суббота, 3 октября 2015 г.

Альфрэд Тунгуз-Дабрынскі. Касмаграфія 1670 аб Вялікім княстве Літоўскім ды Сыбіры. Койданава. "Кальвіна". 2015.

                                                                   КАСМАГРАФІЯ,
                                           або апісаньне гэтага сьвету і вялікіх дзяржаў
    Герард Крэмер [Gerard de Kremer of de Cremer; Gerhard van Cremer (Kufman)], або на лаціне Мэркатар [Gerardus Mercator (Mercatorus) Rupelmundanus] [1512-1594] нарадзіўся ад нямецкіх бацькоў (Gerhard Krämer) ва Фляндрыі . Маючы вялікае зацікаўленьне да матэматыкі ды фізыцы, Меркатар таксама вырашыў заняцца і вырабам глёбусаў ды дакладных астранамічных інструмэнтаў, азнаёміўшыся, разам з тым, з гравіроўкай на медзі. Хутка ягоная майстэрня зрабілася вядомай, але ў 1544 г. ў Нідэрляндах пачаліся рэлігійныя прасьледаваньні і Мэркатар быў арыштаваны, а па вызваленьні перасяліўся ў 1552 г. у Дуйсбург /Нямеччына/. Герард Мэркатар першым, у XVI ст., для збору “зямных і нябесных” мапаў, надаў назву “Атляс”, бо на вокладцы гэткіх збораў, звычайна маляваўся мітычны кароль Лібіі, які трымаў на сваіх рамёнах зямную кулю.
    У 1637 годзе, па загаду цара Масковіі Міхаіла Фёдаравіча. перакладчык пасольскага Прыказу Багдан Лыкаў, з “таварышам” Іванам Дорнам, пераклаў з лацінскае мовы славутую ў XVI стагоддзі “Касмаграфію” Герарда Меркатара /Gerardi Mercatoris Atlas sive Cosmographicae Meditationes de Fabricati Figura Jan… Amsterodami 1606/. Зараз існуе некалькі сьпісаў Касмаграфій, з пазьнейшымі ўстаўкамі, якія датычаць Расіі, што была абумоўленае тагачаснымі палітычнымі мэтамі. Адзін з такіх сьпісаў быў складзены ў Халмагорах у 1670 (7178) годзе пад назвай “Космографія сирѣчь описаніе сего свѣта земель і государствъ велікіхъ”. Гэты сьпіс з цягам часу, калі яго выявілі расейскія навукоўцы, быў узноўлены друкарскім спосабам пад назвай “Космографія 1670”, СПб. 1878-1881. Сярод апісаньня “вялікіх дзяржаў” у гэтай “Касмаграфіі” ёсьць і апісаньне Вялікага княства літоўскага, а таксама Сыбіры, дзе жылі якуты, хаця яны і не упамінаюцца.
    Альфрэд Тунгуз-Дабрынскі,
    Койданава
                                                                  КАСМАГРАФІЯ
                                               Першая частка зямлі - ЭЎРОПІЯ.
    Каралеўства Польскае і Вялікае княства літоўскае разам пад адною дзяржаваю здаўна былі хрышчаны, і пабожнымі сталі, аднак жа не ў каменных гарадах набожных сутнасьць. А вера, ляшская, папежская. Мову ж маюць славянскую. Прастору ж маюць немалую, ад Рымскія дзяржавы да Рускай землі, ад Чорнага мора да Варажскага мора. Гарады маюць мураваныя і драўляныя ўмацаваныя. Усім жа пладавітыя быдлам і агароднінаю і мёдам. Чалавекі ж велічныя і ганарлівыя нязьмерана. Вучэньню ж прыдатныя, мудрасьцям усялякім і да вайны і рацям ахвочыя, і аружныя. Паддадзеныя ж у іх спадароў сваіх ня слухаюць вольна жывуць, і бясстрашны. Адзеньне носяць вельмі квяцістае, і славутыя да ядзеньня і п’янства ўсялякім сласьцям.