среда, 12 ноября 2014 г.

Валеры Грышановіч. На галоўнай вуліцы Сыбіры. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                               НА  ГАЛОЎНАЙ  ВУЛІЦЫ  СЫБІРЫ
                                                          З блякноту журналіста
                                                                     Вялікім працоўным подзьвігам нашага народа
                                                                      стане будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі.
                                                                                                              Л. І. БРЭЖНЕЎ




                                                                ГІМН  ВЫШЫНІ
    Хуткасьці нашага веку ўзрасьлі да такой ступені, што мы іх звычайна не адчуваем. Ды і як можна адчуць хуткасьць, скажам, на вышыні некалькіх тысяч мэтраў, седзячы ў сучасным лайнэры? Але ёсьць адна заканамернасьць: менавіта дзякуючы хуткасьці адчуваеш вышыню. Адарваўшыся ад “грэшнай зямлі”, вы адчуВаеце сябе гаспадаром не толькі яе, а і Сусьвету. І пачынаеце задумвацца над тым, ці надоўга хопіць рашучасьці вымяраць сваё ўласнае жыцьцё і жыцьцё іншых высокім небам чалавечай мары...
    Такія думкі нарадзіліся ў час пералёту ад заходніх да ўсходніх межаў нашай Радзімы, над стэпамі Паволжа і Уральскімі гарамі, над сівым Байкалам і спрадвечнай тайгой, у час палёту на БАМ — галоўную вуліцу Сыбіры, туды, дзе праз лясы і сопкі нашы равесьнікі кладуць дарогу без малога на тры тысячы дзьвесьце кілямэтраў для таго, каб зьяднаць паясы часу і абагнаць яго, каб стварыць пляцдарм для будучага асваеньня незьлічоных багацьцяў Сыбіры.
    Бамаўскія паязды вагой да дзевяці тысяч тон пойдуць з хуткасьцю 100-120 км у гадзіну.
    БАМ — шчасьлівая магчымасьць заглянуць у будучы век. І сярэдні ўзрост бамаўцаў — 23 гады! Наколькі велічныя пэрспэктывы, настолькі і вялікая адказнасьць. Зазоры на стыках рэек дапускаюцца толькі ў межах чатырох мілімэтраў. І гэта ў той час, калі пад насыпам — вечная мерзлата...
    Нам пашанцавала. Наша прапагандысцка-мастацкая група, сфарміраваная ЦК ЛКСМБ, двойчы пабывала на Цэнтральным участку БАМа, які зьяўляецца сёньня выпрабавальным палігонам для ўсёй магістралі, бо першыя паязды па ветцы Бам — Тында — Беркакіт пойдуць ужо ў наступным годзе. Па гэтай дарозе яны ўпершыню ўварвуцца ў паўднёвую Якуцію, край лесатундры і казачных падземных багацьцяў, якія будуць пастаўлены на службу чалавеку.
    Нам пашанцавала сустрэцца з сапраўднымі героямі, людзьмі, што адчуваюць вышыню часу і варты яе.
                                                          У  СТАЛІЦЫ  БАМа
     Раніцой агітпоезд прыбыў у Тынду.
    Не ўсе з нас ведалі, што мы ехалі па адноўленай дарозе, якая была ўзьведзена яшчэ ў трыццатыя гады, рэйкі якой у вайну былі разабраны і саслужылі сваю баявую службу ў цяжкія дні Сталінградзкай бітвы. Праз трыццаць гадоў дарога нарадзілася ў другі раз, каб адкрыць шлях на поўнач, захад і ўсход Сыбіры. 2 мая 1975 года, на пяць месяцаў раней устаноўленага тэрміну, у Тындзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё рабочага руху паяздоў.
    Тындзе, геаграфічнаму цэнтру Байкала-Амурскай магістралі, належыць вялікая будучыня. А пакуль што адразу з пэрону чыгуначнай станцыі паўстала перад намі будоўля. На сопкі наступалі пад’ёмныя краны і экскаватары...
    Наш першы прыезд у сталіцу БАМа супаў з дзьвюма падзеямі: Днём савецкай моладзі і прыездам вялікай групы замежных журналістаў. На гарадзкім стадыёне мы сталі сьведкамі і ўдзельнікамі мітынгу салідарнасьці з працоўнай моладзьдзю сьвету. У кузаве грузавіка знаходзілася імправізаваная трыбуна. У руках бамаўцаў вецер калыхаў сьцягі і транспаранты. “Няхай жыве дзень без стрэлу на зямлі!” — палымнеў над усімі лёзунг. Ва ўрачыстай цішыні гулам разносіліся словы клятвы: “На будаўнічай пляцоўцы і ля станка, на кожным рабочым месцы, сваёй працай мы будзем мацаваць магутнасьць нашай сацыялістычнай дзяржавы, ствараючы тым самым моцны аплот міру і прагрэсу. Будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі — наш канкрэтны ўклад у справу міру”.
    Схаваўшыся пад парасон ад праліўнога летняга дажджу, зьдзіўлены карэспандэнт заходнегерманскага часопіса “Шпігель” прамовіў. “Бадай, мне няма чаго езьдзіць на трасу — сам дух будоўлі тут сканцэнтраваны”.
    Пасьля мітынгу сьвята было перанесена ў Палац культуры “Юнацтва”, дзе наша канцэртная брыгада трымала сваю першую творчую справаздачу перад сотнямі маладых будаўнікоў.
    Нашай візытнай карткай на БАМе была песьня А. Пахмутавай “Белоруссия”.
    Амаль на ўсіх канцэртах я бачыў, які сьветлы сум выпраменьвалі твары бамаўцаў, калі па зале або на адкрытай пляцоўцы разносілася: “Белый аист летит, над белесым Полесьем летит...” Прызнаюся, я нідзе не бачыў такога ўважлівага і шчырага гледача і слухача, як на БАМе. Якой радасьцю сьвяціліся вочы, якая бура эмоцый, колькі цеплыні і сардэчнасьці было ў іх! Трэба было бачыць і чуць, як маладыя бамаўцы не аднойчы настойліва патрабавалі: “Скрыпку, скрыпку!..”
    Тады ў сталіцы БАМа пасьля канцэрта да нас падышоў “мэр” Тынды Сяргей Анатольевіч Пякарскі, выказаў удзячнасьць, і асабліва за песьню аб родным горадзе — Мінску. Пазьней з Сяргеем Анатольевічам сустракаліся двойчы ў агітпоездзе і ў час другой паездкі на БАМ на станыі Беленькая, куды ён прыяжджаў па неадкладных службовых справах. Спраў у старшыні Тындзенскага гарвыканкаму шмат...
    За невялікі адрэзак часу сярод тайгі і сопак, ва ўмовах вечнай мерзлаты, вырасьлі тут пяці-дзевяціпавярховыя дамы з усімі выгодамі. І ў самым цэнтры Тынды з высотнага будынка ўдалечыню глядзіць з партрэта Уладзімір Ільіч Ленін...
                                                              КОРАНЬ  ЖЫЦЬЦЯ
    Бам, Муртыгіт, Беленькая, Аносаўскі, Магот, Нагорнае, 3алацінка. Беркакіт — станцыі і пасёлкі Цэнтральнага участка БАМа.
    Станцыя Бам. Гэта звонкае імя прысвоена ёй яшчэ ў 30-я гады. Цяпер станцыя перажывае новы ўздым. Вось-вось на поўнач, да якуцкага вугалю, пойдуць ад яе цягнікі. Тут ужо ўзьведзены новы будынак вакзала, гандлёвы цэнтар, шматпавярховыя жылыя дамы. Першага мая 1975 года адсюль у Тынду адправіўся рабочы цягнік, які вёў наш зямляк Фралоў. На жаль, я ведаю аб ім толькі тое, што паведамляе журналіст Леанід Шынкарэнка: «Сын франтавіка, сам захацеў у Сыбір, жыве на Беленькай у вагончыку, з сябрамі. Любіць кнігі пра мора і не губляе надзеі трапіць на флёт».
    Напэўна, машыніста Фралова ў першы адказны і ганаровы рэйс праводзіў начальнік станцыі Бам, другі наш зямляк Анатоль Дзямідавіч Тарасевіч — чалавек рэдкага лёсу: калі Толю было 12 гадоў, фашысты расстралялі яго бацьку і маці. Ён пайшоў у атрад народных мсьціўцаў, і ў 16 гадоў на яго грудзях ужо зьзяла дзевяць баявых узнагарод!.. Пасьля вайны Анатоль Дзямідавіч аднаўляў родную зямлю, узводзіў гарады і пасёлкі, будаваў чыгунку на Мангышлаку і Алтаі, у Сыбіры. Дзе б ні працаваў — на цёплым поўдні або на суровай поўначы,— нязьменна саджаў дрэвы і кветкі. Ці не ў памяць аб сваіх бацьках, аб тых аднагодках і старэйшых таварышах, якія ўжо не прыйдуць ніколі. На адной толькі станцыі Карасук яго рукамі пасаджана 500 маладых дрэў.
    «Я ж таксама ў нейкай ступені чыгуначнік”, — жартаваў Герой Савецкага Саюза Рыгор Аркадзьевіч Такуеў, на ваенным рахунку якога не адзін узарваны варожы эшалён, “Нас ніхто не вучыў ваяваць”,— сказаў, выступаючы напярэдадні сьвята 9 Мая на станцыі Беленькая, былы сакратар Мінскага падпольнага абкома камсамола Яўген Мікалаевіч Канаплін. І працягваў: «Мы ведаем, што такое будаваць, — з руін і попелу ўзнялі мы сваю рэспубліку і ўсё пабудавалі наноў. Таму нам блізкі ваш гераізм. Вы будуеце, вы ствараеце. Што можа быць яшчэ больш радасным? Што мы, бацькі, пакідаем у спадчыну? Перш за ўсё краіну і надзею, што яна будзе апорай міру...”
    9 Мая мы сустрэлі ў Магоце. Гэты па-таёжнаму прыгожы пасёлак ляжыць на шляху да Якуціі. Траса Тында—Беркакіт складае 222 кілямэтры і амаль на 40 кілямэтраў даўжэйшая за трасу Бам—Тында. Да таго ж намнога больш складаная з-за грунту і рэльефу. На шляху будаўнікоў — Станавы хрыбет, рэчкі Тында, Магот, Гілюй.
    Знаходжу ў мінулагоднім блякноце кароткі запіс: “6 чэрвеня. Сабаліная сопка. Пуцеўкладка. 228-ы кілямэтар. Брыгада Новіка Ул. Г. Зорын Міхась, баец першага беларускага атрада, токар завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі...”
    Сапраўднай тайгой, праз рачулкі і перавалы, па сьвежапракладзенай дарозе прабіваліся мы да брыгады Новіка, пакуль не ўбачылі пуцеўкладчык, які здымаў з масіўнай плятформы сабраныя ў зьвеньні рэйкі і асьцярожна клаў на ўтрамбаванае палатно. Будаўнікі прапанавалі тады Р. А. Такуеву забіць сымбалічны кастыль...
    Ужо тады ўразіла рабочая згуртаванасьць, уменьне трымацца адзін за аднаго. “Тут, у тайзе, інакш нельга”, — сказаў брыгадзір. Нядаўна з паведамленьня ў газэтах я даведаўся, што Уладзімер Новік, першы з добраахвотнікаў БАМа, удастоены званьня Героя Сацыялістычнай Працы. А Міхасю Зорыну ўжо тады было нададзена званьне ляўрэата прэміі Ленінскага камсамола.
    На гэты раз да пасёлка Магот, дзе жыве сям’я Новіка, мы прыехалі па чыгунцы. Яе прабілі раней намечанага тэрміну таварышы Уладзімера і Міхася. А калі ў той вечар, 9 мая, заля разам з вакальна-інструмэнтальным ансамблем “Спадчына” стоячы сьпявала “Дзень Перамогі”, думаю , не я адзін адчуў, — у нашае перамогі ёсьць выдатны працяг. У памяць пра мінскага падпольшчыка Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышку першы беларускі атрад, які высадзіўся на таежнай якуцкай зямлі, носіць яго імя. А Герой Савецкага Саюза якут Фёдар Папоў, які загінуў на беларускай зямлі, уключаны ў склад адной з камсамольска-маладзёжных брыгад гэтага атрада. Партрэты абодвух герояў — у цэнтры пасёлка Залаццінка... А якое было наша хваляваньне, калі тут, на Цэнтральным БАМе, у якуцкім пасёлку Нагорнае, сустрэлі мы сям’ю з забітай фашыстамі вёскі Красьніца, што на Магілёўшчыне! Ганна Свірыдаўна Шляева і яе муж Павел Фёдаравіч Захараў апошні раз бачылі сваю вёску 29 чэрвеня 1942 года. Усе пяць сыноў і тры дачкі Захаравых тут, на вялікай будоўлі Сыбіры. У хуткім часе сваімі вачыма ўбачаць магістраль, якая ўзводзіцца па тэхналёгіі XXI стагодзьдзя, дзевяць унукаў Ганны Сьвірыдаўны і Паўла Фёдаравіча...
    Дзеці БАМа. Колькі дарослай цікаўнасьці, засяроджанасьці і ўпэўненасьці на іх тварах.
    Пройдуць гады, дзеці вырастуць і зразумеюць, што БАМ — гэта толькі пачатак неабсяжных сыбірскіх дарог. Байкала-Амурская магістраль дасьць жыцьцё новым грандыёзным будоўлям, якія паклічуць іх, сёньняшніх дзяцей. Праца і подзьвігі бацькоў з пакаленьня камуністаў і камсамольцаў 70-х будуць напаўняць іх сэрцы гонарам. А пакуль што дзяўчынка на наша пытаньне, што такое БАМ, непасрэдна адказвае: “Гэта Залацінка!” Ала Таранава — дачка электразваршчыка з Мінска Валерыя Таранава. Гэты куток адваяваны самаадданай працай у суровай прыроды, сагрэты гарачым і неспакойным дыханьнем камсамольцаў-добраахвотнікаў Беларусі. «Былі мы ў Мінску, у адпачынку, — расказвала жонка Валерыя Таранава, — па праўдзе кажучы, пад канец адпачынку сэрца зашчымела па Залацінцы...”
    Падобных прызнаньняў я мог бы прывесьці многа. Я мог бы расказаць пра касманаўта Лебедзева, які кожны год прыяжджае на БАМ у складзе студэнцкага будаўнічага атрада, пра камісара Магілёўскага будаўнічага атрада, гісторыка па прафэсіі, які вырашыў рабіць гісторыю сваімі рукамі і паехаў на БАМ, пра дзяўчыну-вадзіцеля грузавога аўтамабіля, якая, прыехаўшы ў адпачынак, пайшла на хутар, дзе раней жыла, паглядзець на яго “новымі вачыма”...
    Людзі БАМа, як і будні БАМа, простыя і ў той жа час выдатныя. Як, між іншым, і павінна быць...
    Валеры Грышановіч
    Фота аўтара
    Цэнтральны ўчастак БАМа
    /Маладосць. № 8. Мінск. 1977. С. 131-135./

                                                                       ДАВЕДКА

     Валеры Мікалаевіч Грышановіч нарадзіўся 3 сакавіка 1947 г. у гарадзкім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна Мінскай вобласьці БССР (СССР), у сям’і служачых, якія потым пераехала ў Крупкі.
    У 1973 г. скончыў факультэт журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Працаваў у рэдакцыях крупскай раённай газэты “Ленінскім курсам”, клецкай раённай газэты “Да новых перамог”. У 1969 г. абраны сакратаром Крупскага райкама камсамолу, у 1972-1973 гг. працаваў у Мінскім абкоме камсамолу, завочна вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе. У 1973-1974 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1974-1977 гг. - інструктар, намесьнік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК ЛКСМ Беларусі, у 1977-1979 гг. - намесьнік рэдактара, рэдактар газэты “Знамя юности”, у 1979-1983 гг. - загадчык аддзела рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия”, у 1983-1987 гг. - інструктар сэктару газэт і часопісаў ЦК КПБ. Ад 1987 г. - дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Сябра СП СССР з 1990 г.
     Пад час г. зв. перабудовы Грышановіч страціўшы веру ў добрыя зьмены, пачаў моцна піць, страціў працу, сям’ю, жыў адзін, зрэдку езьдзіў у Крупкі да старэнькай маці.
    20 траўня 2007 гада Валеры Мікалаевіч Грышановіч памёр у Крупках. Пахавалі яго ў Халопенічах, якія ён назваў зыбкай свайго дзяцінства.
    Супрон Крупавес,
    Койданава.