среда, 19 августа 2015 г.

Іван Ласкоў. Чароўны камень. Апавяданьні. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2015.






                                          ДВАНАЦЦАЦЬ ЯКУЦКІХ МЕСЯЦАЎ
                                                             (Замест прадмовы)
    Адчуваю, што ў гэтай кнізе абавязкова павінна быць прадмова, але з чаго яе пачаць?..
    Відаць, з надвор’я.
    Як вядома, у добрай кампаніі гаварыць пра надвор’е - усё адно, што не гаварыць нічога. Не тое ў Якуцку.
    Раніцай мясцовае радыё перадае зводку тры разы: а палове сёмай, а палове восьмай і а восьмай. Да тэлефоннага аўтаадказчыка надвор’я (2-58-35) студзеньскім днём не прабіцца. Рабочы дзень звычайна пачынаецца са слоў:
    - Адпусьціла, здаецца!
    - Ага. Трыццаць пяць усяго, казалі.
    Ці наадварот:
    - Ну й маразяка! Сорак сем ці я недачуў?
    - Якое там сорак сем! У мяне за акном градусьнік - пяцьдзесят два, хай не маняць!
    Не пагарджайце якуцянамі (так завуць усіх жыхароў Якуцка і Якуціі ў адрозьненьне ад карэнных насельнікаў краю - якутаў) за гэтыя размовы. Веданьне градусаў тых, як вы разумееце самі, зусім нялішне: на дваццаць марозу - адна апранаха, на сорак - іншая.
    Асаблівыя адценьні мае лічба мінус пяцьдзесят: за гэтым парогам малодшыя школьнікі не ходзяць на ўрокі, а будаўнікам да звычайных заробкаў дадаюць яшчэ “марозныя”.
    Я ў Якуціі зімую восьмы раз і, прызнацца, прывык паразважаць пра надвор’е,пра клімат.
    Хачу сказаць пра дванаццаць якуцкіх месяцаў – як пачувае сябе ў іх чалавек.
    У Беларусі пра бяскрайнюю паўночную рэспубліку звычайна ведаюць адно: што там звышсьцюжа. Пры слове “Якуція” ва ўяўленьні чытача ўсплываюць полюс холаду, палярная ноч на паўгода, сабачая ці аленевая запрэжка.
    Усё гэта і сапраўды ёсьць, але значна паўночней Якуцка.
    Памятаю, як сьмяяўся ўвесь горад з аднае цэнтральнай газэты. Дакладней, з малюнка, зьмешчанага ў ёй. На гэтым малюнку, зробленым нібыта з натуры, сьвяціўся вокнамі кінатэатар “Лена”, а побач з ім уставаў з нартаў якут у кухлянцы, які прыехаў глядзець кіно... на аленях.
    За ўвесь час, як жыву ў Якуцку, бачыў я аленяў тут толькі адзін раз - у кузаве грузавіка. Як бачыце, у сталіцу рэспублікі алені і самі не ходзяць пехатой. Што ж тады казаць пра тое, каб некага везьці ў кіно! Як павязеш, калі ад бліжэйшых аленяў да Якуцка як ад Оршы да Брэста, а ў дадатак і дарог няма.
    Трэба сказаць, што пра аленяў, пра сабак, пра паўночныя зьзяньні і белых мядзьведзяў і ў мастацкай літаратуры, і ў журналістыцы напісана даволі шмат. Цэнтральную ж Якуцію журналісты і пісьменьнікі чамусьці абмінаюць. Вось і атрымліваецца, што Якуцію чытач уяўляе па кнігах, прысьвечаных Крайняй Поўначы.
    Таго, хто, начытаўшыся памянёных кніг, прыяжджае сюды ўпершыню, сустракаюць неверагодныя рэчы.
    Так было і са мной у жніўні 1969 года. Я чаго чакаў? Халоднай імжы, колкага ветру і ледзьве не сьнегу. Я ж запамятаў добра (усё з тых жа кніжак), што Якуція ўся ляжыць у зоне адвечнай мерзлаты. А што такое адвечная мерзлата, я ведаў крыху па забайкальскіх уражаньнях. Пад Чытой мерзлата на глыбіні ў пяць мэтраў. Зірнеш у калодзеж, а ў ім - ліпень не ліпень - крыштальны лёд. А вада - сьцюдзёная, такая смачная па гарачыні, зубы заходзяцца!
    У Якуціі ж калодзежаў увогуле няма, бо мерзлата залягае адразу пад дзірванам. І тым не меней: сышоў з самалёта, а сьпякота - не раўнуючы чыцінская! Нібыта і не ляцеў на поўнач паўтары тысячы вёрст. Няўжо гэта тая самая Якуція, дзе апранаюцца ў футры і езьдзяць на сабаках? Выпадковасьць, думаю. Зараз неба засьцеле, і сьнег пойдзе.
    Але сьнег не ішоў - і яшчэ дзіўнейшае: чым уважлівей прыглядаўся я да Якуціі, тым часьцей успаміналася Забайкальле. Канечне, якуцкая лістоўнічная тайга мала нагадвае чэзлыя сасьнякі, што раскіданы па чыцінскіх стэпах. Ды справа ў тым, што тая тайга далёка не суцэльная. Пройдзеш лесам чвэрць гадзіны – і так званы алас: лугавіна. Лесу, як бачыце, не так і багата. Затое аласы, бывае, на кілямэтры цягнуцца: стэп стэпам! А расьліннасьць у іх - асабліва ў тых, што без возера, - забайкальская. Стэпавая! Той жа палын, тыя ж рамонкі блакітныя, і побач з нашымі конікамі жыруе саранча, раз-пораз заломваючы над лугам крутыя віражы. Шчоўкне крыламі, бы нажніцамі нешта адсячэ, і зноў у траву.
    Пасьля знаёмства з аласамі меней зьдзівіла мяне другое: аленяў у цэнтральнай Якуціі зусім няма, затое вельмі багата коней! Коней гадуюць тут не так для працы, як на мяса. Вельмі любяць якуты і кумыс. Тут ужо пацягнула на мяне не Забайкальлем, а Казахстанам, Сярэдняй Азіяй... Дарэчы, якуцкі кумыс мне даспадобы больш, чым казахскі.
    Коней якуты прыгналі, лічаць, з сваёй прарадзімы далёкай. Адкуль прыйшлі яны на полюс холаду семсот ці тысячу год назад: з Забайкальля таго ж ці з Сярэдняй Азіі - нават паданьняў няма. Але ясна адно: у тыя былінныя часы яны былі народам стэпавым. Таму, прасоўваючыся на поўнач, і спыніліся ў ваколіцах сёньняшняга Якуцка, бо аласы тутэйшыя ім нагадалі стэп. Тут было дзе пасьвіць коней.
    Дарэчы, касматы якуцкі конь пасьвіцца круглы год. Зімой ён выграбае траву з-пад сьнегу. Канечне, гэта было б немагчыма пры нашых, беларускіх сьнягах. І вось тут я падыходжу да галоўнай рысы якуцкай прыроды: пастаяннай нястачы вільгаці. Як сьцьвярджаюць вучоныя людзі, ападкаў тут прыблізна столькі ж, як у казахскіх стэпах! І ў першым жніўні маім дажджу, лічы, зусім не было. Трава згарэла, зямля парэпалася, вецер нёс уздоўж дарог пыл і пясок. І як я мог паверыць мясцовым жыхарам, калі яны казалі, што ў іх тайзе,бывае, ступіць некуды ад грыбоў. Якія там грыбы!
    А іх і праўда багата ў грыбныя леты. Праз два гады прыехаўшы зноў, на сталы побыт, я адразу ж выбраўся ў тайгу. І як жа шкада было, што на гэты раз я прыляцеў не ў жніўні, а на пачатку верасьня! Батальёны казьлякоў цьмяна паблісквалі, як ледзяныя. Яны і на самой справе былі ледзяныя ад начнога замаразку.
    Верасень у Якуціі - першы і апошні месяц восені. Ну, і надвор’е асеньняе: то пагода, то нягода, то суш, то гразь... 20 верасьня 1976 года, напрыклад, я загараў на рацэ некалькі гадзін, а ў ноч на 18 верасьня 1975 года пайшоў такі густы сьнег, што пад яго цяжарам зламаўся мэталёвы стаяк палаткі, у якой мы з таварышам начавалі за сорак кілямэтраў ад Якуцка. Занесла і матацыкл, замяло дарогу. І коцячы свайго “каня” па калена ў сьнезе, як клялі мы самі сябе, што выправіліся ў рыбу ледзь не зімой!
    Кастрычнік - першы месяц зімы. Іншы раз ён бывае чорны амаль да канца, бывае і так, што сталы сьнег кладзецца яшчэ ў верасьні. Маразы - да трыццаці ноччу. Ідзеш па вуліцы і раптам бачыш, што твае ніцяныя пальчаткі пабялелі ад інею. Замерзла дыханьне рук!
    У лістападзе з якуцкіх дрэў нічога не падае - даўно ўпала. Сарвала пажоўклае лісьце з бярозак і лазьняку, ссыпала шыпулькі з лістоўніц - яшчэ пад канец верасьня. Лістапад заняты іншаю працай. Ён мацуе масты на рэках. І на пачатку сьнежня праз магутную “бабулю” (так гавораць якуты пра Лену) можна сьмела шыбаваць нават на самазвале.
    Часам у Якуцку можна пачуць дыскусію на тэму: што страшней - сьнежань ці студзень. Я асабіста лічу: сьнежань. Хай з пункту гледжаньня сыноптыкаў студзень і халадней (на тры градусы ў сярэднім), затое сьнежань ідзе першым! Дажыўшы да студзеня, неяк ужо прывыкаеш.
    У студзені 1972 года было 62° ніжэй за нуль, але мне пашчасьціла: якраз у тыя дні паслалі ў камандзіроўку ў цяплейшае месца. Затое 55° - 58° неаднойчы давялося выпрабоўваць на акулярах. Двойчы – у 1973-м і 1976-м - лопалася плястмасавая аправа.
    Не магу не ўспамянуць нядобрым словам зімовыя туманы. Пачынаюцца яны ў сьнежні, але куды сьнежаньскім туманам да студзеньскіх! За дзесяць крокаў аўтобуса не бачыш.
    На шчасьце, пад канец студзеня адбываецца знамянальная падзея: у Быка Зімы з якуцкіх павер’яў адвальваецца адзін рог. Ці не таму якуцкі люты здаецца не такім ужо і лютым?
    Дарэчы, на цікавыя думкі наводзіць якуцкі каляндар. Як вядома, у большасьці каляндароў назвы месяцаў даюцца па найбольш адметнай рысе надвор’я ці гаспадарчых заняткаў. Гэтаксама ж і ў якутаў: сакавік – “месяц жарабяці” (а жарабяты нараджаюцца пазьней, у красавіку), красавік – “месяц крыгаходу” (і крыгаход пазьней на месяц. Відаць, гэтыя назвы нешта гавораць аб паўднёвым паходжаньні якутаў), май – “месяц нерасту” і гэтак далей. Але вось дзіва: пяць зімовых месяцаў маюць не назвы, а нумары: кастрычнік – “алтыні” (шосты), лістапад – “сэціні” (сёмы), сьнежань – “ахсыні” (восьмы), студзень – “тохсуню” (дзевяты), люты – “олуню” (дзесяты). Чаму ж так? Ці не таму, што даўней усе яны, пазбаўленыя гаспадарчай дзейнасьці, а ў выніку і адметных рыс, зьліваліся для якута-жывёлавода ў адну аднастайную пару?
    Сакавік... Да вясны яшчэ далёка, але, чуваць, у Быка Зімы і другі рог адпаў. Ад ранку да ночы – ні хмурынкі, сонца сьлепіць і зьверху, і зьнізу – адбіваючыся ад сьнегу. Выходзіць у чыстае поле без чорных акуляраў – вар’яцтва.
    З лістапада па сакавік сьнег у Якуціі ідзе рэдка. Затое ў красавіку валіць часьцяком. Можа пайсьці і ў маі. Май - месяц няўстойлівы, капрызны. Зіма адступае на поўнач, прыкрываючыся гіганцкім ледзяным шчытом Лены.
    Адскрыгатаў крыгалом - адразу лета. З сярэдзіны мая да канца ліпеня - белыя ночы. Чытаеш без лямпы. У чэрвені сонца смаліць па дзевятнаццаць гадзін у суткі. У ліпені гарачыня - пад трыццаць пяць у ценю. Аднойчы нават трыццаць восем было. Чым не Алма-Ата?
    Я з якуцкіх месяцаў найболей люблю жнівень. У жніўні грыбы (між іншым, якуты іх не бяруць), у жніўні безьліч брусьніцаў. Праўда, хадзіць у брусніцы лепш на пачатку верасьня, калі яны дасьпеюць - аж да чорнага (першага разу мне здалося нават, што гэта чарніцы, але не, чарніцы тут не растуць. Няма і баравікоў. Найсмачнейшыя з тутэйшых грыбоў - грузды і падабабкі. А ці ведаеце вы, што падабабкі растуць нават у тундры, за Палярным кругам?).
    А жнівеньскае рыбацтва! Па-першае, камары адышлі (камары ў гэтых мясьцінах не нашы бяскрыўдныя!). Па-другое, не так горача, і лягчэй захаваць рыбу. Па-трэцяе, рыбы ў жніўні... Не буду казаць, колькі: усё адно не паверыце.
    Такія дванаццаць якуцкіх месяцаў: сем зімовых, тры летніх, адзін вясновы і адзін восеньскі. Не так ужо шмат прыносяць яны прыемнага. Але восемсот тысяч жыхароў Якуціі, а сярод іх дзьве тысячы нашых землякоў не зьвяртаюць асаблівай увагі на “пяшчоты” прыроды. Яны здабываюць з нетраў зямлі алмазы і золата, пракладваюць Малы БАМ, гадуюць кароў, сеюць пшаніцу, саджаюць бульбу. Дзеля іх і браўся я за пяро.
    У апавяданьнях маіх чытач неаднойчы напаткае прозьвішча Іваноў. Хай не здасца гэта дзіўнай прыхамацьцю аўтара. У Якуціі сапраўды багата Івановых - не толькі рускіх, беларусаў, украінцаў, але прадстаўнікоў самых розных нацыянальнасьцей. Шмат Івановых і сярод якутаў, што прынялі праваслаўе, а з ім і нашы імёны стагодзьдзі назад.
    Мае Івановы не зьвязаны крэўнасьцю, як, скажам Ругон-Макары Заля. І ўсё ж яны - адна дружная сям’я, што жыве па законах сацыялістычнага грамадзтва.
    Запрашаць у хату ці краіну - права гаспадароў. Я ў Якуціі даўно не госьць, але лічу, што на запрашэньне ў яе пакуль што не маю права. Замест гэтага запрашаю ўсіх у сваю кніжку апавяданьняў.
    10.11.1979
     Якуцк

                                                ДЗЕНЬ І НОЧ НА БЕРАЗЕ МОРА
                                                       У гэтым апавяданьні
                                                  морам названа рака Лена...
    - Кеш, а Кеш... Чаму гэта Лена морам стала? Учорашні дожджык наліў?
    - Тундра ты, Харламп’ева. І навошта цябе адтуль у Якуцк прывезьлі?
    -  Сам ты, Іваноў, тундра.
    - Твой учорашні дождж ужо за Сангарам.
    Іваноў і Харламп’ева вучні пятага “В” кляса 17-й школы, а дакладней, шостага “В”, бо канікулы летнія пачаліся, стаялі на носе рачнога трамвая, перагнуўшыся праз борт. Белая фарба на борце была сьвежай, і Харламп’ева час ад часу адкалупвала камячкі з загараджальнай сеткі і расьцірала пальцамі, з якіх яшчэ не змыліся як сьлед чарнільныя плямкі. Сьпякотны чэрвеньскі ранак, што пачынаецца ў гэтых шыротах з дзьвюх гадзін, ужо набраў поўную моц, і вада сьляпіла.
    - А чаму ты такі сярдзіты, Кеш?
    - Чаму, чаму... Рыбы не будзе, разумееш? Вады занадта. Летняя паводка, чорная! Трэба ж так: учора была рака як рака, а сёньня - мора.
    Вады было багата. Пірс рачнога вакзала затапіла цалкам, і пасажырскія судны швартаваліся проста да дамбы. Тыя домікі, што рызыкоўна зьбеглі з высокага берага ўніз, цяпер стаялі па вокны ў вадзе, і гаспадары іх грузілі ў лодкі свой няхітры скарб.
    - Ведаеш, Харламп’ева, давай-ка ты дадому, пакуль не адплылі. З-за паводкі не злаўлю нічога, а ты потым у клясе наплявузгаеш, што не ўмею.
    - Не думай і не мысьлі! Наўмысна гоніш, каб ніхто не бачыў, які ты рыбак. Я цябе выведу на чыстую ваду. Хто перад усім клясам выхваляўся, што ў мяне на вачах мэтровага шчупака зловіць?
    - Ну, пачакай, Харламп’ева!
    - Кеша, ты што гэта? Кеша! Ты чаго за борт схаваўся?
    - Ціха! Адыдзі ад мяне ці сама сядзь. Ну!
    - Сядаю.
    - Бачыш, “Полюс” адчаліў і міма прэ?
    - Ну і што?
    - А тое, што дзядзька Яўсей на носе!
    На адлегласьці двух дзесяткаў мэтраў, падвываючы для парадку, рухаўся гэтакі ж самы, толькі што пафарбаваны бялюткі трамвай. Там паўсюдна тоўпіліся страката ўбраныя людзі, чуліся сьмех і песьні. Не прымаў удзелу ў агульных уцехах усяго адзін чалавек. Ён стаяў прыблізна на тым жа месцы, як на сваім трамваі Іваноў і Харламп’ева, толькі з правага борта, якраз насупраць іх.
    Апрануты ён быў не раўнуючы як Іваноў: на плячах брызэнтавая куртка колеру хакі, на макушцы выцьвілы бэрэт.
    Над рудаватаю шчэцьцю вусоў паблісквалі чорныя шпіёнскія акуляры.
    - Гэта той, а рукзаком? Які сьмешны!
    - Я табе дам сьмешны!
    - А чаму ты шэпчаш?
    - Дзядзька Яўсей за пяцьдзесят мэтраў джгіра ў вадзе чуе.
    - А чаго ты ад яго хаваесься?
    - Як не хавацца, калі з-за цябе схлусіць прыйшлося. Учора кажа: парыбалім, Кеша? Кантора на суботу цеплаход бярэ, на востраў плывём. А я... Што я мог, калі з табой дамовіўся! Схлусіў: парты рамантаваць будзем. Вось так.
    - Дык у цябе і дзядзька рыбу ловіць?
    - Заўсёды з ім на беразе начуем. Дзядзька – ого рыбак! З-за рыбацтва не ажаніўся нават.
    - Як гэта?
    - Жанчыны, кажа, двух гатункаў: адны мужоў увогуле на бераг не пускаюць, другія разам з імі ідуць ды бабскім глупствам сваім усю справу псуюць. Няма, кажа, такой жанчыны, каб спакойна мужа да ракі пусьціла і сама за ім не пайшла. Слухай, Харламп’ева, а можа, ірванеш дадому? Пакуль трап не ўбралі, га?
                                                    Кожны прыходзіць да мора
                                                                сваім шляхам...
    Надоечы Яўсея Пятровіча выклікаў Сам. Яўсей Пятровіч зьняў нарукаўнікі, акуратна памясьціў іх на законнае месца ў шуфлядзе, пасунуў паперы на сярэдзіну стала і прыціснуў лічыльнікамі. Імгненьне падумаўшы, ён скінуў усе костачкі на правы бок лічыльнікаў, а потым ужо абцягнуў пінжак, абмахнуў вусы і скіраваўся да начальства. Сам, плячысты якут гадоў на пяць маладзейшы за Яўсея Пятровіча, адразу тэлефонную трубку кінуў і за руку паздароўкаўся:
    - Сядайце, сядайце... Як маемся, Яўсей Пятровіч?
    - Здаецца, нармальна.
    - Вось і добра. Выходзіць, заўтра з намі?
    - Куды?
    Сам з папрокам паківаў галавой.
    - Не цікавіцеся вы, Яўсей Пятровіч, жыцьцём калектыву. І як гэта так? А калектыў, між іншым, клапоціцца пра кожнага свайго члена. Вось і заўтра мясцком наладжвае адпачынак на востраве. Раніцай на цеплаходзе туды, увечары - назад... Нядрэнна?
    - Бачыце...- нэрвова паправіў гальштук Яўсей Пятровіч, - я парыбаліць зьбіраўся.
    - Цудоўна! Бярыце з сабой вашыя вуды. Забясьпечыце калектыў сьвежай рыбай. Падсмажым на ўлоньні прыроды... Цудоўна!
    - Якая там рыба, калі вакол будзе гарлапаніць сорак чалавек!
    Сам уздыхнуў.
    - Не любіце вы калектыву, Яўсей Пятровіч. Усё адзін ды адзін. А адзінота можа да ўсякай бяды прывесьці. І ніхто вам не дапаможа.
    - Да якой бяды?
     Напрыклад, сьпіцца можна...
    - Чаго няма, таго няма. Сьпіртнога не ўжываю. Вада, ці ведаеце, гэтага не церпіць.
    - Ну добра: летам вы з вудамі. А што вы робіце зімой? Зіма ж у нас такая доўгая. Цяжка нашай зімой аднаму. Колькі вам год, Яўсей Пятровіч?
    - Трыццаць восем.
    - І вы да гэтага часу нежанаты. Сумна!
    Яўсей Пятровіч выпрастаў сьпіну.
    - І чаго гэта вам, Ніканор Кірылавіч, так жаніць мяне хочацца? Ці жанатыя лепш працуюць?
    - Вам будзе лепш.
    - Галіну Сямёнаўну нават у мой кабінэт падсадзілі... А яна, ці ведаеце, курыць.
    - Мая таксама курыць. Але гэта не перашкодзіла нам займець чацьвёра дзяцей.
    - Воля ваша, - устаў Яўсей Пятровіч, - а толькі заўтра на востраў я не паеду!
    - Канечне, загадаць вам я не магу, але запамятайце, Яўсей Пятровіч: цяжка таму, хто не жыве адным жыцьцём з калектывам!
    І Яўсей Пятровіч запамятаў.
                                                              Мора выпрабуе
    - Цяпер маліся, Харламп’ева.
    - Чаму?
    - Глядзі, каб не прыйшлося па трубах чапаць.
    Прамовіўшы гэтыя загадкавыя словы, Іваноў ускінуў на плечы рукзак. Трамвай, на якім яны пераплылі Лену, пасьпеў ужо адысьціся ад прыстані і ўзяць курс назад, на Якуцк. Горад ледзь угадваўся праз бясконцую сінечу вады і нясьпелую зеляніну астравоў цацачнымі стрэламі партальных кранаў.
    Іваноў рашуча закрочыў вузкай сьцяжынкай. Харламп’ева прыскокам пабегла за ім, бо, загледзеўшыся на ваду, упусьціла пачатак яго імклівага руху. Мерна ўзмахваючы рукамі і выкідваючы далёка ўперад абцасы гумавых ботаў, як усамдзелішні спартсмен-хадок на доўгія дыстанцыі, ён трымаў спадарожніцу на дастатковай адлегласьці, каб ніхто з сустрэчных не мог здагадацца, што яны ідуць разам. Толькі пакінуўшы далёка ззаду ўсе прыстанскія пабудовы і ўвайшоўшы ў лазовы хмызьняк, Іваноў азірнуўся, спыніўся, зьняў бэрэт і выцер далоняй спацелы пшанічны чуб.
    - Ну вось. Што я казаў?
    Перад імі чарнела канава, поўная, як вока. Да таго берага яе было не меней за чатыры сажні.
    - Як звычайная вада ў Лене, тут суха, нават лужынкі няма. А зараз не пяройдзеш.
    Канава аказалася доўгай, і чым далей ішлі па яе краі Іваноў і Харламп’ева, тым шырэйшай рабілася. Нарэшце яна ўлілася ў даволі ладнае возера – нізкі купінаваты лог, заліты паводкай. З канавы ў возера шумна цёк магутны брудны струмень.
    - Бачыш - з Лены вада, а не ў Лену цячэ. Не канчаецца паводка!
    - А як жа мы, Кеша?
    - Трубы бачыш?
    - Якія трубы?
    Іваноў пагардліва перасмыкнуў плячамі і пашыбаваў далей. Галінкі вербалозу, якія ён адводзіў наперад целам і рукзаком, балюча сьцёбалі дзяўчынку па голых безабаронных руках. Пад ногі раз за разам трапляліся то сьлізкія купіны, то карчэўе, то сьляды конскіх капытоў, па-здрадніцку прыцярушаныя леташнім сенам. Пырскі бруду з-пад ботаў хутка сплямілі джынсы васількова-вясёлага колеру; вугальна-чорныя косы растрапаліся, але папраўляць іх не было калі: Іваноў не спыняўся.
    - Вось яны.
    З пагорка на пагорак, праз залітую нізіну, абапіраючыся на лёгкія мэталёвыя козлы, ішлі чатыры белыя трубы. Дзьве сярэднія былі пакладзены цесна адна да адной, бакавыя трошкі аддзяляліся. Пад імі, нібыта гаць, чарнеў затор ламачча і бярвеньняў, нанесеных паводкай.
    - Кеша... А Можа, па бярвенцах, а?
    - Ну, тундра, Ты думаеш, тут вады няма? Нырнеш - не каўкнеш! А з труб упадзеш – “мама” сказаць не пасьпееш. Так што давай, Харламп’ева, дадому! Трамвай кожную гадзіну ходзіць, да прыстані я цябе давяду...
    - Не.
    - Па трубах пойдзеш?
    - Пайду.
    - Тады...
    Іваноў на хвіліну задумаўся, прымаючы нейкае рашэньне.
    - Ідзі наперадзе, я за табой.
    Ён спрытна ўскочыў на эстакаду і працягнуў руку Харламп’евай. Дзяўчынка няўмела падцягнулася і стала побач. Іваноў адступіў, даючы ёй дарогу. Застаўшыся адна, дзяўчынка страціла раўнавагу і пахіснулася.
    - Ведаеш, Харламп’ева...
    Але яна ўжо не слухала. Закусіўшы губу, яна пайшла па гладкіх, бліскучых, таўшчынёю з конскую нагу трубах. Кволы “мост” трымцеў пад падэшвамі. Іваноў асьцярожна рушыў за ёй, стараючыся не адставаць: ён чамусьці верыў, што здолее дапамагчы ў выпадку чаго. Ад пагорка да пагорка было мэтраў сто; зрэшты, нізіну не ўсю яшчэ напоўніла вада, і дзесьці ля таго краю можна было саскочыць з труб, трымаючыся за іх рукамі. Сам Іваноў так і зрабіў, як толькі мінуў небясьпечнае месца. Харламп’ева ж ішла і ішла, аж пакуль трубы не ўрэзаліся ў пагорак. Іваноў, спатыкаючыся аб куп’ё, крочыў унізе, зазіраючы дзяўчынцы ў пабялелы твар.
    - Казаў жа я табе...
    Харламп’ева, як падбітая, апусьцілася на траву. Яе трэсла ліхаманка.
    - Ш-то з-за трубы?
    - Мазут па іх пампуецца ад Лены да сховішчаў. Бачыш цыстэрны на гары? Белыя, аж зьзяюць!
    - А ў Лене адкуль той мазут бярэцца?
    - Ну, тунд...
    Іваноў заціснуў рот.
    - Танкеры прывозяць.
    - А-а...
    - Еш!
    - Што гэта?
    - Цыбуля дзікая. Тут яе багата!
    Іваноў папоўз па траве, вышукваючы зеленавата-сінія парасткі. Цыбулі сапраўды было шмат, але яна пачала ўжо чарсьцьвець. Над гнёздамі яе, нібы апазнавальныя знакі, мігцела безьліч суквецьцяў накшталт фіялетавых адуванчыкаў.
    - Салодка?
    - Ага... А далёка яшчэ?
    - Не. Цяпер блізка.
    Іваноў ніякавата адвёў вочы.
    - Ты вось што... Куртку маю апрані! Да ракі ў безрукаўцы выправілася. Камары заядуць, пакуль да Лены дойдзем. Там, на прасторы, іх меней, а ў лазьняку... о!
    - Дзякуй, Кеша!
    - Чаго там. Наперад! Галоўнае: на добрае месца выходзім. Я баяўся; упрэсься, прымусіш ля прыстані лавіць. А якая там, у мазуце, рыба!
    І Іваноў, як бульдозэр, папёр праз густыя кусты, ламаючы вецьце. Харламп’ева звычна пацягнулася за ім. На шчасьце, дарогі засталося ўсяго на нейкія пяць хвілін. Цёплы вецер ударыў у вочы, сонца аблашчыла з галавы да пят, і вольная вада пацякла пад нагамі. Мора зноў было з імі.
    - Бачыш востраў насупраць? Там мой дзядзька рыбаліць зараз.
    - А нас ён не ўбачыць? Хавацца не трэба?
    - Што ты! Да яго ж кілямэтры два, не меней.
                                              Ад мора чакаеш радасьці
    Прапіўшы да мора, Яўсей Пятровіч не траціў часу марна. Сышоўшы па трапе, ён адразу зьнік у зарасьцях. Праз пяць мінут ён вынырнуў з іх, але ўжо на другім баку вострава. Тут, як з даўніх часоў памятаў Яўсей Пятровіч, павінна было знайсьціся болей-меней прыданае месца. Так, кавалачак пляжа быў у наяўнасьці. Праўда, ён значна паменшаў ад таго, што вада падступіла да самага ўрэзу, але на тры закідушкі гэтай пясчанай палоскі хапала.
    Яўсей Пятровіч на ўласным вопыце даўно ўпэўніўся, што пад час паводкі рыба не бярэ. Аднак яго грэла думка, што рыбаліць ён будзе з вострава. Сухапутнаму рыбаку, што не мае лодкі, заўжды здаецца: усе яго няўдачы толькі ад таго, што ён ловіць з берага. О, каб выбрацца раз вунь на той востраў, на стрыжань!
    Яўсей Пятровіч, пакуль яго не знайшлі, пачаў рыхтаваць сваё рабочае месца. Перш за ўсё ён выразаў складанчыкам і ўбіў у пясок тры дубцы мэтраў за дваццаць адзін ад аднаго. Гэта азначала, што ён заслупіў участак і цяпер ніводзін іншы рыбак не мае права ставіць тут свае закідушкі. Затым ён выцяг з рукзака вялікі цэляфанавы пакет і вытрас з яго на траву снасьці. Паваражыўшы над імі, ён выбраў нарэшце тры і, прыхапіўшы слоік з чарвямі, рушыў да левага дубца.
    А ці ведаеце, дарэчы, вы, што такое закідушка?.. О, гэта ўсім снарадам снарад! Зразумела, у тых мясьцінах, дзе ракой лічыцца нават такая, праз якую і не рэкардсмэн у гэтай справе спакойна плюне з берага на бераг, рыбаку не сорам папоркацца з простай вудай. Калі ад кручка да рыбака тры мэтры, а рыба, што пойдзе на кручок, велічынёй з кукіш, карысна прывязаць да кручка яшчэ паплавень, каб не ўпусьціць торканьне. На Лене ж рыба берага не любіць, а паплавень нясе плыньню з хуткасьцю дырыжабля. Вось чаму мы, ленскія рыбакі, аддаем перавагу таму кручку, які ляціць у ваду на сорак мэтраў.
    Яўсей Пятровіч у душы ганарыўся тым, што дзякуючы сваёй вынаходлівасьці да звычайнай ленскай закідушкі дадаў шэраг удасканаленьняў. Па-першае, ён даўно прыйшоў да высновы, што зусім не абавязкова браць для яе самую магутную, самую тоўстую лёску. Па-другое, экспэрымэнтальным шляхам ён вызначыў, будзе грузіла трымацца за дно ці не будзе – гэта болей залежыць не ад яго вагі, а ад формы. І з таго часу стаў вырабляць грузілы плоскія, шырокія і фігурныя, адліваючы іх не ў лыжцы, як сто працэнтаў ленскіх рыбакоў, а ў алюмініевай патэльні з набору дзіцячай пасуды. Грузілы Яўсея Пятровіча нагадвалі крабаў і ўпіваліся ў дно не на жарт, так што часьцяком ён не мог нават атрымаць іх назад. Пасьля іх выцягвалі разам з абрыўкамі лёскі сваімі закідушкамі іншыя рыбакі, ажно па ленскіх берагах пайшла пагудка пра таемнага чужаземца, што харчуецца рыбай, хаваючыся ад нядрэмнага вока правасудзьдзя. Цікава, што сказаў бы такі здабытчык чужых снасьцей, калі б Яўсей Пятровіч спраўдзіў сваю даўнюю задуму і пафарбаваў грузілы чырвонай нітраэмальлю, што ўжываецца для афарбоўкі легкавых аўтамашын? На думку Яўсея Пятровіча, агністы чырвоны колер павінен звабліваць жыхароў глыбінь... да ягоных чарвякоў. Выглядае гэта так: рыбіна заўважае здалёк чырвонае грузіла і падплывае пацікавіцца, што гэта такое. Тут яна агледжвае чарвякоў і... Далей усё залежыць ад рыбака.
    Словам, шмат чаго хітрага было знойдзена Яўсеем Пятровічам, каб ашукваць прастадушных насельнікаў Лены. Але самым значным сваім дасягненьнем ён лічыў пацерку.
    Не трэба быць рыбаком, каб зразумець: мала прывязаць да жылкі грузіла і кручкі, а на кручкі начапіць чарвякоў. Усе гэта трэба яшчэ паслаць да рыбы! Але як? Можна, напрыклад, так: “Взяв леску большим и указательным пальцем сантиметров на пятнадцать-двадцать ниже места соединения с леской последнего поводка... раскрутить над головой и бросить” (“Советский спорт”, 24.1.1975). Проста і лёгка! Так звычайна і робіцца. Толькі справа ў тым, што проста і лёгка гэтую апэрацыю можна выканаць раз, дзесяць, ад сілы дваццаць разоў, бо далей лёска зразае да крыві пальцы: і вялікі, і ўказальны. І як ні абмотвай іх ці нават пальчатку надзявай - нішто не дапаможа, калі закідушку за дзень шпурляеш не два разы, а дзьвесьце.
    Азарыла ж Яўсея Пятровіча самым нечаканым чынам (ці не так славуты Ньютан адкрыў свой славуты закон?). Гэта здарылася ў першы дзень, калі Сам падсадзіў у пакой Яўсея Пятровіча Галіну Сямёнаўну. Для знаёмства Галіна Сямёнаўна парашыла апрануцца весялей і павесіла на шыю буракова-чырвоныя буйныя каралі. Гэтыя нявінныя шарыкі так уразілі Яўсея Пятровіча, што ён аж да абеду ўпіваўся позіркам у грудзі саслужывіцы, што, вядома, яе зьбянтэжыла і адначасова радасна ўсхвалявала. Гэта цягнулася да таго часу, пакуль Яўсей Пятровіч не разявіў рот:
    - Скажыце, Галіна Сямёнаўна, як яны ў вас трымаюцца?
    - Хто?
    - Пацеркі.
    - Як? Звычайна, на нітцы.
    - Дык у іх што ж, і адтуліны маюцца?
    - Канечне.
    І хаця Галіну Сямёнаўну надта драпнула, што Яўсея Пятровіча зацікавілі толькі пацеркі, яна зьняла і падала іх яму. Яўсей Пятровіч уважліва абгледзеў, абмацаў, абнюхаў каралі і вярнуў гаспадыні. Болей ні на Галіну Сямёнаўну, ні на каралі ён не пазіраў.
    Назаўтра адна з супрацоўніц прынесла неверагодную чутку, нібыта бачыла Яўсея Пятровіча пасьля работы ў ювэлірным аддзеле “Падарункаў” і што ён нібыта купляў каралі. Жанчыны чакалі цуда. Але цуд не адбыўся. Яўсей Пятровіч купіў каралі зусім не для таго, каб некаму дарыць.
    У наступную суботу Яўсей Пятровіч выйшаў да Лены з новымі закідушкамі. Зьнешне яны былі нібыта тымі ж, што і раней, але ў іх канструкцыю была ўнесена прынцыповая навіна, бо на тое месца лёскі, за якое Яўсей Пятровіч браўся “большим и указательным”, цяпер была нанізана пацерка. Яўсей Пятровіч узяўся за пацерку, раскруціў закідушку, сьвіснуў ёю і... упершыню атрымаў задавальненьне ад самога працэсу закідваньня. Увесь дзень, як апантаны, закідваў і закідваў свой снарад Яўсей Пятровіч, хаця рыбы не было і быць не магло, бо субота тая была другой у кастрычніку і забэтанаваны марозам пясок грымеў пад нагамі, як плятформа электрычкі.
    ...Узімку Яўсей Пятровіч на першы погляд, як вожык, клаўся ў сьпячку, але тэхнічна-рыбалоўная думка яго не спала. Час ад часу ён выкладваў на стол закідушкі, кручкі, набор разнастайных лёсак, наладжваў свайму багацьцю рэвізію і марыў аб леце. Аб тым шчасьлівым імгненьні, калі ён са сваёй дасканалай закідушкай стане на беразе і мора ляжа да яго ног...
    І вось яно сапраўды ляжала перад ім, ціха шэпчучы сваё, незразумелае.
                                                            Мора жартуе...
    - От жа гад. Ізноў джгір!
    - А чаму ты сярдуеш? Рыба як рыба. Толькі дробненькая.
    - Паспрабуй яго ў рукі ўзяць.
    - Па-ахай! [Пахай – выклічнік, якім выказваецца агіда] Які калючы, ды і сьлізкі яшчэ... Не раўнуючы мыла.
    - У тундры тваёй такі, відаць, і не сьніўся?
    - Чаму?
    - Бо кажаш: “Рыба як рыба”. А якая гэта рыба? На джгіра шчупак не бярэ. Мне ельчык патрэбен! Ельчык, разумееш! Тады і шчупак будзе.
    Дзень даўно ўжо зьзяў на поўную моц. Мора драбіла сьвятло, як вялізная няроўная шыба. Ад яго калола вочы нават у ценю абрыву. Міма па моры з дакладнасьцю маятніка ў Якуцк і з Якуцка сноўдаў трамвай.
    - А проста так, без ельчыка, шчупак не зловіцца?
    - Не. Шчупак на чарвяка не возьме. Толькі на жыўца!
    Хваля мерна ўзьбягала на пясок, пакідаючы на ім трэскі, сучкі, паперкі - усё тое, што змыла з берагоў ленская вада ў нястрымным руху паводкі. Іваноў час ад часу зграбаў гэтае сьмецьце і адкідваў убок: рабочае месца рыбака павінна быць чыстым.
    - Прыбывае вада!
    У голасе Іванова чулася роспач.
    - Кешка, мне сумна.
    - Купайся.
    - Купалася.
    - Ну, загарай тады.
    - Загарала.
    - Рыбу лаві.
    - А я чарвякоў баюся.
    - Што ж, я ў шашкі з табой забаўляцца павінен? Дык я іх не ўзяў.
    - Ке-еш, а як ты думаеш: вада не можа выкінуць на бераг што-небудзь цікавае?
    - Неяк пляшка пустая да мяне прычапілася. Прыбівае ды прыбівае яе. Я ў ваду яе, а яна паплавае-паплавае ды назад. І не заткнутая, а не тоне. Цьфу, падла! Назаляла, пакуль на бераг не выкінуў.
    Іваноў аж скрывіўся ад таго ўспаміну.
    - Ідзі цікаўся!
    Харламп’ева пакрыўджана пабрыла па беразе. Хваля лянівым катом пацягвалася ля ног, хапаючы за шчыкалаткі мяккімі лапамі без кіпцюроў. Харламп’ева прадралася праз лазовы куст, утоплены вецьцем у ваду, потым яшчэ праз адзін... За трэцім яе напаткала незразумелая рэч. Гэта была крыжавіна з грубых кароткіх дошак. Да сярэдзіны яе быў прыбіты кіёк, на капцы якога ружавеў выцьвілы сьцяжок. Харламп’ева спачатку хацела паклікаць Іванова, каб высьветліць, што гэта такое, але, уявіўшы яго нездаволены твар, прыдумала іншае: сьпіхнула цяжкую крыжавіну ў ваду і буксірам пацягнула да Іванова.
    - Асьцярожней! Закідушкі парвеш.
    - Што гэта, Кеша?
    Іваноў задумаўся.
    - Відаць, з плыта сарвала. Ставяць такія, каб здалёк бачыць, дзе канчаецца.
    - Давай наверх усьцягнем, а?
    - Навошта?
    - Як ты лічыш, з трамвая сьцяжок будзе відно?
    - Ды навошта, уласна кажучы?
    - Як паедзем дадому, хачу паглядзець, дзе былі.
    - Валачы сама. Я заняты.
    Іваноў рашыў асьвяжыць на кручках прынаду. Ён пайшоў у цянёк за чарвямі і ўбачыў страшэнны для рыбака малюнак: цяньку, які бярог яго прынаду, даўно не існавала. Ратуючыся ад сьпякоты, чэрві папаўзлі па сьценках слоіка, а шмат якія, кажучы па-рыбацку, ужо не маглі быць прынадай. Іваноў ляснуў сябе па вушах і ледзь не заенчыў. Ён імгненна зарыўся, як крот, у вільготны пясок, робячы зараз тое, што павінен быў зрабіць з самога пачатку. Нарэшце пальцы яго дасталі вады. Іваноў плюхнуў свой слоік у яму. Яго калаціла.
    А Харламп’ева тым часам спаўняла сваю задуму. Валакчы набрынялыя дошкі па пяску было куды цяжэй, чым па вадзе, але яна не здавалася. Крок за крокам пераадольвала яна крутаваты схіл, топячы ногі ў пясок аж па смуглявыя лыткі. Нарэшце, засопшыся, яна перакуліла крыжавіну праз лазовае карэньне на рэдкую шурпатую траву. Жвавы ветрык гайдануў зьлінялую тканіну, і сьцяжок затрапятаў над абрывам.
    - Адзначыла месца ганьбы маёй? Далёка будзе відаць!
    Іваноў скрыжаваў на грудзях рукі.
    - І што ты за чалавек, Харламп’ева? Без ведама бацькоў на раку ўцякаеш, па трубах ходзіш, штуковіну гэткую без пад’ёмнага крана на пяты паверх, лічы, завалакла... На подзьвіг гатова, абы мяне зганьбаваць!
    - Ке-еш... А мы сёньня абедаць будзем?
    - Будзем.
    Іваноў павярнуўся тварам да мора:
    - А дзядзька з вострава, мабыць, такіх акунёў цягае.
                                                                 Жартуе мора!..
    Першая спроба прынесла нечаканы і даволі непрыемны вынік: пры замаху грузіла адарвалася і са змрочным скавытаньнем пайшло ў бок мора, пакінуўшы лёску з кручкамі ў руках няўдачлівага рыбака.
    Азірнуўшыся вакол, ці не было ў гэтага здарэньня сьведкаў, Яўсей Пятровіч паслаў у мора дзьве астатнія закідушкі, пажурыў сябе за тое, што так нядбайна прывязаў грузіла, дастаў запасное і сеў на ўзгорак, каб паправіць снасьць. Тут высьветлілася, што Яўсей Пятровіч ні пры чым, бо не грузіла адвязалася, а непадалёк ад яго з-за ўтоенага фабрычнага дэфэкту лопнула лёска. Самалюбства Яўсея Пятровіча было, такім чынам, заспакоена, затое закідушку давялося перарабляць цалкам: адсекчы ўвесь хвост з кручкамі і майстраваць нанова.
    Узнавіўшы і прывёўшы ў дзеяньне снасьць, Яўсей Пятровіч наважыўся праверыць дзьве іншыя, бо часу на тое, каб згаладнелыя за зіму акуні наваліліся на прынаду, прайшло дастаткова. Яўсей Пятровіч падышоў да сярэдняй закідушкі, прывычна ўзяўся за лёску, пацягнуў на сябе і адразу адчуў прыемны цяжар. Праўда, звычайнага торганьня не было, але Яўсей Пятровіч добра ведаў, што рыба бярэ па-рознаму: адна шалёна тузае жылку, гатовая пакінуць на кручку ўласную сківіцу, другая, наадварот, ідзе да рыбака хутчэй за лёску, каб не так балела. Ёсьць, нарэшце, і рыба, якая ўвогуле нічога не робіць і валачэцца па дне аж да ног рыбака, супраціўляючыся толькі сваёй вагой.
    Невядомы груз спакваля рухаўся да Яўсея Пятровіча, і рыбак з цікавасьцю чакаў, што паслаў яму бог удачы. Якім жа горкім было расчараваньне, калі ён убачыў, што, фігуральна кажучы, злавіў сам сябе! З-за нядбайнасьці пры закідваньні снасьці скрыжаваліся ў глыбіні, сашчапіліся кручкамі, і Яўсею Пятровічу прыйшлося выцягваць абедзьве закідушкі адразу. А два грузілы, якія цягнеш па дне, далёка не сума двух грузілаў! Тут можа здацца не тое што асетр, а цэлая акула.
    Вылаяўшыся ў кулак, Яўсей Пятровіч разблытаў закідушкі і шпурнуў іх у мора. Некаторы час ён засяроджана дратаваў разьмераным салдацкім крокам свой пляцдарм, а потым рэзка нахіліўся да злашчаснай левай закідушкі, якую сёньня ўжо рамантаваў. Лёска не падалася. Здарылася тое, без чаго абыходзіцца рэдка якое дзяжурства на беразе: зачэп. Зачэп, мяркуючы па ўсяму, атрымаўся капітальны, усімі трыма кручкамі, бо як ні сіліўся Яўсей Пятровіч, закідушка не падавалася ні на ёту. Тады Яўсей Пятровіч перакінуў лёску праз плячо і накшталт бурлака папёр ад вады.
    Бяда, як вядома, адна ніколі не ходзіць. Толькі Яўсей Пятровіч са сваёй непад’ёмнай ношай ступіў крок, як з кустоў выкацілася цэлая брыгада яго саслужыўцаў:
    - Ты што гэта цягнеш, Яўсей Пятровіч?
    - Кіта, няйначай!
    - Дапамагчы мо?
    - Паможам, паможам!
    І як ні адбіваўся Яўсей Пятровіч, некалькі дужых рук учапіліся ў жылку, тарганулі... Жылка з гітарным звонам нацягнулася, джыкнула, і Яўсей Пятровіч разам з няпрошанымі памочнікамі грымнуўся вобзем. Рогату было столькі, што рэха яго выпадковую маторку ледзь не перакуліла. Не сьмяяўся адзін Яўсей Пятровіч, бо зноў страціў грузіла - цяпер ужо з кручкамі.
    Так да Яўсея Пятровіча прыйшла крыўда. Крыўда на мора, на грузілы, на тое нязнанае, што акапалася ў глыбіні і замінала аддацца асалодзе рыбацтва. Крыўда на таварышаў па службе, на Сама, што зацягнуў яго сюды, на Галіну Сямёнаўну, што так весела сьмяялася разам з усімі... І як потым ні клікалі Яўсея Пятровіча, ён нават на шашлыкі з жарабяціны не спакусіўся, а паабедаў сухой скарынкай, прадбачліва пакладзенай у рукзак. Ён спружыніста хадзіў ад закідушкі да закідушкі, хціва мацаў лёску і мармытаў:
    - Эх, каб на бераг, на старое. месца, дзе з Кешкам рыбалім!
                                                Мора бярэ ў палон і душы, і целы
    - Ялец! Харламп’ева, ялец!
    - Дзе ялец?
    У руцэ Іванова выгіналася серабрыста-белая рыбінка. Маціцовая луска сыпалася на пясок.
    - Падай тую бляшанку... Вады засілі!
    Іваноў пусьціў доўгачаканую здабычу ў імправізаваны акварыюм і радасна выпрастаўся.
    - Злавіўся-такі. Ну, трымайся, шчупак!
    - Ты яго шчупаку аддасі?
    - Аддам. Хай бярэ... Толькі не задарма. Плаціць будзе ўласнымі зубамі. Дзе рукзак? На шчупака асаблівую закідушку ставім. Па-першае, не такую даўгую, бо драпежнікі каля берага топчуцца. Па-другое, замест звычайнага кручка - двайнік або нават трайнік, іначай жывец сыдзе. Ага, вось яна, шчупаковая. Глядзі, робім так: заганяем у пясок два дубцы. Да аднаго закідушку прывязваем, на другі намотваем.
    - Навошта?
    - Шчупак прынаду не аблізвае. Ён ірве адразу, на хуткасьці. Другі дубец - для амартызацыі. Як буфэр на машыне... Зразумела?
    - Не вельмі.
    - Запіхваем у рот яльцу двайнік...
    - А яму не баліць?
    - А мне якая справа?
    - Няўжо не шкада?
    - Ён майго чарвяка зьеў? З’еў. Хай цяпер на мяне працуе. Кідаем яго ў ваду. Колькі часу?
    На руцэ Харламп’евай бліснуў гадзіньнік.
    - Палова восьмай.
    - Што? Палова восьмай? Ты не жартуеш?
    - А чаму я павінна жартаваць?
    - Я ж прасіў цябе а шостай сказаць! Нават гадзіньнік даў табе. А ты?!
    У моры з боку горада паказаўся далёкі мелавы трохкутнік. Ён рос на вачах.
    - Трамвай ужо ідзе, а мы яшчэ тут. Апошні трамвай! А нам жа яшчэ па трубах. Што ты нарабіла, Нюрка!
    - Як жа я магла сказаць, калі ты яшчэ не злавіў шчупака!
    Іваноў здзіўлена ўтаропіўся ў дзяўчынку.
    - Ты ж толькі таго і хацела, каб я не злавіў!
    - Не хацела.
    - А чаго ты хацела?
    - Скажу, калі зловіш.
    - Доўга чакаць прыйдзецца!
    Харламп’ева ўздыхнула.
                                                     У кожным моры за прылівам
                                                              абавязкова ідзе адліў
    Яўсей Пятровіч адразу заўважыў, што паводка пайшла на спад. Сыгнал аб гэтым далі два яльцы, выцягнутыя на адной закідушцы. Былі, праўда, яны занадта дробненькія, затое ж два! Яўсей Пятровіч пацёр ад задавальненьня далоні. І тут з другога краю вострава даляцеў гудок цеплахода.
    Яўсей Пятровіч скрывіўся, але застаўся на месцы, нібыта нічога не чуў. Павольная хваля па-ранейшаму мерна набягала на бераг, але з кожным разам скочвалася ўсё далей.
    Недзе на стрыжні гулка ўдарыла буйная рыба. Пачыналася клясычнае вячэрняе браньне. Раптам з лазьняку выбегла ўсхваляваная Галіна Сямёнаўна:
    - Яўсей Пятровіч! Цеплаход адыходзіць! Няўжо гудка не чулі?
    - Чуў.
    - Зьдзіўляюся вашаму спакою!
    Яўсей Пятровіч паправіў бэрэт.
    - Для рыбака, Галіна Сямёнаўна, ноч на беразе - звычайная рэч.
    - Дык вы што, не едзеце?
    - Я застаюся.
    Галіна Сямёнаўка з жалем паглядзела на Яўсея Пятровіча і зьнікла. Яўсей Пятровіч засьмяяўся.
    - Нарэшце адзін. Зусім адзін!
    На чым і калі здолее ён пакінуць востраў - пра гэта рыбак не думаў.
    На мора і востраў наплываў лагодны адвячорак. Далёка-далёка. за ружовым сутоньнем, чулася песьня. Чорнай тушшу па лёгкіх акварэльных мазках на яе накладваўся басавіты буксірны гуд. За гарой вады на пастыльнай палосцы пляжа ўспыхнула рыбацкае вогнішча.
    Нехта нябачны шапнуў Яўсею Пятровічу: “Час!” Яўсей Пятровіч імкліва падскочыў да сярэдняй закідушкі і тузануў. У глыбіні, на другім канцы лёскі, заторгала рэзка і бязьлітасна. Там была сапраўдная рыба! Яўсей Пятровіч ліхаманкава затаптаўся на месцы, выбіраючы лёску. Рыбіна то брала ўбок, нацягваючы жылку, то цягнула назад, то ўсплывала на паверхню, дапамагаючы рыбаку. Апошняе намаганьне - і на пяску, згінаючыся ў кола, заскакаў кіляграмовы акунь.
    - Ах!
    Ад чалавечага воклічу Яўсей Пятровіч здрыгануўся. Ён павярнуўся на голас. За некалькі крокаў ад яго стаяла Галіна Сямёнаўна. Яўсей Пятровіч аслупянеў.
    - Трымайце, трымайце!
    Але было позна. Акунь сарваўся з кручка і, падскочыўшы яшчэ раз, апынуўся ў роднай стыхіі. Як любы спрактыкаваны рыбак, Яўсей Пятровіч добра ведаў. што голымі рукамі рыбу ў вадзе злавіць немагчыма, але акунь на мелкім месцы быў так выразна відзён, быў такі дасягальны! Як чыгунны слуп, плюхнуўся ў мора Яўсей Пятровіч, узьняўшы грыву бліскучых пырскаў. Рука яго няўпэўнена сьлізганула па бранявым панцыры акуня і, атрымаўшы балючы ўдар хрыбтовым плаўніком, сама сабой выхапілася з вады. Тым часам акунь магутна ўзмахнуў хвастом і тарпэдай рынуўся ўглыб.
    Цяжка перадаць пачуцьці, што клекаталі ў душы Яўсея Пятровіча. Тут была і злосьць на Галіну Сямёнаўну, што зьявілася ў такую непажаданую хвіліну, і сорам за тое, што так па-хлапечаму даў нырца на вачах у жанчыны, і крыўда за тую нязлоўленую рыбу, і, галоўнае, прыкрасьць ад таго, што надзея яго не спраўдзілася і на востраве ён не адзін. Міжвольна сьціснуліся кулакі.
    - Вы чаму тут? Цеплаход жа пайшоў.
    - Я... Я спазьнілася.
    - Як спазьнілася?
    - Бягу ад вас, а цеплаход ужо мэтраў за пяцьдзесят. Крычу, крычу... Ніхто не чуе.
    - А за мной вас, часам, не Ніканор Кірылавіч паслаў?
    - Ніканор Кірылавіч? Не. Я сама.
    - Пэўна, нікому і не сказалі?
    - Не пасьпела.
    - О жанчыны! Усе жыцьцё казаў і кажу: няма стварэньня болей легкадумнага, болей мітусьлівага, болей неразважлівага, як жанчына!
    Галіна Сямёнаўна жаласна ўсьміхнулася.
    - Таму і хіліцца яна да ўраўнаважаных, спакойных, мужных мужчын.
    - Ды вы разумееце хаця, што нарабілі?
    - А што такое?
    - Што? Што? Мы засталіся ўдваіх на бязьлюдным востраве!
    - Добра, што ўдваіх. Аднаму было б зусім сумна.
    - Мне?! Не. Я сумую сярод людзей, Аднаму, па шчырасьці, весялей.
    - Дык я вам замінаць буду?
    - Так.
    - Ну і заставайцеся адзін! Востраў вялікі. А, запалкі ў мяне есьць.
    Яна павярнулася і рашуча закрочыла ў лазьняк. Яўсей Пятровіч нэрвова рвануў каўнер. Ён уявіў сабе, як на цеплаходзе агледзяць, што няма не толькі яго, але і Галіны Сямёнаўны, як пачнуць часаць языкі... А тут, мала таго, што пазбаўлены гарантаванай адзіноты, дык у кожны момант чакай нападу, бо ці ж вытрымае жанчына адна ў такі час, у такім месцы? А прагоніш і зноў, дык ад страху заплача, кінецца ў гістэрыку, і ва ўсім гэтым вінаваты будзеш адзін ты.
    Але мінута ішла за мінутай, а Галіна Сямёнаўна не вярталася. Яўсей Пятровіч патроху пачаў непакоіцца.
    Ці не здарылася што-небудзь кепскае? Бываюць жа выпадкі, калі чалавек трапляе ў такую бяду, што і слова сказаць не пасьпее.
    З другога боку вострава пацягнула салодкім лазовым дымком.
    Яўсею Пятровічу ўспомніліся апошнія словы жанчыны: “А запалкі ў мяне ёсьць”. Ну што ж, вогнішча - немалая падтрымка ў такім становішчы. Але ж, з сорамам падумаў Яўсей Пятровіч, у Галіны Сямёнаўны апрача вогнішча нічога няма! Няма ні сьвітэра, ні ботаў, няма ні крошкі ежы. Апранутую па-пляжнаму, па-сьвяточнаму, толькі вогнішча і грэе яе ў гэтую ноч.
    Яўсей Пятровіч сам пачаў распальваць вогнішча, а сумленьне ўсе шаптала яму: “Пакліч! Пакліч, бо калі загубіш чалавека, усё жыцьцё сабе не даруеш”. Да таго ж, і на востраве Галіна Сямёнаўна засталася, па сутнасьці, з-за яго. Ён пайшоў у лазьняк. Белая ноч мала чым адрозьнівалася ад вечара, але ад хваляваньня Яўсей Пятровіч не заўважаў ямін і раз-пораз спатыкаўся.
    За некалькі крокаў да вогнішча ён спыніўся. Галіна Сямёнаўна спакойна сядзела перад цяплом на прынесеным паводкай бервяне і, падкурчыўшы босыя ногі, курыла. Тонкі дым цыгарэты ўплятаўся ў дыханьне агню.
    - Не пужайцеся, гэта я.
    Галіна Сямёнаўна прамаўчала, але цыгарэту непрыкметна сунула ў пясок.
    Яўсей Пятровіч вінавата патаптаўся на месцы.
    - Вам няўтульна адной?
    - Чаму? Я сем год адна.
    - Не, я не ў гэтым сэнсе... Вось тут, пасярод мора, без анічога, ноччу...
    - Ну што вы! Пасядзець летам ля агню, хай сабе і ноччу... гэта ж такая асалода!
    - Вы не жартуеце?
    - Ці ж гэтым жартуюць?
    Яўсей Пятровіч нерашуча апусьціўся на бервяно.
    - Падумаць толькі... А я вас уяўляў зусім інакшай. Дык вы любіце прыроду?
    - Я ж карэнная лянчанка, з Алёкмінска. З бацькам, з братамі часта на астравы выпраўлялася. Божа, якія ў нас былі прыгоды! А колькі рыбы лавілася!
    - Дык вы і рыбу ловіце?
    - Гадоў з дзесяці.
    - А чаму вы ніколі пра гэта не расказвалі?
    - Вы ж са мной і не размаўлялі ніколі.
    Папрок быў слушны, і Яўсей Пятровіч папярхнуўся.
    - А я дык у гэтую справу толькі тут уцягнуўся. У мяне ж на Міншчыне, сьмешна сказаць, і ручая няма. Прыехаў неяк да сястры, схадзіў у рыбу ды так у Якуцку і застаўся.
    - Ад Лены і праўда не ўцячэш.
    І словы гэтыя пастолькі пасавалі да таго, пра што часамі думаў сам Яўсей Пятровіч, што ён борзда падхапіўся на ногі.
    - Галіна Сямёнаўна, пайшлі да майго вогнішча! Чаго адна сядзець будзеце? Гарбаты згатуем, яльцоў напячом... Ёсьць некалькі, ды і зловім яшчэ! Палатку маю, можна спаць па чарзе... Перагаруем неяк!
    Устала і Галіна Сямёнаўна.
    - Тады гэтае вогнішча давядзецца патушыць.
                                                                        Мора яднае
    - Ну як, страшна табе?
    - Кеш, а чаму зорак няма?
    - Белая ноч. Не відно іх.
    - А калі ноч чорная, відно?
    - У жніўні такія зоркі!
    - У жніўні ўночы холадна, мабыць.
    - Затое камароў анізваньня.
    Белая ноч агарнула кустоўе сонным сьвятлом. Чорныя цені дваіх трапяталі на мокрым пяску. Мора няўклюдна варочалася ў берага, адыходзячы да сну. Далёкая вогнішча на востраве, што ледзь тлела кішэнным ліхтарыкам, раптам зазьзяла.
    Іваноў грукнуў покрыўкай бітона, дзьмухнуў на лыжку і сербануў:
    - Гатова!
    - Бедныя джгірчыкі! Як яны пакурчыліся.
    - Джгіроў гатаваць трэба не чысьцячы і нават жывых кідаць у кацёл.
    - Жывых?
    - Яны, калі заснуць, усю сьлізь з сябе выпускаюць. Тады іх і чысьціць агідна, і навар не той. Спрабуй!
    - Ух, як смачна!
    - Яшчэ б. Гэта ж сапраўдная рыбацкая юшка! Лыжкі порстка застукалі па бітоне.
    - Ты з хлебам, хлебам!
    Чыстая ціша панавала над сьветам. У гэтай цішы было чутно ўсё: і стрыманая гаворка на нябачным востраве, і ўсхліп невядомай птушкі ў кустоўі, і плёскат вясла. Недзе ля прыстані матацыклетна застраляла маторка.
    - Ніколі не думала, што хлопчыкі могуць быць такія.
    - Якія?
    - Такія добрыя, клапатлівыя.
    - Я таксама не думаў, што дзяўчынкі такія харобрыя бываюць. Нізавошта б не паверыў, што ты па трубах пойдзеш!
    - А цябе дома чакаюць?
    - Маці, канечне, чакала. Цяпер сьпіць. Яна прывыкла. А цябе?
    - Мае... Мае, канечне, не прывыклі.
    - Нічога. Вада сыходзіць. Заўтра не трэба па трубах. Першым трамваем паедзем.
    - Дай закурыць!
    Да вогнішча на каленях, спрытна перабіраючы імі, падскочыла незразумелага полу істота. З ускалмачаных чырвоных валасоў сыпаліся іскры. У шырокіх каціных зрэнках плавалі водблескі агню. Хрыплым нізкім голасам істота паўтарыла:
    - Дай закурыць!
    - Мы.., не курым.
    Іваноў адчуў, як па сьпіне пабеглі мурашкі.
    - Га-а... Ды тут, аказваецца, дзеткі?
    - Мы не дзеці. Мы падлеткі.
    - Што за праклятая ноч! Па ўсёй Лене лётаю і нідзе папяроскі няма. Ну і ну! Еду дадому.
    Істота пацягнулася, як тыгрыца, і Іваноў разгледзеў нарэшце, што гэта жанчына.
    - А што вы тут робіце?
    - Рыбу ловім.
    - Так-так. Нявінныя дзіцячыя забавы. А бацькі што скажуць?
    Харламп’ева апусьціла вочы.
    - Магу ўзяць да порта. Аднаго. Ну? Хто са мной?
    Дзеці маўчалі.
    - Ну! Хутчэй, курыць ахвота. Ну, хлопчык! Ну, дзяўчынка! Жвава ў лодку. Хто сьмялейшы? Давай, хлопчык!
    - Яшчэ чаго. Каб я ды дзяўчынку адну на беразе кінуў.
    - Малойчык, хлопчык! Малойчык, рыцар! Ну, дзяўчынка! Ну, сірацінка! Дваццаць мінут - і ты дома.
    - Я... я...
    - Што “я”? Што “я”? Зайчыкам скачы, зайчыкам!
    - Не едзь, Нюргуяна!
    Голас Іванова сарваўся.
    - Чаму “не едзь”? Чаму “не едзь”? А, наш рыцар баіцца застацца адзін. Усе вы такія. Асілкі! Прывыклі за бабскія сьпіны хавацца. Скачы, дзяўчынка! Зайчыкам!
    - Не слухай яе! Не слухай! П’яная - перакуліць!
    - Ды я і не слухаю.
    - А, так!
    Сьвінцовым шротам сыпанулі чорныя словы:
    - Здохнеце ад голаду тут! Вогнішча ваша дажджом заліе! Сьнег сярод лета пойдзе! І не зловіце нічога!
    З-пад каленяў вядзьмаркі ўзьвіўся слуп пяску. Нечалавечы цяжар грымнуўся на дно лодкі. Ярасны крык страсянуў паветра - і ўсё сьціхла.
                                                               Мора разводзіць
    - Мой бацька з аднымі закідушкамі, як вы, у рыбу ніколі не хадзіў. Ён з сабой заўжды і сетку браў, і сьпінінг, і карчагу нават.
    - А карчагу навошта?
    - На яльцоў.
    - На яльцоў? Скажыце, калі ласка.
    - Карчагу хлебам накорміць - і ў водмат. Раніцой, глядзіш, аж цесна ад іх у карчазе той.
    - Выходзіць, яльца можна і на хлеб лавіць? А я думаў, што ён, апрача чарвяка, нічога не прызнае.
    - Асятра бацька на сямідзюрку браў... Такое чулі?
    - Н-не.
    - Назва, вядома, мясцовая, а як па-вучонаму – я і не чула. Па-якуцку “быэ”, здаецца.
    - А! Гэта ж уюн.
    - А вы што, па-якуцку навучыліся?
    - Адкуль жа! Толькі назвы рыб. З даведніка.
    - Сямідзюрку вядром ловяць.
    - Вядром?!
    - Яна сабе норкі ў беразе рые. Нібыта ластаўка, толькі, вядома, пад вадой. Вось бацька паціху ідзе, ідзе... Потым раз! - вядром пад бераг. Пясок у вядро так і пасыпецца. А разам з ім сямідзюркі.
    - А як жа асятра?
    - Сямідзюрак соляць як сьлед і сушаць. Найлепшы прысмак для асятра!
    Галіна Сямёнаўна летуценна ўзьняла галаву.
    - Цікава... Надзвычай цікава! Паглядзець бы раз.
    - Што прасьцейшае! Бацька ж рыбачыць яшчэ. Бярыце адпачынак ды едзьце.
    - Так адразу?
    - А чаго чакаць? Як лета скончыцца?
    - У мяне яшчэ справаздача за паўгодзьдзе.
    - Не позна і пасьля яе.
    - І ўсё ж...
    - А якая рыба там! Лянок, харыюс, таймень...
    Лазовыя дровы гарэлі спакойна, без лішняга трэску. Белая ноч размывала рэзкаватыя рысы Галіны Сямёнаўны, робячы твар маладым і прывабным. “Што ж гэта я? - разгублена падумаў Яўсей Пятровіч. – Ужо і да бацькі сабраўся!”
    - А краявіды! Тут, пад Якуцкам, нізка. Лазьняк ды лазьняк. Аднастайна. А там берагі стромкія, скалы! Над вадой - лясы дрымучыя... Казка!
    “Трэба, трэба неяк супыніць гэта...”
    - Выйдзеш ранкам - чысьціня, сьвежасьць, пах хвоі, пах рыбы.
    Яўсей Пятровіч закрыў твар рукамі.
    - Што з вамі?
    - Прабачце. Змарыўся, мабыць.
    - І мне, па шчырасьці, спаць ахвота.
    Яўсей Пятровіч насьцярожана павёў вухам.
    - Маторка! Няўжо ў наш бок?
    Галіна Сямёнаўна старанна ўгледзелася ўдалеч.
    - Не відаць.
    Яўсей Пятровіч падкінуў у агонь ламачча.
    - Хай пад’едзе! Мо дамовіцца ўдасца.
    - Аб чым?
    Яўсей Пятровіч змаўчаў. Праз хвіліну ў пясок урэзаўся высокі нефарбаваны нос лодкі.
    - Га! І тут пара. Закурыць не дасьцё?
    - Прабачце! На жаль...
    Яўсей Пятровіч вінавата распасьцёр рукі. Раптам яго азарыла:
    - Галіна Сямёнаўна, у вас жа, напэўна, ёсьць?
    - Ёсьць.
    Галіна Сямёнаўна неяк сарамліва дастала пачак.
    Гаспадыня маторкі сквапна выхапіла цыгарэту, сунула твар у агонь і за імгненьне ахуталася чорным дымам.
    - Ну мужыкі пайшлі! А? Не курыць нават. Мо і не п’еш? А чаго з бабай на востраве сядзіш?
    Усё гэта Яўсей Пятровіч палічыў за лепшае прапусьціць міма вушэй.
    - Паслухайце, шаноўная! Ці не адвезьлі б вы нас у горад?
    - У горад? Якраз еду туды.
    - Шаноўная, дык можа...
    - Цябе не вазьму. Толькі яе. Зразумеў?
    - Але чаму?
    - Брыдка мне з такімі. Ох, брыдка! А таварку аддай. Яе ад цябе ратаваць трэба.
    ЦІхая радасьць падступіла сьлязьмі да горла Яўсея Пятровіча. Няўжо адзін, без аніякіх крыўд і тлумачэньняў? Не ён жа вінаваты, а вось гэтая вядзьмарка... Як добра, што ён не пасьпеў нічога наабяцаць! Вядома, парыбаліць пад Алёкмінскам - гэта цікава, надзвычай цікава, але навошта сьпяшацца? Сем разоў адмер...
    Між тым чырвонавалосая навалілася ўжо на Галіну Сямёнаўну:
    - Едзем, таварка! Едзем! Навошта табе качан гэты? Ух, не люблю, як па берагах парамі сядзяць!
    - Я... я не ведаю...
    - Ну! Ну!
    - Чэсна, не ведаю.
    - Не ўпірайцеся, Галіна Сямёнаўна.
    Голас Яўсея Пятровіча гучаў прабачальна.
    - Хто яго ведае, колькі яшчэ давядзецца на востраве сядзець. Раз шаноўная гатова зрабіць паслугу...
    - А можа, возьмеце дваіх? Няўжо нельга?
    - Даражэнькая, нельга. Нельга! Не такі ў мяне транспарт. На дваіх разьлічаны. Эх, і каталася я некалі з некім!
    - Сядайце, Галіна Сямёнаўна. І вось што...
    Яўсей Пятровіч павагаўся.
    - Не пазванілі б вы Ніканору Кірылавічу? Так, маўляў, і так. Прыехала я дадому спадарожным транспартам, а Яўсей Пятровіч на востраве застаўся. А? Я вас вельмі прашу!
    - Што вы, Яўсей Пятровіч!
    Галіна Сямёнаўна сурова падцяла вусны.
    - Ноччу званіць Саму? Навошта?
    - Каб не падумалі!
    Галіна Сямёнаўна моўчкі ступіла ў лодку. Дзікі рогат пугачовы страсянуў паветра – і ўсё сьціхла.
    І Яўсей Пятровіч ізноў - другі раз за гэтую ноч - застаўся адзін, цяпер ужо па-сапраўднаму.
                                                 Мора шчодра плоціць за вернасьць
    - Пустая.
    Іваноў яшчэ раз патузаў лёску і, уздыхнуўшы, кінуў яе ў ваду.
    - А можа, што-небудзь ёсьць?
    - На, глядзі.
    Жылка, зьвіваючыся, пабегла на бераг.
    - О! Жывец мой, аказваецца, уцёк!
    На каваным буйным, двайніку не было ні здабычы, ні прынады.
    - Ну вось, лаві цяпер новага яльца... А дзе яго возьмеш уночы? Уночы ялец не шпацыруе...
    Іваноў без усякай цікавасьці нахіліўся да закідушкі, аснашчонай чарвямі. Раптам ён недаўменна выпрастаўся:
    - Што такое?
    - А што?
    - Куды Лена цячэ?
    - Туды.
    - А чаму лёску туды цягне?
    Іваноў крануў жылку пальцам. Тая зазьвінела.
    - Ды як цягне! Нібыта лодка падводная.
    Харламп’ева зьбялела.
    - Няўжо шчупак?
    - Адыдзіся!
    Іваноў выцер аб штаны ўспацелыя рукі. Нацягнутая супраць цячэньня лёска гіпнатызавала яго зрок і розум. Ён не ведаў, як узяцца за гэтую незвычайную лёску.
    - Раз... два!
    Першыя віткі жылкі ляглі на пясок без вялікага супраціўленьня. На сёмым ці восьмым закідушка рэзка ўздрыгнула і пайшла назад. Рух яе быў спакойны і натаропкі, але пераадолець яго было немагчыма.
    - Харламп’ева! Трымай! Трымай!
    Дзяўчынка няўклюдна кінулася да Іванова і штурхнула пад локаць.
    - Ай!
    Сталёвым тросам хлабыснуўшы рыбака па костачках пальцаў, лёска вырвалася з рук і з пчаліным гудзеньнем упілася ў ваду, узьняўшы пырскі. Іваноў пасьлізнуўся і ўпаў на пясок.
    - Кеша! Кеша...
    Іваноў паднёс руку да вачэй. Барвовы рубец наліваўся сіньню.
    - Ах, так?
    Іваноў азірнуўся.
    - Ты вось што: вазьмі вунь той дубец, а калі выцягну, бі шчупака па галаве, бо можа жылку перакусіць і ўцячы. У яго зубы ведаеш якія!
    - Ты ж казаў, шчупак на чарвяка не бярэ.
    - Ялец на чарвяка ўзяў, а шчупак - на яльца. Добра, што жылка мілімэтровая ды прывязана моцна. Інакшую парваў бы даўно.
    Харламп’ева сьціснула дубец і падалася ўсім целам туды, дзе вірліла і білася невычарпальная сіла. Інстынкт продкаў – таежных паляўнічых – прачнуўся ў ёй, звузіўшы і без таго ледзь прарэзаныя вачаняты.
   - Па-чалі!
    Іваноў пайшоў супраць цячэньня, выбіраючы лёску. Плечы яго напяліся, сківіцы заледзянелі. Мэтар за мэтрам аддавала жамчужную жылку яшчэ не здабытая здабыча. І вось яна звар’яцела забіла хвастом каля самага берага.
   - Дарогу, Нюрка! Не замінай!
    Наматаўшы жылку на запясьце, Іваноў пабег ад вады з усёй хуткасьцю, якую дазваляў згустак цяжару і сілы, што шалёна ўзрываў за яго сьпінай мокры пясок. Ён не бачыў; як на бераг узьехала лабастая галава з разяўленай пашчай, як узьняўся ў неба фантан пырскаў. Працягнуўшы ў глыб пляжа мэтраў пяць і азірнуўшыся, ён убачыў толькі, як незразумела агромністая рыбіна цяжка ўстала хвастом угару і, нарэшце, авяла.
    - Няўжо такія шчупакі бываюць? - нібы праз сон, пачуў ён словы Харламп’евай.
    - Гэта... гэта таймень.
    Іваноў сеў па пясок і невядома для чаго зьняў боты.
    - Бачыш: мала таго, што кручок праглынуў, другі яму пад плаўнік упіўся. А адзін павадок ён абавязкова парваў бы. Такіх тайменяў увогуле толькі са стрэльбы б’юць.
    - А ведаеш, Кешка, я была проста ўпэўнена, што ты зловіш што-небудзь мэтровае.
    - Праўда?
    - Іначай бы я і не пайшла. Якая цікавасьць глядзець, як у чалавека нічога не атрымліваецца?
    Харламп’ева памаўчала.
    - Мне так хацелася паглядзець, як ты гэта робіш!.. Былі і ў мяне на моры ўдачы...
*
    А Яўсей Пятровіч у гэтую ноч так нічога і не злавіў.

                                                                 ФАРМАЛІСТ
    У дублёнцы наросхрыст, без шапкі, са сьмешнымі заечымі вусікамі на пульхнай дзіцячай губе, хлопец высунуўся з кабіны і крыкнуў:
    — Самародак ці не?
    А пачуўшы сьцьвярджальны адказ, нахіліў галаву ўнутро аўтобуса. З усіх слоў яго, што данесьліся праз ветравое шкло, Юрась разабраў толькі адно: “Самародак”. З кім перамовіўся “зайчык” — сказаць было немагчыма, бо шыбы аўтобуса зіхацелі лёдам нават знадворку. Ды і не дзіва: мароз стаяў недзе каля сарака.
    Але вось дзьверцы шчоўкнулі, і з “пазіка” вываліўся дзядзька ў шырачэзным футры з невядомага рудаватага зьвяра. Футра гэтае на погляд здавалася пудовым, але гаспадар бесклапотна падбіў яго на плячах і скіраваўся да Юрася:
    — Дзень добры! Начальства вашае дзе?
    — Няма нікога.
    — Як гэта?
    — Начальнік з галоўным інжынэрам у Тындзе, Іван Макаравіч — парторг — у Якуцку, а Пеця Лукашоў у райком камсамола паехаў...
    — Разьмінуліся! — незадаволена засьмяяўся прыежджы.— З Іванам Макаравічам у Якуцку, а з Пецем у раёне... Шанцуе нам сёньня!
    — Дык вы з Якуцка?
    — Нас тут, браток, цэлая армія! Камсамольская брыгада па культабслугоўваньні БАМа.
    — Восемсот кілямэтраў аўтобусам?
    — Аўтобусам? Не. З Якуцка самалётам. «Пазік» нам у Чульмане пазычылі. Другі дзень па раёне гуляем! Музыканты, артысты, пісьменьнікі. Я, між іншым, газэтчык. Дзясьнінскі! — ён нечакана паціснуў руку Юрасю, а той не пасьпеў зразумець, што з ім знаёмяцца, і свайго прозьвішча не сказаў. — Выконваю абавязкі «брыгадзіра».
    — Што ж мы стаім? — усхваляваўся Юрась. — Хутчэй у клюб! Вы ж, відаць, перамерзьлі ўсе.
    — А ты хто, браток?
    — Я? Клюбам загадваю. Так, на грамадзкіх пачатках! А па праўдзе дык я шафёр. «БелАЗ» ганяю.
    — Ну што ж. На бязрыб’і, як кажуць... — не даслухаўшы, павярнуўся да сваіх Дзясьнінскі. — Выгружайся, братва!
    З аўтобуса пасыпаліся няўклюдна апранутыя людзі. Юрась пабег у клюб наперадзе ўсіх: ён, вядома, разумеў, што павінен дачакацца гасьцей і правесьці іх, але баяўся трапіць у няёмкае становішча з-за нейкай драбязы. Ён ірвануў дзьверы, замёр на парозе: здаецца, усё было ў парадку — хлопцы, што начавалі тут, раскладушкі склалі і сьмецьця не пакінулі. Юрась з палёгкай адступіў убок, даючы дарогу гасьцям. Жанчыны — Іх было дзьве — адразу кінуліся да батарэі, здымаючы рукавічкі. Мужчыны стоўпіліся ў праходзе, замінаючы адзін аднаму.
    — Вось такі наш клюб, — сарамліва ўсьміхнуўся Юрась. — Часовы, канечне...
    — Сцэна! Якая тут сцэна? — са стоенай трывогай падаўся наперад хударлявы юнак.
    Юрась тузануў шнур заслоны. З горкім сьмяшком юнак разьвёў рукі:
    — Чым далей, тым лепш!
    — А раяль ёсьць? — запытала адна з жанчын.
    — Раяль будзе! Ужо ў дарозе.
    — Калі будзе?
    — Яшчэ да вясны будзе.
    Прыежджыя дружна засьмяяліся.
    — Давядзецца табе, Зоя, чакаць вясны! — густым басам прамовіў плячысты, з мэфістофэльскімі брывамі дзяцюк.
    — А сам як працаваць будзеш?
    — Я — пад баян... Віця дарма з намі едзе, ці што? Як, Віця: уладзіш?
    — Паспрабую, — ціха адказаў Віця. Гэта быў зусім хлапчук, год шаснаццаці.
    — Сябры мае, энтузіясты! — узьняў голас Дзясьнінскі. — Не разумею: што за ўздыхі? У кожным новым клюбе — адно і тое ж. Ці ж мы не ведалі, куды едзем?.. Друг загадчык, як цябе клічуць?
    — Юрый.
    — Аўдыторыю арганізаваць зможаш?
    — Гэта значыць — людзей сабраць?
    — Угадаў.
    — Можна.
    — Тады вось што: ляці, ды так, каб аж пяты мільгалі! Каб праз гадзіну... не, праз сорак мінут аўдыторыя была.
    — Праз сорак мінут?
    Юрась з сумненьнем зірнуў на гадзіньнік.
    — Ну што затаптаўся?
    — Разумееце... Рабочы дзень у нас да пятай. А зараз палова другой.
    — Друг загадчык, што за фармальнасьці? Адпрацуеце пасьля. Не кожны ж дзень прыяжджаюць да вас прафэсійныя пісьменьнікі і артысты.
    — Не ведаю... Я ж шафёр усяго. Адмяніць работу я не магу.
    — Вось насланьнё. Які жывучы фармалізм! Прырастае да любой справы. Навошта адмяняць работу? Зьбяры тых, хто вольны. Няўжо нікога не знойдзецца? Нам сёньня яшчэ ў Гальцовай выступаць. Затрымаемся ў вас — там сарвём. А ў Гальцовай таксама ж БАМ. Там таксама хлопцы пацеюць. Яны што, горш за вас?
    — Не горш.
    — Ну вось. Вельмі добра, што ты гэта разумееш. Так што дзейнічай! Мо аўтобус даць? Фелікс!
    — У мяне свой ёсьць.
    “БелАЗ” сьцішана вуркатаў маторам — на такім марозе глушыць нельга, не завядзеш потым. Уласна кажучы, да клюба паўгадзіны, таму Юрасю было зусім не па дарозе. Ён вёз да насыпу пясок, а ў клюб заехаў для таго, каб праверыць, ці паправілі шчыток, што падгадаў сапсавацца ўчора якраз падчас фільма. Пэўна, хлопцы, чакаючы пясок, даўно лаюць яго. Але што там пясок, калі такія госьці!
    У вочы Юрасю кінулася незнаёмая дзявочая постаць. Дзяўчына была, несумненна, з тых, прыежджых, бо ў пасёлку сваім Юрась яе ніколі не бачыў. Яна стаяла непадалёк ад аўтобуса, нібыта як выйшла з яго, так і застыла на ўзгорку з тварам, пахіленым уніз, у даліну Самародка. “Чаго яна? Мо адстала ад сваіх і не ведае, куды ісьці?” — падумаў Юрась.
    — А вы чаму не ў клюбе? — спытаў ён, падыходзячы. — Сьцюдзёна ж!
    Яна павярнула да Юрася круглы выразны твар, атулены белай пуховай хусткай. І прыжмурыла чорныя вочы.
    — Вам сьцюдзёна? А мне не. Ці ж гэта мароз для якуткі?
    Яна памаўчала.
    — Ну і ну! Едзем, едзем па БАМе — і нічога не бачым. Са сцэны на сцэну. А ў аўтобусе... Хукаеш, хукаеш на акно, а яно яшчэ болей сьлепне. Дык гэта і ёсьць сапраўдная БАМ?
    — Не. Сапраўдны БАМ у Тындзе. А тут БАМ Малы.
    — А чаму «малы»? Чаму не «малая»? БАМ жа — магістраль.
    Юрась зьбянтэжаны пачухаў шчаку. А ён яшчэ, пачуўшы «сапраўдная БАМ», падумаў, што дзяўчына слаба гаворыць па-руску!
    — Усе так кажуць. Ну, і я.
    — А што вы тут будуеце? Пакажыце!
    — Тут будзе разьезд: месца такое, дзе могуць разьмінуцца сустрэчныя цягнікі. БАМ спачатку будзе аднакалейны, разумееце?
    — Разумею.
    — Чыгунка пойдзе ўздоўж ручая, у гарах заўжды так робіцца. Ручай бачыце? Ён, канечне, сьнегам засыпаны, але ўгадаць можна.
    — Як прыгожа... І гэтыя сопкі ў сьнезе, і пасёлачак ваш... А чаму ён Самародкам завецца?
    — Дык жа ручай — Самародак!
    Юрасю не хацелася кранацца з месца, але час падганяў.
    — Прабачце... Такая рэч. Ваша група абедала?
    — Так! Зусім нядаўна. Як яго? У Нерунгры!
    — А то, калі не... Сталоўка — вось яна!
    Даючы газ, Юрась падумаў раптам, што недзе бачыў гэты дзікаваты, выразна акрэсьлены твар. Але дзе? «Што варажыць, — усьміхнуўся ён, — пэўна, у якой-небудзь газэце”. “Як прыгожа, — успомніў ён нядаўнія словы. — І сопкі ў сьнезе, і пасёлачак ваш...” Так шэсьць месяцаў назад сказаў сам сабе і Юрась, калі ўпершыню апынуўся на беразе Самародка. Толькі і сьнегу не было тады, і пасёлка... А ўсё адно перахапіла дыханьне, калі стаў на строме і глянуў уніз, у блакітную імжу распадка...
    Праз гадзіну з гакам вярнуўшыся да клуба, Юрась побач з аўтобусам гасьцей убачыў «газік» Лукашова. У яго адлягло ад сэрца. Цяпер ён быў не адзін, зьявіўся чалавек больш вопытны і гаваркі, чалавек, надзелены ўладай. За канцэрт можна было не хвалявацца. Юрась пабег у сталоўку. Там была адна Таня: пачуўшы пра артыстаў, усе астатнія дзяўчаты кінуліся ў клюб і нават сталоўку замкнулі разам з Таняй, не заўважыўшы яе за катламі. Цяпер аднавяскоўка Юрася няшчаснымі вачамі глядзела праз адчыненую фортку, прымерваючыся да яе.
    — Тацьцянка, любая, не вылазь! — узмаліўся Юрась.
    — Ага, усе на канцэрт, а я тут сядзі...
    — Згатуй гасьцям што-небудзь.
    — Каб жа я кухарам была!
    — Няўжо дасі людзям памерці?
    — А яны што, паміраюць?
    — Паміраюць.
    І Юрась памчаўся да клюба, упэўнены, што пасьля такога страшнага слова добрая душа Тацьцянка пра фортку і думаць кіне.
    У зале людзей пакуль што было меней, як на сцэне, але Юрась ведаў: яшчэ паўгадзіны — і клюб загудзе. Ён прасьлізнуў за паркалёвую заслону. Пятро Лукашоў быў ужо там і аб нечым раіўся з “брыгадзірам”. Убачыўшы Юрася, ён шырокімі крокамі скіраваўся да яго. Сярдзіты твар Пятра не абяцаў нічога добрага.
    — Ты дзе швэндаў?
    — Народ зьбіраў.
    — Адкуль?
    — На прасеку езьдзіў, на насып, склады...
    — Мазгі табе заслала? Людзей з аб’ектаў зрываць... Хто дазволіў табе?
    — Дык жа пісьменьнікі, артысты... Няёмка!
    — Прабегся б пасёлкам — ва ўпраўленьне, сталоўку, школу зазірнуў. Вось табе і народ.
    — Дык жа хлопцы б не даравалі!
    — Дзе яны, хлопцы твае?
    — Будуць зараз!
    — Ужо на пятую пераваліла. Сабе клопату пад завязку, артыстаў затрымаў. У іх жа плян, разумееш?
    — Дык жа хлопцы...
    — Добра, потым пагаворым.
    І Лукашоў, сунуўшы кулаком пад рабрыну Юрасю, вярнуўся да Дзясьнінскага.
    Юрась агледзеўся. Па сцэне ўзад-уперад шыбаваў барадаты мужчына ў чорных акулярах. Гэта быў, відавочна, паэт, бо бубніў пад нос вершы. У куце, схіліўшыся галавой да бліскучых гузікаў, выцягваў з інструмэнта ціхія гукі баяніст. Тут жа, шырока расставіўшы ногі і падабраўшы жывот, спрабаваў бас брывасты дзяцюк. Астатнія згрупаваліся ў невялічкім закутку збоч сцэны. Адтуль чуліся нязграбныя жарты і нэрвовы сьмех, дзяўчаты аглядалі прычоскі ў кішанёвым люстэрку. Усё было як перад звычайным самадзейным канцэртам, і гэта зьдзівіла Юрася: чаго хвалявацца тут, перад рабочым людам, прафэсійным артыстам?
    Госьці большай часткай былі якуты. Несумненна не якуты былі тры: Дзясьнінскі, паэт і хлопчык з баянам.Юрась не надта разьбіраўся ў тварах, і некаторыя артысты здаваліся яму то такімі ж, як сам, то жыхарамі іншай плянэты. Зрэшты, хутка ён увогуле перастаў думаць аб гэтым і проста з цікавасьцю сачыў за кавалачкам жыцьця людзей, такіх звычайных і незвычайных, такіх далёкіх яшчэ ўчора.
    Нечакана яму падумалася: а дзе ж яна? Дзе тая, чый дзівосны твар здаўся яму чамусьці знаёмым? Яе не было. Дзіўны сум агарнуў сэрца, нібы Юрась страціў нешта сьветлае-сьветлае, чаго ўжо ніколі не знойдзеш.
    Нехта крануў яго за плячо. Юрась пасьпешліва павярнуўся.
   Юнак быў апрануты ў футровы паўночны ўбор, аздоблены рознакаляровым бісэрам, але Юрась адразу пазнаў яго: гэта ён так трагічна ўзьняў рукі, пабачыўшы сцэну. У ягоных руках паблісквала чорная скрыначка.
    — Як бы мне свой аркестар у разэтку сунуць? Батарэі зусім садзяцца.
    — А дзе ж вілка?
    — У тым і справа ўся: вілка са шнуром дома засталася. Я ж думаў: два-тры разы выступім, а ўжо шосты канцэрт даём.
    — А што за марка?
    — “Соні”. З Іякагамы прывёз.
    — Падумаем...
    — Падумай, калі ласка. А то ў нас ніякай музыкі не будзе. Зусім дохлыя батарэі! На два-тры канцэрты іх хапіла б, а на шэсьць...
    Разэтка на сцэне была якраз у тым закутку ля акна, дзе рыхтаваліся да выхаду артысты. Там звычайна стаяла радыёла, калі ў клюбе наладжваліся танцы. Але чым замяніць шнур? Праз усё яшчэ пуставатую залю Юрась пабег да кладоўкі. Там стаяў яго ўласны магнітафон, айчынны, але падобнай канструкцыі. Кантакты шнура аказаліся затоўстымі для клемаў “Соні”. Тады Юрась адсек іх кусачкамі і зачысьціў правады.
    — Знайшоў? — радасна ўсклікнуў артыст.
    — Зараз паглядзім.
    Юрась паставіў магнітафон на акно, далучыў да клемаў аголеныя правады і ўтапіў вілку ў разэтку. Тут толькі ён апамятаўся, што не спытаў гаспадара, на якое напружаньне разьлічана заморская тэхніка. Рукі яго пабялелі. Але ні дым, ні полымя з-пад шыкоўнага корпуса не паказаліся.
    — Працуе, — усьцешыўся артыст. — Значыць, так: калі нас аб’явяць, а я стану туды і дам знак, ты націсьнеш вось гэты клявіш, а як скончым — гэты. Дамовіліся?
    Юрась не пасьпеў адказаць: у зале пачулася кулямётная страляніна крэслаў. Артыст асьцярожна пацягнуў да сябе край заслоны і зірнуў у шчыліну.
    — Ого! Вось гэта публікі. І ўсе з марозу! Адразу відаць, што будаўнікі.
    Слова “будаўнікі” ён прамовіў з нейкім асаблівым задавальненьнем, не вельмі зразумелым Юрасю.
    Юрась прыхіліўся да акна, каб не замінаць артыстам. І тут ён убачыў яе. Яна стаяла ў самым куце, склаўшы на грудзях празрыстыя рукі ў бязважкіх рукавах, і ўся яна была апранута ў нешта такое празрыстае, што Юрасю стала няёмка быць так блізка да яе, і ён адвёў вочы. Тут заслона пайшла ў бакі, па зале пракаціўся вал воплескаў, а на сярэдзіну сцэны выйшаў Дзясьнінскі, запрашаючы ўсіх сваіх да сябе — для знаёмства з гледачамі. Яна не кранулася з месца.
    — А вы...— пачаў быў Юрась, але дзяўчына выперадзіла яго:
    — Я — пасьля, мне нельга...
    — Чаму? — не ўтрымаўся Юрась.
    — Побач з усімі... такімі вялікімі... Уражаньне змажаш.
    Болей яна не дадала нічога — маўляў, разумей, калі зразумееш, — і Юрась болей яе не пытаў. Ён паспрабаваў у думцы паставіць яе каля асілка Дзясьнінскага, здаравяка-баса, апранутых па-зімняму, у тоўстай бялізьне пад верхнім адзеньнем — сапраўды, яна, такая дробненькая, у сваім бязважкім уборы нават ля сьпявачкі і піяністкі выглядала б сьмешна. Ёй, можа, пасавала б стаяць толькі побач з гаспадаром магнітафона, але і той не выйшаў па прасьцэніюм, а схаваўся за скрутак заслоны па той бок сцэны.
    І тут у яго зьявілася пачуцьцё, што між гэтымі людзьмі існуе несумненнае адзінства. Юрасю было цяжка выказаць сваё адчуваньне, шчыра кажучы, яму проста б не хапіла слоў, каб выказаць іх, але адно слова, дагэтуль чужое і малазразумелае, само сабой вымкнула са сховішчаў памяці і азарыла дзень новым сьвятлом. Гэтае слова было “грацыя”. Непаўторная, непадробная грацыя чаканьня — вось што яднала іх.
    Тут Юрась агледзеў, што ў яго калянеюць рукі. Ён спачатку не зразумеў, у чым справа, а зразумеўшы — спахмурнеў: ад акна дзьмула. Дзьмула так, што халодны струмень лізаў цела праз пінжак і сьвітэр. Як жа нясьцерпна, відаць, было той, што стаяла тут жа ў матыльковым канцэртным уборы! Сорам і злосьць ахапілі Юрася. Ён успомніў, як увосень зьбіраўся замяніць пабітую шыбу, а потым махнуў рукой: ат, лухта, шчыліна з волас на трэцяй раме...
    — Прабачце,— гледзячы ўбок, сказаў ён, — мне на падаконьніку сёе-тое трэба. Адыдзіцеся крышачку, калі ласка...
    Яна ступіла крок ад сьцяны. Цяпер, калі яна пазбавілася адзінага прыкрыцьця, ёй стала яшчэ халадней, але гэта было нічога, бо Юрась, пашукаўшы для выгляду нешта на падаконьніку, стаў сьпінай да акна і загарадзіў яго. У дадатак ён засунуў рукі ў кішэні пінжака, распасьцёр крысьсе накшталт крылаў і замёр. Прайшло некалькі хвілін... Раптам дзяўчына павярнулася да Юрася і бліснула здагадлівай усьмешкай. Юрась апусьціў вочы.
    Ён стаяў і стаяў побач са сцэнай, а што адбывалася на ёй, амаль што не бачыў і не чуў. У яго былі два клопаты: не прапусьціць скразьняк і не ўпусьціць момант, калі трэба націснуць клявіш. Ён стаяў і думаў, як сумясьціць гэтыя дзьве справы, бо каб уключыць магнітафон, абавязкова прыйдзецца адарвацца ад падаконьніка. Але ўся яго праблема разьвязалася сама сабой:
    — Па-дэ-дэ з якуцкага нацыянальнага балета “Чароўны камень”. Выконваюць ляўрэаты міжнароднага конкурсу Надзея Іванова і Барыс Каінчын!
    Юнак з супрацьлеглага боку сцэны запытальна глянуў на Юрася. Адказная мінута настала. Юрась дрыжачымі пальцамі ўваткнуў вілку, зашчаміў аголеныя канцы ў клемах магнітафона і ўпіўся вачамі ў артыста. Тут жа краем зроку ён убачыў, што тая, каго хвіліну назад ён так старанна засланяў, ступіла на сцэну. І зразумеў: болей яе засланяць не трэба. Каінчын кіўнуў галавой, Юрась націснуў клявіш. Па-дэ-дэ пачалося.
    Нельга сказаць, каб Юрась ніколі не бачыў балета. Не толькі па тэлевізары: давялося трапіць нават у Вялікі тэатар, калі перасаджваліся ў Маскве з цягніка на цягнік па дарозе на БАМ. Ініцыятарам таго культпаходу быў Пецька Лукашоў, ён жа здабыў недзе білеты і сам жа пачаў нэрвавацца, паглядваючы на гадзіньнік яшчэ ў другой дзеі: “Спозьнімся, чэснае слова, каб мне з гэтага крэсла не ўстаць”. Юрась жа быў гатовы даганяць цягнік па шпалах, толькі б даглядзець да канца. Дзень той стаў адным з самых сьвяточных у жыцьці Юрася, і, выходзячы з тэатра, ён даў сабе слова, што, вяртаючыся дадому, абавязкова зноў праб’ецца ў Вялікі — хай сабе і без нецярплівага Пецькі... Ён і марыць не мог, каб высокае мастацтва само прыйшло да яго ў таежныя нетры.
    Яно прыйшло, зразумела, у іншым, бяднейшым абліччы. Там — старанна дагледжаны, увесь у золаце палац, тут — шчытавы барак канструкцыі нумар 765; там — дзесяткі пражэктараў на многія тысячы люксаў, тут — звычайная лямпа пад стольлю; там — бязьмежная сцэна, што плошчай сваёй перабольшвае глядзельную залю, тут — гарбаты памост з дзюймовых дошак; там — няведама колькі служыцеляў Тэрпсіхоры на сцэне, за сцэнай, у аркестры, буфэтах, гардэробнай, тут з усёй гэтай арміі толькі двое. Яно, канечне, шмат чаго страціла са свае прыгажосьці — як Папялушка, што вярнулася з каралеўскага балю, але, як і ў Папялушкі той, у яго засталося галоўнае — душа, і таму нельга было не пазнаць яго. І ў выкананьні дваіх яно кранала не меней, чым пры высілках соцень, бо гэтыя двое былі зусім побач. Там, у Вялікім, славутыя артысты здаваліся такімі ж недаступнымі, як і на экране тэлевізара; уласна кажучы, гэта і быў той самы тэлевізар, толькі павялічаны ў шмат разоў; тут жа яны нібыта сышлі з экрана, яны былі жывыя, іх можна было ненаўмысна пакратаць; Юрась размаўляў з імі, нават абодвум нечым памог... Тут, на адлегласьці некалькіх мэтраў, яны сталі нібыта сваімі, і Юрась перажываў за іх, як за блізкіх людзей. Скачок — і рука юнака ўрэзалася ў вушак сцэны, падтрымка — і рука дзяўчыны даткнулася столі. Вялікая агністая птушка білася ў цеснай клетцы, ранячы крылы, і Юрась хацеў бы даць ёй волю, але — не мог...
                                                                          * * *
    Таня зрабіла ўсё, што магла: насмажыла кіляграмы са два каўбасы і адварыла да яе макаронаў. Згаладнелыя госьці накінуліся на няхітрую страву з энэргіяй драпежнікаў. Не асабліва стрымліваліся і танцоры, што надзвычай зьдзівіла Юрася: ён жа лічыў, як і шмат хто яшчэ, што артысты балета ўвогуле нічога не ядуць.
    — Слаўна! Ах, як слаўна! — салаўём заліваўся Пецька. — Не ўяўляеце нават, што вы нарабілі. На тыдзень размоў і на ўсё жыцьцё ўспамінаў. Абсалютны посьпех!
    — Посьпех варта было б абмыць, — унёс прапанову паэт.
    — На жаль, не трымаем. Сухі закон!
    — Мы пра ваш закон ведаем, — засьмяяўся Дзясьнінскі. — Але, даруй, такая дарога — і ўвесь час на марозе. Прыйшлося прадугледзець!
    На сярэдзіну стала выехала пляшка.
    — Эх, была не была, — з грымасай адчаю ўзмахнуў рукой Лукашоў. — Не прадасьцё?
    І са спрытам фокусьніка вытрас з рукава другую паўлітэрку. Грымнуў агульны рогат:
    — Не прадамо!
    — Не, прадамо!
    — Юрась, — шапнуў Лукашоў, — крышталь — жыва!
    Юрась пайшоў да мыйкі. Там завіхалася Таня.
    — Дзякуй табе, Тацьцянка, — цёпла прамовіў Юрась. — Малайчына.
    — Чаго ты так глядзіш на яе?
    Юрась замёр з працягнутай да шклянак рукой.
    — Сам не ведаю... Гляджу, кажаш?
    — Глядзіш. Ды так, што ўсе бачаць.
    — Гэта так... Не зважай. Дзякуй, што сказала. Стараючыся абмінаць вокам балерыну, ён паставіў шклянкі — перад кожным госьцем. Самога сябе ён наўмысна абнёс, але посуд з гарэлкай апынуўся і ля яго талеркі.
    — Сябры, — бадзёра пачаў Дзясьнінскі. — Давайце задумаемся на хвілінку: у якім выдатным месцы мы з вамі сёньня балюем! БАМ. Гэта — не слова! Гэта музыка! Тут гісторыя творыцца. Тут вяршыцца подзьвіг! Яшчэ паўгода таму тут гаманіла адна тайга! Толькі вецер сьвішчэў! І вось прыйшлі энтузіясты...
    — Цяпер і яны сьвішчуць, — ляпнуў паэт.
    — Ат, д’ябал, не дае высокага слова сказаць. Табе б не вершы пісаць, а байкі!
    — А за што тост?
    — Як за што? За энтузіястаў! За Пятра Лукашова. За яго сяброў!
    Шклянкі зазьвінелі. Юрась хацеў быў сваю паціху запіхаць у зацішнае месца, але Лукашоў перахапіў яго руку:
    — Юрась,— сказаў ён дастаткова гучна, — ты што робіш? Госьці могуць падумаць, што я сам п’ю, а табе не даю.
    — Дык жа сухі закон, — прамармытаў Юрась.
    — Закон, нават сухі, павінен быць гуманным. Канчай фармалізм.
    Юрась, памарудзіўшы, выпіў палову таго, што было наліта.
    — Ён у вас, па-мойму, не толькі ў гэтым фармаліст. Напрыклад, сёньня ён паўгадзіны даводзіў мне, што наладжваць канцэрты ў рабочы час незаконна.
    — Гэта праўда,— падтакнуў Дзясьнінскаму Лукашоў.— Ён у нас такі.
    — Канечне, што казаць: у рабочы час працуюць. Але ж трэба ўлічваць і другое! Калі мы будзем сустракацца з вамі толькі вечарамі, нам і тыдня не хопіць, каб наведаць усе пасёлкі. А ў нас жа ў кожнага дома таксама праца. Дарэчы, дзе б ні былі мы гэтымі днямі на БАМе, аўдыторыю нам давалі адразу. Толькі ў вас замінка выйшла.
    Юрась маўчаў. Яму было сорамна і горка.
    — Ну, хопіць хлопца пілаваць. У рэшце рэшт, аўдыторыю мы атрымалі і выступілі, — прыйшоў на дапамогу Юрасю паэт.
    — Атрымалі — згодзен. Але калі? Ён жа дацягнуў да канца рабочага дня. І вось вынік: на гадзіньніку а сёмай, а мы яшчэ тут.
    — А ведаеце,— сказаў Каінчын, — мне вельмі спадабалася публіка. Па-першае, поўная заля. Па-другое, такое разуменьне!
    — Яшчэ б! — усклікнуў паэт. — Упершыню за шэсьць выступленьняў — ніводнага немаўляткі ў зале. Табе вось, шчыра кажучы, усё адно, ёсьць у зале дзеці ці няма. Дзеці балету яшчэ гучней пляскаюць. А ведаеш, што за насланьне чытаць вершы, калі перад табой палова — дарослыя, палова — дзеці? Што чытаць? Як чытаць?
    — Калі чэсна, — сказала сьпявачка, — я проста шчасьлівая, што нарэшце сьпявала перад сапраўднымі будаўнікамі БАМа.
    — Сябры, сябры! — патушыў спрэчкі Дзясьнінскі. — Мы ж дамаўляліся: не хныкаць, не стагнаць. Як бы там ні было, а мы нясём мастацтва людзям БАМа! І яны скажуць нам дзякуй.
    — Бясспрэчна: дзеці, прадаўшчыцы, канторскія служачыя — таксама людзі БАМа, але...
    Дзясьнінскі адмахнуўся ад барадача.
    — Ну, як вам жывецца, працуецца? — павярнуўся ён да Лукашова.
    — Працуем ударна,— звыкла адказаў той. — На два месяцы графік абганяем.
    — Ого! Дык вы ж проста героі. А з якіх мясьцін вашы хлопцы? — журналісцкі апэтыт Дзясьнінскага разгараўся — Я чуў, тут працуе беларускі атрад?
    — Есьць беларусы, ёсьць і іншыя.
    — А ты сам?
    — Мы вось з гэтым фармалістам з аднае вёскі. Толькі я інстытут скончыў, а ён з арміі.
    — А дзе ваша вёска?
    — На Магілёўшчыне, ля самай мяжы з Расіяй. Нават як сьлед не ведаем, хто мы: беларусы ці рускія. Да дзяўчат у суседнюю рэспубліку ходзім.
    — Глядзі ты, як бывае: і я паблізу вырас.
    — На Дзясьне, ці што?
    — На Дзясьне. Як шкада, што час па конях. Нічога, я да вас яшчэ дабяруся!
    — А навошта, уласна, па конях? — пазяхнуў паэт.
    — Як навошта? У нас яшчэ выступленьне ў Гальцовай.
    — Зірні на гадзіньнік. Пакуль даедзем, колькі будзе? Зьбярэцца зноў чалавек дваццаць.
    — Затое, абяцаю, дзяцей не будзе.
    — Усё адно нецікава. І цяжка.
    — Я бачу, рады фармалістаў растуць?
    — Калі фармалізм можа забясьпечыць дарослую аўдыторыю на дзьвесьце слухачоў, а энтузіязм не можа, я за фармалізм і супроць энтузіязму.
    — Я страшэнна змарылася, — аб’явіла піяністка.
    — І я, — падтрымала яе сьпявачка.
    — Шэсьць канцэртаў за два дні...
    — Сябры, ізноў за тое ж самае? Будзьце вартыя людзей, перад якімі мы выступаем. Ім жа куды цяжэй, чым нам. Бярыце прыклад з Надзі. Ёй сапраўды цяжка, а яна не скардзіцца.
    — Што? Што вы сказалі? — страпянулася балерына.
    — Яна, па-мойму, проста сьпіць, — пажартаваў бас.
    — Я? Не, я не сплю... Я сёньня, бадай што, і зусім не засну...
    Юрась асьцярожна зірнуў на яе. У вачах балерыны сьвяціўся сум. У яго сьціснула сэрца.
    — Як бы мы ні спрачаліся, сябры, ехаць усё адно трэба. У Самародку няма гасьцініцы. Праўду я кажу?
    — Няма пакуль, — пацьвердзіў Лукашоў.
    — Так што з пункту гледжаньня фармалізму час браць лахі пад пахі. Як, друг загадчык, я маю рацыю?
    — Пераначаваць у інтэрнатах можна. Калі трэба.
    — Не, браток, прабач. У гасьцініцы ўсё-такі лепш. Усталі дружна!
    — А колькі кілямэтраў да Гальцовай? Як ехаць туды?
    Усе аслупянела ўгледзеліся ў “зайчыка”. Ён і тут сядзеў у дублёнцы.
    — Ты што, Фелікс?
    — Першы раз па гэтай дарозе еду.
    — Вось табе маеш!
    — Спытаем сустрэчных.
    — Каго там спытаеш!
    — Нічога, таварышы! — пазьвінеў нажом па шклянцы Лукашоў. — Мы вам дапаможам. Юрась, ты вольны зараз?
    — Нібыта вольны.
    — Юрась Гальцовую з заплюшчанымі вачамі знойдзе. Паедзе на сваім самазвале, а вы за ім. Толькі не адставайце: Юрась — вадзіцель хвацкі!
    — Выдатна! — запляскаў у ладкі “брыгадзір”. — Проста і надзейна. Ну што, друг-загадчык, наперад?
    Юрась адмоўна паматаў галавой.
    — Чаму?!
    — Нельга. — Юрась са злосьцю адштурхнуў шклянку з недапітай гарэлкай.
    — Ды ты што? З-за такой драбязы! Гаішнікаў жа, пэўна, не будзе.
    — Профіль складаны. Туман.
    — Ну, фармаліст! Ну, баязьлівец! — жорстка кінуў Лукашоў. — А яшчэ салдат!
    — За руль не сяду. Юрась памаўчаў.
    — Калі трэба — разам паеду. У аўтобусе.
    — А назад як? А, галава?
    — Адтуль да нас таксама машыны ходзяць.
    — Не ўночы ж! Дзе начаваць будзеш?
    — Прынята! — умяшаўся Дзяснінскі. — Выканаем фармальнасьці. Што зробіш. Перасьпіць разам з намі. А заўтра рана паедзем назад і даставім у Самародак вашага самародка.
    Ён паблажліва паляпаў Юрася па плячы:
    — Цудоўны ты хлопец, друг загадчык!
    — У нас на БАМе і лепшыя ёсьць,— прабурчэў Лукашоў.
    А калі госьці пацягнуліся да дзьвярэй, схапіў Юрася за пінжак і сьвісьцячым шэптам прамовіў:
    — Закахаўся, дурань? Настрой людзям псуеш... Каб заўтра на працу — мінута ў мінуту! Прагул запішам!
   Юрасю зусім не здавалася, быццам ён робіць для гасьцей нейкую паслугу. Наадварот — пасьля бязьлітасных слоў Лукашова ён адчуў за сабой нешта накшталт віны. У “пазіку” яго пасадзілі на месца другога шафёра — “брыгадзірскае”: усе два дні дарогі тут сядзеў Дзясьнінскі. Саступіўшы сядзеньне, ён уладкаваўся недзе ў сярэдзіне салёна — адтуль чуліся яго прымаўкі, анэкдоты, заклік: “Песьню!” Народ быў малады, і, нягледзячы на стому, сьпяваць пачалі ледзь не ў Самародку. Пасьля кожнай песьні Дзясьнінскі голасна пытаў, чаму не чуваць Ігната Раманавіча, і кожны раз Ігнат Раманавіч дабрадушна басіў, што сьпявак-прафэсіянал абы-дзе рот не разявае...
    А Юрась сядзеў тварам да Фелікса, прытуліўшыся бокам да цёплага капота. Цьвёрда помнячы бессаромную фразу Пятра (“Закахаўся, дурань?”), ён стараўся не паварочваць галаву ўлева, бо там, за ўваходнымі прыступкамі, у паўзмроку сьвяцілася пуховая белая хустка. Балерына сядзела адна, на яе нязручным сядзеньні, агароджаным парэнчай, больш ніхто б і не зьмясьціўся. І Юрасю чамусьці было не па сабе, што яна адна.
    Час ад часу ён паказваў вадзіцелю, куды зьвярнуць. Сьвятло фараў танула ў студзеньскім густым тумане. Дарожныя знакі, афарбаваныя спэцыяльным саставам, успыхвалі перад самым носам “пазіка”. Песьні не змаўкалі. Здаецца, ужо і бас Ігната падтрымаў агульны хор. А Юрась, чым далей, тым больш змрочным рабіўся.
    — Цішэй гані! — крыкнуў ён Феліксу.
    — І так паўзём, як чарапаха!
    — Блізка ўжо.
    Аднекуль збоку вымкнуў сілуэт цягача. Скрыгатнулі тармазы, але аўтобус толькі замарудзіў ход. На шчасьце, цягач не пасьпеў узьехаць на палатно.
    — Я ж казаў, цішэй! Што ў цябе з тармазамі? Перапалоханы шафёр спыніў аўтобус.
    — Здаецца, усё было ў парадку...
    Праз туман бліснула Гальцовая дзесяткам вясёлых агеньчыкаў. Гэта быў ужо ладны пасёлак, бо пачынаўся ён раней за Самародак, ды і будавалі тут не разьезд, а станцыю. Тут меўся і неблагі Дом культуры, і магазын, і бальніца, і — галоўнае — вялікі цёплы гараж з майстэрнямі.
    — Прыехалі, таварышы! Шчасьліва вам!
    — А ты што ж? — спытаў, падыходзячы, Дзясьнінскі. — Чаму “шчасьліва”?
    — Буду спадарожку шукаць.
    — Не знойдзеш — прыходзь у гасьцініцу. Ложак табе забіты.
    ...У гаражы, акрамя вартаўніка, нікога ўжо не было. На шчасьце, знайшлася і стаянка для аўтобуса, і патрэбны струмант.
    — Ты даўно з аўташколы? — спытаў Юрась, падсьцілаючы брызэнт.
    — Два тыдні працую.
    — Як жа ты ўзяўся за такі рэйс? Ты ж, можна сказаць, цэлы тэатар вязеш. Хоць разумееш, за што адказваеш?
    — Загадалі — і ўзяўся.
    — Няўжо, акрамя цябе, не знайшлося нікога?
    — Уяві сабе, не знайшлося! — нечакана ўскіпеў Фелікс.— Ты што мяне пясочыш, нібыта сам — бугор паднябесны? Зьбеглі на БАМ вашы шафёры АЯМа [АЯМ (Амура-Якуцкая магістраль) — аўтадарога, якая злучае Якуцк з Транссыбірскай чыгуначнай магістральлю. Лінія Малога БАМа пракладваецца ўздоўж АЯМа]. У каго кваліфікацыя болей-меней — зьбеглі. Колькі плоцяць табе, а?
    — Ну-ну, загрымеў-пакаціўся! — вінавата пацішыў голас Юрась. — Які я табе бугор? Я таму кажу, што сам шафёр і бачыў сёе-тое праз ветравое шкло.
    Гадзіна ішла за гадзінай, а шафёры ўсё корпаліся і корпаліся ў машыне, перамацваючы кожную дэталь. Аўтобус быў зусім новы, але тоілася ў ім нейкая невядомая хіба, і Юрась шкадаваў, што мала знаёмы з гэтай маркай.
    — Глядзі ж заўтра, — папярэдзіў ён, — каб ніякага ліхацтва!
    Месцаў у Доме шафёра не было, ды і давалі іх толькі па пуцявых дакумэнтах. Фелікса ўсё ж удалося ўладкаваць. Разьвітаўся ён з Юрасём даволі злосна. “Што я зрабіў яму?” — з недаўменьнем думаў Юрась, вяртаючыся да гаража.
    Дамовіўшыся з вартаўніком, што заначуе ў гаражы, у аўтобусе, Юрась пайшоў да гасьцініцы. “Калі Дзясьнінскі не сьпіць, я павінен сказаць яму гэта”, — цьвёрда вырашыў ён. Ён ішоў і думаў, што за сёньняшні недарэчны дзень, сам не жадаючы таго, пасьпеў падбіць супроць сябе адразу трох: Дзясьнінскага, Лукашова і Фелікса. Чаму ж атрымалася так? Ці ж не жадаў ён толькі дабра і таму, і другому, і трэцяму? Ці ж не рабіў ён так, як падказвала не форма нейкая — сумленьне? “Фармаліст”... Прыкрае слова. І не абразнае — “даўбня” там, “ёлуп”, а ўсё адно крыўднае. Колькі разоў давялося ўжо ўздрыгваць ад яго сёньня! А што скажа Дзясьнінскі, пачуўшы тое, што зьбіраецца сказаць яму Юрась? Але прамаўчаць на гэты раз ён не мог.
    Да гасьцініцы, завіслай над крутым пагоркам, вяла шырокая лесьвіца з незьлічоных прыступак. Праектаваў гасьцініцу, відаць, чалавек з вялікай фантазіяй, бо яна нагадвала чыгуначны састаў. Два “вагоны” былі яшчэ недабудаваны, але вокны “лякаматыва” зырка сьвяціліся.
    Унутры будынак аказаўся таксама недабудаваны. Частка падлогі была абабіта лінолеумам, частка заставалася дашчанай. У калідоры стаялі скруткі шпалераў. Калідор прывёў у прасторны хол, дзе Юрась і знайшоў тых, каго шукаў.
    — Ну, ці ж не казаў я, што ў нашага загадчыка ёсьць галава на плячах? — кісла прамовіў Дзясьнінскі, устаючы з негабляванага ўслона. — А Надзя баялася, што ты пехатой на Самародак пойдзеш.
    — Якая Надзя?
   — Ляўрэатка наша. Шкада, што яна цябе не бачыць. Сьпяць дзяўчаты.
    “Вось добра”, — узрадаваўся Юрась.
    — А мы кейфуем ля каміна. Гучыць? Сапраўды, палову сьцяны ў холе займала цаглянае збудаваньне з шырокім вусьцем унізе.
    — Падумаць толькі, — з іроніяй загаварыў Каінчын, — які шлях за два дні! На таксі, самалёце, аўтобусе... Ад сталіцы савецкай рэспублікі да англійскага сярэднявечча!
    — За гэтае сярэднявечча былы начальнік БМП [БМП (будаўніча-мантажны поезд) — асноўная будаўнічая адзінка пры пракладаньні чыгуначных ліній] на Гальцовай вымову адхапіў, — зарагатаў Дзясьнінскі.
    — А дарэчы, чаму яно не гарыць?
    — Дроў няма.
    — Я бачыў дровы за ганкам, — сказаў Юрась — Зараз прынясу.
    — Пазнавата.
    — Гэта нядоўга!
    Юрась выскачыў на ганак і пачаў браць дровы. Скрыпнулі дзьверы.
    — Дзе яны? Аднаго ж бярэмя, відаць, будзе мала. Гэта быў Каінчын. Выйшаў ён, як стаяў у холе — нават шапкі не ўзяў.
    — Навошта? Я б яшчэ раз зьбегаў.
    — Надта ж цікава, як тыя фэадалы грэліся...
    Сырыя дровы, не абтрэсеныя як сьлед ад сьнегу, сіпелі ў газэтным полымі, але гарэць не сьпяшаліся.
    — Цягі няма! — пазяхнуў Дзясьнінскі. — Тыпова фармальны камін. Тут і гадавой падшыўкі майго лістка не хопіць. Пайшлі, гвардзейцы, спаць! Заўтра... Якое там заўтра! Сёньня — а палове сёмай пад’ём.
    — Чаму так рана?
    — А дзевятай выступленьне ў Чульмане. Не стагнаць, не стагнаць! Апошняе.
    — Таварыш Дзясьнінскі...— падаўся да “брыгадзіра” Юрась.
    — Ну вось. У дамашніх, так сказаць, абставінах — і то афіцыйнасьць. Васіль Кандратавічам мяне завуць.
    — Васіль Кандратавіч, пагаварыць трэба.
    — Ведаю я, пра што ты казаць зьбіраесься. У тваім пакоі, Барыс, два ложкі?
    — Тры.
    — То дай прытулак загадчыку. Дабранач! І Юрась з Каінчыным засталіся ўдвух.
    — Я ж зусім не аб гэтым казаць зьбіраўся, — засмучана прамармытаў Юрась. — А пераспаць я і ў гаражы магу...
    — Нічога, заўтра пагаманіш. А гараж без цябе нікуды не ўцячэ, — падміргнуў Каінчын.
    — Вельмі важная размова...
    — Змарыла энтузіяста. Набегаўся за два дні. Усім хапіла, а яму, як “брыгадзіру”, болей за ўсіх. А чалавек толькі-толькі з апэрацыйнага стала.
    — Вось як. Што ў яго?
    — Каменьне нейкае. Ці то ў нырках, ці то ў печані.
    — А я думаў: плечы шырокія, гэты ўсё зьнясе.
    — У кожнага свае болькі.
    Юрась і сам не ведаў, навошта яму агонь у каміне, але чамусьці вельмі хацелася яго запаліць. Ён сяк і так перакладваў дровы, настругаў складанчыкам лучынак. Нічога не выходзіла.
    — Глядзі, мы ж заслонку не выцяглі, — паказаў Барыс. Праз хвіліну ў цагляным жарале гуло полымя.
    Каінчын выключыў электрычнасьць і падсунуў услон бліжэй да каміна. Галавешкі стралялі. Дрыготкі агонь асьвятляў зьнізу твары хлопцаў. Абодва маўчалі. Юрась не мог загаварыць першым і цярпліва чакаў, пакуль артыст не перадумае сваю невядомую думу.
    — Які ўсё-такі цуд — жывы агонь, — сказаў нарэшце той. — Мы, гарадзкія людзі, прыручылі яго, як дзікага зьвяра, загналі яго ў электрычныя лямпы, у атапляльныя трубы... Так, вядома, бясьпечней. Бо жывы агонь і ўкусіць можа. Затое які ён прыгожы! Гэта ведае толькі той, хто сядзеў ля вогнішча праз усю ноч у гарах або стэпе...
    Ён працягнуў да вусьця моцныя зграбныя рукі.
    — Як цудоўна сёньня выконвалі вы па-дэ-дэ! Артыст павярнуўся да Юрася ўсім целам.
    — Спадабалася?
    — Надзвычай!
    — А чым? Ты б не мог падрабязьней?
    — Цяжка мне... Я ж не знаўца які...
    — А ўсё ж? Мне страшэнна цікава, як успрымае маю працу звычайны чалавек. Менавіта не знаўца.
    — Мне чалавечнасьць ваша спадабалася.
    — Чалавечнасьць?
    — Яшчэ ўсхвалявала, як вы са сцэнай змагаліся. Яна вас катуе, катуе, а вы — назло ёй! — лепш і лепш... Мне здаецца, тут абавязкова патрэбна такая зьнітаванасьць душ... Такое адзінства...
    — Нічога дзіўнага. Мы з Надзяй восем год разам. Яшчэ з вучылішча. Я нават за ёй у Якуцію паехаў.
    — Дык вы не мясцовы?
    — Я алтаец — чуў пра такі народ?
    — Вы з Надзяй — заўсёды разам?
    Каінчын на момант адвярнуўся.
    — Ехаў у Якуцк — спадзяваўся... Не атрымалася. Надзя за штурмана выйшла. Адкуль ён узяўся... Ды не пашчасьціла ёй. Катастрофа самалётная, разумееш...
    — І як жа цяпер?
    — Што ж цяпер. Я жанаты. А ў Надзі дачка. Хваравітая дзяўчынка... Зараз у бальніцы якраз. Не шанцуе Надзі.
    — Як жа яна — танцуе, сьмяецца, ды так сьмяецца! Яе ўсьмешка пад стольлю!
    — Гэта — работа, работа. Адпрацаваны элемэнт выконваецца амаль аўтаматычна.
    — Ніколі не паверу, што такая ўсьмешка можа быць аўтаматычнай. Яна ад сэрца!
    — Магчыма. Калі гаворка пра Надзю — тут усё магчыма. Надзя — унікальны выпадак у мастацтве. Шмат балерын, у якіх і тэхніка на грані фантастыкі, і чуцьцё музыкі, рытму вышэйшае, а толькі я не зьмяніў бы на іх Надзю. Калі яна пойдзе са сцэны, я таксама — ні хвіліны не затрымаюся. Толькі так! Ён абняў Юрася за плечы.
    — Шкада мне, што ты паглядзеў адно па-дэ-дэ, ды і тое не цалкам. Прыяжджай як-небудзь, я цябе на “Чароўны камень” без білета правяду!
    Назаўтра мароз памякчэў, узьняўся лёгкі, не балючы ветрык і туман разышоўся. Над Гальцовай зазьзяла прыпарушанае шэраньню сонца. “Сёньня а шостай гадзіне раніцы, — вяшчаў задушэўны голас з Барысавага магнітафона, які ў дадатак аказаўся і транзыстарам, — тэмпэратура паветра была: у Верхаянску — пяцьдзесят тры, у Жыганску — пяцьдзесят, у Чурапчы, Пакроўску і Намцах — сорак восем... У Якуцку а шостай гадзіне пяцьдзесят адзін градус ніжэй за нуль. Днём чакаецца далейшае паніжэньне тэмпэратуры да пяцідзесяці трох — пяцідзесяці пяці градусаў, вецер слабы, туман. Для будаўнікоў паўднёвай Якуціі. А шостай гадзіне раніцы тэмпэратура паветра была: у Чульмане дваццаць восем, у Нерунгры дваццаць шэсьць, у Беркакіце і Самародку дваццаць два. Днём далейшае павышэньне тэмпэратуры, вецер — пяць-сем мэтраў у сэкунду, бачнасьць — адзін кілямэтар”.
    — Ну, каму лепш: нам ці тым, хто нас ехаць адгаворваў? — пераможна задраў чуб Дзясьнінскі.
    — А чаму пра Гальцовую нічога не сказалі? — ціха спытала Надзя.
    — Гальцовая — гэта ўжо не Якуція, — гэтак жа ціха адказаў Юрась, але яго пачулі.
    — Го! Дык мы, выходзіць, парушальнікі? Учора ў тумане перайшлі мяжу і нават самі не заўважылі! — пажартаваў паэт.
    — Сядайма, сябры! — заклікаў Дзясьнінскі.
    Сам ён забавіўся, атрасаючы ад сьнегу унты, і Юрась зразумеў: другога такога моманту не будзе.
    — Васіль Кандратавіч, — нягучна сказаў ён, — я ведаю, як вам цяжка, і не хацеў бы псаваць настрой, але на гэтым аўтобусе і з гэтым шафёрам вам нікуды ехаць нельга.
    — Чаму гэта? — вылупіў вочы Дзясьнінскі.
    — Аўтобус няспраўны. Шафёр змораны.
    — Аўтобус толькі што з завода!
    — Гэта і кепска. Не абкатаны.
    — Ды і шафёр больш адпачывае, чым працуе... Мы ж увесь час выступаем! Ты спытай яго: колькі ён праехаў за гэтыя два дні? Кілямэтраў трыста ад сілы!
    — Ён навічок.
    — Ну, друг загадчык. Ці не занадта бярэш на сябе? Што ты можаш увогуле ведаць аб аўтобусах і шафёрах?
    Юрась не стрымаўся.
    — Я, між іншым, шафёр другога кляса. А клюбам загадваю на грамадзкіх пачатках. Я вам казаў аб гэтым. Шкада, што ў вас такая кароткая памяць.
    Ён апамятаўся.
    — Прабачце...
— Божа мілы. Яшчэ і наступае! Ды калі хочаш ведаць, і ў мяне правы маюцца.
    — Аматарскія.
    — Ну добра, прафэсіянал. Што нам пагражае?
    — Гэтага я не ведаю. Я ведаю толькі адно: на такім аўтобусе і з такім шафёрам людзей перавозіць нельга.
    — Вось ён, фармалізм. Галоўнае — формы не парушыць. Нас людзі чакаюць! Людзі БАМа. А ты? Другі дзень упоперак нашай дарогі кладзесься. Хочаш ведаць, а якой гадзіне з-за цябе выступленьне ў Гальцовай скончылася? Апоўначы! А сёньня? Хочаш зусім сарваць? Не, друг загадчык, не выйдзе.
    І, ужо сядаючы ў аўтобус, праз плячо кінуў:
    — Добра, што нам з табой па дарозе толькі да Самародка!
    Юрась апусьціўся на ўчорашняе месца. Шчокі яго палалі сорамам. Яго не радавала нават сонца, якога не бачыў з-за туману тыдзень.
    — Ну, нагляджуся сёньня,— летуценна прамовіла Надзя.
    А глядзець было на што. Дарога вясёлай стужкай гімнасткі вілася паміж асьнежаных гальцоў. Іншы раз, здавалася, яна гатова была, заплюшчыўшы вочы, кінуцца ў белую бездань, але, напалоханая, крута брала ўбок. На вяршынях сопак дрэў было мала, але чым ніжэй па схілах, тым гусьцей падсіньвала тайга сыпучую бель сьнягоў.
    — Няўжо мы ўчора тут ехалі? — звузіўшы вочы, сказала Надзя. — Як не зваліліся!
    — Нас вяла надзейная рука сябра, — узьнёсла прамовіў Каінчын.
    — Я ж казаў, што профіль складаны, — сумеўся Юрась.
    — Глядзіце: слуп! Пагранічны!
    На вялізным шчыце праз шэрань чырванелі літары: “Якуцкая АССР. Гор. Нерунгры”.
    — Гэта няважна, што да горада сто дваццаць кілямэтраў, ды і горадам пакуль што цяжка назваць. Галоўнае — шыльду павесіць, — пакпіў паэт.
    — Давайце здымемся на памяць. Што ні кажы, дадому вяртаемся. У родную рэспубліку, — узмаліўся Каінчын.
    — А што, твой магнітафон яшчэ і фатаграфуе?!
    — Не. Толькі праяўляе.
    Аўтобус спыніўся. Усе пабеглі да слупа. Каінчын павярнуўся да Юрася:
    — Будзь сябрам, націсьні затвор! Звычайная бяда фатографа: ніколі не маеш уласнага здымка. А потым я цябе.
    — Націскай табе ды націскай,—усьміхнуўся Юрась.
    — Без жартаў, здыму. Плёнкі хопіць!
    Ён сунуў у рукі Юрасю звычайны “Зэніт” і пабег да астатніх. Каб навесьці на рэзкасьць, спатрэбілася зьняць рукавіцы. Уздоўж дарогі дзьмуў ладны вецер. Пальцы адразу залубянелі. Юрась некалькі разоў шчоўкнуў затворам:
    — Гатова!
    Тым, каго ён фатаграфаваў, відаць, было яшчэ халадней, бо некаторыя нават падскоквалі. Пачуўшы Юрасёвы словы, яны прыпусьцілі былі да аўтобуса, але Каінчын замахаў рукамі:
    — Чакайце, чакайце! Гэта нячэсна. Абавязкова трэба зьняцца з Юрам. Хутчэй, Юра, сюды!
    — А чаму Фелікс не ідзе? — як звычайна, нягучна сказала Надзя.
    — Фелікс, сюды! Чаго стаіш?
— Ахвоты няма! — адгукнуўся шафёр. Ён панура глядзеў сабе пад ногі.
    Нарэшце ўсе палезьлі ў “пазік”. Юрась устрывожана падышоў да шафёра і зазірнуў яму ў вочы:
    — Што з табой?
    — Нічога.
    — Я ж бачу.
    — Што бачыш?
    — Страшна стала?
    — Не ліпні.
    — Ты ж учора ехаў тут і нават газу паддаваў... Чаго баісься?
    — Я ж не бачыў тады!
    Шафёр тыцнуў кулаком у прастору.
    — Ну і што? Матор спраўны, тармазы падцягнулі. Машына лёгкая, галалёду няма. Я з гружаным “БелАЗам” колькі матляўся тут.
    — Лёгка табе казаць!
    — Дарогі такой кілямэтраў дзесяць засталося. А там хоць бокам каціся. Вядзі памалу і, галоўнае, больш працуй рулём, чым тармазамі...
    — Адкасьніся ты са сваімі павучаньнямі!
    — Садзіся ў салён. Далей аўтобус я павяду.
    — Ты?!
    — Што глядзіш, як воўк на зая? Давяду да Самародка. Адпачнеш. А там...
    Фелікс аглушальна ляснуў дзьверцамі і адразу даў газ. Юрась ледзь пасьпеў ускочыць у аўтобус.
    — Пра што гутарка? — ляніва пацікавіўся Дзясьнінскі.
    “Сказаць? Не сказаць? — пранеслася ў галаве Юрася.— Ці паверыць, калі скажу? Ці даверыць руль? Не, не паверыць. Зноў фармалістам абзаве. А ў Фелікса нэрвы яшчэ больш усходзяцца”.
    — Так, шафёрская, — неахвотна адказаў ён. Відаць, размова падзейнічала, бо далей Фелікс павёў аўтобус спакойна і плаўна, без дарэмных рыўкоў і тармажэньняў. І Юрась заспакоіўся. Ды і чаго хвалявацца? Учора ж прайшлі — у такім тумане!
    Яшчэ дзесятак кілямэтраў — і Самародак, і ён расстанецца з гэтымі цікавымі, складанымі людзьмі, якія толькі-толькі пачалі яму адкрывацца. Калі яшчэ ўдасца ўбачыць іх, ды і ці ўдасца?.. Ён павярнуўся тварам да салёна і акінуў позіркам кожнага, каб лепей запамятаць. Без усялякай сарамяжлівасьці глянуў проста ў твар Надзі — яна таксама зірнула на яго з нямым запытаньнем. Аб чым думала яна ў тую хвіліну? Аб хворай дачцэ ці нябожчыку-мужу? Ці пра сьвяточную казку тую, што тварыла на сцэне кожны дзень і павінна рабіць яе ўсё болей сьвяточнай?
    Раптам аўтобус пайшоў хутчэй. “Асьмялеў хлопец!” — мільганула думка. Юрась азірнуўся на дарогу, і яго скаланула. Тут было надзвычай паганае месца, паганае, канечне, для навічка — не для вопытнага шафёра. Дарога ішла над стромкім абрывам, а зьлева высілася гара, і дарога спачатку ішла ўніз, а потым ізноў уздымалася ўверх, і самы нізкі пункт яе ў дадатак быў паваротным. Едучы з таго ці іншага боку, немагчыма было ўбачыць, што адбываецца за гарой, а круты пакат гнаў і гнаў машыну, аж покуль яна не мінала паварот. Тут любы шафёр супраціўляўся, як мог, нарастаючай хуткасьці колаў, бо ў выпадку чаго і адвярнуць было некуды. А Фелікс, замест таго каб тармазіць, зьехаў на чужы бок дарогі і, здавалася, нават павялічыў хуткасьць.
    — Што ты робіш? Тармазі! Вярніся ў свой рад! — крыкнуў Юрась, але панікёр нічога не чуў. Ён упарта ціснуў аўтобус улева, бо яму было страшна весьці машыну над безданьню.
    І Юрась убачыў, што, уласна кажучы, выратаваньня няма, бо з-за павароту паказаўся аранжавы лыч “КрАЗа”.
    І тады Юрась зрабіў адзінае, на што яшчэ хапала часу.
    — Трымайцеся! Мацней трымайцеся! — крыкнуў ён і, сарваўшыся з сядзеньня, адной рукой сьціснуў вэртыкальную парэнчу, а другой абхапіў Надзю і закрыў яе сабой. Як учора ад ледзянога павеву з акна, так засланіў і зараз, а ад чаго — пра гэта з усёй дакладнасьцю можна было б сказаць толькі тады, каб не засланіў.
                                            З паказаньняў следчаму аддзела ДТЗ
                                            [Дарожна-транспартных здарэньняў]
                             Запісана сьледчым Сізых Н. Ц. са слоў пацярпеўшых.
*
    Гэта было, як у кіно: наплывае, наплывае. Потым удар. Нехта крыкнуў: «”Трымайцеся!” Я трымалася моцна. Усе сядзеньні паляглі пад нашымі целамі, як картачны домік. Я таксама ўпала. Выцяла бок і нагу.
    Подпіс: Калмагорава З. А.
    Месца работы: Якуцк, Музыкальны тэатар.
     Пытаньне: хто вінаваты ў ДТЗ?
    Адказ: адказаць не ў стане.
*
    Нехта крыкнуў: “Трымайцеся, трымайцеся!” Я трымацца не мог, бо трымаў баян. Але ўсё-такі неяк пасьпеў падрыхтавацца. За мной сядзеў Каінчын. Яго кінула ў праход. Баян мой уласны. Адрамантаваць можна.
    Подпіс: Пясочнікаў В. С.
    Месца вучобы: Якуцк, культасьветвучылішча.
    Пытаньне: хто вінаваты ў ДТЗ?
    Адказ: адказаць не ў стане.
*
    Мы выехалі дакладна а восьмай. Сьвяціла сонца. Вадзіцель быў гарантавана цьвярозы і вёў аўтобус не надта шпарка. Я задумаўся... Раптам пачуўся страшны ўдар. Я страціў прытомнасьць.
    Подпіс: Дзясьнінскі В. К.
    Месца работы: Якуцк, рэдакцыя газэты “Паўночнае зьзяньне”.
    Пытаньне: хто вінаваты ў ДТЗ?
    Адказ: адказаць не ў стане.
*
    Я сядзела наперадзе і глядзела на дарогу. Здалёк паказалася жоўтая машына. Юра ўскочыў, крыкнуў: “Трымайцеся!” Я інстынктыўна ўчапілася ў парэнчу. Сутыкненьня я не бачыла, бо мяне засланіў Юра. Парэнчу вырвала са столі аўтобуса, мы абодва ўпалі. На мяне яшчэ нехта ўпаў, але я не атрымала ніякіх пашкоджаньняў. З-пад капота пайшоў дым. Я закрычала: “Адчыніце дзьверы!” Дзьверы не адчыняліся: шафёр страціў прытомнасьць. Юра перагнуўся ў кабіну, адчыніў дзьверы. Яшчэ памятаю, што пасьля ўдару аўтобус нейкі час каціўся назад. З пасажыраў у рознай ступені пацярпелі ўсе, акрамя мяне і Юры. Ловячы спадарожныя і сустрэчныя машыны, мы адпраўлялі параненых у Гальцовую. Самародак бліжэй, але ў ім няма бальніцы. Я таксама прыехала сюды. Лічу, што мой абавязак быць з усімі.
    Подпіс: Іванова Н. Н.
    Месца работы: Якуцк, Музыкальны тэатар.
    Пытаньне: хто вінаваты ў ДТЗ?
    Адказ: на гэтае пытаньне можа адказаць толькі Юра, ён усё бачыў.
    Пытаньне: хто такі Юра і дзе ён зараз?
    Адказ: Юра — загадчык клюбу ў Самародку. Пасьля аварыі ў Гальцовую не паехаў, сказаў, што яму час на працу.
                                                                             * * *
    Юрась з тугой азірнуўся вакол. Нікога больш не заставалася ні ў аўтобусе, ні вакол яго. Аўтобус, як нябожчык, даўно астыў, на палеглых сядзеньнях выступіла шэрань.
    Да Юрася падскочыў вадзіцель “КрАЗа”:
    — Зямляк! Ты ж усе бачыў. Ты бачыў, хто вінаваты?
    — Бачыў.
    — Пачакайма гаішнікаў, раскажы, што бачыў. Скажы, што я не вінаваты!
    — За цябе дарога скажа.
    — А ўсё-ткі! Га, зямеля? Пачакайма! Кабіна цёплая, пачакайма! Ну скажы, хто вінаваты?
    — Я вінаваты.
    — Ды ты што, зямеля? Я ж бачыў, не ты за рулём сядзеў!
    — Я вінаваты. Так і скажы, калі спытаюць: Міхнёнак з Самародка вінаваты.
    Перад вачыма паплыў зьбялелы твар Каінчына. На ім не было аніводнай драпінкі, ніхто б чужы і не сказаў, што чалавек набыў у такой мясарубцы,— а вочы былі заплюшчаны і не адплюшчваліся ніяк.
    Чаму не стаяў на сваім да канца? Чаму не выхапіў руль з рук хлапчука?
    — Прабач. На працу час.
    Ён не стаў чакаць спадарожнай машыны. Хутчэй, хутчэй ад праклятага месца! Ён ішоў і не ведаў, што на працу не трапіць ні сёньня, ні заўтра. Ён не ведаў, што не дойдзе да Самародка нейкіх дзьвесьце мэтраў, і ўпадзе тварам у сьнег, і ўбачаць у сьнезе яго зусім не адразу. Ён не ведаў... Ныла сьцягно, нага не згіналася, да рэбраў немагчыма было дакрануцца. Малатарняй гула галава. І мроіўся клюб у Самародку, сцэна ў ім і на сцэне, пад самай стольлю, — асьляпляльная ўсьмешка Надзеі

                                                           ЗІМОВЫЯ ЛІСТЫ
                                                                        Коні знаёмяцца ржаньнем, а людзі — мовай.
                                                                                                                   Якуцкая прымаўка
    Якуцк. АССР, Хангалас ор., Даркылах б. [Якуцкая АССР, Хангалас оройуона, Даркылах бёгюёлёгэ (Кангаласкі раён, пасёлак Даркылах — па-якуцку)], Мякіш Валянціне.
    Доробо, Бала [Здарова, Валя! (якуцк.)]! Я на месцы.
    Горад знайшоў.
    Дом знайшоў.
    У кватэру ўлез.
    Ніхто не лае.
    Мітэрэй.
*
    Беларуская ССР, горад Прыдняпроўск, вуліца Чалюскінцаў, дом 2, кватэра 6, Харытонаву Дзьмітрыю Харытонавічу.
    Доўга ж ты дабіраўся, браце! Не раўнуючы як той, што замест каня карову запрог. Некалі мая былая жонка з такой жа хуткасьцю рухалася. На курорт дык у момант, нібы вядзьмарка на памяле, а вось дадому... Што ж, жанчыне ў дарозе не дзіва затрымацца, нездарма пра яе якуты кажуць: няма такога дрэва, на якое б птушка не садзілася. Але ж ці ты, стары грэшнік, жанчына, каб да Прыднянроўска месяц валачыся? І гэта ў наш рэактыўны час! Дзе сядзеў? У Маскве? Я сорак год таму з Прыдняпроўска ў твой Даркылах удвая хутчэй даскакаў. Між іншым, на самалёт у мяне грошай тады не было і быць не магло, і ехаў я праз усю Сыбір-матухну на такім кур’ерскім, што на кожнай станцыі, помніцца, выспацца пасьпееш, покуль ён далей рушыць...
    Даклыпалі да Іркуцка, а там — воленс-няволенс — самалёт: гэта зараз можна да Лены цягніком, а там на параход перасесьці. Тыцнуўся ў касу — білетаў сох [Няма (якуцк.)]. А тут пілёт падыходзіць, увесь у скуры, мажны дзяцюк, на мяне з цікавасьцю пазірае: “Куды, таварыш?” “У Якуцк, — адказваю, — каб на яго ліха”. “Зразумела... У скрынцы паляціш?” “У якой скрынцы?” “Есьць у нас на гідрапляне такая, пабачыш... Не зломак?” Не прызнавацца ж, што зломак! Пагляджу, думаю, для пачатку, што за скрынка. А яна ў гідрапляне пад днішчам прыбіта. Для грузаў розных. Адчыняецца зьверху — вываліцца немагчыма. Што трачу? Апранулі мяне ў кажух — гэта ў ліпені, заўваж. Сьпірту глыток далі. Запіхнулі ў скрынку — і панёсься я з боскай помаччу на бязбожнай страказе. Тры дні да Якуцка ляцелі.
    А з Якуцка ў твой Даркылах? Не было тады аўтобусаў, не было!
    На санях цягнулі мяне ўсё тым жа ліпенем. І трапіў я ў тэрмін, згодна пастанове ўрада аб накіраваньні на працу маладых спэцыялістаў.
    А ты?
    Пішы падрабязна пра ўсё. Як ехаў, у якім стане кватэра, як спадабаўся табе мой Прыдняпроўск, як мой Дняпро спадабаўся. Напамінаю адрас: Якуцкая АССР, Кангаласкі раён, пасёлак Даркылах, Мякішу Валянціну Сьцяпанавічу (падкрэсьліваю: Мякішу! Валянціну!). Твой Валя.
    Даркылах.
    5 верасьня.
*
    Якуцк. АССР, Хангалас ор., Даркылах б., Мякіш Валянціне.
    Пісаць сох.
    Горад учугей [Добры (якуцк.)].
    Рэчка учугей.
    Кватэра учугей.
    Твой кватарант.
*
    Беларуская ССР, горад Прыдняпроўск, вуліца Чалюскінцаў, дом 2, кватэра 6, Харытонаву Дзьмітрыю Харытонавічу.
    Кватарант! Знайшоў жа слова! Не друг, не прыяцель, а кватарант. Нібыта мне за кватэру плоціш. Сорак гадоў цябе ведаю, а да жартаў тваіх не магу прывыкнуць.
    А памятаеш, як я сам некалі ў цябе кватараваў? Як прыехаў у Даркылах. Сваёй жа хаты ў мяне не было. Вось і прыйшлося выбіраць, куды падацца. Твая юрта да фэрмы бліжэйшая была, дык і пайшоў да цябе. А як жа ты жыў тады, нябога! Як зайшоў я ўпершыню, як дыхнула на мяне жыцьцём тваім — ажно ў вачах паплыло. Ды і не дзіва: хатка — да столі кумпалам дастаеш, а ў ёй — чалавек дзесяць... Ну, думаю, заначую тут ды пайду сабе новы прытулак шукаць. А так і зажыўся аж да вайны. І ці мог я думаць тады, што так дзіўна жыцьцё павернецца: мяне ва ўласную каапэратыўную кватэру не пусьціць, а цябе на маю старонку кіне?
    Пішы пра ўсё падрабязна. І, галоўнае, на канвэрце: Мякішу! Валянціну!
    14 верасьня.
    Даркылах.
*
    Якуцк. АССР, Хангалас ор., Даркылах б., Мякіш Валянціне.
    Я ведаю.
    Чаму.
    Да вайны зажыўся!
    Ты — з-за Марфы маёй.

    БССР, Прыдняпроўск, вул. Чалюскінцаў, д. 2, кв. 6, Харытонаву.
    Ах ты, чорт аднавокі! Гэта ж трэба так малоць, не падсяваючы. Прыдумаў! Цікава, калі? Няўжо цяпер, а не сорак год назад? Я што ж, і з вайны ў Даркылах да тваёй Марфы вярнуўся? А? Ды калі б нават мяне і жанчына ў Даркылаху трымала, няўжо б гэта жонка таварыша была? На сьвеце ж, як кажуць якуты, жанчын болей, чым вербалозу, а дзяўчат болей, чым ядлоўцу. Не, брат. Коні маёй прысухай былі, коні трымалі. Кінь глупства думаць і прабачэньня ў нябожчыцы прасі.
    Дарэчы, да якога часу ты мяне ў жанчыну ператвараць будзеш? Тлумачу табе, тлумачу: пішы не Валянціне, а Валянціну! І не Мякіш, а Мякішу!
    22 верасьня.
*
    Якуцк. АССР, Хангалас ор., Даркылах б., Мякіш Валянцінна [Мякішу Валянціну (па-якуцку). Далей на канвэртах адрасы не мяняюцца, таму болей іх не зьмяшчаем].
    Жартую!
    Гатавала учугей.
    Таму зажыўся?
    А навошта мяне.
    Зімой з коньмі!
    За дванаццаць кёсаў [Кёс — даўняя якуцкая мера даўжыні, прыкладна 10 кілямэтраў] турыў.
*
    Дык вось яно што! А я сорак год варажу, навошта ты коней перавесьці на стойлавае ўтрыманьне патрабаваў. Жонку адну кінуць баяўся! Ды хаця б яна адна была, а то ж і твой бацька, і яе бацька, і твая матка, і яе матка, дый дзеткі яшчэ! Колькі іх у цябе было тады? Двое? Трое?
    Нездарма пра такіх, як ты, у вас кажуць: “Ад падазронасьці схуднеў, ад высочваньня скасеў”. Гэта ж трэба дапетрыць — якуцкага каня на зіму ў стайню загнаць. Нават мне, чалавеку прыежджаму, які з коньмі гэтымі год які важдаўся, ды і тое ў адрыве ад асноўнай працы (на малочнай фэрме) ясна было, што не вытрываць ім без чыстага паветра, без руху. А кармы? Хто з вас ведаў тады, колькі травы выграбае з-пад сьнегу конь за сем месяцаў якуцкай зімы? Прыкінулі: хопіць. А калі я крычаў, што не дацягнем да вясны ў стайні, што трэба іх на далёкія пашы гнаць, дык і ты, і Раманаў — старшыня колішні, дый не вы адны — што казалі? Што заатэхнік байскія мэтады конегадоўлі спрабуе ўкараніць.
    Як успомню тых няшчасных конікаў, што ў сакавіку давялося са стайні на вяроўках цягнуць і гнаць на ўсё тыя ж далёкія пашы, як гінулі яны па дарозе... Ажно мароз па скуры. І ўсё з-за таго, што ты вока з жонкі спусьціць баяўся!
    Так-так.
    3. Х.
*
    Доробо, Бала!
    Ты стаў.
    Сапраўдным якутам!
    Крыўду сорак год цягаеш.
    Памылкі былі.
    Але былі — і коні.
    Мітэрэй.
*
    Так, стары, коні былі, ёсьць і будуць. Бо, па-першае, конь ва ўмовах Якуціі — гэта самае таннае мяса, гэта кумыс. Гэта субай [Субан - конская крывяная каўбаса], ойогос [Ойогос — гатаваная конская грудзінка з рэбрамі] ды і іншыя стравы, гэта адзеньне, абутак, кілімы са скуры. Гэта вырабы з конскага воласу, ніткі з жылаў.
    Але ці толькі у “конскай прадукцыі” справа!
    Коні — гэта якуцкія сьвяты: ыгэхі [Ыгэх — якуцкае летняе сьвята з піцьцём кумысу] і скачкі. Коні — гэта паданьні, легенды, казкі, прымаўкі.
    Так, і прымаўкі!..
    Узяць такую хаця б: “Усю ноч дрыжаў — пярэстае жарабя раджаў”. Гэта пра таго, хто ад холаду курчыцца. Нечакана? Яшчэ б! А ці магла б зьявіцца такая прымаўка ў няконнага народа?
    Ці вось: “Быў бы конь — сядзёлка знойдзецца”. Галоўнае — быў бы конь!..
    Конь — прыгажосьць сама. Эх, каб мог, напісаў бы я пра каня паэму!
    Ад раённага цэнтра ў 35-м годзе сто кілямэтраў мяне на быку везьлі. На санях па пяску. Дзівам дзіўным мне здалося тое! Па праўдзе кажучы, палову дарогі я і не ехаў — ішоў. Раптам бык упёрся — ані з месца. Дарогу пераходзіў статак коней! Яны спакойна ішлі з тайгі ў тайгу праз вузкую каляіну, храпучы раз-пораз, і што мяне найбольш зьдзівіла — без пастуха! Я спытаў пра гэта фурмана, і той флегматычна адказаў, адняўшы люльку ад вуснаў: “Аднак жарабец пасе”.
    Коні, кашлатыя коні якуцкія! Ходзяць-тупаюць яны і ўзімку, і ўлетку, без усякага дагляду, а чалавек успамінае пра іх тады, як спатрэбіцца запрэгчы ў хамут, надаіць на кумыс ці забіць на мяса. Напалову дзікія, напалову свойскія, брыдуць і брыдуць сабе па калені ў расе, па калені ў сьнезе, перарабляючы мізэрны ўраджай таежных траў у плоць і косьць сваю, у грацыю сваю, нічога не чакаючы ад чалавека.
    А ці ж не крычаў той і другі, не даводзіў, што з коньмі ўвогуле час канчаць, што з разьвіцьцём мэханізацыі патрэба ў конскай “рабсіле” адпадае, што конь не пасецца, а дратуе пашу і гэтак далей. “Не плюй у неба: на ўласныя вочы ўпадзе!” Так казаў я ім словамі якуцкай прымаўкі.
    Бывай здароў, пішы часьцей.
    Бала.
    12 кастрычніка.
*
    Паэму тваю!
    Прачытаў.
    А ці помніш ты?
    Знаўца коней.
    Як нас мышы зьелі!
    Не верыў мне!
    Вучоны чалавек.
*
    Што ж рабіць, у падручніках заатэхніі такой прыкметы няма! Акадэмікам нашым у сярэдняй паласе і не сьнілася, што конскае пагалоўе можа залежыць... ад колькасьці мышэй.
    Прызнаю: казаў ты мне, казаў. Ды я і сам іх бачыў. Ідзеш па лузе, а яны з-пад ног гарохам... Толькі хвасты ўюцца. Ну і што? — думалася. Што можа зрабіць малюсенькая мыш трыццаціпудовай кабыле? Забабоны! А пасьля... Як пайшоў аборт за абортам! Божа мой, божухна!
    Каб ты мне прыкмету тую абгрунтаваў як сьлед, матэрыялістычна, дык няўжо б я табе не паверыў? Ды ў цябе адно на языку было: “Ой, шыбка худа, Бала!” Дый што ты мог. Цябе змалку вучылі: калі шмат мышэй, кабылы скідваюць. А чаму? Пра гэта ніхто й не думаў: скідваюць, і ўсё! Мне ж, чалавеку адукаванаму, аднае прыкметы мала. Мне трэба яе карані ведаць! Дарэчы, толькі праз гады высьветліў я, што аборты выклікаюць не самі мышы, а іх гнёзды, ад якіх пры паяданьні ў кабыл калацьцё робіцца.
    Аж да сёньняшніх дзён, як жанчына, не магу безуважна глядзець на мышэй.
    “Пакуль сякера не ўпадзе, бервяно адпачывае”. Паслухай, стары, ты што, у сякеру ператварыўся? Кожнага твайго ліста, як бервяно, чакаю. Чаго ўзьеўся? Гаймарыт замучыў?
*
    Мякіш.
   Доробо, Бала!
    Гаймарыт заціх.
    Сумна, Бала!
    Аднаму сумна.
    Як там коні нашы?
    Мітэрэй.
*
    Засумаваў! Глядзі ты: закінула хлопчыка на старонку чужую. Адзін застаўся — без таткі, без мамкі, а гадкоў усяго шэсьцьдзесят з хвосьцікам. Глядзі, Дзьмітры, глупствам не займайся, я далёка бачу! Ну што ж, што адзін. Ты па шчырасьці. І дома адзін. Дочкі твае ды сыны дарослыя даўно, ці ж яны з табой? Старасьць — заўжды адзінота, хай сямейны ты, хай халасьцяк. Галоўнае — гаймарыт пацішэў, а ты ж для таго ў Прыдняпроўск і ехаў. У той самы Прыдняпроўск, куды мяне ціск не пускае.
    Не выдумляй! Вакол жа людзі. Па-нашаму, ты, зразумела, не надта, ды разумееш усё і пагаварыць можаш. Не тое што я першыя дні ў Даркылаху. Ні слоўка ж не ведаў! Лапочаце нешта, а што — чорт вас ведае. А вось — пражыў сорак год, ды і цяпер жыву. Вядома, і ў скулы корань ёсьць, так і мне памерці дома хацелася, ды што зробіш, калі і пажыць яшчэ ахвота. Ды і, зрэшты, дзе ён цяпер, мой дом? Дзе яна, зямля мая? Тая, дзе нарадзіўся, ці тая, якой увесь пот аддаў?
    Так што жыві, гадуйся. Летам убачымся. А за коней не хвалюйся. З 15 верасьня ані кроплі дажджу не ўпала. Атава пад сьнег сухою пайшла, цебянёўка [Цебянёўка — здабываньне коньмі корму з-пад сьнегу] лёгкай будзе. Ды і Ганька твой даўно ўжо сапраўдным каняводам стаў. Ты, можна сказаць, апошнія гады замінаў яму. Не даваў расьці. А цяпер ён гаспадар.
    Пішы!
    Твой Бала.
*
    Дзьмітры!
    Ты што маўчыш? Ты думаеш, як я за восем тысяч кілямэтраў, дык не бачу?
    У мяне, між іншым, агентура маецца.
    Памятай: “Першую чарку чалавек п’е, другая — яго!”
    Віншую са сьвятам Кастрычніка.
    6. ХІ.
*
    Дзьмітры!
    Што за шантрапа вакол цябе таўчэцца? Памятай: “Карцёжны партнёр — благі спадарожнік: замест каня лясіну пакіне!”
    За электрычнасьць месяц не плоціш.
    Мякіш.
*
    Мякіш!
    Ты так.
    Нашы прымаўкі!
    Любіш.
    Памятай:
    “Калі па хвост наступіць.
    І мышаня запішчыць-абурыцца!”
    Што ты сам рабіў?
    Калі твая бугальтарка.
    Зьбегла — га?
    Мітэрэй.
*
    Харытонаву.
    Ідзі працаваць!
    30. ХІ.
*
    Мякішка [Мякішу (якуцк.)].
    Прывітаньне з Мінска!
    5. ХІІ.
*
    Мякішка.
    Прывітаньне з Вільнюса!
    6. ХІІ.
*
    Мякішка.
    Прывітаньне з Рыгі!
    7. ХІІ.
*
    Мякішка.
    Прывітаньне з Таліна!
    8. ХІІ.
*
    Мітэрэй!
    Ты чаго заскакаў, як жарабя, у якога над хвастом авадні завяліся?  
    13. ХІІ.
*
    Я на месцы.
    Няўжо не магу?
    Хоць раз у жыцьці.
    На цягніку пакатацца!
    Коні ды самалёты.
    Знайшоў работу!
    Конна-спартыўная школа.
    Вартаўніком!
    Да коней не падпускаюць.
    У карку — рукой не дастаць.
    Голыя! Без шэрсьці.
    Не нашы.
    Але ўсё адно!
    Коні.
*
    Дзень добры, Міця!
    Вось бачыш, што робіцца. Хто сярод коней жыцьцё пражыў, таго яны й на могілкі адвязуць.
    А ці помніш тую буланую, што вока табе выбіла? Малады ты быў і дурны тады. Да першапарадзіхі палез. У яе жарабя ўпоперак ляжала, таму й не магла разрадзіцца. Табе б са старых каго паклікаць, а ты сам. Ну, і ўрэзала яна табе... Я гляджу на цябе і не разумею; ці засталося ўвогуле што ад твайго твару?! І што рабіць, не ўцямлю. І ты непрытомны, і кабыла качаецца. Ускінуў цябе на хрыбет Тыналы, сам узьляцеў, да ўрача павёз. І то каня падагнаць хачу, то баюся, што растрасу.
    Па дарозе Ермалай-аганёра [Аганёр (якуцк.: «огонньор») — стары] стрэў, да кабылы паслаў...
    Дык вось. Ты, хоць без вока, жыць застаўся. А буланку тую Ермалай на мяса прырэзаў. Нічога нельга было зрабіць. А жарабя вызваліў. Да другой маткі прывучылі. Я табе не казаў пра яго, каб солі на рану не сыпаць. А гэта ж быў Джэргестэй. Які касячнік! Які касячнік! І прыгажун, якіх мала, і вытворнік, што трэба, а ўжо гаспадар... Сапраўдны гаспадар у сваім гурце. І пашу знойдзе, і абароніць. Ніякія ваўкі не страшныя былі. Ды што казаць, ты ж яго лепш ведаў.
    А на буланку крыўды не хавай. Яна цябе ад вайны ўратавала.
    20. ХІІ.
*
    Яна мяне!
    На фронт.
    Не пусьціла!
*
    Эх, эх... На балючае месца табе наступіў! Не сярдуй. Што сердаваць. Коні твае ваявалі, ды і сам ты не склаўшы рукі сядзеў. Шчэ невядома, хто ваяваў болей: я з фашыстамі ці ты з горам калгасным. Гэта ж якая праца!
    Помніш, як ужо па вайне давялося ўсю ноч ад ваўкоў адстрэльвацца? Як пайшлі шэрыя, павесіў ты стрэльбу руляю ўніз, а зарад дастаць паленаваўся. А раніцой пацягнуў на сябе... Не спудлаваў! І зноў я павёз цябе на хрыбце каня, са сьвінцом у сьцягне.
    З Новым годам, Міця!
*
    Ты мяне, канечне.
    Ратаваў!
    Але і самога цябе.
    Ратавалі!
*
    Хочаш сказаць, што я, бы варона, на самае высокае дрэва нароўлю садзіцца. Не, браце, самахвальствам твой пакорны слуга ніколі не вылучаўся. А ўспомніў я тыя два выпадкі... чаму? Сам не ведаю. Вось застаўся я адзін-аднюткі, без цябе нават. І заварушыліся чамусьці ўспаміны. Што ж да таго, хто каго... Можна і іншае нагадаць. Ці ж забуду калі, як у Ат-Кёле пад лёдам купаўся? Ну і восень была тады, мароз нялюдзкі... Без сьнегу! Зімой каню вада не патрэбна: сьнег разам з травой падсьнежнай шчыпле. А тут — ні зімы, ні лета: сьнегу ні грама, азёры замерзьлі! Ля берага лёд капытом не прабіць. Коні на сярэдзіну возера пайшлі. Я за імі, тут і праваліліся ўсе! Далей ты лепей раскажаш, чым я. Апрытомнеў у юрце, а ты ля агню завіхаесься.
    Дый ці толькі гэта! Было і страшнейшае за ледзяныя купелі і выпадковыя стрэлы. Памятаеш, як пачаўся паморак маладняку ад мыту [Мыт — інфэкцыйнае захворваньне горла і носа ў коней] нас абодвух абвінавацілі ў шкодніцтве? Каб валілі адзін на аднаго, выдумлялі чужыя віны, — дзе б мы былі цяпер?
    А ведаеш, нават трохі шкада, што гэта ўсё адзаду. Бо то нашая маладосьць была, поўная сілы і прагі змаганьня.
    Бывай.
    10. І.
*
    ТЭРМІНОВАЯ ЯКУЦКАЙ ХАНГАЛАС ДАРКЫЛАХ МЯКІШ ВАЛЯНЦІНЕ
    ТЫ АКАЗВАЕЦЦА ПАМЁР КЛЧН ЧАМУ Я ДАВЕДВАЮСЯ ПРА ГЭТА НЕ АД ЦЯБЕ ПЫТ
    МІТЭРЭЙ
*
    ТЭРМІНОВАЯ ПРЫДНЯПРОЎСК ЧАЛЮСКІНЦАЎ ДОМ 2 КВАТЭРА 6 ХАРЫТОНАВУ
    ТЫ ГЛУЗДУ ЗЬЕХАЎ ЯК Я МАГУ ПАМЕРШЫ ПАВЕДАМІЦЬ ПРА ГЭТА ПЫТ КАЖУЧЫ СЛОВАМІ МАРКА ТВЭНА ЧУТКІ ПРА МАЮ СЬМЕРЦЬ НАДЗВЫЧАЙ ПЕРАБОЛЬШАНЫ КРП ЯКАЯ САРОКА ПРЫНЕСЛА ТАБЕ НА ХВАСЬЦЕ ПЫТ МЯКІШ
*
    БАЛА ЧАКАЮ НАПАДУ ТЭЛЕГРАФУЙ ДОМАКІРАЎНІЦТВА ШТО ЖЫВЫ
    МІТЭРЭЙ
*
    ДЗЬМІТРЫ НЕ ВЯРЗІ ГЛУПСТВА КАЛІ ТАБЕ ТАК ТРЭБА ПАКАЖЫ ДОМАКІРАЎНІЦТВУ ГЭТУЮ ТЭЛЕГРАМУ МЯКІШ
    ПОДПІС МЯКІША ЗАСЬВЕДЧВАЮ НАЧАЛЬНІК ТЭЛЕГРАФА ІВАНОЎ
*
    Бала!
    Тут было так.
    Сяджу дома. П’ю моцна завараны чай. Куру люльку. Чытаю газэту.
    Кабета. Ростам з цябе. Кабыла! Ніколі не бачыў такой!
    Пытае, што Вы тут робіце. Адказ: сяджу дома. П’ю чай.
    Крык: як дома? Гэта што ж? Кватэра ваша?
    Адказ: кватэра Мякіша. Мякіш мой дагор [Сябар (якуцк.)].
    Крык: да гор ці да ракі, Мякіш памёр. Я яго! Адзіная.
    Спадчыньніца!
    Крык: патурбуйцеся. Ачысьціць! Кватэру.
    Аслупянеў. Не веру. Пакуль не бачу твой ампар [Якуцкі намагільны драўляны помнік у выглядзе зруба (ад руск. «амбар»)], не веру.
    Нават тады! Не веру. Бягу на пошту. Даю тэлеграму № 1.
    Бягу назад. Размова. Жонка! Твая.
    Ніколі не бачыў. Не веру.
    Жэніць! Унука. Твайго. Не веру.
    Кватэру! Зьмяняе. Не веру.
    На Маскву! Там жыве. Не веру.
    Зьбіраецца начаваць. Веру.
    Даю зразумець! Я стары небясьпечны. Верыць.
    Скрыгоча зубамі. Зьнікае.
    15. І.
*
    Бала!
    Пішу па-якуцку. Бо яна побач. Калі дробязі якой не зразумееш, дай Ганьку! Перакладзе. Тэлеграму тваю атрымаў. Нарэшце лёгка ўздыхнуў. Паказаў тэлеграму ёй. Закрычала падман і ў яе ёсьць паведамленьне. З пячаткай! Мякіш памёр, а я акупую чужую маёмасьць. Чым болей буду ўпірацца. Тым горш мне будзе пасьля.
    Што за пячатка? Не веру.
    Сказала, што сын. Твой сын! Начальнік аддзела. Не мне, састарэламу вартаўніку, з ёй ваяваць. Так сказала: састарэламу. Цьфу.
    Што за начальнік? Што за аддзел? Не веру.
    Даю тэлеграму № 2.
    16. І.
*
    Бала!
    Яшчэ было так.
    Твая тэлеграма № 2.
    Твая нібыта!
    Жонка.
    Сунуў у нос. Пазелянела.
    Гэтага так не пакіне.
    Сфабрыкавана.
    Зьнікла.
    Ух!
    Напішы мне пра нашых коней.
*
    Ну і ну! Не пакіне? Мыш з конскай нагой таксама пабілася.
    Натрапіла на сена без агароджы! Ты глядзі там, Дзьмітры, кватэру не праваронь. Яна не так мне, як табе патрэбна. А каб надалей нічога падобнага не здарылася, я тут натарыяльна завяшчаньне аформіў. Ты маладзейшы за мяне, даўжэй пражывеш, а памрэш — тваім дзецям лішняю не будзе. Бач, што ўдумала. Добра, што я пры жыцьці “памёр”!
    Дурань я быў некалі, Міця. Як у Ціміразеўцы вучыўся. Мы з ёй на адным курсе былі. Як перайшлі на пяты — насела на цюхцю: у загс ды ў загс. Масквічка, паненка! У мяне галава і закруцілася. Ну й расьпісаўся. Да разьмеркаваньня дайшло. Вучыць: толькі ў Маскву, нікуды болей не згаджайся. Мы людзі сямейныя, кажы. Тут і дапетрыў я: гэта ж яна, каб у Маскве застацца, на мяне хамут надзела. Усердаваў я ды наўмысна Якуцію і падпісаў. Паехаў, сам разумееш, адзін! А праз год тэлеграма ад цешчы: “Віншую з сынам, прыяжджай”. Ну і паехаў я, а сам думаю: жанчына ж не кабыла, нешта занадта насіла! Назад, вядома, халасьцяком. Ну, а байструк нарадзіўся ў законным шлюбе і прыйшлося мне, братка мой, на чужое дзіця васемнаццаць год хрыбціну гнуць. І заламаў я сабе асінкаю —не расьпісвацца болей з ніводнай жанчынай, покуль дзіцяці мне не народзіць ды буду цьвёрда ведаць, што маё. А далей ты ведаеш. Як прыйшоў а вайны, бугальтарка з Саратава прыехала. Ды дзіця мне не нарадзіла, а пражыўшы дзесяць год, сказала: дай ты мне, Валя, грошай і заставайся са сваімі сьмярдзючымі коньмі, а мне, кажа, і яны, і ты, і Якуція гэтая да сьмерці абрыдлі.
    Баба з калёс — каню лягчэй! Даў не памятаю колькі і зноў захаласьцякаваў.
    А нядаўна атрымліваю ліст ад той, першай. Успомніла! Унука сабралася жаніць. Тысячу просіць. Нездарма ж кажуць: морыцца толькі тая рука, што дае, тая, што бярэ, не морыцца. А мне пад руку пячатка старая трапіла. Калгасная [У апошнія гады ўсе калгасы Якуцкай АССР пераўтвораны у саўгасы] яшчэ. Тут мяне і азарыла. Напісаў я левай рукой, што Мякіш памёр, і пячатку ляпнуў.
    Бач ты, усьцешылася! Не мылься, цётка, галіцца не прыйдзецца. “Сухое дрэва, хай і скрыпіць, няскора падае”.
    Адпачывай.
    25. І.
*
    Бала!
    Чаму не пішаш? Пра коней!
*
    Коні, коні! Як азірнуся назад, як гляну, так і бачу: ад веку да веку, усё жыцьцё аддадзена коням. А што яны нам наўзамен? Летні гнус? Зімовую сьцюжу? Начныя трывогі ва ўсе поры года? Не, не толькі. Былі ў нас і сьвяты! Не забуду ніколі ыгэх Перамогі, які ты нам, франтавікам, у сорак пятым наладзіў. Ці зьдзіўляла цябе калі, што я па вайне ў Даркылах вярнуўся? Мог жа і на сваёй зямліцы асесьці. Дый не толькі мог — абавязан быў! Я Беларусь за вайну двойчы прайшоў: адзін раз на ўсход, другі на захад. На ўсход з паловы, на захад цалкам. І ў сорак першым дужа смылела, а назад пайшлі — па спаленых, зьнявечаных, зганьбаваных вёсках — крыкам крычаць хацелася. І рукі вінтоўку сьціскалі, а вусны шапталі: “Адновім! Узбудуем! Не выйдзе нічога ў вас, так вас і так, фашысты праклятыя”. Як салют Перамогі адгрымеў, цьвёрда рашыў я ў родную вёску вяртацца. Непакоіла, праўда, мяне, што лістоў я з яе не атрымліваю, ды — думаў — не даходзяць... Прыехаў. Браце ты мой! Няма маёй Крушыны, ні хаткі, ні хлява, ні дзіцячага плачу, ні кашлю старэчага. Спалілі, гады, дазваньня, разам з людзьмі ўсімі, і ў тым полымі маці мая, і дзядзька, і сястрычка-школьніца — усе... Сеў ля котлішча я на сыру зямлю, што рабіць і куды ісьці — не ведаю. І ўспомніў я, Міця ты мой, што ёсьць Даркылах на сьвеце, і людзі там, і коні, а што далёка яно — дык гэта й лепей: хутчэй агонь у грудзях патухне.
    Прабач.
    2. II.
*
    Бала!
    Я ўсё гэта ведаў.
    Ты не ведаў!
    Што я ведаў.
    Але я ведаў.
    Чаму пра коней не пішаш?
*
    А што пра іх пісаць? Усё ў парадку. Зіма маласьнежная, цебянёўка простая. Сена для падкормкі хапае. Ганька здаровы. Шанцуе хлопцу! Першая самастойная цебянёўка — і поўны ажур. Так што вартуй сваіх рысакоў спакойна. І, галоўнае, лячыся. У Прыдняпроўску ж, відаць, і ўрачы і лякарствы.
    Вось і ты з-за хваробы ў няблізкі сьвет паехаў, ды і ў мяне здароўе незайздроснае, а каб спыталі мяне, ці кляну я працу тую, што да гэтага нас давяла — шчыра сказаў бы: не! Дый не ўсё было халодна і цёмна: было і ясна, і цёпла! Той ыгэх Перамогі, пра які пачаў я мінулы раз ды не скончыў. Упершыню я тады кумыс піў і ад кавалка жарабяціны не адвярнуўся. А колькі песень было, карагодаў! І лёгка было ад той весялосьці, і сэрца шчымела ад ран і страт.
    А як выносілі нас іншы раз коні, на якую вышыню! У галодны, засушны, бяскормны год усіх жарабят зьбераглі! Хто пабачыць Зорку тваю, ці здагадаецца ён, як яна далася? Па шчырасьці, і ў мяне была б, ды каровы падвялі, каб іх ваўкі парэзалі.
    А пах дымакураў на летнім аласе [Алас—плоскае паніжэньне сярод тайгі, лугавіна, звычайна з возерам. Характэрная дэталь якуцкай прыроды (гл. “Замест прадмовы”).]! Вось за што я цаню цябе як канявода: што ніколі ты не цураўся ніякай, самай дробязнай ці бруднай работы, калі ад яе можна было ўзяць хоць які плён. Тыя ж дымакуры хаця б. Што прасьцейшае? Назьбіраў гною, паклаў у ямы, падпаліў — і камар не страшны. Там, дзе ёсьць дымакуры, коні пасьвяцца і дзень і ноч, а не скачуць па лузе, ратуючыся ад крывасмокаў. Лепей і сысункам, бо кабыла на месцы стаіць, а не бегае. Ды што пісаць, ты і сам усё цудоўна ведаеш. З маленства помню бацькавы словы: не грэбуй гноем! Будзе гной — будзе і лой! І ў якутаў хораша сказана: як дажджу няма, то й за жабіну мачу падзякуеш!
    На дварэ ў нас апошнія вялікія халады. Па радыё сёньня казалі, сорак пяць у Якуцку. А я размарыўся, пра лета марачы.
    Бывай здароў!
    12. ІІ.
*
    Мякіш!
    Суобага суоххун [Сумленьня ў цябе няма (па-якуцку)].
    Чаму коней!
    У Хаптагас-Ары пагналі.
    За сто з гакам!
    Кілямэтраў.
    Байкі расказваеш.
    Еду!
*
    ТЭРМІНОВАЯ ПРЫДНЯПРОЎСК ВУЛІЦА ЧАЛЮСКІНЦАЎ ДОМ 2 КВАТЭРА 6 ХАРЫТОНАВУ ДЗЬМІТРЫЮ ХАРЫТОНАВІЧУ
    ЗАТРЫМАЙСЯ АД’ЕЗДАМ УСЁ РАСТЛУМАЧУ БАЛА
*
    Міця, ну што ты на самай справе. Не крыўдуй! Дзеля цябе ж адзіна! Ну што карысьці было з самага пачатку табе душу труціць? Зазяваліся летам з касьбой у саўгасе, разумееш. Ды і ўраджай травы быў кепскі. Выгрызьлі лугі аж да зямлі па ўсёй ваколіцы. На атаву коней позна пусьцілі. Не пасьпелі нажыравацца. Яшчэ ў кастрычніку ясна было, што трэба некранутыя пашы шукаць і гнаць, гнаць коней туды, і не марудзіць з гэтым. Бо якая там падкормка для коней, калі на кароў не хапае сена! Я пытаньне яшчэ ўвосень перад дырэкцыяй ставіў. Дапатопныя мэтады, сказалі. Цяпер вось прызналі нарэшце. І ты не думай, што позна. У час хапіліся. Маршрут адгону я сам выбіраў. Разам з Ганькам яшчэ два пастухі пайшлі. Ты зусім не патрэбны ім! Ва ўсякім разе, пачакай красавіка. Ці нават мая, калі назад пагоняць. Тады і вопыт твой болей прыдасца, бо масавая выжарабка пойдзе. Ну! Не нароўся!
*
    НІЧОГА НЕ РАСТЛУМАЧЫЎ НЕ ДАКАЗАЎ ЕДУ ХАРЫТОНАЎ
*
    ЧАМУ Ж НЕ ЕДЗЕШ ПЫТ МЯКІШ
*
    ЗАТРЫМАЎСЯ ПА СПРАВЕ СУСТРЭЎ ЖАНЧЫНУ МІТЭРЭЙ
*
    ЗВАР’ЯЦЕЎ НА СТАРАСЬЦІ ГОД КЛЧН ВАЛЯНЦІН
*
    Бала!
    Адказвай хутчэй. Бо я сьпяшаюся! Дадому.
    Чым ты займаўся з Глашай?
    Ці нічым?
    Не займаўся.
    Толькі з-за гэтага!
    У Прыдняпроўску сяджу.

    ЯКАЯ ГЛАША ПЫТ ЗАБЫЎСЯ ЯК ЖОНКУ ЗВАЛІ АДКАСЬНІСЯ АД НЯБОЖЧЫЦЫ КЛЧН МЯКІШ
*
    Бала!
    Я зусім.
    Не пра жонку!
    Не помніш?
    Даярку Глашу.
    Паехала ад нас у год!
    Першага аб’яднаньня калгасаў.
    Болей яе не бачылі.
    Мітэрэй.

    Не разумею, чаму цябе цікавіць, што было ў мяне з Глашай дваццаць з гакам год назад. Ды яшчэ нібыта з-за гэтага ў Прыдняпроўску сядзіш. Мо так і дасядзіш да цяпла?
    Ты што, намякаеш на тое, што бугальтарка мая занадта доўга з курортаў вярталася?
    Глаша... Дай бог памяць. Была дзяўчынка на фэрме. Толькі-толькі са школы, здаецца. Працавітая. Ціхая. Раптам стала грубіць, нядбайна адносіцца да справы. Даў пытлю ёй — вымову, значыць. Пайшла з фэрмы і зьнікла... Вось і ўсё.
    5. ІІІ.
*
    Бала!
    Ты мне шмат чаго.
    За зіму!
    Панапісаў.
    Цяпер пішу я!
    20. ІІ.
*
    Вуліца. Якутка.
    Не веру! Іду далей.
    Бачыць мяне. Глаша.
    Пытае пра цябе.
    Жыве тут. Маляр. Вядзе дадому.
    Пытае пра цябе.
    Дом учугей. Кватэра учугей. Муж учугей.
    Мясцовы.
    Трое сыноў. Адзін — твой.
    Старэйшы.
    1) Насаты. Той — кірпаты.
    2) Чырвоны [Так звычайна якуты гавораць пра колер не чорных валасоў]. Той — чорны.
    3) Галоўнае. Заатэхнік! Той — шафёр.
    4) Яшчэ галоўнае. Заатэхнік конезавода!
    Прызнавайся чэсна, твой ці не твой.
    Пытае пра цябе.
    Мітэрэй.
*
    Дык вось яно што! Не, браце, не мой гэта сын. Аднаго ж носа, напэўна, для гэтага мала...
    А мог жа, выходзіць, быць і маім! Правароніў я, Міця, сваё шчасьце.
    Успамінаю цяпер, успамінаю... Так, сумненьняў няма, кахала яна мяне. Ды як! На радзіму маю паехала. Хоць і цяжка зразумець, навошта яна гэта зрабіла. Мо спадзявалася, што і сам нарэшце ў Прыдняпроўск паеду? Нічога не вернеш цяпер, а што замінала мне? Бугальтарка мая? І тады бачыў я, што не ўжыцца нам. Можа, узрост? Вядома, з вышыні тыхчасовых год маіх Глаша дзяўчынкай здавалася. Але які характар у гэтай дзяўчынкі аказаўся!
    А як чэсна прызнавацца, то бачыў я каханьне яе і сам кахаў. А баяўся скандалу. Баяўся — з пасады здымуць, ад коней адарвуць. Якое глупства! Ад коней мяне ўсё адно нічым не адарвалі б.
    Не надумайся што-небудзь рабіць і распытваць. Божа цябе барані! Мне да сьмерці крок. Мы памром, і “зямля застанецца зямлёй, а край краем” — як кажуць якуты.
    Валянцін.
*
    Бала!
    Няхай не твой.
    Заатэхнік нам патрэбны!
    З конезавода.
    Скончыў Ціміразеўку!
    Хто яшчэ заменіць?
    Разумееш, што цябе час мяняць?
    Вяду перагаворы.
    Хлопец добры. Коней любіць.
    І ты кажаш — не твой?
    Не веру!
    Прызнайся, а нешта такое было?
    Насаты. Чырвоны. Заатэхнік. Канявод.
    Якуція — цікава.
    Лічы, што ў нас у кішэні.
    Мітэрэй.
*
    Дзьмітры!
    Заатэхнік-канявод з дыплёмам Ціміразеўкі нам да зарэзу. Вядзі справу асьцярожна!

                                                                          ЗЯЦЬ
    Самалёт з Мірнага апусьціўся ў Якуцку згодна раскладу.
    Сярод іншых па трапе сышла жанчына сярэдніх год з заклапочаным, трохі суровым тварам. Яе ніхто не сустрэў. Звычна глянуўшы на наручны гадзіньнік, жанчына заспакоена падціснула вусны і рушыла да аэравакзала. У руках яе, апрача невялікай дарожнай сумкі, не было ніякіх рэчаў.
    Высьветліўшы ў бюро даведак, калі адпраўляецца заўтра Як-40 на Мірны, жанчына выйшла на прывакзальную плошчу, рухам рукі спыніла таксі і, сеўшы на пярэдняе сядзеньне, уладна прамовіла:
    — Агенцтва. І дадала:
    — Аэрафлёта.
    Роўна праз дзесяць мінут, падаючы пашпарт у акенца касы, яна адчаканіла:
    — Пазначце, што са мной паляціць дзіця ва ўзросьце да пяці год.
    З агенцтва жанчына накіравалася ў гасьцініцу, што стаяла непадалёк. Тут у яе атрымалася замінка. Адміністратар, безуважным позіркам сьлізгануўшы па яе насьцярожаным твары, адрэзала:
    — Не тое што асобных нумароў — ложкаў вольных не маем.
    Жанчына пагардліва глянула на адміністратара, дастала з сумкі блякнот, пагартала яго і кіўнула на тэлефон-аўтамат, прымацаваны да сьцяны за некалькі крокаў:
    — Працуе?
    — Павінен.
    Жанчына набрала нумар. Рукі яе, грубаватыя і нават, здаецца, трохі парэпаныя, мала пасавалі да твару — старанна дагледжанага, падтрымаванага, без адзінай маршчынкі.
    — Маша? Добры дзень, Маша. Гэта Рая Фурсава, з Мірнага.
    Голас Машы — хрыплаваты, з лёгкім якуцкім акцэнтам — быў дастаткова гучны, і некаторыя словы адміністратар пазнавала без асаблівых намаганьняў:
    — Раечка! Ты? Добры дзень! Дзе ты?
    — У вашай гасьцініцы.
    — Спадзяюся, табе далі някепскі нумар?
    — Кажуць, ложкаў нават няма. А мне сапраўды патрэбны нумар. На адну ноч.
    — Гэта непаразуменьне! Пачакай ля тэлефона. Я па іншым пазваню.
    Амаль у той жа момант зазьвінеў тэлефон на стале адміністратара. Размова была кароткай.
    — Я ж казала, што гэта непаразуменьне! — зноў пачулася з трубкі аўтамата.— Калі ўладкуесься, пазвані мне. Чакаю!
    Адміністратар пахмурна наклікала жанчыну да сябе:
    — Вам які: з ваннай ці без?
    ...У нумары Фурсава, не здымаючы паліто, узялася за тэлефон:
    — Машанька! Гэта зноў я. Уладкавалася. Сардэчна дзякую! Нумар? Пяцьсот васемнаццаты. Зараз? Заходзь! Заходзь!
    Яна апусьціла руку міма апарата і нейкі час сядзела так, з чырвонай плястмасай у пачырванелых ад напружаньня пальцах. Уся рашучасьць і воля нібыта сплылі з круглаватага твару, у вачах бліснула туга.
    Відавочна зрабіўшы над сабой намаганьне, Фурсава распранулася і павесіла паліто ва ўбудаваную шафу. Сустрэўшы ў люстры свой сумны позірк, яна сурова глянула сама сабе ў вочы і падняла грабянец да фарбаваных каштанавых валасоў. Тут жа нехта грукнуў у дзьверы і, не чакаючы дазволу, штурхнуў іх у пакой.
    — Раечка! Няўжо ты?
    Жанчыны абняліся. Тая, што ўвайшла, ледзь даставала сяброўцы да пляча.
    — Як расквітнела! Ажно не верыцца. Колькі табе, Раіса?
    — Сорак тры. Ды і табе не меней, га?
    — Нічога не зробіш. Час ідзе! А было ж нам некалі па дваццаць тры...
    — Цяпер дваццаць тры маёй Ірыне. А ты ўсё адна і адна?
    — Уяві сабе, гэта не так і дрэнна. Сама сабе галава, ні за каго не адказваеш, ніхто цябе не катуе... А! Ды што там!
    Маша з вясёлым жахам махнула рукой.
    — Твая праўда. Як гэта добра было б — ні за каго не адказваць, ні аб кім не думаць!
    Фурсава зморана апусьцілася ў крэсла.
    — Што з табой? У цябе нешта не так? — устрывожылася Маша.— Ты чаго прыехала?
    — Прыехала... Чаго я прыехала?
    І Фурсава, упаўшы тварам на сьпінку крэсла, зарыдала.
    — Што ты, Рая? Ну што з табой?! Глыні вады. А, д'ябал, калі яе мянялі. Пачакай, я з крана... На!
    — Не трэба.
    Фурсава прывычным рухам паправіла валасы.
    — Слабы народ мы, бабы... Таму і пакутуем усё жыцьцё. Вось каб сіла нам, воля такая — на мужыкоў не глядзець! Як табе ўдаецца гэта?
    — Калі па шчырасьці, дык невядома яшчэ, хто на каго не глядзіць — я на іх ці яны... Але што там пра мяне! Расказвай, расказвай. Я ў тваім распараджэньні!
    Фурсава паднесла шклянку з вадой да дрыжачых вуснаў.
    — Ты ж памятаеш сама, як мне Ірынка далася. Разам малярылі, разам бедавалі.
    — Дарэчы, а чым ты займаесься зараз?
    — Начальнік змены на алмазным камбінаце.
    — Ого! Малайчына.
    — Знайшла за што хваліць. Сама ж вунь на якую верхатуру ўскочыла. А ў мяне — адно толькі слова: “начальнік”. Турботы ад відна да відна і рукі ў цыпках.
    — А ўсё ж... Памятаеш, як пачыналася ў Мірным? Два гады ў палатках жылі!
    — Затое цяпер дзевяціпавярхоўкі будуем... Ох, каб гэтыя харомы ды ў тыя гады! Ды не... Няварта. Што гэта за жыцьцё было б без тых палатак?
    — Твой жа, здаецца, з-за іх і ўцёк.
    — Ах, Маша, каб жа толькі ў палатках справа! Палаткі яму адным прычэльлем былі. Зьнелюбіў ён мяне, чаго — не ведаю.
    — А я не згодна. Не вытрымаў ён цяжкасьцей нашых. Ад таго пайшло.
    — Што варажыць! Усё роўна не вернеш. Засталася я з двухгадовай дзяўчынкай на руках. Ох, Маша, як хацелася кінуць маразільнік гэты, што Мірным зваўся, ды да мамы! Каб тая мама была, можа, так і зрабіла б. Ды каб не ты, не іншыя дзяўчаты нашы.
    — Мінула гора тваё. Іра дарослая ўжо.
    — Як цяжка было. Як цяжка! Працаваць. Вучыцца. Вучыцца. Працаваць. Дзіця гушкаць. І ўсё — на адны плечы!
    Фурсава змоўкла. Абедзьве машынальна сачылі за тым, як па падаконьніку паволі поўз халодны прамень кастрычніцкага сонца. Стаяла пара, калі ў Якуціі начамі па азёрах і рэках гайсае дваццаціградусны мароз, напластоўваючы лёд на іх нежывую паверхню, а сьнегу няма. Ужо іголкі з лістоўніц страсло даўно і чорная гразь, застыўшы, грыміць пад нагамі, а сьнегу няма, і ўсё жывое чакае сьнегу.
    — Мінула, кажаш? І я так думала. Скончыла дзесяцігодку Ірына — паехала ў Якуцк, ва ўнівэрсытэт. Вучылася ў школе яна няблага, ды я асаблівых надзей не ўскладала. Нават параіла папрацаваць да ВНУ — жыцьця б панюхала ды і падрыхтавалася лепш. Не паслухалася, паехала. Піша: здала адзін экзамэн, другі... Адным словам, усе. Паступіла! Засталася я зусім адна. І сустрэўся мне адзін чалавек... Я ведаю, ты мяне асудзіш — як гэта, маючы дарослую дачку, зноў аб замужжы думаць, але што ж рабіць, такое гора бабскае наша — цяжка ў адзіноце, цяжка!
    — Усё ад звычкі залежыць, — сказала Маша.
    — Каб прызналася Ірка адразу, што ў яе з унівэрсытэтам пшык атрымаўся, можа, іначай бы склалася. А яна, бач, і экзамэнаў не здала, і дадому не едзе. Уладкавалася афіцыянткай у рэстаран, куток у чужых людзей наняла, а матцы пра гэта — ні слова! Пачулася нешта нядобрае мне, калі на зімовыя канікулы не прыехала, ды яна знайшла прычыну: нібыта з агітбрыгадай факультэцкай у Амгінскі раён накіравалі. Што ж, яна ў мяне дзеўка хвацкая, і пяе, і скача — хто б не паверыў? Дый, прызнацца шчыра, не да яе мне тады было: у самой жыцьцё закруцілася, як чортава кола — страшна гэта, калі да жанчыны ў трыццаць сем нечаканае каханьне прыйдзе! Гэта, разумееш, такая ўдача, прапусьціць якую — злачынства!
    У Машы блішчэлі вочы.
    — Цікава... Вельмі цікава! — не ўтрымалася яна.
    — Гэта што яшчэ... Раптам — як сьнег на галаву — Ірка... Яна мне маніла, і я нічога ёй не пісала, усё адкладвала, не ведала, як пісаць. Такога ад мяне дачка не чакала. Яна, як разумею цяпер, параіцца прыехала наконт свайго замужжа, а тут — чужы чалавек у кватэры, а кватэра — малагабарытная. А я на яе гляджу, нібыта мне яна замінае... Патапталася два дні і паехала. Прайшло паўгода. Мы з Міхасём расьпісаліся. Жывём удваіх, трэцяга чакаем. А Ірыну я неяк зусім з галавы выпусьціла. На лета яна не прыехала, а я і рада. Раптам — піша, што замуж выходзіць, на вясельле заве, а вясельле — у Тампонскім раёне недзе... Чорт ведае што. Я пішу — куды ты, дурніца, сьпяшаесься, унівэрсытэт свой скончы спачатку. Тут яна ў адказ прызналася, што не вучылася ніводнага дня. Адным словам, праспала я дачку сваю, Маша!
    Бляклы прамень сасьлізнуў з падаконьніка і згас. У пакоі адразу стала няўтульна. І без таго спартанскае абсталяваньне яго набыло па-сапраўднаму змрочны выгляд. Ад няшчыльных рам цягнула холадам, а батарэя, схаваная за чорным драўляным шчытом, ледзь грэла. Маша ўстала і, узьняўшыся на дыбачкі, запаліла сьвятло.
    — Вясельле... А як я паеду на тое вясельле, калі сама на сёмым месяцы? Людзей пацяшаць? Пішу: пачакай хаця б да восені. І тут узарвала яе. Прыслала проста агідны ліст. І нібыта я супроць вясельля яе таму, што распусьніца я, і ці мала яшчэ... У мяне, Маша, таксама характар ёсьць. Напісала ёй: рабі што хочаш, мяне не чапай. Жорстка, вядома. Ды гэта ўсё ад нэрваў, ад страху за сябе. Раджаць у такім узросьце — не жарты! Колькі я перадумала, колькі сябе кляла... Табе слухаць не абрыдла, Маша?
    — Ну што ты. Гэта ж проста раман!
    — Пакрыўдзілася Ірына страшэнна. І не сказаць, каб пасьля гэтага мы зусім не перапісваліся. Не! Вонкава памірыліся. І лісты слала яна, ды толькі занадта скупыя, і паштоўкі да сьвятаў, і фотаздымкі зрэдку... У мяне хлопчык нарадзіўся, у яе — дзяўчынка.
    — Віншую! Што ж ты не пісала гэтулькі год?
    — Позьняе дзіця — позьняе і ёсьць. То ангіна, то коклюш, то адзёр. Замучылася я. А ўспаміналася Ірына — дзякавала лёсу, што яна дарослая ўжо, самастойная. У Якуцк ніводнага разу не зьезьдзіла, з зяцем не пазнаёмілася нават. У Мірны ж Ірына і сама ні нагой, і свайго не пускала. Пана, ён якут, вучыўся ва унівэрсытэце тым, куды Ірына не трапіла. Хлопец сірата, ніхто яму не дапамагаў, ды Ірына зарабляла. Зрэдку я пасылала грошы. Летась, нарэшце, Пана дыплём атрымаў, ну, думаю, цяпер у Іркі ўсё як належыць будзе, можа, сама вучыцца пойдзе. І раптам...
    Фурсава закашлялася, нібыта ў горла трапіла жытняе асьцё.
    — Прыяжджае заўчора: адна, і плача, плача так, што сэрца заходзіцца. Не магла суцішыць аніяк, пакуль чарку каньяку ў рот не ўліла. Уяўляеш: гэты муж яе, Пана, сьпіўся!
    Маша ўздрыганулася. Шаўкова-белы твар яе спляміла чырвань.
    — Сьпіўся? Учорашні студэнт?
    — Дыплём свой сунуў некуды ў чамадан, нідзе не працуе і працаваць не хоча. Біч [“Былы інтэлігентны чалавек” - так па Сыбіры называюць людзей, якія нідзе не працуюць і маральна заняпалі]. Натуральны біч! Чатыры гады жыў на карку ў жонкі, а калі настала часіна самому карміць сям’ю, перастаў пальцам варушыць. Не Пана, а польскі пан! Як заікнулася Ірына пра развод, ледзь не задушыў. А потым кажа: “Ідзі куды хочаш. Але дачку я табе не аддам”.
    — Няўжо гэта ўсё праўда?
    — Каму ж мне верыць, як не дачцэ? Яна дзяўчынка сумленная была. Спадзяюся, і зараз такая... Расказала мне. Плача і трызьніць: “Навошта я, мамуленька, цябе не паслухала! Даруй мне, мамуленька!» А я сама перад ёй на калені ўпасьці гатова, бо ва ўсім няшчасьці яе — мая віна. Толькі мая!
    — Значыць, Ірына ў Мірным? Вяртацца не хоча?
    — Пра гэта і гутаркі няма!
    — Чаго ж ты прыехала?
    — Як чаго?
    Фурсава сурова ўзьняла бровы.
    — Няўжо я пакіну нявіннае дзіця алькаголіку?
    — Прабач. Пра дзяўчынку я неяк забылася.
    — Не аддаць дзіця маці... Гэта ж такое, чаму і назвы не знайсьці! О, каб тады, дваццаць гадоў назад, Мікалай, уцякаючы, Ірынку ўзяў з сабою... Я б яго на другім канцы сьвету дагнала!
    Фурсава імкліва ўстала, ступіла два крокі і, раптам стаміўшыся, зноў села.
    — Прыехала вось, а з чаго пачынаць... Нічога ж не ведаю. Зяця ў вочы не бачыла, акрамя фатаграфій. Вуліцу, дзе жыве, без памагатых не знайду. Што і як гаварыць буду?
    — Я табе дапамагу... Калі дазволіш.
    — Любая, да сьмерці ўдзячная буду! Але чым?
    — Паеду да яго, праверу і пазваню табе. Дай адрас. Як яго прозьвішча?
    — Іваноў.
    — Чакай званка. А вечарам, калі добра будзе, у мяне сустрэнемся. Паўспамінаем, песьні папяем... Хатні мой тэлефон ведаеш? Ну! Трымайся!
    Фурсава не распранаючыся лягла на ложак. Апарат забрынкаў праз сорак мінут.
    — Усё праўда,— у Машыных словах клекатала злосьць. — Не працуе і п’е. Усе суседзі гавораць. Самога не злавіла — сышоў некуды. Дзіця ў садзіку. Я табе раю заўтра дзяўчынку проста адтуль узяць, не заходзячы да яго. А калі што-небудзь, не хвалюйся. Усё зраблю, аж да пазбаўленьня бацькоўскіх правоў. Ненавіджу такіх! Ажаніцца з дзяўчынай іншага народа і катаваць... Ненавіджу! Машын голас асекся.
    — Запішы адрас дзіцячага сада.
    Парада была слушнай, дый самой Фурсавай мроілася нешта падобнае яшчэ тады, калі яна садзілася ў самалёт. Але ў такім пляне, на першы погляд простым і рэальным, была еур’ёзная загана. Дзяўчынка ніводнага разу не бачыла бабулі, а ў яе ўзросьце дзеці да незнаёмых людзей без крыку не ідуць. Ды і сумленьне не дазваляла забраць ад бацькі дзіця, нават не перакінуўшыся з ім словам. Вось чаму Фурсава, дастаткова ясна разумеючы ўсю складанасьць свайго становішча, вырашыла ехаць да зяця.
    Таксіст так доўга круціў у руках паперку з адрасам, што яна не вытрымала:
    — Няўжо Якуцк такі вялізны?
    — Усё ведаю, а пра гэты завулак першы раз чую.
    — Адна жанчына дзьве гадзіны назад знайшла яго за пятнаццаць мінут.
    — Бываюць такія жанчыны...
    — Ну-ну, цішэй!
    Фурсава хацела яшчэ нешта дадаць, каб абараніць гонар Машы, але нечакана падумала, што Маша і сапраўды магла ведаць горад значна лепш, чым гэты бязвусы сысунок. А той сыгналам спыніў спадарожнае таксі і крыкнуў:
    — Зямляк, ты не ведаеш, дзе завулак Паўночна-Заходні?
    — На Самабудзс! — данеслася адтуль.
     — Вунь яно што! Самабуд. — Таксіст з трэскам зачыніў дзьверцы. — Цяпер пакружым. Ёсьць такі ўчастак, за паркам. Там гарсавет забараняе будавацца, зруйнаваць абяцае нават, а дамы ўсё растуць. А кружыць будзем таму, што і вуліцы, і завулкі на Самабудзе — надзвычай умоўная рэч. Самі пабачыце.
    Таксі адразу ўзяло з праспэкта ўправа. Пацягнуліся шэрыя абочыны без тратуараў, шэрыя платы, шэрыя дамы з платамі.
    Хутка скончыліся і яны: дарога нырнула ў чэзлы сасновы лясок.
    — Брудзяць парк самабудаўцы гэтыя, — уздыхнуў таксіст. — Хутка ад яго жывой хваінкі не застанецца. Будаваліся б там, дзе дазволена! Дык не — чыстае паветра ім патрэбна. Тут найболей шафёры грузавікоў — ім жа лесу прывезьці нічога не каштуе.
    — Нешта не бачу я твайго Самабуда.
    — Зараз пабачыце. Дамы яны проста між дрэў ставяць, як хто захоча. А замест вуліц — сьцяжынкі. Вось, палюбуйцеся!
    Уздоўж каляіны з абодвух бакоў вырасьлі высокія глухія платы. За імі, трасучы ланцугамі, грозна брахалі сабакі. Каля кожных весьніц стаялі шарэнгі жалезных бочак.
    — Бочкі — навошта?
    — Для вады. Водаправод жа сюды не праведзены. Нават калёнак няма. Гэй, хлапчук, дзе тут Паўночна-Заходні?
    Чым далей, тым чамусьці цяжэй рабілася Фурсавай. Чатыры гады назад Ірына пісала, што ў іх з Панам зьявіўся нарэшце “свой дах над галавой”: купілі дом за пяцьсот рублёў. Фурсава тады нямала падзівілася такой сьмешнай суме і парашыла, што дачка жартуе. Цяпер, калі да гэтага дома заставаліся лічаныя сотні мэтраў, жорсткая рука сораму, што не наведала яго раней, страсянула душу.
    — Калі ласка. Два рублі дзесяць капеек. Фурсава сунула траячку і, не чакаючы рэшты, ступіла з машыны. Над дашчаным плотам сінела шыльда: “Паўночна-Заходні, дом 5”, і было незразумела, чаму яна прыбіта не да плота, а да ствала жывой сасны. Фурсава штурханула весьніцы. За плотам аказаўся нестары ёмісты дом з чырванаватых лістоўнічных бёрнаў, аздоблены зашклёнай тэрасай. “Няўжо такі дом можна купіць за пяцьсот рублёў? Толькі што ў вар’ята!” — пранеслася ў галаве Фурсавай. На ганак выйшла неахайная ўскудлачаная маладзіца з вядром памыяў.
    — Вам каго?
    — Іваноў тут жыве?
    — Іваноў?
    Маладзіца павяла кормленымі плячамі.
    — Глядзіце ўважлівей. Вунь там!
    Палец з безгустоўна нафарбаваным пазногцем тыцнуў у кут двара.
    — Дзякую.
    Маладзіца падхапіла вядро і, выліваючы памыі, дадала:
    — Ну прайдзісьвет! Не пасьпеў жонку турнуць, як бабы панадзіліся. То якуткі, то рускія! Дый немаладога веку!
    Фурсава акінула нахабніцу зьнішчальным поглядам і рушыла туды, куды ёй паказалі. ёй непрыемна стала ад таго, што зьвесткі пра зяця Маша, відавочна, брала ў гэтай прыкрай кабеты. І хаця здабытае Машай цалкам супадала з тым, што, захлынаючыся сьлязьмі, расказвала Ірына, Фурсава раптам засумнявалася ў дакладнасьці чутага. Але аб усім гэтым яна адразу забыла, як толькі ўбачыла, куды ідзе.
    Там, наваліўшыся адной сьцяной на плот, стаяла хацінка чатыры на пяць ці, можа, тры на чатыры крокі, змайстраваная з грубых шалёўчын. Нават дах, усё з таго ж матэрыялу, быў не людзкі, двухскатны, а пахілы, брылём — як у звычайных прыбіральняў. Праз два цьмяныя акенцы знадворку разгледзець нічога было немагчыма. Фурсава штурхнула дзьверы.
    Палову хаткі займала пліта, якая, відавочна, грэла і карміла. Да яе прытуліліся два ложкі — звычайны і дзіцячы. З другога боку пліты мясьціліся адзіны столік і шафа, якая тут, у такім цесным памяшканьні, здавалася проста цыкляпічнай. За столікам, закапаны ў нейкія паперы, сядзеў малады чалавек з чорнавалосай галавой і бронзавым колерам твару. Пачуўшы бразганьне клямкі, ён спалохана падхапіўся і ўпіўся вачамі ў Фурсаву. Такі вось — насьцярожаны, з вузкімі вачамі — ён быў на ўсіх нешматлікіх фатаграфіях, якія дасылала Ірына.
    — Добры дзень, — строга сказала Фурсава. — Давай знаёміцца. Я — Раіса Гаўрылаўна, маці Ірыны.
    — Панцеляймон... Пана... — прамовіў хлопец, нерашуча працягваючы руку. Тонкія пальцы яго былі халодныя як лёд.
    — Я ведаў, што вы прыедзеце. Толькі не думаў, што так хутка.
    Ён сказаў гэтыя словы так асуджана, так маркотна, што Фурсаву ўкалола недзе пад рэбры. Яна акінула позіркам яго ўсяго — хударлявага, невысокага, трохі згорбленага насустрач ёй, і мацярынскім сэрцам адчула, што нельга зараз ні крычаць на яго, ні сварыцца, бо нічога гэта не прынясе, апрача новага гора.
    — Хутка? — яна пастаралася засьмяяцца. — Гэтага “хутка” мы з табой пяць гадоў чакалі.
    Яна зьняла паліто і адвярнулася ад Паны, шукаючы, куды дзець апранаху. “Не варта. Не варта паказваць, што я бачылася з Ірай!” — мільганула думка. Зяць узяў паліто і павесіў яго ў шафу.
    — Ды і зараз у вас ненарокам. Вяртаюся з нарады ў Хабараўску. Дай, думаю, да дзяцей зайду. Зрабіла прыпынак на суткі... А дзе Ірына?
    Яна лгала так удала, што нават не чырванела, а сама журботна думала, што летась і сапраўды магла затрымацца ў Якуцку, вяртаючыся з Хабараўска, ды перад адлётам пазваніла дадому, і муж сказаў, што ў Ігарка абвастрылася ангіна... Яна глянула на зяця: ці верыць? Той з палёгкай уздыхнуў.
    — Іру ў саўгас паслалі. Асеньнія работы. На тры дні. Бывае так.
    Відаць, і яму не хацелася псаваць першую і, магчыма, апошнюю сустрэчу з цешчай.
    А дзяўчынку што ж, яна з сабой узяла?
    — Марынка ў дзіцячым садзе. Мы яе звычайна а палове восьмай забіраем.
    — Шкада... Не пагляджу нат ладом на ластаўку вашу. Яе ж, відаць, адразу ў пасьцель?
    — Можна і раней узяць. Зараз схаджу і вазьму. Толькі ў печы напалю.
    Ён пайшоў за дрывамі. Толькі цяпер Фурсава зразумела, чаму ў яго такія халодныя пальцы: у хаціне ўладна панаваў мароз. Ёй і самой праз хвіліну захацелася зноў апрануць паліто, але яна стрымалася. Як шкада, з прыкрасьцю падумала Фурсава, што варыянт з Хабараўскам прыдумаўся так позна і яна не ўзяла з сабой ніякіх гасьцінцаў зяцю. Цяпер яна ламала галаву, як выйсьці з гэтага няёмкага становішча.
    Пана асьцярожна ссыпаў дровы на падлогу, зьняў з пліты даўгі і вузкі якуцкі нож з касьцяной ручкай і пачаў адкалупваць ад палена трэскі на распалку. Панцеляймон — сарамлівы і ціхі — быў зусім не падобны да таго зьвяра, якога малявала Ірына, але Фурсава не сьпяшалася верыць сваім вачам. Яна пакруціла носам, шукаючы пах сьпіртнога. Нічым не пахла і парожніх пляшак не было. “Здае? Ці мо за розум узяўся?”
    Хутка дровы затрашчалі і ў халупе пацяплела. Відаць, для яе невялічкай кубатуры шмат і не патрабавалася. Пана наліў вады ў чайнік і паставіў яго на пліту.
    — Я да холаду прывычны, — сказаў ён так, нібы прабачэньня прасіў. — Таму і не палю, калі адзін. Часу мала.
    — А што ты робіш? Чым заняты? — з ледзь чутнай іроніяй спытала Фурсава.
    — Песні нашы эвенскія запісваю.
    — Ты не якут?
    — Я эвен.
    — Дзіўна. А Ірына пісала, што ты якут.
    — Тут памылка невялікая. Я з такіх эвенаў, што даўно аб’якуціліся ўжо. Гаворым па-якуцку, жывём па-якуцку... Толькі песьні ды казкі свае засталіся.
    — Чаму ж так?
    — У эвенаў здаўна закон: не браць у жонкі дзяўчат са свайго роду. Сваяцтва да дзевятага калена вылічваецца. Ажаніцца з крэўнаю — ганьба! Таму нашы часта якуцкіх дзяўчат бралі. Ад іх мову, звычаі перанялі... Я вось нават настаўнікам якуцкай мовы стаў.
    “Як жа так, — падумала Фурсава аб дачцэ, — жыць з чалавекам і нават добра не ведаць, якога ён роду-племені”.
    — А навошта ты песьні запісваеш?
    — З інстытута мовы прасілі.
    — Ты што ж, паслугу ім робіш?
    — І ім, і сабе. Плоцяць.
    — Багата плоцяць?
    — Жыць можна. Яны... Пана падкінуў дроў.
    — Яны і зусім мяне ўзялі б, ды месцаў няма. Лабаранцкіх нават.
    — Дзе ж ты працуеш пастаянна?
    Пана пакруціў у пальцах нож і з сілай увагнаў яго ў палена.
    — Вось... паспрабаваў у інстытут мовы. Кажуць: чакай. Чакаю.
    — І не працуеш зусім?
    — Чаму? Даводзіцца. То рабочым у магазыне, то грузчыкам. Ды нецікава гэта. І сорамна. Не вытрымліваю. Навошта пяць год вучыўся. Жончын хлеб еў...
    І такі затоены боль прагучаў у яго голасе, што Фурсавай стала нядобра.
    — Дазволь, — няўпэўнена пачала яна, — няўжо такі ты нідзе не патрэбны? Раз цябе вучылі, значыць, рыхтавалі на нейкае месца! Дзе яно? Куды накіравалі цябе?
    Пана ўздыхнуў.
    — Маё рабочае месца ў вясковай школе. На радзіму разьмеркавалі. У мой саўгас.
    — Што ж не паехаў?
    Пана змаўчаў.
    — Прывык у горадзе жыць?
    — Іры цяжка там! — з тугой вымавіў зяць. — Яна ж ні слова па-якуцку. Памру ад суму, кажа.
    — Паспрабавалі б хаця. Можа, і засталася б жывая.
    — І спрабаваць не хоча.
    — Трапілі вы ў нерат, як бачу. Аднаму ў горадзе няма чаго рабіць, другой у вёсцы. Як жыць будзеце?
    Пана падкінуў дроў у пліту, зазірнуў у чайнік, што ўжо пачаў сіпець, і зноў апусьціўся перад агнём на дзіцячы ўслончык.
    — У інстытуце казалі, адзін на пэнсію зьбіраецца. Пачакаю!
    Фурсава не ведала, што і думаць. Аднаму яна была рада — што адразу знайшла правільны тон размовы, не кінулася ў крык, не падступіла да зяця з пракляцьцямі і пагрозамі. Драма маладых, яе закінутых дзяцей, адкрывалася перад ёй усё новымі гранямі, усё болей і болей страшачы. У такіх складаных сытуацыях развод — звычайная справа, адзінае выйсьце. Але, як адчувалася, Пана нават і не думаў пра развод, хаця звычайна менавіта мужчына бывае яго ініцыятарам. Вось і Фурсава сама засталася некалі адна, хаця зусім не жадала таго. Колькі гадоў пасьля плакала яна начамі ў падушку, перабіраючы ў памяці ўсе свае рэзкія словы, усе свае недарэчныя ўчынкі, якія штурхалі мужа да разрыву! Што ж. У дзіцячым доме ніхто не вучыў яе, як берагчы сям’ю. Сіратою быў і Пана, і яму ніхто не мог даць добрай парады, і ці яго віна, калі ён нешта сказаў ці зрабіў не так? І ці ж не яна, Раіса Гаўрылаўна, павінна была штодзённа сачыць за жыцьцём незвычайнай гэтай сям’і, сачыць як маці, як адзіны памочнік і дарадчык?
    Мо і дзяўчынку Пана не хоча аддаваць таму, што яшчэ спадзяецца на вяртаньне Ірыны? Хутчэй за ўсё так яно і ёсьць, бо навошта яму іначай чатырохгадовае дзіця? І для жанчыны застацца з малым невялікая радасьць, а ўжо мужчыну, ды такому маладому, няўмеламу... Гэта ж кара!
    Але чаго б ні хацеў зяць, на што ні разьлічваў — Ірына жыць з ім не хоча, і гэтым усё сказана. Мо нават ён таму і не жадае разводу, што прывык хавацца за жончыны плечы, што яму так зручней?
    У чайніку забулькатала. Пана сабраў са стала паперы, паставіў кубак, хлеб, масла, пачак пячэньня.
    — Вы піце чай, а я па Марынку зьбегаю.
    — А далёка дзіцячы сад?
    — Далекавата. У горадзе.
    — Колькі ж часу гэта зойме?
    — Гадзіну.
    — Ого! Я тут адна зусім засумую. Давай-ка лепш пойдзем разам.
    “Як дарэчы, — падумалася ёй, — буду ведаць, дзе ён стаіць, гэты сад”.
    — Калі ласка.
    Пана дастаў паліто цешчы і патрымаў яго, пакуль Фурсава апраналася.
    Сьцяжынка праз Самабуд вілася паміж платамі. На некаторых з іх пабліскваў калючы дрот. Адусюль чуўся брэх вартавых сабак. Нібы па эстафэце, ён перадаваўся ўперад ад двара да двара, далёка абганяючы тых, на каго брахалі.
    Нарэшце Самабуд застаўся ззаду. Фурсава ўздыхнула вальней: яна не любіла сабачага брэху.
    Сотні дзьве мэтраў рэдкім ляском — і Фурсава заспакоілася канчаткова: пачаліся кварталы горада.
   — Ну як табе, не цяжка аднаму з дачкой?
    — Не. Не цяжка.
    — Але ж гэта клопат — без жартаў!
    — Які там клопат...
    — I накарміць, і бялізну памыць, і зашыць, калі трэба...
    — Дробязі.
    — А ты б згадзіўся ўвогуле адзін гадаваць?
    — Калі б спатрэбілася — што ж...
    — Ты, відаць, Марынку вельмі любіш?
    — У нас, эвенаў, да дзяцей асаблівыя адносіны. Мо таму, што мала іх некалі жывымі заставалася. Калі госьць уваходзіць у чум, ён павінен павітацца за руку з кожным дзіцем, якое ўжо на нагах стаіць. А немаўлят па шчацэ пагладзіць.
    — А якія ў вас адносіны да жонак?
    — Да жонак? Кахаем. Так. Кахаем... Але не так, як дзяцей.
    Фурсава закусіла губу. Зяць паварочваўся то адным, то другім бокам, а цэласнае ўражаньне не складвалася. Нечага не хапала, а чаго — было незразумела. Што ж, Ірына, мабыць, і за пяць год жыцьця побач так і не здолела да канца спазнаць мужа.
    — Прыйшлі. Вунь ён, дзіцячы сад. На тым баку вуліцы.
    — Чакай-чакай. Здаецца, я сёньня тут была.
    — Магчыма. Зьлева агенцтва “Аэрафлёта”, а там, за рогам, гасьцініца.
    — Вось яно што! Побач з гасьцініцай. Але чаму не бліжэй да хаты?
    — Па-сапраўднаму блізка да нас усё адно няма. А тут два крокі да Ірынай працы.
    — Выходзіць, Ірына працуе ў рэстаране гасьцініцы?
    — Так.
    “Як зручна! — падумала Фурсава. — Зусім блізка! Нават шукаць заўтра не прыйдзецца”.
    — Ведаеш, не варта мне вяртацца з вамі ў Самабуд гэты і потым уночы адтуль выбірацца. Давай лепш зробім так: возьмем дзіця і зойдзем да мяне ў гасьцініцу. Пасядзім, пагаворым, а потым я вас пасаджу на таксі. Згода?
    — Можна і так.
    Гэта быў яшчэ не той час, калі бяруць дзяцей, і калідор пуставаў. Пана прыадчыніў дзьверы групы і паківаў да сябе пальцам. У наступны міг у калідор выкацілася сьмешная круглая істота з банцікамі.
    — У цябе гадзіньнік засьпяшаўся, так?
    — Да нас бабуля прыехала. Ты ж ведаеш, што ў цябе ёсьць бабуля.
    — Канечне, ведаю! У, якая вялізная!
    Фурсава змахнула сьлязу са шчакі. Занятая апошнія гады мужам і маленькім сынам, яна неяк выпусьціла з-пад увагі той факт, што стала бабуляй. Мо таму, што слова “бабуля” ў яе заўжды вязалася ў другім — “старая”, а яна сябе даўно не адчувала такой маладой, як зараз.
    Пана пачаў апранаць дачку — старанна і, адчувалася, звычна. Было відно, што яму не першы раз трымаць у руках дзіцячыя рэчы. Дзяўчынка ж, пакуль ён нацягваў калготкі, дрыгала нагамі. Была яна зграбная, спраўная, у рухах адчувалася сіла. У твары дзіўна перамяшаліся бацькавы і матчыны рысы: чарнявая, з шырокімі блакітнымі вачамі, пульхнымі вуснамі і трохі велікаватымі вушамі.
    — А мама не прыехала? Толькі бабуля?
    — Мама не прыехала.
    — Вось добра!
    Фурсава здзіўлена ўзьняла галаву.
    — Чаму добра, Марыначка?
    — Яна жартуе, — устрывожыўся Пана. — Праўда, жартуеш?
    — Не жартую.
    — Яна сярдуе на маму, што тая паехала, — павярнуўся Пана да цешчы.
    — Не сярдую! Добра, што паехала.
    “Ужо пасьпеў навучыць бог ведае чаму!” — са злосьцю падумала Фурсава. Не можа чатырохгадовае дзіця радавацца зьнікненьню маці — у гэтым Раіса Гаўрылаўна была цьвёрда пераканана.
    — Не вярзі глупства, — строга сказаў Пана. Марынка надзьмулася. “Вушы ў яе бацькавы, затое характар — несаступлівы, Ірынін»,— ці то ўсьцешылася, ці то засмуцілася Фурсава. Яна паспрабавала пагладзіць дзяўчынку па галаве, але тая адхілілася.
    — Марынка, зараз да бабулі пойдзем. У гасьцініцу.
    — Вось добра! — запляскала ў ладкі Марынка. — На ліфце катацца будзем?
    — А ты адкуль ведаеш, што там ліфт?
    — Іра яе іншы раз з сабой бярэ, — растлумачыў Пана.
    — Але ж рэстаран унізе.
    — Мо вазіла яе, каб пазабавіць.
    У нумары Фурсава адразу ўзялася за сваю сумку. Там былі прыхаваны не такія ўжо частыя для Якуцка ласункі — сьветлафорна-чырвоныя памідоры, рэмантантныя суніцы, маласольныя агуркі. Марынка схапіла самы буйны памідор і ўгрызлася ў яго белымі зубкамі.
    — Частуйся, Пана!
    — Дзякую,— сарамліва ўсьміхнуўся зяць. — Хай Марынка есьць.
    — Раздобрыўся АРЗ: усё адразу завёз. Хаця... што гэта я? З Хабараўска вязу, а наш АРЗ на языку.
    Яна выпрабавальна зірнула на Пану: ці зразумеў? Той нібыта прапусьціў міма вушэй.
    — Сьмялей, тут багата!
    Яна паляпала па сумцы і запусьціла руку глыбей. Раптам яе бровы радасна паплылі ўверх: яна намацала рэч, пра якую зусім забылася.
    — А гэта табе. Трымай!
    Яна дастала “Эру”. Гэтую шыкоўную брытву яна купіла ў Мірнінскім аэрапорце перад адлётам мужу.
    — Дзякую, — засьмяяўся Пана. — Шкада, барада ў мяне не расьце.
    Толькі цяпер Фурсава зразумела, чаму ў яго такі чысты, юнацкі твар.
    — Нічога. Падрасьцеш — палезе. Адно скрэбці пасьпявай.
    Сьпіхнуўшы такім чынам з душы тое, што ляжала там прыкрым цяжарам, Фурсава хруснула пальцамі:
    — А чаму б нам не павячэраць? Пайшлі ў рэстаран!
    У Паны перасмыкнуўся твар.
    — Не варта. Нядобра там.
    — Чым нядобра?
    — Так... Непрыемна. Лепш у буфэце ўзяць што-небудзь. Не варта!
    Фурсава з падазрэньнем глянула на зяця. Чаму ён так захваляваўся? Што хаваецца за гэтым?
    — Не, не, у рэстаран — без спрэчак. Можна ж старой хоць раз разгуляцца? Вы мае госьці тут, і я хачу вас як сьлед пачаставаць. А то дома, напэўна, у вас такая раскоша... Марынка, у рэстаран пойдзем?
    — Пойдзем. Толькі не піце, — зусім па-даросламу адрэзала ўнучка, і ў Фурсавай усё затрымцела ўнутры: дзяўчынка добра ведала, як гэта дрэнна, калі дарослыя п’юць.
    Каля дзьвярэй рэстарана, нягледзячы на раньні час, тоўпіліся людзі, якім не хапіла месцаў. Пана спакойна абышоў чаргу і пастукаў. З дзьвярэй выглянула неабдымная старая:
    — Няма месцаў!
    — Мы не затрымаемся.
    — Га, дык гэта ж ты, Пана. Ну, дзе твая Ірэн?
    Недарэчная мянушка дачкі разанула слых Фурсавай.
    — Прыедзе. Толькі я болей яе да вас не пушчу.
    — Ну-ну, не заракайся... Вунь туды, у кут ідзі. У чарзе ўзьняўся шум. Старая тупнула нагой:
    — Цыц, акаянныя! Набярэцца тут бічоў ды яшчэ вякаюць...
    Далейшай сваркі Фурсава не чула, бо Пана сьпяшаўся ў паказаны старой кут, а ёй не хацелася адставаць ад зяця.
    Чакаць прыйшлося доўга. Афіцыянтка з барвова нафарбаванымі губамі нібыта не заўважала іх. Фурсава і сяк і так спрабавала зьвярнуць на сябе яе ўвагу, але тая няўмольна адварочвалася.
    — Чаму гэта яна? — пачала нэрвавацца Фурсава.
    — Я ж папярэджваў. Да мяне падыходзіць не хоча.
    — А чым ты ёй насаліў?
    — Яны ўсе мяне не любяць.
    — Чаму?
    — Не хачу, каб Іра тут працавала.
    — А ім якая справа?
    — Сяброўкі.
    Фурсава прыгледзелася да афіцыянткі. У яе зьявілася ўражаньне, што недзе ўжо бачыла яе. Так! Гэта была тая самая неахайна адзетая жанчына, што паказвала ёй хаціну дачкі і пры гэтым так брыдка аблаяла зяця.
    — А гэтая — не суседка ваша?
    — Гаспадыня.
    — Як гаспадыня. Ірына ж пісала, што свой... Слова “дом” вымавіць яна не змагла. — Што свой “дах над галавой” купіла!
    — Хату купілі, а двор яе. Ды і Ірай яна распараджаецца, як гаспадыня.
    Фурсава не ўцярпела.
    — Паслухайце, шаноўная, — злавіла яна афіцыянтку за фартух, — калі вы не возьмеце заказ, я пайду да дырэктара.
    — Ха! Ці не занадта хутка хочаце? У мяне бачыце колькі сталоў?
    — Бабуля, ты не вер ёй. Яна брэша, — умяшалася Марынка.
    — Раіса Гаўрылаўна — мама Іры, — нягучна паведаміў Пана.
    — Што ж вы адразу не сказалі? — тэатральна ўзьняла рукі “гаспадыня”. — А я падумала... Занадта маладжавая вы для бабулі!
    Яна захіхікала.
    — Прынясіце меню, — суха абарвала яе Фурсава. Яна баялася, што афіцыянтка завядзе гаворку пра ўцёкі Ірыны і тым самым непазьбежна ўвядзе ў канфлікт з зяцем, якога Раіса Гаўрылаўна так старанна пазьбягала.
    — Зараз будзе, — падміргнула афіцыянтка. — Можаце зваць мяне Клавай.
    — Запамятаем.
    Праз хвіліну меню было на стале.
    — Ну, — павярнулася да зяця Фурсава, — што будзем піць? Гарэлку ці, можа, каньяк?
    Пана пачырванеў.
    — Тата гарэлкі не п’е, — аўтарытэтна аб’явіла Марынка. — Каньяк таксама.
    — Ды ну? Можа, ён і ўвогуле нічога ў рот не бярэ? — паіранізавала Фурсава.
    — Тата пэ’е толькі тады, як мама цёплая прыходзіць. Толькі ён спыніцца не можа і заўтра зноў п’е.
    — А што такое “цёплая”?
    — Цёплая — значыць пад градусам.
    — Марына! — узьняў голас Пана.
    — Праўда, праўда!
    — Так... так...— працягнула Фурсава, не ведаючы, у які бок павярнуць гутарку. — Ну, а што тата п’е, калі ўсё-такі п’е?
    — Як што? “Чарніла”. Яно ж таннае.
    — Ну што ж, — паспрабавала ўсьміхнуцца Фурсава, — можна і “чарніла” папрасіць. Здаецца, ёсьць, калі верыць гэтай паперцы.
    Яна заказала каньяку і самых лепшых страў, якія толькі былі ў рэстаране. У нізкай зале тлум, ад мноства запаленых цыгарэт цяжка было дыхаць.
    — Я зараз,— устала Фурсава. — Паветра не хапае. Вы ешце.
    Яна памылілася і выйшла не ў гасьцінічны калідор, а ў рэстаранны. Тут было бруднавата і цёмна, затое сьвяжэй, бо канец калідора выходзіў у двор і дзьверы былі адчынены.
    Фурсава пастаяла, зьбіраючы думкі. Тое, што ёй давялося сёньня пачуць, настолькі не нітавалася адно з адным, што яна не ведала, чаму верыць. А найболей уразілі Фурсаву словы малой. “Тата п’е тады, як мама цёплая прыходзіць”. Бач ты, тэрміналёгію засвоіла! І Пана не хоча, каб Ірына працавала тут. А ці ж не самая зручная жонка для п’яніцы — афіцыянтка? У яе ж, мабыць, “чарніла” заўжды стае.
    Што здарылася за гэтыя шэсьць гадоў з Ірынай, кім яна стала? Чаму Марынка не сказала яшчэ ніводнага добрага слова пра маму?
    Недзе на кухні бразгала пасуда. Фурсава рушыла па калідоры, нібыта шукаючы тут адказу на свае балючыя пытаньні. Адны дзьверы былі крыху адчынены. Фурсава зазірнула туды. Гэта была, відавочна, афіцыянцкая. Некалькі жанчын у белых фартухах сьмяяліся, чуліся і мужчынскія галасы. Зьвінела фужэрнае шкло.
    — Прыношу яму на пяты паверх. Сама б не пайшла, канечне, ды загадалі. А ён...
    — Сюды нельга! — рэзкі вокліч амаль над вухам прымусіў Фурсаву адхіснуцца.
    — А, дык гэта вы? Як добра! Я ж хацела з вамі пагутарыць.
    Тым не меней Клава не толькі не ўпусьціла Фурсаву, але і зачыніла дзьверы, падпёршы іх плячом.
    — Я вам вось што хацела сказаць: не верце вы мярзотніку гэтаму! Ён вам, канечне, плявузгаць будзе, што Ірэн з работы на карачках прыпаўзае. І што ён сам з-за гэтага сьсе. Лухта гэта! Яна баба маладая, сябе беражэ. Бывае, вядома, што глынём — побач з брудам ходзячы, як не запэцкацца? Затое грошыкі маем, а за імі і ў багну нырнеш. Мой Тарас увогуле, як бы гэта далікатней сказаць, асэнізацыю возіць. Ну і што? Затое шайбы, шайбы!
    Яна нахілілася бліжэй, і Фурсава выразна пачула каньячны пах.
    — Дурніца ваша Ірэн, дурніца! Знайшла сабе вучонага. Вывучыла на сваю галаву. Пяць год вось у гэтым пакойчыку карміла, — Клава кіўнула на афіцыянцкую, — навошта? Чым адплаціў? Падпісаў разьмеркаваньне: у саўгас. Наўмысна! Што яму, сямейнаму, у Якуцку месца не знайшлі б? Год ажно жыцьця не дае: едзем ды едзем. У вёску. Да яго. Як гэта кажа? Прыгожа так: вырваць, кажа, цябе хачу з заганнага асяродзьдзя. А што яна там не бачыла? Па дзіцёнку у год раджаць ды на мужыка маліцца? Калі праўду казаць, дык пры яе заробках ён мог бы ўвогуле пальцам аб палец не біць. Маўчаў бы сабе ў анучу ды песьні пісаў. А што жытло паганае — дык і мы з Тарасам у тым самым катуху тры гады цярпелі. А цяпер? Бачылі, які даміна? Хлусьня, што Самабуд зруйнуюць некалі. Хай паспрабуюць: паглядзім, хто каго! І Ірэна, будзе час, у такі ж дом улезе. Толькі б глупства не ўпарола, рэстаран не кінула. А гэтага гада гнаць даўно час! І шкадаваць няма чаго. Бач, у дачку ўчапіўся: не аддам. Алімэнты плаціць не хоча! А Іруха і без алімэнтаў яго пражыве. І дзеўку выгадуе — Эўропа пазайздросьціць!
    Фурсава слухала, а пад яе нагамі правальвалася зямля.
    На пачатку рабочага дня Фурсава пазваніла Машы.
    — Машанька, любая, прабач. Не змагла ўчора. Са сваімі забавілася. Ты якіх суседзяў пра зяця распытвала? Жанчыну ў двары? Болей ні з кім не размаўляла?
    — Не.
    — Ведаеш, так складана ўсё, так блытана... Не ведаю, ці браць дзіця.
    — Няўжо пакінеш?
    — Не такі ён дрэнны, гэты Пана. А з Ірынай прыйдзецца сур’ёзна гаварыць. Я цябе вельмі прашу: пасачы за маімі як-небудзь. А калі што... дай ведаць.
    — Абяцаю.
    — Будзеш у Мірным — заходзь. Ты ж, напэўна, бываеш.
    — Абавязкова!
    — Цалую.
    Фурсава падхапіла сумку і паволі па лесьвіцы, без ліфта сышла з пятага паверха.
    Дарогу яна запамятала добра. Ды, уласна кажучы, і запамінаць не было чаго.
    Драўляны дамок пад каменным бокам агенцтва зьвінеў ад дзіцячых галасоў. Дзьве сярэднія групы зьбіраліся на прагулку.
    Фурсава замёрла, не дайшоўшы да ганка мэтраў дваццаць.
    Дзятва высыпалася з садзіка, як жменя арэхаў. У стракатым натоўпе тым цяжка было вылучыць адно-адзінае дзіця, але Фурсава не сумнявалася, што ўнучка там, і цярпліва шукала яе вачыма. Не адразу, але знайшла.
    Не вышэйшая і не ніжэйшая, апранутая не горш і не лепш за іншых дзяцей, сьмяялася, як усе. І, як усе, тупатала. Яна была як вясёлая кветка на раскошнай клюмбе, і можна было яшчэ сарваць яе, але Фурсава ведала, што кветка адразу траціць фарбы, варта толькі пазбавіць яе суседзтва з астатнімі.
    Яна павярнулася і пайшла прэч — на стаянку таксі.
    І раптам у сьвеце нешта зьмянілася. Яшчэ дзесятак мінут назад ён быў шэры і няўтульны. Цяпер у ім пасьвятлела. Шэра-чорнае казачна хутка, як у мультфільме, саступала беламу. Пайшоў сьнег.