среда, 5 ноября 2014 г.

Лена Дзяргай. Думец Рыгорка. Койданава. "Кальвіна". 2014.



    Рыгор Іванавіч Пятроўскі (Григорій Іванович Петровський; Григорий Иванович Петровский) - нар. 23 (22) студзеня (4 лютага) 1878 г. у с. Печанегі Валчанскага вуезда Харкаўскай губэрні Расейскай імпэрыі, у сям'і краўца і прачкі. У сям'і было трое дзяцей. Бацька памёр, калі Рыгору было тры гады.
    Правучыўся два з паловай года ў школе пры Харкаўскай духоўнай сэмінарыі (быў выключаны, калі не змог аплачваць навучаньне). З 11 гадоў працаваў у маставых майстэрнях чыгункі, у 15 гадоў паступіў на Бранскі мэталюргічным завод у Кацярынаславе.
    У 1897 г. далучыўся да Кацярынаслаўскага “Саюза барацьбы за вызваленьне працоўнага кляса”, ад 1898 г. чалец РСДРП. У 1905 году сакратар Кацярынаслаўскага Савета працоўных дэпутатаў і чалец страйкавага камітэта.
    Трапляў у турму ў 1900 ды 1903 гг. У працяглай эміграцыі не быў (толькі некалькі месяцаў у Нямеччыне, 1906 г.).
    У 1912 г. токар заводу “Провиданс” у Марывупалі. Пятроўскі быў абраны дэпутатам IV Дзяржаўнай Думы ад працоўнай курыі Кацярынаслаўскай губэрні. У студзені 1913 г. кааптаваны ў чальцы ЦК РСДРП. У кастрычніку 1913 г. зрабіўся старшынёй утворанай шасьцю бальшавікамі Сацыял-дэмакратычнай працоўнай фракцыі Думы. Афіцыйны выдавец газэты “Правда”.
    У лістападзе 1914 г. арыштаваны і ў лютым 1915 г. асуджаны да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і высыланьню на вечнае селішча ў Туруханскі край, з ліпеня 1915 г. уселены ў с. Манастырскае. Праз год, быў абвінавачаны ў антыўрадавай дзейнасьці ды высланы ў Якуцкую вобласьць.
    У верасьні 1916 г. дастаўлены ў Якуцк. З-за дрэннага стану здароўя яго не адправілі ў Сярэдне-Калымск а пакінулі ў Якуцку, дзе ён уладкаваўся токарам ў майстэрні абласнога агранома, працаваў сьлюсарам віннай манаполіі.
    Вызвалены ад сасланьня пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. З лютага 1917 г. Пятроўскі чалец Рэўкама м. Якуцк, старшыня Камітэта грамадзкай бясьпекі і абласны камісар Часавага ўрада па Якуцкай вобласьці. У канцы траўня 1917 г. першым параплавам выехаў у Эўрапейскую Расею.
    У ліпені 1917 г. накіраваны кіраўніцтвам партыі ў Данбас, чалец Кацярынаслаўскага губэрнскага камітэта РСДРП(б), галосны гарадзкой думы і старшыня яе бальшавіцкай фракцыі. Чалец Прадпарлямэнту.
    Пятроўскі быў другім савецкім наркамам унутраных спраў РСФСР (17 (30). 11. 1917 - 30. 03. 1919 гг.).
   У 1918 г. удзельнічаў у перамовах з немцамі з нагоды Брэсцкага міру. 3 красавіка 1918 г. у м. Берасьце-Літоўскае Савецкая Расія падпісала мірную дамову з дзяржавамі Чацьвярнога зьвяза (Нямеччынай, Аўстра-Вугоршчынай, Асманскай імпэрыяй і Баўгарыяй). Сярод іншых дамову ад савецкага боку падпісаў Рыгор Іванавіч Пятроўскі.
    У выніку Брэст-Літоўскай дамовы, дзе не разглядаліся ні польскія, ні беларускія пытаньні, польскія землі апынуліся пад уладай Нямеччыны, а беларускія былі падзелены паміж Савецкай Расіяй і Нямеччынай. Яшчэ 9 (22) студзеня 1918 г. была абвешчана Ўкраінская Народная Рэспубліка, якую змушана была прызнаць, паводле Брэст-Літоўскай мірнай дамовы, РСФСР. 16 лютага 1918 г. быў абвешчаны Акт аб Незалежнасьці Летувіскай рэспублікі [Жмудзіны на хвалі пераўтварэньняў абвясьцілі сябе спадчыньнікамі Вялікага княства Літоўскага і пераназвалі сябе ў літоўцаў]. 21 лютага 1918 г. у Менск увайшлі нямецкія войскі. Выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду абвясьціў сябе часавай уладай у краіне, а 9 сакавіка 1918 г пра стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі [З прычыны таго што большасьць літвінаў за час знаходжаньня ў складзе Расейскай імпэрыі сталі сябе ідэнтыфікаваць з назвай беларусы, бацькі заснавальнікі БНР вырашылі назваць новую рэспубліку Беларусьсю, хоць гэта не ўсімі было падтрымана.]. У ноч на 25 сакавіка Рада БНР абвясьціла пра аддзяленьне Беларусі ад Расеі і пра стварэньне незалежнай дзяржавы.
    У 1918-1919 гг. Пятроўскі Кандыдат у члены ЦК РКП(б) 1920-1921 гг. Чалец ЦК РКП(б) - ВКП(б) у 1921-1939 гг.. У 1926-1939 гг. кандыдат у члены Палітбюро ЦК.
    Старшыня Ўсеўкраінскага ЦВК з 28.11.1918 па 03.1938 гг. (з перапынкамі). Старшыня Ўсеўкраінскага рэвалюцыйнага камітэта (11.12.1919 - 19.02.1920 гг.). Ад УССР падпісаў Дамову аб утварэньні СССР і зьяўляўся адным з сустаршыняў ЦВК СССР, а таксама быў старшынёй Усеўкраінскага ЦК “незаможных сялян”, у 1920-1923 гг, займаў важныя пасты ў Камінтэрне.
    Пасьля прыняцьця ў 1936 г. Канстытуцыі СССР, якая зацьвердзіла новую сыстэму Саветаў, абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР 1-га скліканьня (1937-1946 гг.) і займаў пост намесьніка старшыні Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР з 17.01.1938 па 31.05.1939 гг.
    Пасьля арышту і расстрэлу сына (1938) у 1939 г. раскрытыкоўваўся за папушчальніцтвы “ворагам народа” з ліку кіраўнікоў Украіны, быў выведзены са складу Палітбюро і ЦК УКП(б) і зьняты са ўсіх пастоў. Больш паўгода заставаўся без працы, пакуль у 1940 г. дырэктар Музэю Рэвалюцыі Хведар Самойлаў (у мінулым таксама дэпутат-бальшавік IV Думы) не ўладкаваў яго сваім намесьнікам па адміністрацыйна-гаспадарчай і навуковай частцы.
    Пасьля 1953 г. Пятроўскі зноў браў удзел у грамадзкай дзейнасьці, выступаў перад рознымі аўдыторыямі з успамінамі пра сваю рэвалюцыйную дзейнасьць, публікаваў артыкулы пра бальшавікоў-ленінцаў ў газэтах. Быў ганаровым госьцем XX зьезду КПСС.
    Памёр 9 студзеня 1958 г. і быў пахаваны ў Маскве на Чырвонай плошчы ля Крамлёўскай сьцяны.
    Узнагароды: Ордэн Леніна (двойчы); Ордэн Чырвонага Сьцяга; Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга (тройчы)
    Ягоным імем названы:
    места Днепрапятроўск (да 1926 г. Кацярынаслаў), Украіна.
    места Пятроўскае (да 1959 гп. Штэраўскі) Луганскай вобласьці, Украіна.
    Сяло Пятроўскае Сватаўскага раёна Луганскай вобласьці, Украіна.
    Сяло Пятроўскае Кіева-Святошынскага раёна Кіеўскай вобласьці, Украіна.
    Саўгас імя Р. І. Пятроўскага ў м. Пятроўскае Луганскай вобласьці, Украіна.
    Груза-пасажырская чыгуначная станцыя Кіеў-Пятроўка, Кіеўскага чыгуначнага вузла, Украіна  железнодорожного узлаад яе таксама атрымала назву станцыя мэтра, якая знаходзіцца паблізу.
    Станцыя мэтро “Пятроўка”, ля чыгуначнай станцыі Кіеў-Пятроўка, Украіна.
    Палац культуры імя Р. І. Пятроўскага ў м. Пятроўскае Луганскай вобласьці, Украіна.
    Парк Пятроўскага - забаўляльны парк у м. Мікалаеў, Украіна.
    Парк Пятроўскага - парк адпачынку ў м. Марывупаль, Украіна.
    Парк Пятроўскага (у 2003 году парк пераназваны ў парк імя Тараса Шаўчэнка) - парк адпачынку ў м. Белая Царква, Украіна.
    Казённае хімічнае аб’яднаньне імя Р. І. Пятроўскага ў м. Пятроўскае Луганскай вобласьці, Украіна.
    Тандзінскі гісторыка-краязнаўчы музэй імя Р. І. Пятроўскага (цяпер Тандінскі гісторыка-революціонный музэй імя І. П. Гатоўцава), Вусьць-Алданскі ўлус РС(Я) у РФ.
    Харкаўскі роварны завод імя Р. І. Пятроўскага, Украіна.
    Завод імя Р. І. Пятроўскага ў м. Днепрапятроўск, Украіна.
    Завод імя Р. І. Пятроўскага ў м. Кіеў, Украіна.
    Завод імя Р. І. Пятроўскага ў м. Адэса, Украіна.
    Завод імя Пятроўскага ў м. Хэрсон, Украіна.
    Завод імя Р. І. Пятроўскага ў м. Ніжні Ноўгарад, РФ.
    Пятроўскі раён у м. Данецк, Украіна.
    Праспэкт Пятроўскага ў м. Днепрапятроўск, Украіна.
    Пляц Пятроўскага ў м. Днепрапятроўск, Украіна.
    Пляц Пятроўскага ў м. Данецк, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў м. Камянец-Падольскі, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў м. Антрацыт Луганскай вобласьці, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў м. Пятроўскае Луганскай вобласьці, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў м. Данецк, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў м. Кіраваград, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў м. Александрыя, Кіраваградзкай вобласьці, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў м. Харкаў, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў м. Канстантынаўка, Данецкай вобласьці, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў с. Наваданілаўка Запарожскай вобласьці, Украіна.
    Вуліца Пятроўскага ў Якуцку, РС(Я) у РФ. г. Якутск, ул.
    Аўтобусны прыпынак “Пятроўскага” на вуліцы Пятроўскага ў Якуцку, РС(Я) у РФ. У 2007 г. быў пераназваны ў прыпынак “Ростелеком”.
    Помнік Пятроўскаму на вул Грушэўскага ў Кіеве, Украіна. У 2009 г. быў дэмантаваны, бо “праведзеныя пад кіраўніцтвам Пятроўскага прымусовая калектывізацыя села і адабраньне хлеба прывялі да Галадамору 1932-1933 гадоў. Штучна створаны Генацыд украінскага народа забраў жыцьці ў дзесяткаў мільёнаў людзей”
    Помнік Пятроўскаму перад чыгуначным вакзалам у м. Днепрапятроўск, Украіна.
    Эскадраны мінаносец Чарнаморскага флёту (у 1928-1939 гг., пасьля 1939 г. пераназваны ў “Жалязьнякоў”).


    Літаратура:
    Пахаванне Г. І. Пятроўскага. // Ленінская праўда. Дзяржынск. 15 студзеня 1958. С. 1.
    Бега Ф. Ф., Александров В, Г.  Петровский, Москва. 1963.
    Башарин Г. П.  Замечательный революционер и большой друг якутского народа. Якутск. 1963.
    Петров П. У.  Революционная деятельность большевиков в Якутской ссылке. Москва. 1964.
    Большевики-ленинцы в якутской ссылке. Беседа о книгах. Якутск. 1968.
    Петровский Григорий Иванович (1878 – 1958). // Бойцы ленинской гвардии в Якутии. Сборник биографических очерков. Якутск. 1970.
    Ключник Л., Завьялов Б.  Г. И. Петровский. Москва. 1970.
    Пятроўскі Рыгор Іванавіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VIII. Мінск. 1975. С. 663.
    Абрамов А. С.  «У Кремлёвской стены» 2-е изд. Москва. 1979.
    Меленевский А.Ф., Курий Г.Н.  Г. И. Петровский. Киев. 1987.
    О Г. И. Петровском. Воспоминания, очерки, статьи современников. 2 изд. Москва. 1987.
    Петровский Г. И. // Деятели СССР и революционного движения России. Энциклопедический словарь Гранат. Москва. 1989.
    Старцев В. Российские масоны XX века. // Вопросы истории. Москва. № 6. 1989. С. 49.
    Соколов Ю. В.  Народный комиссар внутренних дел Г. И. Петровский. // Первое Советское правительство. Москва. 1991. С. 341-356.
    Политические деятели России 1917. Биографический словарь. Москва. 1993.
    Залесский К. А.  Империя Сталина. Биографический энциклопедический словарь. Москва. 2000.
    Петровский Григорий Иванович. // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 374.
    Пятроўскі Рыгор Іванавіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 13. Мінск. 2001. С. 171-172.

    Ад першай жонкі Дамінікі Хведараўны Рыгор Пятроўскі меў сына Лёню.
    Леанід Рыгоравіч Пятроўскі нарадзіўся 31 (30) траўня (12 чэрвеня) 1897 (1902) г. на Шчарбінаўскім (Нелепаўскім) рудніку у Жэлязьнянскай воласьці Бахмуцкага павету Кацярынаслаўскай губэрні Расейскай імпэрыі (цяпер м. Дзяржынск Данецкай вобласьці Украіны).
    У 1917 г. быў пакліканы ў войска; пасьля заканчэньня Араніенбавумскай школы прапаршчыкаў, служыў малодшым афіцэрам роты ў 1-м запасным кулямётным палку ў Петраградзе, ад 27 кастрычніка камандаваў ротай.
    Удзельнічаў у штурме Зімовага палаца; са сьнежня 1917 г. камандзірам узвода чырвонагвардзейскага атрада, пераназванага ў далейшым у 1-й кулямётны сацыялістычны полк, удзельнічаў у баях з германскімі войскамі на Паўночным фронце пад Ямбургам.
    Затым удзельнічаў у Грамадзянскай вайне ў складзе РСЧА з моманту яе стварэньня. Ад 30 ліпеня па 2 сьнежня 1918 г. камандаваў 1-м Саранскім палком 1-й Інзенскай дывізіі, з якім ваяваў на Ўсходнім фронце з войскамі Калчака.
    У 1919 г. ваяваў на Паўднёвым фронце з дзянікінцамі: з 23 траўня служыў начальнікам штаба 1-й брыгады 37-й стралковай дывізіі 10-й арміі, затым начальнікам выведкі і начальнікам штабу 2-й кавбрыгады 6-й кавалерыйскай дывізіі; у пэрыяд з 12 ліпеня па 10 кастрычніка часова камандаваў брыгадай.
    Ад траўня 1920 г. ўдзельнічаў у Савецка-Польскай вайне ў складзе 16-й арміі: з 5 па 17 ліпеня быў начальнікам апэратыўнага аддзела гэтай арміі, з 17 ліпеня - старшым памочнікам начальніка штаба 8-й стралковай дывізіі, з 9 жніўня - начальнікам штаба гэтай дывізіі, з 15 верасьня - камандзірам 72-го палка гэтай дывізіі; у лістападзе быў цяжка паранены і ўзяты ў палон каля м. Лунінец. Утрымоўваўся ў лягеры ў Берасьце-Літоўскім. Напачатку 1921 года вярнуўся ў Савецкую Расею ў выніку кампаніі па абмене палоннымі і працягнуў службу ў РСЧА.
    У красавіку 1921 г. накіраваны на вучобу ў Ваенную акадэмію РСЧА. Затым служыў камандзірам стралковага батальёна ў 31-м стралковым палку ў Петраградзкай ваеннай акрузе, потым на той жа пасадзе ў 15-м стралковым палку Заходняга фронту. Са студзеня 1924 г. камандаваў 87-м, а з сакавіка 1925 г. 15-м стралковымі палкамі ў Заходняй ВА. У лістападзе 1926 г. прызначаны начальнікам штаба 74-й стралковай дывізіі Паўночна-Каўказкай ВА. У 1928 г. скончыў КУВНАС пры Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе, пасьля чаго ў лістападзе таго ж году быў прызначаны камандзірам 6-й стралковай дывізіі. Са сьнежня 1930 г. камандзір 14-й кавалерыйскай дывізіі. Затым вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе, па заканчэньні якой у 1932 г. вярнуўся на ранейшую пасаду. Ад 20 сьнежня 1934 г. служыў у Маскоўскай ВА камандзірам 1-й Маскоўскай Пралетарскай стралковай дывізіі. У траўні 1937 г. прызначаны камандзірам 5-го стралковага корпуса ў Беларускай ВА. Затым, з 28 лістапада 1937 гады, камандуючы Сярэдне-Азіяцкай ВА, у 1938 г. намесьнік камандуючага Маскоўскай ваеннай акругай.
    У лістападзе 1938 г. звольнены з войска і да жніўня 1940 года знаходзіўся пад сьледзтвам ворганаў НКУС, але арыштаваны не быў.
    28 лістапада 1940 гады па хадайніцтве Цімашэнкі ізноў пакліканы ў РСЧА, адноўлены ў званьні і прызначаны камандзірам 63-га стралковага корпуса 21-й арміі, які з ліпеня 1941 г. абараняў Дняпроўскі рубеж на лініі Рагачоў-Жлобін-Стрэшын ад войскаў Вэрмахту.
    5 ліпеня 1941 г. у баі, абараняючы в. Збараў Рагачоўскага раёна БССР, корпус пад камандаваньнем Пятроўскага зьнішчыў 8 танкаў і 250 гітлераўцаў. 13 ліпеня 1941 г. ён на шырокім фронце перайшоў у контрнаступ, фарсіраваў Дняпро, захапіў Жлобін, Рагачоў і прасунуўся на захад на 30 км. У жніўні, у выніку контрудару немцаў, корпус трапляе ў акружэньне. 13 жніўня 1941 г. Пятроўскі прызначаны камандуючым 21-й арміі Цэнтральнага фронту.
    Пры прарыве з акружэньня 17 жніўня 1941 г. Леанід Рыгоравіч Пятроўскі быў сьмяротна паранены (застрэліўся) ля в. Скепня Жлобінскага раена БССР. Пахаваны  ў в. Старая Рудня Жлобінскага раёна Гомельскай вобласьці. Калі немцы акупавалі Старую Рудню, то паставілі на магіле савецкага генэрала крыж з надпісам: “Генэрал-лейтэнант Пятроўскі”.
    Быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сьцяга, Ордэнам Чырвонай Зоркі, Ордэнам Айчыннай вайны і ступені (пасьмяротна), Юбілейным мэдалём “ХХ год Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі”.
    Ягоным імем названая:
    Вуліца ў Жлобіне, Беларусь.
    Вуліца ў в. Старая Рудня, Беларусь.
    Школа ў в. Старая Рудня, Беларусь.
    У кінафільме “Битва за Москву» ягоны вобраз узнавіў народны артыст СССР Ю. Якаўлеў.
    Літаратура:
    Сандалов Л. М.  На Гомельском направлении. // В грозные годы. Минск. 1973.
    Пятроўскі Леанід Рыгоравіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VIII. Мінск. 1975. С. 663.
    Кулешов Г. П.  независимо от звания. Москва. 1987.
    Пятроўскі ЛеанідРыгоравіч. // Беларусь у Вялікай айчыннай вайне 1941-1945. Энцыклапедыя. Мінск. 1990. С. 515.
    Пятроўскі Леанід Рыгоравіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 6. Кн. І. Мінск. 2001. С. 19-20.
    Пятроўскі Леанід Рыгоравіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 13. Мінск. 2001. С. 171.
    Великая Отечественная: Комкоры. Военный биографический словарь. Москва. Т. 1. 2006. С. 430-432.
    Савченко В. Наш Дзержинск. Донецк. 2008. С. 240-244.
    На дачцэ Рыгора Іванавіча Пятроўскага быў жанаты Юры Міхайлавіч Кацюбінскі, які нар. 25 лістапада (7 сьнежня) 1896 г. у Віньніцы, у сям’і ўкраінскага пісьменьніка.
   У 1913 году ён ўступіў у РСДРП(б). Ад 1914 г. чалец Чарнігаўскага камітэта РСДРП. У 1916 г. быў мабілізаваны ў войска; скончыў Адэскую ваенную вучэльню, прапаршчык. Служыў у Петраградзе, вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат. Удзельнік Лютаўскай рэвалюцыі 1917. За антываенную прапаганду арыштоўваўся Часавым урадам. У 1917 году зрабіўся чальцом Ваеннай арганізацыі бальшавікоў пры Петраградзкім камітэце РСДРП(б), камісарам Сямёнаўскага гвардзейскага рэзэрвовага палка, начальнікам Чырвонай гвардыі і камэндантам Маскоўска-Нарваўскага раёну ў Петраградзе; з 20 кастрычніка (2 лістапада) чалец ВРК, камісар гвардзейскага Сямёнаўскага палка. Удзельнічаў у штурме Зімняга палаца. Узначальваў зборны чырвонагвардзейскі атрад у баях з войскамі Керанскага - Краснова. У сьнежні на Першым Зьезьдзе Саветаў Украіны ў Харкаве быў абраны ў склад першага Савецкага ўрада (Народнага сакратарыята) - намесьнік народнага сакратара па ваенных справах Украіны.
    Са студзеня 1918 г. галоўнакамандуючы савецкімі войскамі ва Ўкраіне; кіраваў апэрацыяй па разгроме нацыяналістычных войскаў і вызваленьню Кіева ад Цэнтральнай рады; чалец Усеўкраінскага ВРК. Пасьля акупацыі Ўкраіны нямецкімі войскамі чалец паўстанцкага Ўкраінскага ўрада і абласнога камітэта партыі, чалец Аргбюро па скліканьні 1-го зьезду кампартыі Ўкраіны, чалец Усеўкраінскага цэнтральнага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, з лістапада - чалец урада Ўкраіны. У студзені-чэрвені 1919 г. чалец Ваенна-рэвалюцыйнага савету Ўкраінскага фронту, са жніўня - старшыня Чарнігаўскага губкама КП(б) Украіны, уваходзіў у ЦК КП(б) Украіны і ў Зафрантавое бюро ЦК. У 1920 г. быў чальцом Палтаўскага губкама КП (б) Украіны.
    У 1921-1922 гг. быў дыпляматычным прадстаўніком Украіны ў Вене. Ад 1925 г. быў дараднікам паўпрадстваў СССР у Аўстрыі ды Польшчы. Удзельнічаў у падпісаньні савецка-польскай Рыскай мірнай дамовы (1921). Ад 1930 г. намесьнік наркама земляробства УССР. Ад 1933 г. намесьнік старшыні СНК і адначасова старшыня Дзяржпляна УССР. Неаднаразова абіраўся чальцом ЦК КП(б) Украіны, чалец Аргбюро ЦК КП(б) Украіны.
    Быў абвінавачаны ў нацыяналізьме і 5 кастрычніка 1936 г. арыштаваны. 8 сакавіка 1937 гады прысуджаны да пакараньня сьмерцю і расстраляны ў той жа дзень у Маскве. У сьнежні 1955 г. рэабілітаваны.
    Лена Дзяргай,
    Койданава.