четверг, 20 ноября 2014 г.

Гаўрыл Угараў. Вярнуць адкрыцьцё. Койданава. "Кальвіна". 2014.






    Гаўрыіл Угараў
         Якутыя
                                                        ВЯРНУЦЬ АДКРЫЦЬЦЁ
    — Ненавіджу сьціпласьць, — раптам сказаў наш субяседнік. Сказаў сярдзіта, з болем, яго дабрадушны твар спахмурнеў. — Ненавіджу!
    Мы азадачана прыціхлі. Вагон мякка патрэсвала, за вокнамі сінеў змрок, але ніхто не запальваў сьвятло, без яго было неяк утульней, і размова да той хвіліны ішла ціхая, даверлівая, якая часта ўзьнікае ў цягніку дальняга накірунку між незнаёмымі пасажырамі. І вось... Не памятаю, што папярэднічала сказанаму, але ж і пажар пачынаецца з іскры.
    — Дазвольце... э... Пётр Мікалаевіч, — першы апомніўся мой сусед, сівенькі, бародка клінком дзядок. — Як жа так? Яно, вядома, сьціпласьць, як і любое іншае пачуцьцё свае годнасьці, калі празьмернае, можа і... Але згадзіцеся, сьціпласьць упрыгожвае чалавека, і як яе можна адмаўляць, ніяк не разумею!
    — Можна,— жорстка сказаў Пётр Мікалаевіч. — Можна і патрэбна, калі з-за яе страчаны сродак выратаваньня тысяч людзей.
    — Ды што вы кажаце? — ахнуў стары.— Вы... вы не перабольшваеце?
    — Калі б так! На маіх вачах сьціпласьць аднаго цудоўнага чалавека абярнулася, можна сказаць, у злачынства перад чалавецтвам. Прабачце... Каб вы мяне правільна зразумелі, давядзецца расказаць падрабязна.
    — Так, так, адпаведна, у галаве, ведаеце, неяк не ўкладваецца...
    — Разумею, гэтаксама калісьці думаў. Памыліўся! Слухайце: перасадка ўнутраных органаў да гэтай пары невырашальная, увогуле, праблема, і ніхто не скажа, калі яна будзе вырашана канчаткова. А яна, між іншым, ужо была — і бліскуча! — вырашана больш дзесяці гадоў назад!
    — Не можа быць! — вырвалася ў мяне. Я, біёляг, не мог стрымаць свайго недаверу.
    — Ах, не можа...— нават у прыцемку вочы Пятра Мікалаевіча бліснулі іроніяй. — Удвайне сумна, што гэта гаворыце вы. Не толькі як біёляг. Вы па нацыянальнасьці, здаецца, якут?
    — Якут. А што?
    — Нічога. Імя Томата Іванавіча Даўгунова вам што-небудзь гаворыць?
    — Не...
    — А ён мог бы стаць гонарам нашага народа, усяго чалавецтва. Не стаў, з-за сьціпласьці не стаў. Паслухайце! У чым галоўная, нават адзіная невырашальнасьць праблемы перасадкі ўнутраных органаў? У тканкавай несумяшчальнасьці. Перасадзіць можна хоць ад бабы-ягі лесуну, справа тэхнікі; арганізм, дурань, не прымае, фактычна трэба зламаць, заглушыць імунную сыстэму засьцярогі; гэта ўдаецца, але самі ведаеце, якою цаною. Не, не падумайце, я не мэдык, не фізіёляг, наогул не вучоны — будаўнік я. Проста... Вось пра што і гаворка.
    Ён змоўк на імгненьне. Сьвятло ліхтароў нейкага паўстанка прабеглася па яго твары рухам ценяў, нібыта павялічыўшы яго, акрэсьліўшы змрочнасьць выгляду.
    — Печань у мяне забалела гадоў у дваццаць. Але ведаеце, як гэта бывае ў маладосьці: каб мяне — ды аніколі! Шмат хто ў юнацтве жыве з адчуваньнем асабістага амаль ці не бясьсьмерця. Гэта значыць абстрактна ўсьведамляеш, што і цябе не праміне, але гэта настолькі далёка, што нават непраўдападобна. Адным словам, да доктара я не пайшоў, інстытут скончыў — і пачало мяне па будоўлях насіць! Клопату было шмат, ну пабаліць ды перастане, здаровы ж мужчына... Нарэшце дапякло. Так дапякло, што я ўжо быў гатовы маліцца на белы халат. Ну мясцовая бальніца, абсьледаваньні там, лекі, аднак заўважаю я па выразу твараў маіх анёлаў-выратавальнікаў, што, відаць, дарэмныя мае надзеі на сілу маладосьці, а заадно і на ўсемагутнасьць мэдыцыны. Папраўкай і не пахне, хоць і прафэсара аднекуль запрашалі, і ўвесь іншы арсэнал запушчаны ў ход. Карацей, давялося свайго доктара выклікаць на шчырасьць. Душэўны быў чалавек і сьмелы, з тых дактароў-вайскоўцаў, якія прывыклі не хавацца за чужыя сьпіны, а дзейнічаць рашуча і ў адпаведнасьці з абставінамі.
    Так... Сказаў ён мне, як на духу акрэсьліў пэрспэктыву. Чорт, нават цяпер страшна ўспамінаць! Але шчырасьць яго была не без намеру, таму што надзею меў. Так, маўляў, і так: пакоціцца ўсё звычайным шляхам, ну і... Мэдыцына, як кажуць, бясьсільная, раней бы спахапіліся на тваю хваробу — выратавалі б, а цяпер... Але ёсьць мосьцік, ёсьць. Ніхто па ім яшчэ не хадзіў, толькі мост ужо пабудаваны, чакае пэўным чынам сьмельчака. На жывёлах усе досьледы праведзены, посьпех стопрацэнтны, цяпер добраахвотнік патрэбен. Рызыкі, варта сказаць, хапае. Праўда, упэўнены, яе крыху менш, чым у Барнарда, таго самага, што першы якраз у тыя гады сэрца перасадзіў. Але гэта, кажуць, мая ўпэўненасьць і Томата Іванавіча.
    “Гэта што яшчэ за сьвяціла?” — пытаюся. Грубавата пытаюся, самі разумееце, якія ў мяне думкі. “Не сьвяціла, — адказвае. — Хірург нашай бальніцы. Толькі справа не ў тым, дзе ён працуе і якія ў яго тытулы, — вялікі Кох, дый не ён адзін, спачатку яшчэ далей ад навукі быў. Сутнасьць у тым, якая ў чалавека галава і якія рукі. Томат Іванавіч з якутаў, ажаніўся з рускай, тут, на яе радзіме, і асеў і апэрыруе так, што калі б не яго сьціпласьць, то даўно быў бы ў Маскве, можа, ужо і прафэсарам стаў бы, галава ў яго сьветлая, такіх пашукаць. А не стаў ён прафэсарам, я ўпэўнены, таму, што дасьледаваньні, якімі займаўся, ні ў які навуковы профіль не ўпісваюцца. Недысэртабельныя яны”. — “Ну а канкрэтней?” — “Канкрэтней. Вас можа выратаваць толькі перасадка печані, чаго, увогуле, нідзе ў сьвеце не робяць, а калі і робяць, то... (Тут ён мяне наконт імуннай несумяшчальнасьці і прасьвяціў.) А Томат Іванавіч даўно выношваў ідэю, што пры ўсёй бясконцай разнастайнасьці фізіялягічных індывідуальнасьцей павінен жа і ў гэтай бясконцасьці быць нейкі парадак, адзіны, ці што, закон. Падзяляецца ж на групы кроў! Пакуль гэтага не ведалі, за адной удачай ішлі дзесяткі няўдач. А цяпер усё на сто працэнтаў. Сьмелы ў Томата Іванавіча ход думкі, але гісторыя навукі яго пацьвярджае. Скрозь ёсьць заканамернасьць груповак: і ў атамах, і ў расьлінах, і ў зорках, і ў элемэнтарных часьціцах яе з часам знойдуць. Чаму імунная сыстэма абавязкова павінна быць выключэньнем? Томат Іванавіч вылучыў сем груп ці тыпаў цел і цяпер гатовы ўжо на самыя складаныя апэрацыі”.
    “Чаму сем, а, скажам, не семнаццаць?” — пытаньне маё прагучала даволі недарэчна, але мне, разумееце, было неяк не да лёгікі, хацелася высьветліць сваю пэрспэктыву.
    Доктар разьвёў рукамі...
    “Гэтага і Томат Іванавіч не ведае, хоць і захапляўся прыхаванаю гармоніяй прыроды: вясёлка з сямі колераў, музыка з сямі нотаў, арганізмы дзеляцца на сем груп — ці выпадкова гэта? Але справа не ў лічбе. Томат Іванавіч адшукаў спосаб распазнаньня “груп сумяшчальнасьці”. Ён упэўнены, што з завяршэньнем яго работы перасадка ўнутраных органаў стане справай такой самай надзейнай, як і пераліваньне крыві. І, ведаеце, я яму веру, інакш не прапаноўваў бы вам у яго апэрыравацца. Зрэшты, падумайце да раніцы...”
    Якая ў мяне была ноч, памаўчу. Раніцай даў згоду. А што заставалася рабіць? Тут хоць нейкая пэрспэктыва, а калі адмовіцца — ніякай, гэта я ўжо і без мэдыцыны адчуваў.
    Пад вечар мой доктар прыйшоў з незнаёмым урачом. Так, зьнешне нічога асаблівага: невысокага росту, сярэдніх гадоў, стрыманы, вочы вузкія, карыя, разумныя, трымаецца ціха, словам, з тых інтэлігентаў, якія і кошку на “вы” называюць...
    “Хвалюецеся? Няварта, вы для нас як першы касманаўт, пабачыце, усё будзе добра...”
    Размаўляў ён мякка, з ледзь прыкметным, даволі прыемным акцэнтам, і была ў яго словах такая ўпэўненасьць, што і ў мяне на душы адразу палягчэла. Давер ён выклікаў, не магу сказаць чым, але ў адказ на яго ўсьмешку і я таксама ўсьміхаўся. Бывае ж такое: сустрэнеш каго-небудзь і з першых яго слоў зразумела — цудоўны чалавек, добры, надзейны. I нават дзіўныя яго потым маніпуляцыі ані не пахіснулі маю веру. Бо што ён зрабіў? Дастаў з партфэля шкляны, шчыльна закаркаваны сасуд, пінцэтам выняў адтуль лапік марлі, пацёр ім маю пятку, паклаў назад і зноў шчыльна заткнуў коркам. Усё! Загаварыў да майго доктара: “Што ж, будзем шукаць...” Той кіўнуў.
    Пайшлі абодва. Ну, думаю, гэта толькі пачатак, галоўныя аналізы і абсьледаваньні наперадзе. Ідзе час — аніякіх аналізаў ці яшчэ якіх там прыгатаваньняў! Што донара трэба чакаць, гэта я ведаю. Павінна з некім здарыцца няшчасьце, каб я новую печань атрымаў, такая ўжо тут агідная ўмова, што толькі нечая пагібель можа мне аказацца выратаваньнем. Так... Кажуць, зьбіраюцца дзеля гэтага малпаў разводзіць, усё ж такі лепш, хоць таксама... Зрэшты, я не пра тое... Ведаю, што трэба чакаць, але дзе ж падрыхтоўка, аналізы і ўсё астатняе? Ды Томат Іванавіч не паказваецца. Няўжо адмовіўся?!
    Доктар як мог мяне супакоіў: “Аналізы, кажаце? Яны ўсе ўжо зроблены. Памятаеце, той раз Томат Іванавіч марляй пацёр вам пятку? Больш яму нічога не трэба. Чакайце”.
    Дзіва! Але ведаеце, ад гэтага дзіва мне, дарэчы, стала лягчэй. Не, што ні кажыце, а ў доктара і абаяльнасьць павінна быць, і нейкая таямнічасьць, загадкавасьць. Крыху ён павінен выглядаць цудатворцам, вось што скажу.
    Аднак я не пра тое... Аднойчы раніцай па мяне нарэшце прыйшлі. Адразу ў апэрацыйны пакой. Томат Іванавіч кіўнуў мне, як даўняму знаёмаму, зноў праманіпуляваў з марляй, толькі на гэты раз пацёр пад пахамі і на жываце, дзе печань. Выйшаў, але хутка вярнуўся.
    — Так, усё адпавядае. Пачынаем.
    Зрабілі апэрацыю. Ніякага потым заглушэньня імунітэту, ніякіх асаблівых лекаў, а печань прыжылася як міленькая. З тае пары вось ужо больш за дзесяць гадоў прайшло — ані-ні, нават думаць пра яе перастаў. Каму-небудзь з вас такі выпадак вядомы?
    Хоць пытаньне, здавалася, было адрасавана ўсім, на мяне зірнуў Пётр Мікалаевіч.
    — Ну, — сказаў я. — Ёсьць зьвесткі, што ва ўсім сьвеце на сёньняшні дзень перасаджана больш за трыццаць тысяч нырак, каля двухсот дваццаці сэрцаў і ста васьмідзесяці печаней. Праўда, пасьля перасадкі сэрца — і то, калі ўсё прайшло пасьпяхова, — чалавек жыве чатыры-пяць гадоў, печані — чатыры, з ныркамі лепш — да дзесяці гадоў дацягваюць.
    — І гэта пры ўсіх хітрыках мэдыцыны перад апэрацыяй і, галоўнае, пасьля! А ў мяне...
— Але адзінкавы выпадак яшчэ ні пра што не свед-чыць. I яго абставіны... як бы вам сказаць...
    — Ды кажыце ўжо проста — сумніцельныя! Не-е, шаноўны скептык, усё не так. Я ў Томата Іванавіча быў першы, але не апошні. І ўсе цудоўна сябе адчуваюць ужо больш за дзесяць гадоў! Што вы на гэта скажаце?
    — Але калі гэта сапраўды адкрыцьцё, — я расхваляваўся, — то мы пра яго даўно б ведалі! Аднак нават у мэдыцынскім асяродку...
    — Пачакайце! Я нездарма гаварыў пра сьціпласьць, як пра злачынства. Слухайце, што было далей. Пакуль я папраўляўся, можна сказаць, пасябраваў з Томатам Іванавічам. Што я на яго як на бога глядзеў, гэта само па сабе, але ведаеце, акрамя фізычнага, так бы сказаць, падабенства ёсьць і духоўнае. Мабыць, тут людзі таксама падзяляюцца на групы, напэўна, падзяляюцца. Томат Іванавіч... Цудоўны чалавек. Сказаць, што ён быў разумны, таленавіты, нават геніяльны, значыць нічога не сказаць. Хто такі разумны чалавек, у якім сэнсе разумны? Іншы геній у простых жыцьцёвых справах такі, выбачайце, дурань, што любы хітрун яго вакол пальца абвядзе; хто не верыць, хай біяграфіі вялікіх больш пачытае. Не, Томат Іванавіч прасьцяком не быў. Але сэрца ў яго было неабароненае, ці што. Нібыта само ўвасабленьне спакою, а крыху прыгледзісься... Так, мы, яго пацыенты, гэтую ранімасьць Томата Іванавіча нутром адчувалі, і нават подлыя па сваёй натуры і тыя імкнуліся яго не крыўдзіць, утойвалі ад яго свае дробязі. Розум і душэўнасьць, яны, ведаеце, сьвецяцца, да іх нават нядобры чалавек цягнецца, яму адагрэцца хочацца. Дабаўце да гэтага сьціпласьць. Ранімасьць стала бядою самога Томата Іванавіча, сьціпласьць — для навукі, для мэдыцыны, для ўсіх, каго мог бы выратаваць яго мэтад...
    — Ды ў чым жа мэтад? — не вытрымаў я.— І пры чым тут сьціпласьць?
    — А што ж, па-вашаму, адкрыцьцё можна аддзяліць ад асобы вучонага? Ці так? Пра адкрыцьцё і мэтад мне, як і іншым, вядома няшмат. Пэўна, Томат Іванавіч адрозьніваў роднасьць арганізмаў па паху...
    — Па паху? — Я нават ахнуў. — Прабачце, але гэта не зусім праўдападобна. Нос — ніякі не інструмэнт, а сучасныя дэтэктары і аналізатары пахаў, за рэдкім выключэньнем, такая недасканалая нікчэмнасьць... Увогуле гэта адна з самых цьмяных галін навукі. І распазнаваньне імуннай роднасьці па паху... Не, гэта фантастыка.
    — І-і, малады чалавек! — падаў голас дзядок, які ўвесь час маўчаў.— Я, наадварот, скажу, што фантастыка цяпер і ёсьць рэальнасьць. Для вас, не буду гаварыць ужо пра банальны тэлевізар, нават касьмічныя палёты звычайныя. А я вось у вашых гадах, не кажучы ўжо пра палёты на іншыя плянэты, пра кішэнныя радыёпрыёмнікі толькі ў фантастычных раманах чытаў. Вось як! Новае, сапраўды новае, яно і павінна выглядаць неверагодным. Гэтаму і практыка гісторыі вучыць, і Пятру Мікалаевічу я чым далей, тым больш веру, хоць да гэтай пары ніяк не ўцямлю, пры чым тут сьціпласьць і чаму ён яе лічыць злачынствам?
    Я не знайшоў, чым бы мог запярэчыць. Водпаведзь дзядка мяне ўразіла. Самы малады з усіх, я стаў у іх вачах кансэрватарам! Праўда... Гэта ж трэба! Спэцыяліст называецца... Можа, якраз у гэтым і прычына? У тым, што я — малады спэцыяліст, яшчэ назапашанага толкам не засвоіў і трымаюся за яго, як за плот, каб незнарок не пасьлізнуцца?
    — Не, — прамармытаў я.— Дапусьціць усё можна. Толькі... Няма інструмэнта, які ж гэта мэтад?
    — А ў мяне ёсьць адна здагадка! — падсунуўся да мяне Пётр Мікалаевіч так, што пад грузам яго мажнога цела ў купэ штосьці зарыпела. — У Томата Іванавіча была сыбірская лайка, разумніца такая, без перабольшаньня, сапраўдны яго сябар. Басыргасам звалі. Між іншым, калі Томат Іванавіч выводзіў сабаку гуляць, відавочна, наперакор нават інструкцыям, браў яго з сабою ў палаты і кожны раз чамусьці завязваў яму нос марляю з ватаю. Мы дык жартавалі: “Басыргас ідзе, дзьверы зачыняйце, а то нос прастудзіць!” Ці не дзіўна — так берагчы нюх сабакі і ў дадатак парушаць правілы, якіх, трэба сказаць, ва ўсім астатнім Томат Іванавіч прытрымліваўся цьвёрда? Аднойчы я спытаўся ў яго пра гэта адкрыта. І ведаеце, што ён адказаў? “Белку і Стрэлку, якіх людзі раней за ўсіх у космас пасылалі, памятаеце? Заслуга Басыргасава большая”...
    — Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што сабака...
    — Вось, вось! Я спэцыяльна пачытаў сёе-тое з літаратуры. Насавыя клеткі ў чалавека могуць адрозьніваць пяць тысяч пахаў, а ў нямецкай аўчаркі — дзьвесьце дваццаць пяць тысяч! Розьніца... Па паху сьлядоў сабакі ловяць злачынцаў, вынюхваюць наркотыкі; нават радовішчы адшукваюць. Ці цяжка навучыць сабаку адрозьніваць спэктар пахаў, які характэрны людзям фізіялягічна аднатыпным? Тады зразумела, чаму Томат Іванавіч так старанна аберагаў Басыргасаў нос, чаму яго вадзіў у палаты, чаму не карыстаўся ніякай асабліваю апаратурай. Ды яшчэ адно становіцца зразумелым. Томат Іванавіч...
    Голас Пятра Мікалаевіча асекся. Нарэшце ён даў сабе рады і загаварыў абрывіста, але спакойна.
    — Томат Іванавіч загінуў так. Распараджэньне ў раёне выйшла — ліквідаваць усіх бадзяжных сабак. Можа, і патрэбная пастанова, шмат іх разьвялося, былі выпадкі шаленства. Але бадзяжных сабак палавіць няпроста. А плян, некаму ж справаздачы трэба. І адзін з такіх тыпаў, каму даручылі адлоў, застрэліў Басыргаса, хоць сабака быў з ашыйнікам, дый Томат Іванавіч стаяў паблізу, ён гэтаму тыпу яшчэ і крычаў... Застрэлілі. На вачах у Томата Іванавіча. Інфаркт. Не выратавалі. Пачакайце... Трагедыя яшчэ ў тым, што Томат Іванавіч ні слова пра свае дасягненьні не надрукаваў. Вось яна, сьціпласьць! Іншы на капейку зробіць, а трубіць на ўвесь сьвет. Ён жа... А, што казаць! “Рана, не пара яшчэ, пасьпеецца...” Пасьпелася. Засталіся ўдалыя апэрацыі, запісы чарнавыя, ды што з таго? Апэрацыі ў сусьветнай практыцы не новыя, сам падыход больш чым сумніцельны, трэба яшчэ паглядзець, як што атрымаецца... Запісы і зусім... Аддаленымі вынікамі апэрацый, зразумела, ніхто не пацікавіўся; той доктар, што мяне лячыў, таксама ў хуткім часе памёр, начальства ў бальніцы зьмянілася, так усё і канула. Дзіва што, глуш, пэрыфэрыя, хірург без ступені, занятак яго знахарствам аддае... З такой настырнасьці нам бы сьцены будаваць, трывалейшых не было б! Вось у што сьціпласьць ператварылася.
    Боль, які адчуваўся ў словах Пятра Мікалаевіча, перадаваўся нам. Гаварыць пасьля яго было цяжка, нядобра, але я ўсё ж пачаў:
    — Выбачайце за мой скепсіс, Пётр Мікалаевіч, вы прымусілі мяне паверыць... Толькі ў адным, здаецца, вы не маеце рацыі. Дарэмна вы Томата Іванавіча вінаваціце. Не ў сьціпласьці справа, працу ён пашкодзіць баяўся.
    — Чым жа гэта? Пабудаваў я дом — я яго і здаць павінен! Зрабіў чалавек адкрыцьцё — не будзь сьціплы — абнародуй, абвясьці сьвет. У тым вось і справа!
    — Што вы! Самі ж казалі, што за вылечанымі трэба прасачыць...
    — Не бачу розьніцы. Дом таксама нельга пакідаць без дагляду, і з ім можа што-небудзь здарыцца. Гэта абавязкаў “здаць — прыняць” не адмяняе, гэта ўжо другая фаза, а тут і першай не было. Не было!
     — Але дом жа адпаведна праекту будуецца! А адкрыцьцё — заўсёды навінка, часта яно штосьці і адмаўляе...
    — Ага! Вось і я пра тое самае. Быццам найлепшы спосаб з ім змагацца — гэта маўчаць. Няхай сабе з-за сьціпласьці.
    — Ды не мог жа Томат Іванавіч раней часу гаварыць, не мог! І гэта лепш за ўсе вашыя клятвы пераконвае, што ён быў сапраўдны вучоны. Бо тут што? Вялікі недавер ён тады выклікаў бы, мэтад жа вельмі... нестандартны. Маглі б пад гарачую руку апэрацыі і прыкрыць, вось што ён нарабіў бы дачасным сваім паведамленьнем. А людзей ратаваць трэба... Каб гаварыць, Томату Іванавічу неабходна была вялікая статыстыка. І не проста пасьпяховых апэрацый. Патрэбна было іх вынікі прасачыць на працягу пэўнага часу. Вось тады і супраць мэтаду было б цяжка пярэчыць. Так, шкада... Ці захаваліся хоць запісы Томата Іванавіча?
    — На жаль, нічога не ведаю. У хуткім часе накіравалі мяне далёка на будоўлю. А што... Вы каго-небудзь ведаеце, хто зможа, хто паверыць?..
    — Не ведаю... Але калі паспрабаваць, калі даць запісы майму ленінградзкаму выкладчыку, прафэсару Кержанцаву, то можа быць...
    — Толькі не ленінградзкаму, не маскоўскаму ці там харкаўскаму! — раптам падаў голас чацьвёрты папутнік, які дагэтуль маўчаў і якога за самапаглыблены выгляд мы празвалі між сабою “філёзафам”. — Дзіва будзе, калі вучоны з гараджан паверыць у мэтад Томата Іванавіча, таму што вы, баюся, выпусьцілі з-пад увагі адну вельмі важную акалічнасьць.
    “Філёзаф” высунуўся наперад, і якраз за акном прамільгнулі агні і высьвецілі яго худы з запалымі вачыма твар.
    — Акалічнасьць вось якая, — вымавіў ён, нібыта друкуючы кожнае слова. — Існуе пашыраная думка, што творцы ў навуцы ўзаемазамяняльныя. У тым сэнсе ўзаемазамяняльныя, што калі і не было б, скажам, Энштэйна, то тэорыю адноснасьці ўсё роўна б стварылі, можа, крыху раней ці пазьней, таму што навуковая ісьціна аб’ектыўная. Памылка. Не буду прыводзіць прыклад з тэлескопам, які мог быць вынайдзены яшчэ за тры стагодзьдзі да назіраньняў Галілея, не буду тлумачыць і таго, што славутыя досьледы самога Галілея з падзеньнем цел цалкам маглі ажыцьцявіць старажытныя грэкі. Усё гэта дэталі. Галоўнае добра выказаў адзін навуковец: “Магчымасьць назіраць залежыць ад таго, якой тэорыяй вы карыстаецеся”. Пункт погляду дасьледчыка залежыць, па-першае, ад часу, у якім жыве (грэкі праз шэраг сацыяльна-эканамічных прычын цураліся досьледаў, таму заканамерна, што давялося чакаць Галілея). Па-другое, гэты пункт погляду залежыць ад асобы самога дасьледчыка. Усё? Толькі што расказаная гісторыя пацьвярджае, што не, не ўсё. Ваш Томат Іванавіч зрабіў адкрыцьцё не толькі дзякуючы свайму таленту, але яшчэ і таму, што ён быў якутам.
    — Як? — сумеўся я.— Якое гэта мае значэньне?
    — Не здагадваецеся? Зрэшты, гэта мог зрабіць неабавязкова якут, з такім посьпехам гэта мог ажыцьцявіць таленавіты мансі, ненец, чукча. Пётра Мікалаевіч, што для вас ёсьць сабака?
    — Як што? Ну жывёліна, сябар чалавека...
    — Вось так ці прыкладна так адказаў бы любы жыхар горада, любы нашчадак спрадвечных земляробаў. Ну а вы, шаноўны,— ён загаварыў да мяне, — што вам, нашчадку многіх пакаленьняў паляўнічых, той самы сабака? Увогуле ўсё жывое? Не вам асабіста, а якуту, таму ж Томату Іванавічу, чалавеку пажылому, які, пэўна, цудоўна памятаў іншае, негарадзкое жыцьцё? Ну?
    — Ага, вось вы пра што... — сказаць, што я зьдзівіўся, азначала нічога не сказаць. — Паслухайце... няўжо?..
    — Я нічога не сьцьвярджаю дакладна, я толькі прапаную гіпотэзу. Лепшай вопраткі, чым прыдумалі эскімосы, у палярнікаў не было і няма. Пры ўсім размаху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Байдарка... Пералічваць можна доўга. Што, своеасаблівасьць народнага таленту — справа толькі мінулага? Не, таварышы, і будучыні таксама. Адзінства і адначасова нацыянальная асаблівасьць савецкай культуры. Як часта мы вымаўляем гэтыя словы, не задумваючыся над глыбінёй іх сэнсу, або зводзім усё да своеасаблівасьці архітэктуры, рамяства, песень, танцаў і да таго падобнага. Не, усё куды больш складана. Цяпер раскажыце, што такое вам, якуту, прырода, што вам жывёла і ўсё іншае.
    — Ну...— я сумеўся. А, было не было! — Наогул, так. Прыроду, жывёл і птушак мы ачалавечвалі, гэта нашае зусім нядаўняе мінулае... Што вы хочаце, прырода — гэта наш дом, дзе праходзіла і цяпер праходзіць большая частка жыцьця! Ці любім мы яе? Не тое слова... Яна і мы — гэта ўсё адно... Па нашых нядаўніх уяўленьнях, жывёлы радуюцца, гаруюць, думаюць, як чалавек, у іх свае клопаты і пацехі, ёсьць і пачуцьцё справядлівасьці. Яны могуць размаўляць з чалавекам, разумець яго настолькі, што, гаворачы, напрыклад, пра мядзьведзя, на яго нельга сварыцца — можа пачуць і адпомсьціць. Нельга без дай прычыны прычыняць боль жывёлам і птушкам. Дрэвы плачуць, калі ў лес уваходзіць няўмека з сякерай... Наадварот, яны радуюцца, калі бачаць майстра. І гэтак далей. Вядома, цяпер шмат што здаецца наіўным...
    — А шмат што ой як не пашкодзіла б пераняць усім у цяперашняй нашай экалягічнай сытуацыі...— уздыхнуў дзядок. — Так, цяпер і гісторыя Томата Іванавіча паўстае зусім іначай.
    Я з захапленьнем глядзеў на “філёзафа”, хоць амаль нічога не мог адрозьніць у цемры. Гэта ж трэба — скеміў тое, што павінен, абавязаны быў уцяміць я!
    — Што ж, — прамовіў той.— Мая гіпотэза, як бачыце, не зусім абсурдная. Гэта каму-небудзь сабака — “інструмэнт”, а ў Томата Іванавіча Басыргас быў ледзь не сааўтарам. Менавіта такі чалавек павінен быў апярэдзіць свой час, пайсьці на супрацоўніцтва з жывёлай, адважыцца на такі “ненавуковы” падыход, які, я ўпэўнены, калі-небудзь, калі мы зблізімся з прыродаю (інакш нам не жыць), стане звычайным. Так, Томат Іванавіч трохі іначай глядзеў на сьвет, чым усе мы. Гэтым ён абавязаны сваім продкам, сваёй культуры, якая ў ім зьнітавалася з сучаснай, увабраўшы ўсё лепшае з абедзьвюх. Перад ім не стаялі тыя псыхалягічныя бар’еры, якія ў гэтай праблеме былі б амаль непазьбежныя і цяжкавыканальныя. Але канчатковы вынік, на жаль, сумны. Нехта, вядома, паўторыць адкрыцьцё Томата Іванавіча, але зьдзейсьніць гэта з большым спазьненьнем, таму што навука рухаецца інструмэнтальным, у дадзеным выпадку доўгім шляхам. Тысячы і тысячы памруць заўчасна, калі толькі...
    — Што? — выдыхнуў Пётр Мікалаевіч, які разам з намі заварожана сачыў за нязвыклым ходам думкі “філёзафа”.
    — Справа паскорыцца,— апусьціў руку на маё плячо, — калі па сьлядах Томата Іванавіча пойдзе ён. Ці хто-небудзь накшталт яго. Знайдзіце, Кэскіл, свайго Басыргаса, вярніце нам страчанае, хворыя не павінны чакаць.
    Я здрыгануўся ад нечаканасьці. Але тут жа паабяцаў зьдзейсьніць усё. Ці мог я зрабіць іначай? З таго часу на мне ляжыць гэтая адказнасьць. Ці падзеліць яе хто-небудзь са мною?
    Пераклаў Рычард Саматыя.
    /Выкраданне Чарадзея. Сучаснае фантастычнае апавяданне. Мінск. 1994. С. 328-338./

                                                                       ДАВЕДКА


    Гаўрыла Сьпірыдонавіч Угараў [Гавриил Спиридонович Угаров] нар. 21 сьнежня 1940 г. у с. Сургулук Верхневілюйскага раёна Якуцкай АССР у сям’і калгасьніка.
    Пасьля заканьчэньня сярэдняй школы працаваў вызваленым сакратаром камітэта камсамола ўзбуйненага Сургулуцкага калгасу “Праўда”, а затым быў абраны сакратаром выканкама Сургулуцкага сельсавета. Прапрацаваўшы на гэтай пасадзе 3 гады, паступіў на біялягічнае аддзяленьне біёляга-геаграфічнага факультэта Якуцкага дзяржаўнага унівэрсытэта, затым у асьпірантуру Якуцкага філіялу Сыбірскай АН СССР.
    У 1972 г. абараняе кандыдацкую дысэртацыю на Навуковай радзе Казанскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта і паступае на працу ў Інстытут біялёгіі Якуцкага філіялу Сыбірскай АН СССР малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1975 г. абіраецца на пасаду старэйшага выкладчыка катэдры батанікі Якуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. У 1986 г. абіраецца загадчыкам катэдрай батанікі і на гэтай пасадзе працуе да 1997 г. Ад 1996 г. прафэсар катэдры батанікі, а таксама акадэмік Акадэміі Паўночнага форума. У 1997 году ў г. Маскве на Навуковай радзе ТСГА абараняе доктарскую дысэртацыю на тэму “Асаблівасьці фізіялягічных працэсаў у расьлін пры нізкіх дадатных тэмпэратурах у сувязі са зьменамі стану вады”. Стварыў тэорыю біялягічнага нулю і на яе аснове распрацаваў новую біялягічную тэмпэратурную шкалу, якая завецца шкалой Угарова, разьвівае новы кірунак у крыябіялёгіі, якое названа ім пракрыябіялёгіяй.
    У 1977 г. арганізаваў экспэдыцыю маладых навукоўцаў Якутыі і студэнтаў ЯГУ “Канцавосьсе холаду – 77”, прысьвечаную 50-годдзю экспэдыцыі акадэміка Вобручава ў Аймяконьне.
    У 1995 г. стварыў фонд свайго імя – “Фонд Г. С. Угарова па прафіляктыцы п’янства і алькагалізму сярод моладзі Рэспублікі Саха (Якутыя)”.
    Быў ініцыятарам, аўтарам і рэдактарам “Руска-якуцкага слоўніка біялягічных тэрмінаў”. Зьяўляўся чальцом тэрміналягічнай камісіі пры Ўрадзе РС (Я).
    Адзін з арганізатараў Асацыяцыі “Літаратар Якутыі”. Зьяўляецца ініцыятарам стварэньня першага ў гісторыі Якутыі Літаратурнага фонду і зьяўляецца яго дырэктарам. Літфонд Рэспублікі Саха (Якутыя) прыняты ў склад Міжнароднага літфонда на роўных правах, нароўні з літфондамі Расійскай Фэдэрацыі, Татарстана, Башкартастана, Малдовы, Украіны, Беларусі, Узбэкістана і іншых краін СНД і карыстаецца яго паслугамі.
    Сябра СП СССР, чалец СП PC (Я) з 1991 г., чалец СЖ Расіі з 1999 г. Быў чальцом Рады па прыгодніцкай і навукова-фантастычнай літаратуры Упраўленьня СП РСФСР. Друкуецца з 1976 г.. Некалькі апавяданьняў перакладзены на беларускую, літоўскую і казахскую мовы.
    Выдатнік народнай адукацыі Расійскай Фэдэрацыі. Узнагароджаны Ганаровай граматай і ганаровым знакам ЦК ВЛКСМ, ганаровым Залатым знакам г. Якуцка, ганаровым знакам “Настаўнік настаўнікаў”, Заслужаны работнік культуры РС (Я).
    Літаратура.
    Баhырҕас. Научно-фантастическай кэпсээн. // Хотугу сулус. № 1. Якутскай. 1978. С. 70-85.
    Долбор сулуhа. Научно-фантастическай сэhэн. // Хотугу сулус. № 10. Якутскай. 1978. С. 54-85.
    Сир биhилэҕэ. Научно-фантастическай кэпсээн. // Хотугу сулус. № 1. Якутскай. 1980. С. 47-56.
    Вернуть открытие. Научно-фантастический рассказ. Авторизованный перевод с якутского Д. Биленкина //Полярная звезда. № 5. Якутск. 1980. С. 77-84.
    Вернуть открытие. Научно-фантастический рассказ. Перевод с якутского // НФ-24. Альманах научной фантастики. Вып. 24. Москва. 1981. С. 144-153.
    Звезда Долбора. Научно-фантастическая повесть. Перевод с якутского В. Колупаева. // Полярная звезда. №4. Якутск. 1985. С. 56-72.
    Кольцо земное. Перевод с якутского А. Ярушкина. // Румбы фантастики. Новосибирск. 1988. С. 253-259.
    Ель. Перевод с якутского А. Ярушкина. // Помочь можно живым. Сборник фантастики. Москва. 1990. С. 334-339.


     Рычард Іванавіч Саматыя, старшы выкладчык катэдры беларускай філялёгіі і сусьветнай літаратуры Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэта культуры і мастацтваў, асьпірант Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэта
    Нільзя Сабарайкіна,
    Койданава.