понедельник, 24 ноября 2014 г.

Уладзімер Сідарук. На ссылцы ў Якуцкай АССР. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                    НА ССЫЛЦЫ Ў ЯКУЦКАЙ АССР
    Сярод шырокай прасторы пашы, пад лесам за Вулькаю-Тэрахоўскаю, стаіць невялічкая хатка. Жыве ў ёй Васіль Верамчук. Яму 83 гады. Цікавы гэта дзядуля. Гадамі па чужыне блукаўся, шмат чаго бачыў ды многае выпрабаваў на ўласнай скуры. Не пераносіць ён адзіноцтва, часта на цягніку ў Гайнаўку ці Бельск падарожнічае. У сьвяточныя дні любіць пасядзець у кампаніі, аб мужыцкай долі паразважаць. Вось што расказаў ён у час сустрэчы, калі я гасьцяваў у ягонай хаце...
    У бацькі Навума было васемнаццаць гектараў поля. У дваццатых гадах падаўся ён у Амэрыку лепшай долі шукаць. Не знайшоўшы працы, завэрбаваўся ў армію. Пасьля гадовай службы вярнуўся дамоў, стаў працаваць на гаспадарцы. Ягоны бацька, а мой дзядуля значыцца, бондарствам займаўся. Разам з іншымі аднавяскоўцамі бандарку ў Кляшчэлях на рынку прадаваў. Як я стаў падлеткам, дык бацьку па гаспадарцы памагаў. Апрача мяне ў сям’і быў яшчэ малодшы брат Толя, ён быў інвалідам і патрабаваў бацькоўскай апекі. Так мы жылі да нямецкай акупацыі. На работы ў Нямеччыну забіралі паводле года нараджэньня. Мяне прызвалі летам 1943 года. Зборны пункт быў у Бельску-Падляшскім. Адтуль накіравалі ў ваколіцу Моранга. Працаваў я на гаспадарцы Германа Германа ў мясцовасьці Жабі Рог. Нядоўга я там прабываў. Наканцы года перавялі ў Інстэрбург на капаньне акопаў. Сустрэў там савецкага палоннага, які раней працаваў у чаромхаўскім дэпо. Яго жонка з Мядзьвежыкаў выходзіла. У лягеры яго “брыгадзірам” называлі. У час размовы ён выявіў, што немцы дэпо ўзарвалі. Да рабочых няветліва ён ставіўся.
    Запамяталася мне такое здарэньне. Аднойчы з сябрам пайшлі мы у вёску жабраваць ежу. У дарозе эсэсаўцы нас спынілі ды ў лягер вывезьлі, паколькі мы не мелі дакумэнтаў. Загадалі яны “брыгадзіру”, каб за кару па дваццаць пяць гумаў нам усыпаў. Рускі так прышпарыў, што я ўвесь тыдзень на задніцу не мог сесьці. На прадвесьні мяне адпусьцілі ў маёнтак.
    Праз месяц на гаспадарцы я працаваў. Пасьля жандары прыйшлі, нешта з гаспадаром “пагергаталі” ды сказалі зьбірацца. Зноў я акопы рыў. Набліжаўся фронт. У красавіку 1945 г. перавялі ў Штутгаф. У канцлягеры сустрэў я аднавяскоўца, Ваську Назарука. Каля двух тыдняў былі мы разам, затым у Эльблянг паслалі. Там дачакалі канца вайны. Разьмясьцілі нас з іншымі палоннымі ў савецкай зоне. Пачаўшы з 10 мая, штодзень выклікалі нас на допыты. Пыталі адкуль прыбыў, дзе служыў ды высьвятлялі іншыя дэталі біяграфіі. Я рашуча адно і тое ж паўтараў афіцэру: “З Польшчы мяне забралі на прымусовыя работы. Па нацыянальнасьці я беларус. У нямецкай арміі не служыў, толькі працаваў у маёнтку немца ў мясцовасьці Жабі Рог.” У доказ паказаў я цывільную фатаграфію, якую зрабіў у 1944 г. у маёнтку Германа Германа. На фатаграфіі быў адлюстраваны мой нумар 77 (фатограф не мог зрабіць здымак нікому чужому, пакуль не атрымаў даведкі ад солтыса). Гэтым я даказаў рускім, што не быў нямецкім салдатам, толькі сельскагаспадарчым работнікам. Але калі я выявіў, што ў майго бацькі было васемнаццаць гектараў поля, афіцэр ахнуў ад радасьці: “Папаўся кулачы сынок...”. Я тады кажу: “Бацька мой служыў у амэрыканскай арміі...” – “Значит он был фашист и ты стал фашистом”, - зьедліва сказаў сьледчы. Пасьля допытаў я не бачыў больш Ваські Міронавага. Яго накіравалі ў Шатуру, а нас, 1 200 чалавек, пагналі ў Кібертай, што знаходзіцца пры нямецка-літоўскай граніцы. Ішлі мы пешшу, па сто чалавек у калёне. Ахову састаўлялі савецкія коньнікі. Тры месяцы мы там прабылі, на працу не казалі хадзіць. Хто хацеў, дык мог ісьці на нямецкі бок да гаспадара палоць буракі. У Кібертаі давалі добрае харчаваньне. Кватараваліся мы ў мураваных будынках, якія знаходзіліся пад кругласутачнай аховай вартаўнікоў. Кожнай раніцы саветы правяралі прысутнасьць. І зноў допыты. Гэтым разам казалі запоўніць анкету, як грамадзяніну СССР. Пратакол у Эльблянгу, як і анкету ў Кібертаі састаўлялі савецкія афіцэры. Я адно падпісваў, не чытаючы іх. Пасьля трохмесячнага прабываньня і допытаў у Кібертаі пагрузілі нас у вагоны (па шэсьцьдзесят чалавек у вагон) і накіравалі ў Горкаўскую вобласьць. Выгрузілі нас на станцыі Мінееўка. Пешшу ішлі мы дванаццаць кілямэтраў, затым спыніліся ў лесе непадалёк вёскі Чорная. Закватаравалі нас у зямлянках і загадалі высякаць лес. Праца была цяжкая, а харчаваньне ліхое. У чым ішлі на работу, у тым і клаліся спаць. Было гэта ў ліпені 1945 г. Вясною наступнага года перавезьлі нас пад Маскву ў пасёлак Сярэбраны Бор, закватаравалі ў бараках-юртах. Увесь год працаваў я ў рамонтна-будаўнічай фірме. Адтуль зноў накіравалі ў Горкаўскую вобласьць. Выгрузіліся мы на станцыі Шыманіха. Пасялілі нас у пасёлку Медзяна. Працаваў я пры высечцы лесу. 20 мая 1948 г. зачыталі завочна прысуджаны прыгавор: “шэсьць год ссылкі”, палічыўшы тэрмін зьняволеньня ад 1945 г. Такія прыгаворы як мой у тадышнім СССР выдаваліся тысячамі. Судзілі г. зв. “тройкі”. Падсудных не клікалі і яны не мелі шанцу апраўдацца. У 1950 г. вывезьлі мяне ў горад Тамот, затым перавялі ў Алдантрэстсьлюда ў пасёлак Канкунскі Якуцкай АССР.
    У Тамоце, як і ў Канкунскім, працаваў я ў рамонтна-будаўнічай брыгадзе. Кіраўніком быў украінец Сурмілаў, які быў прыгавораны да дзесяці гадоў лягера і пяці гадоў ссылкі. Розьніца паміж лягерам і ссылкай заключалася ў тым, што лягернік знаходзіўся пад вартай, а ссыльны мог перамяшчацца па сваёй волі ў любое месца, як і патрабаваць да сябе сям’ю для супольнага пражываньня. З Сурмілавым у нас атрымалася дружба, як браты мы зжыліся. Калі папрасіў ён пазычыць яму паўтары тысячы рублёў, дык я не адмовіўся. За гэтую паслугу аформіў ён мне дакумэнт на званьне “стаханаўца”. Мне прыбавілі зарплату. У Канкунскім разам працаваў Іван Семянюк з Паўлаў, што на Вельшчыне. Але ён быў прапісаны пад прозьвішчам Касалапаў, якое прысвоіў па жонцы.

    У ваколіцы, дзе мы пражывалі, было многа рэк. Рыбы там - хоць адбаўляй. Паўночныя алені служылі асноўнай цяглавой сілай. Хто імі карыстаўся ў транспарце для заработных мэтаў, вымушаны быў плаціць г.зв. “капытны” падатак. Аленяў выкарыстоўвалі ў фатаграфічных атэлье, дзе рабілі з імі памятныя здымкі. Такі здымак з жывым аленем і ў мяне захаваўся. Кліматычныя ўмовы былі строгія. Зіма працягвалася практычна да мая. Маразы даходзілі да 60 градусаў. Меншыя рэчкі замярзалі. Пітную ваду з горада прывозілі бочкамі. Сельскагаспадарчых пладоў не вырошчвалі, а прадукты куплялі ў крамах. Гарэлкі не было. Сьпірт на вагу прадаваўся. На ссылцы я прабываў да 1956 г., хоць паводле прыгавору павінен знаходзіцца там да 1952 г. Казалі пазьней, што па сваёй волі быццам бы я застаўся. Калі Польшча заключыла з СССР дагавор аб рэпатрыяцыі, рашыў дамоў вяртацца. У маі 1956 г. падаўся я ў Брэст і там афармляў дакумэнты. Пакуль я гэта зрабіў, дык пазнаёміўся з дзяўчынай. Згулялі вясельле, затым разам з жонкаю ў Вульку прыехалі. З бацькамі сталі мы жыць на гаспадарцы. Жонка памерла два гады таму, сам я застаўся. Адна дачка ў Беластоку жыве, а другая ў Чаромсе. Дачакаўся я чацьвярых унукаў ды аднаго праўнука.
    Але гэта не канец усёй гісторыі. Калі спатрэбіліся мне дакумэнты наконт прабываньня ў Нямеччыне і на ссылцы ў СССР, пачаў я хадайнічаць за іх атрыманьне. Паслаў я просьбу ў Пасольства СССР. У пісьме міністэрства замежных спраў Расійскай Фэдэрацыі ад 15 мая 1995 г. паведамлялася, што “по данным компетентных органов сведений о пребывании и работе Веремчука В. на территории Российской Федерации в архивах не обнаружено”. Пачаў я адчуваць крыўду да савецкага ўрада. Мала таго, што несправядліва пацярпеў і больш за дзесяць гадоў прабываў у зьняволеньні, дык зараз намагаюцца схаваць праўду. Праз наступныя гады змагаўся за справядлівасьць. З міністэрства замежных спраў Рэспублікі Саха (Якуція) дасылалі мне розныя даведкі, паколькі ў архівах захаваліся два спрэчныя з сабою дакумэнты: пратакол допыту, запісаны ў Эльблянгу 10 мая 1945 г. ды анкета грамадзяніна СССР (я сябе ніколі не прызнаваў грамадзянінам СССР). У канцы дабіўся свайго. Перамагла справядлівасьць. Рашэньнем Аддзяленьня рэабілітацыі і ахвяр палітычных рэпрэсій Генэральнай пракуратуры Расійскай Фэдэрацыі мяне рэабілітавалі. Адпаведнае пісьмо было накіраванае Польскаму пасольству ў Маскве.


    Работнікі будаўнічай брыгады у Канкунскім (чацьвёрты зьлева ад гары - побач яго трэці — Іван Семянюк).
    Фота з архіва В. Верамчука.
    Уладзімер Сідарук.
    /Ніва Беласток. 25 чэрвеня 2006. С. 9./




                                                            АРХІЎНАЯ  ДАВЕДКА
    Верамчук Васіль Навумавіч, 1923 г. р. д. Вулька-Церахоўская, Бельскага р-на Беластоцкай вобл. БССР. Беларус. 4 кл. Жыў: Сярэбраны Бор Маскоўскай вобл. Асуджаны за службу ў нямецкім войску. п. Уклан. Трэст “Алданслюда”. ЯАССР. Працоўны. 1. 08. 47 г. вызвалены. 5. 07. 96 г. выслана арх. даведка.
    Бэля Куранах,
    Койданава.