понедельник, 2 ноября 2015 г.

Міхась Лынькоў. З падарожжа ў Амэрыку. Койданава. "Кальвіна". 2015.



    Міхась  Лынькоў
                                                З  ПАДАРОЖЖА  Ў  АМЭРЫКУ
    Першага траўня 1945 года пачалося наша далёкае падарожжа ў Амэрыку.
    Мы вылецелі раніцой з Мінска і праз якіх тры гадзіны былі ў сьвяточнай першамайскай Маскве. Сьвяткаваць нам аднак было некалі, кожная гадзіна была разьлічана на дакладную падрыхтоўку да вялікага пералёту, на афармленьне замежных дакумэнтаў і на ўсякія іншыя дарожныя клопаты. А пятай гадзіне раніцы другога траўня наш самалёт адарваўся ад зямлі, і мы на колькі дзён ператварыліся да некаторай ступені ў сапраўдных насельнікаў паветраных стыхій. Сярод нашай дэлегацыі, якая складалася з васьмі чалавек, не было ніводнага, хто б мог пахваліцца значным “лётніцкім” стажам, некаторыя ж апынуліся ў паветры першы раз у сваім жыцьці, так што асаблівага паветранага спрыту ці энтузіязму ніхто задужа і не праяўляў. Першыя тры тысячы кілямэтраў выдаліся асабліва цяжкімі, надвор’е было дажджлівым, неспрыяючым палёту, ляцелі мы ўсьляпую ў густой белай імгле і да самага Новасыбірска не бачылі ні кавалачка зямлі. А так жа хацелася пабачыць і Уральскія горы і шмат якія гарады, якія ляжалі на трасе нашага палёту.
    Як жа мы былі рады магчымасьці прызямліцца на Новасібірскім аэрадроме, ізноў адчуць пад нагамі цьвёрдую надзейную зямлю, сустрэцца з прадстаўнікамі Новасыбірскага Аблвыканкаму і Абкаму партыі, якія наладзілі нам цёплую таварыскую сустрэчу і ў часе якой мы ўрэшце змаглі аддаць належную даніну і нашаму сьветламу Першамаю.
    А ледзь толькі пачало разьвідняцца, мы ізноў апынуліся ў сваім самалёце, які імчаў нас насустрач сонцу са скорасьцю да трохсот кілямэтраў у гадзіну. Усяго мы праляцелі да Сан-Францыска да шаснаццаці тысяч кілямэтраў. Акрамя Новасыбірска, спыняліся ў Кірэнску, у Якутску, у Маркаве на Чукотцы і потым ўжо на Алясцы, у горадзе Фэрбэнкс і ў канадзкім горадзе Эдмантоне. За час палёту бачылі буйнейшыя рэкі нашай радзімы, як Дняпро, Волга, Іртыш, Об. Ангара, Енісей, Лена і багата другіх. З буйных амэрыканскіх рэк, якія мы пераляцелі, назаву Юкон, Фрэйер і Калюмбію. Ляцелі мы над раўнінамі, над стэпамі. над сыбірскай тайгой, над тундрамі, над горнымі хрыбтамі, над Берынгавым пралівам, над Ціхім акіянам. Мы праляталі ў Сыбіры над атрогамі Саянскіх гор, атрогамі Байкальскіх гор, а за Якутскам над Верхаянскім хрыбтом, хрыбтом Чэрскага, Калымскім хрыбтом і гарамі Чукоткі. Ад Берынгава праліва і да Сан-Францыска нам давялося праляцець над Берагавым хрыбтом, Скалістымі і Каскаднымі гарамі і хрыбтамі Сіера-Нявады. Паасобныя вяршыні Аляскінскіх гор маюць вялізарныя вышыні па шасьці і болей кілямэтраў (вяршыня Логан — 5950 мэтраў і пік Мак-Кінлей 6239 мэтраў). Не дзіва, што часам лётнікі ўзьнімалі наш карабель на такія вышыні. што трэба было брацца за кіслародныя маскі. У такія хвіліны нават самыя заўзятыя сярод нашай дэлегацыі аматары прэфэранса, якім у часе ігры ні па чым былі ні горы, ні тайга, ні славутыя паветраныя ямы і боўтанка, сядзелі панура і маўкліва, цярпліва чакаючы, пакуль наш самалёт знойдзе магчымым зьнізіцца кілямэтраў на пару бліжэй да зямлі. Сапраўды, на вялікіх вышынях адчувалі мы сябе даволі кепска. Разрэджанае паветра адчуваецца вельмі дрэнна: баляць вушы, ломіць суставы. Твары, асабліва вусны. сінеюць, кожны, самы нязначны рух прычыняе боль, нават гутаркі і тыя спыняюцца самі сабой.
    Туды мы ляцелі звычайна днём, а назад ляцелі толькі па начах, унікаючы дзённых навальніц і ўраганаў у гарах, якія пачынаюцца там у цёплыя летнія часы.
    За час палёту мы сустракаліся з некаторымі цікавымі прыроднымі, зьявішчамі, якія пакідаюць моцнае ўражаньне для кожнага, хто сустракаецца з імі ўпершыню. Так, калі мы 5 траўня паляцелі з Чукоткі праз Берынгаў праліў. дык у Аляску мы прыляцелі ў самы сапраўдны ўчарашні дзень, а іменна — 4 траўня. Калі ж ляцелі назад праз Берынгаў праліў, дык назіралі адваротнае зьявішча: з Аляскі мы выляцелі 1 ліпеня, праляцелі якіх гадзін дзевяць, а селі на Чукотцы 3 ліпеня, згубіўшы такім чынам немаведама дзе панядзелак 2 ліпеня. Раніцой 3 ліпеня выляцелі з Маркава, ляцелі гадзін дзевяць, дзесяць, а прыляцелі ў Якутск ізноў такі той жа раніцай 3 ліпеня, якая, як бачыце, непамерна расьцягнулася. Усе гэтыя. незразумелыя на першы погляд зьявішчы, тлумачацца розьніцай у часе ў розных мясцовасьцях, якія знаходзяцца на далёкіх адлегласьцях адна ад другой. Так, у Сан-Францыска розьніца часу у параўнаньні з нашым дасягае чатырнаццаці гадзін.
    Назіралі мы ў раёне Аляскі, Берынгава праліва і Чукоткі і такое цікавае зьявішча, як доўгі палярны дзень з незаходзячым сонцам. Гэтае “ненармальнае” сонца ўнесла сякую-такую дэзарганізацыю ў наш паветраны быт, зблытаўшы ўсякі распарадак нашых вячэраў і сьняданьняў на самалёце і зусім заблытаўшы ўсякае звычайнае ўяўленьне аб часе. І мы былі яўна задаволены, калі сонца на нашай дарозе на Якутск вярнулася да свайго “нармальнага” стану і пачало ізноў заходзіць і ўсходзіць, як і належыць гэтаму добрапарадачнаму і дысцыплінаванаму сьвяцілу.
    У гэтым невялікім артыкуле я немаю магчымасьці расказаць падрабязна і аб Сан-Францыскай канфэрэнцыі і аб усім, што нам давялося бачыць і назіраць у Амэрыцы. Спынюся толькі на некаторых паасобных пытаньнях. Што ўяўляе сабой самы горад Сан-Францыска? Гэта вялікі і прыгожы горад, разьмешчаны на паўвысьпе паміж Ціхім акіянам і Сан-Францыскай затокай. У горадзе налічваецца да мільёна чалавек жыхароў. Насельніцтва самай рознай нацыянальнасьці. Тут можаце сустрэць выхадцаў з розных краін Эўропы, есьць цэлыя раёны, дзе жывуць людзі толькі адной якой-небудзь нацыянальнасьці. Мы бачылі раёны рускія, кітайскія, нэгрыцянскія, мэксіканскія, армянскія, югаслаўскія і г. д. У кожным раёне свае звычаі, свой побыт, свае нацыянальныя рэстараны, свае храмы, свае магазыны і нават свой своеасаблівы выгляд вуліц, дамоў, рэклямы і інш. У афіцыйным ужытку пераважае ангельская мова, як дзяржаўная мова ўсіх штатаў Амэрыкі. Горад сам заснаваны, дарэчы. выхадцамі з Расіі, рускімі малаканамі. З часу яго заснаваньня засталася і захоўваецца, як гарадзкая рэліквія, невялічкая руская капліца. У 1906 годзе горад быў ператвораны ў руіны ў часе вялікага землетрасеньня, калі за якія тры хвіліны загінула больш паўтараста тысяч жыхароў. З таго часу горад ізноў адбудаваўся і на сёньняшні дзень ен зьяўляецца адным з буйнейшых і прыгажэйшых гарадоў Амэрыкі. Амэрыканцы называюць яго меншым братам Нью-Ёрка, а яшчэ называюць яго залатымі варотамі Амэрыкі. Апошняя назва абавязана сваім узьнікненьнем часам залатой ліхаманкі ў Каліфорніі, калі сюды нахлынулі велізарныя масы народа ў пагоні за залатой здабычай. Дамы ў горадзе параўнальна новай сучаснай архітэктуры. У цэнтры горада трапляюцца паасобныя небаскробы, якія маюць па дваццаці, трыццаці і болей паверхаў. Большасьць жа дамоў не перавышае трох, чатырох паверхаў, а бліжэй да ўскраіны вуліцы запоўнены двухпавярховымі і аднапавярховымі катэджамі. Вуліцы, кварталы — простай пляніроўкі, толькі ва ўзгорыстай частцы горада вуліцы і завулкі крывыя. У горадзе багата зеляніны. Амаль ля кожнага дома ёсьць невялікі кветнік з клюмбамі, газонамі, а таксама невялічкі садок. Праўда, у дзелавой частцы горада вы асаблівай зеляніны, акрамя паасобных дрэў, розных пальм і невялічкіх сквэраў, не знойдзеце. Але ж астатняя, большая частка горада багата аздоблена зелянінай. Акрамя безьлічы сквэраў, бульвараў Сан-Францыска мае агромністы парк, які цягнецца ў даўжыню больш чым на пяцьдзесят кварталаў і мае ўшыркі да трох-чатырох кілямэтраў. У парку сабрана самая разнастайная расьліннасьць Амэрыкі, у ім свае азёры, рачулкі, вадаспады, дарогі і дарожкі. Адным канцом парк падыходзіць да ўзьбярэжжа акіяна, на якім разьмешчаны вялізны пляж. Парк і акіянскі пляж — аблюбаваныя мясьціны санфранцысканцаў у дзень нядзельнага адпачынку. Праўда, наведвальнікі пляжа — а іх бываюць дзесяткі тысяч у нядзелю — больш загараюць на сонцы, чымся купаюцца. Трэба мець сапраўды адвагу, ці правільней — спрактыкаванасьць, каб купацца ў акіяне ля гэтага горада. Да берагоў Сан-Францыска даходзіць халоднае японскае цячэньне, якое вельмі ахалоджвае ваду і робіць яе не досыць зручнай для звычайнага купальшчыка. І гэта бывае нават у самыя гарачыя дні, калі тэмпэратура паветра ў горадзе дасягае дзевяноста трох градусаў цяплыні па Фарэнгейту. Халодная тэмпэратура вады спрыяе жыцьцю розных марскіх, нават палярных жывёлін — марскіх коцікаў, марскіх сланоў і іншых, якія вялікімі статкамі плаваюць ля ўзьбярэжжа і выпаўзаюць на тры скалістыя выспы, недалёка ад берага.
    Горад мае самы разнастайны транспарт. Ідуць звычайныя трамваі, па ўзгорыстых вуліцах праходзіць канатны трамвай. Сетка тралейбусаў. аўтобусаў, таксі і звычайных аўтамашын дапаўняе гарадзкі аўтатранспарт. Безьліч рэклям — сьветлавых, гукавых, дымавых і ўсякіх іншых надае гораду своеасаблівае аблічча.
    На берагах Сан-Францыскай затокі разьмешчана багата пірсаў — параходных прыстаней і прычалаў, а таксама суднабудаўнічыя вэрфі, нафтаперагонныя заводы і розныя другія прадпрыемствы.
    Сама затока зьяўляецца выдатнейшым рэйдам, як для гандлёвага. так і для ваеннага флёту. І ў ёй заўсёды стаяць сотні самых разнастайных акіянскіх суднаў, сярод якіх мы сустракалі і цеплаходы пад нашым родным савецкім сьцягам.
    Праз затоку перакінуты два вялізныя масты. Меншы носіць назву залатых варот і знаходзіцца ў гарлавіне затокі. Славуты ён тым, што мае самы даўжэйшы на сьвеце падвесны пралёт, які мае даўжыню ў адзін кілямэтар. Другі мост, двухпавярховы, які вядзе ў гарады Оклэнд і Берклі, мае даўжыню дзесяць кілямэтраў і складаецца са зьмешаных канструкцый: тут ёсьць і тры падвесныя пралёты, ёсьць і звычайныя фэрмы чыгуначнага тыпа. Па ніжнім паверсе праходзіць электрычная чыгунка, верхні прызначаны для аўтамабільнага руху. На высачэзных устоях пастаўлены сыгнальныя маякі, якія відаць здалёк, калі ноччу падлятаеш да горада ці адлятаеш ад яго.
    Мы сустрэліся ў Сан-Францыска з багатай тэхнікай, як у прамысловасьці, тах і ў жыцьці самога горада, а таксама і ў штодзённым быце амэрыканскага грамадзяніна. На фабрыках, на вэрфях, на заводах будаўнічых матэрыялаў мы бачылі дасканалыя машыны і станкі і рознае дакладнае тэхнічнае абсталяваньне. У дамах, катэджах мы назіралі дасьціпна вырашаныя сыстэмы ліфтаў, ацяпленьня, мэбліроўкі, нядрэнную арганізацыю санітарна-гігіенічнага абслугоўваньня, газавыя ці электрычныя хатнія халадзільнікі, узорнае абсталяваньне кухань, партатыўныя машыны для мыцьця бялізны і безьліч дробных машын і прыладаў хатняга ўжытку, як пыласосы, сьмецьцезьнішчальнікі, прыстасаваньні для мыцьця і сушкі посуду і г. д. Добра пастаўлена мэханізацыя бытавога абслугоўваньня ў гасьцініцах, сталовых, кафэтэрыях, рэстаранах, амэрыканках па рамонту абутку, у магазынах, у невялічкіх закусачных, у цырульнях і ў іншых месцах масавага грамадзкага карыстаньня.
    У гэтай справе мэханізацыі бытавога абслугоўваньня, як і ў справе пляніроўкі і азеляненьня гарадоў. мы можам сапраўды шмат чаму павучыцца ў амэрыканцаў.
    Нядрэнныя амэрыканскія шасэйныя дарогі, асабліва дарогі дзяржаўнага значэньня. Роўныя, з добрым насьцілам, падзеленыя на некалькі палос белымі рыскамі. аздобленыя зелянінай — часам па сярэдзіне, асабліва паблізу населеных пунктаў, цягнуцца бясконцыя клюмбы, газоны, квітнеючыя кусты — гэтыя дарогі сапраўды вельмі зручныя для аўтамашын, не псуюць, не вельмі зношваюць іх. Добрыя дарогі даюць магчымасьць сярэдняй якасьці машыне разьвіваць хуткасьць да ста дваццаці. а то і болей кілямэтраў у гадзіну. Нават на крутых і завілістых дарогах у высокіх гарах машыны, на якіх нам даводзілася езьдзіць, дасягалі часам хуткасьці да шасьцідзесяці, сямідзесяці кілямэтраў у гадзіну. Гэтая хуткая язда забясьпечвалася добрай дарогай і, зразумела. і добра дагледжанай машынай.
    Дарэчы. амэрыканскія шасэйныя дарогі не маюць нідзе простых скрыжаваньняў. Звычайна, адна дарога перасякае другую альбо праз віядук, альбо праз тунэль, прычым гэтае скрыжаваньне забясьпечана зручнай сеткай зьездаў, пад’ездаў і пераходаў. Каб не загружаць залішне транспартам вуліцы Сан Францыска пры ўваходзе на асноўныя масты праз затоку тут таксама збудавана складаная сеткі вулічных віядукаў-пад’ездў, якія веерам разыходзяцца ва ўсе бакі, не парушаючы нармальнага вулічнага руху. На гарадзкой плошчы перад прычаламі-прыстанямі асноўны паток грузавых машын ідзе па тунэлю.
    На шасэйных дарогах мы назіралі ажыўлены рух і цяжкіх грузавых машын, якія ідуць звычайна з адным або з двума цяжкімі прычэпамі (па дзесяць, пятнаццаць тон кожны). Прычэпы па начах асьветлены з усіх бакоў шматлікімі элемэнтычнымі лямпкамі, каб пазьбегнуць сутычкі з сустрэчнымі машынамі.
    Падыходы шасэйных дарог да буйных гарадоў, як правіла, ярка асьветлены спэцыяльнымі ліхтарамі. Яны заліваюць палатно дарогі поўным жоўтым сьвятлом, якое зусім не сьлепіць вадзіцеля машыны.
    На крутых паваротах дарогі, асабліва ў гарах, зьнешняя завіліна дарогі, якая ідзе над краем бездані, багата аздоблена люстранымі сыгнальнымі блёсткамі. Сьвятло ад фараў машыны прымушае іх ярка блішчаць і такім чынам папярэджваць шафёра аб небясьпецы
    Яшчэ пару слоў аб гарадах. Яны не маюць стандартнага выгляду, не падобны адзін на другі. Я быў у другім буйным горадзе, у Лос-Анжэлесе. Гэта — поўная процілегласьць Сан-Францыску. Гэта тая аднапавярховая Амэрыка, аб якой у свой час пісалі Ільф і Пятроў. Праўда і тут у цэнтральнай частцы горада вы знойдзеце некалькі небаскробаў, але на ўсіх астатніх вуліцах Лос-Анжэлеса, які расьцягнуўся больш чым на сто кілямэтраў па ўзьбярэжжу акіяна, вы сустрэнеце толькі аднапавярховыя, альбо двухпавярховыя катэджы. У Лос-Анжэлесе столькі зеляніны, столькі самых разнастайных дрэў, што ўвесь горад падобны на велізарны бясконцы парк. У горадзе і навокал яго знаходзяцца нафтавыя промыслы, нафтаперагонныя заводы. За час вайны ў горадзе разьвілася суднабудаўнічая і авіяцыйная прамысловасьць. Лос-Анжэлес вядомы таксама тым, што ў ім разьмешчана ўся амэрыканская кінэматаграфічная прамысловасьць. У самым горадзе ёсьць своеасаблівы гарадок Галівуд, у якім сканцэнтраваны асноўныя амэрыканскія фірмы па выпуску кінафільмаў. Усяго тут працуе да трох дзесяткаў розных кінастудый, якія належаць розным прадпрыемцам. У Галівудзе жывуць і працуюць асноўныя кадры кінарэжысуры, кінаартыстаў, пісьменьнікаў-сцэнарыстаў і тэхнічна-здымачнага пэрсаналу. Здымкі карцін праводзяцца ў спэцыяльных будынках студый, якія ўяўляюць сабой велізарныя памяшканьні, багата абстаўленыя розным тэхнічным абсталяваньнем. Усе патрэбныя дэкарацыі студыі імкнуцца будаваць тут жа, на месцы, уключна да самых разнастайных пэйзажаў. На вуліцах Галівуда вы можаце сустрэць цэлыя бутафорскія кварталы — копіі сапраўдных кварталаў ці паасобных будынкаў з розных гарадоў усяго сьвету. Тут вы можаце знайсьці і кітайскую вуліцу і вуліцу Парыжа, і вуліцу з якога-небудзь нашага савецкага горада. Над такімі бутафорскімі вуліцамі працягнута складаная сетка розных правадоў і рознага іншага абсталяваньня, якое ў выпадку патрэбы можа стварыць пры здымках карціны поўную ілюзію дажджу, сьнегавой завеі альбо буйнай навальніцы.
    У адной з кінастудый мы знаёміліся з непасрэдным працэсам здымкаў паасобных сцэн фільма “Сыгнал небясьпекі”. Здымаліся вядомыя амэрыканскія кінаартысты Захарыя Скат і Тэй Эмерсон — нявестка нябожчыка Рузьвельта.
    Некалькі слоў аб характары і якасьці амэрыканскіх кінафільмаў. У кінатэатрах гарадоў мы прагледзелі больш сотні самых разнастайных кінакарцін. Запомнілі ж не больш паўдзесятка, і іменна: фільм аб Шапэну, фільм “Партрэт Дарыяна Грэя” па аднайменнай аповесьці Оскара Уайльда, фільм аб вучоных мэдыках-экспэрымэнтатарах, фільм аб лётніках-вынаходцах і яшчэ і пару фільмаў, прысьвечаных вайне ў Эўропе і на Ціхім акіяне. Гэтыя фільмы вылучаюцца з дзесяткаў другіх сваімі сапраўды высокімі ідэйнымі і мастацкімі якасьцямі. Усе астатнія фільмы, не гледзячы на сваю тэхнічную дасканаласьць, могуць задаволіць хіба толькі вельмі непатрабавальнага гледача. Іх зьмест, іх ідэйны ўзровень задужа нізкія і не могуць ісьці ні ў якое параўнаньне з прадукцыяй нашай савецкай кінэматаграфіі.
    Кіно — самае распаўсюджанае, самае масавае відовішча ў Амэрыцы. Тэатар і іншыя віды мастацтва пашыраны вельмі слаба. У такіх буйных гарадах як Сан-Францыска і Лос-Анжэлесе вы не знойдзеце стацыянарных драматычных тэатраў. Ёсьць добрыя тэатры толькі ў Нью-Ёрку, але з іх пастаноўкамі мы не сустракаліся.
    Амэрыка зьяўляецца багатай краінай і на сёньняшні дзень яна мае высокі ўзровень матэрыяльнага дабрабыту сваіх грамадзян.
    І калі мы прыглядваліся да амэрыканскай сучаснасьці, да жыцьця і побыту амэрыканцаў, да іх утульных катэджаў і дамоў, да іх квітнеючых паркаў і садоў, да прыгожых плошчаў і вуліц іх гарадоў, да іх дзівосных дарог, да іх выдатнай тэхнікі, мы з болем у сэрцы ўспаміналі сьвятыя руіны нашых разбураных гарадоў і нашу спакучаную зямлю. За якую чвэрць века яна два разы траплялі пад спапяляючае дыханьне вайны. На працягу колькіх год палала наша зямля ў самым лютым пекле вайны. На працягу колькіх год зьнішчаліся здабыткі народа, здабыткі цэлых пакаленьняў. І мы думалі: не было б гэтых войнаў — наш народ, нашы гарады, наша зямля выглядалі б багацей амэрыканскіх.
    Трэба, між іншым, сказаць і аб тым, што сёньняшні высокі ўзровень дабрабыту ў Амэрыцы не зьяўляецца стабільным, ён не мае пад сабой моцнага грунту і ў любую хвіліну можа стаць вельмі хісткім. За гады вайны Амэрыкі параўнальна не ведала беспрацоўя, патрэбны былі масы рабочых у ваеннай прамысловасьці. Фэрмэр меў высокія прыбыткі, бо ўвесь ураджай з яго палёў і садоў знаходзіў поўную рэалізацыю на патрэбы арміі, а таксама ён ішоў і на вываз для задавольваньня патрэб саюзьнікаў, а пасьля завяршэньня вайны з Германіяй — і на патрэбы зьбяднелых і згаладалых краін Эўропы. Але кожны, з кім нам даводзілася гаварыць, ці то служачы, ці то рабочы, ці то фэрмэр, — усе яны ў адзін голас выказвалі сваю боязьнь у дачыненьні да свайго бліжэйшага будучага. Здань крызысу, беспрацоўя, так знаёмая нам у старыя гады, здань чорнага дню вісіць над імі штодня дамоклавым мечам.
    Так, адзін з фэрмэраў у багацейшай даліне Санта-Клара, якая славіцца ўрадлівасьцю сваёй глебы і зьяўляецца жытніцай Каліфорніі, гаварыў нам:
    — Апошнія гады я меў прыбытак, і не малы: я зарабіў тысячы даляраў. Але мы, фэрмэры, зьбіраем гэтыя грошы толькі для таго, каб у чорныя гады крызысу і беспрацоўя жыць напаўгалоднымі. Мы можам вырасьціць тады любы ўраджай, але гэты ўраджай згніе на полі і ў садзе, бо ў нас не купяць тады ні фунта пшаніцы, ні фунта нашых абрыкосаў і апэльсінаў...
    І гэтыя словы маюць пад сабой пэўныя падставы. За адзін толькі месяц травень у ваеннай прамысловасьці было звольнена паўмільёна жанчын-работніц. Паводле апошніх паведамленьняў прэсы, з ваеннай прамысловасьці звольнены зараз мільёны рабочых. І гэта толькі ў гарадах Дэтройце, Лос-Анжэлесе, Чыкага і Нью-Ёрку... Здань беспрацоўя гэтага страшнейшага зла амэрыканскай рэчаіснасьці. стаіць перад кожным амэрыканцам і прымушае яго са страхам пазіраць у заўтрашні дзень.
    Хто з савецкіх грамадзян, бліжэй пазнаёміўшыся з гэтымі зьявамі, не адчуе вялікага гонару за нашу краіну, якая не ведала і ніколі не будзе ведаць беспрацоўя, крызысаў, гэтых страшнейшых ворагаў шырокіх працоўных мас пры капіталістычнай рэчаіснасьці.
    Такі вось матэрыяльны бок жыцьця амэрыканца. Калі ж гаварыць аб духоўным жыцьці, дык у любога нашага савецкага грамадзяніна духоўныя запатрабаваньні, духоўныя інтарэсы куды вышэй і больш складаней, чым у амэрыканца. Ён часам далёка стаіць ад палітычнага жыцьця і сваёй краіны і другіх краін, амаль што не мае дачыненьня да грамадзкіх спраў і інтарэсаў, мала цікавіцца справамі мастацтва, літаратуры і наогул здабыткамі сапраўднай высокай культуры, абмяжоўваючыся толькі здабыткамі цывілізацыі: добрай ваннай, электрычным більярдам і халадзільнікам, аўтамашынай, мэханізаваным кафэтэрыем, добра вымытымі і выпрасаванымі каўнерыкамі... усім тым, што, завецца сэрвісам, добра наладжаным, абслугоўваньнем, якое стаіць на вышыні сучаснай тэхнікі. Часам гэтыя здабыткі цывілізацыі і вельмі цьмянага характару, напрыклад шматтысячныя тыражы безьлічы розных херстаўскіх, мак-кормікаўскіх і іншых газэт і часопісаў, якія сваёй шматлікасьцю і параўнальнай таннасьцю форменным чынам атакуюць амэрыканца, аплятаюць мозг звычайнага амэрыканца рознай трухлінай.
    Не шырокае і кола інтарэсаў звычайнага амэрыканца. Зарабіць паболей, каб найлепш забясьпечыць сябе на чорны дзень, — вось аснова ўсяго распарадку жыцьця і побыту звычайнага амэрыканца. Наогул, даляр зьяўляецца ледзь не богам для многіх і многіх амэрыканцаў. Даляр цісьне на ўсе праявы жыцьця, даляр стандартызуе гэтае жыцьцё, даляр груба ўмешваецца ў справы культуры, зьбядняе мастацтва, зводзячы яго да звычайнага рамесьніцтва, даляр бэсьціць мараль, ён да непазнавальнасьці мяняе некаторыя разуменьні, як, скажам, свабода, свабода друку, зводзячы іх часам да фармальных катэгорый, да голых фікцый.
    Адным словам, вучыцца нам тут у амэрыканцаў не прыходзіцца.
    Як ставіліся да нас амэрыканцы ў часе нашага тут прабываньня? Трэба проста сказаць, што з боку большасьці насельніцтва мы адчувалі самыя прыязныя і сяброўскія да нас адносіны. Амэрыканская інтэлігенцыя, — я не кажу ўжо аб рабочых, — бачыць у нас сапраўдных саюзьнікаў па дэмакратыі, вельмі цікавіцца ўсім, што адбываецца ў нашай краіне, нашымі посьпехамі, нашым будаўніцтвам, нашымі перамогамі над ворагам. Амэрыканскія вучоныя праяўляюць выключную цікавасьць да нашай культуры, да нашай навукі. Назіраецца павышаная цікавасьць сярод вучоных і студэнцкай моладзі да вывучэньня рускай мовы, як добрага сродку больш цеснага ўзаемнага азнаямленьня. Наша навука, літаратура карыстаюцца пэўнай пашанай і павагай. Афіцэры і салдаты амэрыканскай арміі, якім даводзілася ваяваць у Эўропе, гавораць з захапленьнем аб нашых афіцэрах і чырвонаармейцах і наогул аб нашым народзе, яго маральных якасьцях. І ў прэсе можна знайсьці багата артыкулаў, у якіх аўтары стараюцца ўстанавіць пэўнае падабенства, блізкасьць амэрыканскага салдата да нашага. Гаворыцца аб кемлівасьці, аб сьмеласьці, аб агульным аптымізьме, жыцьцярадаснасьці і духоўным благародзтве салдат абодвух армій. Пачынаючы з салдата і канчаючы маршалам Эйзэнхаўэрам, прадстаўнікі амэрыканскай арміі пасылаюць к чорту ўсякія выступленьні прафашысцкай прэсы, якая імкнецца выставіць Савецкі Саюз, як галоўнага ворага амэрыканскага народа.
    Сярод амэрыканскіх грамадзян мы сустракалі і выхадцаў з нашых краін. Асабліва многа эмігрантаў з Беларусі, Украіны, з Літвы, Латвіі, Эстоніі. Ёсьць выхадны і з Расіі. Большасьць выхадцаў — гэта людзі, якія імігравалі ў свой час з царскай Расіі, пасьля з заходняй Украіны, з Заходняй Беларусі ў пошуках звычайнага кавалка хлеба, магчымасьцей зарабіць на гаспадарку і г. д. Усе яны надзвычай цёпла сустракалі нашы савецкія дэлегацыі, наперабой распытвалі ў нас аб усіх надзеях у нашай краіне, расказвалі нам аб сваіх намаганьнях па арганізацыі шырокай дапамогі савецкаму народу, які пацярпеў ад гітлераўскіх разбойнікаў. Многія з іх выказвалі шчырыя пажаданьні вярнуцца на радзіму і прасілі патрэбнай падтрымкі ў гэтай справе. Беларусы з Чыкага, з Нью-Ёрка і з другіх гарадоў вельмі прасілі нас дапамагчы ім пазнаёміцца з усімі дасягненьнямі нашага народа, прасілі дасылаць ім нашы газэты, мастацкую літаратуру і ўсё, што можа даць уяўленьне аб культурным жыцьці беларускага народа. Чым займаюцца нашы амэрыканскія беларусы? Большасьць з іх рабочыя розных прадпрыемстваў. Частка працуе на зямлі, займаецца фэрмэрствам. Трапляюцца і прадстаўнікі інтэлігенцкай працы — дактары, адвакаты, служачыя розных кантор, навуковыя працаўнікі. Так, адным з аддзелаў Амэрыканска-Рускага інстытута ў Сан-Францыска кіруе прафэсар-беларус, які іміграваў з горада Вільні яшчэ ў 1911 годзе, аўтар шэрагу прац па ахове расьлін. З яго асобнымі артыкуламі можна пазнаёміцца ў нашых савецкіх энцыкляпэдыях. Сын яго — малады вучоны іхтыёляг.
    Трапляецца ў амэрыканскіх гарадах і белая іміграцыя. Сярод іх ёсьць самыя разнастайныя групоўкі і праслойкі. Самая рэакцыйная частка гэтай іміграцыі — рэшткі манархістаў, чарнасоценцаў —спрабавалі рабіць сякія-такія выступленьні супроць савецкага народа, іле атрымалі рашучы адпор з боку амэрыканскай грамадзкасьці і спынілі ўсе свае марныя патугі зрываць альбо дэзарганізоўваць працу прыязных да нас арганізацый, перашкаджаць якім-небудзь пачынаньням па аказаньню дапамогі савецкім людзям, пацярпеўшым ад фашысцкіх захопнікаў.
    Паабылі мы ў Амэрыцы два месяцы. За гэты час мы шмат чаго пабачылі, больш-менш блізка пазнаёміліся з амэрыканскім жыцьцём, з амэрыканскай эканомікай, культурай, мастацтвам. Але, зразумела, што ў адным артыкуле аб усім гэтым не раскажаш.
    /Беларусь. № 9. Мінск. 1945. С. 20-23./



     /Социалистическая Якутия. Якутск. 12 июля 1957. С. 4./
    «18 мая. В центральном клубе поселка Усть-Нера царит большое оживление. Торжественная линейка. 36 годовщина пионерской организации им. Ленина.
    Никогда не забудут они имя Павлика Морозова, отдавшего свою жизнь в борьбе с кулаками...
    Затем ребята с большим интересом смотрели картину «Миколка-паровоз»...
    /Северная заря. Усть-Нера. Оймяконский район ЯАССР. 21 мая 1958. С. 3./


                                                                    СССР 50
    Белорусскай ССР 1919 с. кохсуиньу 1 күнүгэр тэриллнбитэ...
    Республика нэһилнэнньэтин 80 бырыһыана Октябрь иннинэ үөрэҕэ суоҕа. Билигин хас үһүс үлэһит орто уонна үрдүк үөрэхтээх. Культура, наука, искусство, литература чэлгийэ сайынна. Янко Купала, Якуб Колас, Кондрат Крапива, Мехась Лыньков, Максим Танк, Аркадий Кулешов — республика киэн туттар сурунааччылара, поэттара.
    /Бэлэм буол. Якутскай. Ахсынньы 28 к. 1972. С- 3./


                                                                      ДАВЕДКА

    Міхась Ціханавіч Лынькоў - нар. 18 (30) лістапада 1899 г. у в. Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губэрні Расійскай імпэрыі, у сям’і чыгуначнікаў – бацька, рамонтны рабочы, маці, вартаўніца на пераезьдзе (трапіла пад састаў).
    Дзіцячыя гады Міхася прайшлі ў казарме на перагоне паміж станцыямі Магілёў – Лотва, потым Тошчыцы-Рагачоў. Вучыўся ў двухкляснай школе пры Рагачоўскай настаўніцкай сэмінарыі, а ў 1917 г. скончыў і Рагачоўскую настаўніцкую сэмінарыю.
    Настаўнічаў у в. Ліпінічы, прымаў актыўны ўдзел у працы сельсавета. Па прыходзе нямецкага войска ў 1918 г. браў удзел у партызанскім руху. У 1919-1922 гг. служыў у Чырвоным войску, удзельнічаў у паходзе на Варшаву, у разгроме аддзелаў Булак-Булаховіча, служыў у атрадзе па барацьбе з голадам у Паволжы, на Урале і ў Заходняй Сыбіры.
   Са жніўня 1922 г. настаўнічаў у школе в. Сьвержань Рагачоўскага павету Гомельскай губэрні. Быў актыўным селькарам. Улетку 1925 г. зрабіўся сакратаром рэдакцыі бабруйскай газэты “Камуніст”, а неўзабаве яе адказным рэдактарам. У 1926 г. уступіў у шэрагі партыі бальшавікоў і пачаў пісаць свае першыя апавяданьні. У 1930 г. пераехаў у Менск і заняў пасаду галоўнага рэдактара Дзяржаўнага выдавецтва БССР ды далучыўся да Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. У 1933-1941 гг. быў рэдактарам часопіса “Полымя рэвалюцыі”. У 1938-1948 гг. узначальваў Саюз пісьменьнікаў БССР. У 1937 г. для дзяцей выдаў аповесьць “Міколка-паравоз”, якая была экранізаваная ў 1957 г.
    У 1939 г. удзельнічаў у “вызвольным паходзе РСЧА у Заходнюю Беларусь”, рэдагаваў газэту «Беларуская звязда», орган палітупраўленьня Беларускага фронту. Ад часу нямецкага нападу на СССР рэдагаваў газэту “За Савецкую Беларусь”. Сям’я Міхася Лынькова (жонка і сын) была расстраляная немцамі ў верасьні 1941 г. у Старадароскім раёне.
    У складзе урадавая дэлегацыя Беларускай ССР (кіраўнік К. Кісялёў), раніцай 2 траўня 1945 г. выляцеў з Масквы на самалёце “Дугляс” на канфэрэнцыю у Сан-Францыска (ЗША). Пасьля кароткага прыпынку ў Якуцку ўвечары 4 траўня дэлегацыя выляцела ў горад Фэрбенкс (Аляска).
    У 1943-1946 гг, а таксама ў 1949-1952 гг Лынькоў працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва.
    Памёр 21 верасьня 1975 г. у Мінску і пахаваны на Ўсходніх могілках.
    Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940-1975 гг. Акадэмік АН БССР. Народны пісьменьнік БССР (1962). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968). Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1949, 1955, 1969), трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга (1939, 1959, 1967), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), ордэнам Чырвонай Зоркі (1943), шматлікімі мэдалямі.
    12 студзеня 1976 г. Пастановай Савета Міністраў БССР Крынкаўскай школе (Лёзьненскі раён Віцебскай вобласьці) было нададзена імя М. Лынькова. У школе створаны музэй, які налічвае больш за 600 экспанатаў, у тым ліку каля 300 арыгінальных. Сярод іх асабістыя рэчы пісьменьніка — кепка, гальштук, значок “Выдатнік народнай асьветы БССР”, дэпутацкі білет. Імя Міхася Лынькова носіць вуліца ў Мінску.

    Літаратура:
    Чыгрын І. П. Лынькоў Міхась. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 117.
    Майка Зьліняла,
    Койданава