четверг, 9 октября 2014 г.

Ізя Хірык. Інжынэр Давід. Койданава. "Кальвіна". 2014.

    Давід Акімавіч Вікер [Виккер] - нарадзіўся 6 траўня 1878 года ў губэрнскім месьце Вільня Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і прыватнага паверанага.
    Па заканчэньні ў 1896 годзе Гарадзенскай гімназіі, дзе ў старэйшых клясах пачаў знаёміцца з рэвалюцыйнай літаратурай, ён, мешчанін места Гародні, паступіў на мэдыцынскі факультэт Кіеўскага унівэрсытэта, потым перайшоў на мэханічнае аддзяленьне Кіеўскага Палітэхнічнага інстытута, якое не скончыў з прычыны арышту. У сакавіку 1897 года ён удзельнічаў у Кіеве ў дэманстрацыі з нагоды самазабойства Ветравой, з-за чаго быў падвергнуты часоваму затрыманьню. У тым жа годзе сышоўся з некалькімі таварышамі, блізкімі да “Кіеўскага Саюзу барацьбы за вызваленьне рабочага клясу”. Увосень 1898 года пачаў працаваць у арганізацыі Кіеўскага камітэта РСДРП у якасьці прапагандыста і агітатара (мянушка “П’ер”). У траўні 1900 г. езьдзіў у Кацярынаслаў, куды ў той час Кіеўскі камітэт пасылаў некаторых сваіх працаўнікоў з мэтай аднаўленьня разгромленай арыштамі мясцовай с.-д. арганізацыі.
    17 красавіка 1901 г. быў арыштаваны па справе Кіеўскага камітэта РСДРП, утрымоўваўся ў Лукьянаўскай турме да 26 студзеня 1902 года, затым быў вызвалены пад заклад у 1000 рублёў.
    Зьехаў у Гродна, а са студзеня па жнівень 1903 г. жыў у Адэсе, прымаючы актыўны ўдзел у працы Адэскага камітэта РСДРП у якасьці прапагандыста і агітатара (мянушкі “Сяргей” ды “Аляксандар”). Але неўзабаве ён быў арыштаваны ды ў жніўні 1903 г. атрымаў у Адэсе прысуд па кіеўскай справе - 5 гадоў высылцы ва Ўсходнюю Сыбір і адпраўлены этапам у Якуцкую вобласьць, куды за ім пацягнулася Голда Кавенок.
    26 студзеня 1904 г. прыбыў у Якуцк, дзе быў прызначаны ў Хамустацкі насьлег Намскага ўлуса Якуцкай акругі. Неўзабаве прыняў удзел у вядомым узброеным “Раманаўскім пратэсьце” ссыльных (люты - сакавік 1904 г.). 30 ліпеня - 8 жніўня 1904 г. судзіўся Якуцкім акруговым судом па справе “раманаўцаў” і быў прысуджаны (263 і 268 арт.арт. улаж. аб пакараньні.) да 12 гадоў катаргі.
    Прымаў удзел у падкопе і ўцёках групы “раманаўцаў” з Аляксандраўскай перасыльнай турмы (уцёкі адбыліся ў ноч на 17 студзеня 1905 г.). Але ён увайшоў ў лік 6-ці уцекачоў, якія былі затрыманыя ў тую ж ноч ў сяле Аляксандраўскім сялянскім абходам ды зьняволены ў Аляксандраўскі цэнтрал.
    Пры пераглядзе “раманаўскай” справы Іркуцкай судовай палатай 5-6 красавіка 1905 г., па апэляцыйнай скарзе падсудных, прысуд Якуцкага акруговага суду быў зацьверджаны, з узбуджэньнем аднак хадайніцтва аб замене катаргі 2 гадамі крэпасьці. На падставе высачэйшага загаду 26 кастрычніка 1905 г., у парадку агульнай амністыі “раманаўцаў”, ён быў вызвалены з Аляксандраўскага цэнтралу.
    У 1906 г. працаваў у Пецярбургскай арганізацыі РСДРП, у Неўскім раёне. Улетку 1907 года, калі даведаўся што мае адбыцца суд па справе аб падкопе і ўцёках, эміграваў за мяжу. Справа слухалася у ягоную адсутнасьць 24 лютага 1910 г. у Іркуцкім акруговым судзе (абвінавачваньне па 3 ч. 309 арт. улаж. аб пакаран.), які апраўдаў яго.
    За мяжой жыў спачатку ў Бэльгіі, дзе ў 1909 г. скончыў электратэхнічны інстытут у Льежы, затым пераехаў у Парыж і служыў там па спэцыяльнасьці. Удзельнічаў у групах садзейнічаньня РСДРП. У Парыжы ўдзельнічаў у арганізацыі рускіх электраманцёрскіх курсаў для палітычных эмігрантаў і быў чальцом кіраваньня гэтых курсаў (пад мянушкай “Давыдаў”).
    Па вяртаньні ў 1917 г. у Расію працаваў у якасьці інжынэра. У 1921 годзе быў прыкамандзіраваны да гандальпрадстаўніцтва ў Бэрліне. Ад 1925 г. - у Галоўэлектра, потым - ва Ўсесаюзным электратэхнічным аб’яднаньні (УЭА). Уваходзіў у Таварыства паліткатаржанаў і ссыльна-пасяленцаў. Білет чальца № 1993.
    Літаратура:
    Виккер, Давид Акимович. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы 1880-1904. Выпуск II. Москва 1933. Стлб. 800-802.
    Виккер Давид Акимович. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 110.
    Ізя Хірык,
    Койданава.