пятница, 28 августа 2015 г.

Іван Ласкоў. Адкуль пайшла беларуская мова. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Іван Ласкоў
                                         АДКУЛЬ ПАЙШЛА БЕЛАРУСКАЯ МОВА
    Адкуль пайшла беларуская мова?
    Легенда, створаная філёлягамі, на гэта адказвае так.
    Жыла-была калісьці агульная мова ўсіх славян: яшчэ тады, калі ўсе месьціліся побач. Потым яны разышліся. І на новых жыхарствах узьніклі тры новыя мовы, паўднёваславянская, заходнеславянская і ўсходнеславянская.
    Апошняя, усходнеславянская, была агульнай мовай Старажытнай Русі - першай дзяржавы ўсходніх славян. Таму філёлягі завуць яе яшчэ “старажытнарускай” (“древнерусский язык”). Старажытнаруская мова мела магчымасьці застацца навек адзінай. Але адбыўся палітычны катаклізм: прыйшла навала з усходу. Татара-манголы захапілі большую частку Русі, рэштка трапіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, а потым - Рэчы Паспалітай. Да таго адзіны “старажытнарускі народ” аказаўся падзеленым. У выніку падзялілася, “распалася” і “старажытнаруская мова”: ад расейскай адпалі ўкраінская ды беларуская, што зазналі летувіскі і польскі ўплыў.
    Такая схема. Яна ўвайшла ў безьліч школьных і інстытуцкіх, унівэрсытэцкіх падручнікаў, з дапамогай якіх убіваецца ў галовы кожнаму новаму пакаленьню. Нездарма ж адзін з чытачоў “Народнай газеты” выказаўся так: “Белорусский язык - это тот же русский, по которому походил польский сапог”. І што цікава, газэта не знайшла, чым гэта абвергнуць!..
    А абвергнуць жа можна было! І не толькі можна - трэба. Бо ёсьць яшчэ людзі, якія ўспрымаюць змаганьне за незалежнасьць Беларусі як валтузьню: маўляў, навошта нам незалежнасьць, калі беларусы - тыя самыя “рускія”, па якіх пахадзіў польскі бот? Раз яны былі калісьці гвалтоўна адарваны ад “рускіх” братоў, дык чаму б да іх не вярнуцца? Менавіта гэтага і дамагаўся сотні гадоў расейскі царызм, а пасьля яго - КПСС на чале з Леніным, Сталіным, Хрушчовым, Брэжневым.
    Любая просьценькая схема ўражвае сваёй закончанасьцю. Але давайце накладзём яе на гістарычныя факты.
    Найноўшы “Лингвистический энциклопедический словарь” (М., 1990) сьцьвярджае, што “древнерусский язык” распаўся на тры асобныя ўсходнеславянскія мовы ў ХІV-ХV стагоддзях (с. 143). Сапраўды, калі чытаць літаратуру, створаную на тэрыторыях Расеі, Украіны ды Беларусі, то можна заўважыць, што да ХV стагодзьдзя і нават пазьней яна пісалася на адной мове, а потым у Беларусі ды Ўкраіне тэксты пачынаюць усё болей ад яе адхіляцца. Але ці не прымаем мы за распад мовы штось іншае?
    Лінгвісты з доктарскімі ступенямі, акадэмікі не могуць не ведаць, што і сёньня кніжная мова і гутарковая - не адно і тое ж. І сёньня, напрыклад, у Беларусі існуе дыялектны падзел, ажно паляшук ды палачанін, гаворачы кожны па-свойму, не надта разумеюць адзін аднаго. А кніжную мову Кіеўскай Русі чамусьці лічаць адзінай гутарковай для ўсяе дзяржавы!
    Згодна з “Лингвистическим энциклопедическим словарем” (с. 143), “старажытнаруская мова” сфармавалася ўжо ў VІІ-VІІІ стагоддзях. Значыцца, да свайго “распаду” існавала 700-800 гадоў! І раптам – “распалася”. З-за падзелу “древнерусского народа” паміж татарамі ды Літвой.
    Калі такое магчыма, дык павінны быць і іншыя прыклады распаду мовы. Але дзе яны?
    Ні ў ХІV-ХV стагоддзях, ні перад імі, ні пасьля іх у Эўропе не распадалася аніводная мова, хаця народы, было, падзяляліся. Так, нямецкі этнас дзяліўся паміж дзесяткамі дзяржаў. Але ў моўным сэнсе застаўся адзіным. Частка румынаў стагодзьдзі стагнала пад прыгнётам Турцыі, частка ўваходзіла ў Аўстра-Венгрыю з яе афіцыйнай нямецкай моваю. Але з-за гэтага дзьве румынскія мовы не ўзьніклі. Больш за сто гадоў палова Польшчы знаходзілася пад Расеяй, палова - пад Германіяй ды Аўстра-Венгрыяй. Але польская мова ад таго не падзялілася.
    Дык, можа, “древнерусский народ” пасьля падзелу трапіў у нейкія асаблівыя ўмовы? Аніяк не скажаш гэтага! Ці маглі зрабіць татары на расейцаў сур’ёзны моўны ўплыў, калі жылі далёка ў стэпах, а “кіраваньне” Масквой з іх боку вылівалася толькі ў зьбіраньне даніны ды рабаўніцкія набегі? Невыпадкова ж расейская мова - найбліжэйшая да “старажытнарускай”.
    А аб якім моўным ціску з боку летувісаў можна гаварыць, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім дзяржаўнай мовай напачатку была менавіта “старажытнаруская», якую замяніла старабеларуская? Летувісы ж і пісьмовасьці не мелі аж да ХVІ стагодзьдзя. Можна прама сказаць, што ў Вялікім Княстве меліся якраз найлепшыя ўмовы для захаваньня і разьвіцьця “старажытнарускай». Дык чаму ж яна тут, згодна з “Лингвистическим энциклопедическим словарем”, ужо з ХІV стагодзьдзя пачынае саступаць месца беларускай?
    І яшчэ загадкавая зьява. Чаму ў межах Вялікага княства Літоўскага са “старажытнарускай” утварыліся аж дзьве новыя мовы - беларуская ды ўкраінская? Чаму ўкраінская не бліжэйшая да расейскай, хаця Кіеў быў “адарваны” ад Расеі на 200 гадоў меней, чым Беларусь? (Да сярэдзіны ХІV стагодзьдзя разам з Масквой уваходзіў у склад Залатой Арды, а ў 1654 годзе далучыўся да Расеі, у той час як Беларусь была захоплена Расеяй напрыканцы ХVІІІ стагодзьдзя, татарскага ж панаваньня не ведала зусім).
    Камуністычная расейская філялёгія такіх пытаньняў не ставіць, бо яны невыгодныя для тэорыі адзінага паходжаньня расейцаў, украінцаў ды беларусаў, не працуюць “на грядущее” зьліцьцё ўкраінцаў ды беларусаў з расейцамі, г.зн. паглынаньне апошнімі першых. Дык паспрабуем адказаць на іх самі. А для гэтага ў першую чаргу прыгледзімся: што ж гэта за “старажытнаруская мова”, ад якой пайшла нібыта наша?
    Як было ўжо згадана, “Лингвистический энциклопедический словарь” вызначае часам яе зфармаваньня “ў Старажытнарускай дзяржаве” сёмае-восьмае стагодзьдзі. Пры гэтым аўтара артыкула “Древнерусский язык” В. В. Іванова зусім не бянтэжыць, што Рурык паводле летапісных зьвестак пачаў князяваць толькі ў 862 годзе, г.зн. ані ў сёмым, ані ў восьмым стагоддзях Старажытнарускай дзяржавы не існавала. І як зьвесьці гэта са сьцьвярджэньнем таго ж “Лингвистического...”, што “старажытнаруская (усходнеславянская) мова” ідзе непасрэдна ад агульнаславянскай (с. 95)? Калі “старажытнаруская” - прамая наступніца агульнаславянскай, то навошта для яе “фармавання” была патрэбна дзяржава?
    Вось у чым рэч. Схеме моўнага разьвіцьця: агульнаславянская мова - усходнеславянская супярэчаць факты. Бо як трэба разумець генэалёгію моў? Драбленьне моў выклікалася драбленьнем іхніх носьбітаў - вось як. Калі існавала некалі агульнаславянская мова, то гэта значыць, што было адно нейкае племя, якое карысталася ёю. Потым, павялічыўшыся, яно падзялілася на тры плямёны: паўднёвае, заходняе і ўсходняе. Адпаведна гэтаму з ранейшай агульнай іх мовы ўзьніклі тры новыя: паўднёваславянская, заходнеславянская ды ўсходнеславянская. А тыя, у сваю чаргу падзяліўшыся, далі сучасныя славянскія мовы...
    Нешта падобнае і накрэсьлівае кіеўскі летапіс – “Аповесьць мінулых гадоў” (“Повесть временных лет”). Ён паведамляе, што славяне спачатку жылі на Дунаі, адкуль разышліся “и прозвашася имены своими, где сѣдше на которомъ мѣсте”. Так узьніклі маравы, чэхі, харваты, сэрбы, харутане. Славяне, што прыйшлі на Віслу, спачатку назваліся ляхамі. Потым ляхі падзяліліся, у выніку чаго зьявіліся палякі, луцічы, мазаўшане, памаране.
    Такім чынам, для заходніх славян прама ўказваецца носьбіт іх агульнай мовы - ляхі. Для паўднёваславянскай жа мовы такога носьбіту не ўказваецца. Не згадана ў летапісе і племя, ад якога пайшлі б, як ад ляхаў палякі, луцічы, мазаўшане ды памаране, усходнеславянскія плямёны.
    Згодна з “Аповесьцю...”, славянамі Кіеўскай Русі былі славяне Ноўгарада, паляне (раён Кіева), север (Чарнігаўшчына), драўляне (на паўночны захад ад Кіева), драгавічы (між Прыпяцьцю і Дзьвіною) ды палачане (Полацак). І ні слова пра тое, каб усе яны былі нашчадкам аднаго племя.
    Адкуль канкрэтна прыйшло кожнае? Пра гэта летапіс маўчыць. Ясна ўсё ж, што не ўсе з Дунаю, бо тады летапісец сказаў бы. А мы што ведаем?
    У арыгінале “Аповесьці...” палякі названыя палянамі. (гл. Изборник. М., 1969, с. 28). Гэтаксама звалася і племя, што жыло вакол Кіева. Хто-небудзь скажа: ну і што? Там палі - і там палі, дык чаму і тыя, і другія не маглі назвацца ад поля? А вось паглядзіце, што піша аўтар “Аповесьці...”: “Бяше около града (Кіева. - І. Л.) лѣсъ и боръ великъ” (Изборник, с. 32). Бачыце, не “поле”, а “лѣсъ и боръ великъ”! І займаліся паляне Кіева галоўным чынам не земляробствам: “бяху ловяще звѣрь, бяху мужи мудри и смыслени, нарицахуся поляне” (тамсама). Дык ці можна дапускаць, што паляне Кіева - частка палянаў Віслы? Думаю - можна.
    З палянамі Кіева суседзілі севяране. Гэтая назва дадзеная ўжо дасьледчыкамі, бо ў летапісе сказана - СЕВЕР (Изборник, с. 28). Ці не гаворыць такая назва, што гэтае племя першапачаткова было сама паўночным з усіх славянскіх? Цалкам магчыма - гаворыць. А дзе была славянская поўнач? Узьбярэжжа Балтыйскага мора.
    У Ноўгарадзе жылі славяне. Такое ж імя сёньня носяць грамадзяне Славеніі. Але былі і заходнія СЛАВІНЫ, роднасныя кашубам. І вось што цікава: мова ноўгарадзкіх бяроставых грамат Х-ХІІ стагоддзяў мела агульныя рысы з Заходнеславянскімі дыялектамі (“Лингвистический энциклопедический словарь”, с. 98). Так што і ноўгарадцы маглі прыйсьці аднекуль з Польшчы.
    Нашы продкі крывічы і радзімічы, безумоўна, прыйшлі з захаду (гл. М. Ермаловіч. Старажытная Беларусь. 1990, с. 28, 37). Драгавічоў жа Мікола Іванавіч залічвае ў тыя плямёны, якія прыйшлі з поўдня. У той жа час былі драгавічы і палабскія (гл. тамсама, с. 22).
    Такім чынам, большасьць славянскіх плямёнаў на ўсход прыйшла з захаду, астатнія - з поўдня. Зразумела, што гаворкі іх не маглі быць аднолькавыя. Хоць філёлягі пра гэта не гавораць, але ўсьведамляюць. Адсюль і тэзіс аб “фармаваньні” з тых гаворак агульнай усходнеславянскай мовы: не было, дык сфармавалася!
    Але як жа яна магла сфармавацца ў VІІ-VІІІ стагоддзях, хай сабе і была дзяржава (якой напраўдзе не было)? Што ўяўляла сабою дзяржава ў тыя часы? Сядзеў у сталіцы вялікі князь ды зьбіраў даніну. Вось практычна і ўся дзяржава. Гаспадарка - натуральная: што людзі здабывалі ды вырошчвалі, тое і елі. Мабілізацыя ў княскую дружыну не вялася, набіралася яна з княскага акружэньня. Такім чынам, насельніцтва не перамешвалася, рух яго ў межах дзяржавы быў мінімальны. Пісьмовасьці не было, адукацыя адсутнічала. Як жа магла ў такіх умовах з розных гаворак выпрацавацца адна агульная мова?
    Мы ж добра ведаем, што нават і Расейская імпэрыя, з яе паліцэйска-адміністрацыйным апаратам, распаўсюджанай пачатковай школай, прэсай і іншымі спосабамі пашырэньня мовы, не змагла ператварыць у расейцаў усе падпарадкаваныя народы. Так што само па сабе стварэньне дзяржавы яшчэ не вядзе да моўнай кансалідацыі краю.
    Праўда, у Кіеўскай дзяржаве была мова, на якой пісаліся творы ды дакумэнты і ў Кіеве, і ў Полацку, і ў Маскве. І ніякіх іншых моў ад таго часу не засталося. Але ці таму, што яна ўвогуле была адна? Можа, таму, што іншыя не фіксаваліся на паперы?
    Дарэчы, філёлягі сьцьвярджаюць, што ў Кіеўскай Русі было аж дзьве пісьмовыя мовы. Адна - гэта тая, што прыйшла сюды разам з хрысьціянствам, мова Сьвятога Пісаньня. Другая - тая, што ўжо была тут, з VІІ-VІІІ стагоддзяў. Першую называюць царкоўнаславянскай (стараславянскай), другую - старажытнарускай.
    Чым жа адрозьніваюцца яны між сабою? На гэта адказвае М. Самсонаў, аўтар падручніка “Древнерусский язык”. Цікавая рэч - аказваецца, толькі фанэтыкай! Прычым і фанэтычных адрозьненьняў - усяго 8: у царкоўнаславянскай - глава, млѣко, брѣгъ, шлѣмъ, у “старажытнарускай” - голова, молоко, берегъ, шеломъ; у царкоўнаславянскай - югъ, южинъ, юноша, у “старажытнарускай” - оугъ, оужинъ, оуноша і т.п. Ды яшчэ некалькі самастойных слоў: у царкоўнаславянскай - истина, съвѣдѣтель, бракъ, у “старажытнарускай” - правѣда, видокъ, сватьба. І ўсё! Марфалягічных адрозьненьняў - ніякіх, прыстаўкі і суфіксы “старажытнарускай” - царкоўнаславянскія. (Гл. Н. Г. Самсонов. Древнерусский язык. М., 1973, с. 71-75). І гэта дзьве розныя мовы? Ды тут жа і пра дыялекты нельга гаварыць! А “знаўцы” дзеляць кіеварускую літаратуру: вось гэты твор напісаны на царкоўнаславянскай, а гэтыя (“Руская праўда”, “Павучэньне Ўладзіміра Манамаха”, “Слова пра паход Ігаравы”, “Маленьне Данілы-вязьня”) - на старажытнарускай... Нягледзячы на тое, што і “старажытнарускія” шчодра перасыпаныя “ўсімі асаблівасьцямі” царкоўнаславянскай. Вось маленькі, але красамоўны прыклад. На пачатку “Слова пра паход Ігаравы” маецца такі зварот: “О бояне, соловию стараго времени! А бы ты сиа плѣкы ущекотал, скача, славию, по мыслену древу”. Як бачыце, у адным сказе - царкоўнаславянскае славию і “старажытнарускае” соловию, што азначае адно і тое ж (салавей).
    Для параўнаньня адзначу, што наш Ф. М. Янкоўскі знаходзіць паміж беларускай і расейскай мовамі 27 фанэтычных адрозьненьняў, 43 марфалягічныя і болей за два дзесяткі сынтаксычных (гл. Ф. Янкоўскі. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 1983, с. 21-38). Ужо не кажу пра лексычныя, якія ніхто не лічыў. І то знаходзяцца расейскія філёлягі, якія не супроць залічыць беларускую мову ў “наречия” расейскай (адзін такі разумнік выкладаў у Літаратурным інстытуце, калі я там вучыўся). А тут - усяго 8 фанэтычных адрозьненьняў, некалькі іншых слоў, і ўжо сьцьвярджаецца наяўнасьць самастойнай “старажытнарускай” мовы.
    Час ужо паставіць кропкі над “і”: старажытнарускай мовы ніколі не існавала, ні пісьмовай, ні гутарковай. Былі гаворкі палянаў, драўлянаў, крывічаў і г.д. А тое, што нам засталося ад Кіеўскай Русі на паперы, напісана на царкоўнаславянскай, мове Бібліі. Іначай і быць не магло. Мова Бібліі, як і сама яна, у тыя часы лічылася сьвяшчэннай і адзіна магчымай для пісьмовага выкарыстаньня. Тое самае было і з лацінай у Заходняй Эўропе. Для таго каб прыйсьці да думкі, што і іх прыродная мова можа ўжывацца на пісьме, людзі павінны былі зазнаць рэвалюцыю сьвядомасьці. Невыпадкова ж першы помнік польскай мовы датуецца сярэдзінай ХІV стагодзьдзя (гл. “Лингвистический энциклопедический словарь”, с. 383). І яшчэ некалькі стагоддзяў уся Эўропа пісала на лаціне не толькі рэлігійныя кнігі, але і законы, і трактаты, і мастацкую літаратуру, як “Пахвальба дурноце” Э. Ратэрдамскага, “Песьня пра зубра” М. Гусоўскага.
    Царкоўнаславянская мова ва Ўсходняй Эўропе выконвала тую ж ролю, што і лаціна ў Заходняй. Біблія была не толькі Сьвяшчэнным Пісаньнем, але і адзіным падручнікам, па якім вучыліся чытаць і пісаць. Але ж веданьне чужой мовы ніколі не бывае стопрацэнтным. Таму і кіеўскія аўтары, пішучы на царкоўнаславянскай, рабілі супраць яе памылкі: замест “славию” – “соловию”, “градъ” – “городъ”, “млеко” – “молоко” і г.д. Маглі ўставіць і нейкае вядомае ад нараджэньня слова, асабліва калі ў Бібліі не знаходзілася адэквата. Тым і тлумачацца адступленьні ад мовы Пісаньня ў пэўных творах. І ці правільна памылкі супраць мовы абвяшчаць мовай?
    Калі б агульная ўсходнеславянская мова існавала, то яна была б зусім іншай, чым царкоўнаславянская. Мы ж ужо гаварылі, што большасьць славянскіх плямёнаў Кіеўскай Русі прыйшла з захаду, і гаворкі іх былі заходнія, блізкія да польскіх, чэскіх, мараўскіх, лужыцкіх. Асабліва гэта тычыцца гаворкі палянаў, што ўяўлялі сабою частку палянаў Віслы. А царкоўнаславянская мова - выхадзень з самага крайняга поўдня славянскага арэалу. Перакладчыкі Бібліі Кірыла і Мяфодзій нарадзіліся і вырасьлі ў грэцкім горадзе Салонікі, дзе тады было нямала баўгараў. На мову тых баўгараў яны і перакладалі Біблію з грэцкай. Дасканала гаворку салоніцкіх славян яны, безумоўна, не ведалі і актыўна ўносілі ў пераклад і грэцкія словы, і грэцкія граматычныя зьявы, як дзеепрыметнікі, клічны склон, парны лік і інш. Таму царкоўнаславянская мова - паўднёваславянская ды яшчэ элінізаваная. “Старажытнаруская”, калі б яна існавала, павінна была б адрозьнівацца ад яе прыблізна так, як адрозьніваецца польская ад баўгарскай. А паміж “старажытнарускай” ды царкоўнаславянскай знаходзяць толькі восем фанэтычных розьніц...
    Разуменьне таго, што славянскія гаворкі Беларусі былі пераважна заходнімі, мае вялікае значэньне. Не, па нашай мове “польскі бот” не хадзіў. Яна сама па сабе, ад вытоку была блізкая да польскай, як блізкія да той чэская, славацкая, лужыцкая. Вялікая колькасьць беларускіх слоў, што супадаюць з аналягічнымі польскімі, існуе ў ёй спрадвечна: бачыць, кахаць, рэч, уласны і гэтак далей. Свой жа сёньняшні ўсходнеславянскі выгляд беларуская мова набыла ў выніку сямісотгадовага ціску з боку царкоўнаславянскай.
    Не дзяржава, а царква выканала гіганцкую працу па ператварэньні заходнеславянскай моўнай плыні ў нешта такое, што завецца цяпер усходнеславянскай падгрупай моў. Бо дзяржава карысталася пісьмовай мовай час ад часу, а царква - кожны дзень. Па ўсёй краіне, у кожным храме. Вы ўявіце сабе, дзень пры дні, з году ў год, ад пакаленьня да пакаленьня народ чуе ў царкве адну і тую ж мову. На ёй завучвае модлы, сьпявае псалмы. Ці ёсьць лепшы спосаб для вывучэньня мовы? Ужо не кажу пра тое, што царкоўнаславянская была мовай Бога, і, далучыўшыся да яе, вернік нібы атрымліваў магчымасьць гаварыць з Творцам!
    Моц царквы ў гэтым сэнсе добра разумелі маскоўскія манархі, што мелі на мэце ўніфікацыю свае стракатае па мове дзяржавы. “Адным з галоўных клопатаў Івана Васільевіча (Жахлівага. - І. Л.) было абрусеньне падпалых пад уладу яго іншародцаў. Сродкам для выкананьня гэтай важнай дзяржаўнай мэты было распаўсюджваньне паміж напалову дзікімі плямёнамі хрысьціянскай веры. І мы бачым, што Іван Васільевіч і потым Гадуноў прымалі для распаўсюджваньня хрысьціянства сама энэргічныя захады. Хрышчэньне было гвалтоўнае, адначасова з ім ішло разбурэньне мячэцяў у мусульманаў, керамецяў, сьвяшчэнных гаёў у паганаў і г.д.”. (П. И. Мельников. Очерки мордвы, Саранск, 1981, с. 33). П. Мельнікаў (расейскі пісьменьнік Андрэй Пячэрскі) паказвае і вынікі гэтага наступу на мардву. Нейкі пан Н. запрашае аўтара на эрзянскае вясельле. Аўтар прызнаецца: “Але я не ведаю па-мардоўску, нічога не зразумею”. Н. супакойвае: “Слова мардоўскага не пачуеце: ва ўсёй Цярэшаўскай воласьці наўрад ці знойдзецца цяпер чалавек, які б ведаў сваю ранейшую мову” (тамсама, с. 110. Твор напісаны да 1851 года).
    Сёньня царква не з’яўляецца манапалістам моўнага ўзьдзеяньня: школа, прэса, кнігавыданьне і іншыя сучасныя сродкі - магутнейшыя, чым царкоўная імша. Але не зьвяртаць увагі на моўную ролю царквы нельга. Беларуская дзяржава, калі яна дбае аб захаваньні мовы, павінна ў першую чаргу падтрымліваць тыя канфэсіі і тых сьвятароў, якія вядуць богаслужбу па-беларуску.
    Кіеўская Русь як адзіная дзяржава існавала паводле гістарычных мерак вельмі нядоўга. Полацкае княства ў яе ўваходзіла, напрыклад, усяго гадоў 70. Зразумела, за такі тэрмін у беспісьмовыя часы вялікіх моўных зрухаў адбыцца не магло. Ды Русь распалася на княствы, а фактар царкоўнаславянскай мовы працягваў дзейнічаць. І пасьля прыходу захопнікаў-татараў - таксама, бо рэлігію ж у сувязі з гэтым усходнія славяне не зьмянілі. Царкоўнаславянская мова як у Вялікім княстве Літоўскім, так і ў Масковіі заставалася дзяржаўнай, шліфавалася і ўдасканальвалася, набывала ўласных граматыстаў. Але набліжаўся час Рэфармацыі, калі грамадзтва пачало ўспрымаць, што народная мова заслугоўвае не меншай увагі, чым царкоўная, калі, урэшце, і Біблія пачала перакладацца на сама розныя нацыянальныя мовы, да чаго дачыніўся і наш Скарына. І паступова з-пад спуду царкоўнаславянскай мовы пачынае выпіраць, а потым і вырывацца народнае, размоўнае слова.
    Калі ўважліва прыгледзецца да гэтых навацый у помніках беларускай пісьмовасьці, пачынаючы з ХV стагодзьдзя, то можна пераканацца, што яны маюць заходні характар. Іх лічаць запазычаньнямі з польскай, але яны - не польскія, ці, скажам болей дакладна, далёка не цалкам польскія. Гэта можна добра праілюстраваць мэмуарамі Ф. Еўлашоўскага ды лістамі Ф. Кміты-Чарнабыльскага, напісанымі ў другой палове ХVІ стагодзьдзя (гл. Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVІІ ст., с. 183; Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. 1975).
    Гэтыя творы так перасыпаны, здавалася б, польскімі словамі, што складваецца ўражаньне: аўтары пішуць па-польску, толькі кірыліцай і з вялікімі памылкамі. Але гэта не пальшчызна. Гэта - жывая мова беларускіх асяродзьдзяў, з якіх выйшлі аўтары, заўважу, асяродзьдзі праваслаўныя. Чаму не пальшчызна? Таму, што гэтаму супярэчыць шэраг характэрных рысаў. Вядома, што ў польскай мове на месцы этымалягічнага “р” часта ўжываецца “ш” або “ж”: тшы (тры), жэка (рака). Гэта - характэрная і непаўторная прыкмета польскай мовы. А ў творах Еўлашоўскага ды Кміты-Чарнабыльскага словы, якія мы ўспрымаем як польскія, пішуцца толькі праз «р»: пригода (па-польску пшыгода), трэба (тшэба), пришлое (пшышлэ) і г.д. Тое сама тычыцца і польскага “у” на месцы этымалягічнага “о”. Еўлашоўскі і Кміта-Чарнабыльскі пішуць “кроль”, “кторы”, “премовивши”, у той час як па-польску “круль”, “ктуры”, “пшемувівшы”. І гэта не выпадковыя абмылкі, а рэгулярна вытрыманы на працягу ўсяго рукапісу падыход. Тым часам абодва аўтары добра ведалі польскую мову. Пра гэта сьведчыць, напрыклад, ліст Кміты-Чарнабыльскага, напісаны па-польску, дзе няма аніякіх памылак (гл. Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці, с. 108-109). Значыць, Кміта-Чарнабыльскі добра адрозьніваў польскае ад свайго. Сваім жа ў беларускай мове быў вялікі пласт слоў, агульных для беларускай і польскай, які існаваў у беларускіх гаворках ад часоў заходнеславянскага супольніцтва. Толькі продкі беларусаў вымаўлялі гэтыя словы па-свойму, у прыватнасьці, без замены “р” на “ш” ды “ж” і “о” на “у”.
    Увогуле, калі не прызнаць, што славянскія гаворкі Беларусі спаконвечна былі блізкімі да польскіх, то немагчыма растлумачыць тую павальную добраахвотную палянізацыю, што, урэшце, заліла беларускую шляхту. Бо што яшчэ: цяга да болей высокай культуры? Але ж Вялікае княства Літоўскае мела сваю, не ніжэйшую. Мела пісьмовасьць, не маладзейшую за польскую, шматжанравую літаратуру, гарады і замкі. Пераход да каталіцызму? Але касьцёл у тыя часы працаваў яшчэ на лаціне, што аніяк не магло далучаць верніка да польскай мовы.
    Думаецца, што старабеларуская пісьмовая мова не адлюстроўвае сапраўднага стану старабеларускай размоўнай, якая была значна бліжэй да пальшчызны. Пры гэтым пісьмовая была цесна зьвязаная з царкоўнаславянскай, г.зн. мовай царквы. А ХVІІ-ХVІІІ стагодзьдзі былі ўжо новым часам, калі рэлігійнае і сьвецкае стала рэзка падзяляцца, сьвецкае рабіцца прыярытэтным. Польская ж мова была тады чыста сьвецкай. Можа, таму і хіснулася да яе маларэлігійная шляхта Вялікага княства, што мяняла веру як пальчаткі?
    Сказанае пра спаконвечную роднаснасьць польскай і беларускай моў (якой тлумачацца і вуніі ВКЛ з Польшчай) зусім не азначае, што мы можам хапаць без разбору любое польскае слова, як толькі не можам прыгадаць свайго. Адна рэч - старадаўні агульны пласт, а другая - новая польская лексыка, створаная польскім народам за апошнія стагодзьдзі: навошта нам яна? Беларускай мовай таксама назапашаныя незьлічоныя скарбы, асабліва ў дыялектах. Думаецца, што перад нашымі лінгвістамі стаіць вялікая задача па зьвядзеньні ўсіх дыялектных збораў у адзін шматтомны слоўнік, які б заўсёды быў пад рукой кожнага пісьменьніка, газэтчыка, настаўніка і ўсіх іншых, хто мае дачыненьне да мовы.
    Старабеларуская пісьмовая мова - гэта поле змаганьня беларускай з царкоўнаславянскай. Згодна з лёгікай разьвіцьця гэтая барацьба мусіла скончыцца перамогай народнай мовы. Але на гэта не стала часу: старабеларуская ў 1696 годзе была пазбаўлена статуса дзяржаўнай і спыніла сваё існаваньне. Царкоўнаславянская ж як мова царквы працягвала жыць у праваслаўных ды вуніяцкіх храмах. І, здавалася б, яна павінна была зьнішчыць народную дашчэнту, замяніць яе сабой. Ды гэтага не адбылося, дзякуючы невычэрпнаму запасу жыцьцёвых сіл народнай мовы, не растрачаных яшчэ і сёньня.
    Прыблізна гэткі ж лёс і ўкраінскай мовы, што з беларускай мае адны, заходнеславянскія карані. Вось перада мною ўкраінскі тэкст - пераклад апавяданьня Л. Дайнекі “Горад, восень і я”. Як шмат і тут “палянізмаў”. І што цікава: тыя самыя “палянізмы” жывуць або жылі і ў нашай мове. Місто - па-польску място, па-беларуску места (цяпер часьцей “горад”). Рок - па-польску рок, беларусы-эмігранты таксама ўжываюць рок (год). Будинок - будынэк - будынак. Світанок - сьвітанэк - сьвітанак. Чекати - чэкаць - чакаць...
    Украінскія словы місто, рок, будинок, світанок, чекати выпісаны мною з аднаго абзаца, што складаецца з чатырох радкоў (Рідня. Оповідання молодих біларуських письменників. Київ, 1980, с. 79). Калі ўсё гэта - запазычаньні з польскай, дык чаму беларусы і ўкраінцы так дружна запазычвалі адны і тыя словы? А колькі можна яшчэ дадаць у гэты беларуска-ўкраінска-польскі запас. Кахаць, бачыць, трэба, уласны... Без ліку такіх слоў! А ў расейскай мове іх няма.
    Такім чынам, вытокі беларускай і ўкраінскай моў вельмі блізкія. Ціснуў іх і агульны прэс царкоўнаславянскай. Не мае значэньня, што Кіеў быў на дзьвесьце гадоў меней “адарваны” ад Расеі, чым Менск ды Полацак: царкоўнаславянская мова “апрацоўвала” беларускую ды ўкраінскую мовы адзін часавы адрэзак, ад прыняцьця хросту да часоў канчатковага падзелу на царкоўнае і сьвецкае ў культуры. Адсюль і выключная блізкасьць моў-сёстраў.
    Іншы быў гістарычны шлях у расейскай мовы. Расейская - гэта фактычна царкоўнаславянская, лягічны вынік яе шматстагодняга разьвіцьця, у той час як беларуская ды ўкраінская - вынік змаганьня мясцовых, заходнеславянскіх гаворак супраць царкоўнаславянскай мовы.
    Выходзіць, у Расеі мясцовыя славянскія гаворкі былі цалкам вынішчаныя царкоўнай мовай? Не зусім так. На поўдзень ад Масквы маюцца моўныя асаблівасьці, блізкія да беларускіх (напрыклад, яканьне). Але гэта толькі выспачкі ў моры расейскай літаратурнай мовы з яе прастамоўнымі варыянтамі. Нездарма лічыцца, што расейская мова практычна не мае дыялектаў.
    Чаму ж расейцы так паддаліся мове-прыблудзе, падпарадкавалі ёй сваё духовае жыцьцё? Каб адказаць на гэтае пытаньне, давайце разгледзім “стартавы” плямёньны склад расейцаў.
    Паводле “Аповесьці мінулых гадоў” на расейскай тэрыторыі жыло толькі адно славянскае племя: славены Ноўгарада. Прычым яно, трэба думаць, было зусім невялічкім, бо з прыходам варагаў зьмяніла сваю назву на “русь”: “И от техъ варягъ прозвася Руская земля, новугородьци, ти суть людье ноугородьци от рода варяжьска, преже бо бѣша словени” (Изборник, с. 34). Затое фіна-вугорскіх плямёнаў, згодна з тым жа творам, было аж некалькі: чудзь, весь, мурама, мера. Праўда, афіцыйны пункт гледжаньня такі, што з плямёнаў, якія ўвайшлі ў склад расейцаў, славянскімі былі яшчэ ўсходнія крывічы ды вяцічы. Шмат пораху траціць У. Чывіліхін, каб давесьці, быццам вяцічы - тое самае слова, што і венеды, лацінская назва старажытных славян (гл. В. Чивилихин. Память. Роман-газета, 1982, №. 17, с. 37-40). Але што агульнага ў гэтых двух словах, апрача першае літары? А тым часам удмурты здаўна падзяляліся на дзьве вялікія групы - КАЛМЕЗ і ВАТКА (М. Г. Атаманов. Удмуртская ономастика. Ижевск, 1988, с. 18). Яшчэ ў другой палове ХVІІІ стагодзьдзя ўдмурты жылі і ў Сярэднім Паволжы (В. М. Кабузан. Народы России в ХVІІІ веке. Численность и этнический состав. М., 1990, с. 140). Вельмі падобна, што жылі яны і на тэрыторыі будучай Масквы. Тут была, напрыклад, вёска Бутырка. Гэтая назва асацыіруецца цяпер са змрочным астрожным замкам, дзе давялося пакутаваць і нашаму Францішку Аляхновічу. А па-ўдмурцку БУТЫРКА – “кучаравы”.
    Ці будзе хто аспрэчваць, што ВАТКА куды бліжэйшае да ВЯЦІЧЫ, чым венеды? Славянскі суфікс “-іч” у ВЯЦІЧЫ не сьведчыць пра славянскасьць КОРАНЯ, суфікс мог быць далучаны славянамі. На такую думку наводзіць наступны факт. У першым творы старажытнарасейскай літаратуры “Слово о погибели Рускыя земли” сярод розных пералічаных аўтарам плямёнаў згадваюцца і “Тоймичи погании” (Изборник, с. 326). Камэнтатар зазначае: “Тоймічы - адно з фінскіх плямёнаў, што жылі на р. Тойме, доплыве Паўночнай Дзьвіны” (тамсама, с. 738). Дык чаму не магло атрымацца Вяцічы з Ватка, як Тоймічы з Тойма? А археоляг піша: “Відавочна, пэўныя славянскія групы сярэднявечча, напрыклад, вяцічы і ўсходнія крывічы, уяўлялі сабою не столькі славян, колькі асіміляванае славянамі фінскае насельніцтва” (Т. И. Алексеева. Антропологический состав восточно-славянских народов и проблема их происхождения. У кн.: Этногенез финно-угорских народов по данным антропологии. М., 1974, с. 74) (Падкрэсьлена мной. - І. Л.).
    Гэта лагічна. Раз славяне рухаліся з захаду, дык ясна, што чым далей на ўсход, тым меней іх дабіралася. Не хачу сказаць, што ў складзе расейцаў славянскі элемэнт адсутнічаў зусім. Але сюды прасочваліся толькі асобныя нешматлікія групы тых жа драгавічоў, радзімічаў, палянаў, севяранаў, драўлянаў. Настолькі нешматлікія, што сваімі назвамі не пакінулі сьледу ў пісьмовых крыніцах. Яны сваёй прысутнасьцю рыхтавалі глебу для славянізацыі краю. Але галоўную ролю адыграла праваслаўная царква.
    Вельмі важна адзначыць, што неславянскай была і тая тэрыторыя, дзе ўрэшце склалася расейская літаратурная мова - Масква і вакол Масквы. Тут яшчэ ў ХІ-ХІІ стагоддзях жыло племя голядзь. Дасьледчыкі абвясьцілі яго балцкім, мне ж здаецца, што яно было фіна-вугорскім. Але не гэта галоўнае. Важна, што голядзь не была славянскай. Таму, славянізаваўшыся праз царкву, яна засвоіла цалкам царкоўную мову, якая стала тут размоўнай. Мо таму і перанесьлі сваю сталіцу ў Маскву багабойныя ўладзіміра-суздальскія князі, што мясцовая мова была копіяй мовы Пісаньня? І ў далейшым пільна сачылі за яе чысьцінёю, раз-пораз прымушаючы вымятаць з царкоўных кніг нацяганыя з мясцовых гаворак словы, - гэтае вымятаньне філёлягі называюць “другім паўднёваславянскім уплывам”.
    У Беларусі таксама жылі неславяне. Нам вядомыя назвы такіх неславянскіх плямёнаў, як літва, яцьвезь, лотва, латыгола і інш. Але шчыльнасьць славянскага насельніцтва тут была непараўнальна вышэйшай, чым у Расеі. Таму пераважная большасьць неславян славянізавалася яшчэ да ўвядзеньня хрысьціянства, перайшоўшы на заходнеславянскія гаворкі суседзяў. Толькі літва ды яцьвезь захоўваліся і надалей. Літва была нават хрышчоная за Ягайлам у каталіцызм. І калі б касьцёл працаваў на польскай мове, то мы хутчэй за ўсё не мелі б яе ў сваім складзе. Але ў тыя часы рабочай мовай каталіцкіх сьвятароў была лаціна, і літва ў асноўным не паланізавалася, а дзякуючы цеснаму суседству са славянамі Вялікага княства паволі перайшла на мову, якую сёньня завём беларускай.
    Не ўсе фіна-вугры Расеі прынялі царкоўнаславянскую мову. Цэлы шэраг народаў, як мардва, марыйцы, комі, удмурты, карэлы, адбіўся ад яе наступу, захаваў сябе. Іншых заліла царкоўная славяншчына. Ад ранейшых сваіх гаворак яны захавалі толькі асобныя словы, паходжаньне якіх цяпер этымолягі не могуць вызначыць.
    Пераход жа на больш-менш блізкую мову, якога вымагала царква ад беларусаў ды ўкраінцаў, аказаўся складанейшым. Засвоіць болей блізкую мову, здавалася б, прасьцей. Але гэта не так. Нездарма ж суіснуюць дыялекты адной і той самай мовы. Калі суседзі ўзаемна разумеюць адзін аднаго без перакладу, ім зусім неабавязкова пераходзіць на суседзкую мову, каб сумовіцца. Так было і з мовай Пісаньня. Беларус разумеў яе, але пераходзіць на яе, каб “гаварыць з Богам”, не меў патрэбы, Бог і так павінен быў яго разумець. Беларус засвойваў з царкоўнаславянскай словы, зусім непадобныя да сваіх, і карыстаўся імі, падобныя ж працягваў казаць па-свойму. Царкоўнаславянская мова засявала мясцовыя гаворкі сваім лексычным каменем, але анічога не магла зрабіць з мясцовым вымаўленьнем і граматыкай. Так і цягнулася гэтае змаганьне сотні гадоў, прывёўшы да таго стану нашай мовы, які маем ад часоў Дуніна-Марцінкевіча, Насовіча, Багушэвіча.
    Гэтае змаганьне працягваецца і сёньня, ужо не з царкоўнаславянскай, а з яе наступніцай - расейскай мовай. Як раней з амбона, так цяпер па радыё ды тэлебачаньні, у тэатрах ды кінатэатрах, са старонак кніг і газэт, з вуснаў настаўнікаў ды прафэсараў яна грыміць штодзень, ад сьвітаньня да зьмярканьня ўсюды, дзе б ні стаяў ці сядзеў, ішоў ці ехаў, працаваў ці драмаў беларус. Але нашая мова - жыве, і веру - будзе жыць. Асабліва калі мы зразумеем нарэшце, што ў беларусаў - свая гісторыя, свой лёс, свая мова, якая прайшла цяжкі і пакутлівы, але гераічны шлях.
    Ганарар за гэты артыкул аўтар просіць пералічыць на рахунак Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
    /Літаратура і мастацтва. Мінск. 27 сакавіка 1992. С. 14-15; З гісторыяй на “Вы”. Публіцыстычныя артыкулы. Вып. 2. Мінск. 1994. С. 298-312./
    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстын Ленскі,
    Койданава