Маскве.
    Літаратура:
    Подлипский А.  Розенфельды (Семья жены Марка Шагала). // Шагаловский международный ежегодник, 2003. Витебск. 2004. С. 126-127.
    Шишанов В.  «Эти молодые люди были ярыми социалистами...» Участники революционного движения в окружении Марка Шагала и Беллы Розенфельд. // Бюллетень Музея Марка Шагала. Выпуск 13. Витебск. 2005. С. 64-74.
    Хмельницкая Л. Социалисты (материалы к биографиям Ханы Розенфельд и Абрама Гинзбурга). // Бюллетень Музея Марка Шагала. Выпуск 19-20. Витебск. 2011. С. 125-136.
    Дуся Шагал,
    Койданава.