среда, 13 января 2016 г.

Іван Строд. У якуцкай тайзе. Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2016.




                                                                 ПРАДМОВА
    Паўстаньне ў Якуціі пачалося ў канцы 1921 году. У той час некалькі афіцэраў ўцяклі з Якуцку. Яны захапілі на рацэ Маі два параходы. На чале гэтых афіцэраў стаў былы карнэт Васька Карабейнікаў. Разам з параходамі ім дасталіся вялікія грузы тавараў, якія належалі Якуцкаму абласному саюзу каапэратываў “Холбос”. Параходы з нагружанымі баржамі ішлі ў Якуцк. Белыя, захапіўшы параходы, завярнулі ўвесь караван барж і абодва параходы назад.
    Калі караван па рацэ Маі прыбыў у пасёлак Нэлькан, Карабейнікаў склікаў нараду. У ёй прынялі ўдзел купец Юсуп Галібараў і эсэр П. А. Кулікоўскі. (Кулікоўскі ў царскі час адбываў ў Якуціі ссылку, а цяпер быў за ўпаўнаважанага “Холбосу”). На нарадзе была ўстаноўлена вайсковая і грамадзянская ўлада. На чале вайсковае ўлады стаў карнэт Карабейнікаў, а верхаводзтва над грамадзянскаю ўладаю ўзяў ва сябе Кулікоўскі. Было вырашана зараз жа пачаць фармаваньне антысавецкага атраду. Некалькі аршын мануфактуры і пачка чаю па дзейнічалі на адсталага тунгуса і якута мацней за ўсякую агітацыю Такім парадкам спачатку было створана ядро паўстаньня, а потым яно пашыралася. Карабейнікаў у пагоні за ваеннаю славаю і нажываю павёў наступленьне ў глыбіню вобласьці. Ён імкнуўся захапіць яе адміністрацыйны цэнтар — г. Якуцк, На гэты рух адклікнулася некалькі валасьцей вобласьці. Яны, пад кіраўніцтвам рэакцыйных элемэнтаў, далучыліся да атраду Карабейнікава. Апошні разгарнуў шырокую партызанскую вайну проці нешматлікіх савецкіх войск, што абаранялі подступы да Якуцку.
    Чырвоныя атрады, ня маючы вопыту барацьбы з новаю тактыкаю праціўніка (засадамі), часта цярпелі паражэньні. У сакавіку 1922 году г. Якуцк быў абкружаны у радыюсе ад 10 да 27 кілямэтраў. У гэтым жа месяцы, па ініцыятыве рэакцыйнае заможнае часткі якуцкае грамадзкасьці і самога Карабейнікава, у сяле Чурапчы (175 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Якуцку), быў скліканы зьезд прадстаўнікоў ад паўстаўшых валасьцей вобласьці. На зьезьдзе быў выбраны часовы Якуцкі ўрад, які назваў сябе “часовым якуцкім абласным народным кіраўніцтвам”.
    Як кажуць сьведкі [Напрыклад, жыхар Якуціі прапаршчык Фукін, удзельнік чурапчынскай “камэдыі”, як ён яе называў, памёр ва ўладывастоцкім шпіталі], якія былі ў той час у Чурапчы, у састаў гэтага ўраду ўвайшлі выключна антысавецкія элемэнты з купецтва і кулакоў, — угодныя белагвардзейцу Карабейнікаву. Прадстаўнікамі ад паўстаўшых валасьцей былі партызаны з атраду Карабейнікава. Яны і выбіралі ў члены ўраду пад указку свайго начальніка.
    На гэтым зьезьдзе Карабейнікаў быў назначаны за “камандуючага якуцкай народнай арміяй”.
    У гэты час да Якуцку ўжо падыходзіў пасланы з Іркуцку экспэдыцыйны атрад з новым камандуючым якуцкімі савецкімі войскамі — “дзядулям” Каландарышвілі. Апошні з-за свае бясьпечнасьці (ехаў бяз выведкі) трапіў у засаду ў 35 кілямэтрах ад Якуцку і загінуў з усім сваім штабам. Разам з ім загінула каля 50 нашых байцоў і некалькі камандзіраў.
    Новая перамога і сьмерць вядомага ў Сыбіры партызана “дзядулі” Каландарышвілі яшчэ больш абнадзеіла паўстанцаў. Карабейнікаў пасьпяшаўся дачасна паслаць данясеньне ва Ўладывасток пра заняцьце ім Якуцку.
    Калі ж прыбыў экспэдыцыйны атрад, шчасьце здрадзіла карнэту. Белыя пачалі цярпець адно паражэньне за другім. З першымі параходамі з Іркуцку прыбылі ў Якуцк цэлых два палкі чырвоных з артылерыяй. Але ў гэты час такіх сіл ужо ня трэба было. Прайшло некалькі месяцаў ад пачатку паўстаньня і “армія” Карабейнікава распалася, рассыпалася, як картачны домік. Ашуканыя паўстанцы аглянуліся, апамяталіся і пачалі здавацца цэлымі атрадамі.
    20 красавіка 1922 году быў выдадзены дэкрэт УсеЦВК пра ўтварэньне Якуцкае аўтаномнае савецкае сацыялістычнае рэспублікі; 1 мая таго ж году пра гэта было афіцыяльна паведамлена на мясцох.
    Некалькі соцень заядлых рэакцыянэраў не здалі зброі. Каля сотні іх, пад камандаю Арцем’ева, падаліся да Ахоцкага Мора і засталіся ў раёне в. Петрапаўлаўскае на рацэ Алдане.
    Грамадзянская вайна ў Якуціі была фактычна скончана. Авантура Карабейнікава каштавала працоўным Якуціі вялікіх ахвяр. Было расстраляна каля 700 жыхароў (імёны расстраляных, месца расстрэлу і інш. дакладна ўстаноўлены і апублікаваны). Даўбешкамі было забіта 17 чалавек. Згвалтаваны дзьве цяжарных жанчыны. Пасекшы на кавалкі, іх кінулі ў раку Алдан. Па загаду Карабейнікава былі пасечаны захопленыя ў атрадзе “дзядулі” Каландарышвілі жанчыны Гoшадзе і Карпэль [Муж Гошадзэ і брат Карпэль былі камуністамі]. Белыя спалілі ў Чурапчы лепшую ў вобласьці бальніцу, школу і бібліятэку. Па рацэ Лене спалілі 1700 сажняў дроў; зрэзалі да 2 тысяч тэлеграфных слупоў; забралі ў насельніцтва да 80 працэнтаў скаціны; разбурылі транспорт; загубілі танаж; разграбілі 40 тысяч пудоў грузаў, прызначаных для якуцкага насельніцтва; распарадзіліся спаліць параходы “Киренск” і “Соболь” і спаліць дзьве вёскі.
    На шчасьце, спаліць параходы і вёскі ім не ўдалося. Кіраўнікі паўстаньня — Карабейнікаў, Кулікоўскі, Папоў і іншыя — забралі і прамантачылі пушныя цэннасьці.
    У мірную паласу свайго гаспадарчага і культурнага будаўніцтва аўтаномная Якуція ўступіла разбуранаю і надарванаю эканамічна, але палітычна здароваю краінаю. Харчовае становішча рэспублікі было вельмі сур’ёзнае. Свайго хлеба ў Якуціі не хапае. Яго прывозілі сюды штогод каля 300-400 тысяч пудоў. У 1922 годзе справа пагоршылася таму што ўвезьлі хлеба ўсяго толькі 140 тысяч пудоў. З цэлага раду прычын, асабліва ваеннага характару, мінулая навігацыя не дала патрэбнае колькасьці грузаў. Большая частка іх засталася ў вярхоўях ракі Лены. Насельніцтва Ленскай акругі галадала; тры тысячы чалавек зьелі ўсё, што можна, нават і сурагаты. Патрэбна было харчаваньне і ня менш як 14 тысяч пудоў збожжа на насеньне.
    Становішча маладой, яшчэ не памацнелай аўтаномнай рэспублікі станавілася крытычным. Трэба было знайсьці сродкі ўнутры рэспублікі. Гэтыя сродкі былі знойдзены.
    Насельніцтва выканала прадпадатак да тэрміну; было шмат ахвяраваньняў. Такім парадкам пагроза голаду была ліквідавана.
    Сьледам за ліквідацыяй паўстаньня былі пачаты падрыхтоўчыя работы да выбараў у саветы. Магутнаю палітычнаю хваляю пракаціліся яны па ўсіх куткох Якуціі.
    Новая надыходзячая ваенная небясьпека ня спыніла асноўнае лініі Рэўкаму рэспублікі — забясьпечыць і замацаваць на мясцох органы ўлады, што азначаюць пераход да мірнага жыцьця. На мясцох з посьпехам праходзілі выбары ў саветы. На 20 сьнежня было назначана адкрыцьцё Ўсеякуцкага ўстаноўчага зьезду саветаў. Сапраўдны гаспадар рэспублікі павінен быў канчаткова замацаваць аўтаномію Якуціі і адкрыць новую гістарычную эру свайго існаваньня. Якуцкі народ зьбіраў свае сілы, злучаў свае рады, каб пад сьцягам Леніна, пад сьцягам нацыянальнае аўтаноміі ісьці ўперад да прагрэсу, да сацыялізму і камунізму.
    Калі зьявілася небясьпека для Якуціі ў асобе наступаўшых банд генэрала Пепяляева, выбары праводзіліся з тою ж самаю інтэнсіўнасьцю. Насельніцтва рэзка зьмяніла свае адносіны да савецкае ўлады. Чакаючы буры і немінучага бою з рэакцыяй, яно шчыльней аб’ядналася вакол камуністычнага сьцягу. Ня гледзячы на малы лік партарганізацыі і ячэек на мясцох, у акрвыканкамы былі выбраны ў большасьці камуністы.
    Гэта было яркім паказьнікам зьмены настрою і адносін насельніцтва да камуністычнае партыі.
    Нацыянальная інтэлігенцыя адкрыта стала пад сьцягі Кастрычніцкае рэвалюцыі і кампартыі. Яна прыняла самы актыўны ўдзел у барацьбе з контррэвалюцыяй і ў дзяржаўным будаўніцтве.
    Здавалася б, контррэвалюцыя і інтэрвэнцыя за час свайго існаваньня ў Сыбіры наглядна даказалі сваё бясьсільле ў барацьбе супроць саветаў. Ня гледзячы на гэта, у стане разьбітае рэакцыі былі людзі, якія яшчэ спадзяваліся з паломанаю шпагаю ў руках разьбіць Чырвоную армію і зламаць волю працоўных. Адным з такіх легкадумаў зьявіўся генэрал Пепяляеў.
    Не пасьпеў расьсеяцца над Якуціяй парахавы дым ад нядаўніх баёў Кастрычніка з контррэвалюцыяю, — у лязарэтах яшчэ ляжалі параненыя ў апошніх баях чырвонаармейцы, у тайзе дыміліся руіны юрт, — як на зьмену Карабейнікаву прыплыў з Уладывастоку з дружынаю, сфармаванаю з рэшткаў былых калчакаўскіх армій, генэрал Пепяляеў і высадзіўся ў порце Аяне.
                         У  ЧОРНЫМ  ГНЯЗЬДЗЕ  ХАРБІНСКАЙ  БЕЛАЭМІГРАЦЫІ
    Як у буру марскія хвалі, разьбіваючы карабель, выкідаюць нікчэмныя рэшткі ад яго на свае берагі, так і грозныя хвалі Кастрычніцкае рэвалюцыі, разьбіўшы калчакаўскую армію, выкінулі яе рэшткі на бераг далёкай Маньчжурыі.
    Грукат гармат і трэск кулямётаў Чырвонае арміі не змаўкаў. Сялянскія партызанскія атрады націскалі з усіх бакоў. Асколкі калчакаўскае арміі панічна ўцякалі на ўсход. Яны, як усяжэрная саранча, пракаціліся праз усю Сыбір. Увесь іх шлях быў высланы пакінутымі абозамі, зброяю і людзьмі. Пазаду сябе белыя пакідалі зруйнаваныя вёскі і сёлы, заражаныя страшнымі тыфознымі вошамі.
    Процьма бежанцаў розных масьцей, рангаў і водценяў, з густою сеткаю ваеншчыны, уцякала на КУЧ [Кітайска-ўсходняя чыгунка]. Усю паласу адчужэньня чыгункі абляпілі яны, як пералётныя птушкі на прыпынку.
    Ваеншчына асядала тут і не хацела ісьці далей, у Прыморскую вобласьць.
    Цэнтрам гэтага вымушанага перасяленьня зрабіўся Харбін — горад шалёнае нажывы, горад самае дзікае і бессаромнае спэкуляцыі, прыстанішча безьлічных яўных і тайных дамоў распусты, напоўненых масаю прастытутак усіх нацыянальнасьцей. Горад страшэннае эксплёатацыі безабароннага беднага кітайскага насельніцтва. Побач знаходзіцца кітайскі горад Фудзядзян, адкуль кітайскае насельніцтва, як мурашкі, выпаўзае на рынак працы з бяздонных нетраў беднаты ў Харбін.
    У гэты хлебны куток паўночнае Маньчжурыі капрызьнік-лёс пад агульным лёзунгам моманту — “ратунку ад бальшавікоў” — загнаў рабочых Іжэўскага, Воткінскага, Лысьвенскага і іншых уральскіх заводаў, сялян Пермскай, Уфімскай, прыволскіх губэрняў і радавых казакаў разам з князямі Крапоткінымі, Галіцынымі, Ухтомскімі, арыстакратычнаю верхавінкаю омскага ўраду Калчака ды іншымі заядлымі адвечнымі ворагамі рабоча-сялянскага люду. У выніку атрымалася вельмі дзікае аб’яднаньне людзей, пад назваю “бежанцаў”, з абсалютна рознымі клясавымі інтарэсамі. Такое аб’яднаньне было б зразумелым пры якім-небудзь стыхійным прыродным няшчасьці, але ніяк ня ўкладвалася ў галаве як вынік пэўнага эканомічна-палітычнага перавароту ў краіне. Пакрыўджаныя бальшавікамі паны стараліся палітычна спэкуляваць на гэтай справе. Але ўсё штучна зьлепленае хутка распадаецца
    Упартыя факты сапраўднага жыцьця хутка падзялілі увесь гэты пярэсты канглямэрат бежанцаў на складаныя часткі і паставілі іх на свае месцы.
    Адны з бежанцаў знайшлі тут сытнае і бясьпечнае жыцьцё. Яны. вывезьлі з сабою шмат каштоўнасьцяў і да таго ж блізка былі залатыя запасы, якія знаходзіліся ў распараджэньні былога расійскага консула у Харбіне — Папова. Гэта была арыстакратычная частка эміграцыі. Для яе, як і раней, аказаліся даступнымі ўсе жыцьцёвыя даброты пры поўным гуляньні.
    Другія ператварыліся ў Харбіне ў парыяў, стыхійна закінутых на чужыну. Гэта былі людзі “чорнай косьці” — працоўная маса, ашуканая і запалоханая тымі, каму гэта было выгадна раней у іх барацьбе з ненавіснымі для іх бальшавікамі. Практычная кемлівасьць, працоўная звычка і дужыя мазолістыя рукі аказаліся ня менш надзейнымі, чым залаты запас.
    Уся гэта працоўная братва даволі хутка рассыпалася па розных заводах і фабрыках вялікага гораду. Большая яе частка была паглынута вялізнымі галоўнымі харбінскімі майстэрнямі КУЧ.
    Характэрна тое, што гэтыя людзі — пралетары і сяляне — у эміграцыі неяк адразу знайшлі самі сябе і сталі ў скрытную апазыцыю да прывілеяваных бежанцаў. Замкнуўшыся ў сваю працоўную карпарацыю, яны ня прымалі ніякага ўдзелу ў падрыхтоўцы розных падкопаў проці Савецкае Расіі. Гэтым вельмі старанна займалася арыстакратычная частка белаэміграцыі.
    На фоне бязрадаснага жыцьця, на далёкай чужыне, іх клясавы інстынкт хутка прачнуўся. Ён разьвеяў увесь той буржуазны дурман, пад уплывам якога яны дазволілі пацягнуць сябе на барацьбу са сваімі кроўнымі братамі па клясе, якія змагаюцца пад чырвоным сьцягам камунізму проці іх агульнага клясавага ворага.
    Горш за ўсіх, вядома, было розным маміным сынком. Іх ня прынялі “выбраныя”, а да працоўнага люду яны таксама ня прысталі. Шэраг спакус у вялікім і распусным горадзе, якім быў Харбін, адыграў ракавую ролю для многіх з іх. Зладзейскія шайкі пачалі папаўняцца з шэрагаў гэтых няўдачнікаў эміграцыі. Частка іх ішла да хунхузаў за інструктараў ваеннае справы. Шчасьліўчыкі прыставалі на ўтрыманьне да састарэлых матрон харбінскае буржуазіі. Іншыя ішлі ў кампаніі розных цёмных афэрыстаў, асабліва фальшываманэтчыкаў, якімі кішмя-кішэў Харбін. Некаторыя ж ад голаду і бязвыхаднага становішча кідаліся на шалёныя “эксы” і часта гінулі на іх, або ж надоўга траплялі ў кітайскія турмы, што было наўрад ці лепш скорае сьмерці.
    Вось такі быў агульны фон харбінскае белаэміграцыі. На гэтым тлее крыху асобна маячыла фігура генэрала Пепяляева.
    Даволі часта ў Модзягоў, на канцы гораду, можна было сустрэць грузнага чалавека сярэдніх гадоў. Неахайна адзеты ў паношаныя штаны абароннага колеру, талстоўку, у шэрым, надзетым па-вайсковаму, крыху набок, капялюшы, — ішоў ён павольнаю хадою. На твары яго нібы застыла нейкая пакута цяжкая, невырашальная думка.
    Гэта і быў той самы Пепяляеў, які заваяваў у бальшавікоў Сыбір і Перм. Марыў у свой час праз Вятку пераможна ўвайсьці першым у залатагаловую Маскву пад урачысты гул царкоўных званоў.
    Але — “лёс гуляе чалавекам”...
    Замест Масквы, яму прышлося на правах бежанца апынуцца ў Харбіне. Замест былое арміі, у яго засталася маленькая жменька яго прыхільнікаў-афіцэраў. Разам з імі гэты калісьці бравы генэрал заняўся цяжкім промыслам — пераноскаю грузаў.
    Сярод агульнае масы харбінскае белаэміграцыі Пепяляеў з групаю сваіх аднадумцаў заняў крыху аднаасобнае становішча. Ён выбраў традыцыйную для вобласьніцтва, “сярэднюю лінію”.
    Прывілеяваная частка белаэміграцыі, ад якое за вярсту несла парфумай “Коці”, чужалася Пепяляева як “мужыцкага генэрала”, акружанага даволі праставатаю кучкаю афіцэраў, многія з якіх ледзь-ледзь спраўляліся з граматаю.
    Вышэйшыя колы белаэміграцыі ставілі ў віну Пепяляеву яго “надта левы дэмакратызм”, рэзультатам якога, моў, і зьявілася тое, што ўся яго першая сыбірская армія ў 1919 годзе адразу перайшла на бок чырвонага войска.
    Працоўная маса, як ужо гаварылася вышэй, трымалася аднасоблена. Хоць яна і сябравала яшчэ з пепяляеўцамі, але рабіла гэта больш з-за зьнешняй, мяшчанскай прыстойнасьці, чым з-за сваіх унутраных пабуджэньняў. У кожным разе яна зусім нядвухсэнсна давала зразумець, што больш яе ні на якія выступленьні проці савецкае ўлады не завабіш ніякімі пернікамі, як бы яны ні былі прыгожа размаляваны дробнабуржуазнымі ўзорамі. Сярод гэтых былых таварышаў пепяляеўцаў на ўральскім фронце дасьпявала жаданьне скарыцца перад уладай рабочых і сялян за свае нявольныя памылкі і хутчэй вярнуцца назад, у Савецкую Расію, да сваіх наседжаных родных месцаў.
    З гэтага боку эміграцыі пачало веяць рэзкім ветрыкам бальшавізму, ад якога “былыя людзі» трывожна шморгалі насамі і кідалі яшчэ больш лагодныя погляды на штыхі чжанцзолінаўскае арміі і на харбінскую паліцыю
    Калясальнае паражэньне, якое на палёх Сыбіры пацярпела калчакаўшчына, не дало пепяляеўцам належнага вуроку і ня прымусіла іх як сьлед  разабрацца ў падзеях, якія разгарнуліся ў Расіі пасьля Кастрычнікавае рэвалюцыі. Яны расцэньвалі сваё становішча толькі з пункту погляду фізычнага паражэньня, але не ідэалягічнага.
    Прычынаю свайго паражэньня яны лічылі вельмі рэакцыйную палітыку дыктатуры Калчака, якая адштурхнула ад яго шырокія народныя масы, а, галоўнае — сялянства, азлобленае дзікім разгулам карных атрадаў, якімі омскі ўрад напоўніў усю Сыбір.
    Сам Пепяляеў і раней выказваў думку, што ня варта з Сыбіры, ачышчанае ад бальшавікоў, ісьці далей у Расію. Ён прапанаваў умацавацца на яе заходніх граніцах і, сфарміраваўшы магутную армію, чакаць далейшых падзей. Прычым законнаю ўладаю для Сыбіры ён лічыў уладу, устаноўленую праз “земскі сабор”. Гэтым і тлумачацца яго пастаянна, нацягнутыя адносіны са стаўкаю вярхоўнага кіраўніка, якія скончыліся арыштам Калчака на станцыі Тайга самім жа генэралам Пепяляевым. Праўда, арышт быў бутафорны. Ён ня меў ніякіх сур’ёзных вынікаў для Калчака. Калчак выкруціўся абяцаньнем склікаць “земскі сабор” у Краснаярску ці Іркуцку і шчасьліва выехаў з Тайгі далей на, ўсход.
    Цяпер, калі паражэньне сыбірскае арміі было ўжо фактам, Пепяляеў яшчэ больш умацаваўся ў сьвядомасьці свае праваты і нават марыў пра тое, што Сыбір застанецца моцнаю пад сваім бела-зялёным сьцягам і зможа так ці інакш дагаварыцца з Савецкаю Расіяй і захаваць сваю аўтаномную сялянскую адасобленасьць без залежнасьці ад бальшавіцкае мэтраполіі”.
    Так цешылі сябе бясплоднымі марамі пепяляеўцы, праклінаючы калчакаўшчыну, якая дакаціла Сыбір да бальшавікоў. Усе яны, як і раней, сьлепа верылі Пепяляеву і чакалі ад яго закліку на барацьбу з бальшавікамі, у імя ратунку так горача ўлюбёнае “краіны сьнегу і лёду”.
    На фоне бязрадаснага жыцьця ў Харбіне Пепяляеў і яго прыхільнікі, пакорныя загадам свае дробнабуржуазнае прыроды. выношвалі новае, або, праўдзівей, падноўленае, ідэалягічнае ўгрунтаваньне для свае будучае барацьбы з савецкай уладаю.
    Скрозь прызму вобласьніцка-эсэраўскіх ідэй ім здавалася можна ўстанавіць “усерасійскае сялянскае царства”, з захаваньнем старажытных сьвятынь “матулі-Русі” і спрадвечнае праваслаўнае веры, з вынікаючым адсюль моцным сялянскім укладам, з сытным і бясьпечным жыцьцём. Яны лічылі абавязковым захаваньне ўсіх старых сямейных устояў як зьвязваючага пачатку для ўсяе дзяржавы. Асабіста перад Пепяляевым паўставалі вобразы сытнага жыцьця старажылага сыбірскага сялянства. Ён ставіў гэта ў галаву кута свайго палітычнага ідэалу.
    Аб прамысловым пралетарыяце яны неяк мала думалі. Ды наогул былі далёкі ад паняцьця клясавае барацьбы, думаючы, што “сялянскае царства” само па сабе ўстановіць справядлівае жыцьцё для “ўсяго народу” і захавае нацыянальную магутнасьць расійскае дзяржавы.
    Канкрэтнага ўяўленьня аб палітычнай форме перакітаванае ім ўлады ў пепяляеўцаў ня было. Гэтае пытаньне яны пакідалі адкрыты да ўстаноўчага сходу, якое павінна было ўстанавіць форму кіраўніцтва, прыймальную для “большасьці народу”.
    Вера ў гэтую сялянскую ілюзію канчаткова асьляпіла пепяляеўцаў Яны, ня лічачыся з рэальнаю сапраўднасьцю, як фанатыкі, сталі чакаць, калі іх “родны народ”, у вобразе расійскага і сыбірскага сялянства, самастойна выступіць на арэну палітычнага жыцьця краіны, каб скінуць бальшавікоў, і ўстанавіць такую форму ўлады, якая, як вынік выцякала б з яго нацыянальна-эканамічнае самабытнасьці.
    Выступаць самастойна, “навязваць” сваю ідэю яны не хацелі, разьлічваючы, што “народ” у свой час пакліча іх на барацьбу з “бальшавіцкім засільлем”.
    З савецкае краіны ў далёкую Маньчжурыю даносіліся чуткі пра ўспыхваючыя па Сыбіры, то там, то тут сялянскія паўстаньні. Гэтыя чуткі падхватваліся здрадніцкаю рэакцыйнаю зарубежнаю прэсаю і раздуваліся ў падзеі калясальнае важнасьці, якія нібы сыгналізавалі хуткую пагібель савецкае ўлады.
    Усё гэта яшчэ больш умацоўвала пепяляеўцаў на занятай імі пазыцыі. Пепяляеў упарта адмаўляўся як ад розных запрашэньняў, якія выходзілі з боку генэралаў, што яшчэ працягвалі змагацца з бальшавікамі, так і ад прапановы амурскага Рэўкому, які прапаноўваў Пепяляеву з групаю яго прыхільнікаў перайсьці на бок савецкае ўлады. У рэзультаце перамоваў сярод афіцэрства адбыўся раскол. Частка пайшла за Пепяляевым, другая частка, на чале з палкоўнікам Буравым, стварыла “групу генэрала Брусілава” і адкрыла запіс. Тыя, што запісаліся, былі накіраваны ў Расію. Бураў тлумачыў адмову Пепяляева ўплывам на яго афіцэра Міхайлоўскага.
    Усімі спосабамі вышукваючы сродкі для пражыцьця ў Харбіне сваіх аднадумцаў, Пепяляеў цярпліва чакаў тае пэўнае гадзіны, калі ён зможа правесьці ў жыцьцё ўзгадаваную ім ідэю.
    Лёсу было патрэбна, каб фантасмагорыя пепяляеўцаў загінула ў самым працэсе барацьбы з савецкаю ўладаю, а не ў рэзультаце іх здаровых разваг пра савецкую рэчаіснасьць.
    Хаўтурны звон, які прагучаў над імі сярод далёкіх і дзікіх нетраў якуцкае тайгі, быў апошнім акордам хаўтурнае сымфоніі над зжыўшаю сябе расійскаю контррэвалюцыяю.
                                 Паездка з Якуціі ва Ўладывасток П. А. Кулікоўскага
    Нібы знарок, гісторыя зьлітавалася над пепяляеўцамі і адклікнулася на іх чаканьне “сялянскага бунту” паўстаньнем у Якуціі — гэтай глухой і далёкай краіне паўночна-Ўсходняй Сыбіры. Тут жылі цёмныя, задушаныя царызмам якуты, з аднаго боку, прыдушаныя суроваю прыродай поўначы, з другога — яны знаходзіліся ў моцнай эканамічнай залежнасьці ад заможнага слою сваіх суродзічаў — кулакоў, розных тайёнаў (начальнікаў багацеяў) і драпежных купцоў, якія ўжо глыбока запусьцілі свае крывяжэрныя мацальцы, атручаныя алькаголем сыфілісам у таежныя становішчы якутаў і тунгусаў.
    Вось гэтым да цынізму наглым эксплёататарам новая ўлада, што імкнулася вырваць з іх цэпкіх лап беднату, якую яны смакталі, як павукі мух, безумоўна прыйшлася не на душы, і яны не сароміліся ў выбары сродкаў і шляхоў для зьвяржэньня ненавіснае ім улады саветаў.
    Умяшаўшыся ў антысавецкую кашу, Кулікоўскі ўлічыў, што паўстанцы ўласнымі сродкамі і сіламі ня справяцца з савецкаю ўладаю нават на тэрыторыі Якуціі. Таму, заручыўшыся пратаколам нэльканскае нарады і забраўшы ўсю пушніну “Холбосу”, ён паехаў ва Ўладывасток “прасіць дапамогі якуцкаму народу ад часовага прыморскага Ўраду”. На чале гэтага ўраду стаялі купцы Мяркулавы. Пасьля чурапчынскага зьезду да Кулікоўскага тэрмінова камандзіравала новых прадстаўнікоў: Сямёна Пятровіча Папова, Нікіфарава і іншых, і выслалі яму пратаколы зьезду ў дадатак да пратаколу нэльканскае нарады.
    У той час як Карабейнікаў дарма стараўся заўладаць Якуцкам, а “якуцкае народнае абласное кіраўніцтва” спэкулявала сваімі высокімі паўнамоцтвамі, Кулікоўскі шукаў дапамогі ў прыморскага ўраду і ў канцы красавіка 1922 году зноў зьвярнуўся да Мяркулава з пісьмовым дакладам, у якім па-свойму выкладаў палажэньне справы ў Якуцкай вобласьці:
    27 лютага гэтага году мною быў пададзены вам, пан старшыня, — пісаў Кулікоўскі Мяркулаву, — даклад начальніка Майскага процісавецкага атраду афіцэра Карабейнікава. Зноў дакладваю пра палажэньне спраў у Якуцкай вобласьці.
    У верасьні мінулага году пад камандаю начальніка атраду Карабейнікава было ў Майскім раёне 200 чалавек белапаўстанцаў. У гэты ж час пачалася арганізацыя атрадаў у раёне сёл Амга, Чурапча і ў вусьці ракі Алдану. Быў разьбіты атрад чырвоных, якія вярнуліся з Ахоцку, у ліку 50 чалавек, пад камандаю Пыж’янава і Ведзярэўскага. Гэты атрад быў разьбіты у канцы кастрычніка ля Ахоцкага перавозу. Другі атрад чырвоных, высланы з Якуцку, быў разьбіты у пачатку кастрычніка ў трыццаці вёрстах ад пачатку Маі па Алдане. У канцы студзеня на падмацаваньне Карабейнікаву прышоў з Ахоцку атрад Сяньцяпава. Апроч таго частка атраду Сяньцяпава была накіравана ў гг Верхаянск і Калымск.
    З Ахоцку таксама падышла частка атраду Бачкарова. Прыблізна ў палове лютага ў Вілюйскай акрузе стварыўся атрад пад кіраўніцтвам якута Ксенафонтава В. Г. З усімі гэтымі сіламі і была пачата асада г. Якуцку, якая зацягнулася з прычыны слабога ўзбраеньня. Але пасьля таго, як быў разьбіты атрад Каландарышвілі, які ішоў з Іркуцку на выручку чырвоных у Якуцк, а сам ён забіты, удалося падмацавацца зброяю, і ў канцы сакавіка быў узяты Якуцк.
    У цяперашні час надыходзіць небясьпечны момант, калі з Іркуцку чакаецца прыход чырвонага войска, чаму вельмі неабходна забясьпечыць якуцкае белае войска вінтоўкамі з патронамі, хоць бы на тысячу байцоў, таксама патрэбны рэвальвэры з патронамі і абмундзіраваньнем”.
    Ва Ўладывастоку Кулікоўскі ўстанавіў сувязь з арганізацыяй сыбірскіх абласьнікоў. На чале гэтай арганізацыі стаяў вядомы сыбірскі каапэратар А. В. Сазонаў — той самы Сазонаў, які з дубінкаю ў руках і кучкаю афіцэраў у часе паўстаньня чэха-славакаў у Сыбіры аб’явіўся ў Нованікалаеўскі дом саветаў аб’явіць пра зьвяржэньне савецкае ўлады і пра новы “часовы сыбірскі ўрад”. Кулікоўскі дабіўся ў Дзітэрыхса назначэньня на пасаду кіраўніка Якуцкаю вобласьцю, не палічыўшыся з выбраным у Чурапчы “нацыянальным якуцкім урадам”. А з прычыны таго, што вобласьніцкая арганізацыя знаходзілася ў цеснай сувязі з Пепяляевым, то Сазонаў, які ведаў настроі пепяляеўцаў, параіў Кулікоўскаму з прыехаўшымі з чуранчынскага зьезду якутамі зьвярнуцца да Пепяляева ад імя ўсяго якуцкага народу з просьбаю аказаць яму дапамогу ў барацьбе з савецкаю ўладаю і ўзяць на сябе пасаду камандуючага ўсімі узброенымі сіламі ў Якуціі.
    Кулікоўскі з прадстаўнікамі якуцкае грамадзкасьці» зараз жа зьявіўся ў Харбін да Пепяляева. Якуты, якія мелі на руках пратаколы двух “народных” сходаў і маючы на чале “старога рэвалюцыянэра”, папалі, што называецца ў самую кропку, атрымалася ўсё так, як пра гэта марылі пепяляеўцы.
    Сам жа Пепяляеў, пачуўшы “прызыўны сыгнал народу”, як стары баявы конь, загарцаваў і, узяўшы ў зубы цуглі разважнасьці, паімчаўся насустрач новай барацьбе з бальшавікамі. Ён хутка даў згоду падтрымаць сваёю ваеннаю дапамогаю “якуцкае народнае паўстаньне” з таемнаю надзеяю, што пасьля ўдачы ў Якуцкай вобласьці хваля народнага паўстаньня проці бальшавікоў пакоціцца далей ў Сыбір і на сваім грэбні дакоціць пепяляеўцаў да “аўтаномнае Сыбіры”, пад бела-зялёным сьцягам...
    Пасьля згоды ад “сапраўдных народных прадстаўнікоў” быў атрыманы папярэдні аванс у суме 60000 залатых рублёў і ўстаноўлены дагавор з прыморскім урадам на права фармаваньня ва Ўладывастоку асобнага сібірскага атраду для барацьбы з савецкаю ўладаю ў Якуціі.
    У Харбіне пачалася сьпешная вярбоўка каманднага саставу з асяродзьдзя “сумленных і самаадданых рускіх воінаў”, якія багата насялялі далёкі Ўсход і гатовы былі пад рознымі лёзунгамі ісьці на барацьбу з ненавіснымі ім бальшавікамі. Перавага аддавалася старым супрацоўнікам Пепяляева па першай сыбірскай арміі.
    Зноў на далёкай сыбірскай акраіне ўсплывала такая знаёмая ёй фігура генэрал-лейтэнанта Пепяляева і яго таварышаў, з якімі ён у 1918 і 1919 гг. заліў крывёю рабочых і сялян сыбірскія прасторы, ад берагоў Байкалу да Ўралу.
    Сваю авантуру Пепяляеў парашыў падмацаваць эканамічнымі мерапрыемствамі.
    Пра паход на Якуцію, задуманы Пепяляевым, хутка даведаліся тыя, у чыіх інтарэсах была гэтая авантура. П. Кушнароў, паразыт і крывясмок, яшчэ пры царызьме грабіў якутаў і нажыў мільёны рублёў; пасьля рэвалюцыі ўцёк за граніцу. Пры Калчаку агенты Кушнарова зноў наведалі Якуцію. Яны там скуплялі за бясцэнак пушніну, расплачваючыся за яе гнілымі японскімі і амэрыканскімі таварамі. Цяпер гэты павук хацеў яшчэ раз пагрэць свае лапы на крывавым вогнішчы грамадзянскай вайны, для чаго ён і зьвязаўся з Кулікоўскім. У сваім пісьме да яго пісаў:
    Пан кіраўнік Якуцкаю вобласьцю.
    Паведамляю вам пра тое, што на заклікі якуцкага насельніцтва і яго грамадзкасьці, якія я пачаў атрымліваць яшчэ з восені мінулага году, я палічыў сваім абавязкам адклікнуцца арганізацыяй эканамічнае дапамогі краю, ведаючы, што забесьпячэньне насельніцтва неабходным цягне за сабой аднаўленьне разбуранае народнае гаспадаркі. Разам з гэтым аднаўленьне магутнасьці і незалежнасьці краю.
    На шчасьце геаграфічнае палажэньне краю, акраіны, якая прылягае да мора, забясьпечанага незалежнымі марскімі зносінамі, спрыяла ажыцьцяўленьню мае ідэі.
    З гэтаю мэтаю мінулаю зімою я паехаў у Амэрыку і арганізаваў там амэрыканскае акцыянэрнае таварыства “Оляф Свэнсан і К°”, задача якога заключаецца ў забесьпячэньні Якуцкай і Камчацкай абласьцей неабходным насельніцтву... (няясна.— І. С.), садзейнічаньні і разьвіцьця гандлю і прамысловасьці, устанаўленьні шляхоў зносін, крэдытных устаноў і іншых мерапрыемстваў гаспадарчага характару.
    Для ажыцьцяўленьня гэтых задач нашым таварыствам паслана да берагоў Камчаткі і Якуцкае вобласьці некалькі гандлёвых экспэдыцый, у тым ліку і па вусьці ракі Калымы, да берагоў Ахоцкага мора на Олу, Ахоцк і ў Аян. Напэўна, ужо прыбыў карабель нашага таварыства.
    Як вам вядома, дэлегаты якуцкае грамадзкасьці і “Холбосу”, Гаўрыіл Васільевіч Нікіфараў і С. П. Папоў, сустрэўшы мяне ў Японіі, зьвярнуліся да мяне з просьбаю аказаць ім фінансавае падтрыманьне для патрэб якуцкае грамадзкасьці.
    Такія ж самыя просьбы я атрымаў ад нэльканскіх арганізацый, палічыў неабходным, паколькі можна, памагчы і просьбу дэлегатаў Нікіфарава і Папова ўнесьці на вырашэньне таварыства, дзе ня толькі падтрымаў думку аб выдачы 100 тысяч авансаў, а таксама затраціў для гэтага апошнія свае вольныя сродкі, фінансуючы з гэтаю мэтаю таварыства, таму што ў апошняга ў той момант ня было вольных сродкаў.
    Таварыства, выдаўшы аванс Нікіфараву і Папову, заключыла з імі як з дэлегатамі якуцкае грамадзкасьці дагавор аб перадачы ўсяе якуцкае пушніны нашаму таварыству для камісійнае рэалізацыі яе на амэрыканскіх рынках, а таксама пра забесьпячэньне і загатоўку на камісійных пачатках усіх прадметаў імпарту, неабходных насельніцтву Якуцкае вобласьці.
    Мне застаецца ў сваю чаргу прасіць вас, каб аказалі дапамогу таму, каб дагаворы дэлегатаў якуцкае грамадзкасьці Нікіфарава і Папова з таварыствам “Оляф-Свэнсан” былі б выкананы якуцкаю грамадзкасьцю.
    Я чуў, што ва Ўладывастоку ўзбуджаюць пытаньні пра пушную і наогул гандлёвую манаполію ў Якуцкай вобласьці. Спадзяюся, што пры рашэньнях пытаньняў аб якіх-небудзь манаполіях наша таварыства будзе прыцягнута да дзейнасьці на пераважных пачатках для арганізацыі, што пайшла насустрач неабходным патрэбам насельніцтва.
    11 ліпеня 1922 году.
    П. Кушнароў”.
    Праліваючы кракадзілавы сьлёзы пра гаспадарку Якуціі, памагаючы руйнаваць гэтую гаспадарку, прагавітыя дзялкі сьпяшаліся падзяліць шкуру мядзьведзя, які быў яшчэ ў сваім бярлогу.
    Так пачала перагортвацца яшчэ новая старонка ў гісторыі грамадзянскае вайны ў Сыбіры.
                                               Два чырвоных экспэдыцыйных атрады
    Яшчэ да сканчэньня навігацыі, як толькі надышоў рашучы пералом у ліквідацыі паўстанцтва прыбыўшыя з Іркуцку два палкі былі эвакуіраваныя назад. У Якуцку застаўся адзін батальён. Другі паўночны атрад быў дэмабілізаваны. Яго байцы былі накіраваны ў Іркуцк, за выключэньнем 60-90 чалавек з гэтага атраду, якія пажадалі пасьля свае дэмабілізацыі застацца жыць у аўтаноміі. Такім парадкам Якуцк пасьля адпраўкі часьцей у Іркуцк мог на выпадак новае небясьпекі паставіць пад стрэльбу, уключаючы і рабочых гораду і партарганізацыі, да 1200-1300 штыхоў, пры чатырох гарматах адным маклене і да двух дзесяткаў кулямётаў.
    Для канчатковай ліквідацыі рэштак контррэвалюцыі на тэрыторыі Якуцкае аўтаномнае савецкае сацыялістычнае рэспублікі неабходна было ачысьціць ад белых усё Ахоцкае ўзьбярэжжа. Для гэтага патрабавалася заняць два яго адміністрацыйных пункты: горад Ахоцк і порт Аян. У першым знаходзілася некалькі банд, бацькам якіх быў есаул Бачкароў, што прыплыў са сваёю бандаю з Уладывастоку ўвосень 1921 году.
    Да гэтых двух пунктаў сьцякаліся рэшткі паўстанцаў: каманд Васька Карабейнікаў і з ім каля 300 чалавек накіраваліся ў порт Аян, і чалавек 250, з “часовым якуцкім абласным народным кіраўніцтвам на чале, — на горад Ахоцк.
    Савецкае камандаваньне Якуціі распрацоўвала апэрацыйны плян пасылкі экспэдыцыі на Ахоцкае ўзьбярэжжа.
    Да гэтага часу ў Якуцку былі атрыманы па радыё весткі пра авантуру Пепяляева, якая падрыхтоўваецца ва Ўладывастоку. Гэта рэзка мяняла ўсю абстаноўку. Калі ж атрыманыя першыя весткі пацьвердзіліся дадатковымі паведамленьнямі, то камандзір войска тав. Байкалаў паставіў пытаньне перад камандаваньнем N... корпусу пра непасылку нашых атрадаў на ўсход, выстаўляючы даволі сур’ёзныя довады пра немэтазгоднасьць гэтых апэрацый.
   Камандаваньне корпусу настойвала на выкананьні раней настаўленых апэрацыйных задач. Абодва нашы атрады сьпешна скончылі сваё фармаваньне.
    Сёньня на параходнай прыстані вялікае ажыўленьне: добрая палова насельніцтва гораду выйшла праводзіць чырвоныя атрады, якія ідуць ў далёкую дарогу. Параходы “Соболь”, “Диктатор” і “Революционный”, як заядлыя курыльшчыкі, пыхкалі сваімі трубамі і цэлымі ахапкамі выкідалі сіня-чорны дым.
    Лёгкі ветрык расчэсваў сваім грэбнем кудлатыя шары дыму, разрываў іх на тонкія доўгія палотнішчы і гнаў прэч.
    Нарэшце пасадка абодвух атрадаў скончана. Чырвонаармейцы, ня думаючы пра тое, што чакае іх уперадзе; грымнулі дружным хорам песьню. Жмурылася і ўсьміхалася гарачае сонца і золата сваіх праменьняў іграла на сталі вінтовак і кулямётаў. Яно ўглядалася ў глыбокую водную глыбіню Лены і ярка блішчэла ў вокнах дрэмлючых, апусьцеўшых дамоў на набярэжнай.
    Параходы адзін за адным выкінулі слупкі гарачае пары і сваім надрыўным гулам пакрылі гоман шумнага натоўпу і звонкія маладыя галасы чырвонаармейцаў.
    Нячутна стала і тупату аб жалезную палубу параходу абутых у цяжкія чаравікі танцораў атраду, якія старанна адбівалі чачотку.
    Плаўна адарваліся ад берагу параходы і, ляніва плёхаючы пліцамі сваіх колаў, раскідаючы бліскучыя пырскі вады, паплылі ўніз па рацэ. З берагу махалі хустачкамі, ляцелі ўгору шапкі, з-за чаго агалялася і заблішчэла пад сонцам не адна лысіна ў пярэстым натоўпе, які разьвітваўся з атрадамі.
    З ракі грымела бадзёрае, магутнае “ура”. Высока на параходных мачтах махаліся аблагоджаныя ветрам чырвоныя сьцягі.
    Сёньня, 29 ліпеня 1922 году, Якуцк паслаў дзьве экспэдыцыі па 250 чалавек у кожнай: адну, пад камандаю Лепягова, — на горад Ахоцк і другую, пад камандаю Карпэля, — на порт Аян.
    Праплыўшы больш як 200 кілямэтраў, уся флятылія пакінула Лену і павярнула на ўсход. Бурнаю радасьцю сваіх кіпучых вод сустрэў Аян нечаканых гасьцей. Абедзьве экспэдыцыі плылі разам толькі да Ахоцкага перавозу, Тут жа, адсалютаваўшы адзін аднаму некалькімі вінтовачнымі залпамі, яны рассталіся. Атрад Карпэля паплыў далей на параходах, а атрад Лепягова высадзіўся на бераг. Да гораду Ахоцку заставалася яшчэ каля 600 кілямэтраў. Прасуваньне да Ахоцку летам магчыма толькі на конях вярхом, па вузкай сьцежцы, праз увесь час тайгою.
    З першых жа дзён падрыхтоўкі да паходу выясьнілася, што, каб падняць увесь груз, які ёсьць у атрадзе, не хапае коней.
    Прышлося выбіраць, што ўзяць з сабою і што пакінуць. Кулямёты, гранаты, патроны захапілі ўсе, затое ўзялі значна менш, чым меркавалася, харчаваньня. Блізкая восень і замаразкі прымушалі сьпяшацца. 23 жніўня атрад Лепягова пешым парадкам выступіў на Ахоцк, ня маючы зімовае вопраткі і дастатковага запасу прадуктаў, пра што камандуючаму паслалі данясеньне. У першыя дні паходу ішлі даволі хутка – “шаша ў праекце”, як жартавалі байцы, была параўнаўча нічога. Але на трэці ці чацьверты дзень пачалі сустракацца балоты - мары.
    — Трымай, трымай, таварышы! — крычыць-надрываецца які-небудзь чырвонаармеец.
    — Каго? Дзе? — сыплюць пытаньнямі іншыя.
    — Ды дарогу, дарогу! Куды яе пацягнула, сабачы хвост! Дэзэрціруе, у балота схавацца хоча.
    — Пайшоў ты да такой-та мацеры! Таксама знайшоў час жартаваць. Вось як цэлы дзень памесіш гэткае цеста, дык пакінеш дурня клеіць, — напаў нехта на вясёлага Грышына, празванага ў атрадзе “нясумуючым”.
    — У-у, воўчая сьцежка! Куды цябе нячыстая сіла прэ? Лепшага месца не знайшла, ці што? — лаяўся рослы барадач, люта вырываючы ногі, што загрузьлі вышэй кален у ліпкую, пахучую чорную жыжку.
    У гэты дзень прайшлі ўсяго кілямэтраў дванаццаць. Моцна стаміліся людзі і коні.
    У наступныя дні дарога не зьмянілася. Там, дзе ня было балот, сьцежку заваліла ламаччам і цэлымі дрэвамі. Тады пускалі ў ход сякеры, пілкі, а што было лягчэйшае, расьцягвалі проста рукамі.
    Пайшлі дажджы. Шумныя быстрыя горныя рэчкі на працягу дню некалькі раз перарэзвалі сьцежку. Пераходзілі ўброд, часам па пояс у вадзе. Сустракаліся балоты на працягу 20-30 кілямэтраў. У такіх мясцох часта чырвонаармейцы здымалі пакункі з коней, што загрузьлі ў балоце, і несьлі іх, ступаючы з купіны на купіну, па некалькі сот мэтраў. Надышоў верасень, Трава пачала жаўцець ад ранішніх замаразкаў. Коні ад дрэннага корму і цяжкае дарогі хутка худзелі і трацілі сілы. Некаторыя ледзь перастаўлялі ногі. Ад пастаяннае сырасьці абутак распаўзаўся, зьявілася шмат босых. запасаў ня было. Вопратка таксама знасілася. Але ня скардзіліся чырвонаармейцы, ніхто ня падаў духам. Усе перашкоды перамагалі сваёю стойкасьцю і рэвалюцыйнай сьвядомасьцю. Абарваныя, разутыя, змучаныя балотамі, ішлі ды ішлі. Праз 14 дзён надзвычайна цяжкае дарогі, 6 верасьня, дасягнулі станцыі Алах-Юньскай. Атрад прайшоў каля 250 кілямэтраў і тут спыніўся, чакаючы зімовае дарогі, транспорту на аленях і цёплае вопраткі.
    Радаваліся чырвонаармейцы, ведаючы, што сёньня яны прыйдуць ня станцыю Алах-Юньскую, напружвалі свае апошнія сілы, стараліся прайсьці завідна, уладзіцца як найзручней, атрымаць ў поўнай меры заслужаны адпачынак. Чортава сьцежка, балоты, рэчкі, начлегі ля агнёў пад дробным асеньнім дажджом, на прасычанай сырасьцю зямлі — усё гэта засталося ззаду непрыемным успамінам. Прырода, нібы ідучы насустрач жаданьню людзей, схавала сваю хмурую непрыветнасьць і расплылася ў яснай, бадзёрачай сонечнай усьмешцы. Тайга абтрушвалася ў шолаху ветру і скідала на зямлю апошнія сьлязінкі з дажджавых капель. А вось і Алах-Юнская.
    — Чорт вазьмі! Ды тут усяго два дамы, — расчаравана гаварыў адзін чырвонаармеец.
    — А ты думаў, цэлы горад для цябе тут пабудавалі? Як жа, разяўляй рот, — сярдзіта сплюнуўшы, рэзаніруе яго сусед. — Тайга, брат, дык яна і ёсьць тайга.
    — А яшчэ станцыяй называюць, — неўразумяваў першы чырвонаармеец.
    Што ж тут асаблівага? Гэта ж ня чыгуначная станцыя, не вакзал з буфэтам, тут паязды ня ходзяць, - тлумачыў другі, які відаць пабываў не адзін раз у тайзе. – Ад Якуцку да Ахоцку, на адлегласьці 1000 з лішнім кілямэтраў, такіх станцый дзесяткі два будзе. Пры некаторых з іх ёсьць тэлеграфныя аддзяленьні. Пошту і пасажыраў зімою на аленях возяць, таму такія пункты станцыяю і называюцца. Народ езьдзіць рэдка, пошту ж і зімою і летам раз у тыдзень адсылаюць.
    Будучы яшчэ ў Якуцку, чырвонаармейцы ведалі тое-сёе з расказаў насельніцтва пра алах-юньскую трагедыю. Але ніхто з іх не ўяўляў сабе гэтае трагедыі ў яе сапраўдным выглядзе і падрабязнасьцях. І вось цяпер чырвонаармейцам прышлося ўбачыць ня толькі месца пагібелі сваіх стойкіх баявых таварышаў ахотчан, але і падрабязна даведацца пра гэтую трагедыю. У адным з дамоў раней была тэлеграфная кантора, ператвораная цяпер у нешта незвычайнае. Яна калісьці служыла абарончым пунктам ад белагвардзейцаў.
    У сьценах і страсе былі прароблены байніцы. З іх адстрэльваліся больш як тыдзень насьцігнутыя тут уцёклыя з Ахоцку, ад банды есаула Бачкарова, члены рэўкаму і рабочыя Ахоцку. Шыбы ў будынку ўсе былі выбіты, сьцены, нібы сьвердлам, пракручаны кулямі, комін абваліўся. На дварэ валяліся паламаныя сані, кавалкі шкуры, абгарэлыя палены дроў, конскія шкілеты, абрыўкі тэлеграфных. істужак, пераблытаны дрот. Сумам і магільным холадам веяла ад ўсяго гэтага хаосу. Апошнія праменьні заходзячага сонца прадзіраліся скрозь гушчар і залівалі багровым сьвятлом абодва домікі на Алах-Юньскай. Праў разяўленыя дзіркі замест вокан яны пранікалі ў тэлеграфную кантору, куды ўжо зайшлі дзесятка паўтара зацікаўленых чырвонаармейцаў. Там яны ўбачылі сумную карціну сьмерці і жаху. Тут белыя катавалі ахотчан, якія здаліся ім. Падлога, уся пакрытая засохлаю крывёю, мела колер вялікай іржавай бляхі. Тут жа на падлозе валяўся стары абутак, лахманы вопраткі, косьці чалавека, кавалкі шэрсьці, скаціныя галавы, абгрызеныя рэбры. Шкуру з жывёл загінуўшыя таварышы зьелі ў часе асады белымі гэтага будынку. На сьценах канторы доўгімі, чорнымі ад асеўшага на іх пылу істужкамі віселі зморшчаныя, высахлыя чалавечыя кішкі.
    Акружаныя ворагамі, запёртыя ў адным доме, пазбаўленыя ня толькі якое-небудзь дапамогі зьне, але ня маючы нават ніякае надзеі на яе, пасьля пякельных пакут голаду і лютае, невыноснае смагі, апынуўшыся ў бязвыхадным становішчы, ахотчане парашылі скончыць самазабойствам. Але белагвардзейцы, нібы наперад угадваючы такі намер людзей, даведзеных нечалавечымі пакутамі да страшэннага становішча, першыя пачалі перамовы і выслалі свайго прадстаўніка.
    Белыя запэўнівалі і прысягаліся, што яны ніводнага воласа не крануць з уцалеўшых змагароў Кастрычніка. Не дапусьцяць ніякіх зьверстваў і зьдзекаў, пакінуць усім ім ня толькі жыцьцё, але і свабоду. Возьмуць у іх толькі зброю, а саміх, забясьпечыўшы прадуктамі, адпусьцяць у Якуцк.
    Мы ж бо рускія людзі. Верым у хрыста. Мы ня зьверы, не дзікуны і з пераможанымі не ваюем. Нам патрэбна толькі ваша зброя, а не ваша кроў і жыцьцё...
    Так гаварылі белыя. І паверылі ім чырвоныя.
    Праз некаторы час асьцярожна, як тыгра, які рыхтуецца напасьці на сваю безабаронную ахвяру, вышлі з тайгі некалькі чалавек у пагонах. Баязьліва азіраючыся па бакох, упіваючыся драпежным поглядам у чорныя дзіркі заснуўшых байніц, яны павольна, з апаскай, накіраваліся да канторы. Не стралялі больш чырвоныя. Іх аслабеўшыя рукі ня торгалі за спуск вінтоўкі, маўчалі байніцы. Шырока адчыніліся дзьверы. Белыя ўвайшлі ў памяшканьне.
    — Ну вось, гэтак яно лепш! Усё роўна, узялі б вас, але нашто лішнія ахвяры, калі барацьба бескарысная, — гаварылі яны, забіраючы з пакорна працягнутых рук зброю. Праз некалькі мінут яна была складзена рукамі пераможцаў дзьвюма кучкамі на дварэ.
    — Гэй, гэй, хадзеце сюды! — клікалі белыя астатніх. — Зараз мітынг пачнём.
    З узьлеску чалавек 100 белых кінуліся бягом да будынку і хутка запоўнілі ўвесь двор і кантору, у адным кутку якое шчыльна прыхінуліся адзін да аднаго ахотчане. Тут жа ля сьцен ляжалі забітыя і некалькі чалавек параненых. Пазасталыя ў жывых, абарваныя, брудныя, з худымі абцягнутымі скураю тварамі, падобны былі да мумій. У першую мінуту сваім выглядам яны прымусілі здрыгануцца нават белых. Але ненадоўга. Драпежны зьвер захацеў крыві. Паводле загаду галавара банды, Івана Інакенцьевіча Яныгіна, членаў рэўкому аддзялілі і адвялі ў бок. Потым пачалося нешта жахлівае. Пачалася расправа.
    Глухія ўдары прыкладаў, злосная лаянка белагвардзейцаў, стогны і крыкі зьбіваных напоўнілі кантору, вырываліся на двор і несьліся ў тайгу.
    — А-а, сволачы! Камуну захацелі! Улада нехрысьцяў вам патрэбна, бога не прызнаеце!
    Білі па чым папала. Усе білі. Заднія праціскаліся бліжэй, адпіхвалі пярэдніх і білі наводлег, з дзікаю злосьцю, з налітымі крывёю вачыма, з шалёнаю лютасьцю. Некалькі чалавек ужо перасталі стагнаць. Яны ператварыліся ў цёмныя, акрываўленыя кавалкі. Іх цяпер тапталі нагамі і білі другіх, хто яшчэ трымаўся на нагах. Трашчалі косьці зьбіваных. Ламаліся прыклады вінтовак. Вопратка, рукі і твары белагвардзейцаў пакрыліся крывёю. Нарэшце зьбітых да паўсьмерці, страціўшых прытомнасьць людзей павыцягвалі на двор са забітымі раней у баі таварышамі і пакідалі ў пусты сьвіран, які падпалілі. Полымя хутка ахапіла сухія бярвеньні. Людзі, якія знаходзіліся ў сьвірне, не маглі ўстаць. Курчачыся ад болю, яны глуха стагналі, і толькі некалькі чалавек поўзалі і, не знайшоўшы дзьвярэй, моцна крычалі ад фізычных пакут. Да паху дыму ўсё мацней прымешваўся пах гарэлага мяса, а з палаючага сьвірну, як з-пад зямлі, даносіліся заглушаныя стогны. Яны станавіліся ўсё цішэйшымі і слабейшымі, а потым і зусім спыніліся.
    Трыццаць чатыры таварышы зьмясьціліся ў адной брацкай магіле.
    — Ну-ссс, таварышы камісары, цяпер ваша чарга, маць вашу перамаць! — зароў ўвесь потны, запырсканы крывёю галавар банды Яныгін, кідаючы лютыя погляды ў бок нерухомае, здранцьвеўшае кучкі людзей, членаў ахоцкага рэўкаму.
    — Таварышаў вашых накармілі досыць і ў Якуцк накіравалі на падмацаваньне. Няхай на тым сьвеце мітынгуюць ды камуну сабе робяць. Ха-ха-ха!!!
    — Ня мучце нас, забіце адразу! — пачалі прасіць ахвяраваныя на катаваньне. У некаторых паміма іх волі выступілі на вачох сьлёзы жаху перад будучаю сьмерцю. Сьлёзы цяклі, накідаючы на брудных тварах баразёнкі, зрываліся і падалі на залітую крывёю падлогу.
    — Распранайцеся! — скамандаваў Яныгін. — Бялізну таксама здымайце. Та-ак, добра. Цяпер падрыхтуйцеся. Па тэлефону гутарыць будзеце, з гэтым... як яго — Марсам ці Марксам. Між іншым, самі выклічаце, каго трэба. Калі ласка, таварышы камісары, сюды да тэлефону. Ну, што ж вы стаіце? Не ведаеце, хто першы? Ды гэта ўсё роўна. Ну хоць бы вось ты! — і Яныгін ткнуў пальцам у бок чалавека сярэдніх гадоў з русаю, лёгка кранутаю сівізною бародкаю.
    Той адышоў ад групы сваіх таварышаў і, хістаючыся, падышоў блізка да Яныгіна.
    — Лажыся!— скамандаваў той. — Ну, чаго думаеш? Шкуру запэцкаць баісься? Дык гэта ж бо кроў сацыялістычная, вашае камуніі — чаго саромеесься?
    — Каты, бан... — і зьбіты ўдарам прыкладу у грудзі, ня скончыўшы, ахнуў і зваліўся на падлогу.
    Паклічце начальніка каманды сувязі.
    — Я тут, пане капітан.
    — Праводзьце тэлефон!
    — Слухаю, пане капітан, —адказырнуў ўнтэр.
    Дзесятак белагвардзейцаў моцна схапілі за ногі, за рукі і перавярнулі на сьпіну ляжаўшага на падлозе з заплюшчанымі вачыма голага чалавека. У руках аднаго белагвардзейца заблішчэў востры якуцкі нож. І нібы жадаючы пераканацца ў яго спраўнасьці, белы зараз жа правёў па пазногці вялікага пальца свае левае рукі адточаным, як брытва, лязом нажа. Потым адною рукою ён схапіўся за жывот свае ахвяры, а другою ткнуў нажом ніжэй пупавіны і павольна, асьцярожна, як хірург пры апэрацыі, пачаў распорваць жывот у бок грудзей. Пацякла кроў. Сударгава выкручваючыся, курчылася ад болю і білася цела. Дзіка крычаў чалавек. Разрэз усё падаўжаўся і падаўжаўся, да таго часу, пакуль нож ня ўпёрся ў грудную клетку. Агалілася нутро.
    — Анічкін, размотвай катушку! — распарадзіўся ўнтэр. З натоўпу белых, якія з прагнасьцю глядзелі на гэтае катаваньне, выйшаў уперад маленькага росту бязвусы вёрткі чалавек. Ён хутка нагнуўся над успучанаю крываваю масаю, запусьціў туды рукі і спрытна пачаў аддзіраць адну кішку ад другое. Другі белагвардзеец ухапіўся за адзін канец кішкі і пацягнуў яе за сабою. Падышоў да сьцяны, стаў на лаўку і, наматаўшы канец кішкі на цьвік, завязаў вузлом. Потым ён зьвярнуўся да свае ахвяры са словамі:
    — Таварыш бальшавік, можаце гутарыць: злучыў з Марксам.
    Але той, да каго адносіліся гэтыя словы, быў ўжо непрытомны і амаль мёртвы.
    — Цяпер падаць лінію ў Якуцк, а другую проста ў Маскву, да Леніна, — камандаваў капітан Яныгін.
    Да глыбокае ночы працягвалася гэтае дзікае жудаснае катаваньне. Нечалавечыя стогны і прычытаньні рэзалі таежную цішыню.
    Апошні таварыш ня вытрымаў гэтае крывавае жудасьці і яшчэ да пачатку катаваньня над ім звар’яцеў.
    Раніцою белыя пашлі назад у Ахоцк. Сьвіран абваліўся, але яшчэ курыўся сіняватым пахучым дымком. Тлелі дагараючы бярвеньні. На досьвітку туды былі кінуты пяць трупаў, з распоратымі пустымі жыватамі. Кішкі іх засталіся ў паштовай канторы, разьвешаныя ўздоўж сьцен на цьвікі і драўляныя калочкі. Ужо астыўшыя, яны віселі нібы доўгія белыя зьмеі. Па падлозе, у лужынах крыві і чалавечым кале, паўзаў і мармытаў нязьвязныя словы вар’ят. Пясьці абедзьвюх рук і ступні ног у яго былі адсечаны.
    З таго часу прайшоў год. Кроў высахла, выпарылася, пакінуўшы на падлозе цёмна-бурую іржу. Кішкі прысохлі да сьцен, абрасьлі пылам, разарваліся і былі падобныя да тоўстае павучыны.
    Чэрві і ваўкі зьелі труп вар’ята, і толькі косьці ды кавалкі пажаўцеўшага чэрапа напаміналі тут пра чалавека.
    Пра гэтую трагедыю ахотчан прыбыўшаму атраду расказаў простымі словамі якут, які жыў ў пятнаццаці кілямэтрах на паўночны ўсход ад Алах-Юнскай. У яго спыняліся чырвоныя, якія ўцяклі з Ахоцку, а таксама і белыя, якія гналіся за імі. Калі белыя варочаліся назад у Ахоцк, то начавалі ў гэтага якута і з ахвотаю падзяліліся з ім апошнімі навінамі. Яны з вясёлымі тварамі, з жартачкамі і сьмехам перадавалі ўсе падрабязгі зьнішчэньня ахотчан.
    На другі дзень пасьля ад’езду белых гэты якут прыяжджаў у Алах-Юнскую паглядзець.
    — Я ніяк ня мог паверыць расказам белых, думаў — хлусяць, — гаварыў ён акружаўшым яго чырвонаармейцам. — Але потым усё ўбачыў сам, сваімі вачыма. Чалавек, пакінуты ў канторы, быў ужо нежывы. Мне стала страшна. Я хацеў крычаць і ня мог. Нешта сьціснула мне горла. Галава кружылася, ногі падкошваліся, і я, выйшаўшы на двор, зваліўся, а потым хутчэй паехаў дамоў. Нічога не чапаў. Усё так і засталося да самага вашага прыезду. Дрэнныя людзі белыя. Праганіце іх хутчэй адсюль, — скончыў сваё апавяданьне якут.
    Усе маўчалі. Глыбока задумаўся кожны. Усім было неяк не па сабе Надышоўшую цішыню і маўчаньне парушыў якут словамі:
    — Таварышаў шкода, а іх не. Забіць ўсіх трэба.
    Сьціскаліся кулакі ў чырвонаармейцаў. Зрываліся праклёны. Некаторыя плакалі над ямаю, поўнаю чалавечых парэшткаў. Ціха шумела тайга. Надыходзіў вечар.
    Раніцою атрад дружна ўзяўся за ачыстку і рамонт памяшканьняў. Упартаю працаю напалову разбураныя будынкі ператварыліся ў чырвоныя казармы. Адрамантавалі старую лазьню, а потым пабудавалі новую.
    Рыхтаваліся да надыходзячых халадоў. Вазілі на конях і насілі на сабе бярвэньні за два кілямэтры, напілавалі сажняў 100 дроў. Так прайшоў верасень. Узятыя з сабою прадукты ўжо канчаліся. 2 кастрычніка спынілі выдачу сухароў — іх засталося ўсяго 4 пуды для хворых. Перайшлі на адно конскае мяса, ад чаго чырвонаармейцы, непрывыклыя быць бяз хлеба, пачалі слабець. Зьявілася маса захварэньняў на жывот. Транспорт з Якуцку мог прыбыць толькі першаю зімоваю дарогаю, не раней лістапада месяца. Хутка прышлося скараціць і порцыю каніны. Пачалі выдаваць па адным фунце ў дзень на чалавека, а ў далейшым прышлося зьменшыць і гэты паёк. Харчаваньне дастаць няма адкуль. Транспорт прыйдзе не раней як праз месяц. Кастлявая рука голаду працягнулася над атрадам. Асунуліся, пахудзелі людзі, зьнікла ранейшая вясёласьць. Зьніклі жвавыя, бойкія гутаркі, замёр сьмех. Даядалі апошніх коней. 13 кастрычніка чырвонаармейцы ўпершыню зьелі каня, які здох 3 тыдні таму назад. Потым узяліся і за іншых — іх налічвалася больш дзесятка — і таксама зьелі. Коні скончыліся. Пачалі есьці конскія скуры. Здалося жудасна, але есьці ня было больш чаго, а транспорту ўсё няма і няма. Калі паелі ўсе скуры, пачалі есьці аброці; папругі ад сёдлаў, наогул усю вупраж з сырамятнае скуры. Галодныя чырвонаармейцы ведалі, што з Якуцку павінна прыйсьці харчаваньне. Гэтая надзея падбадзёрвала і падтрымлівала іх.
    Адчуваўся яшчэ і тытунёвы голад. Але ў гэтым выпадку хутка знайшлі выхад. Замест тытуню курылі мадрынавую і таполевую кару, якое зьнішчылі дзесяткі пудоў.
    Надышоў лістапад. Людзі канчаткова абясьсілелі. Большасьць ледзь перастаўляла ногі. Але, ня гледзячы на ўсё, атрад на сваёй баявой варце стаяў цьвёрда. Нанач выстаўлялася некалькі палявых каравулаў, назначалася дзяжурная часьць. Па трывозе ўвесь атрад у працягу трох мінут быў гатовы да бою, у ланцугу ляжалі на сваіх мясцох, і толькі самыя слабыя чырвонаармейцы прыпаўзалі крыху пазьней. У бок Ахоцку была паслана выведка на 40 кілямэтраў. Адною з такіх выведак было знойдзена пад дрэвам, у васьмі кілямэтрах ад Алах-Юнскай пісьмо белым, падпісанае нейкім «дабражаданьнікам».
    10 верасьня 1922 году старога стылю. Братом з Ахоцку. З 20 жніўня гэтага году старога стылю у Алах-Юне жыве чырвоны атрад. Жылі яны да 3 кастрычніка, а ці жывуць цяпер ці вярнуліся ў Якуцк — невядома. Колькасьці іх даведацца ня прышлося Сядзіба Захарава амаль разбурана. Чырвоныя жывуць ў аддзяленьні, у станцыйным доміку, у кожным разе ня больш як 50 чалавек. Коні ў іх томскія, носяць доўгія плашчы Сьцеражыцеся або зьнішчце іх. Нас ня шукайце. Жывём у надзейнай крэпасьці. З вышыні бачым далёка; убачыўшы што-небудзь, умомант уцячэм на аленях.
    Дображаданьнік
    Усякіх праяжджаючых прашу пакінуць каля пісьма, пад лясінаю, тытуню і мукі. Жывем на адным мясе. Цану заплацім прамысловымі шкурамі. Пісьмо пішу да выведкі. Адсюль еду ў Алах і дамоў у “логава”. Усім кланяемся. Усе”.
    Усё гэта прымусіла атрад быць зоркім, дбайным, заўсёды напагатове і яшчэ мацней аб’яднала ўсіх у адну сям’ю, гатовую пайсьці на сьмерць, на пазбаўленьні, на што хочаш.
    Як відаць, недзе паблізу, у якой-небудзь нары хавалася некалькі чалавек белых, пакінутых прайшоўшым на Ахоцк атрадам паўстанцаў для назіраньня за дарогаю, каб загадзя папярэдзіць белагвардзейцаў. што знаходзяцца ў Ахоцку, пра рух чырвоных.
    5 лістапада раніцою прыехаў пасыльны з Якуцку. Нібы электрычны ток прабег па атрадзе: харчаваньне і абмундзіраваньне з Ахоцкага перавозу ў Алах-Юнскую выйшла. Гэтая вестка нібы накарміла ўсіх галодных. На бледных тварах зьявілася радасная ўсьмешка. Усе ажывіліся.
    Прайшло яшчэ восем пакутных галодных дзён. Роспач зноў сваімі цэпкімі лапамі захапіла ўсіх. Цэлымі гадзінамі нерухома, покатам ляжалі чырвонаармейцы. Зьнікалі апошнія сілы. Павольна, падобна да агарка сьвечкі, дагаралі сотні жыцьцяў. У белы саван ухуталася тайга. Некалькі дзён запар ідзе густы сьнег. Цэлымі днямі не паказваецца сонца, ад чаго на душы становіцца. яшчэ больш сумна.
    Сёньня 13 лістапада. Два месяцы і сем дзён прайшло з моманту прыбыцьця атраду ў Алах-Юнскую. Непрыметна. надышоў вечар. Ніхто ня сьпіць, а ў доме ціха, нібы ўсе вымерлі. Раптам чуцён нейкі крык па дварэ. Ці ня белыя ўжо? Сабраўшы свае апошнія сілы, чырвонаармейцы, цягнучы за сабою вінтоўкі, паўзуць на двор і, замест ворага і сьвісту куль, чуюць радасныя крыкі некалькіх чырвонаармейцаў:
    — Няхай жывуць праснакі! Няхай жыве наш паратунак!
    Гэтыя крыкі сустракаюць доўгачаканы абоз з харчаваньнем і абмундзіраваньнем. Бурная радасьць ахапіла ўсіх чырвонаармейцаў; нават тыя таварышы, якія не ўставалі, некалькі дзён, цяпер ускочылі на ногі. У памяшканьне ўвайшоў начальнік перасоўваньня тав. Бародзін і дастаў з мяшка прывезеную баханку хлеба. Адзін чырвонаармеец абдымае яе, цалуе і плача ад радасьці. Разам з абозам прышлі і навіны. Прыехаўшыя таварышы паведамілі, што ў порт Аян высадзіўся генэрал Пепяляеў і падрыхтоўваецца да паходу на Якуцк. А тав. Бародзін уручыў Лепягову загад камандуючага, паводле якога, з прычыны таго, што зьмянілася абстаноўка, атраду загадвалася адыйсьці на Чурапчу, дзе злучыцца з гарнізонам, што знаходзіцца там, і чакаць далейшых указаньняў.
    Надыходзіла цяжкая дарога назад. Змораным людзям трэба было прайсьці каля 500 кілямэтраў па глыбокім сьнезе.
    Праз некалькі дзён атрад Лепягова пакінуў памятную для іх станцыю. Чырвонаармейцы з голымі галовамі прайшлі міма брацкае магілы сваіх таварышаў-ахотчан і хутка зьніклі ў маўклівай, вечна загадкавай тайзе. Некаторы час яшчэ чуваць быў скрып палазоў ды паасобныя галасы чырвонаармейцаў, але хутка і яны заціхлі. Як і раней, драмала тайга. Сіратліва выглядалі два апусьцеўшых домікі па Алах-Юнскай.
                                                                        * * *
    Нэлькана-аянская экспэдыцыя, пад камандаю Ісая Карпэля, аддзяліўшыся ад ахоцкае экспэдыцыі, праплыла яшчэ каля трохсот кілямэтраў ўверх па рацэ Алдане і дасягнула вёскі Петрапаўлаўскае. Адсюль гэтая экспэдыцыя 16 жніўня пайшла далей — на Нэлькан. Цяпер яна плыла па прытоку Алдану — рацэ Маі. Да Нэлькану яшчэ заставалася, дзякуючы зьвілістасьці гэтае ракі, каля 600 кілямэтраў. Гэты атрад меў у сваім распараджэньні два параходы — “Соболь” і “Республиканец” і дзьве баржы — “Селенга” і “Лена”. На баржах было нагружана харчаваньне, фураж і коні.
    Параходы сваімі вострымі жалезнымі насамі разразалі сустрэчную быстрыню мутнае Маі. Разьбягаючыся ў бакі, пеністыя хвалі з шумам біліся ў вузкіх мясцох аб каменныя берагі ракі, варочаліся назад і лізалі барты параходу. Ля кармы безупынны вір з белых баранчыкаў.
    На носе параходу стаяў матрос. Ён раз-по-разу апускаў размаляваную ў белы і чырвоны колер доўгую палку ў ваду і працяжна выкрыкваў:
    — Пяць! Чатыры з паловаю! Чатыры з паловаю!
    Атрад сьпяшаўся і спыняў рух толькі з прычыны цёмных начэй і ранішніх густых туманаў. Спыняліся на начлег у адзінаццаць гадзін, а гадзіны ў чатыры раніцы параходы і баржы здымаліся з якараў і плылі далей. Баржы на перакатах часта садзіліся на мель. На адным перакаце баржа з коньмі пацярпела аварыю, што адабрала шмат часу. Каб аблягчыць баржы, прышлося частку харчовага грузу пакінуць на беразе. Але наогул плылі даволі хутка і без асаблівых прыгод.
    26 жніўня, зьбіўшы некалькі дробных засад праціўніка, атрад, не даходзячы трох кілямэтраў да Нэлькану, высадзіў дзьве трэці сваіх сіл на левы бераг ракі Маі, у мясцовасьці Кубалах. Выкінуўшы ўперад авангард пад камандаю Івана Рэднікава, атрад павёў наступленьне па ланцугі белых, якія, лікам да 250 чалавек, акапаліся і, нічым не выдаючы сябе, знаходзіліся ў паўтара кілямэтрах уперадзе. Камандарм Васька Карабейнікаў знаходзіўся ззаду сваіх ланцугоў, у адным кілямэтры на Аянскім тракце. Пры першых стрэлах нашае выведкі ён са сваім штабам, усяго чалавек дзесяць, кар’ерам кінуўся на ўцёкі, маючы пры сабе двое запасных коней. Пакінутаму ж на волю лёсу свайму атраду Карабейнікаў загадаў: “Трымайцеся да апошняга патрона, старайцеся захапіць параходы і зьнішчыць чырвоных”.
    Паўстанцы ў гэтую мінуту менш усяго думалі аб параходах і пры першых крыках “ура” з нашага боку панічна кінуліся даганяць свайго адважнага камандарма. Да бою яны ўскладалі вялікія надзеі на рускіх, якіх на левым флянгу было чалавек сорак, пад камандаю палкоўніка Дуганава, вядомага па Іркуцку і Забайкальлю ката і бандыта. Насельніцтва называла гэтую банду “дуганаўскія ваўкі”. Але і гэтыя праслаўленыя ваўкі ня менш, чым хто-небудзь іншы, спалохаліся “чырвонага мядзьведзя” і з крыкам: “Нас абыходзяць! Нас пераб’юць!”, пакінуўшы аднаго палонным і дваіх забітымі, кінуліся ўцякаць. Нэлькан быў заняты намі.
    Дэзарганізаваныя рэшткі паўстанцаў, ня думаючы больш ні пра якае супраціўленьне, уцякалі ў Аян.
    У 600 кроках ад Нэлькану, у рэчцы Чуі, чырвонаармейцы знайшлі трупы аднаго рускага, Ізмаіла Салаўёва, і двух тунгусаў, братоў Івановых. Усе трое былі па-зьверску замучаны і яшчэ жывыя зьвязаны і кінуты ў раку. Жонка Ізмаіла Салаўёва была згвалтавана “дуганаўскімі ваўкамі”, пасечана на кавалкі і кінута ў раку Маю.
    У Нэлькане быў створаны часовы рэўком. Разасланы газэты і адозвы па бліжэйшых юртах. Насельніцтва добра сустрэла чырвоных, але настрой ў яго заставаўся трывожным. Яно цьвёрда верыла, што вернуцца белыя з генэралам Пепяляевым, таму што некалькі дзён назад у Нэлькан прыяжджалі з Аяну два кватар’еры — гардэмарын Міхаіл Гарохаў і капітан Папоў. Пасьля гэтага з Нэлькану былі высланы ўсе коні ў Аян (каля 100 коней) з сёдламі, пад камандны склад генэрала Пепяляева. Кватар’еры паехалі назад разам з транспортам. Насельніцтва расказвала, што паводле загаду Карабейнікава распушчана 150 байцоў зброя адабрана і накіравана ў Аян.
    У загадзе пра роспуск некаторых байцоў “арміі” Карабейнікаў пісаў: “Распусьціць панічна настроеных байцоў атраду пад відам кароткатэрміновых водпускаў”.
    Пасьля такога загаду і сустрэчы з чырвонымі на Кубаласе ён з дня на дзень чакаў прыезду Пепяляева. Апошнім тэрмінам яго высадкі ў порт Аян лічылі 24-25 жніўня. Для таго, каб памагчы Пепяляеву ў яго барацьбе проці савецкае ўлады, зноў ашукаць цёмных якутаў і для арганізацыі новых атрадаў, з Нэлькану ў бок Якуцку на раку Алдан паехалі: сын багача В. Г. Нікіфарава, які прыехаў з Уладывастоку, сваяк амгінскага багача Нікіты Ануфрыева, выхаванец галавы майскіх тунгусаў Кузьма Пятровіч Пракоп’еў і Сямён Дзячкоўскі з 10 байцамі і 40 запаснымі вінчэстэрамі.
    Наш атрад, не маючы цёплае вопраткі, адпаведна дырэктыве камандуючага, затрымаўся ў Нэлькане, чакаючы параходу з Якуцку. Ён ужыў усе меры для выясьненьня абстаноўкі і праверкі чутак пра хуткае прыбыцьце ў Аян Пепяляева. Між тым вада ў рацэ Маі хутка пачала зьмяншацца, што зьяўлялася непасрэднаю пагрозаю для нашае флётыліі. Рака з кожнаю гадзінаю мялела. З прычыны глыбокае пасадкі барж і параходаў іх прышлося накіраваць ўніз кілямэтраў на 300, да вусьця ракі Юдомы. Такім парадкам атрад пазбавіўся сваіх адзіных перавозных сродкаў. Ён аказаўся ў поўнай залежнасьці ад роўню вады ў рацэ Маі, запёртым у Нэлькане і адрэзаным ад свае базы, г. зн. ад Якуцку, які ў гэтым выпадку ня мог аказаць ніякае дапамогі сваёй экспэдыцыі. Высланыя з Якуцку параходы з усім неабходным для атраду Карпэля затрымаліся ў дарозе, не дайшоўшы да Нэлькану кілямэтраў 400.
    Падзеі ж насьпявалі, разгортваліся і ішлі сваім парадкам.
    Абстаноўка для нас склалася вельмі неспрыяльная. З Якуцкам сувязі ня было. Прадукты, пакінутыя на беразе ў часе аварыі баржы, былі для нас недасяжны. Хлеб выйшаў. Чырвонаармейцы елі худую каніну і атрымлівалі паўфунта мукі ў суткі.
    25 верасьня са стану Пепяляева зьявіліся два перабежчыкі: паручнік Наха і чыноўнік Вычужанін, якія і паведамілі Карпэлю, што 8 верасьня Пепяляеў высадзіўся ў порце Аян са сваёю дружынаю ў 700 з лішнім чалавек, пры 6 кулямётах, без артылерыі, і што першая калёна белых у 300 чалавек выступіла з Аяну 10 верасьня, маючы задачу ўзяць Нэлькан, спачатку адрэзаўшы чырвоным іх адзіны шлях адступленьня.
    З мэтаю захапіць мясцовасьць Сем Праток, у 50 кілямэтрах на захад ад Нэлькану, на рацэ Маі, каб зьнішчыць там заставу чырвоных і захапіць параходы, за некалькі дзён да выхаду першае калёны быў выдзелены спэцыяльны атрад.
    Паводле разьліку перабежчыкаў абходная група Пепяляеўцаў павінна была выйсьці да намечанага пункту вечарам 26 верасьня. Наш атрад аказаўся ў крытычным становішчы. Яму пагражала сур’ёзная небясьпека быць зьнішчаным пераважнымі сіламі праціўніка. Нэлькан як абарончы пункт у тактычных адносінах для нас быў нявыгадны, і ўсе перавагі былі на баку наступаючага. Да таго ж адарванасьць ад свайго цэнтру прыгнятаючы дзейнічала на чырвонаармейцаў. З гэтага становішча быў толькі адзін выхад: ня трацячы дарагога часу, адступіць да Петрапаўлаўскага, адыйсьці да сваіх рэзэрваў, але як гэта зрабіць? На чым ехаць? Параходаў няма. Увесь рачны “флёт”, які быў ў распараджэньні атраду, у дадзены час складаўся з аднае лодкі і аднае “веткі”, або “душагубкі”, як называлі яе чырвонаармейцы. Кожны ламаў галаву над гэтым пытаньнем. Некаторыя байцы і камандзіры падыходзілі да самага берагу і ўважна доўга глядзелі на раку Маю. Яна пахапліва бегла па захад, да Петрапаўлаўскага і нібы дражніла чырвонаармейцаў, нясучы на сваёй бурлівай сьпіне галінкі вербалозу і цэлыя грузныя ствалы ельніцы, хвоі і мадрыны.
    — Э-эх, калі б можна было абярнуцца сухім дрэвам, кінуцца ў ваду і паплыць па вадзе. да сваіх — на злучэньне, — гаварыў адзін чырвонаармеец.
    — А ты глядзі, намокнеш і пойдзеш на дно, — кідаў у адказ другі.
    А плыць трэба на чым бы то ні было, абы толькі выперадзіць белых.
    — Плыты трэба рабіць, — запрапанаваў нехта.
    — Не пасьпеем — заяўлялі іншыя. — Перабежчык казаў, што заўтра пад вечар белыя могуць заняць Сем Пратокаў, тады не пераскочыш, пішы прапала — здавайся або на дно нырай, інакш усіх пераб’юць. Месца там вузкае, сапраўдныя вароты — па абодвух бакох скалы; як пачнуць садзіць, а ты на плыце, што будзеш рабіць? Калі б гатовыя плыты былі, тады, можа, і пасьпелі б, а то іх рабіць трэба. Лес таксама насіць з кілямэтар, паблізу дробны — не падыдзе. Пакуль зробім плыты, два дні пройдзе — нашто яны тады, нам, спозьнімся.
    Увагу штабу атраду прыцягнула старая брандвахта (невялікая драўляная баржа), пакінутая з-за свае непрыдатнасьці пад грузы. Напалову засыпаная пяском, яна мірна адпачывала ў бліжэйшай пратоцы. Брандвахту старанна агледзелі, як у часе кансыліюму хворага, і парашылі: хоць і з некатораю рызыкаю, але плыць можна. Неадкладна пачалі рамонт. Ніколі так старанна не працаваў атрад. Ніхто не стаяў без работы. Застукалі сякеры. Рыдлёўкамі, кайламі і рукамі адграбалі пясок. Вёдрамі і кацялкамі вычэрпвалі ваду. Анучамі і мохам затыкалі дзіркі. Увесь дзень і ўсю ноч кіпела дружная работа. Расла ўпэўненасьць ў посьпех. Зьмяншалася бачнасьць надыходзячае небясьпекі.
    Белыя сьпяшаліся, грузьлі ў балотах, цяжка пераходзілі горы, губіліся і блыталіся ў хітрых зьвілінах таежнае сьцежкі. Сёньня на захадзе сонца яны разьлічвалі заняць Сем Пратокаў. Сьпяшаліся ў Нэлькане чырвоныя. Ноч працавалі, ня спалі, стаміліся. Пацяжэлі рукі, сьвінцом наліліся ногі, тупела думка, хацелася спаць.
    Адзінаю магутнаю воляю калектыву, намаганьнямі ўсяго атраду, калі зарумяніўся ўсход і глянулі першыя праменьні сонца, брандвахта ўжо была гатова. Чырвонаармейцы зацягнулі “Дубінушку”. Яны, як мухі, абляпілі свой карабель паратунку і пачалі ўпарта, павольна аддзіраць яго ад цэпкае зямлі. Больш за гадзіну страцілі на гэтую справу, пакуль нарэшце брандвахта не разьвіталася апошнім скрыгічучым пацалункам з дробнаю галькаю, што тоўстым слоям пакрыла рачное дно.
    — Таварышы, карма стала на глыбіню... — радасна паведаміў кулямётчык. Хацеў яшчэ нешта дабавіць і не пасьпеў: сарваўся, ухнуў і зьнік пад вадою. Шырокімі кругамі ў тым месцы заўсьміхалася рака. Некалькі чалавек кінулася да лодкі.
    — Ня трэба, выплыву! — крычаў вынырнуўшы кулямётчык.
    Відаць, ня дрэнны плывун. Ён бойка і ўпэўнена размахваў рукамі, раскідаючы вакол сябе цэлыя каскады пырскаў. Праз мінуту ён ужо быў на беразе, страсянуў галавою, вылаяўся і пабег у хату, каб пераадзецца. А наўздагон няўдачніку ўжо ляцелі жарты:
    — Вялікую рыбіну злавіў? Дно бачыў — глыбока ці не? Сажняў пяток будзе ці з гакам?
    Жывы тапельнік ня вытрымаў, заела. Спыніўся, пагразіў кулаком у бок сваіх таварышаў:
    — Я нырнуў, ды выплыў, а вы вось папрабуйце! На тым сьвеце вынырнеце! Плаваеце, як камень. Ведаем...
    Дружны рогат павіс у паветры, дрымоты і стомленасьці як і ня было. Нарэшце брандвахта ўся выйшла на глыбокае месца. Хутка пачалася пагрузка маёмасьці атраду, а потым туга, як селядцы ў бочцы, напакаваліся чырвонаармейцы. Паставілі шэсьць пар нязграбных, груба вычасаных з цэлых бярвеньняў вёсел. На кожную пару села па 6 чалавек. Некалькі мясцовых жыхароў, добра ведаючых фарватэр ракі Маі, з ахвотаю згадзіліся за бясплатны праезд быць лёцманамі. У дзесяць з паловаю гадзін раніцы 26 верасьня, маючы ўперадзе выведку на адной лодцы і адну ветку для сувязі са штабам, атрад пад вясёлы гоман і песьні чырвонаармейцаў пакінуў Нэлькан.
    — Падымай парусы, трымай нос па ветры! — крычалі радасна настроеныя байцы.
    З працяжным скрыпам мерна падымаліся к верху і падалі ўніз. Тупа, але надзейна разразалі ваду дванаццаць драўляных рук брандвахты. Дзякуючы быстраму бегу ракі плылі добра, са скорасьцю да 10 кілямэтраў у гадзіну. Адзін за адным заставаліся ззаду ўжо пасыпаныя золатам раньняе паўночнае восені астраўкі і дзесяткі безыменных горных рэчак, якія з-за адсутнасьці дажджоў ператварыліся на час у маленькія, але зухліва журчачыя ручайкі.
    У той жа дзень, у 4 гадзіны дня, шчасьліва мінулі Сем Пратокаў. На некалькі гадзін спазьніліся пепяляеўцы.
    Далей плылі крыху павольней, часта садзіліся на мель. Часам удавалася сплываць з дапамогаю шастоў, але часта прыходзілася злазіць ў ваду. Адзін раз лёцман зблытаў. Памыліўся — справа была пад вечар, — брандвахту накіравалі ў несуднаходную пратоку. На гэты раз селі асабліва моцна.
    — Заякарыліся надзейна, язьві цябе ў душу! Ручай чортаў, а не рака! Па Волзе плыць — гэта сапраўдная рака. А тут... Падумаеш таксама...
    — А ты ня лайся. Языком ня ссунеш, — супакойваў валжаніна другі баец.
    — Таварышы, увага! Слова даецца мне, капітану гэтага параходу «Выручка».
    Абарваўся гоман, стала ціха, усе галовы павярнуліся ў адзін бок.
    — Мы сядзім на мелі, трэба хутчэй зьняцца. Няхай жыве рака Мая! Усе разам штаны здымай!
    — Цьфу, балбатун акаянны. А сам свае ня зьняў. Патонеш — цябе ня шкода, вопратку толькі здымі.
    — Ён не патоне — у яго галава пустая. Як пузыр, паплыве.
    Так, пад жарты, лаянку і сьмех разьдзяваліся чырвонаармейцы і залязалі ў ледзяную ваду, сьцягвалі з мелі свае судно і плылі далей. І так, часам дзесяткі раз у дзень, па чарзе прымаў халодную балею ўвесь атрад з камандзірамі на чале. І толькі спусьціўшыся ўніз па плыні ракі кілямэтраў на 300, сустрэлі два сваіх параходы, па якіх бяз усякіх затрымак і прыгод і прыехалі 2 кастрычніка ў вёску Петрапаўлаўскае. Тут атрад стаў гарнізонам, куды ўвайшла быўшая тут 8-я рота Петраградзкага палка. Ісай Карпэль выехаў у Якуцк, камандаваньне ж экспэдыцыяй, перайменаванай цяпер у батальён, прыняў тав. Дзьмітрыеў. Усе нашы рассыпаныя атрады паступова адыходзілі назад, бліжэй да свайго цэнтру — Якуцку.
    Абодвы бакі сьцягвалі свае сілы, рыхтаваліся да немінучае крывавае сустрэчы.
                                                              Ва Ўладывастоку
    Усё бліжэй да Ўладывастоку, да чыгункі, прарываліся адважныя чырвоныя партызаны, узрывалі ў белых масты і спускалі пад адхоны вайсковыя эшалёны. Адчуваў Уладывасток блізкасьць навальніцы, бачыў надыходзячую на яго ад Усуры навальнічную хмару, адчуваў бяду і шумеў, калыхаючыся з раніцы да позьняе ночы ў нэрвовай гарачцы людзкіх патокаў.
    Дзітэрыхс, які зьмяніў братоў Мяркулавых і разагнаў “нарсход” [1 чэрвеня 1922 г. быў скінуты мяркулаўскай ўрад і ўлада перайшла да прыморскага народнага сходу, які называў сябе “дэмакратычнаю ўстановаю”.], ахрысьціўшы мізэрныя, дэмаралізаваныя рэшкі белагвардзейцаў “земскаю рацьцю”, а сябе яе “ваяводам”, падымаў абразы ў цэрквах молячы аб “дараваньні перамогі хрысталюбіваму воінству”, рассылаючы вернападдадзенскія тэлеграмы ўцалеўшым “памазаньнікам божым”. Усюды былі ўкрапаны фігуркі колеру хакі японскіх акупацыйных войск, якія, як мурашкі, капашыліся ў крапасных збудаваньнях і сярод розных складаў на беразе бухты.
    У какаіне і гарэлцы, у оргіях з прастытуткамі шукалі белагвардзейцы забыцьця ад надыходзячае на іх народнае навальніцы. У гэты трывожны для прыморскае белагвардзейшчыны час пачалі прыбываць ва Ўладывасток з Харбіну першыя партыі пепяляеўцаў. З Маньчжурыі яны выяжджалі пад відам рабочых арцелей, якія накіроўваюцца ў Прымор’е “на лясныя распрацоўкі”. Ад КУЧ яны карысталіся льготным тарыфам. Вядома кітайская ўлада вельмі добра ведала, што гэта за “лесасекі”. На станцыі Пагранічная кітайскія чыноўнікі і афіцэры, усьміхаючыся, гаварылі:
    — Наша ведай, куды і па што ваша едзе.
    Фамільярна пахлопваючы па плячы старшых партый, яны дабаўлялі:
    — Ваша белы капітан хо [Хо—добры.].
    — Бальшавіка-хунхуза пу-хо [Пу-хо — дрэнны.].
    Пепяляеўцы, якія прыяжджалі сюды, разьмяшчаліся на Другой Рэчцы, у 7 кілямэтрах ад Уладывастоку, у адведзеных для іх казармах.
    Туды ж пачалі прыбываць ранейшыя таварышы Пепяляева, а таксама ўцёклыя з радоў прыморскае арміі. Такім парадкам на Другой Рэчцы хутка сабраўся атрад у 750 байцоў, які складаўся напалову з афіцэраў. Паводле замыслу пепяляеўцаў гэты атрад прызначаўся для будучае “народнае арміі”, якую яны марылі разгарнуць з паўстаўшага проці савецкае ўлады кулацтва. З прычыны нейкае “кансьпірацыі” атрад фармаваўся пад відам міліцыі Паўночнае вобласьці.
    У лягеры пепяляеўцаў на Другой Рэчцы ва ўсю квітнела п’янства.
    Былі абы якія адносіны да ўсякіх пытаньняў вышэйшага парадку. Многія, пераймаючы кітайцаў, шчыра гаварылі:
    — Мяркулавых кантора “ламайла”, у Дзітэрыхса таксама хутка будзе “ламайла”, ну і прыходзіцца “ламаць” новы падрад у генэрала Пепяляева.
    Усё гэта прымушала некаторых “будучых камандзіраў дывізій і карпусоў” задумвацца пра тое, што новы замах за савецкую ўладу ў Якуціі пачынаўся са старымі выпрабаванымі нягоднымі сродкамі. Блізкія да Пепяляева асобы ўказвалі яму на гэтую адмоўную зьяву, напамінаючы пра час Калчака.
    Пепяляеў жа толькі хмурыўся, чартыхаўся і нязьменна заяўляў:
    — Тылавая хвароба... Выедзем з Уладывастоку, пачнецца баявое жыцьцё — усе падцягнуцца і выраўняюцца...
    Дзітэрыхс адмоўна адносіўся да паездкі Пепяляева ў Якуцію. Па-першае, як ад’яўлены манархіст ён ненавідзеў “народапраўскія” спадзяванкі пепяляеўцаў, па-другое, адчуваючы надыходзячы ўдар з боку Чырвонае арміі, ён імкнуўся выкарыстаць атрад Пепяляева для ўзмацненьня фронту прыморскае арміі.
    Кулікоўскі ж вельмі стараўся вырваць у прыморскага ўраду частку грашовых сродкаў на якуцкую экспэдыцыю. Пасьля вялікіх клопатаў яму дазволілі выдаць з урадавых сум 20000 залатых рублёў і на 100000 рублёў гербавых і іншых казначэйскіх знакаў (бандэролей, паштовых марак, вэксальнае і актавае паперы). Але з прычыны таго, што за фрахт трох параходаў пад якуцкую экспэдыцыю прыморскім урадам было ўзята 15000 залатых рублёў, то фактычна Кулікоўскаму, замест 20000, было выдана толькі 5000. Тады Кулікоўскі парашыў спэкульнуць шасьцьма пудамі атрыманых ім цэнных папер. Нядоўга думаючы, ён пусьціў іх у распрадажу на 50 працэнтаў таней намінальнага кошту.
    Вакол гэтага своеасаблівага “дзяржаўнага аўкцыёну” узьнялася страшная сьвістапляска, якая не прамінула адбіцца на грашовым курсе прыморскага ўраду. Апошні, занепакоены паданьнем рубля, пасьпяшаўся адабраць у Кулікоўскага цэнныя паперы. Але ўсё ж Кулікоўскі ўжо пасьпеў зарабіць на гэтай справе 16000 залатых рублёў.
    Лідэр сыбірскае абласное арганізацыі, нарадаволец Сазонаў — “дзядуля сыбірскае контррэвалюцыі”, — пасьля зацараваньня ў Прымор’і Дзітэрыхса, каб унікнуць лёсу “нарсходу”, пасьпяшаўся шчыльней зблізіцца з японскім генэралам Фукуда. Апошні яшчэ з часоў Калчакоўшчыны заігрываў з абласьнікамі. Абласьнікі, адчуваючы сябе ў бясьпечнасьці, пачалі моцна чапляцца да Пепяляева, прапануючы яму стаць на чале яго новага выступленьня — “праз аўтаномную Якуцію да аўтаномнае ад Савецкае Расіі Сыбіры”. Пепяляеў адхіліў гэтыя спробы абласьнікоў.
    Усё ж ён зрабіў ўступкі абласьнікам, дазволіўшы ім арганізаваць пры якуцкай экспэдыцыі даведчы аддзел [Даведчы аддзел меў невялікую друкарню для распаўсюджваньня адозваў сярод насельніцтва.] на чале якога сталі каапэратар-абласьнік. А. Собалеў і эсэр Г. П. Грачоў. У знак ідэалягічнае салідарнасьці з якуцкаю экспэдыцыяю абласьнікамі быў перададзены апошняй бела-зялёны сьцяг як сымбаль сыбірскае аўтаноміі. Пепяляеў у сваю чаргу загадаў усяму атраду начапіць традыцыйныя пепяляеўскія бела-зялёныя істужкі замест кукард.
    Як ні адхрышчваўся Пепяляеў ад розных палітычных партый ды іншых арганізацый, але ў сваім наказе атраду перад яго адплыцьцём у Якуцію ён выразна выказаў свае вобласьніцкія жаданьні ў адносінах да Сыбіры.
    Была яшчэ адна сіла, палічыцца з якою, здавалася б, трэба было пепяляеўцам, якія выступалі за “народ”. Гэтаю сілаю былі адмоўныя адносіны да іх авантурыпз боку саміх працоўных. Яшчэ ў Харбіне Пепяляеў атрымаў ад паўнамоцнага прадстаўніка Азорніна перасьцярогу ўстрымацца ад новае антысавецкае авантуры. А цяпер, ва Ўладывастоку, працоўныя зноў напаміналі пра гэта пепяляеўцам, узарваўшы машыннае аддзяленьне параходу “Охотск”, прызначанага пад якуцкую экспэдыцыю. Вядома ўсе гэта імі было прынятае толькі за варожыя падкопы бальшавікоў, а не за “голас народу”. Папяляеўцы, упарта імкнуўшыся насустрач сваёй пагібелі, пагрузіліся на два зноў дадзеных ім параходы — “Батарея” і “Защитник”.
    Дзітэрыхс апошні раз папрабаваў злавіць іх з дапамогаю “кантрольнае ўрадавае камісіі”, якая зьявілася на параходы для затрыманьня дэзэрціраў з радоў прыморскае арміі. Але дэзэрціры шчасьліва зьехалі з параходаў на процілежны бераг — Чуркін мыс, а калі скончылася камэдыя агляду, з жартамі і сьмехам вярнуліся назад.
    Буркатліва шумела мора. З цяжкімі ўздыханьнямі хвалі ласкалі прыбярэжны граніт і з пахаплівым грукатам уцякалі назад — у бязьмежную марскую прастору, нібы прабуючы дагнаць “Батарею” і “Защитника”, якія вывозілі на далёкую поўнач “сыбірскую дабравольную дружыну” — так была названа ў загадзе ваенная якуцкая экспэдыцыя.
    Ва Ўладывастоку застаўся цяпер толькі інтэнданцкі груз “сыбірскае дружыны” і невялікая частка людзей, якія павінны былі выехаць у Якуцію з наступным трэцім зафрахтаваным параходам — “Томск”, што знаходзіўся ў плаваньні і яшчэ не вярнуўся ва Ўладывасток.
    Перад сваім ад’ездам з Харбіну Пепяляеў вёў перамовы з эсэрам Калашнікавым, які абяцаў у выпадку ўдачы Пепяляева ў Якуціі падняць паўстаньне ў Іркуцкім раёне. Калашнікаў запэўняў Пепяляева, што за ім пойдуць чырвоныя часьці і некаторыя чырвоныя камандзіры, якія знаходзяцца ў Іркуцку.
    Для гэтае мэты Калашнікаў атрымаў ад Пепяляева 5000 залатых рублёў у выглядзе авансу. Гэты новы саюзьнік Пепяляева павінен быў выехаць у Сыбір.
    У Харбіне Пепяляевым быў пакінуты нейкі палкоўнік-інвалід (кульгавы) з некатораю сумаю грошай. Ён павінен быў прадстаўляць ў Харбіне агента Пепяляева, пра якога ў выпадку посьпеху або патрэбы Пепяляеў разьлічваў атрымаць афіцэрскія кадры з асяродзьдзя белае эміграцыі. Усё было прадугледжана, усё было падрыхтавана, заставалася толькі заарканіць свабодны якуцкі народ, каб потым ісьці на Савецкую Сыбір і Расію.
                                                                      Порт Аян
    За граніцамі гранітных бухт шырока і вольна раскінулася водная прастора.
    Пасьля жорсткага тайфуну нібы адпачывала і песьцілася мора. Пазмагаўшыся з дрэнным надвор’ем, праз некалькі дзён, на захадзе сонца, “Батарея” і “Защитник” падыходзілі да высокага скалістага берагу, асьветленага чырвонымі праменьнямі заходзячага сонца. Уперадзе, падымаючы носам беласьнежную пену і зьліваючыся сваёю афарбоўкаю з колерам марское вады, ішла кананэрка “Батарея”, а за ёю, ідучы ў кільватэры, ішоў чорны пасажырскі параход “Защитник”. Хутка параходы параўняліся з высокім і крутым мысам, які ўдаецца ў мора. Далей уздоўж берагу цягнулася проставесная сьцяна голых і цёмных скал. Асьцярожна лявіруючы, параходы павольна падышлі да маленькае бухтачцы ахопленае з усіх бакоў лясістымі сопкамі. На берагох яе з двух бакоў віднеліся нешматлікія будынкі чалавечага жыльля. Не заходзячы ў бухту, параходы спыніліся. Гэта і быў порт Аян на Ахоцкім моры. Некалькі дзесяткаў год таму назад на гэтым месцы існаваў невялікі, але ажыўлены гандлёвы гарадок, які меў значэньне ня толькі для Якуцкае вобласьці, і для ўсяе Ўсходняе Сыбіры ў цэлым як пункт гандлёвага абмену з чужаземцамі. Потым, з адкрыцьцём партоў у Нікалаеўску-на-Амуры і ва Ўладывастоку, яго значэньне было страчана, і ён паступова прыйшоў да свайго першабытнага становішча.
    З яго старажытных будынкаў у цяперашні час захавалася толькі шэсьць пачарнеўшых прасторных дамоў — лазьня, тры вялікіх склады, кузьня і маленькая старая царква.
    Месцы, дзе былі іншыя будынкі, сумна абазначаліся гніючымі слупамі і кучкамі бітае цэглы.
    На процілежным, паўднёвым, беразе бухты знаходзілася яшчэ адно маленькае селішча, якое насіла назву Аянка. У ім налічвалася да сямі дамоў і некалькі вялікіх складаў. Тут жыло мясцовае насельніцтва і тут жа знаходзіліся рускія і замежныя гандлёвыя фірмы.
    Бераг здаваўся зусім бязьлюдным. Высланы для выведкі невялікі дэсант хутка адсыгналізаваў, што порт Аян заняты сваімі, і тады параходы ўвайшлі ў самую бухту. Хутка распаўсюдзілася вестка аб прысутнасьці ў Аяне рэштак разьбітае якуцкае “народнае” арміі.
    На “Защитник” у суправаджэньні прадстаўнікоў абласнога кіраўніцтва прыбыў і сам камандуючы арміяй — карнэт Карабейнікаў.
    З яго дакладу Пепяляеву выясьнілася, што паўстаньне скончылася поўнаю няўдачаю і што з усяе арміі паўстанцаў толькі каля трохсот чалавек адступіла да Аяну і каля двухсот — да гораду Ахоцку. Унутры ж вобласьці засталіся разрозьненыя невялікія партызанскія группы. Паводле апошніх апэрацыйных зводак было ўстаноўлена, што перадавыя сілы чырвоных знаходзяцца ў 250 кілямэтрах на захад ад Аяну — у пасёлку Нэлькан і што яны маюць намер пранікнуць цераз Джугджурскі хрыбет у Аянскі раён для канчатковае ліквідацыі разьбітых і дэмаралізаваных рэштак белагвардзейцаў.
    Такім парадкам абстаноўка аказалася ня толькі сумнаю, але і зусім нечаканаю для пепяляеўцаў, якія ехалі падтрымаць “народнае паўстаньне”, а цяпер выходзіла, што трэба пачынаць усё спачатку.
    Ва ўнісон гэтым невясёлым весткам надыходзіла цёмная і хмурная восеньская ноч. З апошнімі праменьнямі заходзячага сонца ў нізіны папаўзьлі сівыя хвалі халоднага туману і схавалі акружаючую мясцовасьць. З мора пацягнула пранізваючым праціўным вецярком. І нябачна ў тумане зашумелі і заплёхаліся ля берагоў буркатлівыя хвалі.
                                                             Таежныя дыпляматы
    У гэты час у ярка асьветленай і прытульнай кают-кампаніі “Защитника” задуманы Пепяляеў выказваў перад прыбыўшымі з Аяну прадстаўнікамі сваё меркаваньне аб неабходнасьці ехаць назад ва Ўладывасток. Тады група грамадзянскіх прадстаўнікоў — “грамадзкіх дзеячаў” — пачала настойваць неадкладна высадзіць прыехаўшае войска ў порце Аяне, ручаючыся сваімі галовамі і нават жыцьцём сваіх сямействаў за будучы посьпех антысавецкае барацьбы ў Якуціі. Галоўным чынам на гэтым настойвалі мясцовыя купцы і прамыслоўцы — спэцы па спойваньні і эксплёатацыі якутаў і тунгусаў: Д. Г. Барысаў, П. Д. Філіпаў, Юсуп Галібараў, С. П. Папоў і іншыя, якія і зьяўляліся актыўным і кіруючым ядром якуцкага паўстаньня 1921 г.
    Пепяляеву, які яшчэ ня спыніўся на канчатковым рашэньні, таежныя дыпляматы прабавалі даказаць неабходнасьць барацьбы з савецкаю уладаю. Яны ўказвалі на нацыянальную самабытнасьць якуцкага народу, які нібы ніяк ня можа прымірыцца з новаю формаю грамадзкага жыцьця, што праектуецца савецкаю ўладаю. Прычым яны стараліся ўсё гэта пацьвердзіць безьлічнымі “сапраўднымі фактамі” антысавецкага настрою якутаў і тунгусаў. Яны спакушалі Пепяляева наяўнасьцю вялікіх запасаў зброі, агняпрыпасаў і харчаваньня, ужо закупленага імі ў замежных гандлёвых фірм. Адным словам, яны прыкладалі ўсе стараньні да таго, каб утрымаць ў сябе “сыбірскую дружыну”. Напэўна з-за гэтага яны схавалі ад Пепяляева безьлічныя зьверствы над мірным насельніцтвам, зробленыя Карабейнікавым, і не паведамілі, што адносіны насельніцтва да белых сталі цяпер ня толькі адмоўнымі, але нават варожымі.
    У дадатак да ўсяго, пранюхаўшы пра слабасьць Пепяляева да “простага народу”, і жадаючы лепш замаскаваць свае карысьлівыя спадзяванкі ў барацьбе з савецкаю ўладаю, купцы прымусілі загаварыць простых тунгусаў-аленяводаў, якія знаходзіліся сярод іх. Апошнія проста і адкрыта рэзюмавалі размазьню сваіх тойёнаў:
    — Кажуць, бальшавік адбярэ ўсіх аленяў. Усё агульным робіць. Так жыць тайганам нельга — усе загінем.
    — Аднак дрэнны чалавек бальшавік — трэба ваяваць з ім.
    Так заявілі гэтыя простыя вялікія дзеці тайгі, кругом аблытаныя і ашуканыя сваім кулацтвам.
    У выступленьні цёмных тунгусаў Пепяляеў знайшоў фігавы лісток, што прыкрывае яго асабістае жаданьне яшчэ раз памерацца сіламі з савецкаю ўладаю на якуцкіх прасторах. Пепяляеў даў грамадзянскім прадстаўніком сваю згоду на антысавецкі паход. Тут жа быў аддадзены загад падрыхтавацца назаўтра да высадкі на бераг для паходу ў глыбіню Якуцкае вобласьці.
    Змоўклі гутаркі, ня чуваць было ні сьмеху, ні бясьпечных выгукаў па параходах.
    У надышоўшай цішыні сьпешна пакідалі “Защитник” здаволеныя сваім посьпехам прадстаўнікі якуцкага кулацтва.
                             Бюлетэнь № 1 Штабу сібірскае дабравольніцкае дружыны
    “У горадзе Нікольска-Усурыйску 15 жніўня гэтага году дэлегацыя Якуцкага абласнога кіраўніцтва, на чале з п. Ефімавым, мела спатканьне з кіраўніком Прымор’я генэралам Дзітэрыхсам. У рэзультаце сяброўскіх перамоваў з дэлегацыяй кіраўнік выдаў наступны ўказ:
                                                             УКАЗ КІРАЎНІКА
                                            ЗЕМСКАГА ПРЫМОРСКАГА КРАЮ
                                                           17 жніўня 1922 году
                                                                       № 31
    Прыбыўшая з Якуцкае вобласьці дэлегацыя Часовага якуцкага абласнога народнага кіраўніцтва паведаміла, што насельніцтва Якуцкае вобласьці стала на шлях барацьбы з савецкаю ўладаю і з восені мінулага году са зброяю ў руках змагаецца з Чырвонай арміяю.
    З мэтаю больш плянамернае барацьбы з тэрарыстычнаю савецкаю ўладаю паўстанцкае насельніцтва Якуцкае вобласьці ў складзе паветаў: Якуцкага, Вілюйскага, Верхаянскага і Калымскага, 12 сакавіка гэтага году выбрала абласную прававую ўладу — часовае якуцкае абласное народнае кіраўніцтва. Пад кіраўніцтвам яго насельніцтва вядзе цяпер самую адчайную вайну з камуністамі. Азначаная прававая ўлада, прызнаючы, што Якуцкая вобласьць зьяўляецца непадзельнаю часткаю Расійскае дзяржавы, у той жа час у сілу адміністрацыйнага тэрытарыяльнага падразьдзяленьня Расійскай імпэрыі аб’яўляе Якуцкую вобласьць самастойна кіраванаю абласною адзінкаю Расійскай зямлі і паведамляе, што якуцкая прававая ўлада — Часовае якуцкае абласное народнае кіраўніцтва — перадае ўсю паўнату ўлады Якуцкаму абласному земскаму сходу.
    Азнаёміўшыся з выкладзеным палажэньнем Якуцкае вобласьці і вітаючы часовае якуцкае абласное народнае кіраўніцтва, заклікае кіраўніцтва і насельніцтва Якуцкае вобласьці да салідарнае работы на шляху барацьбы з гнётам камунізму і стварэньня вялікае адзінае, магутнае і непадзельнае Расіі.
    З дапамогаю бога ўперад! З адважным правадыром генэралам Пепяляевым мы непераможны!
                                                             У паход на Нэлькан
    Такая абстаноўка патрабавала ад пепяляеўцаў хуткіх і рашучых дзействаў. Трэба было ня даць праціўніку заняць адзіны горны праход у глыбіню Якуціі цераз хрыбет Джугджуру, які знаходзіцца ў 70 кілямэтрах на захад ад Аяну.
    Таму Пепяляеў рашыў праз 3 дні выступіць на Нэлькан, дзе ён разьлічваў, нечакана зьявіўшыся, захапіць параходы чырвоных і іх харчаваньне і тады водным шляхам прасунуць сваю дружыну ў глыбіню Якуціі, у яе цэнтральны, населены раён.
    Пераход з Аяну ў Нэлькан быў разьлічаны на 20 дзён. Дружына павінна была ісьці на старым гандлёвым шляху, які пралягаў паміж гэтымі пунктамі, што знаходзіліся адзін ад аднаго на адлегласьці 260 кілямэтраў. Гэты шлях насіў калісьці назву “камэрцыйнага шляху Руска-амэрыканскай кампаніі”, але ў цяперашні час ад яго засталася агідная дарога з прагніўшымі гацямі, зарослая лесам і адзначаная рэдкімі ўцалеўшымі прыдарожнымі слупкамі. Шлях на ўсім сваім працягу ішоў праз таежную глуш, зусім не заселеную, дзе толькі выпадкова можна было сустрэцца з тунгусамі-паляўнічымі. З прычыны сьпешнасьці маршу і цяжкасьці дарогі Пепяляеў парашыў не абцяжарваць сябе грамозным транспортам і абмежаваўся на 600 чалавек трыма сотнямі пудоў харчаваньня і 240 пудамі неабходнага вайсковага грузу.
    Пад гэтыя цяжары грамадзянскае кіраўніцтва дало 80 коней і 120 аленяў.
    Пеняляеў, жадаючы адцягнуць увагу праціўніка ад сваіх галоўных сіл або ў крайнім выпадку раздрабіць яго сілы, парашыў арганізаваць наступленьне на Якуцк яшчэ і з паўночнага ўсходу, з ахоцка-якуцкага шляху. Для гэтае мэты ён і накіраваў на параходзе ў Ахоцк генэрала Ракіціна з некалькімі афіцэрамі і запасам зброі. Ракіцін павінен быў сфармаваць там асобны атрад з якутаў і рускіх і па першай зімовай дарозе ісьці на Якуцк.
   Пасьля высадкі войска ў працягу трох дзён у Аяне кіпела незвычайна шумнае жыцьцё. Усюды капашыліся і рухаліся людзі.
    Відавочна, упершыню за ўсё сваё жыцьцё так шумеў Аян. Яго мінулая гісторыя ня ведала прысутнасьці такога мноства клапатлівых узброеных людзей. Спакойна спаў ён, закалыханы зімовымі завірухамі і марскімі бурамі, сярод лясістых адгор’яў Джугджуру. І толькі цяпер, з пепяляеўцамі, дакаціліся да Аяну водгукі рэвалюцыйнае барацьбы і перарвалі ціхамірны сон гэтае паўночнае Аркадыі.
    Нарэшце ўсе падрыхтоўкі да паходу на Нэлькан былі скончаны. Раніцою 10 верасьня выступіў авангардам першы батальён дружыны.
    11 верасьня выступілі галоўныя сілы, з Пепяляевым на чале. Перад выступленьнем, на аглядзе, Кулікоўскі — кіраўнік вобласьці — сказаў нападарожную прамову, натхняючы войска на ратнае геройства ў імя “шчасьця ўсяго рускага народу”.
    Напярэдадні свайго выступленьня Пепяляеў напісаў пісьмо сваёй жонцы (якая засталася ў Харбіне). Гэтае пісьмо ён паслаў з паручнікам Кашкадамавым (прыяцель Калашнікава, эсэр).
    У сваім эксцэнтрычным пісьме Пепяляеў маліўся богу, шмат выліваў абывацельскіх пачуцьцяў; упамінаючы ж пра Кашкадамава, піша: “Слаўны ён, толькі шкада, што жанаты на яўрэйцы”. І далей: “Я глыбока веру, што на будучую восень безумоўна ня будзе камуністычнае ўлады ў Сыбіры”.
                                                               ДЭКЛЯРАЦЫЯ
                           Рэвалюцыйнага камітэту і Савету народных камісараў ЯАССР
                       з поваду ўступленьня на тэрыторыю ЯАССР пепяляеўскага войска
    Наша маладая Якуцкая аўтаномная сацыялістычная савецкая рэспубліка перажыла нячувана цяжкі па сваіх выніках год разьвіцьця ў краі паўстанчага руху, які нанёс рэспубліцы безьлічныя разбурэньні народнае гаспадаркі і зьнясіліў лепшыя як культурныя, так і эканамічныя сілы краю.
    У цяперашні час паўстанцтва як гэткае ліквідавана. Захаваліся толькі нікчэмныя рэшткі паўстанцкіх атрадаў, якія выраджаюцца ў звычайныя крымінальна-бандыцкія шайкі і займаюцца грабяжамі і вырэзваньнем мірных жыхароў. Махровыя белагвардзейскія элемэнты — рускія афіцэры, актыўныя арганізатары, а таксама. частка прадстаўнікоў якуцкае нацыянальнае інтэлігенцыі — зьбеглі ў кірунку Аймякону, Ахоцку і Аяну. Асноўная маса былых паўстанцаў пакінула белагвардзейскі камандны састаў і разышлася па хатах. Такім парадкам паўстанцтва ў цэлым, з сярэдневяковымі зьверствамі, жахамі і непасільнымі для насельніцтва паборамі, страціўшы ўсякі грунт, расклалася, на свае асноўныя чдсткі і на 1 кастрычніка лічыцца ліквідаваным ва ўсіх частках ЯАССР, за выключэньнем самых аддаленых і глухіх паўночных акруг.
    Рэвалюцыйны камітэт ЯАССР у адзнаку абвяшчэньня аўтаноміі і з мэтаю захаваньня культурных сіл краю сваім маніфэстам ад 22 красавіка 1922 г. і пастановаю Рэўкому, Саўнаркому і ваенкамандаваньня ад 18 жніўня 1922 году поўнасьцю амніставаў ўсіх паўстанцаў, якія здаліся савецкае ўладзе.
    Гэты крок рэвалюцыйных органаў улады сустрэў радасны водклік ва ўсіх слаёх насельніцтва. Лепшая частка якуцкае нацыянальнае інтэлігенцыі рашуча і цьвёрда заявіла аб сваім падтрыманьні і прызнаньні савецкае ўлады.
    З усім запалам і стараньнем яна ўзялася за будаўніцтва аўтаномнае Якуціі.
    Насельніцтва вярнулася да мірнае працы і з падвоенаю энэргіяю пачало наладжваць сваю разбураную гаспадарку. Імкнучыся да хутчэйшае аднаўленьня нармальнага жыцьця і жадаючы зжыць пагібельныя вынікі паўстанцкага руху, Рэвалюцыйны камітэт ЯАССР пачаў праводзіць выбары ў саветы на мясцох. Аб’яўлены ўжо час і тэрміны ўлусных (валасных.— І. С.), акруговых і ўстаноўчага ўсеякуцкага зьездаў саветаў якуцкага працоўнага народу.
    Рэвалюцыйны камітэт з усёю рашучасьцю ўзяў курс на аднаўленьне мірнага жыцьця ў поўнай адпаведнасьці з жаданьнямі і імкненьнямі ўсяго народу, выражанымі ў пастановах шматлікіх зьездаў, нарад, мітынгаў і сходаў.
    За апошні час дасягнута поўнае яднаньне ўлады і насельніцтва. Якуцкі працоўны народ на сваіх зьездах і парадах з поўным задаволеньнем адзначае ваенную, палітычную і гаспадарчую работу Рэвалюцыйнага камітэту і Савету народных камісараў ЯАССР і глыбокія гуманныя адносіны да насельніцтва Чырвонай арміі.
    Аднак заклятыя ворагі якуцкага народу, адкіды расійскае контррэвалюцыі, пры ўскосным падтрыманьні імпэрыялістаў Далёкага Ўсходу, зноў прабуюць працягнуць свае акрываўленыя лапы на маладую, яшчэ не акрыяўшую Якуцкую рэспубліку Вораг ужо ўступіў на тэрыторыю ЯАССР.
    Войска генэрала Пепяляева і яго кроўных ня мае ніякіх адносін да паўстанцкага. руху і да насельніцтва. Войска генэрала Пепяляева становіць сабою выгнаныя з Прымор’я сіламі народна-рэвалюцыйнае арміі ДВР, разьбітыя рэшткі ранейшай калчакаўскай арміі, цяпер мяркулаўскае і ўсяе прыморскае контррэвалюцыі. Яны — заклятыя ворагі ўсіх працоўных мас і якуцкае нацыі.
    Мэты і задачы іх ясныя: яны ідуць разграміць і зьнішчыць Якуцкую аўтаномную сацыялістычную савецкую рэспубліку, заняволіць якуцкі народ і разграбіць багацьці нашага краю.
    Барацьба, якая будзе з імі, ёсьць барацьба на жыцьцё і сьмерць якуцкае нацыі, барацьба за існаваньне аўтаномнае Якуціі. Таму ўсе, хто далучыцца да белагвардзейскіх банд генэрала Пепяляева, будуць аб’яўлены ворагамі якуцкага народу і панясуць належную кару з боку савецкае улады.
    Рэвалюцыйны камітэт і Савет народных камісараў ЯАССР зварочваюцца з заклікам да ўсяго насельніцтва АССР — аб’яднацца вакол сьцягу савецкае ўлады і адзіным фронтам выступіць проці наступаючага ворага якуцкае нацыі. Да ўсяе якуцкае нацыянальнае інтэлігенцыі праявіць асаблівую энэргію і сілу ў абароне ЯАССР і заклікаць свой народ на абарону аўтаномнае Якуціі.
    Да ўсіх амніставаных паўстанцаў, ашуканствам уцягнутых у барацьбу з савецкаю ўладаю: стаць на абарону ЯАССР, узброіцца і разам з Чырвонаю армію павесьці бязьлітасную барацьбу з разбойніцкімі бандамі генэрала Пепяляева.
    Браты якуты, тунгусы, сяляне і ўсе працоўныя! Наша Чырвоная армія, якая пралівае кроў, баронячы інтарэсы Якуцкае рэспублікі, патрабуе брацкае дапамогі абмундзіраваньнем, харчаваньнем і транспорту і чакае вашага падтрыманьня. Прыйдзеце на дапамогу чырвонаму войску.
    Рэвалюцыйны камітэт і Савет народных камісараў ЯАССР са свайго боку заяўляюць ўсяму насельніцтву Якуціі, што, ня гледзячы на пачатую лютую барацьбу з ворагамі якуцкага народу, якія зарваліся, яны з усёй цьвёрдасьцю і пасьлядоўнасьцю будуць праводзіць тую палітычную лінію, якая выражана ў маніфэсьце Рэўкаму ЯАССР ад 22 красавіка 1922 году.
    Прымаючы пад увагу, што і ў радох пепяляеўскага войска ёсьць нямала такіх, якія шчыра каюцца, Рэвалюцыйны камітэт і Савет народных камісараў ЯАССР аб’яўляюць, што ўсім казакам, афіцэрам і салдатам, якія складуць зброю і здадуцца на літасьць савецкае ўлады, у адпаведнасьці з пастановаю ЎсеЦВК ад 7 жніўня гэтага году будзе гарантавана асабістая недатыкальнасьць.
    14 кастрычніка 1922 году, г. Якуцк.
    Час. вык. аб. старшыні Рэвалюцыйнага камітэту і
    Старшыня Савету Народных Камісараў Іс. Барахаў.
    Члены Рэвалюцыйнага камітэту: А. Бахсыроў, Байкалаў, С. Аржакоў, Назараў, Шырокіх.
    Народныя камісары: НКЮ — Стэфанюк, НКРСІ — Кірэнскі, — НКФ — Сямёнаў.
                                        Кір. Поштэль — Сіўцоў, НКП — Данской (2-і).
    Сакратар Рэўкаму і Саўнаркаму — К. Нікіфарава.
    (Газэта “Автономная Якутия” ад 17 кастрычніка 1922 г.).
                                                                     АДОЗВА
                   Рэвалюцыйнага камітэту ЯАССР да насельніцтва Якуціі аб уступленьні
              ў шэрагі якуцкіх народна-рэвалюцыйных дабравольніцкіх атрадаў (Якнаррэўдат)
                                         і пра збор дабравольных ахвяраваньняў.
    Існаваньню аўтаномнае Якуціі і яе гаспадарчаму адраджэньню ад разбуральных вынікаў грамадзянскае вайны пагражае сьмяротная небясьпека. На паўднёва-ўсходняй акраіне вялізнае Якуцкае рэспублікі, на ўзьбярэжжы Ахоцкага мора, у порце Аян, 8 верасьня высадзіліся белагвардзейскія банды генэрала Пепяляева. Гэтыя банды ўжо знаходзяцца на тэрыторыі ЯАССР. Рабоча-сялянская Чырвоная армія ня раз разьбівала контррэвалюцыйныя войскі манархічных генэралаў. Яна ня раз сваёю зьлітаванасьцю. ідэёваю спайкаю і палітычнаю сьвядомасьцю разьбівала іх. Няма сумненьня, яна і на гэты раз здолее расправіцца з наглым ворагам.
    Але наша якуцкая Чырвоная армія, будучы занятая на франтах сур’ёзнымі і буйнымі баявымі апэрацыямі, мае патрэбу ў дапамозе малых рухомых атрадаў, знаёмых з мясцовымі ўмовамі, моваю, якія забясьпечваюць нашы флянгі, разбураюць тыл праціўніка і займаю на важных кірунках мясцовыя пункты, улусы і насьлегі (сельскія грамады. — I. С.).
    Такія атрады можа даць сама Якуція, выдзеліўшы на ўкамплектаваньне іх сваіх лепшых і сьмелых сыноў.
    Рэвалюцыйны камітэт ЯАССР парашыў сфармаваць шэраг такіх атрадаў. На пленарным паседжаньні сваім ад 19 кастрычніка гэтага году ён прыняў асобнае палажэньне аб Якуцкіх народна-рэвалюцыйных дабравольніцкіх атрадах (Якнаррэўдат), арганізацыя якіх мае спэцыяльнаю мэтаю зьнішчэньне банд далёкаўсходніх контррэвалюцыянэраў якія прабуюць разграміць і зьнішчыць ЯАССР, заняволіць якуцкі народ і разграбіць багацьці аўтаномнае Якуціі.
    На падставе гэтае пастановы загадам камвойскам ЯАССР назначан асобны штаб Якнаррэўдату ў горадзе Якуцку. Па ўсіх улусах і насьлегах адкрываецца запіс дабравольцаў. У Якнаррэўдат могуць ўступаць і былыя паўстанцы, якія жадаюць абараніць сваю нацыю ад новых заняволеньняў і кабалы.
    Сем’і байцоў Якнаррэўдату будуць карыстацца ўсімі правамі сем’яў чырвонаармейцаў, прычым, улічваючы спэцыфічныя асаблівасьці Якуцкага краю, Рэвалюцыйны камітэт выпрацоўвае асобнае палажэньне аб аказаньні дапамогі на мясцох сем‘ям байцоў Якнаррэўдату.
    Якуцкая рэспубліка, якая перажывае цяжкія гады гаспадарчае разрухі і вымушаная ўтрымліваць значныя чырвонаармейскія сілы для барацьбы з ворагамі, якія зарваліся, мае патрэбу ў пасільнай дапамозе і падтрыманьні самога насельніцтва ў справе ўтрыманьня зноў арганізаваных якуцкіх атрадаў.
    Рэвалюцыйны камітэт ЯАССР заклікае насельніцтва ўсяе Якуціі праз дабравольныя ахвяраваньні аказаць пасільную дапамогу Якнаррэўдату.
    Рэвалюцыйны камітэт прапануе ўсім мясцовым органам улады — улусным і насьлежным дэпутатам, рэўкомам і саветам — прыступіць да збору дабравольных ахвяраваньняў на карысьць Якнаррэўдату і адкрыць запіс дабравольцаў.
    Усе, каму дорага жыцьцё і свабода аўтаномнае Якуціі, — у шэрагі Якнаррэўдату!
    Усе, хто ня хоча заняволеньня якуцкае нацыі, запісвайцеся ў Якнаррэўдат!
    Усе, хто ня хоча аднаўленьня старога рэжыму паліцэйскае кабалы і рускага афіцэрскага разгулу — ідзіце ў Якнаррэўдат!
    Усе, хто застаўся на мясцох і ня можа чаму-небудзь уступіць у рады Якнаррэўдату, ваш абавязак — аказаць пасільную дапамогу арганізацыі і ўтрыманьню сваіх якуцкіх атрадаў. Нясіце свае ахвяраваньні.
    Час. вык. аб. старшыні Рэвалюцыйнага камітэту ЯАССР Іс. Барахаў
    Сакратар Рэўкому Я. Нікіфарава.
    Дэклярацыя і адозва якуцкага савецкага ўраду сустрэлі самае шырокае спачуваньне сярод насельніцтва. Яно падтрымала атрады ня толькі жывою сілаю, але і матэрыяльнымі сродкамі. Запіс дабравольцаў з прычыны вялікага іх наплыву прышлося спыніць. Аснову дабравольніцкіх атраду склалі былыя паўстанцы як радавыя байцы, так і камандзіры, як больш выпрабаваныя ў баявых адносінах. Было шмат ахвяраваньняў. Ахвяроўвалі: коней з сёдламі, рагатую, скаціну, хутравую вопратку, рукавіцы, шапкі, абутак і прадукты. З Вілюйскае і Алёкмінскае акруг на імя Рэўкому паступалі тэлеграмы з просьбаю дазволіць фармаваньне дабравольніцкіх атрадаў і пасылку іх у Якуцк. Але з прычыны далячыні ад гэтае дапамогі прышлося адмовіцца.
    Так рыхтавалася насельніцтва Якуціі да сустрэчы Пепяляева.
                                                             Будні тылу у белых
    Скончыла сваё бясслаўнае існаваньне “якуцкая народная армія” Пасьля дэмабілізацыі яе рэштак са зноў прынятых якутаў-дабравольцаў у колькасьці каля 200 чалавек, быў сфармаваны 3 асобны якуцкі батальён, які прыступіў у Аяне да ўзмоцненае вайсковае вучобы, пад кіраўніцтвам некалькіх афіцэраў-пепяляеўцаў з прыкамандзіраванымі да іх тлумачамі з якуцкіх інтэлігентаў.
    Былы камандуючы якуцкаю арміяю Карабейнікаў і яго бліжэйшы памочнік палкоўнік Дуганаў, маючы пры сабе больш пуда золата і шмат пушніны, з часткаю афіцэраў, — усяго каля 15 чалавек, — паехалі з параходам “Защитник” ва Ўладывасток. Кіраўнік вобласьцю Кулікоўскі аддаў распараджэньне пра расфарміраваньне “якуцкага абласнога народнага кіраўніцтва”, што знаходзіцца ў Ахоцку.
    Усе справы і сродкі апошняга павінны былі паступіць у распараджэньне кіраўніка вобласьцю, а члены кіраўніцтва заставаліся пры Кулікоўскім у якасьці якуцкіх асобаўпаўнаважаных.
    Гэтае распараджэньне павёз у Ахоцк раней камандзіраваны туды генэрал Ракіцін.
    Але “якуцкае абласное народнае кіраўніцтва”, якое асталявалася ў Ахоцку, каля мільённага складу тавараў, што належалі якуцкаму купцу Нікіфараву, адказала на заклік Кулікоўскага вельмі дыпляматычна, што яно прызнае Кулікоўскага як кіраўніка вобласьцю, вітае прыехаўшага з дружынаю генэрала Пепяляева і будзе як мага аказваць яму дапамогу ў барацьбе з савецкаю ўладаю ў Якуціі.
    Пра расфарміраваньне кіраўніцтва і пра прыезд яго членаў у Аян, у распараджэньне Кулікоўскага, кіраўнікі наўмысьля прамаўчалі.
    Такім парадкам у вобласьці фактычна станавілася дзьве антысавецкіх улады: адна з Пепяляевым і Кулікоўскім на чале, імкнулася да захвату Якуцку, прабіваючыся да цэнтральных раёнаў вобласьці, і вылілася ў форму ваеннае дыктатуры; а другая, у вобразе “якуцкага абласнога народнага кіраўніцтва”, усю сваю ўвагу пакіравала на поўнач як па найбольш багаты па пушніну раён, дзе было выгадна і зручна рэалізаваць нікіфараўскія тавары.
    30 верасьня ў Аян па вялікім акіянскім параходзе Дабрафлёту “Томск” прыбыў з Уладывастоку са 150 байцамі і 12000 пудоў рознага інтэнданцкага грузу генэрал Вішнеўскі, памочнік Пепяляева.
    Член “якуцкага абласнога народнага кіраўніцтва” Разанскіх Аф. Пятр., які знаходзіўся ў гэты час у Аяне, перадаў Вішнеўскаму адрасаванае на імя Пепяляева пісьмо ад старшыні кіраўніцтва Яфрэмава, які пісаў наступнае:
    Зусім сакрэтна. Ахоцкае ўзьбярэжжа і Якуцкая вобласьць з яе пушнымі багацьцямі прыцягваюць увагу дзялкоў усіх катэгорый, пачынаючы з Бачкарова і Лесьнікава і канчаючы Сяньцяпавым, Яныгіным і іншымі, з іх безьлічнаю колькасьцю таварышаў. Усе гэтыя людзі, ані ня думаючы пра дабро свае радзімы і ў той жа час мусіруючы лёзунгі аднаўленьня радзімы, працуюць для сваіх асабістых карысьлівых мэт. Гэтыя людзі ўзаемна канкурыруюць адзін з адным, жывуць паміж сабою, як кот з сабакам, і ў той жа час расстройваюць нармальнае жыцьцё, спрыяючы нармальнаму псуцьцю насельніцтва і выхоўваючы яго ў духу авантурызму і атаманаўшчыны. Бачкароў і Яныгін унесьлі нямала адмоўных элемэнтаў у асяродзьдзе якуцкага насельніцтва, пра што вам пацьвердзяць М. М. Сіўцоў, І. Л. Сьляпцоў. Е. А. Сьляпцоў, I. Г. Сіўцоў ды іншыя якуты. У імя забесьпячэньня свайго тылу, якім зьяўляецца порт Ахоцк (наогул Ахоцкае ўзьбярэжжа), неабходна вам усіх “герояў” Ахоцкага ўзьбярэжжа раззброіць і ўстанавіць сваю цьвёрдую ўладу.
    Я асабіста страціў надзею на тое, што прыморская ўлада проці ахоцкіх авантурыстаў ужыве якія-небудзь меры, бо Бочкароў і іншыя ва Ўладывастоку маюць сваіх агентаў з асоб, якія вельмі блізка стаяць да кіруючае сфэры”.
    Разанскі пачаў вельмі прасіць Ракіціна пра адпраўку ў Ахоцк атраду з дружыны для зьмены ахоцкага гарнізону. Гэты гарнізон складаўся з бачкароўцаў і, паводле заявы Разанскага, быў варожа настроены да якутаў. Вёў разгульнае жыцьцё і быў нячысты на руку. З прычыны таго, што ахоцкі порт паводле стратэгічных меркаваньняў было пажадана замацаваць за дружынаю, просьба Яфрэмава і Разанскага была задаволена. У Ахоцк з параходам “Томск” быў камандзіраваны з невялікім атрадам капітан Міхайлоўскі — адзін з блізкіх да Пепяляева. Гэты ж самы Міхайлоўскі блізка стаяў і да абласьніцкае арганізацыі!
    Калі прыбыў капітан Міхайлоўскі ў Ахоцк, пасьля невялікіх спрэчак бачкароўцы згадзіліся “добраахвотна” пакінуць горад і выехаць з параходам “Томск” ва Ўладывасток.
    Генэрал Ракіцін з дапамогаю “якуцкага народнага кіраўніцтва” ўжо фармаваў атрад з рэшткаў паўстанцаў у мясцовасьць Арка, у 105 кілямэтрах на паўночны захад ад Ахоцку.
    Разам з Міхайлоўскім у Ахоцк прыбыў ехаўшы з Уладывастоку сапраўдны стацкі саветнік Н. М. Сокалаў з цэлым штатам грамадзянскіх служачых, назначаны Дзітэрыхсам на пасаду кіраўніка Ахоцкім раёнам.
    Параход “Томск”, плывучы назад, зайшоў у Аян, дзе была зроблена нарада, на якой прысутнічалі: кіраўнік вобласьцю Кулікоўскі, яго памочнік Філіпаў, падпалкоўнік Мальцаў, капітан Голубеў, Т. С. Іваноў, А. А. Ноўгарадаў, П. Н. Пратасаў і прыехаўшы з Ахоцку з параходам “Томск” купец Г. В. Нікіфараў. Нікіфараў далажыў нарадзе, што ў цяперашні час у Ахоцку бежанцаў і байцоў каля 500 чалавек, коней каля 300. На Новым Усьці знаходзіцца атрад міліцыі — 40 чалавек. Уся пушніна абласнога кіраўніцтва ліквідавана на пакупку тавараў і зброі для арміі і выплаты даўгоў. Пагашаны даўгі: 1) уладывастоцкі доўг Кушнарову і Свэнсану — 86 тысяч залатых рублёў; 2) доўг Свэнсану за зброю, адпушчаную ў Аяне, — 14 тысяч рублёў; з) фірме “Гудсон Бой” за зброю, адпушчаную ў Аяне, — 3 тысячы рублёў.
    Свэнсану дадзены новы заказ на тавары асеньнім рэйсам і выдадзены задатак у 50 тысяч рублёў.
    Свой тавар у 12000 пудоў Нікіфараў здаў якуцкаму абласному кіраўніцтву ў Ахоцку і атрымаў на 100 тысяч рублёў пушніны і на 115 тысяч рублёў даўгавых абавязацельстваў. Паводле згоды з нарадаю Нікіфараў цяпер выяжджаў у Японію для выкананьня новага заказу на цёплую вопратку і зброю.
    Параход “Томск” з прычыны раньняе восені больш у Аян не вярнуўся. Кананэрка “Батарэя” незадоўга перад гэтым таксама паплыла ва Ўладывасток.
    Калі пашлі параходы, спынілася ўсякая сувязь са зьнешнім сьветам, якая падтрымлівалася праз радыёстанцыю на параходах. Прыёмная радыёстанцыя ў Аяне знаходзілася яшчэ ў стадыі ўстаноўкі, а радыёстанцыя ў Ахоцку была разбурана чырвонымі пры заняцьці гораду бачкароўцамі.
                                                            Нечаканы візыт
    У адну яркую асеньнюю раніцу, залітая праменьнямі ўзыходзячага сонца, бліскаючы беласьнежнымі бартамі, у Аянскую бухту нечакана ўляцела прыгожая маторная яхта.
    Хутка ў штаб гарнізону да пепяляеўцаў зьявіліся два нязваных госьці.
    Адзін з іх на выгляд напамінаў тыповага афіцэра японскае арміі. Ён ні слова не гаварыў па-руску і быў адзеты у дарагі цывільны гарнітур.
    Другі быў японец з мясцовае фірмы “Арай-Гумі”, які суправаджаў першага ў якасьці тлумача.
    Прыехаўшы японец адрэкамэндаваўся прадстаўніком аднае вельмі вялікае японскае гандлёвае фірмы і папрасіў інфармаваць яго пра становішча ў Якуцкай вобласьці і пра мэты сыбірскае дружыны, заявіўшы, што гэтыя весткі яму неабходны з-за камэрцыйных меркаваньняў.
    У кароткіх словах наведніку абмалявалі становішча ў Якуцкай вобласьці і вельмі павярхоўна расказалі аб намерах дружыны.
    Але “камэрсант” аказаўся вельмі назойлівым, пачаўшы выкладаць свае меркаваньні адносна антысавецкай барацьбы ў Якуціі.
    У рэзультаце ён параіў устанавіць сяброўскую сувязь з Японіяй, прапануючы для гэтае мэты камандзіраваць у Токіё прадстаўніка ад сыбірскае дружыны, якога ён браўся даставіць у Японію на сваёй яхце і там прадставіць яго відным членам свайго ўраду.
    Захапіўшыся гутаркаю, японскі “камэрсант” даволі хутка нарысаваў на паперы схематычную карту Якуцкае вобласьці, на якой нечакана для прысутных падпісаў прыгожым почыркам рускае слова “Нэлькан” і, спахапіўшыся, хутка яго закасаваў.
    Нарэшце японцу выразна сказалі, што ўсе яго гутаркі і прапановы бескарысны, бо Пепяляеў адмоўна адносіцца да інтэрвэнтаў, а асабліва да японцаў.
    Тады загадкавы японец зрабіў яшчэ адну спробу дабіцца жаданых для яго рэзультатаў. З гэтаю мэтаю ён накіраваўся да кіраўніка вобласьцю Кулікоўскага. Але там яго чакала непрыемнасьць: Кулікоўскі прызнаў у ім японскага афіцэра, з якім яму раней прыходзілася сустракацца ў Нікалаеўску-на-Амуры.
    Пасьля выкрыцьця інкогніта японец адкрыта запрапанаваў Кулікоўскаму дапамогу з боку Японіі ў антысавецкай барацьбе на тэрыторыі Якуціі.
    Кулікоўскі адмовіўся ад падобнае прапановы, і на наступны дзень, з падарожным ветрам, паімчалася ў мора белакрылая прыгожая яхтачка, нясучы з сабою няўдачнага “камэрсанта” ў справе контррэвалюцыйнага тавару.
                                                  Нэльканская няўдача Папяляева
    Пасёлак Нэлькан, які знаходзіцца на правым беразе ракі Маі, мае ўсяго толькі 25 дамоў. Ён зьяўляецца перавозачнаю станцыяй для грузаў, якія ідуць з порту Аян у горад Якуцк.
    Усе грузы, якія прыбываюць марской дарогаю, ішлі да Нэлькану ўючным парадкам, а ў ім перагружаліся на судны і сплаўляліся па рэках Маі, Алдане і Лене да самага Якуцку.
    За час грамадзянскае вайны ў вобласьці ўсе жыхары гэтага пасёлку разьбегліся. У ім засталася толькі адна сям’я, якая прытуліла ў сябе чацьвярых дзяцей. Бацькоў гэтых дзяцей расстраляў Карабейнікаў толькі за тое, што іх сваяк служыў у чырвоных.
    Да гэтага пасёлку і імкнуўся непрыкметна падыйсьці з атрадам Пепяляеў. Ён разьлічваў захапіць харчаваньне і параходы ў чырвоных. Пасьля вельмі цяжкага паходу, зрасходаваўшы ўсё харчаваньне і страціўшы ў дарозе конскі састаў і аленьні транспорт, пепяляеўцы 1 кастрычніка ўдарылі па Нэлькану з некалькіх бакоў, спачатку зрабіўшы засаду па рацэ Маі ля Сямі Пратокаў. Але ўдар іх аказаўся дарэмным.
    Войска ўвайшло ў пусты і галодны пасёлак у якім апынулася, як у пастцы.
    Ісьці ўперад па рацэ ня было па чым і ня было з чым, назад таксама ня было з чым ісьці. Да таго ж пачалася асеньняя бездараж, якая ўсякія зносіны з Аянам спыніла месяцы на паўтара, да першае зімовае дарогі.
    Шэсьцьсот пепяляеўцаў аказаліся ў трагічным становішчы. Яны пачалі зьнішчаць сабак, катоў, якія засталіся ў пасёлку, сырыя нявырабленыя шкуры жывёл, палявалі за варонамі і іншаю жыўнасьцю. Белыя ў Нэлькане аказаліся ў такім жа самым становішчы, як чырвоныя ў свой час у Алах-Юнскай, з адной толькі розьніцай. Адны елі скуры, галадалі за рэвалюцыю, за новы сьвет, за вызваленьне ўсяго чалавецтва ад капіталу, вялізнага ненасытнага паразыта, які высысае кроў з гіганцкага цела пралетарыяту ўсіх краін. Другія ж цярпелі бядоты і ўсякія пазбаўленьні, каб адстаяць цьвярдыні Молаха і прадоўжыць існуючае на зямлі векавое рабства.
    Пепяляеў два разы пасылаў пасыльных у Аян з катэгарычным патрабаваньнем неадкладна даставіць у Нэлькан харчаваньне і цёплае абмундзіраваньне.
    У адказ на атрыманыя загады Пепяляева мясцовыя жыхары ў Аяне бездапаможна разводзілі рукамі, заяўляючы, што лёс пепяляеўцаў у Нэлькане цяпер залежыць ад “волі боскае і ад сілы магчымасьцей”.
    З дапамогаю якутаў, якія знаходзіліся ў атрадзе, Пепяляеў зьвязаўся з вандроўнымі тунгусамі, разам з якімі наладзіў нараду і папрасіў у іх дапамогі. Тунгусы згадзіліся памагчы Пепяляеву, абяцаўшы да прыходу транспорту з Аяну даваць дружыне мяса. А самому Пепяляеву яны далі некалькі аленяў і праваднікоў, і ён выехаў у Аян.
    Праз тыдзень пасьля прыезду Пеняляева ў Аян адтуль да Нэлькану быў высланы транспорт у 40 нарт аленяў.
    Гэты транспарт быў хутка арганізаваны дзякуючы гарачаму ўдзелу ў гэтай справе купца Філіпава, які карыстаўся вялікім уплывам сярод тунгусаў. Рэдкі з тунгусаў ня быў у Філіпава ў вечных даўгах.
    5 сьнежня Пепяляеў выехаў назад у Нэлькан.
    Туды ж хутка выступіў і генэрал Вішнеўскі са зводным атрадам.
    12 сьнежня 1922 году Пепяляеў запісаў у свой дзёньнік:
    Еду з Аяну ў Нэлькан. Пакутныя думкі ўсё аб тым жа самым без канца ніколі не пакідаюць мяне. Часам зусім ня хочацца жыць. Страчаны ідэал чыстага жыцьця праўда, якая сьвята хавалася. Учора было асабліва моцнае жаданьне проста скончыць з сабою. Але гэта вялікі грэх перад богам. А я веру. А радзіма, а сам’я ўлюбёная? Да будзе, госпадзі, воля твая! Памажы, божа! Да будзе, госпадзі, воля твая! Мая мара увайсьці ў Сыбір. Стварыць сыбірскую нацыянальную народна-рэвалюцыйную ўладу, сабраць усерасійскае ўстаноўчы сход. Мае перакананьні — народнік, ненавіджу рэакцыю з яе помстаю, крывёю, са зваротам да старога. Улада сялянства, вёскі — вось мой ідэал. Увасабленьне старарускіх, вечавых асноў праваслаўнага войска... Значок сыбірскае народна-рэвалюцыйнае арміі — бела-зялёны сьцяг, на адным баку чырвоная паласа па дыяганалі, на другім залаты крыж. Сымбаль: рэвалюцыя канчаецца зваротам да Хрыста і крыжа ўсяе нацыі, гарадоў Сыбіры”.
    Гэты цяжкі вурок усё ж не пахіснуў у пепяляеўцаў упэўненасьці ў канечны посьпех іх прадпрыемства. Яны, як і раней, верылі, што дружына, перамогшая вялізныя галодныя прасторы тайгі і выйшаўшы ў населеную паласу вобласьці, будзе радасна сустрэта паклікаўшым яе якуцкім народам, як яго вызваліцельніца ад “бальшавіцкага засільля”.
    Дружына пачала рыхтавацца да далейшага прасоўваньня ў глыбіню вобласьці. Начальнік штабу дружыны палкоўнік Ляонаў, робячы вывад аб ваенна-палітычным становішчы ў Якуціі, пісаў:
    Змаганьне ўперадзе вельмі цяжкае як па ўмовах мясцовасьці, так і з-за суадносін сіл і сродкаў. У той час як перад намі добра ўзброены праціўнік, лікам ад 3 да 4 тысяч. У нас пакуль што ёсьць 900 чалавек і поўная адсутнасьць узбраеньня, якім можна было б забясьпечыць насельніцтва”.
    Генэрал Пепяляеў піша Дзітэрыхсу:
    16-га кастрычніка 1922 г. № 22, с. Нэлькан. Ваша высокаправасхадзіцельства! Пасьля 15 дзён паходу заняты Нэлькан. Чырвоныя, ня прыняўшы бою, уцяклі на рацэ Маі уніз — у Ўсьць-Майскае. Начальнік штабу палкоўнік Ляонаў падрабязна ў сваім дакладзе вылажыў пра наша становішча, пра палітычную і апэрацыйную абстаноўку. Крыху ня згодзен з яго ацэнкаю псыхалягічнага стану чырвонага войска Думаю, што іх начальнікі безумоўна знойдуць спосаб падняць дух свайго войска і перад намі несумненна будуць у поўнай меры баяздольныя часьці.
    Змаганьне будзе ўпартае і сур’ёзнае. Чырвоныя будуць адыходзіць на свае рэзэрвы да Якуцку, могуць выставіць проці нас да 3000 пяхоты, з 30 кулямётамі і 6 гарматамі. Мы ж будзем цалкам залежаць ад настрою мясцовых жыхароў, асабліва ў сэнсе харчаваньня. Усё ж, я думаю, і ў нас ёсьць шмат даных для посьпехаў, і таму я рашаюся на зімовы паход. У першых чыслах лістапада выступаю ад в. Петрапалаўскае, ад Нэлькану 500 кілямэтраў.
    Калі паможа гасподзь і дасьць нам посьпех і мы возьмем Якуцк, пастараемся зьвязацца з вамі па радыё”.
                                                       З дзеньніка Собалева
    Начальнік даведачнага аддзелу пры дружыне, каапэратар-абласьнік А. Собалеў, у сваім дзеньніку між іншым пісаў:
    Галібараў — малады яшчэ параўнаўча чалавек, прыстойны, рысы твару не пазбаўлены некаторае прыгожасьці, гаворыць па-простанароднаму, лісьліва, вочы ніколі проста не глядзяць на нас. Першае ўражаньне — прыемнае. “Вось чалавек і разумны і аддадзены справе”, думаеш. Але на мяне ён вельмі хутка пачаў рабіць уражаньне адштурхваючае. Атрад страшна галадаў. Прыехаў Галібараў (загадчык транспорту) на шасьцярых конях. Сёньня стала вядома, што ноччу ў складзе Галібаравым складзены запасы. Ад камісіі палкоўнік Суроў нават выясьніў, што ў складзе знойдзена: адна скрынка каньяку, тытунь, цыгары, масла, мануфактура ды інш. Каньяк і цыгары прызапашаны Галібаравым для падарункаў афіцэрам. У Аяне Галібараў падараваў Смакоціну каня, і той цяпер гарою стаіць за Галібарава. Аляксееў расказваў мне, што Галібараў разам з паручнікам Уронскім вазілі ў ліпені ў армію тавары з вайсковага складу (Нэлькан — І. С.) і гэтыя тавары мянялі на хутры. У Галібарава есьць тавары, схаваныя ў тайзе. Тут, трэба думаць, і ляжыць прычына, чаму ён (Галібараў. — І. С.) імкнецца сюды. Цяпер ён робіць свае асабістыя справы — зьбірае вавёрку. У Галібарава на банкеце быў Ляонаў, Цэўлоўскі, напэўна і Рэйгард. У яго ж напіўся і Самойлаў. Кулікоўскі, самалюбівы бязьдзельны стары, імкнецца ўсю віну перакласьці на іншых. Выходзіць што ён усё ведаў і прадбачыў і мы самі вінаваты, што сюды зайшлі і галадаем. З пісем у дружыну высьвятляецца, што ў Аяне пагалоўнае п’янства... Паводзіны афіцэраў і ў Нэлькане таксама нягодныя: крадуць, трымаюць сябе брудна, дазваляюць лаяць сябе простым салдатам мацяршчынаю і г. д.
    18-га лістапада камандуючы папрасіў мяне зрабіць надпіс на вобразе, які парашылі паднесьці Мікалаю Іванавічу Аляксееву пасьля падвышэньня яго ў падпаручнікі. Я ўзяў з эвангельля з 5-га разьдзелу Мацьвея верш 7 і 5 і з 10-га — 11 і 12 і пад імі паставіў: “Ня ў сіле бог, а ў праўдзе”. Тут жа вырашана было паднесьці эвангельле, на якім я напісаў: “Падпаручніку Аляксееву ад сібірскае дабравольнае дружыны”.
    З расказаў А. Несьцерава мне стала ясна, што Галібараў знаходзіўся ў неабмежаваным давер’і ў Карабейнікава, быў поўнаўладным распарадчыкам у харчовых і гаспадарчых адносінах. Адным даваў па 600 аршын мануфактуры, а партызанам па 15 аршын. Рэзультатам гэтае палітыкі зьявіліся ахаладжэньне ўздыму і адыход ад руху. Але 600 аршын давалася “добранадзейным” тунгусам. За гэтую мануфактуру яны яшчэ не разьлічыліся. Галібараў, як відаць, і сьпяшаецца на Алдан, каб сабраць гэтыя даўгі.
    Праз увесь час стаянкі Галібараў спойваў Ляонава, Цэўлоўскага, Рэйгарда ды інш., дабіваючыся свайго: каб Пепяляеў браў у рукі грамадзянскую ўладу.
    Пракоп’еў лае Галібарава, у іх з Карабейнікавым былі асабістыя справы, і Галібараў ад народнае бяды разбагацеў. Прывёз у Аян 30000 вавёрак.
    Для мяне цяпер несумненна, што людзей якія пашлі з-за глыбокага перакананьня ў неабходнасьці змагацца за народ і радзіму, адносна мала. Большасьць ідзе з мэтаю вярнуцца дамоў. Гэтая частка, не задумваючыся глыбока над мэтамі руху, верыла ў генэрала і за ім ішла. У вялізнай большасьці гэта добрыя людзі і могуць быць вельмі добрымі баявымі элемэнтамі. Частка дабравольцаў авантурысты і няўдачнікі, якім дзявацца ня было куды і есьці ня было чаго. Для многіх зварот назад, нават калі ён быў магчымы, — нязначны; але і да бальшавікоў яны ня пойдуць.
    Мы шмат гаварылі з палкоўнікам Шнапэрманам. Мы з ім аднадумцы ў тым, што Якуцкая вобласьць для нас у агульна-сыбірскім руху толькі трамплін (пругкая дошка, якая ўжываецца пры гімнастычных скоках. — І. С.) — у ёй мы павінны памацнець, павялічыцца лікам і знайсьці матэрыяльныя рэсурсы для паходу на Іркуцк.
    Заняўшы Якуцк, мы павінны ў самы хуткі час прасунуцца да Кірэнску і далей паставіць сабе мэту папасьці ў Жыгалава перад разводзьдзем. З Якуцкае вобласьці мы павінны ісьці на Бодайбо і Забайкальле, потым на Іркуцк і Балаганск, з Усьць-Кута на В.-Удзінск. Галоўны кулак — на Іркуцк, у іншых пунктах — дэманстрацыя, каб адцягнуць увагу праціўніка і ўзбудзіць партызанскі рух”.
    Так думаў Пепяляеў, так думалі і яго таварышы. Яны марылі мімаходам забраць Якуцію і праз яе калідор (рака Лена) пайсьці на Сыбір.
    Усе хапіліся за стратэгію, усе будавалі пляны сваіх будучых перамог.
    Дзітэрыхс наладжваў маскарады на Ўсходзе, нараджаючыся думным баярынам, але яму гэта не ўдалося, бо насельніцтва вельмі добра ведала, што за фізіяномія хаваецца пад гэтаю маскаю.
    Пепяляеў жа парашыў наладзіць маскарад у Якуціі. Яму ў гэтых адносінах было значна лягчэй. Якут жа бо цёмны, ён і бяз маскі ледзь пазнае Пепяляева, бо “тайён з залатымі пагонамі”, ды яшчэ ў чыне генэрала, упершыню зьявіўся на ўсходняй акраіне Якуціі.
    Але яго правасхадзіцельства крыху спазьнілася: гаспадар рэспублікі — Усеякуцкі зьезд саветаў — адразу даведаўся, што за птушка села ў порце Аян.
    Пепяляеў прынёс з сабою кліч пепяляеўцаў: “На Сыбір, на Волгу!”
    На Далёкім Усходзе яны яго гістэрычна выкрыкнулі і... паехалі ў Японію. Якраз як балаганны пятрушка — завішчэў і зьнік за шырмаю. Пепяляеў кінуў у якуцкія масы новы кліч: “Праз Якуцію на Урал, на Волгу, на Маскву!” Апошні прыпадак падучае хваробы генэрала адбываўся ў халоднай Якуціі толькі таму, што больш прыпадкам на іншых акраінах ня верылі і сымулянтаў ахалоджвалі.
    Як скончыўся прыпадак генэрала Пепяляева ў Якуціі, гэта мы убачым далей.
                                                   Пісьмо Кулікоўскага да Галібарава
    Кулікоўскі яшчэ заставаўся ў Аяне. Даведаўшыся ад асоб, што прыяжджалі з Нэлькану ў Аян, аб выхадках Галібарава, ён парашыў узьдзейнічаць на апошняга і напісаў яму пісьмо:
    Юсуп Аляксеевіч! Буду пісаць адкрыта. Садзейнічаньне мясцовых сіл з боку радавых мясцовых сіл сустрэла толькі грабежніцтва. Як відаць, думаюць: „Дурань той, хто не карыстаецца момантам” Мне гаварылі, што нават і адзін вялікі дзеяч, абавязаны ўсімі сваімі сіламі і сродкамі дапамагаць дружыне, выражаўся таксама (тут разумеўся сам Галібараў. — І. С.). Вы і Філіпаў як мясцовыя людзі (Галібараў — татарын, Філіпаў — рускі, — І. С.) маглі б шмат памагчы, але замест гэтага вы толькі сварыцеся і думаеце пра свой асабісты дабрабыт. Мне вядома, што вы адна з тых асоб, якія пачалі нэльканскі паход з Карабейнікавым. Але справа цяпер зроблена, і важна цяпер агульнае напружаньне ў рабоце. Самае ж важнае цяпер, каб вы, Філіпаў і Барысаў, ня звальвалі адзін на аднаго няўдачы, ня імкнуліся выслужыцца перад генэралам, адзін за кошт другога, а працавалі на сумленьне. Я адварочваюся, калі тут гавораць пра вашы справы. Не падумайце, што гэта гаворыць Філіпаў і Барысаў. Не, гавораць многія іншыя. Я помню адно вы на першай нарадзе ў мяне ў хаце, у Нэлькане, сказалі: “Я аддам усё на барацьбу з бальшавікамі” (усю Якуцію на разграбленьне і сам першы буду грабіць. І. С.). Тут быў і Філіпаў, але ён маўчаў. Вы не аддалі на справу барацьбы нават захаваныя вамі 12 кіп мануфактуры, і ня толькі не аддалі, але нават ператрымалі са складу. Гэта ня Філіпаў гаварыў. Гавораць, мала таго, каб быць каля фронту і рабіць уплыў ка Карабейнікава, вы апынуліся ў Аяне і спэкулявалі там. Я ведаю, што мы дрэнна адносіцеся да Барысава (намесьнік Кулікоўскага. — I. С.). Але падумайце сумленна, што было б з намі, калі б ня было Барысава. Я скажу: прыйшлося б крычаць каравул. Я схіляюся перад вамі і прызнаю публічна ў друку вашы заслугі, калі факты пераканаюць мяне...
    Я даведаўся, што вы лічыце, што я выдыхнуўся. Я зусім згодзен з вамі. Знайдзіце чалавека, які б замясьціў мяне, і я сыду са сцэны, буду весьці работу, даступную маім сілам. Я ведаю, што я мала карысны грамадзкі дзеяч, і вашу шчырую думку аб сабе паважаю... Вы думаеце аба мне як аб дрэнным грамадзкім дзеячы, які выдыхнуўся з-за старасьці, — я а не ў прэтэнзіі на вас: я і сам гэта ведаю.
    Яшчэ раз прашу вас не забыць, што вашы паслугі на карысьць Якуцкае вобласьці мною будуць адзначаны ў друку.
    Аян, 15-ХІ-22 году.
    П. Кулікоўскі”.
    У гэтым сваім пісьме Галібараву кіраўнік вобласьці Кулікоўскі ператварыўся ў бясьсільнага, слабавольнага старога. Галібараў добра ведаў Кулікоўскага, і таму “галава вобласьці” ня мог ужо разыгрываць перад Галібаравым сваю акторскую ролю: грым прышлося зьняць.
    У сваім пісьме, замест рашучых дзействаў ён просіць і нюніць перад Юсупам! Інакш і быць ня магло, бо Кулікоўскі сам быў замешаны у грабяжы народнага дабра, а адсюль зусім зразумелы як топ, так і зьмест усяго яго пісьма.
    Галібараў ірваў і цягнуў бяз усякага сораму і дзе толькі можна было. Грошы, грошы і грошы — вось быў яго лёзунг “моманту”. Граб, дзе можна, цягні ўсё, што можна, — і Галібараў цягнуў. Пра гэта сьведчыць наступны дакумэнт:
                                                    САПРАЎДНЫ ДАГАВОР
                              паміж Галібаравым і гандлёваю фірмаю “Оляф-Свэнсан”
    Першы абавязваецца прадставіць да 1-га студзеня 1923 году пушніну на 120 тысяч залатых рублёў, другі дае таваракрэдыт на гэтую суму. Галібараў абавязваецца не прадаваць пушніну іншым фірмам, а фірма ня купляць ад іншых кліентаў апроч: Д. П. Барысава, I. Н. Волкава, П. Д. Філіпава, В. Ф. Артамонава і I. А. Кірыліна. Дагавор заключаны ў 1922 годзе (месяца няма. — I. С.) 17 дня, порт Аян“.
    Галібараву ад “Оляф Свэнсан” у Аяне 26 жніўня 1922 году выдана тры чэкі на 1500 вавёрак і 30 лісаў, на суму 5000 амэрыканскіх даляраў, з атрыманьнем у канторы “Дэмбі і К°” у Хакадаце.
    Хіба ня меў рацыі Юсуп Галібараў, калі ён яшчэ ў 1921 годзе на нарадзе ў Нэлькане сказаў: “Я аддам усё на барацьбу з бальшавікамі”?
    Ясьней выражаючыся, гэта абазначала — “Выкачаю ўсю пушніну з Якуціі і аддам яе фірме “Оляф Свэнсан”.
    Такім парадкам “якуцкая грамадзкасьць”, якая паклікала Пепяляева, працавала як мага “на карысьць і ў інтарэсах” якуцкага народу, а генэрал рыхтаваўся ў гэты час да паходу на Якуцк.
                                            Далейшае наступленьне Пепяляева
    У сьнежні 1922 году дружына выступіла з Нэлькану ў глыбіню вобласьці.
    Рух адбываўся эшалёнамі.
    Першымі выступілі другі батальён і кавалерыйскі дывізіён (без коней) у суправаджэньні 60 нартаў, пры 30 запасных аленях.
    Другім эшалёнам пайшлі першы і зводны батальён, пры 100 нартах і пры 50 запасных аленях.
    Трэцім і апошнім эшалёнам ішоў інтэнданцкі транспорт з 200 нартаў, пры 60 запасных аленях, з 2000 пудоў грузу.
    Рух адбываўся толькі днём. Людзі ішлі пешым парадкам.
    Праз кожныя 3-4 дні рабілі днёўкі, каб даць адпачыць аленям. У сярэднім ішлі са скорасьцю 20-25 кілямэтраў у дзень.
    Аджыўшая, мёртвая ідэя цягнула за сабой жывых людзей, якія плацяць бязмэтную даніну мінуламу ладу. Многім з іх гэты лад зусім не патрэбен. Але ён моцна трымаў іх далей кастлявымі і цэпкімі рукамі страшнае ў сваёй закаранеласьці прывычкі.
                                                         Пустазвоны раяцца
    Кулікоўскі застаўся ў Нэлькане. 13 студзеня 1923 году ён паладзіў сакрэтную нараду, на якой прысутнічалі: член савету абароны Філіпаў, начальнік забесьпячэньня палкоўнік Шнапэрман і яго памочнік Собалеў. Шнапэрман дакладваў:
    Камандуючы загадаў мне паклапаціцца пра забесьпячэньне дружыны з мясцовых сродкаў, пачынаючы з сакавіка месяца гэтага году, прычым разьлік забесьпячэньня павінен весьціся да заняцьця Амгі на 1000 чалавек, а з заняцьцем Амгі на 3000 чалавек...”.
    “Выходзячы з меркаваньня, што ўся дружына моцна абсталюецца ў Амгінскай воласьці ў працягу лютага, я думаю, што ўжо з 1 сакавіка забесьпячэньне павінна ісьці на 3000 чалавек...”
    “З Уладывастоку мы захапілі трохмесячны запас, разьлічваючы за гэты тэрмін дайсьці да Якуцку. Рэчаіснасьць перакуліла нашы разьлікі: паўстанцы, якія, паводле нашых разьлікаў, павінны былі знаходзіцца пад Якуцкам, аказаліся па дарозе ў Аян, маючы за сабою чырвоных у Нэлькане...”
    “У працягу зімы дружына павінна заўладаць басэйнам ракі Лены хоць бы да Усьць-Кута (г. зн. прайсьці ўверх па рацэ Лене больш як на 2000 кілямэтраў і знаходзіцца ад гораду Іркуцку ў 756 кілямэтраў. — І. С.), што аддасьць у яе распараджэньне амаль увесь ленскі флёт...”
    “Мы павінны мець на ўвазе, што ўжо ў Якуцку пачнуцца новыя фармаваньні і дружына будзе павялічвацца да 5 і больш тысяч чалавек”.
    Так марылі і будавалі свае паветраныя замкі дамарошчаныя Напалеоны, зусім выпускаючы з відавоку або ня лічачыся ці проста ігнаруючы думку якуцкіх працоўных і іх Чырвонае арміі.
                                                               Ахоцкае павучыньне
    Горад Ахоцк, які знаходзіцца каля 600 кілямэтраў па поўнач ад порту Аяну, разьмешчаны на беразе адкрытага марскога рэйду, пры зьліцьці дзьвюх рэк — Ахоты і Кухтуя, якія ўпадаюць у мора, зьяўляецца вялікім рыбапрамысловым пунктам на Ахоцка-Камчацкім узьбярэжжы.
    Прылягаючы да гораду раён запоўнены багатымі залатымі капальнямі. Нарэшце ў Ахоцку сканцэнтраваўся важны гандаль — пушнінаю — з паўночна-ўсходняю Сыбір’ю.
    У гэты край шалёнае нажывы і спэкуляцыі за час рэвалюцыі наехала шмат “рызыкоўнага” люду.
    У 1921 годзе мяркулаўскім прыморскім урадам быў камандзіраваны ў Ахоцк есаул Бачкароў, сатаварыш атаманаў Калмыкова і Сямёнава, з атрадам для навядзеньня “парадку” і для выкачваньня матэрыяльных рэсурсаў з гэтага краю.
    Але Бачкароў, заўзяты авантурыст, трапіўшы ў Ахоцкі раён, заняўся марадзёрствам і грабяжом, папоўніўшы свой атрад мясцовымі бандытамі. У фірмы “Оляф Свэнсан” Бачкароў купіў 200 вінтовак і значную колькасьць патронаў (потым ён зрабіўся пайшчыкам гэтае фірмы).
    Нарэшце ў атрадзе Бачкарова на глебе дзеляжу награбленага адбыўся раскол. Называлі адзін аднаго афэрыстамі. Частка атраду засталася ў Ахоцку, а сам Бачкароў забраўся ў Гіжыгінскі раён, дзе і зажыў на правах Салаўя Разбойніка. Сяло ж Бугліна, у 150 кілямэтрах па паўночны захад ад Ахоцку, па Аймяконскім шляху, выбраў сваёю рэзыдэнцыяю бандыт І. І. Яныгін, які таксама не даваў праходу ні пешаму, ні коннаму. Бачкароўцы, якія засталіся ў Ахоцку, пасьпяшаліся склікаць зьезд для выбараў улады. На скорую руку яны сабралі дзесятка паўтара бліжэйшых тунгусаў і выдзелілі некалькі чалавек з жыхароў Ахоцку.
    Гэты цуда-зьезд Ахоцкага краю пастанавіў (падаю некалькі найбольш характэрных пунктаў пратаколу зьезду. — І. С.):
    З-за адсутнасьці прызнаванае ўсім насельніцтвам улады ў асобе забітага імем рэвалюцыі і памёршага імпэратара Мікалая Аляксандравіча ІІ і насьледаваўшых па ім і ўзносячы малітвы аб дараваньні ім царства нябеснага, прызналі: 1) Уся сувэрэнная ўлада на Ахоцкім узьбярэжжы належыць зьезду прадстаўнікоў насельніцтва... 6) Непасрэднае выкананьне пастаноў зьезду народных прадстаўнікоў даверыць выбранаму гэтым зьездам савету ўпаўнаважаных зьезду народных прадстаўнікоў Ахоцкага краю, даўшы ўрачыстае абяцаньне на сьвятым крыжы гасподнім і сьвятым яго эвангельлі... 24) Выбранага на пасаду старшыні савету ўпаўнаважаных І. І. Яныгіна, у сувязі з прад’яўленьнем яму абвінавачаньняў у шэрагу злачынных дзействаў, ад займанае пасады адхіліць... 25) Маліць госпада бога пра зварот на трон цара імпэратара.... 26) Да звароту цара імпэратара ўтварыць самастойны ўрад на Ахоцкім узьбярэжжы”.
    А потым пасьля зьезду і стварэньня ў горадзе Ахоцку органу ўлады ў асобе “савету ўпаўнаважаных” пачалася сьвістапляска.
    Усе заняліся раскраданьнем народнага дабра, сварыліся паміж сабою і скардзіліся адзін на аднаго ахоцкім уладам.
    Так, напрыклад, Аляксей Іванавіч Сяньцяпаў, эсэр, у 1905 годзе прымаў удзел у заняцьці благавешчанскае паштовае канторы. У 1917 годзе ён адразу заняў крайнюю левую пазыцыю. У 1919 годзе ўжо служыў у Калчака. А ў 1921 годзе быў назначан мяркулаўскім упаўнаважаным у Ахоцк.
    Гэты ж самы Сяньцяпаў, будучы начальнікам “галоўнага штабу паўночнага якуцкага антыбальшавіцкага атраду”, у сваім пісьме ад 7 сакавіка 1922 году, Оймякон, № 120, на імя начальніка ахоцкага ваеннага раёну і асобаўпаўнаважанага ўладывастоцкага ўраду, пісаў:
    Прадстаўляю пры гэтым копію пратаколаў, складзеных чл. гл. штабу П. А. Івановым і старш. канв. каманды Прудзецкім, аб злачынных дзействах булгінцаў. Прашу вас прыцягнуць іх да адказнасьці як людзей, якія сьвядома разбураюць наладжаную намі справу барацьбы з бальшавікамі і памагаюць сваімі злачыннымі ўчынкамі бальшавікам.
    Я не адзін раз зварочваўся з падобнаю просьбаю да былога начальніка Ахоцкага раёну, капітана Грундульса, але ён супакойваў мяне абяцаньнямі, а я меў наіўнасьць верыць гэтаму пану.
    Гэта мая першая і апошняя просьба.
    Калі вы не надзенеце вуздэчку на гэтых саўрасаў, то я вымушан буду ўжыць свае меры да іх супакаеньня, якія могуць быць багаты вынікамі і для вас. Рэзультаты работы адбіваюцца на ахоцкім гарнізоне і цяпер: крэдыту для пасылкі ў Ахоцк транспорту мяса і масла, у якіх прадуктах у вас, я ведаю, безумоўная патрэба, быць ня можа, бо мы зусім ня хочам даць карыстацца пладамі нашае працы вядомым хуліганам — Яныгіну і падпаўшаму пад яго ўплыў Казлову.
    Потым даводжу да вашага ведама: калі яшчэ будуць працягвацца захопы нашае маёмасьці або харчаваньня булгінскімі нягоднікамі і вы будзеце глядзець на гэта скрозь пальцы, то я пачну клін выбіваць клінам — неадкладна абрысую вашу палітыку іншароднаму насельніцтву, загадаю зьняць усіх аленяў і не аказваць вам ніякага падтрыманьня а таксама адкрыю ваенныя дзеяньі проці Яныгіна.
    Ваш праславуты зьезд, якому я не надаю ніякага значэньня з прычыны яго малога ліку, вынес рэзалюцыю аб адданьні кантролю вам над набыцьцём і расходаваньнем сродкаў, якія здабываюцца нашым атрадам.
    Мне становіцца незразумелым: у вас на вачох і пры вашым садзеяньні адбываецца яўнае і злачыннае раскраданьне безумоўна дзяржаўных сродкаў. Я гавару пра склад, перададзены ахоцкімі ўладамі п’яніцы-самагоншчыку Яныгіну. Нам тут вядома, што большая частка мукі з гэтага складу перагнана на самагонку.
    Потым, пасьля прыбыцьця з Уладывастоку ўрадавага атраду і ўлад (прыбыцьце палкоўніка Бачкарова ўвосень 1921 г. — І. С.), яны паказалі сябе пакуль што толькі з адмоўнага боку ў вачох мясцовага іншародчага насельніцтва рознымі гвалтамі, рэквізыцыямі і канфіскацыямі.
    Пакуль вы ня выправіце свае рэпутацыі наш штаб ні ў якім выпадку ня можа дапусьціць вас як кантроль. Вам трэба быць у вышэйшай ступені асьцярожным у правядзеньні ўсякага роду нацыянальных пытаньняў. Глядзеце — ці не паможа мясцовае насельніцтва бальшавікам і ці не пачырванее само?
    Вы, паны, вельмі мала ведаеце іншародцаў, асабліва якутаў. Менш веры...”
    Камэнтарыі да гэтага пісьма не патрэбны.
    Яно прадыктавана выключна асабістымі, грабежніцкімі інтарэсамі шайкі Сяньцяпава, (боязьзю кантролю, варожасьцю да Яныгіна на грунце спаборніцтва ў разбоях і нарэшце страхам, што тэрарызаванае, руйнаванае імі насельніцтва можа “пачырванець”, асабліва якуты, як найбольш перадавыя ў параўнаньні з адсталымі і патрыярхальнымі ў сваім быце тунгусамі.
    Прыехаўшае з Уладывастоку ў Ахоцк (пасьля прыбыцьця Пепяляева ў Аян. — І. С.) “раённае грамадзянскае кіраўніцтва”, на чале з сапраўдным стацкім саветнікам Н. М. Сокалавым занялося “арганізацыяй» кіраўніцтва, выдумваючы і вышукваючы нікому непатрэбныя справы толькі для таго, каб здавацца нечым занятымі людзьмі.
    Ахоцкага раёну як гэткага фактычна ў той час не існавала, таму што ўсе населеныя пункты ўзьбярэжжа пасьля бачкароўскіх зьверстваў адкалоліся ад свайго адміністрацыйнага цэнтру — гораду Ахоцку — і жылі зусім аўтаномна.
    Ня прызнала насельніцтва і сокалаўскага кіраўніцтва раёнамі.
    Так, напрыклад, вялікае селішча Іня, разьмешчанае ў 100 кілямэтрах на паўночны ўсход ад Ахоцку, выразна заявіла: «Таму, хто сунецца да нас свае парадкі ўстанаўляць, галаву скруцім!”
    Бачкароўцы з Ахоцку папрабавалі раз “скараціць” інцаў, але тыя сапраўды ледзь не адарвалі ім галавы, і тым прыйшлося ні з чым вярнуцца назад.
    Такім парадкам Сокалаву заставалася кіраваць толькі горадам Ахоцкім, дзе і мясцовай гарадзкой управе ня было чаго рабіць.
    Галоўную ўвагу Сокалаў зьвярнуў на адшуканьне сродкаў для ўтрыманьня сваіх служачых, з якіх ні адзін не атрымліваў менш як 100 рублёў золатам у месяц. Падпадалі абкладаньню гандлёвыя фірмы, залатыя капальні; пачалі стварацца іншыя крыніцы даходаў у выглядзе разнастайных падаткаў і пабораў, цяжар якіх у канечным выніку клаўся на беднае камчадальскае насельніцтва. Абуза, якую станавіла сабою “раённае кіраўніцтва”, была настолькі вялікая, а дзейнасьць яго такая наглая, што ёю абурыліся нават пепяляеўцы. У рэзультаце гэтага начгару Міхайлоўскаму прышлося ліквідаваць “філіяльнае аддзяленьне” прыморскага ўраду.
    Гэта было дарэчы, таму што былі атрыманы весткі, што сам прыморскі ўрад ліквідаваны савецкаю ўладаю.
    “Якуцкае абласное кіраўніцтва” [Актыўнымі членамі яго былі: настаўнікі — Сіўцоў, Афанасьеў, Разанскі, купец Анціпін, гандляр Няўстроеў.] (якое засталося пасьля Карабейнікава і не хацела падначальвацца Кулікоўскаму. — І. С.), што разьмясьцілася на Новым Усьці — прадмесьце гораду Ахоцку, — цалкам было занята перакіданьнем нікіфараўскіх тавараў на поўнач, праз Аймяконскі раён, для рэалізацыі іх на пушніну [У Верхаянскую акругу яно камандзіравала свайго ўпаўнаважанага А. С. Яфімава для кіраўніцтва паўстанчым рухам проці савецкае ўлады ў паўночных акругах. На дапамогу яму былі прысланы два афіцэры з ахоцкага гарнізону, капітан Герасімаў, штабс-ротмістар Храпавіцкі, з некалькімі якутамі і невялікім запасам зброі. Апроч гэтага абласное кіраўніцтва ўсклала на Яфімава ліквідацыю атраду бачкароўцаў, якім камандаваў паручнік Дзеравянаў. Ён адмовіўся прызнаць ўладу “якуцкага абласнога народнага кіраўніцтва” і станавіў таму пагрозу для пушных каштоўнасьцяў. Гэтыя цэннасьці кіраўнікі мелі намер перакінуць з поўначы у горад Ахоцк.].
    На ўсе іншыя пытаньні, зьвязаныя з аказаньнем дапамогі пепяляеўцаў, якія вялі барацьбу ў вобласьці проці савецкае ўлады ў імя “якуцкага пароду”, гэтыя кіраўнікі зварочвалі ўвагу столькі. колькі гэта было неабходна для забесьпячэньня іх пасьпяховага гандлю з поўначчу.
    З дапамогаю Ахоцкага гарнізону кіраўніцтва паслала атрад Ракіціна, заявіўшы яму, што гэтая справа каштавала яму ў 120 тысяч залатых рублёў.
    Атрад складаўся з трох рот, агульным лікам у 250 чалавек.
    У сьнежні месяцы 1922 году гэты атрад, пад камандаю генэрала Ракіціна па 300 нартах аленяў выступіў да Якуцку.
    Міхайлоўскі разам з Сокалавым, які цяпер ня меў работы і якога трэба было чым-небудзь заняць, парашылі арганізаваць у Ахоцку “раённы ўстаноўчы зьезд”, марачы вымусіць гэты зьезд на вынясеньне антысавецкае дэклярацыі.
    Сокалаў дабіваўся свайго абраньня на зьезд ад жыхароў пасёлку Булгіна (дзе знаходзіўся Яныгін. — І. С.), Міхайлоўскі атрымаў выбарчы мандат ад тунгусаў Ахоцкага ўзьбярэжжа, прадстаўнікоў якіх спачатку спаіў сьпіртам былы “дзяржаўны кантралёр” пры кіраўніцтве Сокалава — Махоўскі, камандзіраваны з паведамленьнем аб зьезьдзе ў раён Тауйса і Олы, на ўсход узьбярэжжа.
    Але перад скліканьнем зьезду, вясною, на арэну ахоцкага жыцьця зноў выплыла банда Яныгіна, якая пражывала ў пасёлку Булгіне.
    Яныгін з блаславеньня Сокалава, які меў зуб проці пепяляеўцаў (за ліквідацыю яго кіраўніцтва. — І. С.), і цры ўдзеле некалькіх афіцэраў, былых супрацоўнікаў Карабейнікава і Бачкарова, раззброіў ноччу ахоцкі гарнізон, маючы намер аграбіць гандлёвыя фірмы і наогул падыктатарстваваць у Ахоцку.
    Але асабліва разгарнуцца Япыгіну не ўдалося.
    У рэзультаце “перавароту” зьезд Ахоцкага раёну прайшоў пад верхаводзтвам на ім Сокалава і Яныгіна. Бела-зялёны значок гарнізона бяз усякага сораму быў прыкрыты вялізным палотнішчам трохколернага сьцягу “адзінае, непадзельнае і вялікадзяржаўнае Расіі”, прыхільнікамі якога зьяўляліся Сокалаў і Яныгін з шайкаю заўзятых рабаўнікоў і забойцаў.
    Такое было тое павучэньне, якім апляталася мясцовае насельніцтва.
    Гэтая бязрадасная і неспакойная абстаноўка прымусіла адкрыта наракаць камчадальскую беднату, якая пагаварвала:
    — Правальвалі б яны ўсе куды-небудзь хутчэй, а то яшчэ пераб’юцца ў горадзе... Куля не разьбірае ні сваіх, ні чужых.
        Эх, правальвалі б!
        Нам лепш быць пад савецкаго ўладаю!
    — Пад ёю цяпер уся Расія, дый дрэннага ад яе мы нічога ня бачылі...
                                               Першыя мерапрыемствы Якуцкага рэўкому
    Пра цяжкае эканамічнае становішча дружыны ў Нэлькане прыкладна праз месяц стала вядома і Якуцку. Даведаўшыся пра цяжкае становішчча пепяляеўцаў, Якуцкі рэвалюцыйны камітэт парашыў шырока выкарыстаць гэтую абстаноўку, каб дасягнуць бяскроўнае ліквідацыі гэтае новае белагвардзейскае авантуры.
    З гэтаю мэтаю ў горадзе сьпешна арганізавалася экспэдыцыя, у задачу якое ставілася выйсьці ў разьмяшчэньне белых і, калі будзе магчыма, прайсьці да самага Нэлькану і перадаць Пепяляеву адозву Якуцкага рэўкаму і камандуючага войскамі Байкалава.
    У сваёй адозьве да Пепяляева Якуцкі рэвалюцыйны камітэт прапанаваў: спыніць далейшае прасоўваньне дружыны ў глыбіню Якуціі, адмовіцца ад усякіх варожых намераў і ваенных дзеяньняў проці працоўных аўтаноміі, скласьці зброю і здацца на літасьць савецкае ўлады.
    Усім тым, што дабравольна здадуцца, давалася поўная гарантыя недатыкальнасьці асобы і маёмасьці.
    Якуцкі рэўкам рабіў усё магчымае для бяскроўнае ліквідацыі.
    Экспэдыцыя сьпяшалася скончыць свае падрыхтоўкі ў далёкую дарогу (каля 900 кілямэтраў). Нарыхтоўвалі сухары, шылі палаткі, у кузьні рабілі жалезныя печкі і г. д. Трэба было прадугледзець кожную дробязь, таму што ўсё мела для нас вялікае значэньне.
    Гэтай экспэдыцыі аказаў шмат цэнных паслуг як практычнымі прапановамі і парадамі, так і сваёю асабістаю работаю Фёдар Фёдаравіч Папоў.
    Усяго ў экспэдыцыі было выдзелена 40 чалавек пры 2 аўтаматах Шоша, пад маім камандаваньнем. Такая колькасьць байцоў была вызначана з дзьвюх прычын. Па-першае, у раёне Петрапаўлаўскага знаходзіўся атрад белапаўстанцаў, лікам каля 100 чалавек, пад камандаю Арцем’ева. Па-другое — на выпадак сустрэчы з перадавымі часьцямі дружыны, каб ня быць захопленымі ў палон, таму што на гэты конт ніякіх гарантый у нас ня было.
    12 сьнежня 1922 году наш маленькі атрад выступіў з Якуцку на падводах і праз 4 дні прыбыў у Амгу, адкуль 24 сьнежня выступіў у кірунку вусьця ракі Мілі пры 50 нартах і 20 запасных аленях. Пры атрадзе быў адзін праваднік — Нікалаеў, якут, які не адзін раз бываў за правадніка нашых атрадаў. Ён добра ведаў тайгу. Апроч Нікалаева пры атрадзе было шэсьць аленяводаў і тры грамадзяніна аўтарытэтных сярод мясцовага, насельніцтва: Дзячкоўскі, Яфрэмаў і Непомнячы, — усе якуты. У выпадку патрэбы яны павінны былі пакінуць атрад, выехаць уперад, аддаць Пепяляеву адозву Рэўкому, перадаць усе пісьмы ад нацыянальнае інтэлігенцыі, а таксама выказаць генэралу тыя адмоўныя адносіны, якія былі ў насельніцтва да яго авантуры.
    “Папяляеў павінен будзе прыслухацца да нашае заявы і зразумець, што мы, будучы бяз ўсякага ўплыву на нас з боку чырвоных, гаворым яму голую праўду”, так разважалі паехаўшыя з экспэдыцыяю па сваёй добрай волі трое прадстаўнікоў ад насельніцтва Амгінскае воласьці.
    З гэтаю экспэдыцыяю па дабравольнаму свайму жаданьню накіраваліся і абодва перабежчыкі — Наха і Вычужанін.
    Напярэдадні адпраўкі экспэдыцыі на Нэлькан быў агульны сход усяго амгінскага гарнізону і грамадзян сяла. Гэты сход зьвярнуўся да Пепяляева з наступным пісьмом:
    Генэрал Пепяляеў!
    Якуцкі рэвалюцыйны камітэт накіроўвае да вас сваю дэлегацыю з прапановаю скласьці зброю і адмовіцца ад задуманага намі нападу на маладую савецкую аўтаномную Якуцію. Агульны сход часьцей Чырвовае арміі і грамадзян слабады Амгі са свайго боку таксама зварочваюцца да вас з гэтым адкрытым пісьмом.
    Да апошняга часу мы не надавалі асаблівага значэньня розным недарэчным чуткам. Нам не хацелася верыць, што ў недалёкім будучым магчымы які-небудзь новы замах на ўладу саветаў з боку яе ворагаў. Нам здавалася не праўдападобнай і бяссэнсавай якая б то ні была чарговая авантура з боку жорстка разьбітае і растаптанае ботам пралетарыяту сыбірскае контррэвалюцыі ўсіх водценяў і кірункаў.
    У мінулай барацьбе хіба недастаткова ясна вызначыліся і выявіліся суадносіны клясавых сіл Кастрычніцкае рэвалюцыі і жаданьне ўсяго працоўнага народу?
    Хіба можна, прайграўшы генэральны бой, цяпер мізэрнымі асобнымі атакамі, з кучкаю ашалелых людзей, аднавіць без астачы разьбіты ўшчэнт калчакаўскі фронт?
    Ніколі, генэрал! Забудзьце пра гэта думаць! Яшчэ будучы ў Харбіне, вы адтуль, з паласы адчужэньня, убачылі на далёкай поўначы яркую зорку і парашылі, што гэта ваша зорка, зорка будучых крывавых перамог і грамавое славы. І вось да вас у Харбін зьявіліся вешчуны ў асобе Пятра Кулікоўскага, старога выжыўшага з розуму эсэра, і двух якуцкіх купцоў. Гэта закружыла вам галаву, вы паверылі іх бязглузьдзіцы, парашылі ісьці паходам на Якуцію, і нават сустрэча ў порце Аяне з Васькам Карабейнікавьім не абразуміла вас. Вы ўсё ж маеце надзею ашукаць працоўныя масы і выехаць на заняпалай клячы — паказным, даволі вядомым у Сыбіры дэмакратызьме часоў калчакоўшчыны і атаманаўшчыны.
    Мы вельмі добра разумеем вас і адкрыта гаворым: “Глыбока памыляецеся ў разьліках, генэрал Пепяляеў”. Зорка загарэлася над Якуціяй, і гэтая зорка камуны, якая зьзяе над аўтаноміяй, нічога добрага вам не абяцае.
    Ваша авантура пабудавана на пяску, і вас разам з вашаю дружынаю чакае канец Калчака. Пачняце вы за здароўе, а скончыце за спачын.
    Пакіньце вашы крывавыя замыслы, адмоўцеся ад бескарыснае і злачыннае барацьбы проці саветаў, складзіце зброю. Гэта адзіны правільны і разумны выхад з таго тупіка, у якім апынуліся ўсе вы і з якога ня выбрацца вам назад, у Харбін, бо ўсе шляхі адступленьня будуць адрэзаны”.
    (Подпісы прэзыдыюму)
    Абодва перабежчыкі таксама напісалі пісьмо пепяляеўцам наступнага зьместу:
                                                      “Таварышы пепяляеўцы!
    Як былым вашым супрацоўнікам дазвольце вам, таварышы, паведаміць, што мы дабравольна ўцяклі з вашага атраду, які зьяўляецца наёмнаю кучкаю капіталістаў і прыхільнікаў навекі аджыўшага ладу. Таварышы, мы адкрыта заяўляем, што мы раней памыляліся, што, не даючы сабе адказу, сьлепа паддаваліся ўплыву тых поглядаў і настрояў, якія акружалі нас і акружаюць вас цяпер і якія, ужо не сьвядома, а проста традыцыйна, у большасьці працягваюць існаваць да гэтага часу. Мы ня бачылі, або не хацелі бачыць, што жыцьцё ідзе ўсё ўперад. што ня можа быць звароту да старога, што савецкая ўлада ня ёсьць, як нам напявалі, улада кучкі захопнікаў, — не, гэта ёсьць сапраўды ўлада працоўнага народу, якая безупынна працуе, каб пабудаваць і наладзіць жыцьцё, аснаванае на справядлівасьці, роўнасьці і брацтва ўсіх, а не паасобных людзей.
    Таварышы, як мы ня бачылі, так і вы ня бачыце цяпер, што ня можа ўлада кучкі захопнікаў існаваць столькі год і ўсё больш ўмацоўвацца; што не магла б такая ўлада перамагчы ў 1919 годзе з усіх бакоў наступаючыя на яе палкі контррэвалюцыйных генэралаў, арміі якіх пераможаны і расьсеяны. Гэта магла зрабіць толькі ўлада народу — савецкая ўлада, якая працягвае мацнець і квітнець.
    Таму, таварышы, нават сьмешна, што генэрал Пепяляеў з невялікім атрадам і з галавакружальнымі плянамі ідзе сюды, у Якуцію, перамагчы савецкае войска і захапіць уладу ў свае рукі.
    Таварышы, гэта няпраўда, што нам гаварылі ва Ўладывастоку і Аяне: што жыхары Якуціі чакаюць пепяляеўцаў з нецярпеньнем, што яны стогнуць пад ярмом савецкае ўлады.
    Не, яны тут жывуць лёгка і свабодна, і пепяляеўцы зьявяцца для іх нязванымі гасьцямі, якія прынясуць ім новыя пакуты і выпрабаваньні. Таму, таварышы, наша вам парада: не падтрымлівайце пляны і замыслы вашага начальства, пераходзьце на бок савецкага войска. Тут забудуць усё ваша мінулае, і вы атрымаеце поўнае дараваньне, як атрымалі яго мы. Ня верце таму, што гавораць, нібы ў чырвоных расстрэльваюць, — не, тут ня так, як у белых, тут не расстрэльваюць і ня бьюць розгамі, а тут вам усё даруюць. Савецкая ўлада ня помсьціць нікому. Але гора ж вы будзеце мець, калі задумаеце ваяваць, таму што савецкая ўлада моцная і ёй нічога ня варта зьнішчыць ваш маленькі атрад.
    Былыя пепяляеўскія афіцэры: Наха і Вычужанін”.
    23-ХІІ-22 г., слабада Амга.
    Першы дзень атрад ішоў па наежджанай дарозе і лёгка зрабіў вёрст сорак. Далейшы рух прышлося рабіць бяз усякае адзнакі дарогі і пракладаць сабе шлях па суцэльным глыбокім сьнезе. Каб аблягчыць рух запражным аленям, уперадзе атраду, верхам на седлавых аленях, ехалі аленяводы з правадніком на чале і пратоптвалі дарогу. У сярэднім рухаліся са скорасьцю 20-25 вёрст у дзень.
    Рух пачынаўся звычайна на досьвітку і працягваўся да 9-10 гадзін вечара.
    Прыпынкі на начлег рабіліся паводле ўказаньня Нікалаева, які адзін ведаў месцы для пашы аленяў. Як толькі спыняліся на начлег, алені ў момант адпрагаліся і адпускаліся на ўсе чатыры бакі шукаць сабе свой звычайны корм у выглядзе дробнага моху — ягелю, які яны спрытна здабывалі з-пад сьнегу капытамі сваіх пярэдніх ног.
    Часам за ноч нашы алені адыходзілі ад месца прыпынку атраду на сем і нават дзесяць вёрст. Праз кожныя тры дні рабілі днёўку, каб даць адпачыць аленям. Удзень прывалу не рабілі. Як толькі спыніліся на начлег, кожны добрасумленна выконваў сваю работу. Сьпяшацца прымушалі мароз і голад. Адны насілі сухастой для агнёў, другія пілавалі, калолі дровы для жалезных печак, трэція разграбалі сьнег драўлянымі лапатамі і расстаўлялі палаткі.
    Першы час байцы ніяк не маглі навучыцца нацягваць свае палаткі; замест стройнага палатнянага доміка, атрымлівалася нейкая бясформенная, прыплюснутая, абвіслая цёмная куча. У некаторых яна, як заўзяты конь, уставала на дыбкі; у іншых чамусьці навалілася ў адзін бок або ж трымалася на чэсным слове.
    — А, чорт бы цябе забраў! — сярдзіта лаяліся чырвонаармейцы.
    — З чаго тут пачынаць? Сто вяровак ды кольцаў — дзе пачатак дзе канец?
    — Глядзіце, у іх ужо гатова, і сьвечку запалілі, — з гаркатою і некатораю зайздрасьцю паказваў нехта на палатку якутаў.
    — Дзе ўжо нам з імі! Яны сваю справу добра ведаюць, народ прызвычаены, ня першы раз у такой дарозе.
    — Таварыш узводны, памажы: ніяк ня справімся!
    Той у адказ толькі махнуў рукой, але, каб падтрымаць свой аўтарытэт камандзіра, дабавіў:
    — Мне няма калі: варты выставіць трэба, — і, нібы ў пацьвярджэньне сказанага, хутка зьнік за бліжэйшым кустом.
    — Бач ты, хітрэц таксама, варты выстаўляць пайшоў, а сёньня ня наш, а першы ўзвод дзяжурны — мы ўчора ў каравуле былі. Сказаў бы проста, што ня ўмею, а то варты...
    Усьлед узводнаму несьліся вясёлыя рэплікі байцоў. У такіх выпадках выручаў дзядуля Нікалаеў і аленяводы. Пасьля іх умяшаньня не праходзіла 10-15 мінут, як сярод цямнеючых хвой і елак вырастаў дзіўна раскіданы маленькі гарадок з палатак і пыхкаючымі дымам трубамі печак, з фантастычна прасьвечваючымі палатнянымі сьценкамі. Гадзіны праз дзьве шум і тузаніна спыняліся. Павячэраўшы і напіўшыся чаю, усе сьпяшаліся заснуць, разьмясьціўшыся паўкругам каля печак на пахучых яловых галінках. Прыхінуўшыся шчыльней адзін да аднаго, каб было цяплей, людзі хутка і моцна засыналі, стомленыя дзённымі пераходамі і доўгім прабываньнем на марозным паветры. Гасьлі паступова агні, і непранікальная цемра ночы разам з марозным туманам зацягвала палаткі, якія бледна сьвяціліся. Толькі ў штабе яшчэ некаторы час ня спалі за гутаркамі, амаль заўсёды пра адно і тое ж самае — пра пепяляеўцаў.
                                                                    Дарожныя гутаркі
    Абодва перабежчыкі з ахвотаю кожны вечар дзеляцца з намі сваімі ўспамінамі пра белых.
    Сёньня яны абяцалі нам даць кароткую характарыстыку некаторых асоб, якія знаходзяцца ў дружыне.
    Першым пачаў расказваць паручнік Наха.
    Палкоўнік Ляонаў, начальнік штабу дружыны, з першых дзён рэвалюцыі пайшоў проці бальшавікоў. Ён возіць з сабою, у сваім скураным поясе, вельмі і вельмі кругленькую сумачку ў японскай валюце. Ён прадбачлівы і на кожны выпадак падрыхтаваўся адступіць па маршруту Аян — Токіё. Сюды прыехаў, як відаць, з намерам папоўніць наяўны ў яго запас пра чорны дзень.
    Палкоўнік Тапаркоў, памочнік начальніка штабу дружыны, былы начальнік контрвыведкі ва Ўладывастоку, быў заўважаны у хабарах і зладзействе, зволены Дзітэрыхсам і, як “беспрацоўны”, паступіў да Пепяляева.
    Палкоўнік Рэйнгард у пачатку грамадзянскае вайны служыў у чырвоных па інжынэрнай часьці. Пры заняцьці Пермі Пепяляевым застаўся ў ёй, перайшоў да белых і паступіў да Пепяляева, атрымаўшы пазначэньне камандзіра палка — чардынскага — пермскае дывізіі, цяпер у дружыне камандуе першым батальёнам. Чалавек вельмі хітры, любіць папляткарыць, крывадушны. Камандаваў батальёнам у Сямёнава.
    Палкоўнік Сураў — вельмі недалёкі чалавек, самахвал. Прапаршчык ваеннага часу (29-га сібірскага стралковага палка). З германскае вайны вярнуўся ў чыне падпаручніка. Да палкоўніка даслужыўся ў грамадзянскую вайну за лютасьць ў бытнасьць сваю начальнікам карнага атраду ў Томскай губэрні пры генэрале Маркоўскім (начальнік гарнізону г. Томску) і кіраўніку губэрні Міхайлоўскім. Заўсёды заяўляў, што ён помсьціў і будзе помсьціць за жонку, забітую ў часе ўзрыву яго эшалёну на станцыі Ачынск.,
    Самойлаў — былы радавы царскае арміі, яму нададзены чын палкоўніка пры Калчаку за бязьлітасны расстрэл баставаўшых у 1919 годзе уральскіх рабочых.
    Генэрал-маёр Ракіцін таксама атрымаў чын генэрала ў Калчака за зьверствы і масавыя расстрэлы сялян і партызан.
    Пра палкоўніка Андэрса расказаў падпаручнік Вычужанін.
    — Будучы ў Харбіне палкоўнік Андэрс пасватаўся да мае сястры. Нечаканы паход Пепяляева перашкодзіў гэтаму шлюбу, прышлося адкласьці да сканчэньня экспэдыцыі. Ад’яжджаючы з Харбіну, Андэрс гаварыў маёй сястры: “Зіначка, павянчаемся ў Маскве і абавязкова ў храме збавіцеля. Хутка саўдэпіі крышка будзе”.
    У дарозе я пазнаў Андэрса бліжэй. Лічачы мяне нібы сваяком, ён быў са мною адкрыты. Расказаў, што праходзіў нейкія курсы генштабу, чым вельмі фанабэрыўся. Маленькага росту, заўсёды быў падцягнуты, выгалены, звысоку глядзеў па супрацоўнікаў, вялікі любіцель выпіць, пра штоо сьведчыў яго багрова-шызы носік. Будучы вясёлым, любіў расказваць пра мінулыя баі з чырвонымі. Пры Калчаку ён камандаваў егерскім батальёнам. У наступленьні ўважаў дзейнічаць па-сувораўску. “Ня люблю я бязладнае стральбы — толькі дарма патроны псуюць, — гаварыў захмялеўшы палкоўнік. — Са сваім егерскім батальёнам я заўсёды ў штыхі кідаўся, і, павер, Шура, ніколі ня вытрымлівалі бальшавікі такога ўдару. Палонных мала браў, вучыў сваіх егераў штыхаваму бою. Помню, аднойчы чалавек 300 бальшавікоў за дзесяць мінут перакалолі. Яны равуць, крычаць, а я камандую: «Уперад, калі налева, направа калі!» Хе-хе-хе... Усё калі, калі!.. Чэрці, а не салдаты ў мяне былі. Вось і цяпер мой батальён першым у Якуцк уварвецца, штыхамі пракладу сабе дарогу. Толькі б дабрацца хутчэй, тады сам убачыш і ацэніш палкоўніка Андэрса — георгіеўскага кавалера, узнагароджанага залатою зброяю, маючага Ўладзімера з мячамі і бантамі. Толькі неяк ня цэняць цябе па тваіх заслугах. Іншыя паручнікі палкоўнікамі сталі, з капітанаў у генэрал-маёры вылезьлі, а вось мне не шанцуе, Шура. Я ўсю Сыбір з егерскім прайшоў, ва Уфу першы ўступіў, штаб дывізіі чырвоных ледзь не захапіў — уцяклі, спазьніўся на пяць мінут, сарвалася, а то б напэўна маёра атрымаў, а там і полк, а то і дывізію. Уцяклі, праклятыя! І ўсяго на пяць мінут... Не шанцуе...”
    Слухаючы п’янага палкоўніка, я ўсё больш і больш пачынаў у ім расчароўвацца, бачачы кар’ерыста і вялікага самахвала, і чым бліжэй я прыглядаўся да дружыны, тым больш каяўся ў гэтай сваёй паездцы. А пасьля аднаго расказу Андэрса я выразна парашыў пры першым жа зручным выпадку перабегчы да чырвоных. У дарозе пазнаёміўся з падпаручнікам Наха; у яго настрой аказаўся такі ж самы, як і ў мяне.
    — А ну, давай, раскажы, што Андэрс табе яшчэ хлусіў. Цікава паслухаць, — зьвярнуўся да Вычужаніна мой памочнік Лукін Н. А., былы прапаршчык.
    — На гэты раз, бадай, ён і ня хлусіў. Пра гэта некаторыя афіцэры ў дружыне ведаюць... Проста цяжка гаварыць пра гэта, — неяк вінавата і засмуціўшыся адказаў Вычужанін.
    — Ты тут ні пры чым, а нам трэба бліжэй ведаць свайго ворага, —  ня сьціхаў Лукін.
    — Гэта было на другі дзень пасьля заняцьця белымі гораду Уфы... — пачаў свой расказ Вычужанін.
    У штабе егерскага батальёну адбывалася бесшабашная папойка, за сталом сядзелі амаль усе афіцэры батальёну, апроч тых, што былі на дзяжурстве. Сам Андэрс ужо быў “на трэцім узводзе” (як ён любіў выражацца, будучы п’яным). У горадзе цэлы дзень чуваць была стральба; расстрэльвалі проста на вуліцы ўсіх захопленых па падазрэньні ў бальшавізьме.
    На дварэ ўжо сьцямнела, калі патруль прывёў у штаб затрыманых у раёне раскватараваньня батальёну трох хлапчукоў: самаму старшаму з іх было гадоў чатырнаццаць, а двум астатнім яшчэ менш, яб чым і далажылі Андэрсу.
    Той загадаў прывесьці арыштаваных да яго, і калі тых увялі ў пакой, у якім п’янствавалі афіцэры батальёну, то п’яны Андэрс гаркнуў:
    — Здарова, бальшавікі!
    Дзеці спалохана азіраліся вакол і маўчалі.
    — Эй вы, абадранцы! Ня хочаце адказваць афіцэру, языкі выражу — ну! — закрычаў п’яны палкоўнік.
    — Добры вечар, дзядзечка, — ціха адказаў нехта з дзяцей.
    — Я вам дам “дзядзечку”! Адказвайце. “Здравія жадаем, ваша высокаблагародзьдзе”, сукіны дзеці!
    Дзеці, блытаючыся і запінаючыся, адказалі, як ад іх патрабаваў грозны камандзір.
    — Усе вы, вядома, бальшавікі і шпіёны, — гаварыў далей Андэрс.
    — Мы ня ведаем, дзядзечка.
    — “Дзя-а-дзе-ечка!” Забылі як адказваць. Глядзіце ў мяне. — І быўшы ў руках палкоўніка ангельскі стэк грозна, са сьвістам расьсек паветра.
        Вашы бацькі што рабілі, калі тут чырвоныя былі? Грабяжом займаліся, ня інакш. Дзе яны цяпер?
    — Мы ня ведаем: зранку дома ня былі.
    — Ня ведаеце? Хлусіце; напэўна пашлі з бальшавікамі... Вось што. Калі вы ня будзеце адпірацца, будзеце ўсё гаварыць, я дам вам грошай і ўсіх адпушчу. Будзеце запінацца — высеку розгамі. Вы — бальшавікі, так?
    — Бальшавікі, ваша благародзьдзе.
    — Шпіёны?
    — Так, шпіёны.
    — Хто вас паслаў сюды?
    — Ніхто, ваша благародзьдзе, самі пайшлі, — адказаў на пытаньні палкоўніка самы старшы з дзяцей.
    Нарэшце Андэрсу абрыдзела займацца з дзецьмі і, асушыўшы шклянку каньяку, ён загадаў канвойным накіраваць палонных да Адама. Калі дзяцей павялі, адзін з прысутных афіцэраў папрабаваў спыніць палкоўніка і пачаў прасіць за дзяцей.
        Кіньце сэнтымэнтальнічаць, паручнік, — замахаў на яго палкоўнік рукамі. — Калі яны цяпер і не бальшавікі, то ў будучым будуць бальшавікамі...
    На дварэ грымнуў залп. П’яны палкоўнік Андэрс узьняў поўную шклянку віна і сказаў тост за адмірала Калчака.
    Пасьля ўсяго пачутага мною я пачаў зусім інакш глядзець на наш паход і на афіцэраў у пепяляеўскай дружыны. Усе яны здаваліся мне Андэрсамі, — скончыў свой расказ Вычужанін.
    Лаяўся Лукін, нэрвова сьціскаючы кулакі сваіх дужых рук былога малатабойца. Праваю рукою ён свабодна выціскаў чатыры пуды.
    Сёньня мы засядзеліся. Час быў ужо за поўнач. На дварэ нехта калоў дровы для печкі, побач, у палатцы, дзяжурны будзіў зьмену каравулам.
    Гадзіны за дзьве да сьвітаньня атрад ужо на нагах. Распальвалі астыўшыя за ноч агні, грымелі вёдрамі, напакоўвалі іх сьнегам, кіпяцілі чай, варылі кашу, мыліся проста сьнегам. Такі спосаб ранішняга туалету рабіў менш чульлівым да марозу твар. Аленяводы пайшлі яшчэ да пад’ёму атраду на пошукі і збор нашых аленяў. Ад гэтых шасьцярых таварышаў залежала ўся наша экспэдыцыя. Толькі гэтыя дзеці тайгі так добра маглі кіраваць аленямі ў дарозе, а раніцою, гадзіны за тры да сьвітаньня, надзеўшы лёгкія лыжы, накіроўваюцца на пошукі і цярпліва, гадзінамі, у люты мароз, які разгульваў па таежных прасторах, знаходзіць і зьбіраць аленяў.
    Як звычайна, пасьля кожнага начлегу мы не далічваліся некалькіх аленяў, якія, адбіўшыся ад астатніх, забіраліся глыбей у тайгу і ішлі вёрст за 10-15. Каб не затрымліваць атраду, у такіх выпадках адзін аленявод заставаўся і, знайшоўшы беглякоў, даганяў нас у дарозе, а то і на начлезе. Усё ж два-тры алені зусім уцяклі. З гэтага становішча выходзілі дзякуючы зьмяншэньню прадуктаў, вызваляліся і нарты.
    Атрад ужо шостыя суткі ў дарозе, праехалі вёрст сто. Ясная марозная ноч. Доўгаю чарадою, з цэлым лесам галіністых рог, характэрна патрэскваючы на хаду капытамі сваіх тонкіх і стройных ног, расьцягнуліся нашы алені.
    Вузкія і доўгія нарты нячутна сьлізгаюць па толькі што разьвернутай цаліне некранутага сьнегу.
    Ад бягучых аленяў садзіцца і замярзае белым інеем на вопратцы байцоў пара. Мароз залазіць у рукавіцы і, як іголкаю, паколвае пальцы рук; мерзнуць і ногі, ня гледзячы на цёплыя і добрыя валёнкі. Часта прыходзіцца злазіць з нартаў і вярсту-другую ісьці пехатою. каб разагрэцца.
    Ужо некалькі гадзін атрад прабіраецца праз непралазны гушчар. Часам прыходзіцца пускаць у ход сякеры. Сівая маўклівая тайга пад цяжарам асеўшага на яе сьнегу нагнулася месцамі амаль да самае зямлі і лахматымі грузнымі галінамі сваіх дрэў загарадзіла дарогу. Немінучае дакрананьне —і тысячы халодных пушынак зрываюцца з іх, ляцяць за шыю і засыпаюць чалавека разам з нартамі.
    Здаецца, што дарозе ня будзе канца і атрад ніколі ня выберацца з гэтых нетраў. Праваднік — дзядуля Мікалай, як называлі яго ўсе, — сёньня першы раз за ўсю дарогу сьпяваў на сваёй роднай мове незразумелую песьню.
    Чамусьці хацелася ведаць, пра што ён сьпявае. Я ня вытрымаў і запытаў у тлумача, які сядзеў са мною на нарце, — Г. А. Пятрова. Той патлумачыў сэнс песьні. Нікалаеў сьпяваў пра велічнасьць гор, пра векавыя лясы, пра дзікую стыхію, пра мінулы час, пра сёньняшні прайшоўшы, утануўшы ў вечнасьць дзень і пра тое, як цяпер жыве яго сям’я. Ціхі сумны матыў гэтае песьні навяваў салодкую сумнасьць і разам з акружаючаю першабытнаю прыродаю ствараў нейкую асобную гармонію пачуцьцяў і кірунак думак.
    Глуш. Тайга, без канца тайга. Толькі зрэдку атрад перасякае патрэскваючы ад марозу сваімі ледзянымі сьпінамі вузкія, з абрывістымі берагамі рэчкі. У пошуках больш адхоннага спуску траціў нямала часу.
    Сёньня атрад едзе даўжэй звычайнага. Ужо каля дванаццаці гадзін ночы.
    Нарэшце, паводле знаку дзядулі, атрад спыняецца. Усе ўзрадаваліся начлегу, але, як аказалася, дачасна.
    Нікалаеў верхам на алені пад’ехаў да мяне і паведаміў, што ў шасьці вёрстах уперадзе есьць адна юрта (дзіўная была памяць у гэтага знаўцы тайгі: ён заўсёды беспамылкова дакладна ўказваў адлегласьць), дзе мы і заначуем, а цяпер дарога пойдзе адкрытым месцам; як толькі яго праедзем, атрад у лесе трэба спыніць, а да юрты выведку выслаць.
    — Нашто? — крыху зьдзівіўся я.
    — Мне думаецца, — адказаў праваднік, — што там белыя.
    Вядома ніхто з атраду гэтаму не паверыў. Але каб ня крыўдзіць дзядулю сваёю грэблівасьцю да яго парады і каб у будучым карыстацца яго думкаю як вельмі цэннага ў такім становішчы таварыша, парашылі зрабіць, як раіў ён.
    Пакурыўшы, паехалі далей і мінут праз дзесяць выехалі на залітую месячным сьвятлом сьнежную раўніну, на якой там і сям віднеліся раскіданыя рэдкія стагі сена. Пад нагамі аленяў хутка адчулася цьвёрдая дарога, накрытая тонкім слоем сьнегу.
    Праехаўшы бягом каля трох вёрст, мы раптам убачылі кроках у дзесяці ў баку ад дарогі тырчачы доўгі шост, да канца якога быў прывязаны нейкі скрутак Адзін чырвонаармеец хутка дастаў яго і перадаў мне. У даволі аб’ёмістым пакеце аказаліся адозвы пепяляеўцаў, чытаць якія пры месячным асьвятленьні было цяжка, дый ня час.
    Усе адразу насьцярожыліся. Было ясна, што вораг дзейнічае і рыхтуецца да схваткі. Не затрымліваючыся, паехалі далей і хутка дасягнулі ўзьлеску. Знойдзены пакет толькі пацьвердзіў апаскі Нікалаева, і ў далейшым патрабавалася пільнасьць.
    Захапіўшы з сабою 10 байцоў, я і Лукін пайшлі на выведку юрты. Рэшта атраду з камандзірам узводу Мятліцкім засталася на ўзьлеску і была напагатове.
    Рассыпаная ў рэдкі ланцужок, выведка павольна, амаль цішком прабіралася скрозь гушчар. Старыя, спрактыкаваныя партызаны добра ведалі сваю справу. Так прайшлі больш як вярсту і раптам на левым флянгу цішыню ночы разарваў крык спалоханага чалавека. “А-а-а…” неслася зьлева, а потым яго зьмяніў адборны мат выведчыка.
    — І... маці, чортаў сын... Каб табе ўгробіцца! Да раніцы не пражыць!
    І толькі мой прыход прымусіў гэтага выведчыка закрыць фантан свайго красамоўства.
    Пытаю:
    — У чым справа? Чаго лаесься?
    — Таварыш камандзір, вось за гэтым дрэвам...
    — Д’ябла ўбачыў ці што?
    — Белы тут стаяў... Я проста на яго і наляцеў, адразу не заўважыў — спаў ён ці што; ды як зараве роспачным матам, нібы мядзьведзь. Я так і прысеў, а ён уцякаць, вінтоўку толькі пакінуў.
    — Ды вы абодва спалохаліся, — умяшаўся Лукін.
    — Ня ведаю, як белы, а я ня здрэйфіў. Проста неяк нечакана выйшла адразу не разабраў, што такое, — паясьніў выведчык.
    Гэты выпадак стварыў нейкі задорны ва ўсіх настрой. Хутка пайшлі сьледам за бегляком. Юрта аказалася пустою, на стале стаяў вялікі кацёл яшчэ гарачае стравы, а ў камяльку весела трашчалі нядаўна пакладзеныя туды дровы. 
    Белыя пакінулі сваю вячэру і, ня прыняўшы бою, уцяклі. Па конавязях удалося ўстанавіць, што тут іх было дваццаць чалавек, усе на конях. Жыхароў у юрце ня было, і распытаць больш падрабязна ня было ў каго.
    Гэтая мясцовасьць называлася Дарана.
    Атрад праехаў 180 вёрст. Да вусьця ракі Мілі заставалася 20 вёрст. Нечаканая сустрэча з праціўнікам паставіла пад пагрозу далейшы паход. Меркавалі, што тут наткнуліся на арцем’еўцаў, якія, даведаўшыся пра мэту паездкі, згодзяцца нас прапусьціць або ў крайнім выпадку возьмуць па сябе далейшую дастаўку пакетаў па назначэньні. З гэтай мэтаю Яфрэмаў, Дзьячкоўскі і Няпомнячы накіраваліся раніцою да вусьця ракі Мілі пехатою. У гэтым кірунку адышлі белыя.
    Усіх аленяў прышлося адпусьціць на пашу, гэтым атрад пазбавіў сябе магчымасьці хуткага пераходу, але рабіць ня было чаго. Галодныя алені ўсё роўна не павязуць, прышлося мірыцца.
    Чакаючы рэзультату ад пасылкі да белых нашых прадстаўнікоў, парашылі азнаёміцца са зьместам знойдзенага па дарозе пакета. Там было некалькі адозваў да насельніцтва і адозва да Чырвонае арміі.
    Контррэвалюцыя, калі за ёю сіла, агітаваць ня любіць. Яна пераконвае штыхом і нагайкаю, розгамі і шыбеніцаю. І, толькі будучы слабаю, апіраючыся на гліняныя хадулі, яна пачынае агітаваць, стараючыся ашукаць працоўных.
    У такія моманты контррэвалюцыя нацягвае на сябе авечую шкуру, сыпле лагоднымі словамі і пралівае кракадзілавы сьлёзы. Калчак, калі яго разьбітыя і дэмаралізаваныя рэшткі войска каціліся, як пустая бочка з гары, ад Уралу ў глыбіню Сыбіры, учапіліся, як тонучы за саломінку, за агітацыю (адозвы, плякаты, лістоўкі, маленьні папоў з пропаведзямі) сярод падрыхтаваных ужо фізычнаю агітацыяю (карнымі атрадамі адмірала) рабочых і сялян.
    Пепяляеў, маючы найбагацейшы вопыт за плячыма, да чаго вядзе агітацыя крывёю, парашыў пачаць з другога канца. Ён пачаў з пісем да Чырвонай арміі і адозваў да насельніцтва.
    У адной са сваіх адозваў пепяляеўцы пісалі:
                                       АФІЦЭРЫ І САЛДАТЫ ЧЫРВОНАЕ АРМІІ!
    Яшчэ чатыры гады таму назад мы выступілі проці бальшавікоў са зброяю ў руках. На чале руху тады стаяў наш зямляк — генэрал Пепяляеў. Калі мы ішлі з нашым правадыром за Урал і скрозь скідалі камуністычную ўладу, у тыле ў нас пачалася барацьба партый за ўладу.
    Заняты гэтаю барацьбою ўрад ня меў часу цалкам аддацца клопатам і патрэбам насельніцтва, сачыць за дзеяньнем сваіх чыноўнікаў, зьнішчаць ў час іх злоўжываньні. Гэтым скарысталіся камуністы і пачалі нацкоўваць насельніцтва проці ўраду.
    Насельніцтва Сыбіры паверыла камуністам і адхіснулася ад ураду...
    Выходзячы з Сыбіры, мы выносілі з сабою цьвёрдую веру, што яно (насельніцтва) успамяне пра нас і пакліча да сябе на дапамогу. Два гады бадзяліся мы на чужыне і чакалі гэтага закліку. І вось нарэшце дачакаліся: упаўнаважаныя паўстаўшага якуцкага народу зьвярнуліся да нашага правадыра — генэрала Пепяляева — з просьбаю памагчы іх народу вызваліцца ад камуністаў.
    Мы ня будзем падтрымліваць якую-небудзь партыю. Афіцэры і салдаты Чырвонай арміі! Мы з вамі дзеці вялікае Расіі, аднаму богу молімся. Пакінем дзяліцца на чырвоных і белых і разам пад нашым бела-зялёным. сьцягам пойдзем у Сыбір. Далоў грамадзянскую вайну і партыі, якія яе выдумалі.
    Наша палітычная праграма — вось яна:
    Інтэрнацыяналізму мы проціпастаўляем гарачую любоў да народу і Расіі, бязбожжу — веру ў бога і партыйнай дыктатуры — уладу ўсяго народу.
    Уся паўната ўлады ў вызваленых Якуцкай вобласьці і Ахоцкім узьбярэжжы (горад Ахоцк, порт Аян і Чумакан) належыць Якуцкаму народнаму кіраўніцтву і кіраўніку вобласьцю П. А. Кулікоўскаму (высунутаму на гэтую фасаду якуцкаю грамадзкасьцю). Мы ж, людзі вайсковыя, пойдзем далей, у родную нам Сыбір, каб там памагчы насельніцтву вызваліцца ад улады камуны”.
    У вуснах чорнае рэакцыі гэтыя нявольныя і горкія прызнаньні гучэлі споведзьдзю і адкрытасьцю грэшніка, які позна каецца. “Мы перасалілі, будучы на чале ўлады”, каяліся пепяляеўцы перад якуцкім народам.
    Цэлых два бясконца цяжкіх гады белыя чакалі, чакалі і чакалі. І вось яно, шчасьце, на якое яны страцілі было ўсякую надзею. “Прадстаўнікі” далёкае халоднае Якуціі — Кулікоўскі, Нікіфараў і Папоў — паклікалі пепяляеўцаў на дапамогу. Але, у той час калі “ўпаўнаважаныя” заклікалі генэрала Пепяляева, хваля паўстанцтва ўляглася, насельніцтва пераканалася ў авантуры Карабейнікава і самі паўстанцы ўжо расстралялі аднаго такога “апякуна народнага дабра” (палкоўніка Кадыкова). Якуцкі працоўны народ у асобе сваіх сапраўды вольна выбраных прадстаўнікоў, у першым Усеякуцкім устаноўчым зьезьдзе саветаў, сказаў ясна і выразна: “Сьмерць Пепяляеву!” Але генэрал ня лічыўся з гэтым. Ён хацеў ваяваць, будучы ўпэўненым, што спынілася толькі вайна зьнешняя. Чатырохгадовая імпэрыялістычная вайна, якая каштавала мільёнаў чалавечых жыцьцяў, зруйнавала цэлыя краіны і дзяржавы, была спынена бальшавікамі. Грамадзянскую ж вайну, якая вядзецца імі ў імя свабоды чалавецтва і зьнішчэньня ўсякіх войнаў, генэрал-«народнік» называў вайной брата з братам.
    Калі б такія “браты”, як барон Урангель, адмірал Калчак і генэрал Пепяляеў, ня думалі б ратаваць сваіх братоў пародных душыцеляў — памешчыкаў і капіталістаў, то ня было б і грамадзянскае вайны. Інтэрнацыянал рабочых для Пепяляева быў непрыймальны, а прыймальны другі “інтэрнацыянал”: японскія боты і гранаты, ангельскія шынялі, амэрыканскія вінтоўкі “рэмінгтон” і інш.
    “Беспартыйныя» манархісты, дзеці “адзінае і непадзельнае”, заяўлялі, што яны паза партыяю, і заклікалі спыніць падзел па чырвоных і белых, а самі клікалі пад свой бела-зялёны сьцяг.
    Будучы проці вайны “брат з братам”, яны ў той жа самы час хацелі ісьці праз Якуцію, заваяваць усю Сыбір і пайсьці далей — на Савецкую Расію.
    Ня менш, старанна, чым пепяляеўцы, практыкаваліся ў пісаньні і псавалі паперу прадстаўнікі грамадзянскага кіраўніцтва. У сваіх адозвах да насельніцтва і пісьмах да нацыянальнае інтэлігенцыі “народныя выбраньнікі”, Васіль Нікалаевіч Барысаў, Нікіфараў і Кулікоўскі, пісалі:
    Чырвоныя вядуць агітацыю проці сыбірскае дабравольніцкае дружыны, якая пераканаўшыся, што паўстаньне мае чысты народны характар, таму што прадстаўнікі народу зварочваліся з адозвамі да ўсяго цывілізаванага сьвету не дапусьціць зьнішчэньня нацыі, кінуўшы мірнае працоўнае жыцьцё і свае сем’і, прыйшла памагчы народу ў барацьбе з камуністамі паводле закліку прадстаўнікоў паўстанцкіх атрадаў, насельніцтва і грамадзкасьці...
    “Калі б вы ведалі, што засталіся адны ўспаміны ад аўтаномных савецкіх рэспублік, як Бурацкая, Грузінская, Татарская і гэтак далей...”
    “Генэрал Пепяляеў — гэта не авантурыст, як Сямёнаў, не ахвяра міжнароднае дыпляматыі, як Калчак, а народны выбраньнік...”
    Гэта цёплая кампанія, будучы ў стане рэакцыі, нагла называла сябе прадстаўнікамі якуцкага народу — таго народу, які рыхтаваўся са зброяю ў руках да клясавае барацьбы са сваім векавым ворагам.
    Пры царызьме, калі якуцкі цёмны народ, пад ярмом царскага самадзяржаўя, быў у брудных, халодных хатонах, за 15-20 рублёў працаваў круглы год на тых жа самых Барысавых і Нікіфаравых, — ці называлі яны тады сябе прадстаўнікамі народу, ці аддавалі хоць адзін рубель беднаму, загнанаму якуту, ці думалі яны пра народ, які яны абіралі, дзе і як толькі магчыма? Не, ім гэта было нявыгадна, і толькі цяпер, калі яны пазбавіліся магчымасьці грабіць і эксплёатаваць, яны ўспомнілі, што ў іх ёсьць свой народ, які патрэбен ім як жывая сіла. Сіла, якую ў мінулым яны выкарыстоўвалі як танную і выгадную машыну, як рабочага каня. А цяпер хацелі выкарыстаць як сьляпую зброю проці ўлады працоўных. Вось чаму і для чаго яны называлі сябе прадстаўнікамі народу.
    Кулікоўскі — стары эсэр, забіў маскоўскага гараданачальніка графа Шувалава, але падаў просьбу на найвышэйшае імя, быў памілаваны і сасланы на пасяленьне ў Якуцк. Цяпер Кулікоўскі сам аказаўся ў ролі Шувалава. Сваё мінулае ён прадаў за генэральскі чын, прамяняў на партфэль і пячатку яго правасхадзіцельства. Свае палітычныя перакананьні ён пакінуў у кабінэце ў Дзітэрыхса, а ўзамен атрымаў ад прыморскага ваяводы мандат па права расстрэльваць, вешаць і кідаць у турмы ўсіх непакорных капіталу.
    І вось гэты махровы букет рэакцыі, называючы сябе “прадстаўнікамі народу”, гаварыў, што “сібірская дабравольная дружына”, пераканаўшыся яшчэ ва Ўладывастоку, што паўстаньне “народнае” (народ — гэта Нікіфаравы, Барысавы на чале з Кулікоўскім), пакінуўшы мірнае працоўнае жыцьцё, прыйшла вызваляць і не дапускаць “зьнішчэньня нацыі”.
    Гэтыя адборныя галаварэзы, якія прайшлі па ўсёй Сыбіры хваляю зьнішчэньня і гвалтаў над працоўнымі, пераканаліся ў неабходнасьці памагчы якуцкаму народу. Ня бачачы і ня ведаючы гэтага народу, пераканаліся яшчэ ў Прымор’і, дзе яны жылі, пад абаронаю японскіх імпэрыялістычных штыхоў, жылі “мірным працоўным жыцьцём” з вінтоўкамі за плячыма і з нагайкаю ў руках. Яны прышлі “не дапускаць зьнішчэньня нацыі” праз вайну з нацыяй, руйнуючы яе гаспадарку, зьнішчаючы “ў імя дабра нацыі” яе скаціну, яе жыльлё, зрываючы пачатае культурнае адраджэньне краю.
    Каб адвысакародзіць Пепяляева, выставіць яго сапраўдным абаронцам інтарэсаў народу, мізэрная зграя спэкулянтаў і эксплёататараў старалася пусьціць як найбольш пылу ў вочы якуцкіх працоўных, думаючы такім парадкам схаваць сапраўдны твар пепяляеўшчыны. Дзеля гэтага ўсіх быўшых да яго рэстаўратараў і сваіх кроўных братоў яны абвясьцілі авантурыстамі. Сямёнаў — авантурыст. Карабейнікаў і кампанія — таксама авантурысты. Вясною ў Ахоцку адна група бачкароўцаў абвясьціла другую авантурыстамі. Афіцэр Бяльніцкі, які рабіў белы пераварот у Сярэдня-Калымску, таксама зрабіў другі пераварот, разьбіў атрад бачкароўскага “начальніка ваеннага раёну”, захапіў вайсковага старшыню Шулепава ў палон і арыштаваў як авантурыста.
    Восеньню 1922 году ў Верхаянск прыбылі з атрадам уцёклыя з Вілюйскае акругі Канін і Ноўгарадаў і скінулі ўладу капітана Хапіліна і паручніка Масюкова, таму што яны, моў, авантурысты. Пры ўцёках жа з Верхаянску ад чырвоных Канін і Ноўгарадаў пасварыліся на грунце падзелу пушніны і вядома абвясьцілі адзін аднаго авантурыстамі. Прычым Ноўгарадаў, маючы на сваім баку перавагу, усю пушніну забраў адзін.
    Палкоўнік Бачкароў і ўсе яго афіцэры абвешчаны авантурыстамі і петрапаўлаўскімі (на Камчатцы) белагвардзейцамі, і абласным кіраўніцтвам, і генэралам Пепяляевым.
    У Ахоцку ўсяго было чатыры ці пяць урадаў, якія, кожны ў сваю чаргу, прызнавалі адзін аднаго за авантурыстаў.
    Сьцьвярджэньне, што Калчак — “ахвяра міжнароднае дыпляматыі”, вядома ні на чым не аснаваная. Праўдзівей, “міжнародная дыпляматыя” зьяўляецца ахвяраю тупое і п’янае калчакоўшчыны...
    Усе прахадзімцы лезуць уперад, усе стараюцца залезьці вышэй, сьпіхнуць свайго суседа, запляміць яго авантурыстам і сябе абвясьціць народным выбраньнікам.
    “Па сутнасьці ж усе вы аднолькавы. Словам, зладзеі на жулікаў наляцелі або наадварот, але якая ж тут розьніца? Як усе вы сябе ні называйце, якуцкі працоўны мяркуе аб вас не па словах, а па справах, дый мінулага нікуды не схаваеш: так і прэ ад яго падлаю”.
    Такія адказы ад працоўных Якуціі і Чырвонае арміі атрымалі Пепяляеў, Кулікоўскі і кампанія на ўсе свае адозвы, звароты і пісьмы. Раніцою пасьля адпраўкі прадстаўнікоў атраду на вусьце ракі Мілі прыехаў невядомы ўзброены коньнік.
    Прывязаўшы на дварэ каня і зайшоўшы ў юрту, ён зьняў з сябе старую, з аблезлаю шэрсьцю, кароценькую аленевую даху. На гімнасьцёрцы аказаліся пагоны, на якіх было напісана хімічным алоўкам:
    “1 Я. П. О.”, што абазначала: першы якуцкі партызанскі атрад. Прыехаўшы белы паведаміў, што ён быў пасланы ў Амгінскі раён з адозвамі Пепяляева і што цяпер ён варочаецца назад праз Дарану (тут раней стаяла застава белых, пад камандаю Аляксеева). Пра тое, што тут ужо чырвоныя, ён нічога ня ведаў. Далей палонны паведаміў, што Пепяляеў атрымаў харчаваньне і транспорт на аленях і ўжо выступіў з Нэлькану і трымае кірунак на вусьце ракі Мілі, куды ўжо прыбыў першы атрад пепяляеўцаў, у 80 чалавек, пад камандаю палкоўніка Сурава, які і выставіў на Дарану заставу.
    Пасьля атрыманьня гэтых вестак ня было больш сумленьня ў тым, што прыйдзецца біцца і што Пепяляеў не адмовіцца ад свае авантуры, але ўсё ж мы парашылі пачакаць звароту таварышаў з адказам ад Сурава.
    Прастаялі яшчэ два дні. Высланая выведка знайшла ў трох кілямэтраў ад атраду сьляды пепяляеўскіх лыжнікаў, якія прабавалі знайсьці і забраць нашых аленяў. Заставацца далей было рызыкоўна і бязмэтна. Было ясна, што прадстаўнікі атраду затрыманы. 5 студзеня экспэдыцыя выступіла назад у Амгу.
    У адну з начовак неяк зайшла гутарка пра генэралаў і я запытаў у Наха, ці ня ведае ён, дзе цяпер генэрал Смолін, які ў 1920 годзе ўцёк разам з генэралам Вішнеўскім з Чыты.
    Наха адказаў, што Смолін жыве ў Японіі. Потым ён расказаў два эпізоды з жыцьця ўсходняе контррэвалюцыі:
    — У Смоліна памерла жонка. Вельмі шкадуючы свае бясцэннае жонкі, генэрал-маёр Смолін, які камандаваў у той час, у 1922 годзе, другім корпусам белага войска ў Сямёнава ў Н.-Усурыйску, пабудаваў на магіле жонкі склеп. На гэту справу ён затраціў 10000 рублёў золатам корпусных грошай. Абвясьціўшы пра гэта ў газэтах, як аб ахвяраваньні “бязьмежна любячых свайго бацьку-камандзіра салдат і афіцэраў корпусу”. Афіцэры абурыліся гэтаю хлусьнёю, але іх падцягнулі, запалохалі, што называецца, і яны змоўклі. У той жа час становішча салдат і афіцэраў корпусу было такое: два гады не выдавалася пэнсіі ні капейкі, зімою і летам хадзілі ў штанох і гімнасьцёрках з перафарбаванае ў сіні колер дрэлі.
    У 1920 годзе атаман Сямёнаў за “старанную службу” з награбленых у народа грошай выдаў тром карпусам адзін мільён дзьвесьце тысяч золатам, па чатырыста тысяч на кожны корпус, для раздачы іх шматсямейным афіцэрам і тым, што звальняюцца з яго арміі. У корпусе Смоліна галоўка парашыла грошай на рукі не выдаваць, а арганізаваць каапэрацыйныя прадпрыемствы: вяровачныя заводы, майстэрні, пчольнікі, кафэ і г. д. У праўленьні каапэратываў і адміністратары каапэрацыйных прадпрыемстваў заселі “іх правасхадзіцельствы” і “іх высокаблагародзьдзі”, назначыўшы сабе аклады ў трыста-чатырыста рублёў золатам.
    У рэзультаце да 1922 году ад 400000 застаўся адзін толькі ўспамін ды дзесяткі тысяч рублёў даўгоў. Скончылася “крамка”, а афіцэры, ня нюхаўшы гэтых чатырохсот тысяч, тым часам ішлі ў агароднікі, садоўнікі, рэпэтытары, а то і проста ў падмятайлы і конюхі.
    Вядома генэрал Смолін сябе не забыў і наймацца на работу нікуды не пайшоў...
    На наступным начлезе атраду Вычужанін расказаў пра “земскі сабор” ва Уладывастоку:
    — Шмат самадураў-кіраўнікоў бачыў Уладывасток за два гады панаваньня там белых генэралаў, але ўсіх іх пераважыў сваімі дзівацтвамі царскі генэрал-лейтэнант Дзітэрыхс, які прыехаў паводле запрашэньня буржуазнага “нарсходу” ва Ўладывасток з Харбіну. Дзітэрыхса запрасілі наладзіць парадак ва Ўладывастоцкай “дзяржаве”, дзе вечна былі сваркі паміж вярхамі.
    Шмат загадаў і распараджэньняў, камічных і сьмешных да сьлёз, аддаў гэты апошні ваявода-кіраўнік за 4 месяцы свайго цараваньня.
    Адным з самых гумарыстычных яго загадаў, адданых напярэдадні ўцёкаў капэлеўскае арміі з Прымор’я, быў загад-маніфэст пра збор “земскага сабору”.
    Вельмі хутка быў наладжаны гэты “земскі сабор”: усяго за сем дзён. Удзельнікамі “сабору” былі выключна купцы і духавенства гораду Ўладывастоку і прадстаўнікі ад капэлеўскае арміі, гэта значыць земскае раці, усяго да 200 чалавек.
    Характэрна, што ў гэты “земскі сабор” дэпутаты не выбіраліся, а прыходзілі па назначэньні, і вядома не прайшло ніводнага прадстаўніка ад рабочых.
    Пасьля сканчэньня “сабору”, дзе аднадушна пастанавілі: “быць зямлі рускай манархіяй”, адслужылі ўрачысты малебен і зрабілі працэсію па Ўладывастоку.
    Ваявода Дзітэрыхс і з ім браты Мяркулавы (якія былі да яго), Сьпірыдон і Мікалай, адзетыя ў гарнітуры “думных баяр у старасьветчыну”, увешаныя з усіх бакоў абразамі, ішлі ўперадзе працэсіі пад агульны рогат насельніцтва. Нельга бяз сьмеху было глядзець на гэтую бессаромную камэдыю, якую арганізатары яе разыгрывалі з пэўнаю мэтаю — затуманіць галовы цёмнай масе, іграючы па яе рэлігійных пачуцьцях.
    Кожпы ўдзельнік гэтага “земскага сабору” атрымаў грамату, напісаную залатымі літарамі, з надпісам: “Памрэм за цара!” (Яна ёсьць і ў генэрала Пепяляева, удзельніка “сабору”).
    Прадбачачы блізкі канец свайму цараваньню, ваявода Дзітэрыхс абклаў насельніцтва Прымор’я кантрыбуцыяй у некалькі мільёнаў залатых рублёў, якую вымагаў усякімі спосабамі. Жывучы цяпер у якім-небудзь горадзе Японіі на гэтую кантрыбуцыю, ён ад душы напэўна сьмяецца, успамінаючы працэсію і свой баярскі гарнітур, — такімі словамі скончыў Вычужанін сваё апавяданьне з гісторыі далёкаўсходняе контррэвалюцыі.
    Усю сваю дарогу назад атрад зрабіў значна хутчэй і лягчэй, таму што цяпер ішоў па пратаптанай ўжо дарозе, і чысла 11-12 студзеня экспэдыцыя прыбыла ў Амгу.
    У Якуцк паслалі падрабязнае данясеньне аб выніках паездкі і аб палонным пепяляеўцы. Праз некалькі дзён быў атрыманы загад камандуючага Байкалава: “Атраду заставацца ў Амзе да распараджэньня і неадкладна пачаць умацаваньне слабады”.
                                                           Няўдачныя баі Дзьмітрыева
    Атрад Арцем’ева, які да гэтага часу хаваўся недзе ў раёне вёскі Петрапаўлаўскае, за апошні час стаў праяўляць актыўнасьць і ў апошніх чыслах лістапада месяца зрабіў напад па сувязь, высланую з Петрапаўлаўскага ў Амгу. З дванаццаці байцоў, якія нарваліся на засаду, дзевяць былі забіты і трое ўзяты ў палон, у тым ліку адзін паранены. Параненага чырвонаармейца арцем’еўцы прыслалі прывязаным да саней у нашу заставу — у Абагу — з запіскаю: “Мы бяззбройных не расстрэльваем, а таму здавайцеся і пераходзьце да нас бяз боязьні”. Параненаму чырвонаармейцу яны сказалі, што імі атрыманы загад (відаць ад Пепяляева. — І. С.), каб палонных не расстрэльваць. Вядома чырвонаармейцы вельмі добра зразумелі сутнасьць гэтага выпадку і заявілі, што старога вераб’я (асабліва стрэлянага) на мякіне не ашукаеш.
    У першых чыслах сьнежня Дзьмітрыеў атрымаў весткі, што на рацэ Натора, у сарака вёрстах на паўночны захад ад Петрапаўлаўскага, зьявіўся атрад Арцем’ева. Дзьмітрыеў зараз жа выслаў туды з батальёну адну роту ў 78 штыхоў, з адным кулямётам Кольта і аўтаматам Шоша, пад камандаю Авечкіна. Для выкананьня выведкі дзесяць чалавек былі пасаджаны на коней, а іншыя ехалі на падводах.
    Рота выступіла з Петрапаўлаўскага гадзін каля 12 дня і, праехаўшы 25 вёрст, заначавала ў дзьвюх юртах. Жыхары гэтых юрт паведамілі Авечкіну, што раніцою да іх прыяжджалі пяць белых, забралі трое коней і паехалі ў кірунку на захад. Паводле слоў жыхароў белыя знаходзіліся адсюль вёрстах у дзесяці, усяго чалавек 80-90. Пераначаваўшы, рота пайшла далей. Чакаючы хуткага бою, настрой ва усіх быў прыпадняты. Чырвонаармейцы жартавалі, сьмяяліся і з асаблівым замілаваньнем пазіралі на свой кулямёт. Усе верылі ў посьпех і гарэлі жаданьнем даць бой.
    Дарога ішла лесам і густым хмызьняком. Высланая ўперад выведка старанна праглядала падазроныя і небясьпечныя месцы. Так праехалі вёрст сем. Праціўніка пакуль што нідзе ня выявілі але гэта толькі павялічыла пільнасьць і асьцярожнасьць роты. Гутаркі і сьмех спыніліся самі сабою, і толькі вясёлы ветрык, закранаючы ў сваім бегу за верхавінкі дрэў, лёганька прыгінаючы іх, зрываў камячкі сьнегу і адносіў далей, парушаючы цішыню таежных нетраў.
    Але вось дарога вывела да ўзьлеску. Уперадзе, на цэлую вярсту пакрыты беласьнежным абрусам, распасьцёрся аляс (луг). Рота спынілася. Чырвонаармейцы пасьпешна злазілі з саней, конныя сьпешваліся. Авечкін уважна пачаў аглядаць раўніну — ні кусьціка. Потым утаропіўся вачыма ў бінокль і пачаў шукаць па чорных зыгзагах суседняга узьлеску. Але там таксама ніякае адзнакі жыцьця ня было, хоць кожны інстынктыўна адчуваў блізкасьць ворага.
    Ля Кольта пачалі працаваць кулямётчыкі, сёй-той з чырвонаармейцаў стаў абціраць заінеўшыя затворы ў вінтовак: іншыя мочкі чакалі загаду камандзіра роты. Авечкін мінут дзесяць нешта абдумваў і прыняўшы рашэньне, загадаў старшаму коннае выведкі ўзяць з сабою пяць коньнікаў і агледзець ўзьлесак па той бок лугу.
    Старшы выведчык упаўголасу падаў каманду — з гушчару выехалі пяць коньнікаў, кароценькаю зьмейкаю выцягнуліся ўздоўж дарогі і крануліся крокам, потым паехалі бягом і хутка пачалі перасякаць раўніну. Звонка заскрыпеў сьнег пад капытамі коней, але, у меру аддаленьня выведчыкаў, страціў сваю рэжучую слых вастрыню. Не даяжджаючы крокаў 400 да лесу, выведка рассыпалася па абодвух бакох дарогі ў рэдкі ланцужок, чырвонаармейцы сьцягнулі з-за плячу вінтоўкі.
    Коні, грузнучы ў глыбокім сьнезе, адразу зьменшылі ход і зьбегу перайшлі на тупатны крок. У меру набліжэньня выведчыкаў да небясьпечнае рысы ўся рота ўсё з большым і большым напружаньнем сачыла за імі. Засталося праехаць па лузе ўсяго крокаў восемдзесят.
    — Відаць, там нікога няма, — выказаў адзін чырвонаармеец думку цэлае роты.
    Але, нібы ў абвяржэньне гэтых слоў, узьлесак адказаў кароткім частым стукам дзесятку вінтовак, а над галовамі байцоў прасьвістала і убілася ў касматыя грудзі тайгі некалькі куль.
    Адзін выведчык, выхаплены з сядла нябачанаю рукою сьмерці распластаўся на сьнезе, а яго конь, цяпер ужо без седака, падганяны гукамі стрэлаў, кідаўся з боку ў бок на невялікай прасторы, то зьмяншаючы, то павялічваючы скорасьць свайго бегу.
    Чацьвёра выведчыкаў зьлезьлі з коней і адкрылі агонь па здрадніцкім узьлеску і толькі шосты выведчык, паранены ў шыю, галёпам варочаўся назад, і, пад’ехаўшы да сваіх, зваліўся з каня.
    Па камандзе рота хутка рассыпалася ў ланцуг, і проста ў лоб павяла наступленьне. Глыбокі сьнег перашкаджаў ісьці; асабліва было цяжка несьці кулямёт. Ён не пасьпяваў за ротаю і пачаў адставаць.
    Наступаючы ланцуг белых, якія заселі на ўзьлеску, сустрэлі рэдкім агнём.
    Так рота прайшла больш паловы адлегласьці, што аддзяляла наш ланцуг ад праціўніка.
    Страт пакуль што ня было.
    Чырвонаармейцы безупынна і дружна ішлі да ішлі ўперад, не падазраючы аб блізкай і сьмяротнай для іх небясьпецы.
    Усе глядзелі ўперад — туды на ўзьлесак, адкуль праз увесь час пастрэльвалі схаваныя хмызьняком белыя, і на залёгшых недалёка ад ўзьлеску сваіх выведчыкаў. Нікому нават і ў галаву ня прыйшло пасачыць за адкрытаю мясцовасьцю па правым флянзе пашага ланцуга. А калі б хто-небудзь паглядзеў, то напэўна заўважыў бы чорную кропку, якая шавялілася і якую спачатку лёгка можна было палічыць на сядзеўшую на сьнезе і занятую сваёю справаю варону. І толькі больш пільнае вока пазнала б у гэтай кропцы галаву чалавека.
    Ужо некалькі мінут гэтая галава асьцярожна сачыла за ланцугом чырвоных, чакаючы, калі наш ланцуг выйдзе па лінію варожае засады.
    У гэтым баі белыя ўжылі адну з бязьлічаных сваіх хітрасьцей. Пакінуўшы на ўзьлеску дзесятак чалавек, яны галоўнымі сваімі сіламі заляглі ланцугом уздоўж берагу ракі Наторы, якая перасякала луг з захаду на ўсход, і працякала, выкручваючыся паралельна дарозе, у двухстах кроках ад яе.
    Замысел белых быў адважны, а разьлік просты. Яны лічылі, што чырвоныя, будучы абстрэленымі з узьлеску, падумаюць, што засада там, — ім ніколі і ў галаву ня прыйдзе, што белыя ўкрыліся на чыстым месцы, выкарыстаўшы для гэтага нешырокую ў гэтым месцы, але з даволі высокімі берагамі рэчку Натору, выявіць якую можна было, толькі падышоўшы да яе блізка. Здалёк жа гэтая вузкая шчыліна была непрыметная — яна зьлівалася са сьнежнаю раўнінаю. І цяпер наш наступаючы ланцуг праходзіў сваім правым флянгам усяго толькі на 100 крокаў ад засады, падставіўшы сябе пад сьмяротны прадоўжны агонь праціўніка, які, стаіўшыся і выставіўшы аднаго назіральніка, чакаў зручнага для сябе моманту, каб адкрыць па наступаючым на ўзьлесак ланцугу чырвоных агонь.
    І гэты момант хутка надышоў.
    Пачулася гучная каманда белых. Затрашчалі, як сухія палены дроў, кінутыя ў агонь, частыя стрэлы, пападалі людзі...
    Наш ланцуг апынуўся ў страшэнна цяжкім становішчы. Каб ударыць на новага ворага, патрабавалася перамяніць кірунак ланцуга, што ішоў на захад. Яго трэба было павярнуць на поўнач, што і было зроблена, хоць і з вялікімі для нас стратамі. Але цяпер рота падставіла сябе пад флянгавы, хоць і слабы, але ўсё ж чульлівы агонь праціўніка, што засеў на ўзьлеску.
    Не затрымліваючыся, ланцуг рвануўся ў атаку, пачулася раздробленае “ура”. Байцы, грузнучы вышэй кален у сьнезе, павольна пасоўваліся ўперад. Белыя стралялі амаль бяз промаху, білі на выбар. Наш ланцуг, ня вытрымаўшы забойнага агню, спыніўся, а потым і зусім залёг — патануў у сьнезе.
    — Ня дойдзеш — усіх пераб’юць! — шэпчуць, цяжка дыхаючы чырвонаармейцы.
    — Па сьнезе не пабяжыш... Загінулі нашы выведчыкі, дый самі ці выйдзем з бяды... І хто мог падумаць, што тут засада.
    А ўперадзе, не далей як на 70 крокаў, віднеліся маленькімі камячкамі, краталіся і чарнелі над белаю гладзінаю галовы добра ўкрытага ворага. Чырвонаармейцы стралялі ня цэлячыся. Вогненным шчытом яны хацелі засланіць сябе ад блізкае сьмерці.
    Хутка зьнікалі патроны, папоўніць іх нельга было: запас застаўся ў лесе на падводах.
    З наганам у руках, грэбуючы сьмерцю, бегаў па ланцугу камандзір роты і патрабаваў стварыць дысцыпліну агню.
    — Таварышы, цэльцеся! Беражыце патроны! Кідайце гранаты! — стараючыся пакрыць грукат вінтовачнага агню, крычаў з усяе сілы Авечкін.
    Усё дарма. Байцы, трацячы самаўладаньне, сыпалі як мага. Некаторыя кідалі гранаты, але яны рваліся на сярэдзіне, ня шкодзячы белым, і сваімі асколкамі аднолькава пагражалі і тым і другім.
    Рэдкая з чорных кропак засады пераставала кратацца. Затое агонь белых быў шмат трапнейшы. То тут, то там у нашым ланцугу змаўкала вінтоўка і, узмахнуўшы рукамі, валіўся ў сьнег чырвонаармеец. Некаторыя са стогнам і праклёнам паўзьлі назад. Аўтамат Шоша, выпусьціўшы некалькі дыскаў, перастаў працаваць. Кольт застаўся крокаў на дзьвесьце ззаду.
    Два кулямётчыкі былі забіты; яны чорнымі кучкамі выдзяляліся на белай роўнай паверхні лугу. Трое ўцалеўшых кулямётчыкаў былі прыціснуты да зямлі трапным агнём лепшых стралкоў праціўніка і не маглі, з-за цяжару кулямёта прабрацца да свайго ланцуга. Некалькі раз яны прабавалі прасунуцца ўперад, але кожны раз агонь ворага прымушаў іх закопвацца глыбей у сьнег...
    А з роты ланцуга выбывалі ўсё новыя і новыя байцы. Нарэшце чырвонаармейцы, выстраляўшы амаль усе патроны і бачачы, што спадзявацца на кулямёт няма чаго, здрыгануліся і пачалі адступаць.
    Дарма камандзір роты спыняў іх — і пагрозамі і асабістым прыкладам мужнасьці.
    Нішто ня дзейнічала, і наш ланцуг безупынна адыходзіў назад.
    Толькі калі адступаючы ланцуг выйшаў па лінію кулямёта, Кольт адкрыў стральбу, чым аблягчыў далейшы адыход свае роты.
    Няшчасьце, якое звалілася нечакана, прыдушыла пазасталых чырвонаармейцаў.
    З цяжкім каменем на сэрцы варочаліся яны ў Петрапаўлаўскае. 18 параненых ляжалі на падводах; 20 забітых таварышоў, ня лічачы выведчыка, засталіся на полі бою. Застаўся праціўніку і аўтамат Шоша з усімі дыскамі і ўсе вінтоўкі забітых.
    Неспрактыкаванасьць камандзіра прывяла да такіх сумных вынікаў.
    Ціха пра нешта шаптала тайга... Мутныя сьнежныя хмары цяжка плылі па бяссонечным небе. Рота падыходзіла да Петрапаўлаўскага.
    Праз некалькі дзён пасьля гэтае няўдачнае для нас апэрацыі Дзьмітрыеў атрымаў весткі, што атрад Арцем’ева пайшоў з ракі На-торы і знаходзіцца цяпер па правым беразе ракі Алдану, у 25 вёрстах на паўднёвы ўсход ад Петрапаўлаўскага. Дзьмітрыеў парашыў разграміць праціўніка і з гэтаю мэтаю выдзеліў з батальёну зноў адну роту ў 80 штыхоў, пад камандаваньнем Аўчыньнікава.
    Навучаная горкім вопытам, рота ішла асабліва асьцярожна і абачліва. Адкрытыя месцы абыходзілі, аглядалі кожную рэчку.
    Так прайшлі да самага месца меркаванае стаянкі белага атраду.
    Ня сустрэўшы нідзе ворага, не знайшоўшы нават якіх-небудзь прыкмет, якія гавораць пра яго, парашылі, што атрыманыя Дзьмітрыевым весткі былі няверныя або ж праціўнік уцёк загадзя, ня прыняўшы бою.
    Рота вельмі хацела адпачыць. У паўвярсты ўперадзе была адна юрта. Туды і накіравалася рота, ня думаючы ўжо цяпер ні пра якую небясьпеку і пра магчымую сустрэчу з белымі. Праўда, дазоры ўсё ж былі высланы, але яны, убачыўшы жыльлё, накіраваліся проста да яго і хутка ўсе зайшлі ў юрту.
    Туды ж пасьпяшалася і ўся рота, і праз некалькі мінут яна, у калёне, выйшла на палянку. Да юрты, з процілежнага боку якое лес падыходзіў амаль да самага жыльля, заставалася якіх-небудзь 60-70 крокаў. і там, на ўзьлеску, стаіўся, рассыпаны ў ланцуг атрад Арцем’ева.
    Грымнуў залп... Другі... Пайшла частая, страляніна. Даверлівую роту Аўчыньнікава белыя расстрэльвалі амаль ва ўпор. Адразу ж узьнялася страшэнная паніка. Крыкі і стогны параненых агаласілі паветра, чырвонаармейцы кінуліся назад — у лес.
    У якіх-небудзь дзесяць мінут рота страціла палову свайго саставу.
    Белыя не прасьледавалі яе, а зараз жа ўцяклі захапіўшы з сабою дзесятак вінтовак і Шоша з забітага кулямётчыка.
    Гэтае другое паражэньне ня толькі фізычна, але і маральна падарвала батальён да моманту заняцьця Амгі пепяляеўцамі.
    У абедзьвюх няўдачах былі вінаваты ня толькі камандзіры апэрацыйных рот, але галоўным чынам сам Дзьмітрыеў, які ня выкарыстаў свае перавагі сіл і агнёвых сродкаў, кідаў батальён у бой часткамі, а сам стаяў у баку, ня прымаючы ўдзелу ні ў адным баі з арцем’еўцамі.
    З перахопленага пісьма Дзьмітрыева да Сутарыхіна — у Амгу — палкоўнік Рэйнгард робіць вывад:
    “Паводле тону і зьместу пісьма можна меркаваць, што Дзьмітрыеў наўрад ці сур’ёзны чалавек, які ўладае вялікаю настойлівасьцю. Гэта чалавек, які любіць добра пажыць і ня гоніцца за пераможнымі ляўрамі. У сваім дакладзе Байкалаву Дзьмітрыеў просіць выслаць сьпірт для падтрыманьня маральнага настрою стралкоў у часе апэрацый і руху”.
    Такім парадкам Дзьмітрыеў, замест таго каб вывучыць прычыны, якія прывялі да няўдач, і ўжыць рашучыя і энэргічныя меры для забесьпячэньня посьпеху ў будучых апэрацыях, выбірае самы пагібельны спосаб для падняцьця духу і настрою батальёну — алькаголь. Вядома ў прасімым камандуючы яму адмовіў.
                                                    У паход на Петрапаўлаўскае
    Пасьля атрыманьня загаду камандуючага, у той жа дзень была праведзена нарада ўсяго каманднага саставу амгінскага гарнізона, на якім і быў выпрацаваны і прыняты плян абароны слабады.
    Пачалася энэргічная работа па ўмацаваньні Амгі. Зранку да позьняга вечара насельніцтва падвозіла балбахі [Балбаха —гной, замарожаны ў плітках, даўжынёю больш аршына і таўшчынёю каля чвэрткі аршына. Пастаўленыя ў рад адна за адною, такія балбахі даюць добрае ўкрыцьце. Куля прабівае дзьве штукі, трэцюю толькі падколвае, значыцца чацьвёртая ўжо непаражальная і паддаецца толькі сканцэнтраванаму ў адну кропку кулямётнаму агню.], з якіх рабіліся акопы.
    Амга, разьмешчаная па ўзвышшы, станавіла ў тактычных адносінах даволі выгадную і моцную пазыцыю, для боку, які абараняецца. Подступы да Амгі з усіх бакоў былі адкрыты на 2-3 вярсты і добра прастрэльваліся.
    Адзіным і вялікім недахопам было тое, што рэдкія будынкі расьцягнуліся ў адну вуліцу, з усходу, на захад, на працягу паўтары вярсты. З прычыны гэтага трэба было будаваць амаль суцэльнае кольца з акопаў і патрабаваліся значныя сілы для яе абароны, у кожным разе ня менш як 600-700 чалавек. Амгу трэба было падзяліць на два баявых вучасткі, з самастойным (асобным) рэзэрвам на кожным з іх. Апроч таго, начальнік гарнізону павінен быў распараджацца агульным рэзэрвам абаронцаў. Нечага было і думаць ўтрымаць за сабой Амгу з тымі сіламі, якія былі.
    Сваё паступленьне белыя маглі дэманстраваць адразу з усіх бакоў, выбраўшы адзін кірунак для нанясеньня галоўнага ўдару і наступаючы ноччу.
    Усе гэтыя меркаваньні начальнік амгінскага гарнізону Сутарыхін вылажыў у пісьмовай форме і паслаў камандуючаму.
    Праз некалькі дзён з Якуцку прыбыла ў Амгу астатняя частка майго атраду — 42 чалавекі, якая заставалася ў горадзе. Цяпер у Амзе налічвалася 232 байцы. Настрой ва ўсіх быў добры. Але пры поглядзе па вырастаючую доўгую лінію акопаў кожны разумеў, што гэтых сіл мала. Ланцуг будзе вельмі рэдкі. Аб рэзэрвах жа можна было толькі марыць. Гэта стала асабліва ясна, калі гарнізон па баявой трывозе падрыхтаваўся і заняў сваю пазыцыю.
    Канчаўся студзень 1923 году. Пад гэты час былі атрыманы праз агентуры выведку весткі, што на вусьце ракі Мілі хутка павінен прыбыць вялікі атрад пепяляеўцаў.
    На зварот Якуцкага рэўкому да Пепяляева да гэтага часу адказу ня было, затое адозвы белых да насельніцтва і да Чырвонае арміі сыпаліся пачкамі. У тым, што прыйдзецца змагацца, ужо не заставалася ніякага сумненьня. Адно было няясным — гэта апэрацыйны замысел Пепяляева. З вусьця ракі Мілі ён мог ісьці на поўнач, на Петрапаўлаўскае, дзе заставаўся батальён Дзьмітрыева ў 200 штыхоў, пры чатырох цяжкіх кулямётах, адным Льюісе і 8 аўтаматах Шоша, і дзе было шмат агняпрыпасаў і харчаваньня. Усё гэта ў свой час было прызначана для аянскае экспэдыцыі. Або ж праціўнік мог ісьці на паўночны захад, г. зн. на Амгу. Адлегласьць да гэтых пунктаў была аднолькавая — 200 вёрст. Ня быў выключаны і трэці варыянт. Пепяляеў мог разьвіць свае дзействы адразу ў абодвух кірунках, хоць гэта драбіла яго сілы, чаму і было менш магчымым. У дадзеным выпадку ён мог абмежавацца выдзяленьнем толькі нязначнае часткі сваіх сіл у адзін з азначаных пунктаў для дэманстрацыі.
    28 студзеня ад Байкалава быў атрыманы загад, паводле якога я павінен быў неадкладна выступіць са сваім атрадам (у 82 шаблі пры адным кулямёце Кольта) на Петрапаўлаўскае, дзе зьмяніць Дзьмітрыева. Апошняму загадвалася сьпешна ісьці на Амгу і, падначаліўшы сабе Сутарыхіна, абараняць гэты пункт. Я павінен быў заставацца ў Петрапаўлаўскім, а ў выпадку неабходнасьці — пакінуць яго, пасадзіўшы свой атрад на коней, мабілізаваных загадзя, і дзейнічаць партызанскім атрадам у тыле ў Пепяляева: захопліваць транспарт, зьнішчаць дробныя групы праціўніка і падтрымліваць сувязь з нашымі гарнізонамі і атрадамі праз насельніцтва.
    29 студзеня ўвесь мой атрад на падводах, частка якіх з-за недахопу коней складалася з валоў, пакінуў ухутаную змрокам Амгу.
    Я крыху затрымаўся на нарадзе каманднага саставу гарнізону.
    У тых, што заставаліся, склалася думка, што батальён Дзьмітрыева не пасьпее прыбыць ў час у Амгу і што белыя яго выперадзяць. Калі прыйдзе падмацаваньне з Якуцку, дакладна ніхто ня ведаў. А адсюль вынікала, што амгінскаму гарнізону магчыма прыдзецца прыняць першы ўдар пепяляеўцаў аднаму. Пры расьцягнутай абароне гэта ставіла яго ў цяжкае становішча.
    Заставалася адно — скараціць баявы вучастак, г. зн. загадзя пакінуць усю ўсходнюю большую палову Амгі і сьцягнуць усе свае сілы на заходнюю яе акраіну, дзе была больніца з вялікім запасам лёду і дастатковаю колькасьцю перавязачнага матэрыялу. Абодва харчовыя склады знаходзіліся там жа, а быўшая там царква забясьпечвала добрым назіральным пунктам. Прылягаючыя да царквы могілкі былі умацаваны магільнымі каменнымі плітамі і балбахамі і станавілі сабою моцны апорны вузел усяе абароны гэтага вучастку. Сканцэнтраваны такім парадкам гарнізон, маючы шэсьць цяжкіх кулямётаў, тры лёгкіх і некалькі аўтаматаў Шоша, мог трымацца доўга, да падыходу новых сіл з Якуцку. У крайнім выпадку прыйшлося б зьнішчыць склады з прадуктамі і папрабаваць адыйсьці на Чурапчу або ж на горад.
    Пасьля стараннага і ўсебаковага абмеркаваньня гэтага пытаньня было вырашана, што Сутарыхін заўтра ж з раніцы, г. зн. 30 студзеня, прыступіць да выкананьня намечанага пляну, для чаго яму патрабуецца ўсяго толькі некалькі гадзін часу.
    У гэты дзень мой атрад, прайшоўшы 22 вярсты, заначаваў у Абазе, дзе я і далучыўся да яго. Да Петрапаўлаўскага заставалася 178 вёрст. Дарога хоць была і добрая, але рух атраду тармазіўся валовымі падводамі; усё ж менш як 40 вёрст у дзень не рабілі...
                                       Бой за слабаду Амга і заняцьце яе пепяляеўцамі
    Разьвіваючы апэрацыю па аўладаньні горадам Якуцкам, Пепяляеў высунуў уперад, у глыбіню рэспублікі, рад невялікіх партызанскіх атрадаў, арганізаваных з рэштак паўстанцаў-якутаў, якія не здаліся чырвоным. Гэтыя атрады былі пад камандаю спрактыкаваных афіцэраў. Ім было дадзена заданьне непакоіць праціўніка налётамі ў розных кірунках. Гэтым вахляром партызанскіх атрадаў Пепяляеў хацеў схаваць ад чырвоных рух сваіх галоўных сіл і адцягнуць іх увагу ад кірунку галоўнага свайго ўдару на Амгу.
    Але гэты вахляр слабых партызанскіх груп не апраўдаў назначэньня ўжо толькі таму, што сустрэў варожыя да сябе адносіны з боку насельніцтва. З другога боку, гэтыя дзействы былі паралізаваныя конным атрадам чырвоных з былых паўстанцаў-якутаў.
    Наша камандаваньне адмовілася ад утрыманьня за сабою Петрапаўлаўскага і энэргічна сьцягвала свае раскіданыя часьці да Амгі і Якуцку. Ў той жа час яно яшчэ спадзявалася, што ў апошні момант Пепяляеў, даведаўшыся пра настрой насельніцтва, адмовіцца ад узброенае барацьбы і складзе зброю. Пепяляеў жа не надаў значэньня атрыманай прапанове ад Якуцкага рэўкаму і пісьмам якуцкае нацыянальнае інтэлігенцыі і самога насельніцтва, мяркуючы, што яны не адбіваюць сапраўдных жаданьняў якуцкага народу. Ён усё яшчэ апіраўся на словы некалькіх інтэлігентаў-якутаў, якія знаходзіліся пры штабе дружыны.
    Наступленьне працягвалася. Кінуўшы значны атрад партызан на в. Петрапаўлаўскае Пепяляеў з галоўнымі сіламі з раёну Усьць-Мілі ішоў у бок Амгі. Прайшоўшы дзьвесьце вёрст, перадавы эшалён дружыны — другі батальён і кавалерыйскі дывізіён, лікам у трыста байцоў, пры двух кулямётах Кольта — у ноч на 2 лютага нечакана напаў на Амгу.
    Атрад Сутарыхіна ня быў падрыхтаваны да бою; людзі былі рассыпаны па ўсей слабадзе, спалі разьдзетымі. Ня спыняючыся без адзінага стрэлу, атакуючыя ўварваліся ў селішча з двух бакоў і толькі тады былі выяўлены. Чырвоныя зьбянтэжыліся, не маглі арганізаваць абарону і даць належны адпор. Яны адкрылі бязладны, разрозьнены агонь па пепяляеўцах, якія моўчкі распаўсюджваліся па сяле
    У цэнтры Амгі, у доме Каракіна, стаяў начальнік кулямёта тав. Рэнкус, які, пачуўшы стральбу, выкаціў кулямёт на вуліцу і паставіў ля зачыненых варот, падрыхтаваўшы кулямёт да бою. Аднаго кулямётчыка ён паслаў да Сутарыхіна для сувязі, пры ім засталіся 4 нумары. Хутка паказалася некалькі ланцугоў белых і калі да іх засталося крокаў пяцьдзесят, Рэнкус адкрыў агонь. Пападалі забітыя і параненыя пепяляеўцы. Наступаючыя заляглі і пачалі страляць па кулямёце. Мінут дваццаць затрымліваў Рэнкус агнём свайго кулямёта ланцуг белых, наносячы ім вялікія страты. Але вось ён залажыў апошнюю істужку; набіваць новыя няма каму — тры кулямётчыкі паранены і адзін забіты. Рэнкус парашыў выстраліць апошнюю істужку і уцячы, але не пасьпеў — удар прыкладам зваліў яго на зямлю. Белыя абышлі па гародах і вышлі з двара.
    Чырвонаармейцы кідаліся па Амзе, ніхто імі не кіраваў. Хутка яны здрыгануліся і пачалі пакідаць селішча, хаваючыся ў ранішнім марозным тумане. Камандзір першае роты Лаўроў (камуніст), не жадаючы здацца ў палон, застрэліўся. Амгу занялі пепяляеўцы, якія ў гэтым баі страцілі 32 чалавекі забітымі і 20 параненымі. З нашага боку аказалася 20 чалавек забітых і параненых і 40 трапіла ў палон. Апроч таго пепяляеўцы захапілі тры цяжкіх і два лёгкіх кулямёты, некалькі дзесяткаў пакінутых вінтовак, каля 60 тысяч патронаў і некалькі тысяч пудоў правіянту.
    Густым белым пластом павіс вакол Амгі туман. Ля стогу сена спыніліся пяць чырвонаармейцаў і раяцца, што рабіць, куды ісьці.
    — На Якуцк — куды ж больш? — гавораць чацьвёра і толькі адзін кліча таварышаў пайсьці на Петрапаўлаўскае і папярэдзіць сваіх аб нападзе на Амгу, каб іх таксама не захапілі нечакана.
    Іншыя згадзіліся, і хутка маленькая група, сьпяшаючыся, пайшла на паўночны ўсход, абыходзячы Амгу з захаду. Дарога далёкая — 200 вёрст тайгою — і бяз прадуктаў, але ніхто пра гэта ня думае. Кожны з іх гатоў ахвяраваць сабою, абы толькі выратаваць петрапаўлаўскі гарнізон ад разгрому белымі.
    Даведаўшыся пра заняцьце Амгі, Пепяляеў пасьпяшаўся туды з астатнімі сіламі дружыны. Праз некалькі дзён у Амзе сабралася ўся дружына ў ліку 700 чалавек. Хутка туды ж прыбыў і Кулікоўскі са штабам свае “паходнае” канцылярыі.
    Першая перамога абнадзеіла пепяляеўцаў, і яны пачалі ўжываць самыя энэргічныя меры да далейшых дзействаў. У розных кірунках былі тэрмінова пасланы “ўпаўнаважаныя” для арганізацыі атрадаў, збору цёплае вопраткі, правіянту і перавозных сродкаў. Пепяляеў сьпяшаўся працягваць апэрацыю, каб захапіць Якуцк.
    Аднак скарыстацца сваім першым посьпехам для хуткага прасоўваньня да Якуцку пепяляеўцам не ўдалося. Першая перамога дружыны паслужыла і пачаткам яе канца.
    Узятыя ў палон чырвонаармейцы знаходзіліся над вартаю. Іх разьмясьцілі ў адным доме. Белыя парашылі выкарыстаць палонных для ўзмацненьня дружыны, а галоўнае — для разлажэньня чырвоных атрадаў. У хату да палонных прыходзілі афіцэры ўсіх рангаў і пасад.
    Гаварыў квяцістую прамову і сам Кулікоўскі, заклікаючы чырвонаармейцаў перайсьці да Пепяляева.
    Але тыя і слухаць нават пра гэта не хацелі. І калі аб гэтым далажылі Пепяляеву, то ён вырашыў гэтае пытаньне чыста па-вайсковаму хутка і проста.
    Чырвонаармейцам абвясьцілі волю генэрала:
    — Хто ня хоча застацца ў дружыне, з таго здымуць абутак і вопратку і адпусьцяць у Якуцк.
    Заставацца ў Амзе не дазвалялася. Далі дзьве гадзіны падумаць.
    Задумаліся чырвонаармейцы... Чухаюць свае патыліцы... Што рабіць, ліха на яго? Пепяляеў жартаваць ня любіць і свой ўльтыматум выканае.
    А куды пойдзеш у адной бялізьне? Напэўна зьмерзнеш. Выхад са становішча знайшоў Рэнкус. Ён запрапанаваў застацца ў белых, каб пры першай магчымасьці ўцячы да сваіх, а ў выпадку, калі з-за неабходнасьці і прыйдзецца страляць, то браць вышэй ў паветра, каб ня раніць сваіх, але пра гэта нікому ні-гу-гу...
    У выніку палонных чырвонаармейцаў на правох “дабравольцаў” залічылі ў склад другога батальёну.
                                                                        АДОЗВА
                                            Цэнтральнага выканаўчага камітэту савету
                              Якуцкае аўтаномнае сацыялістычнае савецкае рэспублікі
                                             Да ўсяго працоўнага насельніцтва Якуціі
    Нядаўна скончыў сваю работу першы Ўсеякуцкі ўстаноўчы зьезд саветаў — поўнаўладны гаспадар аўтаномнае Якуціі.
    Працоўнае насельніцтва Якуцкага краю атрымала доўгачаканую магчымасьць выразіць сваю волю, абмеркаваць патрэбы краю, прыняць асноўныя рашэньні і выбраць паўнамоцны орган для правядзеньня ў жыцьцё гэтых рашэньняў — Цэнтральны выканаўчы камітэт.
    Усеякуцкі зьезд саветаў з першага дня свайго адкрыцьця цьвёрда ўзяў асноўны кірунак свае дзейнасьці, вытрыманы ім да канца: вольнае самавызначэньне якуцкае нацыі залежыць ад поўнае ліквідацыі грамадзянскае вайны, зьлітаванасьці ўсіх жывых сіл ў краю ў справе разьвіцьця палітычнага, культурнага і гаспадарчага жыцьця.
    У кнігах якуцкае гісторыі, поўнае пакут якуцкага працоўнага люду, зьезд саветаў ўпісаў новую сьветлую старонку, першыя словы якое пачыналіся адозваю да рэштак паўстанцтва — скласьці зброю і разам з працоўнымі ўсяе Якуціі ісьці на вялікую будаўнічую работу адраджэньня нацыі.
    Так парашыў якуцкі працоўны народ, і гэтае рашэньне ахапіла аднадушным парывам усе творчыя сілы краю.
    Цэнтральны выканаўчы камітэт Якуцкае рэспублікі не пасьпеў разьвіць сваю дзейнасьць па ажыцьцяўленьні вяленьняў зьезду, як зноў насоўваецца вораг на свабодную Якуцію.
    Рыхтуецца новы крывавы замах на свабоду якуцкіх працоўных мас. І замест мірнага разьвіцьця краю мы стаім перад грознаю небясьпекаю.
    Генэрал Пепяляеў думае ператварыць Якуцкую аўтаномную рэспубліку ў ваенную базу для барацьбы з савецкаю Расіяю, — гэта значыць захліснуць ў патоках крыві Якуцкую аўтаномію. Усё насельніцтва Якуціі павінна ясна ўсьвядоміць, што слабая якуцкая нацыя, якая толькі што пачала ажыцьцяўляць запаветныя жаданьні аўтаномнага будаўніцтва свае рэспублікі і разьвіцьця яе гаспадарчых сіл пры непарыўнай дапамозе рабоча-сялянскага ўраду Расіі, загіне ад авантуры Пепяляева.
    Генэрал Пепяляеў хоча разарваць сувязь нашае рэспублікі з Расійскай фэдэрацыяй. Ён пазбавіць нас хлеба, тавараў, сельскагаспадарчых прылад, якія непарыўна ідуць да нас ад рабочых і сялян Расіі. Ён нясе разбурэньне нашай жывёлагадоўлі і сельскай гаспадарцы.
    Працоўныя Якуціі, рабочыя і сяляне і ўсе грамадзяне!
    Жыцьцё якуцкае нацыі ў небясьпецы!
    Усе сродкі і ўсе жывыя сілы краю на барацьбу з калчакаўскім генэралам!
    Не ваеннаю базаю для Пепяляева павінна быць наша рэспубліка, а магілаю.
    У мангольскіх стэпах знайшоў сабе канец чарнасоценны барон Унгерн. Няхай якуцкая тайга будзе месцам пахаваньня рэштак контррэвалюцыі — Пепяляева.
    Пяць год назад чырвоны інтэрнацыянал паклаў пачатак вызваленьню працоўных ад векавога ўціску капіталістаў, памешчыкаў, генэралаў.
    Працоўныя чырвонае Якуціі, у вашых руках канец гэтае гераічнае барацьбы!
    Старшыня Цэнтральная выканаўчага камітэту ЯАССР Айунскі.
    Члены прэзыдыюму ЦВК: Байкалаў, Стэфанюк, М. Амосаў, Шырокіх, Данской 2-і, А. Бахсыроў.
    Гэтая адозва знайшла жывы рэвалюцыйны водклік у працоўных масах Якуціі і яна яшчэ больш злучыла рады сьцягу саветаў.
                                                            Генэрал-правакатар
    Пепяляеў і Кулікоўскі пры наступленьні на Якуцк ускладалі вялікія надзеі на чырвоны якуцкі партызанскі атрад, які складаўся на дзьве трэці з былых паўстанцаў-якутаў і меў значную праслойку нацыянальнае інтэлігенцыі. Гэты атрад знаходзіўся ў мясцовасьці Марылах, у 65 вёрстах на паўднёвы ўсход ад Амгі. З ім Пепяляеў зьвязаўся праз студэнта-якута Барысава, што знаходзіўся пры штабе дружыны. Апошні пастаянна запэўняў, што гэты атрад гатоў заўсёды падтрымаць пепяляеўцаў у іх барацьбе проці савецкае ўлады. Але з заняцьцем Амгі да Пепялясва пачалі даходзіць, цераз галаву Барысава, зусім іншыя чуткі: што Якнаррэўдат і ня думае пераходзіць да Пепяляева, а наадварот ён нават зьвярнуўся да ўсіх якуцкіх партызан з заклікам спыніць барацьбу проці народа і перайсьці на бок чырвоных, чым хоць бы часткова апраўдаць сваю віну перад савецкаю ўладаю.
    Ўсе гэтыя чуткі ня былі выдумкамі, якія любілі пускаць белыя.
    У той момант, калі Пепяляеў і “іжа з ім” стараліся як бы там ні было перацягнуць гэты атрад на свой бок, у Якуцку было атрымана ад байцоў гэтага атраду пісьмо наступнага зьместу:
                               Камандуючаму войскамі ЯАССР тав. Байкалаву.
    Ад імя байцоў экспэдыцыйнага атраду Якнаррэўдату пасылаем вам шчырую падзяку за высланыя фатаграфічныя здымкі ўстаноўчага зьезду саветаў у ЯАССР.
    Рэвалюцыйныя рады атраду цьвёрда і стойка заяўляюць:
    1) Што яны моцна помняць свой абавязак перад якуцкім народам і яе аўтаномнаю савецкаю ўладаю і будуць да апошняе магчымасьці змагацца з ворагамі народу, няпрошанымі кіраўнікамі, бандамі фіктыўнага народніка генэрала Пепяляева і яго таварышаў — антысавецкае інтэлігенцыі.
    2) У процівагу правакацыйным чуткам, якія фігуруюць праз базарнае радыё ганьбяць гонар і годнасьць нашых радоў, мы заяўляем цьвёрда і адкрыта, што яны зьяўляюцца творчасьцю ворагаў народу.
    3) Пачаты намі паход мы пройдзем пад сьцягам непераможнае чырвонае арміі, пад кіраўніцтвам слаўнага і ўмелага правадыра — тав. Байкалава, які горда трымае чырвоны сьцяг.
    Штаб Якнаррэўдату (подпісы).
    4 лютага 1923 г.”. (Газэта “Автономная Якутия” ад 12 лютага 1923 г.)
    Пепяляеў усё ж яшчэ спадзяваўся, што яму ўдасца павярнуць аглоблі гісторыі ў свой бок. Ён уступіў у перамовы з Якнаррэўдатам і 5 лютага ў Марылах выехалі два прадстаўнікі ад дружыны: В. Д. і В. Н. Барысавы. Першы — старшыня “савету народнае абароны” — вярнуўся назад, а другі, пераканаўшыся ў праваце чырвоных, застаўся. 7 лютага “савет народнае абароны” і сам Пепяляеў запрасілі мірную дэлегацыю ад Якнаррэўдату, далі ёй афіцыяльную гарантыю недатыкальнасьці і бесьперашкоднага праезду ўперад і назад.
    В. Д. Барысаў у пісьме запэўняў нашу дэлегацыю: “Калі вы верыце мне, маёй чэснасьці, вы не павінны ў пытаньнях зносін з намі, у пасылцы людзей асьцерагацца...”
    Пепяляеў сваю заяву таксама замацаваў “гонарам” генэрала, гарантуючы недатыкальнасьць асобы членаў дэлегацыі ад якнаррэўдатцаў.
    Насельніцтва чакала з нецярпеньнем, ці пойдзе савецкая ўлада насустрач мірнае ліквідацыі пепяляеўшчыны, каб унікнуць руйнавальных вынікаў вайны.
    У рэзультаце перамоваў дэлегацыя ў асобе I. Н. Нікіфарава, Т. І. Паўлава, С. І. Паўлава і А. Пятрова была арыштавана “з меркаваньняў ваенна-стратэгічнага характару, пры ўсёй сур’ёзнасьці створанага становішча”. Насельніцтва яшчэ раз пераканалася ў хлусьлівасьці генэрала “народніка”.
    Наплыву да пепяляеўцаў чаканых імі якуцкіх дабравольцаў так сама ня было. Наадварот, пачаліся ўцёкі да чырвоных партызанаў якутаў з саставу дружыны.
    Наяўнасьць такое рэчаіснасьці пахіснула ўпэўненасьць ў кіраўнікоў пепяляеўцаў у спрыяльны канец пачатае імі авантуры.
    Відавочным станавілася адсутнасьць “народнага падтрыманьня”. Аднак адарванасьць дружыны ад аянскае базы прымусіла яе ўтрымлівацца ў населеным раёне аўтаноміі і весьці барацьбу з савецкаю ўладаю, разьлічваючы, што ваенныя ўдачы змогуць штурхнуць якутаў у бок пепяляеўцаў.
    Пепяляеў выдаў загад — з 17 лютага пачаць наступленьне на Якуцк.
                                         Выступленьне зводнага чырвонага атраду
                                             з в. Петрапаўлаўскае на слабаду Амга
    Мой атрад, накінуўшы Амгу, ішоў бяз усякае затрымкі і сустрэч з белымі і 2 лютага спыніўся на начлег у дваццаці вёрстах ад Петрапаўлаўскага. Гадзіны ў чатыры раніцы, 3 лютага, пасьля таго як была зроблена пабудка людзей, я перадаў атрад камандзіру ўзводу Іванішка, а сам, захапіўшы з сабою пяць коньнікаў, выехаў уперад і на досьвітку быў у Петрапаўлаўскім.
    Тут я быў зьдзіўлены тою бясьпечнасьцю, якая панавала ў гарнізоне. Чырвонаармейцы батальёну, разьмешчаныя па ўсіх хатах, спалі ў адной ніжняй бялізьне; не назначана дзяжурная рота, няма дазораў, ня высланы разьезды. Уся ахова батальёну заключалася ў двух каравулах, выстаўленых на паўночную і паўднёвую акраіну вёскі, ня гледзячы на тое, што з трох бакоў да селішча падыходзіць лес, на 100-150 крокаў, а з усходняга боку высокі левы бераг ракі Алдану мог служыць добрым, скрытым падыходам для праціўніка. Ніякага назіраньня за гэтым кірункам не вялося. Таксама ня было нічога нават падобнага да акопаў. І гэта ў той час, калі пепяляеўцы знаходзіліся ўжо на вусьці ракі Мілі і трэба было быць гатовымі да адпору.
    Бачачы такую “гатоўнасьць” батальёна, рабілася балюча і цяжка.
    Быўшых пры мне пяць чырвонаармейцаў я выслаў у разьезд, хоць яны патрабавалі адпачынку і памерзьлі. Але байцы самі бачылі і разумелі ўсю сур’ёзнасьць становішча. Я пайшоў шукаць штаб батальёна і хутка знайшоў яго дзякуючы чырвонаму сьцяжку, што вісеў на варотах.
    Дзьмітрыеў таксама спаў разьдзеты. Насілу разбудзіў яго, аддаў пакет ад камандуючага і выказаў свае заўвагі адносна расхлябанасьці ў батальёне. На гэта Дзьмітрыеў адказаў:
    — Нечакана мяне не захопяць — я маю добрую агентуру і праз яе атрымаю сваечасна весткі пра рух белых. Акопы ў мяне таксама ёсьць.
    У той жа дзень я агледзеў гэтыя акопы — праўдзівей, канаву, выкапаную яшчэ ў мінулым годзе, увосень. Цяпер яна была завалена сьнегам роўна з зямлёю, і патрабавалася некалькі гадзін, каб яе ачысьціць.
    У той жа дзень былі пачаты работы па капаньні новых акопаў з балбах.
    Дзьмітрыеў пачаў рыхтавацца да выступленьня на Амгу. Затрымлівалі падводы, таму што адных патронаў на складзе было тысяч трыста, ня лічачы гранат, правіянту і г. д. Прышлося мабілізаваць у бліжэйшых насьлегах транспорт для падняцьця ўсей базы, што затрымлівала батальён на няпэўны час, у кожным разе ня менш як на 4-5 дзён.
    Ад Дзьмітрыева я даведаўся, што атрад Арцем’ева знаходзіцца ў 30 вёрстах на ўсход ад Петрапаўлаўскага. Я парашыў скарыстацца затрымкаю батальёну і правесьці апэрацыю проці атраду Арцем’ева. Для гэтае мэты я запрапанаваў Дзьмітрыеву ўзмацніць мой атрад адною ротаю з батальёну і некалькімі кулямётамі. Атрымаўшы згоду, я пачаў рыхтавацца да выступленьня.
    Настрой камандзіраў і асабліва чырвонаармейцаў у батальёне быў няважны. Дзьве апошніх няўдачы ня толькі ня былі забыты, але памяць пра іх нават падтрымлівалася штодзённым агляданьнем таварышаў, якія загінулі ў гэтых баёх. Усе забітыя на рацэ Наторы і за ракою Алданам чырвонаармейцы — больш 30 чалавек — былі зьвезены ў Петрапаўлаўскае і пакладзены ў пустым сьвірне. Дзьверы сьвірну ня былі замкнуты на замок, і байцы, маючы шмат вольнага часу, кожны дзень наведвалі сваіх мёртвых таварышаў і цэлымі гадзінамі тоўпіліся ля сьвірну. Пускаліся ў гутаркі з забітымі, пыталіся, ці не замерзьлі тыя, можа быць, хто хоча есьці і г. д. і да т. п.
    Некаторыя з байцоў, калі прыходзіла з Амгі сувязь і прывозіла пошту, бралі пісьма ды ішлі да сьвірну, дзе, знайшоўшы адрасата, ускрывалі пісьмо і чыталі яго ўголас пры магільным маўчаньні прысутных. Чуваць былі толькі рэдкія ўздыханьні ды выгукі.
    — Э-эх, Міця! Чуеш, браток, а як чакаў, галубок, пісьма з дому. Не застала жывым, а родныя яшчэ ня ведаюць — будуць чакаць адказу.
    Быўшыя тут жа ўдзельнікі абодвух баёў падрабязна расказвалі, пры якіх акалічнасьцях і як загінуў той ці іншы таварыш.
    Зразумела, што ўсё гэта глыбока адбівалася на псыхіцы чырвонаармейцаў, прымушаючы іх зноў і зноў перажываць нашы нядаўнія няўдачы. Я ўказаў Дзьмітрыеву на ўсю ненармальнасьць такое зьявы, які патлумачыў гэта тым, што ён паслаў рапарт камандуючаму пра намер накіраваць ўсіх забітых у баёх чырвонаармейцаў у Якуцк, і чакае адказу.
    У той жа дзень дзьверы сьвірну былі забіты цьвікамі і выстаўлена варта. Сяляне разам з чырвонаармейцамі расклалі на пляцоўцы ў вёсцы вялікі агонь. Калі растала зямля, пачалі капаць брацкую магілу. Працавалі ўсю ноч і да абеду наступнага дня магіла была гатова. Усіх забітых перанесьлі яшчэ вечарам у два-тры дамы, абмылі, надзелі чыстую бялізну і а другой гадзіне дня пахавалі ў адной брацкай магіле. На выраслым невялікім узгорачку паставілі вялікую пяціканцовую зорку, зробленую паводле ўласнага пачыну мясцовым селянінам. З-за адсутнасьці фарбы пафарбавалі чырвоным чарнілам. Здрыганулася марознае паветра ад трох вінтовачных залпаў, сумна, не па-баявому застукалі кулямёты. З густых злучаных радоў батальёну і атраду неслася сумнае, але поўнае сэнсу і значэньня: “Вы жертвою пали в борьбе роковой...”
    Недзе ў цясьнінах скалістых берагоў Алдану завываў вецер. Тайга ківала верхавінкамі сваіх дрэў, нібы разьвітваючыся з пахаванымі змагарамі Кастрычніка...
    А вечарам у штаб батальёну сабраліся ўсе камандзіры часьцей, назначаных у новую, апэрацыю проці белых, і цяпер, стоўпіўшыся вакол стала, яны знаёміліся з задачаю, разглядаючы падрабязна плян нашых дзеяньняў.
    Махорачны дым шызымі хвалямі плаваў па пакоі, засланяў столь, лез у вочы і павольна выходзіў у кухню. На сьценах віселі дуламі ўніз да дзесяці вінтовак, побач — напоўненыя да канца патранташы. На падаконьніку валяліся мільсаўскія гранаты. У кутку ля печкі прыхінуўся кулямёт, акружаны некалькімі аблезлымі, страціўшымі свой ранейшы абаронны колер каробкамі з туга напакаванымі кулямётнымі істужкамі. Адна каробка адкрыта, і адзін канец істужкі, які цьмяна пабліскваў медзьдзю патронных гільз, прасунуты у прыёмнік. Тут жа па бруднай, усеянай недакуркамі падлозе разьмясьціся кулямётчыкі; побач мірна пахрапвае гаспадарскі сабака Палкан.
    Нарада камандзіраў скончылася ў пяць гадзін вечара. Усё выясьнена, прадбачана. Хіба толькі якая-небудзь выпадковасьць, ад якое ніхто не застрахованы, можа і на гэты раз прывесьці нас да новае няўдачы.
    Было вырашана прайсьці па дарозе вёрст дваццаць, а астатнія дзесяць вёрст, каб мінуць старажавую варту праціўніка і напасьці нечакана на яго галоўныя сілы, ісьці без дарогі, пакінуўшы абоз з невялікім прыкрыцьцем, а кулямёты везьці на конях.'
    Няяснасьцей або пытаньняў ні ў кога ня было, і камандзіры ўжо хацелі разысьціся па сваіх узводах. Засталося чатыры гадзіны да выступленьня, як раптам пачуўся моцны стук у дзьверы. Увайшоўшы чырвонаармеец далажыў, што ў штаб прышлі нейкія тры чырвонаармейцы. Дзьмітрыеў ўстаў і выйшаў на кухню.
    Хутка ён вярнуўся. Выгляд у яго быў зьбянтэжаны, а твар бледны. Усе з трывогаю глядзелі на Дзьмітрыева.
    — Таварышы, Амга ўзятая Пепяляевым. Наш гарнізон разьбіты.
    Гэта нечаканая вестка падзейнічала на ўсіх страшэнна.
    У пакой ўвайшлі прышоўшыя з Амгі чырвонаармейцы. З чорнымі абмарожанымі тварамі, з распухлымі рукамі, абарваныя, стомленыя, яны страцілі ўсякі чалавечы выгляд і сваім выглядам яшчэ больш падзейнічалі на прысутных.
    Гэтыя героі былі так змучаны, што расказаць больш падрабязна пра паражэньне Амгі не маглі. Яны валіліся з ног і былі як п’яныя. Ня гледзячы на гэта ім не далі легчы спаць да таго часу, пакуль фэльчар не зрабіў ім перавязкі, а гаспадыня не напаіла гарачым малаком.
    З заняцьцем белымі Амгі абстаноўка рэзка зьмянілася. Атрад аказаўся на 200 вёрст у тыле ў белых і на 400 вёрст адрэзаным ад Якуцку. Прышлося пакінуць наступленьне на Арцем’ева. Паўстала пытаньне, што рабіць: ці заставацца ў Петрапаўлаўскім ці прабівацца да Якуцку?
    Сабралі ваенны савет. Тут думкі камандзіраў падзяліліся. Адны лічылі за лепшае застацца на час у Петрапаўлаўскім, да выясьненьня абстаноўкі, да таго ж з Якуцку павінен быў прыйсьці загад (Байкалавым былі пасланы з Якуцку ў Петрапаўлаўскае тры конных пасыльных і ўсе яны былі захоплены, хоць і прабіраліся рознымі дарогамі. — І. С.).
    Другія настойвалі на неадкладным выступленьні ў паход. Урэшце парашылі Петрапаўлаўскае пакінуць і ісьці на Якуцк. Заставалася толькі вырашыць пытаньне, якою дарогаю ісьці. Было ўсяго дзьве дарогі: адна простая — на Амгу, і другая абходная, па якой трэба было спачатку спусьціцца ўніз па рацэ Алдане да Ахоцкага перавозу — 300 вёрст і без дарогі, а потым навярнуць на захад, па Ахоцкім шляху, і выйсьці на вёску Чурапчу і такім парадкам пры вельмі цяжкіх умовах прайсьці 600 вёрст. Гэты маршрут не апраўдваў тых цяжкасьцей, якія былі зьвязаны з ім.
    Гарнізон быў бяз коней. Частка менш дужых таварышаў магла ня вынесьці ўсіх выпаўшых на іх долю пазбаўленьняў і загінуць ад марозу, цяжкае дарогі і дрэннага харчаваньня. Другая ж частка, дабраўшыся да Якуцку, была б часова небаяздольнаю. Апроч таго прыйшлося б зьнішчыць ўсе агняпрыпасы, захапіўшы толькі тое, што маглі панесьці байцы.
    Якуцк ня меў дастатковых сіл для адбіваньня праціўніка. Чырвоныя часьці ўсё яшчэ ня былі сканцэнтраваны, а страта Амгі пазбавіла наша чырвонае камандаваньне даволі значных сіл.
    Амаль палова атраду Сутарыхіна выбыла са строю, а прыбеглыя ў горад чырвонаармейцы былі калі не дэзарганізаваны, то ў кожным разе мелі вельмі невысокі ўздым духу. Пепяляеў мог і павінен быў выкарыстаць такую спрыяльную для яго абстаноўку і ўсімі сваімі сіламі ўдарыць на Якуцк.
    Іменна так ацэньвала нарада гэтую абстаноўку. Каб папярэдзіць і перашкодзіць Пепяляеву ў яго далейшых плянах, было вырашана неадкладна ісьці проста на Амгу. Адно з двух: калі Пепяляеў выступіў ужо на Якуцк, чырвоныя захопяць Амгу, зьнішчаць яго базу і пойдуць далей. Калі ж Пепяляеў акажацца яшчэ ў Амзе, — уступяць з ім бой і паколькі будзе магчымым затрымаюць яго пад Амгою.
    Яшчэ адно сур’ёзнае пытаньне: што рабіць са складамі? Семдзесят падвод, якія былі ўжо ў гэты час, маглі забраць толькі агняпрыпасы і вельмі мала правіянту. Як ні выкройвалі, як ні вылічвалі, а прышлося дзесяць тысяч патронаў для аўтаматаў Шоша ўтапіць у рацэ Алдане, і нават цяпер на кожны аўтамат засталося па 1500 штук патронаў. Трохлінейных патронаў аказалася больш як 300 тысяч, ня лічачы вялікага запасу гранат.
    Пад кулямёты патрэбны былі коні, патрабаваліся таксама падводы і для санчасьці, так што правіянту прышлося ўзяць толькі на дзесяць дзён. Усё іншае раздалі насельніцтву: мукі больш як тысячу пудоў, масла 200 пудоў, 40 месцаў цаглянага чаю, 100 пудоў солі і г. д Такі запас правіянту тлумачыцца тым, што мяса і фураж атрымлівалі ад насельніцтва праз тавараабмен.
    Потым белыя хоць і прабавалі адабраць у насельніцтва атрыманы ад чырвоных правіянт, але ў іх з гэтаю справаю ня выйшла. Яны не сабралі і дзесятае часткі з усяго разданага. Затое з затопленых у рацэ Алдане патронаў ім ўдалося дастаць амаль палову, але большасьць патронаў давала асечку.
    Яшчэ засталося ў нас адно апошняе пытаньне па нарадзе — гэта пытаньне аб камандаваньні.
    Па падставе загаду камандуючага батальён Дзьмітрыева і мой атрад мелі хоць адну і тую ж самую мэту, але розныя задачы. Рэзкі паварот і прысьпешаньне падзей патрабавалі ня толькі сумесных дзействаў, але і адзінага камандаваньня аб’яднанымі сіламі.
    Я выказаўся за тое, каб агульнае. кіраўніцтва ўзяў на сябе Дзьмітрыеў як старшы начальнік, бо мой атрад уступаў батальёну ня толькі лікам, але і агнёвымі сродкамі. На гэта камандзіры майго атраду пачалі было пярэчыць, але пасьля майго загаду падначаліцца згадзіліся.
    Было вырашана раніцою зрабіць агульны сход усяго гарнізону, а таксама і грамадзян, пасьля чаго пачалі разыходзіцца. Было 3 гадзіны раніцы.
    Яшчэ з вечара ўсе байцы даведаліся пра заняцьце белымі Амгі і гэтую ноч спалі ў поўным баявым рыштунку. Старажавая ахова была ўзмоцнена і ў розныя бакі высланы конныя разьезды.
    Ноч прайшла спакойна. Гадзіне а дзесятай раніцы ўвесь гарнізон з вінтоўкамі, пры патранташах і з усімі кулямётамі, сабраўся ў вялікім доме купца Юсупа Галібарава. Ня было толькі каравулаў і разьездаў.
    Першы з прамоваю выступіў чырвонаармеец з амгінскага гарнізона. З прагнасьцю і ўважліва слухала яго ўся аўдыторыя.
    — Таварышы, — пачаў ён, — у здачы Амгі і нашым паражэньні вінаваты мы самі, а больш за ўсіх камандзір тав. Сутарыхін. Мы спалі па хатах і ня былі гатовы да бою. Прачнуліся, калі ў каравулах пачалася стральба. Чырвонаармейцы павыскаквалі з хат і ня ведалі, што рабіць — камандзіраў няма, а пепяляеўцы ўжо ў вёсцы, ідуць і чамусьці нават “ура” ня крычаць, а проста так, моўчкі лезуць. Ад гэтага чамусьці было яшчэ горш. Белыя ўсе разам, а мы наўцёкі; туман перашкаджаў бачыць, дзе свае, а дзе чужыя.
    Страляюць кулямёты, а чые — ня ведаем. Толькі калі белыя падыдуць зусім блізка, мы іх усё-такі аклікнем — як бы сваіх, думаем, не перабіць. А потым пачынаем страляць, але ўжо позна. Яны наступаюць ланцугамі, а мы раскідаліся па тры ды па пяць чалавек.
    Больш за ўсё стральба ішла ля дому Каракіна. Там знаходзіўся тав. Рэнкус з кулямётам, і потым каля царквы, дзе быў паш штаб. Але прарвацца туды нам не ўдалося — хоць мы і прабавалі некалькі раз, але ўсюды натыкаліся на белых.
    Потым стральба спынілася. З нашага аддзяленьня ў адной хаце было 7 чалавек, дваіх забіла ці параніла — ня ведаю, а рэшта 5 чалавек сяк-так выбраліся з вёскі. Спачатку мы хацелі падацца да Якуцку, але потым перадумалі і накіраваліся сюды, каб папярэдзіць вас. Тры дні мы ішлі па дарозе, заходзілі да жыхароў. Яны нас і кармілі (хлеба няма, адно мяса ды чай). А на чацьверты дзень пачалі падыходзіць да юрты — бачым коней каля трыццаці да плоту прывязана, а на дварэ вартавы ходзіць. Схаваліся мы ў хмызьняку, пачакалі мінут пятнаццаць. З юрты чалавек дзесяць выйшла — усе якуты. Селі на коней і кудысьці паехалі. Мы тайгою абышлі юрту, а далей па дарозе ўжо баяліся ісьці, прабіраліся цаліною; зусім зьнясілелі, двое сутак нічога ня елі, толькі сьнег глыталі.
    У глыбокіх арбітах чорнага абмарожанага твару гараць бойкія, жвавыя вочы. Гаворыць ціха, словы расьцягвае, а брудныя, абмарожаныя забінтаваныя пальцы рысуюць па стале.
    — Калі ішлі па тайзе, то ўсё думалі: як-бы не замерзнуць, дабрацца да сваіх. Жылі надзеяю, што вытрымаем і ўбачым вас. Нарвацца на кулю ня страшна было, але памерці пакорным, без барацьбы не хацелася.
    Ад голаду і слабасьці цямнела ў вачох і падкошваліся ногі.
    Два нашых таварышы зусім аслаблі, не дайшлі вёрст пятнаццаць да Петрапаўлаўскага — зваліліся і замерзьлі на нашых вачох. Памагчы ім ня было чым, а мы, ледзь жывыя, дабраліся да вас.
    Усіх траіх герояў хацелі было падкідацьь, але іх забінтаваныя твары і рукі і стомлены выгляд утрымалі сход ад такога выражэньня свайго глыбокага пачуцьця, гордасьці і павагі да іх.
    Памяць загінуўшых у Амзе і замерзлых у дарозе таварышаў ушанавалі ўставаньнем.
    Пасьля гэтага выступіў я і коратка інфармаваў сход пра становішча, а таксама спыніўся па той задачы, якая стаяла перад намі. У заключэньне, адзначыўшы неабходнасьць мець адзінае камандаваньне, для чаго батальён і мой атрад зьведзены ў адзін зводны атрад, у саставе трох рот, кулямётнае каманды, трох эскадронаў і санітарна-гаспадарчае часьці. Я паведаміў, што на сходзе камандзіраў усіх падразьдзяленьняў мы парашылі даручыць камандаваньне тав. Дзьмітрыеву.
    Пасьля мяне ўзяў слова чырвонаармеец з батальёна, які сказаў:
    — Таварышы, памерці справа ня хітрая, і калі нам і прыйдзецца пакласьці свае галовы, то ў добрым баі і так, каб вораг гэта адчуў, каб наша пагібель дала карысьць агульнай нашай справе і найбольшую страту белым. А гэта шмат залежыць і ад камандзіра. Дзьмітрыеў — добры таварыш, але як камандзір ён сябе не паказаў. Два разы мы наступалі па Арцем’ева без яго — ён заставаўся ў вёсцы. А калі б ён быў з намі, то магло б быць зусім інакш, а так нас разьбілі. Таму я лічу, што камандаваньне трэба перадаць тав. Строду — ён у Якуціі прабыў больш, чым Дзьмітрыеў.
    З далейшых выступленьняў станавілася відавочным, што батальён настроены проці Дзьмітрыева.
    Тады я ўнёс наступную прапанову, якая і была прынятая аднагалосна. Строд прымае камандаваньне зводным атрадам. Дзьмітрыеў будзе начальнікам штабу, а ваенкам батальёна Крапачоў — ваенкамам зводнага атраду.
    На гэтым сход скончыўся. Усе чырвонаармейцы і камандзіры аднадушна парашылі: калі патрабуецца, ахвяраваць сабою, але затрымаць Пепяляева ў Амзе, нанесьці яму як мага большыя страты, падарваць сілы дружыны як фізычна, так і маральна і тым самым па магчымасьці выканаць свой рэвалюцыйны абавязак перад працоўнымі.
    Пачаліся гарачыя зборы і падрыхтоўка да выступленьня. Многія жыхары хацелі пакінуць свае гаспадаркі і пайсьці з атрадам. Нялёгка было ўтрымаць іх на месцы. Але ўсё ж пяць ці шэсьць чалавек цьвёрда парашылі ісьці з намі.
    Сяляне па ўласнаму пачыну дабравольна аддалі атраду ўсіх прыдатных сваіх коней.
    — Бярыце, таварышы, каб белым не дасталіся. Мы ведаем, савецкая ўлада ня дасьць нам памерці з голаду і паможа засеяць поле. Толькі б белых прагнаць, а там не загінем. Сабе некалькі валоў мы пакідаем: хопіць на ўсіх — з лесу дроў, а з Алдану вады прывезьці. І чаго толькі белым трэба? Крыві мужыцкае мала напілі! Народ толькі руйнуюць, вараньнё праклятае! — злаваліся і чартыхаліся сяляне.
    Коні вельмі спатрэбіліся: увесь першы эскадрон у 26 шабель цяпер быў на конях. (Тры ўзводы ў атрадзе былі перайменаваны ў эскадроны, каб увесьці праціўніка ў заблуджэньне аб велічыні атраду, і Пепяляеў лічыў сілы чырвоных у 400 чалавек. — І. С.)
    Выведка ўсяму атраду была забясьпечана. Увесь наяўны запас печанага хлеба насельніцтва таксама аддало атраду.
    Так непрыкметна, у сумятні і клопатах прайшоў увесь дзень 7 лютага. У 11 гадзін ночы зводны атрад у 282 чалавекі выступіў з Петрапаўлаўскага на Амгу.
    Надвор’е было цёплае. Неба зацягнула хмарамі. Падаў невялікі сьняжок.
    Хутка ўвесь атрад уцягнуўся ў лес. Некаторы час з вёскі даносіўся брэх патрывожаных сабак, але і ён паступова заціх. Атрад застаўся адзінокім, як у водных прасторах акіяну загубленае судно.
    За выключэньнем хворых і першага эскадрону, усе ішлі пехатою. Многія чырвонаармейцы былі абуты ў чаравікі, ісьці па гладкай дарозе было сьлізка, ад чаго байцы часта надалі. Але настрой ва ўсіх быў добры. Сіла і энэргія білі цераз край.
    Ня спыняючыся ішлі да самае раніцы. За ноч зрабілі 40 вёрст.
    Спыніліся ў мясцовасьці Сордах. Тут павінны былі быць тры юрты.
    Конны эскадрон выслаў ўперад выведку. Хутка яна вярнулася і паведаміла, што там, дзе юрты, пункт заняты праціўнікам невядомае велічыні.
    Хутка падрыхтаваліся да бою. Парашылі ўзяць праціўніка ў кольца. Уперадзе — голая раўніна. Першая рота рассыпалася ў ланцуг і адкрыла рэдкі агонь з вінтовак.
    Праціўнік залёг некалькімі ланцугамі ля юрт і слаба пачаў адказваць.
    Два эскадроны і трэцяя рота пайшлі гушчаром у абход справа. Першы эскадрон у конным страі абходзіў зьлева.
    Павялі наступленьне. Бачачы, што іх абыходзяць з усіх бакоў, белыя ўцяклі пасьля дзесяцімінутнае невялікае перастрэлкі.
    Злучыць кольца не ўдалося. У адной юрце яны з посьпеху пакінулі двух палонных, захопленых у час зьнішчэньня ў засадзе сувязі, высланае з Петрапаўлаўскага ў Амгу.
    Вызваленыя палоньнікі расказалі, што тут быў атрад Арцем’ева ў 100 чалавек — усе конныя — і з імі два пепяляеўскіх афіцэры.
    Арцем’еў ішоў на Петрапаўлаўскае, разьлічваючы напасьці нечакана. Калі ж нечаканы палёт ня ўдасца, то заперці гэты гарнізон і затрымаць яго да заняцьця Пепяляевым Якуцку.
    Нам важна было як мага хутчэй падыйсьці да Амгі, але цяпер гэты шлях прыгароджваў атрад Арцем’ева, які адышоў у бок Амгі.
    Дарога праз увесь час ішла тайгою. Відавочна было, што на кожным кроку белыя будуць рабіць засады, ухіляючыся ад адкрытага бою. Гэта зусім не падабалася атраду і не ўваходзіла ў яго разьлікі, выклікаючы зусім нежаданую для яго затрымку. Будуць сутычкі з засадамі будуць параненыя, што яшчэ больш абцяжарыць атрад.
    Таксама ня было надзеі, што пасыльныя з данясеньнямі прарвуцца і даедуць да Якуцку...
    Пасьля заняцьця юрт чырвонаармейцы нават ня пілі чаю, а адразу ляглі спаць. Ня спала толькі дзяжурная рота і каравулы. Штаб пачаў абмяркоўваць новае становішча.
    Быў толькі адзін апошні выхад: пайсьці па больш далёкай, даўно закінутай дарозе. Праўда, па гэтай дарозе няма жыльля, а атрад зусім ня мае фуражу, чырвонаармейцы адзеты дрэнна, няма палатак. Аднак другога выхаду няма. Парашылі пайсьці гэтаю дарогаю.
    Цяпер засталася яшчэ адна і вельмі цяжкая задача: ашукаць, увесьці ў заблуджэньне праціўніка. Калі ж гэта ня ўдасца, то атрад на гэтай справе бадай толькі прайграе, а ня выйграе. Конны атрад. белых хутка перакінецца на тую дарогу і таксама будзе рабіць засады.
    Самае малое трэба было выйграць два дні, для таго каб манэўр удаўся.
    Папрасілі ва двор камандзіраў рот і эскадронаў, коратка пазнаёмілі з прынятым рашэньнем штаба і сказалі, як трэба дзейнічаць чырвонаармейцам.
    А дванаццатай гадзіне дня пабудзілі ўсіх. Праз дзьве гадзіны атрад павінен выступіць. Хутка ўсе байцы ведалі, што ад іх патрабуецца. Пачаліся гутаркі і лаянка. Жыхары не гаварылі па-руску (а між іншым, хто іх ведае!), затое яны тое-сёе разумелі з нашых гутарак — гэта не падлягала сумненьню.
    — Бач ты, — гаварыў чырвонаармеец, — ня прынялі бою, уцяклі... Ім толькі засады рабіць. Эх, калі б мы таксама былі па конях, тады іншая справа! А так не дагоніш...
    — Што праўда, то праўда. Пешы коннаму ня страшны, — падтрымаў гутарку кулямётчык. — Але няўжо нашы камандзіры пра гэта ня ведалі, а то нашто і ісьці было?
    — Вось іменна, што ня ведалі, — аўтарытэтна заявіў узводны. — І ўсё-такі невялікая бяда — прагуляліся крыху. Гэта ня шкодна: і так засядзеліся на адным месцы. Дый не дарма прайшліся даведаліся, колькі тут белых, і двух сваіх таварышаў выручылі. Сёньня ж пойдзем назад у Петрапаўлаўскае і дзён праз тры ўсе на коней сядзем. Тады і гутарка іншая з белымі будзе.
    Для таго, каб трапіць на другую дарогу, нам трэба было прайсьці 7 вёрст назад у бок Петрапаўлаўскага. Потым павярнуць направа, прайсьці з вярсту ў кірунку па ўсход; і потым дарога зварочвала на поўдзень, у бок Амгі.
    Гэта было наруку, бо ўсё выходзіла так, што не наводзіла жыхароў ні на якія падазрэньні, гутаркі і дагадкі. А 2 гадзіне дня атрад пакінуў Сордах.
    Хутка пайшоў сьнег. Ён не пераставаў усю ноч і ўвесь наступны дзень.
    На гэты раз шчасьце нам спадарожнічала. Сьнег не пакінуў ніякіх сьлядоў ад прайшоўшага атраду і на час схаваў яго рух.
                                                   Крыху аб “кэпсе” у якутаў
    Да Кастрычніцкае рэвалюцыі наш сыбірскі селянін добра ведаў рыначныя цэны. Але ён мала цікавіўся грамадзкім жыцьцём, яшчэ менш палітычным у сваёй краіне, а тым больш за граніцаю. Зусім ня тое мы бачылі ў якутаў. Сустрэне якут у дарозе праежджага настаўніка або наогул граматнага чалавека, абавязкова спыніць і пачне распытваць: ці ёсьць які новы загад спраўніка, ці чакаецца прыбыцьце ў іх улус (воласьць) палітыкаў — ссыльных, каго з іх вызвалілі ці думаюць вызваліць, што новае загадаў губэрнатар. Потым запытае, што думае Вільсан, кайзэр і г. д. Калі апытаваны скажа на якое-небудзь пытаньне “ня ведаю”, якут зьдзівіцца, пакруціць галавою, і, не ўразумеваючы, запытае: “А для чаго ты тады вучыўся?”.
    Якуты глыбока захавалі свой таежны звычай — “кэпсе”. Усякую важную падзею або цікавую вестку першы жыхар, які даведаўся пра яе, сьпяшаецца перадаць свайму суседу, хоць бы гэты сусед жыў ад яго часам вёрст за пяцьдзесят і нават за сто. Даведаўся якут якую-небудзь навіну — ён зараз жа сьпяшаецца падзяліцца ёю з бліжэйшымі да яго жыхарамі. Садзіцца на каня і едзе — часьцей за ўсё без дарогі, напрасткі, па толькі яму вядомай і бачнай яго прызвычаеным і зоркім вачом сьцежцы. Час году, сутак, стан надвор’я для яго ня служаць перашкодаю. Праз 2-3 гадзіны сьпешнае язды ён пад’яжджае да юрты. Усе жыхары яе, яшчэ толькі пачуўшы брэх сабак, а потым і тупат коньніка, калі ня сьпяць, высыпаюць са свайго ўбогага жыльля сустракаюць госьця, загадзя ведаючы, што ў яго ёсьць навіны, інакш, ён так не сьпяшаўся б і ня гнаў бы свайго каня. Прыехаўшы дабравольны ганец не сьпяшаючы злазіць са свайго ўзмыленага каня і прывязвае яго да слупа. Потым, прывітаўшыся, заходзіць у юрту і, не сьпяшаючыся, пачынае разьдзявацца (калі гэта бывае зімою). Гаспадыня ўслужліва бярэ ў яго верхнюю вопратку, шапку, шалік і рукавіцы і ўсё гэта разьвешвае, сушыць. Госьць жа садзіцца бліжэй да камялька і, паціраючы зьмерзлыя рукі, гаворыць: “Ытча”, г. зн. холадна, потым некаторы час маўчыць. У камяльку ярка ўспыхвае агонь. Трапна страляючы гарачымі вугольлямі, трашчыць толькі што пакладзеная туды цэлая ахапка смалістых сухіх дроў. Тут жа ля камялька, на калодзе, гаспадар юрты спрытнымі ўдарамі сякеры аддзяляе кавалкі мяса, сячэ іх найдрабней і кладзе на скавараду. Гаспадыня, падсунуўшы бліжэй да агню пусты кацёл, дзелавіта накладае ў яго лёд, раз-по-разу глыбока зацягваючыся самаробнаю папяросаю. Малеча 7-8 год праз увесь час круціцца каля сваё маткі, працягвае да яе сваю брудную ручку і просіць пакінуць пакурыць. Народ усё прыбаўляецца. З бліжэйшых юрт прышлі і старыя і маладыя паслухаць навіны. Яны падыходзяць да прыехаўшага, вітаюць і таксама маўчаць. Нарэшце адзін з прысутных, самы старшы па ўзросту, зварочваецца да госьця з нязьменным “кэпсе”, г. зн. гавары. “Сох, эн, кэпсе” — “Нічога няма, ты гавары”, адказвае той і зноў маўчыць.
    Каб хутчэй даведацца навіны, прыехаўшага акружаюць асабліваю ўвагаю і гонарам: частуюць ліставым тытунём, падаюць у люльку вугельчык з камялька, а гаспадыня запрашае да стала, на якім шыпіць самавар, на шклянку чаю; на скаварадзе ўжо дасьпявае мяса.
    Таежны звычай вытрыманы. Выпіўшы кубак чаю і зьеўшы крыху мяса, госьць пачынае галоўную частку свайго візыту — пачынае расказваць пра апошнія сьвежыя падзеі.
    Усе ўважна яго слухаюць. Папыхваюць сваімі люлькамі, сплёўваюць на падлогу, пакручваюць галовамі і на ўсім працягу расказу часта паўтараюць толькі адну адзіную фразу: “Сэп-сэп”, г. зн. добра, так, так. Але вось навіны ўсе паведамлены. Хто-небудзь з ліку слухачоў зараз жа апранаецца, сядлае каня і імчыцца далей, каб усё пачутае перадаць наступнаму свайму суседу. Калі ж усе коні адпушчаны ў тайгу, то, каб ня траціць часу на пошукі каня, такі пасланец ідзе пехатою за 30-40 вёрст.
    Сярод якутаў і тунгусаў ёсьць дзіўныя па сваёй быстрыні і вытрываласьці хадакі. Так, напрыклад, былі выпадкі, калі камандзір нашага атраду пасылаў пакет з Нэлькану ў порт Аян. Адлегласьць — 240 вёрст. Дарога — праўдзівей, сьцежка — вельмі дрэнная, балоцістая, апроч таго трэба перайсьці Джугджурскі хрыбет. Для таго, каб пасланец хутчэй даставіў пакет, на адным яго баку сургучнаю пячаткаю прыклейвалі птушынае пяро. Гэта абазначала: ляці, як птушка, і не затрымлівайся. Сапраўды, такі пакет дастаўляўся з незвычайнаю скорасьцю з дапамогаю так званае торбазнае сувязі (торбаз — скураны абутак хатняга вырабу, адсюль і торбазная сувязь). Адказ быў атрыманы на пятыя суткі з тым жа самым пасыльным.
    У рэзультаце такое здаўна заведзенае сувязі паміж сабою ўсё, што робіцца ў нетрах тайгі і мае тую ці іншую цікавасьць, вельмі хутка даходзіць да самага Якуцку, тут трапляе на рынак, а адсюль становіцца вядомым ня толькі гарадзкому насельніцтву, але і іншым раёнам. Усёй Якуціі становіцца вядома, што новага ў цэнтры і вобласьці і што робіцца за граніцаю. Зразумела, што ў грамадзянскую вайну навін было асабліва многа і ўсе яны рэгулярна паступалі на рыначную плошчу і вядома пранікалі ў наш штаб, даходзілі і да камандуючага. “Вутка, рыначнае радыё”, гаворым, як звычайна мы, але потым дзіву даемся, калі, атрымаўшы праз суткі, а то і больш, пакет з данясеньнем, чытаем і бачым, што добрая палова з напісанага ў тэрміновым данясеньні ўжо перададзена па рыначным радыё: конная і торбазная сувязь выперадзілі нашага ганца.
                                                                       * * *
    Арцем’еў, пакінуўшы Сордах, прайшоў 15 вёрст у бок Амгі, тут спыніўся і зрабіў засаду. Дарма прачакаўшы ўвесь дзень, ён парашыў, што чырвоныя спыніліся на днёўку. Вечарам ён зьняў засаду, пакінуў заставу чалавек з дзесяці, а з рэштаю атраду адышоў яшчэ на пяць вёрст далей і там заначаваў у трох юртах.
    9 лютага, яшчэ на досьвітку, ён зноў вярнуўся па старое месца і зноў разьмясьціўся ў засадзе. Прачакаў да абеду і толькі тады выслаў сваю выведку ў Сордах, жыхары якое паведамілі, што чырвоныя яшчэ ўчора вярнуліся назад у Петрапаўлаўскае і паміж сабою гаварылі, што пехатою яны белых не дагоняць і што трэба сабраць коней і тады ваяваць. Атрыманыя весткі выведка белых паведаміла Арцем’еву. Тады ён зьняўся з засады і пад вечар з усім сваім атрадам прыбыў ў Сордах і ў тую ж ноч пайшоў далей, на Петрапаўлаўскае, якое і заняў раніцою 10 лютага. Такім парадкам атрад Арцем’ёва застаўся ззаду нас больш чым на 100 вёрст. Яму нічога не заставалася рабіць, як паслаць тэрміновае данясеньне Пепяляеву пра тое, што петрапаўлаўскі гарнізон прарваўся і ідзе ў бок Амгі. Сам Арцем’еў толькі праз два дні пакінуў Петрапаўлаўскае і пайшоў на злучэньне з Пепяляевым. Наш манэўр удаўся і дарога да Амгі была вольная.
                                                                    * * *
    Чацьвёртыя суткі, як мы ў паходзе. Паводле нашага разьліку заўтра будзем ля Амгі. Сёньня ня чуваць песень, як у мінулыя дні. Мурзатыя, пракурадымленыя ад агнёў твары байцоў ўважныя і сур’ёзныя, а ў вачах цьвёрдая рашучасьць. Кожны ведаў, што ўжо хутка павінна адбыцца сустрэча і тады ўсё невядомае, што душыла сваёю загадкавасьцю, стане вядомым і ясным. Кожны крок уперад набліжаў да разьвязкі... Яркія праменьні халоднага паўночнага сонца бліскаючымі зайчыкамі скакалі на сталі гранёных штыхоў і серабрылі тайгу. Прырода залягла ў зімовую сьпячку. Вакол так ціха, ціха, ад чаго часам становіцца неяк няёмка, нават жудасна. За ўвесь час паходу мы ня сустрэлі ні душы — усё вымерла, пахавалася ад холаду. Толькі раз убачылі адзінокую варону, якая ляцела з захаду на ўсход. Заўважыўшы нас яна, нібы зьдзівіўшыся такому незвычайнаму відовішчу, зрабіла 2-3 невялікіх кругі, села на макушку высокага дрэва і пачала глядзець на ўзброеных людзей, якія ішлі стомленаю, цяжкаю хадою па засыпанай сьнегам вузкай дарозе. Потым, нібы вітаючы сустрэтае ў такой глушы жыцьцё, яна некалькі раз кракнула і, адарваўшыся ад дрэва, ляніва махаючы крыламі, схавалася за бліжэйшаю гарою.
    Тайга часам ішла ў бок ад дарогі і адкрывала голую раўніну з рэдкімі кусьцікамі і паасобнымі чахлымі, раскіданымі ўздоўж дарогі дрэўцамі, якія стаялі нібы забытыя, адзінокія вартавыя. Стомленымі і сумнымі выглядалі такія месцы і сваім выглядам наганялі на нас нуду. Хацелася перайсьці хутчэй гэтую пустку і забрацца глыбей у лес. Удалі высіліся масівы шчаціністых гор, магутныя і прыгожыя ў сваёй вечнай каменнай нерухомасьці. У параўнаньні з імі чарнеючыя на сьнезе кропкі ідучых людзей здаваліся нікчэмнымі, бездапаможнымі казяўкамі. Уперадзе, за лугам, пацягнутая сіняватым дымком, злучылася тайга. Яна нібы не хацела прапусьціць нас далей і загароджвала нам дарогу, раўніва ахоўваючы векавую тайну яшчэ так мала дасьледаванае чалавекам поўначы.
    Атрад спыніўся на абедзенны гадзінны перапынак. Чырвонаармейцы пасьпяшаліся раскласьці агні, тоўпіліся, грымелі вёдрамі, кацялкамі, напаўнялі іх сьнегам, кіпяцілі чай, елі сырое мяса — варыць не хапала часу Коні і валы стаялі галоднымі, карміць іх ня было чым. Падножнага корму ў лесе амаль няма ды час вельмі абмежаваны і дарагі: разыдуцца, прыйдзецца зьбіраць. Жывёлы стаялі, спусьціўшы галовы і хапалі сьнег.
    Крыху падмацаваўшыся, атрад пайшоў далей. Хутка. ўзьняўся сустрэчны халодны і рэзкі вецер і пайшоў дробны сьнег. Ісьці стала яшчэ цяжэй, а тайга зрабілася больш непрыветнаю і хмураю. Часта пачалі сустракацца лугі, і некаторыя з іх цягнуліся на 3 і больш вёрст. Непрыкметна надышла ноч, перасталі бачыць дарогу. Жывая доўгая істужка з людзей зьлілася з цемнатою. Ішлі вобмацкам, спатыкаліся, падалі, але ня спыняліся. Заўтра нам трэба быць пад Амгою. Сёньня засталося прайсьці яшчэ вёрст з дзесяць. Нарэшце зьнясіленыя і разьбітыя спыніліся на начлег, месцам для якога кожны раз выбіралі палянку або ж кавалачак менш густога лесу. Акружаючую нас цемру ночы хутка асьвятлялі агні некалькіх дзесяткаў вялікіх вогнішчаў, складзеных з цэлых сухіх бярвеньняў. Вялізнае зарава ад іх накрыла сваёю агнёваю шапкай людзкі мурашнік, рвалася ўверх і гасла ў гушчары. Чырвонаармейцы падвешвалі да агню на доўгіх тонкіх жэрдках кацялкі і вёдры, к да краёў напоўненыя сьнегам, які хутка раставаў. Лапатамі, а то проста рукамі, дабаўлялі новы да таго часу, пакуль ў вядры ня было дзьве трэці вады. Апускалі мяса, сыпалі соль і цярпліва чакалі, пакуль крыху пакіпіць. Мала хто чакаў, пакуль мяса зварыцца, елі больш напалову сырое. Голад і мароз прымушалі быць не асабліва пераборлівымі. “Гарачае сырым ня бывае”, жартавалі байцы і з воўчым апэтытам елі цэлыя кавалкі гарачага, з крывёю, мяса. Раздатчыкі з кожнага ўзводу атрымлівалі з абозу прамерзлыя цьвёрдыя, як дрэва, баханкі чорнага хлеба. Каб хутчэй яго адагрэць, расьсякалі баханкі сякераю на часткі і клалі проста ледзь ня ў самы агонь.
    У баку пад дрэвамі моцна ўструшваліся і порскалі пакрытыя сьнежнымі гунькамі коні і жаласна мыкалі галодныя валы. Сена ня было. Сваіх чацьвёраногіх прыяцеляў мы кармілі хлебам толькі адзін раз у суткі. Нашы невялікія запасы хутка зьмяншаліся. Фізычна больш слабыя чырвонаармейцы, як толькі разгараліся агні, выбіралі зручнейшае месца, клалі пад галаву свае рэчавыя мяшкі, а пад бок наламаных галінак хвоі ці ельніцы і адразу засыналі, адмаўляючыся нават ад стравы. Калі пасьпявала вячэра, іх будзілі і прымушалі есьці.
    Па ліку агнёў атрад раскідаўся на паасобныя кучкі, па 5-8 чалавек. Людзі разьмяшчаліся з падветранага боку, інакш дым выжываў кожнага, хто хацеў з другога боку прыстроіцца вальней і цяплей. Вецер часта прарываўся скрозь гушчар і, як кавальскі мех, раздуваў агні, уздымаючы ўгору тысячы іскраў. Падхопленыя ветрам, яны прыгожым бліскаючым карагодам кружыліся над палянкаю і гасьлі ў дрыжачым водбліску агнёў, падалі на сьнег і чорным пылам садзіліся на людзей. Гэтую ноч мы правялі асабліва дрэнна. Усе страшэнна мерзьлі, хоць дзяжурны эскадрон і падтрымліваў агні да самага досьвітку. Адзін бок, зьвернуты да агню, грэецца добра, затое другі пранізвае вецер. Часта прыходзіцца пераварочвацца і грэць па чарзе сьпіну, грудзі, бакі, пакуль канчаткова не пераможа сон. Забудзесься на гадзіну-другую, потым зноў прачнесься і так усю ноч — і сьпіш і ня сьпіш.
    У давяршэньне ўсяго з агню ляцяць здрадніцкія распаленыя вугельчыкі і часта падаюць проста на соннага чалавека. “Ах чорт вазьмі шынель спаліў!” — чуваць лаянка аднаго. “Ой-ой!” крычыць нехта і як абвараны, ускаквае на ногі. Аказваецца, у яго ўся сьпіна ў кажусе згарэла да самае сарочкі; калі агонь дабраўся да скуры, ён адчуў боль і прачнуўся. Нямала прапальвалася валёнак і чаравік, што было для нас вялікім і непапраўным злом. Усе ўжытыя меры перасьцярогі ні да чаго ня прыводзілі. Праўда, яны зьмяншалі лік ахвяр, але не ратавалі ад апёкаў. За гэтую ноч больш, чым за ўсе папярэднія мы папалілі кажушкоў, шынялёў і абутку. На раніцу нельга было пазнаць чырвонаармейцаў.
    Атрад пастроіўся для паходу. Сёньня ён меў асабліва таежны а разам з тым і баявы зухаўскі выгляд. У многіх байцоў не хапала цэлай крысы ад шынялі: на баку, на сьпіне ў кажушках — вялізныя дзіркі; рукавы ў іх пасьцягвала, зморшчыла, нібы сушаны грыб; дзіравы абутак заткнулі хто ведае адкуль ўзятымі рознымі анучкамі і перавязалі вяровачкамі.
    — Таварыш камандзір, мая рота пад артылерыйскім агнём усю ноч была, — жартуе Авечкін.
    — Ха-ха-ха! Го-го-го! — дружна рагаталі чырвонаармейцы.
    — А Арцюхіна! Арцюхіна проста ў сьпіну трохцалёвым шыбанула.
    — А цябе самога якім калібрам па баку цапнула?
    — Глядзі, рукаў ў цябе піць хоча, заўтра яму сто год будзе!
    — Твае скараходы ўцякаць зьбіраюцца. Прывяжы іх канатам, а то парвуць вяроўку і памінай як звалі!
    Усе жартавалі і сьмяяліся адзін з аднаго. Зьмяніўся дрэнны настрой ў байцоў на жыцьцярадасны, вясёлы і задорны сьмех.
    Атрад бадзёра выступіў ў паход. Гутарылі чырвонаармейцы на розныя лады. Сьпявалі скрыпучыя палазы абозных саней. Сёньня мы правялі ля агнёў апошнюю ноч. Было вырашана заначаваць, не даходзячы вёрст 15 да Амгі. Кожны радаваўся будучаму адпачынку ў цёплай юрце, калі толькі не перашкодзіць праціўнік. Ва ўсіх было адно жаданьне — правесьці гэту першую ноч у жыльлі спакойна, а там што будзе, то будзе. Сёньня нам не хацелася б сустракацца з белымі.
    Вецер, які дуў ня сьціхаючы праз усю ноч, пачаў заціхаць. У апошніх сваіх патугах ён гнаў па небе спозьненыя адзінокія хмары, якія напаміналі сваім колерам вялізныя брудна-жоўтыя камлыгі веснавога лёду на рацэ Лене. Хутка неба зусім ачысьцілася ад апошніх хмар, а вецер склаў свае крылы і парашыў, відаць адпачыць. Мы вышлі на раўніну. Ярка засьвяціла сонца, і пад яго праменьнямі сьнег заіскрыўся і заблішчэў, як дарагі брыльянт, адліваючы тысяччу разнаколерных аганькоў, ад чаго вачам рабілася балюча. Людзі жмурыліся і стараліся не глядзець на сьнег.
    Удалі, на гарызонце, падобныя да навальнічных, дзіўнае формы воблакі, высіліся грамады гор. Прыгожыя сваёю суровасьцю, пакрытыя непралазным, выбеленым сьнежнымі завірухамі гушчаром, яны клікалі і вабілі да сябе чалавека. Хацелася лёгкаю птушкаю паляцець туды, забрацца па вяршыню самае высокае гары і адтуль ахапіць ад краю да краю бязьмежную тайгу, убачыць ўсё схаванае ад вачэй поўзаючага ўнізе чалавека.
    Сёньня атрад трымаў сябе асабліва асьцярожна і ціха. Толькі скрып саней ды рэдкае іржаньне пахудзеўшых коней выдавалі яго рух. Конны эскадрон старанна прамацваў тайгу, заглядваў на горкі, спушчаўся да рэчак і нічога падазронага пакуль што не знаходзіў. У гэты дзень мы сьпяшаліся. Хацелі завідна дабрацца да месца начлегу. Зрабілі прывал толькі на 30 мінут, хлебанулі па кубку пахнуўшага дымам кіпню і выступілі далей. Усё часьцей і часьцей пачалі сустракацца алясы, са стаяўшымі на іх стагамі сена. Убачыўшы іх, нашы галодныя коні і валы зварочвалі ў бок, чым рабілі нямала клопату павозачным чырвонаармейцам. Адчувалася блізкасьць чалавечага жыльля. Да Амгі заставалася ня больш як 25 вёрст. Ужо было каля 3 гадзін дня. Да месца нашага начлегу заставалася 7 вёрст. Для прыпынкі атраду, яго выходнага становішча, мы выбралі мясцовасьць Сасыл-сысы (Лісіная палянка), дзе было пяць юрт. Раней ніхто з нас там ня быў. Паводле ж слоў нашага правадніка мы не маглі даволі ясна ўявіць сабе гэты пункт з пункту погляду яго тактычнае прыдатнасьці. Праўда, мы маглі прайсьці яшчэ 6 вёрст далей і спыніцца ў 22 вёрстах на паўночны захад ад Амгі, у Абагінскай школе, але ад гэтага пункту нам прышлося адмовіцца паводле наступных меркаваньняў: людзі былі стомлены і на 50 працэнтаў страцілі сваю баяздольнасьць. Патрэбен быў адпачынак і была дорага кожная лішняя гадзіна часу. Школа і быўшыя ў абазе тры дамы стаялі хоць і на адкрытым месцы, у 500—600 кроках ад лесу, але затое: там ня было матэрыялу, якім мы маглі б умацавацца, балбахі ж трэба было падвозіць за 2-3 вярсты. Выкапаць ў мёрзлай, цьвёрдай, як костка, зямлі хоць бы нешта падобнае да акопаў наяўнымі ў нашым распараджэньні сродкамі і за кароткі тэрмін ня было чаго нават і думаць. А без такіх закрыцьцяў мы былі б у адзін дзень перабіты заняўшымі суседнія ўзьлескі белымі. У Сасыл-сысы ж патрэбных нам балбах было даволі. Мы таксама не маглі ісьці, не затрымліваючыся, да Якуцку — патрэбна была хоць бы адна днёўка. Адарвацца ж ад праціўніка ня было ніякіх шансаў і падзеі.
                                               Сустрэча з пепяляеўскаю выведкаю
    Праваднік атраду папярэдзіў мяне, што хутка будзе яшчэ адзін — і апошні — вялікі, вярсты па тры, аляс. Конны эскадрон быў у паўвярсьце ўперадзе калёны. Раптам бачым, што да нас скача конны. Ён хутка наблізіўся і перадаў на словах данясеньне ад камандзіра эскадрона. Чырвонаармейцы любілі яго і рэдка называлі па прозьвішчы, а проста Іван Іваныч.
    Іванішка паведамляў:
    “Уперадзе вялікі луг. У вярсьце ад нас, ля вялікага дрэва, на дарозе спыніліся ехаўшыя ў наш бок чалавек трыццаць нейкіх конных. Эскадрон сьпешыўся і рассыпаўся ў ланцуг на ўзьлеску. Чакаю распараджэньняў”.
    Спыніўшы атрад, я выехаў да эскадрона і, не даяжджаючы сотні крокаў, зьлез з каня і прабраўся ў ланцуг. Адтуль добра было відаць, невядомую коньніцу. Разабраць жа нават у бінокль, хто яны, нельга было, хоць мы не сумняваліся, што гэта белыя. Пачалі чакаць, з надзеяю, што яны паедуць далей і пападуць да нас у пастку. Нібы ідучы нашаму жаданьню насустрач, праціўнік крануўся і невялікім галёпам пачаў набліжацца да нас. Засталося крокаў трыста... Раптам, зусім нечакана для нас, белыя павярнулі сваіх коней і хутка пагналі назад.
    Дагнаць іх на нашых худых конях нечага было і думаць. Я загадаў адкрыць агонь. Белыя прыбавілі ходу і цяпер ужо скакалі як мага. Страт у іх ня было. Вораг уцякаў. Адлегласьць паміж імі і намі ўсё павялічвалася і павялічвалася. Яна пераваліла ўжо за 800 крокаў. Станавілася прыкра, што яны могуць ўцячы беспакарана. Тады чалавек дзесяць байцоў хутка злучыліся і, стоячы, пачалі біць залпамі. Куля, як відаць, знайшла вінаватага: адзін белы грымнуўся разам з канём на зямлю. Эскадрон умомант сеў на коней і, пастрэльваючы, паляцеў туды галёпам. Хутка прывялі палоннага ўнтэр-афіцэра; пад ім забіла каня, а самога толькі аглушыла паданьнем. Палонны аказаўся разгаворлівым і паведаміў нам усё, што ведаў. Пепяляеў яшчэ ў Амзе, праз некалькі дзён ён павінен выступіць на Якуцк. Учора вечарам ад Арцем’ева прыехаў пасыльны і паведаміў пра рух петрапаўлаўскага гарнізону на Амгу, пасьля чаго Пепяляеў скасаваў свой першы загад і раніцою выслаў выведку насустрач чырвонаму атраду, сілу якога ён вылічваў ў 400 чалавек пры 10 кулямётах. Генэрал Вішнеўскі рыхтаваўся кудысьці выступіць, з якімі сіламі — невядома. Чурапча ў руках чырвоных. Туды павінен падыйсьці з Ахоцку генэрал Ракіцін. Туды ж Пепяляеў накіраваў палкоўніка Варгасава з невялікім атрадам з якутаў. Што робіцца ў самым Якуцку, таксама невядома, ёсьць толькі чуткі, што горад умацоўваюць. Усяго ў Амзе налічваецца 700 чалавек дружыны, пры шасьці цяжкіх і двух лёгкіх кулямётах. Апроч таго, ёсьць каля сотні чалавек якутаў. Арцем’еў таксама ідзе на Амгу. Больш нічога палонны паведаміць ня мог.
    Калі мы атрымалі гэтыя весткі, у нас ня было сумненьняў, што мы напярэдадні бою з генэралам Вішнеўскім. Даведаўшыся, што Пепяляеў яшчэ ў Амзе і што выступленьню белых на Якуцк перашкодзіў наш прыход, атрад адчуў вялізнае задаволеньне. Пра блізкую небясьпеку ніхто ня думаў, не палохала байцоў і перавага сіл праціўніка. Кожны разумеў, што цяпер, знаходзячыся ля мэты паходу, ён павінен самаахвярна аддацца цяжкай барацьбе...