суббота, 15 ноября 2014 г.

Любоў Аронаўна. Тэхноляг Моўша. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                           ТЭХНОЛЯГ  МОЎША
    Моўша Аронавіч Лур’е [Лурье] нар. у 1877 г. у сям’і мешчаніна Менскай губэрні Расейскай імпэрыі.
    Калі быў студэнтам Пецярбургскага тэхналягічнага інстытуту, то прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху. У 1895 г. адзін з арганізатараў Пецярбургскага сацыял-дэмакратычнага “Саюза барацьбы за вызваленьне працоўнага кляса”, займаўся друкаваньнем нелегальнай літаратуры і яе распаўсюджваньнем сярод працоўных. Арыштаваны ў 1896 г. і загадам ад 11 сакавіка 1898 г. высланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 4 гады. Іркуцкім ваенным генэрал-губэрнатарам 30 красавіка 1898 г. прызначаны на жыхарства ў Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці.
    22 жніўня 1898 г. дастаўлены ў м. Якуцк і пад канвоем адпраўлены ў акруговае места Алёкмінск, куды прыбыў 3 верасьня, і быў пакінуты на жыхарства ў месьце. У лютым 1899 г. адпраўлены ў Якуцк на мэдыцынскі агляд для пакліканьня на вайсковую службу. Прызнаны непрыдатным да страявой службы і вернуты ізноў у Алёкмінск.
    У траўні 1899 г. падаў прашэньне на імя Якуцкага губэрнатара аб пераводзе ў адну з валасьцей Алёкмінскай акругі з-за дарагоўлі жыцьця ў Алёкмінску і 3 ліпеня быў паселены ў Кятчынскай сельскай грамадзе. У траўні 1900 г. вярнуўся ў м. Алёкмінск і падаў новае прашэньне аб пераводзе ў с. Нахтуйск або м. Якуцк, дзе бы ён змог знайсьці заробак. Не атрымаўшы адказу, 8 ліпеня 1900 г. самавольна выехаў у Якуцк, дзе падаў новае прашэньне губэрнатару. Распараджэньнем губэрнатара 14 ліпеня 1900 г. быў пераназначаны у с. Нахтуйск, куды і паселены пад нагляд паліцыі 29 ліпеня 1900 г. З Нахтуйска часта адлучаўся ў п. Мачу.
    У дзень заканчэньня тэрміну ссылкі 11 сакавіка 1902 г. з адкрытым лістом выехаў з Алёкмінска ў губэрнскае места Коўна. Распараджэньнем Дэпартамэнта паліцыі быў падпарадкаваны тайнаму нагляду паліцыі.
    У красавіку 1902 г., знаходзячыся праездам у Маскве, быў прыцягнуты да дазнаньня па ўзьніклай у Маскоўскім губэрнскім жандарскім упраўленьні палітычнай справе, але неўзабаве быў вызвалены.
    Па прыбыцьці ў м. Коўна за ім працягваўся тайны нагляд паліцыі. 18 чэрвеня 1902 г. зьехаў з Коўна. У ліпені 1905 г. жыў у м. Гомель Магілёўскай губэрні.
    Літаратура:
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995. С. 113, 162, 166, 193, 280-281, 472.
    Казарян П. Л.  Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 113, 162, 166, 193, 280-281, 472.
    Любоў Аронаўна,
    Койданава.