понедельник, 12 октября 2015 г.

Вячаслаў Дубінка. Якуцкія нататкі. Койданава. "Кальвіна". 2015.



                                                     ПА  МАРШРУТАХ  ЧЭРСКАГА
    Іван Чэрскі, вядомы геоляг і географ, родам з вёскі Свольна Віцебскай вобласьці. За ўдзел у паўстаньні 1863-1864 гадоў быў аддадзены ў салдаты і высланы ў Сыбір.
    Вызвалены праз пяць гадоў па хваробе ад вайсковай службы, Іван Дзяменцьевіч бярэцца за дасьледчыцкую работу. Ім складзена першая геалягічная карта ўзьбярэжжа Байкала, дасьледаваны ваколіцы Омска, басэйны рэк Селенга і Ніжняя Тунгуска. Ён любіў гэты дзікі край і імкнуўся адкрыць яго для навукі і сьвету. Памёр Іван Чэрскі ў 1892 годзе, знаходзячыся ў экспэдыцыі ў нізоўях Калымы.
    Гэты невялічкі ўступ зроблены, каб нагадаць пра лёс вядомага нашага земляка, імем якога ў Сыбіры названа не адна геаграфічная славутасьць. Летась мне давялося пабываць на Калыме і Чукотцы, у мясьцінах, дзе некалі працаваў вучоны. Знаёмства з краем пачалося ў маі. На Поўначы яшчэ ўладарыла зіма. На сопках вакол Магадана ляжаў сьнег. А ў канцы месяца забушавала раптам вясна, якая цягнулася літаральна тыдзень. Ламаўся лёд на рэках, на сопках сыходзіў сьнег, буйным суквецьцем зелянела тундра, паўночныя кветкі цягнуліся да сонца. Пачалося кароткае лета. Па Калымскаму тракту, які пралёг амаль на паўтары тысячы кілямэтраў, дабіраемся да рыбацкай гавані — пасёлка Нюклю. Таямнічыя фіёрды ў Амахтонскім заліве, вечна белыя шапкі ледавікоў паўвострава Коні, прылівы і адлівы Гауйскай губы. Гэтымі мясьцінамі захапляўся Чэрскі. У яго дзёньнікавых запісах падрабязна пералічана ўсё, што састаўляе цуд узьбярэжжа: марскія чайкі, маржы на крыгах пад вясновым сонцам, сыбірскія піхты на кручах.
    Адной з самых захапляючых была паездка па Калыме. Там, ля вытокаў вялікай ракі, дзе хрыбет Чэрскага дасягае найбольшай вышыні, пачалося будаўніцтва Калымскай ГЭС, унікальнай па свайму гідратэхнічнаму вырашэньню. На будаўніцтве Калымскай ГЭС нямала і нашых землякоў, пасланцоў камсамола Беларусі.
    У памяці засталіся сустрэчы з аленяводамі Чукоткі, геолягамі Аксумчана, якія вядуць пошукі волава, ртуці, золата і іншых каштоўных мэталяў. Незабыўныя ўражаньні ад падарожжа да фантастычна прыгожага возера Джэка Лондана.
    Цудоўная прырода! Але, бадай, самае моцнае ўражаньне пакідаюць людзі, мужныя, моцныя духам. Лётчыкі, золатаздабытчыкі, геолягі, вадзіцелі, настаўнікі —усе тыя, хто абжывае гэты суровы край.
    На здымках: Гауйская губа ў Ахоцкім моры; Сінягор’е — горад будаўнікоў Калымскай ГЭС; рыбак Мікалай Бокараў; Амахтонскі заліў на Калыме.
    В. Дубінка.
    Фота аўтара.
    /Голас Радзімы. Мінск. 27 студзеня 1977. С. 8./



                                                                            “ПЯЦЁРКА”
                                                                   ЗА  ПЕРАНОС  ГРУЗАЎ
    Менавіта так можна сказаць пра наша падарожжа ў маладасьледаваныя раёны Якуціі і Калымы ў жніўні мінулага года.
    Пачалося з таго, што мы ці не два тыдні чакалі верталёта і не ў вялікім гаманкім аэрапорце, а ў забытым богам закутку - у пасёлку Аймякон. Стаўшы “сваімі” ў Аймяконе, мы нудзіліся на полюсе холаду, бо праядалі свае высокакалярыйныя харчовыя прыпасы, якія мелі “права” спажываць толькі ў суровых паходных умовах, добра ўвярэдзіўшы ногі і прамачыўшы салёным потам свае сьпіны.
    Не, нехта сьмяяўся з нас. Мы апухлі ад спаньня, але верталёта не было. Як на зьдзек, сьвяціла сонца. Праўда, з выбрыкамі. На адным баку было сонечна, нават весела, затое на адваротным стаялі чорныя хмары і сыпаў дождж адтуль, дзе віселі хмары. А назаўтра гэтыя праклятыя намі бухматыя хмары завісалі ўжо на сонечным баку, праганяючы сонца. Сонца сьвеціць, а душу не грэе. Хоць ты плач, але спачатку грунтоўна запакуй заплечны хатуль. Раптам на небе адкрыецца “акенца”, верталёт дасьць “нырца”, а мы бягом. — можна ляцець. Наіўныя людзі, пэўна. думалі пра нас мясцовыя жыхары. Ім жа даводзілася спаць у аэрапортаўскай пачакальні, нават, па паўмесяца, чакаючы ў мора надвор’я.
    ...Пасьля трох гадзін дня дзяжурны па аэрапорту “суцяшаў” нас паведамленьнем:
    — Сёньня бартоў на Аймякон не будзе, можна разыходзіцца па дамах.
    Так цягнуліся дні за днямі ў чаканьні верталёта Не лятайце самалётам там, дзе можна ехаць на поезьдзе, трэсьціся на машыне, у рэшце рэшт на павозцы з рахманым конікам у запрэжцы...
    І, не дачакаўшыся, мы пайшлі на сваіх дзьвюх па сьцежцы запаснога маршруту. Якія была “дарога”, гаварыць не хочацца Без гумавых ботаў у тундру не сунься, а ў якуцкай тайзе тым больш... Мала гэтага, дык камары круглыя суткі давалі прыкурыць. Гнюс у хаўрусе з машкарой накідваўся на нас што варожая арда. Наўкола сыра, хаця сонца пячэ не лянуючыся. Пот ручаінамі сьпіну мые... Травы ўсюды па пояс, а ногі правальваюцца ў балоце. Станеш на купіну і гойдаесься, як на арэлях. Барані божа каб не праваліцца ў багну.
    Пяць, шэсьць гадзін такой хады — і мы зьняможана падаем з ног, у адпачынку шукаючы ратунку. Есьці хочацца, і паспаў бы гадзінку-другую, дый няма калі, капашыцца трэба, рыхтаваць вячэру, ставіць палатку. ісьці па дровы, рабіць іншыя справы Мы ж не абы-якая, а навукова-спартыўная экспэдыцыя. І нам даверылі даведацца, якія тут расьліны, жывёльны сьвет ці багаты? Часьцяком бываюць тэмпэратурныя перапады?
    Клопаты зьядаюць увесь час. Як зьмерклася, спаць трэба. А як разьвіднела, хатуль на плечы — і ў дарогу. І ўсё паўтараецца. Сьцежка хаваецца ў глухой мясьціне, потым прамочаны рукзак, даюць пытлі камары, гнюс. Вось табе ўсе экзатычныя радасьці ў суровых палявых умовах Якутыі. Цярпі і нікому не трэба жаліцца. Ага, думаеш. аднаму толькі табе? І нікому больш? Бачыш. бедненькі, і ногі зьбіў да крывавых мазалёў, абутак як сьлед не падагнаўшы. І есьці хочаш, па цёпламу жытняму хлебу засумаваў? А можа. табе і чыстая прасьціна па начах мроіцца, ды капуста наварыстая ў дадатак? Абрыдла, кажаш, каша з ячневых круп, з лідзкіх супцавых канцэнтратаў зьлепленая? І сушаніцы хлеба ў горле сядзяць? Уга, колькі жаданьняў і прэтэнзій за адзін толькі сьветлавы дзень. Усе ж, у тым ліку і ты сам, выбраліся сюды добраахвотна, без прымусу, а з надзеяй зьмястоўна і карысна правесьці час.
    Гоніш прэч ад сябе здрадніцкія думкі, няма калі пра гэта думаць, ісьці далей трэба, выбірацца з гіблага балота і няўтульных, хаця і экзатычных мясьцін... Яшчэ дзень-другі пеша, з большага пракантуемся, а там па рацэ пойдзем, куды лягчэй жыцьцё чакаецца. Вада і ёсьць вада...
    Дзіўнае адчуваньне прыходзіць праз сем, восем гадзін. Варта крыху адаспацца, спатоліць смагу халаднаватай вадой, падняць вышэй галаву, і ты ўбачыш, што тут і неба прыгожае, і дрэвы якія стромкія, а высокія дрэвы кажухамі белымі пакрытыя, азёры блакітна-задумлівыя. І сапраўды, як непаўторна наўкола, вось як прыцягвае някідкая, суровая прырода Якутыі. І дыхаецца лёгка, і хораша думаецца...
    ...Пройдзе яшчэ тыдняў колькі, ты родныя весьнічкі кранеш. Стома зьнікне, не пакінуўшы і сьлядоў. Добра адасьпісься на чыстай пасьцелі. Падарожжа па глухіх і бязьмежных мясьцінах суровага краю прыгадаеш з непрыхаванай гордасьцю да сябе. Пры сустрэчы са сваімі знаёмымі пахвалісься і загарам, куды не горшым за чарнаморскі... Выпрастай плечы, — падцягні жывот, — гляньце, як памужнеў, харч у палявых умовах умінаючы... І схуднеў на пяць кіляграмаў, а гэта ў твае сорак шэсьць ледзь не геройства.
    І, стараючыся захаваць “сталёвую” годнасьць у голасе, пачнеш апавядаць пра тое, як ты пераадольваў шматлікія перашкоды. І мужна кідаўся ў ваду, калі твайго таварыша змывала з катамарана. Як ішоў па тайзе, не баючыся камарыных укусаў і набегаў полчышчаў гнюсу і машкары. Але больш за ўсё даваў табе “пытлі” двухпудовы хатуль за плячамі. Набраўшыся за дзень, ад зьнямогі падаў на траву...
    І, канечне ж, абавязкова раскажаш пра ўсё тое, што бачыў у тым краі. Пабагацеў, усё гэта пабачыўшы... І незвычайнае возера Джэка Лёндана, і горы. і бурлівыя рэкі.
    Пра нацёртыя рукзаком плечы і рукі, крывавыя ад мазалёў, лепш не гавары... Ніхто ж не паверыць табе, што на таежныя вандроўкі ты ўгахаў увесь свой адпачынак. Мо’ праўду кажуць знаёмцы: ці яе лепей было б адпачываць на бацькавым склепе ў вёсцы, плечы на сонейку грэючы. А не, дык сьцёгны “смаліць”, лежачы на збуцьвелым лежаку гаманкога “гультаяватага” поўдня.
    Вось бачыш, які ты арыгінальны, непаўторны, сьмелы ў дадатак і мужны пры гэтым. І адолеў перашкоды катэгорыі складанасьці, перад сваімі таварышамі табе не сорамна. Нездарма малоў дэфіцытную грэчку, на возера экзатычнае паглядваючы... А тым, хто не верыць, пакажы свае рукі. І пісягі на плячах ад цяжкай сярмяжкі, і фотаздымкі зробленыя ў палявых умовах суровых мясьцін
    Вячаслаў Дубінка.


    НА ЗДЫМКАХ:
    * Забраўшыся на адну з вяршынь хрыбта Чэрскага, у нас хапіла сіл, каб радасна пракрычаць на ўсё навакольле і папрасіў таварышаў, каб тыя хаця збольшага зрабілі гэта, але ніхто не зрэагаваў на маю просьбу. Іх можна зразумець. Цэлы дзень ішоў нудотны, халодны дождж, сьлізкія камякі на схілах гары патрапляліся пад нагі, і падарожнікам, літаральна па-сабачы, на чатырох кропках апоры, даводзілася грэбсьціся наверх... А за сьпінай рукзак, мокры і цяжкі...
    * Бухта Гартнера на Калыме.
    * Не рыбакам на зайздрасьць зроблены гэты фотаздымак. Харыюс мы лавілі на розных рэках Калымы і Якутыі. Зірніце, якая ж бездапаможная рыба ў нашых далонях? Такая вось безабаронная і наша прырода...
    * У цеснаце, ды не ў крыўдзе. На гэтым катамаране ўсядзецца дзевяць чалавек з грузам. Праўда, трымайся моцна, будзь пільным, каб хаця ж збоку не ўрэзала мокрая “тарпэда”- магутнае бервяно, якое нясецца з неймавернай хуткасьцю па бурліваму цячэньню...
   Фота аўтара.
    /Чырвоная змена. Мінск. 20 чэрвеня 1987./

                                                                        ДАВЕДКА


    Вячаслаў Андрэевіч Дубінка – нар. 17 сьнежня 1941 г. у м. Слуцак Менскай вобл. БССР (СССР), ў сям'і рабочага.
    Займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва гарадзкога Дома піянэраў і школьнікаў у Слуцку. У 1958 г. скончыў сярэднюю школу у Слуцку, у 1961 г. тэхнікум чыгуначнага транспарту у Чарнаўцах ва Украіне, пазьней вучыўся на апэратарскім факультэце Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінэматаграфіі. Працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, прарабам, начальнікам будаўнічага ўчастка ў Слуцку (1961-1964), фотакарэспандэнтам раённых газэт “Будаўнік камунізма” (Любань, 1964-1965), “Шахцёр” (Салігорск, 1965-1966), рэспубліканскіх газэт “Звязда” (1966-1971), “Чырвоная змена” (1972-1974), у студыі “Фота і жыцьцё” Саюза журналістаў Беларусі (1974-1976), фатографам рэстаўрацыйнай майстэрні Міністэрства культуры БССР (1979-1981). Ад 1981 г. - у часопісе “Беларусь”. Сябра СП СССР ад 1988 г. З пасьведчаньнем фотакарэспандэнта пабываў на Курыльскіх выспах, Камчатцы, Чукотцы, Якутыі.
    Памёр 10 жніўня 2010 г.
    Творы:
    Паплач ля роднае крынічкі. Аповесць. Мінск. 1981. 77 с.
    Не плач, душа мая. Аповесць. Мінск. 1983. 302 с.
    Ой, зялёны дубочак... Нататкі аб падарожжах па Савецкай краіне. Мінск. 1983. 60 с.
    Браты святой ночы. Аповесці. Мінск. 1986. 309 с.
    Развітальная песня. Аповесць. Мінск. 1989. 204 с.
    Сіндыкат Мані Дулі. Аповесці. Мінск. 1992. 316 с.
    Карацелькі. Мінск. 2010. 331 с.
    Выцінанкі. Выяўленчы матэрыял. Мінск. 2011. 111 с.
    Літаратура:
    Савік Л. С.  Дубінка Вячаслаў. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 376.
    Махнач Т. М.  Дубінка Вячаслаў. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 377.
    Аймякіня Дручок,
    Койданава.