среда, 12 ноября 2014 г.

Анатоль Бутэвіч. Там, дзе рэйкі ідуць праз тайгу. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                        ТАМ,  ДЗЕ  РЭЙКІ  ІДУЦЬ  ПРАЗ  ТАЙГУ
    Залацінка... Таёжны пасёлак, што раскінуўся ў паўднёвай Якуціі. Тысячы кілямэтраў аддзяляюць яго ад блакітна-азёрнай Беларусі. І ўсё ж, сёньня ўсе мы з радасьцю можам сказаць, што Залацінка стала і нашай, беларускай. Тут, на суровай зямлі, працуе ўдарны камсамольска-маладзёжны атрад імя Мікалая Кедышкі. Беларускія хлопцы і дзяўчаты паказваюць прыклады самаадданасьці на трасе Тында — Беркакіт.
    Крыху больш як год назад прыехалі яны сюды, у таежную глухамань, каб будаваць Байкала-Амурскую магістраль. І заўсёды помняць пра Беларусь. Глядзяць фільмы, чытаюць кнігі. А нядаўна, як мы паведамлялі ўжо, ЦК ЛКСМБ і Якуцкі абкам камсамола прынялі рашэньне адзначыць “Дні шэфства Беларусі над БАМам”.
    У Залацінцы пабывала дэлегацыя беларускай моладзі, у якую ўваходзілі таксама дзеячы літаратуры і мастацтва. Выяжджаў туды і журналіст, намесьнік рэдактара газэты “Чырвоная змена” Анатоль Бутэвіч. Уражаньні ад сустрэч з землякамі і падказалі яму тэму нарысаў. Адзін з іх і прапануем вашай увазе.
    Наш імклівы “ТУ-134” рэзка адарваўся ад узьлётнай паласы Мінскага аэрапорта і ўзяў кірунак на Маскву. Затым былі аэрапорты Чэлябінска, Новасыбірска, Чульмана. Быў 140-кілямэтровы пераезд ад Чульмана да Залацінкі па адзінай галоўнай дарозе, якая зьвязвае Якуцкую АССР з цэнтрам краіны — Амура-Якуцкай аўтамабільнай магістралі. І нарэшце мы прыбылі на станцыю Залацінка — канечны пункт нашага падарожжа. Праўда, станцыяй назваць гэтае месца можна толькі ўмоўна. Бо пройдзе яшчэ пэўны час. перш чым загучаць цеплавозныя гудкі і хуткія цягнікі пачнуць вывозіць шматлікія багацьці Сыбіры.
    А пакуль сярод глухой адвечнай тайгі, на беразе невялікай рачулкі, золата якой, здабытае ўмелымі рукамі майстроў, папаўняе багацьці краіны, разьмясьціўся пасёлак Залацінка. Гэта “сталіца” Першага беларускага ўдарнага атрада імя героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі, які год назад прыехаў на поўдзень Якуціі, каб пачаць тут будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі.
    На гадавіну атрада і прыбыла дэлегацыя Цэнтральнага Камітэта камсамола рэспублікі на чале з сакратаром ЦК ЛКСМБ Барысам Саўчанкам. У яе складзе знаходзіліся ляўрэат прэміі Ленінскага камсамола кампазытар Ігар Лучанок, заслужаная артыстка рэспублікі Вольга Шутава, артыст Белдзяржфілярмоніі Леанід Шурман, асьпірантка Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі цымбалістка Тацьцяна Чанцова, саліст Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра опэры і балета БССР Віктар Стральчэня, ляўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі паэт Генадзь Бураўкін, артыст Беларускага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Валерый Анісенка і іншыя.
    Трэба было бачыць, з якой цеплынёй і ўвагай і сустракалі бамаўцы сваіх землякоў, з якім захапленьнем слухалі песьні і вершы, проста расказы аб справах “там, на радзіме”, з якой  годнасьцю паказвалі свой пасёлак, расказвалі пра справы лепшых людзей атрада. А госьці ў сваю чаргу імкнуліся як мага больш даведацца аб першапраходцах, іх думках і настроях, іх адказнай і самаадданай працы на магістралі веку Няма сумненьня, што убачанае і пачутае дасьць магчымасьць напісаць новыя творы аб нашай цудоўнай моладзі, ляжа ў аснову новых вершаў і песень. Бо людзі, якія памянялі ўтульныя і цёплыя кватэры ў Мінску і Брэсьце, Гомелі і іншых гарадах Беларусі на інтэрнаты і пакоі ў далёкай і халоднай Сыбіры, сьвяточныя касьцюмы, сукенкі модныя туфлі на камбінэзоны і кірзавыя боты. — гэтыя людзі вартыя песень.


    Год назад — у красавіку 1975 года — высадзіўся ў тайзе першы беларускі “дэсант” 116 юнакоў і дзяўчат з камсамольскімі пуцёўкамі прыехалі сюды ўзводзіць так званы Малы БАМ. А сёньня ў Зялацінцы жыве каля 600 чалавек. На вечнай мерзлаце, сярод старых лістоўніц і соснаў вырас самы сучасны пасёлак. Вакол галоўнай вуліцы — праспэкта імя Мікалая Кедышкі разьмясьціліся сярэдняя школа, гасьцініца, бальніца, Дом быту, пошта, магазыны — прамтаварны, прадуктовы, кніжны, дзіцячы сад і іншыя пабудовы. Ёсьць у пасёлку свая лазьня, хлебапякарня, сталовая — словам, усё, што неабходна для жыцьця любога іншага гарадзкога пасёлка.
    Пачалося ж усё... з клюба. Так, ледзь пасьпелі распачаць будаўніцтва, адразу ўзьвялі клюб. Праўда, палатачны, але гэта не мела істотнага значэньня. Зрабіла гэты падарунак брыгада цесьляроў Васіля Жураўскага ў нерабочы час. І сымбалізаваў ён першую перамогу байцоў атрада, іх адносіны да справы, да калектыўнага жыцьця, іх разуменьне сучаснай новабудоўлі. Было гэта на першым тыдні бамаўскага жыцьця.
    А праз шэсьць месяцаў, да дня нараджэньня Ленінскага камсамола, у пасёлку зьявіўся новы,стацыянарны клюб на 200 пасадачных месцаў. Штодзённа тут дэманструюцца кінафільмы, прычым самыя новыя, бываюць танцы, выступаюць мясцовыя і прыежджыя артысты. Працуе ў клюбе свой вакальна-інструмэнтальны ансамбаль “Спадчына”. Яго кіраўнік Дзьмітрый Бараноўскі з захапленьнем расказваў пра цягу маладзі да культурнага адпачынку, пра самадзейных артыстаў Даведаліся мы і пра тое, што на першым конкурсе самадзейных калектываў будаўнікоў БАМа вакальна-інструмэнтальны ансамбаль “Спадчына” заняў другое месца.
    Тут жа, у час сустрэчы, было заключана своеасаблівае творчае пагадненьне паміж самадзейнымі артыстамі і Ігарам Лучанком. Кампазытар перадаў ансамблю сваю новую песьню “Залацінка”, якую творчая група нашай дэлегацыі выканалі ўпершыню на ўрачыстым вечары, прысьвечаным гадавіне Беларускага атрада, іншыя свае творы і паабяцаў выслаць ноты новых песень.
    Пры клюбе працуе таксама бібліятэка, у якой звыш пяці тысяч кніг. Большасьць з іх надарылі бамаўцам камсамольцы, піянэры і школьнікі Беларусі — з сабой байцы атрада прывезьлі толькі крыху больш за 500 кніг. Амаль штодня прыходзяць на БАМ пасылкі з Гродна і Брэста, Віцебска і Магілёва, іншых беларускіх гарадоў. Шэфства камсамола рэспублікі над Першым ударным атрадам імя Мікалая Кедышкі надзейнае і разнаплянавае. Камітэты камсамола прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў, школ Беларусі лічаць за высокі гонар выканаць заказ для БАМа,
    Пра гэтыя сяброўскія сувязі з домам шмат расказалі нам камісар атрада Мікалай Бондараў, брыгадзіры камсамольска-маладзёжных брыгад цесьляроў-домабудаўнікоў Васіль Жураўскі і Фёдар Ваканаў, маляры Ніна Чорная, Наташа Лапшава і многія іншыя беларусы-бамаўцы. Расказалі яны і пра свае працоўныя посьпехі. За мінулы год калектыў будаўніча-мантажнага поезда № 578, які сфарміраваны на базе Беларускага ўдарнага атрада, выканаў будаўніча-мантажных работ на 7 мільёнаў 573 тысячы рублёў. Гэта 180 працэнтаў пляна. Узьведзены больш як чатыры тысячы квадратных мэтраў жыльля, 1,5 кілямэтра цеплатрасы, электрастанцыя і іншыя аб’екты. На 1976 год плян калектыву павялічаны удвая. Што ён будзе выкананы пасьпяхова, сумнявацца не даводзіцца. 3 першых дзён года тэмпы ўзятыя ўдарныя. Датэрмінова выкананы плян першага квартала.
    Калектыў БМП-578 выступіў ініцыятарам сацыялістычнага спаборніцтва за права ўкладкі “залатога” зьвяна на граніцы Амурскай вобласьці і Якуцкай АССР. Гэты пачын падтрыманы усімі падразьдзяленьнямі, якія працуюць на ўчастку чыгункі Тында — Беркакіт.
    У час знаёмства з байцамі атрада мы зразумелі, якім багатым духоўным жыцьцём жывуць будаўнікі Байкала-Амурскай магістралі. Яны тонка разумеюць сучаснае мастацтва, знаюць навінкі кіно і літаратуры, спрачаюцца аб вартасьцях і недахопах сучаснай джазавай музыкі і папулярнасьці вакальна-інструмэнтальных ансамбляў. Дома у кожнага ёсьць свае бібліятэчкі. У іх побач з клясычнымі творамі рускай і беларускай літаратуры — сучасныя раманы і аповесьці, паэтычныя зборнікі і кнігі па будаўніцтву, тэхніцы...
    Бамаўцы, як заўважылі мы, не толькі самааддана працуюць, але і жывуць па нейкіх сваіх, магчыма, нават максымалісцкіх законах. Тут усе і ўсё віду. Таму, магчыма, і не даруюць нікому халтуры і нядобрасумленнасьці. Нам расказвалі, як беражліва адносяцца тут да прыроды. Без патрэбы не зрэжуць ніводнага дрэўца, не папсуюць мохава-брусьнічны дыван. Неяк па адным з аб’ектаў незадачлівы бульдазэрыст выкарчаваў дзьве “лішнія” лістоўніцы. Акрамя строгага асуджэньня таварышаў, ён быў адхілены ад работы на некалькі тыдняў...
    Дэлегацыя камсамола Беларусі пабывала ў новым горадзе, які толькі што пачынае сваю біяграфію і ўзьвядзеньне якога аб’яўлена Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй. — Нерунгры. Мы наведалі багацейшы вугальны басэйн — Паўднёва-Якуцкі. Гэта унікальнае месцанараджэньне вугалю распрацоўваецца адкрытым спосабам. Магутнасьць вугальнага пласта дасягае 70 мэтраў. А непадалёк адсюль — у некалькі дзесятках кілямэтраў знойдзены багатыя залежы жалезнай руды. Такое блізкае суседзтва таксама надзвычай рэдкае ў сьвеце. Вось да гэтых багацьцяў Паўднёвай Якуціі і пракладваецца чыгунка.
    Пабывалі члены дэлегацыі і ў сталіцы БАМа — горадзе Тында, сустрэліся з воінамі-будаўнікамі магістралі веку. За чатыры дні дадзена пяць канцэртаў. Нягледзячы на цяжкасьці пералёту, на нялёгкія пераезды па пакручастых і часта небясьпечных сыбірскіх дарогах, на шасьцігадзінную розьніцу паміж маскоўскім і мясцовым часам (што таксама выбівала з каляіны), артысты пераадольвалі стомленасьць і заўсёды ахвотна ішлі на сустрэчы з будаўнікамі БАМа — заплянаваныя і пазаплянавыя. Гледачы адказвалі ім такім жа даверам і цеплынёй. Калі здаралася, што з-за дарожных умоў артысты спазьняліся, гледачы цярпліва чакалі іх прыезду. І пасьля гэтага, здавалася, яшчэ цяплейшай была сустрэча.
    Усюды, дзе б не выступалі беларускія артысты, іх майстэрства знаходзіла жывы водгук слухачоў. Аднолькава доўга не змаўкалі аплядысмэнты ў перапоўненых залях пасьля песень Ігара Лучанка і вершаў Генадзя Бураўкіна, беларускіх народных песень у выкананьні Вольгі Шутавай і гучаньня цымбалаў Тацьцяны Чанцовай. А калі заканчваўся канцэрт, проста за сцэну прыходзілі ўдзячныя гледачы: землякі-беларусы. Прыходзілі, каб выказаць падзяку за высокае майстэрства, каб яшчэ раз пабачыць і пачуць землякоў, перадаць прывітаньне родным мясьцінам.
    Гэта была найвышэйшая ацэнка выступленьня прадстаўнікоў беларускага мастацтва на БАМе. А афіцыйным прызнаньнем шэфскай работы дэлегацыі зьявіліся граматы БМП-578, якімі ўзнагародзіла кожнага кіраўніцтва поезда, пісьмо-падзяка ў адрас ЦК ЛКСМБ, у якім штаб ЦК ВЛКСМ на БАМе і камітэт камсамола БМП-578 выказалі шчырую ўдзячнасьць творчай групе майстроў беларускага мастацтва за шэфскія канцэрты перад будаўнікамі магістралі.
    Мінск — Залацінка — Тында — Мінск.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. 7 мая 1976. С. 3./

                                                                       ДАВЕДКА




    Анатоль Іванавіч Бутэвіч (Максім Валошка) - нар. 15 чэрвеня 1948 г. на хутары Язавец Нясьвіскага раёна Мінская вобласьці БССР (СССР), у сялянскай сям’і.
    У 1956 годзе разам з бацькамі перасяліўся ў в. Баяры Нясьвіскага раёна Мінская вобласьці. Вучыўся ў Вялікаліпскай васьмігадовай школе. Скончыў Сноўскую сярэднюю школу Нясьвіскага раёна (1966). Скончыў аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта (1971). Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва (1971-1973), намесьнікам рэдактара газэты “Чырвоная змена” (1975-1979), загадчыкам аддзела прапаганды і культурна-масавай работы ЦК ЛКСМБ (1973-1975, - пабываў на Якуцкім участку БАМа - 1979-1980), інструктарам сэктара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ (1980-1986, 1987-1990). Дырэктар рэспубліканскага выдавецтва “Мастацкая літаратура” (1986-1987). Старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку (1990-1992), міністар інфармацыі (1992-1994), міністар культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994—1996). У 1996-1998 гг. — Генэральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. У 1998-2000 гг. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі. У 2001-2009 гг. — саветнік старшыні Банка міжнароднага гандлю і інвэстыцый. У студзені-траўні 2009 г. — галоўны спэцыяліст упраўленьня мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мае дыпляматычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Кандыдат навук у галіне інфармацыйных тэхналёгій. Жыве ў Мінску, мае траіх дзяцей.
    Працуе ў сфэры дзіцячай літаратуры, гістарычнай, публіцыстыкі, крытыкі, у галіне перакладу. Друкавацца пачаў у 1969 годзе. Ад 1972 г. чалец Саюза журналістаў, ад 1994 г. чалец Саюза пісьменьнікаў Беларусі.
    Пад псэўданімам Максім Валошка чытачы ведаюць яго найперш як перакладчыка. А. Бутэвіч перакладае з рускай, польскай, украінскай, якуцкай, англійскай моў, а таксама з беларускай мовы на рускую”. /portal.nlb.by/portal/page/portal/index/detailed_news?param0...13. 6. 2008/ Пераклаў апавяданьне эвенскага пісьменьнік Андрэя Крывашапкіна Апока. // Вясёлка. Мінск. № 4. 1984. С. 8.
    Літаратура:
    Смольская В. У.  Валошка Максім. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С. 553-554.
    Барташэвіч М. П.  Валошка Максім. Бібліяграфія..] // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 6. Мінск. 1995. С. 554-555.
    Людка Казючыц,
    Койданава.