суббота, 15 ноября 2014 г.

Гражына Кульгавая. АКавец Лоўкіс. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                                                 АКавец ЛОЎКІС
    23 лістапада 1946 года адпаведнымі органамі быў арыштаваны “Лоўкіс Уладзімер Андрэевіч, 1922 г. нар., ураджэнец в. Жарскія Пастаўскага р-на, жыхар в. Лапуны Камайскага с/с Маладзечанскай вобласьці, беспартыйны, па нацыянальнасьці паляк, адукацыя 4 кл., нежанаты, які працаваў на сваёй гаспадарцы, у Савецкай Арміі і партызанах не служыў, раней не судзімы”.
    8 красавіка 1947 года ў г. Вілейка ваенным трыбуналам войскаў МУС Маладзечанскай вобласьці “без удзелу прадстаўніка абвінавачваньня і абароны” у зачыненым судовым паседжаньні было выяўлена, што: “Лоўкіс Уладзімір Андрэевіч у пэрыяд часовай нямецка-фашысцкай акупацыі добраахвотна служыў на працягу адзінаццаці месяцаў, з лета 1943 г. да ліпеня 1944 г. намесьнікам солтыса Навасёлкаўкай гміны, у якую ўваходзіла чатыры вёскі: Рамейкі, Скарпаўцы, Баяры, Папоўцы і некалькі хутараў Пастаўскага раёна Маладзечанскай вобласьці. Лоўкіс выганяў жыхароў на розныя работы для немцаў. Зьбіраў с/гаспадарчыя прадукты і цёплыя рэчы для патрэбаў арміі захопнікаў, а таксама ўзімку 1943-44 гг. сумесна з паліцыяй выяжджаў на барацьбу супраць Савецкіх партызан, а ў сакавіку 1944 года страляў па Савецкім партызанам, якія праяжджалі праз вёску Скарпаўцы, у выніку чаго адбіў у іх аднаго каня, якога здаў у нямецкі гарнізон мястэчка Камаі.
    У чэрвені 1943 г., таксама добраахвотна, уступіў у антысавецкую польска-нацыяналістычную арганізацыю “Армія Краёва”, брыгаду “Нарач”, даў прысягу на вернасьць службы былому польскаму эміграцыйнаму “ураду у Лёндане, атрымаў мянушку “Кжок”, і перадаў аднаму з верхаводаў гэтай банды, нейкаму Цыдзік Браніславу, 60 шт. баявых патронаў, 2 гранаты і адзін затвор да вінтоўкі, а ў чэрвені 1944 г. уцягнуў у “АКВаўжыцкага В. Г. і Рамейку В. Б. У верасьні 1944 года ў вёсцы Лапуны Пастаўскага р-на, увечары, абстраляў з аўтамата легкавую машыну, у якой ехаў былы ваенкам Пастаўскага Райваенкамату маёр Міхееў і іншыя асобы. Лоўкіс, які ўхіліўся ад службы ў Савецкай Арміі і пасьля дэзэрціраваў са службы з Польскага Войска, перайшоў на нелегальнае становішча, маючы пры сабе пісталет і нямецкую баявую вінтоўку і ўлетку 1945 г. перадаў Рамейку Восіпу Баляслававічу нямецкую вінтоўку № 9936 і 100 шт. баявых патронаў для працягу ўзброенай барацьбы з Савецкай уладай за аднаўленьне Панскай Польшчы у межах 1939 г.”.
    На падставе выкладзенага ваенны трыбунал прыгаварыў У. А. Лоўкіса па “арт. 63-1 і 76 КК БССР пазбавіць волі ў ППЛ тэрмінам на дзесяць (10) гадоў з наступнай паразай у правах па пп. а, б, в і г арт. 34 КК БССР на пяць (5) гадоў, з канфіскацыяй асабіста прыналежнай яму маёмасьці…”
    Рамейка Восіп Баляслававіч, 1929 г. нар., паляк, урадж. в. Скарпаўцы 8 красавіка 1947 г. в/т Маладзечанскай вобласьці быў асуджаны па арт. 63-1 і арт. 78 КК БССР да 8 гадоў пазбаўленьня волі. 12 чэрвеня 1949 г. ён быў прыняты Індлягам, а 14 сьнежня 1949 г. адпраўлены ў Берляг.
    25 сакавіка 1948 г. Лоўкіс быў прыняты Індлягам, а 20 верасьня 1949 г. Берлягам. 25 лютага 1954 г. Лоўкіс з ляг. атрада № 7 Упраўленьня Асобнага № 5 МУС СССР быў вызвалены, на падставе загада МУС СССР за № 00874 ад 8 кастрычніка 1953 года і накіраваны ў “ссылку ў раён Калымы бестэрмінова” пад нагляд МУС. Паселены ён быў на капальні Альчан. Паводле меддаведкі ад 3 сакавіка 1954 г. у Лоўкіса з боку “стану здароўя адзначаецца падазрэньне на захворваньне сылікоз I”. Працаваў у Альчане цесьляром.
    Калі былым грамадзянам Польшчы было дазволена выяжджаць у ПНР Лоўкіс таксама падаў заяву на выезд, матывуючы сваё рашэньне тым, што ён паляк, а яго цётка Эльжбета Францаўна Жамойць жыве ў г. Варшава. Але з ворганаў, якія дазвалялі выезд, 21 красавіка 1955 года прыйшоў адказ: “Улічваючы, што бацька Лоўкіса, Лоўкіс Андрэй Францавіч, 1892 г. нар., пражывае па месцы нараджэньня ў в. Лапуны Маладзечанскай вобласьці, а сам ён да арышту 23-го лістапада 1946 года меў магчымасьць рэпатрыіраваць у Польшчу, у дадзены час у рэпатрыяцыі яму ў Польшчу, лічым магчымым, адказаць”.
    У далейшым Лоўкіс усе ж такі з п. Вусьць-Нэра Аймяконскага р-на ЯАССР выехаў у Польшчу, бо “на падставе загада МУС СССР № 00205 ад 23 траўня 1955 г. быў рэпатрыіраваны у Польшчу і ад далейшага тэрміну спэцпасяленьня ў Якуцкай АССР вызвалены”.
    /Па матэрыялах асабістай справы № 11721, арх. № 1-12758, якая захоўвалася ў Архіве МУС РС(Я)./
    Літаратура:
    Баркоўскі А.  АК’авец Лоўкіс. // Рэгіянальная газета. Маладзечна. № 30. 25 ліпеня 2003. С. 7.
    Barkouski A.  Akowiec Włodzimierz Łowkis. Z Archiwum Ministerstwa Spraw Wewnętrznych Republiki Sacha (Jakucja). // Zesłaniec. Nr. 15. Wrocław. 2004. S. 93-94.
    Гражына Кульгавая,
    Койданава.