среда, 12 ноября 2014 г.

Тадэк Касінер. Валюжаніч Касьцюшка. Койданава. "Кальвіна". 2014.



   Антоні Антонавіч Касьцюшка Валюжаніч (Валюжэніч, Валюжыніч) [Антон Антонович Костюшко-Валюжанич] нар. 16 (28) чэрвеня 1876 г. у губэрнскім месьце Казань Расейскай імпэрыі, у сям’і афіцэра, ураджэнца Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі. Касьцюшка Валюжанічы – гэта галіна старадаўняга шляхецкага роду, які адлучыўся ў палове ХVI ст. ад шляхецкага роду Касьцюшкаў з Берасьцейскай зямлі.
   Маці, Алена Міхайлаўна, у дзявоцтве Траецкая, нар. у 1854 г. у с. Бараково Спаскага вуезда Казанскай губэрні ў дваранскай сям’і. Яна разам з дзецьмі прымала актыўны ўдзел у стварэньні і дзейнасьці Смаленскай арганізацыі ПСР. Яе кватэра ад 1902 г. па 1907 г. зьяўлялася месцам сталых сходак і збораў. У 1907 г. Алена была выслана ў Архангельскую губэрню на 2 гады.
    Сям’я адстаўнога падпалкоўніка Антона і Алены Касьцюшка Валюжанічаў мела чацьвёра дзяцей:
    Алена Антонаўна Касьцюшка Валюжаніч – нар. 28 студзеня 1878 г. у м. Яранск Вяцкай губэрні. Хатняя настаўніца. Скончыла пэдагагічныя курсы ў Маскве ў 1898 г. З канца 1902 г. актыўна ўдзельнічала ў стварэньні Смаленскага камітэта ПСР. Служыла ў рэдакцыі газэты “Днепровский Вестник” і знаходзілася пад асобым назіраньнем паліцыі. Актыўная ўдзельніца рэвалюцыі 1905-1907 гг. Чалец Абласнога камітэта Паўночна-заходняй арганізацыі ПСР. Улетку 1906 г. была выслана  са Смаленска ў Віцебск, дзе ўвайшла ў склад мясцовай арганізацыі ПСР, заняўшы ў ёй разам з братам Барысам уплывовае становішча. Падтрымлівала сталую сувязь са Смаленскім камітэтам партыі. Падвяргалася рэпрэсіям і перасьледам з боку ўлад. У Смаленск больш не вярталася. Па некаторых зьвестках, пасьля кастрычніка 1917 г. выступіла супраць  бальшавікоў. Згадваецца ў заяве А. Р. Гоца з нагоды справы пра т.зв. бутырскім зьбіваньні зьняволеных у ноч з 25 на 26 красавіка 1921 г. Далейшы яе лёс невядомы.
    Наталля Антонаўна Касьцюшка Валюжаніч, у замустве Гейн, нар. у 1880 г. Хатняя настаўніца. Скончыла пэдагагічныя курсы ў Маскве. Удзельніца дэманстрацыі ў Маскве 9 лютага 1902 г. Пасьля шасьці месяцаў зьняволеньня ў жніўні-верасьні 1902 г. прыбыла ў Смаленск. У канцы 1902 г. прыняла актыўны ўдзел у арганізацыі Смаленскага камітэта ПСР. Арыштаваная напачатку красавіка 1904 г., але судом апраўданая. Чалец Абласнога камітэта Паўночна-заходняй арганізацыі ПСР. Актыўная ўдзельніца рэвалюцыі 1905-1907 гг. У прыватнасьці ў стварэньні пасьля 17 кастрычніка 1905 г. легальнага клюбу ПСР у Смаленску, у працы Рады працоўных дэпутатаў. Пасьля арыштаў у сярэдзіне сьнежня 1905 г., разгрому Рады і клюба ПСР пераходзіць на нелегальнае становішча. Як піша ў сваіх успамінах А. А. Сладкапеўцаў: “Па прыезьдзе ў Маскву, я пачаў бываць у маці ў Ласінаастраўской... Яна жыла ў маленькай хатцы, якая, фармальна, займала адна наша старая знаёмая - Натальля Антонаўна Гейн, якая жыла ў ёй толькі ўлетку, бо ў Маскве ў яе быў добры пакой. Гэтая Натальля Антонаўна была роднай сястрой вядомага рэвалюцыянэра Касьцюшка Валюжаніча. Калі мне было гадоў сем, я шмат разоў бачыў яе маці, паўвар’яцкую старую, якая ўвесь час меркавала аб нейкіх навуковых гіпотэзах, што навыдумляла сама. Сын Натальлі Антонаўны, Косьця, які быў гады на два маладзей за мяне, з якім я адзін час вадзіў кампанію, пасьля таксама зрабіўся псыхічна хворым”. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя Натальля Антонаўна пражывала ў Маскве, на праспэкце Міру.
    Барыс Антонавіч Касьцюшка Валюжаніч нар. у 1882 г. Быўшы студэнтам Маскоўскага тэхналягічнага інстытута працаваў у складзе рэвалюцыйнай студэнцкай арганізацыі. Пасьля 1906 разам з сястрой Аленай вёў  прапаганду сярод чыгуначных працоўных у Віцебску, Смаленску і Бранску.
    Старэйшы сын Антон Антонавіч Касьцюшка Валюжаніч скончыў Казанскую гімназію і паступіў у Полацкі кадэцкі корпус, затым вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы, якое заканчвае ў 1896 г. і накіроўваецца ў 4-ы грэнадзёрскі Нясьвіскі генэрал-фэльдмаршала князя Барклай дэ Толі полк раскватараваны ў Маскве, а ў 1897 г. выйшаў у адстаўку. Паступіў у Новаалександрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў былых Пулавах з якога неўзабаве быў выключаны. Пажыўшы нейкі час у цёткі Катарыны ў Берасьце зьехаў у Самару, дзе уладкаваўся дзесятнікам на будаўніцтва мосту ў Пакроўскай слабадзе. Але захварэў і зьехаў у Крамянчуг, а адтуль у Кацярынаслаў, дзе паступае ў Вышэйшае горнае вучылішча. У 1900 г. ўступіў у Расейскую сацыял-дэмакратычную працоўную партыю, абраны ў Кацярынаслаўскі камітэт партыі.
    У 1901 г. арыштаваны і ў лютым 1903 г. высланы на 5 гадоў ва Ўсходнюю Сыбір. У ліпені 1903 г. уселены ў Намскі ўлус Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці, але неўзабаве пераехаў у п. Вялікая Марха ля Якуцка і пачаў займацца сталярнай справай. Потым пасяліўся ў Якуцку на Вялікай вуліцы, у хаце скапца, якую арандаваў Эдуард Пякарскі.

 Ад 18 лютага па 7 сакавіка 1904 году, разам з Віктарам Курнатоўскім, кіраваў у Якуцку ўзброеным выступам палітычных ссыльных супраць абласной адміністрацыі (Раманаўскі мяцеж). Быў забіты сасланы Юры Матлахаў, родам са Смаленшчыны, а пратэстанты забілі двух якуцкіх казакоў ды быў паранены Касьцюжка Валюжаніч. У мяцяжы удзельнічала і жонка Антона – Стафанія Хведараўна Жмуркіна, ураджэнка Рослава Смаленскай губэрні і нарадзіла у турме яму сына Ігара [Ігар Антонавіч Касцюшка Валюжаніч памёр неўзабаве пасьля вывазу яго з блякаднага Ленінграда].
    Асуджаны да 12 гадоў катаржных прац Антон зьдзейсьніў уцёкі з Аляксандраўскай перасыльнай турмы 3 жніўня 1905 года. У кастрычніку 1905 г. прыбыў у Чыту, пад прозьвішчам мешчаніна Табольскай губэрні Іосіфа Мікалаевіча Грыгаровіча паступіў на працу тэхнікам у чыгуначныя майстэрні, дзе ўвайшоў у склад Чыцінскага камітэта РСДРП, выступаў на мітынгах і сходах працоўных, вёў агітацыю і прапаганду сярод салдат і казакоў. Займаўся фармаваньнем і навучаньнем працоўных дружын, быў кіраўніком Рады баявых дружын. Разам з Іванам Бабушкіным, Віктарам Курнатоўскім і інш. кіраваў узброеным паўстаньнем чыцінскіх працоўных, быў старшынёй Рады салдацкіх і казацкіх дэпутатаў, уваходзіў у склад рэдакцыі газэты “Забайкальский рабочий”. Пасьля падзеньня г. зв. Чыцінскай Рэспублікі атрад генэрала Рэненкампфа арыштаваў завадатаяў і актыўных удзельнікаў паўстаньня.
    28 лютага 1906 г. Антон быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня сьмерцю праз павешаньне, але гэты прысуд быў заменены расстрэлам.
    2 (15) сакавіка 1906 г. на схіле Цітоўскай сопкі асуджаныя былі расстраляныя разам з Антонам Касьцюшка Валюжаніч. У 1926 году на месцы расстрэлу быў усталяваны помнік.
    Ягоным імем – Касьцюшка-Грыгаровіча - названа адна з вуліц у Цэнтральным раёне Чыты ды ўсталяваная мэмарыяльная шыльда. Вуліца Касьцюшка-Валюжаніча маецца і ў мкр Марха м. Якуцка.

    12 сакавіка 1908 г. ягоная маці Алена Міхайлаўна напісала свой адзіны верш:
                                                            За любовь к беднякам,
                                                            За идейность души
                                                            Их вели на расстрел,
                                                            Чтобы в неволе держать
                                                            Весь народ на земле...
                                                            Солдаты! – сказал
                                                            Незабвенный мой сын, -
                                                            Мы за вас и других
                                                            Погибаем от ваших же рук
                                                            Память вечная вам
                                                            Дорогие борцы,
                                                            Не забудем мы вас
                                                            Никогда, никогда...


    Літаратура:
    Лурье Г. И. (Альберт).  Антон Антонович Костюшко-Валюжанич. 1876-1906. Москва. 1926.
    Костюшко-Валюжанич (Валюжанич) Антон Антонович. // Сибирская советская энциклопедия в четырех томах. Т. 2. Новосибирск. 1930-1931. Стлб. 963-964.
    Ростов Н.  Жизнь и смерть Костюшко-Волюжанича. Москва. 1936.
    Ольхон А. С.  Большевик Костюшко Валюжанич. Иркутск. 1939.
    Ольхон А. С.  Большевик Костюшко Валюжанич. Иркутск. 1949.
    Попов П. В.  Антон Антонович Костюшко-Валюжанич в Якутии. // Из истории политической ссылки в Якутии. Сборник научных статей. Вып. 1. Якутск. 1958. С. 3-22.
    Гуро И. Р.  Подвиг Антона Костюшко. Москва. 1964.
    Мельнікаў М. Ф.  Касцюшка-Валюжаніч Антон Антонавіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. V. Мінск. 1972. С. 506.
    Мельников М.  «Я снова с вами!..» // Мельников М.  Из семьи соколиной. Минск. 1973. С. 53-73.
    Мельников М. Ф.  Офицер первой революции. // Мельников М. Ф.  Шел край наш дорогой столетий. Минск. 1987. С. 45-59.
    Костюшко-Валюжанич Антон Антонович. // Большевики в Якутской ссылке. Библиографический справочник. Якутск. 1988. С. 38-40.
    Костюшко-Валюжанич Антон Антонович. // Энцыклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 339.
    Тадэк Касінер,
    Койданава