пятница, 14 ноября 2014 г.

Нунехія Шаваблёт. Баявік Сікорскі. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Шымель Лейба /Шэліль, Сямён, Шыман, Леан/ Вульфавіч [Вольфавіч] Сікорскі [Сикорский] нар. 9 лістапада 1883 года ў мястэчку Кнышаў Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі ў мяшчанскай габрэйскай сям’і гарбара.
    З 14-гадовага ўзросту ўжо працаваў гарбарам на фабрыцы, напачатку ў Кнышыне, потым у мястэчку Крынкі, пазьней у месьце Беласток. У Крынках ён упершыню пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі партыямі, але толькі ў Беластоку канчаткова далучыўся да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Там жа ён блізка пазнаёміўся з Абрамам Барышанскім.
    Баявая арганізацыя эсэраў, пасьля арышту Гершуні адноўленая і ўзначаленая Азефам, арганізавала ў 1904 г. на міністра ўнутраных спраў В. Плеве пяць замахаў: 18 і 25 сакавіка, 1 красавіка (падарваўся тэхнік А. Пакацілаў...
    Перад замахам 8 ліпеня 1904 г. Азеф, пагадзіўшыся на апошняй нарадзе на прапанову Абрама Барышанскага падлучыць новага выканаўцу - Сікорскага, з якім ні Азеф, ні ўсе астатнія (акрамя Барышанскага) ніколі раней не сустракаліся.
    Ягор Сазонаў, сын купца, былы студэнт Маскоўскага ўнівэрсытэта, пражываў з 20 красавіка па 10 чэрвеня 1904 г. ў Беластоку, па Багністай вуліцы ў доме Астроўскага, удваіх з Сікорскім, без прапіскі і пасьведчаньня на жыхарства, і выехалі з Беластоку каля 15 чэрвеня.
    Вось як гэтае апісвае Барыс Савінкаў: “Дні за тры да 8 ліпеня ў Пецярбург прыехаў Лейба Вульфовіч Сікорскі ці, як мы звалі яго, Леан. Сікорскаму было ўсяго 20 гадоў, ён дрэнна гаварыў па-руску і, мабыць, насілу арыентаваўся ў Пецярбурзе. Барышанскі, як нянька, хадзіў за ім, купляў яму марскі плашч, пад якім зручна было схаваць бомбу, даваў парады і ўказаньні. Але Сікорскі ўсёткі баяўся і, убачыўшы ўпершыню мяне, счырванеў, як кумач... Я даў яму сто рублёў. “Вось, купіце гарнітур”. Ён счырванеў яшчэ гусьцей. “Сто рублёў! Я ніколі не меў у руках гэтулькі грошай...” Мне ён здаўся цьвёрдым і мужным юнаком. Я асьцерагаўся аднаго: яго незнаёмства з горадам і благая руская мова маглі паставіць яго ў цяжкае становішча”.
     Канчатковы інструктаж Еўна Азеф правёў за некалькі дзён да 8 ліпеня 1904 г. прама ў Пецярбургу, ужо з удзелам Максіміліяна Швэйцэра, што ўжо пабываў ссыльным у Алёкминскім улусе Якуцкай вобласьці, які прывёз дынаміт, пры вырабе якога ён быў паранены і ледзь не загінуў. Цалкам сплянаваўшы замах і прапрацаваўшы з усімі ўдзельнікамі іх індывідуальныя ролі, Азеф, замятаючы сьляды, рушыў за мяжу, спыніўшыся ў Вільні.
    Сазонаў сарваў акт 8 ліпеня 1904 года, спазьніўшыся да раздачы бомбаў і прымусіўшы тым самым адкласьці замах. Адбылося гэта, аднак, па прамой віне Савінкава. Але гэта ўжо нікога з тэрарыстаў не зьбянтэжыла і не напалохала, тым больш, што адразу Сазонаў, Каляеў, Барышанскі і Сікорскі зьехалі ў Вільню да Азефа, ад якога і атрымалі адпаведную напампоўку. Савінкаў да Азефа не езьдзіў, відавочна, асьцерагаючыся разносу.
    Група складалася з шасьці чалавек: М. Швэйцэр (рыхтаваў бомбы); А. Барышанскі, Я. Сазонаў і Л. Сікорскі (гранатамётчыкі); Е. Дулебаў і І. Мацееўскі (рамізнікі). Хаця Дэпартамэнт паліцыі і быў папярэджаны пра замах, але нічога станоўчага не зрабіў. Пры праезьдзе адкрытай карэты Плеве па звычайным, добра вядомым тэрарыстам маршруту 15 ліпеня 1904 г. Сазонаў кінуў бомбу прама ў экіпаж. Плеве і фурман былі забітыя, раненьні і кантузіі атрымалі сем чалавек: ахоўнікі, выпадковыя мінакі і сам бамбакідальнік Сазонаў.
    Барыс Савінкаў пры замаху паводзіў сябе таксама недарэчна і ледзь не папаўся. Са сваёй пазыцыі ён не бачыў выбуху і яго вынікаў, а таму падбег паглядзець. Ён убачыў цяжка параненага Сазонава, але не заўважыў непадалёк зьнявечанага трупа Плеве і абломкаў карэты (параненыя коні панесьліся з месца замаху). Савінкаў спрабаваў разабрацца ў сытуацыі, але паліцэйскі прыстаў Перапеліцын, які апынуўся тут, добра ведаў Савінкава па мінулых арыштах, угаворваў яго неадкладна сысьці.
    Яшчэ больш недарэчна павёў сябе Сікорскі. У выпадку няўдалага замаху Швэйцэр павінен быў сабраць бомбы ў кідальшчыкаў і разрадзіць дзеля наступнага выкарыстаньня (так і было зроблена 8 ліпеня); гэта была тэхнічна даволі небясьпечная апэрацыя. Таму бомбы тэрарыстаў, якія знаходзіліся на запасных пазыцыях, у выпадку ўдалага замаху павінны былі быць імі ліквідаваны - патоплены ў бясьпечных месцах. Каляеў і Барышанскі пасьпяхова з гэтым зладзіліся. Не тое здарылася з Сікорскім, як сьведчыць Савінкаў: “Кожны кідальшчык атрымаў дакладную інструкцыю, дзе тапіць сваю бомбу... Сікорскі - у Няву, узяўшы лодку без лодачніка ў Пятроўскім парку і выехаўшы з ёю на ўзмор’е. Я прасіў Барышанскага адмыслова паказаць яму Пятроўскі парк, і ён паказаў... Сікорскі, як мы і маглі чакаць, не зладзіўся са сваёй задачай. Замест таго, каб пайсьці ў Пятроўскі парк..., ён узяў у горнага інстытута ялік для пераправы праз Няву і, на вачах ялічніка, недалёка ад браняносца “Слава”, які будавалі, кінуў сваю бомбу ў ваду. Ялічнік, заўважыўшы гэта, спытаў, што ён кідае. Сікорскі, не адказваючы, прапанаваў яму 10 рублёў. Тады ялічнік адвёў яго ў паліцыю. Бомбу Сікорскага доўга не маглі знайсьці, і ягоны ўдзел у забойстве Плеве заставаўся недаказаным, пакуль, нарэшце, ужо ўвосень працоўныя рыбапрамыслоўца Калаціліна не выцягнулі выпадкова невадам гэтую бомбу і не прадставілі яе ў кантору Балтыйскага заводу”.
    Судзілі Сазонава і Сікорскага 30 лістапада 1904 г. у пецярбургскай судовай палаце з саслоўнымі прадстаўнікамі. Абараняў Сазонова прысяжны павераны Карабчэўскі, а Сікорскага - прысяжны павераны Казарынаў. Па прысудзе палаты абудвы падсудныя былі пазбаўленыя ўсіх правоў стану, прычым Сазонаў быў сасланы ў катаржныя працы без тэрміна, а Сікорскі - на 20 гадоў. Такі параўнальна мяккі прысуд (усё, у тым ліку і сам Сазонаў, чакалі адданьня ваенна-акруговаму суду і павешаньню) тлумачыцца тым, што ўрад, прызначаючы міністрам унутраных спраў князя Сьвятаполк-Мірскага, вырашыла некалькі зьмяніць палітыку і не хваляваць грамадзтва сьмяротнымі пакараньнямі сьмерцю.
    Забойства Плеве выклікала ў кіравальных колах Расеі стан, блізкі да панікі, пост міністра ўнутраных спраў на працягу паўтары месяцаў заставаўся вакантным. Пазьней супрацоўнікі паліцыі і спэцслужбаў даведаліся, што арганізатарам забойства Плеве і кіраўніком Баявой арганізацыі эсэраў зьяўляўся Яўген Піліпавіч (Еўна Фішелевіч) Азеф, сакрэтны супрацоўнік Дэпартамэнта паліцыі ад 1892 г. Адзначым, што Еўна Азеф нар. у 1869 г. у Лыскава Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі (цяпер вёска ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці РБ).
    Сазонаў, як і Сікорскі, пасьля прысуду былі пераведзеныя ў Шлісэльбурскую крэпасьць. Па маніфэсьце 17 кастрычніка 1905 г. тэрмін катаржных прац быў ім абодвум скарочаны. У 1906 году яны былі пераведзеныя са Шлісэльбурга ў Акатуйскую катаржную турму. На катарзе ў Горным Зерэнтуе Сазонаў лічыўся пад сапраўдным імем - Мейлах Самуілавіч.
    Сікорскі да 1907 г. знаходзіўся ў Акатуі, ў 1907-1909 гг. у Зерэнтуі. На пасяленьне выйшаў у красавіку 1909 г. у Баргузін. Затым ў в. Гарэміна Забайкальскай вобласьці, дзе жыў пад аховай асобага наглядчыка.
     За пратэст супраць паводзінаў наглядчыка высланы ў Сярэдне-Калымск Якуцкай вобласьці, дзе заставаўся да 1917 г.
    Памёр 21 студзеня 1928 г. у Маскве.
    Літаратура:
    Сикорский Шимон Вольфович. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934. С. 818.
    Нунехія Шаваблёт,
    Койданава