пятница, 7 августа 2015 г.

Толік Куранахскі. Беларускія "кулакі" ў Алданскім раёне ЯАССР. Ч. 9. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    1969 год. На пэнсіі бацька прыкметна акрыяў душой. Ягонае помнае, не раз паўтранае: “Цяпер можна і пажыць!” Дзень, калі паштарка прыносіла пэнсію, быў чаканы і ўрачысты. Пэнсіі той - 70 рублёў, але хапала. Галоўнае, вольная воля! Відаць, самая патаемная мара, можна сказаць, яго самая сьветлая кроза нарэшце ажыцьцявілася. Наш бацька стаў гаспадаром свайго часу.
    Зрэдку сапраўды падпрацоўваў. У асноўным, як цесьля: правіў, лапіў, рамантаваў гаспадарчыя будыніны саўгасу, часам па просьбе каго-небудзь з і жыхароў пасёлка, ставіў агароджы і правіў тыя ж хлявы. Сябрына ў яго сабралася - вольны люд! самі сабе гаспадары! і свайму часу! Адным словам, спалучаў прыемнае з карысным, меў сякую-такую лішнюю капейку.
    Плёў з мяккага алюмініевага дроту кашы, седзячы дзе-небудзь на гаспадарчым двары ці, калі ішоў дождж, у зацішку хлява. Кошыкі лёгкія і зграбныя - служылі аж да апошняга часу. Адзін ці два дасюль захаваліся. Наогул зробленае бацькам, ягонае начыньне, майстэрня доўга яшчэ нам служылі.
    Летнімі вечарамі за самаробным столікам у гародчыку перад хатай зьбіралася сталая кампанія мужчын - гулялі “ў дурня”. “На інтарэс” - скідваліся на бутэльку самагонкі. Жарты, спрэчкі, лёгкія кпіны працягваліся і ў застольлі - тут ужо маці быў клопат: даставала з печы няхітрую сялянскую закусь, рабіла незадаволеную міну, але не ўпарцілася, як некаторыя жанчыны, абы настаяць на сваім, лёгка паддавалася на ўгаворы “прысесьці”, “далучыцца да кампаніі”. Мачыла вусны ў чарцы гарэлкі, а потым нечакана і адчайна, маўляў, “Дзе наша не прападала!” - выпівала рэшту да донца.
    Часьцей за ўсё кпінаў перападала Івану Івашкевічу - нашаму суседу, куму. Пераважна за вечнае ныцьцё на нелады ў сьвеце, у саўгасе, на пагоду, на здароўе: “дажджы падвялі”, “памідоры не ўрадзілі”, “грошай няма з сабой”... Яму весела “пазычалі” рубель - ці Пеця Шылаў, ці Жэня-“магазыншчык”, ці Карла Вількс - таксама наш сусед праз вуліцу. Часам, калі не хапала “пары” для паўнацэннай гульні, далучаўся брат Мікалай - і да службы ў войску, і па вяртаньні з Славакіі, дзе - мы ведалі - ёсьць такое месца-гарадок Зволен...
    Мірныя хвіліны жыцьця-быцьця на пэнсіі часам перапыняліся трывогай. Захварэла ўнучка - рыжавалосая Сьветка, малодшая дачка Сашкі. Зусім маленькая, ляжала на лаўцы ў цяньку пад разгалістай ігрушай, пакутавала. Наша маці мітусілася, клала мокры ручнік на лоб, выпытвала, што і дзе баліць. Бацька зьбегаў да дырэктаршы саўгаса Карцель (“Мамы”) - выпрасіў “козьлік”.
    Я паехаў з малой у Глушу, у бальніцу, дзе адразу вызначылі: “Апэндыцыт! Запаленьне!” На “хуткай дапамозе” завезьлі ў Бабруйск - адразу на апэрацыйны стол. Назаўтра Сашка, бацька малой пытаўся, як гэта я адважыўся даць падпіску аб згодзе на апэрацыю: “А калі б...”. На гэта я адказваў - усё ж скончылася добра: “А калі б апэндыкс лопнуў?! А вы - далёка, у Мінску!..” Потым — я ж яе хросны бацька! Брат братам, а кум кумам.
    З малой засталася яе маці, а мы адзначылі шчасьлівае завяршэньне экстрэмальнай сытуацыі ў цёткі Любы: балазе, яе гарадзкая кватэра была непадалёк ад бальніцы. Глядзелі сэрыял пра Шцірліца, чарговая сэрыя скончылася мэлядраматычнай сцэнай: “А вы, Шцірліц, застаньцеся!”
    Тую ж сэрыю глядзелі паўторна ўжо ў бацькавай хаце. Я радаваўся больш за ўсё за нашага бацьку, за маці: маю тэлеграму, што ўсё добра, яны атрымалі! А тут і мы самі, вясёлай кампаніяй, прыкацілі! Як не адзначыць!
    1970 год. А сьвяты, бо кожная сустрэча ў нашай сям’і ўспрымалася намі, як сямейнае сьвята, працягваліся. У Менску, дзе мы ўсе, браты, сястра, адзін за адным, атабарыліся, працавалі, вучыліся, чакалі кватэры, жылі ў інтэрнатах, у прыватным сэктары, бацькі бывалі па чарзе. Вясной я адзначаў абарону кандыдацкай дысэртацыі - на банкет прыехала маці: бацька яе адпусьціў!
    На другі дзень усе сабраліся ў Бараўлянах - спачатку ў Сашы і Веры закацілі шумнае, з п’янымі песьнямі застольле і з братавымі парадаксальнымі жартачкамі, якія шакавалі і весялілі сябрыну, і ўсе бачылі, што ў нашым браце прападае і марнуецца талент коміка: нездарма ж ён быў “каўровым” у цырку!
    Потым паехалі ў Ратамку, каб паказаць маці кватэру Жэні і Зіны, якую яны атрымалі ў сваёй чыгуначнай арганізацыі (“спэцвагоне”), хаця жылі ў хаце жончыных бацькоў у Старадворышчы, тых жа самых Бараўлянах, а ў Ратамцы ўвесь час нехта жыў з малодшых бескватэрных братоў - Міша, Коля, а таксама сястра Іна, сябры Валодзі. Зьдзейсьнілі нават паход на Мінскае мора, бо маці пры слове “мора” ў электрычцы ажно ўстала з месца, каб паглядзець, што гэта такое. Паход досыць бессэнсоўны, бо з боку Ратамкі мора выглядала, як зарослая плесьняй пустынная затока, топкая, тарфянік, - ні пакупацца, ні паплаваць, ні рыбу лавіць.
    Затое кампанія падабралася будзь здароў - жарты за жартамі. Саша быў майстар на прыколы. Многія яго фразэмы ўжо не раз чулі, але ўсё роўна сьмяяліся. Я свой удалы жарт ці прыкол помню. Цешча Сашава, Вольга Бладыка, пабачыўшы, што электрычка з Менска, не спыняючыся, паляцела ў бок Маладзечна, павярнула за горку, спалохана спыталася ў зяця: “А што гэта яна не спынілася?” Саша, такі хуткі заўжды на язык, затрымаўся з адказам, і я яму дапамог: “А гэта электрычка зараз разьвернецца і нас возьме да горада”. Цешча лёгка паверыла: “Вунь яно што!” А браты-тэхнары ўявілі, як гэта тая электрычка возьме і разьвернецца, каб ехаць дзеля нас назад. Весела!
    1973 год. Бацька пабываў у нас і на маім 30-годдзі, дзе я ўпершыню быў са сваёй будучай жонкай Алачкай. Плянаваў адзначыць падзею ў так званай фабрыцы-кухні на Берсана, але бацька выказаў жаданьне адгуляць мой юбілей у сямейнай абстаноўцы - у кватэры старшага брата Сашы на тагачаснай вуліцы Горкага. Тэрмінова закупілі правізію - гарэлкі, віна, піва.
    Я, дарэчы, у гэтым усім па маладосьці гадоў не вельмі петрыў і, як пазьней зразумеў, моцна рызыкаваў, бо маёй каханай гэта адсутнасьць пэўнай шляхетнасьці магла не спадабацца, але, надзіва, менавіта прысутнасьць бацькі мяне і маё шчасьце ўратавала: бацька ўразіў яе сваёй сталасьцю, самапавагай, мужчынскай годнасьцю, - прынамсі, яна пераканалася, што яго харызма ўдачлівага золаташукальніка - не мая дасужая прыдумка, а праўдзівая праўда.
    З ёю быў яе малодшы брат Валодзя, тады студэнт журфака, у якога была свая місія пасланца маёй будучай цешчы Надзеі Сяргееўны, і ягоны канчатковы вэрдыкт меў немалое значэньне ў нашым лёсе.
    На другі дзень праведалі Толю Рунцо - яго маці, сястра цёткі Ліны, жонкі дзядзькі Антона. Некалі дзядзька павёў нас, мяне з малодшым братам Валодзем, да яе - прайшло 9 дзён, як памёр бацька Рунцо. Мне было цікава, бо я ведаў ужо ад дзядзькі, што Рунцо жылі да вайны на адной пляцоўцы з сям’ёй Кузьмы Чорнага, пра якога я тады пісаў аповесьць і вельмі прагнуў хоць якіх зьвестак пра даваенны побыт. Гэта пацьвердзіла Рагнеда Мікалаеўна, дачка Чорнага, калі я ў яе спытаў. Я часам забягаў да брата Сашкі, які працаваў у Рунцо ў лябараторыі, дзе канструявалася і выпрабоўвалася сельгастэхніка (сеялкі-веялкі, бульбакапалкі) знакамітага ЦНІІМСХ імя акад. Мацапуры, лічыўся эмэнэсам, а насамрэч вадзіў “Пабеду”, на якой вазіў самога рэктара Інстытута мэханізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, дзе вучыўся завочна. Вучыўся-вучыўся і нарэшце вывучыўся - атрымаў дыплём інжынэра-мэханіка. “Саша, - пытае ў яго выкладчык: - скажы, якога колеру падручнік па прадмету, які ты здаеш?” А што яшчэ ў завочніка спытаеш?!.
    У Рунцо нас чакаў шыкоўны стол - уразіла бульба, рассыпная, белая-белая, якой мы не бачылі з вясковага дзяцінства. Бацька ведаў толк у гэтым і належным чынам ацаніў. Толя Рунцо зірнуў на Сашку і патлумачыў, адкуль бульба: “З Балотнай станцыі”. Дамовіліся, што Рунцо наведае нашы Завалочыцы. Неўзабаве мы вясёлай кампаніяй пабылі ў роднай вёсцы.
    Анатоль Андрэевіч Рунцо прывёз бацьку саджанцы экзатычнай яблыні, на якой дасюль штогод шмат прыгожых чырванабокіх яблык, але есьці іх можна хіба тады, калі вельмі ўжо хочацца. Бацька часам хваліўся гэтай яблыняй перад гасьцямі, не ўдакладняючы, што за яблыкі на ёй растуць. Удзячнасьць была ў яго натуры, а гэта вельмі цэніцца ў век, калі няўдзячнасьць і бяспамятнасьць сталі ледзьве не штодзённай нормай сужыцьця.
    1976 год. На вясельле брата Валодзі - мяне ён апярэдзіў у гэтым сэнсе, не папытаўшыся маёй на тое згоды, - прыехаў бацька. Я ўпершыню пабачыў, як ён танцаваў. Маці потым дадавала: “У маладосьці ён добра танцаваў”. Бацька сядзеў “у прэзыдыюме”, і яго прысутнасьць, несумненна, упрыгожвала вясельле.
    На вясельлі брата Мікалая, які, як гэта часта бывае, знайшоў сваё шчасьце на вясельлі старшага брата, таксама быў бацька. Я ўпершыню пачуў бацьку ў ролі прамоўцы - бацька прамаўляў тост у гонар маладых.
    Я ведаю гэты момант, калі шумная і разгарачаная гамэрня гасьцей раптам, як па камандзе, змаўкае, разумеючы, што ў іх прысутнасьці адбываецца нешта незвычайнае, а менавіта бацька жаніха прамаўляе не проста банальнасьці і фармальнасьці, а выказвае нейкія вельмі важныя для яго самога і наогул для жывых людзей рэчы. Бацька гаварыў пра тое, што азначаюць у жыцьці кожнага з нас такія паняцьці, як сям’я, дом, дзеці, унукі, радня, сябры.
    Потым мы гулялі па Пушкінскаму праспэкту, фатаграфаваліся, а я глядзеў на свайго бацьку так, быццам бачу яго ўпершыню, у ролі аракула, мудраца, які шмат зразумеў у сваім жыцьці і жадае, каб і мы гэта спасьцігалі.
    Брат Валодзя атрымаў соткі пад Гатава і з галавой акунуўся ў будаўніцтва дачы, да якога падышоў у поўным узбраеньні ўладара дыплёма архітэктара. Дачныя домікі, як і ўсё ў тыя часы, павінны былі не выходзіць за межы пэўных агульнабудаўнічых стандартаў. Але брат рашыў пабудаваць казачны дамок, церам-церамок у форме будана з крутой страхой.
    Будаўнічыя матэрыялы ён раздабываў з усёй энэргіяй і вынаходлівасьцю. Не буду згадваць гісторыю яго намаганьняў, скажу толькі, што яму ўдалося падбіць на тое, каб выпісаць, расьпілаваць дрэва і г.д., і нашага бацьку.
    У адной з такіх акцый прынялі ўдзел і ўсе мае браты. Мы паселі на пазычаныя ровары і паехалі ў сасновы бор, які знаходзіўся па дарозе на Торфбалота. Менавіта там, на самой ЛЭП, паказаў нам Завалочыцкі лясьнічы Мікалай Булавацкі месца, дзе мы маглі выбіраць сьпілаваныя сосны і палавініць іх на мерныя часткі, абсякаць гольле, зносіць яго ў лаўжы.
    Працавалі дружна, спорна, несумненна, яшчэ і таму, што з намі быў бацька. Менавіта яго аўтарытэт уплываў на тое, што задуманае зьдзейсьнілася, хаця і цягнулася досыць доўга. Ляжалі ў канцы агарода расьпілаваныя на мясцовым тартаку і складзіраваныя брусы, дошкі, накрытыя рубэройдам...
    А нам, братам, застаўся цёплы ўспамін.
    Дарэчы, Мікалай Булавацкі напісаў і выдаў “Гісторыю Завалочыцкага лясьніцтва”, дзе аддаў належнае працаўнікам лясной гаспадаркі, сярод якіх мноства знаёмых прозьвішчаў і знаёмых людзей з Завалочыц, Сіманавіч, Яўсевіч, Рудні, Запольля, Паляны, Дварца, Гарадка, Горнага (калі праяжджалі міма, то наш Саша, лёгкі на слова і на досьціп, дадаваў: “Сталіца самагонкі”).
    Дапамагаў Мікалаю Булавацкаму ў напісаньні кнігі яго малодшы брат Міхась Булавацкі, фізык, які выкладае свой прадмет па-беларуску. Потым, праз гадоў 20 мы сустрэліся з цёзкам у Коласаўскім Гуманітарным Ліцэі, дзе я выкладаў курс літаратуры, і многія эпізоды з жыцьця Завалочыц і Сіманавіч прыпомнілі, кожны са свайго пункту погляду. А потым рассталіся - Міхасю цяжка і накладна было рабіць наезды на працу ажно з Магілёва.
    1978 год. На маім вясельлі была наша маці. Помню, як яна расказвала бацьку пра сваю прыгоду ў рэстаране “Журавінка”: “Паказалі, дзе прыбіральня, а на ўваходзе ўсё ў люстэрках амаль да падлогі. Гляджу, што гэта за старая ўставілася на мяне? Хацела сказаць: “Чаго вытрашчылася?” Ажно гэта я сама ў тым люстэрку”.
    Сам я мала што помню, быў заклапочаны, каб ўсё было добра. Помню толькі вясёлы аповяд брацейніка Жэні Адамовіча: у кагосьці з жанчын рассыпаліся дробненькія чорныя пацеркі на масла - Жэня прыгледзеўся са сталовым ножычкам: “О, і чорная ікра ёсьць!” А без ікры што гэта за вясельле?!
   Цешчы, Надзеі Сяргееўне, новая радня спадабалася.
    1979 год. На Вялікдзень былі з Алай у Завалачыцах. Разьліў. Вясна. Хадзілі ў Пеўнеў лес шукаць пралескі. Потым, па абедзе, сядзелі за сталом. Бацькі расказвалі пра сваё мінулае жыцьцё. Пра залатыя прыіскі.
    Бацька раптам падагуліў: “Напішы пра саўгас - так усё зьмянілася, пачало разбудоўвацца цяпер!”
    У Алы - свае гісторыі. Пра роднае Гутава.
    А я думаў, што бацьку не падабаецца мая пісаніна! Ці не прычына, што каля нашага сямейнага дома зноў пачала рабіць свае кругі сьмерць?
    Моцна захварэла цётка Аня. У Лечкамсіі яшчэ з зімы.
    Ужо праз 2 тыдні мы ў бальніцы. Холодныя староннія словы: “Адамовіч”. Лісток, на якім напісана нешта такое, што, здаецца, не датычыцца мяне, бо гэта не пра яе: “Памерла. 22-га мая. А 07. 00 гадзіне. Рак бронха. Год нараджэньня 1901 (у яе - 1904)”.
    23 траўня, а 4 гадзіне. Выехалі. Сьветлая ноч за горадам. Абрысы кустоў, лесу, прысадаў. Сьвежасьць. Як даўно я не бачыў лесу, травы!. Уражаньне, быццам над намі, з намі ляціць птушкай душа ц. Ані, то радуецца, што бачыць нас, то крычыць і падае на дол. Ловім акунёў носам. Страшная паездка. Непажаданая, нечаканая. А 6 гадзіне ў Бабруйску, кагосьці чакаем. А 7 гадзіне ўяжджаем у Глушу. Насустрач сьпяшаюць, бы спадзяюцца ўбачыць, што словы ў тэлеграме няпраўда, дз. Антон, бацька, маці, ц. Люба. Яны ўжо адчынілі хату. Плач. Сьлёзы. Крык. Страшна заходзіць у хату, дзе шмат людзей, большасьць старых, шмат кветак, вянкоў. Але шматлюдзьдзе і ратуе: увесь час натыкаесься на рэчы, якія нагадваюць пра нядаўняе. Як бы ўсьміхалася ўсім нам ц. Аня! Яна стаяла б, апіраючыся на кіёк, недзе ззаду, за ўсімі, каля сьцяны ці каля плота і чакала б, калі ўрэшце падыдуць да яе павітацца, і гэта быў бы галоўны момант і самае важнае. Увесь час адчуваньне - яна ёсьць. Яе голас, яе постаць. Яна - на стульчыку, яна - у дзьвярах вэранды, сьпяшае насустрач, яна - за сталом, яна - пад бярозамі...
    А ўжо і Саракавіны. Так хутка. Ц. Соня, ц. Люба, бацька, Адамовічы, Інка, Ала, Жана, Галя, Вова. Асірацелі мы без ц. Ані. Як душу хто выняў. Няма чалавека, які ўсё ацаніў бы, кожнае яе слова ты выконваў бы з ахвотай, ужо адна яе прысутнасьць усё ажыўляла. Нават наш бацька, такі маўклівы, няўсьмешлівы, пры ёй усьміхаўся і жартаваў. Я гляджу на яго, як ён марнее на вачах. Так ён уражаны, што адно маўчыць і глядзіць.Ажывае, калі размова ідзе пра сельскую гаспадарку. Аглавушыла яго сьмерць ц. Ані, яго сястры.
    1982 год. Летам у бацькоў пабываў Васіль Быкаў. І бацька, і маці любілі згадваць яго прыезд. Алесь Адамовіч неяк запрасіў Васіля Уладзіміравіча ў сваю Глушу. Якраз Быкаў абзавёўся ўласнай “Волгай” і з задавальненьнем зьдзяйсьняў падобныя круізы па Беларусі. Любіў тэхніку, аўто і хуткую язду.
    У нашы Завалочыцы і ў Глушу можна было ехаць з Мінска на выбар: праз Слуцк, праз Бабруйск і праз Асіповічы. Апошні час шанцавала і на паездку “партызанскімі сьцежкамі” - праз Мар'іну Горку і Старыя Дарогі. Апрабаваў гэты маршрут наш зямляк Коля Байбарацкі і яго сын Саша.
    Адамовіч прапанаваў – Мінск – Слуцк - Бабруйск. Заяжджалі і ў Старыя Дарогі, да нашага дзядзькі Пеці і цёткі Соні Шустаў.
    Бацьку зьдзівіла, што ў хату Быкавы заходзілі па чарзе, - спачатку Васіль Уладзіміравіч, а ягоная Ірына Міхайлаўна заставалася ў машыне, і наадварот. Быкава я разумеў, бо чуў пра перасьледы яго і яго блізкіх. Менавіта ў гэты час ішла мітрэнга вакол публікацыі яго аповесьці “Знак бяды”.
    Я акурат быў у рэдакцыі часопіса “Полымя” па сваіх аўтарскіх справах і патрапіў пад самы ўраган жорсткіх спрэчак, якая, як я зразумеў, працягвалася пасьля абмеркаваньня твора на рэдкалегіі. Асабліва заўзята спрачаліся найбольш гарачлівыя - Рыгор Шкраба і Анатоль Клышка. Так спрачаюцца хіба толькі тады, калі закранута нешта вельмі асабістае. У чым сэнс спрэчкі, я так і не сьцяміў. Але адчуў, што Быкаў напісаў нешта незвычайнае.
    Спытаў у Сашы Адамовіча, і ён адразу стаў сур’ёзным і заклапочаным: “Васіль перасягнуў самога сябе. Ён паказаў, што вайна пачалася раней, калі адбылася рэвалюцыя і раскулачваньне”. І, памаўчаўшы, дадаў: “А гэтыя дундукі ў “Полымя” чапляюцца да дробязяў. Пташнікаў напісаў у ЦК цэлую дакладную запіску на 20 старонак. Усё дзеля таго, каб пад выглядам дапрацоўкі-перапрацоўкі і работы з рэдактарам зацягнуць час, бо самі прымаць рашэньне баяцца. Усё чакаюць, што скажуць у Маскве. А Масква сама не ведае, як быць з гэтым упартым Быкавым. Быў бы членам партыі, то хутка разабраліся б”.
    Неўзабаве я сустрэў на кальцавым прыпынку на плошчы Перамогі (першы маршрут тралейбуса тады агінаў абэліск на пляцы і вяртаўся да вакзала) самога Васіля Уладзіміравіча. Мы ўжо былі знаёмыя - спачатку ў Гродна, дзе я рабіў перад маладымі пісьменьнікамі-сэмінарыстамі агляд сучаснай прозы, потым у хаце Сашы Адамовіча. Брацейнік толькі хацеў мяне прадставіць свайму сябру, што, маўляў, гэта брат, сын яго дзядзькі Аляксандра, як Быкаў весела выгукнуў: “А я думаю, чаму ён такі разумны!”
    Менавіта пад такой назвай ён на год раней напісаў прадмову да маёй кніжкі прозы, выдадзенай у Маскве, у выдавецтве “Молодая гвардия”, пад назвай “Умное слово писателя”, якую рэдактары зьмянілі на – “Доброе слово писателя”. В. Быкаў меў на ўвазе тое, што прозу піша навуковец, кандыдат філялягічны навук, рэдакцыя - што кніжку напісаў добры па натуры чалавек. Вызначылі, як кажуць, “по наружному виду” і манеры паводзін.
    Дарэчы, Быкаў напісаў сваё слова па сваёй ахвоце - я быў у яго літаратурным сэмінары маладых пісьменьнікаў, які адбываўся ў Маскве, і неяк мы сышліся і ішлі колькі мэтраў па калідоры разам (звычайна яго акружала мноства люду), а ён раптам папытаўся, як гэта я трапіў ажно ў Якуцію, дзе, як ён ведае, я нарадзіўся. Думаю, што мой адказ раз і, здаецца, да канца ягоных дзён жыцьця, пераканаў яго ў тым, што мне можна давяраць. Гады супрацоўніцтва ў Беларускім ПЭН-цэнтры пацьвярджаюць гэта. Давер, які было ўзьнік раней, замацаваўся.
    Мы селі на вольным пярэднім сядзеньні, перад кабінай кіроўцы, і пакуль ехалі, Быкаў тлумачыў сытуацыю: коратка, не ўваходзячы ў дэталі.
    На маё пытаньне пра публікацыю аповесьці, адказаў: “Не хочуць. Баяцца”.
    Раптам рэзка зьмяніўшы інтанацыю, як паскардзіўся на сваю долю непажаданага і цяжкога для ўлады пісьменьніка-праўдалюба:
    “Ну, што ж! У мяне і ў Ірыны ёсьць нейкая пэнсія... Невялічкая, праўда... Але неяк пражывём...”.
    Я быў у шоку: “Як так?! Гэта ж Быкаў!”
    Сытуацыя нечакана вырашылася - улада абрала свой апрабаваны прыём “перніка”, і Быкаў быў абсыпаны ўсімі найвышэйшымі літаратурнымі і дзяржаўнымі ўзнагародамі, атрымаў мэдаль “Гертруда”.
    Але Быкаў застаўся Быкавым. Уладзе як не давяраў, так і не стаў, не навучыўся давяраць. Хто меў рацыю - улада ці Быкаў?
    Любіў паўтараць словы Восіпа Мандэльштама: “Власть отвратительна, как руки брадобрея”. Алесь Адамовіч, згадваючы гасьцяваньне ў маіх бацькоў, патлумачыў яго і Ірыны Міхайлаўны паводзіны проста: “А што хацець - праколюць шыны шылам!..” І весялей дадаў, што бацькі яму спадабаліся, бацькава гаспадарка, хата: “А Ірыне асабліва спадабалася малако, якім цёця Каця частавала! Яшчэ і з сабою трохлітровы слоік перадала!”
    1984 год. Апошні раз бацька пабываў у Мінску ў гасьцях тады, калі наш брат Коля атрымаў кватэру і адзначаў улазіны. У зале было пуста, гулка - сталы літарай “П”, мэблю набывалі пазьней. Бацька, пабачыўшы сярод гасьцей сынавых цесьця і цешчу, падняў тост за вэтэранаў вайны:
    “Нас ўжо не так шмат засталося. Мы сваё зрабілі, усё, што змаглі. Змаглі б, можа, і больш, і лепш, але ўжо не дакарайце нас за тое, што не далі вам адразу такія, як гэта прасторная 3-пакаёўка, кватэры. Вам давялося памучыцца, пацярпець. А мы з маці марылі аб адным, каб вас вывучыць, вывесьці ў людзі, а далей вы самі знойдзеце свой шлях у жыцьці”.
    Не помню, хто з нас прапанаваў унукам Мітрафана Тычыны ўстаць і ўшанаваць бацьку, але карціна была ўражлівая: пяцёра сыноў-дубоў, моцныя, усе ў самай сваёй сіле і ў лепшым сваім веку, дачка, і ўсе дыплямаваныя, як і марылі нашы бацькі, і, каб не яны, то хто ведае, якія б мы былі.
    Бацька начаваў у мяне - мы незадоўга перад гэтым разьмянялі з жонкай свае аднапакаёўкі на кватэру ў самым цэнтры сталіцы, дзе бываў у гасьцях Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Лазар Лазараў, Тамара Залатухіна, Віктар Каваленка, Янка Сіпакоў, Вячаслаў Адамчык з жонкай Нінай Уладзіміраўнай...
    Наогул хто тады ў нас не пабываў - Ала ўмела прывеціць гасьцей, у яе шмат было сябровак і сяброў, да яе цягнуліся, ведалі, што знойдуць у ёй не толькі цікавую суразмоўцу, але і разумную жанчыну, якая ведае, што параіць, як разьвязаць тую ці іншую праблему, цьвяроза, мудра, далікатна, а, калі трэба, то і рэальна дапамагчы. У цэнтры ўвагі была яна, а я адно чуў: “Рыжычак! вары каву!” “Рыжык" быў для мяне тым жа, чым бацькава “Міхаіл” ці матчына “Мішка”. Яна так мяне называла, хаця пара, калі я быў абсыпаны, і твар, і плечы, і кісьці рук, рабаціньнем, нейк незаўважна мінулася, і я, калі і вылучаўся чым-небудзь, то хіба толькі ненармальным жаданьнем дагадзіць жанчыне, якую доўга шукаў, нарэшце знайшоў і якую, на жаль, раптам назаўсёды страціў.
    У гэтыя дні яна была шчасьліваю гасьціннай гаспадыняй, радавалася, што бацька знайшоў сабе ўважлівага слухача, якім стаў для яго малодшы яе брат Сярожа. Па асобных ўрыўках бацькавай споведзі, якія я чуў мімаходзь, бегаючы то туды то сюды, я разумеў, што бацька адкрывае душу, магчыма, расказвае і пра тое, пра што змоўчаў бы пры мне.
    З бацькам я пабываў у Купалаўскім сквэры, каля фантана “Хлопчык з лебедзем”, на плошчы каля Палаца прафсаюзаў... Паказваў, расказваў.
    Прыгадаў, як пазнаёміўся яшчэ з адным Тычынам - дырэктарам бібліятэкі ў Палацы прафсаюзаў (пра яго мне крыху распавядаў раней дзядзька Антон). Сваяцкага ў сваіх згадках пра свой род, месца жыхарства, жыцьцёвы лёс мы нічога не адшукалі, але гаворка была цёплаю, зычліваю.
    Бацька, у сваю чаргу, расказаў пра сваю колішнюю сустрэчу з дырэктарам сталоўкі ў Глуску Тычынам і ўзаемную зацікаўленую спробу хоць што-небудзь адшукаць агульнае: вось ён, Глуск, побліз Любань, крышку далей Старобін, Салігорск, Слуцк! Нешта ж нейкае, агульнае, роднаснае, кроўнае сваяцтва ёсьць, павінна быць! Не, няма!
    Мы не ведалі, нават і не адчувалі, што бацька моцна зьмяніўся. Ужо тады, у разгары вясны, пачынаючы з зімы, бацька насіў у сабе сьмерць.
    Яшчэ зімой, расказвала пазьней маці, бацьку ўгаварыў Іван Русецкі пад’ехаць узяць паўвоза саломы карове і сьвіньням на падсьціл. Іван - вясковы пастух, галасісты - яму і труба не патрэбна была, каб аб’явіць на ўсю вуліцу сваё “Выганяй!”, і каровы яго слухаліся, які, у сваю чаргу, нашаму бацьку, калі трэба было, таксама прыходзіў на дапамогу.
    Скінулі набраклы вадой верх у стога, набралі амаль жоўценькай саломы, Іван чамусьці рашыў не ўвязваць яе зьверху рублём і бацька на гэта не зважаў, і выехалі на шашу. Конь у нейкі міг рвануў з месца, і салома паехала з воза. Бацька сядзеў на версе, не ўтрымаўся і грымнуўся сьпінай аб асфальт. Вядома, балюча было, усё ж меў 75 год, але нейк адхаяўся. Ну, што! Сам вінават, спадзяваўся, што абыдзецца. А Іван ёсьць Іван! Хто яго не ведае! Малады, здаровы, іграў мышцамі, лёгка насіў цяжэразныя кубінскія мяшкі, хоць з зернем, хоць з цэмэнтам, хоць з чым, прасьцецкі, досыць легкадумны.
    Брат Коля пра тое ж самае расказваў сваю вэрсію (як нагадала мая дачка Каця: браты ледзь не пасварыліся ў нас за сталом, калі адзначалі мае чарговыя імяніны, - кожны стаяў на тым, што ўсё было не так, а зусім інакш).
    Паводле Міколавай прыгадкі: бацьку папрасіў дапамагчы наш сусед і бацькаў кум Карла Вількс. Бацька, калі грузілі салому, стаяў на возе і ўтоптваў яе. Коні не былі прывязаныя, раптам рванулі з месца, і бацька ўпаў з воза.
    Маці пазьней расказвала, што ўсё здарылася менавіта тады. А хто і што стала сьведкам ці віноўнікам недагляду і легкадумства, я не запомніў.
    Я, будучы ў асьпіранцкім летнім адпачынку, неяк у жніўні паехаў з бацькам і маці зграбаць атаву ў копы, а потым утоптваць сена на возе. Бацька і маці рабілі сваю справу нясьпешна. Надвор’е было сухое, ветранае, сена лёгкае. Бацька зграбаў скошаныя радкі, потым падбіваў сена сабе пад ногі, браў разам з граблямі ў ахапку і нёс у капу. Маці таксама не адставала ад мужчын. Мелі час нават на тое, каб палюбавацца навакольлем: сенажацьцю, якая спускалася да ручая, што бег, пачынаючы ад Кар’ера і да сажалкі, а потым да Пцічы, Высокай дарогай, каля якой бацька нагледзеў некалькі бярозак і асінак, каб потым са мной пад’ехаць за дармовымі дровамі, Палянскім садам са строем вечназялёных хвояў і купчастым шэрагам старых ліп, такімі добра знаёмымі і нам, і бацьку, не раз абходжанымі ў часы яго брыгадзірства пешака (колькі помню, бацька нязьменна абыходзіў давераныя яму палі, луг, сенажаць пешшу, хіба часам, калі надарыцца, пад’яжджаў крыху на спадарожнай падводзе, яшчэ і паджартоўваў над намі, маладымі: “Я хутчэй дайду, чым вы даедзеце!” - укладваючы ў гэтыя словы глыбокае веданьне земляробам сваёй векавечнай справы).
    Сена таго набралася на добры возік, але бацька дбайна ўвязаў яго рублём, скінуў на верх рэшту з долу, каб было мякка сядзець, і рушыў, спакойна, як і ўсё, што ён рабіў, пільна аб’яжджаючы калдобіны, тую ж Высокую дарогу, разьбітую бязьбожна трактарамі і камбайнамі, выбраўся на Варшаўку, аднак і на гладкай асфальтцы не губляў пільнасьці і ўвагі, поўны глыбокай павагі да векавечных часу і прасторы, прапускаючы загадзя сустрэчныя машыны, якія ляцелі сваім маршрутам на злом галавы, быццам навёрстваючы ўпушчанае.
    Менавіта гэтым душэўным спакоем, сваёю ўраўнаважанасьцю, якая з узростам успрымалася намі адназначна жыцьцёвай мудрасьцю, гэтым ён і вылучаўся з грамады такіх жа, як сам, сялян, а, зрэшты, і рабочых, і салдат, і інтэлігентаў, і начальнікаў усіх рангаў. Як бы ён ні адносіўся да іншых насамрэч, нязьменнай была яго павага і людзкасьць да другога чалавека. У яго такіх незвычайна блакітных, як часьцінка сіняга блакіту, вачах заўсёды ўражвала зычлівасьць і дабрыня да іншага, і мала хто, хіба што адзінкі, якія нахабна дамагаліся нечага свайго, бачыў у іх насьцярогу і варожасьць. На ўсьмешку ён адказваў усьмешкай, на прывітаньне такім жа прывітаньнем.
    Ужо ў гасьцях у малодшага сына ён выглядаў інакшым, як звычайна. Быў нейкім прыцішаным, схуднелым, строгім і прыгаломшаным, як пасьля ляжаньня ў бальніцы, хоць, мы ведалі, бальніц не любіў і ўсяляк пазьбягаў. Тлумачылі ўсё тым, што апынуўся ў горадзе, у іншай абстаноўцы. Але гэта абдумвалася потым. Бацька аб’ехаў, абышоў за жыцьцё паўсьвета, але любіў больш за ўсё вёску. Сваю Забалаць, затым - воля-няволя - Завалочыцы.
    Зьвяртаўся да ўчастковага ўрача Надзеі Манштэт, вопытнай, памятлівай на людзкія хваробы, але амаль усе ўрачы, якія б яны ні былі, калі да іх зьвяртаецца пажылы чалавек, схільныя адразу шукаць першапрычыну ва ўзросьце. А бацька, калі ўжо пайшоў у амбуляторыю, то ўжо ж меў важкія падставы! Спадзяваўся, што неяк пераходзіць боль і неспакой. Мучыла адно адчуваньне невядомасьці. А можа і фатальнае – “нічога не паробіш!”, “быў чалавек ды знасіўся, стаптаўся, адхадзіў сваё”, “супраць лёсу не папрэш”, “Бог даў, Бог узяў”.
    Я сустракаў неяк бацьку на Мінскім аўтавакзале - прыехаў на вясельле сына. Яшчэ аднаго. Мікалая. Браты мяне апярэджвалі ў гэтым, жаніліся адзін за адным, пакуль я ўсё шукаў сваю пару. Але бацьку сустракаць выпала мне. А каму яшчэ, калі я жыў за нейкія два кварталы ад вакзала! Выявілася, што сустракаў яго не я адзін, - была і сястра, і браты, Валодзя, Коля.
    Усьлед за бацькам з аўтобуса “Глуша-Мінск” выйшаў і наш саўгасны кладаўшчык Вусовіч. Яго нельга было пазнаць. Дзе яго яркі румянак, рускія кажуць “ряжий”, здароўе спартсмэна-цяжкавагавіка, хоць ён ніколі не займаўся спортам, дзе яго ўпэўненасьць у сабе, у сваёй моцы, свайго трывалага месца ў гэтым сьвеце?! Шэры, бляклы, разгублены. Пазнаў, не пазнаў нас, але павітаўся, потым толькі, відаць, ужо вылічваў, хто з нас хто. Даўнавата бачыліся.
    Ехаў у Бараўляны. Разьвітаўся так, бы назаўжды. Атрымалася сапраўды так. Бацька пасьля ростані сказаў: “У яго рак горла”.
    У сьвядомасьці адно засела: горла? Чаму - горла? Адказу не было. Вось і яго чарга настала! Рак! Жэня Адамовіч, сам урач, едучы на пахаваньне бацькі, зайшоў да Фёдара Малышава, галоўнага ўрача Глушанскай бальніцы, нязьменнага пасьля дзядзькі Мішы, Міхаіла Адамовіча, добрага сябра яго сям’і, спытаць як калега калегу, што, як, чаму. Нам, братам, сваякам, сказаў дыягназ — як самы жорсткі вырак: “Саркома пазваночніка”.
    Я бачыў, як яна, гэта страшная істота, гэта пачвара, выглядае. Адзіны з братоў. І маці гэтага не бачыла, здаецца. Прынамсі, не чуў, каб казала.
    11 сьнежня. Бацька даслаў трывожную тэлеграму, каб прывезьлі “ўколы”. Прастыў. Маці потым казала, што адчуваў сябе кепска, - не піў, не еў, схуднеў. Жэнька “дастаў” лекі, і павёз у вёску. Павінен пазваніць сваёй Зіне.
    Цяжкі настрой. Усё ж 76 год. Узрост Тычын. Бясхмарныя дні канчаюцца.
    12 сьнежня. Жэнька дабраўся да Завалочыц. Бацька ўжо сабраўся ехаць ў Глушанскую бальніцу. Моцна зьбялеў. Вельмі схуднеў. У бальніцы зрабілі ўколы. На другі дзень ужо павесялеў. Ходзіць па бальніцы. Дыягназ? Вынікі таго падзеньня з воза. Сьпіной стукнуўся. Нават гарбінка вырасла. Трэба, можа, не ўколы, а рэнтген, бо ўколы, мусіць, абязбольваюць, а зашчэмлены нэрв так і застаецца. Што рабіць? І што парадзіць?
     Сёньня Валодзька паедзе. Пазьней я.
    13 сьнежня. Сны. Быццам Валодзька сярод зімы будуе дачу. Кепскі сон. Год таму, калі пахавалі Алёшку, 4-гадовага сына Вовы, малодшага брата
    Алы, сьніўся, як стала бачна пазьней, прарочы сон. Малы, харошанькі, крэпенькі хлопчык, хутка згарэў пасьля таго, як стала ясна, што яго ўкусіў энцыфалітны клешч. Адкуль на Палесьсі энцэфалітны клешч узяўся? Я некалі недзе чытаў пра гэта, што ён водзіцца не толькі ў Сыбіры, але і на Палесьсі, таму адразу паверыў у дыягназ урачоў Брэсцкай абласной бальніцы. А для нашых родных і блізкіх гэта было дзівам. Было ўжо позна. Мой сябра Сярожа Зайцаў, сам урач, распытаў калег, што рабіць, і яму, а ён адразу мне пераказаў, было сказана, жорстка, як умеюць казаць пра такое ўрачы: вынікі могуць быць жахлівыя, дзіця, калі і выжыве, то будзе ненармальны, бо ў такіх выпадках паражаецца сам мозг, і лепш было б, калі б дзіця памерла! Як я сёньня разумею, то менавіта з таго і пачалося ўсё - чарада сьмерцяў, адна за адной.
    А сьнілася мне, што я блукаю сярод ночы па двары цешчы Надзеі Сяргееўны ў Гутаве на Палесьсі, бачу на доле пад плотам сырое мяса і заліваю яго шчодра мачой, каб патушыць агонію, але нічога не атрымліваецца, я ў роспачы азіраюся вакол, бачу начное неба ў восеньскіх аблоках, цьмяныя суседзкія збудаваньні і бачу нашага бацьку, які цяжкай ступой паволі праходзіць дваром і аддаляецца, агінаючы хлеў і зьнікаючы за ім, я хачу яго аклікнуць і не маю голасу... Расказаў сон жонцы, і яна моцна ўстрывожылася. Сон у руку.
    У Алы навіна. Унікальны выпадак у мэдыцыне: напярэдадні кансыліюму ўрачоў дзіцятка само павярнулася са становішча папярок у нармальнае. Зьдзівіла. Адзіная радасная падзея. Малыя хварэюць. Дома.
    Званок з Гутава. Цесьць Аляксей Данілавіч у бальніцы. Непраходнасьць (непраходнасьць) страўніка. Паляцелі коні з гары, і воз адразу ўразнос.
    15 сьнежня 1984 года. Дзень нараджэньня бацькі. Звычайна нехта з нас, братоў, сястра, пад’яжджаў у вёску ў адведкі. Вядома ўжо было, што бацька ў бальніцы. Не помню, хто езьдзіў, Валодзя, Коля, Іна, ці не. Помню, што Валодзя, які памятае дні нараджэньня нас усіх і кожнага асобна, пытаўся: “Дык едзем?!”
    Успомніў, што прачнуўся з малітвай: “Божа! Дай мне цьвёрдасьці духу!”
    Як у затоку прыбівае сьмецьце, так у мяне да канца года зьбіраюцца непрыемнасьці. Не, не такія, як у Льва Мікалаевіча: як зьменшыць плату настаўніку ўласных дзяцей, як адмовіць мастаку, які намаляваў каля сотні ілюстрацый да “Вайны і міру”, купляць ці не купляць маёнтак...
    Учора званіў Коля: у бацькі - радыкуліт, адкладаньне солі... Адлягло на душы.
    17 сьнежня. Нічога добрага гэты год не абяцае: пакуль я катаў дзяцей на санках, пазваніла мама – трэба тэрмінова забіраць бацьку ў Мінск.
    Доўга бацька трымаўся.
    19 сьнежня. У бацькі адняліся ногі. Пухліна на пазваночніку. Схуднеў, кажуць, зусім. Я зьбіраўся ў чацьвер ехаць. Ажно падзеі апярэдзілі. Ці не рак? Невядома. А параліч?!.
    Сяджу, як на іголках. Чакаю званка ад Сашкі, каб ехаць па бацьку. А тым часам вестка пра тое, што бацька захварэў і што ў бальніцы, адразу падняла нас, мінчан, на ногі. Без усякіх нараканьняў – “праца”, “магу, не магу”, “жонка не пускае” - сабраліся і паехалі. На Сашкавай “Пабедзе”. Як заўсёды, радыя сустрэчы. Сустракаліся досыць часта. Не кажучы пра сямейныя сьвяты, зьбіраліся, напрыклад, у мяне ў асьпіранцкім інтэрнаце на Дзень Савецкай Арміі. Усе ж служылі. Паджартоўвалі з тых, хто быў вечным радавым або хто даслужыўся да яфрэйтара, 12 намесьніка генэрала, або атрымаў званьне старшага лейтэнанта запасу. Даставалі жарцікамі і капітана - нашага самага малодшага Мікалая. То была нагода - дзядзька Антон прыехаў і сам прапанаваў сабрацца разам. А гэтым разам сабрала, злучыла вялікая бяда.
    Каб жа мы ведалі, што нас неўзабаве чакае, то ці весяліліся б так ды строілі кепікі адно з аднаго! Жарты, падколкі, няхай старыя, зацяганыя, але дзейсныя. Вядома, у цэнтры знаходзіўся Саша, галоўны прыкаліст. Тым больш што вёз нас ён. Але і іншыя браты не саступалі ў выбары досьціпаў.
    Сястры з намі не было. Чаму? Не помню. Месца не было, ці што?!. На працы не пусьцілі?..
    Ехалі праз Слуцк і Старыя Дарогі. Ад Старых Дарог да роднай вёскі - рукой падаць, нейкія 25 вёрст асфальткі, сто разоў ежджанай Варшаўкі.
    На пад’езьде да Завалочыц вырашылі ехаць спачатку ў Глушу, у бальніцу. Забяром бацьку! Перадавалі - прасіўся, каб хутчэй выпісалі. Як ведаў. У яго палаце сказалі: “Выпісаўся. Прыяжджалі і забралі вашы”. Завярнулі ў кабінэт Фёдара Міхайлавіча Малышава - мы яго ведалі і ён нас. А ён ужо як чакаў, што абавязкова зойдзем. Узрушаныя, ружовашчокія, маладыя дзецюкі - самаму старшаму Жэню 50-ці не было. Селі на стулы пад сьценкаю. Галоўурач агледзеў нас, а мы раптам загалдзелі: “Скажыце, што трэба? Мы ўсё знойдзем! Калі трэба, у Мінск завязём!” Ён лёгка з намі пагадзіўся: “Так, так! Шукайце добрага ўрача! Завязіце на абследаваньне!” Але, кажучы гэта, глядзеў адчужана ў акно, на засьнежаны падворак, на выносістыя сосны і цёмна-зялёныя хвоі, на машыны, якія праносіліся па шашы.
    Не ведаю, як браты, а я не верыў пачутаму, аднак жа вымушаны быў падтрымліваць агульны душэўны ўздым і бязьмежна радаснае ўзрушэньне.
    Шумна ўваліліся ў хату, пасталі ў дзьвярах сьвятліцы, дзе на канапе ляжаў хворы бацька. І ён, і маці былі надзвычай радыя нашаму прыезду. Бацька, відаць было, цешыўся думкаю, што ён дома, што ў хаце цёпла. У перапоўненай палаце, скардзіўся, ложак стаяў ля акна. З падваконьніка і з-пад дзьвярэй цягнула холадам. Вельмі хацелася дадому. З Завалочыц, пачуўшы, што выпісваецца, прыслалі машыну (“Мама разрашыла!” - Мама - гэта дырэктрыса племгаса “Завалочыцы” Л. К. Карцель). Карла Вількс, Пеця Шылаў, Андрэй Аляксанаў памаглі дайсьці да машыны, як пазьней расказвалі, па сутнасьці, данесьлі, бо сам бацька ісьці не мог - адняло ногі. Тое самае і прыехаўшы - ад брамы да ложка.
    Узьнікла праблема: як садзіцца на “судна”? Асабліва маці перажывала: “Я ж не змагу яго падняць і пасадзіць на стул!” Фантазіі ва ўсіх нас - мора! Я прынёс стульчак, адбіў з сярэдзіны тры дошкі і сам сеў, паказваючы, як усё проста. Маці павесялела... Але зайшоў сусед, кум Івашкевіч. Як жа не праведаць хворага Мітрафанавіча! Сядзеў, прыпёршыся да напаленага стаяка, ад якога здалёк веяла жарам, і радасна вітаў, па сутнасьці, суцяшаў бацьку. І бацька - падабрэлы, павесялелы (“Дзе Тычыны? А вось яны, усе як адзін! Асілкі! Волаты! Ягоныя сыны!”) - ажыўлена гаманіў.
    Адно паскардзіўся, але так як бы большай бяды не было, што ногі ніжэй каленяў халодныя. Маці пацьвердзіла, што грэе ваду, падымае, садзіць бацьку на канапе і абмывае ногі. Амаль як на Тайнай вячэры ў часы Ісуса Хрыста. Дадала: “Тычына (так звыкла называла яго ў трэцяй асобе: “Мой Тычына! Шура!”) і сам памагае - рукі ў яго моцныя: упіраецца ў ложак, трымаецца за сьпінку...” Ад прыроды цягавіты. І багатая жыцьцёвая практыка, дзе праца і праца. У яго сыноў такая моц была ў Сашкі - не бачыў, каб хто яго ў армрэсьлінгу паклаў. Калі хто не верыў, то адразу дэманстраваў сваю сілу.
    Браты, амаль шчасьлівыя, што ўсё добра, чакалі ж горшага, як наляцелі, гэтак жа хутка і сабраліся ад’яжджаць, поўныя жаданьня апытаць знаёмых, выйсьці на добрых урачоў-спэцыялістаў, дастаць дарагія лекі... Я сказаў, цьвёрда, безапэляцыйна, што застаюся: “Маці адной цяжка будзе”. Браты, як птушкі ў вырай, лёгка са мной згадзіліся і шумным натоўпам выйшлі з хаты.
    Правёўшы іх, я сеў на месца, дзе толькі што сядзеў бацькаў кум і закадычны сябра, з якім век жылі па-суседзку, сварыліся, ці самі, ці жонкі, мірыліся, хадзілі адзін да аднаго ў госьці, у пераведы, дзяліліся, чым маглі, а дзеці наогул не ўяўлялі адзін без аднаго, не зважалі на іх сыходжаньні-разыходжаньні і проста сябравалі. Бацька папрасіў уключыць тэлевізар - любіў глядзець навіны і асабліва чакаў інфармацыю пра пагоду. У яго і баромэтар быў на буфэце, куды ён зазіраў, прачнуўшыся і кладучыся спаць. Цікавіўся надвор’ем у Беларусі, а затым - і ў Якуціі, міжволі параўноўваючы розьніцу. Паказвалі акурат хакей - бацька нейкі час спрабаваў сачыць за гульнёй, але хутка змогся. Я спытаў: “Што, нецікава?” Згадзіўся: “Нецікава”.
    Я глядзеў не столькі на экран, колькі на бацьку. Было выразна прыкметна, што ў яго профіль вельмі стомленага і вельмі хворага чалавека. Апалыя шчокі, куточкі рота апушчаныя ўніз. Завостраны нос. Я ўспомніў, як гэта называецца на мове мэдыкаў: “Гіпакратава маска!” Маска сьмерці!
    Маці тым часам прынесла таз з нагрэтай вадой, паставіла ў ваду бацькавы ногі - сам ён не мог, спытала: “Цёпла?” Бацька згадзіўся, як мне здалося, не жадаючы абуджаць лішніх эмоцый: “Добра”. Маці памыла адну нагу, папрасіла мяне, каб патрымаў, пакуль выцірала ручніком - у нас доўгі час захоўвалася некалькі даўгіх пушыстых мяккіх махровых ручнікоў, прывезеных яшчэ з Алдана. Маці заўсёды давала нам іх, калі ішлі з бацькам ці самі ў лазьню. Бацька цешыўся: “Амэрыканскія”. Потым былі нашы, але куды ім да тых, купленых на боны! Нага, адна і другая, былі як лёд. Бацька іх не чуў.
    Паклалі асьцярожна бацьку на падушку. Маці спытала: “Можа, што прынесьці?” – “Прынясі вады. З-пад крана”. Любіў завалочыцкую артэзіянскую ваду - яна замяняла яму чай, гарбату, кампоты, кісялі, Садзіўся, было, за стол, і першае, што ставіў - салдацкую кружку вады, менавіта з яе яна здавалася смачнай. Але гэтым разам піў мала. Можна сказаць - толькі прыгубіў.
    20 сьнежня. Раніцай чуў, што маці панесла сьвіньням, пайшла даіць карову, наогул упраўлялася з гаспадаркай. Бацька мяне паклікаў - я яшчэ вылежваўся ў ложку за перагародкай: “Міхаіл! схадзі купі хлеба!” – “Добра, я зараз!” Я ўспомніў, што ў Завалочыцах, як казалі, былі перабоі з хлебам. Пякарня, якая ў нас была колькі сябе помніў, ад вайны, была зачынена, і хлеб прывозілі з Глуска. Цэнтралізавана, як усё ці амаль усё тады. Бацька яшчэ папрасіў, каб памог падняцца і сесьці, - паглядзець у акно на засьнежаныя агарод, ранэтку, стопку, хлеў. Што яшчэ можна было пабачыць?! Але ўсё сваё, роднае, знаёмае!
    Вярнуўся за перагародку, каб апрануцца і пайсьці ў краму. І раптам пачуў жудасны гартанны гук і хрыпеньне: “А-а-а-а-х-р!..” Падбег да бацькі - галава яго была закінута на драўляную сьпінку канапы, вочы заплюшчаны, з горла ірваўся ўсё той жа жудасны гук-стогн-хрыпеньне, як бы бацька нешта хацеў сказаць і не мог ужо. Можа, што ён задыхаецца і яму нестае паветра. І ён памірае. Я прытрымаў яго за плечы і спрабаваў пакласьці на падушку. Бакавым позіркам убачыў, што за акном мільганулася цень - вярталася з хлява маці, спалохана стаў клікаць як не сваім голасам: “Мама! Мама! Бацьку кепска!”
    Маці ўжо была побач, нахілілася да бацькі - з яго раскрытага рота чулася толькі няўцямнае бульканьне і мычаньне: "Шура! Шура! Скажы што-небудзь!” Бульканьне пакацілася кудысьці ўглыб істоты, і бацька заціх.
    Разгубленыя і маці, і я: што рабіць? Урача клікаць?! Я гатоў быў сарвацца з месца, бегчы, клікаць... А маці раптам з непазнавальным спакоем прамовіла, усё ўглядаючыся ў бацькаў твар: “Міша... гэта ўсё... усё скончана...”.
    Я пабег клікаць людзей. Пецю, Карлу... А далей - у амбуляторыю. Абмінуў невялікую чаргу - людзі ўсё разумелі: відаць, ёсьць важкая прычына! Урач Натальля Манштэт, глянуўшы, пазнала - спытала: “Усё?!” Відаць, ужо ведала ад Ф. М. Малышава і дыягназ, і стан. Ведала, што яго, безнадзейнага, каму жыць заставалася не больш за суткі, вопытны, мудры, чалавечны Малышаў выпісаў паміраць дома. Па сутнасьці, зьдзейсьніў апошняе жаданьне бацькі - памерці ў сваёй хаце, у сваім ложку, сярод сваіх блізкіх.
    Я плёўся як не на сваіх нагах наўзбоч ад яе, стараючыся не абганяць, - жанчына мажная, цяжкая, яна ніколі не хадзіла подбегам. Падышла да бацькі, прыпадняла павека, зазірнула ў вочы, памацала пульс. Сказала: “Памёр”.
    Як хутка вестка абляцела навакольле. Ці гэта час ішоў як хацеў - то шпарка ляцеў, то марудзіў? Я памчаў на пошту - пазваніў братам. Не помню, каму першаму: Жэню ці Колю. Ведаў, самі знаюць, што рабіць.
    Па дарозе чуў, як адна жанчына казала другой: “Чула? Тычына памёр! Такі быў моцны. Што дуб - ніколі б не паверыла!”
    Так бацька да апошняга дня трываў - маці казала: “Усё хадзіў ноччу па хаце. Як закалыхваў боль. Казаў адно – баліць”. І выглядаў не на свае 75 год.
    У хаце былі мужчыны - Карла Вількс, Андрэй Аляксанаў, Іван Невяроўскі. Скамандавалі маці, каб грэла ваду. “А я?” – “А ты? Вызваляй пакой ад рэчаў - хутка тут будзе поўна людзей".
    Усё як фатаграфавалася ў маёй памяці, каб усплываць неаднаразова пасьля. Менавіта - фатаграфавалася, бо я ж купіў фотаапарат “Зоркі” - здымаў усё, што лічыў вартым увекавечваньня (у мяне было паўтары стаўкі нагрузкі - зарабляў, лічылі - заможны халасьцяк, хоць насамрэч ні кала ні двара). Рэзкасьць памяці выключная. Быццам уключылася двайное бачаньне: сына, літаратара, відавочцы самай значнай у маім жыцьці падзеі.
    Дзядзька Андрэй у натоўпе мужчын - я прабягаў міма, як бы бегам ратаваўся, - заварожваў слухачоў, якія, відаць, кожны хацеў бы быць сьведкам такой падзеі, якой імя - Сьмерць: “На маіх руках памёр!” Чамусьці гэта было важна: на чыіх руках памёр чалавек. Я не аспрэчваў - кожны ведае, як яно было. Залоўкі, Вера і Зіна, потым у адзін голас утаравалі - казалі мне: “Шчасьлівы! На тваіх руках бацька памёр! Ты прысутнічаў пры яго сьмерці”.
    Што б яны сказалі, каб ведалі тады, што на маіх вачах, а мы былі побач з сястрой Інай, на нашых вачах памерла і наша маці. Прачнуліся дзеці, 8-гадовая Каця і 6-гадовая Зося, якія ўсё ведалі, і мы ім сказалі: “Бабуля памерла”.
    Але тое здарылася праз 14 год.
    Бегаючы з хаты і ў хату, носячы ўсё, што было па сіле, разьбіраючы ложак, мімаходзь заўважаў, як мужчыны абмывалі бацьку. Не ведаю наконт гэтага народных звычаяў і забабонаў, ці можна родным дзецям глядзець, як мыюць бацьку. У лазьню з бацькам не раз хадзіў. Лёгка адгукаўся на ягонае: “Міхаіл! Памый мне сьпіну!” І нічога ў тым такога не бачыў. Усё засланіла ўбачанае: вялізная пухліна на сярэдзіне паясьніцы, на самым хрыбце! Як Жэня Адамовіч потым растлумачыў: “Саркома пазваночніка”. Ён адразу, калі пачуў, што здарылася, патэлефанаваў Малышаву. Як калега калегу.
    Прыцемкам прыехалі браты з жонкамі, Вікенцьевіч, цесьць брата Валодзі, прывезьлі ўсё, што трэба было. Труну, вянкі. Мая Алачка не прыехала - была на 9 месяцы цяжарнасьці. Поўная хата людзей. І я мімаволі адступіў на задні плян. Заходзілі і яшчэ людзі. Запомнілася і трагічнае, і гумарыстычнае.
    Бліжэй да паўночы клаліся спаць хто дзе. На кухні на тапчане выцягнуўся Вікенцьевіч. Рукі на грудзях. Было цемнавата, калі ў хату ўвайшоў наш сусед Лазар Пасюк. Стаў у падножжы і перажагнаўся на Вікенцьевіча.
    Ну, Пасюка мы даўно і добра ведалі, таму не зьдзівіліся. Нехта з нас, братоў, сказаў: “Дзядзька! Бацька ляжыць у тым пакоі!” І сьмех і грэх.
    Браты, нявесткі зьмянялі адно аднаго. Гуртом угаворвалі маці паспаць, бо ёй хопіць за гэтыя дні з лішкам перажываньняў. Я намагаўся не заснуць. Ды і стан быў такі, бы я пад высокім напружаньнем. Але давялося таксама прылегчы за перагародкай - праваліўся, як у яму. Спаў нядоўга. Ведаю, што сну хапае ў такой сытуацыі і імгненьня, каб прачнуцца поўным сіл.
    Не спаў усю ноч толькі Андрэй Бабіч - гаварун, байкар, манюка: гаварыў бесьперастанку, і мы былі ўсе вельмі яму ўдзячны за тое, што не даваў нам у гэтую ноч спаць. Прыйшоў, як быў, з аборы, і яе водары добра чуліся.
    22 снежня 1984 года. Хавалі бацьку на могілках, якія месьцяцца паміж Завалочыцамі і Запольлем, за ўрочышчамі Глінішча і Галіца, сходжанымі бацькам тысячы разоў. Цяпер там ляжаць усе Завалочыцы, Запольле і Паляна. Як вялікі мор ці чума нечакана навалілася на наш родны край.
    Быў моцны мароз. Намерзьліся. Мяне чамусьці дрыжыкі прабіраюць на могілках не толькі зімой, але і на Радаўніцу, і летам, і на Дзяды. Як бы я дакрануўся да ледзянога холаду жалязякі ці языком да дзьвярной клямкі ў самы мароз - быў такі злы жарт сярод нас, нявопытных маладзёнаў. Мусіць, гэта і называюць касьмічным холадам, які зрывае з зямлі цёплую паветраную коўдру.
    Я, сястра, не помню, хто з братоў, ехалі на адкрытым кузаве грузавіка з раскінутымі бартамі. Прымасьціўшыся вакол труны. Бацька выглядаў на паветры дзіўна молада. Сьляды пакуты і болю пакінулі яго аблічча. Цяжар зямнога прыцягненьня ўжо не меў улады над ягоным фізычным целам.
    Мне ўвесь час хацелася пагладзіць далоньню яго лоб, калючыя шчокі - помню, як, песьцячы мяне, малога, гадкоў 6-7-мі, ён прыціснуў маю шчаку да сваёй, такой пяшчотна-калючай нават пасьля ранішняга галеньня - працэдуры, якая мяне з малых год захапляла, бо гэта было цэлае дзейства - бацька чапляў за цьвік у сьцяне скураны салдацкі пас і вастрыў на ім брытву, намыльваў шчокі і галіўся, зазіраючы ў люстэрка. Захапляла і цікавіла, як усё, што рабіў бацька.
    На пахаваньне прыехалі дзядзька Антон са сваёй Тмутаракані, цётка Соня з дзядзькам Пецем са Старых Дарог, Адамовічы - Жэня з Магілёва і Саша з Мінска, ц. Люба і Вова Патапаў са сваёй Наташай з Бабруйска, Паліна і Галя Алашкіны з Мінска, Галін муж Валодзя Кавалёў. Праводзіла паўвёскі. У хаце была паўнюткая сьвятліца люду. Сваякі і блізкія разьмясьціліся ў сталоўцы.
    Слова ўзяў старэйшына - дзядзька Антон. Мы кінуліся да расчыненых насьцеж дзьвярэй. Ціша была небывалая, і я міжволі ўспомніў аповяды нашага брата Жэні, які з 5 кляса вучыўся ў дзядзькавай сярэдняй школе ў Бярозках Хоцімскага раёна: “У дзядзькі Антона на ўроках такая цішыня стаяла, што муха праляціць, дык чутно было”. А дзядзька казаў пра тое, што сьмерць малодшага за яго на два гады брата была для яго неспадзяванкай. Усё здавалася пойдзе па заведзенаму пляну: пасьля старшай у сям’і сястры Ані на чарзе павінен быў ісьці ён, і г.д. Варта сказаць, што згаданы дзядзькам “плян” сапраўды дзейнічаў, і далей усё пайшло сваёй чарадой: дзядзька, цёткі Оля, Соня, Зіна...
    Цётка Люба, апошняя з вялікай сям’і Мітрафана Хаміча Тычыны, дажыла да 89 гадоў (як брат Валодзя ў такіх выпадках кажа: “Нам бы столькі пажыць!” Апошні год зусім абязножала, але спадзяецца, што ўсё ж устане і змагаецца ўпарта са сваімі немачамі: робіць у ложку фізычныя практыкаваньні, масаж абмываецца і не здаецца. Нас нязьменна захапляе тое, якая сьветлая ў яе галава ў такім узросьце. Яна ўсё помніць, што ні папытай з гісторыі сям’і. Час ад часу пытае, калі я нарэшце закончу сваю кнігу пра Вялікіх і Малых Тычын.
    Дзядзька Антон казаў пра пакручасты жыцьцёвы шлях бацькі. Відавочна адрасуючыся да завалочыцкіх мужчын і жанчын за сталамі, якія хто чуў, а хто не чуў, але наўрад ці вельмі задумваўся над тым, хто ды як пражыў свой век - жылі, як кажуць, “тут і цяпер”. Казаў пра тое, што наш бацька жыў клопатам пра сваіх дзяцей, падняў іх на ногі, вывучыў - усе шасьцёра скончылі інстытуты, сталі дыплямаванымі спэцыялістамі, якімі можна ганарыцца.
    Да ўсяго, што казаў дзядзька, міжволі дадавалася нясказанае: вялікая заслуга ў тым, што бацькавы задумы зьдзяйсьняліся, была дапамога і падтрымка сваякоў. Ён так маляўніча апісаў бацькава “блуканьне па пакутах”, што нават мы, дзеці, былі ўражаны, як нанава адкрылі для сябе, каго мы страцілі, каму ўсім абавязаны. Бацькава навечна ў кожным з нас.
    Алесь Адамовіч казаў пра тое, як закладзенае дзедам Мітрафанам працоўнае выхаваньне і навыкі дапамагалі “дзядзьку Аляксандру”, якога ўся радня любіла і шанавала, вытрываць нечалавечыя выпрабаваньні. Ён не прапаў і ў халоднай Якуціі, як быў добрым земляробам, так стаў удачлівым золаташукальнікам. Вярнуўся на родную зямлю і, пачаўшы ўсё з нуля, хутка стаў сам на ногі, загадваў шмат гадоў брыгадай у Завалочыцах, пакінуў аб сабе добрую памяць у сваіх землякоў. Яго не зламалі жыцьцёвыя нягоды, бо ён заўсёды помніў, што ў любых варунках лёсу трэба заставацца верным сабе і сваім маральным прынцыпам. Калі ён прыяжджаў у Глушу, то заўсёды з ім было цікава пагаварыць пра саўгасныя справы. У яго быў свой адметны, правераны вялікім жыцьцёвым вопытам позірк на ўсё, што рабілася і робіцца з зямлёю на зямлі. На роднай зямлі ён адчуваў сябе, як антычныя героі, надзейна, упэўнена. У духу традыцый Тычынаўскай сям’і, пачынаючы ад дзеда Мітрафана, ён выхоўваў і сваіх хлопцаў, дачку Іну. На такіх, як дзядзька Аляксандр, сапраўды трымаецца наша зямля і наша жыцьцё.
    Людзі выступалі, шумна гаманілі, а, выбраўшыся з-за стала, ішлі перакурыць, успаміналі часы, “калі загадчыкам быў Мітрафанавіч”, называлі лепшымі часамі саўгаса Завалочыцы. Не было аўралаў, але не было і зглумленай зямлі, усё ўзарана, засеяна, касілі, жалі, малацілі ўсё ў час, зімой рыхтаваліся да лета, а летам да зімы. Усе былі занятыя, ніхто не заставаўся без справы. Усе заўсёды ведалі, што ёсьць гаспадар, які любіць зямлю.
    Потым словы “калі загадчыкам быў Тычына” я не раз чуў ад розных людзей нашых Завалочыц. Казалі як пра цэлую гістарычную эпоху.
    Мы засталіся адны ў хаце, браты, сястра, пляменьніцы і нявесткі маці. Адзіны наш клопат, і боль, і ўсе думкі былі пра маці. Усе нявесткі, мае братавыя фатаграфаваліся з маці на канапе. Алы сярод іх не было. А хутка, усяго праз паўтары месяцы і не стала. Кажуць жа: бяда адна не ходзіць - другую за сабой прыводзіць. Горш за тое - ланцужок можа і працягвацца.
    З маці засталася на нейкі час Іна. Я паехаў з братамі дадому, бо і без таго затрымаўся, пакінуўшы цяжарную жонку сам-насам. Ды яшчэ з двума малымі - Каці не было яшчэ і 5 год, а Зосі - 2 з паловай. Анюце - 17 з паловай. Яна - студэнтка-першакурсьніца. У яе - сэсія. А за малымі патрэбна вока.
    27 сьнежня. Тата памёр. Таты няма. Ужо тыдзень.
    Прадчуваньні мяне не абманулі. Шчасьлівы пэрыяд жыцьця скончыўся. Сьмерць падсекла корань, на якім усё трымалася. Сьвет здаецца ірэальным. Душа, як птах з перабітымі крыламі, ледзьве валочыцца. Там, каля труны, не па сабе было ад думкі, які я жывы, колькі ва мне сілы, а тут раптам адчуў, што зусім зьнямог. Гэта я, а як мама? У мяне - малыя дзеці, жонка чакае чацьвёртага. А яна? Там, дзе з усіх бакоў бацька, бацькава? І пісаць ледзьве прымусіў сябе. Няма сілы. Пішу толькі таму, што ведаю, як усё хутка зьнікае і як потым цяжка аднавіць усё, што было і сплыло.
    1985 год. На праваслаўныя Каляды я трапіў у клінку. У аддзяленьне нэфралёгіі. Усе нашы тэлефонныя размовы з жонкай былі пра адно і тое ж, як будзем жыць далей. Яна ўжо думала пра тое, як ратаваць мяне.
    Пра маці і вёску даведваўся ад братоў, якія час ад часу наведвалі мяне, і наогул надоўга выпаў з гэтага клопату. Брат Жэня, ведаючы пра стан Алы, заходзіў да нас, штораз несучы харчы. На адным з апошніх фотаздымкаў, вельмі цьмяным, бо я захапіўся здымкамі на каляровую плёнку, якую ў пачатку 80-х гадоў самому цяжка было якасна праявіць, - Ала трымае на руках нашу немаўлятку Зосечку ў пялюшках, а побач стаіць мой брат Жэня.
    Адначасова са мной у 4-й клініцы ляжалі брат Валодзя - лячыў насаглотку, і мой цесьць, Аляксей Данілавіч, айчым Алы, у якога былі праблемы са страўнікам. Цесьця, які прыехаў раптам на тыя самыя Каляды ў Мінск з правінцыі, спадзеючыся на нашы, як яму і цешчы Надзеі Сяргееўне здавалася, вялікія сувязі, дапамагла ўладкаваць у бальніцу Людміла Уладзіміраўна Жлобіч, наша суседка па Завалочыцах, добрая душа і выдатны ўрач. З яе братамі Мішам, таксама ўрачом, вопытным хірургам, і Колем-“Кіпцем” (на ілбе ў яго сьлед ад удару каня капытом, калі пыталі, што здарылася, адказваў: “Конь кіпцем ударыў!” Жарты нас, як заўжды, ратавалі) мы сябравалі з дзяцінства.
    Я толькі ў свае 10 гадкоў упершыню зразумеў, што такое дзень нараджэньня (бацька даў рубель грошай, а маці зрабіла сьвяточны абед з пірагом). Аднак акурат з гэтага часу не люблю гэты дзень. Прычына простая - з ім зьвязаны непрыемнасьці. 10 лютага, на дзень свайго анёла, я стаяў на ўзбочыне вуліцы і застыўшы глядзеў, як на мяне няўхільна коціцца ЗіС, за рулём якога сядзеў мой хросны бацька Новікаў. Як потым сказалі, п’яны, - увогуле звычайная справа. Стаяла адліга, дарога сьлізкая, машыну павяло. Яна шухнула, абдаўшы ветрам, каля саменькага мяне. Каб трохі, то я мог бы апынуцца пад коламі. Вось тое “трохі” чакала мяне і ў іншыя дні нараджэньня. Машына стукнулася буфэрам у прыдарожны слупок, каля самага маста-заставы, і зьехала па залітай дзецьмі ледзяной горцы, уехаўшы ў катух і напалохаўшы курэй, спынілася. Не ведаю, што казалі мае бацькі свайму сябру-куму. Маці абуралася, а бацька моўчкі перажываў, думаючы пра людзкую дурноту і п’янку да страты сьвядомасьці.
    10 лютага 1985 года, а 11-й гадзіне ночы, я апошні раз гутарыў па тэлефоне з Алай. Апошнія яе словы былі: “Ну, пагавары са мной яшчэ!..” 11-га мяне зьбіраліся выпісваць, і я, натуральна, ўяўляў, што яшчэ нагаворымся ўсмак заўтра. Мы малявалі прыгожыя пляны на будучыню. Гаварылі, прынамсі, пра тое, што будзем жыць інакш, чым жылі. Пісаць інакш, чым пісалі. Не так, як былы сябар, які не ўтрымаўся і, ведаючы нашу сытуацыю, апублікаваў артыкул з працягам, акурат пад мой дзень нараджэньня і дзень сьмерці маёй любай жонкі, маці малалетак, дзе рэзаў праўду-матку пра мяне як літаратурнага крытыка. Як заданьне атрымаў ад самога В. В.! Каб дабіць ці што?!.
    Разважалі пра тое, што трэба вызваляцца ад дробязных клопатаў. Занадта шмат мы ўзвалілі на сябе! Самі не стаўшы на ногі, не падняўшы дзетак.
    Як хто нас падслухаў і вырашыў канчаткова, што пара ўсё спыняць. Быццам мы ўмяшаліся неспадзявана ў нейчыя пляны. Саша (Адамовіч) неяк сказаў мне: “Яны вам нізавошта не даруюць!” Як у ваду глядзеў. Хто і што?! Злыя людзі, чорт, д’ябал?!. Дараваў бы, але між намі - сьмерць!
    Ноччу 11-га, калі Ала павінна была нараджаць наша 4-е дзіця, яна памерла. Дзіця, як сказаў галоўрач гарадзкога роддома, нарадзілася мёртвае. Гэта быў хлопчык. Ала вельмі хацела нарадзіць мне хлопчыка. Які ўжо меў імя - Косьцік, Канстанцін. Імя бацькі Алы, расстралянага немцамі. Зрабіць мне падарунак. Не скажу, што быў супраць, але працівіўся слаба. Характар!
    Абодва мы вельмі стаміліся. Ала, замест дэкрэтнага адпачынку, паўседзячы ў ложку, з вялізным жыватом на каленях (ганарылася тым, што нараджае вялікіх дзетак), акружаная кнігамі, пісала старонку за старонкай плянавую працу. Я ў суседнім пакоі сядзеў за друкаркай, а яна, скончыўшы старонку, радасна клікала мяне, каб забіраў і друкаваў, правячы паводле свайго разуменьня і крыху большага вопыту і ўдакладняючы напісанае размашыстым почыркам. Кацька і Зоська - як добра, што амаль пагодкі і ў іх шмат агульных забаў! - гулялі ў свае гульні, сварыліся-мірыліся, як усе дзеці.
    Пра ўсё гэта, аднак, іншым разам і ў іншым месцы.
    Пасьля пахаваньня жонкі я зноў трапіў у тую самую нэфралёгію. Браты, як мне самі яны казалі, на другі ж дзень пасьля пахаваньня паехалі да маці. Яна заставалася гэтыя дні адна і напрамілы Бог прасіла прыехаць і расказаць пра ўсё. Казалі, што вельмі перажывала, паўтараючы: “Я яе так любіла!..”
    Брат Мікалай, вайсковец, камандзір, па натуры валявы, што трэба, усё зробіць: удала прадаў карову. Маці было проста цяжка яе глядзець... У маці балелі пальцы - аж ламала, бы ад ледзяной вады ў цёплай хаце. І патрэбы ўжо такой, як раней, не было: бацька ніколі не піў малака ад чужой каровы, нават тады, калі яна запускалася (у яго агульным паўсшытку засталіся запісы дзён, якія заставаліся да таго моманту, калі наша Маруська прывядзе цялятка). Вырашыла: “пакуль жывы - мусіш жыць, а сьмерць прыйдзе - паміраць будзем”. Пра бацьку неяк летам, калі мы нарэшце прыехалі з дзецьмі ў вёску, казала, што сьніўся. І што расказваў пра той сьвет: “Спачатку, сказаў, цяжка было, а потым лягчэй...”. Я пераводзіў пачутае на сваю мову: ага, спачатку чысьцец, а затым - рай, вечны супакой! Ёсьць, значыць, надзея і ў нас, грэшных!
    Дарэчы, мы з Алай (чуў, што не мы адны такія) адно аднаму кляліся, што той, хто першы памрэ, абавязкова падасьць нейкі знак, а што там, у патойбочным сьвеце, насамрэч. Але аніякага знаку я ні тады, ні пазьней не атрымаў. Вывучала лініі лёсу на далоні і казала: “Ты мяне перажывеш!”
    Прыяжджалі досыць часта, выкарыстоўваючы любую   магчымасьць пабываць у вёсцы. Мае дзеці любілі і любяць вёску, вясковае жыцьцё-быцьцё. Вясковую ежу з печы. Вясковую вольную волю. Езьдзілі, калі дзеці пайшлі ў школу, на канікулы. Восеньню і зімой. А лета чакалі, як немаведама чаго.
    У першае ж лета маці вырашыла здаць сьвіньню, і я мусіў гэтым займацца. Гаспадарчай хваткі, як у брата, у мяне не было. Але ўсё ж дамовіліся з суседзямі, бацькавымі сябрамі, Карлам Вільксам і Пецем Шылавым, што дапамогуць пагрузіць сьвіньню на машыну. Мужчыны перш зайшлі ў наш хлеў паглядзець, каго ім давядзецца грузіць, і ў адзін голас выгукнулі, уражаныя: “Ого!” Сьвіньня і ў хляве, за перагародкай, уражвала, а што казаць, калі яе хітрасьцямі і рознымі спосабамі (маці несла паперадзе вядро з тоўчанай бульбай, ад якой ішла пара, сам бы еў - такі ішоў водар і пах) падганялі да варот, да драўлянага насьцілу, прыстаўленага досыць крута да адкінутага задняга борта. Сьвіньню адно трохі ўзагналі на насьціл, як мужчыны, да нас далучыўся і кіроўца, хутка паднялі насьціл і, па сутнасьці, закінулі бацькаву спадчыну ў кузаў.
    Дарэчы, бацька як сапраўдны гаспадар быў надзвычай запасьлівы: так яго бярозавікаў, сухенькіх, акуратненькіх, дбайна складзеных у хляве (заадно і жывёле ўзімку цяплей - на вышках ляжала яшчэ і сена) хапіла амаль на чвэрць стагодзьдзя. Ужо і маці не стала, а дровы былі. На дзіва суседзям.
    Эпапэя неяк шчасьліва скончылася. Галоўнае - маці была палёгка. Пакрысе, яна адчула, што і сама, без гаспадара, не зломак. Акрыяла духам, калі наш брат Мікалай зьезьдзіў у Глуск, аформіў ёй пэнсію “па страце кармільца”. Усе нашы спробы, яшчэ пры жыцьці бацькі, сабраць патрэбныя даведкі, каб маці магла атрымліваць законную працоўную пэнсію, скончыліся нічым. Пісалі ў Якуцію. Дзядзька Ваня Алашкін, яшчэ жывы быў, адшукаў сьведак, сябровак маці па шахце і лёсу, якія прыслалі свае “даверанасьці”, але гады, змарнаваныя маці на лесанарыхтоўках, некуды зьніклі. Хто асьмеліцца напісаць і заверыць даведку аб тым, што 16-я дзяўчынка валіла лес, цягала бярвеньне, секла гольле?! Было спадзяваньне на мяне, як “майстра пяра”, і на маё пісьмо ў газэту “Правда”. Сапраўды прыйшоў адказ, што наш ліст пераслалі “по месту назначения”. І на тым дзякуй. Бацька вельмі спадзяваўся на “Правду”. У яго, дарэчы, слова “праўда” па частаце ўжываньня было любімым: “Ну, пайшлі мы, праўда, да яго, а ён, праўда, лыка не вяжа. Якая з ім можа быць, праўда ж, гаворка! Сядзелі, праўда, чакалі, а можа ачухаецца. Дзе там!”
    Недзе ў чэрвені мінулага года я адчуў, што прапісаныя ўрачамі лекі, якія, да ўсяго, яшчэ і даставаць трэба было, не дзейнічаюць, і што дыягназ “піеланэфрыт” наўрад ці дакладны. Не памагаў і вэгетарыянскі стол (я 2 гады зусім не ўжываў солі і зьдзіўляўся, чаго людзей гэта так хвалюе: у расьлінах жа соль заўсёды прысутнічае!) Не піў! Хаця Жэня Адамовіч, урач, казаў, што, акрамя баралгіну, каньяк можна ўжываць, нават добра: пашырае сасуды!). Не памагалі і ўсякія народныя сродкі. Некалькі дзён было - лез на сьцяну ад болю. Пайшоў камень. Камяні ў нырках - вунь адкуль столькі крыві і столькі страху! Каб жа мне тое веданьне год назад, можа, усё было б іначай!
    Калегі на працы, дырэктар акадэмічнага Інстытута літаратуры Віктар Антонавіч Каваленка, душа-чалавек, усё добра разумелі, спачувалі, прапаноўвалі дапамогу. Але я заўсёды спадзяваўся на сябе, прасіць не ўмеў і не любіў. Усё рабіў сам і ўсё пасьпяваў рабіць. Шмат пісаў, друкаваўся. Глядзеў з Анютай, і сваякі дапамагалі, малых. У вёсцы быў за кухара, касіў, араў, рамантаваў усё, што вымагала рамонту ў хаце і ў хляве. Змайстраваў з дошак прыбудоўку да дрывотні: дзецям гуляць, а ў дождж, вецер, сьпёку было дзе і маці, і яе сяброўкам, схавацца, - бабуля палюбіла там бываць).
    Бабулю дзеці любілі. Да маіх дзяўчатак дабавілася і Колева Юля - яны былі пагодкі. Любіў бабулю і Валодзеў Антон. Ён пасьпяваў за дзень аббегаць пасёлак, меў сяброў і шукаў спосабу падзарабіць. Касіў крапіву, сушыў яе і ўсё спадзяваўся здаць у мясцовы нарыхтоўчы пункт. І бабуля яго любіла.
    Цікава, што перавагу яна аддавала не мне, які так стараўся (і дзеці езьдзяць, і я штораз, калі магчыма, наяжджаю), не брату Жэню, які валок дзеля дачушак Наташы і Тані і дзеля ўсяе каманды сумкі з правізіяй і ласункамі, не брату Колю, які, калі бываў, штораз прыдумваў штосьці рацыянальнае і патрэбнае ў гаспадарцы, а - брату Сашу (сястра Іна - асобная размова), які бываў налётамі ў вёсцы (бацьку ён прывозіў, як аўтамэханік і інжынэр-электрык, усялякія інструмэнты) і гаспадаркай не займаўся, адно парады збоку любіў даваць. Напрыклад, сузіраючы наша змаганьне за ўраджай, прамаўляў: “Узяць бы ды ўзараць соткі!” Браты весела пераглядваліся: “Саша, мінула ўжо гадоў 20, а ты ўсё зьбіраесься ўзараць агарод!” Па натуры яны, наша маці і брат Саша, былі падобныя: не падалі духам, заўжды вясёлыя, з жартамі і прыдумкамі, з рознымі гісторыямі і нязьменнай іроніяй.
    1986 год. Сьвет адразу спахмурнеў пасьля катастрофы ў Чарнобылі. Вяскоўцам як дыханьне заняло: прыцішаныя гаворкі, чуткі, страхі!
    Алесь Адамовіч параўнаў гэту падзею з пачаткам вайны 22 чэрвеня 1941 года. Я нарадзіўся ў 1943-м і жыў далёка ад вайны ў Якуціі з бацькамі, а таму адразу перанёсься памяцьцю ў жнівень 1968 года, калі Саветы кінулі сваю вайсковую армаду ў Чэхаславакію і вайна, здавалася, была на парозе.
    Людзі стараліся пазьбягаць такіх звыклых за ўвесь век штодзённых паходаў у лес па ягады-грыбы, якія прыкметна спрыялі ў тым, каб падтрымаць сямейны дабрабыт. Чыталі на дошцы аб’яў каля канторы і на аўтобусным прыпынку афіцыйныя ўлёткі з пералікам забароненых прадуктаў харчаваньня. Дзеці абыходзілі бокам такую спакусьлівую ў летнюю сьпёку рэчку. Хмары і вецер з поўдня несьлі ў сабе маўклівую пагрозу. Сонца здавалася нейкім злым, няветлівым. Усё навокал - сонца, хмары, дождж - нагадвалі пра сьмерць.
    Тры тыдні я з дзецьмі быў у прафілякторыі пад Лагойскам, куды мне, ведаючы мае сямейныя абставіны, далі пуцёўку. Стараліся не думаць пра небясьпеку. Каталіся на шлюпцы на сажалцы. Дзеці капалі ў пяску ямкі для жабак, якіх лавілі і зносілі ў ваду. Аблюбавалі непадалёк у лесе зарасьці маліны і ласаваліся сьпелымі ягадамі, зьдзіўляючы рэдкіх у гэтай мясьціне вандроўнікаў, якія, калі і гулялі, дык адно па асфальтавай сьцежцы. Словам, адпачывалі.
    Пра Бурацію, куды нас клікалі на лета сябры ці знаёмыя Сашы Адамовіча (ведаў бы, што ў вайну там знайшоў сабе месца і сяброў Паўло Тычына!), і думаць не думалася: край сьвету. І хто пэўны ў тым, што там не адбывалася выпрабаваньняў ядзернай зброі ці дажджоў з хімікатамі, як у нас на Палесьсі. Я спадзяваўся на шчасьлівы лёс, які пранясе ліха міма. Слухаў вечарамі “варожыя галасы”. Маці прыносіла з крамы, куды штодня хадзіла па малако ад саўгасных кароў, якіх, калі і выпускалі з аборы на волю, дык толькі ў аплеценыя электраправодкай загоны “каля Дубка”. Верыла, што кароў сапраўды кормяць прывезенымі здалёк камбікармамі. У краме доўга выбірала кансэрвы і саленьні, а, прынесшы дахаты, пытала ў мяне, якое чысло пазначана і дзе, у якім месцы выпускаліся. Расказвала пра зяця Колі Навіцкага, пра якога ўсе ведалі, што працаваў на Чарнобыльскай АЭС. А што расказваць, калі малады мужчына, маладзей за мяне, зусім пасівеў! Нічога нікому не расказваў, адно маўчаў. Доўга не пажыў. Вяселуна-цесьця было не пазнаць. Не доўга пратрымаліся і сам дзядзька Коля, і ягоная гаварлівая і вясёлая Маргарыта.
    А неўзабаве ў пасёлку зьявіліся і першыя чарнобыльцы. Імі засялілі некалькі сьпешна пастаўленых катэджаў на ўскрайку былога Старога сада. На нашай вуліцы ў пустой хацінцы Чыжычыхі, якая памерла, засяліўся цягавіты і гаспадарлівы чарнобылец. Інакш яго і не называлі. Негаваркі, праходзіў, як праз строй чужынцаў, міма цікаўных вяскоўцаў, у якіх хапала свайго клопату і нявыказаных трывог за сябе, за дзяцей, за блізкіх. Так і зьнёс сваю таямніцу ў магілу, а яго сядзіба на вачах ва ўсіх зарастала кустоўем і бадыльлем.
    1987 год. На асеньнія вакацыі ў пачатку лістапада я паехаў з дзецьмі ў Завалочыцы да маці. Малыя ўсе дні з катом. Сьнег. Мароз. Бязьлюдзьдзе.
    Перад намі да маці была заехала яе пляменьніца Шура, дачка дзядзькі Івана і цёткі Параскі. Прыехала ў Мінск да сясьцёр Паліны і Галі з Якуціі.
    Маці ўзрушаная размовамі і згадкамі. Расказвала то адно, то другое, - адно за адным.
    Наш бацька, калі сватаўся да яе, быў зусім сівы. Тры дні правёў у каталажцы, калі высылалі (ц. Зіна і ц. Люба казалі, што цэлы месяц).
    Братавая Параска была нашай маме замест маці - вучыла ўпраўляцца з гаспадаркай, варыць, шыць, вышываць, вязаць на сьпіцах... Гэта яна ёй паказала на нашага будучага бацьку: “Калі за яго не выйдзеш, то наогул не выйдзеш”.
    Пра маё нараджэньне. Нарадзіўся ў Ніжне-Сталінску. Там была бальніца. Жылі ў Верхне-Сталінску. Так пазначана і ў руска-якуцкіх мэтрыках. З памылкай: майго бацьку запісалі “Аляксандр Міхайлавіч”.
    Пра жыцьцё ў лягеры пасьля лесанарыхтовак у тайзе. Варта ўвесь час сьцерагла з вінтоўкамі. Па ягады за калючым дротам пайсьці - трэба было прасіцца. Наш бацька шкадаваў - даваў золата, каб нешта маглі купіць у краме.
    Сьпявалі з дзеўкамі “Варшавянку” - з уздымам, бо вельмі ж адпавядала настрою: “Вихри враждебные веют над нами, Темные силы нас злобно гнетут, В бой роковой мы вступили с врагами, Нас еще судьбы безвестные ждут”.
    Дзядзька Іван, мамін брат, сапраўды штурмаваў Зімні. Не памагло. Пабыў толькі месяц загадчыкам (гэта яшчэ ў Прокіна на Валагодчыне), як здохла 5 калгасных кароў, а сьпісалі на яго. 5 кароў - 5 гадоў.
    Галадалі. На адны сухары жылі. У Прокіна зьявіўся аднекуль беларус. Усіх навучыў, што рабіць з салам. Мяса, калі білі кабана, зьядалі. Вантробы закопвалі. А сала - не ведалі, што рабіць улетку. Паказаў, як саліць, вэндзіць, вывешваць на гарышчы на скразьняку ў марлі, як рабіць крывянку, вантрабянку, сальцісон, кілбасы...
    Жыцьцё пакацілася, як калёсы з гары.
    Пасынак дзядзькі Санькі п’е.
    Дачка нашага брацейніка Мішы разьвялася - муж-п’яніца.
    Мужа самой Шуры паралізавала. Піў. 10 гадоў глядзела.
    Бабуля Наташа, сястра нашай бабулі, памерла ў Сьвярдлоўску. Было ёй пад 90. Жыла адна - векавуха.
    Бабуля Яўгенія, і яе сын Аляксандр, памерлі ў Ярцава. Анікога з Кунцэвічаў не засталося.
    Бацька нашай матулі, дзед Сьцяпан, памёр па дарозе ў Якуцію. Дзе цяпер БАМ. Быў моцны пад 50 градусаў мароз.
    Заходзіла суседка, ц. Нюра. Пачалі з маці пералічваць, колькі людзей памерла ў Завалочыцах, калі, хто і як.
    Баба Падгорная была сышла з дому. Знайшлі ў лесе. Хусьцінка. 90 гадоў.
    Брата Вікенція, з якім мы дні два-тры працавалі разам (ён касіў з Рыбаком і Грыпінскім, а мы з Валодзькам ішлі ўсьлед і раскідвалі кійкамі скошанае), забілі. Застаўся адно мокры сьлед у траве ад дарогі ў Цямшу і да самага старарэчышча Пцічы, калі забойцы цягнулі яго.
    Дзядзька-прыгажун з Восаў-Калёсаў, які захапляў нават маіх аднаклясьніц, вусаты, чарнявы, у доўгім да самага долу сьветлым кажусе, зьнік. Знайшлі толькі напрадвесьні - спачатку каня і калёсы каля Яўсевіч, а потым самога ў Пцічы, ажно каля Запольля, у кустах, жахлівага тапельца, труп якога нехта, не зважаючы на нас, малых, захацеў паглядзець і прыўзьняў покрыва.
    Гільку Песіна падстрэлілі.
    Браты, Сярожа і Сьцёпа, пабіліся.
    Толя Пасюк, малады, моцны, разумны, вярнуўся з флёту, камісавалі, доўга мучыўся, высах на трэску - маці несла, як дзіця, памёр.
    Жонка Віці, кінамэханіка пасьля Грышы Песіна, якую ён прывёз аднекуль з Крыма, дзе служыў на флёце, і якая “строіла з сябе інтэлігенцыю”, бо гаварыла не на нашым “деревенском наречии”, на “чистейшем русском языке”, і вельмі доўга была аб’ектам жаночых гутарак, ажно пакуль не зьехала ў горад.
    Прахоцкі Іван упаў у цыстэрну з бэнзінам. Адратавалі. Але жыў, як не жыў: уражаньне, быццам ён даўно ўжо не тут, а там. Павесіўся. Але так, каб разумелі, што гэта не выпадак, а ўсур’ёз: стаўшы на калені ў склепе і закінуўшы пятлю за бэльку нізенька столі.
    Майго аднаклясьніка, якога сваякі змусілі жаніцца сілком на жанчыне аднекуль з Сельцаў ці з Юзафова, жонка, хадзілі чуткі, сама задушыла - ляжала сабе на ложку і пацягвала вяроўку на бэльцы, на другім канцы якой то канаў, то аджываў яе муж-пьяніца.
    Марна Доля павесіўся. Чаму? У 60 гадоў.
    У канаве па той бок шашы пастух Жлобіч з Сіманавіч памёр: інфаркт! Бабу Параску сваякі доўга трэсьлі: “Дзе золата?” Памерла. Гілька Песін у Яўсевічах на сваёй палутарцы ўрэзаўся ў вароты і з адхону ў рэчку зьехаў.
    Кіроўца з Паляны на поўным хаду ўрэзаўся на самазвале ў чараду кароў, забіў ці не дзесятак, сам ледзь не зьляцеў з круцізны ў Заліў каля моста (я бачыў, як жанчыны ляжалі на вялізных, бы горы, каровах, плакалі, стагналі і клялі забойцу). Пазьней адплата знайшла-такі яго, нябогу, - ехаў амаль там жа, каля моста, выставіўшы з кабіны руку, бо было горача, а руку па самае плячо адарвала сустрэчным грузавіком.
    Нашага суседа, калі мы жылі каля сажалкі, Манькоўскага жонка забіла. Сам ён не раз сядзеў тэрмін за пакражы. Умудрыўся нават у Старых Дарогах, ва ўнівэрмагу, украсьці вялізны скрутак сукна.
    1988 год. Пасьля ўгодак па бацьку, на каталіцкія Каляды, мы забралі маці ў горад. На зіму. Радавалі яе толькі званкамі Тамары Лазарэвіч, якая даглядала такіх, як наша маці, пэнсіянэраў, і з маці проста пасябравала. Галоўнае - як хата? Што робіцца ў вёсцы? Хто жывы, а хто, царства яму нябеснае, памёр?
    Жыла спачатку ў малодшага брата Колі, а на Новы год пасялілася ў мяне. Год назад я атрымаў кватэру, адбудаваную некалі пасьля вайны палоннымі немцамі і заселеную тады маладымі пісьменьнікамі. Мой папярэднік, паэт Аляксей Русецкі, знаёмячы з памяшканьнем, якое моцна нагадвала мінікамуналку (маленькія пакоі і вялізны калідор), тлумачыў: “Тут жыў малады Макаёнак. Тут - Шамякін. Ён ужо быў сямейны. Тут - Кулакоўскі. Завялі сем’і і разьехаліся хто куды”. Пазьней я знаёміў сваіх гасьцей з кватэрай-музэем. Дадаючы, што ў маім пакойчыку часта блукае здань Андрэя Ягоравіча Макаёнка. Нібыта ён схаваў ў патаемным месцы у яшчэ дарэвалюцыйных мурах “несвоечасовую п’есу” і цяпер шукае.
    Маці любіла такія байкі. Лічыла: чым лепш зманіш, тым цікавей і праўдзівей. І сама часта, гуляючы з дзецьмі “у дурня” ці “у п’яніцу”, апавядала нейкія гісторыі. Раптам спынялася і пытала: “Ну, што вам яшчэ зманіць?!” Гаварыла па-руску. З валагодзкай інтанацыяй і оканьнем: “Ну, что бы еще вам такое соврать?!.” Засвоіла некалькі беларускіх слоў. Асабліва прыемна ў яе вымаўленьні гучала слова “Треба”...
    Госьці раз-пораз наведвалі маці: сыны з нявесткамі, дачка з зяцем. З дзецьмі – унукамі і унучкамі. Адзначалі сьвяты: Новы год, Дзень нараджэньня (я некалі адшукаў у яе кніжцы “старателя” пазнаку, што наша мама нарадзілася 5 студзеня 1914 года), Каляды, Вадохрышча, мой Дзень нараджэньня, Дзень сьвятога Валянціна, Дзень Савецкай Арміі, Жаночы дзень... Наогул, кожны дзень, калі маці наведвалі госьці, якія лічылі сваім абавязкам яе адведаць.
    Рэдка, але выходзілі на вуліцу. У краму, каб набыць акуляры. Часам нехта купляў білеты на спэктакль. Тым больш што Рускі тэатар побач - праспэкт перайсьці. Але больш за ўсё яна любіла сядзець у хаце. Дзе можна пабыць самой па сабе, прылегчы адпачыць. Яна, падобна, пабойвалася вялікага горада. Душа яе рвалася дамоў, дзе ўсё сваё, роднае, знаёмае (як у “Краіне Муравіі” Аляксандра Твардоўскага: “Посеешь бубочку одну - и та твоя”). Яна ўвесь час сьніла кепскія сны: нехта ў хату лезе! ліхадзей! Радавалася, калі надыходзіла вясна і можна было вяртацца дамоў: “Хорошо в гостях, а дома лучше”, “Своя хатка, как родная матка”. Сваім вясковым сяброўкам адкрыта скардзілася, што ў горадзе адчувала сябе кепска. Дзіва што!
    Я помню, як аднойчы да нас зайшла цешча Аляксея Русецкага: засумавала па сьценах, дзе столькі гадоў жыла пасьля вайны! Па суседзях, якія тады яшчэ не пасьпелі разьбегчыся хто куды, куды вочы глядзяць. Пасадзілі яе пасярод вялікага - сапраўды камуналка! - калідора, і яна азіралася вакол. А маці проста абрадавалася прыходу чалавека прыкладна яе ўзросту.
    Не помню, калі, але ў нас зьявіўся папугай. Яго завезьлі ў вёску. Маці дзіва: жывая істота ў хаце! Ганялі ката, які адразу прыкмеціў птушку і як мэту паставіў - упаляваць. Маці фатаграфавалася з папугаем на плячы. А калі кот усё ж праскочыў непрыкметна ў хату і злавіў момант, каб цапнуць папугая, як маці апавядала, кіпцюром проста ў птушынае сэрца, моцна гаравала разам з унучкамі. Папугая пахавалі ў ямцы пад ліпай у канцы агарода. Паставілі як прыкмету месца крыжык. Маці працяглы час хадзіла на магілку.
    Час перабудовы - насычаны, як, мусіць, палёт у космас. Я шкадаваў, што не дажыў бацька. Што Ала не дажыла. Некалі мы з ёй гутарылі пра тое, у якой краіне жывём. Меў рацыю Яўген Яўтушэнка, калі заявіў, будучы за мяжой, у ФРГ, што савецкая краіна - вялізны канцлягер. Ала эмацыйна ўсклікала: “Няўжо я ўсё жыцьцё пражыву і ніколі не пабачу... Новую Зэляндыю?!.” Было часта цяжка, побыт невыносны, але які вадаспад новага! Свабода!
    Я неяк займеў візу ў Вэнгрыю і, не маючы ні форынта, ні цэнта, сеў на цягнік і паехаў у Будапэшт. На мяжы мытнік доўга абмацваў маю сумку, выкладваючы паўбуханкі хлеба і брусок сала, не верыў, што я гэтак еду, спадзеючыся на дармовую гасьцініцу падчас канфэрэнцыі і на бутэльку “сталічнай”, за якую мяне таксіст давязе да той гасьцініцы.
    Маці, калі паказвалі Міхаіла Гарбачова, не адрываючыся глядзела і слухала зачаравана яго красамоўныя развагі: “Я так люблю Гарбачова!”
    Зьяўляўся вялікі маг і чарадзей, брамін-ёг Кашпіроўскі, і ўся жаночая частка сям’і хутчэй займала месца перад тэлевізарам. Несьлі слоікі з вадой, валаклі збаны і бутэлькі... Саветы таму і прайгралі, бо забыліся пра Цуд.
    1989 год. У студзені хавалі дзядзьку Антона, Антона Мітрафанавіча Тычыну. Вялікага Тычыну. Які, як я адчуваю, найбольш блізкі да ўкраінскіх Тычын. І ростам, і прафэсіяй, і цікавасьцю да жывапісу, і высакародзтвам натуры, што выяўлялася ў яго нязьменнай іроніі і у спагадзе, і нейкай дзіўнай цікаўнасьцю да людзей, усякіх, розных, да ўсяго, у чым дыхала жывое жыцьцё.
    Алесь Адамовіч сьвята верыў у тое, што ў дзядзькі з яго ведамі, памяцьцю, уменьнем красамоўна апавядаць пра розныя здарэньні і апісваць характары і паводзіны людзей павінен вось-вось прачнуцца пісьменьнік, выдатны мэмуарыст. Штораз пры нагодзе падбіваў яго напісаць успаміны.
    За маці мы гэтым разам менш перажывалі. Тым больш яна вырашыла неяк перазімаваць сама ў вёсцы. З умовай, што мы, дзеці і ўнукі, будзем часьцей яе наведваць. Сазвоньваліся, пыталі адзін у аднаго, хто і калі паедзе ў вёску, каб праведаць маці. Калі нехта ехаў, тады на душы рабілася спакойна.
    Мы тры месяцы таму, у кастрычніку, ужо былі ў дзядзькі ў Хоцімску. Паехалі ўсе браты разам. Розгалас пайшоў па сваяках пра нашу акцыю. Поўнае адабрэньне, а з боку нашага ўзросту мужыкоў і зайздрасьць. Маўляў, чаму не паклікалі. А хіба на такое клічуць? Проста садзяцца на аўтобус і едуць.
    Дзядзька ўжо не працаваў у райана, - і ўзрост, 83 гады, і катаракта. Але розум той жа, розум і мудрасьць адукаванага і вопытнага чалавека. У літаратуры можна адшукаць нешта блізкае да яго вобраза - гэта дзед Вежа ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Дзядзька ўвесь век пражыў у глухой правінцыі, якой лічыла партыйнае начальства Хоцімск, але і сьледу правінцыйнасьці ў яго думках і паводзінах не было. Калі гаварыць пра эрудыцыю, дык дастаткова сказаць, што ён, лічы, штогод езьдзіў у Маскву, каб паглядзець у Трацьцякоўскай галерэі арыгіналы карцін, якія старанна вывучаў па багатай хатняй бібліятэцы шыкоўных выданьняў.
    Калі гаварыць пра сучаснасьць, дык хто больш ведаў пра тое, што адбываецца ў кулюарах кіраўнічай эліты і ў асяродках дысыдэнтаў, як не наш дзядзька Антон, які штовечара слухаў “варожую прапаганду” і сябраваў з настаўнікамі і мясцовымі інтэлектуаламі, што забясьпечвалі яго самай рознай інфармацыяй пра тое, што рабілася ў глыбінцы і што сьпее ў вялікім сьвеце.
    Адзін з мясцовых настаўнікаў прынёс дзядзьку Антону неверагодных памераў Біблію - як падняць: я з захапленьнем і ўдзячнасьцю ўзваліў гэту сапраўды Кнігу Кніг на калені і чытаў мясьціны, якія трапляліся на вочы.
    Мне ён - пад вялікім сакрэтам - паказваў фотаздымак, дзе Алесь Адамовіч быў з Аляксандрам Салжаніцыным, які падарыў яму пляменьнік. Цікава, што і сам пляменьнік, Саша Адамовіч, як і дзядзька Антон, хавалі гэты доказ сваёй падпольнай апазыцыйнасьці і абсалютнага нявер’я савецкай уладзе, як дзеці... у кнігах, якіх, маўляў, занадта шмат, каб усе абшукаць пры патрэбе.
    Калі гаварыць пра маральныя прынцыпы і сумленьне, то наш дзядзька, і я ў гэтым неаднойчы навочна пераконваўся, спавядаў усе 10 Божых запаведзяў, увесь Дэкалёг, і нас, маладых, не раз строга павучаў.
    Калі казаць пра таленты, то ён, скончыўшы Слуцкую гімназію і маючы клясычную адукацыю, выдатна разьбіраўся і ў фізыцы як яе выкладчык, і ў літаратуры. Прынамсі, мне расказваў пра пісьменьнікаў 20-х гадоў, пра якіх я нічога не ведаў, акрамя прозьвішчаў. Расказваў і пра Якуба Коласа, як ён чытаў лекцыі ў Слуцку, як выступаў на судзе Юркі Лістапада.
    Найлепш сказала пра яго наша цётка Аня: “Калі б савецкая ўлада мела розум, то яна б такога чалавека, як наш дзядзька Антон, падняла б на такую вышыню, што ён мог бы быць міністрам, не раўня нашым дурням, генэралам, - куды да яго нашым служакам, - кіраўніком...” Але менавіта такога чалавека бальшавікі саслалі ў глухую правінцыю, арыштавалі за прыналежнасьць да “беларускіх нацдэмаў” і цэлы год мучылі ў засьценках Магілёўскага ГПУ, адправілі на фронт, не зважаючы “на бронь” для настаўнікаў...
    Мы, браты, сястра Іна, добра зрабілі, паехаўшы на хаўтуры, хоць ехаць трэба было толькі ў адзін бок 10 гадзін (чуў, як у аўтобусе адзін пасажыр, яўна каўказец, здзіўлена канстатаваў: “Якая вялікая гэта Беларусь! Едзем, едзем і ніяк да месца не прыедзем!”). Пабачылі амаль усю нашу радню і пераканаліся, якія яны асаблівыя, ні на кога не падобныя, як вылучаюцца з асяродзьдзя, кажучы словамі Янкі Купалы, “рэнэгатаў і дэгенэратаў”, якіх на працягу гэтых трох дзён сустракалі і ў дарозе, і ў той жа глыбінцы.
    Калі разьвітваліся ў Бабруйску з ц. Соняй (яна ехала далей, у Старыя Дарогі), з ц. Любай (яна ўжо прыехала), то, гледзячы на сясьцёр, думалася пра тое, як шмат траціць наша беларуская супольнасьць нават ад таго, што такія людзі жывуць воддаль, наводшыбе. Не раз пераконваўся ў тым, як зьмяняецца сама маральная атмасфэра ў калектыве, ці натоўпе выпадковых людзей, толькі таму, што сярод іх былі яны. А ўжо ж пакінулі гэты сьвет цётка Аня, дзядзька Антон, наш бацька! Людзям хацелася быць хоць крыху лепшымі і вартымі гэтых “Вялікіх і Малых Тычынаў”. Цемра адступала, сьвятло азарала абліччы.
    1990 год. Брат Коля асабліва часта і ахвотна наведваў маці. Заўсёды што-небудзь рабіў - рамантаваў, ладзіў, зьмяняў. Прывёз машыну з прычэпам доўгіх абрэзак дошак, рэек на дровы. З тых абрэзак шмат пайшло на штыкет і нават на здвоеныя жэрдкі для агароджы і палісадніку. Маці, як раней бацька, цешылася з гэтай руплівасьці. Усе ідзе на лад. Дзеці яе не забылі.
    Завальваўся падгнілы калодзеж, дзе зьмяшчаўся кран, каб пераключаць ці перакрываць ваду ў водаправодзе. А заадно выявілася, што недзе пад зямлёй сам водаправод праржавеў і ў вадзе зьявіўся пясочак. Брат прывёз гнуткую трубку і доўга разам са сваім кіроўцам “Опеля” Ванем прапіхваў гэту трубку, каб злучыць яе з вэнтылем цэнтральнага водаправода па другі бок заасфальтаванай вуліцы. Потым два дні ў сьпёку і ў цеснаце, да ўсяго яшчэ і рыжыя пясчаныя мурашкі даймалі, рабіў цагляны калодзеж. “Ну, мама, цяпер, калі раптам пачнецца бамбёжка, будзе куды схавацца!” Маці радавалася.
    Я рабіў тое, што ўмеў. Касіў траву ў агародзе, проста зганяў ахвоту. Сенакос маці здавала ў арэнду суседу Карлу. Ён разам з жонкай, звонкагалосай цёткай Нюрай, - чуваць яе вымовы мужу здалёк, зграбаў і скідваў у копы. Некалькі гадоў пасьля бацькі трава расла добрая, прыгожая. Чым далей, тым больш горшалі справы ў гаспадарцы. Па траве пайшлі там і тут парасткі вішаньніка. Пайшло ў пукі бадыльле. Там-сям выскоквалі немаведама адкуль і чаму купіны. Па сутнасьці, мы толькі падтрымлівалі наладжаную некалі бацькам “культурную гаспадарку”. Асядаў хлеў і распаўзалася страха. Я пакрываў яе новым рубэройдам. Заўважаючы мімаходзь, што лапіць трэба і ў стопкі страху. Рук не хапала. Як і ўмельства. Маці важна было, каб усё заставалася, як раней. Той хлеў і тая стопка былі ўжо без пільнай патрэбы, хіба зайсьці і пабыць у цяньку. Ці падыхаць араматамі былога шчодрага багацьця: у стопцы доўга трымаліся пахі бульбы, квашаніны, салёных агуркоў, кропу і кмену, радавалі вока шэрагі слоікаў з варэньнем. Браты, заходзячы ў стопку, згадвалі вясёлыя моманты, калі бацька наладжваў самагонны апарат і ў сядзібе панавала ліхаманкавае ажыўленьне, казалі, што чуюць водар самагонкі.
    Неяк восеньню брат Коля ўзяў адпачынак і частку яго правёў ў вёсцы. Я, ведаючы, што ён яшчэ там, у маці, знайшоў магчымасьць пад’ехаць, памагчы зьбіраць антонаўкі з дрэў і проста праведаць маці. З аўтобусамі тады было цяжка, дабіраўся да Гарадка, а далей 7 вёрст ішоў пешака. Ішоў бадзёрым крокам, напяваючы і перакладаючы на хаду песьню Яшкі-артылерыста з “Вясельля ў Малінаўцы” (“Ішоў я лясамі, ішоў па палях. Эх, люба было, браткі, нам! О, зээр гут! Пардон, мадам!”), ці ўцёсаўскага адэсіта Мішкі (“Ты - адэсіт, Мішка, а гэта значыць, што справы ў цябе, Мішка, ні бяды. Дык ты ж марак, Мішка, марак не плача, захоўваючы духу моц заўжды”), ці радкі з песьні, якую ўключалі на школьным радыёвузьле, калі я быў яшчэ 8-клясьнікам (“Мішка-Мішка, дзе твая ўхмылка, поўная задзёру і агню? Самая бязглуздая памылка-тое, што кідаеш ты мяне!”), якую брат Саша перайначваў на свой лад (“Мішка-Мішка, дзе твая ашчадкніжка, поўная чырвонцаў і рублёў?..”).
    А дома - ўзаемная радасьць сустрэчы! Маці радая! Ідзём з кошыкамі зьбіраць яблыкі. У хляве рыхтуем для іх скрынкі - бацькавы запасы! Складваем акуратна наліванкі ў салому і сена. А маці борзда аббягае сядзібу, мацае калкі ў агароджы, ці трымаюцца, зьбірае падпоры - на лета зноў спатрэбяцца. Зрабіўшы з вялікай ахвотай і задавальненьнем сваю справу, ідзем у хату. Маці дастае з печы чыгункі з абедам. Брат дастае з буфэта бутэльку.
    Шчасьлівыя імгненьні душэўнага яднаньня, роднаснага паразуменьня, сардэчнай ласкі і лагоднай пяшчоты! Як жа шпарка ўсё мінае!
    1991 год. Неяк я ў чарговы прыезд прывёз у вёску, маці і дзецям, харчы, а яшчэ і карціну, дзе Ісус Хрыстос, знаходзячыся ў лодцы, навучаў натоўп людзей на беразе боскім запаведзям. Прымацаваў да сьцяны перагародкі. Маці задаволеная, а яе сяброўка баба Клава, якая тады штонядзелю езьдзіла ў царкву ў Гарадку, дзе сьпявала ў хоры, пахваліла мой выбар.
    Маці гэта ацаніла належным чынам, хоць да сваіх сябровак, і да б. Клавы, ставілася досыць крытычна. Многае ў звычках і ў выказваньнях б. Клавы маці не вельмі падабалася, але мірылася: што ёсьць, тое ёсьць! Натуру не зьменіш!
    Найбольш не падабалася тое, што яна прэтэндавала на сваё веданьне царкоўных сьвятаў і на сваю асаблівую ролю ў тым, што датычылася пытаньняў веры. У маці былі свае зацьверджаныя з дзіцячых гадоў правілы: “Барыс і Глеб - сярдзітыя сьвятыя!”; “На Яблычны Спас можна есьці яблыкі, але калі і зьеў раней часу, то нічога страшнага!”; “На Пакровы чакай альбо марозу, альбо нават сьнег выпадзе”; “На сьвятыя ніколі!”
    Да дзяцей была ўвогуле строгая, патрабавальная: “Дзеўкі! Пара грады палоць!” А дзеці, у сваю чаргу, любілі слухаць яе байкі. Часам нешта аспрэчвалі, а, здаралася, і паблажліва пасьмейваліся - тым больш што бабуля не была супраць, дазваляла, разумеючы дзіцячае жаданьне лёгкіх жартаў. У дзяцінства і старасьці шмат агульнага - маці і ўнучкам лягчэй было адшукаць агульную мову і паразумецца, чым сынам і нявесткам. Хутчэй за ўсё таму, што дзейнічалі законы гульні, якія дарослыя прызабылі дый не вельмі віталі.
    Дарослыя ведалі - кожны сваё: Жэня фарбаваў, прывозіў ледзь не вёдрамі фарбу, загарэўшыся, мог, як у войску, нават падсохлую траву падзеляніць; Сашка любіў быць у цэнтры ўвагі, напрыклад, шакаваць сваякоў сваёй рызыкай - у суп выліваў шклянку гарэлкі, разьбіваў яйкі, падмешваў поліўку, сыпаў перац і Бог ведае што яшчэ, а мы сачылі за тым, як ён гэту мешаніну будзе піць, брат жа, калі нават пасля першых глыткоў і сам адмаўляўся працягваць экспэрымэнт, не вельмі перажываў няўдачу. У яго на твары быў навідавоку неўтаймоўны характар і моцны дух супярэчнасьці.
    Набор хохмачак нам быў добра вядомы, але ж – “Саша ў сваім рэпэртуары!” “Якая гадасьць! Налі яшчэ!” “- Як жыцьцё? - Сыр ды масла!” Яго і называлі так нейкі час, найперш шафярня, яго сябры і калегі: Сыр ды масла! “І які рускі не любіць хуткай язды?!” “На бум Лазара”. “- Жэнісься? – Абавязкова”. “Калі трэба мая дапамога, прысылай грошы, я дапамагу”. “Сіла ёсьць - розуму не трэба”. “Мужык вачам не верыць”. “Быў начальнікам. За што і прагналі”. “Будзеш падаць - трымайся за зямлю!” “Еш - хаці, работай - зябні, на хаду нямнога сьпі”. “Мы - вяцкія. Сямёра аднаго не баімся, а нападзе адзін - і катомкі аддадзім”. На ўсё ў яго быў гатовы адказ. Дзіва толькі, дзе, калі і адкуль ён браў і запамінаў гэтую “жыцьцёвую мудрасьць”?
    Прасілі часам у яго: “Саша, раскажы верш!” Расказваў - пародыю на верш М. Някрасава “Вясковыя дзеці”: “Однажды в суровую зимнюю пору...” - і далей па тэксту. А калі не па ўзросту сталы і суровы “парнішка” адказваў на пытаньні, пачалася пародыя: “Отец, видишь, рубит, а я отвожу”. – “Семья-то большая?” – “Да что с нее толку! Работает двое, а жрать да...!” Альбо пародыю (дзе ён яе чуў?!) на верш М. Лермантава “Барадзіно”: “Скажи-ка, дядя, ведь не сразу Жена твоя с подбитым глазом К разводу подала? Ведь были ж схватки боевые? Да, говорят, еще какие! Недаром помнят все родные Про наши все дела”. I гэтак да самага канца. Альбо - пародыю Я. Яўтушэнкі на Я. Далматоўскага: “Ты - Евгений, я - Евгений, Ты - не гений, я - не гений, Ты - г..., и я - г..., Но я - недавно, а ты - давно!” Аднойчы вярнуўшыся з Сашам з клюба, і я загарэўся напісаць пародыю на песьню “Раскинулось море широко...”. Пачалі з ім разам: “На палубу вышел, а палубы нет - ее на дрова порубілі...” А далей не пайшло! Саша адразу знайшоў прычыну: “Гарэлкі не хапіла!” Я, успомніўшы не сваё, дадаў: “А гарэлкі, колькі яе ні купляй, заўсёды мала!”
    Валодзя любіў рабіць якія-небудзь мастацкія рэчы - разьбу па дрэве, паліцы, разныя шкатулкі, выпальваньне на фанэры фатапартрэтаў, дэкор з падсмаленых адмыслова дошчачак на сьценцы ля печы. Коля пад наглядам бацькі рабіў шалёўку, прывязаўшыся вяроўкамі, прыбіваў шыфэр і канькі на дах з гонты, чысьціў комін. Інка ўпрыгожвала вокны фіранкамі, расстаўляла посуд, асабліва старалася, калі мыла і выцірала шкляныя вырабы, ажно шкло трэскалася альбо нават разьбівалася ад яе такога шчыраваньня... Браты ўсё гэта заўважалі, а сястра рабіла сваё. Так жылі-былі і не шманалі.
    І маці, і бацька любілі ўсё, што ў хаце і ў гаспадарцы нагадвала пра парадак: калі бульба абагнана, грады праполатыя, тычкі пад фасолю расстаўленыя, як і калкі пад памідоры, двор прыбраны, платы цэлыя, балён з газам напоўнены, пліта працуе, печ цёплая, грубка гарачая, комін не дыміць...
    Любілі, парабіўшы ўсё ў хаце і хляве, на агародзе, летам сядзець ля варот і сузіраць вясковае жыцьцё, балазе, вуліца з дачнай назвай Садовая вяла ад цэнтра пасёлка і да самой Варшаўкі, бязьлюдзьдзя амаль не было - маці на лаўцы паміж бярозай і ліпай, а ззаду высачэнная, як сасна, дзічка (лаўку зрабіў Генка, сын суседа дз. Пеці), бацька на шырокім пяньку сьпілаванай ліпы. Альбо ў двары, на лаўцы пад шыкоўнай каронай разгалістай ігрушы, якая ёсьць амаль на палове фотаздымкаў сям’і і сяброў. У “дзеда” - так з часам пачалі называць бацьку, спачатку малая Інка, позьні і жаданы дзіцёнак у сям’і (“Ну, што ўнучка?” – “Ну, што, дзед?”), затым кагорта ўнучак (Ленка, Наташка, Сьветка, Таня, яшчэ Сьвета) і адзіны сярод іх унук Антон (пакаленьні дзяўчат і хлопцаў ішлі хвалямі, пачынаючы ад прадзеда Мітрафана), - было сваё, “дзедава месца”, а менавіта шырокі пень, абабіты тоўстай дошкай-“саракоўкай”, які пры жаданьні можна было пераносіць з ценю на сонца, і наадварот.
    У хаце любімае месца “старых” было каля акна на вуліцу, усё навідавоку - ніякі тэлевізар не пакажа. Сьнедалі-абедалі, проста гаманілі, а бакавым зрокам пасьвілі ўсё, што адбывалася на вуліцы: хто там ідзе, з кім ідзе і што нясе. Усё ўбачанае адразу камэнтавалася. Усур’ёз і з гумарам.
    Гэту сямейную завядзёнку аднойчы выкарыстаў я: ведаючы даверлівасьць і цікаўнасьць старшага брата Жэні, які сядзеў за сталом у самым куце, а я насупраць акна, узьняў голаў, нават прыўстаў і выгукнуў: “А хто гэта там?” Брат ажно шыю выцягнуў, як лебедзь: “Дзе? Што?”З3 боку гэта асабліва відно было.
    Коля часам паказваў начальніка - хадзіў туды-сюды па хаце, як бюракрат, які нешта дыктуе машыністцы, у глыбокай задуменнасьці, ва ўзьнятай угару руцэ бульбіна на відэльцы: “Так, на чым мы спыніліся?.. Ага! Мне стыдна, дырэктару саўхоза стыдна... Да чаго ўсё дойдзе, калі ўсе будуць так безадказна адносіцца да сваіх непасрэдных абавязкаў?!. Запісалі? Ідзём далей..."
    Так вось жылі, забаўляліся, жартавалі. Амаль як героі Кузьмы Чорнага - мелі радасьць з сузіраньня таго, як павучок спускаецца з дрэва на павуцінцы альбо як дажджавая кропля скочваецца з саломінкі на страсе...
    1992 год. Стаяла сьпякотнае лета. Беларусь была ў лёгкай смузе. Па суседзтву згарэлі Сельцы і Калюга - дзьве лясныя вёсачкі. Людзі засталіся на папялішчы. Агонь ішоў з лесу, з аднаго боку і з другога. Жыта, як порах, палала. Хаваліся — хто дзе. Многія ў полі, у бульбянішчы ў разорах, закрываючыся пяском. Прэса на ўсе лады асьвятляла прыезд тагачаснага прэм’ера Кебіча, які даў распараджэньне будаваць катэджы. Той, у каго хата ацалела, шкадаваў, што полымя абышло міма. А Коля, як пажарнік, таксама прыехаў - да маці найперш, але заадно і паглядзець на ўласныя вочы, што сапраўды адбылося і - галоўнае - як. Як-ніяк аўтар больш за 400 экспэртыз па пажарах, самых розных, больш ці менш ясных, відавочных, і досыць загадкавых! Спытаў маці: “Паедзеце?” У маці падаў голас былой катаржанкі-сыбірачкі: “Ат, дзе наша не прападала! Колькі таго жыцьця!” Потым захоплена расказвала пра ўбачанае і пра свае ўражаньні. І нам, і сяброўкам.
    Што да маці, то і мы шанавалі яе сябровак, якія як бы суправаджалі яе па жыцьці, зьмяняючы адна адну, на кожны пэрыяд жыцьця хтосьці іншы. Спачатку старая Лісіцкая, з якой маці дзялілася сваімі трывогамі, калі жылі ў колішнім парабкоўскім доме каля сажалкі, Жаўрычыха, Грыпінская з Цямшы, Насьця Аляшкевічава, з якой маці асабліва блізка сышлася пасьля таго, як здарылася ў Насьці няшчасьце - з Мурманска прыехала на лета ўнучка-падлетак і патанула ў Пцічы, у Насьці нешта адбылося з галавой, і яна была як хворая, цягнулася да маці, знаходзячы ў яе разуменьне і спачуваньне.
    І сама маці час ад часу наведвала каго-небудзь з суседак-гарамык - то Маню Клыгу, добрай душы жанчына, якая была абязножала, так і хадзіла-поўзала на каленях з хаты ў хлеў, на агарод і правіла гаспадарку, то Касьцюковіч, то Пасючыху - Жэня сябраваў з Жэнем Пасюком і з Сенькам Касьцюковічам, а за ім і маці знайшла нешта агульнае з суседкамі.
    Пра Пасючыху хадзіла па вёсцы вясёлая памоўка - хатняя гаспадыня, уся ў сямейных клопатах, яна неяк паставіла перад малымі сынамі, Толем і Жэнем, патэльню з тлушчам і скваркамі і аб’явіла: “Ешце, дзеткі, тук, а Лазарку (бацьку сямейства) скварка”. Так шанавала мужа, які вечна некуды сьпяшаўся і бег. Для нас адкрыцьцём было слова “тук” – “тлушч”, інакш кажучы.
    Часта наведвала маці Сямашчыха, адзінокая кабета, якая гадавала дачку Алу, - сядзела на лаўцы пад ігрушай, растарэквала пра тое і сёе, маці знаходзіла нешта супольнае з суседкай, а бацька досыць сярдзіта рэагаваў на яе спробы ўмешвацца ў мужчынскія справы і чужыя яму разуменьні таго, як усё павінна быць ў гаспадарцы, у саўгасе, у вялікім сьвеце. Цікава распавядала пра тое, як жылося ў вайну: як мінэральнае ўгнаеньне залівалі вадой, зьбіралі, што наверх усплыве, і крышаны пасоліш, а бульбу і так пойдзе...
    Зразумела, што раз-пораз забягала і кума Івашкевічыха – “на хвіліну”, вечна заклапочаная, бо гаспадарка вялікая, і дзяцей чацьвёра, старшая Галя, хаця і замужам, і асобна жыла сваёй сям’ёй, але ж роднае дзіця, і яе клопаты - клопаты і яе маці, сярэдні сын Коля, наш сябар, пра яго, вядома, жартам, згадвалі даўняе, дзіцячае, як ён, калі наша маці частавала нашага Валодзю і яго сьвежыной, паскардзіўся: “Валодзьку, дык пячонку, а мне, дык скварку!” Ат, дзеці! Ён вельмі перажываў, што не ўзялі ў войска, тады, як усе Тычынавы хлопцы адслужылі ў Савецкай Арміі, потым, сустракаючыся, любіў пахваліцца сваімі сынамі, якія, у адрозьненьне ад бацькі, служылі. Малодшыя дочкі - Іна ў Томску, Рая - у Менску. Бацькі - там, дзе і нашы бацькі, і дзе ўсе былыя Завалочыцы, - на Заполяцкім кладзішчы, “в той стране, где тишь и благодать”.
    Наогул, у кожнага ў вёсцы была свая гісторыя, свая мянушка і свае мудраслоўі. Мянушкі звычайна ў нас былі надзіва доўгія: “Грышка-гад! Гані грабёнку! Гніды-гады галаву грызуць”; “Дурны Віта ў ваду ўпаў”; “Пятро - я... з вядро”, “Марна доля”, “Галава з вусамі”, “Слухай-слухай, пачакай”, “Знаеш-панімаеш”, “Уж-Ігнат”, “Алёша з батонамі”, “Пецька-верталёт”... Або мясцовы каваль, якому замены не было на працягу цэлага жыцьця і які не проста каваў-біў малатком па кавадлу (молатам махаў яго памочнік, за ўвесь час іх перабыло тры ці чатыры), а мэлёдыю выстукваў: “Як з Вас - дваццаць пяць. Як з Вас - дваццаць пяць”. Або нехта жартам пагражаў - на абразу адказваў: “На, Пеця, адвядзі маю руку!..” Маўляў, а я ўдару з усяе сілы. Або: “Аркадзя! Ідзі есьці! А то ў лыч атрымаеш!” Пра таго ж Аркадзю Царуна: маці варыла бульбу ў чыгунку на кастры, вакол якога зьбіралася моладзь, і, калі бульба была гатовая, клікала на ўсю вёску: “Арка-адзя-я! Ідзі вячэраць! Бульба зварылася! Арка-а-адзя!!!” Або дз. Карла - ад жаданьня сказаць нешта добрае: “Што, Мішка, рабатаў?..” З націскам на “таў”. А ўся мая работа - вагаўшчык: кукурузу на сілас вазілі, а я важыў. Стараўся быць дакладным - ад агульнай вагі вылічваць паражняк. Так мяне вучыў бацька, калі пасылаў на гэту работу.
    Галоўбух саўгаса ў канторы ляскаў на лічыльніках, і гэта ў пераказе мясцовых жартаўнікоў гучала наступным чынам: “Нам-нам-нам-нам-нам-нам-нам...” – “Вам-вам!” Эканаміста Вушкоўскага, вядомага заўсёдным імкненьнем эканоміць на кожным і на ўсім, сустракалі нячутным мармытаньнем і праводзілі гучным сьпевам польскай песьні “Ціха вода бжэгі рве”, якую перайначвалі на свой лад: “Ціха, вода! Пшэк ідзе”. Галоўнага бугальтара Юркевіча дзеці дражнілі так: ведаючы яго заўсёднае месца на беразе Пцічы, дзе ён прынаджваў рыбу і законна лічыў сваім, садзіліся з вудамі на яго месца і чакалі, калі ён зьявіцца. Уцякалі ў апошні момант, вядома, рызыкуючы, калі ён ужо на бягу распярэзваў шырокі афіцэрскі рэмень. У яго абарону можна дадаць, што ў глыбокай старасьці, калі ў яго пачаўся склероз ног і ён паміраў, то паміраў, казалі суседзі, жартуючы: на лічыльніках гучна вылічваў час свайго скону.
    Палякаў у пасёлку, як і ўкраінцаў, і рускіх было шмат. Да рэвалюцыі нават каталіцкая капліца ў вёсцы стаяла. Прадстаўнікоў іншых нацый таксама хапала, але па аднаму, па два: латышы, цыганы, яўрэі, швэды (з прозьвішчам Швэд), каўказцы (у мясцовым вымаўленьні: “грузіны”), немец (звычайны беларус-нямко)... А знаёмая ўжо нам Пасючыха праславілася тым, што падчас перапісу насельніцтва аб’явіла: “Я не руская, і не беларуская, а я - заполяцкая (інакш кажучы, з суседняй вёскі Запольле)”. Большасьць палякаў не дэманстравалі напаказ, як Эканаміст, сваю нацыянальную прыналежнасьць, і польскага ў іх было толькі прозьвішча на “скі”. Украінцаў любілі за прыгожыя сьпевы: неяк яны наладзілі канцэрт самадзейнасьці і зачаравалі сваімі любоўнымі песьнямі (“Ніч, яка місячна, зоряна, ясная - вийди, хоть зірки збирай...”).
    А аднойчы украінец Аляксандр Байбарацкі, грузін Аляксандр Аляксанаў, беларус-паляк Канстанцін Кунцэвіч і паляк-беларус Павел Прахоцкі, хто на баяне, хто на гітары, хто на балалайцы і на мандаліне, са сцэны зьдзівілі сваімі магутнымі талентамі так, што я, скажам, тады падлетак, увесь час пазьней шкадаваў, чаму яны не зьбяруцца сваёй капэлай яшчэ раз, ды хоць і кожны канцэрт, каб зачараваць сваёй ігрой.
    Яўрэяў у пасёлку было трое. У маленстве мы не ведалі, што ёсьць у сьвеце яшчэ і падзел па нацыянальнай прыкмеце. Заўсёды спыняла ўвагу аграном Роза Ізраілеўна Грын, высокая, строгая, разумная. Бацька яе вельмі паважаў, прыслухоўваўся да яе парад. Вяскоўцы не вельмі зьдзівіліся, калі яўрэйка Роза Грын і беларус швэдзкага паходжаньня Сяргей Швэд пабраліся. Сваю настаўніцу рускай мовы і літаратуры Маю Пятроўну мы, вучні, проста любілі. Статная, прыгожая, яна неяк зьявілася на вуліцы з раскошнымі распушчанымі па плячах цёмна-карычневымі валасамі, і я ішоў за ёй, знарок замарудзіўшы крок, любаваўся. Дзяўчаты-школьніцы ўсьлед за ёй пачалі пераймаць новую моду, і гэта ўспрымалася як знак свабоды і нязвыклага хараства.
    Улюблёнцам дзяцей і падлеткаў быў кінамэханік Гілька, Грыша Песін, чалавек-легенда. Па-першае, ён амаль штовечар ставіў новыя кінафільмы, прычым тыя, якія ішлі на экране дзе-небудзь у горадзе. У яго, як сам хваліўся, у Глуску былі “паўсюль свае людзі”. Кінафільм “Тарзан” ён за дзень паказваў 4 разы, і людзі выходзілі, каб перакурыць, і зноў заходзілі ў зал, каб глядзець усё спачатку. Па натуры, ён і сам быў прыроджаны комік. Прыйшоў прыбіваць да дрэва афішу кінафільма “Фанфан-Цюльпан”, пабачыў, як зазьзялі нашы вочы, калі падышоў да нас, і разыграў цэлы спэктакль: падбягаў і адбягаў некалькі разоў, танцуючы і крыўляючыся, пакуль прыбіваў цьвік за цьвікам тую афішу.
    Вазіў кіно на палутарцы з будкай, і яго можна было бачыць і тут і там. Неяк паклікаў большых хлопцаў і паехаў па дровы. Праз балота не было дарогі, дык замасьцілі галінамі і маладымі бярозкамі. Каляіна ад колаў доўга віднелася сярод травы і купін. Аднойчы спыніўся каля “панскага калодзежа”, і толькі дзятва і падлеткі акружылі машыну - прапанаваў трымаць яе: “Нізашто не ўтрымаеце!” Большыя хлопцы адагналі малых і ўхапіліся штомоцы, каб стрымаць палутарку. Колы крыху пакоўзаліся на месцы, а тады кіроўца, ім быў сам Гілька, раптам рэзка здаў назад - хлопцы ледзь пасьпелі адскочыць - і адразу затармазіў. Мне запомнілася, як наш брат Жэнька вялізнымі скачкамі адбягаў убок. Гільку ўсё даравалі. Жарты яго і выхадкі часам былі досыць жарсткаватыя, а выказваньні - прамыя і грубыя.
    Нас, малых, брыгадзіравых дзяцей, ён, колькі помню, заўсёды пускаў у кіно “бясплатна” (дзіцячы білет тады каштаваў 5 капеек, але і іх не мелі). Як я разумею, усё гэта за тое, што бацька выдзяляў яму лепшыя соткі ў полі пад бульбу (15 сотак) і пад проса (1 сотку), а калі трэба было абганяць бульбу, то і каня. А дакладней - проста шкадаваў: шматдзетная сям’я. Неяк ён прыйшоў да нас на рэчку – “на мужчынскую”: месца дзе быў трамплін і глыбокая яма, казалі, мэтраў 6 глыбіні. Распрануўся, і мы жахнуліся - яго цела, сьпіна былі пакрыты шрамамі і сіняватымі пісягамі. Бацька тлумачыў, што ён быў у партызанах, і не апошнім, не раз быў паранены.
    Калі мы забіралі сястру Іну з бальніцы ў Глушы і шчасьлівую нашу маму - нарэшце выканала доўгачаканы заказ бацькі і нарадзіла дачку, то езьдзілі па іх на Гількавай палутарцы: ён ахвотна выконваў такія просьбы.
    Я вучыўся ў 7 клясе, калі нас ашаламіла вестка: Гільку ледзь не застрэлілі! Вяртаўся з Дварца са сваім памочнікам Маратам Клепусевічам (Мурыкам, сябрам нашага брата Валодзькі), дзе паказваў фільм, і каля саўгаснага сада пабачыў пару незнаёмцаў з мяшкамі за плячыма, відавочна зладзеяў, асьвятліў іх ліхтарыкам, а ў адказ пачуўся стрэл з пісталета. Бацька наш узрушана апавядаў: “За які сантымэтар каля сэрца куля прайшла!” Як мы ўсе дружна перажывалі на нашага Гільку-кіншчыка і як радаваліся, калі ён, зьбянтэжаны і аціхлы, вярнуўся з бальніцы ў Бабруйску - куды яшчэ падацца яўрэю! - дамоў!
    Але Гілька ёсьць Гілька, той раз неўзабаве ачуняў і да канца сваіх дзён працягваў выкідваць нумары і каленцы.
    Аднойчы я з Сашкам і пляменьніцамі пайшлі ў саўгасны клюб у кіно. Наперадзе брат угледзеў Гільку - рэакцыя яго мяне ўразіла: раптам кінуўся праз рад і выхапіў з рукі Гількі самаробны рэвальвэр. Гілька, да ўсяго быў майстравітым чалавекам - рамантаваў гадзіньнікі, вэлясыпэды, прымусы... Сядзеў у зале звычайным гледачом, а не кіншчыкам, і разьбіраў-зьбіраў самапал. Потым доўга прасіў-маліў брата вярнуць зброю. На допыт майго брата адказваў нешта блытанае і туманнае. Маўляў, трэба для самаабароны. Часы былі ліхія.
    А памёр Грыша Песін амаль адначасова з нашай мамай.
    Чуткі пра тое, хто страляў, хадзілі розныя. Але людзі - нехта бачыў, нехта нешта ведаў, нехта супаставіў факты - досыць дакладна вызначылі рызыканта. Я значна пазьней, лічы, зусім нядаўна, распытваў брата віноўніка, і ён сказаў, што так, брата вінавацілі, ён нават зьехаў некуды на Палесьсе, а нядаўна сканаў, і што цяпер гадаць-шукаць вінаватага, калі ўжо і Гількі не стала і наогул усё травою парасло, як нічога і не было.
    Дарэчы, сам Гілька з часоў вайны меў рэвальвэр і часам пагражаў жонцы, калі яна скандаліла па якой-небудзь прычыне. Праца ў яго была такая, што ён увесь час езьдзіў па вёсках, ды яшчэ начамі, ды яшчэ з немалымі грашыма, таму меў зброю. Зрэшты, тады, у канцы 40-х, насіў партупею з кабурой і мясцовы паштар - казалі, што меў таксама пісталет.
    Стрэл усё ж раздаўся - усё амаль па-Чэхаву: калі на сцэне на сьцяне вісіць стрэльба, то яна рана ці позна выстраліць. У хаце Гількі Песіна была паляўнічая стрэльба - дзеці забаўляліся, цэліліся адзін у аднаго. Загінула непаўналетняя дачушка Гількі. Маці яе доўга не пажыла пасьля гэтага. А судовае сьледзтва давяло справу да фіналу, але суда не было. Каго судзіць?
    Бацька і маці, хоць і не вельмі ахвочыя былі да масавых відовішчаў, але часам наведвалі канцэрты, дзе паказвалі і кароткія спэктаклі, і мясцовы хор сьпяваў савецкія і народныя песьні. Спэктаклі і наогул канцэрты рыхтаваў былы камсорг саўгаса, мясцовы актывіст Казік Краскоўскі, хорам кіраваў дырэктар мясцовай 10-годкі Міхаіл Аляксандравіч Храпко. У канцэртах нязьменным посьпехам карысталася наша вясковая прыгажуня Рая - і сьпявала, і танцавала.
    Многія, у побыце самыя звычайныя дзядзькі і цёткі, зьдзіўлялі сваімі прыхаванымі талентамі. Павел Прахоцкі - нязьменны з часоў вайны баяніст, якога пазьней падмяняў яго сын, таксама Павел. Яго дачка Наташа - галасістая сьпявачка. Саўгасны пастух Шамак, маленькі, але спрытны: дзяцей у яго - сямёра, адзін аднаго не панясе, і ўсе дзеўкі. Ён вазіў на кані бітоны з малаком - на малочную поўныя, з малочнай пустыя. Ехаў па бруку, калёсы грымяць, ад бітонаў такі жалезны звон і грымоты, што затыкай вушы. Хлопцы жартавалі, што калі едзе Шамак, то тэлевізар кепска паказвае, такія на экране “памехі”. Яго запомнілі, як галоўнага пэрсанажа трагікамічнай гісторыі.
    Пародзістая саўгасная карова, якая давала больш, як вядро малака штодзённа, а яе даярка Наташа Невяроўская была ўзнагароджана ўсемагчымымі ўрадавымі ардэнамі і мэдалямі, з-за недагляду пастуха загрузла ў глеі каля Пцічы, каля самага берага, а выцягнуць яе маленькі і не вельмі моцны Шамак не змог, нават з падасьпелай запозна падмогай. Пакараньне вісела над ім самае строгае, аднак яму акурат пашэнціла злавіць вялізнага сома: да ўсяго, ён быў заўзяты рыбак. Калі валок яго, дык галава была на ўзроўні галавы маленькага - мэтар з шапкай - Шамака, а хвост цягнуўся па зямлі. Пасьля таго, як ён падзяліў рыбіну паміж саўгасным кіраўніцтвам, хадзіла пра яго вясёлая памоўка: “Дырэктару - тулава, парторгу - сярэдзіна, бугальтару - хвост, а мне - галава з вусамі!” Дык вось Шамак, сам па сабе камічны, акрамя ўсяго яшчэ выдатна сыграў ролю зламысьніка з аднайменнага апавяданьня Антона Паўлавіча Чэхава, пераробленага ў спэктакль (ролю судзьдзі выконваў Казік Краскоўскі). Сымпатыі нашых аднавяскоўцаў былі цалкам на баку “зламысьніка”.
    Я запісваў, от, проста так, словы, выразы, дыялёгі, якія ўражвалі, бо любіў сваіх аднавяскоўцаў і з жахам назіраў, як шпарка плынь часу заносіць пяском забыцьця тых, хто сыходзіў у іншасьвет. От, дыялёг:
    - А харашэ! Хмары, як цыганы, ходзяць круга...
    - Колькі там наківала?
    - Без 15-ці.
    - От і ўлажыліся!
    - Каб не абярнуліся, то і летняга дня не хапіла б.
    - Ну і што?! Да вечара бліжэй было б.
    От, маналёг:
     - От, ехалі мы раз у Арыжню... - пацягнуў носам, - хе... хе... хе... - сьмяецца, а мы чакаем, што раскажа нешта вясёлае, - А за намі акурат машына... Ну, мы гэтае... Туды, сюды... Ага! - і зноў пацягнуў носам: - хе... хе... хе... А тут той малахольны за намі... гэткім кандзібоберам... хе... хе... хе... Я, гаворыць, эты... І пайшлі ў эты...
    Або яшчэ дыялог:
    - Ты, Мішка, я чуў, людзі казалі, едзеш у горад, вучыцца на настаўніка...
    - Дык што?
    - Як паедзеш, то не забудзь за вушамі атрэсьці махорку...
    - І?..
    - ...бо там беламоры курыць будзеш...
    - Дзядзька, я ж не куру!
    - Ну, так гаворыцца!
    Кузьма “Цапок”, якога на бацькавы ранішнія “нарады” чакалі, як невядома каго, штораз прыносіў новую показку:
    - Ці чулі? Пецька “Верталёт” пасьля таго, як нарадзілася сёмае па ліку дзіця, напісаў дырэктару саўгаса прашэньне: “Дайце, пажалуста, аванса ўне чаргі, бо мне дзяцей няма за што пахрысьціць”. Ну, дырэктар яму прачуханца даў дык даў! Век не забудзе, як прашэньні пісаць.
    - Ці расказваў я, як Кураленіха лясёнку сена дамоў прынесла з гумна? Ледзь дацягнула - ніколі такога цяжару не падымала. Зачыніла хлеў нанач, а раніцай чуе шум. Нейкі супастат малоціць у дзьверы. Карову зарэжа, бо нешта, бедная, раве. Адчынілі вароты, а гэта яна Кунцэвіча прывалакла ў лясёнцы! Заснуў у капе сена. Ото, Кураленіха! Самога аб’ездчыка ўкрала...
    У гэтай атмасфэры агульнага вясельля нават дзядзька Іван, бацькаў кум Івашкевіч, які разумеў гумар па-свойму, аднойчы зьдзівіў, расказаўшы анэкдатычную гісторыю:
    - От, адзін чалавек хацеў выдаць добра дачку замуж! Уявіўся і жаніх. Кажа: у мяне вялікая гаспадарка. Маю дзьве лаўкі. А той думаў, што ён кажа пра два ларкі, і ажаніўся. А гэта былі драўляныя лаўкі ў хаце...
    Расказваў і пра хабар, бо, вядома, не падмажаш - не паедзеш:
    - Трэба ў дзьверы нагамі стукаць. Чаму? Бо рукі будуць занятыя...
    Аднойчы зімовым вечарам у госьці завітаў па-суседзку Коля Клыга, вясковы фатограф, які са сваім апаратам на трынозе пераздымаў усіх у навакольлі. Вядома, нагода ў яго была свая, і ён яе не дужа хаваў. Але ўсё ж прыступіў да справы здалёк, пачаўшы з жартаўлівага зачыну:
    - Ішоў, от, гляджу, от, нешта пад вульлем у Мітрафанавіча стаіць. А гэта нехта паставіў бутэлечку!
    А гэта - жарты пра мясцовага заўзятага рыбака, якога пазнаюць па тым, што каля парога ягонай хаты не прайсьці - столькі касьцей насеена!
    Стары Цыганкоў, кожны раз, сустракаючы мяне дзе-небудзь на вуліцы, абавязкова спыняўся і павучальна папярэджваў: “Міша, будзь паціша!”
    Шкада, што не запісаў працяглы маналёг старога Быхаўчэнкі пра ваду. Справа ў тым, што ён ужо тады крыху загаворваўся. Везьлі на трактарным прычэпе бярвеньне, каб скідаць варыўню, а каля моста борт прычэпа адкрыўся і бярвеньне разьехалася ва ўсе бакі, дзядзька як сядзеў на версе, так і аб’ехаў уніз, а на яго сыпалася бервяно за бервяном. Уся вёска зьбеглася, пачуўшы пра гэту бяду. З жахам глядзелі, як ён качаўся без памяці на ганку шматкватэрнага дома на беразе сажалкі, і ўчастковая ўрач і фэльчарка былі бясьсільныя дапамагачы. Пасьля гэтага стары стаў зусім маўклівым, галава ківалася збоку ўбок. Наш Сашка тады быў вадавозам, а з ім і я за кампанію, ехалі на кані да касцоў на лузе. Па дарозе нас сустрэў Быхаўчэнка, каб папіць халоднай, з кавалкам лёду на дне, вады. Піў, ажно кадык хадзіў уніз-уверх, так сасьмягся. Напіўшыся, усчаў аповед пра ваду, якой яна бывае з крыніцы, з калодзежа, з крана, падчас цяжкай працы, у касавіцу і ў жніво, у сьпёку... Успомніў усё, што было калі-небудзь у яго жыцьці зьвязанае з вадой, і так жывапісаў яе, што сам Васіль Цёркін пазайздросьціў бы. А мы слухалі, зьнямелыя, як ён горача хваліў жывую ваду і ганіў ваду мёртвую, - Сашка, які ні быў нецярплівы, слухаў, таму што гэта быў бацька яго сябра Грышы-Грыца, я ж слухаў таму, што ніяк не мог ужо тады наталіцца ведамі пра нашых завалочыцкіх землякоў-байдуноў.
    Колькі помню, бацькі любілі мясцовы фальклёр і аднавяскоўцаў. Нешта яны чыталі з майго напісанага і надрукаванага - кволыя зацемкі пра завалочыцкі люд, ліцадзеяў, блазнаў і камэдыянтаў. Ці адобрылі - не распытваў. Але, відаць, з насьцярогай успрынялі мае спробы намаляваць “партрэты” сяго-таго, вельмі ж пазнавальныя. “Грузін” Андрэй Аляксанаў, малодшы брат вядомага на ўсю ваколіцу Аляксандра (“Сашкі”) хваліў: “Ах, як здорава ты адхвастаў!..” І называў імя. Тое самае і млынар Вараненцкі, які, пакуль кола круцілася і жорны малолі, глытаў старонку за старонкай кнігі, ці Шамякіна, ці Адамовіча, і любіў пабалакаць са мной, “вучоным чалавекам”.
    Мой сусед і сябар дзяцінства, цяперашні вядомы хірург-анколяг у Гродна, мой цёзка, Міхаіл Уладзіміравіч Жлобіч, ведаючы, што я пішу, усё падбіваў мяне напісаць кнігу пра тое, якая ў нас вясёлая, лёгкая на сьмех і жарты, вёска і колькі ў нас выдумшчыкаў. Кнігу я не напісаў, хоць і пачынаў нешта занатоўваць. Несьцерка ўжо быў, Швэйк быў, былі байдуны ў Янкі Брыля, а маіх землякоў лепш не чапаць, бо - пакрыўдзяцца на ўсё жыцьцё. Сябар дзяцінства, не, не Міша, так і сказаў, з крыўдай у голасе, пачытаўшы маё апавяданьне ў кніжцы “Дажынкі”: “А чаго ты пра мяне напісаў?!” Ды яшчэ апублікаваў, выставіў на ўвесь сьвет! Псэўданімы не дапамагалі.
    Многае заставалася толькі ў памяці - маёй, маіх братоў, землякоў.
    Жнівень. Узьняўся моцны вецер. Дрэвы шумяць лістотай, і яна - восень жа на парозе! - ажно зьвініць. У акно бачым, як насупраць нас каля калёнкі спыніўся знаёмы дзядзька, які працуе на бровары і штодня езьдзіць на працу на ровары. Папіў вады, сяк-так закінуў нагу праз раму - адразу відно што на падпітку. У канцы зьмены рабочыя звычайна чакалі, што цехнарук неяк аддзячыць за добрую работу, і ішлі-ехалі дахаты вясёлыя. Вось і ён падтрымаў кампанію. А сам маленькі, кволы, як падлетак. Усеўся на сядло і цісьне на пэдалі. Ровар круціцца на месцы, як у цырку, пярэдняе кола віляе ва ўсе бакі, дзядзька з усяе сілы налягае на пэдалі, а вецер, здаецца, вось-вось панясе яго назад. Доўга змагаўся. Не ўцерпеў і зьлез са свайго “каня”. Павёў яго, хістаючыся на аслабелых нагах. Той хто гэтай сцэны не бачыў, пазайздросьціў бы нам.
    1993 год. На праваслаўныя Каляды былі ў маці з братам Жэнем. З бярозавых цурбакоў секлі дровы напару ўдвух. Была сьнежная пара. Падмарожвала. Сьпяшаліся, бо прыехалі на пару дзён з начлегам. Брат сек дровы, калі ўжо стаяла ноч, а раніцай насілі з ім дровы ў хлеў. Неўзабаве ён, перахапіўшы сьняданак з яечні і блінцоў, пабег на аўтобус.
    Паляняк была яшчэ добрая горка, і я да поту сек дровы. Ноччу сьнег на агародзе за хлявом адсьвечваў сьвятло ад ліхтара на слупе каля Невяроўскіх - у іх гэта быў ледзь не асноўны клопат, каб усю ноч ярка сьвяціла лямпа на падворку.
    Потым хутчэй насіў пасечаныя бярозавікі ў хлеў, рассоўваючы іх і радуючыся, калі клаліся ўдала, адно да аднаго. Стараўся, як мага больш перанесьці, хоць маці і ўгаворвала пакінуць нешта і ёй, каб было чым заняцца, калі мы паедзем. Маці было шкада, і не жаночая гэта справа. А яшчэ баяўся, што сьнег, хоць і невялікі, за ноч замяце гурбу дроў, якіх усё не меншала.
    Да апаўночы пасьпеў, яшчэ і трэскі пазьбіраў, Галоўнае, каб маці была задаволена. А яна не клалася спаць, пакуль не вярнуўся ў хату.
    Недзе напрадвесьні патэлефанавала суседка Нюра Шылава: “Прыяжджайце! Ваша маці перакуліла на сябе чайнік і моцна ашпарыла левае плячо!” Паехала сястра Іна і, здаецца, брат Валодзя. Коля - пажарнік - распытаў у знаўцаў пра лекі ад апёкаў, а ягоная жонка Люда набыла гель Пантэнол чэскай вытворчасьці, і брат, прыхапіўшы мяне, павёз хутчэй гэты сродак у Завалочыцы. Апёк сапраўды быў моцны і досыць вялікі, але маці цярпліва - не была б яна сыбірачка! - і, здавалася, задаволеная дазволіла брату памазаць рану, распавядаючы пры гэтым, што яна адчувае і як яно ўсё было.
    Зразумела было адно, што маці ў яе гады, пад 80, небясьпечна пакідаць адну. Як быць і што рабіць?! Усе мы працуем. У мяне больш ці менш адвольны графік, але малыя дзеці: Каці - 13, Зосі неўзабаве - 11. Дамовіліся, што будзем часьцей наяжджаць, падмяняючы адно аднаго. Маці душой чуючы нашу трывогу і зьбянтэжанасьць, дый не прывыкла яна да празьмернай апекі, аднеквалася: прывыкла ўжо! нават начамі не страшна! трэба самой быць асьцярожнай!
    Папрасілі ц. Нюру час ад часу па-суседзку наведваць, ведаючы, што ў яе хапае занятку і здароўе ўжо не тое, і, калі што не так, тэлефанаваць. Я ўзяў у яе рэцэпты, купляў лекі - дз. Пецю ад астмы і іхняму Генку ад падучай, і пры нагодзе падвозіў. Мае дачушкі летам, на канікулах восеньню і зімой, таксама былі падмогай бабулі, з якой ім было цікава.
    З ц. Нюрай яны, можна сказаць, блізка сышліся і шчыра сябравалі, як роўня. Ц. Нюра шмат ведала пра мясцовае жыцьцё, пра людзей, пра ранейшыя часы і любіла красамоўна апавядаць у вольныя хвіліны. Заадно і сама пра нешта распытвала, бо моцна хварэла, раз-пораз клалася ў Глускую бальніцу, ёй урачы рэкамэндавалі паехаць у Горад (так у нас здаўна называлі Бабруйск) або нават у Менск. Увогуле яна вяла досыць замкнёны лад жыцьця, з былымі каляжанкамі былыя стасункі па розных прычынах разладзіліся, а яна жанчына была ганаровая, з разьвітым пачуцьцём уласнай годнасьці, я сказаў бы, культурнай.
    Нават у краму ідучы, а тая крама за 5 хвілін хады ад хаты, ц. Нюра апраналася як на выхад у людзі. Не дазваляла сабе, як многія, не толькі мужыкі, але і бабы, быць нэхляй і апускацца. Любіла гаварыць на культурныя і літаратурныя тэмы, а з нашай маці - пра сэрыялы.
    Штодня да маці забягала Тамара Лазарэвіч - не толькі ў службу, але і ў дружбу: абслугоўвала ў пасёлку такіх, як маці адзінокіх пэнсіянэраў, а з маці і пасябравала. Ёй цікава было пагутарыць, паслухаць - маці не адно толькі прасіла што-небудзь памагчы, бо і сама была яшчэ на хаду, але і шчыра выказвалася, не зважаючы на асобы, з сібірскай праматой. Ужо 12 год як няма нашай мамы, а з Тамарай у нас па-ранейшаму добрыя стасункі.
    Амаль штодня бывала ў нашай хаце і б. Клава. Яна, хоць старэй гадамі за нашу маці, але больш бывала на людзях. Крыху раней кожную нядзелю наведвала царкву - езьдзіла туды на аўтобусіку “Глуск – Гарадок”. Сядзела ў нас падоўгу, ведучы “духоўныя”, як мы лічылі, гутаркі, паўтараючы пачутае падчас царкоўнай службы ад бацюшкі і пераказваючы на свой лад біблейскія гісторыі.
    Неяк мы з маці хадзілі на могілкі, праведалі бацьку, прыбралі - у асноўным сухія сасновыя галінкі, шышкі, паперкі ад цукерак, якія пакідалі раней птушкам, заўважалі, што гарэлка ў шклянцы, якую заўжды, калі былі з братамі, абнаўлялі, “высыхала”, жартавалі: “Няўжо бацька?!” Сабраліся вяртацца і раптам пачулі, што з Гарадка ідзе наш аўтобус. Я рвануў што ёсьць моцы насуперак, маці гукнуў, каб не сьпяшала, я спыню і прытрымаю, але яна, як пташка на крылах, пералятала неглыбокі равок перад асфальткай, лёгка - у яе гады - узышла на абочыну... Мы акурат пасьпелі. Радыя шчасьлівай нагодзе, селі на вольнае месца, азірнуліся - з Гарадка вярталася і б. Клава. Моўчкі азірнула неспадзяваных пасажыраў, павіталася... Маці і б. Клава былі вельмі розныя - і жыцьцёвым вопытам, і натурай, і тэмпэрамэнтам. Аднак жа сябравалі.
    Нечакана, прынамсі, для нас, братоў і сястры, нядаўнія сяброўкі і суседкі разышліся - нешта нейкае прабегла паміж імі. Сястра Іна спрабавала трымаць сябе з б. Клавай так, як бы нічога не здарылася. Я ветліва вітаўся, часам аб нечым пытаўся, але, шануючы маці і яе рашэньне, не больш.
    Калі памерла маці, б. Клава, у адрозьненьне ад іншых жанчын, не змагла адолець сваю адчужанасьць і не наведала хату нябожчыцы. Але мы адразу адзначылі, што яна была сярод людзей, якія праводзілі да канца вёскі маці, як і было век-вяком заведзена ў беларускіх вёсках.
    Пазьней, калі маці не стала, мы пачулі адну з вэрсій іхняга неспадзяванага разыходжаньня. Неяк сяброўкі сядзелі на вуліцы на лаўцы. Б. Клава сарвала галінку ліпы і стала абмахвацца ад камароў. Гэта не спадабалася маці - не любіць, калі нешта на глум. А тая, да ўсяго, намахаўшыся, выкінула галінку пад плот - г. зн. насьмяціла. І маці, з яе выбуховым, безаглядным характарам, сказала ўсё, што думала. І гэтак зацяліся абедзьве, што гады тры ці чатыры адно віталіся ды сузіралі адна адну зводдаль, слухаючы чужыя пераказы.
    Так і не памірыліся.
    Потым б. Клава нібыта (каму? калі?) пахваліла, што купілі маці прыгожую труну. Затое з яе ўнучкай Эмай цяпер поўнае паразуменьне між нашчадкамі Тычыніхі. Пра труну маці і сама пры жыцьці загаворвала: помніла, якая праблема была, калі памёр бацька. Я, пакуль хлопцы ехалі, пабег ў саўгасную сталярню, а там ужо некаму, як выявілася, таксама брыгадзіру, як і бацька, а потым даведаліся, што амаль у адзін дзень сканаў і яшчэ адзін былы загадчык брыгады ў суседняй вёсцы (людзі потым дружна дзівіліся: “Гэта ж трэба - як змовіліся!”). Не было дошак, былі - крывыя, сырыя. Бацька некалі складваў, як ведаў, дошкі на труну. Але дзе яны? здаецца, былі, а куды сплылі? Брат Коля весела - маці гумар разумела, і сама любіла што-небудзь у тон маладым “сказануць”, - абяцаў: маўляў, мама, не перажывайце вельмі! купім самую шыкоўную, прыгожа абабітую! А галоўнае - жывіце! радуйце нас, унукаў!
    Любіла ўспамінаць вясёлую прыгоду, калі мы аднойчы вярталіся пешшу з Заполяцкіх могілак, пасьля таго як праведалі дзеда. Тады ў навакольлі хадзілі чуткі пра жахлівага маньяка, ну, проста нейкага монстра. Дзеці, Каця і Юля, апынуліся далёка наперадзе - я, адзіны, хто паехаў на ровары, і падвозіў малых па чарзе, а гэта завёз ажно да зернесушылкі. Сам жа вярнуўся, каб забраць Зосю ці маці. Толькі дамчаў да іх, як усе мы раптам пачулі роспачныя галасы: “Ратуйце! Ратуйце!” Мы адразу ўспомнілі пра маньяка, і я, прыўстаўшы на пэдалях ровара, памчаўся на дапамогу, выціскаючы ўсё, што можна з тэхнікі. З неглыбокай канавы каля сушылкі высунулі галовы Каця і Юля. Разыгралі нас!
    1994 год. Маці да апошняй змогі трымалася, каб быць дома, у вёсцы, якая амаль за паўстагодзьдзя стала роднай. Ёй падабалася, калі нехта з сельсавета ці райсабеса апытваў вяскоўцаў, адказваць на пытаньне пра род заняткаў (“Ну, чым Вы, цёця Каця, займаецеся?”), натуральна па-руску, з валагодзкім оканьнем: “Домохозяйка”. На пытаньне пра пэнсію таксама быў гатовы адказ: “По потере кормильца». Кармілец-паілец у яе вуснах гучала годна, як у вядомых народных рускіх велічальных зваротах ці то да пана, ці то да мужа, гаспадара: “Кормилец ты наш! поилец ты наш!” Пры нагодзе магла і больш падрабязна распавесьці пра свае пэнсійныя прыгоды. За сьпіной мужа яна адчувала шмат гадоў упэўнена і надзейна. У яе былі свае функцыі ў сумесным вядзеньні гаспадаркі і свой пастаянны клопат, які яна выконвала годна.
    Я не раз бачыў, як наша маці атрымлівала сваю пэнсію. Ведала, у які дзень яе прынясуць. Чакала паштарку - за час без бацькі яны мяняліся. Сядзела за чыстым сталом і пазірала ў акно, слухала, калі стукне брамка. Грошы, колькі б іх не было, прымала з пачуцьцём годнасьці, як справядліва заробленыя, а не як міласьць улады ці падачку ананімнага дабрадзея. Абавязкова пералічвала, дзякавала. Заўсёды жартавала: “И пить будем, и гулять будем, а смерть придет-помирать будем!” – “Ну, Вы, цёця Каця, скажаце! Здароўя Вам!”
    Амаль да апошняга сама хадзіла ў краму, балазе, недалёка. Унучкі, чакалі, што прынясе. Акрамя хлеба надзённага, купляла штосьці з прысмакаў. А цукеркі, колькі іх не прынясі, з буфэта за шклом зьнікалі ўвачавідкі. І ўсё ішло сваім заведзеным аднойчы парадкам: сядзем радком - пагамонім ладком.
    Канец лета, калі госьці зьяжджалі ў горад, і хата пусьцела, прымала вонкава спакойна, але і мы, і яна, адчувалася, перажывалі. Я заўважыў, што ў нас, братоў, сястры, унучак, была завядзёнка, - разьвітаўшыся, шмат разоў азірацца, і так, быццам гэта апошняе расстаньне. У вялікім сэнсе так яно і было: жыцьцё - рэдкія сустрэчы і бясконцае расстаньне, калі адчуваеш няўмольнае набліжэньне самага апошняга разьвітаньня і нізкага, да зямлі, паклону.
    Прыезд маці да нас у горад заўжды быў падзеяй. Хата ажывала, унучкі радаваліся, як радаваліся заўсёды кожнаму, хто завітаў да нас у госьці. Каця і Зося нейкі час сябравалі з Базылём, сынам паэта Леаніда Дранько-Майсюка, і часам тэлефанавалі і весела, як нейкі асаблівы абрад выконвалі, пыталі: “Базыль! Ці можна да цябе завітаць?” Потым сяброўства абарвалася. Але мінулі часы, калі падлеткі праходзілі бурны пэрыяд юнацкай ініцыяцыі, “агонь, трубы і чортавы зубы”, і зноў, выпадкова сустрэўшыся, а 2-мільённы горад усё роўна маленькі, у ім можна хадзіць па адной вуліцы і ніколі не бачыцца, а можна жыць у розных яго канцах і сутыкацца раз-пораз, вярнуць цікавасьць адно да аднаго, да таго, хто чым захапляецца, якія посьпехі. Потым шляхі могуць зноў разыходзіцца, але на ўскрайку памяці жыве вобраз былога сябра.
    Амаль штодня да маці прыходзілі браты з нявесткамі і ўнукамі, сястра Іна з мужам і сынам, нешта прыносілі з сабой - запасы саленьняў і варэньняў папаўняліся. Было шумна і ажыўлена, і маці весялела, на час забываючы свой клопат пра асірацелую на ўсю доўгую зіму хату. Яна ўмела падтрымліваць агульны настрой і радаснае ўзрушэньне. Не паказвала, што сумуе па вёсцы.
    Ажывала з прыходам вясны, напамінала нашаму брату Колю: “Ну, калі ты ўжо мяне завязеш дадому?..” Ад’яжджала з заўсёдным: “З Богам! Не памінайце ліхам! Ды прыяжджайце - не чакайце, калі вас пазавуць!”
    І ўжо сувязь - нашы плянавыя і незаплянаваныя наезды-налёты, тэлефонныя размовы з Тамарай Лазарэвіч, часам з ц. Нюрай ды дз. Пецем. Лета ў гэтым сэнсе - найлепшая пара. I для маці, і для нашых дзяцей. А потым - да наступнага лета - час ад часу ахоплівае, як парыў ветру, неспакой: як там маці, бедная бабулька?
    Восеньню Тамара інфармуе: “Бабулька хапаецца бульбу выбіраць. Колькі там яе - соткі няма, ды ўсё ж!”
    Ну так! Ад былога размаху - соткі са тры агародзік. Бурачкі, цыбуля-часнок, морква, агуркі-памідоры - клопат!
    Мая Каця, цёзка бабулі, расказвала, як яе ўразіў малюнак, калі мы, браты і іх жонкі, садзілі бульбу. Адзін быў за плугам, другі вёў каня, астатнія займалі пэўны адрэзак баразны і, як толькі араты мінаў, кідаліся класьці ў разору бульбіны, і гэтак разоў дваццаць. Як усё прадумана і весела.
    Дзіва што! Не столькі пасадзілі бульбы, колькі выпілі потым гарэлкі. Досыць рэдкія запісы-знакі ўвагі і павагі, неспакою і трывогі. Каця ўспамінае, што неяк за год да скону да маці заходзіла ц. Нюра. Сказала маці як пажаданьне: “Чаму вы не едзеце ў горад?” Маці рэзка, як прысуд, адрэзала: “Никому я там не нужна!”
    Запісы, як у акадэміка І. П. Паўлава (чытаў у Сашы Адамовіча), - перад сьмерцю дыктаваў стэнаграфістцы ўсё, што адчувае. Нехта расчыніў дзьверы ў кабінэт - гукнуў: “Не перашкаджайце! Паўлаў працуе - Паўлаў памірае”.
    Пытаньні - у брата, маіх дзяцей: трэба даваць? ці не трэба? Сапраўды, занадта суб’ектыўныя ўспаміны. Але ўсё запісвалася адразу, без думкі пра публікацыю, а як сьведчаньне ўдзельніка падзей, якія выцесьнілі ўсё іншае, староньняе, дробязнае ў параўнаньні з вялікай Падзеяй зыходу маці.
    1996 год. 21. 09. У вёсцы тыдзень назад быў Колька - гадзін 6. Пасьля яго раптам прыехаў на 3 дні Жэнька. Замест таго каб выкапаць градку бульбы і буракоў, ухапіўся ладзіць плот. Ну, ці ж не дзівак!
    23. 09. Маці моцна здала. Пастарэла. Маленькая. Правяла - камячок болю. Ля варот, пахілых, як і гаспадыня.
    Зноўку адна. Мы - прыехалі-паехалі. Што за сьвет такі мы стварылі?! Ратуе час, клопат - брат пачуў на вышках піск: кураняты! Як ц. Нюра кажа: позьнія! Выбл...і! Хавалася яшчэ пры нас. 4 чорненькія і 3 жоўценькія. Кура бачыць, што 3 гады няма папаўненьня. Плянэтарная катастрофа ў маштабах адной гаспадаркі, катуха.
    І ўсё роўна ў вёсцы неяк адразу спакайнееш. Зьнікае вечнае напружаньне. Знайшліся кацяняты - гуляюць.
    Кепска чуе - трэба крычаць. Заўважае, што кажаш, калі глядзіць на цябе”.
    Запіс пра аднавяскоўца:
    “У часы бацькавага брыгадзірства часта бываў у нас. Пазьней крытычна адгукаўся пра бацьку. Апошнім разам, недзе пасьля путчу, чуў, як ён уголас сумняваўся ў тым, што Саша (Адамовіч) быў партызанам. Маўляў, не чуў, як куля сьвішча, быў пры кухні. Як і ён сам нібыта. У чым бацька бачыў падвох: сапраўды, у 6 ці 7 гадкоў - які ён партызан?! Афіцыйна і не быў ім.
    Бацькі ўжо не было, Сашы таксама неўзабаве не стала, заступіцца не было каму. Адкуль такая інфармаванасьць і веданьне, што ўжо цяпер можна казаць, мяшаючы праўду з лухтою? Ды яшчэ такое супадзеньне з афіцыёзам!”
    “11. 10. Колька плянаваў паездку да маці. З начлегам.
    Пакуль што не звоніць.
    Я сёе-тое прыкупіў маці з харчоў.
    І Валодзька хоча паехаць.
    Дзеці зноў застаюцца адны. Перажываюць. Зося кажа: “Ты, тата, мусіць, самы адказны з братоў.
    13. 10. Цудоўныя дзянькі бабінага лета. Зранку ў вёсцы туманок, на агародзе, яблынях, даху. Лядок у чане з вадой. Прыгожа ўзыходзіць і заходзіць сонца. Ноччу шчодра высыпаюць на небе буйныя, як дыямэнты, зоркі, - здаецца, усе, колькі ёсьць. На душы спакой - едзем да маці з начоўкай: Валодзька, Колька... Называецца гэта - абкатка новай “дзявяткі”. Так і ёсьць: едучы назад, разы тры спыняліся - засьмеціўся карбюратар ці бэнзін з вадою (ноччу прымаразак - усплыла).
    Прыехалі - было цёмна. Якраз ц. Нюра выходзіла з варот.
    Маці нешта рабіла ля стала на кухні. Зайшлі - не чула. Чуе, калі бачыць, што гавораць да яе.
    Зьмізарнела ў параўнаньні з летам - гняце не клопат, але - самота. Бачыцца з суседкай, якая прыносіць малако штовечар, і сама не менш самотная - іх часам днямі не бачыш, бо нікуды не выходзяць.
    Наогул, вёска як дажывае: крамы пустуюць - на завале, майстэрня - разграблена, і рамы падаставалі, сажалка цьвіце раскай, вакол “катэджаў” бур’ян, “газон”, як гушчар у Палянскім лесе, людзі, сярод якіх усё менш знаёмых, як беспрытульныя... Часам пройдуць вуліцай дзеці, то гатоў з хаты выбегчы, каб паглядзець усьлед, ці не міраж. У суседа на сядзібе пустка - усе перайшлі ў іншасьвет, перасяліліся “ў Запольле”.
    Зрабілі круга па вёсцы, шукаючы сьляды былога жыцьця.
    Дырэктар саўгаса - я яго не ведаю - у краме. З Колькам - як начальнік з начальнікам. З чарады ёнэскаўскіх насарогаў. На мяне глядзіць як на бэнээфаўца - ты, ці што, нас раскулачваць сабраўся?! Сіла!.
    Ц. Клава з лясёнкай пратупала аднекуль. Усё зьмясьцілася - некалі такіх, як яна, старых, амаль не заўважалі: сядзелі недзе на прызьбе ці лавачцы. Цяпер цікава: а што? а куды?
    Малюнак запусьценьня дапаўняецца відовішчам шырокіх пнёў ля шашы, гіганцкіх парэзаных ствалоў таполяў на абочыне - некаму раптам сталі перашкаджаць. Повад - ЛЭП правялі. Асфальт паклалі. Але навошта ажно так!
    У маці клопат - накарміць катоў і курэй: есьці не сядзе, пакуль не дагледзіць. Каты так зьдзічэлі, што шэранькая кошачка - пасьля таго як я вынес косьці ад смажанага ляшча, з яблыні скочыла мне на плечы. Як яны выжывуць зімой, калі маці ўсё ж паедзе ў горад?
    Ц. Нюра чакае лекі. Таілася, каму. Хоць я ведаю: Генку з яго поліяміэлітам бывае кепска. Толькі назаўтра нарэшце сказала. І такая ўдзячная за адно абяцаньне выканаць просьбу (што, мне цяжка зайсьці ў аптэку!), што прынесла ў пакеце колькі яблыкаў (у нас такіх нямаш), гарбузікаў, кавалачак сала - тоўстага, у далонь шырынёй. І рабі, што хочаш: не возьмеш - пакрыўдзіцца, маўляў, грэбуеш, ці яшчэ што? Маці не зьдзівілася: натуральны абмен ў вёсцы - норма. Яна і сама, калі нешта ёсьць, нясе суседкам, і яны да яе ідуць не з пустымі рукамі. Так ужо заведзена ад веку ў беларускай вёсцы.
    Смажылі ляшчоў, купленых па дарозе, пілі гарэлку (я з Колем - сьпірт). Пасьля чаркі Іван (шафёр, самавіты дзяцюк, гаспадарлівы, хоць і маўклівы) нечага пазмрачнеў: у кожнага свая таямніца. Брат кажа, што ўвесь час праблема з шафёрамі: афганцаў не бяруць - па псыхіцы і паводзінах не падыходзяць. А сярод маладых шмат такіх, што з імі страшна ехаць.
    Раніцай ля печы я стаяў - гатаваў сьняданак. Маці адно правярала, ці так, як у нас заведзена ад веку.
    Паляць паўсюль бульбоўнік. Недзе выбіраюць гурмой буракі. Грузяць лён. Жыцьцё з натугай, штуршкамі, але ідзе.
    29.11. Колька з Валодзькам езьдзілі да маці - завезьлі “уколы”. Нібыта ўсё не так кепска - маці на нагах, дзейная, у здаровым розуме. Адна скарга: даўно не былі! Былі на тым тыдні. І - сэрца замірае, пульс зьнікае. Зусім кволая.
    Свой гонар: Малышаў, мясцовы ўрач, наведваючы, кажа, што ў яе лекаў больш, як у амбуляторыі, дзе ён працуе.
    17. 12. Маці - Тамара казала - пасьля сэрыі ўколаў палепшала. Перабірае ў хляве яблыкі - антонаўкі і ў добрых умовах не дажываюць да студзеня. Намерзнецца - зноў будзе хварэць.
    Прывезьлі дровы.
    Жэнька пачуў, што маці зьбіраецца ў горад, адразу загаварыў, які люты холад у іх хаце.
    1997 год. 02. 01. Вера Сямёнаўна (жонка Алеся Адамовіча) гэтым разам згадала, як аднойчы быў у Мінску наш бацька і прыходзіў да іх, Адамовічаў, у госьці. Зайшоў, а за ім - ідуць і ідуць Тычыны. Налічыла 13 душ. Усе з жонкамі, а нехта, здаецца, і з дзецьмі. Сашка - самы сьмелы - з парога аб’явіў: “Ну, давай грошы - пабягу ў краму!”
    Як бы там ні было, але сваякі заўсёды з табой. Вось ужо хто не здрадзіць, дык гэта свае па крыві! Хоць усяляк бывае. У нас, Мітрафанавічаў, можа быць адчужэньне, абыякавасьць, забыцьцё, зьмена прыярытэтаў, але ўсё роўна кожны з нас навідавоку ў іншых. Часам нават зьбіраемся ўсе разам. Звычайна - на хаўтуры. На сьвяты апошнім часам радзей.
    05. 01. Нядзеля. Мароз памякчэў, але надвор’е здаровае, зімовае.
    Маці сёньня 83! Ці паехаў хто з братоў у вёску? І Жэнька, і Валодзька хварэлі, Сашка бывае гады ў рады, мы толькі што былі... Яна і пра гэту дату забывае - я нагадаў, то не адразу ўспомніла, пра што гаворка.
    Дай ёй Бог здароўя і трываласьці!
    16. 01. Колька з Магілёва заехаў да маці. Хварэла. Чакае красавіка, цяпла.
    Яна малайцом. Пас ля нас нікога так і не было ў яе.
    18. 01. У Зосі - сон. Слуп. Бяжыць да яго. А гэта - крыж!
    Коля тэлефанаваў Тамары. Маці - слабенькая. Сэрца замірае-абмірае. Шкадуе, што няма Малышава, урача. Недзе на курсах. Мала выходзіць куды. І - ніхто не едзе. Жэнька - рэвізія! У выхадныя? Іна: няма грошай. І - сямейная драма: папугай нечага сканаў.
    Вядома, цяпер цяжка ўсім. Ці амаль усім. Але ж ідзе і нейкае ачарсьцьвеньне. “Чорствыя вы ўсе! Душы вам не хапае” (К. Чорны).
    25. 01. Іна, здаецца, усё ж паехала: тэлефон маўчыць. З малым. На ноч-дзень.
    З самага ранку азваўся і Валодзька: узяў адгулы і едзе на... 4 дні. Калоць дровы. А іх пакалолі - Колькавы пажарнікі. Ну, тады складваць пад паветку.
    Галоўнае - маці не адна. Ёй вельмі патрэбна маральная падтрымка. Як іньекцыі, каб жыцьцёвы тонус не спадаў.
    Я такі самы. Адна парода.
    10. 02. Сашка быў у маці, у яго ўражаньні: слабенькая... Жартую ў тон яму: ... гарэлкі не п’е...
    Колька званіў Тамары: баба вясёлая, аптыміст, якіх мала... Малако ёй носіць Плех, дык гаворкі ў яе з ім. Той хворы, ледзь ногі перастаўляе, таму перамяніўся - памякчэў, палагоднеў перад сустрэчай з Богам.
    Здаецца, У Навума Саламонавіча Перкіна тое самае было - я яго ведаў у гэты пэрыяд, калі чалавек становіцца вернікам. Верная прыкмета блізкага скону.
    01. 03. Колька: памёр Рыжкоўскі. 5-га студзеня адзначыў свае 60.
    У маці пры яго імені адзін успамін, як ён некалі шукаў у хаце гальштук: маёр у форме і - без гальштука!
    04. 03. Чаму з вёскі вяртаесься, як касманаўт з палёту? Як толькі павярнулі ў Завалочыцы каля Глушы, так і пачаў нарастаць уздым у душы. Хоць нічога незвычайнага - усё, як заўсёды. Наадварот, навакол зьмізарненьне.
    Адчыніў дзьверы - маці нязвыкла сядзіць каля стала, дзе люблю і я сядзець: самае вольнае месца. Гэта яна зьбіралася з сілаю, каб занесьці есьці курам. Усё робіць з намаганьнем: трэба!
    Часам прачынаецца ледзь не ў 1 гадзіну дня. Страціла лік дням. Сказалі, што ўжо люты мінуў, - зьдзівілася. Думала, што не перажыве зіму. Сама не ўяўляе, як дацягнула да вясны.
    Не чуе. Трэба крычаць. А сама ўсё нешта расказвае. Усё больш - сны. Усё ёй сьніцца, што будзе.
    Як дакарала вожыка - падышоў да ганка. Навошта паеў куранятак. Тыя, што засталіся, нясуцца ўжо - яйкі маленькія. А пеўнік вясёлы - гаспадар. Старога маці засекла. Ледзь здужала.
    Прачнулася - ног не можа падняць. Што такое? Легла ў валёнках і галёшах. Тыя валёнкі - кіло з пяць.
    У хаце цёпла. Увесь час паліцца то ў печы, то ў грубцы.
    Паправіў плот каля Івашкевічава хлява. Пачаў у нядзелю. Ажно ў суседзяў у хаце вясельле - такое ціхае, што і не пачуў. Пакінуў стукаць-грукаць. Зрабіў на другі дзень. Маці рада - два гады ходзім, пазіраем, а паправіць няма каму. Ужо Івашкевічыхі няма, а ў плоце - дзірка. Жартавалі, што гэта яна лазіла да нас у яблыкі. Цяпер не палезе.
    У маці сны. Каця Марозава паскардзілася, што не зайшла да яе на магілку, а ўсіх жа абышла. Бацька вывеў за агароджу: жыві!
    Але мне там няма занятку. Усё мізэрнае - хаты, хлявы, пэйзаж. Асабліва, калі павалілі прысады - таполі. Гола, тыповае Палесьсе, ні ўзгорка, ні бору. Пціч як бы ўсё тая ж, але лёд нейкі шыза-жоўты: паўсюль хімія, фэкаліі...
    Адна радасьць: маці трымаецца малайцом. Нават іншых падвясельвае - маладых.
    Ну, якіх - маладых! Як я, каму за 50.
    16. 03. Іна была ў маці. Глухата, як прыйшла, так і прайшла. Можа, сера ў вушах.
    Вазілі на рэнтген. Задаволена ўвагай.
    Гадзіну распраналася, хтосьці дапамагаў і гадзіну апраналася. Шмат мышэй - атручаныя зярняты толькі на  карысьць мышынай папуляцыі.
    Ужо выясьнілася, сіняе неба ў лёгкіх сівых аблоках і - сонца. Сьнег растае.
    17. 03. Панядзелак. Сонца... Мароз -6°.
    Як у Бібліі: яшчэ ўсё будзе.
    Маці (і Валодзька) ужо зьбіраліся ўскопваць грады - вясна. Капаць, дык капаць!
    15. 04. Аўторак. А 5-й гадзіне па абедзе. Толькі што з Завалочыц. Езьдзілі: Валодзька, Колька - на ягоным “Опелі”. Іван за рулём.
    Як у Брэдбэры - на машыне часу. Не ведаю толькі, дзе я быў, - у мінулым, ці ў будучыні, ці на іншай плянэце.
    Хоць вонкава ўсё звычайна: пракруці сьцёртую кінастужку дарогі ад Мінска да Глушы і Завалочыц - вось і шлях. Караны, Старое Сяло, Карытнае, Тарасавічы, Забудзькі (дзе ц. Аня ў вайну была - насіла мэдыкамэнты партызанскаму сувязному), Дойнічава, Глуша (вёска), Глуша (пасёлак), Двор-Глуша, Карчма, Яўсевічы, Завалочыцы. Тыя ж рэаліі, і надвор’е, ні восень, ні вясна, не дужа іх зьмяняюць: будынкі, прысады, масты, могілкі.
    Былі і на могілках - новыя зьявіліся. Нябога Насьця Аляшкевічава (Бабіч) адмучылася. Жыла ўжо каля 10 год у Доме састарэлых у Каменцы пад Бабруйскам - пасьля таго як патанула ўнучка, Мішава малая, звар’яцела. Цяпер нарэшце супакоілася.
    Іван Швэд, з якім гады два таму ўзгаварыліся, едучы з Бабруйска, упершыню за дзесяцігодзьдзі, памёр у Магілёўскай клініцы пад наркозам: другі ці трэці інфаркт. Не памаглі і мае парады быць філёзафам і не дужа зважаць на ўсялякія нягоды. Хоць якія ў яго маглі быць нягоды - жыў ціха, непрыкметна, як бы наводшыбе ад усяго і ад ўсіх. Нават не ведаю, у якіх ён кампаніях бываў.
    Жонка Казіка Краскоўскага, кажуць, таксама адпакутавала. А яе проста не помню ў твар і ці ведаў наогул.
    Абышлі з маці паўмогілак - я чытаў імёны, прозьвішчы, а маці ахкала, спынялася, суседзям, блізкім клала пячэньне, дольку яблыка. Усё шкадавала, што не адшукала магілку Каці Марозавай - сьнілася.
    Пілі гарэлку ў машыне і за абедам – п’ем, цябе калыша; трымаеш у роце, пакуль глынеш і ратуесься тым, што заядаеш сасіскай з батонам. Але гэта спосаб прыглушыць вастрыню адчуваньняў.
    Я кухарыў, браты інспэктавалі мясцовых пажарнікаў.
    16. 04. Дождж, але цяплее. У вёсцы зазелянелі пупышкі парэчак, чаромхі. Сьпяваюць птушкі - вясна.
    На могілках - мяккая траўка, мох, дол, усыпаны шыгольлем і яловымі шышкамі. Макравата - накрапваў дождж.
    Знаёмыя імёны, фотаздымкі. То падобныя, а часьцей зусім непадобныя на вобразы людзей - уражаньне дзікай ілюзорнасьці сьвету, які быў, у якім жывём. Глядзяць - як пытаюць: было? помніш?
    Чамусьці згадваюцца сьмешныя выпадкі - у іх рэзка праступае чалавечая індывідуальнасьць мёртвых.
    Сашкі сябар Грыц, Валодзькі - Мурык...
    05. 05. Панядзелак. Толькі што з Завалочыц. Колька браў аўто - Сашка, Валодзька. Гарэлка. Балбатня.
    06.05. Аўторак. Радаўніца. Мусіць, радуюцца-такі: на могілках (у Завалочыцах, і скрозь, дзе ехалі паўз клады) людна, ажыўленьне, паломніцтва.
    Учора сьнілася Алачка - зусім іншая, як увесь час: ласкавая, цёплая, усё яе цела перапоўнена жаноцкасьцю, пяшчотай, цяплом. Усьмешлівая.
    Прыбралі, пафарбавалі агароджу.
    Капалі грады - Сашка: навошта? Я магу купіць мяшок бульбы ў краме!.. Навошта? Каб у маці душа была спакойная, што ў яе не горш, як у людзей. Абразалі пладовыя дрэвы. Паправілі плот.
    Яшчэ раз зьездзілі да бацькі - ужо з маці.
    Маці кволая, як цень. Але на нагах. Як пазайздросьціла ёй Р.: “Сама сябе абслугоўвае!” I не толькі - курэй даглядае: кожнаму па два дзесяткі яек у дарогу сабрала (а нас - чацьвёра).
    Заехалі да бабулі Ефрасіньні і Адамовічаў - паклалі фарбаванкі.
    Ля Сашы - новая магіла: яго гераіня - Вэнэра. Прыбірала дачка Ніны і яе муж – “лицо кавказской национальности”, які прыжыўся сярод беларусаў.
    Зьявілася паўтузіна сьвежых насыпаў - нацыя вымірае. У вёсках гэта кідаецца ў вочы - раней у Завалочыцах, суседніх вёсках кожная сьмерць была своеасаблівай падзеяй мясцовага маштабу. Цяпер страцілі лік. Дзівяцца, калі хто доўга жыве.
    07. 05. Сонца. Маці, калі прыехалі на кладзішча, сказала, што нікуды больш не пойдзе. Той раз абышла ўсе могілкі. Няма сілы.
    Калі ад’яжджалі, узяла крывульку-палку і выйшла правесьці за вароты. Мы яе з машыны бачым, а яна нічога не бачыць - шкло зацемненае.
    25. 05. Увечары раптам Жэнька на парозе. З Завалочыц. Маці паліла ў печы, калі прыехаў у чацьвер пад абед, - значыць, на нагах. Хвала Богу.
    Пасеяў, засадзіў гародчык. Гара з плеч.
    А ў канцы тыдня Іна з малым зьбіраецца ажно на тры тыдні - зусім добра. Што казаць, думкі - клопат, як там маці адна, - турбуюць увесь час. Яна зусім за гэту зіму перарабілася ў бабульку - на фота, зробленае гадоў сем таму, яшчэ моцная, бадзёрая.
    Але і мы старэем... Думаў так, азіраючы брата. Нейкі завод у нас прымушае каціцца па зямной паверхні - жывём!
    20. 06. Пятніца. Распагодзілася. Вярнуліся рана, а 12-й гадзіне дня.
    Пціч разьлілася, як увесну. Сядзібу не пазнаць - густая зеляніна, парнасьць. Раскопвалі калодзеж - глядзелі, якія трубы, каб ведаць таўшчыню ўстаўной трубкі.
    Пілі. Каньяк, гарэлку, настойку на... палыну, піва. Сяк-так перанёс гэту празьмерную нагрузку, але яшчэ і цяпер (а ўжо бярэцца нанач) не адышоў. Усё ж мой арганізм ніяк не настроены на шчодрыя ўзьліваньні.
    У хаце поўна гасьцей: сястра з сям'ёю, Сьвета з Дзянісам.
    Маці кволая, сьвятым духам трымаецца, ходзіць па двары з палкай. Без догляду ёй ужо не тое, што цяжка, а вельмі кепска.
    Усё такая ж - сыбірскі аптымізм з яе не выветрываецца.
    06. 07. Іна ўчора вярнулася ад маці. Кажа, маці была страціла прытомнасьць - упала ля парога, не помніць, колькі ляжала. Сэрца слабое, кроў кепска пульсуе, склератычныя зьявы. Кепска! Дагарае наша матуля, і цяжка назіраць за гэтай агоніяй. Не апраўдвае і тое, што самі старэем: маці - адна. Апошняе, што засталося ад ранейшага, больш шчасьлівага этапу жыцьця. Няхай сабе і пры таталітарызьме.
    Усё раскідваецца, а нічога не можам супрацьставіць энтрапіі. Адна толькі мужнасьць, стаіцызм, гумар яшчэ.
    28. 07. Жэнька кажа, што прыехаў, а маці акурат паліла ў печы.
    Ходзіць па двары з кавялой - знайшла нейкую крывульку, і іншай ёй не трэба.
    Можа, так і трэба жыць - як набяжыць? Сёньня гэтак, а заўтра - так. Не забягаючы лішне далёка думкамі наперад, прымаючы як факт тое, што ёсьць. Не адкладваючы на потым тое, што можна зрабіць цяпер.
    05. 08. Аўторак. Толькі што з вёскі, У вачах яшчэ дарога, чыгунка, прысады, паўстанкі, дачнікі, дзяўчаты, з якімі ехаў і ў аўтобусе, і ў электрычцы, у вушах - шум, стук, сьвісткі, гоман, крыклівы абаронца Сталіна з велізарным рукзаком, якім пры павароце тоўк людзям у твар...
    28. 08. Чацьвер. Тыдзень у вёсцы - незабыўныя дні. Можа, найлепшыя за ўвесь год.
    Усё асьветлена прысутнасьцю маці. Яна прысутнічае ва ўсім. І для дзяцей бабуля - эпіцэнтар вясковага мікрасьвету.
    А колькі той бабулі?! Трывае сьвятым духам. Але ў свае 83 гады выглядае малайцом.
    Кволая, слабенькая, сілы пакідаюць яе, як бы выветрываюцца. Але тупае. І на лавачку за вароты выходзіць.
    Варта было мне паехаць на пару дзён (аўторак, серада, а ў чацьвер, а 2-й дня ўжо вярнуўся), як здарылася тое, што з ёю цяпер часта паўтараецца: упала. Падбародак пасінеў (калі ад’яжджалі, пабачыў, што пляма пачала сьвятлець).
    Цяжка ад думкі, што лета зноў хутка мінулася, маці засталася адна. Нехта з нас калі-нікалі праведае. Будзе завітваць суседка Нюра, забягаць Тамара. А наперадзе - зіма, якая палохае маці. І мяне. Жыць усё цяжэй...
    За гэты месяц, што былі мы, Інка, Колька, маці паправілася. Але як ні даглядай, гады бяруць сваё: зьмянілася ў аўторак надвор’е, стала нейк млосна, мінула яснасьць, і ў маці ўзьняўся ціск (120 на 180). На другі дзень крыху акрыяла, і ўжо абыходзіла памалу гаспадарку, выходзіла за вароты. І ўсё адно пакідаць яе адну было невыносна. От, бы малое дзіцё! Кволае, безабароннае.
    Але што можна супрацьставіць няўмольнай хадзе часу?!
    З Колькам рабілі “калодзеж” вакол “разьвілкі” водаправоду з цэглы. Затым - розную драбязу па гаспадарцы, якая няўмольна занепадае. Хоць 13 год ужо, як няма гаспадара - бацькі. Весьнічкі, дзьверы, печка ў двары, гародчык...
    Брат штораз рабіў вячэру, а я гатаваў у печы “фірменныя” сьняданкі: бульбу, блінцы, амлет, шкваркі...
    Затым, звычайна надвячоркам, ішлі да Пцічы, купаліся. І было цудоўна. Стаяла сухая пагода, аксамітны сэзон.
    Вакол усё блізкае і знаёмае...
    31. 08. Распалілі ўчора цяпельца - адразу па прыезьдзе. Дым блытаўся ў гольлі разлапістай ігрушы, у гушчары сьлівак, вішні, ігрушы, вісеў у лісьцях бярозы.
    Той міг, які хацелася б захаваць ці паўтарыць. Дым павісеў у вечаровым паветры і зьнік.
    Маці потым некалькі разоў згадвала, як ляцела жоўтая лістота з суседзкай бярозы (“Ці не сохне?”), з сьлівак. Іншыя дрэвы зялёныя, бы ў зэніце лета. У горадзе ўсё ўжо шэрае, пыльнае.
    09. 09. Зараз, вечарам - зноў дождж. З шумам.
    Як там маці? Хутка два тыдні, як адна. І ніхто не зьбіраецца з братоў. Холад. Агарод не прыбраны. А маці зусім слабая.
    20. 09. Малыя злавілі камара і ўспомнілі, як бабуля, забіўшы муху, заўсёды прымаўляла: “Ну вот! Канец жызьні!”
    Яна ў нас - арыгінал. Адкуль вынесла мноства розных выслоўяў, нечаканых, часта парадаксальных. Як на беларускі слых.
    Волагда, Якуція - яе “школа”, “інстытут”.
    04. 10. Нядзеля. Дождж.
    Маці прывезьлі дровы. Мясцовыя пажарнікі. Заслуга Колькі.
    26. 10. Маці прывезьлі яшчэ два вазы дроў - Коля Хлістуноў. Як ні дзіўна! Ведаюць, што палкоўнік сёе-тое можа.
    06. 11. Паслаў віншаваньне ц. Ліне - 89 год! Калі жывая. Жывая - ведалі б, што нешта не так, ад Толі Рунцо.
    Напісаў крыху пра нас - няхай хоць на міг адчуе прысутнасьць былога, калі жыў дз. Антон, Жэня, Саша...
    І самому весялей ад гэтага - не так навісае кашмар роздуму пра нашых мілых старых - ц. Ліну, маці... Хто яшчэ жывы, дагарае, як сьвечачка ў паўзмроку.
    08. 11. Субота. Змрачнавата, але плюсавая тэмпэратура.
    Вісіць над шыяй, як меч, праблема: даўно, два месяцы, не быў ў маці, і не ведаю, як патрапіць у вёску - зноў не ходзяць аўтобусы. І ехаць трэба, здаецца, цераз Бабруйск, г. зн. Сусьветнае падарожжа.
    Або да Гарадка, а адтуль пешшу. Калі з торбай, а без гэтага ніяк нельга, то - цяжка.
    09. 11. Нядзеля. Лагоднае, цёплае надвор'е.
    У сьне - усё шэрае, змрочнае, як у завалочыцкім клюбе. Я на другім паверсе, каля лесьвіцы, чую зьнізу зычны голас Адамовіча. Іду ў залю, і з парога, як у кіно пра баль арыстакратаў, гукаю: “Алесь Адамовіч!” Ён ідзе ў паўзмроку фае, на мяне (дзякуй Богу!) не зьвяртае ўвагі, у дзьвярах сутыкаецца з сваёй маці, ц. Аняй. Ён баяўся перапалохаць яе. Але ўжо дзецца няма куды. Прыхіліўшыся да вушака, любуецца маці, якая таксама зьняможана прыхінулася да таго ж вушака на выхадзе з залі. Абодва мала падобныя на сябе: твары дэфармаваныя, скажоныя, шэра-зямлістыя. Я толькі ведаю, што гэта ц. Аня і Саша. Іду ў залю, саджуся за сьпінаю Зосечкі, якая і тут нешта малюе ці піша, час ад часу пазіраючы на сцэну, прыслухоўваючыся да дзеі. Я кажу, што прыйшоў Адамовіч. Азірнулася: ён сядзіць з маці па той бок праходу, людзей, дзе яны, нікога... Тут я ўсьвядоміў, што гэта я ўсё сьню, і, паўдрэмлючы, абдумваў падзею, як яе разумець. Здарыцца нешта кепскае? Але што? Маці? Вера Сямёнаўна?
    14. 11. Маці, сказала Тамара, трымаецца малайцом. Калі зайшла, “гуляла” па двары: “Трэба на сьвежым паветры пабыць”. У Колевай куртцы, фуражцы - дождж накрапаў.
    19. 11. Учора, недзе а 9-й гадзіне, патэлефанавала з Хоцімска ц. Ліна. Такі знаёмы - гадоў 50 - голас, калі не ведаеш, колькі ёй гадоў і як ёй жывецца, абязножанай, старэнькай, адзінокай. Чуваць голас ц. Ніны, сястры, якая нешта ці падказвала, ці папраўляла. Уяўляю, як там пуста, гола, бедна - усё ж пасьля сьмерці дзядзькі пахапалі, разабралі, што мела які-небудзь выгляд: кнігі, коўдры, посуд, швейную машыну і богведама што яшчэ. Я, хоць і марыў пра абяцаны дзядзькам слоўнік Даля, не змог хоць што ўзяць з кніг. Пры жывой цётцы, гаспадыні, забітай бядой, раздушанай, адзінокай. Даль у Валодзькі - гадоў 8 усё абяцае падарыць на імяніны. Купіў бы, але дорага - каля 2 мільёнаў у краме. Між тым ц. Ліна жыве вось ужо 9-ы год пасьля дзядзькі, мае 89 - нават пахвалілася як бы: “Мне ж ужо, Мішанька, 90... 89 год!” - узрост, калі гады ўпрыгожваюць жанчыну.
    Колькі агульных фраз пра побыт: ці цёпла, ці ёсьць грошы на хлеб, на лекі, хто памагае.
    Узяў трубку пляменьнік ц. Ліны, Валера, - мусіць, ужо канчаткова перабраўся з Расіі. Кажа, што мы, здаецца, не сустракаліся, не помніць. Мусіць, сапраўды-такі памагае: тыя ж дровы пакалоць. Ц. Ніна носіць ваду. Пісаць ні адна, ні другая не могуць, таму тэлефануюць.
    Пытае, як маці. Ах, як усе цяпер старыя людзі па беларускіх вёсках! Моляць Бога, што пэнсію ў час плоцяць, што ёсьць у краме хлеб, а астатняе...
    24. 11. Панядзелак. Валодзька быў у маці. Кажа. Трывае нейк. Пякла бліны ў нядзельку - на ад’езд. У хаце цёпла. Прывезьлі дроў - яшчэ.
    Кепска чуе - тры хусткі на галаве. Ну, і летась так было ў яе на зіму - аглухла.
    Забываецца - кажа: “Мішка ў Брэсьце”. Тое, што найяскравей... Валодзька перадаў дзесятак яек, матчыны блінцы (з печы!), колькі бурачкоў і яблык з ягонай дачы.
    Кажа, што ў суботу зьбіраецца паехаць Жэнька.
    Паведаміў Кольку - Жэнька ўжо ў яго! Самаробнае віно - ці прынёс, ці забірае, - я не дапетрыў.
    01. 12. Жэнька паехаў у вёску - і зьбіраўся, і маці кепска, хварэе. Трэба і мне цяпер зьезьдзіць, пабыць хоць суткі.
    02. 12. Жэнька вярнуўся з вёскі. На “бабіроўскім” - ходзіць па выхадных.
    Маці слабая, але ўжо стаяла каля печы, калі прыехаў.
    Патрэбен догляд. І наогул нехта побач. Самой і есьці лянота рабіць.
    Кажа, што прывезьлі тры пляцоўкі сасновых і бярозавых дроў.
    У хаце цёпла.
    15. 12. Панядзелак. Яшчэ адна мая “кругасьветка”: Менск - Завалочыцы - Менск.
    Праінфармаваў братоў, Інку пра маці і толькі перад сном расчуліўся - стала яе бязьмерна шкада. Ведаю, што нічым не паможаш, не падтрымаеш ніякімі лекамі і працэдурамі, але бачыць, як яна кідаецца, чапляючыся за жыцьцё, не па сабе.
    Слабенькая, твар пасьля сну прыпухае, увесь час ляжыць. То на ложку, то на канапе - што бліжэй. Каб акрыцца, не мае сілы, таму скардзіцца, што ногі замерзьлі. Разатрэ сьпіртам - Колька даў. І ўвесь час паліць у печы: я, згатаваўшы сьняданак і абед, нясу гарачы жар у пліту і грубку, а яна потым увесь час устае - як што яе падхоплівае (вядома, клопат) - і падкідвае палена-два, правярае юшку, ці адчынена.
    Клопат яе падымае, змушае жыць. Яна падтрымлівае няхітры мэханізм гаспадаркі. І пра курэй памятае, і пра катоў.
    Чуе, што суседка Нюра прынясе маім малым малака (хоць карова запусьцілася, але яшчэ доіцца), апранаецца, каб ісьці ў хлеў, узяць там плястыкавую бутэльку. Я кухару: “Ты глядзі сваё!. Пячы бліны - дзеўкі любяць”. Ну, вядома, любяць, але не так, каб пячы іх шмат і стаяць каля печы. Пяку, бо не хачу пакрыўдзіць маці.
    Ведаю, што ўсё роўна не адчыніць дзьверы: намяло сьнегу, і дзьверы аселі. Гляджу ў акно, дзе яна. Абмятае парог мятлою, азірае падворак. Выбягаю і адчыняю дзьверы. Праз нейкі час вяртаецца стомленая - садзіцца на першы ж табурэт каля дзьвярэй. І каля хлява сядзела на лавачцы - а я думаў, чаго пайшла да “дзіцячага доміка”, дровы, ці што, паглядзець (тры трактарныя прычэпы звалілі). Усё жыцьцё ў вечным клопаце, і гэта ўжо стала яе натураю, рухае яе, змушае жыць, уставаць.
    Есьць мала. Што сьвежае: бульбу, які супчык. П’е больш чай з лімонамі - прывёз тузін, хутчэй схавала ў шафачку, каб не раздаваць па дабраце душэўнай і каб я па той жа прычыне не растранжырыў, хоць я ведаю, наколькі ёй хопіць тузіна прывезеных ёй лімонаў. Тое ж з мандарынамі, хурмой - апошняе, што яшчэ есьць з ахвотаю, у смак. Горка жартуе: “Ем, ем, а не здаравею!”
    Кепска чуе. Мусіць, зноў серка ў вушах. Так абмеркавалі і рашылі ў гаворцы з Колем - ён заўтра, едучы ў Гомель, заскочыць і пачысьціць ёй вушы. Бо і ц. Нюры, і Тамары з бабай не дужа цікава, калі не чуе. Выкрыкваць пры патрэбе “ключавое слова”, то даходзіць.
    Усё трымае пад кантролем, на пільнай варце ўвесь час. Але гаворыць пра тое, што бачаць вочы. Паўтараючыся. Забываючыся. Пачынае пра Вову Мікульскага, які глядзеў грубку (дарэчы, добра ўсё зрабіў, не цяп-ляп), пераходзіць да яго маці і да Трухана, бацькі, згадваючы, які ён быў добры ўрач (я гэта не помню): гляне і адразу скажа, што за хвароба.
    Некалькі разоў успамінала А., вяртаючыся ў даўні стан абурэньня яго тапорнай работай, - дзьверы ў залю плянавалі зрабіць высокія, а ён у адсутнасьць гаспадароў на свой густ падраўняў з уваходнымі дзьвярамі і ўсё сапсаваў, што і паправіць нельга было.
    Паўвекавой даўнасьці падзеі ў яе памяці жылі як нядаўнія, у адным сэнсавым радзе.
    Прыкметна злавала на ц. Нюру. Не ведаю, чаму. Можа, з-за малака, што не носіць. Ну, тут так, у суседзяў, сёньня добра, а заўтра - амаль ворагі. (Пазьней чуў, што маці прасіла ў суседкі парастак бэзу, які надта ж прыгожа квітнеў вясной, а тая чамусьці - маці так лічыла - пашкадавала.)
    Паведамляе з жахам у вачах, як вялікую таямніцу (“Толькі Колю не кажы!”): “А я ж ледзь хату, Міша, не спаліла!” На палацях ляжала падушка, грубка гарачая, і навалачка тлела, пер’е пачало сьмярдзець паленым. Пачула Тамара. На сьцяне чорная падпаліна.
    Ноччу разы два ўстае, бярэ ў буфэце карамэльку і смокча, не запальваючы сьвятла, навобмацак дабіраецца туды і назад. Так і я хаджу - рука сама ў цемры знаходзіць дзьверы, ручку... Зрэшты, на вуліцы сьветла: сьнег, поўня за хмарамі, вулічныя ліхтары, сьвятло з вокнаў, хоць і не ва ўсіх.
    Учора, перад сном, непамысна стала ад думак пра маці: яна відавочна дагарае, як сьвечка, і, як сьвечка, агеньчык гарыць няроўна, успыхваючы, рассыпаючы іскры, патрэскваючы. Яе шкада да сьлёз, а памагчы няма як, - хіба толькі наяжджаючы часьцей, праведваючы, падтрымліваючы.
    Пытаеш пра Мінск - кажа вельмі пэўна: “Не, не хачу!”
    У ясную, марозную пагоду, ёй, сыбірачцы, з паўночнай Волагды, лепш.
    Валодзька: выпіў - дзень нараджэньня бацькі.
    Маці даставала грошы ўнучкам - па 20 тысяч. З шафы. Дастала туфлі - на сьмерць: добра будзе ісьці да Бога.
    Бедавала, што падгарэла навалачка ад падушкі на палацях: скажы там хлопцам, каб прывезьлі, - патрэбна вялікая.
    Нешта пачынае і забывае. Як і я, пачаў з бацькі.
    Яму было б 89! Ц. Ліна жыве, яго аднагодка. Хвала Богу.
    16. 12. Лягчэй ад думкі, што недзе ў гэты час брат пад’язджае да Завалочыц. Хоць паглядзіць, як там маці.
    Ніяк не адыду ад уражаньняў пасьля наведваньня маці.
    21. 12. Брат кажа, калі ад’яжджаў, маці бадзёра, па-салдацку, узяла “пад казырок”, - з чаго ён зрабіў выснову, што яна яшчэ ў нас трымаецца малайцом. Дай Бог! Людзі жывуць і даўжэй.
    22. 12. Заўтра едзем - Жэнька, Валодзька, Колька, я, Ваня, Саша і яшчэ нехта з вадзіцеляў - пілаваць дровы. Ну, гэта таксама добра! І трэба!.. Элемэнтарнае - сонца, паветра, прырода, праца - таксама час ад часу патрэбна, каб помніць, дзе ты.
    24. 12. Маці кволая. Пасьля ночы твар апухае. Жыве парывамі - падхопіцца, сядзе за стол, нават выпіла грамаў 15, пастаіць каля печы. З хаты нікуды. Нешта распавядае. Ела з намі, і досыць ахвотна.
    У хаце зноў вэрхал: усё зносіць, каб было пад рукамі. За тры дні сталы на кухні і абедзенны застаўлены брудным посудам. І падлога пад сталом - банкамі, карабкамі...
    Пра горад і чуць не хоча. Я стаяў ля печы, а хлопцы ўсё папілавалі, амаль палавіну пасеклі. І выпілі бутэлек дзесяць гарэлкі. І я піў, але ўчора, - сёньня сьпяшаўся на сэмінарскія заняткі.
    26. 12. У гэтыя хвіліны, калі ўсё добра, Жэнька пад’язджае да Завалочыц.
    Маці наша зусім заняпала. Дзіўныя ператварэньні, нават у параўнаньні з летам. І тады, і, Бог мой, раней, усё здавалася, што яна “дажывае”: і кволая, і хварэе, і ціск, і парашкі жменямі ўжывае! А цяпер здаецца, што гэта апошні злы этап: такая яна слабенькая - хіліцца ад любога ўзмаху рукі ці руху.
    Адкуль яшчэ бярэцца ў ёй гэты жыцьцёвы завод, энэргія, жаданьне, каб усё было так, як хоча, па-людзку. І апошнія дні, і астатнія імгненьні.
    Добра, што браты і Інка апошнім часам актывізаваліся - наведваем старэнькую, слухаемся яе волі. Колька асабліва тут пастараўся. Праўда, у яго і магчымасьцей больш, чым у мяне, астатніх.
    28. 12. І ўсё ж Галоўная Падзея - Зямля сваім Паўночным паўшар’ем павярнула да Сонца. “Дзень расьце, і мы расьцём. Разам з сонцам і сьвятлом”, - цытую свой верш-віншаваньне з Калядамі.
    Штодня прыбывае па хвіліне - цёмна ўсё роўна, але сам паварот і зьмена вэктара шмат азначае для жыцьцёвага тонусу. Як для мяне, дык вельмі шмат: такая натура! І ў маці так - дробязь можа ўзьняць да нябёсаў і шпурнуць на дол.
    Бацька, той быў больш самавіты: у свае 50, якія я ўжо мінуў, казаў, вярнуўшыся з пахаваньня бабулі Фросі, - паведамляў аднавяскоўцам, скупа, стрымана, без дрыжыкаў у голасе, - “Маці-старушка памерла!” Ён - прыхільнік натуральнага ходу падзей, пантэіст: усё, што ні робіцца, натуральнае, а значыць, трэба згадзіцца з ходам рэчаў, прымаць усё як ёсьць.
    Ва мне зьмешана матчына і бацькава. То адно, то другое бярэ верх.
    30. 12. У сьне ц. Аня звыкла бярэ лейцы ў рукі - камандуе. Вымешвае цеста. Маці адно назірае моўчкі. Затым залазіць у балею, дзе яшчэ цеста на дне і сьценках, ёй падліваюць вады, а я іду ў спальню па ручнік.
    Маці кашляе - вірус грыпу нехта з нас прывёз.
    1998 год. “06.01. Учора тэлефанаваў ц. Нюры, а трапіў у Яўсевічы. Мусіць, не першыня, бо адразу скемілі, хто патрэбны. Дый дз. Пеця - яўсюк.
    Дзіўнае адчуваньне, быццам я фізычна пабываў у Яўсевічах, дзе апошні раз быў, ужо і не помню, калі. І за ўсё жыцьцё” разоў пяць-шэсьць. Помню подых беларушчыны, які там моцны. Як і ў іншых вёсках, што вакол Завалочыц, “цэнтра цывілізацыі”: Запольлі, Цямшы, Сіманавічах, Горным, Бабірове, Калюзе, Юзафове, Дварцы, Сельцах... Ціхае жыцьцё ціхіх людзей, якія не прэтэндуюць на ўвесь сьвет, як рускія ці палякі, на чужое, як летувісы...
    09. 01. Пятніца. Едзем з братам да маці - па апошніх зьвестках ад Тамары ёй нядобрыцца. Кажа: усё ўнутры калоціцца. Ёсьць нагода - у Колькі больш ці менш вольны дзень, і я са скрыпам магу адарваць сябе ад друкаркі.
    Думка пра маці, яе старасьць, хваробы, адзіноту даўно пераядае сэрца. Яшчэ бацька быў жывы, і, як на цяперашнія вочы, не такі і стары, і ў сіле, а ўсё ўяўлялася горшае, і было шкада, жыў чаканьнем бяды. Тым часам бяда спасьцігла самога - не стала Алы...
    На ўсё трэба глядзець цьвяроза - не за гарамі ўласная старасьць і, ратуй, Божа, нямогласьць.
    Кепска, што маці адна. Мы толькі і можам, што вось гэтак, па чарзе і без чаргі, наяжджаць “у госьці”, адведваць, на хаду сёе-тое паправіць у гаспадарцы, хоць крыху аблегчыць старэнькай яе побыт, парадаваць якімі прысмакамі ды сваім зьяўленьнем...
    Маці сядзела за сталом, калі зайшлі ў хату. Твар белы, апухлы, як і раней, але выглядае лепш. Амаль не клалася паляжаць - сядзела, тупала, нешта спрабавала памагаць. Налілі шампанскага, але не ўпадабала і выпіла грамульку клімавіцкай “Стараславянскай”.
    У хаце зноў усё застаўлена: кухня, сталы - знак, што з побытам ёй усё ж цяжка спраўляцца.
    І Тамара пацьвердзіла, што “баба-дзякуй Богу!”
    І зіма павярнула на вясну. На падворку зусім прадвесьне: сьнегу няма, трава зелянее, як маладая рунь, ускапаныя восеньню грады чарнеюць, сонца на прыпёку грэе нават...
    Ехалі - сонца сьляпіла ў вочы, зіхцеў асфальт. Пасьля ўчарашняга дажджу было проста цудоўна: ясна, суха, прасторна.
    Прыбралі, зрабілі сьняданак (а 1-й гадзіне дня), пасядзелі і - паехалі, задаволеныя, што і на гэты раз не ўсё так кепска, як уяўлялася здалёк.
    Колька па дарозе купіў віна - залілі смагу. Людзі, якія шмат п’юць сухога віна, не такія дурныя, як здаецца.
    А круг, які раптам напасьледак зрабіў па пасёлку кіроўца Ваня, і зусім узьняў настрой.
    Лёд на сажалцы і рэчцы гладзенькі, як на катку. А Сьвіслач чамусьці без лёду.
    18. 01. У Асіповічах убачыў Валодзьку. Ехалі да Гарадка, а далей - пешшу. Надвор’е - сама гуляць на прыродзе. Дайшлі без прыгод. Калі не лічыць сумнае ўражаньне зьмізарненьня ўсяго, што вакол. Суцэльны рэгрэс. Што і было добрага, і тое руйнуецца. Побыт, калі ведаеш, як жыве сьвет, жахлівы. На людзей глянеш - дэградацыя. Так пасьля вайны не апраналіся і трактарысты, а каля гусенічнага “Кіраўца” не дужа пашыкуеш. Калі ж бачыш паноў і пані ў футрах, якія не насілі, мусіць, арыстакраты, то бачыш поўную пустату ў тварах.
    Уразілі бурты з бульбай каля Заполяцкага саду - раней гэта былі бурты на паўполя, а цяпер нешта такое, што думаеш, ці хопіць на сяўбу вясной.
    Зайшлі да бацькі на магілу, пастаялі, паклалі колькі цукерак. Бацька са свайго суровага фота глядзеў, як здалося, ласкава. Мусіць, рады быў нечаканцы.
    Ля яго блізка - новы сусед. Грыша Гурын. Я, здаецца, яго прыгадаў. Усё жыцьцё, колькі помню, ён езьдзіў на маленькім трактарыку, ганяў то туды, то сюды, дужа не піў, не скандаліў, не вытыкаўся - рабіў, жыў непрыкметна, а як і чым жыў, каб я ведаў. Лічы, усё яго жыцьцё ад арміі да самага канца перад вачыма. А сказаць няма чаго.
    Маці сказалі, хто сусед, яна ведала, але ўсё роўна была задаволена, што не Гункевіч (вечная, з самой вайны старшыня рабачкама).
    28. 01. Гэтыя дні змрочны настрой. Думкі пра маці не даюць спакою.
    Фізычна яна неяк кідаецца яшчэ - падскоквае, як спружына яе падымае, нешта аўтаматычна робіць: выносіць вядро, адчыняе варыўню, дзе нічога няма, хлеў, вэранду, выпускае курэй. Пакуль зробіць гэты абход, прайшоўшы мэтраў 40 туды і назад, стоміцца, пасядзіць хвіліну на цурбане ці лаўцы, потым ляжыць у сваім ложку пластам.
    Выпрацаваныя за 84 гады жыцьця ўмоўныя рэфлексы змушаюць яе рухацца, уставаць, нешта рабіць і... жыць. Рухі, учынкі досыць асэнсаваныя. Калі часам і мяне папраўляе: палю ў печы, вару, гатую... Але загаворваецца. Забываецца, дзе і што. Блытае даўняе і цяперашняе. Ажываюць у ёй рэліктавыя страхі і комплексы. Нясе з кладоўкі вядро з сухарамі: “Гэта добрыя сухары. З белага хлеба...” Вайну згадала ці 30-я гады?! Шукае бутэлькі з-пад кока-колы: “Не бярэце з сабой?” Як дэфіцыт. Кідаецца, што б гэта даць гасьцінца: “Бліноў чаму мала напёк?” Я, ведаючы тое, якраз шмат напёк - міска вялікая.
    Часам розум яе ясьнее, і яна паводзіць сябе нармальна. Я баюся, што ўсё гэта вельмі кепска (мая Каця не любіць гэта слова, якое ў яе вачах азначае нешта звыш жахлівае, як сьмерць ці няшчасьце) скончыцца. Трэба маліць Бога, каб канец, які блізка, не азмрочыў яе доўгае жыцьцё. Каб самім не было потым прыкра, што так у нас склалася, - не забралі ў горад, не засталіся ў вёсцы самі... Каб усё было па-людзку: заснуў чалавек і не прачнуўся ці на вачах у блізкіх ціха згас. Каб лёгкі скон. Без цяперашніх жахлівых эксцэсаў. У бяспамяцтва, у якое маці пагружаецца. Усё можа быць.
    Думаю над прычынамі. Вядома, узрост, абмен рэчываў, старасьць. Але і - адзінота. Маці днямі адна. Двойчы, а то і раз на дзень, заходзіць толькі Тамара. І нікога больш. Маці, па-мойму, і ў акно ўжо не выглядвае цікаўна, хто ідзе, куды, што нясе ці вязе, з кім. Браты маюць па два тэлікі, а шкадуюць маці аддаць на час адзін (мой не працуе). Усё ж нейкі занятак і спосаб далучэньня да сьвету. Добра, што яшчэ езьдзім, апошнія месяцы штотыдзень.
    Гэта найбольш цяпер турбуе і засмучае. Астатняе - адгэтуль. Ноч у вёсцы не спаў - прыціснуў пазногаць на вялікім пальцы, ажно пасінеў: здымаў антэну, якая надламалася і легла на дах сенцаў.
    У Асіповічах пераскокваў каляю чыгункі, сьпяшаючы на электрычку, адключыўся (як хто мне жадаў ліха) і так рэзнуўся аб край плятформы, што думаў рассыплюся на запчасткі. У электрычцы сядзеў, скурчыўшыся і замёршы, каб перацярпець боль у каленях, локцях і левым плячы, ключыцы, лапатцы, шыі. Абмацаў сябе - цэлы. Але ачуняў толькі сёньня, і ўсё роўна плячо ные, калені смыляць. А ўспамін пра здарэньне калоціць ліхаманкай. Даўно такога са мной не бывала.
    Ноч не спаў. Думкі пра маці. Гаспадарчы клопат: печ, дровы, харч, пліта, куры, каты, ад’езд, зборы... І ўсё сам, адзін. Затым рассталіся нейк не вельмі прыгожа: разьвітваліся, расцалаваліся, маці, як заўсёды, дала дзецям па “дваццатцы” на дарогу, потым сказала, што ёй трэба на вуліцу, г. зн. сабралася выйсьці і правесьці, але для яе гэта цэлая акцыя, і мы пайшлі, не чакаючы... Аўтобус спазьніўся на 40 хвілін, а г. зн. у Менск не дабяромся, бо ніхто не бярэ ў нядзелю, рэдка калі. І яшчэ нейкія прыкрасьці, якія ўзрушылі “да асноў”. Так і стварыўся паганы настрой, які і прывёў да “аварыі”: я паводзіў сябе неадэкватна сытуацыі, нерацыянальна.
    Ну, нездарма ж гэта адбылося напярэдадні гадавіны сьмерці Сашы. Ёсьць, ёсьць у Мітрафанавічаў чорныя дні! Я не ведаю, якая тут сувязь, але душою чую.
    Пра маці згадваю тое, што бачыў, калі быў. Хоць усё можа інакш. Якая ёй цікавасьць жыць, калі нічога не здараецца, ніхто не заходзіць, няма з кім перамовіцца словам, от, прывезьлі на тыдзень харчоў (апэльсінаў, лімонаў, чаю ў пакеціках, сасісак, курыцу), а што далей?! Я хоць выскачу на час куды, кнігу пачытаю, дзецям нешта ці куплю, ці згатую! А як яна - баюся і думаць!
    29. 01. Абзваніў братоў, сястру таксама патурбаваў - не, ніхто і не падумаў паехаць да маці.
    Іна спасылаецца на адсутнасьць грошай. Яно так і ёсьць! Адкуль грошы ў бібліятэкаркі?
    Не па сабе ад думак пра нашу галечу і пра вольную ці міжвольную чэрствасьць з-за яе.
    Сорамна будзе ўвесь астатні век, калі з маці нешта здарыцца такое, што ценем ляжа на нас, нехляёў і абармотаў.
    Я і паехаў бы, але... вычарпаў рэсурс энэргіі.
    30. 01. Доўга гаманілі з Колькам пра маці...
    Маці, вядома, чакае прыезду, хоць каго з дзяцей, але час яна ўжо блытае - дні, пару сутак, а то і года. Ужо і каляндар забывае паглядзець і сарваць лісток, як заўсёды старанна і рэгулярна рабіла, падтрымліваючы тым самым разумнасьць, стабільнасьць свайго жыцьця. І радыё не ўключае - гаворыць, то добра, і не чутно - таксама ні бяды. Сымптомы, якія нічога не выклікаюць, акрамя зьвярынай тугі. Не паправіш таго, што ёсьць!
    Божа! памажы ёй прайсьці свой шлях хоць бы так, як яна апошнія гады крочыла!
    Усё ж пустата вакол яе сьціснулася: то былі шумныя, поўныя прагі жыць суседзі, то Івашкевічыха забягала, няхай сабе і была без памяці, то сяброўка Клава падоўгу сядзела і балакала пра жыцьцё, то Тамара прыносіла навіны... Няма ўжо нікога. Адна б. Клава, але з ёю як пасварыліся, дык ужо і не могуць памірыцца. Дый, падобна, позна. Ці дойдзе да маці сэнс сустрэчы з ёй? І ці трэба гэта ёй? Ну, ды Тамара, добрая душа, хоць па службе ды па дабраце забяжыць раз, а то і два на дзень у хату...
    Валодзька тэлефануе - тое ж пытаньне: ці едзе хто да маці?..
    Ноччу - думкі пра маці і неадчэпны малюнак з нейкай тоўстай варанай кілбасою і вялізным, як у гастраноме, кавалам маслам.
    02. 02. Раптам закруціла сьнег з даху, якраз у кутку, на стыку двух дамоў, дзе акно кухні глядзіць ў мур. Захацелася ў гэты міг у вёску - там гэта падзея. І натуральна выглядае. І асаблівае адчуваньне. Як у маленстве.
    Калі б я хацеў вярнуцца ў маленства, то толькі дзеля гэтага: каб перажыць сваю еднасьць са сьветам, прыродай. Той дзень, калі я, 6-7-мі год, ішоў, як індзеец у лесе, сьцяжынай уздоўж ручая, што бег па дне высахлай (спушчанай) сажалкі. Ішоў на Высокую дарогу. Бацька сказаў: “Прыходзь! Мы будзем каля грушкі”. Як для мяне, дык тая дарога, нібы ў Пржэвальскага, - бясконцая. Але пайшоў. Дарагое само адчуваньне.
    06. 02. Жэньку моцна пашэнціла: сказаў, што паедзе да маці, я паведаміў-далажыў Колю, а ён... даў машыну, каб завесьці... Застанецца там да нядзелі, а Ваня вернецца сёньня. Ужо, мусіць, там - прыцемкі. Радасьці не багата, бо маці, як сама кажа, нікуды не вартая, але ўсё ж спакайней...
    Маці, па словах Вані, абрадавалася, пабачыўшы гасьцей. У хаце, як заўсёды, вэрхал. Неяк трывае старэнькая. Спадабаўся ёгурт - Колька пераслаў.
    А Жэнька дужа задаволены, што так удала патрапіў дахаты.
    Забываесься, а брату як-ніяк за 60! Узрост! Схуднеў - нос не дае спакою. Важыць 73 кг. Высах, як дзядок на прызьбе. Але працуе, бегае...
    12.02. Чацьвер. Як увосень, наўзмрок, вільгаць, цёпла +5° . У маці, мусіць, зноў пачнуць несьціся куры. Як тады, калі мы (я з дзецьмі) былі. Калі Жэнька езьдзіў (тыдзень таму) ужо зноў не несьліся.
    Маці пачала новы этап сваёй жыткі. Некуды яе цягне - была пайшла ў двор Жлобічыхі. Хаты падобныя - магла зблытаць. Нюра пабачыла, адвяла дамоў, загадала: “Сядзі, баба, дома, і нікуды не хадзі больш!”
    Жэнька раптам па-змоўніцку паведаміў, што ў яе ёсьць золата. Шукала, шукала ў скрынках з варэньнем, стамілася і села на свой ложак, няўцямна гледзячы невядома куды.
    Апошні злы этап, ці што?!
    18. 02. Серада. Едзем у Завалочыцы. З начоўкай. Коля за рулём.
    Хоць часу няма - трэба і тое, і тое, але еду. Рады любой нагодзе ў тысячны раз прабегчы знаёмай дарогай. Заўсёды, пад’яжджаючы да Глушы і далей, перажываеш нейкі духаўздымны настрой. Як бы вось-вось пабачыш усё і ўсіх, дзе было так здорава. Ці здаецца, што так было.
    19. 02. Чацьвер. Вярнуліся з Завалочыц.
    Маці спала. Са сну не адразу сьцяміла, хто, што.
    Наогул, больш ляжала. Коля ёй падносіў на сподачку ежу, і яна радавалася. Даўно не ела бульбы, амлету, бліноў...
    Маці разважае гэтым разам больш рэалістычна, фантазій амаль не было. Выглядае: “Еле-еле душа в теле”. Лёгкая, як хударлявае дзіцянё. Туды ехалі - сьнегапад, сёньня - мокра, +5-7°.
    20.02. Калі ад’яжджалі, маці ўстала. Досыць доўга стаяла за сталом, каля буфэта. Нешта хацела перадаць унучкам - шукала ў кашальку, успамінала бліны... Была вясёла-узрушаная. Колька, разьвітваючыся, узяў пад казырок, і яна паднесла руку да галавы.
    Колька выпрацаваў з ёю свой - бадзёра-аптымістычны - стыль дачыненьняў, які пасуе яе “сыбірскай” натуры.
    Крануліся з месца. Брат уключыў на міг сырэну. Маці ўжо не бачылі ў акне. Калі стаяла. Хутчэй за ўсё пайшла на ложак. Зрабілі “круг гонару” ля канторы, вакол сажалкі, газона. На скрыжаваньні пабачылі Колю Навіцкага, яшчэ кагосьці з мужчын, баб, - мусіць, такія малюнкі бачылі ў мінулым стагодзьдзі натуралісты ў вёсцы: поўны заняпад, галеча, сьляды выраджэньня на ўсім... І ў Карытным тая ж карціна, і шмат яшчэ дзе.
    22. 02. Нядзеля. Сонца падсьвечвае, хоць неба мутнаватае. У вёсцы ў такую раніцу добра.
    Усе дні другім плянам цячэ думка пра маці. Закінутая намі, забытая, занядбаная. Ляжыць недзе, абыякавая да ўсяго, і да ежы. Устане часам, пашапаціць паперкамі з парашкамі на сваім століку пры ложку, за грубкай, можа, пасмокча карамэльку ці дольку лімона. Паглядзіць у грубцы, ці гарыць агонь, падкіне палена-два.
    Мусіць, сядзіць часам за сталом, што ля акна ў спальні: нейкія паштоўкі, дакумэнты яшчэ часоў Якуціі, сьвечкі, соль, цукар...
    Нашы наезды раз на тыдзень - гэта мінімум, што мы робім. 5-6 дзён яна адна. Тамара, вядома, распаліць у печы, паставіць чайнік, занясе курам... Але ж у яе такіх старых васьмёра, як сама кажа. І ўсе аднолькавыя - кволыя, бездапаможныя. Іншым трэба і дровы пілаваць, секчы.
    Нас шасьцёра - можна было б “канвэер” наладзіць, каб увесь час нехта быў, хоць праз дзень-два. Але ж...
    Іна паехала. Учора. У суботу. Нібыта і аўтобус перанесьлі на гэты дзень. Адна - малы дома.
    А 11-й ночы. Маці зноў адна.
    02. 03. Жэнька: “Валодзька прапаў!” Тут жа і Валодзька азваўся - толькі што з цягніка. Начаваў у ц. Любы - позна заехаў у Бабруйск.
    У маці ўсё тое ж - ляжыць. Выйдзе да стала, пасядзіць. Нешта раскажа, пажартуе. Апухае твар. Кепскі абмен рэчываў. Ногі ныюць, халодныя - кроў не паступае (сама так тлумачыць).
    І як заўсёды ў хаце - увесь посуд на сталах, кашы, вёдры, каструлі, чыгуны...
    09. 03. Маці, Тамара кажа, цяпер усё адчыняе: дзьверы ў хату, каб не лезьлі ў акно (“калі што-якое”), вэранду, а ўжо і будку для балёна з газам.
    Адчыняла тую будку, упала - плакала. У плачы - усё: доля, самота, старасьць, нямогласьць.
    10. 03. Маці нібыта нічога - да будкі з газам ужо не ходзіць. Але затое штодня заходзіць у вэранду, разглядвае кніжкі, часопісы. Не зачыняе на замок. І нас перапытвала, ці не зачынілі часам. Не трэба! Няхай будзе адчынена.
    13. 03. Колька сказаў, што нібыта Іна сёньня паедзе да маці.
    На душы адразу лягчэй.
    16. 03. Іна вярнулася з вёскі. Усё тое ж, што і было. Памыла маці, прыбрала ў хаце.
    Колька плянуе зьезьдзіць, - пакалоць рэшту дроў. Мусіць, і я паеду, калі не перашкодзяць заняткі ці што іншае.
    20. 03. Сёньня едзем у вёску - нявесткі, Валодзя, Коля і я. Секчы дровы. Дзеці гаруюць, што я еду зноў: “А як мы без цябе?!” А як я без іх?..
    “Глядзі не прастудзіся там, а то ты заўсёды пасьля вёскі прыяжджаеш прастуджаны!” Вось якія ў мяне клапатлівыя дачушкі!!!
    24. 03. Аўторак. Такой зімы не помню, каб штодня мянялася надвор’е. А часам і за дзень не раз.
    У пятніцу выехалі - было сьветла і ясна, з раніцы невялікі мароз, як сёньня. У суботу валіў сьнег - дзеці кажуць, што ў Менску нічога такога не было. У нядзелю сьнег ляжаў на галінах дрэў, дахах, платах, як пух. І яркае сонца, і чыстае неба. Як у кінафільме “Самагоншчыкі”. Каты пракладваюць, як караблі, ланцужок сьлядоў ад суседняга хлява, нават да (ці ад) “Сталіна” (мянушка суседа). Як піша ц. Зіна ў сваіх мэмуарах - вельмі прыгожа. Вельмі прыгожы сьнег. Вельмі прыгожыя дрэвы.
    Пазьней пад сонцам усё асядала, сыпалася, а ў цяпле - капала. Ля хаты адкрылася зямля, і куры прыйшлі грэцца. Кот на сваёй калодцы прымасьціўся, нават расьцягнуўся.
    Секлі дровы - у суботу. У нядзелю - канчалі. Затым вазілі - Коля на “Карлавым” вазку, я - на лёгкай калясцы на колах з дзіцячага ровара, Валодзька - на дзіцячых саначках. Складвалі - без малога запоўнілі даўгі навес.
    Дровы добра калоліся. Нават пні і сукаватыя. Добра прамерзьлі.
    Нявесткі, Сашава і Колева жонкі, шчыравалі ў хаце: усё адрэвізавалі, прыбралі, памылі. Маці будзе тыдзень разьбірацца, дзе што ляжыць: у яе ўсё гадамі (за цэлае паўстагодзьдзе) адпрацавана, адрэгулявана. Ужо ноччу, перад ад’ездам, разы чатыры ўставала і вывучала, што на стале, на паліцах, у буфэце.
    Слабенькая. Увесь час ляжала. І есьці насілі ў спальню.
    Мералі ціск - высокі. Давалі парашкі.
    Калі ад’яжджалі, то маці правяла: выйшла на кухню, пасядзела за сталом. І ўсё шукала, што даць у дарогу. Дала дзецям грошы - па 10, 20 тысяч кожнаму, каму колькі. Глядзела ў акно, як ад’яжджалі.
    Рукі агрубелі, трымаючы тапарышча, набрынялі сілаю. Рабіў усё, што і браты. Толькі ў нядзелю пастаяў ля печы. Залоўкі запатрабавалі, каб пёк бліны, бо яны “не ўмеюць пячы ў печы”. Заадно і амлет, і кашу на абед.
    Памерла Адэля, колішняя бацькава пасія.
    Калі тое было?! Паўстагодзьдзя назад. Бацьку было тады сорак. Малады, прыгожы. Багаты - адна скуранка што значыць.
    А што дзяцей пяцёра, дык у тыя часы не было дзівам.
    Дзеці і адваявалі бацьку. Ці самі бачылі іхнія спатканьні (як я на Сабачай), ці нехта пераказваў. Ну, і сам бацька перагарэў, адумаўся.
    Ц. Аня, сястра, яго павучала, што значыць сям’я. дзеці.
    Адэля жыла недзе ў дзяцей. У Слуцку ці Салігорску. Пахавалі ў Запольлі, дзе і наш бацька ляжыць 14 год.
    І гэта мінула. Як мінула дзедава - дзеці чыталі ўспаміны ц. Зіны, і Каця распытвала пра дзеда. Уражана, як добра ў яго было ў Забалаці. Абурана, што навыраблялі бальшавікі.
    І наша мінецца. А што застанецца?!.
    26.03. Жэнька заўтра едзе ў вёску - на час гэта праблема вырашаецца!
    27.03. Паездка ў вёску, праца, гарэлка, тры ночы на гарачай чарэні печы - ацяжэў: уздымаюся на свой 5-ы паверх і задыхаюся. Няма лёгкасьці - Аня побач бяжыць да мэтро, а я прымушаю сябе прыбавіць кроку. Настроены, як стары, на паважаную хаду.
    Эпізод, калі раскулачвалі дзеда, апісаны ц. Зінай, уражвае так, што кідаю друкаваньне. Лаўлю сябе на жаданьні перастраляць усю гэтую нечысьць - камунякаў. Уяўляю лютасьць, з якою белыя адносіліся да чырвоных.
    Але Бог ёсьць! Уся наша сям’я, раскіданая па сьвеце, род Тычынаў, сабралася пасьля вайны. Усе жывыя.
    Бацька казаў: “Добра, што выслалі! А не, дык пастралялі б у 37-м ці спалілі б пры немцах”.
    Што з тымі, хто раскулачваў, хто разявіў рот на дзедава дабро? Аб гэтым гісторыя замоўчвае. Як былі беднымі і няшчаснымі, так хутчэй за ўсё і засталіся. Калі не загінулі. Вось табе і клясавыя пачуцьці! Як яны паляць сэрца, калі выразна ўявіш той зьдзек і глум, які яны сабе, гэтыя чалавеканенавісьнікі, дазвалялі!
    Бедная бабуля! Бедны дзядуля, яму было найгорш, бо ён хацеў добра жыць, ладзіў гаспадарку, сям’ю, вучыў дзяцей. Што ён адчуваў, дажываючы свой век у Якуціі, аднаму Богу вядома.
    30. 03. Жэнька вярнуўся з вёскі. Даехаў добра, а назад ледзьве выбраўся.
    У маці ўсё, як і раней: ляжыць, калі ад’язджаў, устала. Давала на дарогу “дзесятку”: каб весялей было!
    03. 04. Пятніца. Сонца, але цяпла асаблівага няма.
    Гаварылі з Тамарай: маці ляжаць бы, але той клопат, які яе раней ратаваў, цяпер не дае спакою: ёй абавязкова трэба некуды, нешта рабіць...
    Плянуем з братамі, як быць. Трэба, каб хоць хто быў там з ёю. Каб менш яна заставалася сама.
    Зьбіраецца ўзяць дні 3-4 “адгулу” Інка.
    Паехаў бы я, але Зося адна не застанецца тут, без Каці, пакуль вернецца з гасьцей, з Пінску.
    05. 04. Жанна званіла Тамары - ёй, бабе з бабай, прасьцей: маці нават выйшла з Тамарай на двор і дайшла да катуха, забрала 4 яйкі. Хацела весьці за хлеў, дзе, ведае, таксама нясуцца куры... Тамара забегла ў хату, распаліла ў грубцы, сказала, каб маці сама сабе прыдумляла што-небудзь з ежы, і пабегла далей. Значыць, маці крышку ачуняла - у яе ўсё хвалямі, з уздымамі і перападамі. Ідэя - наняць каго з жанчын, тую ж “чарнобылку”, пра якую расказвала маці, што заходзіць, каб дагледзела крыху, а мы б скінуліся на аплату, бо ўсё роўна нашы наезды праблемы не вырашаюць.
    13. 04. Іна расказвала пра маці. Амаль не ўстае. Толькі, калі ад’яжджалі. І эмоцый - мінімум: пабяліла печ на Вялікдзень - то і добра! Тое ж і астатняе: ежа, надвор’е, здарэньні!
    Нешта згадвае і - забывае на паўслове.
    І ўсё замыкае на слове “вэранда”. Зьбіралася Валодзьку малога туды завесьці і нештачка паказаць.
    Ікнулася ёй перад іх ад’ездам: “Мішка ўспамінае!” Так і было сапраўды - ўяўляў гэтую сцэну.
    Памёр Ратомскі... Памёр Міша Хаванскі...
    Як блізка блукае сьмертухна! Падбірае, падбірае аднаго за адным... Толькі і помню, што ўрыўкі з далёкіх 50-х гадоў. Усё астатняе прайшло паралельна, амаль не перасякаючыся.
    16. 04. Валодзька не едзе, і словы яго пра паездку да маці (з Валяй і Антонам - за рулём), як выявілася, “дзеля понту”. Апраўдваецца - скардзіцца на падатковае начальства: у яго зноў “цяга да перамены месца”.
    Магчыма, што з Колькам зьлётаем нанач заўтра: хоць бы праведаць перад Вялікаднём!
    А Ратомскі - жывы!
    17. 04. Страсная пятніца. Дзеці пытаюць: калі Іуда здаў Ісуса Хрыста? І наогул, калі што адбывалася. Зьбіраючыся “ў школу” (“ін’яз”). Магчыма, зьезьдзім усё ж да маці.
    Упершыню па-сапраўднаму шкадую, што не маю легкавіка, дый не ўмею руляваць, сеў бы дый паехаў бы!
    Столькі мэнчыліся, і я, і браты, і сястра, і дзеці, за 40 год (!), езьдзячы, як давядзецца, дадому-дахаты! Міжволі зайздросьціш усім, у каго вёска бліжэй і каму дабірацца прасьцей. Хоць уявіць, што мая вёска не Завалочыцы, рэчка не Пціч, не тыя дарогі, лясы, прысады, узгоркі, балоты, дрэвы, хаты, ужо не магу.
    19. 04. Вялікдзень. Сямейка мая рада. Дзеці чакаюць застольля. Учора пяклі булкі, фарбавалі яйкі. А я яшчэ і салат зрабіў, потым кавалак сьвініны ў духоўцы ў фользе падсмажыў. На стале белы вязаны абрус - Кацечка сама накрыла: “Як летась!” А мне ён дарагі тым, што некалі яго набыла Алачка.
    Як ёй там у гэтыя дні? Як усім, хто там, маім родным і блізкім?
    Як там бедная матуля, у вёсцы?
    Учора былі, вярнуліся. Маці ляжала на канапе ў Зосінай “нямецкай” шэрай лёгкай куртцы. Рукі халодныя, і грубка крыху толькі цёплая, хоць дроў спалена шмат, што адразу кідаецца ў вочы. Усьміхаецца, блытаючы сон і яву. Але ўсіх пазнае. Нешта расказвае: сон, стан...
    Дзьверы ў кладоўку насьцеж - адтуль кошка. Тоўстая, бо котная. Гаспадар, яе сябра, блукае вакол, як сапраўдны гаспадар. А мы - госьці.
    Насьцеж і дрывотнік - у маці новая манера, ці забывае.
    Прыбралі ў хаце. Юля мыла посуд, Колька на вуліцы, на пячурцы гатаваў гуляш, я прыбраў двор. І маці выйшла паглядзець. Пасядзела на лаўцы, ля сенцаў. Брат завёў яе да катла - дно праржавела, занесьлі да варот. каб паліць сьмецьце, - паглядзець, як гарыць. Брат з маці знайшоў свой спосаб абыходжаньня: сыноўска-сяброўскі, не шкадуючы, а жартуючы, як бы ўсё ў яе добра, а старасьць, слабасьць, то што тут такога, усё натуральна. Маці весялее, ажывае, бо яна і сама ўсё жыцьцё такая - не раскісае, нават жартуе - у тон...
    Раніцай абазвала нас “засранцамі”, пачуўшы, што пафарбавалі яйкі, а лушпіньне выкінулі курам: прыйдзе Тамара, і яшчэ пафарбуюць! А мы весела пераглядваемся: значыць, маці яшчэ ні бяды, калі гневаецца!
    Вячэрала з намі - гуляш і падліва ёй спадабаліся.
    У халадзільніку пуставата: кансэрвы яна не можа адчыніць, апэльсінаў, лімонаў няма. Нават цукру не было, - мусіць, шукала, бо ў буфэце ўсе мяшочкі з крупамі, мукой, манкай парассоўваныя.
    Зноў навезьлі садавіны і інш. Затое бульба ёсьць, нават на пасадку хопіць! Іна, калі была, купіла, вядома, за пэнсію маці, бо ў самой грошай няма.
    Ноччу двойчы ўставала, не запальваючы сьвятло, хадзіла на кухню. Была даўгавата. Піла вінаградны сок - падабаецца.
    Пасьнедала з намі. Мы дзеля прыліку, бо з раніцы не хочацца есьці.
    Печ кепска распальваецца, і я, пекар, усё сябе разважваў, каб не раздражняцца. Прапалілі і ў грубцы.
    На абед пакінулі ў печцы расольнік, вараную бульбу.
    Здаецца, што змаглі, тое зрабілі. Але ўсё роўна шкрэблі кошкі на душы - і калі ад’яжджалі, і ўчора, ужо тут, у Менску: жыва ўяўляецца яе адзінота, бездапаможнасьць...
    Але ідзе вясна, усё весялее, і, дасьць Бог, маці яшчэ патрывае сваю лепшую пару, палюбуецца на сьвет.
    У пятніцу, па абедзе, калі выяжджалі з Менску, ішоў абложны дождж. Усё паводле Эвангельля: “стала цёмна па ўсенькай зямлі”. Недзе каля Пухавіч пасьвятлела. А ўчора і зусім добра было. Прыкметы вясны паўсюль: пачынае зелянець трава, на чаромсе каля варот прыкметныя пупырышкі, шпакі заліваюцца ва ўсю, буслы над самай хатай ляцелі на гняздо, якое ўжо колькі год на коміне сталовай - цяпло ідзе з кацельнай ад крамы. Шумна клекаталі, кружылі вакол бусьлянкі.
    Зямля ў агародзе набрыняла вадой. Нават сушэйшыя мясьцінкі яшчэ не гатовыя да сяўбы. І холадам яшчэ вее адусюль. (Прывёз цыбулі-сеянцу і хацеў высадзіць.)
    Нанасіў у сенцы сушэйшых дроў, два вялікія кашы трэсак на распал. Маці, як можна зразумець, і сама носіць пакрысе ў кашы - па тры-чатыры палены. Што змаглі, тое зрабілі...
    30. 04. Тамара пазваніла: чаму ніхто не едзе - тры дні сьвята. У маці ногі не ходзяць. Зноўку адзервянелі.
    Брату, мусіць, не трэба было яе цягнуць на могілкі. Яшчэ і гарэлкі далі - ну, як ёй адмовіцца на Радаўніцу! Свае ўяўленьні пра зямныя радасьці. І, вядома, з лепшых пачуцьцяў.
    А тут нейкія свае пляны, клопаты!.. Жэнька не паехаў - як бы па пляну - і ўсё адразу ляснула. І яго можна зразумець. І Тамара - лічыць, што дужа ўлягае ў клопаце пра маці. Таксама змарылася, ацяжэла. Свая гаспадарка: карова, сьвіньні... Расказвала, як глядзела Пасючыху - і падлогу мыла, і немаведама што яшчэ рабіла! А б. Клаве нават дровы пілавала!.. О Божа! Вось табе і - не судзі!
    Не дай Бог. Вольна ці нявольна жадаць, каб усё хутчэй скончылася! Калі і жадаць, то лёгкага скону. Не такога рамантычнага, як у дз. Антона, але ж...
    Ц. Ліна ўжо 9 год жыве неяк - калека, даўно сама нічога не можа. Але з ёю ц. Ніна! Ц. Ліне восеньню - 90 год.
    03. 05. У думках адно: як там маці? Абязножаная... Ц. Ліна нейк прыстасавалася да свайго безнадзейнага становішча. І ў яе сястра побач. Хоць таксама ўжо старэнькая - пад 80, а, можа, і за 80. Яны з моцнай пароды - усе жывуць доўга. А маці вельмі слабая. Каб уставаць з ложка - перасоўваецца з дапамогаю стула. І ложак высокі.
    04. 05. Панядзелак. Учора быў першы ў Менску гром, дождж, а сёньня - па-вясноваму, летняму душна.
    З вёскі - Сьвета: бабуля зьбіраецца ў Менск. Ляжыць на канапе, устаць не можа, толькі на гаршчок. Тамара прыходзіць тройчы на дзень.
    Нарэшце наведала бабулю Ленка з мужам - даўно-о-о не была: маці не пазнала.
    Расстроены да сьлёз - не ўяўляў, што з бабуляй так кепска. Едзе на тыдзень Валодзька - у яго акурат адпачынак. Адкрывае чаргу - будзем дзяжурыць.
    Куды ні кінь, там - клін. У травені чамусьці не разьвязваеш вузлы праблем, а натыкаесься на новыя.
    Усё гэта адлюстроўваецца на самаадчуваньні: роспач, разважваю сам сябе ўсялякімі філязофскімі сэнтэнцыямі.
    Надвор’е цудоўнае, кліча да радасьці, а прадчуваньні самыя кепскія.
    Сашка, пачуў, таксама быў у вёсцы. Заяжджалі ў Глушу.
    Гэта многае высьвятляе. Званок быў мне: зразумела, што маці, калі вырашым перавозіць яе ў Менск, будзе жыць у мяне, як і раней, калі двойчы зімавала ў горадзе...
    08. 05. Жэнька звоніць: а што? А як? І ніколі не скажа пэўна, чаго хоча. Не, ты здагадайся, ідзі яму насустрач! Разьлік на нецярпеньне, на эмоцыі, не ўтрываеш, выкажасься, а яму гэта і трэба!
    Ну, што ён, чакае, што маці ўжо ўстала і ходзіць па сялібе, а таму не трэба ехаць у вёску, на зьмену Валодзьку?!.
    Прыйшла пара, калі маці патрабуе большай увагі, як раней.
    І нас гэта чакае, і мы некаму будзем клопатам...
    Колька званіў Тамары: маці ходзіць з палачкай па двары. Значыць, устала. Дзякуй Богу! Адлягло.
    Няма цукру. Цяпер, як у М. Булгакава, чаго толькі няма!
    Валодзька нештатам пасадзіў. Чакае, калі Коля прышле машыну...
    09. 05. Пазваніла ц. Ліна. Спачатку досыць доўга гаманіў з ц. Нінай. Старыя, хворыя, сьляпыя, нямоглыя, адзінокія... Што казаць? Як памагчы? Хіба толькі добрае слова ды памяць, увага і павага нейк зьмяняюць жорсткасьць становішча. Ц. Ліна ляжыць. Не ўстае. Голас прыглушаны, кволы. Скаргі, Завяшчаньне, кажа, перапісала. Ну, гэта мяне мала цікавіць, бо цалкам яе воля і яе справа!
    12. 05. Валодзька расказвае пра маці. Ажыла - што значыць догляд! Побач нехта. Упэўнены, што ўсё добра. Рана ўстае, адчыняе ўсе дзьверы, выпускае курэй, абыходзіць гаспадарку, выходзіць пасядзець на лаўку ля варотаў, любіць сядзець на лавачцы каля “доміка” за катухом, сьпіць на розных ложках, а то і ў вэрандзе - удзень там цёпла.
    16. 05. Субота. Хмурна, мокра, холадна. З Завалочыц вярнуўся Жэнька: маці ўстае, усё нармальна, Тамара сказала, што дарэмна езьдзім. Усе падставы, каб вярнуцца да любімых “балянсаў”, “дэбітаў-крэдытаў”.
    Я ўсё ж паеду - у аўторак ці сераду. На дзён пяць.
    Адгаворка, што маці і сама сябе дагледзіць! Як бы маці догляд патрэбен, а не проста жывая душа побач.
    Колька думае так, як і я. Эгаізм! Але ёсьць розны эгаізм. Я таксама эгаіст, бо еду да маці, каб супакоіць самога сябе, душу сваю ратаваць. Ёсьць жа ў сьвеце нешта большае: твая залежнасьць ад іншага, тым больш ад маці, ад таго, як ёй паводзіцца цяпер!
    20. 05. За рулём быў новы вадзіцель - Сяргей. Паказваў яму дарогу, бо ён упершыню ехаў у Завалочыцы. Міжволі глядзеў навокал ягонымі вачыма: зьвілісты шлях ад Асіповіч сапраўды прыгожы.
    Сяргей зайшоў у хату, каб пераканацца, як там маці ягонага начальніка, а потым распавесьці пра бачанае.
    Маці акурат варыла яйка ў каструльцы і ставіла чайнік. У носе ватка - кроў ішла. Кажа, упала. На правай шчацэ чырванаватая пляма. Цьвяроза разважала. Някепска чуе. Я пайшоў аглядаць гаспадарку, і яна за мною. Сядзела на лавачцы за фазэндай.
    Усё адцьвітае ўжо. Цьвету шмат на антонаўках, але і на ігрушах было шмат (ужо асыпаецца, усьцілаючы зарослы травою падворак), і на вішнях, ёсьць завязь на сьліўках, маліне, парэчках, кветкі на градцы трускавак.
    Наогул жа, на двары настолькі добра, што не хочацца заходзіць у хату. Адно, што не ўседзеш: малыя камарыкі дапякаюць.
    Сонца, цяпло. Пасядзеў з суседзямі Шылавымі на лаўцы. Гаворкі: цяжкая, як ніколі, гэты раз сяўба, бо мэханізатары проста-такі мучаюць людзей, адчуўшы, як шмат залежыць ад іх.
    Тамара расказвае пра бабу: паўтарае тое, што перадавала Колю па тэлефону, мяжуючы аповед з расказам пра цялушку, якую, мабыць, нехта моцна ўдарыў па хрыбеціне і па назе, ажно давялося зарэзаць і здаць.
    Другая суседка (працуе на пошце) падлавіла момант і падсунула страхавую квітанцыю на 315 тысяч. Заплаціў, хоць не разумею двайнога абкладаньня: маўляў, акрамя дабравольнай страхоўкі (таксама трапіла мне плаціць), ёсьць яшчэ і дзяржаўная. Без прыкрасьці ніяк не абысьціся і ў такі дзень.
    Абкасіў канаву і абочыну перад хатай - сельсавет нібыта наракае: чуткі, што можа прыехаць начальства - у Глушы паставілі новыя платы і пафарбавалі ў зялёны колер. Без “пацёмкінскіх” фокусаў не можам.
    Прыбраў у хаце. Наладзіў шлянг: градкі ўжо чакаюць дажджу. Паліваў з лейкі матчын невялікі агародчык.
    На вуліцы ажыўлены рух у абодва бакі. Вясна!
    У вёсцы цудоўна. Але падзяліць гэта адчуваньне няма з кім.
    У маці ў буфэце і халадзільніку пуставата - накінулася на лімоны, адразу цэлы зьела (а яны гэты раз вялікія трапіліся). Зварыў ёй італьянскія макароны з сырам і яйкам - ела ўсмак. Да кілбасы абыякавая.
    Радыё і дзень і ноч. Але не выключаю - хачу адчуць, у якім эфіры расьце і гібее вясковец... Гаворка пра платы ў Глушы, якія фарбуюць. Пеця Шыла - весела-ўзрушана: “От, Сашка дасьць ім разгон!”
    У маці сваё жыцьцё, клопаты.
    У Шылавых прыгожа цьвіце бэз, Маці просіць даць ёй корч, каб пасадзіць. Скардзіцца, што не даюць. Позна - ужо лета. Але дадзела.
    Усё трымае пад назіркам - што бачыць пераважна. Глядзіць на рэч, прадмет і - пераключаецца на гаворку аб іх.
    Маці, як дзіця вугаль ці пабелку, без меры нішчыць лімоны. За суткі тры. А сёньня - расстройства страўніка.
    Абедалі-вячэралі а 7-й гадзіне вечара - усё астыла нават у печы. Увесь час сьпіць.
    Учора абыходзіла двор, а сёньня толькі на лаўку перад варотамі пайшла. Апэтыт добры: увесь час што-небудзь жуе. Хоць есьць мала - таго-сяго патроху.
    22.05. Пятніца. Мікола. 19 год з дня сьмерці ц. Ані.
    Усенькую ноч налёты камароў, аднаго за адным, як нямецкія эскадрыльлі.
    Раніцай - праблемы: газ скончыўся! Хацеў замяніць балён, а другі, запасны, таксама пусты. І цэлы месяц тут нехта быў: Валодзька, Жэнька...
    І маці ўначы вандравала па хаце, падоўгу прастойвала то на кухні, то ў спальні, так ціхенька, што ішоў правяраць. У гадзіны тры паглядзеў - сьпіць! Не выключыўшы сьвятло. Але раніцай успомніла: “Добра, што ты выключыў сьвятло!”
    Так от і жывеш нейкімі дзіўнымі клопатамі, далёкімі ад маіх “вучоных” заняткаў. Чалавечымі, гуманітарнымі. Назіраеш за дагараньнем жыцьця самага роднага чалавечка, як уласны скон глядзіш, ягоную рэпэтыцыю: а як яно ўсё будзе ў мяне? Такая самая кволасьць, старэчы склероз?!. Разумееш самураяў, якія не жадалі, каб іх запомнілі слабымі, нямоглымі, бездапаможнымі.
    23.05. Субота. Дождж, пасьля кароткай вячэрняй перадышкі, зноў лье і лье. Учора толькі змачыў зямлю зьверху - пад коркай зямля сухая, лёгкая, як прысак.
    Ноччу было халаднавата. Трэба будзе прапаліць грубку. Але спаў, ужо не зважаючы ні на холад, ні на камароў. Не чуў, як маці хадзіла на кухню. Выспаўся да 6-ці гадзін, як звычайна.
    Маці нешта пра Адэлю - як пра жывую, яе сына Сашу (?), які заснуў у краме, чакаючы хлеб.
    А то пра тры бітоны брагі (?!).
    Калі сам кажаш - пра пагоду, людзей, краму, то рэагуе разумна, сьмяецца там, дзе трэба.
    Вецер, халодны дождж, сонца рэдка выглядвае і хаваецца “спалохана”. У хаце добра: выпаліў печ, зрабіў невялікі сьняданак і абед на дваіх, распаліў грубку, пліту (эканомлю рэшту газу, бо калі яго падвязуць?!). Агонь, як сябра ў непагадзь, на самоце. Суседзяў не відно, як і няма: ля тэлеэкрана або сьпяць.
    24.05. Нядзеля. А 5-й гадзіне. За вокнамі вецер, змрок. Выйшаў на падворак - холад, цяжкія (“сьвінцовыя”) кроплі падаюць не з неба, а са страхі, са старой антонаўкі каля сенцаў.
    2-3 гадзіны, калі я вольны, прадстаўлены сам сабе, магу чытаць, стаміўшыся, яшчэ падрамаць, зноў чытаць, ці пісаць, ці думаць.
     Маці ўвесь час ляжыць, бо холадна. Калі сонца, цёпла, яна яшчэ ўстае і нават выходзіць на двор, а то і за вароты. Другі дзень яна ні нагой з хаты. З ахвотай пасьнедае ў гадзін 11, калі я згатую ежу, і зноў на сон цягне. Потым ужо і абедаць не ўстае: скажа, што ўстае, я і чыгуны падастаю на прыпек, а яна ўжо зноўку сьпіць. Папіла ў ахвоту кампоту, нават два кубкі: “Смачны!” Сухафрукты, шыпшына, варэньне з чарніц. Любіць што-небудзь такое - нечаканае. Які-небудзь халадзец - звычайна Іна варыць, ці Коля, я - рэдка. Салат з маладой цыбулі, агуркоў... Абедаем, калі людзі вячэраюць. Учора - а 9-й гадзіне. Нанач гледзячы. Зноў сьпіць. Часам толькі, калі праходжу на кухню, з кухні, на двор, расплюшчыць вочы і што-небудзь скажа ці я скажу, каб адзначыць сваю ўвагу, павагу, любоў, шкадаваньне. І ў начы ў яе ёсьць свая пара, калі яна ўключае сьвятло ў спальні, ідзе на кухню, падоўгу там вывучае ўсё, што бачыць, выцягвае на сярэдзіну вёдры, чыгуны, каструлі, п’е ваду, падсаладзіўшы цукрам ці сыропам з шыпшыны. Кладзецца спаць, забываючы выключыць сьвятло, - я выключаю, спрасонку адзначыць гэты факт і зноў забываецца ў сьне.
    Вось яна, старасьць: здаецца, чалавек дажывае апошнія дні, тыдні, павінен на ўсе вочы глядзець, каб нагледзецца на жыцьцё, сьвет, а ён сьпіць і сьпіць, быццам не высьпіцца... потым.
    У Льва Талстога ў “Халстамеры”: “Бывае старасьць велічная, бывае брыдкая, бывае жалю вартая старасьць. Бывае і брыдкая і велічная адразу”.
    Якая ў маці? Усяго пакрысе. Шмат самаіроніі - такая ўжо натура маці і такое ў яе жыцьцё. Ведаючы гэта, і я, і Коля, радзей браты, Іна, сьвядома выклікаем яе на гумар, і яна ахвотна падхоплівае гэты настрой, сьмеючыся з сябе, сваёй нямогласьці, нават дзяціннасьці, і мне весялей. Ну, нельга злаваць на маці нават тады, калі яна “вырабляе” непатрэбшчыну, якую і згадваць не варта, бо яна агульная ў такім узросьце, і кожны, бадай, асуджаны на падобнае.
    Пад вечар крышку цяплей, калі на сонцы. Як толькі хмара, то адразу холад. За дзень намерзьліся ногі - грэўся на печы.
    Маці сёньня лепш сябе адчувае: устае, выходзіць на кухню. Піла яйка, але так доўга, хвілін 20, бы гэта цэлы бакал піва. Ужо і не хацела, але ўсё ж дапіла.
    Дастала з шафы свой вузел – “на сьмерць”. Па-мойму, ужо гадоў 20, як прырыхтавала. За гэты час сёе-тое мяняла: туфлі, кофту.
    Пачала даставаць нейкія апраткі, расказвае пра кожную: “Халат добры, але без рукавоў” (на правай руцэ, ад кісьці да локця, у маці была перасаджана скура, яшчэ ў Якуціі: так тады лячылі рожу, і яна саромеецца сваіх голых рук).
    “А гэта Жэня сваёй цешчы халат прывёз. Усё вязе - то адно, то другое”.
    Мацае пальцамі сподачак, знаходзіць шчарбіну - чамусьці яна яе займае.
    Спадзяваўся, што прыедзе Іна з малым, - на зьмену, і я са спакойнай душою выкананага сыноўняга абавязку паеду ў Менск.
    Заўтра паеду.
    Шкада маці. Яна неяк пераб’ецца і сама колькі дзён: ежа нейкая ёсьць. Але адно, калі я згатую гарачае, а другое... Па-мойму, яна толькі тым і трывала, што варыла яйкі, бо распаліць печ, нешта згатаваць ужо не можа. Вунь чайнік, калі поўны, не можа падняць: новы, вялікі, бо меншы спалілі.
    Маці так і не паабедала: то не хацела, то сьпіць. І цяпер, калі ўжо а 11-й гадзіны ночы.
    Зрабіў салат з агуркоў і маладой, з агарода, цыбулі. Дык і прапанаваць не было нагоды - зноў на яе наваліўся сон.
    26. 05. На павароце прытармазіў “козьлік”, і вадзіцель яўна ўзіраўся ў мяне. Даўно ўжо няма ў мяне ў вёсцы знаёмых “козьлікаў”. Неўзабаве вярнуўся. Спыніўся ля “стэлы” з надпісам “Племхоз Завалочыцы”. Уразвалку выйшаў моцны загарэлы мужчына майго ўзросту (ці на гады 3-4 старэйшы, пэнсіянэр, як потым сказаў) з сівой галавой.
    - Мішка?
    Павіталіся за руку.
    - А ты мяне пазнаў?
    - Твар знаёмы, але не пазнаю.
    - Лапотка.
    Шура Лапотка. Вучыўся з Сашкам. Лепш ведае яго, Жэньку. Нейкія паўзабытыя школьныя гісторыі варухнуліся ў памяці. Ён не быў самым выбітным у акрузе, але нешта даходзіла і да нас, крыху маладзейшых. Маці яго жыве ўжо не ў Паляне, а ў Завалочыцах. Два гады ляжыць нерухомая. Сам жыве ў Бабруйску. Працаваў шафёрам на “хуткай”. І цяпер працуе, бо на пэнсію - 1 мільён 800 - не пражывеш.
    Заехаў да нашай маці, спытаў, ці не Мішка быў, так і пазнаў. Мяне больш хвалявала, што робіць маці. З тазікам па двары ішла. Я спадзяваўся, што ляжа адпачываць.
    Добра пасьнедала, выпіла кампот, які я зварыў ёй “у запас”. Потым яшчэ паела селядца. Зноў выпіла чаю з лімонам - паўлімона, які нарэзаў. Адолела санлівасьць, сядзела за сталом, бо я сказаў, што паеду. Нешта спрабавала ўспамінаць, але натыкалася на якое слова, не могучы ўзгадаць.
    Сумнае відовішча! Але ж і мне трэба ехаць. Думаў, што Іна на зьмену прыедзе. Ажно ў яе адпачынак толькі з 1-га. Зноў маці гэтыя дні будзе сядзець на нішчымніцы: піць сырыя яйкі ды спрабаваць варыць тыя ж яйкі. Суп, каша, салат, кампот, селядзец, кілбаса, якія я пакінуў, без гарачага падтрымаюць яе першыя пару дзён. А потым маці ізноў пачне вырабляць, дзівачыць, дзяцініцца.
    Пазваніў Кольку - расстроіўся, што мы, браты, такія: усё цяп-ляп! І Іне пазваніў - падбіў ехаць раней - у суботу. Але для маці і 4 дні шмат. Усё ж пад наглядам яна нейк трывае, нават з твару пасьвятлела, як бы паправілася.
    Баюся, каб не прастыла: учора сабралася, узяла мятлу (сьмяюся: “Як Вашкевічыха, на мятле лётаеце!”), чамусьці вядро і пайшла ў туалет. Па дарозе агледзела ўсё: дрывотню, катух, яйкі забрала... Вярнулася агародам, цягнучы даўгі шост. У лёгкай сукенцы і кабаце - каб не зьмерзнуць, бо вецер! Мусіць, зьмерзла, бо ў хаце апранула “Зосіну” куртку. Калі зьляжа, то хто яе дагледзіць?
    Маці, пачуўшы, што еду, адразу пачала думаць, што даць. Грошы ўнучкам - звычайна перадае па “пяцёрцы”, “дваццатцы”. Стала лічыць і забылася, а я не нагадваў. Яйкі? О, усе забірай! Нанясуць!
    30. 05. Бедная матуля! Іна едзе толькі заўтра. Усё адкладвае. Не сьпяшае да маці. Як бы важкія прычыны: імяніны сына, трэба нешта купіць, едучы на тры тыдні ў вёску, дзе цяпер нічога няма, акрамя градкі цыбулі ды шчаўя, ды яек ад тых шасьці курачак, якія, не зважаючы ні на што, акуратна нясуцца.
    Але ж для маці і дзень цяпер - цэлае жыцьцё! Тое самае, што дзіцяці пабыць ноч аднаму.
    Супакоюся толькі тады, калі буду ведаць, што маці не адна.
    Раней яна і адна неяк спраўлялася, але цяпер у яе “цёмны” пэрыяд, калі яна проста бездапаможная, сама не ведае, што робіць-вырабляе.
    Іна пазваніла, што ўсё-ткі сёньня, па абедзе, едзе ў вёску. Павязе Валодзя (Райкін - прозьвішча вясковага дзецюка, зяця Сашкі, зусім не падобнага на Аркадзя Ісакавіча). Паедзе на ноч і ягоная Ленка. Так што ў бабулі сьвята.
    І ў мяне - я ўжо замучыўся думкамі, як там матуля.
    05. 06. У вёсцы, кажа Коля, раскоша: усё зелянее, павінна быць шмат яблыкаў і інш. І маці трымаецца.
    09. 06. Коля плянуе паездку ў вёску. Нанач - з серады на чацьвер. Пакупацца ў Пцічы. Плян бліскучы. Але як ехаць?..
    Плян паездкі ў вёску сарваўся: у брата нейкі клопат на працы, і дома ў яго рамонт ідзе з размахам! Шкада, бо я ўжо бачыў сябе ў нашай хаце, на сядзібе, каля рэчкі.
    16. 06. В. Грамовіч другі раз: “Што чутно з Завалочыц?”
    Ягоная жонка і сын там, а пытае ў мяне. Чакае, калі хто паедзе, праведае, завязе харчоў. Яно і не кепска было б! Але мне яшчэ ўсё лета езьдзіць і вазіць правіянт - і маці, і дзецям.
    Тут жа і Колю пазваніў з тым жа пытаньнем.
    24. 06. Хмурна, холадна, дождж і дождж. Ураган - над Мазыршчынай. У Завалочыцах паламаў каля двух дзесяткаў дрэў. Каля Навіцкага паклаў ліпу.
    Іна званіла і ліст прыслала. Непакоіцца, хто прыедзе на зьмену.
    Маці 14-га зноў стала кепска. На кепскае надвор’е яна рэагуе адразу. Спадзяюся, што пацяплее, і ёй, можа, крыху палепшае, устане. На большае ўжо няма чаго спадзявацца.
    Сьвечка-агарачак замірае ад подыху скразьняку, не тое што!
    Падышла да стала і ўпала. Ляжыць на канапе. Іна зрабіла стул, каб садзіць на вядро, выбіла дошку. І галава ўжо не трымаецца - завальваецца. Карміла нават з лыжкі. Ноччу часта ўстае - разы тры-чатыры.
    Дай Бог, каб усё адбылося пры нас і па-людзку! Ну, а калі палепшае... Але гэта - нерэальна.
    Паламала галіну ў кісла-салодкай яблыні, адзінай - усе салодкія яблыні даўно згінулі. Толькі дзьве ранэткі добра родзяць. Антонаўкі, хоць і старыя, - хутка пад 50 год, але плодныя.
    26. 06. Пятніца. Усе дні санлівасьць, стома. Жэнька а 7-й гадзіне ранку звоніць - тэлефон (ягоны) трашчыць, замыкае, гаварыць немагчыма: што? як? Кажу: ехаць некаму трэба! Хоць на пару дзён. У яго - працэдуры, у Валодзькі - абмен кватэры (якім займаецца Антон, дый у выхадныя якія могуць быць дакумэнты, калі ўсё зачынена?!)...
    Вось яно, выпрабаваньне на... сыноўнюю любоў, адданасьць, цярплівасьць!..
    Пляменьнік В. Грамовіча Ільлюшка таксама ляжыць. А чаго і што?!
    Чарнобыль?
    Ці ўсё разам.
    Перабудова арганізма - пераломны ўзрост...
    А браты дурацца. Жэнька звоніць – “Што, калі паеду ў нядзелю?” Як бы я - начальнік штаба ў гэтай справе.
    28. 06. Разгараецца новы дзень. Пачынаюцца новыя клопаты.
    Калі Іна ўчора выехала, то маці ўсю ноч, пакуль я весяліўся на выпускным у ліцэі, была адна: ні ўстаць, ні сесьці на вядро...
    Сёньня паеду на Камароўку, каб нешта купіць з харчоў. Магчыма, заўтра паедзем з дзецьмі ў вёску. Коля абяцаў падвезьці.
    Якія суткі там пабудзе Жэня.
    Інка адбыла вахту, Жэнька пабудзе, пакуль мы паедзем у аўторак.
    Распавядала доўга пра тое, як ідзе агонія: бабулька зусім ніякая. Апісваць няма патрэбы - суцэльная фізіялёгія.
    Але пазнае, хто і што. Ведае пра сёе-тое з навінаў: чорная курыца пад яблыняй выседжвае куранят і г.д.
    Амаль не есьць.
    У вёсцы кажуць, што бура нарабіла бяды, бо... вешаецца шмат: Высеўка, нядаўна - 31-гадовы сын Колі Ш.
    Памёр Шаболда Вася.
    У хаце завяліся кажаны. Адкуль і як? Андрэй Бабіч кажа, што гэта - кепска. Але што азначае - адмаўляецца казаць. Што маці дагарае - мы і самі бачым. Аднак жа бяда не ходзіць адна...
    29. 06. Дождж. У вёсцы ўсё падмачыла, кажа Іна. Гародчык - не зайсьці.
    Жэнька кінуўся касіць траву, якая перастаялася. Наогул, заняўся гаспадаркай, а трэба было памагчы сястры падняць маці, пераапрануць, памяняць прасьціну... (Каця яго апраўдвае - не мужчынская справа!)
    Уяўляю, што будзе заўтра, калі мы над’едзем. Як мае дзеці справяцца з задачай? Усё ж 16-18 год яшчэ далёкія ад жорсткай рэальнасьці, дзе хваробы, старасьць, нямогласьць... Затое ўсё будуць ведаць!
    Ну, гэта як глянуць. Жыцьцё і без таго будзе падносіць сюрпрыз за сюрпрызам. Добра, калі так, як у мяне, што ад сьмерці бабулі Ефрасіньні і да сьмерці цёткі Ані жыў 20 (!) год, не ведаючы, па сутнасьці, сапраўднай бяды. Калі што здаралася, то кранала мімаходзь, ускосна.
    Сваімі дзеткамі я ганаруся, бо яны ведаюць шмат такога, чаго старанна ўнікаюць, скажам, іншыя. Любяць вёску, бачачы ў ёй не бытавыя клопаты, а - прастор, волю, хараство беларускай прыроды, прастату людзкіх дачыненьняў. Спадзяюся, што яны найперш будуць людзьмі. Дай толькі Бог ім удачы!
    Аня накінулася, што вязу дзяцей у вёску. Усё так. Чаму яны, а не нявесткі, браты, унукі, якіх шмат? І чаму я бяру на сябе забагата адказнасьці? Што не ведаюць сапраўднага адпачынку! Іншыя ходзяць па дыскатэках!..
    Мусіць, яна мае рацыю і ведае, што гаворыць.
    30. 06. Аўторак. А 5-й гадзіне. Калі сур’ёзна, то куды я сваіх дзяцей выпраўляю?! Рабіць тое, што і звыкламу да ўсяго даросламу чалавеку рабіць цяжка. “Мой дядя самых честных правил, когда не в шутку занемог...”
    А, скажам, нявестка здзіўлена пытае: “Дык што, і мне трэба будзе пад’ехаць?!.” Яшчэ ж ёсьць...
    Выпрабаваньне ад Госпада Бога!
    Маці яшчэ пару тыдняў назад камандавала. Сусед хацеў скасіць траву, пакуль маладая, то забараніла: “Няхай падрасьце!” Падрасла, а ён ужо не хоча касіць: перастаялася! Зімой гэта раньняе сена мышы точаць, і карова не хоча есьці?!. Каса на камень!
    Як быць? як пражыць гэтае лета, якое нічога добрага не абяцае? як жыць, калі ўсё валіцца з рук? І няма нідзе прытулку! І няма роднай душы! Дзеці, унук - іншае, як за рысай часу: сваё жыцьцё, у якім ты ці фон, ці дэкарацыя, ці сонца за хмарамі.
    А маці... маці ўжо ў іншасьвеце - думкамі, пачуцьцямі!
    01. 07. Завалочыцы. Серада. У маці інсульт - сказаў Малышаў (паклікаў яго). Паглядзеў: левая рука, як плётка, вялая.
    Сьпіць. 3 лыжачкі, калі муляе вуснамі, даю кампот з маліны - ураджайны год. Лыжак пяць, няпоўных, чайных, і яна супакойваецца.
    Думаў сёньня ехаць. Але дзеці не справяцца - учора пераапраналі ў сухое, перасьцілалі прасьціны, пампэрсы малыя - сшылі два. Скура ды косьці, але ўсё роўна цяжкая. І галаву трэба падтрымліваць. Пампэрсы ёй спадабаліся - гігіенічна.
    Была ўся мокрая - Жэнька калупаўся ў агародзе, дзе стаіць балота ад дажджоў, не ўсім жа быць патранажнай сястрой.
    Зося ўсё ўспрымае прасьцей, а Каця панікуе. Радыя, што я застаўся. Колькі працягнецца гэтая агонія, тое невядома.
    Маці ці пазнала нас. Мову адняло. Толькі галавой кіўне: не! А “так” цяжка сьцяміць.
    Ехаў, спадзеючыся на інфармацыю сястры, і меркаваў, што пабуду пару дзён, таму ехаў не сабраўшыся. Ні паперы, ні асадкі, ні кніг. У Зосі выпрасіў лісткі і асадку.
    Знайшоў І. Новікава “Пушкін у Міхайлаўскім” - да маёй брашуры. Абы час запоўніць між візытамі да маці.
    Жэнька нейкі стаў несамавіты: не скажа толкам, што і як, хутчэй сеў у машыну, каб ехаць. Даў дзецям (сядзелкі!) сто тысяч. Колька - па сто тысяч.
    Кажу малым, што ўсё з маці, як з дзецьмі, таму не трэба палохацца. Проста трэба шкадаваць бабулю.
    Усё набрыняла вадою, але ўсё роўна лье. Учора - яшчэ хмара.
    Зграя варон позна ўвечары ўсё матлялася ад шашы да сажалкі - разоў дзесяць. Акурат над нашай сялібаю.
    Трапіўся 89-ы Псальм: пра ўзрост, сьмерць, Божае наканаваньне.
    Ноччу штогадзіны прачынаўся, слухаў цяжкое дыханьне маці, падыходзіў... Маліўся.
    Пазваніў Колю, каб былі гатовыя да ўсяго. Ну, і розныя даручэньні.
    У вёсцы добра. Адно што не стае “кола стасункаў”. Гутаркі ідыятычныя. Аднак людзі неяк жывуць.
    У Менску пасьля тэлезванка перапалох - ажно Коля даў аўто і прыехалі Грамовічы.
    Перасьцялілі пасьцель, памянялі пампэрсы. Маці ў самазабыцьці, і не рэагуе на ўсе нашы захады.
    Не перашкаджайце чалавеку паміраць, не трасіце яго: сьмерць патрабуе да сябе павагі.
    На лаўцы суседка, б. Надзя. Чыста вясковы тыпаж. Апавядае - ад вайны і да сёньня. Як спалілі 60 чалавек. Як ратавала таго, каму стала раптам кепска.
    Гаворка з суседзкім Генкам - ён ёй: “Цяперашнія людзі не вартыя таго, каб жыць на зямлі”.
    Народная мараль, укладзеная ў некалькі выслоўяў.
    Але ж і лішне цікаўнасьці, калі выпытвае пра маці. Праз усё - адно: яна ўсё ж яшчэ пажыве!
    Сядзяць з б. Клавай (даўно не бачыў) на лаўцы. О, як хацелі б яны зайсьці ў хату і паглядзець на маці, якая не тое, што нікога не пазнае, але наогул ці ўсьведамляе што. Хоць цела жыве, не хоча паміраць, цяжка дыхае, ротам раптам пачынае як бы жаваць - я ўспрымаю гэта як смагу, даю з лыжачкі салодкі чай, кампот, але гэта ўжо...
    У Пушкіна “Прызнаньне” - мая сытуацыя, у якой пабываў два гады назад: “Я вас люблю, хоть я бешусь...”
    Паспрабаваў перакласьці - не атрымліваецца: усё трэба зьмяняць карэнным чынам.
    Коласаўскае ў Пушкіна: прырода, воля... Каханьне толькі ў асобных пунктах судакрананьня.
    Аляксандр Пушкін: “Я стаміўся залежаць ад добрага ці кепскага страваваньня таго ці другога начальніка...”
    А ўвогуле тое, што цяпер, - жахлівае: чаканьне, калі ўсё скончыцца! Мальба маўклівая, у сабе, каб нарэшце абарваліся пакуты матулі, ад якой так мала засталося.
    Зьмены пачаліся недзе зімою - з кожным прыездам яна ўсё траціла сябе самую, тую, з якой заўжды было цікава.
    Жэнька, па сутнасьці, баіцца такой маці: хворай, кволай! Сталі гаварыць (Грамовіч, Іна, Сяргей, я), і я, здаецца, лішне дэманстраваў сваю чэрствасьць і рацыяналізм. Хоць я сапраўды цьвяроза гляджу на прыродны працэс, а перажываць буду пазьней, калі не будзе маці і настане пустка, - апошняе, што засталося, гэта маці.
    Потым мая “цьвярозасьць” патрэбна дзецям: яны ўсё інакш успрымаюць, упершыню, па сутнасьці, бачаць агонію.
    Гэта ад маці. Некалі яна мяне вярнула ў сьвет, калі я дужа тужыў па бабулі. Яна з лясёнкай, я з касой ішлі ў Кіі надкасіць травы карове, і яна сказала простае: “Бабуля аджыла сваё!” Можа, дзейнічаў не сэнс, а словы ў адказ на маю скруху, сказаныя спакойна, цьвяроза.
    А бацькава - тое, што ўразіла: “Маці-старушка памерла!” Бабулі было - 76. Маці - 84.
    04. 07. Менск. Усё скончылася. Беднай нашай матулі няма.
    Дык вось, я застаўся. Маці шкада, дзяцей шкада. І ўсё ішло да канца.
    Калі ў аўторак была яшчэ малюсенькая надзея, што прырода і на гэты раз адолее немач, то ў сераду ўжо відно было, што засталося нядоўга. Прыехаўшы, казаў маці, хто перад ёю (“Міша, Каця, Зося прыехалі!”), і ў яе вачах мільганула як бы нешта сэнсоўнае, спроба сьцяміць, хто і што, але рэакцыя была такая, што я зразумеў: ёй цяжка ўспамінаць і намаганьне даецца не проста. Быў яшчэ міг, калі яна неяк адрэагавала на маю прапанову даць ёй кампоту: здавалася, што ёй захацелася яго. Але ўжо ў наступны міг яна зноўку забылася. Потым на мае розныя прапановы і пытаньні яна рэагавала вельмі няпэўна: яна была ўжо ў іншасьвеце, павернутая да апошняй дзеі свайго жыцьця. Арганізм яшчэ жыў, канвульсіраваў, а сьвядомасьць была затуманеная. І ўжо я прасіў Госпада Бога, каб ён не мучыў яе і нас, даў ёй лёгкую і хуткую сьмерць.
    Быў парыў легчы спаць у вэрандзе, але сьцяміў, што нельга пакідаць маці на адну Іну. І дзецям лепш, што я побач.
    Спаў на ложку, дзе заўсёды спала маці. Лёг недзе каля 11-й гадзіны вечара і адразу праваліўся ў сон. Прачнуўся недзе каля 3-х ночы: маці, як і ўвесь той час, што я быў, цяжка дыхала, і яе дыханьне было больш падобным на ўсхліп. А 3-й гадзіне гэта рытмічнае дыханьне рэзка абарвалася, і чулася ўжо суцэльнае і жахлівае хрыпеньне: жыцьцё пакідала яе. Так цягнулася 1 гадзіну і 20 хвілін, а 4-й гадзіне 20 хвілін (гадзіньнік у мяне крыху спазьняўся - на хвілін 3-4, значыць, было 4.23) раптам наступіла цішыня. Я пачуў, як дух пакідае яе. З роту пайшла пена. Устаў, падышоў: “Мама! Мама!” Выцер двойчы пену з вуснаў. Падышоў да печы, дзе спала сястра: “Мусіць, усё ўжо!” Паглядзеў зрэнку левага вока - ніякай рэакцыі (яе не было і вечарам, калі ўключыў знарок сьвятло, каб паглядзець, ці рэагуе). Закрыў павекі (потым левае вока крыху “падглядвала” - Кацечка дала медную нямецкую капейку - 2 пфенінгі, расплюшчаныя ў аўтамаце ў Эліпсоід — на памяць пра горы), і я паклаў нанач на вока - якраз падышло, лепш, чым мядзяк, і вока павольна зачынілася.
    Зося, калі зайшоў, каб сказаць, што ўсё ўжо скончылася і бабулі няма, сказала: “Я ведаю”.
    Дзяцей я падрыхтоўваў: “Ад бабулі так мала засталося...” I Іна згадала просьбу маці: “Сільна па мне не плачце!” Зося больш у сабе перажывала, пабялела, а ў Каці вочы былі мокрыя ад сьлёз: шкада бабулі! Я казаў, што ёй цяпер добра, лёгка. Яна сярод сваіх, усіх бачыць, і ёй рады...
    Пераслалі з Інай ложак. Іна паклікала Тамару - яна абмыла маці. А я пайшоў званіць Колю - было а палове 6-й.
    Пакуль Тамара з Інай апраналі маці, хадзіў па двары.
    Затым паклалі маці на канапу і паставілі сярод пакоя. Як і бацьку амаль 14 год таму.
    Пакуль быў час - рашылі клікаць Тамару а 6-й гадзіне - выносіў з пакоя ў вэранду ўсё лішняе.
    Сядзелі каля маці - яна штогадзіны зьмянялася. Выглядала добра ў падвязанай хустцы - як да беспрытомнасьці. Потым пачала пухнуць верхняя губа - Тамара праткнула яе іголкай, паклала на лоб і рот скарынку хлеба - яго мама любіла больш, чым што (ехалі ў ссылку без хлеба!), і памагло - яна і ў труне выглядала акурат на свае гады.
    Тады, калі з дзецьмі апраналі яе, мянялі пасьцель, то ўбачыў яе рукі - такія знаёмыя і родныя: яна даўнавата не насіла нічога кароткага. Матчыны рукі!
    Паход да ўрача Малышава - па даведку. “Што напішам на пытаньне: “Прычына сьмерці”? Старасьць?..” Я кіўнуў галавой. У галаве потым было даўняе - словы паэта Васіля Віткі: “Ад чаго памёр?” – “Ад жыцьця”. У сельсавет - выпісалі пасьведчаньне аб сьмерці: 02. 07. 1998 года.
    Хадзілі з Зосяй і Валодзечкам.
    Бачыў Шрэйтара, Славіка: “Усё! Бабуля пайшла на Запольле!” (так у нас кажуць пра клады).
    Імжыў дождж. Удзень было цяпло. А вечарам узьняўся халодны вецер.
    05. 07. Нядзеля. Баюся за Зосечку - была белая, стомленая. Скардзілася, што рана (а 8-й гадзіне) паднялі (каб ісьці “будзіць” бабулю).
    Кацечка таксама ўся такая нэрвовая, напятая.
    А прачнуўся - першая думка, што маці няма!
    Ц. Нюра пытае, ці сьнілася. Аджартаваўся: “Нас шасьцёра - не ведала, да каго ў сон ісьці!”
    Калі стаяў каля канапы і глядзеў, як пакідала жыцьцё яе маленькае, худзенькае цела, тройчы перажагнаўся. (У Менску схадзіў у царкву, паставіў сьвечку за супакой душы рабы Божай Кацярыны, паслухаў сьпевы, падаў на царкву, жабракам...)
    Было ўжо даволі сьветла ў хаце.
    І наогул маці ўсё сплянавала як можна лепш: памерла ў час, калі мы з Інай і дзецьмі маглі ўсё падрыхтаваць, абдумаць, каб абзваніць братоў, пакуль яны дома і г.д. І надвор'е было такое, што нагадвала: у сьвеце нешта здарылася! Вецер па абедзе, калі амаль усе прыехалі. І раніцай. А калі несьлі ў канец вёскі, везьлі на катафалку, выглянула сонца, вецер аціх...
    І пакрывала ў царкве яна купіла - папрасіла кагосьці. Адно хіба толькі “прахадной” - як называюць у вёсцы папяровую стужку з апосталамі на лоб - не было. Колька езьдзіў у райсабес і па сьвятара, то купіў у царкве. Папа не было – на 2 тыдні зьехаў у Магілёў. Другі поп - або ў Бабруйску, або ў Старых Дарогах.
    Нават і грошы - сваю долю - былі: 2,5 мільёны дапамогі, 1 мільён у шуфлядзе зімой мы з Колем паклалі (яе пэнсію). Некаторыя давалі: Наташа, жонка Вовы Патапава, вясковыя жанчыны (некаторыя)... Яшчэ раней, летась, Гена Браніцкі і Жэля ахвяравалі маці 2 мільёны. Усе хаўтуры каштавалі - так Жанна налічыла - 15 м., па 1 м. 700 т. На душу.
    Пасьля бацькі яна, па сутнасьці, ужо рыхтавалася да сьмерці: многім, і шмат разоў, нагадвала, дзе і што ляжыць, што трэба рабіць.
    Баялася, што труна будзе нягеглая. Пераканалі, што купім прыгожую. З Менску прывязём. Прывезьлі.
    Сьвечак нарыхтавала з паўсотні. Казалі (Тамара, дз. Андрэй), што неабавязкова, каб увесь час гарэла сьвечка, але мянялі ўвесь час.
    Дзеці спачатку пабойваліся падысьці: бабуля яшчэ ляжала на канапе (без сьпінкі). Але пераканаліся, што ўсё - натуральна. Прырода бярэ сваё, а працэдура, цырымонія займае і адцягвае ўвагу ад уласных перажываньняў.
    Прыехалі браты і амаль уся радня: унукі, некаторыя праўнукі (Сашка, Сьвета).
    Усе пытаньні разблытваліся паступова: магільшчыкі, катафалк, і інш.
    Пад'ехалі ц. Люба, Вова, ягоная Наташа, Марыя (Жэнева), Галя Адамовіч. Ц. Люба з кійком, але сама дайшла і ў хату, і да машыны. Пасядзелі каля труны.
    Цётка Люба расказвала (пасьля гутаркі пра мэмуары ц. Зіны) нейкія эпізоды з мінулага. Пра мяне, як я, малы, апранаў шкарпэткі: як ні мяняю ногі, а ўсе шкарпэткі аказваліся на адной назе.
    Ад яе і Адамовічаў павеяла нечым былым, страчаным - узгадваліся ц. Аня, дз. Антон, ц. Соня, бабуля, Глуша, Якуція.
    Браты, кожны быў у сваёй ролі.
    Жэнька даўно не бачыў сваіх аднагодкаў - іншага цяжка пазнаць: Шуру Грыпінскага, Колю Цыгана... Спаў на ложку ў вэрандзе, ляжаў, раскінуўшыся, як зьняты з крыжа.
    Сашка паўтараў свае хохмачкі, таксама спаў у вэрандзе.
    Валодзька з кожным з вёскі адразу рабіўся сябрам, плакаў.
    Колька перажываў.
    Кожны стараўся, не адмаўляўся, калі нешта трэба было зрабіць. Усё, што адбывалася, успрымалася як карнавальная містэрыя, і мы - у цэнтры. Маці дала нам апошнюю магчымасьць пабыць героямі дня. Месца добрае: жоўценькі пясочак, мох, ігліца, сосны... Бацька дачакаўся нарэшце.
    Усе зямныя справы завершаны. Унукі пацешыліся каля бабулі. А ўжо і праўнукі прыхапілі краёчак яе ласкі і ўвагі.
    Увесь час жылі думкай пра маці. Не ўсе. Але што ж... Як паехаць, праведаць, што прывесьці... Цяпер палавіна клопату адпадае.
    Будзем прыяжджаць, але ўсё гэта ўжо не тое.
    Коля Байбарацкі выйшаў з хаты з Тоняй, жонкай, крыху прайшоў з усімі. Бацькоў яго даўно няма, а ён стала бывае ў Завалочыцах. Маці - паўсюль, побач, блізка яшчэ пакуль.
    Прыгожа, складна сказала - памалілася б. Надзя. Як адкрылася. Была няшчаснай, крыклівай цёткай, а выявілася нешта такое, чаго ніхто не ўмее. Слова яе - сумесь царкоўных малітваў з народна-беларускім галашэньнем. Шкада, што нельга было запісваць, бо гэта - непаўторна.
    Правёў яе, балазе, праз дарогу, брамка насупраць. Дарогаю лаяла б. Клаву, што не прыйшла: “Якая яна веруючая!”
    Амаль словамі нашай мамы: “В церковь ходит, а всех обсуждает!”
    За стол не села. Вечарам занесьлі ёй бутэльку і закуску.
    Была з б. Клавай.
    Маці на нейкі час стала “притчей во языцех”.
    Мы, здаецца, не далі асаблівых падстаў для асуджэньня. І сьлёзы былі, хоць і скупыя, і стрыманае рыданьне, і спазмы ў горле, і голас кволіўся... У мяне вочы былі сухія, як і ў маці, калі яна рабілася строгаю, як чалавек, які гэтулькі ўсяго зьведаў, што ўжо ў нечым цьвёрда пераканаўся. Толькі часам хацелася расплакацца наўзрыд, але стрымліваў сябе.
    Санлівасьць. Двойчы засынаў, вярнуўшыся з царквы. Дзіўнае адчуваньне: дзе я?! У сьвядомасьці, у кожнай клетачцы іншае. У вачах малюнак, які лепш было б не бачыць. Але ў мяне амаль прынцып. усё бачыць сваімі вачыма.
    Маці на канапе. Варушыцца не можа. Толькі мыляе вуснамі, часам прыадплюшчваюцца вочы, і правая рука варушыцца, трымаючы за канец пампэрс, сшыты з двух (калі з Інай мянялі, то не адпускала, так моцна ўчапілася: ёй наша прыдумка - тады ў продажы зьявіліся дзіцячыя пампэрсы - спадабалася, хоць яна ўжо гэта адчувала больш інстынктыўна, чым разумова). Галава на падушцы схілена да сьпінкі канапы, ногі сагнутыя ў каленях, як бы падцягнуты да сябе, схіленыя таксама да сьпінкі, - поза, калі суцішваецца боль. Ногі - суцэльная косьць, абцягнутая скурай: ці дзіва, што за зіму разы тры адказвалі служыць. А здаецца пры нас, калі наяжджалі (за зіму і вясну колькі разоў я быў?), ела з апэтытам, нават сквапна, выбіраючы што-небудзь нязвыклае: селядзец, лімоны, апэльсіны... Калі падасі чай, то ажно застогне: “Хорошо-о-о!”
    Мы блукалі па сядзібе, з хаты ў вэранду, у варыўню ці хлеў, гатавалі ежу, абедалі, вячэралі, хадзілі на вёску - дзеці мяне выцягнулі, каб вартаваў іх паход, а маці... Зойдзеш, зірнеш, што рабіць, не ведаеш. Калі сам урач паглядзеў і нічога не параіў, акрамя таго, што трэба чакаць...
    Калі паміраў бацька, я быў з маці, і тады ўсё было ўпершыню. Не мітусіліся, усё спакойна, нават будзённа неяк успрымалася. А галоўнае ўсё-ткі - разуменьне: маці адпакутавала, тое, да чаго столькі рыхтавалася, пра што гэтулькі было гаворак, адбылося, і адбылося амаль па яе “сцэнарыю”. Не было ні ляманту, ні панікі - проста зафіксавалі падзею.
    Адчуваньне, разуменьне, што падведзена рыса пад цэлай эпохай жыцьця, усё ж няма, і я блукаю недзе побач, як каля выхаду з лесу. Адпадае цэлы шэраг абавязкаў, якія займалі вялікую частку жыцьця. Цяпер мы - адны. Перайшлі ў іншую катэгорыю. Ужо не дзеці сваёй маці, хоць і старэнькай.
    Калі несьлі маці праз усю вёску - у канец, то ярка, па-летняму, апошні раз сьвяціла і грэла сонца, суправаджаючы яе ў апошні шлях. Потым труну паставілі на дыван, а пад ім яловыя лапкі. Маці не было відно, толькі нос, крыху лоб, закрыты папяровай стужкай (“прахадной”). Ля кабіны стаялі дзеці - Валодзька і Сашка. Затым села Іна. Ішлі побач - браты, потым засталіся я і Коля. Шлях, па якім маці даўнавата не хадзіла, адно што вазілі на аўто.
    Мы яшчэ, пэўна, не раз пройдземся па ім - на магілу, апошняе прыстанішча. Ішлі з адчуваньнем споўненага сыноўняга абавязку: усё, ці амаль усё, мы зрабілі! Усё па-людзку. Не горш, як у людзей. Ніхто не абгаворыць - абгаворы ў вёсцы частыя, і маці пра гэта ведала: “Если бы я все принимала к сердцу, то как бы я и жила на белом свете!”
    Што ў маці - матчына? Што яна ўсіх нас, такіх падобных і розных, прымала, якія мы ёсьць на самай справе. Шкадавала ўсіх. Больш таго, хто радзей бываў, таго як знарок вылучала. Скажам, Сашку, які бываў у вёсцы раз ці два на год. Мы, і я, так ужо не зможам - усіх любіць аднолькава.
    07. 07. Аўторак. Усё на маіх вачах - заміраньне жыцьця, дагараньне сьвечкі. А дзе душа? У чым яна выяўляла сябе? Чаму так цяжка пакідала цела? І што такое для Бога “цяжка”, а што “лёгка”? Аслабеў розум, памутнеў позірк, апусьцела аблічча...
    Маці і бацька, як два полюсы: бацька сканаў, калі быў самы кароткі дзень, маці - калі самая кароткая ноч. А мы ўсе - паміж імі. Акружаныя імі. Пачынаем ад іх і заканчваем каля іх. Тады быў суровы мароз з ветрам, цяпер - гарачае сонца і люты вецер (які на час пахаваньня аціх).
    Я таксама, як і маці, накажу, каб моцна па мне не плакалі. Як у Эвангельлі: “Не плачце па мне! Плачце па сабе і па сваіх дзецях!” Таму што такі сьвет. Гэта доля кожнага. Вечных няма. Але, мусіць, галоўнае: пайсьці годна, з поўным усьведамленьнем сваёй “чалавечай сытуацыі”. Трэба вучыцца не толькі жыць, але і... паміраць.
    08. 07. Серада. Чытаў пра новы мэтад умяшаньня ў працу мозга і ўспомніў сон. Але невыразна, толькі ягоны сэнс.
    Быццам маці, асвойтаўшыся “там”, паведамляе, што нічога такога, у што мы хочам верыць, “там” няма. Нічога няма!
    Праўда, тое, што маці паведамляе навіну “з таго сьвету”, даказвае якраз, што сувязь жывых і мёртвых існуе і што нешта ўсё ж ёсьць.
    (У сьне) Маці маленькая. Як у нейкай цэнтрыфузе. Але ў поўным розуме. Як летась. Да ўсяго, што пачалося з восені.
    09. 07. Чацьвер. Роўна тыдзень, як не стала мамы.
    Думаю пра.. жыцьцё і сьмерць. Што гэта такое?
    І адчыняю Першае Пасланьне Паўлы да Карынцянаў (р. 15), дзе квінтэсэнцыя хрысьціянскага погляду на сьмерць і ўваскрэсеньне.
    “У Хрысьце ўсе ажывуць...
    ... і кожны ў сваім парадку...
    ...апошні вораг зьнішчыцца - смерць...
    ...я штодня паміраю...
    ... дык будзем піць і есьці, бо заўтра памрэм...
    ...не ашуквайце сябе...”
    І яшчэ: “... што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ...”
    Пра цялеснае - інакшае ў рыб, птушак, сонца, зорак (“бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе”).
    “Гэтак і ўваскрэсеньне з мёртвых: сеецца на тленьне, устае ў нятленнасьці; сеецца ў паніжэньні, устае ў славе; сеецца ў бясьсільлі, устае ў сіле; сеецца цела душэўнае, устае цела духоўнае”.
    “... тленнасьць не насьледуе нятленнасьці...”
    “...не ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся - зьнячэўку, у імгненьне вока, пры апошняй трубе...”
    “Сьмерць! дзе тваё джала? Пекла! дзе твая перамога?”
    Да мамы гэта кладзецца адно да аднаго, хоць павышаная танальнасьць і не адпавядае моманту скрухі па маме, бо мала суцяшае тое, што будзе, яно супакойвае, але горыч застаецца ўсё роўна. Таго, што было, не будзе. Будзе нешта іншае: нятленнае, нябеснае, духоўнае!
    Чаму мы не даражым кожным імгненьнем зямнога жыцьця, лёгка праглынаем хвіліны, гадзіны, дні, тыдні, гады, цэлыя дзесяцігодзьдзі?!
    Самае галоўнае - тое, што мы разам, тут і цяпер. Колькі імгненьняў, эпізодаў, якія я хацеў бы перажыць яшчэ і яшчэ раз! Гэта, як кіно, якое падабаецца, хочацца глядзець зноў і зноў.
    Важна было тое, што ведаеш: маці ёсьць! Вось яна - у хаце, за сталом, у ложку, на лавачцы, у двары, на агародзе! Жывая, цікаўная, вострая на слова, чулая на ўвагу, заклапочаная, задуменная, вясёлая!...
    Маці няма, і яна з намі, пакуль мы ёсьць. Яна годна прыняла свой скон як непазьбежнасьць. Рыхтавалася да сьмерці. Ведала, што пойдзе, а мы застанемся. Разьвіталася з усімі. Думала пра тых, каго ўжо няма. Помніла кожнага - у адрозьненьне ад нас, захопленых плыньню жыцьця. Бачыла месца, дзе будзе пахавана, і думала пра гэта. Не баялася адкрыта гаварыць пра сьмерць, і як бы звыклася з ёю. Знаходзіла падтрымку ў гэтым у сваіх сябровак. Яе аптымізм не быў легкадумным, калі чалавек цешыць сябе нейкімі фантазіямі. Менавіта гэтай меркай вымярала ўсё, што адбывалася ў штодзённым жыцьці, а таму востра ўспрымала дабро і зло, праўду і справядлівасьць. Сам працэс паміраньня доўжыцца на працягу ўсяго чалавечага існаваньня: дзяцінства, якое не ведае, што такое сьмерць, падлеткавы ўзрост, калі малады чалавек аглавушаны думкай пра тое, што людзі паміраюць і што ён таксама памрэ, як усе, юнацтва, калі ён бярэ ўсё ад жыцьця і пачынае радыкальна карэктыраваць свой жыцьцёвы плян, сталасьць, калі ён сьвядома прымае факт існаваньня індывідуальнай сьмерці і рыхтуецца да таго, каб сустрэць яе годна, адкінуўшы ад сябе страх і трапятаньне. Сьвет рухаецца далей і далей, а я, чалавек, астаюся на гэтым месцы, тут і цяпер. Нам, жывым, трэба думаць пра тое, як жыць без маці, пра захаваньне памяці аб ёй і сьлядоў яе прысутнасьці на гэтым сьвеце, а таксама пра тое, як жыць у іншым вымярэньні, дзе няма мамы, і дзе мусіш жыць, цярпець, трываць...
    03. 08. Пад ранак сьнілася, што я босы, хаджу сярод абутых, а яны ўсе ў юхтовых ботах. І. Шамякін, як баярын, у багатым прыкідзе і хромавіках...
    14. 08. Бацькаў дзёньнік 1975-1977 гадоў. Запісы: “Насьціл палоў (падлогі), Загатоўка карытаў”. І г.д. З датамі і прозьвішчамі кампаньёнаў.
    Або надвор’е - штодня: сьнег, мароз, дождж, пагода. Або ацёл каровы. Здача малака.
    05. 09. Памерла ц. Ліна. Учора, а 3-й гадзіны дня. Адпакутавала. Апошнія год-два зусім не ўставала.
    Ці дайшоў мой ліст, дзе я паведамляў пра маці, пасланы адразу ж пасьля хаўтураў?
    Сон у руку. Маці, праўда, назвала імя ц. Ліны апошняй з трох, хто вось-вось памрэ.
    Другая - ... Жах! Што я пішу?!
    Першая - нейкая... Вера Міхайлаўна!
    (Мелася на ўвазе ц. Зіна (яе маці назвала), і - праз год - ц. Нюра (маці назвала чамусьці: Вера Міхайлаўна).
    07. 09. А Саша Адамовіч, і наогул - сам зусім хворы, ехаў, каб узьняць дух ц. Ліны. Яго амаль 5 год як няма. Вось ужо і ц. Ліна стамілася жыць!
    05. 10. Маці некалі палохалася малпы - лялькі з ваты амаль у натуральную велічыню (купіў, калі малым было гадкоў 5 і 3 - адпаведна).
    Цяпер Каця палохаецца: прачнулася, а на месцы Зосі ляжыць малпа Разаліна і глядзіць на яе бліскучымі гузікамі, падклаўшы пад галаву лапу.
    29. 05. 1999. Валодзьку 10 год. З Інай пра радавод. Зачытала запіс са слоў ц. Ані - незадоўга, можа, за тыдні тры да яе скону (паўтор таго, што расказваў дз. Антон). Яшчэ пра маці бабулі Фросі, нашай прабабулі. Ц. Аня помніць бочкі (!) з макам на продаж. І як бабуля мяшала мак з мёдам, а дзеці сядзелі за сталом і зьлізвалі. Бабуля сварылася, а яе маці (наша прабабка) заступалася. Дажыла да 90 гадоў. Перад сьмерцю памылася. Кажуць: сёньня ж не субота, чаму мыесься? Апранулася ва ўсё чыстае, легла і сканала. Абмывалі тады ў вадзе з настоямі траў, вельмі пахучых.
    Мяркуе, што і мы пражывём да 90! Калі, дадаю, не будзем піць (Сашка другі тыдзень адзначае свой юбілей).
    30. 05. Ц. Люба атрымала ліст Каці і Зосі - звоніць. Роўны, спакойны, усьмешлівы, як у дз. Антона, у бабулі Фросі, голас.
    У дзеда Мітрафана была сястра ў Забалаці. Не сябравалі. Калі раскулачылі, сказала: вось калі я па бацькаўшчыне пагуляю! Г. зн. па ягонай (і прадзеда Хамы) сядзібе.
    Чаму Хама, таму што помніць імя па бацьку: Мітрафан Фаміч.
    05.07. У сьне маці паскардзілася, што з падушкі лезе пер’е. Агледзелі разам: шоў распоўзься. Пачаў запіхваць пер’е і пух у шчыліны, а потым узяў з рук маці іголку з ніткай і стаў зашываць.
    Калі мець на ўвазе сямейную сытуацыю і стан хаты і сядзібы, то разгадаць сон не цяжка. Угодкі адзначалі так - мы з Колем прыехалі, адзначылі з суседзямі і паехалі, пасьля нас - прыехалі Жэнька, Сашка, Валодзька.
    Дай Бог, каб мы не “рассыпаліся”, а навалачка не “распаўзлася”
                                                                        ДАДАТАК
    Гісторыя Тычыніяны з часам узбагачалася новымі падзеямі і знаходкамі. Поле пошуку каранёў роду памалу пашыралася.
    Ці меў якое-небудзь дачыненьне да радавога дрэва Хамы і Мітрафана Тычынаў казачнік Тычына, аўтар унікальных па сваёй форме казак “Цыган” і “Цыган-музыка”? Прамое - доказаў няма. Ускоснае - несумненна. Ад яго віртуознага валоданьня беларускім словам у яго слуцкім варыянце, натуральнай прагі апавядаць складна, выкарыстоўваючы паэтычныя магчымасьці рыфмы і рытму, свабоды карнавальнага мысьленьня і неўтаймоўнай фантазіі, нязьменных гумару і іроніі прамая генная сувязь з мастацкім геніем Паўла Рыгоравіча Тычыны. На жаль. вялікі фальклярыст Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі, згадваючы казачніка Тычыну з вёскі Пешчанка Слуцкага раёна, не назваў яго імя і імя па бацьку, лічачы, магчыма, яго выдатным апавядальнікам казак, прыдуманых кімсьці іншым, як звычайна ў фальклёры, невядомым аўтарам.
    Дасьледчык беларускага фальклёру У. К. Касько прапанаваў сваё глыбокае прачытаньне казак, запісаных ад селяніна Тычыны.
    “У зборніку А. Сержпутоўскага, - адзначае ён у артыкуле “Казкі і казачнікі Беларускага Палесься”, - есьць шмат вершаваных казак, якія вылучаюцца сваёй паэтычнасьцю, мяккім лірызмам, гумарам, умелым ужываньнем мэтафары, параўнаньняў, антытэзы. Два такія творы запісаў Аляксандар Казімеравіч ад жыхара вёскі Пешчанка Слуцкага павета Тычыны. У казцы “Цыган” падкрэсьліваецца галоўная рыса характару гэтых вясёлых, знаходлівых людзей - імкненьне да свабоды, нежаданьне абмяжоўваць яе клопатамі пра гаспадарку, працай. Нават любоў да прыгажуні вядзьмаркі, багацьце, якое звалілася на яго галаву, не могуць прымусіць бедняка цыгана жыць па-іншаму. Не прымае ён і прапанову чорта пакасіць да поту і за тое атрымаць параду, як жыць на сьвеце. Цыган кідае мяшок з грашыма і ўцякае, “каб нікому не служыць да без дзела век пражыць”.
    Душой казкі выступае паэтыка. Яна пранізвае кароткія дыялёгі, звароты, дзеяньні герояў, садзейнічае абмалёўцы характараў людзей. Да кожнага чалавека цыган мае свой падыход: “Куды не прыйдзе цыган, та й просіць: дай мне, матулька, кусочак сала, каб табе жытка лепшая стала”. Сустрэне гаспадара і гаворыць: “Чаго, бацю, зажурыўся, што так рана ажаніўса? Не журыся, не турбуй, дробных дзетачак гадуй”.
    Стан закаханага юнака раскрывае казачнік праз параўнаньні: “Сустрэў дзеўчыну маладую да прыгожую такую, што не бачыў сьвет мо праз сотню лет”.
    Лёгкім гумарам прасякнуты радкі твора, у якім расказваецца, як цыган, які ніколі не працаваў як сьлед, шчыруе таўкачом над ступай з вадой, выконваючы загад прыгажуні вядзьмаркі - пасьпець да вечара высушыць ступу да дна, інакш “капелька адна вады зробіць многа тут беды”. І цыган: “... калі наняўся, дык ён баццэ запрадаўся, стаў аберучкі таўкці, баццэ крупы ля куш”.
    Падкрэсьліваньню дзеяньняў, стану героя дапамагае апісаньне прыроды, пэйзажу, якімі Тычына валодае па-майстэрску. Мужык на месцы цыгана, атрымаўшы грошы, спакойна пайшоў бы дахаты, параіўся з жонкай, блізкімі, як лепш выкарыстаць іх. Цыган жа па натуры гарачы, няўрымсьлівы, непрадказальны. “Ён грошы ў мех зграбае, да хуценька ўцекае”. Настрой хлопца пры гэтым праяўляецца праз апісаньне прыроды: “Сонцо паліць, сонцо грэе, ветрык жарам вее”. Гэтыя радкі паўтарае казачнік некалькі разоў, напаляючы абстаноўку: “Сонцо паліць, сонцо грэе, ветрык жарам вее. Смага томіць, смага паліць, аж яго да долу валіць”. На гэта ж нацэлена і антытэза: “От нажыў цыган беды, што з грашыма без вады да без яды”.
    Сарказмам, гумарам пранізаны разважаньні героя, не здольнага не толькі працаваць, але нават распарадзіцца грашыма над тым, што “цяжко грошы валачыць, як на іх і хлеба не купіць, лепей і не жыць”. І ўжо зусім нельга без усьмешкі ўявіць сабе цыгана, які “...скінуў мех на пень. сеў і плача цэлы дзень”.
    На жаль, беларуская вёска. якая яшчэ паўстагодзьдзя назад была перапоўненая адзнакамі жывога жыцьця, а ў ёй у адзін і той жа гістарычны час прысутнічалі, перагукаліся, сутыкаліся, спрачаліся, сварыліся і мірыліся некалькі паўнакроўных пакаленьняў беларусаў і якая на самай справе ўяўляла сабой надзейны грунт беларускай нацыі, абярэг яе і залог яе будучыні, сёньня зьнікае на вачах, дэградуе і вымірае, будзячы ў душы адчай і настальгію па нядаўняму незваротнаму мінуламу. Менавіта па гэтай прычыне любая спроба зафіксаваць у людзкой памяці праявы вясковага жыцьця і ўзнавіць, кажучы мовай кінэматаграфістаў, натуру, якая зьнікае, вобразы рэальных людзей, якія яшчэ існуюць у нашай памяці апошніх прадстаўнікоў вясковай цывілізацыі, вартая сама па сабе, а не толькі як матэрыял для будучых дасьледчыкаў.
    Аддаўшы належнае генэтычным караням таленавітага роду, натуральна высока ацаніць і вялікую прагу Зінаіды Мітрафанаўны Тычыны-Жарыкавай, малодшай сястры нашага бацькі, пакінуць нашчадкам, найперш дзецям і ўнукам свае аўтабіяграфічныя запіскі “Дзе золата рыюць гарой”.
    Падбіў яе на гэту нязвыклую працу пісьменьнік Алесь Адамовіч, сам захоплены ў той час задумай запісаць на магнітафон як мага больш апавяданьняў жывых удзельнікаў і сьведкаў трагічных падзей нядаўняй беларускай гісторыі, якім цаны няма як праўдзіваму дакумэнту эпохі Сам ён, на жаль. не пасьпеў азнаёміцца з успамінамі цёткі Зіны.
    Шмат тэлефонных размоў пра запіскі з аўтаркай было пры яе жыцьці ў мяне. Я, як сасьмяглы ў сьпёку да крыніцы, прыпадаў да яе захопленых і працяглых аповедаў пра перажытае ў гады шчасьлівага маленства, пра жахлівыя падзеі 30-х і 40-х гадоў. Мне хацелася як мага больш ведаць пра нашу сям’ю. Асабліва пасьля таго, як не стала бацькі. Ад яго, ( нешматслоўнага і стрыманага, я ведаў тое, што ведаў і што чуў, а на большае не разьлічваў, бо гэта быў ягоны сьвядомы выбар. Наш бацька такім чынам аберагаў сваіх дзяцей і ўнукаў ад суровай памяці пра жыцьцё, якога ён нікому з нас не жадаў.
    Нарэшце мы дамовіліся, што я пачытаю напісанае цёткай Зінай і перададзенае мне братам Жэнем, які па суседзтву досыць часта бываў у ц. Зіны і яе зяця Гены і дачкі Жэлі Браніцкіх, а таксама падумаю над тым, як давесьці да ладу створанае аматарам прыгожага пісьменства. Азнаёміўшыся з тэкстам, я адразу ўхапіўся яго перадрукоўваць на сваёй “Эрыцы”. Першы экзэмпляр занёс у часопіс “Нёман”, дзе працавала зычлівая і зладжаная каманда выдатных пісьменьнікаў, галоўнага рэдактара Алеся Жука, рэдактараў Анатоля Кудраўца, Алега Ждана, Генадзя Бубнава, другі перадаў - зноў жа з дапамогай брата Яўгена - аўтару. Публікацыя зьявілася ў часопісе ў 1998 годзе, № 6.
    Успаміны напісаны жаночай рукой, чулай да цяпла і ласкі, жыцьцё сям’і дзеда Мітрафана ўбачана вачыма дзяўчынкі-падлетка, магчыма. крыху ідэалізаванага. Сёе-тое ў гаворках са мной папраўляла цётка Люба - у кожнага свая памяць. Аднак якія могуць быць прэтэнзіі да аўтара, калі яна і яе блізкія з “зямнога рая” гвалтоўна былі перанесены ў “зямное пекла”?! Міжволі сюжэт аўтабіяграфічных успамінаў сваёй пабудовай нагадвае два вялізныя люстэркі, пастаўленыя адно насупраць другога, каб з дапамогай рэзкага кантрасту наглядна выявіць два сьветы, у якіх выпала жыць пакаленьню нашых бацькоў.










    Запіскі Ганны Мітрафанаўны Адамовіч (Тычыны), маці пісьменьніка Алеся Адамовіча, рабіліся не для друку. Перад аўтарам стаяла простая мэта: расказаць, па магчымасьці, падрабязна пра гады падпольля і партызанскага змаганьня, пра людзей, з якімі давялося разам ваяваць. Перанесьці на паперу тое, пра што не аднойчы апавядалася і ўспаміналася. У тым, што і задума ажыцьцявілася, несумненная роля самога Алеся Адамовіча. Не так лёгка неспакушанаму ў літаратурнай справе чалавеку ўзяцца за пяро і апісаць перажытае ў гады Вялікай Айчыннай вайны Менавіта ён падкрэсьліваў агульную значнасьць асабістага вопыту, пераканаў ў яго асаблівай каштоўнасьці. На жаль, паняцьця “магнітафонная літаратура” тады яшчэ не існавала. Тым даражэй і цікавей напісанае нявопытнай рукой.
    З аўтабіяграфіі Алеся Адамовіча вядома, якую ролю ў стварэньні раманаў “Вайна пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой” адыграла яго маці. “Выявілася, - адзначаў ён, - што я нават уласную маці па-сапраўднаму не ведаў. Любіў - і толькі. А як чалавека ўбачыў і зразумеў, калі пачалося страшнае жыцьцё. Калі мне нешта і ўдалося ў рамане “Вайна пад стрэхамі”, дык гэта таму, што раней гэту кнігу маці напісала ўласным жыцьцё”. І менавіта вобраз маці мацней за ўсе ўражвае ў рамане, бо ў гады вайны не было нічога страшней, чым твар маці, на вачах у якой забівалі яе дзяцей або яе дзеці ваявалі, а значыць - таксама забівалі. Гэта адчуваньне яскрава выяўлена ў эпіграфе да рамана, у словах, якія сталі агульнавядомымі: “У вайны не жаночае аблічча. Але нішто на гэтай вайне не запомнілася больш, рэзка, страшней і прыгажэй, чым твары нашых маці”.
    Асабісты вопыт падлетка-партызана Алеся Аламовіча ўзбагачаўся за кошт “сямейнай” памяці, калі ўражлівыя падрабязнасьці, прозьвішчы, даты. мясьціны баёў, падзеі ўспаміналіся і ўдакладняліся разам з маці Ганнай Мітрафанаўнай. старшым братам Жэнем - Яўгенам Міхайлавічам, дзядзькам Антонам - Антонам Мітрафанавічам Тычынам, цёткамі – Соф’яй Мітрафанаўнай Шуст і Зінаідай Мітрафанаўнай Жарыкавай. Акрамя гэтага яшчэ былі “атрадныя” ўспаміны, калі на традыцыйных партызанскіх сустрэчах зьбіраліся сябры па барацьбе з фашызмам, якія засталіся жывымі (імёны многіх з іх названыя ў запісках Г. М. Адамовіч) і сумесна ўзнаўлялі з розных пунктаў погляду аб’ектыўную карціну падзей.
    Менавіта гэта - асабісты пункт погляду не толькі непасрэднага, але і аднаго з цэнтральных удзельнікаў падзей - і выклікае асаблівую цікавасьць да таго, пра што апавядае аўтарка ўспамінаў.
    У фінале рамана Алеся Адамовіча “Сыны ідуць у бой” прыводзяцца (па памяці, бо тэксту запісак яшчэ не існавала) асобныя фрагмэнты “ўнутранага маналёга” галоўнай гераіні Ганны Міхайлаўны Корзун, прататыпам для якой паслужыла Ганна Мітрафанаўна Адамовіч. У чытача, знаёмага з творчасьцю пісьменьніка, есьць магчымасьць параўнаць дакумэнтальныя ўспаміны і мастацкі тэкст і зрабіць свае высновы. У кожнага спосабу ўзнаўленьня рэчаіснасьці ёсьць свае перавагі. Відавочна, і недахопы, якія, як вядома, зьяўляюцца працягам пераваг.
    З успамінаў самога Алеся Адамовіча мы выбіраем тыя, якія маюць непасрэднае дачыненьне да асноўнага аб’екта нашай кнігі, да беларускіх Тычын і Тычын украінскіх.
                                                                     ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ
    На біблейскае – “...я прасіў цябе... ўмаўляць некаторых, каб яны ня вучылі іншаму і не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры...” (Першае пасланьне да Цімафея Сьвятога апостала Паўла: 1: 3-4) - можна адказаць біблейскім жа. Відаць, сьвятая кніга “Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце” нездарма пачынаецца з радаводу Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага. А далей ідзе – “Абрагам спарадзіў Ісака. Ісак спарадзіў Якава. Якаў спарадзіў...”. І гэтак 14 пакаленьняў ад Абрагама да Давіда, 14 пакаленьняў ад Давіда да высяленьня вавілонскага і 14 пакаленьняў ад вавілонскага высяленьня да Хрыста. Можна сабе ўявіць, што было б, калі б адно з гэтых зьвеньняў радаводнага ланцужка выпала, абарвалася. Не абарвалася? Значыць. невыпадкова.
    Цікава параўнаць радавод Ісуса Хрыста, Сына Божага, апісаны эвангелістам Мацьвеем, з апісаным эвангелістам Лукашом радаводам Ісуса, які “пачынаючы сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліеў, Мататаў, Левіінаў, Мэлхіеў. Янаеў, Язэпаў”, і далей ідзе пералік 75 імёнаў, сярод якіх паўтараюцца і названыя ў кнізе эвангеліста Мацьвея.
    Пералік пакаленьняў на гэты раз ідзе ад адваротнага - ад Ісуса Хрыста. Радаводнае дрэва разгаліноўваецца, пераплятаецца... і сапраўды “спараджае болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры...”
    Між тым, пакуль гэта кніга “Вялікія і Малыя Тычыны” вырастала, як, мабыць, у свой час, на працягу стагоддзяў і тысячагодзьдзяў, расло радаводнае дрэва, у друку зьявіліся новыя зьвесткі, якія прымушаюць яшчэ больш усумніцца ў дакладнасьці і навуковасьці маіх пошукаў.
    Аўтар будучай кнігі “Я - сын Ваш” Анатоль Статкевіч-Чабаганаў, якая, як можна зразумець, зьмяшчае матэрыялы з летапісу беларускай шляхты, апублікаваў і адзін з яе разьдзелаў “Тычыны гербаў “Тучынскі” і “Трэска” (час. “Роднае слова”, 2011, № 1. - С. 78 - 80). Вось скарочаная вэрсія яго зьместу.
    Аўтар дасьледаваньня, пабудаванага на архіўных знаходках, называе вёскі Кутнева, Дудкі, Залесьсе, Старое Рэчышча (якое пазьней стала называцца Тычыны, а на геаграфічнай карце - Вялікія і Малыя Тычыны), якія так ці інакш зьвязаны з дваранскім родам Тычын. На мясцовых могілках у Кутнева адшуканы помнікі, на якіх зьмешчаны адпаведныя надпісы: “Ивань Яковлевичъ Тычино” (памёр 1884 годзе), Аляксандра Якаўлеўна Карафа-Корбут (Тычына) (памерла 25 сакавіка 1883 года). Пададзены аўтарам і фотаздымкі помнікаў. Зьмешчаны таксама здымкі гербаў “Тучынскі” і “Трэска”, з дастаткова падрабязным іх гістарычным апісаньнем.
    “З польскіх крыніц, - піша аўтар, вядома гісторыя герба “Тучынскі”: аднаму з сэнатараў Рымскай імпэрыі вялікім цэзарам было пажалавана Паморскае княства. Спадчыньнікі сэнатара, князі паморскія, у пачатку XIV ст. сталі называцца дэ Вендэламі. Адзін з іх, граф, у 1379 г. валодаў у Польскім Каралеўстве шэрагам маёнткаў, сярод якіх быў і маёнтак, што называўся Тучнай. Ад яго нібыта пайшоў род і герб Тучынскіх.
    У шлеме герба - выява залатой панны, у цэнтры - сонца з мальтыйскім крыжам. Пра знатнасьць роду і павагу да яго гаворыць ахоўная грамата 1528 г. караля польскага Жыгімонта I (Старога), якой ён абараняе ад інквізыцыі прадстаўніка дэ Ведэлаў - Мацьвея Тучынскага”.
    Апісаньне герба “Трэска”, працягвае дасьледчык архіваў, мае на ўвазе даўнюю гісторыю, калі рыцар па імені Траска выратаваў у баі польскага караля Баляслава Храбрага: “Калі праціўнік занёс над яго галавой меч, рыцар выбіў яго з рук ворага”.
    Польскія летапісы сьведчаць, што род Тычын старажытны і мае “понесённые для Отечества труды и награждаемы были дворянским достоинством, в течении долгих лет оказывали приверженность к Отечеству”. За гэта Тычыны яшчэ ў 1424 г. атрымалі маёнтак Уласы на Браслаўшчыне.
    Сьцяпан Міхайлавіч Тычына быў браслаўскім земскім пісарам.
    Яго сын Рыгор “насьледуючы сваіх продкаў, займаўся ваеннаю службаю пры слуцкім князю Юрыю ІОр’евічу Алельку”. У 1581 г. ён атрымаў у спадчыну “на вечныя і патомныя часы” пяць валок зямлі ў вёсцы Пагост пры рацэ Случ.
    Братам Івану і Восіпу, якія былі ў трэцім калене ад Рыгора Сьцяпанавіча, была нададзена “прывілея князя Януша Радзівіла, палявога гетмана Вялікага Княства Літоўскага”, якая пацьвярджае правы на пяць валок зямлі і ахоўны ліст на маёнтак Уласы, які належаў Тычынам са старых часоў.
    Рыгор Іванавіч Тычына, які адносіўся да чацьвёртага калена, у 1643 г. атрымаў ад “усепрасьвятлейшага караля польскага Уладзіслава IV” пацьвярджэньне ўласнасьці на маёнтак Уласы. Рыгор Іванавіч, да ўсяго, “як сябра ў ліку іншых дваран Навагрудзкага ваяводзтва на сейме генэральнай канфэрэнцыі пры выбраньні на пасад усепрасьвяцейшага караля Станіслава Аўгуста знаходзіўся і абавязкі свае выконваў”.
    30 сьнежня 1784 г. нашчадкі вышэй згаданых Тычын прадаюць частку маёнткаў Тычыны і Дудкі.
    Адзін з Тычын “быў харужым міліцыі князя Караля Радзівіла”, а другі “служыў паручнікам у расійскіх войсках”.
    21 ліпеня 1824 г. Мінскі дэпутацкі сход вынес выснову: “Род Тычынаў... прызнаўшы сапраўднымі старажытнымі польскімі дваранамі, оных у шостую частку дваранскай радаводнай кнігі Мінскай губэрні ўносім”. Нашчадкаў названых Тычын падтрымалі Мінская казённая палата і Слуцкае хрысьціянскае таварыства, а падпісалі мінскі губэрнатар і губэрнскі прадвадзіцель дваранства.
    Тычыны, і Тучынскія, і Трэскі, і іншыя, павінны быць удзячныя Анатолю Статкевічу-Чабаганаву за яе няпростыя архіўныя пошукі і знаходкі.
    Тычыны сапраўды, як адзначае ў фінале артыкула аўтар, “на працягу многіх стагоддзяў служылі Айчыне”. Праўда, у адным выпадку Айчына - гэта Польскае Каралеўства, у другім - Вялікае Княства Літоўскае, у трэцім - Расійская імпэрыя... А ўкраінскія Тычыны трапілі ажно ў Запарожскую Сеч і далі сьвету геніяльнага паэта Паўло Тычыну
    Сучасныя Тычыны між тым трапляюць увесь час ў цікавыя сытуацыі. Мілы Лёня Варонін, рэдактар маскоўскага часопіса “Литературная учеба”, з якім я плённа працаваў нейкі час над сваімі артыкуламі, рыхтуючы іх да публікацыі, аднойчы шукаў мяне ў рэдакцыйна-выдавецкіх калідорах: “Вы Тычыну не бачылі?” І чуў у адказ: “А што, хіба ён яшчэ жывы?!”
    А аднойчы акадэмік Віктар Антонавіч Каваленка, якога я буду ўспамінаць добрым словам і сьветлымі згадкамі, пакуль буду жыць, вымушаны быў выпісаць мне даведку, змацаваную подпісамі і пячаткай установы Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, аб тым, што дасланае мне запрашэньне на навуковую канфэрэнцыю ў Беластоку зьмяшчае памылку: замест “Тычына Міхаіл” напісана: “Тычына Павел”. Жыве Паўло Тычына!
    Калі ж разважаць сур’ёзна, дык, нягледзячы на тое, што пошукі сваіх каранёў не прывялі да канчатковага адказу і сямейная легенда застанецца ў памяці наступных пакаленьняў Тычын, плённымі былі адкрыцьці, якія маюць дачыненьне, як да роду беларускіх Тычын з вёскі Забалаць Любанскага раёна, так і да роду ўкраінскіх Тычын, і найперш паэта Паўло Тычыны.
    /Міхась Тычына.  Вялікія і Малыя Тычыны. Легенды і рэальнасць. Мінск. 2011. С. 99-176, 180-182, 426-428./