среда, 21 января 2015 г.

Пэрсэфона Стыкс. Вешальнік у Якуцку. Койданава. "Кальвіна". 2015.




    Пэрсэфона  Стыкс,
    Койданава


                                               Карыкатура 1898 году на адкрыцьцё ў Вільні
                                                 помніка генэрал-губэрнатару М. Мураўёву
    Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў – нар. 1 (12) кастрычніка 1796 г. у Маскве ў сям’і марскога афіцэра. Вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце, заснаваў Маскоўскае таварыства матэматыкаў, потым, разам з бацькам — вучылішча калёнаважатых (штабных афіцэраў) — правобраз будучай Акадэміі генэральнага штабу. Удзельнічаў у Вайне 1812 г., за ўдзел у бітве пад Барадзіно атрымаў ордэн Уладзімера IV ступені з бантам. У 1813 годзе ўдзельнічае ў “бітве народаў” пад Дрэздэнам. Пасьля вяртаньня на радзіму зацікаўліваецца тайнымі таварыствамі і ўступае ў «Саюз благадзеяньня” (1816), дзе, падчас голаду ў Смаленскай губэрні, прымае ўдзел у арганізацыі ў раслаўльскім павеце шырокай дапамогі галадаючым.
    Пасьля радыкалізацыі руху сьнежаньцаў, калі ў Статут “Саюзу” быў унесены пункт аб забойстве цара, Мураўёў, нязгодны з гэтым рашэньнем, выходзіць зь сяброў арганізацыі. За ўдзел у “Саюзе” быў арыштаваны, але цалкам апраўданы.
    /Ягоны брат Аляксандр Мікалаевіч Мураўёў (1792-1863) - расейскі генэрал, адзін з заснавальнікаў сьнежаньскага руху быў арыштаваны ў маёнтку жонкі, князёўны Праскоўі Міхайлаўны Шаховскай (1788-1835), сяле Батове Валакаламскага вуезда 8 студзеня 1826 г. 13 студзеня дастаўлены ў Санкт-Пецярбург на галоўную гаўпвахту, 14 студзеня пераведзены ў Петрапаўлаўскую крэпасьць. Асуджаны па VI разраду 10 ліпеня 1826 г. і прысуджаны да ссылкі ў Сыбір без пазбаўленьня чыноў і дваранства. Выехаў з Санкт-Пецярбурга ў Якуцк 28 ліпеня 1826 г. Пасьля хадайніцтва цешчы княгіні Е. С. Шаховской месца ссылкі яму было зьменена на Верхневудзінск. Аляксандр Мураўёў даведаўся пра гэта па дарозе ў Якуцк. Прыбыў у Верхневудзінск 24 студзеня 1827 г./
    У 1826 г. Мураўёў прызначаны віцэ-губэрнатарам Віцебскай губэрні, пазьней — у 1828 г. губэрнатарам Магілёўскай, затым Гарадзенскай губэрні. Прымаў удзел у задушэньні паўстаньня 1830-1831 гадоў.
    У 1835 г. прызначаны губэрнатарам Курскай губэрні, у 1850 г. — сябра Дзяржаўнага савету, у 1850-1857 гг. віцэ-прэзыдэнт Імпэратарскага Расейскага геаграфічнага таварыства, у 1857-1861 гг. міністар дзяржаўных маёмасьцей. Прымаў удзел у распрацоўцы праекту вызваленьня сялянаў.
    Падчас паўстаньня 1863-1864 гг. Мураўёў быў прызначаны генэрал-губэрнатарам Паўночна-Заходняга краю з надзвычайнымі паўнамоцтвамі.
    На гэтай пасадзе Мураўёў жорстка змагаўся з паўстанцамі. Расейцамі шырока практыкавалася канфіскацыя маёмасьці, абкладаньне польскай і беларускай шляхты вялікім “ваенным падаткам”. Паўстаньне было ў хуткім часе падаўленае.
    У дадатку да тысячаў чалавек, якія загінулі ў бойках, паводле прысудаў трыбуналаў было пакарана сьмерцю 128 паўстанцаў (у тым ліку нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі), ад 2500 да 9423 чалавек паводле розных падлікаў было саслана ў Сыбір. За сваю жорсткасьць Мураўёў увайшоў у гісторыю пад мянушках Вешальнік і Людаед.
    Ад 1863 г.— генэрал ад інфантэрыі. 1 траўня 1865 г. звольнены з пасады губэрнатара Паўночна-Заходняга краю з атрыманьнем тытулу графа і найменьня “Віленскі”. У красавіку 1866 г. старшыня сьледчай камісіі па справе Каракозава.
    Памёр 29 жніўня (10 верасьня) 1866 г. ў Санкт-Пецярбурзе і пахаваны ў Аляксандра-Неўскай Ляўры.
    У 1898 г. ў Вільні яму быў усталяваны помнік, які быў зруйнаваны польскімі ўладамі на пачатку 1920-х гадоў. З кавалкаў зьнесенага помніку ў Вільні пабудавалі грамадзкія гарадзкія прыбіральні.
    Асьпід Людажэр,
    Койданава.


    Мікалай Густававіч Шыльдэр /Николай Густавович Шильдер/ - нар. ў 1828 г. ў Невельскім павеце Віцебскай губэрні (па іншым зьвесткам у Харкаве) Расейскай імпэрыі, сын адстаўнога карнэта, наглядчыка Маскоўскай камэрцыйнай школы. Невельскі прадвадзіцель дваранства выдаў яму пасьведчаньне “ў тым, што ні за ім, ні за бацькамі яго не лічыцца ніякага нерухомай маёмасьці, і ён Шыльдэр, не мае зусім ніякай маёмасьці”.
    Адзначым, што ў маёнтку Сіманава Невельскага вуезду пражываў генэрал Карл (Аляксандр) Андрэевіч Шыльдэр (1786-1854) ды Ўладзімер Аляксандравіч Шыльдэр (1855-1925) генэрал, дырэктар Пажэскага корпуса, Аляксандраўскага ліцэю, выхавацель Вялікага князя Аляксея Міхайлавіча.
    У 1850-1861 гг. Мікалай Шыльдэр вучыўся ў Імпэратарскай Акадэміі Мастацтваў у клясе батальнага жывапісу ў Б. Вільлевальдзе. За пэрыяд вучобы неаднаразова адзначаўся мэдалямі: у 1853 году быў узнагароджаны малым срэбным мэдалём за карціну “Пікет лейб-гвардыі Літоўскага палка”, у 1857 г. вялікім срэбным мэдалём за карціну “Спакуса”, у 1859 г. малым залатым мэдалём за карціну “Ліхвяр”. У 1854-1855 гг. працаваў над карцінамі на тэмы Крымскай вайны, затым зьвярнуўся да жанравага жывапісу. У 1861 гадах за карціну “Расплата з крэдыторамі” быў ганараваны званьнем акадэміка жанравага і батальнага жывапісу.

                                                                      Спакуса. 1857
    Карціна Шыльдэра “Спакуса” - адно з двух першых твораў рускіх мастакоў, набытых П. Трацьцяковым для сваёй калекцыі.
     Упадабанымі тэмамі Шыльдэра робяцца жыцьцёвыя эпізоды, якія паказваюць бяспраўнае і драматычнае становішча жанчын у Расіі. Але пасьля Шыльдэр адышоў ад гэтай танальнасьці і пачах спэцыялізавацца ў пісаньні партрэтаў рускіх імпэратараў і чальцоў іх сем’яў.
    Памёр 25 (13) сакавіка 1898 г. у Царскім Сяле.
    Ягоны сын Андрэй Мікалаевіч Шыльдэр (1861-1919), таксама мастак.
    Цаца Маляваная,
    Койданава.