вторник, 4 ноября 2014 г.

Варвара Рукіна. Камісар Нагін. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Віктар Паўлавіч Нагін (Ногин) /псэўданімы: М. Новоселов, П. Яблочков, Макар./ - нар. 2 (14) лютага 1878 г. у месьце Масква Расейская імпэрыі ў сям’і прыказчыка.
    У 1892 г. скончыў 4-х клясную вучэльню ў Калязіне Цьвярской губэрні. Ад 1893 г. рабочы на Багародзка-Глухаўскай тэкстыльнай мануфактуры ў Багародзку.
    У 1896 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе паступіў чаляднікам на фабрыку Паля (цяпер фабрыка імя В. П. Нагіна). Неўзабаве пачаў наведваць марксісцкія колкі. У 1897 г. ён быў адным з кіраўнікоў страйкаў на фабрыцы Паля, а ў 1898 г. на Сямёньнікаўскім заводзе.
    З 1898 г. чалец Санкт-пецярбурскай сацыял-дэмакратычнай групы “Працоўны сьцяг”. У сьнежні таго ж году быў упершыню арыштаваны і высланы пад галосны нагляд ў Палтаву, дзе ў 1900 г. увайшоў у групу садзейнічаньня бальшавіцкай газэце “Искра”.
    У жніўні 1900 г. уцёк ў Каралевец, а затым у Цюрых ды Лёндан, дзе далучыўся да ленінскай групы. Праз іскраўскую групу і зьвязаных з ёю кантрабандыстаў апынуўся ў Вільні і потым ў Санкт-Пецярбурзе, дзе быў арыштаваны ў 1901 г.
    Ад 30 жніўня 1902 г. па 13 красавіка 1903 г. адбываў ссылку ў с. Назарава Ачынскага павету Енісейскай губэрні, адкуль уцёк у Жэневу.
    Вясной 1903 г. зрабіўся агентам Арганізацыйнага камітэта па скліканьню II з’езда РСДРП, які адбыўся летам у Брусэлі, дзе ён далучыўся да бальшавікоў.
    У 1904 г. арыштаваны ў г. Мікалаеў. Адбываў зьняволеньне ў Мікалаеўскай ды Ломжінскай турме.
    У 1905 г. адбываў ссылку ў с. Кузамель на Кольскім паўвостраве, адкуль уцёк у Жэнэву.
    Вясной 1907 г. быў дэлегатам V з’езда РСДРП у Лёндане ад маскоўскай арганізацыі і быў абраны ў чальцы ЦК.
    У 1909-1910 гг. адзін з кіраўнікоў цэнтральнай партыйнай экспэдыцыі за мяжой (Ляйпцыг), трымаў сувязь з бальшавікамі Менска, Гародні, Вільні, дзе існавалі прыёмныя пункты нелегальнай літаратуры.
    У 1907 г. арыштаваны ў Маскве. У 1908 г. адбываў ссылку ў г. Бярозаў Табольскай губэрні, адкуль уцёк, але быў злоўлены ды дастаўлены ў Бярозаў, адкуль у 1909 г. ізноў уцёк у Парыж, дзе быў абраны кіраўніком Расейскага бюро ЦК.
    У 1910 г. арыштаваны у Маскве і адпраўлены ў ссылку ў г. Турынск Табольскай губэрні, адкуль уцёк у Тулу, дзе ў 1911 г. быў арыштаваны.
    12 сакавіка 1912 г. па 20 сакавіка 1914 г. знаходзіўся ў ссылцы у г. Верхаянску Якуцкай вобласьці, потым каля трох месяцаў жыў у г. Якуцку.

   З пачаткам Першай усясьветнай войны вядзе паражэнчаю прапаганду ў Саратаве, а з 1916 г. у Маскоўскай губэрні.
     Пасьля лютаўскіх падзей 1917 г. выяжджае ўжо легальна на фронт, прызываючы салдат павярнуць штыхі супраць собскага ўраду. Удзельнік 1-га з’езду ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту ў Менску.
    У красавіку 1917 г. на канфэрэнцыі РСДРП(б) разам з Каменевым і Рыкавым выступіў супроць “красавіцкіх тэзісаў” Леніна.
    У жніўні 1917 г. увайшоў у Часовы камітэт па барацьбе з контррэвалюцыяй.
    17 верасьня 1917 г. абраны старшынёй Маскоўскага Савета рабочых дэпутатаў.
    Пад час Кастрычніцкага перавароту кіраваў маскоўскім Часовым рэвалюцыйным камітэтам.
    У першым Савеце народных камісараў быў Наркомам па справах гандлю і прамысловасьці.
    4 лістапада 1917 разам з Каменевым, Зіноўевым і Рыкавым падпісаў заяву ва УЦВК у якой казалася аб неабходнасьці утварэньня сацыялістычнага ўрада са ўсіх “савецкіх” партыяў і пакінуў пасаду наркама.
    Але праз тры тыдні “прызнаў памылкі”. Займаў пасады камісара працы Маскоўскай вобласьці, а потым намесьніка наркама працы РСФСР.
    Памёр 24 траўня 1924 г. у Маскве (РСФСР, СССР) і быў пахаваны на Краснай плошчы ў брацкай магіле.
    У 1930 годзе г. Багародзк быў перайменаваны ў г. Нагінск. У 1934 г. у гонар яго была выпушчаная паштовая марка.



    Творы:

    Фабрика Паля. Берлин. 1899.
    На полюсе холода. Москва - Петроград. 1919.
    Хозяйственные органы и Профессиональные Союзы. (Должны ли Профессиональные Союзы быть нейтральными по отношению к Советам). Москва. 1921.
    На полюсе холода. Москва – Петроград. 1923.
    Фабрика Паля. Ленинград. 1924.
    На полюсе холода. [Воспоминания о Верхоянской ссылке 1912-14 гг.]. Москва. 1927. (Приложение к газете «Гудок» № 45-46).
    У краіне палярнага холаду. Пераклад з расійскае мовы І. І. Масюкевіча. Менск. 1931.
    Літаратура:
    Нелідаў. Прадмова. // Ногін В. У краіне палярнага холаду. Менск. 1931. С. 5-16.
    Архангельский В.  В. Ногин. Москва. 1964.
    Чернов Ю. М. Любимый цвет – красный. Повесть о Викторе Ногине. Москва. 1970.
    Марозава А. І.  Нагін Віктар Паўлавіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VII. Мінск. 1973. С. 370.
    Нагінск. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 11. Мінск. 2000. С. 115.
    Варвара Рукіна,
    Койданава.