четверг, 3 декабря 2015 г.

Іван Ласкоў. "Таму, што я руская..." Койданава. "Кальвіна". 2015.


                                                           “ТАМУ,  ШТО  Я  РУСКАЯ...”
   Мне пашчасьціла: па запрашэньню Саюза пісьменьнікаў БССР я прыехаў з далёкага Якуцка, дзе жыву ўжо дзевятнаццаць гадоў, на скарынаўскія сьвяты.
    Апошні раз у Мінску быў у красавіку 1986 года, якраз напярэдадні чарнобыльскай трагедыі. За гэты час у Беларусі шмат што зьмянілася, і хоць не ўсё ў лепшы бок, нельга не адзначыць, што на вуліцах сталіцы больш стала шыльдаў і надпісаў на беларускай мове, а іншы раз яе і пачуеш.
    З інжынэрам з Рыгі Адольфам Жуком шпацыравалі мы па Мінску, размаўляючы, зразумела, на роднай мове. На рагу вуліц Леніна і Маркса нас зацікавіў будынак з цэлым “іканастасам” мэмарыяльных дошак. Сталі іх чытаць. Аказалася, што ў гэтым будынку жылі або спыняліся такія дзеячы, як Дзяржынскі, Кнорын, Чарвякоў, Галадзед, жылі беларускія пісьменьнікі Ц. Гартны і П. Броўка. Цяпер тут музэй П. Броўкі. Мы пачалі дзяліцца думкамі аб гэтым незвычайным доме і шыльдах, што віселі на ім. У прыватнасьці, выказвалі зьдзіўленьне, што мэмарыяльная дошка выдатнага сына беларускага народа А. Р. Чарвякова выканана на рускай мове.
    Тут да нас падышла высокая мажная жанчына, што пэўны час прыслухоўвалася да нашай гаворкі, і спытала:
    — А вы откуда?
— Я з Якуцка, — адказаў я, — а ён з Рыгі.
    — И говорите по-белорусски?
    — Што ж тут дзіўнага? Мы беларусы.
     — А-а... — працягнула жанчына. — Да, панове-пане, здесь досок, будто в самом деле у белорусов есть какие-то писатели. Где они, кто их знает?
    — Спадзяюся, хоць Быкава вы ведаеце, — спытаў я. — Яго ўвесь сьвет чытае.
    — А вон там, за углом, — не слухаючы, гаварыла жанчына,—еще одна доска, какого-то ученого. В нее жена каждый день цветочки втыкает, а что это за ученый? Довели сельское хозяйство до развала, а “ученым” доски вешают!
    — Дзе гэта дошка? Пакажыце! — зацікавіўся я.
    Жанчына рушыла за рог, я за ёю. Аказалася, там вісела дошка ў гонар вядомага вучонага-мэханізатара М. Мацапуры. Бачачы, што субяседніца чамусьці аж кіпіць, я памяркоўна сказаў:
    — Я не знаўца сельскай гаспадаркі, таму не магу ні згадзіцца з вамі, ні аспрэчваць.
    Тут жанчына павярнулася да мяне і гэтак строга прамовіла:
    — А вы должны со мной говорить по-русски.
    — Вось табе маеш! Чаму? — гранічна зьдзівіўся я.
    — Потому что я русская.
    — А чаму тады вам не гаварыць са мной па-беларуску, бо я беларус?
    — Вы ведь там, в Якутске, по-русски говорите?
    — Зразумела, па-руску.
    — А почему здесь говорите по-белорусски?
    — Бо я на сваёй, беларускай зямлі.
    — И почему вы обособляетесь? — ледзь не закрычала жанчына і пайшла.
    А я падумаў: да чаго ж мы дайшлі, калі на нашай роднай зямлі нам указваюць невукі, на якой мове размаўляць! Зразумела, каб яна перапытала, сказаўшы, што дрэнна мяне разумее, то я загаварыў бы з ёй па-руску. Але ў гэтым сэнсе жанчына не мела праблем.
    Я спачатку хацеў напісаць гэты ліст у «Советскую Белоруссию», каб зьвярнуцца да рускіх людзей: не разважайце так, як тая жанчына!
    Але потым падумаў, што на такіх, як мая субяседніца, не падзейнічаюць ніякія аргумэнты. Таму вырашыў зьвярнуцца да тых, хто паважае і любіць беларускую мову, да ўсіх, хто валодае ёю: давайце ўсюды гаварыць па-беларуску! Нас жа вельмі шмат, мы адразу створым нармальны моўны клімат. Не бойцеся пачуць тое, што пачуў я каля мэмарыяльнай дошкі М. Мацапуру.
    Іван Ласкоў.
    /Звязда. Мінск. 17 лістапада 1990./




                                                     ТАМУ,  ШТО  Я  БЕЛАРУС
    Год назад я быў па справах у Маскве. Ва ўстанове размаўляў па-руску, а ў транспарце — па-беларуску, пры гэтым з рускімі людзьмі, з масквічамі. Разумелі мяне добра, заўваг не рабілі.
    У 1985 годзе лятаў самалётам у Караганду, з перасадкай у Маскве. З Караганды ў Мінск ляцеў цераз Кіеў. Усю дарогу туды і назад — у Маскве, Карагандзе, пад Карагандой, у Кіеве размаўляў на тураўскім дыялекце беларускай мовы. Само сабой так атрымалася, не дзеля “патрыятызму” так рабіў, а таму, што быў моцна ўзрушаны. Усюды ўсе мяне разумелі, нават казахі, і ніхто не намякаў нават, што яму ці ёй непрыемная мая мова, акрамя адной касіркі ў касе Аэрафлёту ў Маскве. І то, магчыма, не з-за маёй мовы яна на мяне зазлавала, а таму, што ўсе лезьлі ў тую касу, а я быў адзін з тых, хто лез.
    У Мінску я ўжо гадоў дзесяць як размаўляю па-беларуску, у тым ліку і ў Інстытуце фізыкі АН БССР, дзе працую (толькі на навуковых сэмінарах — па-руску). Разоў пяць за гэтыя гады субяседнікі выказвалі нездавальненьне. Адзін раз — у інстытуце, астатнія — у магазынах, — касіркі, якія злавалі, калі я казаў “цукар”, а не “сахар”. Усе гэтыя субяседнікі былі беларусы. Але часьцей чуў добрыя словы ў адрас беларускай мовы. У тым ліку і ад рускіх.
    Неяк два месяцы назад “Звязда” зьмясьціла заметку І. Ласкова “Таму, што я руская”, дзе гаворка ішла пра, увогуле, тыповую сытуацыю, калі людзей папракаюць мовай, на якой яны размаўляюць. Я доўга думаў над гэтай заметкай, гэтай сытуацыяй. Мяркую, што І. Ласкоў, беларус з Якуціі, і яго субяседнік, беларус з Латвіі, размаўлялі па-беларуску з пэўным рускім акцэнтам, характэрным для Якуцка і Рыгі, дзе яны жывуць. Гэту некаторую штучнасьць іх мовы, напэўна, і адчула тая жанчына, але адмоўныя адносіны да гэтай штучнасьці выказала неразумна, не падумаўшы.
    Тут, можа, і горыч ад няўстойлівасьці нашага часу, калі няма ў што апрануць-абуць дзетак-унукаў, горыч гэта перапаўняе людзей, асабліва жанчын. Праявы гэтага я назіраю штодня. Што ж датычыць адносін той жанчыны да беларускага вучонага М. Мацапуры, то яны не горшыя, чым у звычайнага беларуса. Сваіх выдатных землякоў-вучоных мы не ведаем, а не ведаючы — і даверу не маем да вучоных увогуле. З боку двух мужчын-беларусаў у гутарцы з адной рускай жанчынай лепшай агітацыяй за беларускую мову было б сьціпла пацікавіцца яе жыцьцём-быцьцём, проста, па-чалавечы, пагаварыць, а ў размове пахваліць, скажам, яе завушніцы прыгожымі беларускімі словамі, якіх багата.
    М. Саскевіч,
    супрацоўнік Інстытута фізыкі АН БССР.
    /Звязда. Мінск. 26 студзеня 1991. С. 2./

                                                                        ДАВЕДКА

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстын Ленскі,
    Койданава