вторник, 3 ноября 2015 г.

Ніл Гілевіч. На трэцяй усесаюзнай у Маскве. Койданава. "Кальвіна". 2015.


    Ніл Гілевіч

                                             НА  ТРЭЦЯЙ  УСЕСАЮЗНАЙ  У  МАСКВЕ 

                                              (забаўныя гісторыі з жыцьця пісьменьнікаў)

    Летам 1955-га я атрымаў з Саюза пісьменьнікаў ліст: “Вы рэкамэндаваны на ІІІ Усесаюзную нараду маладых пісьменьнікаў, якая адбудзецца ў верасьні г.г. у Маскве...”. Узрадаваўся незвычайна. Якая выдатная магчымасьць пазнаёміцца з лепшымі паэтамі-равесьнікамі з іншых рэспублік, асабліва — з расійскімі і ўкраінскімі (з лепшымі, вядома, бо на ўсесаюзную нараду горшых не пасылаюць, — так мне тады думалася). Паводле беларускай квоты на нараду былі рэкамэндаваны: паэты Сьцяпан Гаўрусёў, Пятрусь Макаль, Ніл Гілевіч, празаікі Аляксей Карпюк і Пятро Васілеўскі, драматург Алесь Махнач, ад пісьменьнікаў, што пішуць для дзяцей, — Артур Вольскі...
    Памятнай аказалася ўжо сама дарога да Масквы. Разам з маладымі ехалі на нараду, у якасьці настаўнікаў, і сталыя майстры слова Аркадзь Куляшоў і Пятрусь Броўка (такое было з СП СССР патрабаваньне). Настаўнікі, помню, пасяліліся ў другім купэ, мы з Гаўрусёвым — па суседзтву, побач (Макаль з намі не ехаў, ён служыў тады ў Падмаскоўі ў войску і далучыўся да нас на нарадзе). У купэ настаўнікаў “загаманілі” ўжо на перагоне ад Мінску да Смалявічаў. У нас было ціха, тым больш што практыкі дарожных пасядзелак у мяне, ды і ў Сьцяпана, яшчэ не было ніякай. У Барысаве цягнік спыніўся на хвілін пяць, а можа, і на болей, бо, выйшаўшы з купэ, я ўбачыў праз вакно, як некаторыя пасажыры рванулі ў памяшканьне станцыі. Паперадзе ўсіх, амаль бягом, крытык Алесь Кучар, — аказваецца, і ён едзе, пры пасадцы ў Мінску яго я не бачыў. Падышоў і стаў побач Сьцяпан, усьлед і Пятро Васілеўскі. Спытаў, колькі стаяць будзем, і тут жа, не чакаючы адказу, усклікнуў:
    — Ты паглядзі, паглядзі на гэту сьцервозу Кучара! Колькі ён каньяку валачэ з буфэту! Ёлкі-маталкі! Цікава, як ён, курдупель, узьлезе з гэтымі бутэлькамі на падножку!..
    Бутэлек у “курдупеля” было сапраўды мнагавата: па адной тырчэла з кішэняў расхінутага паліто, і штукі чатыры ці пяць — як абярэмак дроў — ён сьціскаў абедзьвюма кароткімі рукамі-лапамі каля грудзей. З яго ростам і без нічога ў руках узабрацца на падножку няпроста, а з такім каштоўным шкляным грузам... цікава! Казалі, чуў у “асяродзьдзі”, што ўвышкі гэты крытык быў мэтар сорак, але, відаць, сябры-пісакі трохі хлусілі, думаю, што паўтара мэтра ён усё-такі быў. Ды ў плячах амаль мэтар.
    — Вось гэта размах! Як і мае быць у клясыкаў! — зазначыў Сьцяпан. — І да Масквы не пап’юць.
    Да Масквы было яшчэ далёка. Яшчэ не даехалі да Оршы, калі той жа Кучар уткнуў галаву ў наша купэ і голасна абвясціў:
    — Зайдзіце, хлопцы, да нас, Пятрусь і Аркадзь просяць, толькі вас, паэтаў. Хуценька! Па чарцы каньяку дадзім!
    Для мяне было дастаткова гонару і ад таго, што з жывымі клясыкамі еду ў адным вагоне. Ну а тут — нават разам пасядзець за чарчынай? Гэта ўжо Бог ведае за што такая ўзнагарода!.. Канешне ж, чакаць нас мы сваіх настаўнікаў не прымусілі: імгненна апынуліся ў суседнім купэ. Нам далі месца прысесьці, і Пятрусь Усьцінавіч шчодра пялёхнуў у вялікія чайныя шклянкі каньяку.
    — Во, цяпер і пагутарым іначай. А то мы ўжо ўсе тэмы вычарпалі, — па-сяброўску падахвоціў нас Пятрусь Усьцінавіч.
    — Праўда, закускі вам ужо амаль не засталося, — спачувальна ўсьміхнуўся Аркадзь Аляксандравіч.
    — Чакайце! — схамянуўся Пятрусь Усьцінавіч. — Там жа ў мяне ў партфэлі павінны яшчэ каўбачкі быць! Алесь, — павярнуўся да Кучара, — падай сюды партфэль. Сам бачыў, як Лёля клала ладны скрутак каўбасак — свайго вырабу, цешча мая спэцыялістка па іх, Аркадзь і многія хлопцы гэта ведаюць, якія яна робіць каўбаскі, вот і вы будзеце ведаць...
    Скрутак у прамасьленай (тлустыя!) паперы апынуўся на стале. Пабег, “ні стуча, ні груча, па жылачках шчыкача”, каньячок, пайшлі — не пайшлі, а паляцелі, аж загудзелі, — каўбаскі, пацякла-палілася гамонка... Каўбаскі, навелічкі — як ладныя яловыя шышкі, былі незвычайнай смакаты, і я хацеў працягнуць руку да скрутку яшчэ раз, дый запыніўся, засаромеўшыся, маўляў, трэба ж і меру знаць. Броўка няйначай як заўважыў гэту маю нерашучасьць, падчапіў ёмкую, у застылым тлушчы, каўбаску на відэлец, працягнуў мне і загадаў:
    — Еш! Бо ты вельмі худы. Чаму ты гэтакі худы? Такі таленавіты — і такі худы! Гэта ненармальна!..
    З усяго, пра што гаманілі ў купэ, запомнілася як найбольш важнае тое, што нам сказаў пры гэным століку Пятрусь Усьцінавіч, — пакуль мы са Сьцяпанам яшчэ добра не захмялелі.
    — Галоўнае, хлопцы, вы там, на нарадзе, не вытыркайцеся, не лезьце. Вы — здольныя і таленавітыя, але — трымайцеся сьціпла. Нас паважаюць і любяць за сьціпласьць, за тое, што мы не вытыркаемся. І вы не вытыркайцеся. Бо там, ведаеце, могуць быць усякія гаваруны, вы з іх прыкладу не бярыце... Я вам даю разумную параду, во хай і Аркадзь скажа, — павёў ён рукою ў бок Куляшова.
    — А я скажу: лезьце, хлопцы, і вытыркайцеся! — хітра падміргнуў нам і весела засьмяяўся Аркадзь Аляксандравіч.
    — А я так скажу: на агародзе першай вырываюць тую моркаўку, што вытыркаецца, — парыраваў і зарагатаў з уласнай дасьціпнасьці Броўка.
    “На агародзе — гэта праўда, — падумалася тады мне. — А ў літаратуры? І што значыць — вырываюць? Нейкія страшныя асацыяцыі. Пра “вырваных” гаварылася ў апошні час усё часьцей і ўсё больш адкрыта... Многія “вырваныя” пачалі вяртацца ў літаратуру, тым лікам і ў нашу беларускую”.
    Значыць, не вытыркацца. Не лезьці і не вытыркацца. Таксама — урок вучням. Яшчэ маладым, хоць ужо і не “зялёным”.
                                                                                     * * *
    ...Уступнае слова на Пленуме — палымянае, пафаснае — сказаў Першы сакратар Праўленьня СП СССР Аляксей Суркоў. Імя, вядомае мне з даваеннага часу па любімых у нашай хаце песьнях “По военной дороге” і “На седых уральских кручах» (пра гібель Чапаева).
    Праз колькі хвілін, як нарада пачалася, на сцэну з-за кулісы выйшаў Міхаіл Шолахаў. Вялікія так і павінны рабіць, паяўляцца са спазьненьнем, а не ў кучы з меншымі. Выйшаў — у гімнасьцёрцы, у галіфэ, у ботах (1956 год!). Невысокага, можа, нават трохі ніжэй сярэдняга росту, русявенькі, высока — па-афіцэрску — падстрыжаны. Яшчэ не дайшоў да прэзыдыюма (сцэна — шырачэзная), як у зале ўспыхнулі, напачатку разрозьненыя, воплескі. Напэўна, не ўсе з нас, удзельнікаў нарады, у першы момант пазналі яго, але так доўжылася імгненьне, а тады — раптам — выбухнуў гром аплядысмэнтаў. У зале ўсе падняліся. Убачыўшы такую бурную радасьць, Міхаіл Аляксандравіч у знак прывітаньня і ўдзячнасьці прыклаў руку да сэрца і сеў у трэцім радзе прэзыдыюма з самага краю. “Ужо можна лічыць, што ў Маскву мы прыехалі недарэмна”, — напаўголаса сказаў я Сьцяпану. Углядаюся ў аблічча славутага пісьменьніка: хударлявы, вузкія пакатыя плечы, пасівелыя вусы. Пераводжу позірк на іншых. Усе — у строгіх гарнітурах, пад гальштукам, а ён — у гімнасьцёрцы. Чаму? Усе — багатыя, а ён — бедны? Ды не, канешне! З-за сьціпласьці? Па звычцы? А адкуль звычка? Яшчэ з часоў “грамадзянскай”?
    Даклад сакратара праўленьня СП В. Ажаева — галоўны даклад на нарадзе — меў назву “Маладыя сілы савецкай літаратуры і задачы СП СССР у галіне выхаваньня маладых літаратараў” (ох, гэтае “у галіне”! Ну чыноўнікі! Па-пісьменьніцку зьвязаць словы не могуць!)...
    Садаклад аб паэзіі зрабіў вядомы літаратурны крытык А. Макараў. Майму маладому самалюбству ён дагадзіў: у пераліку імён таленавітых маладых назваў і маё імя. З беларускіх — адно. Тады (можа, і цяпер?) гэта вельмі прымалася пад увагу: названы ў дакладзе сярод лепшых ці не названы? Не дзіўна, што калі я вярнуўся вечарам у гасьцініцу і зайшоў у пакой, мой “сукватарант” вядомы якуцкі паэт Інакенцій Эрцюкаў адразу ж выгукнуў: “Віншую! Вас назваў Макараў у сваім дакладзе!”
    У спрэчках па дакладзе і садакладах першым узяў слова “наш”, — так амаль заўсёды было і пазьней — на ўсіх пісьменьніцкіх зьездах, пленумах, сходах і іншых усесаюзных форумах. Да ўсякай вялікай размовы “наш” любіў, што называецца, зрабіць запеўку. Ведаў, што і ў прэзыдыюме і “там” яго запеўка спадабаецца, бо ў ёй будзе ўсё, што трэба: і сьцьвярджальны патас, і шчырая ўдзячнасьць за клопат, і ўмеранае прызнаньне недахопаў, і — яшчэ адна прысяга на вернасьць. Так і на гэты раз: П. У. паведаміў аб посьпехах беларускай літаратуры, адзначыў, што ў творчым росьце маладых скараціўся “вэгетацыйны” пэрыяд — адразу выходзяць у прафэсіяналы, што мала пасылаем маладых у брацкія рэспублікі... “А потым да канца — агульшчына”, — гэта ўжо я даю ацэнку яго выступу.
    ...Сяргей Міхалкоў. Высачэзны, статны, з моцна прыгладжанымі амаль чорнымі валасамі, з акуратна падстрыжанымі вусікамі, з трыма мэдалямі сталінскага ляўрэата на грудзях. Ягонае імя мне адно з самых вядомых. Па-першае, сааўтар “Гімна Савецкага Саюза”. А гэта не жартачкі! Па-другое, у мае пэдвучылішчныя гады надта папулярнымі былі некаторыя яго байкі, асабліва “Заяц во хмелю” і “Две подруги”. Апошнюю даводзілася тады чуць амаль не на кожным эстрадным канцэрце ў парку імя Горкага, бо ішла барацьба з касмапалітамі, з нізкапаклонствам перад заграніцай...
    Моцнымі воплескамі правяла заля да трыбуны сівагаловага Максыма Рыльскага. Гаворыць мудрыя рэчы, і я стараюся самае галоўнае занатаваць. “Добры літаратурны густ — зьява больш рэдкая, чым талент. Густ, паводле Пушкіна, у пачуцьці “соразмерности и сообразности”. Далей: “Трэба мець вялікі запас ідэй, чаго мала ў маладых украінскіх паэтаў”. І яшчэ: “За адзін сьвежы радок можна дараваць шмат дрэнных”. І яшчэ: “Толькі тая паэзія добрая, якая — твая, а не перапеўная”. Ну але ж і сапраўды мудрэц, гэты славуты не толькі на Бацькаўшчыне, але і ва ўсім славянскім сьвеце Максім Тадэевіч!
    ...Нарэшце будзе гаварыць сам Шолахаў! Мы ўжо былі занепакоіліся: вось-вось, паводле графіка работы, выступленьні закончацца, а яму слова не даюць. Няўжо адмовіўся? Няўжо нічога нам, маладым, не скажа? І вось — увага! У зале — абсалютная цішыня.
    “Цяжка гаварыць пасьля Сіманава. Ну, а пасьля Ажаева хіба лягчэй? (Махнуў рукой. У зале рагатнулі.) Ажаеў цяпер дзярэ лыка з асфальту вуліцы Вароўскага, а пачаў калісьці драць далёка ад Масквы. (Намёк на пасаду Ажаева ў сакратарыяце СП СССР на вуліцы Вароўскага і на яго многа хвалёны раман “Далеко от Москвы”.) З асфальту лыка не зьдзярэш. Вот, вот! (Ківае галавой і зноў махае рукою. Ці не нападпітку ён? Занадта ж неяк вольна пачуваецца?) Ёсьць такая катэгорыя дзявок, якія не выходзяць замуж, — перастаркі. І ў літаратуры яны бываюць. Дык вось: не заставайцеся да старасьці ў кароткіх дзіцячых штанцах. Абдымаю вас, дарагія людзі!” І працягнуў рукі да залі. Кіўнуў галавой і... пайшоў за кулісу. Коратка — і... і... Як бы нешта не тое. Расчараваньне, ці што? Праз колькі хвілін па радах пайшла запіска: “И кучу юных олухов Обнял с трибуны Шолохов».
    Праз нейкія тыдні два “Литературная газета” надрукавала слова М. А. Шолахава на Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменьнікаў. Пазьней яно ўвойдзе ў 8-мы том яго пасьмяротнага Збору твораў. Яно — і не яно, ці — не зусім яно. Абкарнана так, што засталіся рожкі ды ножкі. Ні Сіманава, ні Ажаева, ні лыка, ні асфальту на вуліцы Вароўскага, ні дзявок-перастарак, — нічога не засталося. Затое дабавілася шмат трывіяльнай партыйна-савецкай рыторыкі. Вось і вер пасьля гэтага газэтным рэпартажам з месца падзеі! Калі б не быў сам сьведкам і не мой запіс у нататніку — мог бы і паверыць, што так посна, так банальна сказаў сваё слова М. А. Шолахаў...
    12 студзеня пачалося абмеркаваньне творчасьці маладых у сэмінарах. Усіх паэтаў падзялілі на восем груп. Мы, беларусы (Гаўрусёў, Макаль і я) трапілі ў апошнюю, восьмую, — пад кіраўніцтвам не надта шанаванага намі паэта-песеньніка Льва Ашаніна... Абмеркаваньне маіх вершаў ішло добра, спакойна, спагадліва, пакуль не ўзяўся за мяне Кучар. Дам слова пурпуроваму нататніку: “Не пашанцавала мне, як і тады, у 1953-м, у Мінску: зьесьць з кішкамі! Во пракляцьце на маю галаву!.. Ну, давай, давай, Айзік! Можа, папярхнесься нарэшце. Але ж і гад! І сюды прыехаў зьесьці мяне! Дома было мала”. А. Куляшоў як майстар-прафэсыянал зрабіў некалькі канкрэтных па маёй творчасьці заўваг, але ад кучараўскай лютасьці ні словам не абараніў. Ну, нічога. Мы ж не грузіны, не армяне, не татары... Мы — беларусы. Нас “паважаюць і любяць”...
    У апошні дзень, вечарам, мне трэба было выступаць у ЦДЛ на сустрэчы чытачоў з маладымі паэтамі, удзельнікамі нарады. У вялікай каляровай афішы значылася маё прозьвішча, але хлопцы (Сьцяпан і Артур) угаварылі махнуць рукой і дзеля гэтага не заставацца яшчэ на цэлы дзень, да заўтрашняга вечара, у Маскве. І я паехаў разам з імі дадому. Так ляснула ў мяне першая і апошняя магчымасьць пачытаць свае вершы масквічам — болей за ўсё жыцьцё такога выпадку не надарылася.
    2006
    /Новы Час. Мінск. 7 чэрвеня 2009./


                                                                         ДАВЕДКА

    Ніл Сымонавіч Гілевіч – нар. 30 верасьня 1931 г. у в. Слабада, Лагойскі раёну БССР (СССР) у сялянскай сям’і.
    Першыя гады пасьля вайны РСЧА з Вэрмахтам працаваў паштальёнам у калгасе. У 1951 г. скончыў Мінскае пэдагагічнае вучылішча. Апошні год навучаньня (1955-1956) спалучаў з працай настаўніка ў адной са школаў Мінску. Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1954 г. У 1956 г. скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці “беларуская і руская мова і літаратура», а пасьля асьпірантуру пры БДУ. Кандыдат філялягічных навук, прафэсар. У 1958-1963 гг. працаваў літаратурным кансультантам газэты “Звязда”. У 1960-1986 — супрацоўнік катэдры беларускае літаратуры БДУ. У 1980-1989 г. першы сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. З 1989 г. старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар газэты-бюлетэня ТБМ “Наша слова”. З чэрвеня 1990 г. старшыня пастаяннае Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры й захаваньні гістарычнае спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1985-1990). У 1990 г. быў абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР.
    Як народны дэпутат БССР і Сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР выступаў супраць пляну закону аб дзьвюхмоўі (аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай) А. Р. Лукашэнкі (тады яшчэ таксама народнага дэпутата БССР). Удзельнічаў у апазыцыйных мітынгах.
    Узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам Дружбы народаў, ордэнам Кірыла і Мятодыя I ступені (Баўгарыя), ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай, мэдалём Францішка Скарыны (1990), ордэнам князя Яраслава Мудрага 2-й ступені (Украіна). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Народны паэт Беларусі (1991). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), Ляўрэат Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986).
    Літаратура:
    Губернатараў М. А., Гурская А. С.  Гілевіч Ніл. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 185-186.
    Ларчанка У. М.  Гілевіч Ніл. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1993. С. 186-204.
    Ніяніля Гільгамешка,
    Койданава


    Інакенцій Іларыёнавіч Эрцюкаў - нар. 24 лістапада 1916 г. у Тырасінскім насьлезе Батурускага ўлуса Якуцкай акругі Якуцкай вобласьці Расейскай імпэрыі ў сялянскай сям’і.
    У 1940 г. скончыў гістарычны факультэт Якуцкага настаўніцкага інстытута. Працаваў настаўнікам, загадчыкам навучальнай часткай, дырэктарам сямігадовай школы.
    У 1942 г. быў пакліканы ў шэрагі РСЧА. Удзельнічаў у баях з Вэрмахтам у Румыніі, Баўгарыі, Вугоршчыне ды Аўстрыі.
    Пасьля дэмабілізацыі - рэдактар Якуцкага кніжнага выдавецтва, намесьнік рэдактара газэты “Эдэр коммунист”, адказны сакратар праўленьня СП Якуціі, адказны сакратар рэдакцыі газэты “Бэлэм буол” – “Будь готов”, літаратурны супрацоўнік рэдакцыі часопіса “Хотугу сулус”.
    Друкаваўся ад 1937 г. Чалец КПСС ад 1945 г.Чалец СП СССР ад 1950 г. Заслужаны работнікнік культуры ЯАССР.
    Быў узнагароджаны ордэнам “Чырвонай Зоркі”, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, баявымі і працоўнымі мэдалямі.
     Памёр 6 чэрвеня 1991 года.
    Літаратура:
    Якуцкая літаратура. Эрцюкоў І. 3733. Якуція. [Верш]. Пер.: Р. Баравікова. – “Літ. і мастацтва”, 19734, 8 лістап., с. 7. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1966-1975 гг. Паказальнік літаратуры. Складальнік І. І. Фалькоўская. Мінск. 1978. С. 289.
    Мартинович А.  О времени и о себе. // Слово русской критики о якутской литературе. Якутск. 1986. - С. 172-175.
    Тыярыся Піянэр,
    Койданава