пятница, 5 декабря 2014 г.

Казік Глыгач. Якуцкая зуброўка. Койданава. "Кальвіна". 2014.


                                                             ЯКУЦКАЯ  “ЗУБРОВКА”


    Зуброўка [па-лацінску: Hierochloe, якое паходзіць ад грэцкіх слоў: ἱερός (святы, падараваны багамі, пажаданы богам, сьвяшчэнны, боскі) ды χλοάζω (зелянець, зелень)] – род кветкавых расьлін сямейства мятлюжкавых. Вядома іх каля 30 відаў, пашыраных пераважна ў Эўразіі і Амэрыцы. У Беларусі існуе 3 віды: Зуброўка духмяная (Hierochloe odorata); Зуброўка паўднёвая (Hierochloe australis) ); Зуброўка жорсткаваласістая (Hierochloe hirta). Найбольш пашыраная ў Беларусі Зуброўка духмяная, шматгадовая трава з залаціста-жоўтымі каласкамі, вышынёй да 70 см. Народныя назвы: зубрава трава, цяпалоць, тураўка; польск. żubrówka, turówkа, па Далю - лядник, горчак, чаполоть, чаполочь, горькая плоскуха, плоскушка, пестречный пырей, том(н)ковица, зубровка, а таксама горькая трава, плоскуша, томковица, туровка; англ. sweetgrass (салодкая трава) або holy grass (сьвяшчэнная трава). Расьце ў шыракалістых і мяшаных лясах, на ўзьлесках, паплавах, каля дарог. Яе ахвотна паядаюць зубры (даўней і туры), адсюль назвы. Надземная яе частка, якая мае моцны пах кумарыну (сьвежага сена) і крыху вяжучы смак, шырока ўжываецца ў лікёра-гарэлачнай вытворчасьці як араматызатар. Яе зьбіраюць пад час цьвіценьня (травень - чэрвень) ды скарыстоўваюць высушаныя сьцябліны.
....Дзесьці ў сярэдзіне 90-х гадоў ХХ ст. камбінат “Якутский” выпускаў сваю вэрсію славутага напою “Зубровка”, ГОСТ 7190-93, у звычайных бутэльках ёмістасьцю ў 0,5 л. і моцнасьцю ў 40%, зеленаватага колеру. Але чамусьці ў Якутыі гэтым напоем грэбавалі, мо з-за гэтага і перасталі яе вырабляць.


    Цікава што сучасныя вытворцы беларускай “Карамбамбулі” робяць яе на кедравых арэхах, якія растуць у Якутыі
    Казік Глыгач,
    Койданава.



                                                                         ДАДАТАК

    Сяржук Сокалаў-Воюш
                                                                        ЗУБРОЎКА
    Зуброўка - духмяная трава, якая расьце ў лясох і на лугавінах - атрымала сваю назву праз тое, што яна - улюбёная ежа волатаў беларускага лесу: зуброў. А яшчэ яна - араматычны сродак, які ўжываецца для... Напэўна, кожны жыхар Беларусі мог бы скончыць гэтую фразу, нават не падумаўшы, што апрача гарэлкі зуброўкавы водар можна знайсьці ў старых рэцэптах пірагоў, печываў і іншых прысмакаў. Пахам зуброўкі дыхалі закаханыя ў вечаровых стагах, але пра яго чамусьці ніколі не пісалі паэты.
    Укінутая ў гарэлку жоўтая або зялёная сьцяблінка зуброўкі ператварае яе ў трунак найвышэйшай якасьці. Напой „Зуброўка“ - сувэнір зь Беларусі, які вязуць нашыя суайчыньнікі, едучы куды-небудзь у замежжа. Гэткім чынам, „Зуброўка“ - гэта ў пэўным сэнсе візытоўка Беларусі.
    „Вось сымбаль твой, забыты краю родны“, - выгукнуў словамі Багдановіча адзін мой знаёмы, уздымаючы над галавой фірмовую пляшку. „А што? - адказаў другі. - Ня трактар жа „Беларусь“ везьці ў падарунак“.
    Налепка на „Зуброўцы“, як правіла, упрыгожаная выявамі зуброў, і неабазнаны чалавек можа зразумець гэта як намёк: зубры ядуць гэтую траву, і яны моцныя. Хочаш быць моцным - пі „Зуброўку“. Між тым гатунку зуброўкі, які ідзе на выраб гарэлкі, зубры не ядуць. Яны любяць іншую зуброўку, якая, хаця і аднэй сям’і з гэтай, але такога паху ня мае.
    У 70–80-я гады „Зуброўка“ ўжывалася як падмазка перад хабарам, а то й як хабар. Яе скрынкамі выстаўлялі для ўсялякіх праверак, рэвізіяў і ўрачыстых сустрэчаў так званых патрэбных людзей. Кіраўнікі рознага кшталту і розных узроўняў, едучы на паклон хто ў Менск, хто ў Маскву, везьлі яе з сабой і гэткім чынам залагоджвалі справы, атрымлівалі ўзнагароды або „ярлыкі на княжаньне“.
Зуброўка“ і сапраўды магла б стаць каралевай беларускіх напояў, як „Бехераўка“ ў чэхаў, „Пярцоўка“ ў украінцаў, ці каралём, як „Рыскі бальзам“ у латышоў... Але ня стала...

    Хама Пітушчы
    Хімка Непітушчая
                                                          ТРОХІ  ПРА  “ЗУБРОЎКУ”
    Зуброўка выраблялася на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (Кароны і Літвы) пачынаючы з XVI ст. У 1926 г. у Брэсьце (тады Польшча) пачаўся масавы выпуск “Зуброўкі”. Зараз у Беларусі лікворагарэлачная кампанія “Белака” у Брэсьце вырабляе напоі: Brestskaya Zubrowka (Зуброўка), для Расеі (Зубровка), Летувы (Stumbrinė), ЗША (Bison Vodka), Украіны (Зубрiвка), Нямеччыны (Grasovka), Чэхіі (Zubrovka) і іншым краінам, але вельмі сароміцца подпісваць сой выраб па-беларуску – ЗУБРОЎКА.
    Паколькі Упраўленьне кантролю якасьці прадуктаў і лекаў ЗША палічыла што ў Зуброўцы духмянай утрымліваецца атрутнае рэчыва кумарын і забараніла ўвоз “Зуброўкі “ у краіну, таму для іх пачалі вырабляць “Зуброўку” з выкарыстаньнем штучных фарбавальнікаў ды з сымбалічнай травінкай у кожнай бутэльцы, пазбавіўшы напой кумарыну.