пятница, 4 декабря 2015 г.

Іван Ласкоў. Калі будуць беларускія ўнівэрсытэты. Койданава. "Кальвіна". 2015.


                              КАЛІ  Ж  БУДУЦЬ  БЕЛАРУСКІЯ  УНІВЭРСЫТЭТЫ
    Баларускі царкоўна-грамадзкі часопіс “Голас часу”, што выдаецца ў Лондане, у сваім нумары 5/8 за 1990 г. перадрукаваў з польскай прэсы такое паведамленьне:
    “16-17 чэрвеня г. г. адбыўся ў Горадні арганізацыйны зьезд Саюза Палякаў у Беларусі, у каторым прыняло ўдзел больш за 400 дэлегатаў ад польскіх таварыстваў з Пінска, Берасьця, Ліды, Мінска, Віцебска, Магілёва, Горадні. Кіраўніком СПБ выбралі Тадэвуша Гавіна з Горадні, палкоўніка савецкіх пагранічных войск.У найбліжэйшых плянах Таварыства м. ін. маецца выдача польскай газэты і адкрыцьцё ў Берасьці польскага ўнівэрсытэту. Мясцовыя дзеячы налічваюць палякаў на тэрыторыі БССР кала 1 мільёна, але ў мінулым годзе афіцыяльны перапіс насельніцтва паказаў толькі 418 тысяч нашых землякоў над Нёманам (“Тыдзень Польскі” № 27, субота 7 ліпеня 1990 г.)”.
    Я хацеў бы ў гэтай цытаце зьвярнуць увагу на адно: СПБ «у найбліжэйшы” час мяркуе адчыніць польскі унівэрсытэт у Брэсьце.
    Як бачыце, палякі (дарэчы, што б гэта азначала, што Саюз палякаў Беларусі ўзначальвае не вучоны, пісьменьнік або дзеяч культуры, а палкоўнік?) разумеюць, што мала адчыніць польскія школы. Для таго, каб гэтыя школы на пуставалі, патрэбен стымул для вывучэньня польскай мовы. Такім стымулам і закліканы зьявіцца польскі унівэрсытэт. У старажытным беларускім Бярэсьці. І гэта ў той час, калі на Беласточчыне няма й гаворкі пра беларускую ВНУ, калі там зачыняюцца беларускія школы і паляцца праваслаўныя храмы.
    Зразумела, аднаму СПБ такую махіну, як унівэрсытэт, на падняць. Але можна не сумнявацца, што на дапамогу будзе працягнута рука з Польшчы, рука ўрада. Забясьпечыць праграмамі, падручнікамі, выкладчыкамі, якія будуць выкладаць гісторыю Беларусі ў польскай інтэрпрэтацыі (а адным з найважнейшых пунктаў той інтэрпрэтацыі зьяўляецца і сьцьвярджэньне, нібыта ў Беларусі і дагэтуль аж мільён палякаў).
    А што ж беларускі ўрад? Як паставіцца да такой ідэі? Будзе стрымліваць адкрыцьцё унівэрсытэта ці, наадварот, дапамагаць? Падбярэ, напрыклад, памяшканьні, бо па кватэрах жа унівэрсытэт не разьмесьціш? Мабыць, так і будзе. Наш жа ўрад вельмі “талерантны”, калі гаворка йдзе не пра свае, беларускія інтарэсы.
    Як ні дзіўна, адраджэньне пальшчызны ў Беларусі рухаецца куды хутчэй, чым беларушчыны. І хто ў гэтым вінаваты, як не ўрад ды Вярхоўны Савет? Вось чытаю “Дзяржаўную праграму разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР”. Што ж прадугледжана ёю?.. Аказваецца, колькасьць школьнікаў, якія вучацца на беларускай мове, “прывесьці ў адпаведнасьць з нацыянальным саставам насельніцтва рэспублікі» плянуецца... да 2000 года! Гэта значыць, тых беларускіх дзяцей, што сёлета пайшлі ў рускія школы, так і мяркуецца пакінуць у рускай мове. Гэта значыць, аж дзесяць новых пакаленьняў беларусаў, нават цяпер, калі беларуская мова абвешчана дзяржаўнай, не атрымаюць беларускай адукацыі!
    Што ж датычыць вышэйшай школы, то стварэньне беларускамоўных унівэрсытэтаў, тэхнічных інстытутаў і не плянуецца! Што ж мы тады за нацыя, што за сувэрэнная дзяржава, калі не будзем мець нацыянальнай інтэлігенцыі!
    Урад адкладвае беларусізацыю Беларусі на потым, як нейкую абавязковую, але вельмі ўжо прыкрую, непрыемную справу. Пры гэтым ківаюць і на “вопыт” прыбалтыйскіх рэспублік, з іх канфліктамі на моўнай глебе, і на нястачу падручнікаў, выкладчыкаў і г. д.
    Усё гэта адгаворкі. Беларусізацыя можа выклікаць супраціўленьне толькі купкі шавіністычна настроеных людзей, бо бальшыня насельніцтва рэспублікі — беларусы, рускія, палякі, украінцы, яўрэі — ведаюць або добра разумеюць беларускую мову і не зазнаюць моўнага дыскамфорту. Гэтаксама не павінна быць і праблемы з выкладчыкамі ВНУ. Пераважна яны — беларусы, у той ці іншай ступені валодаюць роднай мовай. Дык няўжо для прафэсара, дацэнта, кандыдата навук г. зн. найболей здольных людзей нацыі, будзе складаць нейкія цяжкасьці не вывучэньне мовы, а асьвяжэньне яе ў памяці? А каб асьвяжэньне ішло хутчэй, можна ж і зарплату павысіць тым выкладчыкам, хто чытае лекцыі, вядзе заняткі на беларускай мове. Выдаткі? Так. Але ж ці можна спыняцца перад выдаткамі калі ад іх залежыць лёс нацыі?
    Яшчэ адна ўяўная “цяжкасьць” — нераспрацаванасьць навуковай тэрміналёгіі. Няпраўда! Беларуская навуковая тэрміналёгія існуе, практычна, ва ўсіх галінах: дзякуючы Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, Энцыкляпэдыі Прыроды Беларусі, “Весьцям Акадэміі навук”, нарэшце, школьным падручнікам.
    Кажуць, няма беларускіх падручнікаў для вышэйшай школы. Гэта трэба тэрмінова выпраўляць. Але старанны студэнт можа абысьціся і без падручніка, карыстаючыся канспэктам лекцый. Такія канспэкты, падрыхтаваныя самімі выкладчыкамі, можна размножыць на ксэраксе ў любой патрэбнай колькасьці.
    Стварэньне беларускамоўных ВНУ стала б магутным стымулам вывучаць родную мову для вучняў старэйшых клясаў, каб паступаць і вучыцца ў гэтых інстытутах і ўнівэрсытэтах. Цяпер жа наяўнасьць у рэспубліцы толькі рускіх ВНУ адбівае ахвоту ў падлеткаў, юнакоў ведаць “непатрэбную” мову.
    Іван Ласкоў,
    г. Якуцк.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. 9 лістапада 1990. С. 2./

                                                                        ДАВЕДКА

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
    Юстын Ленскі,
    Койданава