четверг, 24 сентября 2015 г.

Валянціна Гаўрыльлева. Краіна Ўот-Джулустана. Аповесьці. Ч. 2. Койданава. "Кальвіна". 2015.





                                                         КАХАНЬНЕ  Ў  ВОСЕНЬ
                                                                                 1
                                                                           Лукер’я
    Што застанецца ў памяці маёй праз дваццаць гадоў ад бясконцага гэтага дня, падобнага на начны кашмар? Толькі не агністае сьвятло справядлівасьці, на якую я спадзявалася раніцай. Яе няма і не будзе. Застануцца каламутны змрок, абледзянелы куст ніцай лазы пад акном, кошка з адсохлым хвастом. Нешта блытаецца ў мяне ў галаве — хіба можна сказаць: “з адсохлым хвастом”, калі хвост адсох, дык, значыцца, кошка не з хвастом, а без?
    Кошка наша тоўстая і лянівая, як купчыха, і імя ў яе адпаведнае: Лукер’я. Хто з нас чацьвярых прыдумаў яго — не памятаю, ды і няважна гэта. Лукер’я ўся белая-белая, толькі лапкі ў яе чорныя і хвост. Хвост? Няма больш хваста ў беднай Лукер’і і не будзе — ён адваліўся і нанава не вырасьце, кошка не яшчарка.
    Спытаць бы ў яе: “Лукер’я, ці шкада табе твайго хваста?” Не, не... Толькі гэтага не хапала — размаўляць з кошкай. Гэта ж тое самае, што гаварыць з сабою. Загаворвацца... Я — загаворваюся?
    Чортава Лукер’я, што ж ты нарабіла. А сама і вокам не міргнеш, развалілася, як пані, нават муркаеш нібыта... Усё б вылізвацца табе ды лашчыцца.
    Што гэта са мною, што са мною, на кошку напала, няшчасная кошка, што мне да яе хваста?! За сабою глядзі, у сабе разьбярыся, высьветлі ўсё да канца!
    Дагэтуль у вушах варонін грай, крыкі аднакурсьніц маіх:
    — Праўда, праўда! Разводзіла!
    — На шыю хлопцу вешалася!
    — Усе бачылі, усе ведаюць!
    — Хоць бы любіла, дык не! Знарок разводзіла!
    І тады я не вытрывала. Хто б вытрываў на маім месцы? І гэта мае сяброўкі. Тыя, з кім я дзялілася ўсім, што было.
    Я схапіла плашч і пабегла — па паркеце, па лесьвіцы, па падмерзлых здрадніцкіх лужынах... У шчылінах тратуара паблісквала не расталая ранішняя шэрань.
    “Куды бягу?” — падумалася на імгненьне, і я спынілася. Перада мною шарэў куст ніцай лазы, адзіны на гэтай вуліцы. Сотні раз хадзіла я паўз яго ва унівэрсытэт і з унівэрсытэта. Ён быў адзіным шматком жывой прыроды ў бязьлесым сьвеце, які акружаў мяне чатыры гады. Ён абвяшчаў прыход лета вузкімі клейкімі лісточкамі, і калі гэтыя лісточкі займаліся пажарам — лета канчалася. Ён быў часьцінкай маёй душы, прысадзісты куст ракіты, невядома якім дзівам выжыўшы тут.
    Цяпер ён быў голы — ніводнага лісточка не ацалела на яго чырванавата-бурых галінах, пакрытых ледзяной скарынкай. Ён рыпеў — надтрэснута, па-старэчы. Рыпеньне гэтае ішло ад усёй яго існасьці — ад галін, ад каранёў, са стрыжня ствала. Здавалася, стогне чалавек, які памірае... Мароз прабег у мяне па сьпіне, і я памчалася далей па грукатлівых дошках. Грукат гэты, нібы ляск бізуна, гнаў і гнаў мяне, і чым хутчэй бегла я, тым часьцей чуўся ён і ззаду і сьпераду.
    Цяжка дыхаючы, расчыніла насьцеж дзьверы ў інтэрнат. Яны з натугай бразнулі ў мяне за сьпіной, гэтыя ніколі не ведаючыя спачыну дзьверы, і мне зноў пачулася рыпеньне ніцай лазы.
    “Здаецца, захварэла”, — прамармытала я, калі ўвайшла ў свой пакой. А можа, і не прамармытала — толькі падумала. Усё пачало блытацца ў маёй галаве — галасы і думкі, сон і ява.
    Я адразу апусьцілася на ложак. Пакратала лоб — нічога асаблівага.
    І чамусьці супакоілася, быццам многа дзён запар чакала чагосьці страшнага, і вось яно прыйшло, і аказалася не такім ужо страшным, а галоўнае, яно адбылося, і больш чакаць яго не трэба, і можна нават без боязі паразважаць аб ім.
    Дрыжыкі пранялі мяне з ног да галавы. Я легла ў ложак і накрылася з галавою коўдрай. Няўжо і праўда захварэла? Захварэла, захварэла. Нехта над вухам крыкнуў — ці здалося? Не, крыкнуў, моцна крыкнуў, не магло здацца. Ці гэта рыпеньне ніцай лазы, што так засела ў мазгах?
    Грук пудовых абцасаў: Таня на сваіх плятформах. Чмякаецца на пасьцель сумка, набітая разнамасным барахлом.
    — Ха, ты што гэта сярод белага дня развалілася? Яшчэ і шасьці няма. Уставай, у кіношку зьбегаем!
    Вечна яна як смала: прыліпне — не адчэпісься. І як толькі сумленьня хапае лезьці ў такую хвіліну. Ці яна не была на сходзе? Не, была і крычала разам з усімі. Божа, яшчэ і коўдру зьдзірае.
    — Так я і думала. Не сьпіш!
    — Адчапіся.
    — Ты чаму зьбегла. Няўжо ўсё гэта праўда?
    — Якая там праўда. Хлусьня.
    — Дык чаму ўцякла? Біцца трэба было!
    — З кім? Навошта?
    Добра, не хныкай. Давай у кіношку зьбегаем?
    — Я і не хныкаю.
    — Сьмяесься, ці што?
    — І не сьмяюся.
    — Сьмяесься.
    Проста гора з ёю: не плач ёй, не сьмейся. Хутчэй бы ў кіно ішла. Я адвярнулася да сьцяны — прыкінулася, што сплю. Таня, напяваючы, дастала чамадан і пачала корпацца ў ім. Відаць, і праўда некуды зьбіраецца. Як яна можа яшчэ і сьпяваць пасьля ўсяго... А што, уласна кажучы, здарылася? Тым больш што і не з ёю, а са мною. Зрэшты, а што здарылася са мною?
    — Слова гонару, дарэмна ты ўцякла са сходу. Усе так і падумалі, што ты вінаватая.
    Ні слова, ні гуку, ні руху. Замерці, акамянець — можа, тады яна адчэпіцца.
    — Ох, Танечка, ты ўжо дома?
    Гэта прыйшла Айта. Вечна яна з усяго дзівіцца — нават з самых звычайных рэчаў, і робіць пры гэтым такія наіўныя вочкі, што становіцца моташна. Другім разам яна замітусілася б нада мною больш за Таню. Сёньня яна мяне не заўважае. З гэтага дня я для яе не існую.
    — Айта-а, пазыч на вечар сваю блакітную сукенку, заўтра ж аддам.
    — А пачысьціш, адпрасуеш?
    — Вядома! Ох, Айта, ты проста ўявіць не можаш. Іду я, значыцца, з заняткаў...
    Астатняе яна расказала шэптам. Дык куды ж яна зьбіраецца — у кіно ці на спатканьне?
    — А Коля? — сьмяецца Айта.
    — Коля? Ну, Коля... Пройдзены этап. Дык пазычыш?
    — Паела б.
    —І так пазьнюся.
    Айта забразджала вечкам чайніка.
    — Глядзі ты, чай ужо гатовы! Добрая рэч кіпяцільнік. Сядай.
    — Не, дарагая, на першае спатканьне пазьніцца не рэкамэндуецца. Ад адной хвіліны залежыць лёс усіх наступных спатканьняў. Пакуль што!
    Таніны плятформы загрукалі да дзьвярэй. Лана яшчэ ўчора адпрасілася дадому — у Вілюйск. Давядзецца Айце есьці адной. Яна моўчкі п’е чай і, відаць, чытае падручнік — шамацяць старонкі.
    Ну, вось і ўсё. Цішыня. Таня вернецца не хутка, куды б яна ні пайшла. Айта будзе старанна гартаць увесь вечар падручнік.
    А я... Я ляжу ў пасьцелі. Ляжу, як быццам нічога не здарылася. Як быццам усё гэта было не са мною, а з кошкай Лукер’яй.
    Я ўстану зараз, памыюся, я падыду да яе і скажу ўсё, што не змагла сказаць на сходзе. Я напомню ёй усё, што было паміж намі за пятнаццаць гадоў. Я хачу, каб яна зразумела, хто такая яна і хто я, і ці магу я зрабіць тое, што яна мне прыпісвае, тое, што сама яна зробіць і не пачырванее.
    Я хачу ўстаць, але не маю сілы. Я скажу ёй усё гэта ўголас, калі ўстану, а пакуль што скажу сама сабе.
                                                                                2
                                                                   Мары пра неба
    Чаму ты сядзіш? Чаму нікуды не ідзеш з пакоя? Пайшла б хоць бы ў бібліятэку. Ты ж там чатыры гады тырчыш, адзнакі зарабляеш. Ты па ўсіх прадметах на філфаку самая лепшая. Выкладчыкі ў адзін голас: “Якія здольнасьці!” — гэта пра цябе; адна я ведаю, колькі ты зубрыш. Ведаю, бо сама з табою дні праседжвала ў чыталцы. Ты адразу з першага курса мерысься ў асьпірантуру. Асьпірантура патрэбна табе не для таго, каб займацца навукай, а для таго, каб пазьбегнуць настаўніцкай долі. Цяпер, калі ты пасварылася з Мішам, а да разьмеркаваньня засталіся лічаныя месяцы, ты будзеш зубрыць яшчэ больш старанна.
    У маленстве я марыла лятаць. Нават не лятаць, а лунаць — павольна, невысока, так, каб добра было відаць усё на зямлі. Над лесам, над аласамі... Ляцець і дакранацца далонямі да кволых верхавінак лістоўніц.
    Быў пачатак лета — пара першай зеляніны. Я яшчэ не вучуся, але і маленькай назваць мяне нельга — ва ўсякім разе, так я лічу сама.
    Мяне прывезьлі ў сайылык [Сайылык — летняя сяліба] да дзеда і бабкі, за трыццаць кілямэтраў ад дому. Прывезьлі на ўсё лета. Не пасьпела я гэтага сьцяміць і расплакацца, як бацька і маці зьніклі.
    У сайылыку стаялі дзьве нізенькія юрты. У адной жылі дзед і бабка, у другой — шматлікая сям’я дзядзькі. У дзядзькі цэлая плойма дзяцей, і ўсе хлопчыкі. Напачатку я іх баялася: клічуць — не адгукваюся, падыдуць бліжэй — кідаюся да бабкі і хапаюся за шырокі падол яе сукенкі.
    Бабка пячэ аладкі ў юрце, на трыножцы. Часта яна робіць іх тонкімі і мяккімі — дзеду. Дзед есьць толькі аладкі, ды і то вельмі мала — іншай ежы страўнік яго не прымае. Ён даўно хворы і цэлыя дні ляжыць на правым ароне.
    Часам ён кліча мяне да сябе.
    — Анча,— кажа ён мне. Так мяне называе толькі ён — для ўсіх астатніх я Анык.
    У дзеда шурпатыя, заўсёды цёплыя рукі. Я са зьдзіўленьнем разглядваю на іх вялізныя блакітныя жылы. Вочы дзедавы таксама здаюцца мне цёплымі. Пасьміхаючыся, ён тузае мяне за праз меру вялікую фальбону сукенкі.
    — Гэта што такое? — кажа ён. — Крыльцы, ці што? Разгорнеш ды і паляціш, га? Як птушанятка.
    Ён гладзіць мяне па галаве, тармосіць густую грыўку і дадае:
    — Пагуляла б з хлопчыкамі? Яны ж табе не чужыя. Дзядзькавы дзеці, значыцца, браты твае.
    І — па-змоўніцку, панізіўшы голас:
    — Заўтра вершу выцягваць пойдуць. Глядзі, не прасьпі!
    Я зноў бягу глядзець, як гуляюць хлопчыкі. Пах бабчыных аладак стаіць над усім сайылыкам. Шыпіць масла на патэльні, у небе шыпіць сьпякотнае сонца, нават конікі і тыя, здаецца, не стракочуць, а шыпяць. Хлопчыкі гуляюць у “палачкі”. Я кладуся ў высокую траву перад юртай і з зайздрасьцю сачу за імі.
    Міма з ціхім шамаценьнем праносіцца бабка. Яна ідзе да хлява лёгка, ледзь дакранаючыся да зямлі. Я ніколі не бачыла, каб яна сядзела склаўшы рукі. Зараз яна сьпяшаецца на дзённае даеньне. Яна высокага росту, худая і нязграбная. Рухі яе парывістыя. Усё зьвініць і бразджыць пад яе рукамі — вёдры, кубкі, талеркі, і тым не менш усё застаецца цэлым. Зрэшты, некалькі кубкаў акаваны тонкімі бляшанымі абручамі, якія здаюцца мне прыгожай аздобай.
    Мне вельмі падабаецца хлапечая гульня, і, каб яны не даведаліся пра гэта, я хаваю ў траву галаву. Нарэшце яны заўважаюць мяне.
    — Анык, ідзі да нас! — кліча самы старэйшы з іх, але я не сьпяшаюся прыняць запрашэньне і раблю выгляд, што пазіраю ў бок хлява:
    — Я бабку чакаю.
    — Ідзі, ідзі, пагуляем. Я нібы нехаця іду да іх.
    — Ці праўда, што вы заўтра вершу выцягваць будзеце? — нечакана для сябе пытаюся я.
    Старэйшы шматзначна ківае галавой. Ён, відаць, ужо ходзіць у школу, і я гляджу на яго, як на дарослага, з пачцівай боязьзю. Астатнія браты — іх пяцёра — адзін за аднаго меншы.
    — Пойдзеш з намі? — пытаецца старэйшы. Я не пасьпяваю адказаць.
    — Анык! Дзеці! Сюды! — кліча бабка з адчыненых дзьвярэй. Аладкі яна раздае проста з парога.
    Раніцай мяне падымае з пасьцелі дзед. Бабка ўжо даўно пайшла даіць. За дзьвярамі мяне чакаюць хлопчыкі. На гэты раз іх усяго тры — малодшых не пабудзілі. Мы бяжым да сьвітальнага возера. Яно паблісквае, як абгортка ад чаю. Я не прывыкла бегаць басанож і стаўлю ногі крыва і коса. Калючая трава казыча пяткі. Я стараюся не адставаць, але ўсё роўна бягу ззаду ўсіх.
    Каля самага берага растуць дзіўныя кветкі. Галоўкі іх белыя, быццам пакрытыя пенай. Зьдзіўленая, я спыняюся і цягну рукі да кветак праверыць, што гэта такое, але тут жа баязьліва адхопліваю.
    — Што гэта?
    Старэйшы хлопчык задзірае галаву ў неба і, усьміхаючыся, кажа:
    — А гэта я ўночы над аласам лятаў і паплёўваў.
    Я недаверліва гляджу на яго, потым сама, прыцэліўшыся, плюю на траву — і праўда падобна. Няўжо ўсё гэта зрабіў ён адзін? І адкуль у яго столькі сьліны ўзялося?
    — Хіба ты ўмееш лятаць?
    — А як жа!
    — Пакажы, га?
    — Бач, чаго захацела! Хочаш мой сакрэт пранюхаць?
    Нават не памятаю, трапілася нам рыба ў той дзень ці не. Усю раніцу думкі мае былі заняты дзівосным сакрэтам брата.
    Ужо калі ішлі назад, я ўспомніла раптам парывістую лёгкую хаду бабкі і тут жа вырашыла, што калі ўжо хто і можа лятаць, дык гэта яна.
    Бабка дзівіцца:
    — Што-о?
    Я паўтараю:
    — Ты лятаць умееш?
    Яна ўсьміхаецца:
    — У сьне даводзілася. Кажуць, лятаць у сьне — на добрае. Хто такія сны бачыць, доўгі век пражыве.
    Даўно ўжо няма на сьвеце ні дзеда, ні бабкі, якая сапраўды пражыла немалы век. Яны ляжаць на краі роднага аласа.
    Хтосьці стогне на вуліцы за сьцяною. Можа, гэта плача неба ў прадчуваньні раньняй зімы?
    Ці рыпіць куст ракіты?
    Гэта ён. Я ведаю яго. Якраз гэтакі бачыла я летась на магіле. Ён вырас проста з пагорачка, са старога добрага сэрца майго дзеда.
    А ад бабкі засталіся словы: “Лятаць у сьне можа толькі той, у каго лёгка на душы. Чалавек з нячыстым сумленьнем і ў сьне поўзае”.
    Так гаварыла бабка. А яна хадзіла, быццам лятала.
    Чаму я табе расказала пра яе?
    Таму што ты бяскрылая.
                                                                               3
                                                                           Ыгэх
    Скрабецца ў акно чорная восень, панылыя будні прыроды. Нявесела мне. Нявесела, здаецца, і табе. Ну што ж, паспрабую ўспомніць што-небудзь сьвяточнае. Свой першы ыгэх [Ыгэх (Ысэх) — якуцкае народнае сьвята].
    Я яшчэ не ведала, што такое ыгэх, але з расказаў маіх старэйшых сясьцёр зразумела: гэта штосьці вельмі добрае. За некалькі дзён да сьвята мама высунула на сярэдзіну доўгі абедзенны стол і ўзялася шыць нам сукенкі. Пяць сукенак, хоць сабе і маленькіх, не жарты, тым больш што ўзброеная мама толькі іголкай ды ножнамі. Пра швейную машыну яна і не марыць. Яна горбіцца за сталом з раніцы да вечара і ўстае толькі для таго, каб прыгатаваць абед ці вячэру.
    Да стала гэтага нам нават падыходзіць забаронена. Мама сама кліча нас, калі трэба памераць. Уся падлога ўсеяная кавалачкамі белага паркалю з сінімі кветачкамі, і мне здаецца, што хтосьці прынёс з лугу букет незабудак і рассыпаў у нашым доме...
    Потым прыходзіць бацька, якога не было некалькі дзён дома. Ад кагосьці я чую, што ён пабываў у горадзе. Ён дастае з сумкі пяць чырвоных капялюшыкаў і надзяе ўсім нам на галовы. Толькі памераць, дадае ён, гэта на сьвята. Старэйшыя сёстры з піскам знаходзяць у яго кішэні прыгаршчы карамэлек у яркіх жоўтых паперках. У тыя першыя пасьляваенныя гады ў нашых мясьцінах такія цукеркі бывалі рэдка, і купляў іх або той, у каго вадзіліся грошы, або такі добры, чалавек, як мой бацька, — пацешыць дзяцей.
    Але вось усе клопаты застаюцца ззаду. Надыходзіць дзень ыгэху.
    Пячэ сонца. Я сюд-туд падцягваю ўгору гарачы суконны капялюшык, які ўвесь час спаўзае мне на вочы. Мне хочацца зьняць яго, але я не раблю гэтага: ці то баюся бацькі, ці то несьвядома шкадую яго. Дзівак і фантазёр, ён расстараўся ў горадзе гэтых нябачаных капялюшыкаў, каб прыкрыць імі адразу ўбогае жыцьцё сваёй сям’і. Жаданьне калі не жыць, дык хоць выглядаць не горш за іншых... хадзіць на пальчыках, каб здавацца вышэйшым, каб цябе заўважалі... Такім ён быў з таго часу, як помню сябе. Такім, мне здаецца, было тады ўсё жыцьцё.
    Пасярод аласа чэчыр — два рады сьвежасьсечаных і ўкапаных у зямлю бярозак. Мы ідзём за маці паміж востра пахучых дрэўцаў, як чародка качанят. А навокал кіпіць урачыстасьць. Усе да непазнавальнасьці прыбраныя. Я не пазнаю нават тых, каго добра ведаю.
    І гэты чэчыр — часовая алея, і цяжкі суконны капялюшык у сьпёку, і занадта новая сукенка, ад якой ажно бянтэжысься, і дзяўчынка-суседка з вялізным бантам, прывычная без банту і таму нейкая чужая,— усё здаецца мне не сапраўдным, нібыта гэта не жыцьцё, а гульня. Але вось што дзіўна: гульню гэтую ўсе ўспрымаюць усур’ёз, нібыта яна і ёсьць само жыцьцё. За доўгім чырвоным сталом сядзяць нейкія заклапочаныя людзі і, не зважаючы на сьпякоту, доўга і нудна па чарзе выкрыкваюць штосьці ў натоўп, а натоўп, не зважаючы на сьпякоту, слухае іх і пляскае ў ладкі. Я стаю сярод спацелых вялікіх людзей і з тугою чакаю, калі ж скончыцца гэтая гульня і пачнецца зноў звычайнае жыцьцё без капялюшыка і новай сукенкі, якую не дай бог запэцкаю, добрае, нармальнае жыцьцё, хай сабе нават без вялізных кавалкаў мяса, паабяцаных учора. “Заўтра мяса паядзім, — гаварыла мама, гатуючы абрыдлую локшыну на голай вадзе. — Дзе яго ўлетку возьмеш, апрача ыгэха”.
    Трапеча жывое лісьце чэчыра. Заўтра-паслязаўтра яно засохне, ападзе. Ператворацца непрыгодныя нават на дровы бярозкі ў сьмецьце, і зьвязуць іх у бліжэйшы яр. Прыгожы звычай — садзіць чэчыр, але ці не лепш садзіць дрэўцы з каранямі?
    Я, вядома, тады не думала гэтак, але ўсё роўна было шкада бярозак.
    Пад прывялым чэчырам людзі ядуць і шэпчуцца:
    — Кажуць, на ыгэх выдалі мяса, што прызначалася касцам...
    — Выходзіць, яны застануцца без нічога.
    — Стрэльбы ў кожнага, можа, лось трапіцца... Качкі зноў жа.
    — Лось — гэта, брат, мара адна.
    Такім вось успамінаецца мне той першы ыгэх.
    Чаму я расказала табе пра яго?
    Таму, што ў цябе былі зусім іншыя сьвяты...
                                                                             4
                                                               “Залаты ключык”
    — Айана, ты не хворая? Можа, даць табе асьпірын? Гэта гаворыш ты. Ты? Няўжо? У такую хвіліну?
    Пасьля ўсяго, што было? Які салодкі галасок. Умеюць жа людзі прыкідвацца!
    Не. Я табе нічога не адкажу. Я цябе не чую. Я вяду далей у думках размову з табою.
    Гэта быў цяжкі год. Ды і ці былі яны тады, лёгкія гады? Я ўжо вучылася ў другім клясе і ўсё добра памятаю. Вось мама ўгаворвае мяне схадзіць да суседзяў — папрасіць дробку чаю. Я не хачу ісьці, мне сорамна прасіць, я доўга стаю каля парога, зашпільваю палітончык, а ён ніяк не зашпільваецца — відаць, і яму не хочацца на мароз. Раптам дзьверы адчыняюцца, і цераз парог у клюбах пары перакочваецца суседзкі Баска — хлопчык з той сям’і, куды мяне выпраўляюць. Баска вучыцца са мною ў адным клясе і таму ўсяляк адварочваецца ад мяне. Ён доўга топчацца каля парога, атрасае сьнег і маўчыць. Адчуўшы, што яго паслалі нечага, мама не вытрымлівае і пытаецца:
    — Ну, Баска, чаго завітаў?
    — Э-э... так. Маці паслала. Папытай, кажа, наконт чаю. Калі ёсьць, кажа, няхай пазычаць. Заўтра, кажа, нашы грошы атрымаюць і аддадуць.
    Мама з палёгкай уздыхае — не ў адных нас, аказваецца, няма чаго есьці. Ды і мяне падганяць-угаворваць не трэба.
    — Няма ў нас, дзіцятка. Самі да вас па чай зьбіраліся.
    Баска выходзіць, а мама сёрбае кіпецень, забелены малаком, і бадзёра сьмяецца:
    — Калі ідуць да нас пазычаць, значыцца, і мы не горшыя за іншых. Нічога, заўтра атрымаю вашу дапамогу — разбагацеем.
    У той час грошы ў калгасе зарабіць было цяжка. Толькі шматдзетным сем’ям давалі дапамогу. Тых “дзіцячых” грошай чакалі ў кожным доме.
    А ў нашым клясе зьявілася новая дзяўчынка, з чырвоным шаўковым бантам. За партай яна сядзіць роўненька, не павернецца, не паварушыцца. Губы ў яе пульхныя і тварык белы, лялечны. Я на яе гляджу з замілаваньнем. Хочацца падысьці, загаварыць, але яна на мяне не глядзіць, яна бачыць толькі дошку і настаўніцу. На перапынку яна стаіць каля акна і пазірае кудысьці ўдалячынь. Мне яна здаецца вельмі прыгожай. Яшчэ прыгажэйшая яе стужка, прыгажэйшая за стужку сукенка, і прыгажэйшыя за ўсё чырвоныя валёнкі. Толькі ў яе гэтакія валёнкі, ва ўсіх астатніх цяжкія футравыя тарбасы. Калі дзяўчынка праходзіць міма, я сарамліва падкурчваю ногі, каб яна не заўважыла майго аблезлага абутку, што дастаўся мне ад старэйшых сясьцёр. Яшчэ ў маёй багіні блакітная футэрка. Кажуць, яна адзіная дачка міліцыянэра Сіўцова. Завуць яе Айта.
    Так, гэта была ты...
    Настаўніца ціхім вялым голасам штосьці расказвае, але я нічога не разумею. Яна мяне нібы закалыхвае. Нібы калыску гайдае.
    Голас настаўніцы аддаляецца, адлятае кудысьці ў неба, быццам ён існуе сам па сабе, асобна ад гаспадыні. Ён вядзе мяне за сабою, і мне здаецца, што гэта ўжо не настаўніца, а неба само, сонца само ласкава паўтараюць: “Вы шчасьлівыя дзеці...”
    Я хачу зразумець, што такое шчасьце, і яно ўяўляецца мне ў выглядзе яркага шаўковага банта, блакітнай футэркі і чырвоных валёнкаў. Гэтыя валёнкі бягуць навыперадкі з маімі тарбасамі. Бягуць далёка наперадзе.
    А дома я толькі і расказваю, што пра стужкі Айты, сукенку Айты, валёнкі Айты, пакуль маці не спыняе мяне:
    — Ты ўсяму гэтаму не зайздросьць. У яе бацька — начальства, з грашыма чалавек, ды і адна яна ў сям’і...
    Дома я перастала гаварыць пра Айту, але не перастала глядзець на яе, як на анёла, што сышоў на зямлю. Аднойчы я нават пачала ўгаворваць сястру перафарбаваць яе замшавыя тарбасы ў чырвоны колер (з маімі, футравымі, з гэтага нічога не выйшла б), ды сястра толькі засьмяялася і махнула рукой.
    Чаму чалавек усё жыцьцё, пакуль жывы, шукае сабе бога? Няўжо бязбожніку горш? З якіх часоў караніцца ў нашых сэрцах прага пакланеньня — перад каменем, перад дрэвам, перад чалавекам? Чаму так страшна становіцца нам, калі багі валяцца?
    Неяк раз пасьля ўрокаў ты падышла да мяне і яшчэ трох дзяўчынак і сказала:
    — А ў мяне грошыкі ёсьць. От! Пойдзеце са мною па цукеркі “Залаты ключык”? Яны маленькія, напэўна, шмат дадуць.
    Мы адчынілі перад табою дзьверы, і ты, як царыца, важна пакрочыла на вуліцу. Мы рушылі за табою, як сабачаняты, то забягаючы наперад, то раптам спыняючыся ад думкі, што ісьці наперадзе можаш толькі ты. І ты ішла, як блакітны наш сьцяг, пабліскваючы ў марозным паветры футэркай.
    Па дарозе ты павярнулася і падала мне партфэль:
    — Рукі мерзнуць. Ты падала яго мне — нікому іншаму! Я адчула
тваю вялікую ласку да сябе і нават пайшла побач з табою.
    “Залаты ключык”... “За-ла-ты клю-чык”... — паўтарала я сама сабе чарадзейныя словы. Я спрабавала ўявіць смак цукерак з такой цудоўнай назвай, але ў мяне нічога не выходзіла.
    Падышлі да магазына — замкнуты. Я ледзь не ўсхліпнула ад расчараваньня.
    — На абед зачынілі, — здагадалася ты. — Нічога, хадзем у МТС, там магазын без перапынку працуе.
    Да МТС далёка, я і ўлетку рэдка там бывала. Але калі гаворыць Айта, разважаць няма чаго. І мы павярнулі за табой. “Залаты ключык”...
    Ідзём мы страшэнна доўга. Мае рукі нясуць два партфэлі і даўно адубелі — я ж не магу, як другія дзяўчынкі, па чарзе хаваць іх у кішэню. Але вось і МТС. Таўстун прадавец вельмі марудлівы; чарга, здаецца, не рухаецца зусім. Але вось засталіся ззаду пакуты чаканьня, і ў тваіх руках мяшочак з “Залатым ключыкам”.

    Мы выходзім з магазына ўсьлед за табою. Але ты чамусьці не сьпяшаесься разгортваць мяшочак, быццам зусім забылася пра яго, а мы чамусьці баімся табе напомніць. Так і ідзём у сяло, то моўчкі, то пра нешта гаворачы, а мяшочак у тваёй руцэ ўсё застаецца неразгорнуты. Перад дзьвярамі нейкага дома ты спыняесься і кажаш:
    — Ну, я прыйшла. Давай партфэль.
    І зьнікаеш за дзьвярамі. Мы пасьпяваем убачыць толькі вялікі круглы стол, засланы квяцістым абрусам...
    Праз некалькі дзён у нашым доме пасялілася нейкая невядомая бяда. Штосьці затаілася ў адным з куткоў нашай хацінкі, мусіць, у самым сырым. Насуплены і негаваркі бацька, мама штохвіліны ўздыхае і паглядвае на бацьку, а ён яшчэ больш супіцца і адварочваецца. Прыціхлі і мы, дзяўчынкі, нечага чакаем, а чаго — не ведаем і самі.
    — Параюся з міліцыянэрам Сіўцовым, — нарэшце гаворыць бацька, — можа, падкажа.
    Ён ідзе з дому, а мама ўсё гэтак жа ўздыхае і раз-пораз падыходзіць да акна. Бацька вяртаецца прасьветлены. Нават цукерак купіў і сыпле нам поўныя жмені.
    — Апошнія грошы...— дакарае мама.
    — Нічога, не бядуй. Грошы будуць, толькі б Сіўцоў дапамог, — бацька стомлена апускаецца на табурэт. Робленае ажыўленьне хутка зьнікае з яго твару, ён дадае: — Сіўцоў сказаў: “Паглядзім”.
    Ну што ж, пачакаем.
    Толькі праз некалькі гадоў я даведалася, чаго хадзіў бацька да Сіўцова. Ён хацеў атрымаць пашпарт, каб паехаць у горад на заробкі. Міліцыянэр Сіўцоў, відаць, здаваўся бацьку вялікім начальствам, ад якога ўсё залежыць. Сіўцоў нічога не абяцаў бацьку, але і не вылаяў яго, ён сказаў: “Паглядзім”. Пацягнуліся дні чаканьня.
    Потым быў суд. Судзілі бацьку “за спробу ўцячы з калгаса”. Міліцыянэр Сіўцоў сам выступіў на судзе. Патрабаваў пасадзіць бацьку — “каб другім не хацелася”. Так бы, можа, і зрабілі, але падняўся адзін чалавек і заступіўся за бацьку. Я гэтага чалавека потым ніколі не бачыла, ён неўзабаве памёр. Ён быў камуніст, чырвоны партызан. Пра яго хадзілі легенды з часоў грамадзянскай вайны.
    А ўлетку таго ж года вы кудысьці зьехалі. Назусім. І я зноў сустрэла цябе толькі тут, ва унівэрсытэце.
    Ты пра ўсё гэта, вядома, забылася... Але я расказала табе.
                                                                                    5
                                                                           Айта-з-Айаной
    — Можа, чаю вып’еш, Айана?
    Зноў ты перашкаджаеш мне гаварыць з табою. Але ты не дачакаесься ад мяне ніводнага гуку, ніводнага Руху.
    Кажуць, час — найлепшы лекар. У нас, якутаў, інакшая прымаўка: былое закрываецца воблакам. Словы розныя, а сэнс адзін. Лечыць... Не, не лечыць час. Ён толькі заганяе хваробу ўглыб, а тая ў любую хвіліну можа зноў вырвацца з-пад спуду і нанесьці сьмяротны ўдар.
    Час забірае ў памяці боль. Нельга паддавацца часу! Таго, хто забудзе боль, чакае расплата — новы боль.
    Як магла я забыцца, якая ты, якая твая сям’я! Я нават узрадавалася, калі сустрэла цябе ў першы дзень заняткаў і даведалася, што мы будзем вучыцца разам.
    — Айана! — сказала ў калідоры нейкая дзяўчына. Гэта была ты, і я кінулася да цябе. Падумаць толькі: ты пазнала мяне праз столькі гадоў! Магчыма, таму і забыла я ўсё, што стаяла між намі.
    — Давай у адзін пакой папросімся? — сказала ты. І я згадзілася.
    Ты была такая ж, як усе, і ўсё ж вылучалася сярод нас, як і ў забытым другім клясе. Чым жа? Розумам? Прыгажосьцю? Ды не, хутчэй упэўненасьцю. Упэўненасьцю ў сваім розуме і прывабнасьці.
    Тры з лішнім гады мы былі з табою заўсёды разам, быццам з дзьвюх зрабіліся адной істотай — нейкай Айтой-з-Айаной. Нас так і звалі:
    — Куды сабраліся Айта-з-Айаной? Або:
    — Айты-з-Айаной няма, ці што?
    — Айта-з-Айаной ужо здалі курсавыя. Мусіць, у асьпірантуру мерацца. — Так было, так... Цяпер гэтага няма і не будзе. А ты спакойна гартаеш падручнік, як быццам ты і не чалавек зусім, а бясхвостая Лукер’я. А ты ж страціла так многа — нават больш, чым мае сяброўскія адносіны да цябе: ты страціла чалавечую годнасьць. Ты ўнізілася да даносу, да паклёпу на блізкага чалавека, я ж была для цябе блізкі чалавек яшчэ тыдзень назад. Удар з-за вугала, подлы, нечаканы і таму неадольны.
    Сьмяротным прыгаворам можа стаць звычайны лісток паперы.
    Гэты лісток ляжаў на стале дэкана, дэкан чытаў яго і крывіўся. Я зайшла — ён паказаў вачамі на глыбокае крэсла насупраць сябе, і я села. Спачатку я апусьцілася на самы краёчак, але ўжо праз імгненьне мне захацелася як мага глыбей уціснуцца ў яго, нібы яно магло схаваць мяне.
    — Як жа так? — сказаў дэкан. — Нібыта заўсёды сяброўкамі лічыліся... Як жа так?
    Ён гідліва, двума пальцамі падсунуў паперку да мяне і адкінуўся на сьпінку крэсла, назіраючы, як я бяру яе.
    Я пачала яе чытаць. Я запомніла яе на памяць, тваю заяву: “Я ўжо не маю сілы сама што-небудзь зрабіць і таму прашу ў Вас падтрымкі...” “Айана дамагаецца, каб мой муж пайшоў ад мяне і, можна сказаць, амаль дамаглася гэтага...” Зрэшты, навошта пераказваць табе тваю ж пісаніну. Я думаю, і ты памятаеш яе на памяць.
    “Я дамагаюся, каб Міша пайшоў ад Айты? — мільганула ў мяне ў галаве. — Ды гэта ж бязглузьдзіца! Яна звар’яцела!” Але апошнія словы твае... “Прашу абмеркаваць паводзіны Айаны не камсамольскім сходзе. Магчыма, яна што-небудзь ды зразумее...”
    Ты, вядома, дакладна разьлічыла ўдар: хто ж адмовіцца паразважаць на такую далікатную тэму? Так што сход адбудзецца. А на сходзе... Хто ж не пашкадуе жанчыну, якую кідае муж?
    Я аднаго не магла сьцяміць: навошта табе гэта трэба. Не такая ўжо ты дурная, каб не разумець самай простай рэчы: не камсамольскія сходы вяртаюць зьбеглых мужоў іх жонкам. Значыцца, ты проста хацела адпомсьціць мне? Але за што? За маю віну, якую выдумала сама?
    Асьпірантура. Вось у чым справа. Ты ведаеш, што больш за адну дзяўчыну з нашага курса ў асьпірантуру не возьмуць. Месца адно, а нас дзьве. Скампрамэтаваць мяне, ачарніць любым спосабам — вось твая мэта. Тым больш што з Мішам у вас сапраўды, відаць, разлад, і да яго пасьля унівэрсытэта ты не паедзеш. Без мужа — дык хоць бы ў асьпірантуры!
    Ты правільна ўсё разьлічыла, але не ўлічыла аднаго: і калі б не я сама, дык і сходу не было б.
    — Я думаю, — сказаў дэкан, — людзі вы дарослыя, самі разьберацеся. Ідзі.
    — Але ж яна патрабуе сходу, — чужым голасам сказала я.
    — Сёньня патрабуе, а заўтра адумаецца і перастане. Якая карысьць ёй ад таго, што яе асабістымі справамі зоймуцца сорак чалавек?
    — Не толькі Айта... — сказала я. — Не толькі Айта... Я таксама патрабую сходу. Няхай усе пераканаюцца, на чыім баку праўда, а хто вінаваты.
    Дэкан здзіўлена перасмыкнуў плячамі. — Ну што ж. Зьбірайцеся. Толькі я на гэты сход не прыйду.
    Ніколі не забыць мне іх крыкаў. Не забыць! Забыўлівасьць караецца. Лёс пакараў мяне за тое, што я забыла, якою ты была ў маленстве.
    “Пазнаю цябе, жыцьцё, пазнаю і прымаю!” Гм, прымаю... Чые гэта словы? Блёк.
                                                                                  6
                                                                      А што ж было?
    Яна ўсё-такі пайшла! Яна пайшла! Нарэшце я магу павярнуцца на другі бок. Магу паправіць коўдру. Магу нават, калі захачу, устаць і выпіць шклянку вады. А я не хачу ўставаць. Размова працягваецца. Цяпер я буду гаварыць з сабою.
    Яна пайшла, і я магу разважаць больш спакойна. Я павінна разважаць больш спакойна і разабрацца ў тым, што адбылося сёньня, эмоцыі не памогуць.
    Чаму ўсе яны гэтак дружна накінуліся на мяне? Чаму ні ў кога няма сумненьняў у тым, што я адбівала мужа ў Айты? Калі і спрачаліся, дык толькі пра тое, кахаю я яго ці не кахаю. Як быццам гэта мае нейкае значэньне. Можна ж кахаць і бескарысьліва, а ў такога каханьня віны няма.
    Трэба ўспомніць усё, што было, усё да дробязей. Успомніць сумленна, шчыра, нічога не ўтойваючы. Якая карысьць утойваць ад самой сябе?
    Не было каханьня, не было!.. А што было? Айта спазьнілася на два тыдні. Мы нават пачалі думаць, што з ёю здарылася штосьці нядобрае. Зьявілася яна позна вечарам — мы ўжо спаць зьбіраліся. Не пасьпелі як сьлед павітацца, Айта весела закрычала:
    — Ану, прывядзіце сябе ў парадак! У нас госьці!
    — Госьці? — нічога не разумеючы, перапытаў хтосьці з нас.
    — Больш дакладна, госьць!
    Цікаўнасьць наша не ведала межаў. Таня бурчала і зашпільвала халат: у яе ёсьць такая звычка — хадзіць у адной кашулі.
    — Заходзь, Міша! — паклікала Айта.
    Дзверы адчыніліся, і ўвайшоў невысокі прысадзісты хлопец з шапкай у руцэ. Ён няўпэўнена таптаўся каля парога, але Айта як бачыш выцягнула яго на сярэдзіну.
    — Знаёмцеся: мой муж!
    — Ну-у? — ахнулі мы ўсе адразу.
    Толькі бойкая Таня ўміг разгледзела хлопца і ўбачыла, што ён, як кажуць, свой чалавек:
    — Ды гэта ж Мішка з пятага курса! Адкрыцьцё гэтае як быццам яе расчаравала. Пачаліся роспыты, і высьветлілася, што Айта затрымалася з прычыны вясельля. Аказваецца, яны з Мішам з аднаго пасёлка і ўлетку дамовіліся пажаніцца. Зарэгістравацца, праўда, не пасьпелі, але вясельле згулялі.
    Маладыя муж і жонка аб нечым пашапталіся, потым Міша сказаў:
    — Я жыву ў сорак восьмым, заходзьце. — І па чарзе зірнуў на нас усіх. І тады я штосьці падумала... Што ж?
    “Божа, зусім хлапчук... — падумала я. — Нават не верыцца, што пяцікурсьнік. Ніякай волі. Возьме яго Айта ў рукі... А зрэшты, што мне? Чым не пара? Абое прыгожыя... Асабліва ён”.
    Так вось і падумала — як бабулька: “Чым не пара?” А потым у галаве прамільгнула і зусім недарэчная думка: што і я магла б быць на Айціным месцы. Я яе тут жа прагнала, але...
    І праўда, і я ж тры гады вучылася разам з ім на адным факультэце. Гэтак жа сутыкаў нас лёс у бібліятэцы, у сталовай, на спортпляцоўцы... Усяго і перавагі ў Айты, што яна з аднаго з ім пасёлка.
    Я яго ведала, як жа мне яго не ведаць — на філфаку ў нас усе хлопцы, можна сказаць, напералік. Нават думала пра яго: “Які сьціплы хлопец... Да сарамлівасьці”. Як хацелася падысьці да яго! Ды я і сама сарамлівая. Не тое што Айта. Куды мне да яе.
    — І як табе гэтага ціхоню ўдалося разварушыць? — ляпнула Таня. — А я думала, ён толькі вочы вылупліваць здольны.
    — Трэба ўмець у час пацалаваць хлопца, — не без гонару адказала Айта...
    Цэлы тыдзень Айта строіла пляны:
    — Ой, дзяўчаткі, так абвяжу “Волгу” стужкамі, што яе і не відаць будзе. І шароў паболей, абавязкова паболей. Няхай пырхаюць! А сама надзену вось такую доўгую сукенку, белую, на галаву — фату. Уся буду ў белым — як лебедзь. Усе будуць азірацца...
    Яна пра гэта сакатала з ранку да вечара. Можна было падумаць, што замуж выходзіць дзеля цырымоніі. “Якая яна надакучлівая, — думала я. — А можа, я памыляюся? Можа, і сама, калі б я замуж выходзіла, паводзіла б сябе гэтак жа сама? Ды не, бадай што. Гэта ж мяшчанства...»
    Слова гэтае — “мяшчанства” — уголас сказана не было, але засела ў галаве і ўвесь час круцілася на языку. Я не хацела крыўдзіць Айту і стрымана падтаквала ёй:
    — Ага, цяпер усе так робяць.
    — Як я зайздросьціла раней, гледзячы на вясельныя машыны!
    — А я — не.
    — Ну, ты ў нас, Айанчык, заўсёды была трошкі кансэрватыўная. Хіба няпраўда?
    “А ты заўсёды была мяшчанкай”. Словы ледзь не сарваліся з маіх губ, але я стрымалася.
    І вось надышоў дзень, якога так чакала Айта. Напярэдадні яна проста замучыла нас сваёй мітусьнёй. Бясконцыя клопаты не скончыліся і раніцай: то яна надзявала сукенку, то здымала, то хапалася за фату, то прымервала завушніцы.
    — Зірні, Айана, тут не шырока?
    — Якраз.
    — Не-не, занадта свабодна. Патрымай, я зараз. А ты, Таня, пакліч Мішу.
    Прыходзіць Міша.
    — Міша, як з машынай? Спадзяюся, ты ўжо заказаў? — занепакоена пытае Айта.
    — Заказаў.
    — Ой, божа, што, калі не прыйдзе...
    — Нічога асаблівага. Дойдзем пешкі. Усяго ж паўкілямэтра.
    — Пешкі? — Айта ад гневу вылуплівае вочы. У гэтую хвіліну яна гатова сьцерці ў парашок усё, што можа перашкодзіць зьдзяйсьненьню яе мары — праехацца ў ЗАГС на машыне са стужкамі.
    Нарэшце Міша прыкмеціў кучы стужак на нашых ложках.
    — Што гэта? — запытальна зірнуў ён на нас.
    — Як што? Машыну аздобім.
    — Таксі?!
    — Ага-ага, Мішачка!
    — А хіба... без гэтага нельга?
    — Нельга! — адрэзала Айта.
    Міша змоўк, яўна незадаволены, і больш ні ў што не ўмешваўся.
    “Яму не па душы. Яму не падабаецца ўсё: і таксі, якое ці то прыйдзе, ці то не, і ўся гэта сумятня, і чаканьне... У яго ў жываце халадзее, як толькі падумае, што будзе прывязваць банцікі да машыны”, — з нейкай злараднасьцю падумала я. Быццам адчуўшы, пра што я думаю, Міша шпарка зірнуў на мяне і тут жа адвярнуўся.
     Але вось і таксі — з заляпаным гразьзю багажнікам. Айта зараз жа загадала Мішу працерці машыну, а сама з кучай стужак у чаканьні спынілася насупраць дзьверцаў. Вадзіцель адчыніў дзьверцы і іранічна ўсьміхнуўся.
    А мне прыгадаўся даўні ыгэх, мой першы ыгэх і нязграбны суконны капялюшык...
    “Як яму няёмка і сумна”, — думала я, пазіраючы на Мішу.
    Яны жылі ў розных пакоях. Разам абедалі, зрэдку хадзілі ў кіно або тэатар, ды і то часьцей за ўсё з імі нейкім чынам апыналася і я.
    Неяк раз пасьля фільма мы пілі чай. Раптам Міша сказаў:
   — Айана, відаць, нарадзілася настаўніцай. Я вось сяджу і ўвесь час пабойваюся: якую адзнаку паставіш? Цябе дзеці баяцца будуць. І паважаць, вядома.
    Ён зьбянтэжыўся ад сваіх нечаканых слоў і змоўк.
    — А я? — какетліва спытала Айта. — Якой настаўніцай буду я?
    Міша акінуў яе абыякавым позіркам:
    — Ты? Ніякай.
    — Як гэта? Ні кепскай, ні добрай?
    — Наогул ніякай.
    — Чаму гэта?
    — Ты занадта прыгожая для настаўніцы. І занадта многа клапоцісься пра сябе. А ў клясе трэба думаць пра дзяцей.
    — Вось як... Ну, тады я пайду ў навуку. Спадзяюся, там мая прыгажосьць не зашкодзіць.
    — Ты? У навуку?
    — А што такога?
    — Дык жа ў навуцы пра сябе наогул забыцца трэба. Вось Айана...
    — Дзіва, дый годзе! — сярдзіта бліснула вачамі Айта. — Айану, значыцца, ніхто нідзе не заменіць, а я нікуды не варта. Так, ці што?
    “Яна раўнуе. А ён часьцей паглядвае на мяне, чым па сваю жонку”,— з незразумелай радасьцю падумала я і тут жа засаромелася сваіх думак.
    Адыходзячы, Міша вінавата паклікаў:
    — Айта, хадзі сюды...
    Яны доўга шапталіся за дзьвярамі.
    “Дурненькая, наіўная дурніца... — думала я пра сябе. — Чаго ўзрадавалася? Што Айта “занадта прыгожая”? Дык хіба гэта недахоп? Вядома, мяне можна “пабойвацца”. А з Айтой ён шчасьлівы хоць бы таму, што яе пабойвацца не трэба”.
    У той вечар я вырашыла больш нікуды і ніколі не хадзіць з імі. Слова сваё я стрымала. Вось і ўсё.
                                                                                    7
                                                                               Праўда
    Ці ўсё? Не, пачакай. Была ж дамоўленасьць — успамінаць шчыра, сумленна, нічога не ўтойваючы...
    Прыгадаем усё, нават тое, чаго саромелася ад самага пачатку.
    Неяк раз у нядзелю, калі Айта пайшла купіць прадуктаў, да нас забег Міша. Ён, відаць, сьпяшаўся — нават заходзіць не хацеў, а толькі прасунуў галаву ў дзьверы:
    — Айта дома?
— Хутка прыйдзе. Заходзь.
    Міша без вялікай ахвоты апусьціўся ў крэсла:
    — Куды пайшла?
    — Кажуць, ва унівэрмазе штосьці выкінулі. Яна і пабегла, — нечакана для самой сябе выдумала я. — Айта анучы ўсякія любіць, ты ж ведаеш...
    — Ды не, якраз не ведаў, — насупіўся Міша.
    “Фу ты, што я гавару. І як толькі язык павярнуўся”,— думала я, а сама:
    — Гэта яшчэ кветачкі. Вось пачакай, кожны дзень новую сукенку купляць прымусіць. Калі грошы завядуцца, вядома.
    Сказала з усьмешкай — разумей, маўляў, як жарт, — нялёгкая доля ў мужоў! — але навошта сказала, навошта? Засьмяялася — і сьмех выйшаў не той, якога хацелася: не прыязны, а кплівы нейкі...
    — Відаць, не дачакаюся, — Міша зірнуў на гадзіньнік і ўстаў.
    — Куды сьпяшаесься?
    — Ды нікуды.
    — Сьпяшаесься, я ж бачу, — і зноў ідыёцкі сьмяшок.
    Міша таксама засьмяяўся і зьняў паліто.
    — Варэньня хочаш?
    — Варэньня? Не. Я не люблю салодкага.
    — Яно не салодкае. Брусьнічнае. — Я паклала ў сподачак варэньня і паставіла перад Мішам. — Я і сама салодкага не люблю. У нас салодкае толькі Айта лопае. Я кажу, ад салодкага таўсьцеюць. Жартую, адным словам, а яна сур’ёзна: поўных мужчыны больш любяць. Яна наогул жарты ўсур’ез заўсёды прымае.
    Міша закруціўся ў крэсьле.
    — А што датычыцца цукерак, — гаварыла я далей, — дык у яе да іх слабасьць з маленства. Мы ж з ёю ў другім клясе разам вучыліся. Памятаю, быў такі сьмешны выпадак...
    І я, сьмеючыся, расказала, як Айта вадзіла нас купляць “Залаты ключык”.
    — Бачыш, нават назву цукерак памятаю... Сьмешна, праўда.
    — Ды не. Зусім не сьмешна. Ані, — ціха адказаў Міша, крэсьлечы штосьці на лістку паперы. — Ані! — паўтарыў ён і праткнуў лісток аўтаручкай.
    А я дадала:
    — Яе бацька тады працаваў у міліцыі. Аднойчы ён ледзь не засудзіў майго бацьку.
    — За што?
— Надта доўга расказваць.
    — Не, ты раскажы... Калі пачала, — сурова сказаў Міша.
    Я расказала. Навошта?
    Міша скамячыў скрэсьлены ўздоўж і ўпоперак лісток і шпарка выйшаў. Праз хвіліну вярнулася Айта.
    — Міша не заходзіў?
    — Не, — пажартавала я.
    — Дзіўна, — нейкім не сваім голасам сказала Айта. — Пайду зірну, чым ён там заняты, што не паказваецца.
    Неўзабаве яна з панылым выглядам вярнулася назад:
    — Пайшоў некуды. Чорт з ім, няхай швэндаецца.
    — Кажуць, хлопцы хутка астываюць... — выдала я.
    Праз некалькі дзён Айта спытала ў мяне:
    — Як ты думаеш, ці не лепш нам з Мішам жыць разам? Гэта ж не жыцьцё, а пакуты. Незанятыя пакоі ёсьць — географы на практыку паехалі, а камэндант не дае. Можа, схадзіць да дэкана?
    Я зрабіла выгляд, што задумалася.
    — Цяжка... Наўрад ці дадуць табе цэлы пакой. У нас жа не адна ты замужам. Ды і ці варта турбавацца? Міша на пятым курсе. Усяго і пажывяце што тры месяцы... А што табе не цярпіцца? — Я хітра зірнула на Айту.
    — Ага, і праўда. Аўчынка вырабу не вартая. Я чаму... Міша дзесьці прапаў. Трэці дзень не паказваецца... Ну, пакуль што. Бягу ў бібліятэку. А ты?
    — Не, я ў інтэрнат.
    Мне не хацелася ісьці пешкі, але давялося: аўтобуса доўга не было, і я зусім зьмерзла. Каб хоць неяк сагрэцца, я ледзь не бегла бягом. Раптам хтосьці дагнаў мяне і схапіў за локаць.
    — Ну, дзе твая Айта?
    — Мая? Хутчэй твая, — засьмяялася я, пазнаўшы Мішу.
    — Ну ўсё роўна. Дзе яна?
    — А ты ведаеш, яна мне не дакладвала.
    — Ніяк не знайду, — слабым голасам сказаў ён.
    — Дай бог памяць... Ну але, хлопцы нашы ў кіно зьбіраліся.
    — А пры чым тут Айта?
    — Ды як быццам і яе клікалі... Зрэшты, не буду маніць, добра не ведаю.
    Міша адпусьціў маю руку. Нават не азіраючыся, я адчувала яго хваляваньне — здавалася, марозны туман пацяплеў ад яго ўздыханьняў.
    “Паўздыхай і ты. Не адной мне ўздыхаць...” — мільганула ў мяне ў галаве. Міша кінуўся прэч.
    “Дурніца... Дурніца! Што я раблю...” Мне хацелася дагнаць яго, дагнаць і пераканаць, што я пажартавала, што Айта ў бібліятэцы... Я ж і сапраўды хацела пажартаваць! Ну чым я вінавата, што ў мяне такія нязграбныя жарты? Я крыкнула наўздагон Мішу, але крыку не атрымалася — ён засеў у горле.
    “Хай...— апраўдвалася я перад сабою.— Сапраўднае каханьне здольнае вынесьці і не такія дробязі. Паглядзім, на што здольнае іхняе каханьне”.
    Вось і ўсё, за што я павінна адказваць. Але толькі перад Айтой — не перад сваім сумленьнем.
    Сумленьне маё чыстае, бо гэтыя зьнешне непрыгожыя ўчынкі я рабіла не ад злосьці і не ад зайздрасьці. Мне нават самой цяжка сказаць, дзеля чаго я схлусіла некалькі разоў Мішу і Айце. Тым больш што мінула ўжо нямала часу, усяго не ўспомніш. Магчыма, мне было цікава, як будуць паводзіць сябе маладажоны. Я ж не зьбіраюся заставацца ў дзеўках, вопыт сямейнага жыцьця, хоць бы і чужога, спатрэбіцца. Адно я ведаю: ніякага разьліку ў маіх учынках не было. І ўжо ў любым выпадку паклёп, нібыта я хацела адбіць Мішу ў Айты. Ды калі б я хацела гэтага, ён даўно быў бы маім!..
    Улетку, пасьля сэсіі я, як звычайна, запісалася ў будаўнічы атрад. Ад раніцы да позьняга вечара тынкавалі мы толькі што пабудаваны новы інтэрнат. Вяртаесься да сябе, бывала,— ні рук ні ног не чуеш.
    Аднойчы пасьля работы я сутыкнулася ў калідоры з Мішам.
    — Міша! Ты яшчэ тут?
    — Чакаю распараджэньня міністэрства, — кісла адказаў ён. — Хачу застацца ў Якуцку або хоць пад Якуцкам: я ж не адзін...
    — Ды і Айце не надта спадабаецца, калі цябе пашлюць куды-небудзь за Палярны круг.
    — Айта... Айта, бадай што, яшчэ і рада будзе.
    — Ты так не жартуй.
    — Не буду. Дарэчы, ад яе пісьмо. Табе прывітаньне і прыпіска. Зайдзі, прачытаеш.
    Міша, відаць, жыў адзін: усе ложкі, апрача яго, цьмяна паблісквалі жалезьзем, з якога зьнялі пасьцелі.
    — Мае разьехаліся, — кіўнуў Міша ў бок гэтых ложкаў. — Ужо настаўнікі.
    — Думаю, і ты не затрымаесься,— з міжвольным сумам сказала я. — Ну што ж! Віншую з пачаткам працоўнай біяграфіі!
    — Напышліва, але — адчуваю — шчыра. Дзякуй, — Міша зьлёгку паціснуў у адказ маю далонь. — Чаю вып’еш?
    Прыпіска Айты да пісьма, адрасаваная мне, была кароткая. Айта паведамляла, што даляцела цудоўна, адпачывае добра, але ўжо сумуе. Неяк самі сабою кінуліся ў вочы радкі, напісаныя не для мяне: “Мішачка, хутчэй атрымлівай прызначэньне і прыяжджай... Проста не ведаю, куды падзецца”.
    — Ты, мусіць, як толькі атрымаеш распараджэньне міністэрства, адразу дадому? — спытала я, абы спытаць. — Пасьля пятага курса даюць які-небудзь адпачынак ці адразу на работу?
    — Адпачынак даюць. Але я не ведаю... Мусіць, не паеду дадому.
    — Чаму?!
    Міша нагнуўся і дастаў з тумбачкі пляшку віна.
    — Адкуль гэта ў цябе?
    — Рэшткі. Дыплёмы абмывалі. Ведаеш, дарагая Айана, — Міша наліў віна ў шклянкі. — Не хочацца мне туды. Не падабаецца мне.
    — Што не падабаецца?
    — Усё. Бацькі Айты, і наогул...
    — Жыць можна і без бацькоў.
    — Яно так. Але, нічога... Вып’ем? Ты ж за мой дыплём яшчэ не піла.
    Я прыгубіла шклянку. Міша выпіў да дна.
    — Айана... Даўно мы ведаем адно аднаго, але, мне здаецца, так і не пагаварылі пра галоўнае. І я... я хачу табе сказаць... Я сам цягну са сваім прызначэньнем. Я чакаю твайго рашэньня, Айана!
    — Майго? Чаму майго?
    — Ты не разумееш?
    Кроў шуганула мне ў галаву. Я ўсхапілася.
    — Не, Міша. Не. Так няможна.
    — Чаму?
    — Няможна, няможна...
    — Каго ты баісься? Яе, ці што? — ён безуважна адкінуў на край стала пісьмо Айты.
    — Яна сяброўка мая, разумееш?
    — Хочаш, раскажу, як я жаніўся?
    Ён зноў наліў віна.
    — Прыехаў на канікулы, з аднаклясьнікамі сустрэўся. Бацькі мае ў госьці паехалі, таму ў мяне сабраліся. Хлопцы і дзяўчаты пайшлі, а яна засталася. Як я мог пасьля гэтага не жаніцца.
    “Трэба ўмець у час пацалаваць хлопца”, — прыгадаліся мне словы Айты.
    Рука Мішы пацягнулася да шклянкі.
    — Міша, хопіць табе піць, сьпі!
    Толькі цяпер я зразумела, што ён выпіў яшчэ да таго, як мы сустрэліся.
    — Не бойся... Нічога са мною не здарыцца.— А зрэшты, прабач.— Ён паглядзеў мне прама ў твар. — Ты нікога не любіш, апрача сваіх пакут. Ну што ж, заставайся з імі. Калі-небудзь ты аб гэтым пашкадуеш.
    Не памятаю, як выбегла я з яго пакоя. Раніцай, калі я спускалася па лесьвіцы, ён нечакана апынуўся побач і схапіў за руку:
    — Зайдзі сёньня ўвечары. Прашу цябе. Зойдзеш?
    Я закруціла галавою і адскочыла ўбок. Увечары я, зразумела, да яго не пайшла. Я сядзела як на іголках. Мне здавалася, што ў пакоі няма чым дыхаць. Я расчыніла насьцеж акно ды так і не адышлася ад яго ледзь не да раніцы.
    “Навошта? Навошта ён хоча ўсё перавярнуць? Ён жа ведае, што я ніколі не зраблю так, як ён хоча. Я не хачу быць подлай нават у адносінах да таго, хто сам не можа жыць без подласьці”.
    — Айана нечым так усхвалявана, што апэтыт прапаў, — пакепліва заўважыла адна з суседак, упісваючы за абедзьве шчакі хлеб з маслам.
    Ох мне гэтыя назіральнікі! Здаецца, ведаюць пра цябе больш, чым ты сама... Я павярнулася да іх сьпіной і ў гэты момант адчула, што ў пакой увайшоў ён. Дзяўчаты, хіхікаючы, выбеглі. Яны не з майго курса — я з імі працавала у будаўнічым атрадзе...
    — Айана, я заўтра ад’яжджаю, — глуха сказаў Міша. — Не, не дадому. Атрымаў месца паблізу. І калі ты захочаш... Прыяжджай. Ад аднаго твайго слова зьменіцца ўсё наша жыцьцё.
    — Не!
    Міша патаптаўся.
    — Я напішу табе. Да запатрабаваньня. Адкажаш?
    — Не!
    — Да Айты я ўсё роўна не паеду.
    — Паедзеш!
    — Чакаць цябе?
    — Не!
    Міша стрымгалоў выскачыў з пакоя. Бразнулі дзьверы. Адчыненае насьцеж акно са звонам зачынілася, і ўніз, на тратуар, пасыпаліся асколкі шкла.
    “Усё. Усё”. Я нават нібы ўзрадавалася. А потым павалілася ніцма на пасьцель і зарыдала.
*
    Вось і ўсё. Цяпер сапраўды ўсё.
    Надышла восень, і Айта, як толькі вярнулася з канікулаў, паехала да мужа. Яна езьдзіла да яго кожную нядзелю і кожны раз вярталася ўсё больш панурай.
    Але я тут пры чым? Мяне ж там не было!
    А я магла б быць, калі б паслухалася яго, калі б пайшла за ім. Але я задушыла, вырвала з сэрца сама сваё каханьне — дзеля Айты! Толькі дзеля яе!
    “Каханьне? Я сказала каханьне? Якое каханьне?
    Ну, а як жа... Я ж кахала...
    Як — кахала?
    Дык гэта было каханьне?
    Нешта ў галаве блытаецца. Няўжо я кахала?
    Вядома, кахала, з самага першага дня, з таго самага моманту, як убачыла яго. Кахала так, што не магла глядзець на яго і на яе, калі яны былі разам. Кахала да самазабыцьця, да лютасьці, да подласьці.
    Якой подласьці?
    А хіба гэта не подласьць — нагаворваць мужу на жонку? Дзяўчынка ж, якая пашкадавала цукерак, і дарослая Айта — далёка не адзін і той жа чалавек.
    Ды і той жа бацька яе за пятнаццаць гадоў, магчыма, стаў зусім іншы.
    Але ж гэта было! Гэта ж праўда!
    Правільна. Праўда. Але да гэтай праўды ты дадала дзесятак маленькіх няпраўдаў, і агульны груз той праўды і хлусьні патапіў кволы чоўнік Айцінага шчасьця.
    Але ж я не пакарысталася з яе няшчасьця!
    Хто ведае. Можа, гэта яшчэ большая подласьць. Прыстойнасьць сабакі на сене: і сам не гам, і другому не дам.
    А Айта, наіўная, добрая дзяўчынка, нават і не здагадвалася, што я магу з ёю зрабіць. Яна спахапілася толькі тады, калі ўжо было позна.
    Значыцца, я подлая? Я?
    Агонь, пякучы агонь загараецца ва ўсім маім целе і бяжыць да сэрца. Ці наадварот — ад сэрца ён імчыцца па ўсім целе? Не ведаю... Нічога не ведаю.
*
    Каля мяне нехта завіхаецца. Перад вачамі мільгае. Быццам шамаціць нечы шэпт. Над тварам мільгаюць незнаёмыя доўгія пальцы. Нейкі сшытак. Ён таксама мільгае. Ах, гэта ж Таня махае сшыткам. Калі яна пасьпела вярнуцца?
    — Доктара трэба выклікаць. Доктара... Навошта ёй доктар? Сама цьвіце дзяўчына.
    — Я пабегла званіць у “Хуткую”, а ты махай. Вадою пырсьні.
    Гэта голас Айты. А ёй навошта патрэбна “Хуткая”?
— Дазванілася. Хутка будуць.
    — Акно адчыніць?
    — Не прастудзім?
    У твар б’е струмень сьвежага паветра. Аднекуль здалёк наплывае здань — жанчына-доктар у белым халаце. Нечыя рукі абмацваюць грудзі.
    — Ну як? Лягчэй?
    Ага, лягчэй. Я вымаўляю гэтае слова вачамі.
    — Сэрца, — канстатуе доктар. — Часьцей адпачываць трэба, дзяўчаткі. Завучыліся вы.
    Завучыліся. Але сяму-таму і навучыліся.
    Я ўспамінаю даўнюю-даўнюю пару, другі ці першы кляс. Я сяджу за партай, склаўшы на каленях рукі, а старая добрая настаўніца вялым стомленым голасам гаворыць пра шчасьце.
    І я засынаю.

                                МАЛЕНЬКАЯ  АПОВЕСЬЦЬ  ПРА  ДУРНУЮ  ЖАНЧЫНУ
                                                                              1
                                                 Пра дзень нараджэньня дурной жанчыны
    Сон, зноў гэты дзівосны сон, салодкае насланьнё. Прымроіцца, растрывожыць, зьбянтэжыць, а потым сядзі думай над ім, замест таго каб правяраць фармуляры.
    І чаго пра яго думаць, сон ёсьць сон, глупства, небыліца, а ўсё-такі... Што “ўсё-такі”?
    Ну і халадэча сёньня. І калі гэта толькі выйдзе на работу старая Фядосься — яна ж прыбіральшчыца, яна ж апальшчыца? Усё, чым старая займаецца, даводзіцца самой рабіць, забывацца пра свае непасрэдныя абавязкі. А ў Даі ж і без гэтага турбот поўны рот.
    Сон, сон, і чаго ён да яе прычапіўся? Фу ты, зноў пра сон.
    Паліцы даўно пара працерці, вось што. Да верхніх дзеці не дастаюць — вось і запыліліся. Дарослым жа цяпер не да чытаньня. Далібог, на палец пылу там. І калі выйдзе на работу Фядосься? Нічога, абыдземся без Фядосьсі. Не ўпершыню. І наогул — гаспадыняй трэба быць на сваім рабочым месцы, гаспадыняй.
    Чаму ён у сьне кожны дзень прыходзіць — наяву дык і не падумае. З таго самага дня не заходзіць. Злосны даўжнік, можна сказаць. Усе яны, зрэшты, даўжнікі, вунь колькі іх — цэлая картатэка. Ану, адбяром тых, хто тры месяцы кнігі не мяняў.
    Маппыраў Іван... Адразу тры кнігі. Са сьнежня не нясе. Які ж гэта Маппыраў? А трактарыст, даўганогі такі, цыбаты. “Аэліту” паўгода трымае. Ну, пачакай, хлопец...
    Цікава, што сказаў бы Сёдар, каб паглядзеў разам з ёю гэты сон? Уздыхнуў бы звыкла — “Эх, Дая-Дая!”, а працяг у вачах чытай: “Ну і дурная ж ты!” Не, лепш яму гэты сон не паказваць, гэта значыць не расказваць...
    Якое хараство — дзеці нарвалі цэлы ахапак пралесак. Зачыніць бы бібліятэку ды самой па пералесках... Можа, так і зрабіць? Усё роўна ніхто не прыйдзе — пасяўная...
    Ага, вось-вось, усе на поле, а яна — кветачкі зьбіраць. Эх, Дая, дурная жанчына. Дурная? А чаму, уласна кажучы, усе называюць яе дурной? Нават Сёдар. Якое там “нават” — ён якраз у першую чаргу.
    — Не гавары глупства... Зноў ты за свае дурыкі... Эх, Дая-Дая!..
    Як учора, так і сёньня. А дарэчы, сёньня за што? Ага, папрасіла яго памагчы — “давай мэблю ў пакоі пераставім, перасунь вось сюды шафу”.
    — Ну хто ж мэблю пасярод кватэры ставіць? Эх, Дая-Дая!
    І галавою паківаў.
    Што ж, не хоча памагчы — не трэба, яна сама цудоўна справілася. Прыйшоў на абед:
    — Зноў увесь дом перавярнула — ні прайсьці, ні праехаць. Э-э, чорт, шафа гэта дурная, нагу выцяў... А дзе мае паперы?
    — Якія паперы?
    — Нарады, справаздачы, блянкі... Куды падзеліся, га?
    — Не ведаю. Можа, за печкай? Я нейкі хлам туды выкінула. На распалку.
    І сапраўды, за печкай знайшоў ён свае нарады.
    — От ужо праўду хтосьці сказаў — як у сук уляпіў: валасы доўгія, розум кароткі.
    Вядома, зразумець яго можна. Нішто сабе кіраўнік, які губляе блянкі. А з другога боку паглядзець: гэта ж не кнігі! Такіх блянкаў у яго канторы пуды!
    Так, відаць, ніхто не прыйдзе сёньня. Пачытаць хіба? “Дама з сабачкам”. Якое сумнае апавяданьне... Зноў сапсуецца настрой.
    І чаму яе Бэла (гэта з Лермантава імя) не нарадзілася ўвесну, калі цьвітуць пралескі? Тады б Сёдар прыходзіў у бальніцу абавязкова з кветкамі. А калі б не здагадаўся, яна б сама яго папрасіла. Адмовіўся б ці не?
    — Зусім няма часу, Дая, на кветачкі — пасяўная... Не, гэта ўжо занадта, наўрад каб у яго павярнуўся язык такое сказаць. Усё-такі дзіця яму нарадзіла, нідзе ён не дзеўся б.
    Ён дачку Даяй назваць хацеў:
    — Няхай будзе Дая, як ты. Калі б хлопчык нарадзіўся, Сёдарам назвалі б, Федзем.
    Дая адразу абурылася. Мала таго, што сама яна з такім недарэчным імем пакутуе — дык яшчэ і дачцэ жыцьцё псаваць? Дая, Дар'я — ну што гэта такое! Ужо няхай лепш без імя жыве, чым з гэткім.
    — Бэлай, кажу, гэтая дзяўчынка будзе, — як адрэзала.
    Давялося мужу зьмірыцца. Ды яно і куды больш справядліва, калі імя той дае, хто раджае.
    — Добра-добра, — сказаў. — Можаш наогул што-небудзь птушынае-курынае выдумаць. Я не супраць.
    — Бэла — гэта табе не птушынае-курынае, а з Лермантава.
    — З каго-о?
    — З Лермантава!
    Так Бэла стала Бэлай. Над самой жа Даяй доўга не мудрагелілі.
    — Бабка яе была Даяй, няхай і яна будзе, — пастанавіла маці. — Была б жывая бабуся — пацешылася б.
    І ўсё! Здарылася гэта зімою, лютай зімою. Ад самага пачатку не пашанцавала. Мала таго што ў сьцюжу нарадзілася, дык яшчэ і не ў пару. І куды сьпяшалася? Каб нарадзілася ў свой час, як усе добрыя людзі, — якраз бы на пралескі ўгадала. Дык не ж — выкацілася з піскам-крыкам на сёмым месяцы, як быццам хто падганяў.
    Кэпсэ! [Расказвай — прывітаньне (якуцк.)] Як пажываеш, вучоная жанчына, пані таёнша? [Таён — багацей або чыноўнік, асоба, якая мае ўладу (дарэвалюц.)] З такімі, як наша сястра, і знацца не хочаш? Здаецца, тры стагодзьдзі мінула з таго часу, як наш палац сьмярдзючы наведвала. Ці табе, кралі гэткай, муж не дазваляе ў кароўнік заглядваць, га?
    Ну і дзеўка, вечна яна з баечкамі-прымаўкамі, з жартамі калючымі, а колькі слоўцаў у яе роце схавана — ні на якіх лічыльніках не пералічыш. Ды і з выгляду самавітая: мажная, спрытная, адным словам, Магутная Мая, як яе завуць. Але што б там ні было, а яна найлепшая сяброўка Даі. Меле языком яна, вядома, шмат, ды сэрца ў яе залатое і косы да пояса.
    — Ну, забалабоніла, не дасі слова ўставіць. Ты чаго прыйшла, навіны спакою не даюць?
    — Як не балабоніць, калі ёсьць з кім. Чалавек ад усіх іншых стварэньняў жывых тым і адрозьніваецца, што гаварыць умее. Грэх не карыстацца гэткім дарам! Выгаворвайся, пакуль жывеш, на тым сьвеце не пагамоніш. Кнігу тваю не прачытала, паспаць і то няма калі — каровы целяцца. Наста сваю не дагледзела, задыхнулася цялятка.
    — Ма-ая, як убачу твае косы, самой гэткія мець хочацца.
    — А хто цябе, дурнічку, абрэзаць прымушаў?
    — Ды мыць іх надта ж шмат клопату.
    — Ух, гультайка, і так нічым не занятая, а нават для самой сябе пастарацца баісься. Не сумна табе цэлыя дні з кніжкамі сядзець?
    — Толькі тут і не сумую.
    — А я пранюхала сёе-тое! Пачуеш — за вушы схопісься.
    — А што такое?
    — Э не, не для тваіх вушэй.
    — Ды не муч ты мне душу.
    — Ты што гэта чытаеш? “Дама з сабачкам”. І мне таксама падсунула кніжачку — да таго старадаўняя, да таго таўшчэзная. І напісана неяк, не зразумееш: палавіна па-руску, палавіна ліха ведае па-якому.
    — Па-француску гэта! І ў зносках пераклад ёсьць. Сам Талстой перакладаў.
    — Не мог адразу па-руску напісаць, ці што. Не, Дая, не для мяне такія кнігі. Навошта іх друкуюць? Народ іх усё роўна не чытае.
    — Гэта ты, ці што, народ, га?
    — А хто ж яшчэ?
    — І ты ведаеш, што патрэбна народу, а што не? Ведаеш?
    — Яшчэ б я не ведала, што мне трэба!
    — А я, па-твойму, не народ?
    — Ты — інтэлігенцыя.
    — Эх, ды што там спрачацца з табою, лепш выкладвай сваю навіну.
    — Кажу ж, не для тваіх вушэй.
    — Нічога-нічога, усё роўна пачуем, калі што-небудзь вартае.
    — Нахіліся, на вуха скажу: “Наста наша з настаўнікам зьнюхалася! Таму і ацёл праспала.
    — Як зьнюхалася? З якім настаўнікам?
    — З якім настаўнікам. Халасьцяк жа ў нашай школе адзін.
    — Ну і што?
    — О божа, да чаго някемлівая. Сьпіць, кажу, Наста з Араманам, таму і ацёл праспала!
    — Фу ты, як груба: “сьпіць”. Як быццам бачыла.
    — Як сьпіць, не бачыла, а ў кусьціках разам бачыла.
    — Ну дык што? Можа, сябруюць яны.
    — О-хо-хо! Вось сказанула! “Сябруюць”! Ды якое ж гэта сяброўства паміж мужчынам і жанчынай без гэтага самага?
    — Ну, можа, блізкасьць душ, агульнасьць інтарэсаў...
    — Паслухай, любенькая, табе ўжо трыццаць, хіба не? Ты ж замужам, га? І раджала нібыта? І дагэтуль ні ў чым не разьбіраесься, — ты дурная, Дая, далібог. Вядома, сьпіць, тут ужо нікуды не падзенесься. Ты вось толькі што мудрагеліста ляпнула: “агульнасьць” нейкая інтарэсаў, ці што. А што ж агульнае можа быць у настаўніка з непісьменнай даяркай, апрача пасьцелі, га? Іншая рэч, калі б цябе з ім убачылі, дык яшчэ можна было б думаць, што пра кніжкі гаворка.
    — Можа, і з ёю пра кніжкі.
    — О-хо-хо! Не, Дая, сапраўды, ты не ведаеш людзей... Небарака... Ды і адкуль табе ведаць, седзячы тут? Людзі не такія ўжо анёлы, дружа мой! Ты ж, па шчырасьці, нават свайго Сёдара не ведаеш. Не бачыш таго, што і сьляпому відаць. Глядзі, каб табе не давялося з аднымі паліцамі гэтымі застацца. Не вінаваць потым, што я цябе не папярэджвала!
    — Добра-добра, далася табе мая дурнота. Давай лепш пагаворым пра што-небудзь сапраўднае — хоць бы пра тую кнігу, што я табе дала. Як табе спадабалася Наташа Растова?
    — Кажу табе: Наста — палюбоўніца Арамана!
    — Эх, Мая, Мая, вярні ты лепш гэтую кнігу.
    — Вярну, вярну. Ды не злуйся ты, зразумей: такая таўшчэзная! Ну калі мне яе чытаць? Ты дай мне што-небудзь танчэйшае і па-якуцку.
    — Па-якуцку дык па-якуцку.
    — Ты б нам лепей памагла на фэрме чырвоны куток наладзіць. А то стаіць, нібы сірата, тэлевізар, а навокал яго — гной.
    — Куток дык куток.
    — Ну, я пабегла.
    Эх Мая, Магутная Мая, наслухалася, ды і паўтарае, быццам яна — народ. І хто гэта загадзя вырашыў, што трэба народу, а што не? Вось перад ёю картатэка, сто з лішкам фармуляраў. Можна сказаць, кожны дарослы жыхар пасёлка ў ёй улічаны. І якія ж яны розныя! Магутная Мая аддае перавагу танчэйшым кнігам і па-якуцку, а настаўнік Араман чытае Хэмінгуэя. Што ж, ён не народ?
    Дарэчы, што гэта яна балбатала пра Арамана? Ах, нібыта ён... гм, сьпіць з даяркай Настай. Якое глупства. Наста замужам, да таго ж і з выгляду так сабе. Ды справа наогул не ў гэтым.
    Хіба можна так груба не тое што гаварыць — думаць пра такога высакароднага, культурнага чалавека?
    Як цікава размаўлялі яны апошні раз пра “Ганну Карэніну”! Араман разважаў пра раман проста як сапраўдны крытык. Асабліва здорава гаварыў ён пра маральныя праблемы, што пастаўлены ў ім. Талстой, сказаў ён, асуджае падзеньне Ганны, а тое ж, што здарылася з ёю — не падзеньне. Бываюць чалавечыя пачуцьці мацнейшыя за самога чалавека. І нават спытаў Даю, а як бы яна зрабіла, калі б апынулася на месцы Ганны, гэта значыць, калі б ёй сустрэўся чалавек прыгажэйшы і больш душэўны за мужа і які кахаў бы яе? Дая ніколі пра такія рэчы не думала — так і сказала Араману.
    Калі ж гэта ён заходзіў апошні раз? Ану, яго фармуляр... Ого, тры месяцы, лічы. Даўнавата. Ды не такі ўжо вялікі гэта час, каб чалавек перарадзіўся. А каб адукаваны, начытаны, выхаваны чалавек ды паквапіўся на чужую жонку, якая нават не запісвалася ў бібліятэку, ён павінен перарадзіцца.
    Аднак чаму ён гэтак доўга не прыходзіць?
    Можа, Магутная Мая ў нечым і мае рацыю? Тым больш ёсьць і ў Насты добрыя рысы: шчырасьць, прастата. Ды і муж яе нібыта ў ад’ездзе — на курсах нейкіх.
    Эх, Дая, Дая! І сапраўды ты наіўная і дурная. Не ведаеш жыцьця, як кажа Магутная Мая. Людзей не ведаеш. Дала Маі Талстога. Ды яна за ўсё сваё жыцьцё раман гэты не асіліць. І, дарэчы, цудоўна без яго пражыве. Кожнаму сваё!
    Дык вось чаму няма Арамана. Ну і ну...
    Яна, дурная Дая, задаецца тым, што прачытала шмат кніг. Што ж тут такога — бібліятэкар! А жыцьцё ж куды багацейшае за кнігі. Так і Араман гаварыў.
    Дык вось чаму яго няма. Ну і ну...
    Досыць жыць прыдуманым жыцьцём, пара вярнуцца да сапраўднага. Для пачатку — узяць малую з садзіка, накарміць. Потым муж прыйдзе. Накарміць...
    І наконт Маінага чырвонага кутка падумаць.
    — Дар'я Паўлаўна, можна новую выбраць?
    — ІІІто-што?
    — Я вось кнігу прынесла.
    — А-а. Як тваё прозвішча?
    — Ягорава. З пятага.
    — З пятага. Гэта ў тваім Араман Пятровіч клясны кіраўнік?
    — Ыгы.
    — Ну, давай выбірай хутчэй. Я дадому іду. Нябось сказала маці, што ў бібліятэку ідзе, а сама па пралескі. Бач, нарвала цэлы ахапак, і ўсе нейкія аблезлыя, быццам іх карова не дажавала. Колькі вершаў пра гэтыя кветкі напісана, а калі разабрацца, што ў іх прыгожага: трава травою, ды яшчэ і ядавітыя, кажуць.
    — Ну, выбрала?
    — Ыгы.
    Хопіць, насядзелася. Кожны дзень тырчыць у бібліятэцы як вартаўнік — ад званка да званка. Адзін раз можна і раней пайсьці.
                                                                              2
                                               Пра раніцу жыцьця дурной жанчыны
    Фу ты, зноў перасаліла. І што за звычка сыпаць соль вялікай лыжкай... Зноў, чаго добрага, есьці не будуць.
    — Бэла, табе кашу зварыць?
    — У садзіку каша, дома каша...
    Бач ты! Гэткая малая, а ўжо разважае. Па слова ў кішэню не палезе.
    Яўна перасоленая, цяпер ужо нічым не паможаш. Хіба вады даліць? Ды не, гэта не выхад. Ну нічога, зьядуць і так.
    Пра што гэта яна так задумалася, што дзьве лішнія лыжкі бухнула? Ах, вунь пра што, пра круглую цацку.
    ...Над ложкам вісіць штосьці круглае, яркае: з аднаго боку блакітнае, з другога чырвонае. Круглае круціцца — з паласы сьвятла, у якой яно вісіць, у вочы Даі б’е то блакітным, то чырвоным. Дая спрабуе злавіць яго, а круглае не даецца, адскоквае ад рук. Тады яна ўстае на пасьцелі і тут жа стукаецца аб нешта цьвёрдае. Гэтае цьвёрдае не дае ёй выпрастацца і дастаць цацку. Дая сярдзіта ўсхопліваецца яшчэ раз і зажмурвае вочы ад болю. А цацка, нібы ў насьмешку, круціцца яшчэ шпарчэй: чырвонае, блакітнае, чырвонае, блакітнае. Яшчэ адна спроба ўстаць — і той жа боль. Ад болю і крыўды Дая ні то плача, ні то крычыць, але памагчы ёй ніхто не сьпяшаецца. Нікога няма, ці што?
    Што за дзіўны гэта быў ложак? З вечкам, ці што? І колькі ёй было тады гадоў? Чатырохгадовую Бэлу, бадай што, ні ў якую клетку не зачыніш, па пруточку разьбярэ і вылезе. Значыцца, ёй было менш? А можа, гэта і не ложак быў, а нешта іншае? І няўжо цацку немагчыма было дастаць інакш, чым стоячы? А можа, і наогул усё гэта было ў сьне, у дзівосным дзіцячым сьне?..
    — Ну, здаецца, гатоў. Чаму б яму не зварыцца дагэтуль.
    — Есьці, есьці! Суп будзем есьці.
    Так, нішто сабе суп: адна локшына — лыжка амаль стаіць. Выкіпеў, нічога не скажаш.
    — Не хачу я супу, мама.
    Вось, калі ласка! Стараесься, стараесься... Ці іх у садзіку гэтак сытна кормяць?
    — Табе не здаецца, што суп... як бы гэта сказаць... саленаваты?
    — Ды не, у меру.
    Давядзецца есьці самой, а то і Сёдар лыжку кіне. Цікава, што ён пра яе зараз думае? “Ну і жонка мне трапілася: і няўважлівая, і забыўлівая, і за домам не глядзіць, а што ўжо гатуе, дык гатуе...”
    — Ты што пра мяне думаеш?
    — Я? Нічога.
    — Я сур’ёзна пытаюся.
    — Чаму я пра цябе думаць павінен?
    — Пра што ж табе яшчэ думаць?
    — Гм-гм...
    — Сьмяесься?
    — Няма калі мне сьмяяцца. Пасяўную правальваем. Сёньня парторг прыяжджаў.
    Папала яму, небараку, мусіць. Ну што ж, не прывыкаць. Не ўпершыню.
    — Няўжо ты зусім не думаеш пра мяне?
    — Чаму ж. Бывае часам. Вось і зараз падумаў.
    — Што? Што падумаў?
    — Добра было б, каб памыў ёй посуд, падумаў. Ну, добра, без жартаў. Мне ў кантору трэба, з аграномам пагаварыць.
    — Што ж...
    А чаму абедзенны стол стаіць пасярод кухні? Які ён вялізны. Так і кідаецца ў вочы, як быццам людзі ў гэтым доме толькі ядуць. Перасунуць яго трэба. Вось сюды, да акна. Праўда, з чатырох бакоў за яго ўжо не сядзеш, ды і з трох таксама — сэрвант замінае. Ды нічога, усяго ж трое ў сям’і, памесьцяцца. Тым больш што трэцяя — зусім малая, ёй многа месца не трэба.
    Хто гэта да іхняга дома паварочвае? Наста, ці што? Ну і ну! Няўжо гэта тая самая замухрышка Наста? Губы нафарбаваныя, нават парфумай папахвае.
    — Кэпсэ, Дая!
    — Добры дзень.
    — З кожным днём харашэеш. Шчокі нібы аладачкі румяныя, а рукі за сыр бялейшыя. Зайздрошчу я табе, Дая.
    — Праўда?
    — Кветка кветкаю, проста як дзяўчына. Вось што значыць лёгкая, прыемная работа. А мы, небаракі, і адмыцца не можам. Мазалёў на руках — не саскрабеш. Мінулым летам у Баўгарыю па пуцёўцы езьдзіла, купіла пару пальчатак. Італьянскія. Дык паверыш — надзець яшчэ сяк-так надзену, а зьняць ніяк не магу, пальцы шурпатыя парабіліся. Хочаш паглядзець пальчаткі?
    — Пакажы.
    — Ну як?
    — Ой, якія слаўныя!
    — Купляй! Каму і красавацца ў такіх пальчатках, як не табе, культурнай жанчыне. Бачыш, блішчаць-пераліваюцца!
    — Колькі просіш?
— Больш, чым плаціла, не вазьму. Пятнаццаць плаціла.
    — Пятнаццаць?
    — Пятнаццаць. Хіба дорага? Я падумала, да твайго чорнага паліто якраз будуць.
    — Бяру-бяру. Ну, што ў вас там новага?
    — Якія могуць быць навіны ў кароўніку? Гэта ў цябе, мусіць, іх заўсёды поўна. На бойкім месцы сядзіш — з усяго пасёлка ходзяць. Эх, пашанцавала табе — у такое ўтульнае гнязьдзечка трапіла. Як ты свайго Сёдара падчапіла, га?
    — А чаму ты зусім у бібліятэку не ходзіш? Нават не запісалася.
    — Няма калі, галубка. Работы па горла. Іншы раз і пачытала б, ды далёка твая чытальня. Ногі не ідуць.
    — У мяне і дома кніг хапае. Можа, возьмеш?
    — Не ведаю...
    — Вось Чэхава вазьмі. Зусім маленькая аповесьць.
    — А ці добрая?
    — Яшчэ пытаесься. Чэхаў жа! Можа, расказаць трошкі?
    — Не-не, прабач, сьпяшаюся. Памерці і то не дадуць гэтыя праклятыя каровы. Сёньня адразу дзьве целяцца. З хвіліны на хвіліну могуць...
    — Ды я зусім трошкі. Толькі каб цябе зацікавіць.
    — Не-не. Пайшла.
    — А кнігу?
    — Э-э, траха не забыла.
    Так, што і казаць, нельга меркаваць аб чалавеку па чутках ды здалёку. Узяць хоць бы тую ж Насту. Чаго толькі пра яе не мелюць языкамі, а на праверку — які чулы, душэўны чалавек. І Даю пахваліла, і сям’ю яе, і паліто запомніла, і пальчаткі сама прынесла. А што не чытае, дык, можа, у гэтым і Дая вінавата: не здолела заахвоціць працавітую жанчьшу, а гэта ж яе прамы абавязак.
    Усе яны вунь сьпяшаюцца. Толькі і чуеш ад іх — работа. У каго пасяўная правальваецца, у каго каровы целяцца... Адна яна кніжкі пачытвае ды яшчэ незадаволена, што ў яе бібліятэку ніхто не ходзіць. А калі разабрацца, дык у гэтыя дні работнікі культуры самі павінны ісьці да людзей на іх рабочыя месцы. Сапраўды, трэба сур’ёзна заняцца чырвоным кутком на фэрме. Прыбраць, пачысьціць, утульна абсталяваць. Занесьці кнігі, часопісы... Што яшчэ? Можа, гэты вазон? Глядзі ты, як разросься, зацьвіў. Чаго добрага, з падаконьніка зваліцца. А калі не сам, дык Бэла дапаможа.
    — Ма-ма... Есьці хачу.
    — Малако піць будзеш?
    — Буду.
    — Ідзі сюды, я табе налью. Пі, мая харошая, за вячэрай зусім не ела.
    — А потым, як вып’ю, мы з табой пагаворым, праўда?
    — Абавязкова.
    — Лежачы, праўда?
    — Лежачы.
    — А хто будзе расказваць, ты ці я?
    — Па чарзе.
    — Не, давай ты без чаргі.
    — Добра, мая разумніца.
    — А што раскажаш? Казку?
    — Можна і казку. Толькі еш як сьлед. З хлебам, з хлебам! Хутчэй вырасьцеш.
    — А што будзе, як вырасту?
    — Сама чытаць навучысься, будзеш многа-многа чытаць і расказваць.
    — А чытаць цікава?
    — Дзіва што. Няма нічога цікавейшага.
    — Ну ўсё. Дапіла малако. Пойдзем расказваць.
    — Бэла, а ты маму любіш?
    — Люблю.
    — Лажыся бліжэй, радасьць мая. Бачыш, якія ножкі халодныя. Хочаш, я табе пра Бэлу раскажу?
    — Хачу.
    — Бэла, як вырасьце, усё роўна маму любіць будзе, усё роўна заўжды будзе з мамай гаварыць пра ўсё, пра ўсё. Ну як, цікава?

    Ну вось яна ўжо і сьпіць, набегалася, наскакалася, прытамілася за дзень, небарачка. Сьпі, любенькая, сьпі. Ручку не заломвай, вось так, няхай табе нічога кепскага не сьніцца.
    — Улегліся?
    — Цішэй... Чай піць будзеш?
    — Налі шкляначку, нешта смага ўзяла. З гэтым аграномам хіба пагаворыш спакойна? З ім адно горла драць. Што гэта?
    — Пальчаткі. Хіба не бачыш? Італьянскія.
    — Італьянскія? Дзе ўзяла?
    — Наста летась з Баўгарыі прывезла.
    — Так. І колькі яна з цябе злупіла?
    — Пятнаццаць, а што?
    — Пятнаццаць? О-хо-хо! О-хо-хо!
    — Чаго гэта ты так разьвесяліўся?
    — А як жа: італьянскія пальчаткі — і ўсяго за пятнаццаць! Ну і дзяшоўка!
    — Вядома, нядорага, але што тут сьмешнага?
    — Вось што я табе скажу: загляні-тка ты заўтра ў наш пасялковы магазын. Па-мойму, яны там яшчэ ляжаць.
    — Хто?
    — Ды пальчаткі гэтыя! І каштуюць, між іншым, рублі тры. Не больш.
    — Што-што?
    — Вось дык Наста. Ну і прайдзісьветка! Я з ёю пагавару.
    — Не-не, што ты! Асарамаціць мяне на ўвесь пасёлак хочаш? Ну яе... Падумаеш, пятнаццаць рублёў.
    — Ох, Дая-Дая!
                                                                              3
                                                    Першае каханьне дурной жанчыны
    І чаму гэта яно ўспомнілася? Ах, вунь што — часопіс, малюнак гэты. А дзе ж часопіс? Няўжо дома пакінула? Не, вось ён, ляжыць спакойненька. Няхай ляжыць. На самым відным месцы.
    — А, Дая! Прывітаньне! Прыйшла ўсё-такі?
    — Прывітаньне, Мая. Памагай!
    — Скончу даіць — памагу.
    — Зірніце, дзяўчаты, у нас кветкі зьявіліся!
    — Вазоны ў кароўніку! Ну і ну...
    — Ціха, ціха, нічога сьмешнага. Можа, цяпер за мною, гаспадыняй кветкавага хлява, хлопцы гужам пабягуць.
    Гэта Магутная Мая.
    — Хоць сама кветкай распусьціся, хто за табою пагоніцца! Надта ж ты калючая ды языкастая... Табе больш да твару хвасты каровам круціць, а не галовы хлопцам.
   Гэта Татыяс.
    — Здаецца, Татыяс, ты пабойваесься, каб я ў цябе мужа не адбіла.
    — Фу, сатана, і язык жа ў цябе... Ціпун табе на яго? Пайшлі-пайшлі, хопіць балбатаць, матор ухаластую працуе.
    Для кніг, вядома, патрэбна паліца, газэты, брашуры — на стол, часопісы на тэлевізар.
    Зноў некуды прапаў той часопіс з малюнкам. Ды вось ён, пад рукою.
    Якраз гэтак тады і было. Бягуць навыперадкі хлопчык і дзяўчынка. Хутка бягуць, хутчэй і нельга здаецца. І ўсё бяжыць разам з імі: зямля, сонца, дрэвы, трава пад нагамі. Бяжыць-бяжыць — не спыніцца. І зьвініць-смяецца пры гэтым.
    ...Побач з ёю, за адной партай сядзіць хлопчык. Ён чамусьці ўвесь час сьпісвае ў Даі. Ці то сам не ўмее рашаць задачы, ці то лянуецца рашаць — гэтага Дая не памятае. Памятае галоўнае: ён сьпісвае з яе сшытка. Дая з радасьцю дае яму сьпісваць, нават сшытак падсоўвае бліжэй. Хлопчык сьпісвае, сьпісвае, часам падміргвае ёй: не прагаварыся, маўляў. Дая ківае галавой, што разумее, і таксама падміргвае. На перапынку яны выходзяць на двор і ганяюцца адно за адным. Астатніх дзяцей вакол як быццам і няма: ва ўсякім разе, у памяці не засталося нікога, апрача гэтага хлопчыка. Хутчэй, хутчэй, яшчэ хутчэй... Усё наўкол ляціць у віхуры — дамы ляцяць, платы ляцяць, грузавікі, каровы... Іншы раз яны сутыкаюцца — ні то незнарок, ні то назнарок і доўга сядзяць на траве і ажно трасуцца ад рогату. Потым Дая спрабуе каму-небудзь расказаць пра ўсё гэта — як здорава бегчы, калі ўсё наўкол ляціць і сьмяецца, але яе не хочуць слухаць.
    — Як хораша,— паўтарае яна,— як хораша. Усё сьмяецца — і зямля, і сонца...
    Ніхто яе не разумее, ніхто не хоча слухаць. Ва ўсіх — і дарослых, і дзяцей — іншыя клопаты.
    — Як хораша,— трацячы надзею на водгук, шэпча яна. — Неба сьмяецца...
    І нават хлопчык, з якім яна бяжыць, не разумее яе.
    Неяк раз на ўроку Дая ўбачыла, што ён калупае ў носе. Спачатку яна зьдзівілася — сама яна ніколі так не рабіла,— а потым яе агарнуў жаль. “Бедненькі, — з замілаваньнем падумала яна, — мабыць, у яго няма хусьцінкі”. І яна падала суседу сваю батыставую, з ружовымі карункамі. Якраз у гэты момант настаўніца пачала запісваць умову задачы, і Дая ўпілася вачамі ў дошку, забыўшы і пра хлопчыка, і пра сваю хусьцінку. Раптам яе, руку, што падала хусьцінку, працяў рэзкі боль. Дая адхапіла руку і азірнулася. Хлопчык зларадна ўхмыляўся і зноў нацягваў гумку.
    — Ну як? Маеш? Можа, яшчэ хочаш? Чысьцёха мне знайшлася. Схавай сваю анучыну і не паказвай!
    Дая так і не зразумела, за што ён раззлаваўся. Чым яна яго пакрыўдзіла? Тут празьвінеў званок, усе ўсхапіліся з месцаў. Памчалася на двор і Дая. Але на гэтым перапынку хлопчык з ёю ўжо не бегаў... А назаўтра і зусім перасеў на іншую парту.
    З таго часу зямля і неба перасталі імчацца разам з Даяй. Неяк раз яна паспрабавала бегаць адна, але нічога не выйшла, і яна спынілася.
    Чаго гэта дзяўчаты раскрычаліся? Пайсьці паглядзець, што ў іх здарылася.
    — Дая, Дая, хадзі-тка сюды!
    — Навошта табе Дая? Чаго ты яе клічаш? Так і ёсьць: Мая з Настай сашчапіліся.
    — Знайшліся мне, усчалі шум-гам за дробязь.
    — За дробязь? Не, вы паслухайце, яна яшчэ кажа “за дробязь”!..
    — Заўсёды рада прычапіцца да чалавека, толькі таму што сама многа надойваеш. А хто не ведае, што ў цябе, Магутная Мая, самыя лепшыя ў чарадзе каровы? Ці мо ты іх карміла-гадавала? Трапіліся табе такія, даі сабе і маўчы.
    — Яшчэ і “маўчы”! Ах ты! Якія б каровы ў мяне ні былі, а малако я ніколі не разбаўляю. Ведаеш, Дая: малако сабралася разбаўляць! Каб я не крыкнула, дык бы, мусіць, цэлае вядро і шуснула!
    — Падумаеш, вялікая важнасьць. Плюхнеш крышку, ніхто і не заўважыць.
    — У цябе ўсё жыцьцё на разьліку: не заўважаць. Малако разбавіш — не заўважаць, без мужа гуляеш — не заўважаць... Думаеш, не бачыць ніхто?
    — А гэта ўжо не твой клопат! Ці, можа, зайздросьціш?
    — Не, галубка, больш у цябе гэты нумар не выйдзе. Мы цяпер усе за табою сачыць будзем. Калі паўторыцца — сама далажу кіраўніцтву. Наста, дурненькая, зразумей, толькі той кусок у рот лезе, што сваімі рукамі зароблены. Ва ўсім трэба сумленнай быць, нават у самай апошняй драбніцы, калі хочаш не саромеючыся людзям у вочы глядзець.
    — Ы-ы-ы... Ы-ы-ы...
    Ну вось. Наста ўжо плача. Па маладосьці, па дурасці дала маху, а гэтая Магутная Мая тут як тут, давай дзяўбці чалавека. Трэба ж усё-такі і меру ведаць.
    — Добра-добра, яна зразумее. Ды ўжо і зразумела, пэўна. Хопіць вам, дзяўчаты.
    — Ы-ы-ы... Дая, не кажы, прашу цябе... Не кажы свайму...
    — Ды што ты! Навошта!
    — Паплач-паплач, распусьніца! Можа, паразумнееш хоць на дзень. Пайшлі, Дая, памагу паліцу прыбіць.
    Хто не памыляецца... З кожным бывае. Хоць гэта Наста нешта занадта часта памыляецца. Ну ды бог з ёю, а што да таго, што без мужа гуляе, дык і зусім не Маін клопат. Тут Наста, вядома, мае рацыю.
    — Хо, зірні, зірні!
    — Фу ты, напалохала. І чаго вечна каркаеш, як варона?
    — Ды паглядзі ты! На свой вазон паглядзі! Сай! Сай! [Сай! Сай! — Прэч! Пайшла! (на карову).]
    Гэта ж трэба. Загаварылася, заслухалася і не заўважыла, як праз адчыненае акно прасунула галаву рабая карова.
    — Ну і ну... Сай! Сай!
    — Ды што ўжо цяпер. Здаецца, і кораня не засталося. Няўжо кветкі такія салодкія? Каб ведала, сама б зьела.
    — Вось жывёліна... Цэлы год гадавала, а яна за нейкую хвілю зжэрла.
    — Не трэба было акно адчыняць!
    — Праветрыць хацелася.
    — “Праветрыць”... Ды хіба кароўнік праветрыш? А-ха-ха-ха!
    — Знайшла з чаго сьмяяцца. Гэтакі прыгожы вазон...
    — А-ха-ха-ха! О-хо-хо-хо!
    — Ну чаго раскудахталася?  Глядзі, надарвесься.
    — А-ха-ха-ха! О-хо-хо-хо! Татыяс, зірні, Даіны кветкі Рабая зжэрла.
    — Зжэрла, кажаш? Дзіва што зжэрла! Для кароў гэта, мусіць, царская яда. Ты, Дая, знарок вазон прынесла — Рабую пачаставаць?
    — Знайшлі з чаго сьмяяцца...
                                                                               4
                                                       Другое каханьне дурной жанчыны
    Другое каханне прыйшло раптоўна, і гэтак жа раптоўна яго не стала. Было гэта так:
    — ...Ягораў, не круціся! Сядзі прама, — кажа настаўнік.
    Хлопчык на хвіліну замірае, але тут жа зноў паварочваецца сьпіной да дошкі:
    — Кэ-кэ-кэ. Што такое?
    — Капітан Касьсій Калхаун. Правільна?
    — Адкуль ты ўсё ведаеш?
    — Ведаю. Цяпер ты адгадай. Кэ дэфіс цэ, усё ў двукосьсі, што такое?
    — “Кон-Цікі”. Так?
    — Ты і гэта ведаеш? Ой-ой...
    — Ягораў! Сядзі прама.
    Дая тыцкае алоўкам у сьпіну Ягорава, і той зноў паварочваецца да яе:
    — Давай, ты цяпер. На гэты раз, вось пабачыш, не адгадаеш!
    — Паглядзім!
    — Дзікія коні. Што такое?
    — Коні Пржавальскага. Ага!
    — От і памылілася. Што я казаў!
    — Як гэта памылілася?
    — Падумай як сьлед. Дзікія коні прэрыі!
    — Ты “прэрыі” не казаў!
    — Мала што. Падразумяваецца. Адзін-нуль у маю карысьць!
    — Э-э, калі ты так хітруеш, я з табою гуляць не буду.
    — Ягор-раў! Ягор-раў! Сядзі прама!
    — Ну добра, а каб сказаў “прэрыі”, тады што?
    — Мустангі, вядома.
    — Ну хай сабе, нічыя.
    — Ягор-раў!
    Гэта была дзівосная гульня. Дзівосная не сама па сабе, а тым, да якой ступені адзін чалавек можа быць падобны на другога. Калі такі чалавек побач, на душы лёгка і радасна. Дая нават не ведала, чаго ў тыя дні было больш у яе душы: зьдзіўленьня, што такі чалавек ёсьць, ці радасьці, што ён побач.
    Урокі канчаліся вельмі хутка — не пасьпееш азірнуцца. Дома ж... дома, у чаканьні заўтрашніх урокаў, час цягнуўся страшэнна марудна. І вось — дзіўная рэч: здавалася, і настаўнікаў не слухала, і хатнія заданьні рыхтавала як у сьне, а пяцёркі атрымлівала ледзь не кожны дзень.
    Так працягвалася ўсю зіму, а ўвесну хлопчык пачаў кудысьці зьнікаць на перапынках, ды і пасьля ўрокаў яго нідзе нельга было знайсьці.
    Аднаклясьніцы хіхікалі:
    — Ягораў праводзіць Моцю з “Б”. Да самага дому. Спачатку Дая ўсе гэтыя жартачкі прапускала міма вушэй. Якія адносіны мае Ягораў, што сядзіць наперадзе яе, да таго, які праводзіць Моцю з “Б”? З якой прычыны яе Ягораў будзе кагосьці праводзіць? Ён жа якраз гэтакі, як яна сама, а яна ж нікога не праводзіць.
    Але аднаклясьніцы не манілі. Неўзабаве Дая і сама пераканалася ў гэтым. Моцю з “Б” сапраўды праводзіў менавіта той Ягораў і сапраўды да самага дому.
    Навошта? Чаму? Значыцца, яна памылілася і Ягораў зусім не такі, як яна? Выходзіць, калі яна радавалася, ён зусім і не быў рады, калі яна сьмяялася, ён толькі рабіў выгляд, што сьмяецца?
    Як бы там ні было, тыцкаць алоўкам у кашчавую сьпіну Ягорава яна перастала. А ён аднойчы павярнуўся і сказаў:
    — Давай згуляем, як раней, га?
    — Не.
    — Чаму?
    Чаму? Дая і сама не ведала. Не ведае і зараз...
    — Так проста, — сказала яна.
    — Ну і дурніца! Прайграць баісься?
    — Ты чаго гэтак заўсьміхалася? Расьцьвіла ажно.
    — Успомніла сёе-тое.
    — Толькі і работы ў цябе, што ўспамінаць. Як быццам усё, што магла, пражыла ўжо. Прачніся! Жыцьцё ж не спыняецца!
    — Добра, гэтую паліцу закончым, і дадому. Ну як, лепей стала?
    — Цуд! Не чырвоны куток на фэрме, а нібы гэты... фу ты чорт, як кажуць? Салён! Далібог, салён!
    — Праўда-а?
    — Далібог!
    — Мая, хадзем да мяне, чаю пап’ём. Пайшлі?
    — Ад яды ды ад вады грэх адмаўляцца.
    Ану, збоку глянуць, як яно атрымалася. І праўда, няблага. Вядома, не салён, які там салён, але... Калі заўтра не перавернуць усё дагары дном, дык будзе ў іх дзе пасядзець, адпачыць. Пагаманіць... Не кожны ж дзень сварацца, як сёньня. Праўда, усыпала Мая Насьці. Так і трэба. Вялікая гэта рэч — у час за руку схапіць. Вось толькі наконт гэтага...
    — Можа, дарэмна ты, Мая, Насьці намякала.
    — Як гэта дарэмна? Яна малако разбаўляе, а я маўчы?
    — Я не пра гэта.
    — Ах, ты наконт шашняў з настаўнікам? Нічога не дарэмна.
    — Ажно заплакала, небарака...
    — Якія там сьлёзы! Падман адзін.
    — Кракадзілавы сьлёзы?
    — Якія кракадзілавы?
    — Гавораць так.
    — А-а.
    — Дык ты лічыш, не дарэмна?
    — Дзе там!
    — А калі ў іх каханьне?
    — Фу ты, зноў за каханьне. Ды ты хоць ведаеш, што такое каханьне? Нічога ты не ведаеш. Жыцьця ты не ведаеш, вось што галоўнае!
    Ну вось, зноў пайшла-паехала... Хоць, з другога боку, а што такое каханьне? Можа, і сапраўды не ведае Дая, што гэта такое? Не выпадкова ж яна столькі людзей кахала, а яе... Сёдар хоць кахае яе?
    І наконт жыцьця таксама. Не ведае яна жыцьця. Нічога не ведае, не ўмее. Нібыта і не чалавек зусім, а так... божая кароўка. Ёсьць, здаецца, такі жучок.
    — Божая кароўка...
    — Што-што?
    — Я штосьці сказала?
    А яна ж не казяўка — чалавек! Што на сьвеце даражэй за чалавечае жыцьцё? Нічога няма даражэйшага. І што ж? Самую галоўную каштоўнасьць сьвету яна, Дая, марна траціць на дробязі, на глупства! Жыцьцё сваё траціць за нішто. А жыцьцё ж не вернецца. Досыць спаць, трэба жыць, трэба тварыць жыцьцё. Толькі не спаць, толькі не спаць!
    Вось сёньня зрабіла нешта добрае. Але як гэтага мала, каб пражыць жыцьцё не дарэмна! Трэба кожны дзень што-небудзь рабіць, тады і спаць не будзе калі.
    — Мая, а чаму б табе не вучыцца?
    — Навошта? Я васьмігодку скончыла.
    — Але гэтага ж мала. Ідзі ў вячэрнюю школу. Я табе памагаць буду.
    — Не хачу я вучыцца.
    — Як гэта “не хачу”?
    — Не хачу, і ўсё.
    — Ды як жа гэта можна не хацець вучыцца?
    — Значыцца, можна.
    — Ну... Я цябе не разумею.
    — А што тут разумець? Мне і так падабаецца.
    — І табе не хочацца інакшай работы, інакшага жыцьця?
    — Не.
    — Та-ак... Вось як... Тады папытай, можа, хто-небудзь з даярак хоча вучыцца. Я памагу. Папытай, добра?
                                                                             5
                                                      Трэцяе каханьне дурной жанчыны
    “Не ведаеш жыцьця”. А што такое “ведаць жыцьцё”? Які ён чалавек, што ведае жыцьцё? І ў чым розьніца паміж такім чалавекам і ёю, Даяй? Вось, скажам, чым адрозьніваецца ад яе Магутная Мая? Трэба было б часьцей на фэрму заглядваць. Ды што там “заглядваць”! Кожны дзень за Магутнай Маяй па пятах хадзіць — толькі так, можа, што-небудзь зразумееш.
    — Сёдар, ты ведаеш жыцьцё?
    — Што-о?
    — Ты ведаеш жыцьцё? Ці лічыш ты, што ведаеш яго?
    — Дзіва што ведаю. Каб не ведаў, я не я быў бы.
    — А што гэта азначае — ведаць жыцьцё? Ведаць людзей? Ці, можа, ведаць, што здарыцца з табою заўтра, пасьлязаўтра, праз дзесяць гадоў? Ці, наадварот, умець растлумачыць тое, што з табою ўжо здарылася?
    — Ды я думаю, што і тое, і другое, і трэцяе... Падай мне лепш «Аграномію», вунь тую, зялёную, на трэцяй паліцы.
    — На! Ты заўтра куды зьбіраесься?
    — У Албут, на сяўбу.
    — Вазьмі мяне з сабою.
    — Для ч-чаго?
    — Ды так, паглядзець проста.
    — Гм... а ці варта? Я там позна затрымаюся, што будзеш рабіць?
    — Нічога страшнага.
    — Не дурыся. Малую хто з садзіка забярэ?
    — Ты зразумей, я проста павінна ў гэтыя дні быць бліжэй да людзей. Ну не я, а мая бібліятэка.
    — Патрэбна ім твая бібліятэка... Ты што ж, з сабою яе панясеш?
    — Што-небудзь прыхаплю. Газэты хоць.
    — Ну добра, вазьму. І што гэта на цябе найшло, га?
    — Нічога. Проста я павінна ведаць усё, што ведаюць іншыя: і ты, і Мая, і Наста... Умець усё, што вы ўмееце...
    — О-хо-хо! А-ха-ха!
    — Не сьмейся. Чаго ты ўвесь час сьмяесься?
    — Толькі і не хапае, каб ты навучылася таму, што ўмее Наста.
    — Ну, а што Наста? Наста — складаная натура. Такія ў Хэмінгуэя сустракаюцца. А чаму ты нічога не чытаеш? Хочаш, дам табе Хэмінгуэя?
    — Як-небудзь пасьля. Калі вызвалюся трохі.
    — Табе абавязкова спадабаецца!
    — Не думаю.
    — Чаму не думаеш?
    — Гэта каторы? У сьвітэры?
    — Сам ты ў сьвітэры.
    — Я дык якраз без.
    — Я табе чырвоны сьвітэр куплю, хочаш?
    — Чырвоны? Чаму чырвоны?
    — Табе будзе да твару.
    — Хлопчык я, ці што? Толькі не чырвоны, чуеш?!
    — Толькі чырвоны... Кажу табе, толькі чырвоны...
    — Добра-добра, як хочаш.
    — Адразу б гэтак.
    — Ох, Дая-Дая!
    Так! Толькі так! Досыць плыць па цячэньні, плыні трэба супраціўляцца, калі ты на нешта варты. Ад сёньняшняга дня — новае жыцьцё, вырашана: цяпер ужо не будуць гаварыць, што яна не ведае чагосьці. Да д’ябла сны, якія б цудоўныя яны ні былі; з гэтага часу — жыцьцё, няхай — суровае, няхай — бязьлітаснае! Няхай як хоча круціць і верціць, але толькі яно! Бедная соня, учарашняя Дая, даруй-бывай. Тваё месца зойме новая Дая! Інакшая!
    — Заўтра ж куплю табе чырвоны сьвітэр!
    — Навошта такая сьпешка?
    — Заўтра ж! Толькі так!
    З заўтрашняга дня ён будзе насіць чырвоны сьвітэр. Але гэта толькі пачатак. Трэба, каб ён хоць бы ўзяўся за Хэмінгуэя. А там яго і аберуч не адарвеш.
    І праўда, колькі можна падпарадкоўвацца чужым рашэньням? Пара прымаць свае. Колькі гадоў ужо за яе ўсё вырашаюць іншыя?
    ...На выпускным вечары ў яе была шыкоўная ружовая сукенка. Вось такая, званочкам. І на танцы яе запрашаў увесь час адзін і той жа хлопец.
    Дая яго і не ведала добра. Ён быў з “Б”. Але калі пасьля вечара ўсе яны, найбольш дзяўчаты, хадзілі па вуліцы сяла, дык і тут ён чамусьці нязьменна зьяўляўся побач. І Дая зразумела: “Гэта — ён...”
    Чаму — менавіта ён? Чаму — менавіта ў гэтую хвіліну? Ды што гадаць. У кожнай кнізе каханьне да чалавека прыходзіць імгненна, так вось і з ёю здарылася. Хіба ў такую хвіліну вырашаеш сам? Не, за цябе вырашае лёс.
    А можа, гэта яшчэ не лёс? Можа, звычайная выпадковасьць? Якая выпадковасьць, калі ён увесь час побач. Мабыць, і праводзіць пойдзе. Так і ёсьць. Вось як, аказваецца, прыходзіць каханьне да чалавека.
    Зараз ён, чаго добрага, яшчэ і пацалуе. І праўда — пацалаваў. Вось бачыш! Значыцца, навек, да самай сьмерці. А ён жа, здаецца, зьмёрз, шчокі халодныя... Дзіўна, самае лета...
    — Заўсёды-заўсёды, да самай сьмерці? — спытала.
    — Ыгы.
    — Ты будзеш працаваць ці вучыцца?
    — Вучыцца.
    — І я.
    — А дзе?
    — Я кнігі люблю. Пайду ў бібліятэчны. А ты?
    — Я ў Рыгу, у авіяцыйны. Давай перапісвацца, га?
    — Ну, вядома. Як жа без гэтага.
    — Часта-часта!
    — Добра. Ну, я пайшла, а то мама, мусіць, у акно глядзіць. Не, пачакай, стань бліжэй.
    Цяпер яна яго сама пацалавала: чаго ўжо тут манежыцца, калі ўсё вырашана! Проста ў халодную шчаку пацалавала...
    Потым яна ўсю ноч не магла заснуць і думала, думала. Як дзіўна, цэлае жыцьцё яе вырашылася па сутнасьці за адзін вечар. Нібыта і добра — спакайней на душы, але ў той жа час неяк сумна.
                                                                                 6
                                                  Чацьвёртае і пятае каханьне дурной жанчыны
    І прыйшло да яе чацьвёртае каханьне...
    А спачатку ж і не думала, што гэта каханьне. Надта ж усё проста ў іх з Сёдарам выйшла: проста пазнаёміліся на студэнцкім вечары, проста сутыкнуліся на вуліцы (адзін Сёдар ведае, што гэта было не так-такі проста), проста прайшліся па вясеньняй Маскве. Але, відаць, цягнула іх адно да аднаго нітачка лёсу, і прагулянка гэтая была не апошняя. Магчыма, толькі магутныя лістоўніцы славутай Ціміразеўкі і змаглі б сказаць, колькі кілямэтраў было адмерана імі па яе ўтульных алеях. А колькі разоў цягнуўся Сёдар да Даі праз усю Маскву — пра гэта, бадай што, маглі б расказаць толькі бразгатлівыя колы старога трамвая. Але якая справа дрэвам і трамваям да дваіх маладых людзей, якія прыйшлі і пайшлі з цудоўнага горада гэтак жа, як і многія мільёны іншых.
    Дая з самага пачатку папярэдзіла Сёдара:
    — Бачыш гэтыя пісьмы? Вось! Лепш не клікаў бы ты мяне ў кіно...
    — Чаму?
    — Я павінна думаць пра другога чалавека.
    — Калі ласка! Думай, колькі хочаш — пакуль ідзеш у кіно, пакуль глядзіш... Па дарозе назад таксама. Ты ж не перастанеш думаць таму, што ў кіно пойдзеш? Галава твая дома не застанецца?
    — Яно-то так...
    — Толькі так, таму што білеты ўжо куплены.
    І Дая думала пра свайго далёкага сябра — часам уголас. А аднойчы ўзяла і расказала ўсю гісторыю свайго каханьня.
    — Да самай сьмерці, — з палёгкай уздыхнуўшы, закончыла яна.
    З таго часу ў Сёдара стала звычкай пытацца:
    — Ну, як там твой сябар “да самай сьмерці”? І ўрэшце ёй давялося прызнацца:
    — Даўно не піша.
    — Чаму?
    — Не ведаю...
    Сёдар — добры ўсё-такі ён чалавек! — пасьміхацца, як звычайна, не пасьміхаўся, зрабіўся сур’ёзны адразу:
    — А ты сама напісала б...
    — Тры разы пісала ўжо, колькі можна?
    — Паспрабуй яшчэ. Можа, захварэў.
    — Праўда-праўда! Зараз жа напішу.
    Адказу яна не атрымала і на гэты раз. “Як жа так, — думала яна, — мы ж пакляліся быць разам да самай сьмерці. Няўжо ён забыўся пра гэта? А можа, гэта толькі я паклялася, а ён нічога такога не гаварыў. Можа, усё гэта мне прысьнілася?” Ды не, не прысьнілася, вось яны, яго пісьмы. Праўда, наконт “да самай сьмерці” ў іх нічога няма, але ўсё-такі...
    Дая напісала яшчэ адно пісьмо — на дзесяць старонак, ледзьве ў канвэрт зьмясьцілася, але замест таго, каб адаслаць яго, парвала на шматкі і доўга потым сядзела пад ім з пустой душой і невідушчым позіркам...
    Даўно гэта было і з вадою сплыло. Толькі сёньня і прыгадалася чамусьці. У самую неадпаведную хвіліну...
    Вядома, за шырокай сьпіной мужа вецер не страшны, але матацыкл — не “Волга”, трасе — дай бог, тым больш што пад коламі не асфальт, а ўзаранае поле.
    — Сёдар, хутка твой Албут?
    — Злазь, прыехалі!
    — А я думала, яшчэ ехаць і ехаць... Які прыгожанькі алас!
    — Нам цяпер не да хараства.
    — Ты казаў, тут брыгада Маппырава Івана арэ?
    — Ага.
    — У мяне да яго клопат ёсьць.
    — Які ў цябе да Маппырава клопат можа быць?
    — Кнігі доўга не здае.
    — Фу, глупства якое.
    — Даўно ўзяў.
    — Закончым сяўбу — прынясе.
    — А што тут будзе? Пшаніца?
    — Не, авёс. А бліжэй да возера агуркі пасадзім.
    — Няўжо агуркі?
    — А што ж такога?
    — І вырастуць?
    — А чаму б і не?
    — Гэта ты, мусіць, задумаў?
    — Дапусьцім.
    Вось цудоўна, свае агуркі будуць. Малайчына Сёдар, здорава прыдумаў. Раней жа ў тутэйшых мясьцінах пра агуркі і не думалі. Не вырастуць, казалі. А чаму б ім і не вырасьці, была б вада. А тут вады — цэлае возера.
    — Ну, я да трактарыстаў, а ты тут пачакай, на агуркі палюбуйся.
    О-о, бедненькія, якія яны кволыя, вялыя. Так і хіляцца парастачкі, так і падаюць. Відаць, не для іх зямля якуцкая.
    А гэта што за груда? Папяровыя мяхі. Угнаеньні, ці што? Што ж яшчэ, вядома, угнаеньні. Азот або калій, або яшчэ што-небудзь. Для агуркоў прызапашаны, дык чаму ляжаць без карысьці? Нікому няма клопату да мяхоў гэтых, ніхто і не крануў іх, а агуркі гінуць. Ды хіба доўга забыцца, работы процьма. Кожная пара рук на ўліку. А Даіны? Гм... Вось і рыдлёўка, як знарок, пакінута. Тут і работы, можна сказаць, на паўгадзіны.
    Няхай як сьлед кормяцца, няхай растуць усім на дзіва. Чаго-чаго, а азоту-калію гэтага Дая ім не пашкадуе. Кожная сьцяблінка поўнай мерай сваё атрымае.
    От Сёдар зьдзівіцца — і як гэта ты здагадалася, скажа. Не-е, Дая ўсім пакажа, на што яна здольная. Хто асьмеліцца сказаць, што яна нікуды не варта, калі агуркі, чапляючыся адзін за другога, так і палезуць у неба?
    Вось і Сёдар бяжыць. Глядзі ты, як засопся. Куды ён гэтак ляціць?
    — Фу ты, так я і думаў.
    — Як ты думаў?
    — Ды бачу — рыдлёўкай махаеш. Цэлую граду сапсавала. Зграбай назад, ды хутчэй!
    — Чаму-у?
    — Яшчэ пытаецца. Ды хто ж расаду падкормлівае? Толькі сёньня пасадзілі. Не-не, рыдлёўку ты кінь, карэньчыкі пашкодзіш. Рукамі!
    — А мне думалася... хутчэй вырастуць...
    — Глядзі, колькі перасаджваць давядзецца!
    — І праўда...
    — Ох, Дая-Дая!
    Зноў недагаварыў, ды яно і так зразумела. “Ну і дурная ж ты” — вось што недагаварыў. Якраз як у той дзень, калі...
    Ну чаго яны ліпнуць, успаміны?!
    Так, быў у жыцьці Даі дзень, пра які можна сказаць, каб яго лепш не было. А незадоўга да яго Дая перастала зьяўляцца на алеях Ціміразеўкі. Калі ж занепакоены Сёдар прыяжджаў да яе ў інтэрнат, яна проста хавалася ад яго. Але ён усё-такі падпільнаваў яе пасьля заняткаў і спытаў:
    — Што з табою, Дая, га?
    — Нічога. Пусьці, я сьпяшаюся.
    — Падумай, ці не дарэмна сьпяшаесься?
    Відаць, нешта ён ведаў ці здагадваўся, але Дая і слухаць яго не хацела.
    — Ну што ты ўвесь час за мною ходзіш? Абрыдла.
    — Хто ён?
    — А табе што?
    — Куды ты ідзеш?
    — У рэстаран на новым Арбаце. Ты ж мяне ні разу не запрасіў.
    — Ты што, галодная?
    — У рэстаран не толькі есьці ходзяць.
    — Ну і хто ж ён, твой купчык?
    — Мастак, не раўня табе. Ты больш не прыходзь да мяне. Прашу...
    — Ох, Дая-Дая!
    І паглядзеў якраз гэтак, як сёньня. Не, яшчэ горш.
    І навошта яна ўцякала-хавалася? Чаго чакала? Той чалавек быў старэйшы за яе, куды старэйшы і больш вопытны і зусім не кахаў яе. Шмат разоў памылялася Дая, лічыла жаданае за сапраўднае, але на гэты раз яна хутка ўсё зразумела і больш да мастака не хадзіла.
    А Сёдар? Што ж, ён зноў прывалокся праз некалькі дзён. Павітаўся. А яна заплакала. І сказала:
    — Ты і праўда... не хадзі да мяне. Сапраўдная дурніца была, якіх пашукаць трэба.
    — Як жа не хадзіць, калі я цябе кахаю.
    — Няма за што мяне кахаць. Я кепская, брыдкая. Зусім кепская. Я, калі хочаш ведаць, проста дрэнь...
    — Ты не дрэнь. Ты проста даверлівая дурнічка. Я даўно хацеў табе сказаць: давай пажэнімся, га?
    — Позна, Сёдар. Што цяпер і гаварыць пра гэта... А ўсё-такі пажаніліся.
*
    Бедныя парасткі, няўжо яны больш не выпрастаюцца? Вось як бывае, аказваецца: забіць жа можна не толькі злосьцю, але і дабратой. Калі дабрата неразумная.
    — Ну, пакажу я гэтаму Івану. Згрузіў, дзе не трэба. Угнаеньні ж зусім не для агуркоў!
    Гэта Сёдар лаецца. Толькі Іван жа ў чым вінаваты? Сама магла здагадацца, не маленькая. Не бярыся не за сваю справу!
    — Расады не засталося?
    — Павінна быць крышку. Паглядзі за сьвірнам у скрынях.
    — Ёсьць! Зараз прынясу.
    — Э, не! Я сам. Яшчэ ўпусьціш, тады зусім без нічога застанемся. А колькі поту і нэрваў мне гэтая расада каштавала!
                                                                      7
                                                           Сны каханьня
    О божа, які сабачы холад! І калі гэта старая Фядосься выйдзе нарэшце на работу? Ды зрэшты, палі не налі, карысьці не дачакаесься. Печка дыміць і ані не грэе, а дровы проста жарэ. Хутчэй бы новую бібліятэку пабудавалі, тады было б дзе разгарнуцца. Пяць гадоў гавораць, ды ад балбатні ж не сагрэесься...
    А тут яшчэ і сон прапаў. Ну, не ў тым сэнсе, што бяссоньніца замучыла, не, сон у тым сэнсе, што ў сьне нічога не бачыцца. Раней кожную ноч з’яўляўся, а тут на табе: як адрэзала. Нават удзень спрабавала спаць — не, калі і прымроіцца што, дык каровы нейкія, пальчаткі, вазоны, мяхі з угнаеньнямі і іншае глупства.
    Хопіць пра сны, работы — заваліся. Пара за рамонт брацца. Вунь іх колькі, зачытаных, зацяганых, пакалечаных. Каторую падклеіць, каторую ў сьвежую паперу абгарнуць. Кніга — не цагліна: у час не дагледзіш — і ўспамінай як звалі.
    — Прывітаньне!
    Вось табе і на, старонкі выдраны. Ох, каб ведала, хто гэта зрабіў!
    — Добры дзень, кажу!
    Хто браў апошні? Гм, з гэтым д’яблам не паспрачаесься. Тысячу адгаворак знойдзе. Ды, можа, і не ён — да яго. А чаму не сказаў, што столькі старонак не хапае? Не заўважыў? А як можна не заўважыць? Не чытаў?
    — Чым гэта ты так захапілася, што людзей не заўважаеш?
    — А, Араман? Добры дзень. Адкуль прыехаў?
    — Як гэта адкуль? Я ўвесь час тут. Нават у раёне ні разу не быў.
    — Даўно цябе ў бібліятэцы не бачна,— думала, паехаў ты куды.
    — Ды не... Экзамэны прымаем — дыхнуць няма калі!
    — У восьмых?
    — І ў восьмых, і ў дзесятых.
    — Кнігі браць будзеш?
    — Пагляджу, з твайго дазволу. Ты гэтакі парадак навяла, што да паліц і падысьці боязна.
    Паправіўся, ці што? Відаць, Наста на славу корміць. Хто-хто, а яна, пэўна, не перасольвае... І наогул зьмяніўся. Вядома, не так, каб на вуліцы не пазнаць. Нібыта і бровы тыя ж, і прычоска пад Хэма, і сьвітэр той жа — чырвоны, а чалавек другі. Голас той жа, а тон другі — спакойны, разважлівы, паблажлівы. Ды што і глядзець на яго. Не заўважаць — вось адзінае, чаго ён заслугоўвае.
    Цікава, чаму гэта ў сьне чалавек бачыцца зусім інакшым, чым ён ёсьць на самай справе?
    — Атрымалі новае выданьне Хэмінгуэя. Возьмеш пачытаць?
    — Хемінгу-эй?
    — Ага.
    — Не, бадай што. Баюся, да канца не дачытаю.
    — Ты?!
    — Чаго зьдзівілася?
    — Мне заўсёды здавалася, што ты любіш Хэмінгуэя. Браў жа.
    — Браў, вядома. З цікаўнасьці. Столькі гаворкі пра яго. Але не. Не па душы мне ён.
    — Як дзіўна... Ты ж нават расказваў пра яго. Пра яго жыцьцё...
    — А, у “Неделе” прачытаў якраз.
    — Як дзіўна...
    — А што тут дзіўнага? Дарэчы прыйшлося, вось і расказаў.
    — Ды не гэта дзіўна. Дзіўна, што я так пра цябе думала.
    — Ці мала мы памыляемся, калі думаем пра другіх.
    Няўжо гэта Араман? Той самы Араман? А можа, ён і заўсёды быў гэткі — толькі яна не заўважала?
    — Ну што, выбраў?
    — Вось неблагі дэтэктыў. Сюжэт цікавы, і напісана прыстойна.
    — Дэтэктыў?!
    — Не сьмейся. Я не для сябе. Хачу аднаго чалавека да чытаньня заахвоціць, не пачынаць жа з “Вайны і міра”. Дарэчы, Наста ў цябе запісана?
    — Не-э.
    — Ну добра, пакуль што.
    Дык вось яно што! Заахвочвае Насту да чытаньня. Настаўнік заўсёды настаўнік. Вось і вер людзям. Мая жыцьцё ведае: “Што можа быць агульнае ў даяркі з настаўнікам, апрача пасьцелі”. Жыцьцё — гэта ж не толькі яда, работа і гм... пасьцель. Араман — не дурны і чалавека разумее. Вядома, калі ўжо Насьці і пачынаць, дык з дэтэктыва. А Дая ёй Чэхава падсоўвала... Да Чэхава Насьці расьці і расьці. І зусім нічога кепскага, што Араману не па душы Хэмінгуэй. У кожнага свой густ.
    Які ён чулы, які высакародны! Хіба чалавека пашкадаваць — не высакароднасьць, не чуласьць? Жыцьцё ж у Насьці, здаецца, не ўдалося, ні сям’і ў яе сапраўднай, ні сябровак... Кожны, небараку, аблаяць стараецца, і за вочы, і ў вочы, вось і Мая таксама... Чалавек добрага слова чакае, а да яго з папрокамі вечна. Нехаця характар сапсуецца. Ах, Араман-Араман, вунь ты які, аказваецца...
    Ну вось, зноў гэты сон, дачакалася. Што ён усё-такі азначае? Нічога не зразумееш. Можа, і зразумела б што-небудзь, ды вось бяда: зьбягае з памяці, як вада з далоняў, нічога не застаецца. Пакуль сьпіш, усё, як у кіно, і выразна, і ярка, варта прачнуцца, як вобразы сну, нібы туман начны, выпарваюцца; лавіць і не спрабуй: хіба ўтрымаеш туман? Застаецца музыка, нібыта знаёмая, нібыта чужая, ні то ўрачыста-пераможная, ні то тужліва-сумная, што ж гэта за музыка? Можа, палянэз?
    Чаму палянэз? Які палянэз? Палянэз Агінскага? Праверыць бы, дык пласьцінкі няма. Трэба ў Якуцк напісаць, каб прыслалі. Каму напісаць? Абы-каму. Галоўнае, каб прыслалі.
    Ну, а што ж яшчэ ў гэтым сьне, што? Сьнег... Сьнег. Ён падаў аднекуль зьверху разам з музыкай. Гукі падалі, і сьняжынкі падалі. На плечы падалі. Каму? Яму. А хто ён? Не зразумець, не ўспомніць.
Яна ў сьне пыталася:
    — Хто ты? Хто? Чаму маўчыш?
    Потым здагадалася: калі ідзе сьнег, гучыць палянэз. Таму трэба маўчаць. Няможна гаварыць, калі гучыць палянэз.
    А сьняжынкі ўсё хутчэй, і музыка ўсё мацней. Напэўна, увесь сьвет чуе. Вось якая музыка.
    Шкада, няма каму расказаць гэты сон. Магутная Мая і слухаць не захоча. Сёдар... Сёдару і заікацца няможна. Каб гэта ён у сьне маўчаў, тады іншая справа. Але ён і ў сьне маўчаць не будзе.
    — Ранавата ўлеглася, табе не здаецца, га?
    — Ты, Сёдар? Падагрэй суп сам, калі ласка. Ешце без мяне.
    — Не захварэла?
    — Не.
    — Дык што здарылася?
    — Стамілася.
    Сьнег, сьнег... Чаму ён сьніцца ўлетку? Мала, ці што, было яго зімою? Ці гэта інакшы сьнег — летні, сонечны, добры? Летні сьнег. Бязглузьдзіца. А палянэз? Палянэз не бязглузьдзіца? Адкуль ліўся ён? Хто яго іграў?
    — А ведаеш, дарэмна ты старалася.
    — Ты пра што
    — Пра чырвоны куток на фэрме.
    — Чаму дарэмна?
    — У новы кароўнік мы іх перасяляем.
    — Праўда?
    — Спачатку трэба было параіцца са мною, а потым ужо распачынаць.
    — Хай сабе!
    — Як гэта “хай сабе”? Праца ж твая прападзе!
    — Бясьсьледна нічога не прападае.
    — Раз у гады-рады карысную работу зрабіла — і на табе!
    — Хай сабе.
    — Ды што з табою? Усё адно дзяўбеш: хай сабе, хай сабе. Зноў закахалася, ці што?
    — Адчапіся! Кажу табе, суп на пліце, падагрэй...
    — Дурненькая. Усё сьпіш і сьпіш, жывеш у сьне. І яшчэ хочаш у жыцьці разабрацца. Калі жыцьцём сон лічыць, дык у такім жыцьці век не разбярэсься. Сон — ён і ёсьць сон. Бывае, за ноч дзе толькі не пабудзеш! Тут табе і Якуцк, і Масква, і ААН разам з Афрыкай. А ў жыцьці так хіба бывае? Жыцьцё куды прасьцейшае, Дая. Вось улюбляесься ты ў сьне, улюбляесься і не ведаеш, што са сваім каханьнем-любоўю рабіць. Жанчына, якая кахае не ў сьне, а сапраўды, доўга не разважае. Успомні Ганну Карэніну.
    — Гэта што ж? Намёк ці парада?
    — Ну як я магу раіць такое роднай жонцы.
    — Не кахаеш ты мяне, Сёдар...
    — Ох, Дая-Дая. Адно каханьне ў цябе ў галаве. І калі ты яго адтуль выкінеш?
    — Як жа жыць без каханьня?
    — Як усе добрыя людзі! Працуюць, плянуюць, вынаходзяць, ствараюць матэрыяльныя каштоўнасьці. Між іншым раджаюць дзяцей і выхоўваюць іх.
    — І ўсё ты ведаеш... Усё  для  цябе — адкрытая кніга.
    — Інакш і жыць немагчыма! Ну добра, ты скажаш: можна — і для прыкладу назавеш сябе. Правільна: ты жывеш у сьне, у сьвеце ілюзій, паўсядзённасьць наша для цябе ўсё роўна што гук пусты, і тым не менш табе добра. Але ці не здаецца табе, што ты маеш магчымасьць спаць, таму што не сплю я? Уяві сабе, што за жыцьцё было б у нас, калі б мы спалі абое.
    — Не кахаеш ты мяне... Не кахаеш...
    — Ты парашыла, што я не кахаю цябе, бо я, так сказаць, мала цікаўлюся тваім духоўным сьветам. Але памяркуй сама, ці ёсьць у мяне на гэта час? Я — чалавек працы, мне нават і ў сваёй душы калупацца няма калі, дык што ўжо гаварыць пра іншых! Ды, шчыра кажучы, і няма ў мяне аніякага жаданьня корпацца ў чужых душах. Для мяне галоўнае, каб людзі, якімі я кірую, добра працавалі. Я ім дам усё, што магу, але няхай і яны працуюць з поўнай аддачай. Галоўнае — каб матэрыяльны дастатак рос, а душы вашы — Даіны там, Маіны — самі пойдуць у рост усьлед за ім.
    — Але няўжо я для цябе нічым не адрозьніваюся ад Маі?
    — Жыву ж я з табою, а не з ёю.
    — Чаму жывеш?
    — Ты добрая жанчына, спадручная жонка. Гэта я адразу скеміў, як толькі пазнаёміўся з табою. І з табою не засумуеш — вечна падкідваеш што-небудзь, над чым трэба паламаць галаву. Ну, добра, сьпі! Другі б на маім месцы ад тваіх сноў трымцеў бы, але я ж ведаю, што далей за сны ў цябе нічога не ідзе. Сьпі!
    — А ты?
    — У кантору заскочу, справа ёсьць.
    Вось нагаварыў, успомні цяпер, дзе канец, дзе пачатак. І Ганна Карэніна, і новы кароўнік, і душы Маі і Насты... Такое на яго не часта находзіць... Сьпі, кажа. Які дзіўны сон... Калі ён зноў пачнецца? І расказаць няма каму...
    — Мама, ты чаму ляжыш? Уставай! Уставай, кажу!
    — О, Бэла, маленькая мая... Кладзіся са мною, добра?
    — Раскажы што-небудзь!
    — Пра музыку хочаш?
    — Хачу.
    — Разумееш, калі ідзе сьнег, гучыць палянэз... Табе зразумела ці не вельмі?
    — Зразумела. Далей расказвай, далей!
    — О-о, разумніца мая, ты, мусіць, маму любіш?
    — Люблю.
    — Ну, тады будзем жыць, добра?
                                                                               8
                                                                          Жыцьцё
    А Сёдар жа гаварыў правільна! Не ведае яна жыцьця, жыве ў сьне. Нават распазнаць, дзе сон, а дзе ява не можа. Пачакай-пачакай, давай разьбяромся: дзе ўсё-такі жыцьцё, дзе сон? Жыцьцё — гэта тое, чым займаецца Сёдар: саўгасныя клопаты. Вечна на нагах чалавек, пасядзець з дачкою і то няма калі, мала таго, што цэлымі днямі на рабоце, дык яшчэ і вечары аддае ёй. У колькі ж ён вяртаецца ўночы? Сорам, але факт: не ведае гэтага Дая. Жонка называецца. Таму не ведае, што сьпіць усё жыцьцё. Нічога ад такога жыцьця не застанецца, як ад кветкі з вазона, што зьела рабая карова. Можа, толькі палянэз і застаецца. Значыцца, палянэз — не сон? Значыцца, палянэз і ёсьць самая сапраўдная ява, рэчаіснасьць? Фу ты, зусім заблыталася.
    Калі ўжо што на сьвеце і сапраўдна, дык гэта тое, што зараз яна не сьпіць. А вось нядаўняя размова з Сёдарам — гэта, вядома, было ў сьне. Не мог жа ён на самай справе гаварыць ёй: “Сьпі, Дая, сьпі!” На яго гэта не падобна.
    Хопіць! Заўтра ж яна павернецца тварам да рэчаіснасьці. Далоў сны, далоў ілюзіі, няхай жыве жыцьцё!
    А чаму заўтра? Сёньня ж, сягоньня!
    Трыццаць гадоў, як сьляпое шчаня, тыцкаецца мордай у што папала. Досыць! Пара глядзець на жыцьцё расплюшчанымі вачамі. Як добра, што ёсьць Сёдар!
    Правільна Сёдар гаварыў: яна сьпіць таму, што ён не сьпіць. Лёгка шалець з раскошы за сьпіной мужа! Папрацавала б з ранку да вечара, як ён, або Мая, або тая ж Наста, прастарней ад усякага глупства ў галаве стала б. Трэба пагаварыць з беднай Настай, суцешыць. Як апаноўваюць яе, мабыць, розныя цяжкія думкі!
    — Наста, — скажа Дая, — ці магу я хоць чым-небудзь табе памагчы?
    — Не, — хутчэй за ўсё адкажа Наста. І тады Дая:
    — З мужам тваім, як ён вернецца, я сама пагавару. Ён мне паверыць, што ты ні ў чым не вінаватая.
    — Добра, — скажа Наста і ўздыхне.
    — Будзь шчасьлівая, Наста, — скажа Дая і таксама ўздыхне.
    І ўсьміхнуцца абедзьве лагодна і сумна.
    Так, несумненна так трэба жыць, рабіць сапраўднае, а не выдуманае дабро.
    Дарэчы, каторая гадзіна. Дванаццаць? Ужо дванаццаць? Чаму ж няма Сёдара? Няўжо ён заўсёды вяртаецца гэтак позна? Дзеля саўгаса, дзеля людзей яго пі сілы, ні здароўя не шкадуе. А яна памагла яму хоць раз, хоць бы ў малым? Не, ніколі, нічым. Трэба зараз жа ісьці да яго ў кантору і рабіць усё, што загадае. Пісьменны чалавек хоць на што-небудзь ды спатрэбіцца. Не можа быць, каб там, дзе працуюць да дванаццаці ночы, для яе не знайшлося пасільнай работы.
    Бр-р, халадэча якая, зямля падмерзла, ну і вясна сёлета. Вецер ажно сьвішча. А новы кароўнік на ўзьлеску сапраўды заканчваюць. Ох і даўжэзны! На новай фэрме чырвоны куток Дая зробіць лепшы за ранейшы. Усё там будзе: і кнігі, і газэты, і часопісы... нават часопіс мод. І — абавязкова — кветкі. Нічога, што тыя кветкі ў вазоне аб’ела рабая карова, пакуль кароўнік пабудуюць, новыя вырастуць. Галоўнае, вырасьціць такія кветкі, каб каровы на іх і не глядзелі. Якія ж? Кактусы, га? Абавязкова кактусы, і каб калючак паболей.
    Пачакай-пачакай, а чаму ў канторы сьвятла няма? Ні ў адным акне. Шторы ў іх звышшчыльныя, ці што? Акно Сёдара — каторае? Гэтае, ці што? Але і ў ім цёмна. Мабыць, пробкі перагарэлі. Ану, пастукаем... Ага, нехта ёсьць. Ідзе, нагамі шкрабае.
    — Хто там?
    Гм... Гэта не Сёдар. Гэта не інакш вартаўніца.
    — Я, Дая!
    — Да-ая? Ну, заходзь.
    — Ты што ж, бабуся, вартуеш?
    — Э-э! Уночы тут сплю.
    — Фу ты, бабуся, ды ты ж не інакш Агдачу? Так хусткай абвязалася, што і твару не відаць.
    — Я, любенькая! Зуб баліць-мучыць, таму і абвязалася. А ты чаго?
    — Да Сёдара.
    — Да Сёдара?
    — Ага. Ён дзе, у якім пакоі?
    — Ды няма яго зусім.
    — Як гэта няма?
    — Ды звычайна. Тут, любенькая, так заведзена: як толькі шэсьць адбумкае — і са сьвечкай нікога не знойдзеш.
    — Але ж да Сёдара гэта не датычыцца. Ён кожны вечар тут працуе.
    — Ты сваімі вачамі бачыла?
    — Бачыць не бачыла, а ведаю.
    — Табе відней, любенькая. Ды толькі, здаецца мне, што і ён, як усе.
    — Што значыць “як усе”?
    — Ды тое самае. Усе ў шэсьць разьбягаюцца, і ён не застаецца.
    — У шэсьць ідзе дадому, а потым вяртаецца.
    — Можа, і вяртаецца. Ды толькі не сюды.
    — Дзіўна. Заўсёды кажа: іду ў кантору.
    — А што ж яму яшчэ казаць. Не сьпяшаесься?
    — Сама не ведаю...
    — Тады пасядзі, папалім.
    — Давай.
    — Пагамані са старою, нічога з табою не зробіцца. Адной ведаеш якая нудота. Дык ты, значыцца, і ведаць нічога не ведаеш. А мы думалі, у вучоных людзей заўсёды так: ведаюць ды маўчаць і жывуць сабе.
    — Пра што ты, Агдачу?
    — Ну як пра што. Пра бугальтарку гэтую.
    — Якую бугальтарку?
    — Вядома якую. Нашу, канторскую.
    — А пры чым тут яна?
    — Як пры чым? Вечарамі ж Сёдар у яе сядзіць, а не ў канторы.
    — Чаго?
    — А я адкуль ведаю. Ды калі падумаць як сьлед, дык здагадацца можна.
    — А! Справаздачу рыхтуюць. Сёдар казаў.
    — Можа, і справаздачу.
    — Ну, я пайшла, бабуся.
    — Ідзі, любенькая.
    А бабка, бабка якая? Слова проста не скажа, усё з намёкамі. Ды яшчэ якімі! Ці не сьніцца ўсё гэта Даі?
    Бугальтарку Дая ведае, навошта яна Сёдару. Маніць бабка Агдачу, маніць. А з другога боку, навошта ёй маніць? Але ж не можа ж быць на самай справе таго, на што яна намякае! Гэта сон, сон. Бываюць жа людзі, якія ходзяць у сьне, нават на дах залазяць, люнатыкі. Так вось і з ёю. Толькі так. Зараз яна прыйдзе дадому, Сёдар, вядома, даўным-даўно вярнуўся, і ўсё разьвеецца, як дым. І чаго толькі бегае яна, не прачнуўшыся як сьлед? Можа, бабка зусім іншае гаварыла, а яна ў сьне пераблытала.
    Так і ёсьць, сядзіць Сёдар за сваім сталом, як быццам і не выходзіў нікуды.
    — Сёдар, я не сплю?
    — Сьпіш.
    — Ты сьмяесься ці сапраўды?
    — Ты ж вечна сьпіш.
    — Ты праўду кажаш, я вечна сплю. Але хутка гэта скончыцца. Хопіць. Дайшла да таго, што сны становяцца ідыёцкімі.
    — Напрыклад.
    — Уяві сабе: іду да цябе ў кантору. У сьне, вядома. А ў канторы замест цябе сядзіць бабка Агдачу і кажа... ведаеш, што кажа?
    — Ну-ну?
    — Як быццам ты вечарамі ў канторы ніколі не працуеш.
    — Дзе ж я працую?
    — Уяві сабе, у бугальтаркі дома.
    — Гэта бабка Агдачу...
    — Ды не, ты няправільна зразумеў! Бабка тут зусім ні пры чым. Яна ў сьне мне так гаварыла, у маім сьне.
    — Я з гэтай бабкай пагутару.
    — Якое шчасьце, што гэта ўсяго толькі сон. Божа, як добра, што гэта было ў сьне!
    Што гэта ён змоўк? Скроні пацірае, патыліцу чухае... Хвалюецца як быццам? Не падобна на яго...
    — Ох, Дая-Дая...
    — Давай ужо да канца дагаворвай! “Якая ты дурная”. Я гэта заслужыла!
    — Ды не, я зусім іншае хацеў сказаць.
    — Што? Што?
    — “Якая ты дзівосная жанчына”, хацеў сказаць.
    — Дзіўная?
    — Не дзіўная, а якраз дзівосная. Проста грэх цябе ашукваць.
    — Дык мяне ж ніхто і не ашуквае.
    — Саграшыць, хто цябе ашукае.
    — Толькі б ты не ашукваў.
    — Я? Што ж я. Будзь упэўнена, ты ад гэтай бабкі нічога такога больш не пачуеш. Нават у сьне. Ну скажы, добра табе? Задаволена ты?
    — Што там задаволена! Я проста шчасьлівая.
    — Шчасьлівая?
    — Вядома. Што ж яшчэ чалавеку для шчасьця трэба!

                                                                    КНІГАПІС

    В. ГАЎРЫЛЬЕВА. Краіна Уот-Джулустана. Аповесці з якуцкай. Пераклад С. Міхальчука. Для старэйшага школьнага ўзросту. Мінск. “Юнацтва”. 1981.
    Валянціна Гаўрыльева — маладая якуцкая пісьменьніца, творы яе выходзілі не толькі ў Якуцку, але і ў Маскве ў выдавецтве “Современник”. І вось гэтая кніжка адрасуецца беларускаму чытачу. Думаецца, школьнікі з вялікай цікавасьцю пазнаёмяцца з людзьмі, што жывуць на далёкай Поўначы, адчуюць непаўторнасьць гэтага кутка нашай зямлі.
    Хлопчык Нюкус, бібліятэкар Дая, паляўнічы Сэмэн Вялікая Галава, студэнтка Айана і іншыя героі чатырох невялікіх аповесьцей пісьменьніцы розныя па ўзросьце, зьнешнім выглядзе, занятыя рознымі справамі. Аднак ёсьць і агульнае, што аб’ядноўвае іх. У першую чаргу — любоў да роднай Якуціі, да яе прыроды, і гарачае жаданьне зрабіць усе магчымае, каб бацькоўская зямля яшчэ больш прыгажэла.
    П. Касьпяровіч.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. 13 лістапада 1981. С. 6./


                                                                   ДАВЕДКА

    Валянціна Мікалаеўна Гаўрыльлева нар. 6 сьнежня 1944 г. у с. Мая Мегіна-Кангаласкага р-ну Якуцкай АССР. Бацька, Мікалай Пятровіч, працаваў трактарыстам ды шафёрам, маці Кацярына Пятроўна, у дзявоцтве Папова, была хатняя гаспадыняй.
    Па заканчэньні сярэдняй школы працавала ў рэдакцыі дзіцячай газэты “Бэлэм буол” у Якуцку. У 1971 г. скончыла Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, дзе пазнаёмілася з беларускім пісьменьнікам Іванам Ласковым і выйшла за яго замуж.
    Першыя апавяданьні Гаўрыльлевай з’явіліся ў друку ЯАССР у 1966 г., а ў 1968 г. яны былі ўключаныя ў зборнік: Хатыҥчааным барахсан. Ад 1973 г. яна чалец СП СССР і ЯАССР.
    У 1985 г. нейкі час жыла ў в. Беразякі Краснапольскага р-ну Магілёўскай вобласьці БССР, бо яе сын Андрэй Ласкоў (зараз жыве ў г. Якуцку), вучыўся у мясцовай школе (1984-1986).
    Наступныя кнігі паказалі рост майстэрства пісьменьніцы. Яе аповесьці ўяўлялі сабой цікавыя творчыя пошукі ў распрацоўцы маральнай праблематыкі на сучасным матэрыяле. Аповесьць “Пра вялікае вандраваньне памяранцавага Сярогі, наймудрэйшага Ібрагіма і мудрагелістага паляўнічага Сэмэна Вялікая галава”, дзе створаныя абаяльныя выявы простых людзей, інсцэніраваная і пастаўленая Якуцкім драматычным тэатрам ім. П. А. Аюнскага. Аповесьць “Краіна Ўот Джулустана” таксама была інсцэніраваная і пасьпяхова пастаўленая Нюрбінскім драматычным тэатрам. У апошніх кнігах аўтар апавядае пра жыцьцё палітычных ссыльных ды пра першапраходцаў-калянізатараў.

    Літаратура:
    Якуцкая літаратура. Гаўрыльева В. 4598. Краіна Уот-Джулустана: Аповесці: [Для ст. шк. узросту / Пер. С. Міхальчук; Маст. Л. Лобан]. - Мн.: Юнацтва, 1981. – 176 с. : іл. – 45 к., 12000. Змест: Краіна Уот-Джулустана: Аповесць-легенда; Пра вялікае падарожжа аранжавага Сярогі, наймудрэйшага старога Ібрагіма і хітрамудрага паляўнічага Сэмэна вялікая галава; Каханне ўвосень; Маленькая аповесць пра дурную жанчыну. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1976-1991. [Складальнікі: Фарасцянская Л. К.; Цітова Л. А.] Мінск. 1997. С. 155.
     Алесь Мегінчэня,
    Койданава






    Сяргей Апанасавіч Міхальчук - нар. 14 жніўня 1925 г. у в. Скабін, Капыльскага р-ну, Мінскай вобласьці БССР (СССР), у шматдзетнай сялянскай сям’і.
    У 1933-1935 гг. вучыўся ў Скабінскай пачатковай школе, з 1935-1941 г. у сярэдняй школе № 1 ў Капылі.Скончыў сярэднюю школу ў Капылі.
    У 1944 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Усходняй Прусіі. 7 сакавіка 1945 г. быў цяжка паранены.
    Пасьля дэмабілізацыі ў 1946 г. паступіў на аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, які скончыў у 1951 г. і быў накіраваны на працу рэдактарам (потым зрабілі старшым рэдактарам) у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, пазьней пераназванае ў “Беларусь”.
    У 1972—1980 гг. — загадчык рэдакцыі літаратуры для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
    Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1972). Ад 1980 г. пэнсіянэр рэспубліканскага значэньня. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені,  мэдалямі і Граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
    Памёр 20 ліпеня 1995 года і пахаваны на могілках у роднай вёсцы.
    Пачаў друкавацца ад 1952 г. (псеўданім С. Скабінскі). сябра СП Беларусі з 1972 г. З-пад пяра Сяргея Апанасавіча выйшлі зборнікі апавяданьняў і аповесьцей для дзяцей “Сто прыгод за адзін дзень” (1963), “Паштальён, шырэй крок!” (1968), “Зялёны лісток” (1974), “Першы след” (1985).
    Перакладаў, гэткі паліглёт, з армянскай, кітайскай, чэскай, нарвэскай, славацкай, кіргіскай, нямецкай, украінскай, эстонскай, віетнамскай, ангельскай, мангольскай, аўганскай, баўгарскай, узбэцкай ды шмат якіх іншых моў, якіх ён ня ведаў. Далучыўся таксама і да якуцкай літаратуры.
    Дульсінея Аласка,
    Койданава


                                                              Дарагі Сяргей Апанасавіч!
    Вельмі прыемна і радасна мне, што Валіна кніжка будзе выдадзена на маёй роднай мове і што за пераклад узяўся менавіта ты. Упэўнены што гэтая праца будзе зроблена з душой і па-майстэрску. Алена Сямёнаўна прапанавала перакласьці мне самому, але я адмовіўся: нецікава рабіць адно і тое ж двойчы. Спачатку перакладай на рускую, потым на беларускую... Бачу, што адмовіўся правільна, бо ты зробіш куды лепей, чым я.
    Гатовы адказаць на любое тваё пытаньне, калі да мяне зьвернесься. Будзе дапамагаць, зразумела, і аўтар. Яна вельмі кранутая такімі добрымі адносінамі. Дарэчы, двойчы была ў Мінску і вынесла самыя прыемныя ўспаміны ад нашага краю і яго людзей.
    Наконт перадачы імёнаў і тэрмінаў у беларускім напісаньні. Думаю, што ісьці тым шляхам, які прапануеш ты - гэта значыць, у самой кнізе адзначаць якуцкія словы - немэтазгодна, бо я да іх прывык і абавязкова шмат якія прапушчу. Лепш даць табе агульны прынцып. Націск у якуцкіх словах ставіцца звычайна на апошні склад, але гэты націск не зусім такі, як у нашай мове /не такі выразны/. Акрамя таго ў шэрагу слоў маюцца дыфтонгі /уо, ыа, үө, ие/ і падвойныя галосныя /аа, оо, уу і г. д./. Калі дыфтонг ці падвойныя галосныя ў сярэдзіне слова, то націск заўважна пераходзіць на іх. Я прывяду маленькі прыклад. Якуцкае слова “куобах” азначае “заяц”. Калі зыходзіць з меркаваньня, што якуцкі націск заўжды на канцы слова, то будзеш чытаць “куобáх” і па-беларуску напішаш “куабах”. Але якут вельмі выразна гаворыць “куóбах” /дыфтонг’/, да таго ж “уо” - амаль што “о” /як у палескіх гаворках – “куонь”/. Такім чынам, па-беларуску гэтае слова трэба пісаць “кобах”, што я зрабіў у сваім “Андрэі-Эндэрэі”. Дарэчы, праглядзі яго на ўсялякі выпадак. Там ты можаш знайсьці некаторыя са слоў, што цябе цікавяць.
    З другога боку, а ці варта ў кожным выпадку падганяць якуцкія словы пад беларускі правапіс? Ці не страціцца пры гэтым водар іншамоўнасьці? Канечне недарэчна было б пісаць у беларускай кнізе Охоноон /лепш Аханаон/. Мы, беларусы, не прывыклі да такога шчодрага ўжываньня “о”. А іншыя галосныя - напр., э-э-э ці ё-ё-ё можна было б захаваць. Я ў Андрэі-Эндэрэі” ужыў “Бёкё” і не шкадую /дарэчы, ужываньне дзьвюх ці болей “ё” у адным слове неўласьціва і рускай мове/.
    Яшчэ адна цікавая асаблівасьць. У якуцкай мове фактычна тры гукі “г”: узрыўны “г”, фрыкатыўны “һ” і зусім асаблівы “ҕ”. Па-руску “г” і “ҕ” перадаюцца літарай “г”, а фрыкатыўны “һ”, якога ў рускай мове няма, замяняецца на “с”, Напрыклад, якуцкае слова “ыһыах” па-руску пішуць “ысыах”. Чаму “с”? Справа ў тым, што ў якуцкай мове “с”, трапляючы паміж галоснымі, ператвараецца ў “һ”. Такое паходжаньне гэтага “һ”. Дык вось. Гэты гук поўнасьцю адпавядае беларускаму фрыкатыўнаму “г”. “Ыа” адпавядае нашаму “а”. Такім чынам, калі якуцкае “ыһыах” па-беларуску даць як “ыгэх”, то гэта будзе поўны адпаведнік якуцкага гучаньня. Я такое напісаньня таксама ўжыў у “Андрэі-Эндэрэі” /гэтае слова ў аповесьці Валі сустракаецца не раз/.
    Не выключана, што ўсе гэтыя тлумачэньні для цябе даволі туманныя. Таму пры неабходнасьці складзі сьпіс усіх слоў, на якіх спынімся, і дашлі мне. Я неадкладна дапамагу.
    Усяго найлепшага, Сяргей Апанасавіч! Шчырае прывітаньне ад Валянціны Мікалаеўны. А ад мяне - усім маім старым сябрам: Герчыку, Машкову, Ул. Міх. Шахаўцу, Валодзю Жыжэнка і ўсім, хто яшчэ памятае мяне. І, вядома, Алёне Сямёнаўне, якой мы з Валяй вельмі ўдзячныя.
    І. Ласкоў
    1 чэрвеня 1980
    Мой адрас: 677007 Якутск, ул. Октябрьская, д. 5, кв. 7.
    Ласкову Ивану Антоновичу



    Мінск, выдавецтва “Юнацтва”
    Ідэльсону У. Б.
                                                         Паважаны таварыш Ідэльсон
    Нажаль, у свой час мы не пазнаёміліся як сьлед, і я не вадаю, як Ваша імя па бацьку, таму і зьвяртаюся такім чынам. Прабачце.
    Карэктуру мы з Валянцінай Мікалаеўнай прачыталі і вяртаем з неабходнымі праўкамі. Яны датычацца ў асноўным якуцкіх слоў і выразаў. Пераклад мяне асабіста задавальняе, ён уважлівы і дакладны. Прашу перадаць Сяргею Апанасавічу сардэчную падзяку ад аўтара і мяне як перакладчыка на рускую мову. Шчыра дзякуем усім, і хто мае дачыненьне да выхаду гэтай кнігі, у тым ліку і Вам.
    Цяпер пра некаторыя тэхнічныя рэчы, Скараціць сем старонак немагчыма - гэта ўсё адно, што рэзаць па жывым. Таму дасылаем кароткае апавяданьне “Вартаўнічок”. Яно было надрукавана ў зборніку “Сияние Севера” /М., 1978, “Советский писатель”, стар. 382-387, пераклад Б. Неўскай/. На машынцы ён шэсьць старонак.
    Вялікую заклапочанасьць выклікаюць некаторыя малюнкі. Адчуваецца, што мастак вельмі няўважліва паставіўся да тэксту. Толькі гэтым можна вытлумачыць, што адно на трох малюнках - стар. 3, 12 і 55 - ён увёў чум, якутамі нязнаны і ўжываны іншымі народамі Поўначы. Якуты жылі ў драўлянай юрце з дзьвярыма і вокнамі, з драўлянымі нарамі і ачагом, комін якога выхадзіў над пляскатым дахам. Прычым сьцены яе рабіліся з жэрдак, пастаўленых вертыкальна-пахіла. Менавіта ў такіх і жывуць пэрсанажы “Краіны Уот-Джулустана”. У аповесьці бразгаюць дзьверы, жыхары глядзяць у вокны, старая Сабыстай “з усяе сілы грукнула ў сьпіну так, што юрта захадзіла ходарам” і г. д. Яшчэ хіба - іншага роду. На стар. 127 намалявана пяць дзяўчынак, хаця на стар. 125 сказана: “ты падышла да мяне і яшчэ дзьвюх дзяўчынак”, на стар. 126: “мы трое павярнулі за табой”. Тут, на шчасьце, можна зьмяніць тэкст /“і яшчэ чатырох дзяўчынак”, “мы чацьвёра”/. А чумы трэба выкінуць, калі не будзе іншага выйсьця - нават і з малюнкамі, паглядзіце таксама, мо яны і на вокладцы? Л. М. Лобан можа сказаць, што, маўляў, на вокладцы рускага выданьня таксама намаляваны чум, але чужыя памылкі паўтараць не варта. Да таго ж, на кнізе, дзе ўвогуле няма ілюстрацый, невялічкі малюнак на вокладцы - хутчэй сымбаль і ў вочы не кідаецца, а ў Вашым выданьні малюнкі ілюструюць канкрэтныя старонкі тэксту.
    Будзем з нецярпеньнем чакаць гатовую кнігу.
    Усяго найлепшага!
    Вялікае прывітаньне А. С. Васілевіч, С. А. Міхальчуку, Ул. Г. Машкову. Спадзяюся, што ўсе яны, як і Вы, перайшлі ў новае выдавецтва.
    І. Ласкоў
    6 сакавіка 1981 г.
    Якуцк