суббота, 1 ноября 2014 г.

Алесь Баркоўскі. Сябар Мікалая Чарнышэўскага. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                             СЯБАР МІКАЛАЯ ЧАРНЫШЭЎСКАГА
                                                     ПА КАДАЙСКАЙ КАТАРЗЕ
                                                              СЫМОН СТЭЦЭВІЧ
    19 лютага /3 сакавіка/ 1863 года ў Вільні ў доме М. Шкленіка, будучага цесьця беларускага паэта Ф. Багушэвіча, быў арыштаваны Эдмунд, сын Яна, Вярыга, які нарадзіўся ў 1837 годзе ў каталіцкай сям’і шляхціца Віленскай губэрні, адміністратара маёнтка Веркі, што непадалёк ад Вільні. Дарэчы, Эдмунд быў блізкім сваяком беларускага паэта Арцемія Вярыгі-Дарэўскага. Пасьля заканчэньня Віленскай гімназіі ў 1857 годзе Эдмунд Вярыга паступіў на матэматычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэта, дзе зрабіўся адным з кіраўнікоў рэвалюцыйнага студэнцтва, падтрымліваў сувязь з Віленскай дэмакратычнай моладзьдзю, вёў агітацыю сярод сялян на Віленшчыне. Быў адным з арганізатараў Камітэту руху, створанага ў Вільні ўвосень 1861 года “чырвонымі”, які рыхтаваў паўстаньне у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імпэрыі. Улетку 1862 года, калі быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт, Эдвард Вярыга клапаціўся аб нарыхтоўцы зброі.
    Дзесьці ў той жа час быў арыштаваны і Сымон, сын Рафала Стэцэвіч, “вольнапрактыкуючы лекар”, які нарадзіўся ў 1839 годзе і паходзіў з каталіцкай шляхты Віленскай губэрні.
    30 кастрычніка 1863 года было абвешчана заключэньне Часовага Аўдытарыяту па справе шляхціцаў Эдмунда Вярыгі ды Сымона Стэцэвіча, у якім казалася, што:
    “Віленскі палявы Аудытарыят, разгледзеўшы ваенна-судовую справу аб шляхціцах: Эдмундзе Вярыгі 26 гадоў і вольнапрактыкуючым лекары Сымоне Стэцэвічы 24 гадоў (абодва рымска-каталіцкага веравызнаньня), якія пражывалі ў гор. Вільні, знайшоў што яны былі аддадзеныя ваеннаму суду за ўдзел у цяперашнім рэвалюцыйным руху і замаху нарыхтаваць для мяцежнікаў зброю і баявыя снарады.
    З гэтай справы бачна, што пруская паддадзеная, ўдава Даратэя Дэнтэр, якая пражывала ў Варшаве, жадаючы спрыяць ураду ў выкрыцьці рэвалюцыянэраў, часова знаходзячыся ў Пецярбурзе, пракралася ў грамаду палякаў і, выдаўшы сябе за купчыху Вінтэрфельд, абвясьціла, што жадае прадаць для мяцежнікаў зброю. Адзін з прапагандыстаў польскага мяцяжу, нехта Скржынскі прапанаваў ёй прадаць зброю Віленскаму рэвалюцыйнаму камітэту, і калі яна на гэта пагадзілася, то даўшы ёй рэкамэндацыйны ліст да падсуднага Вярыгі, адправіў у Вільню. Аб усім гэтым Дэнтэр даклала С-Пецярбурскаму генэрал-губэрнатару, генэрал-ад’ютанту князю Сувораву, які ў лісьце да былога Віленскага генэрал-губэрнатара адрэкамэндаваў яе як жанчыну сумленную і жадаючую выкрыць хеўру забесьпячэньня віленскіх мяцежнікаў зброяй.
    Вынікам дзеяньняў Дэнтэр у Вільні было выяўленьне чыннага ўдзелу ў мяцяжы падсудных Вярыгі і Стэцэвіча па забесьпячэньні імі мяцежнікаў зброяй.
    Па паказаньні Дэнтэр, яна, па прыезду з С-Пецярбурга з рэкамэндацыйным лістом ад Скржынскага, зьявілася да падсуднага Вярыгі і прапанавала яму набыць ў яе ў зброю, якая ёсьць ў Варшаве. Пасьля неаднаразовых гаворак аб гэтым Дэнтэр заключыла з ім умову аб дастаўцы 600 штуцэраў па 35 руб., 300 рэвальвэраў па 15 руб. з 60-цьцю патронамі да кожнай зброі і машынаю для рыхтаваньня апошніх. У бытнасьць Дэнтэр у Вярыгі яна сустракала ў яго, між іншымі асобамі, лекара Длускага, які пражываў раней у Коўне, а па арыштаваньні Вярыгі і Стэцэвіча невядома куды зьнік, які, даведаўшыся аб намеры Дэнтэр даставіць мяцежнікам зброю, запрасіў яе ў Коўну і, як дамовіўся там з ёю, адправіў ізноў у Вільню з пісулькай да Вярыгі, у якой прасіў яго вызначыць Дэнтэр месца для складу зброі, скончыць разьлікі і, не абцяжарваючы сябе адсутнасьцю наяўных грошаў, пачаць новыя выдаткі, так як яны маюць бязьмежны крэдыт. Вярыга, атрымаўшы гэтую пісульку, адправіў яе з Дэнтэр падсуднаму Стэцэвічу пры сваёй запісцы, у якой прасіў Стэцэвіча заключыць з Дэнтэр умову і зьмясьціў выражэньне аб захаваньні інтарэсаў інфляндэраў, якія тычацца зброі. Стэцэвіч, па прыбыцьці да яго Дэнтэр, заключыў з ёю ўмову аб дастаўцы 200 штуцэраў, 100 рэвальвэраў і друкарскага варштату, пры чым сказаў, што ў іх ужо ёсьць тры варштаты і затым даў Дэнтэр адрас абшарніка Сігізмунда Буйніцкага, які пражываў ў адным з інфляндзкіх паветаў Віцебскай губэрні, у якога павінна была быць складзеная зброя, і дзе, па словах Стэцэвіча, меўся адбыцца 21 лютага сход рэвалюцыянэраў, для згодніцтва адносна раздачы зброі.
    На допытах, супраць гэтых абвінавачваньняў, падсудныя Вярыга і Стэцэвіч спачатку ні ў чым не сазналіся, прычым Стэцэвіч зусім адмовіўся ад знаёмства з Дэнтэр, а Вярыга паказаў, што бачыўся з ёю толькі з прычыны перададзенага праз яе ліста з Пецярбургу ад аднаго з сяброў, якім ён запрашаўся дапамагчы Дэнтэр у праезду яе ў Варшаву. Але пры гэтым Вярыга ухіліўся ад называньня свайго сябра, гаворачы, што, так як ліст яго быў без подпісу, то ён не можа сказаць яго прозьвішча. Між тэмаў у лісьце хаця ўпамінаецца аб дапамозе, але крайне двухсэнсава, а ў выніку сам Вярыга сазнаўся, што ў яго кватэры Дэнтэр сапраўды заключыла ўмову з лекарам Длускім, які зьнікнуў, адносна дастаўленьня мяцежнікам штуцэраў і рэвальвэраў, пасьля чаго Длускі прысылаў да яго з Коўны пісульку, якую ён адправіў пры сваёй запісцы да падсуднага Стэцэвіча. Пры гэтым, Вярыга, адмаўляючыся ад асабістага ўдзелу ў дамове Длускага з Дэнтэр, паказаў аднак жа, што Дэнтэр і яму рабіла прапанову на конт зброі, але так негрунтоўна тлумачылася адносна спосабу дастаўкі яе, што ён западозрыў яе ў жаданьні пад выглядам патрыятызму набыць грошы і таму нельга дапусьціць, што ён дзейнічаў неразважліва ў гэткай небясьпечнай справе.
    За гэтым падсудны лекар Стэцэвіч пасьля вышэйназванага прызнаньня Эдмунда Вярыгі ў перамовах, якія адбыліся з Дэнтэр, са свайго боку, сазнаўся ў знаёмстве з ёю і, паказваючы, што Дэнтэр сапраўды прапаноўвала яму набыць штуцэра, патлумачыў, што пасьля гэтай прапановы ён даў Дэнтэр адрас абшарніка Буйніцкага, але зрабіў гэта ўласна з той мэтаю, каб даць Дэнтэр магчымасьць прадаць у Віцебскай губэрні дзьве-тры стрэльбы, аб друкарскім жа варштаце анічога з ёю не мовіў. Але апытаная па гэтай справе сястра Стэцэвіча, рукою якой быў напісаны адрас Буйніцкага, адказала, што, калі была сьведкаю размовы брата з Дэнтэр, яна чула, што брат яе гаварыў тады Дэнтэр, як аб штуцэрах і рэвальвэрах, так і аб дастаўленьні друкарскага варштата.
    Па ўзважваньні ўсіх азначаных акалічнасьцяў, часовы палявы аўдытарыят, прымаючы да ўвагі: па - 1-е) дакладнасьць паказаньняў удавы Дэнтэр, якая здабыла яшчэ ў Пецярбурзе давер начальства; па - 2-е), бачную няшчырасьць падсудных Вярыгі і Стэцэвіча ад поўнага прызнаньня ў злачынных перагавораў, якія меліся з Дэнтэр і супярэчлівыя адказы іх на допытах пры сьледзтве і ў судзе; па - 3-е), што лекар Длускі, які ўдзельнічаў, па паказаньні Дэнтэр, у перагаворах з ёю падсудных, усьлед за арыштаваньнем Вярыгі і Стэцэвіча ўцёк з Вільні і да гэтага часу не адшуканы, па - 4-е), што ў прад’яўленай ўдавою Дэнтэр да справы копіі з запіскі Вярыгі да лекара Стэцэвіча ўпаміналася аб захаваньні інтарэсаў інфляндэраў якія датычацца зброі, а па атрыманьні гэтай запіскі, Стэцэвіч даў Дэнтэр адрас да абшарніка Сігізмунда Буйніцкага, які пражываў ў Інфляндзкай частцы Віцебскай губэрні, і нарэшце, у - 5-х), што гэты абшарнік Буйніцкі, як затым як выявілася, быў сапраўдным арганізатарам паўстаньня ў інфляндзкіх паветах Віцебскай губэрні, захоўваў у сваім маёнтку рэвалюцыйныя распараджэньні ў значнай колькасьці, быў адным з галоўных вінаватых адбіцьця пасланага з Дынабургу ваеннага транспарту са зброяй, якое здарылася каля мяст. Крэслаўкі, і сам ва ўсім гэтым сазнаўся пасьля ўцёкаў за мяжу ў прысланым з Парыжу лісьце, на імя былога ваеннага начальніка Віцебскай губэрні генэрал-лейтэнанта Длатоўскага, прызнае падсудных Эдмунда Вярыгу і Сымона Стэцэвіча вінаватымі ў прыняцьці чыннага ўдзелу ў рэвалюцыйным руху ў Заходніх губэрнях Імпэрыі ў самым пачатку яго і ў замаху нарыхтаваць для мяцежніцкіх хэўраў, якія тады ўтварыліся, праз пасрэдніцтва ўдавы Дэнтэр зброі ў значнай колькасьці”.
    Па канфірмацыі прысуду ў 1863 годзе Камандуючым войскамі Віленскай ваеннай акругі Сымон Стэцэвіч, як і Эдмунд Вярыга “быў пазбаўлены ўсіх правоў стану і сасланыя ў катаржныя работы на заводах на восем гадоў” з канфіскацыяй маёмасьці.
    У канцы лістапада або пачатку сьнежня 1863 года Кастусь Каліноўскі пісаў у Парыж Баляславу Длускаму, які на той час быў ваенным Камісарам Літвы і Беларусі за мяжой:
   “Дарагі Баляслаў!
    Не ведаю, ці пасьпяхова даехала твая сястра, я вельмі турбуюся. ... З выдаткамі будзь вельмі ашчадны, таму што Жыровіцы і Вострая брама афіцыйна заявілі, што толькі ў тым выпадку ўсё ахвяруюць, калі ты са ста тысячамі французаў, а Італьянец [Ахілес Банольдзі, якога Віленскі паўстанцкі цэнтар прызначыў сваім прадстаўніком за мяжой і даручыў яму закуп зброі] са ста тысячамі сваіх пабрацімаў загляне да іх ў госьці.
    Др. [Сымон Стэцэвіч] і Эдмунд [Вярыга] адправіліся да сыбірскіх сьнягоў на 8 гадоў шукаць золата і срэбра, можа, яны адтуль захочуць папоўніць нашу убогую касу. Цябе трэцяга там бракуе, а Масква вельмі жадала аб’яднаць вас вузлом братэрскага саюза.
    Грошы нашы з касы ўзбраеньня забірай і тут жа абменьвай на вінтоўкі...”.
    Адзначым, што Баляслаў Раман Длускі нарадзіўся ў 1826 годзе на Віленшчыне. Калі вучыўся яшчэ ў Віленскай гімназіі, то быў арыштаваны па справе Шымана Канарскага і ў 14 гадоў сасланы на Каўказ, дзе ў бойках з горцамі даслужыўся да капітана. Затым вучыўся на мастака ў Пецярбургскай акадэміі, а ў 1856 годзе на лекара ў Маскве. Прымаў чынны ўдзел у працы Літоўскага правінцыяльнага камітэту. Спрабаваў даставіць зброю ў Літву і Беларусь марскім шляхам.
    3 жніўня 1864 года ў Нерчынскае Горнае праўленьне, якое месьцілася ў паселішчы Нерчынскі Завод Забайкальскай вобласьці ды распараджалася ўсімі злачынцамі, якіх ссылалі туды, быў дастаўлены “дзяржаўны злачынец” Мікалай Чарнышэўскі, 35 гадоў, праваслаўнага веравызнаньня, былы адстаўны тытулярны саветнік. “За зламысьленьне да зьвяржэньня існуючых парадкаў, за прыняцьце мераў да абурэньня, за сачыненьне ўзбунтоўнай адозвы да барскіх сялянаў і перадачу яе да надрукаваньня, Чарнышэўскі па высачэйша зацьверджанаму меркаваньню Дзяржаўнага Савета пазбаўлены ўсіх правоў стану, сасланы ў катаржную працу ў руднікі на сем гадоў ў Нерчынск”. Мэдычная камісія пры Горным праўленьні вырашыла накіраваць яго да “выздараўленьня ў Кадаінскае лязарэтнае аддзяленьне”. 4 жніўня 1864 года Чарнышэўскі прыбыў ў Кадаінскі руднік Нерчынсказавадзкой акругі Забайкальскай вобласьці.
    На той час генэралам–губэрнатарам Усходняй Сыбіры быў Шэлашнікаў, Забайкальскім ваенным генэрал-губэрнатарам Дзітмар а Горным начальнікам Нерчынскіх заводаў Эйхвальд.
    Кадаінскі руднік знаходзіўся ў 52 вёрстах ад Нерчынскага завода, амаль ля самай Мангольскай мяжы. “Кадая да моманту прыбыцьця туды Чарнышэўскага ўяўляла сабой глухое сяло ў тры вуліцы, якія выцягнуліся амаль на вярсту ў лагчыне ракі Борзі, ачоленае градамі высокіх сопак. Вуліцы Кадая упіраліся ў турэмны пасёлак разьмешчаны на шырокай пляцоўцы, у падножжа вялікай сопкі. У Кадаі знаходзіўся падначалены Нерчынскаму горнаму праўленьню невялікі срэбна-сьвінцовы руднік, на якім выкарыстоўвалася праца зьняволеных тут катаржанаў.
    У лязарэце на той час знаходзіліся сябар юнацтва Чарнышэўскага паэт Міхаіл Міхайлаў ды Эдуард Бонгард. 34 гадовы “дзяржаўны злачынец”, былы адстаўны губэрнскі сакратар Міхаіл Міхайлаў, які “за зламыснае распаўсюджваньне сачыненьня, у напісаньні якога ён прымаў удзел і якое мела мэтай ўзбудзіць бунт супраць Вярхоўнай улады, пахісьненьне асноўных устаноў дзяржавы”, але таму што яно “засталося без шкодных вынікаў” ён быў “па пазбаўленьні ўсіх правоў стану, высланы на катаржную працу на рудніках на шэсьць гадоў”. /3 жніўня 1865 года Міхаўлаў ў 32 гады памірае ад сухотаў на Кадаінскім рудніку/ Але найбольш прыязныя адносіны ў Чарнышэўскага склаліся з 32 гадовым “палітычным злачынцам” Эдуардам Бонгардам, у працэсе навучаньня яго рускай мове. Швэйцарскі паддадзены Бонгард “за тайную перапіску, якая схіляла да шкоды Расеі, прыналежнасьць да тайнага рэвалюцыйнага таварыства, якое мела мэтай узьняць узброенае паўстаньне, дзеля зьвяржэньня ў Царстве Польскім парадку па рашэньні палявога Аўдытарыяту быў асуджаны да пазбаўленьня усіх правоў стану ды да сьмяротнага пакараньня расстраляньнем, але Ягоная Імпэратарская Вялікасьць гасудар, намесьнік царства Польскага пастанавіў яго саслаць ў катаржную працу ў руднікі на дванаццаць гадоў”.
    2 верасьня 1864 года Сымон Стэцэвіч ды Эдмунд Вярыга былі ўжо ў Іркуцку, а 10 верасьня 1864 года іх адправілі ў Нерчынскі Завод. 1 лістапада 1864 гада яны прыбылі на Кадаінскі руднік. Разам з імі у адной партыі былі дастаўленыя: Караль Абрампольскі, адстаўны падпаручнік Віленскай губэрні (5 гадоў катаргі ў крэпасьцях); Фелікс Абрушкевіч, шляхціц Варшаўскай губэрні (5 гадоў катаргі ў крэпасьцях); Ісідар Асмольскі, шляхціц Віленскай губэрні (6 гадоў катаргі ў рудніках); Фелікс Павал Антоні Грахавольскі, з чыноўнікаў(7,5 гадоў катаргі ў рудніках); Люцыян Гофман, шляхціц Аўгустаўскай губэрні (5 гадоў катаргі ў крэпасьцях); Вітольд Гейшта(х), шляхціц Мінскай губэрні (6 гадоў катаргі ў крэпасьцях); Юліян Манка /Манкэ/, мешчанін Люблінскай губэрні, былы каморнік (6 гадоў катаргі ў рудніках); Францішак Міхайлоўскі, шляхціц Радамскай губэрні (5 гадоў катаргі ў крэпасьцях); Юзаф Пякарскі, шляхціц Мінскай губэрні (6 гадоў катаргі ў рудніках); Генрык Пажарскі /Пажэрскі/, шляхціц Віленскай губэрні (6 гадоў катаргі ў крэпасьцях); Юзаф Ражкоўскі, адстаўны паручнік Віцебскай губэрні (6 гадоў катаргі ў рудніках); Вітольд Свехоўскі, шляхціц Ковенскай губэрні (6 гадоў катаргі ў рудніках); Ян Стржэмечны, шляхціц Люблінскай губэрні (4,5 гадоў катаргі ў рудніках); Эдуард Талочка, шляхціц Ковенскай губэрні (6 гадоў катаргі ў рудніках); Людвік Штырка /Шнырка/, адстаўны афіцэр Магілёўскай губэрні (10 гадоў катаргі ў рудніках) ды Леан Леапольд Фатэр, мешчанін Варшаўскай губэрні (6 гадоў катаргі ў крэпасьцях);
    14 лістапада 1864 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржныя працы “палітычныя злачынцы”: Б. Дабжанскі, С. Легкаўскі, Людвік Шмідзецкі, Б. Шалеў. Іх разьмясьцілі у лязарэтным будынку.
    16 лістапада 1864 года Эдуард Бонгард быў “выпісаны з лязарэту” і “прылічаны ў катаржныя работы”.
    25 сьнежня 1864 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржныя працы “палітычныя злачынцы”: А. Карасевіч, В. Левінскі, К. Лазоўскі, К. Неслухоўскі, Н. Навіцкі.
    27 сьнежня 1864 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржныя працы “палітычныя злачынцы”: Л. Вярцінскі, С. Касьпяровіч, Л. Купчынскі, П. Капляц, С. Сушкевіч, А. Сункевіч, Т. Сьверчынскі, Н. Целяжынскі Л. Фрыкард, Р. Чэржашт, А. Янкроўскі.
    З прыбыцьцём ў 1864 годзе вялікіх партый “палітычных злачынцаў” – так называлі менавіта ўдзельнікаў  паўстаньня 1863-1864 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве, у адрозьненьне ад рускіх рэвалюцыянэраў, якіх называлі “дзяржаўнымі злачынцамі” – старая турма аказалася малой. Катаржан пачалі ўсяляць у бліжэйшыя да турмы сялянскія хаты.
    9 студня 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржныя працы “палітычныя злачынцы”: М. Крушынскі ды В. Чарноцкі.
    Напрыканцы студня 1865 году, пасьля выхаду з лязарэту, Чарнышэўскага пасялілі ў сялянскай хаце, ператворанай ў аддзяленьне турмы. Там ужо жылі “палітычныя выгнанцы” – Сымон Стэцэвіч, Канстантын Рапацкі ды выкладчык гісторыі аднаго з Парыскіх ліцэяў Эміль Андрэёлі.
    Андрэёлі атрымаў 12 гадоў катаргі за тое, што прыняў удзел у легіёне добраахвотнікаў Францыска Нула, які прыйшоў у 1863 годзе на дапамогу паўстанцам ды неўзабаве быў разьбіты. Палонныя гарыбальдыйцы атрымалі па 8-12 гадоў катаргі. На Кадаінскі руднік 9 сьнежня 1864 года прапілі Эміль Андрэёлі, Аляксандр Венансыё ды Луи Каролі, які памер на катарзе. Дарэчы ён быў вінен Чарнышэўскаму 55 рублёў, але той, пасьля сьмерці Каролі, адмовіўся ад іх на карысьць “польскіх” паўстанцаў. Пасьля вызваленьня Андрыёлі апублікаваў свае ўспаміны “З Польшчы ў Сыбір. Запіскі ваеннапалоннага”. /Revue moderne. № 48. Рarys. S. 735-736/
    Хата гэтая знаходзілася ў канцы пасёлка на схіле гары, а ў вярсьце /450 м./ ад яго вяліся працы па здабычы срэбра і сьвінцу ды знаходзіліся залатыя капальні. Далей ішлі могілкі, а за імі непакрытыя лесам камяністыя сопкі. Захавалася малюнак дамка, выкананы тушам “адным з палітычных выгнанцаў”. Як адзначыў Яўген Ляцкі “у мастаку непрыкметна асаблівага таленту, але настрой безнадзейнасьці і тугі перададзены выдатна”.
    Захаваўся і “плян разьмяшчэньня ў ім пакояў, накіданы рукой М. Г. Чарнышэўскага. Пакой ягоны – першы па праваму  боку пры ўваходзе ў сені (“Мой пакой” – надпіс Чарнышэўскага). Ў наступным па праваму боку пакоі большага памеру жылі “Сымон Рафаілавіч Стэцэвіч і ягоныя сябры” (подпіс Чарнышэўскага) Рапацкі К. і Андрэёлі Э. Налева от сяней знаходзіўся пакой, дзе жыў “стары архітэктар” (надпіс Чарнышэўскага) нерчынскіх руднікоў І. В. Барашоў. Каролі і Венацыё займалі невялікую лядашную хацінку, па суседзтву з дамком М. Чарнышэўскага”.
    19 сакавіка 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбыў на катаржную працу “палітычны злачынца” Казімір Васілеўскі.
    24 сакавіка 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбыў на катаржную працу “палітычны злачынца” Мікалай Шыманскі.
    18 красавіка 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржную працу “палітычныя злачынцы”: Ц. Камянецкі ды Л. Пятроўскі.
    9 траўня 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржную працу “палітычныя злачынцы”: І. Бенсдорф, Р. Дрэўноўскі, Ф. Зарэмба, І. Кулеша, А. Кавлеўскі, В. Машынскі, А. Падчаскі, В. Пятроўскі, І. Старжынскі.
    17 траўня 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржную працу “палітычныя злачынцы”: В. Апульскі ды Н. Пашкоўскі.
    14 чэрвеня 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржную працу “палітычныя злачынцы”: А. Држэновіч, В. Крапельніцкі, С. Мілеўскі, І. Памярніцкі, І. Піляроўскі, Л. Цыбульскі.
    4 ліпеня 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбыў на катаржную працу “палітычны злачынца” Конрад Кульчыцкі.
    7 ліпеня 1865 года ў Кадаінскі руднік прыбылі на катаржную працу “палітычныя злачынцы”: І. Буцінскі, М. Вейдэ, В. Дычакоўскі, Е. Еляшэвіч, В. Жарчынскі, С. Збароўскі К. Младушэўскі, С. Рыхлінскі, К. Рыхлінскі, А. Сакульскі.
    3 жніўня 1865 года памёр “дзяржаўны злачынца Міхаіл Міхайлаў, 32 гадоў,ад сухотаў.”
    1 лістапада 1865 года Сымон Стэцэвіч, як паведамляе “Імянны сьпіс палітычных злачынцаў Кадаінскага рудніка, пераведзеных у разрад тых, хто выпраўляўся” паведамляе, што ён быў пераведзены ў разрад тых, хто выпраўляецца 1 лістапада 1865 года.
    Царскі маніфэст ад 1 красавіка 1866 года скараціў тэрміны катаргі ссыльным, а невялікія (да шасьці гадоў) былі замененыя паселішчам. У сувязі з гэтым, адносна Чарнышэўскага 26 траўня 1866 прыйшло указаньне працягваць нагляд,
    6 красавіка 1866 года Эдмунд Вярыга быў вызвалены ад кайданоў.
    Паводле Маніфэста ад 16 красавіка 1866 года тэрмін катаргі для Вярыгі ды Стэцэвіча быў скарочаны напалову.
    29 красавіка 1866 года Бонгард быў адпраўлены ў Камэнданцкае упраўленьне Нерчынскіх заводаў, а затым 1 траўня 1866 года ў Чыту.
    1 чэрвеня 1866 года камэндант палітычных злачынцаў на Нерчынскіх заводах палкоўнік Варанцоў дакладваў ў Іркуцк генэрал-губэрнатору Усходняй Сыбіры М.карсакову: “Адносна Чарнышэўскага маю гонар дакласьці, што я даўно жадаў было перавесьці яго ў Аляксандраўскі Завод, але так як Чарнышэўскаму нададзеныя сродкі больш ёмкага і спакойнага памяшканьня, што ў Кадаі і ёсьць для яго; у Аляксандраўскім ж Заводзе няма такога памяшканьня, дзе б можна было вылучыць яго ад іншых. У Кадаі ён хаця таксама не адзін, а са злачынцам Стэцэвічам, але затое яны двое аддзеленыя ад іншых і за імі маецца адмысловы нагляд...”. Такім чынам, Стэцэвіч застаўся адзіным сукаморнікам Чарнышэўскага.
    17 верасьня 1866 году Чарнышэўскі быў пераведзены ў Аляксандраўскі Завод.
    Ю. Огрызко, як і Н. Г. Чернышевского, планавалі ўвесьці ў склад Часовага ўраду рэспублікіСвабодаславія”, так меркавалася перайменаваць Сыбір.
     1 траўня 1868 года Сымон Стэцэвіч “з работ быў выведзены” і “вызначаны на паселішча ў Індзінскую воласьць Балаганскай акругі Іркуцкай губэрні”. Паводле маніфэста ад 25 траўня 1868 года яму было нададзена “права дзяржаўных пасялянаў”
    У сакавіку 1870 года Сымон Стэцэвіч “паводле асабістай просьбы” быў пераведзены ў абласны горад Якуцк, дзе ён меўся заняцца “лекарскай практыкай”, бо нават туды быў высланы ягоны лекарскі дыплём.
    Што ж заахвоціла Сымона Стэцэвіча пайсьці на такі крок, як пераезд у Якуцкую вобласьць у той час, калі ўсе ссыльныя імкнуліся ўсімі праўдамі і няпраўдамі выехаць з яе? Можа быць, прывабіла работа на залатых капальнях, як доктара Апалінара Свентажэцкага, якому патрэбны былі грошы, каб выехаць на Радзіму пасьля вызваленьня з выгнаньня? А магчыма, рыхтавалася вызваленьне Огрызко і Двожачка з Вілюйскага турэмнага замку? Ускосныя зьвесткі пра гэта маюцца ва ўспамінах выхадца з Міншчыны А. Сьвентажэцкага, занатаваных Зоф’яй Кавалеўскай пасьля вяртаньня выгнанца з Сыбіры. Праўда, Іркуцкі дасьледчык Б. С. Шастаковіч, спасылаючыся на ўспаміны ягонага земляка Б. Дыбоўскага, лічыць гэта фантазіяй, бо Сьвентажэцкі, па сьведчаньням мэмуарыстаў быў алькаголікам.
    Знамянальна, што “палітычныя злачынцы” рана ўключыліся ў справу вызваленьня Чарнышэўскага, бо, ужо ўлетку 1865 года ўраджэнцы Беларусі З. Мінейка (дзед былога прэзыдэнта Грэцыі А. Папандреу), Г. Вашкевіч і А. Акінціц, якім пашанцавала ўцячы з Сыбіры за мяжу, пакінулі І. Худзякову сем адрасоў Сыбірскіх явак “на выпадак ператварэньня ў жыцьцё задумаў вызваленьня Чарнышэўскага. Таму ішуцінцы, плянуючы вызваленьне Чарнышэўскага, абапіраліся на беларускіх ссыльных - М. Ямонта і Ў. Грыневіча ў Томску, К. Кухарскага ў Кузьнецку, Л. Мурашка ў Омску ды іншых.
    У 1867-1869 гады ў Пецярбурзе існаваў гурток пад назвай “Смаргонская акадэмія” (так звалі школу па дрэсіроўцы мядзьведзяў у беларускім мястэчку Смаргонь). Па зьвестках III аддзяленьня паліцыі, сябры гэтага гуртка жадалі заняцца рэвалюцыйнай працаю, але для гэтага не было сродкаў, таму яны прынялі ў свой гурток “прыгажуню нігілістку, нястомна распусную” Кацярыну Казлоўскую, ураджэнку Смаленскай губэрні, каб “на ёй” зарабіць. Сваёй мэтай сябры арганізацыі ставілі вызваленьне Н. Г. Чарнышэўскага, але ў 1869 годзе, з пачаткам нячаеўскага працэсу “Смаргонская акадэмія” спыніла сваю дзейнасьць.
    У ліпні - жніўні 1870 года з мэтай вызваленьня Чарнышэўскага прадпрымае этнаграфічную экспэдыцыю ў Забайкальле прафэсар Павал Равінскі. Ён належаў да даўняга крыўскаму роду на Смаленшчыне. Яшчэ і зараз у Смаленскім краязнаўчым музэі можна ўбачыць сапраўдныя граматы каралёў Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV ды Яна Казіміра XVIІ стагоддзя, у якіх Равінскія адорваліся маёнткамі ў Дарагабускім павету “за рыцарскія заслугі, адвагу і нязьменную вернасьць пры ўсіх неўзгодах”. Удзельнік Айчыннай вайны 1812 года Вікеньці Равінскі напісаў выдатную паэму “Энэіда наадварот” на беларускай мове. Ягоны дзядзька Іван Васільевіч стаў дырэктарам школы ў Астрахані, а ўнук Павел Апалонавіч праславіўся як прафэсар-славіст і рэвалюцыйны дзеяч 1860-х гадоў. Цесьць М. Чарнышэўскага С. Е. Васільеў быў хросным бацькам П. А. Равінскага.
    У 1867 годзе Эдварду Бонгарду дазволілі выехаць у Швэйцарыю. 23 верасьня 1870 года III аддзяленьне разаслала начальнікам губэрняў сакрэтны цыркуляр аб тым, што ў Расійскую імпэрыю са Швэйцарыі “адправіліся два эмісара - Бонгард і дАртузі - з мэтай рэвалюцыйнай агітацыі і што варта прыняць усе, якія залежаць меры, да іх затрыманьня”. Але на іх сьлед паліцыі не ўдалося натрапіць.
     У 1871 году “палітычных злачынцаў” пад № 11 (Ю. Агрызка) і № 16 (Ю. Двожачак) у Вілюйскім турэмным замку зьмяніў “дзяржаўны злачынец” пад № 5 М. Г. Чарнышэўскі.
    Паводле маніфэсту ад 13/17 траўня 1871 года Стэцэвічу былі вернуты былыя правы стану.
        Паводле маніфэста ад 9 студня 1874 года Стэцэвічу было нададзена права паступленьня на дзяржаўную службу ў тым месцы дзе яму дазволена свабоднае пражываньне.
    3 лютага 1872 года шэф жандараў П. А. Шувалаў даў знаць генэрал-губэрнатару Ўсходняй Сыбіры Сінельнікаву, што Бонгард, па дадзеным замежнай агентуры, едзе з Швэйцарыі праз Амэрыку ў Сыбір “дзеля збыту фальшывых рускіх крэдытных білетаў, а можа быць, і з іншымі якімі-небудзь злачыннымі мэтамі” і падкрэсьліваў, што Бонгард “знаёмы з дзяржаўным злачынцам Чарнышэўскім, у якога вучыўся рускай мове і валодае ёю добра”. Ад Сінельнікава дэпэша пайшла ў Якуцк, а з Якуцка 7 красавіка 1872 г. у Вілюйск. Але ніякіх сьлядоў Э. Бонгарда паліцыі выявіць не ўдалося, магчыма, ён нават і не з’яўляўся ў межах Расеі.
    У 1872 годзе, як паведамлялася ў данясеньні Якуцкага паліцэйскага ўпраўленьня, Стэцэвіч “быў няправільна звольнены для жыхарства ў Эўрапейскай часткі Расеі”
    Паводле маніфэста ад 9 студзеня 1874 года Стэцэвічу было нададзенае права паступленьня на дзяржаўную службу ў тым месцы дзе яму дазволенае будзе  свабоднае пражываньне..
    Эдмунд Вярыга ў 1874 году атрымліваў з Іркуцкай губэрні дазволы на часовую адлучку на залатыя промыслы ў Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці.
    Толькі 26 ліпеня 1876 года Дэпартамэнт паліцыі пры генэрал-губэрнатары Ўсходняй Сыбіры агледзелі што маніфэст 13/17 траўня 1871 года для Сымона Стэцэфіча быў прыменены няправільна.
    “Згодна асабістай просьбы” ён быў пераведзены ў абласны горад Якуцк, куды прыбыў ў сакавіку 1870 /1969/ года. Паводле маніфэсту ад 13/17 траўня 1871 года Стэцэвічу былі вернуты былыя правы стану. Паводле маніфэста ад 9 студня 1874 года Стэцэвічу было нададзена права паступленьня на дзяржаўную службу ў тым месцы дзе яму дазволена свабоднае пражываньне. У 1875 годзе выехаў у Эўрапейскую Расею.
    Пасьля вызваленьня Эдмунд Вярыга працаваў у Пецярбурзе ва ўпраўленьні Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі і на мэталюргічных заводах Украіны. Памёр 10 /23/ верасьня 1902 года ў маёнтку Амнішаў Барысаўскага павету Мінскай губэрні.
    Літаратура:
    НАРС(Я) Ф. 12. Воп. 1. Спр. 2200, Арк. 236; Воп. 15. Спр. 268. Арк. 6.
    La Revue Moderne. № 48. Paris. 1868. S. 735-736.
    Заключение временного аудиториата по делу дворян Вериго, Стецевича и др., состоящих в Виленской организации по приобретению для мятежников оружия. // Виленский временник. Кн. VI. Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 г.г. в пределах Северно-Западного края. Ч. 2. Переписка о военных действиях с 10-го января 1863 года по 7-е января 1864 года. Вильна. 1915. С. 355, 356, 357, 458.
    Чернышевский в Сибири 1866-1883 гг. (По материалам архива Корсаковых и Воронцова-Дашкова). Подготовил М. И. Хейфец. // Всесоюзная библиотека имени В. И. Ленина. Записки отдела рукописей. Вып. VI. Н. А. Некрасов, Н. Г. Чернышевский, М. Е. Салтыков-Щедрин. Москва. 1940. С. 55.
    Майский Ф.  Н. Г, Чернышевский в Забайкалье (1864-1871 гг.). Чита. 1950. С. 28, 29, 56, 61, 93, 107.
    Кубалов Б.  Н. Г. Чернышевский, М. Л. Михайлов и гарибальдийцы на кадаинской каторге. // Сибирские огни. № 6. Новосибирск. 1959. С. 140.
    Кубалов Б. Г.  Из сибирских встреч Н. Г. Чернышевского. // Исторический архив. № 3. Москва. 1961. С. 284;.
    Научитель М. В.  Тагаров З. Т.  Чернышевский в Сибири. Иркутск. С. 88-89.
    Киселева Я. Копия письма К. Калиновского Б. Длускому. // Нёман. Минск. 1975. С. 189-190.
    Копия письма К. Калиновского Б. Длускому. Конец ноября – начало декабря. // Калиновский К.  Из печатного и рукописного наследия. Минск. 1988. С. 75-76.
    Барковский А.  Друг «Вилюйского узника». // Республика Саха. Якутск. 16 сентября 1995. С. 3.
    Казарян П. Л.  Численность и состав участников польского восстания 1863-1864 гг. в Якутской ссылке. Якутск. 1999. С. 31.
    Fajnhaus D.  1863 Litwa i Białoruś. Warszawa. 1999. S. 80.
    Хурсік В.  Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 гг. Гістарычны нарыс і спісы. Мінск. 2001. С. 62.
    Хурсік В.  Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 г. г. Гістарычны нарыс і спісы. Мінск. 2002. С. 62./
    Алесь Баркоўскі,
    Койданава.