среда, 8 октября 2014 г.

Авірам Мотля. Нахім Ёсель Гельфанд. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Нахім Ёсель [Нахим-Иосель, Наум] Лейбавіч [Львович] Гельфанд - нарадзіўся ў 1876 годзе ў вуездным месце Быхаў Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі, у мяшчанскай габрэйскай сям’і.
    Вучыўся ў павятовай вучэльні, з якой выйшаў да заканчэньня курсу. У 12 гадоў зьбег з дому, але быў вернуты бацькам. Паступіў хлопчыкам у пякарню м. Гомеля, але зьбег адтуль, працаваў пасьля гэтага ў кандытарскай, лабазе, слюсарнай і канатнай майстэрнях, быў фурманам, затым знаходзіўся на пабягушках у лесапрамыслоўца Смаленскай губэрні. Навучыўся таксатарскай працы на дзягцярным заводзе бліз Бабруйска. З канца 90-х гадоў далучыўся да рэвалюцыйнага руху ў Быхаве.
    Дзякуючы знаёмству з сасланымі студэнтамі (сацыял-дэмакратамі) Ул. Бабковым і Б. Эльцыным увайшоў у мясцовыя марксісцкія кружкі (мянушка “Навум”), пачаў прымаць удзел у друкаваньні на гектографе і распаўсюджваньні праклямацый, захоўваў бібліятэчку нелегальных выданьняў.
    28 верасьня 1902 г. быў арыштаваны па даносе аднаго рабочага і прыцягнуты да дазнаньня за вусную прапаганду і распаўсюджваньне літаратуры ў Быхаве і навакольлях, галоўным чынам на заводзе сухой перагонкі дрэва, дзе ім быў арганізаваны кружок і вялася рэвалюцыйная праца сярод працоўных, а таксама сярод сялян, якія прыяжджалі з лесам. Утрымоўваўся ў Быхаўскай турме.
    Па найвысачэйшаму загаду 22 траўня 1903 г. быў высланы на 3 гады ва Ўсходнюю Сыбір. Першапачаткова быў паселены ў с. Асінскім [Оса] Балаганскай акругі Іркуцкай губэрні, але затым па абвінавачваньні ва ўзброеным супраціве ўладам быў пераназначаны ў горад Верхаянск Якуцкай вобласьці.
    Дастаўлены ў Якуцк 7 студзеня 1904 года, але затрымаўся там, і прыняў у лютым - сакавіку 1904 г. удзел у вядомым узброеным пратэсьце “раманаўцаў”. Па гэтай справе судзіўся Якуцкім акруговым судом 30 ліпеня - 8 жніўня 1904 г. па 263 і 268 артыкулах улажэньня аб пакараньні і быў прысуджаны да 12 гадоў катаргі. У ноч на 17 студзеня 1905 г. уцёк разам з групай асуджаных па той жа “раманаўскай справе” з Аляксандраўскай перасыльнай турмы ў Іркуцкай губэрні і ў сакавіку 1905 г. прыехаў у Швэйцарыю.
    Паступіў у Жэнэве на вывучку ў друкарню газэты “Искра”, потым працаваў там жа ў друкарні Кукліна. Найвысачэйшым наказам 26 кастрычніка 1905 г., у ліку іншых “раманаўцаў”, быў амніставаны.
    У канцы 1905 г. вярнуўся ў Расею і працаваў у друкарні Адэскага аб’яднанага камітэта РСДРП, а ў 1906 г. пераехаў у Пецярбург, дзе 2 чэрвеня 1907 г. быў арыштаваны пад прозьвішчам Яна Васілевіча Лыскова пры разгроме с.-д. баявой арганізацыі. Сядзеў у “Крыжах”, 3-13 лістапада 1908 г. судзіўся (пад сваім імем) у Пецярбургскім ваенна-акруговым судзе па справе баявой арганізацыі і на падставе 2 ч. 102 арт. крым. улаж. быў прысуджаны да 4 гадоў катаргі; тэрмін гэты ў далейшым быў скарочаны на 2 гады.
    Да пачатку 1911 г. сядзеў у Пецярбургскай перасыльнай турме, затым быў сасланы на пасяленьне ў Маркаўскую воласьць Кірэнскага павета Іркуцкай губэрні.
    У лютым 1912 г. уцёк з месца пасяленьня, бадзяўся па Сыбіры, працаваў грузчыкам, сталяром, цесьляром, слюсарам у Віціме, Кірэнску, Жігалаве і г. д. У канцы 1912 г. дабраўся да Іркуцка, а адтуль праз Польшчу ва Францыю (Парыж).
    Скончыў у эміграцыі электратэхнічную школу. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі вярнуўся ў Петраград, паступіў на адміралцейскі суднабудаўнічы завод. Быў у Чырвонай гвардыі завода. У канцы 1917 г. дэлегаваны ад вайсковага камісарыята ў Кіеўскую ваенную акругу для правядзеньня дэмабілізацыі, але ў пачатку 1918 г. быў арыштаваны Радай і ў якасьці закладніка пасаджаны ў Кіеўскую Лукьянаўскую турму але ўцёк адтуль пры дапамозе сэрбаў. У ліку іншых 13 закладнікаў, напярэдадні заняцьця Кіева Мураўёвым, прыняў удзел у захопе ўлады ў месьце.
    Па вяртаньні ў 1918 г. у Петраград працаваў у Нарадукацыі (загадчыкам раённым аддзелам народнай адукацыі), у Саўнаргасе, Савеце прафсаюзаў і г. д. Чалец УКП(б). Уваходзіў у Таварыства паліткатаржанаў і ссыльна-пасяленцаў Білет чальца № 1409.
    Літаратура:
    Гельфанд, Наум Львович (Нохим-Иосель Лейбович). // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы 1880-1904. Выпуск II. Москва 1933. Стлб. 1190-1192;
    Гельфанд Наум Львович // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 137.
    Авірам Мотля,
    Койданава.