пятница, 14 ноября 2014 г.

Тавяіль Грыжман. Бундавец Віленкін. Койданава. "Кальвіна". 2014.



                                                         БУНДАВЕЦ  ВІЛЕНКІН
    Ільля Лявонавіч [Леонович] Віленкін [Виленкин] - (“Сяргей”) - нарадзіўся 15 красавіка 1879 г. у Пецярбурзе; мешчанін, сын службоўца, які працаваў ва ўпраўленьні Лібава-Роменскай чыгункі. У 80-х гадах сям’я пераехала ў Менск, дзе ён скончыў у 1897 г. рэальнае вучылішча.
    У 1898 г. паступіў у Кіеўскі політэхнічны інстытут, з якога быў выключаны ўвесну 1899 г. за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях. Знаходзячыся пасьля гэтага ў Менску, прымаў удзел у дзейнасьці БУНДа, а таксама ў мясцовай легальнай грамадзкай працы (сумесна з Г. А. Гершуні).
    У 1900 г. быў прыцягнуты да дазнаньня пры Маскоўскім губэрнскім жандарскім упраўленьні па справе аб “Менскім сацыял-дэмакратычным камітэце” (БУНД). Утрымоўваўся пад вартай з 6 сакавіка па 10 ліпеня 1900 г. у Маскоўскай турме, затым быў аддадзены пад асобы нагляд паліцыі ў Менск, дзе працягваў працу ў мясцовай арганізацыі БУНДа. 29 сьнежня 1900 г. быў зноў арыштаваны і прыцягнуты пры Менскім губэрнскім жандарскім упраўленьні да сьледзтва аб мясцовай бундаўскай арганізацыі.
 

                      Бундавец Уладзімер Мэдэм (другі з права) у 1901 г. з сябрамі па партыі:
                     Ільлёй Віленкіным і Якавам Капланам ды дзяўчатамі: Гіняй, Фаняй і Розай
    Пастановай Асобай Нарады пры міністры ўнутраных спраў ад 31 траўня 1901 г. вызначана было яго выслаць ва Ўсходнюю Сыбір на 5 гадоў, і прывесьці гэтае рашэньне ў выкананьне пасьля заканчэньня дазнаньня. У жніўні 1901 г. адбылася дамова Міністраў унутраных спраў і юстыцыі аб высылцы Віленкіна ва Ўсходнюю Сыбір неадкладна, не чакаючы заканчэньня фармальнага дазнаньня.
    Быў адпраўлены ў Якуцкую вобласьць і паселены ў Вілюйскай акрузе. У чэрвені 1902 г. ён быў пакліканы на вайсковую службу ў Якуцкую ваенную каманду. Найвысачэйшым загадам 21 верасьня 1903 г. быў падпарадкаваны строгаму нагляду вайсковага начальства на 2 гады з заменай, у выпадку пакіданьня службы да заканчэньня гэтага тэрміна, публічнаму нагляду паліцыі на 2 гады па-за сталіцамі і сталічнымі губэрнямі, а таксама Палтаўскай, Таўрычаскай і Саратаўскай губэрняў, з прытрымліваньнем правілаў аб мяжы габрэйскай аселасьці.
    У 1904 годзе Віленкін у Якуцку прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы г. зв. “раманоўскага пратэсту”. Падчас самога пратэсту нахадзіўся па-за “Раманаўкі”, бо быў вылучаны таварышамі, у ліку некалькіх чалавек, для сувязі і садзейнічаньні. Пасьля здачы “раманаўцаў”, пры вядзеньні сьледзтва падаў уладам заяву аб сваім удзеле ў справе і салідарнасьці з арыштаванымі. Утрымоўваўся да суду на гаўптвахце. 30 ліпеня - 8 жніўня 1904 г. судзіўся Якуцкім акруговым судом па справе “раманаўцаў” і быў апраўданы.
    Пасьля суду, застаючыся на вайсковай службе, быў адпраўлены ў Акмолінск, затым у Сяміпалацінскую вобласьць. У канцы 1905 г., вяртаючыся са ссылкі, прыняў удзел у рэвалюцыйнай працы ў Омску, выступаў на сходах чыгуначнікаў, але неўзабаве павінен быў зьбегчы адтуль.
    Па прыезьдзе ў Вільню, дзе нахадзіўся ЦК БУНДа, Віленкін усталяваў сувязь з арганізацыяй і, пасьля кароткачасовага адпачынку ў Пецярбурзе, з чужым пашпартам зьехаў на працу ў Віцебскую арганізацыю Бунда. 2 сакавіка 1906 г. ён быў арыштаваны ў Віцебску на сходзе рабочых (пад імем Моўша Партон). Пасьля некалькіх месяцаў зьняволеньня ў Віцебскай турме быў высланы на 3 гады ў Нарымскі край.
    Прыбыў у ссылку ў жніўні 1906 г. і ў першую ж ноч уцёк з іншымі таварышамі на лодцы ўверх па рацэ Об да Томска, адкуль дабраўся да Кіева, Вільні і Пецярбурга.
    Узімку 1906-1907 гадоў атрымаў прызначэньне ў Адэскую арганізацыю БУНДа. У траўні 1907 г. быў ізноў арыштаваны ў Адэсе на рабочым сходзе (пад імем Кафіель Абелевіч Клавір).
    Пасьля турэмнага зьняволеньня быў высланы ў Архангельскую губэрню на 3 гады, але таксама ўцёк (неадкладна па прыбыцьці да месца ў Халмагоры) і ў сьнежні 1907 г. шчасьліва прыехаў у Пецярбург.
    Абодва разы Віленкін не быў раскрыты, але пасьля другіх уцёкаў адышоў ад палітычнай працы. Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнівэрсытэта, які скончыў у 1912 годзе. З-за нацыянальных абмежаваньняў для габрэяў ён ня быў прыняты ў адвакатуру а паступіў на службу ў Руска-Англійскі банк. Быў чальцом кіраваньня спажывецкага таварыства службоўцаў крэдытных устаноў. Пасьля кастрычніцкага перавароту ўваходзіў у кіраваньне прафэсійнага саюза банкаўскіх службоўцаў. На працягу 3-х гадоў (да 1922 г.) быў чальцом і сакратаром, а адзін час старшынёй рэвізійнай камісіі Петраградзкага губпрафсавету. Пасьля ліквідацыі іх у І і ІІ аддзяленьнях Нарбанка, працаваў у Губфінаддзеле, Абластопе, Галоўтопе, Поўначлесе. З 1922 г. у Паўночна-Заходняй (потым Ленінградзкай) абласной канторы Дзяржбанка.
    Літаратура:
    Виленкин Илья Леонович. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы 1880-1904. Выпуск II. Москва 1933. Стлб. 805-807.
    Тавяіль Грыжман,
    Койданава.