вторник, 11 ноября 2014 г.

БАМ. Якуцкі адцінак. Койданава. "Кальвіна". 2014.




                                               БАЙКАЛА-АМУРСКАЯ МАГІСТРАЛЬ
                                                                          (БАМ)
    Чыгунка ў Расіі; 2-і (пасьля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974-80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс. км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш. збудаванняў, 9 тунэляў, у тл. Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.
    С. А. Казак-Антаневіч.
    Літаратура:
    Беларуская энцыклапедыя ў 12 тамах. Т. 2. Мінск. 1996. С. 224.
 





                                                   УСЕНАРОДНАЯ  БУДОЎЛЯ — БАМ
    Нядаўна карэспандэнт “Работніцы і сялянкі” пабываў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі, праехаў па так званаму Малому БАМу, які злучае Транссыбірскую магістраль з вугальным разрэзам, што знаходзіцца каля горада Нерунгры, наведаў пасёлак Залацінку, які ўзьвялі юнакі і дзяўчаты першага беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі.
    На будоўлі магістралі веку нароўні з мужчынамі працуюць і нашы слаўныя жанчыны-беларускі. Пра некаторых з іх наш расказ.

                                                                      ПРАСЕКА
    У красавіку 1975 года за 150 кілямэтраў на поўнач ад сталіцы БАМа горада Тынды, ля самай халоднай 60-й паралелі, там, дзе горная бурлівая рачулка Халаднікан упадае ў яшчэ больш бурлівую Іенгру, сярод тайгі высадзіўся першы дэсант — 128 юнакоў і дзяўчат. Яны ўвайшлі ў склад першага беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. Тут, на гэтых камяністых сопках, што ўзвышаюцца амаль на дзьве тысячы мэтраў над узроўнем мора, на вечнай мерзлаце, якая дасягае глыбіні тысячы пяцьсот і больш мэтраў, ім, звыклым да ўмеранага клімату, трэбы было пачынаць усё ўпершыню: будаваць жыльлё для сябе і для тых, хто прыйдзе ўсьлед за імі, пракладваць дарогі, рабіць прасеку для будучай чыгункі, якая павінна была зьвязаць Транссыбірскую магістраль з невычэрпнымі багацьцямі Паўднёвай Якутыі, пераносіць пяцідзесяціградусны мароз і амаль трыццаціградусную летнюю сьпёку, загартавацца, здружыцца, не адступіць, выстаяць і перамагчы.
    І яны перамаглі, перш за ўсё самі сябе. А ў атрадзе ж было амаль трэць дзяўчат, і  частка іх — учорашнія школьніцы-летуценьніцы. якія наогул яшчэ не сутыкаліся з абставінамі і патрабаваньнямі рэальнага жыцьця, а пра поўнач мелі толькі кніжнае ўяўленьне. Зараз, калі пра гэта заходзіць гаворка, яны сьціпла ўсьміхаюцца, нібыта нічога такога і не было, не было і подзьвігу, а была звычайная будзённая работа, якую трэба было выканаць як мага хутчэй і як мага лепш, бо ад гэтага залежаў ужо і лёс тых, хто ішоў усьлед за імі. І трэба было яшчэ зрабіць тыя апошнія сто — дзьвесьце крокаў па глыбокім сьнезе, каб пасьля працы (а працавалі і па дванаццаць гадзін у суткі) вярнуцца ў вагончык, ды не адразу паваліцца ў ложак, а, перамогшы зморанасьць распаліць печ, абагрэць жытло, бо траскучы мароз не цырымоніцца з тымі, хто забываецца пра яго існаваньне.



    Сярод тых першапраходцаў была і Валянціна Макеева, ураджэнка горада Мазыра. Не, ужо тады яна не была летуценьніцай. Яна ведала, куды едзе і што яе там чакае. І калі сяброўкі з праектна-разьведачнага інстытута “Белгіпрадор”, дзе Валянціна ў той час працавала інжынэрам, пераконвалі яе, што не дзявочая гэта справа блукаць па сьвеце, яна зьдзіўлена паглядзела на іх і адказала:
    — Добра, я не паеду, вы не паедзеце, а хто ж тады БАМ пабудуе?
    Сёньня ёй не хочацца ўспамінаць пра гэта. Ды і часу няма. Засталіся лічаныя мінуты да адыходу аўтобуса на Тынду, дзе заўтра пачнуцца спартыўныя спаборніцтвы на першынство цэнтральнага ўчастка БАМа, а яна яшчэ не сабралася. У гэтым ёй дапамагаюць сяброўкі Надзея Лушчык і Раіса Дворкіна, з якімі яна прыехала асвойваць і абжываць гэты куток. Няма толькі Ніны Рачкоўскай: у Мінскім політэхнічным інстытуце здае экзамэны за чацьверты курс, а то б і яна тут увіхалася.
    — Што ж, дзяўчаты, прысядзем на дарожку, — прапаноўвае Надзея Лушчык.
    — Каб нашай Валянціне і на гэты раз у ліку першых быць, — падтрымлівае Раіса Дворкіна.
    У пакоі ўсталёўваецца цішыня. Чуваць як адлічвае сэкунды будзільнік — дакладны сыгнальшчык ранішняй пабудкі. Выбілася з-за хмары і заглянула ў вакно сонца. Заіскрыліся ў яго прамянях шматлікія спартыўныя ўзнагароды, разьвешаныя на сьцяне на чорным аксаміце. Што ні прыз — то памяць. Вось узнагарода за трэцяе месца ў эстафэце на спартакіядзе народаў Якуцкай АССР. А гэта за першае, у горадзе Нерунгры...
    Надзея Лушчык сказала:
    — Валечка, ты ў нас на БАМе кляснай спартсмэнкай стала.
    Сьціплая, крыху сарамлівая Валянціна Манеева пачырванела ад пахвалы. Займацца спортам есьць дзе: і стадыён, і спартыўная заля. Сваімі рукамі будавалі. А добрая лыжня трымаецца дзевяць месяцаў. Есьць у каго і параду атрымаць, і вопыт пераняць. Асабліва ў Надзеі Тарасавай: яна майстар спорту.
    І вось ужо аўтобус, падскакваючы на шматлікіх выбоінах бяжыць па Амурска-Якуцкай магістралі. Пабудаваная ў трыццатых гадах, яна ўзяла пачатак каля Вялікага Невера і, расьсякаючы тайгу тысячастапяцідзесяцікілямэтровай стужкай, злучыла Якуцк з Транссыбірскай магістральлю, удыхнула жыцьцё ў гэты край. Яна ўзваліла на свае плечы і асноўны груз, неабходны будаўнікам Малога БАМа, як называюць паўночны ўчастак чыгункі. Калі раней ад Вялікага Невера да Чульмана за суткі праходзіла ў сярэднім 650 аўтамашын, дык зараз — 3500. Ехала па гэтай дарозе ў той памятны красавіцкі дзень 1975 года і Валянціна Макеева. Ехала і ўважліва ўглядалася навакольле, неабжытую і дзікую тайгу, раз-пораз пстрыкаючы фотаапаратам, каб назаўсёды захаваць на здымках першапачатковае замшэлае аблічча, бо ведала і верыла: едуць яны сюды, каб перайначыць гэты край, даць яму новае жыцьцё. Яна і зараз пільна ўглядаецца ў навакольле. Калі б часта не езьдзіла па гэтай дарозе і сама не працавала тут, ніколі б не паверыла, што за такі кароткі час настолькі можа зьмяніцца краявід.
    Паралельна гэтаму грунтавому тракту бяжыць, разразаючы сопкі і тайгу, другая дарога, пабудаваная імі чыгунка, трасу якой ад Нагорнага да Беркакіта яна вымярала сваімі крокамі. Цяпер, любуючыся з акна аўтобуса роўнай сталёвай істужкай, прыпомніла размову са сваімі сёстрамі Галяй і Людай. Было гэта летась, калі яна езьдзіла дадому ў адпачынак. Бацька, Васіль Іванавіч, мітусіўся, не ведаючы, дзе пасадзіць дачку, што прыехала з такой далечы. А сёстры, калі ўлегліся першыя хваляваньні сустрэчы, адразу ж сталі распытваць: а як жывецца на БАМе, а ці праўда, што на абед да вас наведваюцца з тайгі мядзьведзі, а што такое наогул БАМ? На першыя пытаньні Валянціна адказала з жартаўлівай усьмешкай, наконт мядзьведзя загнула, што з ім з адной міскі кашу ела, хоць таго мядзьведзя за ўвесь час так ні разу і не бачыла. А на апошняе пытаньне адказала сур’ёзна:
    — Нават і не ведаю, як вам расказаць пра гэта. Адно скажу: Байкала-Амурская магістраль, сястрычкі, па аб’ёму будаўніча-мантажных работ, працягласьці і складанасьці інжынэрных збудаваньняў не мае роўных у сьвеце. БАМ — гэта пракладка трасы з захаду на ўсход даўжынёй 3145 кілямэтраў і з поўдня на поўнач — 450 кілямэтраў, гэта, як прынята называць Малы БАМ. Каб збудаваць такую чыгунку трэба перамясьціць 222 мільёны кубічных мэтраў грунту, стварыць 3200 штучных збудаваньняў, у тым ліку 140 мастоў даўжынёй больш як сто мэтраў кожны, прабіць чатыры тунэлі агульнай працягласьцю 25300 мэтраў... Вось што такое ў агульнай рысах БАМ. І мы яго пабудуем, — заключыла тады яна.
    Але чаму яна ўсё гэта прыпомніла зараз? Ці не таму, што іхні аўтобус пачаў караскацца ўгору, каб адолець Станавы хрыбет? Ох, і даўся ўсім у знакі гэты хрыбет — і праекціроўшчыкам, і будаўнікам. Спачатку спрабавалі абысьці яго бокам, ды нічога не выйшла. Чартыхаўся начальнік разьведачнай партыі і Маскоўскага Гіпратранса Васіль Васільевіч Гусеў, куды спачатку трапіла працаваць Валянціна Макеева.
    — І ўсё ж мы зломім хрыбетнік гэтаму хрыбту. — паўтараў Васіль Васільевіч.
    І вырашылі прабіваць тунэль. Упершыню ва ўмовах вечнай мерзлаты. Сама яна не ўдзельнічала ва ўзрыўных і іншых работах, але партыя, у якой яна тады працавала, вызначыла напрамак і аб’ем гэтых работ, дала, як кажуць, ключык, з дапамогай якога праходчыкі маглі адкрыць Станавы хрыбет, каб пад ім у будучым мог прайсьці поезд. Зараз гэты тунэль даўжынёй больш кілямэтра злучыў паўднёвы і паўночны ўчастак чыгункі.
    А яны тады адсюль, ад будучай станцыі Нагорная, пайшлі на поўнач, каб вызначыць напрамак і шырыню прасекі для чыгункі, якая зьвяжа гэтую станцыю са станцыяй Залацінка. Стаяла якраз сярэдзіна тутэйшага лета. Трыццаціградусная сьпёка, камарыныя хмары, выпарэньні ад багны — усё гэта ўскладняла работу. А час прысьпешваў. Дэсантам з Залацінкі каля Нагорнай ужо высадзілася брыгада лесасекаў Аляксандра Дзідзенкі, мінчаніна, які таксама прыехаў з першым атрадам. Хлопцы, узброеныя бэнзапіламі і сякерамі, валілі лістоўніцы, пракладвалі прасеку, акую напярэдадні вызначыла іх разьведачная партыя.
    У гумавых ботах, у спэцыяльным касьцюме, які абараняў ад маскітаў невысокая і хударлявая Валянціна Макеева, здавалася, не ведала стомы. Яна, як магла, дапамагала разьведчыкам. Па спэцыяльнасьці тэхнік-будаўнік, Валянціна выконвала самую радавую работу: цягала стужку, насіла рэйку, забівала калочкі, каб абазначыць шырыню і напрамак будучай прасекі. Яна ведала, што на БАМе спэцыяльнасьцей не выбіраюць, а выконваюць тую работу, якая ў першую чаргу неабходна. Была гатова да гэтага і ніколечкі не крыўдавала што яе выкарыстоўваюць не па спэцыяльнасьці.
    І вельмі зьдзівілася, калі Георгій Міхайлавіч Ільяш, галоўны інжынэр будаўніча-мантажнага поезда 578, створанага на базе беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Мікалая Кедышкі, аднойчы выклікаў яе і сказаў.
    — Досыць хадзіць у падсобніцах. Бачу, дзяўчына ты працавітая і кемлівая. таму прапаную табе пасаду геадэзіста. Вось табе чарцяжы, разьбівай новыя прасекі, якія пасьля вуліцамі стануць. Будзем пасёлак будаваць, каб трывала на гэтай зямлі замацавацца.
    Новая пасада — новыя клопаты і абавязкі. Зорка нацэлена вока нівэліра ў далячынь, каб адлюстраваць мясцовасьць вызначыць яе профіль. Не менш важна правільна вызначыць, вымераць вуглы пры дапамозе тэадаліта. Работа звыклая і не зусім звыклая, бо тут не тыя ўмовы, што на радзіме. Тут, ва ўмовах вечнай мерзлаты, кожны пралік можа некалі абярнуцца катастрофай. І сёньня памятае яна, як, не ведаючы капрызаў мерзлаты, іх атрад адзін з будынкаў хацеў узьвесьці на фундамэнце. Выкапалі катлаван, пачалі заліваць той фундамэнт. І пачалося штосьці неверагоднае. Глеба, з выгляду зусім звычайная, раптам пакрылася потам, затым набухла і пачала выструменьваць ваду, Зусім нечакана ва ўсім катлаване зьявіліся наледзі. Мусілі адмовіцца ад гэтага варыянта і ў далейшым будавалі дамы толькі на палях.
    Крок за крокам, прасека за прасекай... Калі будаўніча-мантажны поезд сфарміраваў дэсант, каб высадзіць яго за шэсьцьдзесят кілямэтраў на поўнач ад Залацінкі на будучай станцыі Беркакіт, Валянціна Макеева была ў яго складзе. Зноў неабжытая мясцовасьць, зноў некранутая тайга навокал. Толькі на гэты раз стаяў сьнежань, маразы дасягалі пяцідзесяці градусаў Правальваючыся па пояс у сьнезе, яна ішла наперадзе лесасекаў, каб вызначыць напрамак і шырыню прасекі для чыгункі і вуліц новага таёжнага пасёлка Беркакіт... А трэба было ісьці не толькі наперад, але пасьля напружанага працоўнага дня вяртацца назад, зноў грузнучы па пояс у сьнезе. І трэба было перамагаць сябе і сваю зморанасьць, каб зрабіць тыя апошнія крокі, якія прыводзілі да жытла. І трэба было пастаянна сачыць за сяброўкамі, каб у іх не адмерзьлі шчокі...
     Усё гэта было, усё гэта ёсьць і, магчыма, будзе. Як ёсьць і гэтыя спаборніцтвы, што працягваліся ажно два дні. І вось яна зноў у аўтобусе...
    З Тынды аўтобус прыйшоў надвячоркам і спыніўся каля пасялковага Савета. Яе чакалі сяброўкі і сакратар камітэта камсамола будаўніча-мантажнага поезда Васіль Жураўскі. Ва ўсіх адно немае запытаньне: як справы?
    — Першае месца па мнагабор’ю, — задавальняе іх цікаўнасьць Валянціна Макеева.
    А заўтра зноў работа — нялёгкая работа першапраходчыка, каб новая прасека пралегла сярод тайгі. У вялікі і шырокі сьвет глядзіць праз гэтую прасеку Валянціна Макеева, сьціплая беларуская дзяўчына.
    У. Правасуд.
    /Работніца і Сялянка. № 8. Мінск. 1978. С. 8-9./

                                                                       ДЭСАНТ
    Надзея Лушчык і сама добра ўсьведамляла, што пабудова пасёлка — гэта пляцдарм для наступленьня на тайгу, трывалы тыл, які забясьпечыць перамогу. Але будаваць без праекта? Гэтага яна ніколі не рабіла. Там, у Слаўгарадзкім міжкалгасбудзе, дзе два гады працавала майстрам пасьля заканчэньня Брэсцкага інжынэрна-будаўнічага інстытута, патрабавалі, каб ніякіх адхіленьняў ад праекта не было. А калі хто-небудзь такое дапускаў, яго сурова ўшчувалі.
    — Праект для будаўніка — закон,— заўсёды падкрэсьліваў старшыня міжкалгасбуда.
    І яна старалася не адступацца ад чарцяжоў і разьлікаў праектантаў. А калі спасьцігла гэты непарушны закон, калі адчула ў сабе сілу і ўпэўненасьць — захацела праверыць свае здольнасьці на вялікай будоўлі. Так нарадзілася думка паехаць на БАМ. Тут якраз і першы беларускі камсамольска-маладзёжны атрад пачаў фарміравацца. Надзея Лушчык зьвярнулася са сваёй просьбай у Слаўгарадзкі райкам камсамола, дзе яе просьбу задаволілі, бо ведалі, што яна добры спэцыяліст.
    Ведалі гэта і ў міжкалгасбудзе, таму адразу заўпарціліся.
    — Мы цябе вучылі, зрабілі з цябе спэцыяліста, а ты вунь якая няўдзячная... Хіба не ведаеш, як у нас цяжка з кадрамі?
    — Ведаю. Але ж я не на лягчэйшы ўчастак работы прашуся, — адказала на гэта Надзея.
    У справу ўмяшаліся райкам і абком камсамола, і Надзю, нарэшце, адпусьцілі.
    — Жадаем, каб ты і там будавала так, як у нас, — праводзячы яе, гаварылі пасаромленыя міжкалгасбудаўцы.
 


    Але «там», ці, дакладней, тут, у Залацінцы, так, як у Слаўгарадзе, не выходзіла. Ні чарцяжоў, ні разьлікаў не было. Былі шчыты, і з іх трэба ставіць дамы і памяшканьні гаспадарчага прызначэньня. Майстар Надзея Лушчык, пад началам якой былі дзьве будаўнічыя брыгады, спачатку разгубілася.
    — Няўжо ўсё жыцьцё свае думаеш па праекту будаваць? — запытаўся тагачасны галоўны інжынэр будаўніча-мантажнага поезда нумар 578 Георгій Міхайлавіч Ільяш. — Нам не праекты, а перш за ўсё жыльлё патрэбна.
    Яна сэрцам і сама разумела гэта, таму не пярэчыла, будавала. Будавала прадуктовы і прамтаварны магазыны, пякарню, жыльлё. Будавала тое, што загадвалі і што было неабходна ў першую чаргу. Але хацелася нечага незвычайнага, магчыма, нават рамантычнага. І таму праз тры месяцы яна папрасілася накіраваць яе ў групу геадэзістаў Валянціны Макеевай.
    Цяпер, здаецца, збылася мара: яна першапраходца ў тайзе, па вызначанай ёю прасецы праляжа чыгунка, пабягуць цягнікі, абуджаючы грукатам колаў замшэлае навакольле. Але ж з Залацінкі, якая ператварылася ў матэрыяльна-тэхнічную базу іхняга поезда, пачалі адпраўляцца і высаджвацца па будучай трасе чыгункі першыя дэсантныя атрады. Спачатку высадзіўся дэсант на БАМе, затым Янкане, у Тындзе, Лапрах і, нарэшце, на Беркакіце, асядлаўшы будучую трасу Малога БАМа.
    Надзею Лушчык пацягнула туды, як магнітам, бо менавіта там былі самыя цяжкія і самыя рашаючыя ўчасткі будаўніцтва. Але цяпер яна была абрана членам камсамольскага камітэта поезда, і вырашаць, на якім участку ёй працаваць, мог толькі камітэт.
    Выслухаўшы яе просьбу, тагачасны камісар атрада Мікалай Бондараў шматзначна паабяцаў:
— Якраз для дэсанта і падыходзіш. Вырашым. Неўзабаве пытаньне вырашалася на камітэце. Слухала Надзея, што гаварыў камісар, і вушам сваім не верыла: ён прапанаваў накіраваць яе на работу ў камітэт камсамола, а больш дакладна — назначыць вызваленым намесьнікам камісара.
    — Але ж я не аб тым прасіла ў сваёй заяве!
    — Ты прасілася ў адзін з дэсантаў, — адказаў Бондараў, — а так па ўсёй трасе будзеш езьдзіць.
    Было гэта ў верасьні. Настала раньняя якуцкая зіма. Выпаў сьнег. Ударылі першыя маразы, асабліва адчувальныя пасьля кароткага гарачага лета. А яна, беларуская дзяўчына, павінна адправіцца ў свой першы асабісты дэсант ажно ў Янкан, за 230 кілямэтраў ад Залацінкі. Аўтобусы туды не ходзяць. Дабрацца можна толькі на спадарожнай машыне. Выйшла на Амурска-Якуцкую магістраль, пачала чакаць. Праносіліся грузавікі, але месцаў у кабінах не было. Са Станавога хрыбта павяваў слабы ветрык, але і яго было дастаткова, каб абпаліць твар сіверным марозам. Хаця б не абмарозіцца! У брыгадзе сочаць адзін за адным, каб такога не здарылася, а тут яна адна, сачыць няма каму, патрэбен самакантроль...
    Нарэшце, заскрыпелі тармазы, і шафёр, адчыніўшы дзьверцы, весела запрасіў:
— Садзіся, дзяўчынка, эх, пракачу!
    Толькі не разгонісься на ямах, занесеных сьнегам. Радавала, што машына, хоць і павольна, але рухалася наперад, дзе Надзю чакалі ажно тры будаўнічыя брыгады з іхняга поезда — Івана Аляхновіча, Пятра Шапавалава і Уладзіміра Керна. Там неабходна правесьці камсамольскі сход, падвесьці вынікі спаборніцтва, сабраць членскія ўзносы, выпусьціць баявыя лісткі... Шмат спраў у намесьніка камісара па палітычнай частцы. Яна спачатку і не ўяўляла, якая ў яе будзе карпатлівая і неабходная работа ва ўмовах, калі ўчасткі параскіданы на вялікай адлегласьці адзін ад аднаго, калі людзям неабходны і жывое слова, і весткі ад сяброў, што высадзіліся з іншым дэсантам, і, нарэшце, арганізацыя адпачынку. Гэты клопат ляжаў на яе плячах, за ўсё яна адказвала перад камітэтам камсамола і перад сваім сумленьнем.
    Яе рэдка можна было сустрэць у Залацінцы. Вось і на гэты раз, прабыўшы на Янкане некалькі дзён, яна адтуль накіравалася ў брыгаду Паўла Глухатарэнкі, якая на разьезьдзе Лапры вяла мантаж водапрапускных труб пад чыгуначным насыпам. А адтуль — у Тынду, Беркакіт, дзе чакалі неадкладныя камсамольскія справы. Магчыма, у час гэтых паездак і нарадзілася ў Надзеі Лушчык жаданьне расказаць пра ўсё ўбачанае людзям, апець у вершах гераічную працу сваіх аднагодак. А гераізм, адданасьць справе, дзеля якой яны прыехалі сюды, яна бачыла на кожным кроку. І самі сабой нараджаліся словы, якія выліваліся ў вершы, няхай пакуль, магчыма, і не зусім дасканалыя, але шчырыя і праўдзівыя, напісаныя па гарачых сьлядах падзей.
    I так дзень за днём, месяц за месяцам дзеля блізкай і дарагой справы. А потым зноў, як і раней, пацягнула на вытворчасьць, каб сваімі рукамі тварыць, рабіць гэтую справу. Яе не адпускаюць, але яна настойліва дабіваецца свайго, і, нарэшце, у верасьні 1976 года Надзея Лушчык, спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй, пераходзіць працаваць мулярам у брыгаду Тамары Жураўлёвай. Свой учынак тлумачыць проста і натуральна:
    — Брыгада адставала, вось і захацелася вывесьці яе з прарыву.
    А цяпер новая пасада — нарміроўшчык. Новыя клопаты: правільная арганізацыя працы на ўчастках, кантроль за якасьцю і ўлік выкананых работ, складаньне нарадаў і вызначэньне расцэнак, каб рабочыя атрымалі тое, што зарабілі. Словам, зноў работа з людзьмі, як і ў той незабыўны час, калі паўсюдна па трасе высаджваліся дэсанты, на базе якіх ствараліся будаўніча-мантажныя паязды. Яны зараз і будуюць на Малым БАМе пастаянныя станцыі.
    Дзённы клопат не дае спакою нават у час адпачынку. Ды і дзе тут засьнеш, калі за акном танцуюць свой адвечны танец сосны. Што ж, няхай танцуюць, няхай радуюць сэрца паэта...
У. Правасуд.
                                                      Надзея Лушчык
                                          СТАНЦЫЯ МАЙГО ЮНАЦТВА
                                          Не змагу, пэўна, з ёю расстацца я,
                                          Хоць страляе марозам зіма:
                                          Залацінка — мая гэта станцыя,
                                          Я яе будавала сама.
                                              І тайга застанецца ў памяці,
                                              І прамёрзлыя сопкі наскрозь:
                                              Залацінка — не проста станцыя,
                                              Залацінка — мая маладосьць.
                                          Працавалі аддана, старанна.
                                          Час прысьпешваў: хутчэй і шпарчэй!
                                          Песьняй звонкай будзілі заранак,
                                          Адклікаўся нам песьняй ручэй.
                                              Гартавалася нашая дружба,
                                              Нібы ў полымі сталь, на гады.
                                              Памагала яна нам адужаць
                                              Сьпёку летнюю і халады.
                                          Захаваю навек я у памяці
                                          Вашых сэрцаў, сябры, прыгажосьць.
                                          Залацінка — не проста станцыя,
                                          Залацінка — мая маладосьць.
                                                                      * * *
                                          Пішу пісьмо сягоньня маме,
                                          А за акном бялюткі сьнег.
                                          У нас ужо зіма на БАМе
                                          Са старту узяла разьбег.
                                              Навокал стала бела-бела.
                                              Цяпла ўжо не чакай — няма.
                                              Зьнянацку ўпэўнена і сьмела
                                              Прыйшла якуцкая зіма.
                                                               * * *
                                          За акном прывычна твіст танцуюць
                                          Сосны, што пастроіліся ў рад,
                                          Разганяюць цішыню начную
                                          Пад шалёны з ветрам сьнегапад.
                                              Завіруха сьнег закружыць зьмейкай,
                                              Сосны загамоняць мае зноў
                                              І, ад твіста перайшоўшы к шэйку,
                                              Ціхенька пастукаюць ў акно.
                                          І пад танец іх прыемна марыць,
                                          Станаўлюся я сама сабой.
                                          Што завея мне і злыя хмары,
                                          Калі сосны кружацца са мной!
                                              Сосны мне свае раскажуць казкі,
                                              Запытаюць ціхенька яны:
                                              “Як жывеш, скажы нам, калі ласка,
                                             І якія бачыш казкі-сны?”
                                          І калі я ноччу прачынаюся,
                                          Не заснуць больш: так не першы раз.
                                          У акно гляджу і ўсьміхаюся:
                                          Сосны пад акном танцуюць вальс.
                                                 Пераклад з рускай мовы.
                                  /Работніца і Сялянка. № 9. Мінск. 1978. С. 1-2./

                                                                  МАГІСТРАЛЬ
    Па-Пластунску прыціскаўся да зямлі сланік, што яшчэ некалькі дзён назад шчодра адорваў смачнымі арэшкамі. Скідалі свой зялёны ўбор лістоўніцы. Першы сьнег, як і летась, выпаў у верасьні, але не растаў, як бывае там, у родных мясьцінах, — з кожным днём клаліся на яго новыя напластаваньні, а маразы, паступова мацнеючы, цэмэнтавалі іх у цьвёрды маналіт. Кароткае якуцкае лета, сьпякотнае і сухое, адышло ў нябыт. Вользе Савіцкай здавалася, што яго ніколі і не было. А яна ж трэцюю зіму сустракае на БАМе, час прывыкнуць да тутэйшага клімату. Але не так проста забыць дзяўчыне тыя мясьціны ля вёскі Казловічы ў Калінкавіцкім раёне, дзе басанож тупала яе дзяцінства, дзе з такімі гарэзамі, як і яна сама, хадзіла ў школу, бегала па лузе, зьбірала ў навакольных лясах грыбы і ягады. Праўда, і тут хапае грыбоў і ягад, асабліва брусьніцаў, але яны як хутка зьяўляюцца, так хутка і зьнікаюць. Там, на Палесьсі, верасень — самы грыбны месяц, а тут убіраецца ў сілу якуцкая зіма.
    І звыкла, і нязвыкла ўсе гэта. Нязвыкла таму, што не-не ды і прысьняцца пакрытыя сьвежай ранішняй расой крамяныя баравікі, што сядзяць пад маладымі хвойкамі на шэрым імшарніку або затаіліся ў густым верасе. Звыкла ж, бо і сёньня, як і ўчора, і пазаўчора, ледзь толькі пачне праклёўвацца ранішняя шэрань, яна, цёпла апранутая, разам з усімі сьпяшаецца на аўтобусе, які дастаўляе на будаўніцтва пастаяннай станцыі Залацінка.
    Вось і вежавы кран, паслухмяны і пакорлівы яе загаду. Тут яе рабочае месца. Вольга, не сьпяшаючыся, падымаецца ў кабіну. Нягледзячы на сьнег і мароз, пачынаецца звычайны рабочы дзень, які, на першы погляд, нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх. Але кранаўшчыца ведае, што розьніца ёсьць: сёньня наблізіцца яшчэ на адзін дзень той тэрмін, калі будзе перададзена ў эксплуатацыю пастаянная станцыя, а яны, будаўнікі, рушаць далей на поўнач, каб там вырасьлі вось такія прыгожыя, як тут, а, мажліва, і прыгажэйшыя станцыі.
    З вышыні, з кабіны крана, ёй добра відаць усё навакольле: і пасёлак Залацінка, што разьлёгся абапал Амурска-Якуцкай магістралі, і абрысы рэчкі Халаднікан, цяпер прамерзлай і засыпанай сьнегам, а летам бурлівай, як і ўсе горныя рэчкі, і сопкі, утыканыя, нібы кіямі, голым лістоўніцамі, і сама чыгуначная магістраль, што стужкай-вужакай уецца між сопак і, нырнуўшы ў тунэль пад Станавы хрыбет, бяжыць далей на поўдзень ажно да Тынды, а адтуль — да станцыі БАМ, якая вырасла на Транссыбірскай магістралі. І на поўнач ад Залацінкі праляглі рэйкі. Па іх, пералічваючы шпалы, ідуць цягнікі, дастаўляючы грузы на станцыю Беркакіт. Вольга ў думках прасочвае гэту дарогу, якая за Беркакітам разгаліноўваецца: адна ветка пракладваецца да пасёлка Сярэбраны Бор, дзе неўзабаве распачнецца будаўніцтва адной з буйнейшых у Якутыі цеплавой электрастанцыі, а асноўная магістраль падступае да вугальнага разрэзу, што знаходзіцца за пяць кілямэтраў на поўнач ад новага горада Нерунгры. Адсюль напярэдадні сьвята Вялікага Кастрычніка павінен адправіцца першы эшалён з вугалем. Значыць, да таго часу павінна завяршыцца будаўніцтва адрэзка гэтай магістралі і першачарговых камунікацый на станцыі.
    Зразумела ёй, кранаўшчыцы Вользе Савіцкай, тое хваляваньне, з якім пачынаюць свой працоўны дзень і начальнік іх будаўніча-мантажнага поезда нумар 578 Уладзімер Іванавіч Радзівонаў і галоўны інжынэр Альбін Аляксеевіч Нагібін, і сакратар парткама Іван Хведаравіч Шамякін, і ребочыя. І яна стараецца працаваць так, каб хутчэй прайшоў па іхняй магістралі той доўгачаканы эшалён з вугалем. Дагэтуль Вольга працавала на поўдзень ад Залацінкі, набліжала той час, калі чыгуначная магістраль падыдзе ўпрытык да вугальнага разрэзу. Таму яна лічыць, што чыгуначная магістраль, якая працягнулася з поўдня на поўнач на 450 кілямэтраў, — гэта і яе магістраль. Бо дапамагла ёй, як і многім іншым юнакам і дзяўчатам, спазнаць сябе, набыць прафэсію, выйсьці на шырокі прасьцяг жыцьця.
    У настойлівасьці Вользе Савіцкай не адмовіш. Мара, якая нарадзілася яшчэ ў час вучобы ў Мінскім гарадзкім прафэсіяльна-тэхнічным вучылішчы імя Мікалая Кедышкі увесь час вяла яе наперад. Скончыўшы вучобу і атрымаўшы спэцыяльнасьць маляра яна тым жа летам падала заяву ў райкам камсамола з просьбай накіраваць яе на БАМ.
    — Дык жа табе яшчэ і васемнаццаці няма, — сказалі там. — Падрасьці да паўналецьця, тады і прыходзь.
    Што ж, пайшла працаваць маляром у трэцяе рамонтна-будаўнічае ўпраўленьне першага будаўнічага трэста. Працавала і лічыла дні. А яны, як знарок, цягнуліся так марудна...
    — Ды чаго ты марнуесься, — спрабавала супакоіць яе сяброўка Тамара Гайкова. — Дачакаемся лета — удваіх паедзем на БАМ.
    Не, чакаць лета Вольга не магла. Як толькі споўнілася семнаццаць, яна зноў была ў райкаме камсамола. На гэты раз там не вельмі пярэчылі, але ж паспрабавалі ўгаварыць, каб пачакала, пакуль будзе скамплектаваны новы атрад добраахвотнікаў, бо ранейшы адправіўся на БАМ яшчэ летам.
    — Зіме на дварэ, а ты надумалася адна ехаць у гэткую дарогу, — даводзілі ёй. — Улічы, там клімат не такі, як тут.
    — Ведаю, што не такі, — адказала Вольга. — Таму і еду. Людзі ж там працуюць. А я што, горшая!
    Крыць не было чым, і з пуцёўкай камсамола ў кішэні дзяўчына пусьцілася ў падарожжа.
    Тында сустрэла не дужа прыветна: стаялі моцныя лістападаўскія маразы, усё было пакрыта глыбокім сьнегам. Затое з работай пашанцавала, прынялі маляром па трэцяму разраду Але ненадоўга.
    — Маляры нам патрэбны, але яшчэ больш патрэбны качагары, — сказалі ёй.
    — Але ж я качагарам ніколі не працавала.
    — На БАМе прафэсій не выбіраюць, іх тут набываюць! Гэтыя словы яна пасьля чула не раз і не два, але адрасаваны яны былі ўжо не ёй, а іншым. Яна ж адразу зразумела няўмольны закон будоўлі: рабіць тое, што неабходна ў першую чаргу, ад чаго залежыць посьпех агульнай справы. На гэты раз самым неабходным было даваць цяпло на будоўлю і ў памяшканьні, дзе жылі будаўнікі. І стала качагарам, хоць цягнула туды, на прастор, дзе пракладваецца сталёвая магістраль. Але да вясны няма чаго заводзіць гаворкі на гэту тэму.
    Зноў пакутліва марудна пацягнуліся дні. І хоць работа была не цяжкая, Вольга не вытрымала і пайшла ў пабудкам.
    — Я будаваць прыехала, а не печы паліць, — гарачылася яна там. — Накіруйце мяне не трасу.
    — Што ж ты там будзеш рабіць? — пацікавіўся адзін з членаў пабудкаму.
    — Дарогу будаваць, — катэгарычна заявіла Вольга.
    — Я разумею твой парыў, — зазначыў старшыня пабудкаму, — але ж не думай. што на трасе мёд, ды і разрад у цябе будзе нізкі.
    — Няхай будзе хоць першы, але адпусьціце на трасу.
    Так Вольга Савіцкая трапіла на ўчастак дарогі БАМ — Тында, у брыгаду Яўгена Красільнікава. На беразе ракі Тында паставілі палаткі. Вакол на некалькі дзесяткаў кілямэтраў — ні душы, куды ні глянеш — густая амурская тайга, таямнічая і непрыступная. Летняя сьпякота і гнус даймалі так, што, здаецца, рыдлёўку няма як узяць у рук. Але бралі рыдлёўкі, ішлі да чыгуначнага палатна, капалі катлаваны, падпраўлялі насып, па якім праляглі рэйкі. І так дзень за днём, месяц за месяцам. Не спынілі работы і тады, калі ударылі саракаградусныя маразы. Участак дарогі, вызначаны іхняй брыгадзе, закончылі толькі наступным летам.
    — Ах, як мы там працавалі, як мы там працавалі! — з захапленьнем успамінае Вольга Савіцкая — Мароз — сорак градусаў, а ад усіх нас ажно пара ідзе...
    Маладая няўрымсьлівасьць зноў прывяла дзяўчыну ва ўпраўленьне “Бамбудпуць”. З некаторага часу яна адчула вялікую цягу да тэхнікі і цяпер прыйшла сюды, каб нейкім чынам ёй дапамаглі.
    — Што ж, гэта можна, — сказалі ва ўпраўленьні і прапанавалі паехаць вучыцца ў Цалінаград на трохмесячныя курсы машыністаў вежавых кранаў. Вольга з радасьцю прыняла прапанову.
    Са студзеня гэтага года яна працуе кранаўшчыцай на будаўніцтве пастаяннай станцыі Залацінка Днём працуе, а вечарамі схіляецца над падручнікамі, рыхтуецца паступаць завочна ў Іркуцкі політэхнічны інстытут на факультэт будаўніцтва чыгуначных дарог. І марыць, што некалі пракладзе сваю вялікую магістраль, і тая будучая БАМ таксама выведзе многіх на шырокую, прамую магістраль жыцьця.
                                                                            ***





    Мы коратка расказалі пра трох беларускіх дзяўчат, якія працуюць цяпер на БАМе, пра тое, як склаўся іхні лёс, як гартаваліся іх характары, як мужнелі яны самі і дапамагалі іншым спазнаць і праявіць сябе. Так жывуць, так працуюць, так змагаюцца з нягодамі ўсе тыя, хто прыехаў на будоўлю веку, каб абудзіць, выклікаць да жыцьця гэты абамшэлы неабжыты край.
    Зараз на БАМе, а дакладней — на Малым БАМе, што злучае поўдзень Якуціі з Трансссыбірскай магістральлю, стаіць зіма, сьнежная і марозная. Але яна не перашкода для першапраходцаў. Ні на дзень не спыняюцца работы на трасе, а сама чыгуначная магістраль усё далей і двлей ідзе на поўнач.
    У. Правасуд
    /Работніца і Сялянка. № 10. Мінск. 1978. С. 4-5./


                                  Гомельские студенты будут строить железную дорогу,
                                             которая соединит БАМ со столицей Якутии
Гомельские студенты будут участвовать в строительстве железной дороги, которая соединит БАМ со столицей республики Саха (Якутия). Об этом корреспонденту БелТА сообщил комиссар областного штаба студенческих отрядов Гомельского областного комитета общественного объединения "БРСМ" Александр Болсуновский.
    По его словам, для участия в проекте уже сформирован студенческий строительный отряд Амурской магистрали. В него вошли 30 активистов БРСМ из числа студентов третьего и четвертого курсов строительного факультета Белорусского государственного университета транспорта (БелГУТ).
    Предполагается, что ребята будут заняты на строительстве непосредственно железнодорожного пути на участке Беркакит - Якутск, которое было начато еще в конце 80-х годов. Гомельский строительный отряд приступит к трудовой акции, которая продлится около двух месяцев, в июле этого года. Сейчас же члены отряда проходят теоретическую подготовку по вопросам охраны труда и пожарной безопасности. Организацией-нанимателем выступило ЗАО "Инжиниринговая корпорация Трансстрой", руководителем которой является выпускник БелГУТа.
    Александр Болсуновский отметил, что трудовая акция, организованная Гомельским областным комитетом БРСМ, является продолжением доброй традиции, которая была заложена строительными отрядами БИИЖТА, позже переименованного в БелГУТ. Ранее студенты этого гомельского вуза каждый трудовой семестр выезжали на БАМ и, как свидетельствует история, вписали свои имена в историю масштабной стройки.
    /23. 04. 2007. 23 апреля 2007 в 13:50. БЕЛТА./
    Літаратура:
    Павлович В. Ю.  Золотинка. Минск. 1976.
    Павлович В. Ю.  Магистраль. Минск. 1979.
    Павлович В. Ю. Притяжение. Минск. 1984.
    Правасуд Ул.  Бамаўцы. Мінск. 1984.
    БАМ – дорога в будущее. Метод рекомендации для преподавателей сред. спец. уч. заведений. Сост. Н. Г. Геллер. Минск 1987. 36 с.
    Белорусские ветераны строительства БАМа посетили Якутию. // Якутская газета. 10 марта 2005. С. 3.