понедельник, 28 сентября 2015 г.

Слонімцы на будоўлях Расіі. Койданава. "Кальвіна". 2015.

                                               СЛОНІМЦЫ  НА  БУДОЎЛЯХ  РАСІІ
    Сёньня цяжка жыць у Беларусі, цяжка знайсьці добры заробак, каб забясьпечваць сям’ю. Таму і едуць нашы землякі ў Расію, Польшчу, Нямеччыну. Як ім там працуецца? Пра гэта згадзіўся расказаць слонімец Іван, які з іншымі слонімцамі працуе на будоўлях у Расіі.
                                                У Маскве працавалі па 12 гадзін
    Я пачаў езьдзіць у Расію на заробкі гадоў шэсьць назад. Выпадкова ўбачыў у горадзе аб’яву, што набіраюцца людзі на працу ў Маскву. Першы раз паехаў паглядзець і зразумеў, што там можна добра зарабіць (ад 200 і болей даляраў). Камусьці падасца, што дробязь, але такіх грошай тут я б не зарабіў.
    Паціху ўцягнуўся. Брыгада ў нас цалкам была слонімская. Спачатку паехалі 36 чалавек, а ўвогуле там пабывала больш за 100 чалавек. Узрост самы розны — ад 20-ці гадоў і да пэнсіянэраў. Хто спэцыяліст, а хто не…
    У Маскве вахта працягвалася 2 месяцы, і 15 дзён былі дома. Працавалі па 12 гадзін у дзень. Спачатку 250-270 заробленых даляраў здаваліся нармальнай сумай. Але дома грошы трацяцца вельмі хутка, а я яшчэ і будую дом. Калі зноў едзеш на працу, то даводзілася пазычаць грошы на квіток…
    Я спэцыялізуюся на рамонце і аздабленьні кватэр. Рабілі рамонт у кватэры Барыса Маісеева. На чацьвёртым паверсе ён жыве. Кватэра ў яго аднапакаёвая, але якая! Там ванны пакой, як у мяне ўвесь дом… У такія кватэры ўкладваюцца вар’яцкія грошы. Адзін квадратны мэтар жылплошчы каштуе 2960 даляраў!
    Калі ў Маскве працаваў на кватэрах, у месяц удавалася зарабіць і 500, і 700 даляраў. А здаралася, што і зусім нічога не плацілі. Праўда, са мной такое было толькі адзін раз. Самае цікавае, што ашукаў міліцыянэр. Мы яму адрамантавалі адзін пакой у кватэры, і добра, што сказалі, каб ён за яго разьлічыўся, а тады абяцалі зрабіць астатнія. А міліцыянэр абяцаў, абяцаў і не разьлічыўся… Калі мы зноў прыйшлі да яго, у кватэры ўжо працавалі іншыя людзі.
                  З міліцыянэрам трэба “дзяліцца”
    Звычайна мы жывем там, дзе працуем. Часьцей за ўсё ў інтэрнатах. У Маскве працавалі легальна, у адрозьненьні ад іншых. З дакумэнтамі было ўсё нармальна. Пра гэта паклапацілася наша фірма. А без прапіскі там шмат людзей працуе. Калі міліцыя такіх затрымае, то грошы, якія ляжаць у кішэні чалавека, адразу перакачуюць да міліцыянэра, які кажа, што “трэба дзяліцца”… Але “дзялёжка” у іх цікавая — яны ўсе грошы забіраюць сабе. Калі едзеш у Беларусь, то заробак звычайна хаваеш, а ў кішэнь кладзеш толькі 200-300 рублёў. Пры даглядзе міліцыянэры іх забіраюць. У Маскве шманаюць на кожным кроку і паўсюль. Вылічваюць нас па вялікіх сумках. Пакуль да Беларускага вакзала дабярэсься, то абавязкова два-тры разы цябе спыняць. А на вакзале — абавязкова.
    Неяк я з маладым міліцыянэрам у мэтро размаўляў. Пытаюся: “Слухай, ну як ты вызначаеш не мясцовых?”. Той гаворыць: “А дзе ты бачыў масквіча, каб ён штаны запраўляў у боты?!”. І сапраўды, менавіта так і былі апрануты некаторыя слонімскія хлопцы...
    Шэраг расійскіх фірмаў сваіх рабочых кормяць, аплочваюць ім праезд у мэтро. Але звычайна, калі ў Маскву едзем, бярэм з сабой “непад’ёмную” сумку з салам, цыбуляй… Аднойчы слонімцы заказалі аўтобус, загрузілі яго бульбай і на ім паехалі ў Маскву.
                    Дзесяць даляраў за рызыку
    Будавалі мы і храм Хрыста Збаўцы. Сьпяшаліся, каб пасьпець да юбілею Масквы. Нашы будаўнікі казалі, што крыўдна было, калі Лужкоў з Ельцыным на адкрыцьці храма дзякавалі “маскоўскім будаўнікам за тое, што пабудавалі храм”. На самай справе будавалі яго беларусы і ўкраінцы, а маскоўскіх будаўнікоў была толькі адна брыгада (15 чалавек)...
    На будаўніцтве храма загінула шмат людзей. На маіх вачах толькі за два дні загінулі два чалавекі. Я сам ледзь не сарваўся з рыштаваньняў. Наступіў на край дошкі і паляцеў… Сябар схапіў мяне за капюшон курткі і выратаваў… Тыя рыштаваньні рабілі ўкраінцы, начальства іх падганяла, усё рабілася ў сьпешцы. За рызыку нам абяцалі заплаціць прэмію па 100 даляраў. А заплацілі па 10.
    Цікава, што за адну і тую ж работу масквіч атрымоўваў 350 даляраў, працуючы з 8 да 17.00. Нам плацілі па 250 даляраў за працоўны дзень з 8 да 20.00… І паўсюдна так. Украінцы атрымоўваюць яшчэ менш — ад 100 да 150 даляраў. А цяпер Маскву запаланілі таджыкі і іншыя бежанцы з Азіі. Яны працуюць за 5 даляраў у дзень. Наогул, яны згодныя працаваць за харчаваньне і начлег.
    Калі ў жніўні 1999 г. быў абвал рускага рубля, мы згубілі шмат грошай, бо разьлічваліся з намі расійскімі рублямі. Некаторыя, хто клаў грошы на валютныя ўклады, да гэтага часу іх не атрымалі…
                                                       З грашыма вяртаюцца не ўсе
    Апошні раз я працаваў у Якуціі (цяпер “Рэспубліка Саха”). Нашых, што вяртаюцца адтуль у Беларусь, бандыты ловяць у маскоўскім аэрапорце. Вось з групы з чатырох чалавек, што нядаўна вярнуліся, толькі адзін прыехаў з грашыма. І то, дзякуючы таму, што ў аэрапорце пасьпеў злавіць міліцыянэра. Рэкеціры ў яго хацелі ўжо забраць грошы, а ён кінуўся да міліцыянэра. Той ад яго ўцякаў. Міліцыя ж куплена. Таму яму проста пашчасьціла ў гэты раз, што яго пакінулі ў спакоі. А так двое слонімскіх прыехала зусім без грошай, а адзін бабруйскі хлопец да гэтага часу яшчэ не зьявіўся...
    У горадзе Мірным ёсьць дзьве фірмы, дзе працуюць адны беларусы. Мы і іншая фірма, якая будуе праваслаўны храм.
    У нас брыгада — 60 чалавек. Аб’ектаў было штук дзесяць. А там вясна, лета і восень укладваюцца ў тры месяцы, а астатнія 9 — зіма. І за гэты час трэба ўсё пасьпець зрабіць. Будавалі мы і для фірмы, якая здабывае алмазы. У Мірным здабываюцца алмазы з глыбіні 800 мэтраў, па 6 кіляграмаў у месяц.
                                                              Інтэрнат у Мірным
    Сто чалавек працуе ў нашай фірме, з іх 90 са Слоніма. Цяпер у Якуціі ўмовы працы цяжкія, бо тэмпэратура ўжо мінус 15. Хлопцы адляталі, казалі, што сьнег ішоў. А некаторыя паехалі на працу яшчэ ў летнім адзеньні, цяпер у іх кантракты скончыліся, а выехаць адтуль не могуць. Сядзяць там у інтэрнаце.
    Інтэрнатам у Мірным называюць будынак, дзе раней вырабляліся скуры аленяў. Днямі яны званілі, казалі, што ацяпленьне там дагэтуль не працуе, сьпяць у целагрэйках, у два ярусы. Пол з дзіркамі…
    Некаторым даводзіцца зімой працаваць на марозе ў 53 градусы. Дзесяць мінут працуюць, а пасьля ў вагончык бягуць, каб адагрэцца. І так зноў, і зноў...
                                              Зарплата за паўгадзіны перад вылетам
    Дагаворы з намі заключаюць, але ўмовы не выконваюцца. Тарыфная стаўка — 34 рублі ў гадзіну (гэта з паўночнымі), а атрымоўваецца 26 рублёў. У дамове не напісана ні пра працэнты, ні пра харчаваньне. Усё вылічваецца ўжо пасьля. Працаваць даводзіцца па 13-14 гадзін. Выхадных няма, толькі ў нядзелю працавалі да 2 гадзін дня, бо пасьля палудня ішлі ў лазьню. У Маскве ж працавалі ў суботу да абеду, а нядзеля была выхадным днём.
    Сыстэма працы такая: 2 гадзіны працуеш, 10 мінут — перакур. Там ёсьць спэцыяльны чалавек, які за працай сочыць. Калі ты доўга сядзіш, то цябе пазбавяць прэміі. Цікава, што тарыфная стаўка складаецца: 50% асноўная зарплата, а 50% — прэміяльныя. І калі цябе пазбавяць прэміі, то нічога не заробіш...
    Звычайна, зарплату плацілі ў дзень ад’езду. За гадзіну ці паўгадзіны. Маглі не заплаціць усіх грошай, і ты нічога не зробіш, бо трэба сьпяшацца на самалёт.
    Бліжэйшы горад ад Мірнага — за 1000 кілямэтраў. Там чалавек можа зьнікнуць, і яго ніхто не будзе шукаць. А дзе яго шукаць? Навокал лесатундра…
                                             Пра якуцкіх “снайпераў” і “Слонім Лайн”
    У Мірным якутаў мала. Там больш вахтавікі жывуць. А вось у навакольлі шмат якутаў. Аднойчы на нейкае якуцкае сьвята мы будавалі мост каля іх пасёлка. Павыходзілі якуты і пачалі па нас страляць з “вінчэсьцераў”...
    Мірны вельмі дарагі горад. Цэны ў 2-3 разы вышэйшыя, чым у Маскве. Лячэньне там платнае, нават за першую мэдыцынскую дапамогу трэба плаціць. А мы ўсе, пакуль акліматызаваліся, перахварэлі.
    Увесь горад завалены пустымі бутэлькамі з-пад гарэлкі. Яе ў Мірны завозяць на самалёце, але бутэлькі нідзе не прымаюць і не вывозяць.
    Гуляюць па горадзе розныя вэнэрычныя хваробы, СНІД. Цябе не возьмуць на працу, пакуль не прынясеш даведку, што ты не хворы на СНІД.
    Наша фірма называецца “Сноў Лайн”, але мы яе называем “Слонім Лайн”. Наогул, слонімцы зрабілі шмат, каб у Мірным ведалі Слонім.
    Беларусы лічацца ў Расіі людзьмі другога гатунку. Калі мы працавалі ў Маскве на Цвярской, з намі рабілі югаславы. Яны атрымоўвалі 5000 даляраў у месяц. Югаславы наймалі палякаў, якія працавалі за дзьве тысячы. А палякі нанялі ўкраінцаў за сто даляраў. Такі вось інтэрнацыянальны ланцужок.
    Кожны раз, калі вяртаюся, вырашаю, што больш у той кашмар не паеду. Але, калі заканчваюцца грошы, зноў зьбіраюся ў Расію. Там за адну вахту (хоць нас там абманваюць і плацяць менш, чым павінны) зараблю столькі, колькі тут за год-два. А каб тут нармальна плацілі, то я нікуды б не езьдзіў.
    Запісаў Сяргей Ёрш
    /Газета Слонімская. Слонім. №39 (172). 21 - 27 верасня 2000. С. 1-2./