вторник, 11 ноября 2014 г.

Арона Цэтлік. Бэрка Батурускі. Койданава. "Кальвіна". 2014.


    Бэрка [Борис] Саламонавіч Цэтлин [Цетлин, Цейтлин, Батурский, Батурский-Цетлин, Цетлин-Батурский] - нар. 1 студзеня 1879 г. у губэрнскім горадзе Віцебск Расійскай імпэрыі, у габрэйскай хасыдзкай мяшчанскай сем’і Саламона Аляксандравіча Цэтліна (1855-1925).
    Скончыў Віцебскую гімназію. Ад 1897 г. на прыродазнаўчым факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэта. Ад лета 1898 г. працаваў у Віцебскай арганізацыі БУНДа, мянушка “Короткий”. 29 ліпеня 1898 г. ён быў арыштаваны. Па дамове міністраў юстыцыі і ўнутраных спраў у 1900 г. справа спынена па недахопе доказаў. 30 жніўня 1900 г. быў ізноў арыштаваны ў Віцебску, як актыўны дзеяч арганізацыі БУНДа. 5 траўня 1901 г. выпушчаны пад нагляд паліцыі, а ў жніўні 1901 г. пераехаў у Крамянчуг і паступіў у рэдакцыю газэты “Южный Рабочий”. Быў адным з прадстаўнікоў на зьезьдзе с.-д. арганізацый поўдня ў студзені 1902 г., дзе быў абраны ў Цэнтральны камітэт новаўтворанага Зьвязу паўднёвых камітэтаў і арганізацый РСДРП. 16 лютага 1902 г. арыштаваны ў Лісаветградзе (пераехаў туды незадоўга да гэтага разам з рэдакцыяй газэты “Южный Рабочий”). Сядзеў у Адэскай, Кіеўскай і Ломжынскай турмах, а па найвысачэйшым загадзе 9 ліпеня 1903 г. быў высланы на 6 гадоў ва Ўсходнюю Сыбір.
    Дастаўлены ў Якуцкую вобласьць неўзабаве пасьля г. зв. “раманаўскай гісторыі” і падпісаў заяву салідарнасьці з “раманаўцамі”. Быў прызначаны ў с. Чурапчу Батурускага ўлусу, Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці [адсюль ягоны псэўданім-прозьвішча Батурский]. У 1904 г. арганізаваў разам з Ароном Гінзбургам ды М. Мешчараковым выданьне гектаграфаванага часопіса “Вестник Ссылки”.
    Вярнуўся ў Эўрапейскую Расею па кастрычніцкай амністыі 1905 г. і далучыўся да меншавікоў. Пасьля кароткачасовага знаходжаньня ў Віцебску накіраваўся для працы ў Кацярынаслаў, дзе ўваходзіў у камітэт партыі. Ад Кацярынаслаўскіх арганізацый удзельнічаў у Стакгольмскім зьезьдзе РСДРП (зьездаўскі псэўданім “Громов”). Ад лета 1906 г. пасяліўся ў Маскве, дзе, разам з партыйнай, удзельнічаў у прафэсійнай працы (у зьвязе друкароў і інш.). У 1907 г. другасна паступіў у Маскоўскі ўнівэрсытэт, на юрыдычны факультэт, які скончыў у 1911 г. У гады рэакцыі Бэрка зьяўляўся адным з найболей бачных прадстаўнікоў “ліквідатарства”, быў чальцом рэдакцый “Возрождение”, “Жизнь”, “Дело Жизни” (апошняга - ужо ў Пецярбургу, куды ён пераехаў разам з іншымі працаўнікамі часопіса), якія выдаваліся ліквідатарамі. Прымаў актыўны ўдзел у легальных газэтах меншавікоў у Пецярбургу: штотыднёвых “Живое Дело” і “Невский Голос” і штодзённай “Луч” (потым “Живая Жизнь”, “Новая Рабочая Газета” і г. д.). Разам з Манасзонам-Шварцам зьяўляўся галоўным адмыслоўцам меншавікоў па пытаньнях страхаваньня, арганізаваў і рэдагаваў часопіс “Страхование Рабочих”. Быўшы чальцом Арганізацыйнага камітэта “жнівеньскага блёка”, удзельнічаў, як адзін з яго дэлегатаў, у Брусэльскай “абвінаваўчай” канфэрэнцыі ў ліпені 1914 г.
    Напачатку ўсясьветнай вайны далучыўся да інтэрнацыяналісцкага крыла меншавікоў, але затым перайшоў да абаронцаў, у шэрагах якіх застаўся і пасьля лютаўскага перавароту. Быў чальцом выканкама Петраградзкай рады працоўных і салдацкіх дэпутатаў з першых дзён рэвалюцыі (ад партыі меншавікоў). Уваходзіў у рэдакцыю цэнтральнага органа меншавікоў “Рабочая Газета”, а таксама ў Цэнтральны камітэт (да зьезду ў жніўні 1917 г. - у Арганізацыйны камітэт меншавікоў). У кастрычніцка-лістападаўскія дні 1917 г. змагаўся ўсярэдзіне меншавіцкай партыі супраць усякіх спроб дамовы з бальшавікамі, у сувязі з чым разам з некаторымі іншымі чальцамі ЦК меншавікоў выйшаў з яго складу. Пазьней працаваў у Петраградзкім камітэце меншавікоў-абаронцаў і ў рэдакцыях абарончых выданьняў “Начало” і “Дело”.
    Да Кастрычніцкай рэвалюцыі паставіўся адмоўна, лічачы яе злачыннай авантурай. 1 лістапада з групай меншавікоў-абаронцаў заявіў пра сваё выйсьце з ЦК РСДРП у знак пратэсту супраць перамоў з бальшавікамі; пасьля спыненьня перамоў 10 лістапада вярнуўся ў ЦК. У канцы лістапада актыўна ўдзельнічаў у стварэньні клюбу меншавікоў-абаронцаў, “Рабочее знамя”; 25 лістапада увайшоў у яго кіраваньне. На Надзвычайным зьезьдзе РСДРП (лістапад - сьнежань) салідарызаваўся з пазыцыяй А. Патрэсава, які прызнаваў дапушчальным выкарыстаньне любых сродкаў дзеля зьвяржэньня “самадзяржаўя Смольнага”. Пасьля прыходу да кіраўніцтва ў РСДРП(о) левацэнтрысцкага крыла на чале з Ю. Мартавым і Ф. Даном перайшоў у апазыцыю да ЦК партыі, крытыкаваў яго за згодніцтва з бальшавікамі. Адзін з ініцыятараў антыбальшавіцкага руху за стварэньне “Сходаў упаўнаважаных фабрык і заводаў” (студзень - чэрвень 1918); неўзабаве, адышоў ад партыйнай працы ды вярнуўся ў Віцебск.    Арыштаваны ў 1920 г. у Віцебску, адпраўлены ў распараджэньне Асобага аддзела 14-й арміі. У тым жа году, седзячы ў арыштанцкім склепе, захварэў сыпным тыфам, знаходзіўся у турэмным шпіталі, які месцаваўся ў Віцебскай гімназіі, у зале якой на сцэне было высечанае ягонае прозьвішча, як выпускніка з залатым мэдалём. 3 сьнежня 1920 вызвалены па стане здароўя “на парукі”.
    Памёр 5 сьнежня 1920 г. у Віцебску. У дзень яго пахаваньня адбыліся стачка і дэманстрацыя працоўных.

    Меў жонку Флёру [Флору] Рыгораўну Герценберг. Партыйныя і літаратурныя псэўданімы: Г. Б., Г. Батурский, Г. Бат, Б-ский, Георгий, Громов, Г. Смолин.
    Ягоныя браты і сёстры:
    Леў Саламонавіч, 1877 г. н. - чалец РСДРП, узначальваў Маскоўскі камітэт партыі ў 1902 - 1903 гг., быў дэлегатам II З'езду РСДРП (пад псэўданімам Бялоў), пасьля зьезду - меншавік, пасьля 1906 г. ад рэвалюцыйнай дзейнасьці адышоў, займаўся рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасьцю.
     Эміль Саламонавіч, 1880 г. н. - чалец РСДРП, у савецкія часы - у ссылках. У 1937 г. расстраляны.
    Марыя Саламонаўна, 1885 г. н.
    Міхаіл Саламонавіч, 1887 г. н. - актыўны эсэр, чалец ЦК партыі, ад 1918 г. у лягерах і ссылках, у тым ліку ў Салавецкім лягеры СЛАП, у якім загінула ягоная жонка, сам ён быў расстраляны ў 1937 г.
    Сямён Саламонавіч, 1888 г. н. - меншавік, разам з братам Міхаілам быў у Салавецкім лягеры, затым у ссылцы, расстраляны ў 1938 г.
    Дар’я Саламонаўна, 1891 г. н. - меншавічка, была разам з мужам, бачным меншавіком М. І. Бабіным у Салавецкім лягеры, памерла ў ссылцы, муж яе быў расстраляны ў 1937 г..
    Рэвека Саламонаўна, 1892 г. н.
    Лізавета Саламонаўна, 1893 г. н.
    Любоў Саламонаўна, 1895 г. н. - меншавічка, у савецкі час з невялікімі перапынкамі знаходзілася ў ссылцы.
    Творы:
    Устав больничной кассы. Параллельный текст нормального и рабочего уставов с объяснениями. СПб. 1913. 42 с. (Сааўтар С. Шварц)
    Производственные совещания в промкооперации. Москва. 1931. 56 с.
    Літаратура:
    Ильящук Г. И., Миллер В. И. // Политические деятели России 1917. Биографический словарь. Москва. 1993. С. 29-30.
    Шишанов В.  Люди в гороховом. // Витебский проспект. №34. 24 августа 2006. С.3

    Арона Цэтлік,

    Койданава.