четверг, 20 ноября 2014 г.

Добры Эртэ-Берген. Якуцкая казка. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                            Склаў А. Якімовіч.
                                                       Малюнкі В. Ціхановіча.
                               Рэдактар С. Міхальчук. Мастацкі рэдактар Н. Гуціеў.
                                Тэхрэдактар В. Варыёнчык. Карэктар А. Кузняцова.
                                                             Тыраж 30 000 экз.
   /Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1917-1965 гг. Бібліяграфія. Мінск. 1967. С. 144./


                                                      ДОБРЫ  ЭРТЭ-БЕРГЕН
                                                                 Якуцкая казка
    Жылі-былі ў дрымучым лесе стары са старою. Абодвум ім было па сто гадоў ад роду.
    Усяго ў іх хапала — і жывёлы, і адзежы, і футраў. Не было толькі дзяцей. Вельмі нудзіліся старыя.
    Пайшоў аднаго разу стары ў лес. Бачыць — на палянцы стаіць густая старая бяроза.


    Не простая гэта была бяроза, а зачараваная. Жыла ў яе ствале добрая чяряўніца. Звалі яе Ічытэ.
    Пайшоў стары да бярозы, пастукаў па белай кары і кажа:
    — Добрая Ічытэ, дапамажы маёй бядзе. Сто гадоў жывем мы са старою на сьвеце, а няма ў нас ні сына. ні дачкі. Старыя мы сталі, слабыя, маркотна нам адным жыць. Дай нам, добрая Ічытэ, сына.
    І раптам бяроза а трэскам раскалолася. Выйшла з яе ствала жанчына-прыгажуня з беласьнежным тварам і даўгімі зялёнымі валасамі.
    Кажа Ічытэ:
    — Шкада мне вас, старых. Дапамагу я вам. Роўна праз тры дні ты пачуеш моцны шум у лесе: пачнецца навальніца, пойдзе вялікі дождж і град. Схавайся і сядзі дома. А праз тры дні прыходзь на гэтую палянку. Убачыш ты на ёй вялікі чорны камень. Зьбяры сваіх суседзяў і перанясі гэты камень да сябе ў юрту. Паляжы яго на сабаліную футру і чакай тры дні. Праз тры дні трэсьне камень, і выйдзе з каменя хлопчык. Будзе ён прыгажэйшы за ўсіх дзяцей на сьвеце. Валасы ў яго будуць залатыя, а цела срэбранае. Вазьмі гэтага хлопчыка сябе за сына.
    Сказала так чараўніца і схавалася ў бярозу. Глядзіць стары — няма перад ім нікога.
    Пайшоў стары дахаты і расказаў жонцы, што з ім здарылася.
    Роўна праз тры дні пачалася ў лесе страшэнная навальніца з дажджом і градам.
    А калі яна сьціхла, пайшоў стары на палянку. Бачыць ён — ляжыць на палянцы вялікі чорны камень, якога ніколі тут раней не было.
    Склікаў стары суседзяў і пацягнуў камень да сябе ў юрту. Палажыў яго па сабаліную футру.
    Праляжаў чорны камень тры дні ў юрце. А праз тры дні трэснуў — і выйшаў з яго прыгожы хлопчык: валасы залатыя, цела срэбранае, тварам прыгажэйшы за ўсіх дзяцей на сьвеце.
    Зарадаваліся старыя і пачалі гадаваць хлопчыка, як роднага сына. Далі яму імя: Эртэ-Берген.
    Рос хлопчык не па днях, а па гадзінах. У пяць гадоў стаў ростам з дванаццацігадовага юнака. Не было ва ўсёй ваколіцы юнака дужэйшага і разумнейшага за яго.
    Неяк раніцой устаў Эртэ-Берген, памыўся, наеўся, напіўся, падышоў да бацькоў і кажа:
    — Бацюхна, матухна, сумна мне ў родным лесе. Дайце мне каня, каб цераз горы і лес пераскокваў. Дайце залатую вуздэчку і бізун дзевяноста пудоў вагою. Хачу я па сьвеце павандраваць.
    — Няма ў нас, сынок, такога каня, — кажа стары, — пайдзі на палянку, папрасі Ічытэ, каб яна дала табе каня. А залатую вуздэчку і цяжкі бізун вазьмі ў мяне ў кладоўцы.
    Узяў хлопчык вуздэчку з бізуном і пайшоў на палянку. Падышоў ён да бярозы, пастукаў па ствале і кажа:
    — Слаўная Ічытэ, дай мне каня багатырскага, каб мог ён пераскокваць цераз высокія горы, цераз дрымучыя лясы. Хачу я па сьвеце павандраваць.
    Раскалолася бяроза напалам, выйшла з яе ствала прыгажуня Ічытэ.
    — Ідзі па сьцежцы, міні дзевяць ручаёў, дзевяць равоў, восем палянак. На дзесятай палянцы шукай сабе каня.
    Сказала так і зьнікла.
    Замахалі зялёныя галінкі, зашумелі белыя сукі. Глядзіць юнак — няма перад ім нікога.
    Паслухаў ён чараўніцу і пайшоў па сьцежцы. Мінуў ён дзевяць ручаёў, мінуў дзевяць равоў, мінуў восем палянак.
    На дзевятай палянцы глядзіць ён — цэлы табун коней пасецца.
    “Які ж з іх багатырскі конь? — падумаў Эртэ-Берген. Кіну хіба я сваю вуздэчку ў табун. На якога ўпадзе яна, таго каня і вазьму”.
    Кінуў ён сваю залатую вуздэчку і бачыць — упала яна па самага маленькага, самага непрыгожага жарэбчыка. Раззлаваўся Эртэ-Берген:
    — Ці ж такі мне конь патрэбен! Што я буду з гэтым жарэбчыкам рабіць?
    А жарэбчык падбег да яго і кажа:
    — Не злуйся, гаспадар, а завядзі мяне да малочнага возера з залатымі берагамі. Выкупай мяне там — убачыш, якім я канём стану.
    Узяў юнак вуздэчку ў рукі, павёў жарэбчыка ў гушчар лесу да малочнага возера з залатымі берагамі.
    Кінуўся жарэбчык у возера, нырнуў тры разы — і вышаў на бераг беласьнежны конь. Грыва — кольцамі залатымі, з ноздраў полымя шугае, вочы іскры сыплюць.
    — Вось гэта па мне конь! — усклікнуў Эртэ-Берген, ускочыў на яго, разьвітаўся з бацькамі і паехаў, куды вочы глядзяць.
    Ехаў багатыр лета, ехаў зіму. Роўна сем гадоў ехаў.
    На восьмы год спахапіўся: успомніў, што сем гадоў нічога не еў. Стаў ён думаць, дзе б знайсьці чаго паесьці.
    Глядзіць — стаіць перад ім скала. Ідзе са скалы дымок.
    Стукнуў багатыр па скале бізуном — расступілася яна.
    Бачыць Эртэ-Берген — сядзіць у пячоры старая і кашу варыць.
    — Добры дзень, бабулька! Дай мне чаго паесьці, — папрасіў багатыр.
    — Д адкуль ты. сынок, узяўся? — пытаецца старая.
    Расказаў ёй багатыр аб сабе.
    — Ды, відаць, ты і праўда багатыр, калі так. — кажа старая. — Вось табе багатырская яда. Еш.
    І ставіць старая на стол маленькую місачку. Засьмяяўся Эртэ-Берген:
    — Што ты, бабулька! Ды гэтага мне і на адзін зуб мала.
    — А ты паспытай, сынок; зьеш спачатку, потым і гавары.
    Узяўся багатыр кашу есьці. Еў, еў, а ўсё ніяк маленькую місачку да дна вычарпаць не можа. Толькі на трэці дзень зьеў усё, што было ў місачцы, і місачку ўверх дном перакуліў.
    — Ну, дзякуй, бабулька, накарміла. Цяпер у мяне сілы ўтрая прыбавілася. Паеду я прыгодаў шукаць.
    Разьвітаўся багатыр з бабулькай і падаўся ў дарогу.
    Ехаў ён лесам, ехаў, ехаў роўна сем гадоў і трапіў, на рэшце, у такое месца, дзе сонца і месяц толькі палавінкамі сваімі сьвяцілі.
    А лес і трава расьлі ў тым месцы жалезныя. Як вецер павее, —шумяць, зьвіняць жалезныя лісьця, зьвініць жалезная трава.
    Пачаў Эртэ-Берген з гэтага жалезнага лесу выбірацца, праціскацца праз жалезныя кусты і галіны. І выбраўся на палянку.
    Стаіць на гэтай палянцы шэрая скала, а вакол скалы аднавокая і аднарогая жывёліна ходзіць, скубе жалезную траву.
    Паспрабаваў ён на скалу ўзьлезьці, а скала гладкая, роўная, учапіцца няма за што.
    Абярнуўся тады Эртэ-Бсрген у вавёрку і забег на самы верх скалы. Заўважыў ён, што ў скале ёсьць дзірка, а з яе дымок ідзе.
    Зазірнуў багатыр туды і бачыць — сядзіць па дне скалы дзяўчына, сама сьветлая, нібы срэбраная, а валасы залатыя. Плача яна і скардзіцца:
    — Зьвяры і птушкі на полі жыуць, дзікія ваўкі на волі бегаюць, а я тут адна ў палоне ў ліхадзея Бекердзеня пакутую.
    Шкада стала багатыру дзяўчыны. Абярнуўся ён зноў у чалавека, скокнуў на дно і пытаецца:
    — Хто ты, красуня? І як сюды трапіла? А дзяўчына адказвае:
    — Я — Ірунь. Ліхадзей Бекердзень мяне з бацькавай хаты ўкраў. Бачыш — вакол шэрыя скалы стаяць. Ва ўсіх іх палонныя яго пакутуюць. А я ўжо сем гадоў у палоне жыву. Цяпер Бекердзень на паляваньне пайшоў, а вернецца ён — бяда будзе табе.
    — Можа я з ім як-небудзь і спраўлюся, — кажа Эртэ-Берген.— Не хачу я, каб ты ў палоне сядзела.
    Ледзь пасьпеў ён гэтыя словы сказаць, як зашумелі жалезныя галіны, захісталіся жалезныя дрэвы — паказаўся на дарозе ліхадзей Бекердзень. Галава ў яго была чатырохкантовая, твар аднавокі, чорны, з вока іскры сыпаліся. Ехаў ён на жалезным кані.
    Стукнуў багатыр сваім бізуном па скале — расступілася скала, і выйшаў багатыр насустрач ліхадзею Бекердзеню.
    — Ты хто такі? — закрычаў Бекердзень. А юнак адказвае:
    — Я той, хто табе галаву адарве.
    Зароў Бекердзепь, засьмяяўся злосным сьмехам і рынуўся на Эртэ-Бергсна. Пачалася бойка.
    Такая бойка, што на небе хмары пацямнелі, па зямлі віхуры завылі, жалезныя дрэвы да травы прыпалі, усе зьвяры ў лясныя норы пахаваліся.
    Дзевяць гадоў біліся багатыры. Нарэшце пачаў стамляцца Бекердзень і кажа юнаку:
    — Відаць, на зямлі нам бойкі не скончыць. Пойдзем да вогненнага мора. Ты зробісься залатою рыбай, а я — жалезнаю, і зноў будзем біцца. Добра?
    — Добра, — адказвае юнак.
    Пайшлі яны да вогненнага мора, абярнуліся ў рыб і зноў распачалі бойку.
    Усхвалявалася вогненнае мора, зашумелі вогненныя хвалі, сьвішчуць віхуры над морам — б’юцца залатая рыба з жалезнаю.
    Дзевяць гадоў біліся багатыры.
    Зноў пачаў стамляцца ліхадзей Бекердзень, а здавацца не хоча. Зноў кажа ён юнаку:
    — Відаць, і ў вадзе нам не перамагчы адзін аднаго. Давай падымемся ў паветра. Ты станеш сокалам з залатой галавою, а я — арлом з жалезнай дзюбаю. Згодзен?
    — Згодзен, — адказвае Эртэ-Берген.
    Абярнуліся яны ў птушак, падняліся ў паветра і зноў пачалі біцца.
    Дзевяць гадоў біліся сокал з арлом.


    Ды, відаць, канец быў суджаны ліхадзею Бекердзеню.
    Ударыў сокал арла моцнай дзюбай у грудзі — і ўпаў арол мёртвым.
    Абярнуўся тады сокал зноў у багатыра. Падбег да яго беласьнежны конь з залатой грываю.
    І паехаў багатыр па жалезным лесе. Бе конь капытамі па шэрых камянях, а Эртэ-Берген прыгаварвае:
    — Выходзьце, бедныя людзі, на сьвет, на волю, на сонейка. Канец прыйшоў ліхадзею Бекердзеню.
    Пачалі людзі са скалаў выходзіць. Дзякуюць багатыру, радуюцца, усьлед за ім грамадой ідуць.
    Вярнуўся Эртэ-Берген на палянку. А там на вялікім камені красуня Ірунь, сьветлая, ям срэбра, з залатымі валасамі, сядзіць, яго чакае.
    Пасадзіў ён яе перад сабою ў сядло і паехаў назад праз чароўны лес.
    Цэлых сем гадоў ехаў багатыр з дзяўчынай, пакуль у знаёмыя месцы прыехаў.
    Спыніў каня каля роднай юрты, красуню Ірунь у юрту павёў.
    Зарадаваліся старыя бацькі. Згулялі вясельле. Сталі яны шчасьлівай сям’ёю жыць. Дзевяноста сыноў у Эртэ-Бергена нарадзілася.
    Былі ўсе багатыры, як бацька.
    /Казкі народаў СССР. Мінск. 1954. С. 172-179./

    Літаратура:
    Якуцкая літаратура. 1067. Добры Эртэ-Берген. У кн.: Казкі народаў СССР. Мінск, Дзяржвыд БССР, с. 172-179. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1917-1965 гг. Бібліяграфія. [Склала І. І. Фалькоўская. Рэдактар Н. Б. Ватацы.] Мінск. 1967. С. 144.
    Зачытая Тутбай,
    Койданава