среда, 8 октября 2014 г.

Нурсултан Конь. Першая якуцкая канаакторка. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Варвара Васілеўна Габышава [Габышева] нарадзілася ў 1851 г. ды са сваім мужам Фёдарам Сямёнавічам Габышавым жыла ў разьмешчаным на левым беразе ракі Лены сяле Юнкюр /Юнькюрь/ Мальжэгарскага насьлега Алёкмінскай акругі ды Алёкмінскага ўлуса Якуцкай вобласьці Расейскай імпэрыі.
    Фёдар Сямёнавіч, які памёр у 1926 году, займаўся зьвералоўствам, рыбалоўствам ды гандлем. Праўда злыя языкі кажуць, што Варвара цягалася з бальшавіком-ленінцам Міхаілам Сьцяпанавічам Аляксандравым (Альмінскім), які ў 1899-1903 гг. знаходзіўся ў Алёкмінскай ссылцы, а ў 1920-1924 гг. быў дырэктарам Інстытута партыі пры ЦК УКП(б), ды, нават, мела ад яго дзіця.
   “Мацярынства Варвара Васільеўна спазнала нечакана-неспадзявана - 15 кастрычніка 1902 года, калі на прызьбе юрты знайшла нованароджанага хлопчыка, загорнутага ў старую заячую коўдру. 29 кастрычніка яго ахрысьцілі Міхаілам у Спаскім саборы Алёкмінска. Варвара Васільеўна і яе муж Фёдар Сямёнавіч не маглі нарадавацца на сына. Ён рос вельмі сур’ёзным удумлівым хлопчыкам...” /Евфросиния Ноговицина Е.  «Кинозвезда» из старого Олекминска. // ЛИterra.Я. Якутск. № 8. Июль. 2011. С. 23./
    “У 1930 годзе Варвара Васільеўна сама з унукамі дабіралася да Масквы. Падчас доўгага плаваньня ўверх па Лене ёй прыйшлося ўладкавацца матросам, каб забясьпечыць хоць нейкія выгоды для малалетніх унукаў”. /Евфросиния Ноговицина Е.  «Кинозвезда» из старого Олекминска. // ЛИterra.Я. Якутск. № 8. Июль. 2011. С. 23./ “Ехала з Якутыі з унукамі. Сьпярша - коньмі, потым - параплавам. Да станцыі, да цягніка. Дарога доўгая, працы няма. Пачала дапамагаць матросам. Памыю, пачышчу, трап прыбяру. Пытаюць: чыя ты? Адказваю: Варвара Васільеўна Габышева, маці якуцкага наркама. Сьмяюцца мужчыны, не вераць. Не стала ім далей казаць, што Міша мой, наркам, у Маскве цяпер вучыцца, ды сумна яму і жонцы яго Ксеніі без дзетак”. /Ряшин В.  Хотелось бы пожать руку... // Правда. Москва. 13 декабря 1982. С. 7./
    У 1931-1934 гг. Міхаіл Габышаў асьпірант Маскоўскага навукова-дасьледчага саўгаснага інстытута. Па заканчэньні асьпірантуры ён быў пакінуты працаваць у інстытуце, спачатку на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, а пазьней кіраўніком навуковага аддзела. У чэрвені 1937 г. Габышавым была абароненая дысэртацыя і кваліфікацыйная камісія Ўсесаюзнай Акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. І. Леніна зацьвердзіла яго кандыдатам сельскагаспадарчых навук. Ён робіцца старшым навуковым супрацоўнікам Усесаюзнага НДІ эканомікі сельскай гаспадаркі, а з 1938 года начальнікам тэхнічнага аддзела Народнага камісарыята саўгасаў СССР. У гэтыя гады Міхаіл Габышаў напісаў працу “Эканамічныя і арганізацыйныя асновы сьвінасаўгасаў”, якую прадставіў у якасьці дысэртацыі і 7-га чэрвеня 1939 года Навуковая рада Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К. А. Ціміразева аднадушна надала яму навуковую ступень доктара эканамічных навук. Ён атрымлівае катэдру Эканомікі і арганізацыі сацыялістычнай сельскагаспадарчай вытворчасьці ў Маскоўскім заатэхнічным (пушна-футравым) інстытуце, якой ён загадваў на працягу 15 гадоў. У 1940 годзе Габышаву надаецца званьне прафэсара.
    “Мая Миисэ докторка, Мая Миисэ профессорка!..”. Варвара Васільеўна выканала песьню ўласнага складаньня ўлетку 1940-го, у той дзень, калі яе сын стаў прафэсарам. І гэта была песьня матчынай імпрэзы! /Евфросиния Ноговицина Е.  «Кинозвезда» из старого Олекминска. // ЛИterra.Я. Якутск. № 8. Июль. 2011. С. 23./
    У Маскве Варвара Васільеўна Габышава на кінастудыі Союздетфильм зьнялася ў кінааповесьці рэжысёра Марка Сямёнавіча Данскога /працаваў адзін час асыстэнтам па мантажу на кінастудыі “Белдзяржкіно”/ “Рамантыкі” (1941), па сцэнарыю Ц. Семушкіна і Ф. Кнорэ. Кіношнікі, нібы, яе запрыкмецілі падчас гуляньня Варвары з унукамі па ВДНХ СССР у Маскве і запрасілі на ролю старой-чукчанкі. “Калі здымаліся сцэны з яе ўдзелам, зьбягалася ўся студыя - так гэта было ўсім дзіўна. А яна, здаецца, і не заўважала ні сафітаў, ні камэры, ні цікаўных поглядаў: дзякуючы прыроджанай артыстычнасьці яна ўмела, як кажуць на тэатры, напоўняцца выявай, жыць усярэдзіне меркаваных акалічнасьцяў і падзей. Жадалася б, каб успомнілі пра маю бабулю, калі зойдзе гаворка пра вытокі якуцкага кінэматографу. Яна была першай якуцкай кінаактрысай!”, - успамінаў Леў Габышаў. Праўда злыя языкі гавораць, што ў фільме “Рамантыкі” здымалі жонку Мікіты Спірыдонавіча Грыгор’ева, аўтара фразэалягічнага слоўніка якуцкай мовы, з дочкамі. У той час Грыгор’еў вучыўся ў Маскве дзе жыў з сям’ёй. Сам ён быў сунтарскі, а вось жонка з Алёкмінску.
    У 1941 г. Варвара Васільеўна з унукам Львом і нявесткай Ксеніяй Мікалаеўнай, вярнулася ў Юнкюр. У тым жа году Міхаіл з малодшым сынам Густавам быў эвакуіраваны ў Сярэднюю Азію разам са сваім інстытутам, дзе ім там вяліся дасьледчыя працы па каракуляводзтве Ўзбэцкай ССР. Але пасьля ваеннага ліхалецьця Варвара ізноў вярнулася ў Маскву.
    У Маскве Варвара Васільеўна Габышава ізноў на Маскоўскай кінастудыі імя Горкага зьнялася ў эпізадычнай ролі ў фільме рэжысёра М. Данскога “Алітэт сыходзіць у горы” (1949), па аднаіменнаму раману Ц. З. Семушкіна.
    “Марудліва коціць аўтамашына па няшумнай Маскве 1949 году. Шафёр паглядае на пасажырку:
    - Чаму ўсьміхаешся, бабуся?
   - А таму: вераць ці не вераць?
    - Чаму ж не павераць? Цяпер падкоцім да тваёй хаты і я крыкну: вось хто здымаецца ў нас на студыі ў фільме “Алітэт сыходзіць у горы” Разам са Сьвердліным, Ценіным, Абрыкосавым.
    - Ты пра кіно, а я не пра тое, - пярэчыць старая. - Даўно, да вайны , гэта было. Ехала з Якутыі з унукамі...
    - Пастой, пастой, - кажа кіроўца. - Распавядай па парадку. А то я думаў, што ты і напраўду чукчанка: сядзіш перад камэрай у чуме ў агеньчыка...
    - А што распавядаць... Сын наркамам быў якуцкім, а потым маскоўскім прафэсарам зрабіўся. Казала я гэта сёньня артыстам і глядзела: вераць ці не вераць? Ды тут паклікалі ўсіх пераапранацца, а потым здымаць сталі: галаву - так, вочы - так. Кіно пра Чукотку, пра старое жыцьцё. А я сяджу ў распаленага камельку і пра маладыя гады сваіх якуцкіх думаю і думаю. Бачу, быццам ізноў рускія ссыльныя прыехалі ў наша беднае сяло, вучаць мяне і Федзю, мужа нябожчыка, грамаце, потым сыночка нашага Мішу. Рэвалюцыя прыйшла. Ссыльныя зьехалі, Мішы таксама няма. У Якуцк пасланы за адмысловыя здольнасьці да граматы. Там бальшавіком і зрабіўся. Наркамам, зразумела, не адразу прызначылі. Аднак усюды імкнуўся.
    Дома - радасьць, абодва ўнука прыехалі. Левушка, малады мастак, вярнуўся з эцюдаў. Густаву, афіцэру-артылерысту, таксама выйшаў злучвай зазірнуць у Маскву.
   Што ж, у Варвары Васільеўны ёсьць нагода скурыць люльку. Струменьчык дыму паднімаецца ўгару, да жырандолі.
    - Бабуля, - прыжмурвае вока Густаў, - а раптам з кінастужкі - чык-чык! - і выражуць твой эпізодзік. А мы не ўбачым цябе.
    - Усё адно цікава, - адказвае Варвара Васільеўна, пыхкаючы люлькай”. Ряшин В.  Хотелось бы пожать руку... // Правда. Москва. 13 декабря 1982. С. 7./
    У сьнежні 1949 г. у Менску ў сыстэме АН БССР быў заснаваны Інстытут жывёлагадоўлі. У 1954 г. дырэктарам інстытута быў прызначаны доктар эканамічных навук, прафэсар М. Ф. Габышаў і яму выдзелілі чатырохпакаёвая кватэру ў Менску, на праспэкце імя Сталіна. У Менск таксама пераяжджае і Варвара.
    Варвара Васільеўна Габышева - першая якуцкая акторка, ці “каштоўная бабуля” - так звалі яе ў сям’і, працягвала жыць у Менску. “Артыкул пра яе [“Кини сүүс аҕыhын туолар”] у першы і адзіны раз надрукавалі ў газэце “Кыым” 15 лютага 1959 г. (Олунньу 15 к. 1959 с. № 39). Хутчэй за ўсё, тэкст падрыхтаваў любімы ўнук Леў Міхайлавіч, дырэктар Якуцкага рэспубліканскага музэю выяўленчых мастацтваў, каб падняць яе дух. Бабуля вельмі пакутавала пасьля сьмерці адзінага сына прафэсара Міхаіла Фёдаравіча, якая адбылася ў верасьні 1958 году. Варвара Васільеўна жыла ў яго кватэры ў Менску, яна асьлепла, ды яшчэ пашкодзіла нагу. У такім стане ёй прыйшлося перажыць і сьмерць нявесткі Ксеніі Мікалаеўны. Сама Варвара Васільеўна памерла ў 1960 году там жа, у Беларусі, дзе і застаўся яе прах”. Існуе сямейнае паданьне: “Часам, заходзячы ў паваенную кватэру Габышавых у Менску, людзі дзівіліся яе пустэчы. Але яны мімаволі ўздрыгвалі, калі з-пад ложка раптам высоўвалася галава з сівымі валасамі, з люлькаю у роце і пытала: “Хто тут?” Гэта была Варвара Васільеўна. Яна такой экзатычнай выявай ратавалася ад сьпякоты, пад ложкам, дзе ляжала на мядзьведжай шкуры і, напэўна, успамінала сваю далёкую паўночную радзіму, нудзячыся па ёй...” /Евфросиния Ноговицина Е.  «Кинозвезда» из старого Олекминска. // ЛИterra.Я. Якутск. № 8. Июль. 2011. С. 23./
    Варвара Васільеўна Габышава, першая якуцкая акторка, памерла ў 1960 годзе і пахавана ў Менску.
    Літаратура:
    Габышев Л.  Кини сүүс аҕыhын туолар. // Кыым. Якутскай. Олунньу 15 к. 1959 с.
    Ноговицина Е.  «Кинозвезда» из старого Олекминска. // ЛИterra.Я. Якутск. № 8. Июль. 2011. С. 23.
    Нурсултан Конь,
    Койданава.