суббота, 15 ноября 2014 г.

Сьпева Ланская. Настаўнік Лану. Койданава. "Кальвіна". 2014.

                                                                 НАСТАЎНІК  ЛАНУ
    Самул [Самуил] Нахімавіч [Нафталиевич, Наумович] Гажанскі [Гожанский] – нарадзіўся ў 1867 годзе ў вёсцы Нававоля Сакольскага вуезду Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і рамізьніка.
    У 1888 г. скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў Вільне. Ад 1891 г. адзін з кіраўнікоў габрэйскіх работніцкіх гурткоў у Вільне і Беластоку пад мянушкай “Учитель” ды “Иосиф”, “Лону” ды інш., у якіх вёў прапаганду ў духу с-д. Аўтар шэрагу агітацыйных брашур на ідышы (“Заработная плата”, “Дададзены кошт”, “Пра лёс”), выдадзеных нелегальна ў 1890-х гг. і шырока ўжываных у габрэйскіх працоўных кружках аж да 1910-х гг. У брашуры “Лісты агітатарам” (1893-1894) даказваў, што габрэйскія працоўныя змогуць дамагчыся сацыяльнай справядлівасьці, выступаючы як самастойны атрад сусьветнага працоўнага руху пад кіраўніцтвам уласнай партыі.
Арыштаваны 20 лютага 1896 г. у Беластоку. Высланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 5 гадоў па загаду ад 7 траўня 1897 г. Генэрал-губэрнатар месцам ягонага пасяленьня прызначыў Якуцкую акругу Якуцкай вобласьці.
    28 студзеня 1898 г. быў дастаўлены ў Якуцк і паселены ў Тулагінскім насьлезе Паўлаўскай воласьці Мегінскага ўлуса. Летам 1899 г. ён, з Васілём Прыютавым, купіў квіток трэцяй клясы з Бесьцяхскай станцыі да Вусьць-Кута на параплаў “Якутъ”, але ў дарозе іх арыштавалі. За самавольную адлучку з месца пасяленьня быў пераведзены ў Верхаянскую акругу Якуцкай вобласьці са спыненьнем выдачы казённай дапамогі. 26 студзеня 1900 г. прыбыў ў Верхаянск і быў пакінуты там на жыхарства.
    5 красавіка 1902 г, з дазволу губэрнатара, пераехаў у Якуцк, а 7 траўня 1902 г. скончыўся ягоны тэрмін выгнаньня. 18 траўня 1902 г., з-за адсутнасьці сродкаў. быў адпраўлены ў Коўна за казённы кошт.
    Працягваў рэвалюцыйную дзейнасьць у шэрагах БУНДу ў Варшаве пад мянушкай “Фрыдрых”, быў сябрам ЦК. У траўні 1905 г. арыштаваны на паседжаньні Віленскага камітэту БУНДа, але быў вызвалены да суду і выехаў у Жэнэву, дзе займаўся літаратурна-публіцыстычнай працай. У 1906 г. у Вільне супрацоўнічаў з цэнтральным ворганам БУНДу “Фольксцайтунг”. Удзельнічаў у выбарах у ІІ Дзяржаўную думу. У 1907 г. быў сакратаром V зьезда РСДРП (Лёндан). Падвяргаўся арыштам у 1910 г. ды 1912 г.
    Падчас І Усясьветнай войны жыў у Туле. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Петраградзе, рэдактар газэты БУНДа “Дос профессионеле лебн”. У кастрычніку 1917 г. чалец Часавай Рады Расійскай Рэспублікі (Прадпарлямэнта). У 1918 г. выйшаў з БУНДАа, ад 1919 г. чалец РКП(б), але ад актыўнага палітычнага жыцьця адышоў. Уваходзіў ва Ўсесаюзнае таварыства былых паліткатаржанаў і ссыльнапасяленцаў Білет чальца № 2060.
    Памёр у 1943 годзе.
    Творы:
    Сионизм и интересы еврейского пролетариата. // Сионизм и интересы еврейского пролетариата. Лондон. 1903.
    Еврейский пролетариат. Санкт-Петербург. 1906. С. 1-30.
    Очерки по политической экономии. Пособие для партшкол, парткружков, профкружков, рабфаков и самообразования. Вып. 1. Заработная плата. Москва. 1924.
    Літаратура:
    Гожанский Самуил Наумович. // Политическая каторга и ссылка. Биографический справочник членов о-ва политкаторжан и ссыльно-поселенцев. Москва. 1934.
    Казарян П. Л.  Верхоянская политическая ссылка 1861-1903 гг. Якутск. 1989. С. 39, 45, 116, 141, 116.
    Сьпева Ланская,
    Койданава.