воскресенье, 2 ноября 2014 г.

Бэрка Эльцын. Арганізоўшчык Лецка. Койданава. "Кальвіна". 2014.




    Яўген Рыгоравіч Лецка (псэўданім Я. Варанец) нар. 20 красавіка 1944 г. у в. Пабрэзьзе, Наваградзкі гэбіт Генэральбецырк Беларутэнія, Райхскамісарыят Остлянд, Нямецкі Райх, /Наваградзкі р-н Гарадзенскай вобл. РБ./
    Нарадзіўся ў сялянскай сям’і: бацька, Рыгор Іванавіч, у маладыя гады чалец Сялянска-работніцкай Грамады, маці, Надзея Сільвестраўна, працавала ў калгасе. Паводле сямейнага паданьня род Лецкаў паходзіў з Каўказу: мужчыны з іх роду пасьля разгрому паўстаньня пад кіраўніцтвам Шаміля былі перабітыя, а малых дзяцей з бабулямі выселілі ў Налібоцкую пушчу, а адтуль, пасьля паўстаньня 1863-1864 гг., на Наваградчыну.
    У 1962 г. скончыў Нягневіцкую сярэднюю школу і паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага філіялу БДУ, адначасова працаваў электракаршчыкам на шарыка-падшыпнікавым заводзе, грузчыкам на станцыі Менск-Пасажырскі, у складзе будаўнічага атраду, гідам-перакладнікам у турыстычных групах (нямецкая мова), настаўнікам ва Вушанскай школе Бярэзінскага раёну.
    Пасьля заканчэньня БДУ (1967), працаваў у Карэлічах інструктарам райкаму камсамола, карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчаньня. У 1968 г. паступіў ў асьпірантуру пры катэдры беларускай літаратуры БДУ. Потым працаваў у інстытуце літаратуры АН БССР (1971-1986). Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР (з 1977). Ад 1986 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура” — старэйшы рэдактар рэдакцыі прозы, загадчык рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства ды драматургіі. Кандыдат філялягічных навук (1980).
    У верасьні 1991 г. сп. Я. Лецка, акторка Тацьцяна Мархель, фальклёрны ансамбаль «Рунь», народны майстра па кераміцы, Сымон Саўрыцкі, наведалі сваіх землякоў у Якуцку дзеля азнаямленьня з дзейнасьцю мясцовай суполкі «Суродзіч».



    Стваральнік і Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” (з 1990), (потым на гэтай пасадзе яго зьмяніла Ганна Сурмач), адзін са стваральнікаў аб’яднаньня”Наваградцы сьвету”. Пераклаў кнігу Барыса Ельцына “Споведзь на зададзеную тэму” (Менск, 1991)
    Творы
    Беларуская літаратура за гады савецкай улады. Метадычныя парады лектарам. 1973. 22 с.
    Па цаліку. Аповесць. Мінск. 1977. 175 с.
    Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе. Матэрыял у дапамогу лектару. Мінск. 1979. 18 с.
    Современная белорусская проза. (Проблемы идейно-нравственного воспитания личности). Автореферат диссертации ... кандидата филологических наук. Минск. 1980.
    Выхаваўчая роля літаратуры. 1980. Мінск. 206 с.
    Дарога у два канцы. Аповесць. Мінск. 1981. 174 с.
    Хараство і боль жыцця. Нарыс творчасьці Вячаслава Адамчыка. Мінск. 1985. 128 с.
    Літаратура
    Баркоўскі А.  Імам Шаміль і Яўген Лецка. // Байрам. Татары на зямлі Беларусі. Менск. № 4. 1994. С. 47-48.
    Гарэлік Л. М., Пяткевіч А. М.  Лецка Яўген. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах.Т. 4. Мінск. 1994. С. 35-36.
    Гарадніцкі Я. А.  Лецка Яўген. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах.Т. 4. Мінск. 1994. С. 36-37.
    Прысутны.  Госьці з Беларусі ў Якуцку. // Голас часу. Лондан. № 1 /16/. 1992. Б. 26.
    Бэрка Эльцын,
    Койданава.



                                                     ВЯРТАНЬНЕ  З-ЗА  НЕБАКРАЮ
    У сучаснай беларускай літаратуры цяжка знайсьці яшчэ аднаго пісьменьніка з такім, як у Івана Ласкова, няпростым, пакручаста-драматычным лёсам. Асэнсоўваючы яго шлях, міжволі згадваем паэму клясыка беларускай літаратуры Фанцішка Багушэвіча “Кепска будзе”, герою якой, Аліндарку, змалку наканавана цярпець нястачу, бясхлібіцу, пераадольваць нечаканыя жыцьцёвыя патырчакі. Так і тут. Чытаем аўтабіяграфію:
    “Мой бацька — Ласкавы Антон Іванавіч, 1905 года нараджэньня, украінец, быў родам з Палтаўскай губэрніі. У 1933 годзе, падчас галадамору, калі ў яго памерла сям’я і ўсе блізкія, апрача брата Пятра, ён выратаваўся толькі тым, што здолеў уцячы у Гомель, дзе і пазнаёміўся з маёй маці. На Палтаўшчыне бацька быў земляробам, у Гомелі працаваў на цукерачнай фабрыцы “Спартак”. Адсюль у чэрвені 1941 года ён пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Такім чынам, я з ім “бачыўся” толькі тады, як маці са мной выпісалася з радзільнага дома.
    Маці з бацькам зарэгістраваныя не былі. Ніякіх дакумэнтаў бацькі, яго рэчаў не захавалася, бо наш дом у Гомелі ў вайну згарэў. Маці пісалася “Ласкавая” і вымаўляла сваё прозьвішча з націскам на першым складзе. Мне хлапчуком гэта не падабалася, таму, пайшоўшы ў школу, я сваё прозьвішча “зрусіфікаваў”. У пасьведчаньні аб нараджэньні, што было выдадзена ў Гомелі чэрвенем 1941 года, я быў запісаны пад дзявочым прозьвішчам маці — «Казлоўскі Іван», з прочыркам у графе “па бацьку”. Гэтае пасьведчаньне я бачыў малым, але яно не захавалася. Таму мне давялося ўзнаўляць яго ў 15 год для атрыманьня пашпарту. Да прозьвішча “Ласкоў” я прывык і таму захаваў яго, хаця і ведаў, што на самой справе — “Ласкавы”.
    Апрача перыпетый зьнешніх, якія дапасоўваюцца да лёсу багушэвічавага Аліндаркі, спынім увагу на рана выяўленую такую адметнасьць хдрктару, як натурыстасьць, гэта значыць імкненьне рабіць так, як самому ўздумаецца. Гэта ж для малога зусім не проста ўзяць і памяняць сваё ўласнае прозьвішча на іншае, самім прыдуманае. Скажам так — малое дурное. Але і ўвайшоўшы ў сталы розум, ужо юнаком атрымліваючы пашпарт, ён не выпраўляе “грахі маленства”, афіцыйна замацоўвае фальш-недарэчнасьць ў асноўным для кожнага грамадзяніна дакумэнце.
    І яшчэ адно: аўтабіяграфія пісалася на просьбу-запыт Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, дзе ствараўся бібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі” ў 6-ці тамах. Тады яшчэ моцнай была “вядучая сіла сучаснасьці” КПСС, а разам з ёю ідэалягічны і цэнзурны нагляд над усім, што пісалася і выдавалася. Але з прыведзенага ўрыўку бачна, што Іван Ласкоў пісаў так, як яму Бог на душу пакладзе, мала зважаючы на зьнешнія вымогі, ідэйныя патрабаваньні і абмежаваньні.
    На лёс чалавека ўвогуле, а тым больш эмацыянальнага, уражлівага, без чаго наўрад ці можа зьдзейсьніцца сапраўдны пісьменьнік, уплывае не толькі тое, што з ім самім непасрэдна адбываеццаа, але і голас продкаў, памяць роду. У аўтабіяграфіі Ласкоў піша пра тое, як ягоны прашчур набыў досыць вялікі загон зямлі-няўдобіцы ў цяперашнім Краснапольскім раёне, непадалёку ад вёскі Беразякі, якую пісьменьнік лічыў сваёй малой радзімай.
    Зямлю прадзед падзяліў пароўну між трымя сынамі. Адзін з іх, Апанас, быў бацькам маёй маці. Калі пачалася вайна, дзеда Апанаса мабілізавалі ў войска. Служыў ён ці то ў артылерыі, ці ў кавалерыі, бо, згодна з успамінамі маці, меў шаблю. Пасьля рэвалюцыі вярнуўся да хаты. Нашыя мясьціны з 1917 года заўсёды былі пад савецкай уладай, ані немцы, ані палякі іх не дасягалі. У 1918 годзе сельсавет загадаў дзеду здаць зброю (у яго была шабля і вінтоўка). Дзед не згадзіўся. Тады двое людзей, пасланых сельсаветам, прыйшлі на хутар і забілі дзеда, а адначасова і прадзеда Мацьвея. Яны былі пасланыя знарок дзеля гэтага. Сакратаром сельсавета быў наш далёкі родзіч, Казлоўскі Мікалай, які зрабіў гэта, каб адпомсьціць за нейкую нязгоду паміж продкамі (відавочна, з-за зямлі)”.
    Найперш зьвернем увагу на паводзіны дзеда, які адмаўляецца здаваць савецкай уладзе зброю, быццам гэта не законныя патрабаваньні правамоцнага дзяржаўнага органа, а лагодныя пажаданьні добрага дзядзькі. Ці не падобны тут паводзіны дзеда на пазьнейшыя ўнукавы; Іван у далейшым яшчэ не адзін раз праявіць сябе падобным чынам. Ды гэтае задзірыстае непаслушэнства, па сутнасьці, нішто перад жахлівым учынкам прадстаўніка улады, які з-за бытавой помсьлівасьці самахоць пазбаўляе жыцьцяў двух нявінных людзеі. А гэта не магло не запасьці ва ўражлівую душу будучага пісьменьніка, абвострана непрымірымага да ўсякай несправядлівасьці, дыктатарскай жорсткасьці ва ўсіх яе бесчалавечых праявах — вялікіх, як у аднаго з самых жахлівых тыранаў сьвету Тамерлане (паэма “Кульга”), так і ў значна драбнейшых праявах, уласьцівых, скажам, некаторым героям аповесьці “Пішчальнікі не пішчаць”.
    Між тым, як паказвае Ласкоў у аўтабіяграфіі, жыцьцё ягонай матулі — суцэльны боль, нястачы і драмы. Але яны не зломліваюць маладзіцу, наадварот, у нягодах яе характар загартоўваецца і кожны раз адраджаецца насустрач новым выпрабаваньням. Выключэньнем не стала жыцьцё ў акупаваным Гомелі. Тут для кожнага чалавека асноўны клопат быў у тым, каб выжыць, не памерці з голаду. А ў нашым выпадку не толькі самой, але і не даць зьнясілець немаўлятку Ваньку. Людзі ў акупаваных беларускіх гарадах імкнуліся займець любую працу, каб мець хоць якія сродкі на пражыцьцё. А вось як у гэтых драматычных умовах паводзіць сябе Юлія Апанасаўна.
    Акупанты прымушалі маці працаваць на тэлеграфе, але яна адмаўлялася, відаць, жывучы з гарода і старых рэчаў. Аштрафавалі на 50 марак. Прадаўшы рэчы, заплаціла кару, але на працу не хадзіла. Тады аштрафавалі яшчэ раз, на 100 марак. Такіх грошай маці здабыць не магла, таму ў весну 1942 года, калі ўжо краналіся рэкі (у тым ліку Сож, які трэба было перайсьці), яна дабралася да Кармы на нейкай грузавой машыне (за рулём быў паліцай, які на самой справе дапамагаў партызанам), а ад Кармы са мной на руках каля 35 кілямэтраў ішла пешкі да Беразяк”.
    Зацятасьць і нязломнасьць, вера ў сваю правату, у сваё прызначэньне рабіць толькі тое, што лічыш патрэбным, не зважаючы на думку бальшыні, выразна праявяцца ў характары Івана Ласкова ў маладыя гады, але асабліва ў сталым узросьце. Яны паспрыяюць станаўленьню нязломнага і непахіснага беларускага патрыятызму, вызначаць абвостраную да справядлівасьці грамадзянскую пазыцыю, жаданьне гаварыць праўду, не зважаючы на спэцыфіку побыту ў чужародным і чужамоўным якуцкім асяродзьдзі, якое працягвала і пры савецкай уладзе існаваць па сваіх традыцыйных нормах і правілах, у якія ён, чужак і прыхадзень, не меў ніякага маральнага права ўмешвацца рашуча і безаглядна, як ён рабіў. Але ўсё гэта наперадзе, а пакуль што гаворка ідзе аб пачатку жыцьцёвай дарогі будучага пісьменьніка. Аўтабіяграфія сьведчыць:
    Я навучыўся чытаць сам, без аніякай дапамогі, у тры гады. Гэта была, можна сказаць, сэнсацыя вясковага маштабу. Увогуле ў дзяцінстве я паказваў унікальныя здольнасьці: яшчэ не ходзячы ў школу, вучыў падручнік нямецкай мовы для 5 класа (тады вывучэнне замежнай мовы пачыналася з 5-га). Калі мяне пыталіся, кім я буду, я адказваў “Пушкіным”. Задавалі мне і болей цяжкія пытаньні: напрыклад, ці будзе вайна. Я адказваў — не будзе. Яшчэ памятаю, што чытаў на нейкія сьвяты ці на хаўтуры, Біблію на царкоўнаславянскай мове. Пагалоска пра незвычайнага хлопчыка прайшла па ўсім раёне. Нават калі мне было больш за дваццаць год, я ехаў у Беразякі праз Краснапольск і ў чаканьні аўтобуса сеў у сквэры на лаўку. Ішла міма нейкая жанчына, уважліва паглядзела на мяне і запытала, ці я не той разумны хлопчык з Беразяк. Я зьбянтэжыўся і сказаў “не”. Але яна мне не паверыла, усё азіралася. Зацікавіліся мной і сякія-такія ўлады. Але дапамога давалася толькі тая, што больш цярпліва ставіліся да нядоімак, якіх маці аніяк не магла выплаціць. Прынамсі, карову нашу не адбіралі”.
    Жыцьцё ў нястачы спрычынілася да запаволенасьці фізычнага разьвіцьця, кепскім росьце на свае гады. Аднак разумова хлопчык разьвіваўся наўзьдзіў імкліва, на галаву вышэый быў за аднаклясьнікаў. І тады ў яго самахоць узьнікла думка пайсьці з новага навучальнага года не ў чацьвёрты, а ў пяты кляс. Яго адгаворвалі, што дадатковыя нагрузкі могуць дрэнна паўплываць і на так кволы фізіялягічны стан. Але перамагла ўпартасьць.
    Падфарціла хлопчыку і тады, калі ён праз дасланыя у рэспубліканскую дзіцячую газэту “Зорька” вершы трапіў у поле зроку галоўнага рэдактара А. Ф. Мазуравай, жонкі Кірылы Мазурава, які неўзабаве становіцца кіраўніком БССР. Дзякуючы Анастасіі Феакцістаўне Ласкоў атрымаў накіраваньне на дзьве зьмены (дзьве вучэбныя чвэрці) у славуты на той час усесаюзны піянэрскі лягер “Артэк” у Крыме. Тут Ваня, як зазначана ў аўтабіяграфіі, “акрыяў, пасыцеў”. А потым А. Ф. Мазурава ўгаварыла Ваніну маму аддаць сына ў дзіцячы дом, каб ён здолеў нармальна жыць і вучыцца. Выбар паў на беларускамоўную СШ № 2 Магілёва. Аднак у краіне ў той час набірала абароты палітыка русіфікацыі і школу неўзабаве перавялі на рускую мову.
    Скончыў сярэднюю адукацыю з залатым мэдалём. Падаў дакумэнты на журналісцкае аддзяленьне філфака, але карэспандэнт саюзнай “Пионерской правды” па Беларусі В. М. Марозаў адгаварыў ад таго ўчынку (цытуем аўтабіяграфію), “лічачы, што з мяне ані журналіста, ані паэта не выйдзе, настояў забраць дакумэнты і падаць, куды хочаш, толькі не на філфак. Так на нейкі час я стаў хімікам”.
    Куды ж падзелася славутая ўпартасьць Івана, жаданьне рабіць па-свойму? Мабыць, найперш паўплывала тое, што ягоныя вершаваныя спробы на рускай мове ў “Зорцы” так і не надрукавалі, а тут трэба было рабіць выбар на ўсё жыцьцё і той, хто ў дзіцячым узросьце заяўляў, што хоча быць Пушкіным, нечакана здаўся. А дарма. Бо славутага хіміка з яго не атрымалася, зрэшты, ён да гэтага і не імкнуўся. Выбар быў зроблены ад адваротнага: калі не магу пайсьці па любімай сьцяжыне жыцьця, дык хай будзе найгорш — пайду па самай аддаленай для сваіх жаданьняў, самай нецікавай і непатрэбнай.
    І ў гэтым “натурыстасьць” Івана выявілася спаўна. А дарэмна. Бо, перакананы, каб паступіў ён на журналісцкае ці на беларускае аддзяленьне філфака, або на гістфак, ці на адзін з факультэтаў тадышняга інстытута замежных моў — карысьць ад вучобы і для яго самога, і для беларускай культуры была б куды больш плённай. Спакойна паразважаць, куды далей пайсьці вучыцца, не было з кім...
    Але ж цягу да літаратуры хімфак не адбіў. Іван пачаў наведваць літаратурнае аб’яднанне для моладзі пры газэце “Чырвоная змена”, якім кіраваў паэт Іван Калесьнік. Нярэдка сюды заглядвалі і іншыя, ужо сталыя беларускія пісьменьнікі. Увогуле “Чырвонка” для маладой беларускай літаратуры ў тыя часы значыла вельмі шмат. Цяпер, на жаль, гэтага выданьня няма — як і некаторыя іншыя беларускамоўныя яно было зьліквідавана ў незалежнай Беларусі. Парадаксальна, але факт...
    У “Чырвонай змене” быў надрукаваны першы верш Ласкова “Сталь”. Беларускамоўны. У “Аўтабіяграфіі” пісьменьнік сам зьдзіўляецца, чаму пачынаў і аж да паступленьня на хімфак спрабаваў пісаць па-руску:
    Тады ў Беразяках усе размаўлялі па-беларуску, беларускамоўнай была і школа, у якой вучыўся. А вось літаратура на беларускай мове траплялася вельмі рэдка. Такім чынам — як чыталася, так і пісалася”.
    Паварот да свайго, роднага адбыўся натуральна. У нейкай ступені гэтаму паспрыяла і тое, што ў нашым пакоі на колішняй Паркавай магістралі (цяпер праспэкт Пераможцаў) жыў Алесь Мікалайчанка. Вучыўся ён на рускім аддзяленьні і пісаў вершы таксама па-руску, але да беларушчыны быў прыхільны. Ягоны бацька працаваў першым сакратаром Бялыніцкага райкама партыі. Алесь, не афішуючы сваіх нацыянальных арыенціраў, спакваля пераходзіў ў размовах у пакоі, а потым і ў творчасьці на родную яму бацькоўскую мову...
    Частым госьцем у нашым пакоі быў і славуты сёньня у Беларусі літаратар аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў і дзесяці гістарычных раманаў Леанід Дайнека. Творы яго напоўнены кіпеньнем страсьцей, вострымі канфліктамі, імкненьнем герояў да волі, незалежнасьці ад чужакоў, у аснове іх звычайна ляжыць беларуская нацыянальная ідэя, падмацаваная чуйным адчуваньнем магчымасьцяў роднага слова, лексычным багацьцем...
    Верш “Сталь” быў надрукаваны ў 1956 годзе. Не скажаш, што гэта вучнёўская спроба пяра, напісаны ён сталай, можна сказаць прафэсійнай рукой, па якім можна было вызначыць, што ў асобе выхаванца Магілёўскага дзіцячага дома ідзе ў беларускую паэзію пэрспэктыўны пачатковец. Аднак потым, калі ён паступіў на хімфак і пераехаў у Мінск — руская мова пераважыла. Вынікам стала выданьне зборникаў вершаў “Стихия” (Мн., 1966) і “Белое небо” (Мн., 1969).
    Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэта ў 1964 годзе зноў круты жыцьцёвы віраж. Аўтабіяграфія сьведчыць:
    У г. Дзяржынску (сталіца ўсесаюзнай хіміі) я апынуўся згодна з разьмеркаваньнем. Можна сказаць, сам выклікаўся паехаць туды, каб пабачыць сьвет. Я тады наіўна меркаваў, што у Беларусь заўсёды патраплю, калі захачу, а Горкаўскую вобласьць, калі не цяпер, то ніколі не пабачу. З гэтага часу я ў Беларусі стала не жыў і прыяжджаў не болей як на месяц. У Дзяржынску вельмі хутка выявілася, што праца там не вельмі да мяне стасуецца. Працаваць даводзілася ў процігазе, а я нашу акуляры. Нацягнуць процігаз на акуляры практычна немагчыма, а працаваць без акуляраў я не мог... 1 чэрвеня 1966 года я звольніўся з працы ў Дзяржынску пасьля канфлікту з начальствам”.
    Вось і ўся “хімічная” эпапэя Івана Ласкова, якая літаральна ўмясьцілася ў пару радкоў аўтабіяграфіі... Зразумела, што для таленавітага чалавека, якім быў Іван, асвоіць любую звычайную спэцыяльнасьць не складае ніякай праблемы. Само паступленьне на хімфак было для яго памылкай, зрабіць якую падштурхнуў не які блізкі, родны, ці надзвычай аўтарытэтны чалавек, а нейкая па сутнасьці нікчэмнасьць, якой проста стрэліла ў галаву адгаварыць хлопца ісьці туды, дзе якраз і мог разгарнуцца яго талент літаратара, ды рэалізавацца пакуль што прытоеныя амбіцыі вясковага вундэркінда.
    Пра тое, якое ён глупства ўтварыў, да яго дойдзе пазьней, калі позна было кусаць локці. І ён гэтага не рабіў. Выконваў добрасумленна тое, што рэглямэнтавалася вучобай, але круглым выдатнікам не быў. Ён, зацяты ў сабе, у свае ўнутраныя перажываньні, якімі ні з кім не дзяліўся, моўчкі адбываў павіннасьць. Нават не ведаю, ці знайшоўся за гады навучаньня на хімічным факультэце чалавек, якога можна назваць сябрам, з кім можна падзяліцца самым запаветным, асабістым. А вось што сяброўкі не было, дык гэта дакладна. Істотнай перашкодай была маларосласьць, якую Ваня запазычыў у маці, а да гэтага дабавілася ваенная і пасьляваенная бясхлебіца, нястача таго ў харчаваньні, што патрэбна дзіцяці.
    Не быў сьведкам публічных выступленьняў Ласкова перад шырокай аўдыторыяй, але казалі, што аднойчы яго папрасілі падняцца на табурэтку, і ён пагадзіўся. Між тым меў магутны голас: мы жылі на другім паверсе інтэрната, але дастаткова было прыадчыніць уваходныя з вуліцы дзьверы, як беспамылкова ўгадвалася, што ў нас гасьцюе Іван, пры гэтым я мог вызначыць, ці ён як сьляза чысты, ці на лёгкім падпітку. П’яным, дарэчы, яго за ўсё жыцьцё ні разу не бачыў. Свайго магутнага барытону наш сябар не суцішаў, наадварот, ён быў яму своеасаблівым баявым шчытом, што кампэнсаваў недахопы росту.
    Аднак пераадолець пэўны комплекс непаўнацэннасьці ў дачыненьнях з дзяўчатамі Івану не собіла. Між тым ён, як і кожны творча таленавіты, інтэлектуальна дужы чалавек, без сумненьня, быў такім і ў асабіста-інтымных дачыненьнях. І гэта была для яго адна з самых датклівых праблемаў жыцьця. Сябра тых гадоў Лёня Дайнека сьцьвярджае, што ў яго быў намер пасяліцца сярод нізкарослага народа, дзе б яго рост успрымаўся зьявай не анамальнай, а нармальнай. а таму з ахвотай (асноўнай прычынай, вядома, было імкненьне прафэсійна, як пісьменьніку, удасканаліцца) скарыстоўвае квоту для Беларусі для паступленьня ва ўсесаюзны літінстытут у Маскве. У аўтабіяграфіі адзначаецца:
    Аказалася, літаральна ўсё забыў за восем год (пяць на хімфаку, тры у Дзяржынску. — Я. Л.) з правілаў рускай граматыкі. Але галоўнай перашкодай да майго паступленьня у Літінстытут ледзь не сталі не мае веды, а мае... акуляры. Даведаўшыся, што маю слабы зрок, прыёмная камісія ледзь не адпрэчыла мяне на той падставе, што вучыцца яшчэ пяць гадоў — зусім яго згубіць. Мяне выратаваў Аляксандр Мікітавіч Уласенка, маскоўскі крытык, родам з усходняй Магілёўшчыны. У Літінстытуце вучыўся ўсе гады на “выдатна”, атрымаў чырвоны дыплём”.
    У Літінстытуце, які Ласкоў скончыў у 1971 годзе, ён жаніўся з В. Гаўрыльевай — на той час ужо вядомай якуцкай пісьменьніцай. Ці прычынай шлюбу было каханьне, ці звычайны цьвярозы жыцьцёвы сэнс, сказаць нічога не магу.
    Трэці зборнік вершаў “Кружное лета” зьявіўся у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1973 годзе ўжо на беларускай мове.
    Івана і яго жонку, а на той час у іх былі ужо два сыны, я пабачыў тады, калі, будучы на чале Згуртаваньня беларусаў “Бацькаўшчына”, па просьбе кіраўнікоў беларускай суполкі ў Якуціі Алеся Баркоўскага і Івана Ласкова прыляцеў у Якуцк разам са славутым тады ансамблем “Рунь” Беларускага тэхналягічнага інстытута, які узначальваў мой зямляк і аднаклясьнік Іван Жарскі.
    Амаль увесь вольны час у мяне пайшоў на сустрэчы і размовы з Ласковым. Асабліва запамінальна была вандроўка на цеплаходзе па Лене на яго, умоўна кажучы, лецішча. Гэта была звычайная будка, падобна на тыя, якія адзін час ставілі у нашым калгасе для пастухоў, у якую не толькі што нельга было увайсьці ў поўны рост, але трэба было запаўзаць на каленках. Тут Ваня захоўваў немудрагелісты рыбацкі рыхтунак, сякія-такія прылады і харчовыя прыпасы. Злавілі мы з дзесятак невялікіх карасікаў, зварылі юшку і як заведзена пасядзелі за чаркай. І тут, сярод дзікай прыроды, куды не далятала ніякіх гукаў чалавечага жытла, я да болю ў душы адчуў пачуцьцё самоты, з якім Ваня жыў усе гэтыя гады ўдалечыні ад Бацькаўшчыны. Неяк незнарок вырваліся з маіх вуснаў радкі:
                                                             Ох, не пазбыцца
                                                             Вечна жывой тугі,
                                                             Вечна чужыя
                                                             Сьцелюцца берагі...
    — Ты што гэта, цяпер вось склаў, пра мяне? — устрапянуўся Ваня.
    — Ды не! Гэта з “Птушак і гнёздаў” Янкі Брыля, якому таксама давялося паспытаць жыцьця на чужыне...
    — Яму — паспытаць. А мне тут — карпець вечна! Не. Я больш не магу! Я ж шмат не прашу: куточак два на тры мэтры, каб было дзе пераспаць, ды паставіць тумбачку для пісаньня. Павер, гэта будзе тое, чаго няма ў беларускай літаратуры, але што ёй патрэбна.
    Вярнуўшыся ў Мінск, я хадзіў з такой просьбай-прапановай па інстанцыях, але ўсюды натыкаўся на глухую сьцяну непаразуменьня: няма такога заказа...
    Найбольш турбаваў Івана лёс “Літвы летапіснай”. Я абяцаў паспрыяць. Як вярнуліся з лецішча, я назаўтра прыйшоў на кватэру да яго, каб узяць рукапіс. Вярнуўся ў гатэль, пачаў чытаць і адчуваў, што дасьледаваньне абудзіць цікавасьць грамадзкасьці. Заўвагі былі чыста рэдактарскія, бо я не спэц па праблемах угра-фінскага ўплыву на этнагенэз беларусаў.
    Да маіх рэдактарскіх заўваг аўтар аднёсься станоўча. Вырашыў яшчэ тыдзень-другі над кнігай пасядзець: якраз неўзабаве меўся ехаць у Беларусь ягоны сябра Алесь Баркоўскі. Ён і прывёз кнігу. Дырэктарам “Мастацкай літаратуры” тады працаваў Валера Трышановіч, які і імпэтам браўся за самыя нечаканыя праекты. Але многае з ухваленага ім засталося не рэалізаваным.
    Уладзімір Арлоў у першым выданьні кнігі “Імёны свабоды” пісаў, што на свае вочы бачыў машынапісны варыянт (тады кампутараў яшчэ не было) “Літвы летапіснай” памерам у 700 старонак. З гэтай заявай можна было б пагадзіцца толькі з умовай, што ён спачатку паглядзеў адным вокам, потым другім, і так атрымалася 700 старонак, бо насамрэч памер машынапісу быў удвая меншым. Не ведаю, ці ад мяне, ці ад каго іншага дайшло гэтае ўдакладненьне, але ў перавыданьні “Імёнаў свабоды” ўжо згадкі пра семсот старонак няма.
    Аднак мяне яшчэ больш закранула зусім непераканаўчае сьцьвярджэньне, што ў сьмерці Ласкова павінны якуты. якія нібыта так яму адпомсьцілі за тое, што Іван выкрыў, як прафэсійнага канфідэнта, клясыка якуцкай літаратуры, стваральніка і першага кіраўніка Якуцкай аўтаномнай рэспублікі Аюпава [На самой справе Аюнскі. Па матэрыялы аб Ласкове Лецка прыяжджаў у Дзяржынск Мінскай вобласьці і там ў дадатак да іх атрымаў кампутэрны набор працы Івана Ласкова “Летапісная літва: сваяцтва і лёс”. Узрадаваны гэтым ён са сваім хаўрусьнікам Анатолем Тарасам хуценька выдалі гэты набраны тэкст у 2011 г. – А. Б.]. Пра канфідэнта Аюпава атрымалася тая самая гісторыя, што і з семістамі старонкамі тэксту. Ласкову ўдалося пакарыстацца сакрэтнымі дакумэнтамі карных савецкіх “органов”, з якіх сьведчыць, што на допытах Аюпаў абвінавачваў у варожасьці да ўлады сваіх былых паплечнікаў. Якім чынам тыя прызнаньні былі атрыманы — невядома. Арлоў тут становіцца ў позу абвінаваўцы, але варта было б нагадаць, як у тыя часы карнікі абыходзіліся з «ворагамі народа».
    Паводле заключэньня судовай экспэртызы, сьмерць Івана (28 чэрвеня 1994 года) наступіла ў лесе ад кровазьліцьця ў мозг. Дарэчы, у тым сама ўзросьце і па той самай прычыне памерла яго мама ва ўласным гародзе, полючы грады.
    Абвінавачваюць проста так — лёгка. Куды карысьней было б разабрацца, чаму Ласкова, аўтара бяспрэчна таленавітага, не друкавалі на Бацькаўшчыне, чаму яго арыгінальнай кнізе “Пішчальнікі не пішчаць” быў наладжаны разгром у выдавецтве “Юнацтва». Ды й рукапіс “Літвы летапіснай” праляжаў да нашых дзён і толькі дзякуючы руплівасьці адкрывальніка «невядомай гісторыі» Анатоля Тараса выходзіць да чытача. Напісанае — застаецца. Асабліва тое, у чым пульсуюць думкі і пачуцьці, што створана таленавітай рукой.
    Яўген Лецка
   /Іван Ласкоў. Летапісная літва: Сваяцтва і лёс (кніга пошук). Вільня. “Наша будучыня”. 2011. С. 3-12./