среда, 19 августа 2015 г.

Іван Ласкоў. Чароўны камень. Апавяданьні. Ч. 3. Койданава. "Кальвіна". 2015.

                                                             ЛЕТА ЦЫКЛЁНАЎ
    Не, не тутэйшы вы, дарэмна жартуеце, з горада вы, адразу відаць. Чорную рыбу ловіце, ніхто ў нас яе не бярэ. Тутэйшых я на два бакі за пяцьдзесят кілямэтраў напералік... Чорная рыба? Тое, што вы зьбіраеце: акунь, плотка, тас-бас — галава каменная: во-во, джгір. Сордон-шчупак таксама. Мы тайменя палюем, сіга на блешню... Сіг? Вядома, хапае, шчэ як хапае. Не верыце — праверце. Т-так. Значыць, падкінулі вас? На маторцы? З Хальджая? Цвёрда скажу: Мітэрэй вас падкінуў, Савін. Яго, Мітэрэева месца.
    З Якуцка, значыць? У адпачынак? Т-так... На допыт падобна, кажаце. Міліцэйскі. Т-так... Цікава проста. Не допыт. Хаця і праўда я ўчастковы. Праверце! У рыбу еду, форму не апранаю, навошта? А ведаць, што на ўчастку робіцца, абавязаны.
    Дык вы не адзін? Правільна гэта, трэба жонак асьвяжаць, каб не сварыліся. Першы гатунак палатка, мы ў такой неяк пяцёра... Дваім — палац.
    Сёп [Сёп —добра (у сэнсе “згодзен”, “няхай”], лавіце, саліце, дыхайце. Хораша сёньня, га? Па сэрцы маслам. А сьцерагчыся трэба, вось вы адкуль у Якуцк? З Беларусі! Цудоўны край, яблыкі, вішні. Служыў два гады пад Брэстам. Дзяўчаты. Тут вам не Брэст, сьцерагчыся трэба, сьнег у ліпені жухне — трымайся! Не верыце? Значыць, нядаўна зусім у Якуціі. Летам мінулым дзе былі? На радзіме. За два гады адпачынак. Не чулі — турысты-авантурысты Верхаянскі хрыбет пакаралі? Газэта пісала.
    Т-так... Тых турыстаў-авантурыстаў уратавалі. А на ўчастку маім, тут, кілямэтраў дваццаць, што давялося. На ўласныя вочы. А што зробіш? Такая служба. Расказаць?
    Сёп. Сядзем, гісторыя доўгая. Рыба мая? Куды яна дзенецца. Сетка даўно стаіць. Праверыць — нядоўга.
    От жа вечар ціхі, рахманы быў — цяля буланае. Сёньняшняга родны брат. А толькі сонца ў ваду — сьвісь! Шалёным быком па Алдане туп-туп-туп! Не пасьпеў зразумець, што такое, гляджу — у лодцы вады поўна. Гэ-э... Пакуль не позна, пад бераг ды дахаты. Даў работы матору, век не забудзе.
    Ланцуг завязваю шчыльней, каб лодку не звалакло, а бразгату не чую. Увушшу ад ветру заклала! Ну, думаю, будзе некаму сёньня вясельная ноч.
    Вы, значыць, на ўсё мінулае лета ад нас уцяклі. Угадалі. Неважнецкае лета было.
    А я і ведаў, што будзе яно неважнецкае, загадзя ведаў, узімку яшчэ, ды куды ўцячэш? Служба.
    Ведаў адкуль? Як жа не ведаць, калі на ўчастку мэтэапост! Недалёка тут, кілямэтраў дваццаць. На тым баку. Гы-ы, на ўчастку маім чаго няма. Не верыце — праверце. Ёсьць дзяржава такая — Люксэмбург. Болей за тую дзяржаву. Я, вядома, у дзяржаве сваёй не прэм’ер. Міністар унутраных спраў, лічыце.
    Я, як толькі ўчастак прыняў, мэтэапост засек: цікава! Я чалавек цікаўны. Цікавых людзей люблю. А там начальнік... начальніца! Жанчына. Галава! Зямлячка ваша. Т-так. Праверце, калі не...
    Можа, на “ты” пяройдзем? Га? Ух-х, адлягло. Не магу “выкаць”, няма ў нашай мове такога. Размаўляеш з такім, як ты, увесь час баісься: каб “ты” само сабой з рота не выскачыла. Сёп.
    Я часам думаю: добра гэта ці дрэнна, што на зямельцы нашай гэтулькі нацый розных? Іншы раз: дрэнна. Каб усе разумелі адзін аднаго без перакладу, вось бы сьвята было! І рускія, і якуты, амэрыканцы, кітайцы, хто там яшчэ? Нікога не стала. Адна зямля — адзін народ. Ні сварак, ні войнаў... усе ў адной запрэжцы — далей! Вышэй! Сёп.
    А другім разам мудруеш: арабы — адзін народ. Ніяк не дамовяцца! На дваццаць дзяржаў падзяліліся. Чаму? Навошта? А ўзяць Швэйцарыю. Наадварот! Немцы, французы, італьянцы яшчэ — ад сваіх адвярнуліся і адзіным кагалам жывуць. А Францыя з Германіяй колькі біліся? З Італіяй Францыя! З Германіяй Італія! Вось так.
    У нас — увогуле. Вось сядзім мы з табой. Я саха, ты нучча. Ну і што? Дрэнна нам?
    Я сваё раскажу, ты сваё... Цікава.
    Неяк сказаў я вось так аднаму, а ён: чаму гэта ты “саха”? Чаму гэта я “ануча”? Тлумачу: саха па-якуцку якут, а нучча — ты, рускі. Ну вось, два словы якуцкія ведаеш ужо, сьмяюся. А табе, здаецца, тлумачыць не трэба — навучыла жонка, га?
    Сёп. Заехаў на пост у сакавіку. Па лёдзе на “газіку”. “Газік” ёсьць у мяне. Узімку з лодкі якая карысьць?
    Вось і кажа яна:
    — Прагноз на лета прыйшоў, Ільля Лукіч. Сумны прагноз.
    Заўжды “Ільля Лукіч”. Колькі разоў гасьцяваў, чаю каністру выжлукціў, а ўсё “вы” і па бацьку. Культура.
    — Сумны? — пытаю.
    — Стыла будзе, дажджыста. Вятры дзень у дзень. Ад крыгаходу да ледаставу. Лета цыклёнаў, Ільля Лукіч.
    Цікава мне стала: як наперад такое ўгадваюць?
    — Глядзіце сюды, — і карту на стол. Якуціі карту. Зірнуў, а рэспубліка наша ўся крывымі спаласавана. Дзе зьбягаюцца, дзе ўразьлёт. А значкоў, значкоў! Як мышыных сьлядоў на пшанічным полі зімою.
    — Вось гэта, — паказвае, — халодныя франты... цёплыя франты... Ізабары... Ізатэрмы...
    Не паўторыш, дарэмна старацца. Для таго яе галаву мець. Адукацыя, ясная справа. У Ленінградзе спэцінстытут з адзнакай скончыла. Слухаю, ківаю, а каб зразумець — не. Адно запамятаў: лета цыклёнаў будзе.
    Есьць дурныя людзі яшчэ, што над мэтэа сьмяюцца. Прагнозы нібыта складаюць там, на палец папляваўшы ды на вецер выставіўшы. Навука гэта! Непісьменнаму ясна.
    Неяк з такім пытаньнем я падкаціўся: ці праўда, калі вароны ў адзін бок дзюбамі сядзяць, вецер будзе?
    — Калі ўбачыце такое, — адказвае, — лічыце: вецер ужо пачаўся. І дзьме адтуль, у які бок дзюбы. Так варонам цяплей. А ўвогуле, — дадае, — лухта гэта, быццам жывёлы лепей, чым мы, зьмену надвор’я прадчуваюць. Жабы там, чайкі, зязюлі... Усё надвор’е на небе, — вучыць. — За небам сачыце.
    І давай мне прыкметы сыпаць: калі аблокі доўгія, кіпці нібыта — чакай дажджу, калі высокія — пахаладае... Усякае гэткае. Сёе-тос трымаю ў памяці, правяраю. Пунктуальна! І пра лета цыклёнаў. Як сказала, так і было.
    Раніцою радыст улятае:
    — На мэтэапосьце трупы. Цябе тэрмінова просяць. Чула душа, што тая ноч дабром не скончыцца! Саскокваю з “газіка”, як каўзануся! Што такое? Пад ганкам вада ляжала. Гляджу — лёд! Лета на сьвеце, а тут — лёд!
    Лодку ў ваду сьпіхнуць не магу — да галькі прымерзла. Шнур на махавік, ганю насатую — у ліхаманцы: што за навала? З кім бяда?
    Вось і ты, мусіць, спытаеш: чаму не ў пасёлку мэтэапост? Мала таго: за ракой! Ды такое месца нядобрае! На скале. Сьпераду абрыў, ззаду тайга. Налева-направа па бсразе — ні шляхоў, ні сьцяжын. Адна дарога на пост — Алданам. А ў крыгалом? А ўвосень, пакуль лёд стане? Як туды? Як адтуль?
    — Перанясіце скалу ў пасёлак ваш, — сьмяецца.— Да акуратненька пастаўце, каб і там заторы стварала. Тады і мы са сваёй гідралёгіяй.
    Паспрабуй, перанясі! Даўжынёй штука гэтая кілямэтры са два. Ды ў вышыню сто мэтраў.
    Сёп... Павіхляў я між астравоў, перарэзаў Алдан. І гляджу — Макар адзін сустракае. Ну... Няўжо з Янінай Савелеўнай што?
    Макар абцас абцасам б’е: “Ы-ыч-ча!” [Б-рр]. Павёў па беразе, не наверх. Не ў доме бяда, мяркую. Лягчэй стала.
    Ідзём, плячыма скалу чысьцім — вузенечкая палоска галькі пад сьцяной, а вада пад абрывам — саступісься, і з галавой.
    Во, пашыралася палоска, адбегла сьцяна. Пляцоўка — крокаў пяць на шэсьць. Нахіленая. Ручайком прамыла яе, вадаспадзікам гэткім. А за вадаспадзікам, на камянях...
    — Яніна як пабачыла, — гэта Макар, — дадому маланкай і не выходзіць. Трасецца ўся.
    Ну, нашаму брату службоўцу трасьціся не дазволена.
    — Першую дапамогу не спрабавалі аказваць?
    Рукой махнуў.
    — Якая там дапамога.
    Потым расказвае. Спусьціўся ён а шостай. Узровень зьмерыць. Да слупка нахіліўся, а міма брус плыве. Здатны. Ну і пайшоў за ім — можа, прыцісьне да берага дзе. І напаткаў.
    Т-так... Павярнуў я абодвух на сьпіны, каб твары разгледзець. Маладыя і той, і другая. А Макар:
    — Растлумач, калі можаш: чаму адзеньне яны пазьнімалі ды пад сябе паслалі? Ці ж так цяплей?
    А ў самога губы скачуць.
    Праўда—дзеўка хоць у сукенцы, а хлопец дык нават кашулю зьняў. А пад імі, на камянях, і плашч-палатка брызэнтавая, і куртка, і кашуля тая. А пад усім — яшчэ нешта. Разгортваю — дзіця! Цёплае. Жывое!
    Прачнулася, вочы расплюшчыла. Ляпеча штосьці. У гарачцы. Гады са тры.
    — Што ж ты, Макар,— кажу,— сярод мерцьвякоў жывога не заўважыў?
    — Не думаў! — адказвае.— Як падумаць можна было? Баяўся кранаць да цябе. Ці мала што?
    Схапіў малога і — шорх-шорх — на пост. І ведаеш, горка стала мне так! — маладыя, прыгожыя, здаровыя — ці ж нядужны ў такую дарогу рушыць? Ну, турызм, турызм! Дзіця навошта бралі? Уратавалі, а самі? Ды і невядома яшчэ, ці ўратавалі.
    Рэчы я перамацаў, кішэні ў хлопца. Дакумэнтаў — ніякіх. Сюды — адкуль? Вядома, з ракі. Каб верхам ішлі, у такое надвор'е не зьлезьлі б. Там жа тайга, дровы. Будан змайструеш. А пад гарой? Адны камяні.
    Чаму рашыў, што турысты? Я ж казаў: сваіх — на абодва бакі... Гэтых — не бачыў ніколі і чуць не чуў, каб такая пара ў нашых мясьцінах... Газэту за дзень да таго прачытаў. Пра небаракаў, што ў Верхаяньні. Т-так... Там — пешадралам, а тут — водны турызм. Сёп. Пасунуўся берагам я плаўсродак іхні шукаць. Мо зачапіўся. Дарма! Скала не дае. Вярнуўся да лодкі сваёй, тр-р-р па цячэньні. Кілямэтар, другі, улева, управа. Ёсьць плаўсродак. Да вострава прыбіла.
    Не, не байдарка. Не яхта. Не шлюпка... Не лодка зусім. Плыт. Невялічкі. Затое размаляваны. Пасярод — будка. З тваю палатку. З аднаго боку: “Кон-Цікі-77”. На другім: “Паспрабуй, дагані”. Бярвеньні разьехаліся — шкуматнула недзе на камянях. Уціснуўся ў будку я. Як утраіх мясьціліся? Пад вільчыкам — пляншэтка. У цэляфан загорнута, прывязана будзь здароў. Запіска: “Калі судна будзе знойдзена без экіпажа, просьба паведаміць на адрас...” І далей куды. Судна! Гора горкае. Адчувалі-такі, што можа апусьцець. А дзіця ўзялі... Гэта я тады так разважаў, не цяпер. Бо што я ведаў? Адрас толькі: “Нерунгры, спартклюб”. І ўсё. Рэчавых сьведчаньняў — ніякіх. Змыла, відаць.
    Па інструкцыі як: пацярпеўшых пакінуць на месцы здарэньня. Выклікаць сьледчага і ўрача. А ў нас урач дзяўчынка. Фэльчар. Ці варта яе праз Алдан? Вецер заходзіцца... Сьледчы з раёна мо заўтра прыедзе. Мо і праз тыдзень. Хто адгадае? Пагрузіў у лодку... Трэба ж так: пасярод лета, за дзьвесьце крокаў ад жытла — замерзьці! Лёс.
    Пазаўчора ўночы два градусы было, глядзі. Гаспадыня твая чай зьбіраецца гатаваць? Добра. Без чаю... Добры вечар, гаспадыня! Добры вечар! Без чаю не капсе [Размова].
    Сёп. Падняўся на пост. Па інструкцыі як? Дзіця — у дзіцячы пакой. А адкуль у мяне дзіцячы пакой? У раён везьці. А як павязеш? Трызьніць хлапчына. Яніна Савелеўна з Макарам увіхаюцца... Яна:
    — Не думайце нават, Ільля Лукіч...
    — Сёп, — кажу. — Прыміце падзяку ад імя савецкай міліцыі.
    Павёз. Што адчуваў? А ты што б адчуваў. Хваля за хваляй — па лодцы, у лодку. Сядзіш на рулі, пад нагамі — трупы, глядзіш у неба, у небе хмары — лета цыклёнаў, трымайся! Трымайся, чалавек!
    Мерцьвякоў — у лядоўню. Радыяграму ў раён: так, маўляў, і так. Зразумелі, адказваюць. Чакайце.
    Два прыбываюць. Адзін з раёна — Сеня наш, Вінакураў, другі з Якуцка аж. Вусікі, джынсы — модны такі. У лядоўню адразу. Сфатаграфавалі. Фэльчара кліч. Фэльчар што? — пераахаладжэньне. Яны мне: на месца здарэньня.
    А месца — што яно скажа? Былі камяні і засталіся. Плыт паказаў, пляншэтку, запіску. На пост ускараскаліся: дзіця распытаць. А як распытаеш? Яно і гаварыць толькі што навучылася. Сяк-так — бескарысна. Мама! — ускрыквае ды за руку Яніны Савелеўны хапаецца. Тая: ціха, ціха, хлопчык мой, супакойся. Слёзы на вейках.
    Зноў туды, дзе няшчасных знайшлі. Вінакураў: самі, напэўна, сышлі, спадзяваліся — на беразе цяплей. А Сігаеў, з Якуцка, шыбкі такі: не, каб па сваёй волі, не тут сышлі б. Ночы белыя яшчэ, добра відаць. Кінула іх, адрэзаў.
    Паразважалі гэтак. Да мяне: дзейнічаў правільна. Справа ясная. Дзіця нікуды не адсылай — прыедуць родныя, возьмуць. У Нерунгры тэлеграму адбі.
    Дзіўна табе? Што дзіўна? Не на Алдане Нерунгры? Тут проста. Плыт у Тамоце будавалі. У Тамот з Нерунгры — проста.
    Накрамзолілі сьледчыя тэлеграму: “Плыт, “Кон-Цікі” разьбіты экіпаж загінуў целы...”, а далей — дзе целы: пасёлак, раён. Прозьвішча маё, каб ведалі, да каго зьвяртацца.
    Нешта ў цябе, гаспадынька, з агнём... А, ты ж не так дровы. Іх не абы-як. Вось так заўжды кладзі. Каб ветрыкам прадзімала. Ну, цяпер загудзе. Гарадзкія вы людзі.
    Сьледчых праводзіў, тэлеграму адбіў. А дзіця на посьце ізноў пакінуў. Бо куды яго? Сам адзін жыў, беганіна штодзённая.
    Сёп. Час ідзе. Дажджы. Вятры. Вятры. Дажджы. Раптам — верталёт. Пакружыў, пакружыў — зьніжаецца. Ну, такое дзіва не кожны дзень. Набегла дзятвы, старыя прыклыпалі. Сыходзіць мужчына, прычоска з сівізной. Верталётчык. Дзе ў вас такі-гэтакі — прозьвішча маё... Зірнуў я ў твар яму — усё зразумеў. Такі пахавальны твар. У лядоўню павёў. Прасьціну здымаю...
    Нахіліўся да хлопца, маўчыць. На дзяўчыну нуль увагі. Кіне позірк — так, без цікавасьці, і зноў да хлопца. Потым — глуха: чаму ў тэлеграме целы? Памылка? Ці ён не адзін загінуў?
    Дакладваю: не адзін, відавочна, з жонкай.
    — Якой яшчэ жонкай?
    Як выпрастаецца — ледзь галавой не аб столь. Высокі такі.
    — Жонка яго немаўлятка грудзямі корміць. Папярэджваў Тацьцяну ж я, папярэджваў. Пайшла замуж без згоды маёй, вось вынік. Наваяўлены Хеердал. Адзіночкай да акіяна. Ха-ха! Так засьмяяўся — ад рашпіля гук прыемнейшы.
    — Добра. Зараз з труною прыйдзем. Павязу дачцэ, хай хавае.
    Разгубіўся я...
    — А як жа яе, будзеце браць? — пытаю так, па-дурному.
    — Навошта? Гэта тавар не мой. І нянавісьць у зрэнках. Я тады:
    — Падкажыце, каму тэлеграфаваць. Забралі каб.
    Ён уважлівей да яе: глядзіць, глядзіць.
    — Не, — адказвае, — ведаць не ведаю і не жадаю.
    Ён па труну, да верталёта, я ўсьлед:
    — А дзіця?
    Спыніўся, плячамі перацепнуў:
    — Дзіця? Што за дзіця?
    — Якое зяць ваш ратаваў.
    Якраз успомніў...
    — Не ваша, выходзіць? Не возьмеце?
    Аслупянеў.
    — Давайце-ка падрабязьней.
    Паслухаў, прыціх. Прызнаецца:
    — Я думаў, каханка гэта, а раз дзіця — нешта не тое. Незразумела. Пакажыце мне тое месца.
    Павёз і яго на сваім “кані” вадзяным. “Кон-Цікі” я да елкі тросам. Потым пад скалу.
    — Эх, Сяргей, — кажа, — даруй старому. Думаў я, шалапутны, а ты за чужое дзіця жыцьцём заплаціў. Нездарма Тацьцяна цябе пакахала.
    Румзануў нават.
    — Зойдзем на пост? — прапаную. — Дзіця паглядзець. Пазнаеце, можа.
    — Братка! — уздыхае. — Сьпяшацца трэба. Верталётны час дарагі, разумееш. Які сэнс? Матку не ведаю, а дзіця пазнаю? — свой адрас мне. — Напішы, калі разблытаецца.
    Ого, чаёк пасьпеў! Дзякую, дзякую. З малаком. Джэбэрт [Выдатна]. Згушчонка, значыць. З мяне ў арміі сьмяяліся: не магу чай без малака. Спэцыяльна з кухарам дружбу завёў, каб шклянку адпускаў.
    Сёп. Чай не п’еш — адкуль сілы бярэш? Чай на рацэ — гэта нешта такое... Ды яшчэ з малаком.
    Доўга расказваю! Гаспадынька пазяхае ўжо. Ты сьпі, сьпі! Пачатак не чула — канец нецікавы будзе. Дабранач. Дабранач! Сёп. Я табе па-мужчынску скажу: не люблю пры жанчынах расказваць. Зьбіваюць. Без таго язык, што калода, ледзьве ганяеш ім, а яны: як гэта? Чаму? Калі? І так далей у далейшым.
    Вось глядзіш тэлевізар — у кухні корпаецца. У сярэдзіне сунецца: што раней было? Гэта хто такі? А чаму ён злы такі? А ты чаму злы?
    Т-так... Радырую ў раён: асоба пацярпеўшай не ўстаноўлена, што рабіць з целам і дзіцем. Указаньні: цела пахаваць, дзіця ў Якуцк. У дзіцячы прыёмнік.
    Пахавалі... Закапалі. З Якавам старым. Міліцэйскія хаўтуры. Ні прамоў, ні аркестра. Напісаць на магіле б, хто ляжыць. Ды і таго не ведаю. Маркотна мне стала так. Думаю: сам памяну. Узяў пляшку. Пасядзелі ўдвух, пагаварылі пра жыцьцё. Пра сьмерць пагаварылі. А дождж па даху: ды-ды-ды...
    — Такое лета, — Якаў кажа, — трыццаць тры гады назад было.
    А мне трыццаць тры.
    Яшчэ на ноч шклянку перакуліў, каб сноў не бачыць. А назаўтра на мэтэапост: указаньне спаўняць.
    У Якуцк нам, лічы, прасьцей, чым у раён. Якуцк з пасёлкам нашым на адной, на рачной вуліцы. “Ракеты” ганяюць. Адно нядобра: да прыстані сорак пяць кілямэтраў. А ў раён летам — хоць плач. Бездараж...
    На той бок у нягоду — таксама не дробязь! Алдан жартаваць не любіць. Дзень цішэйшы выбраў, пашкандыбаў. Бачу — Ромка ўжо акрыяў. У зычлівых руках. Чаму не акрыяць? Яніна Савелеўна — гэта... чалавек такі. І Макар не зьвер. Я яго як сябе памятаю. Разам да дзевятага вучыліся. Я ж не тутэйшы. Раблю, куды пашлюць. Сёп.
    Апранулі Ромку. Дзіцячае адзеньне ў іх адкуль? Дзяцей няма. Пашылі-купілі. Палітончык, боцікі. Бачу — можна везьці. Захутаўшы, нармальна. І да прыстані. І да Якуцка — нармальна.
    — Ну, Раман, — гэта Макар. — Бывай. Не забывай нас, калі зможаш.
    І руку працягвае. А Ромка — сур’ёзна так! Пацеха — сваю. Яніна Савелеўна хлопца абцалавала... адвярнулася. Бачу, прывыклі да дзіцяці... зразумела. Правільна дзейнічаў, лейтэнант.
    Сёп. Не хацелася пра гэта, ды без слова песьня не атрымаецца. Не адчуеш. Не зразумееш. Вось няма ў іх дзяцей. Дзесяць гадоў жывуць, дзяцей сох. Чаму? Бывае! Чаму бывае? Бывае, і ўсё. У адных — што зайчыкаў. У іншых — сох. У цябе ёсьць? Добра. Адзін? Дрэнна. Калі ёсьць, трэба, каб былі. У мяне тры. Малавата. Служба такая. Не дае дома спаць. Хэ-хэ.
    Сёп. Дзяцей няма. Але — хочацца, каб былі. Вось па пост я першы раз прыехаў. Бачу ў куце забаўкі і драўляныя. Самаробныя: кран пад’ёмны, экскаватар. Яшчэ там нешта. Я і ляпнуў — нетактоўна, не ведаў:
    — А дзе ж той, хто ў гэта гуляе?
    А Яніна Савелсўна зірнула сумна ў кут, на мяне:
    — Макар Пятровіч у гэта гуляе. Няёмка стала...
    У горадзе шмат людзей, што дзіця не хочуць. Зьністажаюць. Суму не баяцца. Горад! Тут — справа інакш. Два чалавекі. Толькі два. Улетку. Узімку. Невясёла.
    Кожны госьць — радасьць. Прыгудзіш — адразу за стол цябе. Як у нас звычайна. І вось заўважыў: увойдзеш, плашч на вешалку паставіш... перш-наперш Яніна Савелеўна:
    — Як супруга ваша? Малодшанькі як?
    — А што яму? — адказваю. — Добра ляжыць. Так у нас пра немаўлят... Яніна Савелеўна спачатку палохалася:
    — Ляжыць? А што з ім?
    — Нічога з ім. Ляжыць, бо хадзіць не ўмее.
    — Ну, Ільля Лукіч, выразы ў вас. Вада ляжыць, дзіця ляжыць, а плашч стаіць.
    — Што зробіш, — кажу, — мова такая.
    Яна:
    — Як сэрца ў вас не баліць? Пакінуць траіх дзяцей. Я б не змагла. Лепш з работы звольніцца. А ты, Макар? Ці ў вас, у якутаў, усе мужчыны так?
    — Што ты, — Макар. — Ільля ў гэтым сэнсе, можна сказаць, не якут. Якуты пат... птарха...
    Слова такое, ніяк з рота не выпхнеш. Маўляў, жанок кахаюць, каб дзяцей багата, любяць. Патрыярхальныя? Во-во. Макар, канечне, адукацыя. Разам з Янінай Савелеўнай інстытут канчаў. Што яму слова. У падручніках іх ведаеш, словы? Вось паспрабуй: гідрамэтэаралягічны. Уф!
    Як дзяцей няма, а мець хочаш, справа простая: усынаві! Я так мяркую? Якуты спрадвек: глядзяць, у каго з радні залішне. Каб мне прыйшлося, я б у старэйшага брата. Сямёра ў яго. І браць прасьцей — не чужога бярэш, і даваць прасьцей — не чужому. Ад жывых бацькоў? Вядома, ад жывых. Не чакаць жа, пакуль памруць. Гы-гы. Сваё прозьвішча даеш, калі розныя. Імя можаш новае. У нас вядзецца: старэйшаму сыну — бацькі імя. Значыць, я Віцьку Мікалаевага Ільлёй бы. Сёп.
    У вас інакш. Галоўнае: ніхто б не ведаў, што не сваё. Ну і само каб не ведала. Тайна ўсынаўленьня. Усынавяць. І ў іншы горад. У рэспубліку іншую. Тайну б тую ніхто... Вось заходжу аднойчы на пост. Яніна Савелеўна вочы выцірае. Макар пахмурны. Я адно здарэньне, другое. На ўчастку здарэньняў шмат. Супакоіліся. Як Яніна Савелеўна выйшла, Макар:
    — Ты не думай, што мы тут сварыліся. Радыё слухалі.
    Па радыё гісторыя такая. У вайну хлопчыка падабралі. Выгадавалі. Інстытут скончыў. Нармальна. Ды вось — даведаўся, што не свой. Надумаўся родных бацькоў шукаць. Напісаў куды трэба. І што ты думаеш? Знайшлі. Праз трыццаць год!
    Т-так... Слава нашай міліцыі. Я таксама думаю: нашто шукалі? Жыў трыццаць год чалавек у сям’і, родным быў... Пайшоў да тых, хто яго сысунком згубіў. Хай сабе і вайна. Сказалі б: не здолеем, дарагі. Не атрымаецца!
    Бо што выйшла? Пасьля перадачы Макар прагаварыўся раз: Яніна Савелеўна слухаць нат перастала пра ўсынаўленьне. Чужы сваім не стане, маўляў, і ўсё. А да таго зьбіраліся.
    Ты вось скажаш: што там зьбірацца? Паехаў у дом дзіцяці, раз-другі зірнуў... Не, дагор! Далікатная гэта справа. Складаная. Для іх.
    Чаму? Сёп. Сын у цябе? Сын. Які? Паказаць можаш? Во-во. Апісаць. Хаця не. Дай сам апішу. Хочаш? Слухай. Валасы ў твайго хлопца чырвоныя, скура белая. Тут ён нучча. Шчокі — калі да шчок тваіх яго кулачкі прыкласьці. Вочкі — такія, калі твае ўдвая прыжмурыць. Тут ён саха. А цэлага ўзяць: ні саха, ні ты.
    Што зробіш? Закон прыроды! Як ні старайся —такі нучча, як ты, не будзе. Бо маці саха. Ха-ха.
    У іх — наадварот. А закон той жа. Возьмуць, напрыклад, нуччу. Маленечкага, каб нічога не памятаў. Ні слова, ні знака, што ўзяты. А ён падрасьце, паглядзіць на людзей і скажа: “Маці, напэўна, родная мне, а бацька чужы”. Возьмуць саха. Падрасьце і скажа: “Бацька, напэўна...” І так далей у далейшым.
    Каб так не казаў, дзіця асаблівае трэба. Каб і саха, і нучча, і ні саха, ні нучча. А ці багата такіх дзяцей? Каб нічые былі. Га?
    Як ты мяркуеш: правільна мудрагелілі? Вось і я так: хто яго ведае. Зразумела, што гэта не так сабе. Ад вялікай павагі, ад каханьня. Прыкінь: дзесяць год удваіх, вочы ў вочы на дзікай гары. Нікога вакол. Ты б без сварак пражыў? І я. А яны жылі. Добра відаць: без сварак. Зойдзеш так, пасядзіш, паглядзіш, чайку паганяеш і бачыш: цёпла жывуць.
    Я жартам: калі так цяжка знайсьці, можа, двое браць? Адзін саха, другі нучча. Без крыўды.
    Сёп... Цяпер разумееш ты, што не варта было Ромку ў іх пакідаць? Я — не разумеў. Хай адчуюць, думаў, што з дзіцем лепш. Перабіраць меней будуць.
    Ды яшчэ цыклёны. Лета цыклёнаў!
    Толькі з Ромкам мы за парог — Яніна Савелеўна:
    — Нельга, Ільля Лукіч, на ваду зараз. Нават Макар не паверыў:
    — Спакойнае неба!
    — А бачыш...
    Тут яны на сваёй гідрамэтэамове як зачасалі — вушы я ад адной да другога — што зразумееш там. Ды калі спрачаюцца, ясна: з малым, вядома, не ў час.
    І праўда: вось жанчына! Праз дваццаць мінут: вур-р! Гром, значыць. Век такой навальніцы не бачыў. Маланка! Гром. Маланка! Гром. І ўсё паблізу. У гару нашу б’е. Ромка сьцяўся ўвесь, зрэнкі сюды-туды. У хаце цемра, маланка адна за акном.
    Што зробіш тут? Распранайся, Ромка! Шчасьце наша, што папярэдзілі. Якраз пасярод Алдана засьпела б. Там, брат, цяпер... Трымайся! Трымайся, чалавек!
    Сядзім, балакаем. Балаканьне такое: я балабоню, а гаспадары — слова-другое, і ў вокны ўтыкаюцца, з хаты выскокваюць, ды ўсё з паперай, з алоўкам. Абодва — выкручвай. Вось пацішэла. Яніна Савелеўна хустачкай твар выцірае, сьмяецца шчасьліва:
    — Дзякуй, Ільля Лукіч! У добрую часіну заехалі. Такую навальніцу запісалі! Далібог, не даў бы Ромка без вас.
    — За што дзякаваць? — кажу. — Каб пасьпеў хлопца забраць, тады б дзякавалі.
    — Вам ад нас яго не павезьці, — сьмяецца.— Лета цыклёнаў не дасьць.
    — Загадае начальства — дасьць! — жартую.
    А ноч ужо.
    — Прабачце, — кажу.— Страшна неяк. Пакіну зноў. Вы, кажу, складзіце сьпіс, дарагія гаспадары, што на госьця выдаткавана. Усё аплоцім, — кажу. — У райаддзел накірую.
    А Яніна Савелеўна:
    — Што вы, Ільля Лукіч! Які сьпіс? Глупства гэта. Аплоціцс? Нам Ромка сам аплочвае.
    І да Макара: праўда, маўляў? Макар падумаў, падумаў — кіўнуў.
    А я не магу датумкаць. Растлумачыла:
    — Ён у нас замест тэлевізара. А ну, Рома!
    Тут Ромка давай. Песьню сьпеў, верш прачытаў, гоп — у скокі. Забыў нядобрае, думаю.
    Т-так. Час ідзе. Радыёграма: “На прыстані сустракай — Сігасў”. Помніш яшчэ, хто Сігаеў такі?
    Правільна. Як запамятаеш. Мільганула прозьвішча — і няма яго. Так і я.
    Што за Сігаеў? Сёп. Чаму не сустрэць. Заліў “Нептун”, каністру ў дадатак, пашыбаваў. Мінута ў мінуту. Я з аднаго боку да дэбаркадэра, “Ракета” з другога. Там прыстань амаль пасярод Алдана. З-за мялізны.
    Сыходзіць адзін. У форме. Гы-ы, дык гэта ж сьледчы з Якуцка. Здароў! Здароў. Як жывеш? Круцімся.
    Паехалі.
    Дасьледаваньне, значыць.
    — Задала задачу пацярпеўшая, — Сігаеў кажа. — Адкуль узялася? З дзіцем! Два варыянты: водны і сухапутны.
    Я аж буркалы вылупіў: сухапутны?
    — А што? — адказвае. — Трапіла неяк на бераг зьверху. Тут Кісялёў на сваім плыце. Бачыць — гіне жанчына з малым. Прыстаў ратаваць. Саскочыў, а плыт панесла. Малаверагодна? А ўсё ж варыянт.
    — А навошта ёй уніз сыходзіць?
    — Спадзявалася на дапамогу з вады.
    — Там жа наверсе мэтэапост.
    — Я і кажу: малаверагодна, — згадзіўся. — Але ўлічы надвор’е! Прасьцей простага не заўважыць. Магла і ўпасьці. Ветрам магло садзьмуць. Ды ўсё гэта хістка. Бэнзін бар [Ёсьць]?
    — Бар, — адказваю. — Есьць бэнзін. На колькі гадзін?
    — Кілямэтраў на сто.
    — Дома бар.
    Заехалі, гаручкі, яды ўзялі. Капітан партфэль разявіў, гімнасьцёркі без пагонаў дастае.
    — Не гімнасьцёркі гэта, — рагоча. — Цемра ты ў спартыўным сэнсе. Кідай у лодку, прыдасца.
    Р-раз! Да плыта. Стаіць галубок, што яму. Абнюхаў Сігаеў, нічога не вынюхаў.
    — Скобы давай, малаток давай, — камандуе. Зьбілі бярвеньні — не скажу адмыслова: ліпела ледзь. Сьпіхнулі.
    — Трос давай!
    Зачасаў патыліцу я: як трос прывязаць, каб матору не замінаў?
    — Што мудруеш, — Сігаеў раіць. — За банку вяжы і па борце пушчай. Плынь адхіляць будзе, не бойся.
    Бачу — інакш сатамат [Нельга]. Спачатку лодку ледзь не бокам вёў. Потым — э-э, думаю, паспрабую — па прамой, носам уперад. Праўда, плыт адхіліла і трос перастаў борт пілаваць.
    Сёп. Пайшоў “Кон-Цікі” ў зваротны шлях. Гару, мэтэапост мінулі, далей. Марудна паўзём, не хапае матора. Супроць цячэньня. Сігаеў на носе, зоркі чалавек. Па фарватэры прэмся, так загадаў. Да Мегінцаў даджгалі, капітан рукой: да пасёлка вярні.
    Пачынаем распытваць. Сігаеў распытвае, я перакладчыкам. Трэба часам. Пытаем: бачылі гэты плыт? Прычальваў да вас? Экіпаж сыходзіў? Ніхто нічога не бачыў.
    Праўда, людзей у пасёлку: дзяды, малыя. Касавіца! Ды ўсё роўна: каб ведаў хто, ведалі б і астатнія.
    Наконт жанчыны з дзіцем: у вас не зьнікала? Адказваюць: не. Рускай жанчыны з дзіцем у нас не зьнікала. Бо не было.
    Скончылі апытаньне, у лодку — далей. У Хаджыме заначавалі. Ніхто плыт не пазнае.
    У Кескіле, нарэшце, сьляды знайшліся. Шкіпэр прыстані:
    — Як жа! Як жа! Швартаваўся. “Хлеб у вас прадаюць?” Зачынена крама, адказваю. “Ах, шкада, зусім скончыўся. На тушонцы адной да мора не даплывеш, згодзен?” Такі бялявы, усьмешлівы. Буханку яму даў. Няўжо замерз? А-я-яй...
    І так далей у далейшым.
    — А жанчына была? — пытаем. — Дзіця было?
    — Не, не было. Цьвёрда. Гляньце самі, ці можна схавацца на гэтым плыце.
    Вядома, не схавацца. Чаго глядзець.
    — Ясная справа, — Сігаеў кажа. — Пацярпеўшая далучылася да Кісялёва пазьней. Дзе? Гэта загадка. Сапраўды, не выключаны сухапутны варыянт.
    Я і сам так надумаў.
    Пайшлі назад, галаву ламаю. Над сухапутным варыянтам. Бо за гарой з мэтэапостам кілямэтраў на дзьвесьце ні вёскі, ні фэрмы. Тайга. Горная. Ні сенажацяў, ні пашаў.
    Разважаю, а лета цыклёнаў не сьпіць. Нешта рана цямнець пачало, думаю. Зірк на захад: хмарышча, чорная, зімовая, сьнегавая! Да нас. Даганяе. Вецер — аж мазгаўню да каленяў прыгінае. Добра яшчэ — упоперак хвалі наш шлях. А ўсё ж такі — чэсна: жудасна. Плыт жа на прывязі! Ветрам яго ў плыньню нясе. Ну, як матор заглухне? Трэскі адны ад “казанкі” маёй паляцяць. Хай сабе не драўляная. А да хаты — гадзіна, не меней.
    — Таварыш капітан! — крычу.— Мо за востраў схаваемся? Аддыхацца трэба.
    — Хавайся! — дазваляе.
    Заскочылі ў бухту, пад яловыя карані. Па фарватэры — цунамі, а ў нас любата.
    — Таварыш капітан! — прапаную.— Мо заначуем тут? Дроў навалам, кацялок ёсьць. Чайку паганяем, падрэмлем неяк.
    — Згодзен.
    І трэба ж такое — ляпнуў я:
    — Утульная ночка будзе. Акурат тая, калі пацярпеўшыя нашы.
    У Сігаева вочы як заблішчаць:
    — Акурат? Не памыляесься?
    — Розьніца, — адказваю, — адна: тая ноч белая была.
    — А як лічыш: месца не абмінём? Будзе відаць?
    — Пасьвяціўшы, будзе, — жартую.
    Ды ён усхапіўся ўжо:
    — Вецер усходні быў?
    — Звычайны: уздоўж Алдана.
    — Дзе “гімнасьцёркі”?
    Выцягнуў я.
    — Апранай.
    А сам ужо гузікі зашпільвае.
    Памацаў я — “гімнасьцёрка” паветрам надзьмутая! Для воднага слаламу. Каб не ўтапіцца.
    — Вы што прыдумалі, таварыш капітан? — пытаю. А ён на плыт.
    — Давай, — рашуча так, — вядзі на фарватэр. Дам сыгнал — адчэпісься. Ну!
    — Не, — крычу, — калі ахвота вам, заўтра. Сёньня ні ў якім разе!
    А ён голас узвышае:
    — Хто тут старшы па званьні? Я ці ты? Адчэпісься, — ужо спакайней, — ды цікуй, куды мяне панясе. Зразумеў?
    Куды дзенесься — зразумеў. Наша справа цялячая, участковая. Чалавеку з Якуцка далей відаць. Адштурхнуліся — сёп. Паплылі. Дае капітан сыгнал. Не сьпяшаюся адчапіць. “Сам адчаплюся!” — з пагрозай. Рэч зразумелая, трос на вінт наматае, апамятацца не пасьпееш. Ну, адвязаў я... Ірванула “казанка” — лягчэй матору стала, ледзь не вываліўся я. А “Кон-Цікі” зьнік. З капітанам.
    Разварот даю, шукаю. Знайшоў. Абагнаў — зноў з вачэй згубіў. Ну што тут зробіш? Вядома, маторка — не плыт. А матор глушыць нельга — ці ўдасца завесьці потым? Хаджу кругамі вакол капітана. Як борт падстаўлю — у лодку хваля.
    Ты заўваж, апошнім часам сталі па два маторы ставіць! Грошай хапае! Не адабраю. Хуткасьць больш, затое рызыка. Цяжэе карма, разумееш? На суседнім участку ўтапілі нядаўна такую лодку. Вады набрала — пайшла да рыб. Хоць і лічыцца непатапляльнай. З паплаўком разам пайшла. А мараплаўцы на пустых бачках ад гаручкі дзесяць кілямэтраў ратаваліся, пакуль на банку не выкінула.
    Сёп. Вецер хвошча, а хвалі з пенай, і цёмна так — глядзі і сюды і туды. Там камянюга, тут мялізна. Во дрэва прашархацела — з гольлем ды з каранямі. Шмат такіх Тампо ў Алдан выносіць. Во бярвеньняў зграя — плыт недзе размалаціла. Эх, ты наш маламерны флёт! Беражы! Трымайся, чалавек, за чалавека!
    Раптам цяплей стала. Хваля тая ж, а вецер сьціх. Гы, дык мы ж пад гарой! Яна засланіла. Бачу — Сігаеў з апошняй сілы на руль налягае. Зубы выскаліў, з носа вада цурчыць. І — уяві сабе: тыцнуўся плыт якраз там. Дзе трэба! Скочыў мой капітан на бераг, а плыт крутануўся і —хутчэй, хутчэй... Я за ім не пагнаўся: навошта? Заўтра знойдзем. Урэзаў лодку ў гальку, ляснуўся побач са сьледчым... ланцуг трымаю: лодку ўсьлед за плытом не жадаю. І ведаеш што? Вачам не веру: шэраньню бераг спавіты!
    — Цюцька ў цюцьку ізноў. Тая ноч,— кажу, а зубы ляскаюць.
    — Цюцелька ў цюцельку, — папраўляе, а ў самога ўхмылка — да вушэй. Дзіўная такая ўхмылка.
    Супакоіліся мал-мала.
    — Бач, якія мы малайцы, —кажа. — Цьвёрда ведаем цяпер: не, не кінула плыт на гару. Вецер не туды, плынь не туды. Усе косьці баляць, узмакрэў ажно, каб скіраваць. Тое ж самае, думаю, і Кісялёў. Вядома, саскочыць ён мог трошкі ніжэй. Пад гарою прайшоў, за сьцяну трымаючыся.
    — Чаму ніжэй? — пытаю.
    — Бо не даплыўшы ўбачыць не мог. Убачыў — а плыт пранесла ўжо. Стаў вярнуць да берага, а плынь нясе. Думаю так: мэтраў за сто адсюль ён высадзіўся. Давай пашукаем.
    Зацягнулі лодку на бераг, ліхтары запалілі, пайшл!. Не знайшлі нічога. Калі што і было, за месяц прапала.
    Пашарэла, разьвіднела — плыт шукаць. Ды не прыйшлося. За той жа востраў зачапіўся, за тое ж месца. Сёп. Гэтым разам шчэ болей яму перапала: адно бервяно зусім адарвала, будку разваліла. А Сігаеў і цешыцца.
    — Цьвёрда можна сьцьвярджаць, што і ў першы раз плыт на камень трапіў пасьля таго, як Кісялёў пакінуў яго. Значыць, ён пакінуў плыт не таму, што цярпеў крушэньне. Кісялёў ішоў на дапамогу. Перад намі факт гераізму. Абавязкова напішу. У газэту.
    Гы, дык гэта ж Сігаеў той, што  нататкі друкуе! Сёп.
    — А яшчэ, — капітан кажа, — варта адзначыць, што пацярпеўшы засьведчыў: можна плыць па Алдане на спартыўным плыце. Нават такога памеру. Дарэмна толькі адзін. Вось каб два хаця такія плыты, разам...
    Дык ведаеш, сёлета, тыдзень назад: да нашага пасёлка — аж тры. Плыты! Кропля ў кроплю “Кон-Цікі”. На сярэднім — гляджу: капітан. Я, сьмяецца, цяпер і капітан двойчы: міліцэйскі, суднавы.
    Ну, гэта сёлета. А тады...
    — Будзем, — сурова так, — сухапутную вэрсію распрацоўваць.
    Наказаў дзіця ў Якуцк адаслаць, паехаў.
    Так вось. Ізноў па Ромку! Дачакаўся добрага дня, яды ўзяў, бэнзіну: з паста — на прыстань, разьлічваю. Дадому не заяжджаючы.
    Каб не сеў за чай, забраў бы, відаць... Чай справа доўгая. Кубак адзін, другі. Там трэці. Расказваю, як з капітанам плавалі. У Яніны Савелеўны вочы — во! Навошта вы, кажа, так? Ну, растлумачыў я...
    — Дык што ж, — пытае, —цяпер зусім надзеі няма?
    — На што?
    — Ромкавых родных знайсьці.
    — Мала надзеі, па-мойму, — адказваю.
    — У хлопца бацька недзе, — голас Макар падае. Сярдзіта неяк.
    — Здараюцца дзеці і без бацькі. — Гэта Яніна Савелеўна. Як быццам спрачаюцца. Ромка ў нас пад нагамі сюд-туд, мячык ганяе.
    — Няўжо нічога — пытаю,— не даведаліся ад хлопца?
    — Як вам сказаць, — Яніна Савелеўна задумалася, — мала, вельмі мала. Цьмяна горад успамінае: вялікія дамы, машыны. Для дзіцяці такі стрэс.
    — Тут і ў дарослага б памяць адбіла, — гэта я. — Што ж, Раман Чыевіч, час.
    Выходзім... Што за навалач? Сьцяна дажджу над Алданам. Гара сухая, прыступкі сухія, а да вады, да лодкі не падысьці. Першы раз такое здарэньне... Перахрысьціўся б, каб ведаў, як гэта робіцца: злева направа ці справа налева. А шуму-шоламу! Шыпіць Алдан, кіпіць Алдан, на вадзе пухіры качаюцца. Пырскі ў твар... Неба чарнее, кроплі, гляджу, увачавідкі цяжэюць. Град! Лодка мая аж енчыць — ду-ду-ду! Ду-ду-ду!
    — Ах, Яніна Савелеўна, — крычу, — праўду казалі вы: не дае лета цыклёнаў! Як у ваду глядзелі!
    — Кожны дзень у ваду глядзім, — усьміхаецца. Маркотна ўсьміхаецца. — На тое гідролягі. А гэты град хутка міне. Не варта непакоіцца, Ільля Лукіч.
    Я ўжо верыць прывык. Сапраўды: змыла хмару, сонца на ўвесь сьвет.
    — Болей сёньня нічога такога не будзе. Вязіце. Адвярнулася. Я Ромку на рукі, да лодкі. Дно ад граду белае, выграбаць няма калі. Растане. Ромка ў гумавых, нічога. Раптам як румзане!
    — Не хацу вада, вада, не хацу вада! Не забыўся, значыць.
    — Вада! Вада!
    Тут падскоквае Яніна Савелеўна, вырвала Ромку:
    — Не плач, сынуля, не плач! Не паедзеш нікуды, не аддам я цябе!
    І — у хату.
    Я на Макара... Ён вочы ўбок, потым глуха:
    — Едзь, Ільля. Не катуй душу.
    Ірвануў я шнур, лячу па Алдане, думаю: пра чыю душу Макар? Яніны Савелеўны ці сваю? І ў чым катаваньне: што забраць не магу ці забраць гражуся?
    А назаўтра сам прыяжджае. Есьць у яго маторка нічога. Ну ды ён якут аласны — такіх багата. Стэпавік. Вады баіцца. Я таксама баяўся. Аднак без лодкі на ўчастку маім рачным... Не работа. І Макар, як ні круці — хаця б па крупы ў магазын. Паціху ганяе ўсё ж. Раз у месяц.
    — Што, Макар, па цукар?
    — Цукрам, — кажа,— не ўсё пасалодзіш... Пусьці ў хату, пагамонім.
    За стол селі, чайнік на стол. Макар адзін раз, другі сербануў... Бачу, чай у рот не ідзе. Нядобрае нешта.
    — Ромку, Ільля, Яніна ўсынавіць хоча, — і шклянку адсунуў.
    Я, прызнацца, не чакаў. Я ж казаў, якога дзіця шукалі. Ромка — чысты нучча, саха — анізваньня.
    — А ты? — пытаю.
    — Я? Я, — памаўчаўшы, — іншай думкі.
    Т-так. Лета цыклёнаў... Да бяды давяло. А можа, я давёў? Я Ромку на мэтэапосьце пакінуў, я не забраў.
    — Ты мне даруй,— прашу.
    Вось ты думаеш, не бяда. Не думаеш? І я. Бяда! Яны ж у космасе быццам двое. Кожнае слова: ці крылом за плячмі, ці на нагах гірай. А тут не слова.
    — Табе? Што табе дараваць? — зьдзівіўся. — Тут мая віна.
   Расказвае:
    — Мы з Янінай у інстытуце пажаніліся. Таму разам сюды трапілі. Пакуль вучыліся — вядома, пра дзяцей гаворкі не было. Ну вось, паехалі па разьмеркаваньні. Пост атрымалі. У поўнае распараджэньне. На пастах такога клясу павінны чатыры працаваць. Ды ніхто не затрымліваўся, акрамя нас. А нам што? Маладыя былі, кахалі...
    І так далей у далейшым, расказвае. Першую зіму і перазімавалі без аніякага. А як другая пачалася, Макару тэлеграма: на вясельле брат заве. У наш з Макарам раён. Кілямэтраў трыста адсюль. Ну, Макар і паехаў: Яніна Савелеўна адпусьціла.
    — Каб на шостым месяцы, пятым была, я б не паехаў. А на чацьвёртым — не заўважна неяк было.
    Дабраўся да Улахан-Ціта, а там — два вясельлі. Спачатку братава, праз дзень —тваё. Памятаеш — я на тваім вясельлі быў?
    — Памятаю,— адказваю.
    — Правяселіў тыдзень з гакам. Вяртаюся — ледзь жывая Яніна, у ложку. Зводкі два дні не адсылала.
    — Чаму ж так? — не разумею.
    — А ты гаспадарку нашу гідралягічную бачыў? — гэта Макар.
    Бачыў, вядома, паказвалі. Цэлы сьвіран прыладаў.
    — Усё гэта цягаць, думаеш, лёгка? А лёд сьвідраваць? Лёгка? А ваду з Алдана па сьлізкіх прыступках наверх... А дровы...
    — І што ж,— пытаю,— болей ужо не было?
    — Два разы было, — гэта Макар,— з тым жа вынікам. Бо жаночы арганізм пашкодзіць нядоўга. Асабліва ў нас, на поўначы. Мяне кідай, калі Ромкі не хочаш, — Яніна кажа.
    — Дык што: кінеш?
    Макар уздыхнуў.
    — Іншай жонкі мне не трэба. Ды і сына іншага.
    Такая размова...
    — Ты ж сам супроць, казаў.
    — Я не казаў, супроць. Я іншай думкі, казаў. Чаго я буду супроць? Што за роднага лічыць не стане? Толькі б бацькам лічыў. Мы ж Ромку на ногі паднялі — згодзен?
    — Шчэ як, — адказваю.
    — Жыцьцё вярнулі, можна сказаць. А ці вялікая розьніца — вярнуць жыцьцё, даць жыцьцё — нарадзіць?
    — Ты гэта ад чыстага сэрца? — правяраю.
    Яшчэ ўздыхнуў.
    — Ад чыстага.
    — А думка твая? Іншая?
    — Думка мая — гэта просьба мая да цябе, Ільля. Адно з двух дакажы: ці хлопец нічый, ці ёсьць усё-такі чалавек, які на яго прэтэндаваць можа.
    Такую задачу паставіў. Цьвярозы чалавек! Пэўнасьць патрэбна. Ды і хто ўсынавіць дазволіць, калі хоць якое сумненьне ёсьць? Сёп. А я што магу зрабіць? Наша справа ўчастковая... Свой участак аблазіў, нічога няма. Узяў яды, бэнзіну, уніз — тр-р-р! Да суседа-ўчастковага. Камароў там камарыць... Апавядаю.
    — Не-е, —у расьцяжку так: заўсёды так... — Жа-анчына з дзіцем у нас не пра-ападала. А от дзя-яўчына без дзі-іцяці нібыта пра-апала.
    — Чаму “нібыта”? — гэта я.
    — Та-аму,— ну хопіць, чаго я крыўляю...— Таму, што невядома: прапала ці не прапала. Да Ларывона старога ўнучка з Хандыгі зьбіралася. Тэлеграму дала: сустракай на прыстані. Ну, “Ракета” прыйшла, а дзяўчыны няма. Ні ў той дзень, ні пасьля.
    — То, можа, у Хандызе яна? — гэта я.
    — Няма яе ў Хандызе. Адпачынак узяла.
    — З Хандыгі яе ніхто не шукаў?
    — Хто будзе шукаць? Незамужняя.
    Тр-р-р! Да дзеда. Далёка, д’ябал... Сто з капейкамі адсюль. Вёсачка там такая: памірае. Звычайная зьява сыбірская. Шмат дамоў забіта ўжо. Пяць-шэсьць жывых. Старыя па іх. Моладзь, нават сярэдняга веку, — у гарады, райцэнтар.
    Такі старажытны дзед... Сектант. Усе яны такія. Я ў хату, а ён мяне — вон. Ну, пасьпеў-такі я на сьцяне фота разгледзець. Яна... Паклікаў дзеда. Выйшаў.
    — Загінула ўнучка твая, — кажу.
    Жалезны дзед. Перахрысьціўся — двума, сьлязіну пусьціў — і ўсё.
    — Бог даў, бог і ўзяў, — навучае. — Мне даўно яўленьне было: патанула Манька. Я ўжо аплакаў,
    — Не патанула, — папраўляю. — Замерзла.
    Расказваю. Ды бачу, нецікава старому. Занадта стары.
    — Бог даў, бог узяў,— паўтарае. — Жонку ўзяў, сына ўзяў, нявестку ўзяў. Цяпер унучку. Хутка і я туды ж.
    Ды так горка:
    — Казаў я ім: не едзьце ў сьвет! Не прыме вас! Не паслухалі. Вось і адплата. Жылі б, пажывалі.
    — Цярэнцій Сілавіч, — пытаю, — а як жа з хлопчыкам? Будзеце выхоўваць ці не?
    Як ускінецца:
    — Я? Байструка гадаваць? Гэта ж трэба: без законнага мужа завяла. Бязбожная! Тры гады, як дзіця нарадзіла, а мне няведама! Ад цябе першага чую!
    Потым дзед пацішэў:
    — Не мяркуй, салдацік, што прад табой змій падкалодны. Маё зло ад гора майго. Адзін паміраю. Дзіця бязгрэшнае рад бы ўзяць. Ды тэрмін скончыўся мой. Хай дзяржава паклапоціцца. Спатрэбіцца ёй.
    — Што ж, — кажу, — тады, калі ласка, заяву: прашу органы народнай асьветы ўзяць на дзяржаўнае выхаваньне майго ўнука...
    — Праўнука, — падказвае.
    — Праўнука Сізых Рамана Макаравіча.
    — Спакусьнік вядомы, выходзіць? — з пагрозай так. — Што за Макар?
    — Ды не, — тлумачу. — Прыдумаў зараз. Каб дакумэнт поўным быў.
    Тут дзед пажартаваў:
    — На беднага Макара ўсе шышкі валяцца.
    Накрамзоліў Сізых, падпісаў, з цвёрдымі знакамі на канцы: да семнаццатага года вучыўся. І я гэтую паперку павёз. Закончыў справу, можна сказаць. На магіле пірамідку паставіў: Сізых Марыя Дарафееўна. Гады жыцьця. Як належыць. Дваццаць тры гады. Малавата.
    Ну, балабоню, язык замлеў. Як чай там, застаўся яшчэ? Нічога, хай халодны. Тэін-кафэін. Палавіна твая, відаць, ужо трэці сон глядзіць. Люблю гаварыць. Калі слухаюць. Не ўсякі слухае.
    Т-так... Ну, тут ужо амаль нічога. Лета скончылася. Цыклёны скончыліся. Другое лета пачалося. Бабіна. Цяплынь такая — загарай.
    Дарога высахла, Макар у раён. Вярнуўся — спакойны, задумлівы. Пашпарты паказвае: у яго і яе — сын, значыцца. Такога, маўляў, года нараджэньня. Дзень нараджэньня прыдумалі: летам. У той самы, як знайшлі.
    Вось што я нарабіў! Ад шырокай душы. Ты не сьмейся. Я сябе не хвалю, лаю. Бо за што хваліць? Мог жа ў Хандыгу. Дзень бы страціў — і ўсё. А т-так...
    — Заходзь да нас, —Макар кажа — Не забывай. Яніна табе рада будзе.
    Ну што ж... Міма стракатаў — чаму не зазірнуць? Падымаюся на гару, уваходжу. Стаўлю плашч, як належыць. Не разгледзеў: сядзяць, як на памінках. Думаў, проста сядзяць.
    — Як жыцьцё? Раман Макаравіч дзе? Што вырабляе? — бадзёра так.
    Маўчаць.
    — Што-небудзь здарылася? Га?
    Тут Макар:
    — Забралі Рому, кхы, кхы, кхы, — асіп.
    — Хто забраў? Чаму? — начальства з інструкцыямі намудрагеліла, думаю. — Што за лаўкач? Я за цэлае лета не змог, а тут з першага заходу? — жартаваць спрабую.
    Не да жартаў людзям.
    — Бацькі Ромавы забралі. Гадзіну назад. Прызнаюся: у вачах паплыло. Бацькі! Такі брак у рабоце. Справу да канца давёў! Гультаіна. Т-так... На тое вышэй стаяць, каб памылкі нашы выпраўляць. Малайчына Сігаеў. Не кінуў на палове шляху. Сапраўды да канца давёў. Знайшоў “Ракету”, з якой дзіця ўпала і дзяўчына скочыла. Надвор’е кіслае было, усе ў салёне. За хлопцам бацька з маці не пайшлі. Сам вернецца, маўляў. А ён на борт узьлез — тут “Ракету” страсянула, ці мо ветрам. Маша ўсьлед. Ніхто не бачыў. “Ракета” — ведаеш, якая хуткасьць? Пакуль гэтыя бацькі спахапіліся, кілямэтраў дваццаць праляскатала. Ну, прайшла “Ракета” назад, пакруцілася — няма. Бо на ваду, не на бераг глядзелі. Прыцемак. А што Маша зьнікла — ніхто ўвагі не зьвярнуў. Адна ехала.
    І вось скажаш ты... Два чалавекі з-за дзіця на той сьвет. Два іншых на ўсё жыцьцё не разлучыліся ледзь. А дасталося дзіця трэцім. Тым, праз якіх уся бяда. А што зробіш? Бацькі!
    А ты б на месцы Сігаева тых бацькоў шукаў?
    Трэба ж — знайшоў!
    — Выпадак. Які недарэчны, — кажу.
    А Яніна Савелеўна як заламае рукі:
    — Не выпадак! — крычыць. — Не выпадак! Гэта кара мне! За здрадніцтва кара.
    А потым:
    — Ці даруеш мне калі, Макарушка?
    І — з пакою.
    Ну — лаві, зьбірай, адпачывай. Другая гадзіна... Намалоў. Сёп. Чай? Не трэба. Сумна стала. Паеду. Як успомню лета цыклёнаў — сумна. Заўсёды так.
                                                                       * * *
    Я наваліў на агонь сушняку са сьмешнай надзеяй, што ён асьвеціць шлях майму субяседніку.
    Зрэшты, у гэтым ужо не было патрэбы. На поўначы, за начной чарнатой прыалданскіх гор, пакрысе разгаралася полымя блізкага раньня. Невымерны нябесны кій з трох зорак на ўсходзе раставаў.
    Жвавы ветрык падхопліваў дым майго разьятрэлага вогпішча і нёс на той бераг пратокі. Там яго сустракаў грабянец астраўнога першабытнага ельніку. Пратока поўнілася дымам маім, як туманом.
    Я ўладкаваўся на дошцы каля агню, падклаўшы над галаву бярозавы ўцінак. Можна было, вядома, спаць і ў палатцы, ды не хацелася незнарок разбудзіць “гаспадыню”, кажучы словамі Ільлі Лукіча. Намардавалася яна за мінулы дзень. Праўду кажучы, я так-сама, таму і спадзяваўся заснуць на дошцы.
    Але сон да мяне не сьпяшаўся. Каб не зьмерзнуць, я падсунуў дошку бліжэй да вогнішча і раз-пораз расплюшчваў вочы, баючыся дурной іскры. Было ўжо са мной такое.
    Задоўгае апавяданьне гаваркога ўчастковага стаміла, і я крыху злаваў, што расказвае так падрабязна; цяпер жа, калі яго немагчыма было вярнуць, — шкадаваў, што ён скамячыў фінал. Мне хацелася ведаць, чым усё ж такі скончылася драма на тым беразе Алдана, бо ў расказаным не было канца. Сапраўды: што нарабіла лета цыклёнаў з героямі гэтай гісторыі, да чаго прывяло? Ці ўсынавілі іншае дзіця і, калі так, то якое? Ці жывуць, як жылі? Ці зусім не жывуць разам? Усякае бывае. На тое і лета цыклёнаў.
    Мне ўявілася, як мая зямлячка выходзіць раньнім ранкам ці позна вечарам на сваю гару і глядзіць на непразрыстую роўнядзь Алдана, чакаючы — чаго?
    Негасьцінная, няўтульная рака.
    Не хапіла ёй моцы, відаць, каб перамалоць у пясок сваё гліністае ручво, змыць навек у акіян змрочны ваўчыны ельнік берагоў і астравоў.
    Нездарма ў мінулым стагодзьдзі тут пасялялі палітычных выгнаньнікаў. Мы прыехалі для таго, каб знайсьці дворышча аднаго з іх.
    Дбайна вывучыўшы мэмуары ссыльнага, я прыйшоў да высновы, што юрта яго стаяла якраз насупроць Хальджая, на канцы вялікага поплава, непадалёк ад пясчанай гары, што крута спадае ў Алдан. Пакуль усе гэтыя зьвесткі перакладаліся старому Савіну, поплаў ператварыўся ў балота, а гара адскочыла ад Алдана на некалькі кілямэтраў. Савін сказаў: “Ведаю!” — і адвёз нас па сваіх меркаваньнях.
    Калі ішла гутарка, мне часта чулася “бадран”, але я не зьвярнуў на гэта належнай увагі. І вось, калі лёскат савінскай маторкі заціх, мы агледзелі, што апынуліся на ўскрайку бадрана — гнілога балота з чэзлым падлескам. Дарогі ад берага не было, а сам бераг, парослы жорсткай і густой — да грудзей! — травой, быў занадта вільготным, каб на ім начаваць.
    Запешчаны сонечнымі, шаўковымі пляжамі Лены, я спачатку адчуў злосьць, якую тут жа выплюхнуў на перакладчыцу, а потым — адчай. Задума наша не спраўдзілася, і замест цікавага пошуку мы вымушаны былі да заўтрашняй раніцы невядома што рабіць у гэтым гнілым месцы. Зрэшты, справа знайшлася: барацьба за існаваньне.
    Мы сьцягалі дровы з усяго даступнага навакольля і выпалілі пляцоўку. Потым перанесьлі вогнішча, а высмаленае месца заслалі лазовым гольлем. Зьверху паставілі палатку. Цяпер у ёй можна было спаць.
    Усё было зроблена правільна, як кажуць, “па розуме”. Ды і ноч надарылася не надта стылая. І я не разумеў, адкуль узьнікла ўва мне прадчуваньне трывогі.
    Можа, страшыла тайга, змрочны сьвет якой так блізка сунуўся да нас, да агню і палаткі? Нешта хрумснула ў гэтым сьвеце. Казалі, тут, у бязьлюдным кутку, сустракаюцца мядзьведзі. Рука пацягнулася да тапарышча.
    Я ляжаў без сну на падсохлай дошцы і, канечне, ведаць не мог, што слаўны стары не заўважыць заўтра тапляк, што жардзіна трапіць пад вінт, і Савін падрулюе да нас самлелы ад болю, з рукой, перабітай махавіком. Што стану я перад нялёгкім выбарам: ці даверыць жыцьці нашы адной сцалелай руцэ сямідзесяцігадовага Савіна, ці кіраваць маторкай самому, а справе гэтай, як шмат чаму іншаму, не навучыўся. Веславаць жа супроць плыні Алдана...
    Канечне, я гэтага ведаць не мог. Трывогу маю прынесла мне расказанае пра лета цыклёнаў.
    Цішыня.
    Ды сьпее ў далечы мораў, расьце ў глыбіні нябёсаў нядобрая сіла. Незразумелая, неадольная.
    Трымайся, чалавек! Трымайся, чалавек, за чалавека!

                                                 ВОЛЬНЫЯ  ПТУШКІ
                                              І вось чарада ўзьлятае,
                                              З шумам раскінуўшы крылы, з крыкам нясецца да лесу,
                                              Быццам разьвітваючыся са мной. І другая
                                              Проста ад ног узьнялася. Бывайце, бывайце!
                                              Трэцяя скача з зямлі ў паветра. Далей і далей
                                              Птушкі ляцяць, і сонца праменьні касыя
                                              Іх заліваюць і ў колер фарбуюць ружовы.
                                                                                                                       М. Забалоцкі
    Мерна цюкаючы, як дзяцел, сякерай, Атарба не адразу пачуў за лесам маторны гуд. Пачуў — узьняў непраходную, бы зімовы аюр [Аюр (якуцк. “ойуур”) — малады лістоўнічнік, звычайна густы, як збожжа] абкладзеную бельлю чупрыну: самалёты над яго аласам лёталі рэдка, гэта ён пасьпеў заўважыць. Куды ляціць?
    Самалёт не паказваўся: вуркатаў, вуркатаў сабе за гарызонтам, нібыта забуксаваў. Атарба зразумеў нарэшце: праўда, буксуе. Канечне, ніякі не самалёт. Машына скуголіць. Там, у гайку, якраз бадран. Але каму спатрэбілася Атарбова глухамань? Нікога Атарба не чакаў.
    — Дзяніс!
    З юрты, угнуўшы голаў, выкуліўся сын — як звычайна апошнім часам, змрочны і злы:
    — Чаго?
    — Машына на ўзьлеску загразла. Схадзі, падмажы.
    — Яшчэ чаго! Кілямэтар трапаць, каб дурня з балота выцягваць.
    — Чаму дурня?
    — Ці ж разумны ў балота палезе?
    — Схадзі, схадзі. Мо нявесту табе вязуць.
    У далёкім гайку мільганула нешта прысадзістае. Праз хвіліну яно вымкнула на адкрытую мясьціну і асьцярожна спаўзло ў алас.
    — Сам вывернуўся! Глядзі ты. Хто б гэта мог? З начальства?
    — Таксі! — раздражнёна кінуў Дзяніс.
    — Які таксі?
    — Звычайнае. Гарадзкое.
    — За сто сорак ад горада? У тайзе?
    — Зялёнае. Шашачкі на баках.
    Атарба прыставіў далонь да вачэй. Закарэлая скура рукі бы рашпілем драпнула лоб.
    — Во зрок! Адным, што двума. Без розьніцы! Твар Дзяніса перасмыкнуўся ад злосьці.
    — Калі ты скончыш зьдзекавацца! Бацька яшчэ! Ён сьцяў кулакі і пайшоў у юрту. Атарба сумеўся і быў памкнуўся за ім, але машына пад колер маладой лістоўнічнай ігліцы набліжалася. За ёй, нібы даганяючы, курэла зьмяя пылу. Атарба старанна абтрос са штаноў трэскі.
    Над вухам, пералятаючы з юрты на сэргэ [Сэргэ — конавязь (якуцк.)], віскнула сылгы-чычага — “конская птушка”, белая плісачка, якая так любіць сяліцца каля чалавека. На пачатку лета, калі Атарба праз доўгія гады прыйшоў на пустое дзядоўскае котлішча, іх і званьня не было. А ўладкаваўся — на табе: дзятву пасьпелі выкарміць. І вераб’ёў наляцела. Адкуль?
    Таксі рэзка асела наперад. Пыл нарэшце дагнаў яго і ахутаў. Тры тыдні дажджу не было. А бадран на ўзьлеску не высах.
    З машыны ступіла бялявая спрытная жанчына год дваццаці пяці, у вузкіх шэрых штанах. Яна павольна павярнулася, разглядаючы селішча Атарбы. Атарба ўсьлед за ёй і сам агледзеў усю сваю маёмасьць: юрта з прыбудовай для жывёлы — даўно пустая, а пах гною яшчэ стаіць; непапраўленая агароджа; абрынутая лядоўня — усё тут трэба было правіць, не хапала часу на ўсё.
    Прыежджая падняла вочы вышэй, і Атарба разам і ёй нанова акінуў позіркам алас: трава як трава. Без кветак заморскіх. Возера як возера. Карась ёсьць, купацца нельга.
    Нічога цікавага для маладзіцы — такой гарадзкой, бялявай — не было. Зблудзілі, відаць.
    Але маладзіца ссунула танюсенькія — у тры валаскі бровы, торкнула Атарбе складзеную ў два разы паперку, сама да шафёра:
    — Багажнік!
    Атарба разгублена разгарнуў:
    “Да ўсіх арганізацый і грамадзян.
    Просьба аказваць усялякую дапамогу таксыдэрмісту А. I. Грошавай. Тав. А. I. Грошава выконвае важнае заданьне філіяла Акадэміі навук і Рэспубліканскага краязнаўчага музэю.
    Ад філіяла АН СССР...
    Ад Рэспубліканскага краязнаўчага музэю...”
    Далей ішлі не надта разборлівыя подпісы.
    “Таксі-дырэктар, — пераклаў для сябе незнаёмае слова Атарба.— Не дзіва, што таксі па тайзе ганяе”.
    — А гэты як тут апынуўся? — пачуў Атарба ззаду голас Дзяніса. Не ўцярпеў-такі. Вылез!
    — Ты пра каго?
    — Пра каго ж яшчэ. Бэлеркэ!
    Пакункі і скрынкі з багажніка выстаўляў малодшы Атарбы! Чаму? Ён жа ў рачное паехаў здаваць. Няўжо экзамэнаў так мала?
    Але Атарба быў не з тых людзей, што сьпяшаюцца і роспытам.
    Таксі-дырэктар адлічыла вадзіцелю жменю паперак — не грошай, менавіта паперак! — гэта Атарба добра бачыў. Шафёр незадаволена забурчэў пра дарогі, на якіх д’ябал балёны спусьціць і па якіх назад прыйдзецца перці аднаму, без пасажыраў. Бялявая працягнула яму яшчэ некалькі паперак, праз апушчанае шкло паляпала па плячы. Завыў матор, і праз хвіліну там, дзе стаяла таксі, у пыле падскоквалі няўмекі хадзіць — вераб’і.
    — Чай пастаў.
    Дзяніс без ахвоты пабрыў да зьбітай насьпех летняй кухні — яны з бацькам пасьпелі ўжо папалуднаваць. Але звычай ёсьць звычай: першая справа, калі паяўляецца госьць — даць падсілкавацца.
    Бэлеркэ па знаку таксі-дырэктара стаў пераносіць яе маёмасьць — не ў юрту, а пад невялічкую павець, якую Атарба наладзіў учора, каб не ляпаць сякерай на пякучым сонцы. Падобна было, што прыежджая наважылася акапацца ў майстэрні Атарбы грунтоўна: так акуратна адну да адной ставіла рэчы.
    Даўгалыгі Бэлеркэ, як пушынку, ускінуў на плячо кардонны пак. У тым нешта бразнула. Бялявая з трывогай:
     — Асьцярожна!
    Ходзячы міма, Бэлеркэ ўвесь час адварочваўся ад бацькі, быццам яго за цуглі цягнулі.
    — Ты чаго? Мо паступіў? — не ўцярпеў Атарба.
    Сын нехаця прыпыніў крок.
    — На першым зрэзалі. Фізыка.
    — Так, так, — радасна выскаліўся Атарба. — Дык чаго кіслы?
    — Мамка ўсердавала. Бачыць мяне не хоча. Хлопец, здавалася, зараз зарумзае.
    — А да гэтай як прыстаў?
    — Дырэктар саўгаса праводзіць сказаў. Дарогу паказаць.
    — Нічога. Пражывеш і без мамкі.
   Атарба па-маладому выпрастаў плечы: перамог! Не выйшла ў жонкі. Ды яшчэ памочніка атрымаў, хай сабе і благога. Навучым! А там — чаго добрага — мо і таксі-дырэктара ўдасца да катла прыстасаваць. Яна ж у адпачынак, пэўна. Паперка — глупства, каб паважалі болей. Якое-такое важнае можна рабіць тут, у Атарбовым аласе, для Акадэміі навук?
    Адна загваздка: чым карміць яе, цацу гэткую? Нічога ж няма: мука ды карасі. Ні цукерак табе, ні малака хаця б. Адно сухое — каб чай забельваць. Уцячэ, напэўна. “Што ж, — весяліўся Атарба. — Праводзім з музыкай. Дзяніс транзыстар мае”.
    Атарба яшчэ раз глянуў на госьцю і вохнуў: тая распасьцірала крылы вялізнай чорнай птушцы з гарбатым наростам на носе. Анды [Турпан (якуцк.)]! Самая вялікая, самая смачная качка. Колькі лаўцоў дубее начамі ў чаканьні вясеньняга іх прылёту! Ды даўно ўжо не высьцілаюць гнёздаў сваім аксамітным пухам анды ў ваколіцы. Занадта людна, дарожна, машынна стала. Ляцець — ляцяць: увесну — на поўнач, увосень наадварот.
    І вось — побач недзе, на дарозе, лічы, дзеўка! — здабыла анды. Канечне, яна, не Бэлеркэ ж — з маленства баіцца стрэльбы.
    Тут жа на рукзаку, самаздаволена паблісквала прылада, што ўкараціла век гарбаносаму птаху — зграбная, як гаспадыня, малакаліберка з аптычным прыцэлам. З такой і на дзеда [“Мядзьведзь” і “дзед” па-якуцку гучаць аднолькава — “эгэ”] пойдзеш, для птушкі яе вострадзюбай кулькі, бадай што, занадта. Не, не звычайнай асфальтавай фіфай была бялявая госьця. А гэта што? Яшчэ адна вінтоўка! Духавая, ці што? І таксама з аптычным. Так, узброеную жанчыну можна паважаць. А калі таксі-дырэктар аднекуль з-пад ног падняла другога анды, Атарба ледзь не ўскрыкнуў: “Хо!”
    — Аднак, — адважыўся ён пажартаваць, падыходзячы, — паляўнічы сэзон яшчэ не абвешчаны.
    — Для навуковых мэт,— суха адказала бялявая.
    “Для навуковых ці іншых, а скубці будзеш сама.
    Ці мо Бэлеркэ запрэгчы?» — разважаў Атарба: няёмка неяк госьцю “прыстасоўваць” з першай хвіліны. Ды і хто яе ведае, ці прыстасуеш?! Прыгледзецца трэба. Ну, Бэлеркэ...
    Але таксі-дырэктар узваліла цяжкую птушку на несамавіты варштат Атарбы, разьвяла на хрыбціне чырвона-жоўтым пазногцем пер’е і без націсканьня кранула прабор вузкім лязом цацачнага нажа. Скура анды адразу паехала ў бакі, як па шве перапрэлыя чорныя штаны; праз доўгую прарэху — ад крыл да хваста — бліснула тлустая плоць. Жанчына ўпілася вачмі ў разрэз; для вернасьці нават зьняла люстраныя акуляры — Атарба аж цокнуў языком: ці не свая сястра? Не падумаў бы: з тропу зьбілі белыя кудлы.
    Лякіраваныя кіпцікі левай рукі асьцярожна зашыліся пад скуру птушкі; у правай злавесным сонечным зайчыкам скакаў скальпэль. Атарба як зачараваны сачыў за кожным рухам спрытных пальцаў. Нешта хрумснула, храснула, і з пер’я на сьвет зьявілася голая птушка — без галавы і лап. Гэтакі ж лёс праз хвіліну напаткаў і другога анды. Жанчына адкінулася на услоне і апусьціла рукі, як пасьля апэрацыі хірург. На іх не было ніводнай кроплі крыві.
    — Можаце ўжываць у ежу. Гатуйце.
    — А вы...
    Атарба хацеў запытацца, ці будзе “ўжываць у ежу”, яна сама, але бялявая зразумела яго інакш:
    — Мне яшчэ скуркі апрацаваць.
    І калі праз гадзіну згатаванае мужчынамі сёрбава было на стале, адмаўляцца не стала. У юрту ўвайшла, несучы загорнутае ў газэту, падала — Атарба раздраў “Известия”: “Сьпірыдон Іванавіч”! Сьпірт! Гэта быў гасьцінец царскі: у саўгасе на час сенаўборкі дырэкцыя зьмяла з магазінных паліц усё сьпіртное, а каму ж не вядома, што касавіца ў Якуціі канчаецца са сьнегам. І хаця да сенаўборкі саўгаснай не меў ніякіх адносін, вымушаны быў пасьціцца і Атарба, бо не паедзеш жа ў горад за паўлітэркай.
    Калі зрабілася ясна, што таксі-дырэктар застаецца, Атарба з прыкрасьцю падумаў: чаму не мужчына? Марная справа чакаць ад дзеўкі такога. І вось — на табе.
    Атарба наліў сабе і ёй у алюмініевыя конаўкі, плюхнуў у сваю вады і замахнуўся чарпаком да посуду госьці, але тая адвяла чарпак:
    — Не разводжу.
    Яна падняла конаўку і павольна працадзіла скрозь сьцятыя зубы сьпірт. Захоплены гэтым відовішчам, Атарба не заўважыў, як і сам перакуліў у горла цеплаватую вадкасьць. Вочы палезьлі на лоб: малавата дадаў вады. А гэтай чысты сьпірт — вада!
    — Хлопцам чаму не наліваеце?
    — Бэлеркэ? Э-э. Малады яшчэ!
    — Другі, відаць, сталы.
    — Дзяніс сваё адпіў. Баста! Жаніцца будзе —у рот не возьме.
    — Што ж так?
    Атарба зірнуў на сыноў. Абодва засяроджана працавалі лыжкамі, не падымаючы галоў.
    — Бацьку не слухаў. І даскакаўся.
    Дзяніс варухнуў губамі, але Атарба ўжо ступіў на сваю пратаптаную сьцежку:
    — Ты маўчы! Сорамна стала? Не саромеўся, як пад платамі поўзаў. Усё раскажу, усё!
    Дзяніс кінуў лыжку і перасеў у дальні кут юрты, на арон [Арон (якуцк. “орон”) — драўляныя нары. У юрце ідуць уздоўж сьцен].
    — У школе вучыўся — хлопец як хлопец быў. А з арміі вярнуўся — адно на языку: не хачу ў вёсцы жыць. А чаму б не жыць? Працы ў саўгасе хапае, зарабляюць людзі — дай божа кожнаму з тых, хто асфальты прасуе. Ідзі ў трактарысты, кажу. Ды маці: я трыццаць год у вёсцы гібею, хочаш, каб і дзеці твае. Навуськала! Паехаў. У аўтаінспэкцыю запісаўся. Што ж! Таксама справа. Інтэрнат далі. Форма, аклад. Расьці можна, каб галава. Ды горад — не цётка. Там сачы і сачы, і за сабой, і за ўсім, што вакол. Дружбакоў назьбіраў адпетых нейкіх. Дарваўся да гарадзкога жыцьця! Што думаеш? Дагуляўся неяк: выпадковага чалавека на вуліцы пабіў.
    — Бацька! — прастагнаў Дзяніс.
    — Сядзі, сядзі. Слухай. Паехала маці, замяла неяк. Сувязі там у яе. Судзіць не судзілі, а з міліцыі - бывай здароў. Ну, пытаю, што рабіцьмеш? Шафёрыць, кажа. Добра. Спэцыяльнасьць. Саўгасу патрэбная. Паслаў у аўташколу. Без гэтага ж нельга цяпер. Трыста пяцьдзесят за навучаньне. Інтэрната — няма. У старога сябра ўладкаваў на тыя пяць месяцаў. Трымайся ж, кажу. Трымаўся: месяцы тры. Ды ўжо сапсаваў горад, не дацярпеў! Зноў набраўся, са сталовай выходзіць — аўтобус, значыць, стаіць. Шафёр паабедаць заехаў. А ключ не ўзяў. Узьбіраецца наш герой у кабіну, па-айшоў аўтобус. Праз дваццаць мэтраў заснуў за рулём! Добра — аўтобус сам спыніўся. З аўташколы — бывай здароў. Ну, кажу, цяпер у саўгас пойдзеш? Не. Хоць качагарам — а гарадзкім. Ну, пажлукціўся ў зьмену... Перакачагарыў! Гахнула. З адным вокам ходзіць. Во калі да бацькі. Вязі мяне, кажа, у неруш любую, схавай мяне, кажа!
    Атарба грукнуў кулаком.
    — Бэлеркэ — маладзейшы, а розуму большага. Яго матка таксама: у горад! у горад! Ты, намаўляе, лепш за ўсіх хлопчыкаў у клясе вучыўся. Гы-гы! Дырэктар школы, а не разумее, чаму ў сына чацьвёркі адны ды пяцёркі. Хто ж яму горш паставіць? Бэлеркэ з галавой. Паехаў у рачное — праваліў. Малайчына! Старая карга месца сабе не знаходзіць.
    І Атарба падміргнуў малодшаму.
    — Наўмысна праваліў? — халодна спытала госьця. Зусім немагчыма было падумаць, што яна піла.
    — Гісторыя пра гэта маўчыць!
    — Дурань!
    — Дурань?
    — Можаш вучыцца — вучыся.
    — Чаму вучыся? Гарэлку жлукціць?
    — А ў саўгасе вашым не п’юць?
    — П’юць, вядома. Сярод сваіх! Без крыўд і няшчасьцяў. Незнаёмых па пысе не б’юць, аўтобусаў не выкрадаюць. Рукі-ногі на месцы, вочы таксама. Бэлеркэ — малайчына! Нагледзеўся на брата — усё разумее!
    — Дзянісу проста не пашанцавала. Натрапіў на дрэнных прыяцеляў. А ў Валерыя ўсё магло быць інакш.
    Бэлеркэ ўзьняў на госьцю зацікаўлены позірк.
    — Так, так! Горад цяпер кішыць вяскоўшчынай. І не ўся яна першага гатунку. Ёсьць і зусім экзэмпляры так сабе. А прыжыліся.
    Атарба адкрыў рот, але не ведаў, з якога яшчэ казыра хадзіць, і прамаўчаў.
    — Не лічыце, што ў гарадах скрозь алькаголікі ды распусьнікі. Шмат людзей добрых і спагадлівых. Але годзе пра гэта. Вашы сыны самі знойдуць сабе дарогу. Яны вольныя птушкі. Мяне іншае цікавіць. У самкі турпана, якую я сёньня здабыла, на ноздрах пацёртасьці. Што б гэта значыла? Ваша тлумачэньне, паляўнічы!
    Атарба ўзрадаваўся новаму калену гутаркі, бо не ведаў, як дыскутаваць з гэтай дзіўнай жанчынай. “Ма-ладая, а... вух!” — думаў ён, не ў стане акрэсьліць, што хацелася выказаць гэтым “вух!”.
    — Падсадка! Манная! Ад валасяной вяроўкі сьлед. Гэта так робяць: вясной, як прылятаюць яны, пусьцяць па возеры плыток: вось такі... маленечкі, — Атарба паказаў рукамі. Загаварыўшы пра сваё, ён маланкава перайшоў на родную мову. Госьця не перапыніла: разумее! Выходзіць, свая! — Такі вось: з петлямі плыток. Анды сушыцца ўзлазіць, ловіцца анды. Цэлае лета служыць. На жывы манок качкі лепей ляцяць, як на драўляны ці гумавы.
    — Як жа ёй удалося вызваліцца?
    — Гаспадар вызваліў! Увосень, калі анды на поўдзень зьбіраюцца. Такі звычай.
    — Нядрэнна прыдумана. Жыцьцё — узнагарода за здраду. А ўвогуле птушак тут багата?
    — Есьць, вядома! Ды не гэтулькі, як раней. Тых жа анды ўзяць. Гадоў так трыццаць назад па тысячы штолета здабывалі. Маладняк — сеткамі. У іх жа такая завядзёнка, у анды: вылупяцца малыя, матка іх паводзіць дні тры, у ясьлі здасьць і — фр-р...
    — Пра гэта я чытала. За сотнямі птушанят наглядаюць тры-чатыры старыя самкі, якія ўжо не выводзяць.
    — Вось такую кампанію паляўнічы нагледзіць, загоніць у завадзь, на выйсьці абгарэлы кол у дно ўваткне ды яшчэ кашлатую купіну на яго насодзіць. Аж да восені такое пудзіла і вартуе. Пакуль лётаць не ўмеюць, голымі рукамі бяры.
    Атарба прыплюшчыў вочы, прыгадаўшы:
    — Ох жа, колькі іх некалі было, анды! А сёлета,— ён з жалем зірнуў у міску, — першы раз бачу. Горад гэта! Яго рукі даўгія. Машыны яго, верталёты! Яго браканьеры...
    — Не горад турпанаў зьнічтожыў.
    — Хто ж тады?
    — Вы.
    — Мы?
    — Штолета па тысячы. Дзе ж прырода вам набярэцца? Зрэшты, турпанаў мне болей не трэба. Іншых птушак шмат?
    — Крыжанак, чыркоў?
    — Увогуле птушак, не абавязкова прамысловых.
    — Тых, само сабой, навалам. Якіх не палююць, навалам! Хоць варон, хоць зязюль — навалам. Толькі навошта яны?
    — Гэта мая справа.
    Прыежджая ўстала, выпрасталася, зрабіла тры крокі па юрце.
    — Доўга ў вас я не затрымаюся. Але, па-першае, мне патрэбны асыстэнт. Памочнік.
    — А што ён будзе рабіць?
    — Перш за ўсё паказаць паляўнічыя ўгодзьдзі. Заўтра ж. Тайгу, азёры, дарогі, сьцежкі.
    Атарба задумаўся. Яму вельмі не хацелася адрываць ад гаспадаркі Дзяніса, але малодшы сын зусім не ведаў навакольля. Нарэшце гасьціннасьць і павага да таксі-дырэктара перамаглі.
    — Сёп. Бяры, — махнуў ён рукой на старэйшага.— Я табе не памочнік — ногі старыя. А Бэлеркэ сам зблудзіць.
    Таксі-дырэктар прыдзірліва глянула ў змрочны твар Дзяніса.
    — Дзякуй. Па-другое, памяшканьне. Сухое, чыстае і асобнае.
    Гэтае патрабаваньне Атарба даўно прадчуваў і баяўся.
    — Асобнае? Шаноўная, дзе ж яго ўзяць? Я ў аласе з чэрвеня толькі. Трыццаць год ніхто ў камянку не паліў! Спарахнела ўсё. Лаплю ды лаплю. Калі было новае будаваць?
    — Не магу ж я спаць у адным катуху з трыма мужыкамі. Палатку паставіць, ці што? Жыць я, канечне, магу і ў палатцы. Але мне яшчэ працаваць.
    Яна сагнулася да акенца:
    — А той пяцісьценны сьвіран? Што ў ім?
    — У тым?
    Атарба сашчапіў пальцы і прыдушыў іх падбародкам, прыдумляючы.
    — Туды... нельга.
    — З якой прычыны?
    — Замкнуты.
    — Хто замкнуў? Не вы?
    — Дзед.
    — Чый дзед? Ваш?
    — Не.
    Атарба зладзеявата зірнуў на далёкі сьвіран праз патрэсканую, нібы ў павуціньні, шыбу і шпарка адвёў вочы.
    — Дзедаў дзед.
    — Нішто сабе! Калі ж гэта?
    — Даўно.
    — І з тых часоў ніхто не адчыняў?
    — Ключ згубіўся, — вінавата разьвёў рукі Атарба.
    — Пайшлі.
    — Куды?
    — Да сьвірану. Усе, усе пайшлі. Гэта ж падумаць. Нэаліт! — таксі-дырэктар разгневана штурхнула дзьверы, тыя з віскатам адхіснуліся. Атарба подбегам рынуўся за госьцяй, сыны — ашаломленыя — за ім. Відаць, не толькі не адчынялі — сто гадоў абыходзілі сьвіран, з усіх бакоў ён аброс дзядоўнікам і крапівой, але сьцены яго з векавечнай лістоўніцы, здавалася, час зусім не крануў.
    — Такую будыніну марнаваць! Ну, дзе замок? Замка не было. На невысокіх дзьверцах крыжам чарнелі струхнелыя дошкі.
    — Дзяніс! Сякеру!
    — Чакай, сын.
    Атарба са страхам ступіў наперад:
    — Нельга! Нельга яго адчыняць! Наказ продкаў!
    — Ды чаму, у рэшце рэшт?
    Атарба, як воўк, азірнуўся вакол. Ён не мог паўтарыць словы паданьня — гэтакім страшным было яно, не мог нічога і наўзамен прыдумаць.
    — Нячысты сьвіран. Абагы [Абаагы — злыя духі якуцкай міталёгіі] жытло, — толькі і здолеў ён.
    — Што?!
    Таксі-дырэктар села на кукішкі. Неадольны рогат не даваў ёй устаць.
    — Не магу... Не магу. Жытло абагы. Ах ты божухна! Нэаліт, я казала? Не. Гэта палеаліт! — злыя “ха-ха” ляцелі ад яе на ўсе бакі, як трэскі з-пад сякеры. Рэзка падскочыўшы да сьвірану, яна рванула дошку голай рукой. Дошка зламалася. Рыпнулі дзьверцы. Стогадовую цемру прарэзала сонечная паласа.
    — Ну? Дзе яна, нячыстая сіла?
    За часы пяці пакаленьняў сьвіран урос у зямлю, апусьціўся разам з падлогай, і бялявая госьця ўпала ў яго, як у магілу. Атарба заціснуў далонямі вушы ў чаканьні жаночага енку. Страшэнная легенда апавядала — і як не верыць ёй? — што ў гэтым сьвіране, закахаўшыся і не дабіўшыся жанчыны на старасьці год, удавіўся славуты шаман. Ідучы паміраць, ён наказаў не адчыняць сьвіран дзьвесьце год, а калі адчыніць хто, ён пакарае таго, хто пераступіць першы парог намагальніка, жудаснай карай.
    — Няма абагы. Няма! — пачулася з чарнаты. Застукалі абцасы — таксі-дырэктар дасьледавала памяшканьне.
    — Яшчэ адны дзьверы! На тую палову. Таксама забіты!
    “Там косьці. Там. За тымі дзьвярамі”.
    — Ну, хто сьмялейшы? Мужчыны! Тут голымі рукамі не возьмеш.
    “Не, даражэнькая. Не. Не дачакаесься. Не пайду. І Дзяніс не пойдзе. Ведае. Вось толькі... О!”
    Бэлеркэ праваліўся ў сьвіран. Яму Атарба не пасьпеў расказаць.
    “Бэлеркэ, назад! Ты яшчэ не пераступіў другі парог! Тваёй віны яшчэ палова!” — зайшоўся крыкам Атарба. Бязгучным крыкам.
    Пошчак зламаных дошак.
    — Няма абагы. І тут няма!
    — А ў сутарэньне ход? — фістульнуў Атарба.
    — Для збожжа сьвіран. Навошта ў ім сутарэньне?
    Словы бялявай патройвала змрочнае рэха.
    — Тады ў нас збожжа не сеялі!
    Масьнічыны застагналі зусім блізка, і са сьвірану паказалася таксі-дырэктар. Атарба глянуў на яе і абмяк:
    — Э-э-э...
    Парушальніца шаманскага запавету ўся — з галавы да ног — была абсыпана агіднай шэра-зялёнай парахнёй.
    — Пыл!
    Бялявая страсянулася, як сабака, што выйшаў з вады.
    — Падводзім рахунак. Памяшканьне прасторнае. Не старое: вельмі сумняваюся, што сьвіран мог служыць дзеду вашага дзеда. Хутчэй за ўсё, будынку год семдзесят. Мне — прыдасца. Неабходна прасекчы вокны. Зараз і зоймемся гэтым.
    ...У сьвіран Атарба тым вечарам так і не завітаў. Ён знайшоў курганок непадалёк ад дзьвярэй і з апаскай сачыў, як сыны пад наглядам госьці прыводзяць да ладу сьвіран. “Ух дзеўка! Стогадовую забарону, як дошку гнілую, зламаць. Ух дзеўка!” Атарба адчуваў глыбокую ўдзячнасьць да таксі-дырэктара, якая зьмяла мінулае хутчэй для яго, чым для сябе: прыехала і паедзе, а будыніна застанецца Атарбе. Ну, а калі паданьне не лжэ... хай сама сябе ўпікае. Першай і апошняй трапіць у кіпці прывіду.
    “А Бэлеркэ?”
    Страх за малодшага варам апёк сэрца, але Атарба неўзабаве супакоіўся:
    “Ён жа не першы пераступіў парог”.
    Узмакрэлая, расчырванелая таксі-дырэктар шмякнулася побач.
    — Дзіўлюся з вас. Якая забабоннасьць! Няўжо сапраўды верыце ў існаваньне абагы? Вы ж, казалі, настаўнік.
    — Які там!
    — Гэта што: самакрытыка?
    — Сямігодку скончыў перад вайной, ну і прыставілі да малодшанькіх. Чаму вучыў, сам не памятаю.
    — Перабольшваеце.
    — Праўда, праўда! Я б даўно ў паляўнічыя. Ці ж не бачыў: з дыплёмамі людзі прыходзяць, што я прад імі? Сем даваенных клясаў, курсы час ад часу. Ды жонка: ні ў якім разе! Са школы ў тайгу? Не пушчу! І не пускала. Ледзь дацярпеў да пэнсіі. А як праводзілі — уцёк. Сюды ўцёк, за трыццаць вёрст. Вецер сьвішчэў у вушах!
    — На матацыкле?
    — Чаму на матацыкле? Сваімі дваімі. Сьпяшаўся!
    — А што тут добрага, каб бегчы?
    Вы як Пятроў, дырэктар саўгаса наш. Угаворваў нават: навошта табе гэты сухі алас? Калі наважыўся ў паляўнічыя, дык будзь паляўнічым сапраўдным. Камандзіруем на поўнач, у Анабарскі раён, у сапраўдныя ўгодзьдзі, дадуць участак табе сапраўдны, будзеш зьвяра паляваць сапраўднага: пясца, гарнастая, ліса. Табе прыбытак, саўгасу слава, табе слава, саўгасу прыбытак. А ў тваім аласе што? Ні поўсьці, ні мяса.
    — Слушна.
    — Не пушніна мне, не мяса трэба! Мне вось дзядоўскі кут адбудаваць. Тут я сам нарадзіўся, дзед мой і прадзед жылі. Потам зямлю палівалі! Чаму ж усё закінута? Толькі таму, што да саўгаснай сядзібы трыццаць вёрст. Што бездараж. У пасёлкі людзі з аласаў сьцягнуліся, дратуюць ваколіцы тых пасёлкаў, адзін аднаму ногі топчуць, а колькі пакінутага гібее! Павінен жа нехта першы вярнуцца. Шмат хто пойдзе за ім.
    — Я зразумела так: вы за фактычнае распасялкаваньне. Га?
    — Можна і так назваць.
    — Гэта ўжо не забабоны. Гэта пазыцыя. Вы, значыць, лічыце: якуты, што некалі сем’ямі жылі па такіх вось аласах, перасяліліся ў вёскі дарма. Сваім учынкам вы агітуеце за тое, каб яны назад — у аласы. Так?
    — Калі па шчырасьці...
    — Не выйдзе.
    — Не выйдзе?
    — Ніхто не пойдзе за вамі.
    — Ніхто?
    — Ну ў імя чаго?
    — А зямля? У імя зямлі. У імя тайгі. Думаеце, нічога няма? Сабалёў няма, згодзен. А зайцы? Тысячы зайцаў. Андатры! Тысячы андатраў. Вакол аласа гэтага. Вось, стукне мароз. Паглядзім, што возьме Атарба!
    — Што за імя?
    — Такое бацькі далі. Старажытнае.
    — І ў школе вас Атарбой звалі?
    — У школе Антонам Міхайлавічам быў.
    — А тут, значыць, зноў Атарбой сталі. Вярнуліся ў дагістарычную эпоху. Не, паважаны Атарба. Ніхто не пойдзе за вамі. Нават сыны вашы. І зайцамі нічога вы не дакажаце!
                                                                             * * *
    Яна ўвесь час забягала наперад, нібы не Дзяніс вёў яе, а яна Дзяніса. Не тое, каб яго раздражняла менавіта гэта: Дзяніс стаміўся. Два месяцы, марна патрачаныя ў бальніцы, разьмякчылі рукі і ногі, усё яго літае, спружыннае цела: быў жа хлопец што трэба, першы хлопец у пасёлку, не раўня няўклюдзе Валерку. Прыгожы быў хлопец Дзяніс, прыгажун, можна сказаць, не насаты Валерка, улюбёнец маці і бацькі — усё жыцьцё Валеркава вайну вядуць за малодшага. Чаму? Бо ціхманы, рахманы, гатовы слухацца ўсіх, хто загадае ці параіць. Дзяніс такім ніколі не быў: рабіў, што сам хацеў, дарэмна бацька лічыць, што маці яго ў горад выперла. Не — жаданьне Дзянісава з матчынай марай супала, толькі і ўсяго.
    Час ад часу спадарожніца зьнікала, бы саскоквала з яго, не такога ўжо шырокага экрана. Забываючы, Дзяніс пяўся адплюшчыць левае вока, хаця яно і не было заплюшчана. Яно было пустое: замест жывога, відушчага, што ніколі не муцілася — такое было здаровае — цяпер месьціўся мёртвы кавалак шкла.
    Прастора, якою ішлі, зьзяла густою цёплай красой, што прыносіць пачатак жніўня. Невымерная даліна Лены — рака цякла адным з рукавоў праз гэты лог у незапомныя часы, а цяпер пераборліва адхіснулася аж кілямэтраў за дваццаць — сустракалася тут з векавечнай тайгой карэннага берага. Тут сутыкаліся два непадобныя абліччы якуцкай прыроды: мяккая ласка травы і старыкоўскага лазьняку — унізе, наверсе — шорсткае, перасохлае гольле лістоўніц і хвой. Без сьцяжынак — старыя даўно зарасьлі, новых бацька з Дзянісам пратаптаць не пасьпелі. Перад адзіным вокам Дзяніса адкрываліся то даўгія азёры — рэшткі ленскіх праток, то перастаялыя лугавіны, то пагоркі, а з пагоркаў — густа-зялёная пойма, аблямаваная на краі далягляду блакітам ракі. Але ўвесь гэты сьвет, убачаны адным вокам, здаваўся плоскім і нецікавым. Час ад часу ўвішная спадарожніца ўзьбіралася на карэнны бераг; Дзяніс вымушана цягнуўся за ёй, хаця ўжо ледзьве перастаўляў пяты. Наверсе стаяла гарачыня, рэдкае гольле не засланяла ад сонца, і Дзяніс з нецярплівасьцю чакаў, калі яго паганятая паверне ўніз.
    Адусюль — і з тайгі, і з даліны — чуліся галасы птушак: позьняе кукаваньне зязюлі, сытае карканьне качак, мерная праца дзятла, чорнае крумканьне ворана. Чуйны слых Дзяніса, не пашкоджаны аварыяй, вылучаў з агульнага шматгалосься блізкае чывыканьне і далёкае квохтаньне, баязьлівы віск і паднябеснае клекатаньне. Недзе быццам даілі карову, у другім кутку наждаком драілі старую каструлю, за лазовым кустом кропля за кропляй цінькала ў ваду вада, пасярод бяроз сыгналіў грузавік. Усё гэта былі птушкі: гэта яны заканчвалі летнія справы, каб з лёгкай душой пакінуць на доўгую стынь якуцкай зімы гэты кавалак зямлі, такі пустэльны для людзей і такі ўтульны для іх. Шкада: не мог Дзяніс сказаць, каму належыць той ці іншы гук. Цені крылаў, шырокіх і вузкіх, даўгіх і кароткіх, сьлізгалі па твары, засланяючы на імгненьне сонца.
    — Якая разнастайнасьць відаў! — усклікнула Грошава. Вочы яе сквапна палалі. Яна спынілася і закрыла іх біноклем.
    Яна, несумненна, ведала ўсю жыўнасьць напералік, гэтая гараджанка. Яна і ўвогуле шмат чаго ведала, шмат чаго пабачыла, шмат чаго спазнала — упэўнены быў Дзяніс. Спрытная, шпаркая, за плячмі вінтоўка, на грудзях бінокль, абрэзаныя жоўтыя валасы хаваюцца ўсе пад цеснай кепачкай з цэлюлёідным казырком — за дваццаць крокаў не пазнаеш, дзеўка ці хлопец; багата такіх у асфальтавым раі, што стаў для Дзяніса пеклам.
    Не хацелася, да ярасьці не хацелася ўспамінаць, зноў вяртацца ў тое, куды ні за якія цацкі не вернецца Дзяніс, а памяць, як бяздонная дрыгва, засмоктвала ўсе яго думкі, што з крыкам ірваліся на паверхню.
    ...Два месяцы, як зьняў салдацкі шынель, два дні, як апрануў міліцэйскі. Просьценькае заданьне: дзяжурства на посьце. Пост ля кінатэатра. Марылася не гэта. У марах бачыў сябе чымсьці накшталт Шэрляка Холмса ці Знатакоў. Мудрым, нязломным, непадкупным. Вялікія справы, сур’езныя праціўнікі. А тут — пыл з-пад машын, што сьцішаюць хуткасьць перад пастом, рэдкія сутычкі з п’янаватымі шафёрамі. Ля кінатэатра — піжоністая дзятва, хлопцы ў такіх шырачэзных штанах, што нагадваюць дзявочыя спадніцы. Слова да слова — кпіны, насьмешкі адзін з аднаго, з усіх, хто вакол. Інтэлігенцыя ў другім пакаленьні.
    Яшчэ — звычайная шпана, даўно не мытая, нячэсаная, зуб залаты ў пятнаццаць год, акурак да губы прыліп навек. Бруд на тварах, бруд у галовах: нячыстых слоў больш, як звычайных.
    Пастаяў, паглядзеў: а што там на іх глядзець? Пайшоў у вагончык — пасядзець, пачытаць. Раптам — дзьверы наросхліст:
    — Міліцыя!
    Пасьпеў заўважыць: крычала з піжоністых. На бягу — сьвісток да вуснаў:
     — Тр-р-р!!!
    Бойку — як карова языком. Хто нападаў? Хто абараняўся? Нікога. Толькі стаяла з паднятымі рукамі, роспачна:
    — Пецечка! Віцечка!
    Так пачалося доўгае, недарэчнае, непатрэбнае знаёмства.
    Навошта здаўся ён капрызнаму падлетку гэтаму? Цешылася, відаць, што такі магутны, ад небясьпекі здольны загарадзіць, у форме — перад ёй, як дзіця. “Мой чалавек са сьвістком”, — жартуючы, знаёміла з сяброўкамі. Цалавала — кожны раз спачатку адрывіста, быццам клявала, а потым, як мыльніца да сьцяны, прыліпала надоўга. Не хапала паветра, цямнела ўваччу, маланкі ламаліся з громам у галаве, і жадалася нешта такое зрабіць, каб увесь сьвет у захапленьні роў: “Гэта ён зрабіў! Для яе!”
    Не верыў, што будзе канец. Верыў: не будзе канца!
    Але канец прыйшоў. Прапусьціла адно спатканьне, другое... Кінула прыходзіць зусім. Без тлумачэньняў.
    Тлумачэньне, вядома, было. Дзяніс і сам адчуваў, як хутка вычарпаў сябе перад ёю, прагнай да новага, нязнанага. Мала, на жаль, мясьцілася ў ім: вясковае дзяцінства ды служба ў арміі. Ведаў пазашкольных — не было. Думак — нечаканых — таксама. Чалавек са сьвістком — і ўсё. Але ён не мог пагадзіцца з тым, што яна трапіць цяпер у не яго абдымкі. Пасьля ўсяго, што было між імі, дзяўчына не кідае хлопца! Ва ўсякім разе, у саўгасе такога не здаралася.
    Выкінуць бы з галавы, ды не давала. Скончыла культасьветвучылішча — дыктарам стала. Кожнай раніцы, крутануўшы рычаг, са стоеным дыханьнем чакаў якуцкіх паведамленьняў. “Учора адбылося паседжаньне...” “Даярка Харытонава надаіла дзьве тысячы кіляграмаў малака...” Не мела значэньня, пра што чытала. Слухаў усё, як чароўную музыку, ловячы трошкі гугнявае “н”, гарадзкое яе, нячыстае вымаўленьне. На ўроках палітграматы стаў найактыўнейшым слухачом. Па вечарах, вольных ад службы, піў.
    Потым голас яе з эфіру зьнік. Думаў: у адпачынак пайшла. А адпачынак так зацягнуўся, што здагадаўся нарэшце: не адпачынак. Прозьвішча на афішы ўбачыў. Артыстка! Вандроўнага тэатра...
    З таго часу давялося сустрэцца толькі тры разы. І кожная новая сустрэча шпурляла Дзяніса ў болей глыбокую прорву.
    Першы раз —на вуліцы, тварам да твару. Не заўважыла нават — так цікава было для яе тое, што гучна расказваў рудабароды мужчына. Дзяніс на імгненьне аслупянеў: бегчы ўсьлед? Павітацца? Моўчкі яшчэ раз у твар зазірнуць? Нехта рэзка штурхнуў у бок:
    — Што стаіш як пень пасярод тратуара? Дай прайсьці!
    Павярнуўся — бамбіза. Няголены. Шрам праз усю шчаку. Затрымліваў неяк — бушаваў у аўтобусе.
    — Ага! Таварыш сьмецьце?
    Без формы пазнаў! Здалося: у руцэ бліснуў нож. Каб цьвярозы быў, можа б, і не здалося. Усю сілу сваю, тады немалую, уклаў у адзін удар...
    — Цс-с...— пачулася побач.
    Дзяніс схамянуўся. Грошава цэліла ў куст алешніку. Тахнуў стрэл з пнэўматычнай вінтоўкі.
    — Есьць!
    З куста, трапечучы пер’ем, упала птушка. Яна была велічынёй з ліст і падала, як ліст, як папяровы самалёцік, пушчаны дзіцячай рукой. Даткнуўшыся зямлі, яна паспрабавала зашыцца ў траву, але здабытчыца сунула пальцы пад крылы і сьціснула. Падранак невыразна ціўкнуў і разявіў дзюбку.
    У Дзяніса закалацілася сэрца. Ён крадком падчухаў бліжэй, каб паглядзець, дзеля чаго сягоньня біў ногі. Птушка ляжала ўся на вузкай жаночай далоні, не зьвісаючы ні галавой, ні хвастом. Па вуснах Грошавай блукала шчасьлівая ўсьмешка:
    — Памылкі няма. Салавей!
    Яна працягнула трафэй Дзянісу. Дзяніс прыняў на далонь бязважкі трупок птушкі і паднёс да вачэй.
    — Бачыш? Афарбоўка аліўкава-бурая, брушка белае. На падбародку даўгія ярка-чырвоныя плямы. А галоўнае — вось: гарлавыя пёры. Самі чырвоныя, кончыкі белыя. Наш якуцкі салавей!
    — Няўжо іх ядуць? — прамармытаў Дзяніс.
    Зарагатала:
    — Ох ты, божухна! Трэба ж прыдумаць. Што тут есьці?
    — Тады навошта?
    Адабрала здабычу і ўзьняла над галавой:
    — Гэтай забітай птушцы наканавана неўміручасьць!
    “Вар'ятка”, — падумаў Дзяніс.
    — Ты што, не верыш? А ведаеш, што да нашых дзён захавалі ганчака Пятра Вялікага?
    “Трызьніць. Вар'ятка!”
    — У музэях быў? Хоць у адным?
    — Быў.
    — І ніводнага чучала не бачыў?
    Дзяніс пачаў разумець.
    — Ты гэта... для чучал?
    — Ну.
    — А што значыць “таксыдэрміст”?
    — Тое і значыць. “Таксіс” па-грэчаску выраб, “дэрма” — скура. Нядрэннае слова, праўда? Хаця ў старой БСЭ яго і няма. Таксыдэрміст! Не чучальнік. Вось каб яшчэ замест “чучала” нешта прыдумалі. Несымпатычнае слова.
    Яна ўзяла ў Дзяніса рукзак, дастала флякон. У нос Дзянісу ўдарыў кіслы дым, як з сіласнай ямы. Таксыдэрмістка асьцярожна ўліла некалькі кропляў у дзюбу салаўя, намачыла з флякона ватовы тампон і ўставіла птушцы пад хвост.
    — Так лепей будзе. Гарачы дзень. Пакуль данясём...
    — А потым што? — змрочна спытаў Дзяніс.
    — Калі потым?
    — Як данясём.
    — Зьніму скурку, апрацую. Потым наб’ю чучала. І зойме наш салавей пачэснае месца ў галоўным музэі Якуціі. На сто гадоў! А мо і болей.
    — А што, нельга там уладкаваць жывога салаўя?
    — Жывога, дарагі гуманіст, карміць трэба. Гэта будзе ўжо не музэй, а жывы куток.
    — А фотаздымак?
    — А сам ты пойдзеш у музэй, дзе адны фотаздымкі?
    — Не ведаю.
    — “Не ведаю”, — перадражніла Грошава.
    Яна лёгка паднялася, закінула за плячо пнэўматычку і патрусіла далей. Дзяніс павольна падняў малакаліберку і рукзак, што пацяжэў на цэлага салаўя.
    Мільганула паміж кустоў і зьнікла. Дзяніс прысьпешыў крок. Ці не гэтак жа год назад?
    У сталовай з выпадковымі дружбакамі гадзіны дзьве ўжо дзяліў віно. Раптам — за акном праляцела маланкай. Выскачыў на ганак — няма. Кінуўся ўсьлед — не дагнаць, далёка. Нехта аўтобус паставіў, абедаць пайшоў. Улез у кабіну — ключ! Нагу на счапленьне...
    Цяжка сказаць, ці далёка б заехаў і што нарабіў, каб нечакана не адмовіў карбюратар. Чужая машына ўсё ж. Зьнясілены, упаў носам на руль, страціў прытомнасьць. Так і знайшлі.
    І была яшчэ адна сустрэча, уласна кажучы, і не сустрэча.
    На зьмену ў кацельні стаў а шостай вечара, добра “пад’еўшы”. Пад роўны гул катлоў і труб задрамаў. Абудзіў тэлефонны званок:
    — Алё! Кацельня? Сьпіцё вы там, ці як? Зуб на зуб не трапляе!
    Колькі не чуў — адразу пазнаў. Хрыплым спрасоньня голасам:
    — Які дом?
    Назвала і кінула трубку.
    “Будзе зараз цёпла табе”, — падумаў помсьліва. Вэнтыль газа — да канца. Усё — на яе лінію. Замігцелі чырвоныя лямпачкі, заскакалі стрэлкі на шкалах... Ачнуўся ў бальніцы.
    “Пах!” — ляснула наперадзе. “Пах!” Дзяніс затрухаў на стрэлы. Пад вываратам, ламаючы крылы, качаўся вялізны пугач. Ён, здавалася, ператварыўся ў круглы камяк пёр, з якога на ўсе бакі тырчалі жоўтыя кіпці.
    — Неруш!
    Здабытчыца хвіліну прыглядалася да птушкі, што білася пад яе нагамі, рэзка кінула ўніз левую руку — да шыі пугача. Начны ўладар з шыпеньнем разявіў пашчу. У тое ж імгненьне туды ўвайшлі даўгія нажніцы і шчоўкнулі глыбока ў горле. З дзюбы лінула брусьнічная кроў. Грошава падняла пугача за хвост, сочачы, каб кроў не трапіла на пер’е.
    — Вось як трэба! — узрушана павярнулася яна да Дзяніса. — Ты ж, відаць, галавой аб дрэва зьбіраўся?
    — Нічога я не зьбіраўся, — варожа адрэзаў Дзяніс.
    — Раструшчыць галаву птушцы нядоўга. А што за чучала з такой галавой? Як ні маскуй, такую хібу не схаваеш. Увогуле, падранкі — праблема. Лепей за ўсё ўсыпляць іх хляраформам. Неахвота толькі насіць паскудзтва гэтае. Можна самой выпадкова заснуць.
    Дзяніс міжволі адсунуўся ад рукзака.
    — Не турбуйся! У фляконе фармалін. Для кансэрвацыі.
    Яна паклала здабычу ў рукзак.
    — Крылы выправім пасьля, варам. Зламанае пер’е ў кіпені хутка набывае ранейшы выгляд. Шанцуе нам сёньня з табой! Дзьве асобіны — і абедзьве начныя.
    Сашчапіла рукі за галавой, летуценна гледзячы ў неба.
    — Калі так пойдзе далей, застанецца час проста адпачыць. Паблукаць без усякай мэты. Суправаджаць будзеш? Га?
    Засьмяялася.
    Дзяніс замарудзіў з адказам — яму хацелася прыдумаць нешта зьедлівае, дасьціпнае, што адразу б паставіла гарадзкую на месца — і не пасьпеў адказаць. У небе зьявілася чорная кропка. Яна імкліва расла.
    — Сапсан. Тозаўку сюды!
    Што спатрэбілася на зямлі вастракрыламу птаху з клінападобным хвастом? Што прыцягнула яго дальназоркія вочы?
    Гартаваная руля ўзьнялася ў неба і захадзіла варонкай, Дзяніс панёсься прэч, не гледзячы пад ногі.
                                                                           * * *
    З вышыні, на якую ён узадраўся, адкрываўся ўвесь алас, ды Валерку некалі было зыркаць па баках. і поўдня сунулася хмара. Вядома, аблачына ў Якуціі — не абавязкова дождж, неба хмурыцца можа тыдзень без аніводнай кроплі, але як пойдзе дык пойдзе.
   Ніхто гэтую штуку Валерку не прасіў рабіць і не загадваў. Бацька, глядзіш, яшчэ кухталёў надае, бо Валерка асвойтаў пад паветку слупы і дошкі, прыгатаваныя зусім для іншага. Ды бацька ўжо колькі дзён калупаўся недзе ў тайзе, нат начаваць не прыходзіў. Нічога не ведала пра Валеркаў намер і Арыядна Ігнатаўна, гэта быў для яе сюрпрыз. Паветка павінна вырасьці, як у казцы, за дзень, пакуль не вярнулася тая, для каго яна і расла.
    Дождж пагражаў зусім недарэчы: па-першае, прыйдзецца кінуць работу — на коўзкіх жэрдках не папрацуеш; па-другое, ратуй скуркі, што сушацца пад бацькавым дзіравым паднавесам; па-трэцяе, ён мог раней звычайнага прагнаць з паляваньня Арыядну Ігнатаўну — бывай, сюрпрыз. Валерка прыладзіўся ямчэй, набраў поўны рот цьвікоў і сьціснуў малаток.
    Ён ганарыўся сабой. Наварочаў колькі! Чатыры яміны выгрыз тупой рыдлёўкай, слупы злучыў уверсе і ўнізе і цяпер канчаў дах, які задумаў і ажыцьцяўляў са скатам, хай сабе нястромкім.
    Калі б яму сказалі раней, што ягонымі рукамі можна намайстраваць гэтулькі ўсяго за адзін дзень, ён нізавошта б не паверыў. Далоні гарэлі ад мазалёў і скабак, валасы пажаўцелі ад пілавіньня. Пазбаўленае мускулатуры цела, з якога пасьмейваліся аднаклясьніцы, ныла. Пасьмейваліся! Нікуды не варты нібыта. А прыйшла разумная, сур’езная жанчына, не піскулькам гэтым раўня, глянула раз — зразумела: можа прыдасца Валерка гораду нават. Толькі б стараўся.
    Ах, якія рукі ў Арыядны Ігнатаўны! Валерка гадзінамі мог глядзець, як яны працуюць. Такая б, здавалася, брудная справа — здымаць скуркі, чысьціць мяздру, патрашыць страўнікі, а пальцы яе заўжды заставаліся белымі. Нажы, нажніцы, пінцэты аздаблялі іх як пярсьцёнкі.
    — А што вы цяпер робіце? — не ўцярпеў аднойчы Валерка, калі Арыядна Ігнатаўна, паласнуўшы скальпэлем па жываце жаўранка, нахілілася над вантробамі з лупай.
    — Вызначаю пол.
    — Што?
    — Гляджу: хлопчык ці дзяўчынка.
    Яна зьлёгку ўсьміхнулася, і Валерка абліўся чырваньню. Пасьля гэтага ён ні аб чым не пытаўся. Ён зацята маўчаў, а гаварыла яна адна, то быццам адказваючы на яго нямыя пытаньні, то спрачаючыся з некім:
    — Таксыдэрмія не забава і нават не рамяство. Гэта навука, гэта мастацтва, гістарыяграфія жывога... Чалавечая гісторыя з чаго складаецца? З учынкаў асоб і народаў. Гэтага ніякімі рэчамі, прыладамі, нават малюнкам не перадасі. Патрэбны словы. Іншая справа — гісторыя віду жывёлы. Тут дастаткова ведаць, як ён выглядаў у розныя адрэзкі часу, розныя эпохі. Вось для чаго патрэбна чучала!
    Кіўком яна паказвала, што падаць, і Валерка кідаўся выконваць загад. Узнагародай былі чужыя веды і думкі, якія Валерка прагна паглынаў.
    Ён ведаў ужо, што захаваць птушку гарачым днём лепей за ўсё ў цэляфанавым мяшэчку, набітым сьвежай цыбуляй, часнаком, можна і яловай ігліцай; што выпадковую кроў з пер’я трэба змываць халоднай вадой, прысыпаючы крухмалам. Ведаў, якую птушку абдзіраць, пачынаючы са сьпіны, і якую з жывата, як выдаляць вочы і мозг, чым скрэбці чэрап і ногі, што застаюцца са скуркай. Ведаў, што скурку мала зьняць, хаця б і кваліфікавана: гэта толькі пачатак шляху, на якім жывая птушка ператвараецца ў дакладна такую ж мёртвую. Усё ён ведаў ужо і, здавалася, усё ўмеў, не датыкаўшыся яшчэ ніводнай скуркі рукамі. Аднаго не бачыў — найважнейшага: як набіваюцца чучалы.
    — Ведаеш, колькі ў нашай краіне музэяў? — працягвала Арыядна Ігнатаўна, акуратна запісваючы ў блякнот памеры птушкі. — Больш за чатырыста. Толькі дзяржаўных! А колькі грамадзкіх. І ўсюды патрэбны вопытны таксыдэрміст. У вашай школе ёсьць музэй?
    — Ага.
    — А чучалы?
    — Гэта... сава і глушэц.
    — І тут глушэц! Дзе іх толькі няма. Касабокі, канечне?
    — Не... памятаю.
    — Безумоўна касабокі, упэўнена. Гэта ж злачынства! Забіць жывую істоту, каб змайстраваць карыкатуру на яе. Бяруцца абы-хто. Ні арніталягічных ведаў, ні мастацкага густу. А ты як лічыш?
    — Я... таксама так лічу. Усякую справу трэба рабіць са знакам якасьці.
    — Ого. Разважаеш! Гэта добра. Слухай, няўжо ты сапраўды наўмысна заваліў экзамэны?
    Валерка азірнуўся, хаця і памятаў, што бацька ў тайзе.
    — Не.
    — А я адразу падумала: не можа быць! Не дачытаў, не дазубрыў — гэтаму паверу. А каб інтэлігентны, сымпатычны хлопец такое глупства ўрэзаў — не можа быць! Даруй, але твой бацька сьмешны. Знайшоў пудзіла — горад. Раю: не слухай яго! Колькі табе?
    — Што?
    — Гадоў.
    — Семнаццаць.
    — У семнаццаць гадоў час жыць сваім, а не чужым невялікім розумам.
    Цэлы дзень пасьля той размовы Валерка лунаў, як на крылах: яго назвалі сымпатычным! Праўда, так разы са два казала і мама, але ж гэта зусім іншае. Для мам дзеці заўжды прыгожыя. Калі староньняя жанчына, не шмат старэй за цябе, прызнае сымпатычным... гэта зусім інакш! .
    І ўсё было цудоўна. Ён не прабіўся ў горад з першай спробы, але гэта не мела вялікага значэньня. Чатырыста музэяў ва ўсіх гарадах краіны чакалі яго спрактыкаваных рук. Адно не давала спакою: ён не бачыў, як робяць чучалы. І ён баяўся, што калі возьмецца за гэта, наробіць шкоды, як тыя, пра якіх гаварыла з гневам Арыядна Ігнатаўна. Зьнятыя скуркі намазваліся пікелем — сумесьсю кіслот, вывешваліся над паветкай і сохлі. Іх было ўжо багата, але Арыядна Ігнатаўна не сьпяшалася брацца за чучалы. І Валерка аднойчы зразумеў, што яна і не будзе займацца гэтым тут, у аласе: ці ж не прасьцей узяць у горад скуркі? Паглядзець бы хоць раз! Папрасіць бы як сьлед! Не давала прасіць сарамлівасьць. Вось каб чым заслужыць такую ласку...
    Так узьнікла думка пра новую, болей прасторную, чым бацькава, добра крытую павець.
    Валерка саскочыў са свайго збудаваньня ўзяць рулён толю. За гэты толь пападзе, відаць, удвая, але Валерку нішто не магло спыніць. Ён узьняў галаву і войкнуў: над аласам зьзяла вясёлка. Незвычайная — кругавая, сьвяточнае кола, адкуль жа яна ўзялася, калі дажджу не было? Ці сыпнуў усё ж, а ўзмакрэлы ад працы Валерка і не заўважыў? Ён кінуўся праз усё дворышча да бацькавай паветкі, дзе сушыліся скуркі, крануў адну-другую. Не! Пер’е было сухое. Дажджу не было. Што ж гэта такое? Мо добры знак, што ў Валеркавым жыцьці, толькі б не ленаваўся, будзе заўжды вясёлка без аніякага дажджу?
    Малаток жарабём заскакаў па кроквах, прыпляскваючы толь. Стукнуўшы дзесяць — пятнаццаць разоў, Валерка зноў і зноў вярнуў галаву да вясёлкі. Нарэшце ён знайшоў такую паставу, калі яна ўвесь час зьзяла перад вачыма. Сядзець было нязручнае, працаваць таксама, кожную хвіліну ён увогуле мог загрымець на дол, але Валерка не здаваўся. А блакітны дыск, абведзены вясёлкай, раптам пачаў цямнець, і сама агністая пасма пачарнела, апаленая нібыта. Імгненьне — і ўдарыў дождж.
    Хай сабе. Скончана!
    Грудзі Валеркавы аж расьпірала:
    “Скончана!”
    Задыхаючыся, ён пабег па скуркі. Са шчылін у бацькавай паветцы цурчэла вада. Валерка сунуў за пазуху адну, другую скурку... Кіпцюры і дзюбы жорстка драпалі голы жывот, за каўнер лінуў халодны струмень. Валерка набычыў галаву, абараняючы ёю тое, што трымаў пад кашуляй, і рынуўся пад залеву. З-пад ног, як з палівальнай машыны, узьняліся крылы вады.
    Лепей бы бегчы ў юрту ці сьвіран, але Валерку не цярпелася ўпэўніцца, што яго павець не цячэ. Ён перамахнуў цераз бервяно, пакладзенае дзеля трываласьці між слупамі, выпрастаўся —перад ім стаяла Арыядна Ігнатаўна ў лёгкай ружовай куртцы з адкінутым каптуром. Шчокі яе блішчэлі дажджом, але белапенныя валасы былі абсалютна сухія.
    — Куды? Адкуль?
    — Вось,— паляпаў сябе Валерка па жываце.
    — Што гэта?
    Ён моўчкі падняў кашулю, падтрымліваючы скуркі рукой.
    — Кладзі... кладзі на траву. Божа! Грудзі ў крыві. Так абадраць!
    — Нічога.
    Яна дастала з кішэні рукзака пляшачку з ёдам.
    — Не торгайся! Як малы. Жаніцца заўтра, а ёду баісься. Будзеш жаніцца?
    — Н-няма з кім.
    — Знойдзецца. Ну, не торгайся, кажу я табе...
    Яна абхапіла яго за пояс сухой гарачай рукой, і Валерка перастаў адчуваць холад і боль.
    — А гэты палац? Хто ўзьвёў?
    Яна абвяла жэстам павець.
    — Для работы. Тая... зусім у дзюрках.
    — Няўжо ніхто не дапамог?
    — Бацька пасткі на зайцоў будуе. Дзяніс сена косіць.
    — Не прыходзілі, значыць?
    — Не.
    — Чэсна — па гаспадарчых патрэбах сышлі?
    — Ну... а чаго ж яшчэ?
    — Не мані.
    Валерка маўчаў.
    — Дурні. А ты... малайчына. За такое геройства належыць узнагарода. Прасі — што хочаш!
    Яна сьмяялася ў твар, сьвецячы зубамі. І Валерка адчуў: другой такой хвіліны не будзе.
    — Навучыце рабіць чучалы,— вырвалася ў яго.
    — Навучу.
    Грузныя кроплі дажджу бубнілі па толі, і лёскат асобных удараў зьліваўся ў адзін несупынны гуд. Чатыры сьцяны вады з чатырох бакоў засланілі ад сьвету стварэньне Валеркавых рук, і яно сапраўды здалося яму крыштальным птушыным палацам.
    — Я цябе шмат чаму навучу.
    Зашчаміўшы шыю моцнай рукой, яна нахіліла Валерку да сябе і пацалавала ў губы.
                                                  З блякнота таксыдэрміста
    14/ІХ. Зінка кажа, што я да пятага курса так і засталася “дзяўчынай-калгасьніцай”.
    16/ІХ. Чорны колер занадта змрочны. Выбеліць валасы.
    17/ІХ. Тэлефон швачкі: 4-17-17.
    25/ІХ. Мець справу з асобай другога полу варта, але ж не кожны дзень!
    5/Х. М. З.: “Новы мэтад вырабу чучал”.
    7/Х. “Найболей ідэальным трэба лічыць той выпадак, калі адстрэл аб’екта, зьняцьце скуркі і яе папярэднюю апрацоўку вядзе сам таксыдэрміст”.
    10/Х. Вучыцца страляць.
    15/Х. Хірург. Інструмэнты: Паяркава, 40. 3-88-20.
    20/ІV. Другі разрад выкананы.
    30/VІ. Бывай, біяфак! Ты даў усё, што мог.
    27/VІІ. Трэба быць майстрам. Іначай — навошта?
    10/VІІІ. Першая спроба. Купіла ў суседкі гальлюс [Курыца. Лацінскія назвы, занатаваныя ў блякноце згодна з правіламі, для зручнасьці набору і чытаньня падаём у транскрыпцыі]. Не змагла забіць: баюся крыві.
    12/VІІІ. “Таксыдэрмія птушак”:
    “У краіне функцыянуе звыш за 400 дзяржаўных краязнаўчых музэяў, шматлікія сотні музэяў арганізаваны на грамадзкіх пачатках — і ўсюды патрэбны вопытны кваліфікаваны таксыдэрміст, без якога стварэньне аддзела прыроды немагчыма”.
    15/VІІІ. Другая спроба: здабыла корвус оронэ орыенталіс [Варона].
    2/ІХ. Першы разрад выкананы. Чаго не можа жанчына?
    5/Х. Зінка кажа, што я фанатычка. Няўжо імкненьне да майстэрства — фанатызм?
    20/Х. Тэма зацьверджана. Давядзецца і гэтым займацца.
    23/ХІ. Здабыла: лягопус лягопус [Курапатка] — 2.
    7/ХII. “Трэба заўсёды памятаць, што забіваць птушак і зьвяроў толькі для таго, каб зрабіць чучала для пацехі,— практычна ставіцца на шлях зьнішчэньня жыцьця лесу, поля, стэпу.
    Калі ваш спартыўны запал патрабуе задавальненьня трапным стрэлам, уменьнем прыгожа высачыць і здабыць зьвяра ці птушку, не ператварайце гэта ў спосаб узбагачэньня, не зьнішчайце нічым не вінаватых жывёл!”
    25/I. С. прыйшлося даць адстаўку. Не разумее.
    26/I. Ух, Зінка! “Не жаночы занятак”. Чаму не жаночы? Тым болей у нас, на Поўначы. Паляваў, вядома, часьцей мужчына, ды і жанчын-паляўнічых хапала. А ўжо скурку зьняць, апрацаваць... Калі мужчына займаўся гэтым?
    3/ІІ. Зьмяніла кватэру. Усё-такі варта таксыдэрміяй займацца ў лябараторыі.
    7/УІІ. Д. прыйшлося звольніць у запас. Не разумее.
    25/VІІ. Еду ў дзьве камандзіроўкі адразу. Жанчына можа ўсё!
    1/VІІІ. У зададзеным раёне. Гаспадары: стары з двума сынамі. Стары: інтэлігент-дзікун. Ойдэміа дэглэндзі дэглэндзі [Турпан] — 2.
    2/VІІІ. Старэйшы з малодшых: дзікун, напалоханы цывілізацыяй. Лусцыніа кальліёпэ кальліёпэ [Салавсй-чырвонашынка] — 1, бубо бубо якутэнзіс [Пугач] —1, фалько перэгрынус клейншмідці [Сапсан] — 1, тэтрастэс боназіна сібірыкус [Рабчык] — 2.
    4/VIIІ. Малодшы з малодшых: разумее? Але пайшла адна: яшчэ спудзіш. Анас крэкка [Чырок-сьвістун] — 2, анас якута [Шылахвост] — 1, фалько гіфалько інтэрмедзіус [Крэчат] — 1, кукулюс канорус канорус [Зязюля] — 1.
    5/VІІІ. Грус грус лільфордзі [Журавель шэры] — 1, грус монахус [Журавель чорны] —1.
    ...................................................... [Кропкі ставім на месцы простага пераліку птушак]
    9/VІІІ. Цігнус цігнус [Лебедзь-клікун] —2, дрыокупус марціус [Дрозд белабровы] — 1, гомо нс надта сапіенс — 1.
    10/VIII. Гомо яшчэ не сапіенс. Вучу.
    20/VІІІ. Матацыкліст з саўгаса. Тэлеграма. Болей як дзіўная: “Выяжджайце неадкладна анкалягічны сымпозіюм. Акадэмія навук”. Арніталягічны? Не плянаваўся. Мо, жарты Д.? Добра, што ёсьць на каго пакінуць скуркі.
                                                                                 * * *
    Ужо стаяла поўная цемра, калі Атарба спусьціўся ў свой алас. Зрэшты, ён ведаў тут кожную купіну і не баяўся ні пакаўзнуцца, ні аступіцца.
    Ночы жніўня, што ідуць упрытык за белымі начамі, асабліва здаюцца чорнымі — гэта Атарба заўважыў даўно, у маладосьці. За тры месяцы — май, чэрвень, ліпень — прывыкаеш неяк, што ноч — гэта той жа дзень, толькі цьмяны. Можна чытаць, блукаць па тайзе, займацца любой гаспадарчаю працай. Паступова мацуецца пачуцьцё, што так будзе заўсёды. І вось прыходзіць жнівень, а разам з ім усьведамленьне, што вечнага нічога няма, што белыя ночы прайшлі, як твая маладосьць, якая таксама мроілася бясконцай, і хаця белыя ночы будуць ізноў, у адрозьненьне ад маладосьці, ды чакаць іх такую доўгую, такую нядобрую зіму...
    Два тыдні начаваў Атарба ў буданах і цяпер з задавальненьнем думаў, як выцягнецца не на голай зямлі, а на цёплым ароне. Хай сабе не пярына — а ўсё ж не лістоўнічнае вецьце, што падсьцілаў на ноч.
    Ніхто не прымушаў Атарбу бадзяцца, але і ў двары ён заставацца не мог. Калі ў першую ноч, ратуючыся ад духаты, маладая жанчына расчыніла дзьверы сьвірана, падагрэтага сьпіртам Атарбу, нягледзячы на пяцьдзесят пяць пэнсійных, так пацягнула да гэтых дзьвярэй — не спаў да поўначы. Тут жа ўспомніў жонку, звычайную рэўнасьць яе — замаркоцілася душа: як паставіцца баба, даведаўшыся, што ён — не на адзін дзень! — даў прыстанішча гарадзкой кралі? Адгаворку прыдумаў: маўляў, каб Дзяніса разварушыць. Але Дзяніс назаўтра зьбег ад таксі-дырэктара і аб’явіў: пакуль яна тут, нагі яго ў аласе не будзе. Атарба аж зьнямеў ад зьдзіўленьня. Ён паслаў Дзяніса касіць — з саўгаса абяцалі каня, без каня зімой не напалюеш. Дзесяткі андатравых пастак на сабе не пацягнеш. І хаця якуцкі конь пасецца круглы год, запас кармоў не пашкодзіць. Паслаў сына, а сам прыглядацца стаў да таксі-дырэктара. Дні праз два нарэшце дапяў, што госьця не мае ніякіх адносін да таксі, але ўсё роўна зваў у думках таксі-дырэктарам: ніяк не мог запамятаць, хто яна сапраўды. Таксі-дырэктар па-ранейшаму не зачыняла сьвіран на ноч. Цьвярозага ў шаманскі надмагільнік не вяло, у дадатак ад яго цяпер патыхала чымсьці непрыемна-кіслым — але ж паспрабуй пераканай жонку, што адаслаў сына не для таго, каб без маладога ямчэй ладзіць шашні з маладой. І Атарба рашыў усьлед за Дзянісам сысьці з дому.
    Ён не лічыў, што парушае звычаі гасьціннасьці. Ці ж не казала яна сама, што магла б жыць і ў палатцы, пасярод тайгі, адна. Кожны дзень прыносіла то рабчыкаў, то чыркоў і пракарміць магла сябе сама. Хай сама сабе і гатуе, жанчына ўсё ж. А насекчы дроў — Бэлеркэ. Не скажа, што без памочніка засталася.
    Так разважаў Атарба, уцякаючы ў тайгу. Сам сабе не хацеў прызнацца, што баіцца не жонкі, а незразумелай дзеўкі, ад якой чакай невядома чаго.
    Так добра папрацаваў два гэтыя тыдні, аж рукі і ногі салодка млелі. Шэсьцьдзесят сахсо — заечых пастак — паставіў на ўскрайках тайгі. Не жарты! Гэта болей за сотню цяжкіх бярвеньняў, сотні жэрдак, тысяча з гакам калякоў. Далоні смыляць ад тапарышча. Можна, вядома, майстраваць пазьней — летам сахсо бескарысныя, ды якая розьніца? Усё адно некалі трэба. Сахсо лепей за петлі: прыдушанага бярвеньнямі зайца не заўважаць ні ліс, ні крумкач. З пятлі вымаеш часам адну галаву. Паваліць сьнег, і, як пішуць, уступяць у строй дзейных Атарбовы сахсо. Вось заяц стрымгалоў тупаціць... Хоць ніхто і не гоніцца — тупаціць. Няма куды! Завал! Адзіная дзюрка ў завале. Туды! І падаюць з крэктам два лістоўнічныя бярны, насьцярожаныя рукой Атарбы...
    Бацька прыносіў за раз па трыццаць-сорак зайцоў. Што ж! Можа пашанцаваць і Атарбе. Ураджайнае лета. Куды ні зірні — заечыя вушы тырчаць.
    Прыглядаўся Атарба і да азёр. І тут яго чакала ўдача. Асабліва багата было андатраў на абалоне, у азёрах-старыках. Высокія берагі быццам наўмысна нехта падняў для таго, каб зьвяркі рылі ў іх норы. Вада кішэла рудымі плыўцамі. А ў маленстве Атарбы тут не было ніводнай андатры — не завезьлі яшчэ.
    Добры настрой не псавалі бадзячыя невыгоды. Атарба адчуваў сябе маладым і здабычлівым. Дзень у тайзе, вечар ля агню, ноч у будане — чым не жыцьцё? Якраз тое, пра што так доўга марыў. Ды ляснуў замаразак — стала ясна: усё. Дадому. А таксі-дырэктар? Хай. Калі яна яшчэ і тут, наўрад ці адчыняе сьвіран.
    Заўтра ён возьмецца за тую — венцяры на андатраў.
    Вось і сядзіба. Атарба з прыкрасцю перасмыкнуў плячыма: не з таго боку зайшоў. Міма шаманскага сьвірана прыйдзецца. Раптам да яго даляцеў непрыемны ржавы гук: рыпнулі дзьверы.
    “Значыць, усё-такі тут? Панесла ж мяне нячыстая сіла”.
    Ён далікатна замёр, каб не напалохаць жанчыну, што выйшла па начной справе.
    З будыніны пачуліся глухія крокі і асьцярожны мужчынскі кашаль. Нешта шэрае, чалавечага росту але не падобнае абрысамі да чалавека, высьлізнула са сьвірану і зьнікла ў цемры. Атарба ступіў крок не дыхаючы і зразумеў: гэта быў усё-такі чалавек з чымсьці грувасткім на плячы. Невядомы апусьціў ношу — нешта мэталёвае бразнула — і павярнуў назад
    “Злодзей?”
    Чалавек употай бліснуў пад ногі сабе ліхтарыкам “Бай! [Выклічнік, якім выказваецца зьдзіўленьне (якуцк.)] Гэта ж мае боты!”
    Тут жа Атарба ўспомніў, што боты гэтыя усё лета цягае Дзяніс.
    — Дзяніс! Што робіш?
    — Ідзі сюды!
    Атарба нерашуча ступіў за сынам з цемры дворышча ў яшчэ глыбейшую цемрадзь сьвірна — упершыню за ўсё жыцьцё.
    Дзяніс высек з цемені ліхтарыкам дзьверцы, што вялі на другую палову сьвірна.
    Атарба здрыгануўся, але прымусіў усё ж абмяклыя ногі рушыць насустрач нязнанаму.
    — Ах, каб цябе...
    Вялы прамень згас — Дзяніс упусьціў ліхтарык.
    — Хана! Раскокаў.
    — Гэтага яшчэ не хапала, — абурыўся раптам Атарба. Ішоў-ішоў, як на прывязі, а тут абурыўся.— Навошта сюды загнаў?
    — Зараз!
    Сын забухаў ботамі са сьвірна, потым у сьвіран. Пстрыкнула запалка — шугануў доўгі скрутак бяросты:
    — Глядзі!
    На ўсю сьцяну — з кута ў кут, ад столі да земляной падлогі, на тонкіх жэрдках, як костачкі лічыльнікаў, густа сядзелі птушкі. Атарба скасавурыўся на другую, трэцюю сьцяну — там было тое ж самае; толькі на той, праз якую яны ўвайшлі, жэрдкі, лічы, пуставалі. Гэта быў птушыны базар — дзіўна маўклівы, апруцянелы.
    Мэтровыя і дробненькія — з камячок, чорныя, шэрыя, зеленаватыя, з чырванаватымі падпалінамі на грудзях ці шызымі шчокамі; з дзюбамі востранькімі, бы цьвік, шырокімі, як сякера, пляскатымі, бы пантофля, крывымі, нібыта шавецкі нож; з шыямі высокімі і незаўважнымі, голымі і касматымі, шорсткімі і шаўковымі; з крыламі ценькімі, як папяровымі, бураломнымі, быццам ветразь; з хвастамі роўнымі, як далонь, сьпічастымі, як будан, хвастамі-шаблямі, хвастамі-лірамі, хвастамі-шыламі, хвастамі-віламі, хвастамі, што лепей сказаць — палова хваста; з нагамі празрыстымі і мясістымі, з поўным наборам пазуроў: бяскрыўдна-крохкіх, злавесна-сталёвых, абцягнутых скурай, тупых — усе яны глядзелі на Атарбу белымі ватовымі вачамі.
    Шмат было сярод іх даўніх знаёмых Атарбы.
    — Глядзі, глядзі,— злавесна паўтараў сын, размахваючы сьмярдзючай паходняй.
    Атарба пераваліўся з нагі на нагу — ледзь не стаптаў качку. Качак на жэрдку не пасадзіш, ім знайшлося месца на падлозе. Гэтых Атарба ведаў, як свае пяць пальцаў. Ён і высока над галавой адрозьніваў сьвістуна ад траскуна, а нырца чырвонагаловага ад чубатага. Тут ён сам бы мог павучыць вучонага.
    Атарба заплюшчыў вочы, прыгадваючы забітых ім качак. Бадай што не зьмясьціліся б у гэты сьвіран яны, кладзі іх нават навалам, не кажучы ўжо пра жэрдкі-паліцы.
    А што, уласна кажучы, благога зрабілі яму птушкі? Жыта Атарба не сеяў — вераб’ям, і тым нічога не перапала ад Атарбы. Вучыў дзяцей любіць прыроду, шанаваць зьвера і птушку —па падручніках. А сам марыў: як разьвяжацца з гэтай нудой, як закіне стрэльбу за плячо — от калі стане добра!
    Дачакаўся.
    Прыклад да шчакі, вока на мушку, палец на курок...
    Хопіць!
    — Глядзі, глядзі, — не сунімаўся Дзяніс.
    — Ты чаго кадзілам махаеш? Падпаліш яшчэ.
    — Хай гарыць!
    — Хай гарыць?
    — Хай! Я ўжо і рэчы вынес.
    — Значыць, лічыш, як спалім, душы ачысьцім?
    — Якія душы?
    — Што птушынай крывёй заліты.
    — Не я ж забіваў іх!
    — А навошта паліш?
    Дзяніс адкрыў рот, але Атарба перапыніў яго:
    — Не... Не варта, сын. Хай сабе будуць. Хай будзяць.
    — Што будзяць?
    — Душы.
    — Бацька! Птушак пашкадаваў?
    — Пашкадаваў. Хай будуць.
    — Гэта ж не птушкі ўжо! Чучалы гэта!
    — Хай будуць. О, гэта мудрая жанчына. Яна ўмее будзіць сумленьне.
    — Забойца яна!
    — Не разумееш. Яна забівае, каб болей ніхто не забіваў. Хто ўбачыць гэта, забіваць не будзе. Я — не буду.
    — Не яна гэта рабіла!
    Атарба ўтароніўся ў сына:
    — А хто ж?
    — Валеркава гэта работа!
    — Ва... Жартуеш? Адкуль!
    — Навучыла.
    — Навошта?
    — Каб забойцам зрабіць, як сама. На сябе ўсьцягнула — для таго ж. Лябаранцкую пасаду абяцала. Зьвязе ў горад — пабачыш!
    — Навошта ёй?
    — Я ж кажу: забойцам зрабіць.
    — Які з яго!
    — Не стане забойцам — кіне. Новае чучала знойдзе. Я такіх бачыў. А ён загіне. Як я! Хочаш, каб ён загінуў?
    — Толькі не гэта... Але — як ратаваць?
    — Спалім чучалы, бацька. Яна на разяву глядзець не захоча.
    Атарба шырэй паставіў ногі, каб больш трывала трымацца на іх.
    А сын шаптаў у вуха, наваліўшыся на плячо:
    — Ён нічога не зразумее, вер! Я ўсё зрабіў. Гэта паслаў тэлеграму. У горад зьезьдзіў! Вярнуўся: няма яе. Ах, добра! Гляджу: набівае. Чучалы! Валерка набівае. Думаю: што? Што магу? Толькі так. Агнём! Я яму ўвечары сонных таблетак у чай. Ад лячэньня майго засталося. Нічога не ўчуе! Знутры падпалю, каб доўга відаць не было. Ты ў тайгу ідзі. Раніцай вернесься. З сонцам! Абодвух пабудзіш. Я таксама спаць буду. Скажаш — вось, чамаданы адно пасьпеў... На цябе не падумае. Зразумеў? Хай на бога, на д’ябла, на шамана думае!..
                                                                               * * *
    Дзень мінаў за днём, а Валерка ўсё не ведаў, якая кара яго чакае. Ад Арыядны Ігнатаўны не было ніякіх вестак.
    І чаму не заначаваў у сьвірне? Адзіноты збаяўся? Што за бяда. З ім нябачна была б Арыядна Ігнатаўна, яе цьвёрдыя рукі сьціскалі шыю, яе валасы зьзялі ў цемры. Пакінуў без варты тое, што берагчы павінен быў, як уласнае вока, ды яшчэ не заўважыў у сьвірне штосьці, ад чаго ўсё і пайшло. Бацька казаў, што пажар, безумоўна, пачаўся з сярэдзіны, бо не бачыў агню, ідучы праз увесь алас, а падышоў — нічога, бадай, не засталося. Ледзьве пасьпеў манаткі выхапіць.
    Так пусьціў на вецер тры тыдні працы — Арыядны Ігнатаўны і сваёй. І паправіць гэта было немагчыма, бо птушкі ляцелі на поўдзень. Яны ляцелі ў вырай, вольныя птушкі, ім не было справы да гора Валеркі.
    Яны ляцелі ўдзень і ўночы — якія як: адны кіраваліся ўздоўж ракі, другія не абміналі і лесу; адны ляцелі клінам, другія без усякага парадку; адны ляцелі з песьняй, другія моўчкі. Год амаль трэба было чакаць іх звароту. Ляцелі тыя, на чыіх крылах хацеў Валерка сам падняцца над сьветам. Пусьцелі лясы, паляны, моўклі азёры, імшарышчы.
    Ён стараўся не выходзіць з юрты. Пад высокім марозным небам яго душыла нуда. Усё валілася з рук. Бацька і брат пераглядваліся і не папікалі. Бацька нат дараваў патрачаны толь і прыкідваў, куды скарыстаць павець.
    Плыло наладжанае жыцьцё. Бацька з дня ў дзень плёў з ацынкаванага дроту венцяры на андатраў, дзве-тры гадзіны адпачываючы ў тайзе. Вяртаўся — сьмяяўся задаволена:
    — Бялеюць патроху зайчыкі. Хутка мы іх...
    Дзяніс касіў, сушыў і стагаваў сена. ён прыкметна паспакайнеў, а іншы раз і жартаваў з Валеркі. Без злосьці.
    Добра было ім, відаць, абодвум, занятым з раніцы да зьмярканьня, а Валерка не мог знайсьці сабе працы. Бацька супакойваў:
    — Не марнуйся. Пойдуць зайцы, андатры... Будзе работа! Абдзіраць, чысьціць... Прыдасца тваё ўмельства.
    Уцячы б да маці, у сяло, але гэта значыла страціць надзею сустрэцца з той, каго так чакаў і так баяўся. Міналі тыдні.
    Бясконцымі начамі траву высьцілала скрыпучая шэрань. Возера ў аласе, як блізарукае вока, узброілася ледзяной лінзай. Яна была зусім незаўважная здалёк, толькі зьдзіўляла, чаму на вадзе ў любы вецер ні хваль, ні рабізны.
    Кінуў касіць Дзяніс. Цяпер ён абмазваў глінай юрту, ладзіў дах. Камянок пасярод балагана ненасытна жэр дровы, і ў Валеркі, нарэшце, знайшоўся занятак. Ён з гахканьнем сек цяжкія лістоўнічныя мятроўкі, выпісаныя з саўгаса. Шафёр сьмяяўся: “У тайзе без дроў!” “Паспрабуй, пацягай на сабе”, — бурчэў у адказ бацька...
    Валеркава павець стала дрывотняй.
    Дровы ён сёк і тады, як у лесе пачуўся маторны гуд і ў алас сасьлізнуў невялікі аўтобус з тупым, нібыта адпілаваным носам. У саўгасе падобных не было, Валерка зразумеў: “Яна!” На гук выйшлі з юрты бацька з Дзянісам, перамовіліся — відаць, зразумелі і яны, бо Дзяніс накіраваўся да халоднай прыбудовы, дзе стаялі рэчы.
    Аўтобус пад’ехаў — Валсрка нырнуў за касьцёр. Праз шчыліны, хілячы галаву то ўправа, то ўлева, ён мог бачыць палову двара. Арыядна Ігнатаўна лёгка саскочыла з прыступкі. Шафер застаўся ў кабіне — гэта азначала, відавочна, што пасажырка яго не зьбіралася нават піць чай. Ад хваляваньня Валерка разумеў праз слова. Бацька прасіў прабачэньня, нешта тлумачыў. Дзяніс вынес рукзак і чамаданы. Потым усе трое пайшлі да рэшткаў сьвірна. Гэта было зусім блізка ад павеці, і Валерка аж сьцяўся ўвесь, каб яго не заўважалі.
    — Значыць, уночы?
    — Пад раніцу.
    — Цёмна было?
    — Шарэла.
    — Так... А ўсё-такі, ад чаго?
    — Хто ж яго ведае? Будынак такі, што і сам па сабе мог запаліцца. Сушня! Ды Бэлеркэ ўвечары корпаўся. Мо сьвечку пакінуў?
    — А дзе ён?
    — Бэлеркэ? Бэлеркэ тут... Ці ў тайгу пайшоў? Дзяніс! Бэлеркэ не ў тайгу пайшоў?
    — У тайгу.
    — Пад вечар вернецца... Пачакаеце?
    — Не.
    Усе гужам рушылі назад: жанчына наперадзе, мужчыны за ёй.
    Арыядна Ігнатаўна адкрыла адзін чамадан, другі...
    — Дзіўна. Усё на месцы!
    — Вядома, вядома! — заківаў бацька.— Нам чужога не трэба!
    — Як жа вам удалося ўночы вынесьці ўсё з агню — паўтараю, усё! Нічога не пашкоджана, не абгарэла!
    Яна гаварыла выразна, строга. Валерка ўсё чуў.
    — Стараўся, аднак.
    — Малайчына. Нічога не скажаш.
    “Сапраўды... — падумаў Валерка.— Як ён здолеў? Яны ж стаялі ў розных кутках, гэтыя рэчы. А скрынка з рэактывамі — на другой палове, з чучаламі...”
    Арыядна Ігнатаўна нахілілася да рукзака. У руках двухстволкай бліснулі шкельцы бінокля.
    — Пагляджу напасьледак на ваш алас. Шчодрая мясьціна!
    З яе грудзей вырваўся лёгкі ўскрык.
    — Што там?
    Не адрываючы бінокля ад вачэй, яна ступіла крок, другі, потым пабегла. Яна бегла да возера, спатыкаючыся, бінокль замінаў ёй, а яна не апускала, быццам баялася, што разам з біноклем зьнікне і тое, што бачыла праз яго. Валасы колеру лета ўзьвіліся над галавой капой дзьмухаўцоў. Валерка ўстаў з-за кастра і, як быў з калуном у руках, пайшоў сьледам.
    Арыядна Ігнатаўна, седзячы на кукішках, гладзіла ружовае пер’е ніколі не бачанай птушкі.
    — Флямінга. Высякай,— прашаптала яна, не зьдзівіўшыся Валеркаваму зьяўленьню. — Не закрані!
    Лёд уздрыгнуў пад калуном, і па ўсім возеры, як на шыбе, пабеглі зьмяістыя трэшчыны.
    — Неверагодна. Трапічная птушка. Бліжэйшыя гняздоўі — у Казахстане. Гэта сусьветная сэнсацыя!
    Яна прыціснула заледзянелую птушку, як дзіця, да грудзей і паволі пабрыла да аўтобуса. Драўляныя ногі флямінга білі яе на каленях, драўляная шыя з кручканосай галавой, як крывы сук, тырчала з-за пляча. Незямная ўсьмешка рассунула вусны. І гэтая ўсьмешка павярнулася да Валеркі:
    — Ты дзе хаваесься? Зьбірайся. Усё ўладкавана. “Зьбірайся. Яна кажа: зьбірайся. Зьбірайся!”— аслупянела паўтараў Валерка, не могучы паварушыць ні рукой, ні нагой, быццам яго зьвязалі. Бездапаможна азірнуўшыся вакол, ён натрапіў на позірк Дзяніса, поўны жалю.
    “Дарма глядзіш. Адна справа ты, іншая — я, — з раздражненьнем падумаў Валерка. — Нармальных людзей у горадзе больш, чым аднавокіх”.
    — Што за стварэньне? — зьдзівіўся бацька.
    Арыядна Ігнатаўна стамлёна і любоўна паклала флямінга на рукзак.
    — Адна гэтая птушка вартая ўсіх, якіх вы спалілі, — спакойна прамовіла яна. — Вы і Дзяніс.
    — З чаго... З чаго вы ўзялі? Я ж расказваў!
    — Не стройце з сябе блазна.
    — Бэлеркэ... Сынок! Няўжо паверыш?
    Валерка маўчаў. Дык вось яно што! А ён наракаў на сябе. Канечне, гэта яны спалілі. Не магло быць іначай.
    — Ну, хутка ты? Зьбірайся!
    — А што мне зьбірацца?
    Ён шпурнуў калун у бок дрывотні, нібы адсякаючы сябе ад аласа, ад балагана, ад бацькі і брата, падхапіў скрынку і рушыў да аўтобуса. Сумненьні і страх зваліліся з плеч — ён адчуваў сябе вольнай птушкай.


                                                                    РЭЦЭНЗІЯ
            на зборнік апавяданьняў Івана Ласкова “Па-дэ-дэ з “Чароўнага каменя”.
                                        Выд-ва “Мастацкая літаратура”, 208 с.
    Бадзёра і арыгінальна пачынае Іван Ласкоў кнігу апавяданьняў. “Дванаццаць якуцкіх месяцаў. Замест прадмовы” хораша ўводзіць чытача ў экзатычны сьвет жыцца паўночнай народнасьці. Тут і своеасаблівая наравістая якуцкая прырода, і цікавыя звычкі яе насельнікаў, якутаў рускіх, беларусаў. Вока апавядальніка выхоплівае з масы агульнага нечаканыя падрабязнасьці штодзённага бытаваньня якутаў. Аўтар нязьмушана і натуральна робіць адступленьні ў нядаўнюю і даўнюю гісторыю якуцкага народа. Прынамсі, аўтар гэтых радкоў, які ў пэўнай ступені меў дачыненьне да Якуціі і не чужы пэўнага, але, вядома ж, не поўнага ўяўленьня аб месцы свайго нараджэньня, з зацікаўленасьцю знаёміўся з кнігай.
    Увага да жыцьця, быту, гісторыі іншых народаў сьвету ўласьціва беларускай прозе. Матэрыял самой яе быў досыць экзатычным, калі гаварыць аб меры яго эстэтычнага асваеньня,— матэрыял жыцьця, па словах А. М. Горкага, самага забітага народа царскай Расіі. да месца прыгадаць і прыгодніцкія творы Янкі Маўра “У краіне райскай птушкі”, “Амок”, тыя ж “Палескія рабінзоны”, і аповесьць Уладзімера Караткевіча “Чазенія”, і “сыбірскія” нарысы Янкі Сіпакова, каб згадзіцца з думкай, што зварот маладога празаіка Івана Ласкова да новага матэрыялу не патрабуе асаблівага абгрунтаваньня і вытлумачэньня, як гэта робіць аўтар ва ўступным слове. дый тое сказаць, што матэрыял жыцьця ў творах лепшых пісьменьнікаў сьвету заўсёды выглядае новым, арыгінальным, нават тады, калі ўжо не аднойчы асвойваўся літаратурай, бо заўсёды новы, самабытны погляд на яго, кінуты вострым вокам таленавітай асобы. Справа, такім чынам, у таленце.
    Што ж, Іван Ласкоў — чалавек таленавіты. Так гаварыць аб ім дае падставу яго паэтычная творчасьць. Яго кніга прозы таксама паказвае, што мы маем справу з чалавекам безумоўна здольным, літаратурна граматным, начытаным. Гэта заўважаецца хоць бы сабе ў тым, як свабодна абыходзіцца ён з матэрыялам, які я назваў бы небясьпечным для пісьменьніка. Небясьпечным найперш таму, што можа завабіць сваёй зьнешняй нязвыкласьцю, кінуцца ў вочы сваім этнаграфізмам, але не раскрыць свае ўнутраныя сакрэты. Адносіны маладога празаіка да гэтага матэрыялу відавочна “валявыя”, актыўныя: ён не ідзе сьледам за матэрыялам, паддаючыся яго аб’ектыўнай лёгіцы, а, наадварот, падпарадкоўвае яго сваёй ідэйнай схеме, нарыхтаванай “у запас” думцы. На фоне таго, як пішуць некаторыя сучасныя беларускія празаікі, што сапраўды, як казаў А. Твардоўскі, едуць з папушчанымі лейцамі, гэта выглядае нават прывабна. Відавочна, што аўтар шмат думае над тым, як аформіць матэрыял, над сюжэтам і агульным малюнкам мастацкага апавяданьня. Адчуваецца, што ён ведае, чым завершыцца той або іншы яго твор. На жаль, часта адчувае гэта і чытач. Кожны раз у пісьменьніка знаходзіцца свой падыход да зьявы, пра якую ён апавядае: у аснову апавяданьня “Дзень і ноч на беразе мора” пакладзены прынцып супастаўленьня — дзьве гісторыі, дзьве жыцьцёвыя філязофіі, калі можна іх так назваць; перапіска герояў, у якой выяўляецца цэлая асабістая эпоха чалавечага жыцьця, стала сюжэтным грунтам апавяданьня “Зімовыя лісты”, “Ад вытокаў да вусця” рухаецца чытач разам з героем аднайменнага апавяданьня...
    Ёсьць у зборніку творы і больш традыцыйныя. Сюжэтны рух у іх супадае з натуральным рухам жыцьцёвай падзеі, прычына і вынік пастаўлены ў часавую пасьлядоўнасьць. Напрыклад, “Фармаліст”. Гэта апавяданьне ў свой час друкавалася ў часопісе “Маладосьць” пад загалоўкам, які стаў назвай зборніка. Праўда, і тут Ласкоў застаецца самім сабой, арыгіналам і не традыцыяналістам: ён ажыўляе мастацкае апавяданьне тым, што уводзіць “стэнаграму” судовай справы. Аўтар, напэўна, востра адчувае, як зьвязвае крылы яго фантазіі даўняя апавядальная традыцыя беларускай прозы, яе схільнасьць да “прыземленага”, бытавога, пасьлядоўнага, нетаропкага расказу, да паступовага разблытваньня жыцьцёвых “вузлоў”, да лягічнага руху ад зьнешняга да ўнутранага, ад паверхні ў глыбіню. Дарэчы сказаць, што беларускія “традыцыяналісты” ў вобліку рэдакцыі “Маладосці” не прынялі гэтага “наватарства” Ласкова у вобласьці формы і значна скарацілі апавяданьне. Скарацілі па прынцыпу “нажніц” — груба і абыякава, так што цяжка зразумець, што адбылося з героем.
    Што ж, аўтар мае рацыю, калі імкнецца неяк “ажывіць” ход мастацкага апавяданьня, быць арыгінальным. Але арыгінальнасьць яго часта выглядае арыгінальнічаньнем, а фармальная навіна — намаганьнем з яе дапамогай “адолець” супраціўленьне матэрыялу, утаймаваць стыхію чалавечага жыцьця, прайсьці міма ўнутранай глыбіні, складаных калізій.
    Вось напрыклад, апавяданьне, якое я лічу таксама, як і апавяданьне “Фармаліст”, адным з лепшых у зборніку, — “Зімовыя лісты”. Найперш заўважаецца, што аўтар шмат думаў над яго кампазыцыйнай арганізацыя, яго мовай, і ў гэтых адносінах дасягнуў многага. Перапіска герояў захапляе не толькі тым, пра што яны пішуць, а якраз тым, што перапісваюцца двое цікавых людзей, за плячыма якіх вялікае жыцьцё, асабісты вопыт гора і шчасьця, падзеньня і ўзьлётаў. У апавяданьні (яго можна назваць маленькай аповесьцю) ёсьць гумар, і ён афарбоўвае чалавечыя адносіны двух старых сяброў — беларуса і якута. Аўтар умела карыстаецца скарбамі якуцкага фальклёру, стварае нацыянальны калярыт. Цікавым зьяўляецца і вобраз “якуцізаванага” беларуса Валянціна Мякіша. Апавяданьне выклікае літаратурныя асацыяцыі з вядомымі творамі Ч. Айтматава “Бывай, Гульсары” і В. Бялова “Плотніцкія апавяданьні”.
    Адчуваецца, якія магчымасьці меў аўтар, каб на матэрыяле жыцьця каняводаў у складаных кліматычных і прыродных умовах Якуціі сказаць пра час і людзей, якія жывуць у гэты час. Магчымасьці гэтыя ён, аднак, не выкарыстаў. і перашкодзіла яму пасьпешлівасьць, якая наогул вельмі заўважаецца ў адносінах Ласкова да мастацкага апавяданьня. Апавяданьне прываблівае досыць грунтоўным веданьнем паводзін коней у якуцкіх умовах, асаблівасьцей якуцкай жывёлагадоўлі, калі, вядома, не лічыць такіх агрэхаў як словы пра аборты (?!.) у коней /с. 82/. Чаго не стае гэтаму, паўтараю, лепшаму апавяданьню зборніка, дык гэта вастрыні, грамадзянскай ёмістасьці ў апавяданьні пра людзей, жыцьцё якіх дае магчымасьць сказаць шмат. Толькі гумару, толькі вясёлага пасьмейваньня мала. Чакаеш, жадаеш большага. Як заўсёды, калі маеш справу з мастацтвам.
    Апавяданьне “Фармаліст” вылучаецца сярод іншых тым, што ў ім ёсьць адчуваньне месца дзеяньня: БАМ, суровая зіма, мароз, сьнягі, якуцкае пласкагор’е. А гэта немалаважная асаблівасьць у мастацкім творы — плястыка, уменьне пісаць так, што чытач уяўляе, дзе ўсё адбываецца, калі і як. Гэтага ўмельства маляваньня Івану Ласкову часта бракуе. Мо таму так ахвотна ён карыстаецца дыялёгам. Карыстаецца неашчадна, бо дыялёгі яго часьцей інфармацыйна-бэлетрыстычныя, як драматычныя. Найбольш уражлівыя прыклады чыста функцыянальнага выкарыстаньня дыялёга можна напаткаць на с. 10-11, 23-24, 32-39, 54-59 і інш.
    Шматслоўе наогул вельмі шкодзіць многім творам Ласкова. Вельмі адчуваецца недахоп сьцісласьці, ляканізму. Часьцяком нестае і звычайна; недакладнасьці слова, выразу, сказа. Асабліва шмат прыкладаў “небеларускага” маўленьня ў творах, якія, мабыць, былі першымі празаічнымі вопытамі Івана Ласкова “У суботу рана”, “Ад вытокаў да вусьця”, “Неба”. Не прыводжу іх, бо на рукапісе ёсьць выразныя сьляды рэдактарскай праўкі, якія аўтар, на маю думку, дарэмна праігнараваў. Наогул апавядальнае маўленьне Ласкова досыць культурнае (маецца на увазе культура творчасьці), але іменна таму так кідаецца ў вочы тое, што ён мала працуе над словам, над яго плястычнымі, выяўленчымі магчымасьцямі. Большая частка яго намаганьняў ідзе на распрацоўку сюжэта. Але гэта не азначае, што сюжэт яго апавяданьняў жыцьцёвы, праўдзівы. Часьцей за ўсё ён пазбаўлены сапраўднага канфлікту. Аўтар, заўважаецца, менш дасьледуе, а больш павучае. дыдактызм і прэтэнцыёзнасьць відаць ужо ў падзагалоўках, якія сустракаюцца ў апавяданьні “Дзень і ноч на беразе мора”: “Кожны прыходзіць да мора сваім шляхам”, “мора выпрабуе”, “ад мора чакаеш радасьці”, “мора бярэ ў палон і душы, і целы”, “у кожным моры за прылівам абавязкова ідзе адліў”, “мора яднае”, “мора разводзіць”, “мора шчодра плаціць за вернасьць”...
    Псэўдаканфліктная сытуацыя і ў апавяданьні “У суботу рана” (перажываньні юнака пасьля таго, як ён ледзь не стаў злачынцам), “Неба” (сутыкненьне тэорыі і практыкі ў вопыце хваравітага хлапчука), “Івановы” (бяседная размова двух герояў, у якой усяляк выяўляецца тое, што яны людзі перадавых поглядаў, працаўнікі і патрыёты, у якой зашмат рыторыкі).
    Цікава задумана апавяданьне “Супэр-8”. Ідэя аб цане сёньняшняга шчасьця варта самай вялікай падтрымкі. Але пярэчаньне выклікае сама сытуацыя, у якой знаходзіцца герой. Наўрад ці выкліча такія сур’ёзныя асацыяцыі, як успаміны пра танкавыя і паветраныя баі, такія бяскрыўдныя “игровые” відовішчы, як катаньне на “супеэр-8” або на каруселі. Нацяжка відавочная.
    Намаганьні Івана Ласкова ў галіне мастацкай прозы варты ўвагі чытача. Але аўтару неабходна добра папрацаваць над сваімі апавяданьнямі ў кірунку іх большага сюжэтнага ўшчыльненьня, завастрэньня іх сацыяльнай зьмястоўнасьці, слоўнай маляўнічасьці, наогул над уласна вобразнай структурай. Трэба, думаецца мне, больш дакладна вызначыць адрас чытача, да якога зьвяртаецца пісьменьнік. Бо калі аўтар мае на ўвазе юнага чытача, яму давядзецца шмат удакладніць у агульнай задуме зборніка як мастацкага цэлага: пазбавіцца тых момантаў у сваіх апавяданьнях, у якіх навідавоку “эратычны шал” герояў (“Зімовыя лісты”, “Зяць”, “Ад вытокаў да вусьця); надаць большую ўвагу пазнаваўчаму боку (яна ў яго ёсьць, але гэта тычыцца хіба толькі расказу пра нацыянальную спэцыфіку краю ў апавяданьні “Дванаццаць якуцкіх месяцаў”, пра рыбаловаў і рыбалоўства ў апавяданьні “Дзень і ноч на беразе мора”, пра коней і канюхоў у апавяданьні “Зімовыя лісты”); пазбавіцца мэлядраматызму і нотак сэнтымэнтальнасьці ў творах, дзе ставяцца маральныя праблемы (апавяданьне “У суботу рана”, “Ад вытокаў да вусьця”; быць больш уважлівым да слова, стрыманым, ляканічным... Наўрад ці трэба першую кніжку прозы расьцягваць ажно да пятнаццаці аркушаў, лепш замяніць новымі апавяданьнямі свае першыя вопыты, а ў тых, што ўжо ёсьць у зборніку, правесьці працу па скарачэньню, але гэта праца не павінна быць такой, як гэта відаць на прыкладзе апавяданьня “Фармаліст” (часопісны варыянт “Па-дэ-дэ з “Чароўнага каменя”).
    18. 2. 1978 г.
    Міхась Тычына
    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстын Ленскі,
    Койданава