пятница, 14 ноября 2014 г.

Халімон Вада. Рачністыя Лапекі. Койданава. "Кальвіна". 2014.


     Беларус Кірыла Пятровіч Лапека, 1895 г. н., ураджэнец в. Буды, у 1930 г. быў выселены разам з сям’ёй з Полацкай акругі як кулак за межы БССР. Пражываў на капальні Верхне-Сталінск Алданскага раёна ЯАССР, быў возчыкам капальніцкага сэктару. Арыштаваны 5 студня 1938 г. Алданскім сэктарам НКУС ЯАССР па арт. 58-6 КК РСФСР. Пастановай Асобай нарады пры НКУС СССР ад 23 траўня 1938 г. быў асуджаны да ВМП. Расстраляны 22 чэрвеня 1938 г. на капальні Непрыкметнай Алданского раёна ЯАССР. Вызначэньнем Ваеннай пракуратуры ЗабВА ад 1 ліпеня 1989 г. рэабілітаваны па Указу ПВС СССР ад 16 студзеня 1989 г. Справа № 3327-р. /Лапеко Кирилл Петрович. // Книга Памяти. Книга – мемориал о реабилитированных жертвах политических репрессий 1920-1950-х годов. Том второй. Якутск. 2005 г. С. 181./

    Ягоны сын Валянцін Кірылавіч, які нарадзіўся у 1926 г. у Полацкай акрузе БССР, паступіў у рачное вучылішча ў г. Якуцку, якое скончыў з чырвоным дыплёмам і адразу ж паступіў у Ленінградзкі інстытут інжынэраў воднага транспарту. Як ён успамінаў: “На Якуцкую рачную прыстань, порт тады яшчэ прыстаньню быў, прыехаў па накіраваньні, наўпрост у плянавы аддзел інжынэрам. А потым начальнік плянавага з параходзтва даведаўся, што мужчына на прыстані з’явіўся, а ў самога ў аддзеле адны жанчыны, так давай мяне перавабліваць. Забраў, карацей, да сябе. У параходзтве я да начальніка грузавой камэрцыйнай службы даслужыўся. У порт мяне прызначалі начальнікам у 1963-м годзе. Будынак упраўленьня тады на Гольмінцы знаходзіўся. Яно і цяпер там пэўна. Дамба была ўжо пабудаваная, як мы дрыжалі над ёй -о-е-ёй! Дарэчы, мой першы сівы волас з-за гэтай дамбы ўтварыўся. Мы тады ўсю ноч мяшкамі ды пяском яе ўтрамбоўвалі - плыла пад нагамі... Першы начальнік прыстані, Пупка, быў не з далікатных. Адмысловым аўтарытэтам у яго кулак карыстаўся. Дык вось ён гэтым самым кулаком адразу, выбачыце, у пысу біў, калі каго на працоўным месцы заставаў пад градусам... У мяне кулачок ні ў якое параўнаньне не ішоў з пупкоўскім. Ды і было мне ўсяго 33 гады тады. Ну, думаю, трэба штосьці прадпрымаць, інакш зрывы за зрывамі пойдуць. Добра, самі зрывы. Флёт жа прастойвае з-за гэтых п’яніц - нажаруцца да страты пульсу, якая ўжо там праца. Аднойчы выклікаюць мяне ўначы на прыстань. Прыяжджаю, а грузчыкі ўсе п’яныя. Я ім камандую - па хатах. А яны мне - хто ты такі знайшоўся тут, хлапец. Цябе за рукі за ногі і ў Лену выкінем. Елкі-палкі, - цямлю, - плаваць умею, выплыву. Але з п’яніцамі штосьці рабіць трэба. Карацей, кранаўшчыкоў з сабой забраў і з’ехаў. Грузчыкі другім рэйсам разьехаліся. А раніцай я загад на звальненьне дзесяцярых чалавек выдаў. Што тут пачалося! Прафзьвязы прыімчаліся: як гэта вы асьмеліліся кадравых людзей звольніць? І сапраўды грузчыкі тады былі ого го, усе такія здаровыя, закаранелыя. Іх абагаўлялі. І дарма, напэўна. Менш бы насы задзіралі... Добра, угаварылі. Загад адмяніў. А праз пару тыдняў ізноў засек за бутэлькай. І зноў угаварылі мяне прабачыць. Ну, ужо на трэці раз, калі мне дахаты сакратар райвыканкама з Намцаў патэлефанаваў і папрасіў сваіх п’яніц забраць, я не вытрымаў. Звольніў усіх! І што вы думаеце? Яны ўсе назад прыйшлі прасіцца. Чаму? Ды таму што шанавалі сваім месцам. Порт тады і жыльлё будаваў, як ніхто іншы ў горадзе. Ды і наогул працаваць у порце лічылася справай прэстыжнай. Узяў я назад тады чалавек пяць, яны ў мяне потым зьвеньнявымі сталі і брыгадзірамі. Во як бывае. А ўсё таму, што па справядлівасьці выйшла і людзі гэта выдатна зразумелі. Мне ж потым у пляне дысцыпліны нашмат лягчэй было працаваць. А яшчэ я аднаго свайго нама звольніў з працы прама ў камандзіроўцы. У Растове мы былі на канфэрэнцыі. Увечар, як пакладзена, у рэстаран сыходзілі. Я таксама выпіў, дазваляў сабе ў непрацоўны час. Раніцай заходжу ў нумар да гэтага самага нама, а ён ушчэнт п’яны, высьвятляецца, бутэльку з сабой яшчэ прыхапіў. Ну, якая там канфэрэнцыя? Калі праспаўся - я яму кажу, прыедзеш у Якуцк, пішы заяву “па ўласнаму”... Працаваў Валянцін Лапека начальнікам Якуцкага рачнога порта па 1968 год
    Валянцін Кірылавіч успамінае: “калі ўжо працаваў намесьнікам начальніка параходзтва па эканоміцы... трэба было ратаваць судна, якое цярпела бедзтва. 600-тонавую “бляшанку” несла па рацэ Анабар у мора. На сувязь экіпаж не выходзіў, што здарылася, натуральна, ніхто не ведаў. Што рабіць? Я вылятаю на шрубалёце ў раён бедзтва. “Бляшанка”, пакорліва скарыўшыся лёсу, можна сказаць, разьвітвалася з жыцьцём. І тут з неба на палубу прызямляецца я, анёл-выратавальнік. На палубе нікога. Капітан у каюце п’яны сьпіць, побач паўскрыні гарэлкі. Я яму - ах, ты, дрэнь такая-расьсякая... А ён: “думаеш, не страшна, калі цябе ў акіян нясе?” Мэханіка я знайшоў у машынным аддзяленьні, ён да таго быў працай заняты, спрабаваў з рухавіком зладзіцца, што нават шуму шрубалёта не пачуў. Судна атрымалася забуксіраваць катэрам пуцявікоў і гісторыя шчасна завершылася”.
   З Якутыі Валянцін Лапека пераехаў ў Ніжагародзкую вобласьць РФ, аое ў 2000 г. прыяжджаў у Якуцк на 100 годовы юбілей Якуцкага рачнога порта. Памер у 2006 годзе. /Лапеко В. К.  Письмо с воспоминаниями. // Ленский водник. Якутск. 4 апреля 1992. С. 4; Лихау И.  Настоящий начальник. // Якутия. Якутск. 8 декабря 2000. С. 2; Якутский речной порт. 100 лет. Якутск. 2000. С.4; Павлов А. С.  Ленские речники. Якутск. 2008. С. 77./
    Другі сын Кірылы Пятровіча Лапекі - Цімафей Кірылавіч Лапека нар. 8 ліпеня 1928 г. у Полацкай акрузе БССР, таксама скончыў Якуцкае рачное вучылішча, ў 1949 г. 2 пам. капітана на пасажырскім параплаве “Клаўдзій Краснаяраў”. Жаніўся на акушэрцы па імю Хвядосься. Затым працаваў на параплаве “Байкал”, жонка там жа мэдыкам. Нарадзіліся сын і дачка. У 1953 г. Цімох працаваў капітанам, жонка фэльчарам у Якуцку. Скончыў завочна НІВТ і перайшоў у службу нафтаперавозак ЛАРПа. Са студзеня 1964 г. дырэктар Пеледуйской РЭБ. У 1973 г. пераехаў у Ленск і ўзначаліў Ленскую прыстань ЛАРПа. Удзельнічаў у хоры вэтэранаў, дэклямаваў вершы расейскіх паэтаў, ды чытаў “свае гумарыстычныя творы”. Узнагароджаны мэдалямі “За працоўную доблесьць” (14. 09. 66.) ды “100 гадоў з дня нараджэньня Леніна” (26. 03. 70.); заслужаны работнік транспарту РФ (17. 11. 94.) /Вишнякова О.  “Представить трудно мне теперь...” // Ленский водник. Якутск. 12 августа 2000 г. С. 2; Павлов А. С.  Ленские речники. Якутск. 2008. С. 77./
    Халімон Вада,
    Койданава.