четверг, 28 января 2016 г.

Віктар Нагін. У краіне палярнага холаду. Койданава. "Кальвіна". 2016.







                                                                      ПРАДМОВА
    Нам, сучасьнікам вялікага сацыялістычнага будаваньня, далёкім мінулым здаецца рэжым крывавага царскага самаўладзтва. У нашай краіне, якая займае адну шостую частку зямлі, ва ўладзе стаіць рабочая кляса, адзіная кляса, здольная пабудаваць сацыялізм. Але да заваёвы ўлады адбывалася доўгая і ўпартая барацьба, якая ўносіла тысячы ахвяр. Самаўладзтва не шкадавала сваіх клясавых ворагаў. Рэвалюцыянэраў, якія непахісна вялі барацьбу з палітычным і капіталістычным прыгнечаньнем, яно старалася чаго б то ні каштавала ізаляваць ад рабочае і сялянскае масы, саджаючы іх у турмы, ссылаючы на катаргу, расстрэльваючы і вешаючы або адсылаючы ў такія месцы, дзе сама прырода замяняла і краты, і турмы, і жалезныя кайданы катаргі.
    Такая была Верхаянская ссылка, аб якой расказваецца ў гэтай кнізе.
    Аўтар яе —стары бальшавік, выдатны арганізатар і партыйны працаўнік, Віктар Паўлавіч Нагін, быў адным з вучняў і таварышаў Ул. І. Леніна. Верхаянская ссылка — гэта толькі адзін з найцяжэйшых этапаў яго поўнай пакуты і нястачы жыцьця.
    Шмат хто зварочваліся з яе калекамі, шмат хто зусім не зварачаліся, паміралі ў суровай лёдавай пустыні невядомымі людзьмі, шмат хто, аслабеўшы ў барацьбе, канчалі самагубствам. Віктар Паўлавіч выйшаў з яе яшчэ больш загартаваным, яшчэ больш гатовым да барацьбы з ненавісным крывавым самаўладзтвам. Ён трывала перанёс верхаянскія жахі дзякуючы таму, што за яго плячыма былі гады рэвалюцыйнай падпольнай работы, якія прывучылі яго да цяжкіх спробаў.
    Таварыш Нагін нарадзіўся 2 лютага 1878 г. у беднай сям’і прыказчыка значных мануфактурных фірм. З самага раньняга дзяцінства жыцьцё прывучыла яго да самых суровых нястач, да адмовы ад асабістых запатрабаваньняў, да цяжкага і працяжнага нястатку.
    Адразу са школьнай лаўкі, 14-гадовым хлопчыкам ён быў адпраўлены ў фабрычную кантору Багародзка-Глухаўскае мануфактуры, а некалькі пазьней — фарбаром на вытворчасьць.
    Праз 4 гады Віктар Паўлавіч выйшаў з Багародзка-Глухаўскае мануфактуры. Тут ён ня мог знайсьці асяродзьдзя, якое б магло задаволіць яго запатрабаваньне і скарыстаць яго кіпучую энэргію.
    Прагнасьць да ведаў пацягнула яго ў сталіцу. Ён паехаў у Пецярбург і там, у якасьці падмайстра, паступіў на фарбоўную фабрыку Паля, за Неўскай заставай.
    Ужо ў той час Віктар Паўлавіч выдзяляўся сярод многіх сваіх таварышаў сваёй начытанасьцю і сур’ёзнасьцю ўласных паглядаў. У нядзельнай школе, якую пачаў наведваць тав. Нагін, ён надта хутка зьвярнуў на сябе ўвагу кіраўнікоў.
    Тады ж ён увайшоў у адзін з рабочых гурткоў, якім кіраваў сацыял-дэмакрат малады студэнт Уладзімер Забрэжнеў.
    Забрэжнеў пазнаёміў яго з таварышамі ў нелегальнай арганізацыі, і “разьвітны фарбоўнік ад Паля” са ўсёй палкасьцю ўзяўся за цяжкую рэвалюцыйную работу.
    У Пецярбургу тав. Нагін цалкам аформіўся як рэвалюцыянэр. Ужо ў наступным 1897 годзе, ён становіцца адным з актыўнейшых арганізатараў забастовак на фабрыках Паля і Максвэля. Цаною вялізарных намаганьняў і ахвяр (арышты, высылкі, турма), рабочыя дабіваюцца сякіх-такіх уступак з боку фабрыкантаў. 2 чэрвеня 1897 г. царскі ўрад, напалоханы стачкамі, ахапіўшымі ўсе фабрыкі і заводы Пецярбургу, выдаў закон аб скарачэньні рабочага дня. Гэты закон, праўда, так і застаўся толькі на паперы, але рабочыя ўжо адчулі да якіх вынікаў можа давесьці іх аднамыснае арганізаванае выступленьне.
    Праз некаторы час, пасьля аднае з сутычак з дырэктарам фабрыкі, Віктар Паўлавіч выйшаў ад Паля і паступіў на мэханічны завод былога Семяньнікава. І на Семяньнікаўскім заводзе неўгамонны фарбар становіцца арганізатарам стачкі. Аднак гэта выступленьне ўжо не прайшло без пакараньня для тав. Нагіна. 16 сьнежня 1898 гаду паліцыя зрабіла ў яго на кватэры вобыск, і Віктар Паўлавіч быў арыштаваны.
    Цэлы год жандары пратрымалі яго ў турме, а затым выслалі пад яўны нагляд паліцыі ў Палтаву. Тэрмін ссылкі тав. Нагін, аднак, не адбыў — у жніўні 1900 году ён уцёк у Англію.
    За граніцай ён устанавіў сувязь з выдатнейшымі кіраўнікамі рэвалюцыйнага руху ў Расіі, прымушаных жыць і работаць у эміграцыі. У пачатку 1901 г. В. П. езьдзіў у Мюнхэн (Германія), пазнаёміўся з Уладзімерам Ільлічом і з таго часу пачаў работаць у якасьці агента кіраўнікоў газэты расійскіх сацыял-дэмакратаў “Искры”. “Искра” адыграла выдатную палітычную ролю ў нашым рэвалюцыйным руху. Яна аб’яднала раскіданыя сацыял-дэмакратычныя камітэты, сабрала распыленыя рэвалюцыйныя сілы, аб’яднала іх на адзінай марксісцкай пляцформе, яна адважна змагалася за чыстату марксісцкіх ідэй супроць усякіх іх скрыўленьняў.
    Летам 1904 г. т. Нагін з чамаданамі, у якіх штучна былі захованы пачкі нелегальных газэт і лістовак, зьвярнуўся ў Расію і пачаў працаваць у Маскве.
    З гэтага часу для яго пачалося жыцьцё нелегальнага рэвалюцыянэра, зьвязанае са ўсякімі недастачамі поўнае цяжкіх іспытаў. Ён не вярнуўся на фабрыку, яго прафэсіяй стала рэвалюцыйная работа. З гэтага часу ён стаў прафэсійным рэвалюцыянэрам.
    У Маскве, разам з шэрагам іншых таварышаў ён прарабіў вялізную работу па забесьпячэньні мясцовых партыйных арганізацый нелегальнай літаратурай, а пасьля паехаў у Пецярбург. Але працаваў тут нядоўга. 2 верасьня 1901 г. яго зноў арыштавалі. 13 месяцаў жандары трымалі Віктара Паўлавіча, а затым выслалі ў сяло Назарава, Енісейскай губ. Аднак 27 красавіка 1903 г. тав. Нагіну ўдалося адтуль уцячы і ён схаваўся за граніцу ў Жэнэву (Швэйцарыя).
    Праз паўтара месяца Віктар Паўлавіч зноў зьвярнуўся ў Расію і пачаў работаць у Кацярынаславе.
    Тут яго застаў першы грандыёзны ўздым рабочага руху, ахапіўшага ў 1903 годзе ўвесь поўдзень Расіі. Рабочая кляса ўжо не задавальняецца толькі эканамічнай барацьбой, арганізуючы паўсюды забастоўка і стачкі, яна пачала сьмела кідаць выклік самаўладзтву, прад’яўляючы палітычныя запатрабаваньні.
    Тав. Нагін усю сваю энэргію, усе сілы кідае на арганізацыю ўсеагульнай забастоўкі. Апрача таго, ён стварае прапагандысцкія гурткі, піша лістоўкі, выступае на нелегальных сходах.
    Дзякуючы вялізарнаму ўплыву “Макара” (пад такой мянушкай Віктар Паўлавіч быў вядомы ў Кацярынаславе і яна захавалася за ім на ўсё жыцьцё), пасьле расколу, які адбыўся на ІІ партыйным зьезьдзе, увесь партыйны Кацярынаслаўскі камітэт стаў на бок бальшавікоў. Арганізацыя пачала хутка расьці, у яе ўліваліся ўсё новыя і новыя групы рабочых.
    “Макар” карыстаўся настолькі вялікай папулярнасьцю сярод мясцовых рабочых, што некаторыя з іх не хацелі без яго наладжваць сваіх сямейных сьвят.
    Але хутка ён прымушаны быў пакінуць Кацярынаслаў. Паліцыя ўрэшце выкрыла б яго і тут, і ён схаваўся у Растоў, а затым у Маскву.
    Але ў маскоўскай арганізацыі работаць яму ўдалося ня доўга, і ён паехаў у Нікалаеў, дзе па даносе правакатара 8 сакавіка 1904 г. яго зноў арыштавалі.
    17 месяцаў Віктар Паўлавіч праседзеў у Ломжынскай турме, а затым быў высланы на далёкую поўнач, у с. Кузамені, на Кольскім паўвостраве, адкуль ён праз 8 дзён зноў уцёк у Швэйцарыю.
    Тут тав. Нагін прабыў некалькі месяцаў, а потым 6 лістапада 1905 г. зьвярнуўся ў Расію, у Пецярбург. Ён стаяў на чале Пецярбурскае ваеннае арганізацыі, быў членам Пецярбурскага камітэту партыі і ўваходзіў у Савет рабочых дэпутатаў, скліканы; ў часе рэвалюцыі 1905 году.
    У лютым 1906 г. Цэнтральным камітэтам партыі Віктар Паўлавіч з двума іншымі таварышамі быў камандзірованы для партыйнай работы ў Баку.
    Хвалі рэвалюцыі 1905 году дакаціліся туды значна пазьней. Пачатак 1906 году ў Баку, калі было ўжо люта задушана сьнежаньскае ўзброенае паўстаньне ў Маскве, калі ўжо быў разагнаны Пецярбурскі Савет рабочых дэпутатаў, калі ўжо па ўсёй Расіі бушавалі карныя экспэдыцыі — азначыўся найбольш моцны палітычным уздымам.
    Мясцовая ўлада знаходзілася ў становішчы трывогі. У горадзе адкрыта распаўсюджваліся сацыял-дэмакратычныя газэты. Пасяджэньні партыйнага камітэту і міжраённыя канфэрэнцыі склікаліся легальна.
    Тав. Ногін працаваў у якасьці арганізатара ў вялізарным рабочым раёне на Балаханскіх нафтавых промыслах. Становішча рабочых нафтавікоў было жудасным. Агульныя эканамічныя абставіны і кватэрныя ўмовы былі настолькі цяжкімі, што балахінскія і бібіэйбацкія рабочыя яшчэ ў сьнежні 1904 г. арганізавалі ўсеагульную забастоўку ў гэтых раёнах, якая закончылася заключэньнем так званае “сьнежаньскае ўмовы” паміж рабочымі і прамыслоўцамі, прымушанымі на некаторыя ўступкі стачачнікам. Але гэтая ўмова ня выконвалася, яна была забыта гаспадарамі-капіталістамі. Прыпомнілі ім аб ёй самі рабочыя.
    Віктар Паўлавач прыступіў да падрыхтоўкі новае ўсеагульнае стачкі, за аднаўленьне ўмовы, выстаўляючы адначасна рад баявых палітычных лёзунгаў.
    Забастоўка праходзіла надта дружна. Тысячы народу з чырвонымі штандарамі натоўпамі хадзілі па вуліцах рабочых раёнаў, дэманструючы сваю гатоўнасьць адкрыта змагацца за свае інтарэсы.
    Але гэта была толькі адна частка работы таварыша «Макара». Адначасова, карыстаючыся адноснай свабодай, ён актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі прафэсіянальных саюзаў. У той самы час ён праводзіў вялізарную прапагандысцкую работу, выступаў на рабочых мітынгах і сходах, сачыў за рэгулярным забесьпячэньнем рабочых раёнаў бальшавіцкай літаратурай. Апрача таго, на Нобелеўскіх промыслах, у Балаханах, у лазьмі ім была заарганізавана падпольная друкарня, аказаўшая неацэнную паслугу бакінскай арганізацыі.
    Аднак заставацца ў Балаханах тав. Нагін больш ўжо ня мог. Усе чыста ведалі яго ў твар. Бяз рызыкі быць арыштаваным немагчыма было паказвацца на вуліцы, і ў жніўні 1906 г. ён выехаў у Маскву.
    Віктар Паўлавіч разгортвае вялізарную работу па арганізацыі прафэсіянальнага руху ў цэнтральным прамысловым раёне. Ён стварае першыя прафэсіянальныя саюзы тэкстыльшчыкаў, вывучае іх эканамічнае становішча і ўмовы працы, праводзіць рад адказьнейшых канфэрэнцый саюзу тэкстыльшчыкаў, прысутнічае на іх у якасьці партыйнага кіраўніка. Яго выбіраюць старшынёю Маскоўскага цэнтральнага бюро прафэсіянальных саюзаў, ён зьяўляецца нязьменным прадстаўніком цэнтральнай прамысловай вобласьці на канфэрэнцыях і нарадах у Фінляндыі.
    У пачатку 1907 т. Маскоўская партыйная арганізацыя пасылае яго сваім дэлегатам на пяты (Лёнданскі) партыйны зьезд. На зьезьдзе тав. Нагін абіраецца членам цэнтральнага камітэту партыі і зноў варочаецца ў Маскву.
    Гэта быў час адступнага руху рэвалюцыі. Хвалі яе хутка пачалі спадаць. Уся краіна літаральна стагнала ад крывавай расправы царскага самаўладзтва з прамымі ці ўскоснымі ўдзельнікамі рэвалюцыі. За тры гады (1907-1909) яно пакарала 5000 чалавек. Карныя экспэдыцыі спальвалі і зьнішчалі цэлыя сёлы і гарады. У краіне бушавала чорная рэакцыя.
    У гэты час шмат хто, замарыўшыся ў барацьбе, асабліва меншавікі, недастаткова моцна зьвязаныя з рэвалюцыяй, з рабочай клясай, адыходзілі ад рэвалюцыйнага руху, парывалі з партыяй, адмаўляліся ад далейшай работы. Толькі найбольш вытрыманыя, найбольш загартаваныя ў барацьбе з самаўладзтвам рэвалюцыянэры працягвалі адважна весьці работу. Ці трэба казаць аб тым, што сярод іх тав. Нагін быў адным з першых.
    Усё так жа ўпэўнена і энэргічна ён працягваў весьці работу па згуртаваньні прафсаюзаў. Калі іх пачалі ўціскаць, ён пачаў работаць над стварэньнем нелегальных прафэсіянальных арганізацый. Як член ЦК партыі, ён едзе для наладжваньня сувязі на Урал у Саратаў і іншыя гарады ўсходняй Расіі, у заходнія губэрні, на поўдзень. Ён удзельнічае ў радзе партыйных і прафэсіянальных канфэрэнцый. Удзельнічае ў студзені 1910 г. на пленуме ЦК, скліканага ў Парыжы, і вядзе іншыя работы.
    За гэты час (з 1906 г. па канец 1910 г.) Віктара Паўлавіча неаднойчы арыштоўваюць. Ён сядзіць у турме, яго высылаюць тры разы ў Табольскую губэрню і тры разы падрад ён робіць адтуль пасьпяхова ўцёкі.
    Ён быў нестамімым і настойлівым у дасягненьні вызначанай мэты, ніхто ня мог утрымаць яго ад імкненьня да гэтае мэты, нішто не магло застанавіць яго кіпучай рэвалюцыйнай энэргіі. Жандары, між тым, ведалі літаральна кожны крок тав. Ногіна. Перасьледаваньні гэтыя немінуча вялі да новага арышту і, урэшце, ён адбыўся. 25 красавіка 1911 году ў Туле яго арыштавалі і пасьля 4-месячнага зьняволеньня ў турме, адправілі ў ссылку ў Якуцкую вобласьць, у гор. Верхаянск, на «полюс холаду».
    Ссылку В. П. скончыў 8 студзеня 1914 г. і адразу накіраваўся да цэнтру партыйнай работы, у Маскву.
    Разам з радам іншых старых бальшавікоў тав. Нагін разгортвае вялізарную работу па выданьні партыйных зборнікаў, газэт і лістовак. Яны вядуць энэргічную кампанію супроць імпэрыялістычнай вайны, якая пачалася. Лістоўкі адважна заклікаюць да працягваньня барацьбы супроць самаўладзтва і капіталістаў.
    Між тым ужо па ўсёй Расіі адчувалася нарастаньне рэвалюцыі, Адчувалася, што краіна стаіць напярэдадні вялікіх падзей.
    Нарэшце ўспыхнула Лютаўская рэвалюцыя. Самаўладзтва было зьнішчана, але ля ўлады стаялася буйная буржуазія. Бальшавікі, разам з рабочай клясай вядуць падрыхтоўку да Кастрычніцкіх баёў за савецкую ўладу.
    В. П. Нагін у самым пачатку працуе як член Маскоўскага Савету і член прэзыдыюму яго выканкаму. Ён удзельнічае дэлегатам на красавікоўскай канфэрэнцыі Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (бальшавікоў). Яго выбіраюць у Цэнтральны Камітэт. Ён удзельнічае ў якасьці дэлегата на першым Усерасійскім зьезьдзе саветаў, неаднокраць выступае на ім ад імя бальшавіцкай фракцыі супроць меншавікоў і эсэраў, здрадзіўшых рэвалюцыі. Яго абіраюць у прэзыдыюм УсеЦВК.
    На VI партыйным зьезьдзе тав. Нагін зноў быў абраны ў ЦК партыі.
    8 лістапада (па нов. стылю) на II Усерасійскім зьезьдзе саветаў, які адбыўся ў момант пачаўшагася перавароту, быў абраны рабоча-сялянскі урад — Савет Народных Камісараў. Тав. Нагін увайшоў у першы Саўнарком у якасьці Народнага камісару гандлю і прамысловасьці.
    Пазьней ён працуе як камісар працы Маскоўскае вобласьці, за тым членам прэзыдыюму ВСНГ, членам прэзыдыюму Цэнтратэкстылю і, нарэшце, старшынёю Галоўнага праўленьня тэкстыльных прадпрыемстваў. Партыя пасылае яго на адказьнейшыя гаспадарчыя пасты, нязьменна абірае яго ў кіруючыя партыйныя органы. Пачынаючы з 1921 году да канца свайго жыцьця Віктар Паўлавіч быў членам прэзыдыюму Рэвізійнай камісіі ЦК УсеКП(б).
    Ён памёр у Маскве ад цяжкай працяжнай хваробы ў 5 гадзін 15 мінут раніцы 22 мая 1924 году.
    Працуючы на адным з буйнейшых гаспадарчых пастоў, тав. Ногін змог захаваць усю скромнасьць старога падпольшчыка-бальшавіка. Пасланы партыяй на гаспадарчую работу, Віктар Паўлавіч і тут, да канца свайго жыцьця, застаўся верным, адданым, дбайным вартавым партыі, карыстаючыся вялізарным аўтарытэтам рабочых мас. Віктар Паўлавіч ня любіў гаварыць аб сваім пралетарскім паходжаньні, але ва ўпартасьці яго характару, у настойлівасьці яго рэвалюцыйнай работы сказаўся сапраўдны пралетары, памяць аб якім будуць доўга шанаваць масы.
    Нелідаў.

                                               ПРАДМОВА ДА 2-га ВЫДАНЬНЯ
    Успаміны аб жыцьці ў Верхаяску напісаны мною ў 1915-1916 г.г. у Сярпухове, па звароце з ссылкі. Першае выданьне, якое выйшла ў 1919 г., надрукавана паводле рукапісу, які прайшоў царскую ваенную цэнзуру: як пры першым выданьні ў мяне ня было ніякай магчымасьці папаўняць ці зьмяняць сваю першапачатковую работу, так няма гэтага і цяпер. Некаторыя з чытачоў мне заўважылі, што агульны тон кніжкі занадта не адпавядае моманту, які намі перажываецца. Я згодзен з імі, але зьмяніць тон — значыць, перарабіць усю кнігу, а на гэта ў мяне няма часу. Можа быць, калі ўдасца, у сваіх агульных успамінах аб перажытым да рэвалюцыі я нанава напішу аб гэтым пэрыядзе свайго жыцьця. Калі я перачытаў кнігу цяпер, то рашыў усё ж згадзіцца на яе перавыданьне, таму што яна зьяўляецца ў сваім перапрацаваным выглядзе дакумэнтам, адбіваючым царскія часы.
    Імпэрыялістычная вайна і рэвалюцыя перайначылі ўклад нашага жыцьця і перакуліла масу шырокараспаўсюджаных паняцьцяў і ў асьвятленьні падзей, што перажыты, многія з верхаянскіх умоў зараз не выклікаюць у сучаснага чытача, які забыўся або ня ведае старых умоў, тых уражаньняў, якія выклікаліся раней. Так, нічога ня кажуць зараз весткі аб верхаянскіх цэнах на тавары, якія былі, відаць, самымі высокімі на сьвеце для таго пэрыяду.
    Рэвалюцыя ў Кастрычніку 1917 г. вырашыла асноўнае пытаньне Якуцкае вобласьці; яна дала магчымасьць народу насяляючаму яе, упершыню пачаць жыцьцё самастойна. Абвешчаная цяпер Аўтаномная Савецкая Якуцкая Рэспубліка, праўда ўсё яшчэ працягваючая змагацца за сваё існаваньне упершыню зможа паставіць і пачаць вырашаць асноўныя задачы гэтае да сёньня адкінутае ад культуры краіны. Гаворачы аб будучым Якуцкае вобласьці ў канцы VII разьдзелу сваёй кніжкі, я пісаў, маючы на ўвазе ўмовы, якія складуцца пасьля рэвалюцыі, што мясцовых сродкаў ня хопіць для хуткага разьвіцьця краіны, што патрэбна дапамога дзяржавы. Тое самае паўтараю і цяпер: толькі пры цесным саюзе рабочых і сялян Савецкай Расіі з сялянамі-якутамі і пры падтрыманьні першых магчыма спадзявацца на гэта.
    Умовы жыцьця ў Якуцкай вобласьці занадта суровыя, між тым магчымасьці абярнуць гэтую краіну ў багатую надзвычайна вялікія, каб не сказаць, што дапамога Якуцкай вобласьці павінна быць прызнана адной  нашых першачарговых задач.
    Тыя весткі, якія я атрымаў за апошнія часы ад таварышаў з Якуцкай вобласьці, гавораць, што рэвалюцыя высунула з мясцовых людзей цэлы рад выдатных работнікаў, што яна ўзварушыла і ўліла бадзёрасьць і ў тых з іх, якія ўжо схіляліся пад цяжарам старога рэжыму. Мне асабліва радасна было пачуць сярод гэтых імён імёны асоб, аб якіх я думаў у Верхаянску, што яны зьменяцца пасьля рэвалюцыі, калі яна адбудзецца.
    В. Нагін.
                                                                              І
                                                                      ДАРОГА.
    Была восьмая гадзіна вечару. Мы сядзела і марылі аб тым, дзе нам прыйдзецца жыць у бліжэйшы час, аб тых умовах, якія нас чакаюць на гэтай далёкай ускраіне, куды мы, нарэшце, прыехалі пасьля доўгае і ўтомнае дарогі, якая расьцягнулася ў мяне, напрыклад, амаль на год. Многім з нас прыйшлося доўга чакаць адпраўкі з Аляксандраўскае перасыльнае турмы. Этапныя партыі ў Якуцкую вобласьць адпраўляліся толькі летам тры разы: у маі, у чэрвені і жніўні. Зімовыя адпраўкі з мэтай эканоміі былі спынены. Да апошняй летняй партыі 1911 г. я спазьніўся на шэсьць гадзін, і мне прыйшлося прабыць у Аляксандраўскай турме дзевяць месяцаў, пакуль 15 мая 1912 г. ня была адпраўлена новая партыя ссыльных. Сьпярша мы рухаліся, робячы па 30-40 вёрст у дзень, па Брацкім стэпе, трасучыся на калёсах і бурацкіх аднаколках-бедах. Потым ў с. Качуге селі на паўзкі — пласкадонныя судны, напамінаўшыя Ноеў каўчэг, у якіх плылі па р. Лене да ст. Віціма, дзе пераселі на баржу. У Якуцк мы прыехалі 10 чэрвеня стомленыя, з глыбокай агідай і да абставін і да той маруднасьці, з якою нас перасоўвалі. У Якуцку мы былі накіраваны ў паліцэйскае кіраўніцтва і пасаджаны ў арыштанцкія камэры.
    Хацелася хутчэй дабрацца да месца, вызваліцца ад пастаянных назорцаў і праваднікоў, хацелася адчуваць сябе ў абставінах, якія б былі больш падобнымі на нармальныя. Думка аб тым, што прыйдзецца, мабыць, ехаць яшчэ на працягу многіх тыдняў далей на паўночны-ўсход, у Верхаянскую ці Калымскую акругу, зусім не спадабалася нам.
    Але нечакана паявілася начальства і пачало тлумачыць “прызначэньне”.
    Большасьць ссыльных былі разьмеркаваны па Якуцкай акрузе, іх хутка вызвалілі, але чатырох — у тым ліку і мяне — прызначылі ў. Верхаянскую акругу: трох—у самы Верхаянск, а мяне на 600 вёрст далей, ў Абый.
    Ніякіх вестак аб мясцовасьці, куды нас накіроўвалі, нам ня далі, абмежаваўшыся паведамленьнем, што калі мы ня хочам прасядзець у турме да зімы, то мы павіяны зараз жа зьбіраць свае рэчы, таму што параход, з якім нам патрэбна выехаць, адыходзіць у 10 гадзін вечару.
    Мы ведалі, што нас чакае доўгая, цяжкая дарога, для якой у працягу двух гадзін у невядомым горадзе наўрад ці ўдасца купіць усё неабходнае, а немагчымасьць выехаць да зімы можа быць толькі пагрозай, але надта хацелася хутчэй папасьці на месца, і мы ўсе згадзіліся адправіцца неўзабаве.
    Потым мы зразумелі, што такая хуткая, неспадзяваная адпраўка, без дазволу мець магчымасьць даведацца аб умовах падарожжа і будучага месца жыхарства, магла ўваходзіць у пляны тых, што адпраўлялі нас. Яна значна пагаршала наша становішча, і была багата дрэннымі падзеямі. Паліцмайстрам Якуцку быў тады пан, зрабіўшы сабе “імя” ў Беластоку ў часе пагромаў.
    Сваіх грошай у нас ня было, але нам выдалі па 15 рублёў — дапамогі на месяц.
    Сустрэўшы ў канцылярыі ў часе выдачы гэтых грошай аднаго паліцэйскага чыноўніка, я спрабаваў атрымаць ад яго хоць якія-небудзь весткі аб Абыі, але ён адказаў, што нічога аб ім ня ведае.
    — Але, можа быць, у вас ёсьць хоць карта Якуцкай вобласьці, і я змагу на ёй знайсьці Абый?
    — Не, карты ў нас няма. Выбачайце, калі ласка, мы ня ведалі, што вы прыедзеце да нас, і не патурбаваліся атрымаць патрэбныя вам весткі.
    — О, не клапаціцеся; я, зразумела, ня мог чакаць ад расійскіх паліцэйскіх чыноўнікаў такое абыходлівасьці, але дапушчаў, што вы хоць што-небудзь ведаеце аб той вобласьці, у якой служыце.
    Нам далі ў праваднікі некалькі гарадавых, і мы адправіліся за пакупкамі
    Але я намогся сьпярша пайсьці на пошту, каб атрымаць лісты, якія павінны былі быць там для мяне, і даць тэлеграму. Атрымаць лісты я ня змог, ня гледзячы на дапамогу самога начальніка канторы, таму што ужо было позна. Перад гэтым я не атрымліваў лістоў цэлы месяц, а з-за гэтай няўдачы атрыманьне іх адкладвалася яшчэ на паўтара месяца. Спытаў аб Абыі і аб тым колькі раз у год ходзіць туды пошта.
    — Адзін раз у год. Не часьцей. Гэта надта далёка і ў баку ад паштовае дарогі.
    Калі мы вышлі, стары гарадавы сказаў мне:
    — Ня верце ім, у Абый пошта ходзіць таксама, як і ў Верхаянск: два разы ў месяц зімою і адзін раз у месяц летам, толькі прыходзіць пазьней, таму што ён далей за Верхаянск, недалёка ад р. Індзігіркі.
    Як аказалася потым, стары гарадавы гаварыў шчыра.
    Ня трацячы часу, мы адправіліся за пакупкамі. Але што купляць? Нам ня верылася, што ў дарозе да Верхаянску нічога нельга купіць. У мяне бывалі выпадкі і раней, калі мне прыходзілася чуць весткі аб тым, што там нічога нельга купіць, а на справе заўсёды аказвалася магчымым дастаць неабходнае, і я мысьліў, што таксама будзе і на гэты раз. Але нашы праваднікі запэўнялі, што сапраўды да Верхаянску мы нічога ня зможам купіць.
    — Нават хлеба?
    — Нават хлеба, — казаў старшы гарадавы. — Там яго няма і на вялікдзень, а вы хочаце яго купляць. У іх і печаў то няма, дзе яго пячы. Вам трэба купіць сухароў, сушанага мяса і нямнога хлеба. Ды, вось купляйце торбасы, а то ў сваіх бацінках не даедзеце.
    Мы паслухаліся і пайшлі за аржанымі і пшанічнымі сухарамі, але купілі і па некалькі лустаў хлеба.
    Я ніколі раней ня бачыў сушанага мяса і ня ведаў спосабу яго прыгатаваньня. Мне хацелася паглядзець яго, але нідзе ў крамах, якія былі яшчэ адчынены і куды мы захадзілі, яго ня было. Потым я бачыў, як яно вісіць па некалькі тыдняў на асобных козлах, пастаўленых на стрэхах многіх хат, падлягаючы дзеяньню сонечных праменьняў, ветру, дажджу, сьнегу, пылу і, як мне казалі, чарвей, якія заводзіліся ў ім. Прымусіць сябе спрабаваць яго я ня мог.
   Прышлося абмежавацца вэнджанай каўбасою і кетавым балыком. Базарныя крамы былі ўжо зачынены, і торбасаў мы не змаглі купіць.
    Усе свае пакупкі мы злажылі ў мяшкі з-пад мукі. Нашы праваднікі скептычна паглядвалі на іх.
    — Ні на што ня гожа гэта. Не спасуць вас мяшкі. Трэба было купіць хоць перакідныя торбы.
    Глыбокай старасьветчынай павеяла ад гэтых слоў.
    Перакідная торба, якою карыстаюцца пры язьдзе на клуначных конях, сышла ўжо са сцэны ў культурных месцах, і яе назва там толькі іншасказальна; тутака яна была неабходнай рэччу ў дарозе. Але і торбы не маглі ўжо купіць.
    Усе гэтыя некалькі незвычайныя зборы ў. дарогу пераносілі ў. якісьці іншы сьвет. Мы пераходзілі якраз міма будынку Якуцкага музэю, дзе ў гэты час адбываўся канцэрт і з адчыненых вокнаў чутна была музыка. Якімсьці рэзкім кантрастам здавалася яна.
    Калі давядзецца яе пачуць зноў і дзе? Я ведаў, што ў Верхаянску я не пачую яе.
    Ужо дзесяць гадзін вечару, але на вуліцы зусім сьветла. Пачынае пырскаць дожджык. Мы сядзімо са сваімі рэчамі каля паліцэйскага кіраўніцтва і чакаем, калі зьявяцца чатыры казакі, прызначаныя праваджаць нас да Верхаянску.
    — Гэтакі падлюга, такі ўцёк; ухіляецца! — прагаварыў якійсьці стары а сівымі вусамі і шчацінай на падбародку. На ім былі моцна паношаны пінжачок і зьмятая шапка а чырвоным аколам.
    Гэта быў казак Шэршакоў, адзін з нашых новых праваднікоў. Ён павінен быў адшукаць другога казака, але той, даведаўшыся, што яму неўзабаве прыдзецца зрабіць непрыемнае падарожжа ў Верхаянск, рашыў схавацца, і Шэршакоў прышоў адзін.
    — А вось і Кешку злавілі, — сказаў адзін гарадавы, паказваючы на падходзіўшага чалавека, таксама ў шапцы з чырвоны аколкам. “Кешка” больш выглядаў франтам за Шэршакова. У ім было штосьці лісьлівае, добра замаскаванае сур’ёзнасьцю і спраўнасьцю, але ваяўнічага таксама мала, як і ў Шэршакова.
    Трэці казак — Васільлеў — малады, з невялікімі, некалькі раскосымі чорнымі вачыма, худы, з цьмянай скурай, ужо даўно круціўся ў паліцыі. Гэта быў тунгус, які запісаўся ў казакі, відаць фанабэрыўся сваімі чырвонымі пагонамі і аколам.
    Рашылі адправіць з намі замест чатырох толькі гэтых трох казакаў, папаўшых у чаргу і не патрапіўшых схавацца.
    Палажылі на калёсы рэчы і адправіліся к прыстаням. Дожджык узмацняўся, вуліцы былі пустынны. На беразе аднаго з пратокаў Лены, дзе стаяла прыстань, было неяк непрытульна, вільготна. Перад прыстаньню тоўпілася невялікая кучка народу. Параход “Лена” працягваў яшчэ пакавацца. Ён ішоў у Балун і вёз скаціну і розны цяжар, які накіроўвалі туды купцы, а таксама і пасажыраў, ехаўшых “на ніз”. Нам на ім патрэбна было праехаць вёрст 200, да вусьця р. Алданы, адкуль, пачынаецца летняя дарога на Верхаянск.
    І пасажыры і цяжар адпраўляліся не на самым параходзе, а на асобнай баржы, якую ён вёў за сабою. Нам давялося разьмясьціцца сярод другіх пасажыраў трэцяе клясы, проста на палубе. Лепшыя месцы былі ўжо заняты і мы прымушаны былі легчы там, дзе ня было нават берагавых сьценак, а ад дажджу абараняла толькі страха.
    Да прыстані прыйшло некалькі чалавек ссыльных, каб праводзіць нас. Праціскаючыся сярод кароў і быкоў, пад іх рык і крыкі якутаў, мы імкнуліся перакінуцца некалькімі словамі, але карысьці з гэтага атрымалася мала, і мы разьвіталіся.
    І ўсе гэтыя абставіны і бліжэйшыя пэрспэктывы стваралі якіясьці хмарныя настроі. Атрад паліцыі з паліцмайстрам на чале пільнаваў сходкі, а нашыя казакі ўгаварылі нас “далёка не адыходзіць”. Наперадзе нашае дарогі нічога дарагога для нас ня было, усё яно засталося далёка ззаду. Зноў прыйшла ў галаву думка аб нікчэмнасьці нашага падарожжа. Так цягнула на паўднёвы захад і прыходзілася ехаць яшчэ далей на паўночны ўсход.
    Гадзіне а 12 ночы параход адышоў. Дождж узмацніўся, і пачаўся вецер. На нашым месцы пачало ліць. Зрабілася холадна. Да нас на дапамогу прыйшоў адзін матрос, сасланы каўказец. Ён прынёс брызэнт і завесіў нас ад дажджу і ветру і мы змаглі сяк-так прымайстравацца сярод скрынак і бочак, разьмясьціўшыся ўперамежку са сваімі казакамі. Але заснуць было цяжка, таму што кругом ішло амаль не пагалоўнае п’янства.
    Спраўлялі своеасаблівыя загавіны: бо мы ехалі туды, дзе і да вайны было забаронена гандляваць сьпіртнымі напіткамі. Гоман, лаянка і шэраг непрыстойных сцэн ня спыняліся праз усю ноч.
    Да раніцы дождж спыніўся, але вецер. працягваў завываць. Пры дзённым сьвеце магчыма было лепш агледзецца і паглядзець на Лену і на акаляючых людзей.
    У некаторых мясцох Лена разьлівалася як мора, аж да гарызонту. Але чамусьці ня было жаданьня глядзець на яе: чужою, халоднай здавалася яна; усе думкі ўцякалі на захад. Ды і сама яна не ўяўляла інтарэсаў навізны. Берагі яе былі зусім бязьлюднымі. На поўнач ад Якуцку, уключна да Булуну на Лене нельга сустрэць колькі-небудзь значных паселішч і няма нідзе паштовых аддзяленьняў. Такім чынам, лісты, зданыя мною паштоваму чыноўніку, які з поштай ехаў у Булун, маглі быць адпраўлены з Якуцку толькі па звароце “Лены” туды, гэта значыць, не раней як праз 23 дні. Непрыемны зрабіў на мяне ўплыў гэты факт. Адразу адчулася адарванасьць ад сьвету.

    Ня гледзячы на ўсе балоты, цеснату, прарываючыся праз дзіры паміж брызэнтам і сьцяною вецер, пасажыры якія разьмясьціліся на баржы, адчувалі сябе зусім утульна. Але яшчэ з меншымі патрабаваньнямі здаваліся якуты, якія ляжалі ў цесным суседзтве з каровамі і быкамі. Пад паветкай разьмеркаваліся шчасьліўцы, пасьпеўшыя заняць лепшыя месцы. Сярод іх былі казакі і больш заможныя якуты. Яны ляжалі на сваіх скрынях, абцягнутых скурай, і падарожных падвойных хутравых мяшкох са сваім дабром. Рэзкі пах сьвежага гною часта разыходзіўся па палубе, але большасьць пасажыраў зусім не зварочвалі на яго ўвагі.
    У аднаго з якутаў я пры дапамозе матроса-ссыльнага купіў сабе торбасы, і, як яны ня былі дрэннымі, я не пашкадаваў потым аб гэтым. Таварыш гэты аказваў нам ва ўсім паслугу: даведаўшыся аб тым, пры якіх абставінах мы выехалі з Якуцку, ён згаварыўшыся з іншымі ссыльнымі і былымі ссыльнымі, служыўшымі на параходзе, здабыў нам вялікі запас абаранкаў і іншых прадуктаў і гэтым пазбавіў нас ад літаральнага голаду, які пагражаў нам на далейшым шляху.
    Пасьля поўдня вецер сьціх, зьявілася сонца і стала цёпла. Параход зрабіў адзін ці два прыпынкі ў мясцох, дзе ня было аніякіх прымет жыльля, але да яго прыходу адкульсьці выявіліся людзі, якія і дапамагалі прыбіраць выгружаныя тавары.
    На адным з прыпынкаў я выйшаў з параходу. Неба было чыстае, шырока разьлівалася магутная Лена, паветра было чыстае, усюды шмат кветак, сярод якіх перамагаў дзікі лён. Здавалася, што ўся лугавіна пакрыта сьветла-блакітным дыванам. Гэта быў мой першы калі ня зусім вольны, то амаль вольны выхад, наша варта ўжо не хадзіла за намі па пятах. Але, ня гледзячы на гэта атрымлівалася не адчуваньне свабоды, а, наадварот, адчувалася, што якаясьці вялізарная сьцяна аддзяляла мяне ад культурнага сьвету. Але ў той самы час я адчуваў прыліў бадзёрасьці, я зразумеў, што гэтая адпраўка «на край сьвету» выкліча ў мяне жаданьне вытрымаць яе, не паддацца ёй, не апынуцца пераможаным.
    — Вось паглядзіце туды на ўсход, — сказаў мне адзін з параходных служачых, таксама ссыльны, калі параход зноў сунуўся, — бачыце, робіцца сінь над берагам. Гэта — Верхаянскі хрыбет, а за ім ваш Верхаянск.
    — А ці далёка адсюль да хрыбта?
    — А, яшчэ далёка, вёрст дзьвесьце.
    Незадоўга да прыходу да вусьця Алдану пасажыры на баржы замітусіліся. Пачалі распакоўваць свае скрынкі і мяшкі, некаторыя выцягвалі адтуль бутэлькі і паўбутэлькі з гарэлкай і дапівалі, што там зьмяшчалася, іншыя наадварот, хавалі іх глыбей. Рака Алдан служыць мяжою вольнага продажу сьпіртных напіткаў, за ёю ў Верхаянскай і Калымскай акругах забаронены асобным законам увоз і продаж сьпіртных напіткаў. Зроблена гэта з мэтай абароны іншародцаў ад эксплёатацыі скупшчыкаў хутраў і іншых гандляроў. Перад Алданам адбываецца агляд стражнікамі ўсіх едучых далей на поўнач, і адбіраюць, калі знойдзецца, гарэлка, віно і сьпірт. На жаль, гэты закон не дасягае свае мэты, і спайваньне іншародцаў працягваецца. Межы вобласьці, у якой забаронены гандаль сьпіртам і сьпіртнымі напіткамі цягнецца на некалькі тысяч вёрст. І іншыя два стражнікі з конскімі хвастамі ў руках, якімі яны абмахваліся ад камароў, зрабілі на мяне камэдыйнае ўражаньне, калі яны зьявіліся на баржу для таго, каб ператрэсьці яе. Прыпамяталася заходняя граніца з яе шматлікай вартай амаль ні васьмі гатункаў і тая маса кантрабанды, якая правозіцца там, ня гледзячы на ўсю “пільнасьць”. Стражнікі найшлі ў некаторых якутаў і казакаў некалькі бутэлек гарэлкі і сьпірту, на вялікі жаль іх гаспадароў. Былі абгледжаны і параходныя служачыя і параходны паштовы чыноўнік і паштальён, які вёз пошту ў Верхаянск.
    Потым я даведаўся, што большасьць купцоў у Якуцкай вобласьці — людзі, якія нажыліся іменна пры дапамозе сьпіртных напіткаў, і што сярод гэтых купцоў многа былых паштовых служачых. Гандаль сьпіртам настолькі квітнее ў “забароненай” вобласьці і дае такі вялікі матэрыял для ўсякіх спраў, што прыйдзецца яшчэ неаднойчы варочацца да гэтае тэмы.
    Хутка пасьля абгляду параход застанавіўся зноў. Мы разам з нашымі казакамі, паштальёнам і міравым судзьдзёй з жонкаю, толькі што прызначаным у Верхаянск, пераселі з баржы на параход, і ён, адчапіўшы баржу, пайшоў да Кароўяга ўвозу, станцыйнага паселішча недалёка ад вусьця Алдану, Не пасьпелі мы перабрацца на параход, як на нас напалі камары, лятаўшыя там у бязьлікай процьме. Тыя, у каго былі сеткі, адразу ж іх надзелі, але і яны мала дапамагалі.
    Алдан, прыток Лены, пасьля Лены не зьдзіўляе сваёй велічынёю, але гэта — вялікая, магутная рэчка. Перад тым як уліцца ў Лену яна ўтварае дэльту з мноствам вастравоў і рукавоў (праток па-мясцоваму).
    Вышэй яна праходзіць праз рад перашкод і зьяўляецца ў агульным завірушнай, небясьпечнай, мала дасьледаванай ракою, але карыснай у зносінах Якуцкай вобласьці з Вялікім акіянам. Праз яе ў Якуцкую вобласьць праходзіць (бяз мыта) чай і некаторыя іншыя тавары з Кітаю і Японіі. Суднаходзтва па ёй разьвіта слаба — за лета пройдзе два разы параход ды некалькі паўзкоў.
    Прайшоўшы вёрст сем, параход пачаў даваць сьвісткі. Калі ён падыходзіў, на беразе зьявілася некалькі чалавечых фігур. Сьпярша цяжка было разабраць хто гэта мужчыны ці жанчыны, таму што ва ўсіх галовы былі абвязаны хусткамі. Калі параход падышоў бліжэй, усе фігуры сталі мужчынскімі. Сярод мужчын якутаў і расейцаў, якія жылі ў Якуцкай вобласьці, шырока распаўсюджаны звычай абкрывацца хусткамі. Ён выкліканы неабходнасьцю закрываць ад камароў шыю і карак, а таксама таннасьцю хустак параўнальна з іншымі ўбраньнямі для галавы.
    Высадзіўшыся, мы накіраваліся на станцыю. Са словам “станцыя” ў мяне зьвязвалася ўражаньне аб паселішчы; я мысьліў сустрэць хоць бы некалькі хатак. але ў сапраўднасьці аказалася ня тое.
    Недалёка ад берагу стаяла юрта, у якой жыў гаспадар станцыі, аб’якучаны рускі стары, доўгая сівая барада якога зусім не імпанавала з чырвонай хусткай, якою была завязана яго галава. Далей у лесе, на беразе невялікай неглыбокай рачонкі прытоку Алдану, якая робіць у гэтым месцы ўражаньне саджалкі, стаяла станцыйная хата. Мізэрны ў яе быў выгляд. Гэта быў звычайны зруб з насыпанай на столь зямлёю, без страхі, з маленькімі вокнамі У сярэдзіне памяшканьне падзялялася двума перагародкамі на тры пакойчыкі; у вугле стаяў вялікі “камялёк”. Камяльком завуць у Якуцкай вобласьці камін, зложаны з жэрдак, абмазаных потым глінаю, ці з невыпаленай цэглы. Хоць будыніна была і новая, але сьцены яе былі ўжо закуранымі.
    — Гэта — лепшая станцыя на ўсей дарозе, — сказаў казак Кеша, які езьдзіў досыць часта па гэтым шляху.
    — Тут хоць простыя сьцены, а далей гэтага няма.
    Сама мясцовасьць тут досыць прыгожая, але вільготная — кругом балота, і тут такая процьма камароў, якой я ніколі ні раней ні пазьней ня бачыў. Гэта сапраўды біч, ад якога прыходзіцца літаральна кожную мінуту прыдумліваць які-кольвек сродак. Скрозь нароблены дымакуры з сухога лісьця і гною, іх ставяць каля дому і ў хаце. У лесе абараняе толькі вецер, бяз сеткі нельга высунуць носа. Усякі хто ўваходзіць у хату павінен некалькі пастаяць ля дымакура, які разложаны каля ўваходу і,. ня гледзячы на ўсе хітрыкі, ноччу камары набіраюцца ў хату ў такой колькасьці, што ўжо не да сну. Змардаваўшыся ў барацьбе з гэтымі маленькімі крывапіўцамі, ускокваеш і разводзіш дымакур, а потым пакутуеш ад удушлівага смуродлівага паху, які пачынае напаўняць памяшканьне і есьці вочы. Ня вытрымаўшы і гэтага новага мучэньня; адчыняеш дзьверы, каб перадыхнуць, і бойка з камарамі пачынаецца зноў.
    Нам прыйшлося прасядзець на гэтай станцыі пяць сутак, таму што коней па ўсей дарозе на Верхаянск трымаюць мала, і мы прымушаны былі першую чаргу ўступіць пошце, і міравому судзьдзі, якія пасоўваліся надта павальна і коні доўга не зварочваліся.
    Рабіць ня было абсалютна чаго, гуляць не дазвалялі камары, кніжак ня было. Мы знаходзіліся ўжо недалёка ад палярнага круга, і тут у гэты час сонца стаіць над гарызонтам амаль усе суткі. Але паветра і днём і ноччу было зацягнута якойсьці шэрай пялёнкаю ад камароў, ад дыму, ад выпарэньняў, якія паднімаліся з балотаў. Гадзіньніка ў нас ня было ні ў кога. Усё неяк заблыталася, мы добра ня ведалі ні дзён тыдня, ні таго — раніца гэта або вечар. Упершыню я адчуў сябе існуючым па-за часам. Такое становішча ўзмацняла пачуцьцё адарванасьці, якое і бяз гэтага стваралася абставінамі. Рабілася зразумелым, чаму людзі, якія жывуць так далёка, заўсёды пачынаюць лічыцца неіснуючымі.
    Калі  камары крыху сьціхалі, мы ішлі гуляць да Алдану. Іншы раз бралі човен і пераяжджалі праз прыток Алдану на другі бераг, дзе стаяла рыбачая халупка і было крыху сушэй. Ня гледзячы на ўсю суровасьць прыроды, адчувалася з яе боку імкненьне ўпрыгожыцца, і прыходзілася зьдзіўляцца багацьцем кветак: усюды шмат шыпшыны, чырвоных лілій, ірысаў, дзікага лёну, незабудак і іншых кветак. Усе кветкі распушчаюцца пышна і дасягаюць значнай велічыні. Птушак было таксама надта шмат, але ня было чутно іх сьпеваў. Адчувалася якаясьці асобная блізкасьць да прыроды, стварала яе гэтая глуш, а падкрэсьлівала бязьлюдзьдзе.
    Харчаваліся мы пакуль што ня дрэнна: купілі чатыры вялікіх сьцерлядзі за сорак капеек і зварылі юшку.
    Закуплены ж намі хлеб, які пасьпеў падмокнуць на параходзе, пачаў ужо плесьнець і давялося яго выкінуць. Праўда, выкідваць не літаральна, бо падлетак якут, які жыў каля станцыі, хутка забраў яго ў нас, як толькі зразумеў наш намер, і з вялікім апэтытам зьеў. Казак Шэршакоў таксама быў не асабліва разборлівы і еў гэты хлеб — з ня меншым апэтытам. Ён увесь час казаў нам, каб мы ня кідалі крошак і скарынак.
     — Дарэчы ў якутаў хлеба няма, гэта будзе для іх ласункам. Не бяда, што хлебушка зацьвіў.
    Калі нам хацелася купіць малака і мы пайшлі ў юрту да гаспадара станцыі, дык гэтае жаданьне адразу згінула: жанчына, якая нас сустрэла там, была з яўна выражанымі прыметамі сыфілісу. Потым нам неаднойчы трапляліся сыфілітыкі. Гэтая хвароба распаўсюджваецца тут досыць шырока з-за адсутнасьці мэдычнай дапамогі і з-за малое гідлівасьці і малое ахайнасьці якутаў. Рэдка ў якіх сем’ях мыецца пасуда — яе звычайна вылізваюць. Кожны, хто хоча паласавацца крыху сьмятанай, малаком, маслам, пушчае ў работу свае пальцы, а потым іх аблізвае.
    Марудна цягнуўся час. Мы пачалі ўжо траціць надзею на зварот коней, мысьлілі, што з выехаўшымі раней міравым судзьдзём і поштай здарылася якая-небудзь бяда. Кожны лішні дзень, праведзены на станцыі, павялічваў для нас магчымасьць голаду. Цяпер ужо было ясна, што купіць па дарозе сапраўды нічога нельга. Запасы казакаў былі яшчэ меншымі ад нашых. І мы пачалі абгаварваць пытаньне аб звароце ў Якуцк. Казакі, за выключэньнем Васільлева, былі таксама зацікаўлены ў гэтым: яны трацілі свае пасады з-за гэтае паездкі. Адзін з іх, Кеша ці Кешка (Інакенці), служыў прыказчыкам у якойсьці фірмы ў Якуцку і шанаваў сваю пасаду. А гэта падарожжа не давала яму карысьці: яно захапіла яго зьнянацку. Спаслаўшыся на тое, што нядаўна ён перанёс запаленьне лёгкіх, ён рашуча адмовіўся ехаць далей. Ён быў найбольш сумленным і вопытным з іх і шкода было адпушчаць яго, таму што іншыя два казакі не давалі веры да сябе. Тунгус Васільлеў усю дарогу атручваў існаваньне агіднымі хуліганскімі выбрыкамі. Стары Шэршакоў, адслужыўшы ўжо 25-гадовы казачы тэрмін і зараз запісаўшыся зноў з-за казачага пайка, ў другі раз, нядаўна выйшаў з псыхіятрычнага аддзяленьня больніцы, і хоць у ім ня было нічога злоснага, але з-за свайго бяспамяцтва і няпоўнага розуму часам быў цяжкім. Ніхто з нас ня ведаў якуцкае мовы, а сярод сустракаўшыхся нам якутаў амаль ня было асоб, ведаючых па-расейску, і нам прыходзілася карыстацца казакамі як тлумачамі. Часам дзіўна пры іх дапамозе дасягнуць патрэбнага ўражаньня на якутаў.
    Праўда, гэта адбывалася яшчэ і таму, што і мы, ссыльныя, прадстаўлялі сабою ня зусім аднастайную групу. Нас было чацьвёра. Аблічча ўсіх ужо зусім вызначалася для кожнага з нас, таму што усе пазнаеміліся, яшчэ чакаючы адпраўкі ў Аляксандраўскай турме. Стварыць дружную групу ня было ніякай магчымасьці.
    Найбольш “яскравай” фігурай быў некі К-аў, сын расейскага жандара, які служыў у Польшчы, перарабіўшага на польскі лад і любіўшага паказваць сябе К-вічам. Да Якуцкае вобласьці ён быў высланы ў Табольскую губэрню, адкуль адміністрацыя, у сваю чаргу выслала яго за ганебныя паводзіны.
    Ён быў знаўца... цыркавое барацьбы, крымінальнага жаргону, і наогул за ім адчувалася невядомае мінулае.
    Потым, у Верхаянску, ён папаўся ў крадзяжы з адной крамы мядзянага катла, і насельніцтва дало яму прозьвішча “Кацельнікаў”. У часе прабываньня яго ў Аляксандраўскай турме, лепшая частка адміністрацыйных ссыльных, якая ўтрымоўвалася там, байкатавала яго.
    Ва ўсёй яго фігуры адчуваўся дэгенэрат. Грубы, непераборлівы ў сродках пры дасягненьні сваёй мэты, ён надта хутка зразумеў, што якуты ня змогуць утрымацца перад яго спосабам дзейнасьці. Потым, перабраўшыся часова з Верхаянску ў Усьць-Янск і скарыстаўшы захапленьне якутаў да гульні ў карты, абыгрываў іх; зьвярнуўся адтуль з досыць значнай сумай грошай.
    У гутарках са староньнімі людзьмі ён любіў гаварыць: “Мы, палітычныя”.
    Другім маім спадарожнікам быў грузін Г. Дзіўна было залічыць яго да якое-небудзь палітычнае партыі, сам ён устрымліваўся ад выказваньня сваіх поглядаў; праўда, мабыць таму, што ён дрэнна гаварыў па-расейску.
    У дарозе ён далучыўся да Кацельнікава, хаця надта часта лаяўся з ім, абвінавачваючы яго ва ўсякіх выбрыках. У пасьледку ён адхіснуўся ад яго канчаткова.
    Трэці мой спдарожнік, Б., для ссылкі быў выпадковым чалавекам. Хоць яму было ўжо гадоў 23—24, але ён ствараў уражаньне зусім дзіцяці, нічога ня бачыўшага, і ні аб чым ня чуўшага. Колькі я мог зразумець з яго гутарак, ён быў ахвярай паноў накшталт “настаўнікаў Пэроўскае школы”, аб якой успамінаўся ў працэсе былога маскоўскага начальніка гораду Рэйнбату. Нехта яго сьпярша падпаіў, нешта абяцаў, потым прынёс яму на захаваньне рэвальвэр, у той жа дзень да яго зьявіліся з вобыскам і арыштавалі яго, а ў газэтах было надрукавана, што арыштаваны такі то «верхавод шайкі грабежнікаў”, а потым яго адправілі на пяць год у Верхаянск. Сам ён служыў у адным з маскоўскіх рэстаранаў пограбшчыкам. Калі ён быў зусім юным, ён быў запісаны сваім гаспадаром у члены “Союза русского народа”. Стройны, з досыць тонкімі рысамі вузкага твару, ён паражаў сваімі шырокімі рукамі, як быццам узятымі ім у каго-небудзь на час. Сваё прабываньне на Алданскай станцыі ён адзначыў тым, што амаль ня ўмеючы ўладаць чоўнам і ня гледзячы на дужы вецер і шыбкую плынь Алдану, рашыў паспрабаваць пераехаць яго ў невялічкім чоўне і ледзь ня быў занесены ў Лену, на вялікі страх нашых вартаўнікоў, якія западозрылі ўцёкі.
    Аба мне «ў паперах» было сказана, што я высылаюся за прыналежнасьць да Расійскае сацыял-дэмакратычнае рабочае партыі.
    На Алданскай станцыі  пачалося маё вызваленьне, таму што казакі, якія праводжвалі нас, не маглі ізаляваць нас ад асяродзьдзя. Праўда, гэтае “асяродзьдзе” складалася, галоўным чынам, з камароў, але ўсё ж тут былі іншыя абставіны, чым у турме. Я казаў сабе: «Мабыць я ўсё-такі на волі”, але неабходнасьць запэўніць сябе ў гэтым рабіла гэтую сьвядомасьць якойсьці палавінчатай. Мацней толькі ўспаміналася мінулае, перажытае да арышту, і хацелася хутчэй прайсьці праз усе гэтыя лясы, горы, балоты, і сьнягі і... зьвярнуцца.
    На пятыя суткі нашага прабываньня на Алдане, нарэшце, раздаўся крык:
    — Коні прыйшлі!
    Мы ўсе ажылі, пачалі хутка зьбірацца і кінулі свае пляны звароту ў Якуцк. Наша затрымка тлумачылася тым, што выехаўшыя ўперад нас міравы судзьдзя з жонкай і пошта не маглі хутка прасоўвацца, а фурман, варочаючыся, не сьпяшаўся і адпачываў у дарозе. Праз некалькі гадзін пасьля прыезду фурмана нам падалі коні, і пачалося наша мучэньне.
    Ад Алдану да Верхаянску няма калёснае дарогі і ўвесь шлях летам робіцца вярхом. Але за тым, што колькасьць коней на станцыях абмежавана, дык толькі багатыя людзі могуць ехаць, ня маючы на тым жа кані, на якім яны самі едуць, яшчэ і клункаў. За гэтым кожнаму з нас прышлося браць на свайго каня і ўсе свае рэчы. Цяжар атрымаўся не асабліва вялікі, але грамозны. Трэба было зьвязаць усе свае рэчы ў два аднолькавых па вазе клункі, умацаваць іх паміж сабою і перакінуць праз сядло. Вось тут жа перакідныя скураныя торбы і незамянімыя па зручнасьці; іх лёгка перакінуць, і на сядле яны ляжаць роўна, ня ціснуць, і я быў надта задаволены, калі Кеша — казак, які рашыў зьвярнуцца ў Якуцк, пазычыў мне на дарогу свае торбы. Хаця яны і прамакалі ў мяне, але ўсё ж весьці рэчы ў іх было зручней, чым у простых мяшках. Якуцкія сёдлы надта прымітыўныя, і нязручныя, іх касьцяк драўляны, і яны надта высокія, страмёны на сурамезных раменьнях прымацаваны да сядла надта блізка ля шыі каня, і таму ногі ездавога кратаюцца яго пярэдніх ног. Якуты, як і ўсе азіяты езьдзяць на кароткіх страмёнах з сагнутымі каленямі. Кожны раз мне прыходзілася ваяваць і з казакамі і фурманамі, каб заставіць іх падоўжыць страмёны. Само стрэмя большай часткаю драўлянае і надта рэдка мэталёвае; часам гэта проста тоўсты сагнуты калок, у які ледзь прасунеш нагу і які досыць часта разьяжджаецца ці ломіцца. Часам якуты падвязваюць толькі адно стрэмя.
    Нарэшце рэчы зьвязаны і пакладзены на коні. Трэба садзіцца. Гэта здалося ня так проста, як сесьці на звычайнае сядло бяз клункаў. Адзін толькі наш грузін, які езьдзіў на конях з клункамі ў Пэрсіі, сеў без падзей, усе ж астатнія сваімі няўдалымі спробамі досыць доўга сьмяшылі якутаў казакаў.
    Я шмат чуў аб нязручнасьці і цяжкасьці дарогі на Верхаянск, але сапраўднасьць перавысіла мае чаканьні. Перш ад усяго быў пякельны сам спосаб перасоўваньня. З непрывычкі езьдзіць на якуцкіх сёдлах ногі страшэнна балелі, і іншы раз проста было не магчыма вытрымаць! Клункі пастаянна зьяжджалі і падсоўвалі ногі і, зразумела, перашкаджалі надаць ім такое палажэньне, якое жадалася. Сьпярша я мысьліў, што лепш узяць прыклад з якутаў і паехаць на кароткіх страмёнах з сагнутымі каленямі, але ўбачыў, што гэта яшчэ пакутней.

    Але горш за ўсе была сама дарога. Сьпярша яна ідзе праз Алданскі хрыбет з гары на гору, абміноўвае досыць часта вазёры. Мясцовасьць. тут вільготная ня толькі ў далінах, але і на, ўзвышшах і атрымліваецца ўражаньне, што ўвесь час едзеш па балоце. Потым дарога падыходзіць да Верхаянскага хрыбта, паднімаецца на яго схілы, абыходзіць найбольш высокія яго месцы, накіроўваецца па даліне р. Тумары, іншы раз адступаючы ад яе. Тут прыходзіцца пераяжджаць масу горных ручаёў і рачулак. Каля мяжы Верхаянскае акругі дасягаецца лінія водападзелу Ленскага і Янскага басэйнаў, і пачынаецца спуск. Адыходзячы ад Верхаянскага хрыбта, дарога ідзе далей на поўнач, пераходзіць рад горных досыць вялікіх рэк, ідучы часам уздоўж іх, уступаючы ў даліны, якія стваралі хрыбты Арунга і Тас-Халхта, і, нарэшце выходзіць на р. Яну. Агульны працяг дарогі ад Якуцка да Верхаянску вызначаецца афіцыяльна ў 812 вёрст, але вёрсты гэтыя “мураўёўскія”, гэта значыць, кожная х іх адпавядае 11/2 звычайным вёрстам; ніякіх дакладных зьмярэньняў тут ніхто не рабіў, і кожны лічыць па-свойму. Самі фурманы дрэнна ведаюць нават прыблізна адлегласьць. Пытаесься ў фурмана:
    — Ці далёка да станцыі?
    — Пяць вёрст.
    Едзеш гадзіну, другую, а станцыі няма.
    — Ці далёка да станцыі?
    — Вёрст сем.
    Станцыі знаходзяцца далёка адна ад другой; самы найменшы перагон — гэта 40 вёрст (афіцыяльных). Паміж станцыямі Майскай і Чахчур яшчэ ня было перамежнае станцыі, якая ёсьць цяпер; між імі афіцыяльна лічылі 80 вёрст, фурманы ж азначалі гэтую адлегласьць у 100 — 120 вёрст. Такія перагоны робяць неабходным застаноўкі ў дарозе. Для іх паміж некаторымі станцыямі збудаваны “паварні”. Паварняй завецца невялікі зруб, нізкі і брудны, без акон і з дзьвярыма, з прыстасаваньнем для коміна і ў рэдкіх выпадках з камяльком. Усюды валяюцца астаткі ежы, косьці, брудныя анучы і г. д. Паварні настолькі нізкія, што я ня мог стаяць у іх ва ўвесь рост.
    Назва гэтых халупак дадзена таму, што яны прызначаны для варыва стравы падарожным. Калі ня было дажджу, мы аддалі перавагу разьмясьціцца на адкрытым паветры. Апошняе, праўда, прыходзілася рабіць надта часта, ня гледзячы ні на якое надвор’е, таму, што на большасьці перагонаў ня было нават паварняў.
    Не пасьпелі мы ад’ехаць ад Алданскае станцыі некалькіх крокаў, як характар дарогі ўжо вызначыўся. У сутнасьці дарогі ў звычайным сэнсе слова няма. Гэта вузкая, ледзь прыкметная сьцежка праз гушчары, балоты і горы, якое часам зусім ня відаць. Прыходзілася зьдзіўляцца, з якою здатнасьцю яе знаходзілі фурманы, а яшчэ лепш — самі коні.
    Першы перагон асабліва стаміў нас. Амаль увесь час прыходзілася ехаць па вузкай сьцежцы праз лясное балота. Сьцежка настолька вузкая, што часта галіны дрэў загараджваюць яе зусім. Пасьля дажджу або расы гэта асабліва непрыемна; увесь час гальлё ўдарае і чапляе вас саміх і клункі, і надта хутка, нават пры. адсутнасьці дажджу, вы прамакаеце. Перш за ўсе прамакае абутак, таму, што, паміма гальля, ногі чапаюць мокрую траву. Страмёны пачынаюць сьлізгаць; за гэтым іх прыходзіцца папраўляць. Камары снуюць процьмай; яны кусаюць у твар, у шыю, у карак, у рукі, ухітраюцца нават залезьці і за кашулю. Сетка ў сутнасьці зьяўляецца паліятывам, яма толькі перашкаджае дыхаць і абкутвае ўсё ў якісьці паўзмрок. З якутаў рэдка хто яе носіць, аддаючы перавагу абмахвацца махалкай, зробленай з конскага валосься і якая летам зьяўляецца звычайнай прыналежнасьцю кожнага якута. Ломіш якую-небудзь галіну і пачынаеш неміласэрна сьцябаць сябе. Конь таксама ўвесь пакрыты камарамі, морда яго ад іх станавіцца шэрай — яны забіваюцца скрозь; да іх далучаюцца авадні, і бедная жывёліна ўся трасецца, ня маючая сілы супроць сваіх ворагаў. Стомленасьць і раздражненьне ўсе растуць, а ўвагу прыходзіцца напружваць усё больш і больш. Раз-у-раз пападаюцца ямы, поўныя вады, з вязкім дном, срозь буралом, і гэта ўсё трэба аб’яжджаць. Неабходна неадставдць ад фурмана, які едзе ўперадзе, а ён усе перашкоды абмінае больш удала, чымсьці нявопытны ездавы, і, зразумела, выграе ў часе. Прыходзіцца сьпяшацца і ехаць нацянькі, каб скараціць адлегласьць. Але часта замест скарачэньня атрымліваецца новая затрымка, таму, што, ня ведаючы кожнага кусьціка і кожнае багны, ня мудра затрымацца ў іх. Асабліва праяўляць уласную ініцыятыву ў балоце. У першы ж дзень мы былі пакараны за гэта.
    Калі, прыблізна праз суткі, мы пад’яжджалі да наступнай станцыі (Сарданах), якая знаходзіцца ў 45 вёрстах ад Алданскае, нам трэба было пераехаць досыць глыбокае балота. Фурман, агледзеўшыся, сунуўся уперад, казак Васільлеў сьпярша паехаў за ім, а потым зьвярнуў у бок; конь Кацельнікава, які за ім ехаў, таксама павярнуў, раптам і той і другі апынуліся ў вадзе, у глыбокай яме, куды коні спачатку ня ішлі, потым адразу скокнулі, а іх ездавыя пераляцелі туды праз іх галовы. Грузін не захацеў падлягаць таму ж удзелу і павярнуў каня ў другі бок, а я пасунуўся проста, але мы абодва, апынуліся ў вадзе, з тою толькі розьніцаю, што былі прымушаны зьлезьці з сёдлаў бокам, таму што коні, нашы паваліся б і мы рызыкавалі быць прыдушанымі імі. Усе нашы торбы і мяшкі з сухарамі, абаранкамі і хлебам апынуліся ў вадзе, і там жа па пояс стаялі і мы.
    Прыехаўшы на Сарданах, мы былі рады адпачыць, хаця гэты самы час было жаданьне ехаць далей. Але і на гэтай станцыі нам давялося прасядзець сутак двое, таму што ні коней ні фурманоў на ёй ня было, яны яшчэ не зьвярнуліся.
    Першай нашай турботай было распрануцца і пачаць сушыць вопратку і прыпасы; потым заснулі як забітыя.
    Возера, пры якім стаіць станцыйная юрта, досыць прыгожае, але так пустэльна было на ім; і зноў не чапала гэтае дзікае хараство. Я адчуваў сабе пасьля ўражаньняў ад падарожжа адкінутым кудысьці ў мінулае. Хоць мне і раней прыходзілася бываць у надта глухіх куткох зямлі, але нідзе я не адчуваў такога рэзкага кантрасту з тым, што было звычайным для людзей веку чыгунак, трамваяў, дырыжабляў і аэраплянаў, як тут. Тут няма звычайных калёс. Тут людзі ня прывыклі ўжываць кола! Гэта прымусіла адчуваць сябе, нібыта жывеш на некалькі тысячагодзьдзяў раней, калі людзі былі яшчэ вельмі блізкімі ад свайго першабытнага стану.
    Успамінаецца адна сустрэча ў дарозе. Праехаўшы вёрст дзесяць ад Алданскай станцыі, мы сустрэлі маленькае якуцкае паселішча, якое складалася з дзьвюх-трох юрт. Калі мы да яго пад’ехалі, з юрт вышлі іх гаспадары. Адна старая трымала за руку дзяўчынку гадоў 4-5; дзяўчынка была зусім голая. Я праз казакаў распытаўся ў старой, чаму дзяўчынка без адзеньня. Аказалася, што яна сірата і купіць ёй адзеньня няма каму. 3 далейшых гутарак высьветлілася, што ў якутаў наогул нярэдкасьць, што малыя дзеці ходзяць без адзеньня. Некалькі абаранкаў, перададзеных дзяўчынцы, прывялі яе ў захапленьне, хаця яна баялася выказваць яго. Шкада было глядзець, як камары кусалі яе маленькае цельца, і як яна з якойсьці тупой спакойнасьцю душыла іх на сябе.
    Пасьля гэтага паселішча мы доўга не сустракалі ніякіх прыкмет жыльля, апрача станцыйных юрт. Зрэдку жыхары пачалі сустракацца толькі перад Верхаянскам; некалькі сот вёрст дарога ідзе па зусім незаселеным месцам. Дзесьці там у горах вандруюць тунгусы, але нам яны ні разу не трапляліся, хаця мы сустракалі сьляды іх стаянак — могілкі, аленевы рогі ды парожнія бутэлькі. Апошнія сьведчылі, што тут быў купец і спойваў сьпіртам сваіх пакупнікоў.
    Чым далей мы пасоўваліся на поўнач, тым больш дзікай станавілася прырода. Калі б раней мне хто-небудзь сказаў, што магчыма ехаць па такой гушчары і нетрам, я б не паверыў.
    Выехаўшы з Сарданахі, мы зараз жа папалі пад дождж і зноў вымаклі да касьцей. Дарога стала больш цяжкай, таму што пайшла па пакатах гор, з якіх сьцякала процьма ручаін і рачулак, якія хутка павялічваліся ад дажджу. Коні надта хутка змарыліся і марудна пасоўваліся ўперад, сьлізгаючыся па валунох. То там, то тут відаць былі астаткі сьнегу і лёду, якія ляжалі на беразе р. Тумары, ад якой мы былі ўжо недалёка. Раней дарога праходзіла бліжэй да Тумары, але аднаго разу вясною з пакату сарваўся паштальён з поштай і фурман і загінулі ў рацэ. Пасьля гэтага дарогу правялі вышэй і гэта стварыла новыя цяжкасьці. У некаторых мясцох дарога настолькі стромка падымаецца ў гару, што прыходзіцца ісьці пехатою. Спускі з гары таксама надта утомны, асабліва калі кругом гразь, усё паўзе, а торбасы яе абараняюць ад каменьня і сьлізгаюцца.
    Дабраўшыся да станцыі Сегянь-Кэль, мы зноў узяліся за абсушку сваіх рэчаў і прадуктаў. Нашы сухары і абаранкі намачыліся так, што давялося падсушваць іх на патэльні, але і гэта мала дапамагло. Хлеб увесь чыста згніў, і мы перайшлі выключна на падмочаныя сухары і абаранкі. Але і іх, а таксама іншых запасаў былое ўжо нямнога, і мы надта былі задаволены, калі фурман нам прадаў глушца. Прасядзеўшы тут яшчэ дні з чатыры, мы пасунуліся далей.
    Цяпер мы ўжо былі каля Верхаянскага хрыбта, і пачаўся новы ўздым, на гэты раз больш стромкі і даўгі. Чым бліжэй мы прасоўваліся да Верхаянскага хрыбта, тым прыкметнай станавілася розьніца у расьліннасьці. Хваёвыя лясы ўжо згінулі, толькі зрэдку сустракаліся адзінокія нізкарослыя хвойкі, бяроза таксама сустракалася, як выключэньне, пачалі пераважаць мадрына, хмызьняковы кедр ды карлікавая бяроза.
    На гарах былі толькі гэтыя тры пароды. Потым усё часьцей і часьцей пайшлі месцы, пакрытыя мохам і лішайнікамі.
    З найбольш высокіх пунктаў былі відны карціны, велічэзныя па сваёй дзікай прыгожасьці, але зноў яны неяк ня цікавілі. Перад самой станцыяй Нэра дарога падыходзіць да стромкае кручы, адкуль расьцілаецца шырокая горная панарама; воддаль відаць рэчка Тумара, а пад самай кручай шумная Нэра нясе свае блакітныя хвалі. Успамінаецца Швэйцарыя, гэтыя ўспаміны паражаюць сваёй нечаканасьцю. Але і гэтыя велічэзныя горы і гэтая красуня Нэра ня выклікае таго настрою, які звычайна ствараецца ў гарах, і іменна ня кратаюць. Пазіраеш на іх і ня ўспамінаеш іх хараства. Дзікасьць мясцовасьці так падпарадкоўвае сабе, што да ўсяго іншага астаесься сьляпым.

    На Нэры нам давялося прасядзець некалькі дзён, чакаючы коней, Зноў мы абсушваліся, і доўга адлежваліся, распраўляючы свае змораныя члены, і потым займаліся папраўкай сваіх рэчаў і шыцьцём бялізны. Апроч станцыйнай юрты, тут нічога няма, і нідзе кругом ня відаць і прымет жыльля чалавечага, Дзікасьць мясцовасьці, і адрэзанасьць ад сьвету былі падкрэсьлены тут наступным фактам. У нас а сабою было крыху бульбы. Згатавалі сабе абед, хтосьці выкінуў адну бульбіну, якая аказалася нягоднай. Хлопчык-якут, які жыў у юрце, убачыў яе і з крыкам прыбег у юрту, заявіў, што ён знайшоў. якуюсьці цудоўную рэч. Убачыўшы, што іменна зьдзівіла яго, мы, зразумела, засьмяяліся. Аказалася, што ён ня толькі ніколі ня бачыў бульбы, але і ня чуў аб ёй.
    Ад Нэры дарога ідзе зноў блізка р. Тумары, набліжаючыся да перавалу. Расьліннасьць стала яшчэ драбнейшай. Усё часьцей пачалі сустракацца ледавікі, з якіх некаторыя заканчваюцца вазёрамі з вечным лёдам. Лёд гэты надта прыгожы — чыста блакітны і здалёк яго цяжка адрозьніць ад вады, блізка ж відаць, яго адценьні, і прыходзіцца зьдзіўляцца яго масіўнасьці. Але і над ім віліся камары, і стваралася якоесьці дзіўнае ўражаньне, так непадобнае на звычайнае летняе. Пастаянны дождж і амаль пастаяннае хмарнае неба, досыць рэзкі халодны вецер, і абсалютнае бязьлюдзьдзе афарбоўвалі ўсё ў якійсьці шэры стамлёны колер. Гэтаму спрыяла яшчэ і тое, што над Якуцкай вобласьцю летам носяцца воблакі дыму ад лясных і балотных пажараў. Апрача таго — гэта адбывалася летам 1912 году — у атмасфэры было шмат вульканічнага пылу, які насіўся пасьля выбуху вулькану на Камчатцы. І нават тады, калі выглядвала сонца, яно мала паляпшала таму, што шар яго здаваўся чырвоным, не яскравым. Раз-у-раз магчыма было бачыць наўкола яго кругі Бішопа.
    Неяк ціха, моўчкі было наўкола, і ня верылася, што было лета. Хацелася забыцца, але гэта ўдавалася толькі тады, калі лажыўся спаць. У астатні час заўжды што-небудзь адцягвала. То было неабходна напружваць усю сваю ўвагу, аб’яжджаючы якое-небудзь небясьпечнае месца. То ішоў дождж, то станавілася холадна і трэба было прымаць адпаведныя крокі. То паміж Кацельнікавым і Васільлевым адбьівалася якая-небудзь гідасная сцэнка, і яны пачыналі лаяцца, пагражаючы адзін другому кулакамі. То Васільлеў пачне даводзіць да белага расьпяканьня сваімі песьнямі.
    Рэпэртуар у яго быў надта разнастайны. Ён то гарланіў якую-небудзь дрындушку, то напяваў фальцэтам якую-небудзь бяссэнсіцу, то паўтараў амаль ня ўсю абедню (раней ён быў дзякам), то адразу пераскокваў на якісьці вальс: “надта любы ў нас у Якуцкім клюбе”. Потьм ён раптоўна абарочваўся да мяне і пытаўся:
    — В. П., што такое сацыялізм?
    Спыняўся сьпяваць Васільлеў, засьпяваў Шэршакоў, любіўшы сьпяваць — “Лучынушку”, потым зацягваў Б.:
    “Пускай могила его накажет”...
    Часам яны пелі ўсе адначасова, кожны сваё. Але арыгінальней ад усіх былі сьпевы фурманоў. Першы раз, калі мы з Б. пачулі іх, то не зразумелі, што гэта такое. Сьпярша падумалі, што гэта гудзеньне пчалы ці жука, але калі адлегласьць паміж намі і фурманом скарацілася, мы сьцямілі, што гукі зыходзяць ад яго. Сьпявае якут-фурман пастаянна, але гэта ня звычайныя сьпевы, якіх у сутнасьці ў якутаў няма, а імправізацыя, часам проста аднастайны сьпеў бяз слоў.
    Я папрасіў аднаго разу Васільлева спытаць фурмана, аб чым ён пяе, фурман засьмяяўся, але нічога не адказаў, потым зноў запяяў.
    — Ну, а аб чым жа ён пяе?
    — А вось ён пяе аб тым, як едуць чатыры расейцы; аб тым, што наўкола стаяць мадрыны, а ўперадзе нас горы, — сказаў Васільлеў.
    Васільлеў, відаць, казаў на гэты раз праўду. Якуты іменна імправізуюць аб тым, што знаходзіцца перад іх вачыма. Некаторыя з іх імправізацыяў прыгожыя і зьмястоўныя, але часта ў іх, апрача пералічэньня ў іх акаляючых прадметаў, няма нічога.
    На станцыях і ў часе прыпынкаў у дарозе, калі коні (адпачвалі, а мы пілі чай і закусвалі, давялося бліжэй пазнаёміцца з якутамі. Маё першае уражаньне ад іх было досыць спрыяючае, потым, у Верхаянску, яно аформілася ў мяне, і падрабязьней я скажу аб ім пазьней. Адразу адчувалася, што дзеці прыроды, якія імкнуцца быць асьцярожнымі, відаць, навучаныя адносінамі да іх і купцоў, і казакаў, і адміністрацыі. Нават для нашых казакаў — такіх мізэрных і бясьпечных — якуты былі істотамі ніжэйшага парадку. Далікатныя адносіны, які-небудзь бескарысны нязначны падарунак рабіў на фурманоў уражаньне чагосьці нечаканага і незвычайнага.
    Тыдні праз два пасьля нашага выезду з Алданскай станцыі мы прыехалі да мяжы Верхаянскай акругі. Яна знаходзіцца недалёка ад вышэйшага пункту перавалу (4496 футаў) і абазначаецца невялічкай жалезнай шыльдай, пастаўленай на слупох, з адпаведным надпісам; навакол шыльды драўляная агароджа.
    Усё, хто б не праяжджаў міма, — і якуты. і казакі, і многія з мясцовай адміністрацыі (ўключаючы спраўнікаў) — тут застанаўліваюцца і прыносяць “духу дарогі” якую-небудзь ахвяру: некалькі валаскоў з конскага хваста або грывы, шматкі матэрыі, раменьчыкі, запалкі, грошы. Усё гэта або прывязваецца да агароджы, або кідаецца на зямлю. Калі я праяжджаў там першы раз, дык каля гэтай шыльды ляжаў труп якойсьці жывёлы (здаецца, сабакі), відаць спэцыяльна забітай: аб гэтым сьведчыў камень, які ляжаў на трупе. Адміністрацыйны пагранічны знак, такім і чынам, зрабіўся месцам ахвяры — якуцкім “обо”.
    Дажджы не пераставалі, дарога рабілася цяжэйшай, асабліва калі мы зноў пападалі ў балоты, — некаторыя з іх дасягалі ў даўжыню дзесяці кілямэтраў і больш. У сутнасьці, яны ідуць, не перастаючы, усю дарогу, рэдка-рэдка, калі здаралася выбрацца, на цьвёрдую сьцежку, Але за тое, якое задавальненьне прыносіла гэтая сьцежка, асабліва калі магчыма было пусьціць коні трушком. Гэтае задавальненьне рэдка выпадала на наш лёс ужо бліжэй да Верхаянску. Большую частку дарогі мы ішлі крокам, а часам “хлыньню”, гэта значыць трухам.
    Балюча гэтая хлынь на якуцкім сядле, хоць самыя якуты большай часткай езьдзяць іменна “хлыньню”. Пачынае балець сьпіна, іншы раз здаецца, што г ўсе ўнутранасьці выскокваюць з вас. Але вось кончылася цьвёрдая сьцежка, і мы зноў у балоце. Конь адразу настарожваецца і становіцца наравістым. Праўда, гэтакіх выпадках, лепш ня кіраваць, ён хутчэй знойдзе пэўны шлях. Напружанае становішча дасягае крайніх межаў, калі змораны конь, які ўвесь змардаваўся, таксама пачне нэрвавацца і шукаць устойлівае глебы, кідаючыся на купінкі, асабліва, калі бачыць на іх дрэвы. Часам на купіне растуць два або тры дрэўцы, і ездавы сам са сваімі клункамі затрымліваецца паміж імі. Сайсьці з каня даць яму адпачыць — нельга, і прыходзіцца гнаць яго. Як ні цягавітыя якуцкія коні, але і яны досыць часта ня вытрымліваюць доўгіх перагонаў паміж станцыямі і застанаўліваюцца. Так здарылася з намі перад станцыяй Хабанскай. Нашаму фурману прышлося зьлезьці і весьці каня. Фурман на гэтай дарозе адыгрывае па сутнасьці ролю правадыра і ён увесь час едзе верхам, наўперадзе каравану, і без яго лёгка заблудзіць, нават ведаючы агульны напрамак дарогі. Калі наш фурман адстаў, і дарога, якая сьпярша ішла па даўгім балоце, выйшла на горы і раздвоілася, дык адправіўшыся наўгад Васільлеў, Кацельнікаў і грузін зьбіліся з дарогі і блыталіся да таго часу, покуль выпадкова не насунуліся на нас, ехаўшых па пэўнай дарозе. Перагон гэты быў надта доўгі, дождж ішоў не перастаючы, на нас ня было сухой ніткі
    Як ні дрэнна ў юрце, але калі зьявіліся прыкметы станцыі, а нашы коні, адчуўшы яе, пабеглі весялей, мы прышлі у здавальненьне і панесьліся з думкай аб яскравым комінку, аб магчымасьці абсушыцца. Але нас чакала расчараваньне. Калі мы ўвайшлі ў юрту, дык убачылі, што ў ёй дождж ішоў амаль мацней, чым пад адкрытым небам. Гэта тлумачылася тым, што тут раней чатыры дні ішоў дождж, і на земляной плоскай страсе стварылася вялікая лужа, з якой вада прасочвалася праз зямлю, і працякала ў сярэдзіну. Мала было здавальненьня ад гэтакай “утульнасьці”. У дадатак да ўсяго і сама юрта была брудная: падлога земляная, а разам з гаспадарамі зьмяшчаліся і цяляты. Надта моцны пах гною, выпарэньняў, бруд, цемра і “нутраны” праліўны дождж выгналі Б-ва і мяне з юрты, і мы ўзяліся ладзіць яе, — правіць страху і сьцены, абкладваючы карой з магутных мадрын, якія растуць каля гэтай станцыі. Рабілі гэта мы яшчэ і таму, што даведаліся, што нам прыйдзецца прасядзець тут некалькі дзён, мабыць тыдзень, а мо’ і больш, таму што коней на станцыі ня было і яны не маглі зьвярнуцца з-за разьліўшыхся і ўзьняўшыхся горных рэчак, якія ляжалі па нашым шляху. Але наша папраўка юрты не адразу прынесла нам карысьць, таму што зямля, набракшы вадой, доўга не магла высахнуць, а са столі капаць не спынялася. Прышлося ў сярэдзіне юрты пабудаваць нешта накшталт шатроў.
    Праз чатыры дні зьвярнуўся фурман, пераплыўшы рэчку, на якой пасьля дажджу ўтварыліся паводкі, на сяк-так збудаваным плыце. Ён паведаміў нас, што найбольш выгодная дарога размыта і што з нашымі клункамі мы ня зможам пераправіцца праз усе рэкі, якія нам сустрэнуцца ў дарозе, пакуль не спадзе вада. Дождж перастаў, але магчыма было чакаць, што ён зноў пачнецца, і, каб ня страціць падыходзячага моманту, мы выехалі да самага месца пераправы, вёрстах у трох ад станцыі. Там мы пражылі яшчэ тры дні, назіраючы за зьменай узроўню вады, збудаваўшы шалаш з гальля. Такія выпадкі, калі прыходзіцца сядзець ля рэчкі з вялікай паводкай па некалькі дзён, а то і тыдняў, — звычайнае зьявішча на гэтай дарозе. Купцы і больш заможныя людзі ў часе непагоды знаходзяцца ў палатках, уладжваючыся параўнаўча з камфортам, сеўшы на аленевых скурах і грэючыся каля жалезных печак, якія яны возяць з сабою. Але ў нас нічога гэтага ня было, а ў фурманскай палатцы ўладзіліся нашы казакі. На шчасьце, дажджы спыніліся, і мы пражылі гэтыя дні, не адчуваючы асаблівых нявыгодаў. Нарэшце вада спала настолькі, што, па думцы нашага фурмана, мы маглі разьлічваць на ўдалую пераправу. Самі гэтыя пераправы не ўяўляюць сабою нічога асабліва страшнага, але часам бываюць няшчасьці, калі або конь, ня вытрымаўшы напору вады, якая з шумам нясецца па каменьнях, навернецца па плыні і яго ўносіць на глыбокае месца, або ў ездавога закруціцца галава, і ён уваліцца ў ваду, або проста конь скіне яго, калі наткнецца на камень.
    — Трымай каня крыху супроць вады ды ногі вынь са страменьняў, а то не пасьпееш саскочыць, калі конь пападзе ў быстрыню, і зломіш нагу ці захлібнесься, — вучыў нас Шэршакоў. — Ды не адставаць ад фурмана.
    Усе гэта прымушала быць асьцярожным; апрача таго, не хацелася, каб зноў усё вымакла. Але наогул пераправа прайшла шчасьліва, хаця ў адным месцы коні крыху плылі і нашы рэчы аказаліся падмочанымі. На гэтым перагоне трэба пераяжджаць рэчкі па меншай меры разоў трыццаць. У адным месцы давялося заначаваць, таму што ліўнямі і разьлівам рэчак размыла старую дарогу, і трэба было шукаць іншую, чаго фурман не адважыўся зрабіць ноччу. На другі дзень мы доўга блукалі, прабіваючыся сярод пушчы і процьмы нанесенага буралому, які ў некаторых мясцох рабіў дарогу зусім непраходнаю. Некалькі разоў мы натыкаліся на месцы, дзе толькі, што абвальваліся падмытыя берагі рэчкі, па якіх праходзіла дарога, і трэ’ было шукаць аб’езду. Адзін раз, у той момант калі мой конь скочыў з берагу, ён абваліўся. Дарога ішла ўздоўж рэчак па валунах, дзе коням даводзілася ступаць надта асьцярожна, або праз рэчкі, або сярод зарасьняў вербалозу на берагох. Часам вербалоз чаргаваўся з надзвычайна прыгожымі таполямі, магутнымі і высокімі, напаўняўшымі паветра сваім духмяным пахам. Але гэта было апошняе хараство. Далей, пераехаўшы рэчку Білір, ужо ня сустракаюцца таполі і цалкам пануюць мадрына, вербалоз і хмызьняковая бяроза. Няма ўжо хмызьняковага кедру, а хваіна і елка даўно зьніклі. Няма і тых магутных мадрын у некалькі абхопаў таўшчынёю, высокіх і стройных, якімі мы любаваліся ў Хабахскай станцыі. Іх зьмяняюць нізкарослыя карузлыя дрэвы. На дарозе яшчэ больш буралому, чымся раней, і відаць, што тут дрэва пушчае свае карэньні ня ўглыбіню, таму што туды ім не дазваляе праходзіць вечная мярзлота, а ў бакі блізка паверхні глебы. Звычайна, што ў такіх умовах дрэва лёгка паддаецца напору ветру і падае.
    Яшчэ некалькі раз уздымаліся на досыць высокія горы, любаваліся прыгожай панарамай і спусьціліся ў даліну Яны.
    Новай прыкметай набліжэньня да полюсу холаду былі трэшчыны, якія пакрывалі зямлю ў некаторых месцах частай сеткай. Яны ствараюць досыць правільныя фігуры, і сьведчаць аб тым, як часта тут зімою трэскаецца зямля.
    Пачалі сустракацца прыкметы чалавечага жыльля, апрача станцыйных юрт і, нарэшце, самае жыльлё.
    Прыкметамі гэтымі былі табуны коней, якія пасьвіліся на лузе, сенажаці і каровы.
    Якуты трымаюць сваю скаціну амаль выключна на падножным корме. Зіму і лета коні і каровы ходзяць па лузе і лясох. Каровам яшчэ ўзімку даюць сена, а коням — толькі ў выключных выпадках. Коні, вядучы такі вобраз жыцьця, становяцца паўдзікімі, і калі ў пачатку лета іх ловяць і сядлаюць, то ня так ужо лёгка з імі справіцца. На некаторых станцыях нам надавалі такіх коней, яны ўпарта ірваліся на луг і скідалі ездавога.
    Якуцкі конь невысокага росту, з надта доўгай шэрсьцю, робіць уражаньне надта тоўстага, нязграбнага. За самымі рэдкімі выключэньнямі, усе коні белай шэрсьці. Якуты лічаць зьнявагай езьдзіць на кабылах, якія за гэтым увесь час пасьвяцца на лугох і ў лясох. Шмат раз мне даводзілася бачыць табуны, сярод якіх магчыма было сустрэць кабыл з надзвычайна пышнымі і доўгімі хвастамі, якія за імі валочацца, як шлейфы.
    Нарэшце пачалі трапляцца і людзі, якія з касамі стаялі за работай. Праўда, іх было мала, але ўсё ж было прыемна бачыць хоць нязначную прыкмету культуры. Але касцы стаялі часам па калена ў вадзе, і касілі адну асаку і іншыя балотныя травы...
    Пачалі сустракацца і паасобныя юрты, у якія мы заяжджалі, каб напіцца чаю і закусіць.
    Новай прыкметай блізасьці Верхаянску і больш “густога” насельніцтва былі сьляды лясных пажараў.
    І без пажараў непрывабны выгляд палярнага лесу. Нізкарослыя, каравыя дрэвы рэдка. дасягаюць колькі-небудзь значнай велічыні. Усюды буралом, заграмаджаючы дарогу, і няма ў ім тае жывасьці, яснасьці і бадзёрасьці, якія адчуваюцца ў нашым лесе; наадварот, ёсьць у ім штосьці прыгнечваючае. Гэта прыгнечваючае пераходзіць ужо ў бязрадаснае ў тых лясох, якіх крануў пажар. На доўгія гады месцы, дзе стаяць яны, ахвяроўваюцца на абмярцьвеласьць. Дрэвы гінуць, але падаюць не адразу, а чакаюць, калі той ці іншы напор ветру паваліць іх. Едзеш па такім лесе, як па могілках, дзе скрозь не закопаныя пакойнікі ў зямлю. Пажар адагравае мярзлоту, і адразу атрымліваецца больш вільгаці, чым яе было раней, а дрэвы, пацярпеўшыя ад пажару, ня могуць ужо узяць такой колькасьці вільгаці, якую яны бралі раней. У выніку атрымліваецца лішак яе, а замест параўнаўча сухое мясцовасьці — балота.
    Нарэшце, мы ўжо блізка ад Верхаянску. Перавалілі яшчэ праз некалькі гор, нагледзеліся на курапатак і зайцаў, якія часта выскоквалі з-пад нашых ног. У Васільлева яскрава вызначыўся паляўнічы інстынкт, і ён кідаўся на курапатак і іх куранят літаральна як сабака. Яму ўдалося злапаць адно кураня, і ён пракусіў яму чэрап.
    Быў пачатак ліпеня, звычайна самы гарачы час году, але адчувалася, што стала, халадней: полюс холаду ўжо даваў сябе адчуваць. У ноч з 11 на 12 ліпеня старога стылю — сьветлую, як дзень — было настолькі холадна, што ў мяне на вусах стварыліся маленькія льдзінкі, і нам трапляліся невялічкія замерзлыя лужыны. Даводзілася надзявацца пацяплей.
    Нарэшце вось і Яна. А там да “гораду” ўсяго 10 вёрст.
    Пад’ехаўшы да берагу, мы пачалі выклікаць перавозчыка. Доўга нам прышлося пагукаць, перш чым перавозчык Раман, высокі, моцны якут, добра гутарыўшы; па-расейску, зьявіўся і перавёз нас.
    Зайшлі да Рамана ў юрту. Як сам перавозчык, так і яго жонка рабілі ўражаньне гарадзкіх людзей. Гэта здавалася дзіўным, нечаканым, але, відаць, больш частыя зносіны з вольнымі і нявольнымі жыхарамі Верхаянску налажыла свой адбітак на іх. Раман гасьцінна прыняў нас. Нізавошта не хацеў браць з нас грошы, хаця назваць яго заможным чалавекам было нельга.
    І гэты прыём і досыць прыгожая мясцовасьць наўкола Раманаўскае юрты, згладжвалі, той, настрой, які склаўся дарогаю. Мімаволі думалася, што тыя ўмовы, якія чакаюць нас у Верхаянску, — а ў мяне была надзея ня ехаць на Абый, і застацца ў Верхаянску, —будуць лепш тых, якія мы сустрэлі па дарозе, што, мабыць «ня так страшны Верхаянск, як пра яго расказваюць”.
    Зноў падняліся на невысокі хрыбет, які ідзе ўздоўж Яны, і хутка ўбачылі “горад” Верхаянск. Сьпярша мігатнуў крыжык маленькай драўлянай царквы; потым паказалася некалькі стрэх, а' далей зноў рад юрт, здалёк напамінаўшых ня то парахавыя паграбы, ня то — кучы гною.
    Прыехалі.
    Гэта было роўна праз месяц пасьля нашага выезду з Якуцку — раніцою 12 ліпеня 1912 году — і амаль роўна праз год пасьля адпраўкі мяне з Тулы, адкуль я выехаў 23 ліпеня 1911 году.
                                                                                 ІІ
                                                  АГУЛЬНЫЯ ВЕСТКІ АБ ВЕРХАЯНСКУ.
    “Горад” Верхаянск ляжыць па 67° 33' паўночнае шырыні і 133° 24' усходняй даўжыні (ад Грынвіча). Ён больш усходні Ўладывастоку і паўночней усіх сыбірскіх гарадоў.
    Ад Верхаянску да Петраграду (Ленінграду) лічыцца 8937 вёрст, але на самай справе гэта адлегласьць значна большая. Да бліжэйшай тэлеграфнае канторы (г. зн. да Якуцка) самая хуткай зімовай дарогай — восем сутак язды, звычайна ж зімою едуць дзесяць сутак, а летам ад 15 да 30 і звыш. Бліжэйшай ад Верхаянску чыгуначнай станцыяй трэба лічыць Іркуцк, да якога 3581 вярста (афіцыяльных).
    Гадавая тэмпэратура Верхаянску — 16,2° С.
    Яна —досыць вялікая рака; ад яе пачатку да ўтоку ў Паўночны лёдаваты акіян лічыцца 1150 вёрст. Зразумела, гэтае азначэньне нельга лічыць пэўным. Рака гэтая надта мала дасьледавана і нанесена на карту толькі прыблізна. У Верхаянскай акрузе няма крыніц, як у большасьці іншых мясцовасьцей Якуцкай вобласьці, і ўзровень вады ў рэчках залежыць ад дажджоў і раставаньня сьнегу. Ён надта часта зьмяняецца і ў Яны, і яна то раздуваецца і амаль выходзіць з берагоў, то робіцца больш мелкай. Пад Верхаянскам берагі Яны вязкія, гліністыя. Даліна, па якой цячэ Яна, ляжыць паміж двума невысокімі хрыбтамі, і Верхаянск здаецца абкружаным са ўсіх бакоў горамі. Па перапісе 1897 г. у Верхаянску было 59 двароў з 356 чалавекамі насельніцтва, з якіх 177 чалавек было мужчынскага полу і 179 жаночага, а ў 1911 г. у ім было 450 чалавек жыхароў. Хаця з таго часу ў Верхаянсху прыбавілася некалькі юрт, але яго насельніцтва калі і павялічылася, дых нязначна таму што шэраг юрт пустуе. (Цікава адзначыць адміністрацыйны кур’ёз Афіцыяльна Верхаянск можна лічыць горадам без жыхароў, таму што верхаянскія мяшчане жывуць на адлегласьці 2000 вёрст ад Верхаянску, у Рускім Вусьці на р. Індзігірцы, і ніколі ніхто з іх у Верхаянску ня быў, а пражываючыя ў ім якуты лічацца ў Верхаянскім улусе, чыноўнікі ж і купцы народ прыежджы. Нават сярод казакаў — іх усяго чалавек 20 — шмат прыкамандзіраваных з іншых месцаў).
    Назва “горад” не падыходзіць да Верхаянску; ня вяжацца з ім і слова “вёска”.
    Па надворным выглядзе самая дрэнная расійская вёска выглядае лепш ад яго.
    Гэта — якуцкае зімоўе, куды былі перанесены адміністрацыйныя ўстановы акругі, амаль бязьлюднае летам, калі якуты выходзяць у летнікі на сенажаць.

    Пасьля доўгае стамляючае дарогі па бязьлюднай мясцовасьці Верхаянск павінен быў бы выклікаць уражаньне хоць бы дрэньненькага культурнага асяродзьдзя, але ён ня выклікае яго. Наадварот адразу адчуваецца яго мізэрны выгляд, яго закінутасьць. Вока шукае звычайных прыкмет культуры і не знаходзіць іх; застанаўліваецца перш-на-перш на царкве, якая носіць зычную назву Верхаянскага сабору, але адразу ж прыкмячаеш, што гэта — маленькая драўляная будыніна, на якую ў іншым месцы не зьвярнуў бы ўвагі. Потым заўважаеш дамы расейскага тыпу якіх ня было відаць усю дарогу, але іх усяго шэсьць: паліцэйская ўправа, школа з пансіёнам, кватэра сьвяшчэньніка, больніца, кватэра доктара. Зноў жа ў іншым месцы гэтыя дамы не прыцягнулі б да сябе асаблівай увагі — гэта невялічкія, звычайныя драўляныя дамы ў адзін паверх з гонтавай страхой, але тут яны выдзяляюцца на шэрым аднастайным фоне юрты і пабудоў мяшанага тыпу.
    Але і юрт тут нямнога: іх ня звыш паўсотні. З юрт і будынкаў мяшчанскага тыпу выдзяляюцца, паражаючы адначасна сваёй мізэрнасьцю: тры крамы, паштовае аддзяленьне, камэра міравога судзьдзі, кватэра спраўніка, вэнэрычная больніца і Верхаянская ўлусная іншародная ўправа. Апошняя робіць параўнальна прыемнае ўражаньне: яна акружана добрым плятнём, а на дварэ расьце некалькі мадрын, якія прыдаюць ёй выгляд некаторай утульнасьці.
    Усе юрты і дамы не складаюць вуліц і разьмеркаваны бяз усялякага пляну.
    Сям-там ёсьць некаторыя намёкі на вуліцу, асабліва каля царквы, дзе знаходзіцца школа, больніца і паліцэйская ўправа.
    Напрамак “парадкаў”, у якіх стаяць юрты і дамы, вызначаецца дугаватымі градкамі, якія, чаргуючыся з невялічкімі ўпадзінамі па некалькі сажняў шырынёй, пакрываюць даліну Яны, ствараючы нешта накшталт амфітэатру. Усе пабудовы ў Верхаянску стаяць іменна на такіх градах.

    Даючы апісаньне знадворнага выгляду Верхаянску, нельга ня ўспомніць аб “яўражках” зьвярках з сям’і сусьлікаў, бегаючых там усюды. Ня гледзячы на тое, што з яўражкамі вядуць несупынную вайну і дзеці і дарослыя, у Верхаянску іх заўжды вельмі шмат. Каля кожнай юрты знаходзіцца прынамсі з дзесяць, а то і больш, нораў гэтага грызуна. Шмат нор і на ўсіх палянках, аддзяляючых юрты адну ад другое. То тут, то там раздаецца іх асаблівы піск, усюды яны сядзяць на задніх лапах, паварочваюць свае галоўкі, то прыпаднімаючыся, то апускаючыся. З першага погляду гэтыя зьвяркі ня выклікаюць тае агіды, якая адчуваецца да іх потым. Ёсьць у іх штосьці агіднае. Мясцовае насельніцтва адносіцца да іх з агіднасьцю, але некаторыя з бяднейшых якутаў скарыстоўваюць іх як страву.
    З поўначы, поўдня і захаду Верхаянск датыкаецца да лесу. З усходу яго аддзяляе ад лесу балота, але і з гэтага боку да лесу недалёка. Паўночны і паўднёвы канец Верхаянску быццам уваходзяць у лес: некалькі юрт разьмеркаваны ўжо ў лесе.
    Наўкола Верхаянску шмат кустоў шыпшыны, чорнай парэчкі і “охты” (ягады яе падобны на надта буйную чорную парэчку). Усюды шмат дурніцы, брусьніцы, княжэньнікі. На горах у некаторых месцах вельмі многа чырвонае парэчкі і трапляецца маліна.
    Уся даліна пакрыта нізкарослай мадрынай, па берагох Яны расьце хмызьняковы вербалоз? Тут ужо “край лясоў”: дрэвы нізкарослыя тонкія, перакручаныя вятрамі і марозам. На горах, акружаючых Верхаянск лес лепшы; там дрэвы і вышэй і таўсьцей, трапляецца бяроза, вольха, якіх няма ў даліне.
    Кветак там таксама больш; ёсьць, напрыклад, фіялкі і гвозьдзікі, якія ўнізе не сустракаюцца. Толькі на значнай вышыні расьліннасьць становіцца такой жа як і ўнізе. Тлумачыцца гэта, відаць, тым, што цёплыя плыні паветра хутчэй дасягаюць гор, і тым, што глеба на іх схілах абаграваецца лепш.
    Першыя спробы сеяць збожжавыя расьліны ў Верхаянску рабіліся ў 80 гадох мінулага веку якутам Н. I. Гарохавым але спробы гэтыя посьпеху ня мелі. За апошнія гады яны былі адноўлены дзялком-настаўнікам, які клапаціўся больш аб уласнай рэкляме, чымся аб рэальных выніках, і сур’ёзнымі яго спробы назваць нельга. На схілах гор збожжа ня сеяў ніхто. Што датычыць гародніны, то большасьць іх пасьпявае тут ня дрэнна, за выключэньнем агуркоў і капусты, якая тут не завіваецца ў галоўкі.
    Паляўніцтва каля Верхаянску дрэннае. Ні каштоўнага зьвера, ні каштоўнае птушкі наўкола яго няма. У велічэзнай колькасьці там водзяцца толькі зайцы ды шмат палярных курапатак. Сустракаюцца ваўкі і мядзьведзі, але ў невялікай колькасьці. Зайцы падбягалі да самай маёй юрты. Я надта часта бачыў сьляды каля яе. На бліжэйшых жа гарах схілы проста былі ўтаптаны імі. Паляўнічыя, якія часам робяць аблавы на зайцаў, лічаць свае ахвяры сотнямі. Палярныя курапаткі таксама падлятаюць да самых юртаў і іх ловяць петлямі. Пясцоў, гарнастаяў, сабалёў, рабчыкаў, цецярукоў няма блізка Верхаянску. Надта моцныя марозы гоняць ад яго ўсе жывое. У сярэдзіне зімы там ня відно літаральна ніводнае птушкі; няма нават варон, якія відаць у пачатку зімы і ў канцы яе. Сьнегіры, сініцы ў сярэдзіне зімы таксама зьнікаюць. Праўда, тут наогул мала птушак, і зусім няма многіх, з якімі зжыўся жыхар сярэдняга поясу Расіі. У Верхаянску няма ні варон, ні галіц, ні гракоў, ні галубоў, ні вераб’ёў і зімою пануе мёртвая цішыня. І гэтая цішыня, і ўбогі лес, і балоты, і юрты, сярод якіх шмат напалову раскіданых, ня гледзячы на некаторыя досыць прыгожыя месцы, ствараюць якісьці шэранькі, зьмярцьвелы тон. Ува ўсім акаляючым неяк не адчуваецца жыцьця. Адсутнасьць элемэнтарных культурных умоў, часам поўнае бязьлюдзьдзе ўзмацняюць гэтае ўражаньне. За бліжэйшымі балотамі, лясамі і гарамі зноў балоты, лясы і горы. Яны ўваходзяць у бясконцую даль, і няма праз іх праезду ні пехатою, ні конна. Думка аб гэтым не дае забыцца аб адрэзанасьці ад усяго сьвету. Часта, асабліва вясною і летам, няма магчымасьці ні выехаць з Верхаянску, ні прыехаць у яго. А большасьці людзей, якія пражываюць у Верхаянску, няма ніякае справы да таго, што адбываецца там далёка. Іх сьвет малы; для некаторых з іх ён канчаецца гарамі, бачнымі на гарызонце. Для большасьці нават такія параўнаўча блізкія гарады, як Якуцк, здаюцца чымсьці таемным, існуючым толькі ў марах.
    Гэтая адарванасьць ад сьвету, гэтая закінутасьць Верхаянску асабліва рэзка адчуваецца з гор, акружаючых яго, калі пазіраеш з іх на даліну Яны. Варта падняцца надта высока, каб “горад” амаль зьнік з вачэй. Далёка відаць горы; петлямі, як зьмяя ляжыць Яна, у некалькіх мясцах блішчаць вазёры, над шматлікімі балотамі стаіць дымка туману. Паглядзіш пад ногі, пачнеш шукаць Верхаянск і доўга яго не знаходзіш, хоць ведаеш, што ён павінен быць тут. Апусьцісься ніжэй і ўбачыш рад раскіданых кропак, што напамінаюць якіясьці нязграбныя кучы — гэта юрты. Мімаволі мысьліш, што каб весь цяпер хто-небудзь праляцеў на аэрапляне, то няма сумненьня ў тым, што ён не знайшоў бы Верхаянску, які згубіўся сярод балотаў, вазёр, гораў і ўбогага лесу.
    Тут ня толькі “рай лесу”, але і “край жыцьця”
                                                                            ІІІ
                                                          ПЕРШЫЯ ЎРАЖАНЬНІ.
   Як я ўжо казаў, мае першыя ўражаньні ад Верхаянску не апраўдалі нават тых скромных спадзяваньняў, якія былі ў мяне.
    Па прыезьдзе ў Верхаянск мы накіраваліся ў паліцэйскую ўправу, дзе і былі вызвалены спраўнікам. Спраўнік згадзіўся не адпраўляць мяне ў Абый да зімы, і такім чынам я стаў верхаянскім жыхаром.
    Скончыўшы з фармальнасьцямі, мы адправіліся адшукваць ссыльных і знаёміцца з імі. Праводзіць нас выклікаўся адзін казак.
    — Ну, дзе ж ваш горад? Дзе ж яго цэнтар? — спытаў я яго.
    — Да вось гэта самы цэнтар і ёсьць, — адказаў ён, паказваючы на некалькі юрт, колькасьць якіх не дасягала і дзесяці.
    Зноў ішоў дождж; мокрыя сьцены юрт выглядвалі зусім нягожа.
    Мяне надта цікавіла пытаньне — якія будуць мае таварышы па ссылцы. У ссылку я ішоў ужо ня першы раз, і ў мяне было ўяўленьне разнастайнасьці тыпаў, якія ёсьць у ёй. Але Верхаянск і Калымск з прычыны сваіх умоў заўжды вызначалі некалькі асобны склад ссыльных. Хацелася ведаць, як выяўлялі і выяўляюць сябе тут ссыльныя апошніх гадоў. Хацелася сустрэць здаровую атмасфэру.

    І я быў задаволены, калі, увайшоўшы ў юрту ссыльнага X., знайшоў і яго і другога ссыльнага студэнта А., які хутка прыйшоў, пачуўшы аб нашым прыезьдзе, людзьмі зусім інакшымі, чым, напрыклад, Кацельнікаў. Магчыма было ўздыхнуць вальней. Было прыемна бачыць і тое, што юрта, у якой жыў X., была высокая, сьветлая, амаль простакутная і чыстая. Яна здавалася проста палацам у параўнаньні з іншымі юртамі. Прыемна было таксама і тое, што мы засталі X. за работай: ён быў сталяр. Старыя ссыльныя ужо чакалі нас. З першых жа слоў стала відавочна, як нагаладаліся яны тут бяз сьвежых людзей і ўражаньняў. З гутарак высьветлілася, што апрача гэтых двух ссыльных, ёсьць яшчэ тры чалавекі, аб якіх скажу ніжэй.
    Першым маім клопатам было знайсьці сабе асобную юрту, але хутка зрабіць гэта было нельга, і таму на працягу некалькіх дзён прышлося карыстацца гасьціннасьцю А., які займаў таксама асобную юрту. Сяліцца разам з кім-небудзь з ссыльных, нават калі б сярод іх былі мае асабістыя таварышы, я не жадаў. Вопыт у мінулым папярэджваў мяне ад гэтага. Я ведаў, што ў такіх гіблых месцах сумеснае жыцьцё яшчэ хутчэй прыводзіць да сваркі, чым звычайнае. Жыць жа ў Верхаянску і быць у сварцы з людзьмі адзінымі, з якімі магчыма перакінуцца парай слоў, здавалася мне бязглузьдзіцай.
    Першы дзень прабываньня ў Верхаянску быў днём майго вызваленьня, і хаця адчувалася, што свабода гэта надта зданьнёва, але ўсё ж гэты факт некалькі ўздымаў. Доўга я ня мог заснуць, размаўляўшы з А., покуль не настала раніца.
    У першы ж дзень давялося выслухаць шмат гутарак аб тым, “чым жывы людзі ў Верхаянску”, і ссыльныя і мясцовыя жыхары. У гутарках аб жыцьці ссыльных было шмат бязрадаснага, а ў гутарках аб жыцьці чыноўнікаў і купцоў, — шат агіднага. Верхаянск так цесны, што кожны крок усіх людзей, стаячых хоць колькі-небудзь на віду робіцца з хуткасьцю маланкі агульнай уласнасьцю. Ссыльным, якія нават не цікавіліся мясцовымі адносінамі, даводзілася быць мімаволі сьведкамі самых інтымных фактаў і ў жыцьці купцоў. Далей прыйдзецца сказаць аб гэтым Падрабязьней. Першае мае ўражаньне ад гэтых гутарак выклікала ў мяне жаданьне быць ад гэтага жыцьця як мага далей, і больш цягнула даведацца аб жыцьці якутаў.
    Праз некалькі дзён я ўжо мог сьвяткаваць свае навасельле.
    Юрта, якую я наняў, была самай крайняй на паўночным канцы Верхаянску і межавалася непасрэдна з лесам. Гэта была тыповая якуцкая юрта, плаціць за яе я павінен быў па два рублі штомесяц.
    Пабудова звычайнай якуцкай юрты надта нескладана. Сьпярша ставяцца чатыры галоўных слупы па вуглох будучай пабудовы; потым — паміж імі — другія чатыры слупы, дапаможныя. На слупы кладзецца пяць бэлек, ствараючых вянок. Пятая бэлька, якую робяць або некалькі больш таўсьцейшай, ці кладуць некалькі вышэй, зьяўляецца апорай для столі з тонкіх бярвеньняў, паверх якіх насыпаецца зямля, а часам кладзецца яшчэ дзёран. Атрымліваецца плоская страха з нязначным пакатам на два бакі. Сьцены робяцца таксама з тонкіх бярвеньняў, якія ставяць нахілам, упіраючы ў бэлькі. Потым сьцены абмазваюць глінаю, зьмешанаю з гноем. Бэлькі добра ўпарадкаваныя юрты абкружаны шырокай прызбай, дасягаючай да паловы вышыні юрты. Прызба таксама ўмацавана бярвеньнямі. На зіму большасьць юрт абкладваецца сьнегам. Вокны юрты надта маленькія. У юрце, у якой я пасяліўся, было тры акны: адно — 6 х 8 вяршкоў, іншыя два па 4 х 5 вяршкоў. У некаторых юртах вокны некалькі большыя. У Верхаянску ў большасьці юрт у вокнах было ўстаўленае шкло; праўда, толькі ў нямногіх юртах шкло было цэлым, у большасьці ж яны былі складзенымі, надзвычайна штучна склеенымі з абломкаў і абрэзкаў. Ва ўлусах замест шкла ставяць звычайна рамы, абцягнутыя міткалём. Зімою ў вокны ўстаўляецца лёд, хаця магчыма абысьціся і са шклом. Надворны выгляд юрты, якая мае форму ўсечанай піраміды, напамінае сабою часткова зямлянку, часткова парахавы склеп. Старыя юрты з абваліўшайся прызбай, не ўмацаванай бярвеньнямі, з надворнага боку ўяўляюць сабою проста якіясьці кучы.
    Тое ўражаньне, якое атрымліваецца ад юрты спачатку, надта невыгоднае для яе; потым яно згладжваецца і магчыма нават знайсьці ў ёй асабістае хараство, асабліва зімою.
    Унутры — уражаньне лепшае, асабліва ў добра ўпарадкаваных юртах, у якіх ёсьць драўляная падлога (большасьць юрт з земляной падлогай) і перагародкі.
    Першае, што зварочвае на сябе ўвагу ў юрце — гэта “камялёк” сваёй формай напамінаючы камін, але адрозьніваючыся ад апошнягаа цыліндрычнай формай. Ставіцца камялёк ня шчыльна да сьцяны, і адступіўшы ад яе на аршын, у вугле, комін закрываецца зьверху са страхі. Праўда, якуты рэдка зачыняюць яго; нават зімою, у самыя вялікія маразы, яны трымаюць яго адчыненым. “Паветра лепшае”, — кажуць яны, — а то каровы “затхнуцца”. У большасьці выпадкаў непасрэдна да юрты прыбудавана памяшканьне для кароў “хатон”; часам нават няма перагародкі паміж памяшканьнямі для людзей і скаціны. Калі ж і ёсьць перагародка, то дзьверы ў хатон заўжды адчынены і паветра сапраўды становіцца цяжкім. Пах хатону настолькі насычае жыхароў юрты, што яны яго носяць з сабою скрозь. Кожны раз пасьля наведваньня якута даводзілася праветрываць сваю юрту. Часам, апрача камяльку, у юрце ставіцца жалезная печка ці печ накшталт галяндзкіх з нявыпаленае цэглы.
    Наўкола сьцен юрты ідуць шырокія тапчаны — ароны — з невысокімі перагародкамі, ствараючымі быццам ложкі. Кожнае такое аддзяленьне мае сваё асобнае прызначэньне і назву; ёсьць месца для гаспадароў, для шаноўных гасьцей і г. д. У некаторых юртах такіх тапчанаў няма, і гэта значна расшырае памяшканьне. Стол і некалькі нізкіх якуцкіх крэслаў, пэўней — табурэтах дапаўняюць уборы юрты, калі ня лічыць абразоў і крыжоў. Старасьвецкі звычай якутаў патрабуе, каб юрта будавалася дзьвярыма на ўсход, але ў Верхаянску шмат юрт, збудаваных без захаваньня гэтай звычкі.
    Блізка кожнае юрты знаходзяцца службы — сьвіран і скляпы, Памяшканьне для рагатай скаціны — хатон, як я ўжо казаў, датыкаецца непасрэдна да жылое юрты. Для коней ніякіх памяшканьняў няма — яны ўвесь год у лугох. Для іх толькі ўкопаны каля юрт асобны слуп, які зьяўляецца канавязьзю; часам такіх слупоў некалькі. Якуты да і некаторыя з расейцаў адносяцца да гэтых слупоў з асаблівай увагай. Скляпоў звычайна два; адзін, неглыбокі, для таго каб у ім захоўваць летам малочныя прадукты; другі, большы і глыбейшы, для захаваньня лёду і мяса. Запасы лёду робяцца на лета таму, што ваду з Яны досыць цяжка дастаць з-за яе вязкіх берагоў, ды апрача таго, яна часта бывае каламутная. Мае значэньне і тое, што ў Верхаянску няма ніводных калёс і вазіць ваду летам няма на чым. Зімою перавозіць лёд з Яны зручней, чым ваду — з-за вялікіх маразоў. Такім чынам, круглы год для атрыманьня вады прыходзіцца тапіць лёд.
    Тая юрта, у якой я пасяліўся і жыў увесь час, покуль быў у Верхаянску, прыцягвала мяне да сябе тым, што яна стаяла ў баку ад кватэр чыноўнікаў, купцоў і інш. Сама па сабе яна была ня дрэнная, але маленькая, нізенькая і некалькі цемнаватая. Стаўшы пасярэдзіне яе, я галавою датыкаюся бэлькі. Падлога ў ёй была драўляная, але пад “аронамі” (тапчанамі) была зямля. Перагародак ніякіх ня было, і атрымліваўся, такім чынам, адзін пакой, дзьверы з якога выходзілі непасрэдна на вуліцу, лепш кажучы, у лес. Дзьверы ў якуцкіх юртах амаль заўжды маюць надта высокі парог, праз які, каб увайсьці ў юрту, даводзіцца пераступаць. Паколькі сьцены юрты нахілены, дык дзьверы бадай што робяць уражаньне люка. Яны абцягваюцца каровінай шкурай, але у большасьці выпадкаў зачыняюцца ня шчыльна, і ў іх добра дзьме. Дзьме і ў сьцены, таму што якуты не канапацяць іх, і мне давялося самому перасьцілаць сьцены мохам.
    Не пасьпеў я пасяліцца, як звалілася шмат усялякіх гаспадарчых клопатаў. Неабходна было самому рабіць абсалютна ўсё; секчы дровы, паліць камялёк, абмазваць яго, калі ён трэскаўся, а гэта здаралася безупынна, гатаваць страву, мыць падлогу, хадзіць на Яну за вадой, таму што ў першыя часы ў мяне ня было запасаў лёду і г. д. Усё гэта адымала шат часу і моцна надакучвала, але ўладзіцца інакш было зусім немагчыма. Трэба было абзавесьціся ўсялякімі кухоннымі ды гаспадарчымі прыладамі і закупіць прадукты.
    Бездараж і цяжкасьць дастаўкі тавараў з Якуцку і цемра мясцовых жыхароў, якія пакорліва падпарадкаваліся эксплёатацыі купцоў, абумоўліваюць надта высокія цэны на ўсе тавары, якія прадаюцца ў Верхаянску. Цэны ў крамах стаяць тут разоў у пяць, а можа ў дзесяць вышэй звычайных.
    Для таго, каб некалькі зьменшыць гэтую эксплёатацыю, у Верхаяінскай і Калымскай акругах уведзены казённы продаж аржаной мукі, круп, солі, пораху і шроту, Праўда, муку якуты купляюць мала, таму што самі яны хлеба ня ўмеюць пячы, а пякуць толькі простыя ляпёшкі, якія хутчэй зьяўляюцца ласункам, чым звычайнай ядой. Казна дастаўляе яе ва ўласных інтарэсах таму, што казачы паёк складаецца іменна з аржаной мукі, круп і сол. Што датычыцца грэцкіх круп, то пры мне іх якутам зусім не прадавалі.
    Нам, ссыльным, даводзілася купляць муку пудамі і аддаваць яе пячы, таму што ў нашых юртах падыходзячых печаў ня было. Хлеб быў адным з нашых хворых месцаў, таму што большасьць жанчын-казачак, якія браліся пячы яго, пяклі дрэнна. Мука крупчатка прадавалася ў прыватных крамах. На нашых сталох белы хлеб зьяўляўся надта рэдка.
    Мяса ў Верхаянску звычайна каштавала дорага. Летам жа часта яго зусім нельга было купіць.
    Пры высокіх цэнах на тавары на штомесячную дапамогу, што выдавалася адміністрацыйным ссыльным ў 15 рублёў пражыць у Верхаянску нельга, і неабходна было мець работу. Можа паказацца дзіўным, але ўсе ссыльныя, шукаўшыя работу ў Верхаянску, знаходзілі яе. Так прынамсі было пры мне. “Пры патрэбе і закону зьмена бывае”, а патрэба ў людзях у Верхаянску да і іншых мясцовасьцях Якуцкае вобласьці ва усіх — і рамесьніках, і настаўніках, і мэдыках; за гэтым, напрыклад, нават вышэйшае начальства ў Якуцкай вобласьці не забараняе ссыльным занімацца лекцыямі; інакш у такіх месцах, як Верхаянск, дзецям чыноўнікаў і купцоў пагражала небясьпека застацца паўпісьменнымі.
    Праз некалькі дзён па прыезьдзе я знайшоў сьпярша лекцыі ангельскае мовы, а потым пачаў займацца з дзецьмі аднаго з адміністратараў. Мой сусед, студэнт А., таксама меў лекцыі; апрача таго, ён займаўся юрыдычнай практыкай. X. сталярнічаў, а Б. навучыўся рабіць жалезныя печы і хутка стаў майстрам на ўсе рукі мала ў чым уступаўшым славутаму ў Верхаянску «Усу» (ус — каваль), надта змыснаму якуту, умеўшаму рабіць усё неабходнае ва ўласных ужыткаў якутаў.
   Работа, клопаты па гаспадарцы забіралі надта шмат часу, і для чытаньня, заняткаў мовамі і інш. заставалася яго мала. Праўда, першы час чытаць у Верхаянску ня было чаго; ня было нават газэт, а мае кнігі яшчэ не прышлі Ад бібліятэкі старых ссыльных засталіся толькі ўспаміны; у тых ссыльных, якіх я застаў, ня было амаль нічога цікавага. На шчасьце, удалося дастаць дзьве кнігі па мясцовых пытаньнях і прышлося задаволіцца імі. З Расіі (так у Якуцкай вобласьці прынята называць Эўрапейскую Расію) пасылкі ішлі ад паўгода да паўтара год, і атрымаць кнігі хутка нельга было.
    Так пачалося маё жыцьцё ў Верхаянску: бяз кніжак, бяз вестак аб тым, што робіцца там, далёка. Тое, аб чым давялося даведацца мне па выхадзе з Аляксандраўскай турмы, казала аб уздыме грамадзкіх настрояў; адчыняліся, нарэшце, новыя пэрспэктывы, аб якіх так доўга марылі. Адчувалася ў гэтым новым падмацаваньне тых поглядаў, якія былі дарагімі. Жадалася падзяліцца думкамі, настроямі, але ня было з кім. Людзей, якіх я мог бы назваць сваімі аднадумцамі, мне здаралася сустрэць потым толькі у Якуцку.
    У гутарках з верхаянскімі ссыльнымі магчыма было зачапіць гэтыя тэмы, але адчуваліся розныя адносіны да іх.
    Так жадалася хутчэй ведаць агульны малюнак становішча, якое склалася пасьля 4 красавіка 1912 году. Але ўсе гэтыя пытаньні і жаданьні як бы сустракалі, якіясьці буфэры і адскоквала ад іх: дык ці хутка можа атрымацца адказ? Ці ня лепш заняцца чым-небудзь ляжачым, так сказаць, па-за часам і прасторай. Вось, напрыклад, вывучэньне моў. Але заглушыць у сабе жаданьне ведаць аб тым, што найдаражэй ад усяго, нельга. Мімаволі ўся думка сканцэнтраваліся на пошце, яшчэ больш жадалася хутчэй атрымаць лісты і газэты, але трэба было запасьціся цярплівасьцю.
    Усякі, хто сядзеў у турме, ведае, што турма выпрацоўвае звычку чакаць з бальшай цярплівасьцю, чым гэта лічыцца нармальным. Найбольш падвойная турма — Петрапаўлаўская цытадэля — выпрацоўвае і падвойную цярплівасьць; але ня гледзячы на тое, што я падлягаў дастатковай апрацоўцы і ў Петрапаўлаўскай цытадэлі і радзе іншых турмаў, для Верхаянску маіх запасаў было недастаткова.
    Пошта ў Верхаянск прыходзіць зімою два разы і летам адзін раз у месяц. З канца красавіка па канец чэрвеня і з верасьня па лістапад яна зусім ня прыходзіць. Але гэта — норма, ад якой заўжды бываюць адыходы і заўжды ў горшы бок.
    Лісты з Эўрапейскай Расіі прыходзілі ў Верхаянск праз 60-100, а то і большы лік дзён, асабліва калі іх захватвала разводзьдзе. Для таго, каб атрымаць адказ на лісты, трэба чакаць па паўгода. Тэлеграфу ў Верхаянску няма, і тэлеграма, дасланая ў Якуцк, часам прыходзіла праз два месяцы.
    Усе гэтыя ўмовы складалі пачуцьцё поўнай адарванасьці і падкрэсьлівалі закінутасьць Верхаянску. Потым, калі сталі больш зразумелымі мясцовыя ўмовы, калі давялося назіраць рад незвычайных зьяў, выклікаўшых незвычайныя ўражаньні, пачало здавацца, што жывеш у іншым сьвеце, на іншай плянэце; разам з гэтым ужо выпраўляліся азначальныя адносіны да акаляючага. Але сьпярша было ясна толькі тое, што адкінуты ад сучаснага жыцьця далёка назад, што жывеш ва ўмовах, якія ня могуць не палажыць глыбокага сьледу, што гэтыя ўмовы могуць скалечыць, калі ня зможаш быць дастаткова ўстойлівым. А рад самагубстваў ссыльных, могілкі якіх відны ў Верхаянску ў розных месцах, кажа ўпэўнена, што гэтыя ўмовы могуць і забіць.
    Трэба было весьці барацьбу з імі. Але як? Уцякаць з Верхаянску немагчыма, Усе спробы ўцёкаў (а іх шмат было) канчаліся няўдала, ня гледзячы на тое, што ў іх прымалі ўдзел людзі, у якіх было дастаткова сродкаў і энэргіі. Трэба было жыць, тут, а жыцьця кругом ня было. Трэба было прызнаваць жыцьцём тое, што здавалася адмаўленьнем яго, у лепшым выпадку якімсьці гібеньнем. Усе ўражаньні былі слабымі, усе перажываньні праходзілі, неяк не зачапляючы глыбока.
                                                                              ІV
                                                                        ВОСЕНЬ.
    Хутка верхаянскае лета скончылася. Тутэйшая восень пачынаецца са жніўня, калі зьяўляюцца першыя прыкметы халадоў. Восень тут прыгожая, сухая; большасьць яе дзён ясныя. Як і іншыя часьціны году, апрача зімы, яна тут цягнецца нядоўга — месяц. Набліжэньне зімы прыкметна ўжо ў пачатку жніўня. Усё часьцей і часьцей пачынаюцца лёгкія марозікі. Днём яны адступаюць перад сонечнымі праменьнямі, а пад вечар зноў даюць сябе адчуваць.
    Сонца стаіць невысока і пад вечар зусім ня грэе.
    Уражаньні першай восені, якую я правёў у Верхаянску, засталіся ў мяне ў памяці.
    1 жніўня задуў халодны вецер, і вечары зрабіліся настолькі халоднымі, што неабходна было апранацца цяплей. Ночы пацямнелі, і паказаліся зоркі, якіх летам тут ня відаць. З імі зрабілася весялей, ня так пустынна. Я глядзеў на іх, як на сваіх старых сяброў, якія казалі мне аб мінулым, выклікаючы знаёмыя перажываньні. Калі прыпадалі прыгожыя дні мы хадзілі ў лес або ў горы. Адтуль адкрываліся досыць прыгожыя ляндшафты, але зноў яны не захаплялі: чагосьці не хапала ў іх. Потым стала зразумела, што не хапала жыцьця.
    У пачатку жніўня мадрына пачала жаўцець, а да 12-га у гэты колер афарбаваўся ўвесь лес. У мадрыны няма пераходных колераў, і яе хвоя з зялёнай адразу становіцца жоўтай. На сонцы яна здаецца залатой, і лес ператвараецца, прымаючы прыгожы арыгінальны выгляд.
    Але ўсё ж такі наш лес і ўвосень прыгажэй ад тутэйшага: тут няма разнастайнасьці фарб, таму што цалкам пануе мадрына, калі ня лічыць карлікавай бярозы з мікраскапічным лісьцем, якія ўвосень чырванеюць.
    Праз два дні яшчэ новы наступальны крок восені: надвор’е захмурнела, пайшоў дождж і ноччу на 14-е выпаў сьнег.
    Сустракаць набліжэньне зімы так рана было надта незвычайна, і жадалася скарыстаць кожны прыгодны дзень.
    Мы зьбіраліся ўсёй кампаніяй і адпраўляліся за брусьніцамі, якіх тут процьма. Да 20-га маразы ужо зрабілі сваю справу, і мадрына пачала абсыпацца. Калі мы прабіваліся праз гушчар, то яна пакрывала нас золатам хвоі.
    Кожны вечар, незадоўга перад сном, я хадзіў на Яну за вадою і зьдзіўляўся цішынёй, панаваўшай у горадзе і на Яне.
    І днём было так пустэльна, ноччу ж ня было чутна літаральна ніводнага гуку: ні чалавечага голасу, ні крыку птушкі, ні нават брахні сабак (якуты сабак у Ворхаянску ня трымаюць), толькі часам завые вецер.
    З 20-га “горад” пачаў напаўняцца жыхарамі, якія зварочваліся з пакосаў, і чалавечыя фігуры пачалі сустракацца часьцей. Але па-старому цэлымі днямі часам прыходзілася быць аднаму; і далёка не заўжды здаралася гаварыць з людзьмі, калі я іх і бачыў.
    У сутнасьці жыцьцё ў турэмнай адзіночцы мала чым адрозьніваецца ад тутэйшай. Мабыць нават у адзіночцы былі свае перавагі.
    Мімаволі прыходзіла ў галаву параўнаньне свайго тутэйшага жыцьця з жыцьцём якога-небудзь пустэльніка ў скіце. Пустэльнікі жылі ўласнымі думкамі, унутраным жыцьцём; так жыў і я, з тою толькі розьніцаю, што яны не жадалі зварочвацца ў “сьвет” і не чакалі так прагна вестак з яго, як чакаў іх я. Яшчэ не выпрацавалася звычка лічыць нармальным адсутнасьць пошты цэлых паўтара месяцы. Не жадалася мірыцца ў гэтым толькі таму, што там на дарозе раздуваліся ад дажджу якіясьці горныя рэчкі.
    24 і 25 задуў паўднёвы вецер, які прынёс холад. Хвоі з дрэў насыпалася ўжо столькі, што зямля пад дрэвамі пакрылася ёю. Дрэвы амаль зрабіліся голымі, і лес стаў яшчэ больш мізэрным. 26-га з раніцы пайшоў сьнег, сьпярша ў выглядзе “круп”, потым шматкамі. Ён не растаў і на другі дзень, хоць было крыху цяплей. Паўднёвы вецер аднавіўся і прынёс яшчэ сьнегу.
    28-га раніцой я ўбачыў, калі устаў, што шыбы ў маіх вокнах замерзьлі. Уначы было 13°С.
   Неабходна было рыхтавацца да зімы запасацца цёплымі рэчамі і абмазваць сваю юрту, таму што ад часу абмазка юрты трэскаецца і ў шчыліны пачынае дзьмуць. Штогодна гэтая абмазка аднаўляецца і робіцца ў два прыёмы; “На Сямёна” (1 верасьня) і “на Пакровы” (1 кастрычніка). Зьмешваюць гліну з гноем, і гэтай мешанінай мажуць сьцены. Падсыхаючы абмазка трэскаецца, гэтым выклікаецца другая абмазка “на Пакровы”, калі досыць моцныя маразы адразу схапляюць яе.
    2-га верасьня паўднёвы вецер прынёс цеплыню. Надвор’е было такім, якім яно бывае ў нас у часе “бабінага лета”: сьвяціла сонца і досыць цёпла грэла, лётала павуціньне і г. д.
    4 наступіла адразу рэзкая перамена: уначы пайшоў сьнег, ішоў увесь дзень, сьпярша растаючы, а потым стала халадней, і да вечару сьнегу ляжала вяршкі на два. Ён не растаў і на наступны дзень, хоць было сонечна. Паветра зрабілася чыстым, сьнег сваім бляскам сьляпіў вочы. Раз-у-раз адчуваліся крыкі адлятаючага на поўдзень гусей і іншых птушак, якія праляталі над Верхаянскам вялічэзнымі стадамі з бератоу Лёдавітага акіяну і з тундры. Ноччу, калі я хадзіў зачыняць комін у камялькоў і лазіў дзеля гэтага на страху я мімаволі залюбаваўся небам: паветра было чыстае, ноч цёмная і марозная, а неба ўсё усеяна зорамі. Упершыню паказаліся Плеяды і Млечны шлях.
    Чутна было, як над чыімсьці нагамі хрумсьцеў сьнег. Пачалася доўгая верхаянская зіма.
                                                                              V
                                                                           ЗІМА.
    “Калі полюсам холаду лічыць тую вобласьць, дзе сярэдняя тэмпэратура паасобных месяцаў дасягае мінімуму, ці дзе магчыма найбольшае абсалютнае зьніжэньне тэмпэратуры, то полюс холаду — Верхаянск”, — кажа прафэсар Класоўскі. — «Полюс холаду застаецца ў Верхаянску амаль цэлы год — з ліпеня па красавік, калі ён перамяшчаецца да Карскага мора. Значыць, верхаянская зіма зьяўляецца самай лютай на зямлі, таму што ў Паўднёвага полюса не назіралася такое нізкае тэмпэратуры, як у Верхаянску. Мінімальная тэмпэратура, якая назіралася ў Верхаянску, роўна 69,8°С”. Зіма тут цягнецца восем месяцаў: з верасьня па травень.
    У той час, калі ў Верхаянску зіма ўжо пачалася, нават у бліжэйшых мясцовасьцях яе яшчэ няма, а іншы раз цёплае паветра нясецца сюды, імкнучыся перамагчы зіму. Яснае праяўленьне гэтае барацьбы мне давялося назіраць 12 верасьня ў першую зіму, якую я правёў у Верхаянску. За тым як 4 верасьня выпаў глыбокі сьнег і з кожным днём станавілася ўсе халадней і халадней, магчыма было думаць аб канчатковай урачыстасьці зімы. 12 раніцою было настолькі холадна, што на Яне паказаліся першыя прыкметы лёду. Але пасьля поўдня адразу падуў паўднёвы вецер, настолькі цёплы, што сьнег у момант пачаў неяк незвычайна хутка таяць, і скрозь пацяклі ручаі, а да вечару ад досыць глыбокага сьнегу засталіся толькі сьляды яго па ямах і паглыбленьнях. Такога хуткага растайваньня я ніколі раней не назіраў нідзе. Адбылося проста якоесьці цудоўнае ператварэньне.
    Але гэта было толькі нязначнае адступленьне зімы. На наступны дзень зноў стала холадна, і 14 выпаў сьнег, на гэты раз ужо канчаткова на ўсю зіму. На Яне ўтварыліся закраіны. 18 верасьня Яна ўжо ўся была пакрыта лёдам, засталіся толькі сям-там палонкі.
    Як толькі Яна замерзла, у большасьці юрт у вокнах зьяўляўся лёд. Убачыўшы яго, я прыпамятаваў з якім жахам калісьці чытаў я аб краёх, у якіх у вокны ўстаўлялі лёд. У сапраўднасьці гэта аказалася ня так страшна, як мне малявалася калісьці. Лёд затрымлівае больш цяпла, чым шкло, і галоўнае ён таней ад шкла. Звычайна на зіму рама з акна юрты вымаецца: і знадворку да касяка акна прысланяецца ледзяная пліта таўшчынёю ў ¼ аршына; краі яе прамарожваюцца. Кожную раніцу лёд абчышчаюць мэталёвай бляшкай, ад налёту, які на ім утвараецца. Сьвятло лёд прапушчае, зразумела, мала. У сваёй юрце на адным акне я збудаваў камбінацыю з лёду і шкла: раму са шклом я не вымаў, і не патрэбна было абчышчаць лёд ад налёту, таму што цёплае паветра яго не датыкалася.
    У двух другіх вокнах у мяне стаялі рамы з падвойнымі шкламі. У больш заможных жыхароў у хатах расейскага тыпу на зіму ўстаўляюць па тры рамы са шкламі ці дзьве рамы, прычым у другой раме ўстаўленьг падвойныя шклы. Такім чынам, атрымліваецца 3 і 4 рады шкла.
    Пасьля адлёту птушак у Верхаянску наступае мёртвая цішыня. У пачатку зімы яе парушаюць толькі зьвінячыя гукі, якія нясуцца з Яны, калі лёд на ёй яшчэ тонкі. Гэты звон мяне надта зьдзівіў, калі я ўпершыню яго пачуў, і я ня мог зразумець, адкуль ён. Потым высьветлілася, што звон узьнікае ад лёгкага ўздрыгу лёду на Яне, які выклікаецца бегам вады.
    Маруднымі, але пэўнымі, ня ведаючымі хістаньняў крокамі наступае верхаянская зіма. У канцы верасьня было ўжо 20°С, у палове кастрычніка — 35°, а ў канцы кастрычніка — 40°, і ў палове лістапада мароз дасягаў ужо 50°С. Але гэта быў толькі пачатак зімы. Да канца кастрычніка нават яшчэ нельга лічыць устаноўленай зімовую дарогу, гэта яшчэ час бездарожжа. “На поўдні”, гэта значыць у Якуцку і каля яго, рэкі замярзаюць пазьней, і такім чынам праехаць з Верхаянску ў Якуцк нельга, і рух пошты застанаўліваецца на ўвесь гэты час? Гэта поўная адрэзанасьць ад усяго сьвету працягваецца досыць доўга. У першы год майго прабываньня ў Верхаянску пасьля таго як 30 жніўня мы атрымалі апошнюю летнюю пошту, наступную пошту нам прышлося чакаць да 24 кастрычніка. Са дня адпраўкі аднаго з лістоў, атрыманых мною з гэтай поштай, прайшло 62 дні, а другога — 88. На наступны год гэты перарыў быў карацейшы на 10 дзён, затое адзін з лістоў прыйшоў на соты дзень пасьля адпраўкі з Эўрапейскай Расіі
    У сутнасьці гэта быў самы ўтомны час. Ніхто з мясцовых жыхароў ня мог пэўна сказаць аб часе прыходу пошты; нявызначанасьць падвышала напружанасьць і раздражненьне, таму што кожны прыносіў расчараваньне. Акаляючае ўжо страціла свой інтарэс навізны, а ясных, новых уражаньняў ня было. Усе тэмы для гутарак ужо былі вычарпаны, сьвежых людзей ніадкуль зьявіцца не магло; ні кніжак, ні газэт ня было. Дні праходзілі як літаральная копія адзін ад другога, з тою толькі розьніцаю, што станавіліся ўсё карацей і карацей. У пачатку кастрычніка пасьля чатырох гадзін было ўжо цёмна. Для асьвятленьня прыходзілася паліць сьвечкі, таму што газа была недаступна, ды яе і ня было ў гэты час у крамах, а адна сьвечка шмат сьвятла даць ня можа, і ў юрце было цемнавата.
    Раз-у-раз прыходзілася лавіць сябе на тым, што пачынаеш паддавацца нудзе. Пачынала захопліваць штосьці сьціскаючае, непрыемнае, трывожнае. Мысьлілася, што гэта толькі мімалётны настрой, у аснове якога ляжыць сьвядомасьць задарам праходзячага часу, і яшчэ больш жадалася хутчэй атрымаць пошту; мабыць лісты прагоняць гэты настрой, мабыць прыдуць кнігі. Але сьледам за нудою зьяўлялася якоесьці душэўнае спусташэньне, і не жадалася нічога рабіць. Нікчэмнасьць жыцьця тут была надта відавочна, і нельга было зьмірыцца з ёю. Потым на зьмену прыходзіў стан якогасьці небыцьця, бяздумнага і ствараючага пустату. Усё што адбывалася наўкола і усё тое, аб чым даходзілі весткі з астатняга сьвету, траціла сваю канкрэтнасьць. Асабліва дзіўныя адносіны былі да таго, аб чым чытаў, як аб здагадваемым будучым, але пра якое магчыма думаць, што гэта ўжо мінулае. Успаміналіся нядаўнія весткі аб новых зьявах у культурных краінах, ясна было, што высоўваюцца новыя пэрспэктывы як у грамадзкім жыцьці, так і ў розных навуковых галінах, і гнібіла думка, што многае надта многае пройдзе міма цябе, а потым будзе цяжка дагнаць прапушчанае. Хацелася жыць. Хацелася аб жыцьці даведацца хаця што-небудзь, а ў руках былі толькі часопісы, хацелася паглядзець на жыцьцё хоць здалёк, а можна было, да і то не заўжды, паглядзець на малюнкі ў старой “Ниве”.
    Урэшце прыйшла пошта. Адразу кінуты ўсе справы, і ніхто з нас ня можа ні аб чым іншым гаварыць, як аб пошце. Але трэба зноў чакаць, покуль пошту не разьбяруць. Ва ўсіх месцах Сыбіры, у якіх мне даводзілася бываць і ў якіх пошта прывозілася рэдка, карэспандэнцыі звычайна выдавалі адразу, як толькі яна была разабрана. У Верхаянску ж фармаліст паштовы чыноўнік выдаваў карэспандэнцыю толькі ў тыя гадзіны, калі пошта лічылася афіцыяльна адкрытай, хаця ў іншыя дні ён звычайна амаль нічога не рабіў. Праўда, у напрамку да кватэр спраўніка і некаторых сяброў і сябровак паштовага чыноўніка мігалі ад пошты фігуры з пакетамі, але нам трэба было чакаць афіцыяльнага адчыненьня паштовага аддзяленьня і глядзець, як над ім уздымаецца белы сьцяг, азначыўшы, што разбор пошты скончаны.
    Але вось пошта атрымана і ўсе разышліся па сваіх юртах. Прагавіта кідаесься на лісты і газэты. Чытаеш лісты і ажываеш. Усё наўкола выглядвае неяк весялей, калі толькі у іх няма сумных вестак. Перакідваеш газэты, хочаш хутчэй знайсьці найбольш цікавае і важнае, і чытаеш аб тым, што было некалькі тыдняў, а то і месяцаў таму назад. Потым бяжыш падзяліцца навінамі і цешыць тых, хто нічога не атрымаў.
    Цяпер узьнікае турбота хутчэй напісаць адказы на атрыманыя лісты і адправіць іх. Але зрабіць гэта хутка нельга: трэба зноў чакаць. Зноў ніхто ня можа сказаць, калі прыйдзе пошта з Калымску, з якою магчыма будзе адправіць лісты “ў Расію”. Прыходзіць, нарэшце, у дзень, у які магчыма было б чакаць калымскую пошту, але яе няма. Праходзіць яшчэ тыдзень, але яе зноў няма. Нарэшце, прыходзіць і яна. Прычыны затрымкі пошты ў пачатку зімы тлумачацца звычайна адсутнасьцю на некаторых станцыях аленяў, якіх трымачы станцый не выстаўлялі з-за неплацяжу належачых ім за перавозку грошай. За год перад гэтым па гэтай прычыне былі затрыманы чатыры пошты на два месяцы. Што урэгуляваць паштовы рух не асабліва рупіліся, відаць з наступных фактаў. Трымач некалькіх станцый прыяжджае з Верхаянску ў Якуцк за атрыманьнем грошай, там яму кажуць: “Выслалі ў Верхаянск”, зварочваецца і даведаўшыся высьвятляе, што ніякіх грошай не прысылалі. Давялося яму зноў ехаць у Якуцк. Другому трымачу ў Верхаянску проста заявілі: “Вашы грошы страчаны спраўнікам на іншыя патрэбы”. На наступны год у пачатку зімы пошта была затрымана на некалькі тыдняў з-за адсутнасьці аленяў на станцыях, але на гэты раз паміж Верхаянскам і Якуцкам.
    Было ясна, што зьмяніць гэтыя парадкі дзіўна і яны адбіваюцца ня толькі на нас, жывучых у гэтых краёх, але і на нашых блізкіх, якія не маглі нават ведаць аб прычынах затрымкі лістоў. Разьлічваць на якую-небудзь правільнасьць пошты, відаць, нельга было і зімою, калі яна павінна была хадзіць праз два тыдні. Заставалася сядзець, гадаць, злаваць і лаяцца.
                                                                                   *
    У другой палове кастрычніка ўжо адчуваецца набліжэньне доўгае палярнае ночы. Сонца падымаецца ўжо ніжэй, акрэсьліваючы на небе толькі надта невялікую дугу. Да трох гадзін становіцца ўжо цёмна. Дый само сонца было неяскравае.
    31 кастрычніка яно заходзіла ўжо ў 2 гадзіны сьвецячы ўвогуле ня звыш 4 гадзін. Нават у поўдзень яно было так нізка, што хутчэй напамінала захад. 14 лістапада а 12 гадзіне дня яно стаяла, ледзь-ледзь узьняўшыся над гарызонтам. 18 яно выглянула ў поўдзень толькі на некалькі хвілін і не паказвалася цалкам; відаць быў толькі край яго. 19 лістапада яно ўжо не паказвалася зусім, і яго ня было відно да 29 сьнежня.
    У пачатку лістапада пачала трэскацца зямля. Досыць часта пачалі раздавацца глухія ўдары, часам напамінаўшыя аддаленыя стрэлы з пушкі. Слухаеш іх, і мімаволі малюеш гэтую скаваную лёдам частку зямное кулі як бы сутыкаючуюся з беспаветранай прасторай. У юрце сядзіш адзін, наўкола пустэльня і ціха. У юртах якутаў даўно загасьлі агні. За ўвесь дзень ня бачыў ніводнага чалавека. І вось пачынаеш уяўляць сабе зямлю, пакрытую расколінамі, замерзлую і безжыцьцёвую, а сябе — апошнім чалавекам, які застаўся на ёй. Забываеш аб прасторы, аб часе, набліжаесься да вечнасьці. Адчуваеш, што тут як быццам узьнята заслона, якая захоўвала бясконцнасьць.
    Пападаецца на вочы стары нумар газэты, і няма жаданьня яго чытаць.
    Трапіш як-небудзь выпадкова да мясцовых купцоў, і дзіўна глядзець на іх жыцьцё, напамінаючае звычайнае. Але яшчэ больш дзіўна ўбачыць што-небудзь напамінаючае аб сувязі з астатнім сьветам. Аднойчы я ўбачыў малюнак, выдадзены з прычыны юбілею 1812 году. Ён зьдзівіў мяне ня зьместам, зразумела, а самым фактам свае неканкрэтнасьці. Там, дзесьці далёка, людзі сьвяткавалі гатую падзею, там былі такія ж малюнкі, і яны ўжо аказваліся і тут.
    Зразумела, у гэтым нічога дзіўнага ня было, але неяк не вязаўся гэты малюнак з усімі тутэйшымі абставінамі. Мацней была прыметна ўмоўнасьць звычайнага ў жыцьці.
    Выйдзеш з юрты паглядзець, ці няма іншых людзей, і ўбачыш сябе адрэзаным нават і ад Верхаянску: да маёй юрты, якая стаяла амаль у лесе, вяла толькі адна сьцежка, пратаптаная толькі мною і маімі нешматлікімі наведвальнікамі. Ноччу па гэтай сьцежцы прабірацца было досыць мудра. Праўда, і па іншых — сьцежках (большасьць іх пракладваецца ня людзьмі, а... каровамі) было ня так то лёгка дабрацца да мэты, і часам па начох даводзілася блукаць.
    Пры набліжэньні сярэдзіны палярнае ночы цемра пачала захапляць усё большую і большую частку сутак. У канцы лістапада бачна станавілася толькі а адзінаццатай гадзіне, а ў гадзіну патрэбна было зноў запальваць сьвятло. Поўнай цемры ў працягу ўсіх сутак ня бывае ў часе палярнае ночы. Каля поўдня бывае настолькі бачна, што магчыма нават каля 9 сьнежня, абыходзіцца на працягу 11/2 - 2 гадзін без агню, хоць сонца і ня відаць. Але назваць гэты прамежак днём усё-такі нельга, таму што хутчэй ён напамінае змрок. Гэта — найбольш відная частка ночы.
    Часам прырода і ў гэтыя дні дарыць нечаканым хараством. Аднаго разу ў пачатку сьнежня (6) а першай гадзіне «дня» я загледзеўся небам. Яно было бязвоблачна; месяц сьвяціў досыць моцна, але паўднёвую частку неба начною назваць нельга было, таму што там быў водбліск слабое бледна-ружовае зары Але на паўночнай яго частцы адбівалася ноч, а разам з ёю сьнег, і ўся яна была глыбока цёмна-сіняй з чырванаватым адценьнем. Хаця агульны тон хутчэй магчыма было назваць сталёвым, якога няма ў паўднёвым небе, але мне чамусьці ўспомніўся колер швэйцарскіх і італьянскіх вазёр. Сьнег, які ляжаў за маёй юртаю, адбіваў у сваю чаргу неба і таксама зьдзіўляў сваёю блакітнасьцю, так слаба заметнай у звычайны час.
    Зімовае неба ў Верхаянску амаль заўжды бязвоблачна. На гэтым бязвоблачным небе высока сьвеціць месяц, які тут зімою ў працягу месяцаў чатырох некалькі дзён да поўні і некалькі дзён пасьля яе ходзіць па небе, не апушчаючыся за гарызонт, а ноччу ўздымаецца так высока, што здаецца амаль ня ў зэніце.
    Пасьля таго як канчаўся той паўзмрок, які прыходзілася па старой звычцы называць днём, надыходзіла сапраўдная ноч, і высока ўздымаўся месяц; складалася памылковае ўражаньне, што стала відней. У сапраўднасьці, зразумела, было наадварот; відаць, рабіла ўплыў звычка лічыць днём той час, калі на небе знаходзілася больш яскравае сьвяціла, а такім тут у гэтыя дні бывае месяц. Але ў той самы час іменна пры месяцы, калі ён уступае ў свае правы, гэта адбывалася надта рана, гадзіне а 3-4, — ня гледзячы на вялікую ажыўленасьць карціны, рэзка адчувалася поўная адсутнасьць жыцьця. Аб жыхарах перш забываеш — іх ня відаць і днём, прыслухоўваесься да таго маўчаньня, якое пануе кругом, і ня чуеш нічога, апрача ўдараў пры трэску зямлі. Гэтыя ўдары чутны былі галоўным чынам з юрты; па-за ёю даводзілася чуць іх надта рэдка, толькі ў тых выпадках, калі яны былі надта моцнымі (“бандыты”).
    Выйдзеш з юрты, глядзіш на адышоўшае высока неба са зьзяючымі на ім месяцам і некаторымі сузор’ямі, якіх ня змог зацямніць месяц, і атрымліваецца ўражаньне чагосьці “не от миру сего”. Ва ўсім, ва ўсім адсутнасьць жыцьця, а сам вось жывы — хаця ці жывы? І ня бачыш хараства гэтага безумоўна прыгожага малюнку: пакрытая сьнегам роўніца, з бліскучымі на ёй крышталямі сьнегу, наўкола зоры; над далінаю марозная дымка, над якою вырысоўваецца месячная вясёлка, а на небе, амаль у зэніце, месяц. А ўжо усё ёсьць, што звычайна ў сваім злучэньні завецца “чароўным малюнкам”. Або пэўней, і гэты малюнак — чароўны, але “чароўства” ў ім нежывое.
    Адчуваеш, што і ад гэтага сьвету адрэзаны, ня можаш яго ўспрыняць. Стаіш, глядзіш на гэты малюнак, а потым хутчэй бяжыш у сваю юрту, дзе сьпяшаесься падкінуць дроў у печ.
    Больш давала мне зорнае неба ў бязьмесячную ноч. Дзякуючы чыстаце паветра зоры былі відаць раскошна. Так хораша выступалі сузор’і. Так прыгожы былі Арыён і Лебедзь са сваёю суседкаю Вэгай. Кожны раз, калі акаляючае станавілася асабліва агідным, калі аднастайнае жыцьцё і адсутнасьць уражаньняў і ўсе гэтыя дробязныя клопаты па гаспадарцы складалі пустату, я бег з юрты паглядзець на зоры. Яны зварочвалі мяне да сапраўднасьці і заспакойлівалі разьюшаныя нэрвы, а самі станавіліся больш роднымі, блізкімі.
    Але ў гэты час жывеш думкамі ў сьвеце бяз сонца і забываеш аб сувязі з ім, яно, хаця і не паказваючыся, прымушае ўспомніць аб сабе. Адсутнасьць сонечных праменьняў зьніжае нармальную нэрвовую напружанасьць; арганізм слабее і робіцца больш успрымаючым да хвароб. У Верхаянску гэта рэзка сьцьвярджалася. Кожны год у часе доўгай ночы тут узмацняюцца хваробы і сьмяротнасьць. Гэтае назіраньне сьцьвярджалі і мясцовыя жыхары. Сьпярша пачынаюцца захворваньні і сьмерць дзяцей, а потым і дарослых.
    У адну з доўгіх начэй, якія я правёў там, перахварэла абсалютна ўсё насельніцтва Верхаянску. Літаральна ва ўсіх юртах былі пагалоўныя захворваньні інфлюэнцай, рознымі запаленьнямі і на нэрвовай глебе. Хваробы зацягваюцца з-за цеснаты і гразі ў юртах і з-за таго, што хворым часта няма адкуль чакаць дапамогі: часам і лячыць ня было каму і ня было лякарстваў у аптэцы. Але, і выздаравеўшы, людзі ходзяць як мухі сонныя, і ад усіх чуеш жаданьне хутчэй убачыць сонца. Асабліва вялікае жаданьне было ў прыежджых. Для ўсіх ссыльных гэтыя дні былі самымі цяжкімі. Іменна ў часе іх даводзілася выслухоўваць гутаркі на тэму аб самагубствах і г. д. Так мала жыцьця было наўкола, што заўжды думалася аб небыцьці. Выключэньне з жыцьця было настолькі поўным, што і сам у сябе амаль не адчуваў яе. Калі наогул магчыма сумнявацца ў сваім існаваньні, то Верхаянск самае падыходзячае для гэтага месца. І ня раз здавалася, што зусім “зыйшоў на нішто”, і ня толькі не адчуваў жыцьця, але і не адчуваў самога сябе. Вось толькі тады, калі забываўся за якою-небудзь кніжкай або лістом, а ў сярэдзіне загаварвала ўсё чалавечае, то адразу абхватвала палкае жаданьне жыць, і нельга ўжо было сумнявацца, што існуеш.
    У пачатку сьнежня маразы ўзмацніліся. 7 сьнежня мароз быў — 55°С. Такі мароз ужо адчуваецца, нават ня гледзячы на ціхую пагоду. Ветру, звычайна, у Верхаянску зімою ня бывае. Памятаю толькі адзін раз моцны мароз з ветрам быў у сярэдзіне сьнежня, але і на гэты раз хутка спыніўся.
    23 сьнежня на поўдні зьявілася зара, і воблакі былі чырвоныя, зара была настолькі яскравай, што, здавалася, вось-вось узыдзе сонца. Але гэта было ашуканскае ўражаньне, якое склалася толькі дзякуючы кантрасту з тым паўзмрокам, які панаваў да гэтага часу. Ніколі раней я ня радаваўся зары, як на гэты раз. Нарэшце!
    На першы дзень каляд зара гарэла яшчэ яскравей; яе фарбы былі размаітымі і далікатнымі. Каб лепш палюбавацца ёю, я хадзіў на паўднёвы канец “гораду”, таму што ад маёй юрты яе бачыць перашкаджаў дым, які ідзе цэлы дзень.
    28 сьнежня горы, якія ляжалі на поўнач ад Верхаянску, былі асьветлены на некалькі хвілін, але самога сонца ня было відаць. Паказалася яно 29-га. У гэты дзень быў відаць толькі адзін яго крайчык у працягу ня звыш 10 хвілін. У гэты час я займаўся з двума іншымі ссыльнымі ў сваёй юрце, і адразу мы заўважылі, што стала некалькі сьвятлей. Зараз жа пабеглі на страху юрты і ўбачылі крайчык сонца. Адразу адчулі сябе ў сьвяточным настроі.
    Неба і ўсё акаляючае адразу ажыло. Але было некалькі дзіўна глядзець на гэты малюнак. З-за гораў выглядвала толькі маленькая частачка сонечнага дыску, ды яе ўсю нельга было бачыць з-за дрэў, якія расьлі на горах. Але як не малы быў гэты крайчык сонца, ён казаў нам, што самы цяжкі час зімы перажыты. Ён варочаў нас да жыцьця. Узбуджаныя, мы доўга гаманілі аб ім.
    31 сьнежня сонца паказалася ўжо напалову свайго дыска, Яно ішло па лініі гораў, акаляючых Верхаянск, і мы глядзелі, як дрэвы на горах праходзілі праз яго з захаду на ўсход. Наша зрокавае ўражаньне не супадала з сапраўдным рухам зямлі.
   3 студзеня сонца ўзьнялося ўжо настолькі высока, што аддзялілася ад лініі гораў. Гэта было тое самае роднае сонейка, да якога прывык з маленства, але ўжо прыходзілася глядзець на яго інакшымі вачыма, як на прыяцеля, чыю таемнасьць выпадкова пазнаў.
    На наступны год сонца паказалася на дзень раней — 28 сьнежня.
                                                                               *
    Палярная ноч скончылася. Даючы яе апісаньне, я ні разу ня ўспомніў аб палярных зьзяньнях. Гэта ня значыць, што ў Верхаянску іх ня відаць зусім: наадварот іх магчыма бачыць там надта часта. Не гаварыў жа я аб іх да гэтага часу таму, што для верхаянскай доўгай ночы яны не характарны, таму што ў часе яе яны заціхаюць. Неабходна памятаць, што палярныя зьзяньні могуць быць бачны ня толькі зімою: яны становяцца відавочнымі зараз жа, як толькі канчаюцца сьветлыя ночы. Мне даводзілася наглядаць іх і ў жніўні.
    24 лістапада бачыў раскошнае зьзяньне. Ноч была надта цёмная, але калі я а 12 гадзіне выйшаў з юрты, то зьдзівіўся таму, што было так вадно. Узглянуўшы на поўнач, я ўбачыў такую карціну: на чыстым зорным небе адразу ў розных месцах зьяўляюцца досыць яскравыя снапкі сьвятла, к нізу завостраныя; паявіўшыся праменьні хутка падымаюцца ўверх і там, робячыся шырэй, ідуць у напрамку д поўдня. Часам яны былі афарбаваны ў прыгожы ружовы колер, а калі паднімаліся, то здавалася, што яны дымяцца. Уваходзячы далей, яны ядналіся з узьняўшыміся раней.
    Арыгінальнасьць карціны была ў тым, што снапкі лікам да 10, былі раскіданы не па адной лініі, а ў розных месцах, і усе разам (давалі надта прыгожае злучэньне. Наўкола іх усё неба было асьветлена далікатным сьвятлом.
    Палярныя зьзяньні рабілі на мяне вялікае ўражаньне і нэрвавалі мяне, і я па некалькі разоў на ноч выскокваў з юрты, каб паглядзець — ці няма зьзяньня. Карціны зьзяньня надта разнастайны, і, паглядзеўшы адно, хочацца ўбачыць другое. І я быў задаволены, калі ў канцы сьнежня яны пачаліся зноў.
    Зьзяньне 21 сьнежня было больш вялікае, чым папярэдняе. Пачалося яно надта рана; звычайна зьзяньні пачыналіся ад 9 да 11, а гэта пачалося а 6 гадзіне ўвечары.
    Прыкметай яго было зьяўленьне на поўначы неяскравае дугі. А 9 гадзіне сталі вызначацца яшчэ дзьве дугі, разьмеркаваныя адна над другой; гадзін да дзесяці яны былі відаць досыць выразна, а потым усе тры зьліліся у адну агульную дугу. Апошняя зразу разарвалася на дзьве разныя часткі, між каторых зьявіўся цёмны слуп, які зьмяняў увесь час свае формы. Інтэнсіўнасьць зьявішча пачала слабець, і я падумаў, што гэта ўжо канец яго, але калі я выйшаў зноў каля 11 гадзін, то ўбачыў, што памыліўся: уся паўночная частка неба была асьветлена паасобнымі пучкамі сьвятла, якія высока ўзьнімаліся і ўходзілі да зэніту. Пучкі гэтыя прымалі размаітыя злучэньні, як у калейдаскопе, і ў той самы час зьмяняліся самі: з рэзка акрэсьленых “іглаў” яны ператварыліся ў расплыўчатыя “слупы”. Потым зьявішча пачала гаснуць ізноў, і я пайшоў, але, выйшаўшы хвілін праз 26, убачыў яго у новай фазе: “пучкі” раскінуліся веерам, пры чым найбольш яскравымі, прымаючымі зьлёгка ружаватую афарбоўку, былі крайнія з іх. Усе пучкі рухаліся; некаторыя хутчэй, другія марудней; рух іх быў не ў адзін бок. Пучок, які ствараўся ў цэнтры, некалькі падняўся і пасунуўся да ўсходу, адначасова з ім з цэнтру выйшаў другі, але накіраваўся да захаду, астатнія пучкі пайшлі да іх насустрач. Я глядзеў да таго часу, покуль пучкі ня зьліліся ў пушыстыя воблакі, а з іх зноў не зьвярнуліся ў зьзяючы паўкруг, займаючы ўжо меншы прастор, чым той, які займалі раскінутыя бязладныя веерам пучкі. А першай гадзіне выйшаў зноў і ўбачыў, што паўкруг зноў ажыў, які разьбіўся на пушыстыя сьвецячыяся воблакі, паднімаючыся ў цэнтры зьявы, але ўжо ўсе было параўнальна бледна. Хутка зьява затухла зусім. Быў моцны мароз, на поўдні ва ўсім сваім харастве зьзяў Арыён, граў сваімі праменьнямі Сірыюс. У сваю юрту я зьвярнуўся бадзёры, узбуджаны, хаця і дужа перамёрзлы.
    У наступную восень я ўбачыў зьзяньні надта рана — 25 і 27 жніўня, потым наглядаў іх у верасьні і лістападзе. Адно з лістападаўскіх зьзяньняў мела тую асаблівасьць, што пачалося ня ў звычайным месцы, а бліжэй да ўсходу. За гэтым зноў, як і мінулым годзе, настаў перапынак да другое паловы сьнежня, калі зьзяньні пачаліся зноў. Я мог у гэтую зіму назіраць іх і ў сакавіку, але ўжо не ў Верхаянску, а ў Якуцку, дзе відаць, праўда, не самі зьзяньні, а іх водблескі, якія прымалі звычайна выгляд шырока разгорнутага веера, складзенага з раду сьветлых палосаў, якія накіроўваліся ад пункту цэнтру палярных зьзяньняў, на поўдзень.
                                                                               *
    Пасьля таго, як зьявілася сонца, мясцовыя жыхары сталі гаварыць: цяпер маразы пойдуць насустрач сонейку. І сапраўды, пачаліся сапраўдныя верхаянскія маразы, перад якімі пабляднелі нават тыя жорсткія халады, якія былі да гэтага часу.
    У канцы сынежня было каля 60°С, а другога студзеня ўдарыла 60°С, чацьвёртага ж было 63°С. Калі гаворыш аб такім марозе, дык недастаткова сказаць “холадна” ці надта “холадна”, таму. што гэтыя словы ня выказваюць таго стану, які адчуваеш пры ім. Такі мароз “пячэ”, ён іменна “пякучы”, гарачы. Пры ім, калі выходзіў з юрты, я меў уражаньне, як быццам мяне пякуць гарачым жалезам. Праўда, за гэтыя дні я ні разу нічога не адмарозіў, але літаральна кожную хвіліну, калі я куды-небудзь ішоў, даводзілася адціраць або нос або шчокі. Дыханьне захватвала, нават у лёгкіх адчуваўся холад; адчувалася, як у носе замярзае паветра. Дыхаць магчыма было толькі носам. Мне здавалася, што я бягу бяз вопраткі, хоць на мне была цёплая шуба, надта цяжкая па вазе. Ня гледзячы на тое. што мне прыходзілася ў гэтыя дні хадзіць недалёка і я ішоў ня больш 10 мінут, я прыбягаў у юрту ўвесь адубелы і, доўга дрыжэў і ня мог сатрэцца. Адчувалася, што зьмёрз сапраўды да мозгу касьцей, у паветры стаіць густы туман, нідзе ня відаць ні душы, усе работы кінуты, усе жывое загінула; ня відаць ні адзінай птушкі, ні адзінага зьвера; ні адкуль ня чуецца ані гуку, толькі з усіх комінаў вырываюцца з трэскам іскры. Ветрыка ані маленькага, і дым уздымаецца зусім проста. Ночы былі месячныя, абсалютна ціхая, сьветлыя і яшчэ больш пякучыя.
    Зіма гэтая была адной з самых жорсткіх зім нават для Верхаянску. Але ўсё-такі пераносіць гэтыя жорсткія маразы было лягчэй, чым магчыма было дапушчаць, не паспрабаваўшы іх. Тлумачыцца гэта тым, па-першае, што зіма ў Верхаянску, як я казаў, бязьветраная; па-другое, яна тут праяўляе сваю сілу бяз усякіх паслабленьняў, але толькі паступова прывучаючы да лютых маразоў, і, “пякучыя” маразы прыходзіцца сустракаць ужо падрыхтаванаму. На агульным стане гэтыя маразы ўсё ж адбіваюцца і я адчуваў у гэты час некаторую агульную слабасьць.
    У юрце мароз быў больш непрыемны, чым па-за ёю. Ня гледзячы на тое, што ў гэтыя дні я ўзмоцнена паліў, каля маёй дзьверы па сьценах, на самой дзьверы і ў вуглах зьявіліся “зайчыкі”. Са ўсіх шчылін несла холадам. Падлога здавалася ледзяною, і ногі мерзьлі, ня гледзячы на валёнкі і заячыя панчохі.
    Я ўжо казаў, што для таго, каб ў юрце было цёпла, камялёк неабходна паліць круглыя суткі. Апрача таго, што гэта абыходзіцца дорага, такі апал фактычна немагчымы, таму што цяжка заўсёды ўставаць па начох. Усе ссыльныя за гэтым паставілі ў сваіх юртах па жалезнай печцы. Першая мая печ была збудавана... з вялікай бляшанкі з-пад газы.
    Гэта быў першы вопыт у гэтай спэцыяльнасьці двух ссыльных, і печка безнадзейна дыміла. Як усякая жалезная печка, яна альбо награвала так, што было горача, як у лазьні, або, калі я забываў ці ня мог падкласьці своечасова дроў, прыходзілася ляскаць зубамі. Асабліва дрэнна было па раніцах, бо, як я ні стараўся, каб печ палілася ўсю ноч, гэтага ў мяне ня выходзіла. Дастаткова ж было, каб печка загасла, як мароз забіраўся ва ўсе шчыліны, аблямоўваючы іх досыць прыгожа “зайчыкамі” і замарожваючы шкло. Спаў я на адным з тапчаноў каля сьцяны, у самым цёплым месцы юрты (на “катэгерыне”), але таму што пад тапчаном падлогі ня было, дык “зайчыкі” непасрэдна вадзіліся пад ложкам, якія ператвараліся ў лютыя маразы ў лёд. Адзін раз я заўважыў, што мой сяньнік прымёрз да тапчану. Сьпярша я думаў, што мне будзе дастаткова простага сяньніку, каб не адчуваць холаду зьнізу, але яшчэ ў жніўні прышлося купіць аленевую шкуру, а калі пачаліся сапраўдныя верхаянскія маразы і яе аказалася недастаткова, я купіў яшчэ адну шкуру. Накрывацца было неабходна заячай коўдрай, а ў студзені паверх яе патрэбна было накрывацца яшчэ хутрай.
    Бо, здаецца, досыць шмат усякіх адзеньняў? Але калі было каля 70°, дык, ня гледзячы на гэтую броню, па раніцах даводзілася дрыжаць. І тыя мінуты, якія траціліся на распалку печы і на тое, каб астылая за ноч юрта нагрэлася, былі надта непрыемным.
    Што датычыцца адзеньня, якое даводзілася насіць зімою, то яно мала розьнілася ад звычайнага. Неабходны былі толькі заячыя панчохі, валёнкі ці “камусы” (боты з аленевых скур) і хутровыя рукавіцы; некаторыя з ссыльных (насілі баваўняныя майткі. Усё астатняе было звычайным зімовым адзеньнем. Башлыкоў ніхто не насіў у гэтых месцах. Галаву магчыма добра захутаць шапкай з навушнікамі. Якуты ў Верхаянску зімою носяць ці кароткае паліто на заячым хутры, ці паліто з аленевых скур. Некаторыя з іх у лютыя маразы надзяваюць на нос невялічкія каўпачкі, а на шыю, замест традыцыйнага шаліку, “майтурук” нешта накшталт боа, сшытага кальцом з вавёрчыных хвастоў, які магчыма пастаянна перасоўваць, і такім чынам замяняць памёрзлыя ад дыханьня месцы другім — сухім.
                                                                            *
    У лютым маразы аслаблі: пратрымаўшыся ў пачатку месяца каля 50-40°, яны ў другой палове яго ўжо не дасягалі і 30°.
    Пачаліся яскравыя, сонечныя дні. У юрце не сядзелася; хацелася на паветра, якое было на дзіва чыстым. Сонца і сьнег асьляпляюча зьзялі, і маразы зусім не адчуваліся. Пачаліся нашы прагулкі ў лес і горы. Так хораша было дыхаць там. Магчыма было ісьці павольна, а ня бегчы, як у часе лютых маразоў. 24-га пайшоў сьнег; гэта было, па завярэньнях мясцовых жыхароў прыкметаю таго, што больш лютых маразоў ужо ня будзе. 26-га было ўсяго 9°. Скарыстаўшы цяпло, накіраваліся, на бліжэйшую гару. Верхаянск зноў падарыў карцінай: на Яне ляжаў вывезены за зіму гной; з гор гэты гной і юрты неяк зьмешваліся і рабілі аднолькавае ўражаньне.
    Пасьля некаторага ўзмацненьня маразы ў пачатку сакавіка зноў аслаблі. Адчувалася набліжэньне вясны, хаця да таяньня сьнегу, шумных ручаёў было яшчэ далёка. Па начох было холадна — мароз даходзіў да 40 і 50°, а ўдзень было цёпла; так, 16 сакавіка днём было ўсяго 1°. Пачаліся вятры, якія вясною ў Верхаянску заўжды прыносяць цяпло, адкуль бы яны ня дзьмулі. 29 сакавіка ўпершыню пасьля зімы раздалося шчабятаньне сінічак. Пасьля мёртвай цішыні, якая была такою працяжнаю, я надзвычайна абрадаваўся яму. 31 -га на вербалозе паказаліся пушынкі. Але ўсе гэтыя прыкметы вясны былі ашуклівымі. 1 красавіка зноў стала холадна, і пагоду зусім нельга было назваць веснавою. Хаця сьнег і пачаў там раставаць, але нідзе ні праталінкаў, ні лужаў ня было.
    7 красавіка я ўпершыню ўбачыў яўражку, якая вылезла з нары пасьля зімняе сьпячкі.
    У пачатку красавіка вячэрняя зара пачала сходзіцца з ранішняй. 11 красавіка ў дванаццаць гадзін ночы было досыць бачна, а а трэцяй гадзіне раніцы ў юрце магчыма было бачыць усё, не запальваючы агню. Да канца красавіка ночы сталі ўжо сапраўднымі “белымі” начамі: і самі яны былі белымі, і белым быў сьнег, які ляжаў скрозь.
    18 красавіка — 1 мая па новым стылі не прынесла ў Верхаянск вясны, але 26-га была ўжо пэўная прыкмета яе прыходу: загудзелі вялізныя мухі (на адкрытым паветры) і іх было чуваць далёка. Сьнег ляжаў кругом, і дзіўна было бачыць гэтых мух, быццам цудам выратаваўшыхся ад лютых маразоў, ад якіх і дрэвы круцяцца. Зьявіліся і лужы; каля ўсіх юрт стварыліся кучы гною і гразі. Сям-там падсохла і стала падобна на тое, як бывае ў Расеі ў сярэдзіне сакавіка. Днём, калі прыгрэла сонца, я стараўся знайсьці якую-небудзь “справу” на дварэ і капаўся наўкол юрты: гнаў ваду па канаўках, падмятаў і г. д. Кругом зноў ня было ні душы, калі ня лічыць яўражак, але не хацелася заходзіць у абрыдную юрту. Ноччу ўсе гэтыя прыкметы цяпла адразу замяняліся досыць моцным марозікам.
    27 красавіка паляцелі з поўдня гусі. Хаця наўкола быў яшчэ сьнег, а Яна і ня думала яшчэ ўскрывацца, але магчыма было сказаць, што зіма скончылася.
                                                                                  VI
                                                                               ВЯСНА.
    1 траўня сьнег ляжаў яшчэ ўсюды, за выключэньнем праталінак каля юрт, але, ня гледзячы на гэта, раздаваліся сьпевы жаўранкаў. Накіраваліся ў лес на маёўку, якая была надта арыгінальнай: наўкола нас ляжаў сьнег, а пад гарою — скаваная лёдам Яна. Але над тою праталінаю, дзе мы сядзелі, ужо былі камары.
    2 мая зьявіліся пралескі (“пастрэлы” — па-сыбірску). Яны на дзіва гарманіруюць з тутэйшай прыродай; валаскі, якія прыкрываюць іх чашачкі і лісьце, надта доўгія, і здаецца, што кветачка надзела хутру.
    Ня гледзячы на ўсе прыкметы вясны, ня верылася, што яна прыйшла; ня было і веснавога настрою. Зноў адчувалася адрэзанасьць ад усяго сьвету; з-за вясновага бездарожжа з 15 красавіка па 21 чэрвеня ня было пошты. Можа быць адбівалася і тое, што нельга было праявіць сваю энэргію так, як жадалася, і мы яе трацілі на ўсякія дробязі, накшталт збору трэсак каля юрты. Пачаўшыяся ўжо белыя ночы нэрвавалі, не давалі спаць, і ва ўсіх зьявілася трывожнае становішча.
    Пералёт птушак павялічваўся з кожным днём; асабліва шмат ляцела гусей, якія цягнуліся бясконцымі зграямі. Верхаянск ператварыўся ў якісьці вайсковы лягер: са ўсіх бакоў то тут, то там раздаваліся стрэлы, скрозь былі відаць фігуры паляўнічых. Стралялі тут жа каля юрт, стралялі за юртамі, стралялі на балотах, стралялі ў лесе. Праўда, забівалі надта мала, настолькі, што купіць хоць аднаго гуся нікому з нас так і не давялося. Большага ажыўленьня сярод верхаянскага насельніцтва, чым у гэтыя дні, я ніколі ня бачыў.
    5 мая зноў пайшоў сьнег, задуў халодны вецер, і стала зусім не падобна на вясну. Лёд на Яне працягваў стаяць нерухома. 8, зноў зьявіліся камары, якія пачалі моцна надакучваць, а 9-га ўжо нідзе ня было відаць сьнегу, і паказаўся большы лік “пастрэлаў”. У Верхаянску іх толькі адзін від — з залацістымі лісьцікамі. Калі іх шмат, яны надта скрашваюць шэрую верхаянскую карціну. Якуты адносяцца да гэтых кветак з некаторым забабонным страхам. Яны іх ніколі ня рвуць, баючыся, што з-за гэтага можа пагоршыцца пагода. Праўда, яны наогул ня рвуць кветак і сьмяюцца над ссыльнымі, калі бачаць іх а кветкамі. Разам з зьяўленьнем кветак, павялічыўся лік птушак. Раней птушкі толькі праляталі над Верхаянскам, накіроўваючыся далей на поўнач, цяпер жа зьявіліся птушкі, якія засталіся на лета тут. То тут, то там, чуліся крыкі гусей, качак, рыбаловаў, сьпяваньне жаўранкаў, шчабятаньне стрыжоў, плісак і г. д.
    Жыхары таксама павылазілі са сваіх юртаў і пачалі падмятаць і спальваць сьмецьце, якое назьбіралася каля іх жыльля. Над Верхаянскам падняўся ўдушлівы смуродны дым. Потым задуў вецер з пылам ад гною. Давялося зноў сядзець у юрце. Хоць станавілася ўсё цяплей, але толькі к 13 мая трава пачала зьлёгку зелянець, а мадрына яшчэ не распушчалася. На Яне 10 траўня было кратаньне лёду, але толькі 14-га пачаўся лёдаход, а аслабанілася яна толькі 15-та. Сам лёдаход тут вялікай цікавасьці не стварае; цікавы толькі выгляд лёду вясною. Надта тоўсты, блакітны лёд увесь падзяляецца на доўгія крышталі, падобныя на шкляныя голкі, якія са звонам адколваюцца ад крыгаў і плывуць побач з імі. Звон мяшаецца з шумам ад таго, што крыгі труцца адна аб другую. Атрымліваецца асаблівая веснавая мэлёдыя, праз якую праходзіць трэля жаўранка.
    У часе лёдаходу вясною яна рэдка выступае з берагоў, і яе разьліў наогул невялікі, але ўсё ж усе балоты і ўпадзіны, акаляючыя Верхаянск, напаўняюцца вадою, і птушкам тут — раздольле.
    Усьлед за ўскрыцьцём Яны зьявіліся “пеўнікі”, кулікі і іншыя дробныя птушачкі. 16-га закукавала зязюля і крыху зазелянела мадрына. Лес адразу набыў больш прыбраны, прыгожы выгляд, хоць на хмызьняку прыкмет ажыўленьня яшчэ ня было. Але 17-га ўзьняўся халодны вецер і нават днём было некалькі градусаў марозу, а на наступную ноч пайшоў сьнег, працягваўшы ісьці і 19-га. Хаця сонца часам і праглядвала праз воблакі, але адчувалася хутчэй зіма, чым вясна, і думалася, што тут нармальным часам году зьяўляецца зіма, а ўсё астатняе — гэта толькі так — непаразуменьне. Бо ўжо скончыўся травень, і да ліпеня, калі зноў магчыма чакаць замаразкаў, было зусім недалёка, і здавалася, што тут адна зіма сходзіцца з другою.
    Так шэра і пуста было наўкола. Зноў адсутнасьць сапраўднага жыцьця прымушала адчуваць сябе “па той бок рысы”. Пустата і шэры тон засланялі сабою ўсё. Усё было так проста і няўхільна. Усе свае жаданьні, усе свае імпэты трэба было хаваць паглыбей у сябе і не даваць ім праявіцца. Бо ніводнае з жаданьняў не ажыцьцявіма пры гэтых умовах, а іх не зьмяніць, перамагчы ж іх магчыма было цярплівасьцю. Але надыходзячы доўгі дзень, пара бяз ночы, усё мацней і мацней нэрвавала, і здавалася, што цярплівасьці ня хопіць. Стварыўся настрой, падобны да таго, які быў у працягу доўгай ночы. Занадта вялікая колькасьць сонечных праменьняў, відаць, падвышала нэрвовую напружанасьць. Ніхто з нас у гэты час ня мог спаць, а сонца ж яшчэ заходзіла на некаторы час. Бяссоньніца ўжо стамляла, а як толькі паслабляў свой нагляд за сабою і праяўлялася тое ці іншае жаданьне — перш за ўсяго жаданьне выехаць адсюль — так ужо ня хутка было магчыма адчапіцца ад балючых перажываньняў. Мабыць за гэтым так часта і навальвалася пустата. Дарэчы яна ратавала.
    Вясна ж працягвала радаваць: 20 траўня зноў днём і ноччу ішоў сьнег, і было холадна. У працягу некалькіх дзён дзьмуў надта непрыемны вецер, то са сьнегам, то з пылам, і немагчыма было выйсьці з юрты. Калі вецер 21 траўня ўвечары сьціх і я выйшаў з юрты падыхаць сьвежым паветрам, дык убачыў карціну, якая мяне зьдзівіла дзіўным злучэньнем сваіх элемэнтаў, хаця пара ўжо было прывыкнуць да верхаянскіх асаблівасьцяў. Была адзінаццатая гадзіна ночы, а сонца сьвяціла з-за воблакаў, знаходзячыся досыць высока і набліжаючыся да поўначы. Над пакрытаю тонкім лёдам вадою, заліўшай даліну, носяцца з крыкамі рыбаловы, качкі і іншыя птушкі. Кветкі замерзьлі, ледзь-ледзь зелянеюць трава і нікчэмныя мадрыны з ледзь выглянуўшай хвояй. Ідзе клоччам сьнег; сьпярша ён растайваў, потым растайваньне спынілася. Паступова ўсё захутваецца сьнежнаю пялёнкаю, скрозь якую прасьлізваюць праменьні сонца, і дзесьці высока адчуваецца крык птушак.
    Якое імя трэ’ было такой карціне?
    Толькі 24 траўня пачалася пагода, якую магчыма было назваць травеньскай. Стала настолькі цёпла, што адразу зазелянелі і трава і мадрыны. Лес аджыў, у два цёплых дні ён зрабіўся зусім зялёным. Зноў зацьвілі пралескі і з імі іншыя кветкі. Зьявіліся матылі, зноў загугнілі зьнікнуўшыя было камары. У паветры стаяў гоман ад птушыных галасоў. Птушкі пападаліся усюды; у некалькіх кроках ад маёй юрты паласкаліся качкі, бегалі пеўнікі і кулікі. У самым “цэнтры” Верхаянску, на “Байкале” таксама было шмат птушак, і некаторыя з паляўнічых не маглі стрываць, каб і там не пастраляць у іх. Я пайшоў на “Селян” (возера ў дзьвюх вёрстах ад Верхаянску), але яно яшчэ было пакрыта лёдам. Па дарозе да яго я то тут, то там натыкаўся на птушак і палохаў іх. Пачалося верхаянскае лета.
                                                                              VII
                                                 ЛЕТА I НЕЗАХОДЗЯЧАЕ СОНЦА.
    Тэмпэратура летам у Верхаянску не падымаецца вышэй + 30°С, але і гэта здаецца там вялікай гарачынёй, тым больш, што і летам часам бываюць градусаў 5-6 марозу. Пачаўшыся ў апошніх лічбах траўня, лета сьпяшаецца дапамагчы прыродзе аднавіцца, набрацца сілы на доўгую зіму. У канцы ліпеня ўжо адчуваецца набліжэньне восені.
    Пры гэтым кароткім леце кожны цёплы дзень мае вялікую цану.
    Але гэтыя прыгожыя дні, яскравыя, сонечныя дзейнічалі балючай звычайных. Тое, што дае магчымасьць мацней праявіць сябе і запоўніць зьместам жыцьцё, тут толькі абуджала энэргію, але не давала магчымасьці скарыстаць яе. Хацелася скінуць з сябе ўсе верхаянскае, вызваліцца ад таго, што душыла, як немарасьць, але гэтага зрабіць было нельга, і лягчэй рабілася толькі тады, калі наступала “небыцьцё”.
    Першыя прыгожыя дні мацней выклікалі ў памяці мінулае і было нудней. Але і ў часе іх не сядзелася ў юрце і большую частку дня я праводзіў у лесе або ў гарах.
    Яшчэ ў пачатку траўня ня было сапраўднае ночы, але горы, акаляючыя Верхаянск, не дазвалялі да канца траўня бачыць сонца круглыя суткі.
    Мясцовыя жыхары праяўлялі надта мала цікавасьці да такое зьявы, як незаходзячае сонца. Яны запэўнівалі нават, што з Верхаянску яго ня відаць. Мне хацелася праверыць гэта, і аказалася, што яго магчыма бачыць ня толькі з бліжэйшых гор, але і з паўночнага канца пасёлку.
    29 мая, каля дванаццаці гадзін ночы, я пайшоў глядзець сонца. Яно было на поўначы над гарамі і яшчэ не заходзіла. Потым, крыху зьнізіўшыся, яно пайшло па лініі гор. Яно то паказвалася з-за іх, то хавалася, і нельга было сказаць, што гэта такое — заход сонца ці ўсход. Я пайшоў у юрту а другой гадзіне, калі яно ўзьнялося ўжо высока. Але хацелася бачыць поўную карціну незаходзячага сонца. 2 чэрвеня мы ўсёй кампаніяй адправіліся на “Белую гару” самую высокую гару блізка ад Верхаянску. З яе верхавіны, дзе было холадна, і дзе расьліннасьць была бяднейшай. чым у даліне, адчыняецца шырокая карціна. На паўночны ўсход вёрстах у 100 відаць горныя хрыбты з верхавінамі, на якіх ляжыць вечны сьнег, а на захад, паўночны захад і поўнач ідзе рад невысокіх горных хрыбтоў, якія ўходзяць да гарызонту. Над імі зьзяе сонца, якое ідзе градусаў на 15-20 над гарызонтам. Пад нагамі даліна, з рэчкай Янай і вазёрамі, на якіх яшчэ ляжыць лёд.
    Верхаянск кудысьці схаваўся, і аб ім магчыма толькі дагадвацца.
    Да 12 гадзін было прыкметна як сонца марудна спускалася, а потым — як яно стала таксама марудна падымацца. Але заўважыць гэта было магчыма толькі з вялікай цяжкасьцю. І зноў зрабіліся асабліва ясны і ўмоўнасьць разуменьня часу, і, калі магчыма так выказацца, адзіноцтва зямля. Сонца так “абыяка” зьзяла, так пэўна гаварыла, што яму няма ні малейшае справы да зямлі і людзкіх умоўных разуменьняў. Гладзячы на яго, я забыўся, што знаходжуся ў Верхаянску, і бачыў сябе проста на зямлі, безадносна і да земнага часу і да земных падзей. І ў той самы час зноў мацней адчуваў сябе далучаным да жыцьця сусьвету.
    Так думалася, калі мы глядзелі з Белай гары на сонца, а потым прыпамятавалася найпрыгожшая, мілая з дзяцінства карціна звычайнага ўсходу сонца пасьля цёмнае летняе ночы. І ўсе мы ў адзін голас сказалі, што там родная карціна прыгажэйшая гэтай велічнай. Прыпамятаваліся і летнія зорныя ночы, і ўсё зьвязанае з імі, і так зажадалася хутчэй быць там, дзе цяпер сьвецяць зоры, дзе “сонца ўсходзіць і заходзіць”.
    5 чэрвеня я зноў любаваўся паўночным сонцам, але ад сваёй юрты. Яно ішло па лініі гор, не заходзячы за яе, паказваючыся на паўдыску, а потым паднялося вышэй. Гэтая карціна была больш земная, чым тая, якую бачылі на Белай гары.
    Воблачнае неба не дазваляла мне дакладна адзначыць, у працягу колькі сутак сонца не заходзіла тут за гарызонт. Але час, калі круглыя суткі бывае зусім бачна, цягнецца ад палавіны траўня да ліпеня.
    Мяжа паміж “сёньня” і “заўтра” зьнікла. Усё зьлілося ў адну бесьперарыўную стужку, па якой стала цяжэй разьлічаць хоць якія-небудзь сьляды ўражаньняў. Ня было ніякіх вестак аб жыцьці ў іншых месцах зямлі. Зноў пачаліся гутаркі аб нудоце, аб нэрвах.
    Першыя гарачыя дні прынесьлі з сабою процьму камароў. Стала “камарна”, як гавораць мясцовыя жыхары. Цяжка было выбраць час для прагулкі. Часам камары так кусалі, што прыходзілася проста ўцякаць у юрту. Але і там ратавацца ад іх было цяжка. Духата прымушала адчыняць вокны або дзьверы і камары ў момант напаўнялі юрту. Сеткі на вокнах дапамагалі мала. Уночы ня гледзячы на ўсе захады, камары ўвесь час трывожылі і не давалі спаць.
    31 траўня была навальніца — першая і адзіная за ўсё лета. Большасьць гадоў у Верхаянску праходзіць зусім без навальніцы. Але цёплыя дні прастаялі нядоўга, і 6 чэрвеня стала халодна, а ўночы на 9-ае гэта значыць, якраз у той дзень, калі і ў поўдзень і ў поўнач сонца стаіць усяго вышэй, выпаў сьнег, закрыўшы ўсё і працягваўшы ісьці і днём і да паўдня. Пасьля паўдня ён пачаў таяць і ў горадзе зьнік, на гарах жа праляжаў усю ноч. На 10-ае было настолькі цёпла, што расьцьвіла шыпшына, якое тут шмат. Калі мы ўбачылі першыя кветкі шыпшыны, то з якойсьці імпэтнай радасьцю кінуліся на іх і рвалі. Хацелася ўзяць ад прыроды хоць іх.
    Я ўжо казаў, што якуты кожнае лета падпальваюць свае лясы; робіцца гэта ня толькі на поўначы Якуцкае вобласьці, але і на поўдні яе, бліжэй да Якуцку, дзе насельніцтва гусьцей. Некалькі разоў у лета моцны паўднёвы вецер напамінаў нам аб гэтым. Ён раптам прыносіў надта шмат пылу і зацягваў усё акаляючае дымам. Нельга было выйсьці з юрты, так праціўна пыл засыпаў усяго, і так непрыемна было дыхаць дымам. Сонца звалаквалася ім зусім, і толькі часам з-за воблака дыму яно выглядвала велічэзным чырвоным вокам, сьляпым, бяз усякага бляску.
    21 чэрвеня прыйшла, нарэшце, першая летняя пошта. На гэты раз адзін з атрыманых лістоў, прыйшоў на 107-мы дзень, самым сьвежым лістом быў, які прыйшоў праз 50 дзён. Газэты былі ў гэтым жа ўзросьце і здаваліся зноў гістарычнымі дакумэнтамі, чым вестунамі штодзённых навін. Прыходзіла адразу каля сотні нумароў, і цяжка было перачытваць іх падрад, але адарвацца ад іх не хапала сілы.
    Спачатку ліпеня зрабілася халадней. Наступілі досыць халаднаватыя дні. Адчувалася набліжэньне восені. Лета іменна прамільгнула. Ужо і сонечныя дні ня былі такімі цёплымі, як у чэрвені. Па начох пачаліся невялікія маразы; часам на лужах ствараўся лёд, а хвоя на мадрыне пачала жаўцець. Ночы сталі цямнейшымі, і 29 ліпеня я ўпершыню за гэта лета ўбачыў зоры. Мінулым годам яны сталі бачнымі некалькі пазьней, таму, што тады было больш воблачна.
    Зноў горад апусьцеў: усе жыхары яго адправіліся на касавіцу. “Настала пара раскашваць васьмісустаўчатую галінаватую траву васьмідзесяцірублёвым ангельскім жалезам. Наступіў дзень скошваць дзесяцісустаўчатую кітайка-зялёную траву гарбатым жалезам. Настаў час аграбаць у розныя бакі нашую васьмісустаўчатую траву васьмізубаю драўлянаю вілаю”, як гаворыцца ў адной з якуцкіх імправізацыяй.
    Пасьпелі ягады, і мы пачалі рабіць іх запасы. Прыйшла восень.
    3 жніўня ўначы над гарамі заблішчэла зарніца. Некаторыя з мясцовых жыхароў прыбеглі да нас, каб даведацца, што гэта за страшнае зьявішча. Па іх словах, яны ніколі раней ня бачылі зарніцы. Нам яна напамінала аб той частцы зямлі, дзе жыцьцё яшчэ поўна яскравымі фарбамі, дзе сонца грэе ня так, як у нас, дзе людзі рыхтуюцца да найбольш дзейнага часу году; нам жа пагражала небясьпека зноў адубець.
                                                                             VIIІ.
                                                              ВЕРХАЯНСКІЯ ЯКУТЫ.
    Так сурова тут прырода, так мала яна дае людзям, такія цяжкія былі перашкоды, якія трэба было перамагчы, каб прыйсьці сюды, што мімаволі ўзьнікаюць; пытаньні: навошта папалі сюды людзі?
    Што штурхнула іх на гэтыя пакуты?
    Там жа, далей на поўдзень, дастаткова яшчэ незанятых прастораў.
    Дарэчы, тутэйшыя жыхары да гэтага часу яшчэ ня робяць спробы распрацаваць нетры сваёй зямлі, а бяруць ад яе толькі сена ды пушніну, а гэта яны маглі атрымаць і на Лене і ня толькі раней, калі яны рушылі сюды, але і цяпер?
    Адказ трэба шукаць у гісторыі якутаў. Яны зьяўляюцца чужакамі ня толькі тут, але наогул у Якуцкай вобласьці. Карэннымі тутэйшымі жыхарамі прыходзіцца лічыць тунгусаў, ламутаў і юкагіраў. Якуты прышлі ў Якуцкую вобласьць прыблізна ў XVI стагодзьдзі з Манголіі. Зьяўленьне якутаў у Верхаянскай акрузе адносіцца да XVII стагодзьдзя. Пасьля таго як казакі, прышоўшы з Мангазэі, надняволілі сабе якутаў, якія жылі ў той мясцовасьці, дзе зараз Якуцк, і пачаліся розныя жахі і зьверствы, частка якутаў уцякла за Верхаянскі хрыбет. Сустрэўшыся тут з тунгусамі, яны адціснулі іх і пачалі пасьвіць свае статкі быкоў, кароў і табуны коней, пераходзячы са сваіх зімовых стойбішчаў на летнікі за сенам.
    Але пераможцы-казакі дагналі іх і тут. Ужо ня было больш сілы ў якутаў, і, пакарыўшыся, яны пачалі плаціць ясак.
    Большасьць народаў поўначы, папаўшы пад уладаньне расейцам вымірала. Яскравым выключэньнем зьяўляюцца якуты — народ, які зусім ня вымірае, а пашыраецца, вельмі не заслугоўваючы таго, каб яго лічыць “дзікім”.
    Якуты пераважна займаюцца жывёлагадоўляй, а на поўдня Якуцкае вобласьці і земляробствам. Тунгусы, ламуты, юкагіры і чукчы пераважна аленяводы. Сярод якутаў аленяводаў мала; у мясцовасьці, дзе жыве большая частка якутаў, няма “ягелю”, лішайніку, якім кормяцца паўночныя алені. Якуты-аленяводы жывуць у Верхаянскай акрузе, дзе ёсьць ягель; сярод іх сустракаюцца асобы, лік аленяў у якіх даходзіць да некалькіх тысяч; гэта — фурманы вялікага казённага і купецкага цяжару. Але ў самым Верхаянску радавы якут для падвозу сена, дроў, лёду карыстаецца быком, таму што ні аленяў ні коней у яго няма.

    Магчыма дагадвацца, што ў Верхаянскую акругу прыйшла найбольш энэргічная і здольная частка якутаў. Гэтыя нашчадкі паўднёвых стэпавых вандроўнікаў аказаліся ў надта не спрыяючых умовах, пазбаўленыя абсалютна ўсяго, падлягалі ўвесь час усякім паборам, нагламу ашуканству як з боку казакаў і чыноўнікаў, так і купецтва, бяспраўныя, якія не дапускаліся амаль ні на якія адміністрацыйныя пасады, яны ня толькі ня вырадзіліся, але і пасьпелі заняць першае месца сярод усіх народнасьцей, насяляючых гэтую краіну, захаваўшы сваё ўласнае аблічча, увогуле досыць цікавае і ва ўсякім выпадку ня дрэннае. Тое, што якуты змаглі адціснуць тунгусаў, ламутаў і інш., тлумачыцца, зразумела, тым, што цяпер яны пасьпелі перайсьці амаль да аселага жыцьця, а тунгусы і ламуты — да гэтага часу вандроўнікі. Але пераможанымі аказаліся і пераможцы-казакі ў асобах сваіх патомкаў, якія зусім аб’якуціліся і вырадзіліся.
    Мне даводзілася часта чуць надта непахвальную характарыстыку якутаў. Многія сьцьвярджаюць, што яны, узятыя ў цэлым, уяўляюць сабою народ гультаяваты, хлусьлівы, маючы нахіл да ашуканства.
    — Вось убачыце, — казалі мне, — што пры першым жа выпадку яны вас ашукаюць.
    У першыя дні па прыезьдзе ў Верхаянск мне дадзена была магчымасьць праверыць гэта. Я даведаўся, што здаецца падыходзячая для мяне юрта, але гаспадар яе знаходзіўся на сенажаці на “Негадзяі” (так завецца мясцовасьць вёрстах у 8 ад Верхаянску па Калымскай дарозе). Неабходна было схадзіць туды, каб умовіцца з ім: ня ведаючы дарогі я ня мог гэтага зрабіць адзін, і патрэбна было або паслаць туды каго-небудзь, або знайсьці чалавека, які ўзяўся б праводзіць мяне. Мне паказалі на якута, прозьвішча якога было Шаман. Я быў надта зацікаўлены хутчэй перасяліцца ў сваю юрту і абяцаў яму добра заплаціць, калі ён сходзіць і дагаворыцца з гаспадаром юрты. Ён згадзіўся і абяцаў прыйсьці на наступны дзень раніцою з адказам, але ня прыйшоў.
    — Вось бачыце, ашукаў. А вы хацелі, каб якут пайшоў за 8 вёрст з-за вашых грошай.
    — Дык ён абяцаў?
    — Мала што.
    У часе нашае гутаркі да нас падышоў адзін паджылы якут, па імю Апанас, які досыць добра гутарыў па-расейску.
    — Ашукаў цябе Шаманка-та? Пойдзем цяпер са мною.
    Пагадзіўся з Апанасам і ўмовіўся з ім на наступны дзень раніцою адправіцца разам з ім на, “Негадзяй”.
    — Ашукае, ня пойдзе.
    — Паглядзім.

    Раніцою Апанас зьявіўся, падкрэсьліў, што ён для мяне траціць дзень пакосу.
    На “Негадзяі” я застаў касьбу ў разгары.
    Сьпярша нам сустрэўся адзін якут, які стаяў у балоце па калені ў вадзе; ён касіў траву ня чыста, неяк грыўкамі, размахі яго касы былі нешырокія. Мабыць, купіны перашкаджалі яму; мабыць у сырой глебе пры шырокім размаху каса магла зламацца. Вёрстах у двух ад яго яшчэ стаяў адзін касец, а за ім адразу працавала чалавек з пяць, і ўсе ў балоце.
    Мокрыя, якіх кусалі камары, касцы рухаліся марудна, і вынікі іх цяжкай работы былі далёка нездавальняючыя.
    “Вось, — кажу, —вялікае вадзяністае поле ня стала адпушчаць мяне на даўжыню падэшвы.
    Вось махавітая краіна вадзяное лагчыны ня стала адпушчаць мяне на даўжыню конскага поваду.
    Вось я-та, я стаючы з падарожнікам разам з васьмізубаю вілаю, стоячы — увайшоўшы на самую сярэдзіну мядзяна-жоўтага месца, стаю я вось, шкадую!
    Вось я-та, я чалавек, увайшоўшы і стоячы на бліскучым срэбраным пупе сярэдняга месца (зямлі), трымаючы дрэва з карэньнямі і гальлём, стоячы з імі поруч, стаю, мучуся!
    Вось я-та чалавек, які сьсябраваўся з васьмізубым дрэвам (вілам), стаў я безадлучным на сярэдзіне каплічнага прыгорку”.
    Так сьпявае верхаянскі якут аб сваім пакосе. Паглядзеўшы на пакос, я пагутарыў з гаспадаром юрты, каторую хацеў наймаць. Потым разам з Апанасам зайшоў у маленькую летнюю юрту, якая стаяла на беразе невялічкага возера, дзе жыў стары Сымон, якога нам трэба было таксама пабачыць. Там мы напілася чаю. Я высыпаў у пададзеную гаспадарамі талерку свае аржаныя сухары, якія засталіся з дарогі, і зноў зьдзіўляўся, з якою пашанаю якуты іх елі, імкнучыся, каб ня ўпала аніводнае крошкі.
    — Ну, што ж хопіць вам сена да вясны?
    — Мабыць хопіць, а мабыць і не.
    — Што-ж будзеце рабіць, калі ня хопіць?
    — Галадаваць будзем,
    Малако і малочныя прадукты, сярод якіх галоўную ролю адыгрывае “сора” ці “сорат” (накшталт кіслага малака), адзіная яда верхаянскіх якутаў, нават рыбы ў іх няма: у Яне мала рыбы, і лоўляю яе нельга пражыць. Калі ж няма сена — няма і малака. І рэдкі год радавы якут не галадуе, сена хапае ненадоўга, а грошай дастаць няма дзе, каб купіць яго. Даводзіцца прадаваць скаціну, а для таго, каб сярэдняя сям’я якута была пракормлена, ёй неабходна мець ня менш 8 кароў, таму што якуцкая карова дае надта мала малака.
    Паляўнічых сярод верхаянскіх якутаў надта мала; рэдка ў каго есьць стрэльба. Некаторыя ставяць пасткі на зайцаў і петлі на курапатак, але і гэтыя паляўніцтвам здабываюць мала.
    Зьвяртаючыся з сенажаці, я зразумеў, якое велічэзнае значэньне мае для верхаянскага якута дзень касьбы прытым кароткім леце, якое бывае тут. “Ашуканец” Шаман яшчэ спадзяваўся атрымаць дастатковую колькасьць сена і рашыў, відаць, што для яго больш карысна касіць, чым, атрымаўшы мой рубель, страціць дзень. У вачох жа “ашуканца” Апанаса, які даведаўся ўжо, што яму сена ня хопіць, рубель набываў іншае значэньне.
    Пасьля гэтага выпадку, калі мне расказвалі аб тым ці іншым факце, малюючы, якутаў з дрэннага боку, я ўспамінаў аб агульных умовах, у якіх ім даводзілася жыць, і стараўся адносіцца да іх без прадузятай недаверлівасьці.
    На працягу свайго прабываньня ў Верхаянску мне давялося сутыкацца у штодзённым жыцьці з некалькімі якутамі, маімі суседзямі па юрце. Я купляў у іх дровы, мяса, яны вазілі мне лёд. Найбольш шчыльнае яднаньне ў мяне ўстанавілася з Апанасам, з якім я хадзіў на “Негадзяй”. Неаднойчы я даваў яму грошы наперад і проста пазычаў, і ніколі ні разу ён не ашукаў мяне ні на капейку. Усе свае абяцаньні ён выконваў сумленна. Зразумела, калі прад’яўляць самыя прыдзірлівыя патрабаваньні да меры дроў і г. д., то магчыма было знайсьці недалікі і “ашуканствы”. Але калі перавесьці гэтае “ашуканства” на грошы, дык атрымліваецца горш. Пра Апанаса казалі ўсё, што ён круцель-мужык, “ашуканец”, тое самае даводзілася чуць і пра іншых якутаў, але, колькі я ні прыпамятваў, нічога, апрача самых дробных фактаў, я не магу прыпамятаць. Але затое не магу забыць наступнага.
    У другую доўгую палярную ноч пачалося пагалоўнае занядужваньне жыхароў Верхаянску інфлюэнцай з ускладненьнямі. Ня было юрты бяз хворых; захварэў і я. Вечарам я аслабеў настолькі, што калі пачаў пілаваць дровы для сваёй печы, дык паваліўся. Сяк-так дацягнуўся да пасьцелі, але запаліць печ ня мог і праляжаў да раніцы ў халоднай няпаленай юрце (справа была ў сьнежні). Ніхто за ўвесь дзень да мяне не павінен быў прыйсьці, але раніцою зьявіўся Апанас, пра якога я ведаў, што ён таксама хворы. Ён заўважыў, што ў мяне ня ідзе з коміну дым, і прыйшоў. Ён насек мне дроў, распаліў печ і зрабіў усё неабходнае; потым на працягу ўсёй маёй хваробы прыходзіў, дапамагаў мне, ня гледзячы на ўласную хваробу; ён нізавошта не хацеў узяць ад мяне грошы за гэтую работу.
    Покуль я хварэў, ён падоўгу сядзеў у мяне ў юрце і быў больш шчырым. Зваў ён мяне досыць кур’ёзна — “гаспадар-таварыш”.
    Мне пра яго казалі, што ён, як большасьць якутаў, гультай. Але я бачыў яго і іншых сваіх суседзяў, як яны ўсю зіму езьдзілі або за дровамі, або за сенам, або за лёдам, або рабілі што-небудзь каля юрты. Летам жа яны займаліся ці якой-небудзь пабудовай, ці былі на сенажаці. Я бачыў, як маленькія дзеці якутаў часам трох-чатырох гадоў — цягалі разам са сваімі маткамі ваду з Яны ці з балота. Як старыя бабы былі занятыя клопатамі каля сваіх кароў і хатніх спраў па цэлых днях. Але мяне баламуціла тое, што часам і Апанас і іншыя якуты надта хутка заяўлялі аб сваёй зморанасьці, а Апанас адмаўляўся несьці мала-мальскі цяжкую рэч.
    — Колькі вам год Апанас? — неяк спытаў я у яго.
    — А мабыць хутка будзе шэсьцьдзесят.
    — Шэсьцьдзесят, а ўсё працуеце ад раніцы да ночы?
    — Права слова — шэсьцьдзесят. А працую я сам з маленства. Я добры майстра быў. Цясьляр быў. Багаты быў. Добрыя юрты будаваў, ня тое, што зараз. А зараз вось сілы няма; страціў я яе; даўно страціў.
    — Як страцілі? Што ж здарылася з вамі?
    — Гарэў я. Даўно гэта было. Дваццаць гадоў таму назад. Сябра быў у мяне; хадзіў з ім, таксама, вось, як з табою, на Негадзяй. Ішлі мы з ім з сенажаці. На гары там, дзе кісьліца расьце, мы з ім леглі адпачыць. Я мала-мала цьвярозы быў. Заснуў. Потым чую — горача мне. Абудзіўся. Гляджу — бруха ў мяне гарыць, усё адзеньне гарыць на мне, а сябры няма. Мабыць падпаліў мяне, ды пайшоў. На сілу патушыўся я. Абгарэў увесь. Дзевяць месяцаў потым праляжаў. З таго і сілу страціў. Паглядзеў бьг ты — якое цела ў мяне. Вось працаваць як раней, і не магу. Стаў бедным.
    Пасьля гэтае гутаркі я ўжо ня мог падазраваць Апанаса ў гультайстве. Ня мог ня лічыцца і з тым, што жыцьцё галоднае ды яшчэ ў лютыя маразы, калі даводзіцца так шмат траціць энэргіі на падтрыманьне цяпла ў арганізьме, аслабляе яго. Ня дзіва, што паўночныя якуты нядужыя.
    На працаздольнасьці верхаянскіх якутаў ня можа не адбівацца і значнае распаўсюджаньне сыфілісу, які занесены сюды расейцамі. Сьляды гэтае хваробы магчыма заўважыць усюды; досыць часта сустракаюцца людзі з яўнымі прыметамі яго. Сустракаецца і праказа.

    Пісьменных сярод жыхароў Верхаянску, надта мала. Хоць некалькі год у Верхаянску існуе двухклясная пачатковая школа (міністэрства народнае асьветы), але вынікі яе слаба адчуваюцца. Выкладаньне праводзіцца на расійскай мове, і надта хутка веды, атрыманыя ў гэтай школе, вучнямі яе забываюцца ці застаўляюць надта слабы сьлед. Сярод падлеткаў такім чынам магчыма хутчэй сустрэць ведаючых крыху расейскую мову, чым сярод дарослых. Але запатрабаваньне ведаў адчуваецца якутамі, і ў школу аддаюць сваіх дзяцей ня толькі жыхары самога Верхаянску, але і з улусу: для такіх людзей пры школе заарганізаваны пансіён на 20 чалавек. Некаторыя дасылаюць вучыцца сваіх дзяцей у Якуцк і Іркуцк.
    Якуты лічацца праваслаўнымі. Але ўцяміўшы некаторыя абрады хрысьціянскае веры, яны ў большасьці выпадкаў захавалі астаткі сваіх старасьвецкіх вераваньняў.
    Пастаўленыя ў суровыя ўмовы палярнага краю, якуты, зразумела, не маглі захаваць у непарушнасьці і сваю старую рэлігію. Яна павінна была падлегчы раду зьмен. Прыняўшы афіцыяльна хрысьціянства, яны не маглі ня ўспрыняць сёе-тое і ад яго. ф У выніку атрымалася мешаніна хрысьціянства з чорнаю вераю, у сваю чаргу якая зьмянілася пад уплывам мясцовых умоў.
    Не разьбіраючы пытаньня аб тым, якія былі б вераваньні якутаў, калі б яны ня прынялі хрысьціянства, я павінен сказаць, што верхаянскія якуты, сярод якіх мне прышлося жыць, ні ў якім разе не зьяўляюцца прыхільнікамі д’ябла. Гэтаму не супярэчаць астаткі іх першабытнай рэлігіі. Перамяшаўшыся з некаторымі хрысьціянскімі поглядамі, яны стварылі сьветапогляд, напамінаючы рэлігію славян хутка пасьля вадохрышча. Ня гледзячы на любоў да сьвят і да некаторых знадворных праяў рэлігійнасьці і на процьму забабонных звычак, у іх праглядвалі абы-якія адносіны да ўсіх гэтых пытаньняў.
    Абрадавы бок хрысьціянства іх таксама слаба прыцягвае. Што датычыцца пастоў, то іх у Верхаянску ніхто не захоўвае. Адзін з мясцовых сьвяшчэньнікаў, адпраўляючыся па улусу для выкананьня трэб, прымаў гэта пад увагу і вёз з сабою па некалькі мяшкоў жытных сухароў, прымушаўшы тых, хто гавелі, купляць іх у яго па надта дарагой цане, пагражаючы ня даць ім прычасьця, калі яны будуць есьці звычайную яду.
    Як мясцовае духавенства часам адносіцца да якутаў, паказваюць паводзіны другога сьвяшчэньніка. Ён пасьля споведзі адпраўляў “пасомых” да сваёй пападзьдзі, якая пачаставаўшы іх сьпіртам, пачынала гуляць з імі ў карты. Потым прыходзіў і бацюшка. Гульня працягвалася да абедні, калі аблегчаныя ад грахоў і грошай, якуты ішлі прычашчацца.
    Адсутнасьць разумных забаў і аднастайнасьць жыцьця прымушаюць якутаў аддавацца з захапленьнем карцёжнай гульні. Зімою яны гулялі часам па некалькі сутак адразу, забываючы абсалютна аб усім. Захапіўшыся гульнёю, якут у адну ноч можа прайграць і грошы, і юрту, і кароў, а потым надоўга заняволіцца. Выпрацаваўся асобны тып палярнага шулера, які разьяжджае па насьлегам і пражывае выключна карцёжнаю гульнёю. Шулерамі зьяўляюцца галоўным чынам расейцы.
    Мала шчасьлівых мінут прыпадае на долю верхаянскага якута. Усё яго жыцьцё праходзіць у цяжкай барацьбе з суровай прыродай. Увесь астатні сьвет для яго ня існуе. Усе здарэньні праходзяць міма яго; рэдка-рэдка ён пачуе аб чым-небудзь, адбываючымся дзесьці далёка. У гэтае асяродзьдзе людзей, жывучых па некалькі стагодзьдзяў ззаду эўрапейскіх народаў, трапляюць людзі, погляды якіх і ў Эўропе выперадзілі звычайныя погляды. Верхаянец чуе такія думкі, і бачыць такія ўчынкі, якія сьпярша зьдзіўляюць яго. Ён глядзіць на чужынцаў зьдзіўленымі вачыма, баіцца іх. Але шчыльная датычнасьць сказваецца, і думкі чужакоў пачынаюць знаходзіць водгук у розуме якутаў, якія перарабляюць іх па-свойму. І ў верхаянскае жыцьцё ўваходзяць разуменьні, якія дапамагаюць лягчэй абмяркоўваць існаваньне. Гэтым і тлумачыцца, што на выбарах у другую дзяржаўную думу ад Верхаянску была абрана асоба, якая па сваіх поглядах належала да левых партый.
    Але і для найбольш разумных і здольных людзей — а такіх там ня так ужо мала — жыцьцё далёкага культурнага сьвету з яго разнаколернымі ўражаньнямі, з яго навейшымі вынаходзтвамі, з яго багацьцем думак, з яго здарэньнямі — усё гэта нейкі казачны сон, зусім недаступны для іх. Ня дзіва, што такія людзі пачынаюць сумаваць. Няма выхаду іх настроям, няма магчымасьці для скарыстаньня іх энэргіі, і сувязь з астатнім сьветам такая цяжкая. Людзі неглыбокія хутка апушчаюцца і робяцца дзялкамі; людзі з больш чэснай натурай, але недастаткова моцныя — гінуць.
    Ці ёсьць будучыня ў гэтых людзей, якія жывуць на полюсе холаду? Сумнявацца ў гэтым нельга. Разьвіцьцё Аляскі паказвае, што магчыма зрабіць для ўзьняцьця дабрабыту гэтага краю. Праўда, умовы Аляскі значна лягчэйшыя тутэйшых, але розьніца між імі не настолькі вялікая, каб іх нельга было параўнаць. Што датычыцца золата, то, не разглядваючы падрабязна пытаньня, наколькі праўдзіва надзея асоб, лічачых, што паўночны ўсход Азіі абяцае больш багатую здабычу, чым на Алясцы, скажам толькі, што тут ёсьць прыкметы знаходжаньня золата. Ёсьць таксама прыкметы срэбра, кінавары, сьвінцу, жалеза, каменнага вугалю, надта часта сустракаецца горны крышталь. Але разьмеры гэтага будучага багацьця покуль што ў галіне здагадваньняў, дзе магчымы ня толькі вялікія надзеі, але і вялікія расчараваньні. Правільней паставіць пытаньне: ці магчыма палепшаньне становішча верхаянскіх якутаў, пакідаючы ў баку надзеі на залатыя горы? І на гэтае запытаньне магчыма адказаць станоўча. Правядзеньне добрых дарог — гэта зусім ажыцьцявімае і не зьяўляецца ўтопіяй — наблізіць гэтую краіну да больш культурных месцаў. Вядзеньне гаспадаркі больш рацыянальным шляхам, чым гэта робіцца цяпер, уздыме дабрабыт мясцовых жыхароў. Да гэтага часу яны паляпшалі сваю гаспадарку толькі падпалам лясоў, якія на агульным становішчы адбіваюцца згубна і не акупліваюцца тым нязначным палепшаньнем сенажаці, з-за якіх яны селяцца. Спроб травасеяньня тут ніхто не рабіў, а ў іх посьпеху сумнявацца ня прыходзіцца. Але травасеяньне, дрэнаж, палепшаньне пароды скаціны — усё гэта магчыма пры больш высокім культурным узроўні. Ня прыходзіцца таксама разьлічваць на правядзеньне ў жыцьцё ўсіх гэтых мерапрыемстваў пры тых парадках, якія існуюць у гэтым краі цяпер. Толькі пры поўным самакіраваньні і раўнапраўі ўсяго насельніцтва Якуцкае вобласьці будзе магчыма спадзявацца на гэта. Але зусім ясна, што пры правядзеньні ў жыцьцё гэтых мер мясцовых сродкаў на іх ня хопіць. Прыйдзецца дзяржаве пайсьці на дапамогу гэтай ускраіне. Не гаворачы ўжо аб тым, што гэтая дапамога хутка акупіцца, магчыма спадзявацца, што яна дапаможа праверыць надзеі на багацьці, захаваныя ў нетрах Якуцкае вобласьці.
                                                                                    ІХ
                                                              КАЗАКІ, КУПЦЫ, ЧЫНОЎНІКІ.
    Калі я быў у Верхаянску, дык там купцоў, якія мелі свае крамы, было пяць: якут, казак, іркуцкі мешчанін, былы начальнік верхаянскага паштовага аддзяленьня і былы паштальён.
    Амаль усе паштальёны, вазіўшыя пошту з Якуцку ў Калымск, зьяўляліся ў той самы час гандлярамі. Нарэшце есьць некалькі чалавек, якія займаюцца дастаўкаю тавараў купцам і мукі і інш. “у казну” і ў той жа час яны не прамінаюць выпадку зрабіць выгадную зьдзелку. Наогул атрымліваецца досыць вялікая колькасьць асоб, галоўным заняткам якіх зьяўляецца гандаль.
    Верхаянскія крамы маюць досыць арыгінальны выгляд. З надворнага боку яны мала чым выдзяляюцца ад звычайных юрт, толькі на двух з іх красавалася нешта накшталт шыльд. У сярэдзіне — гэта па-свойму унівэрсальныя магазыны, у якіх часам ёсьць самыя разнастайныя тавары, але затое там часта ня бывае чаю, цукру, рысу, сьвечак, мыла і іншых неабходных тавараў, але можна знайсьці францускі чарнасьліў і сынгапурскія ананасы. Хоць не заўсёды магчыма верыць, што сапраўды у краме няма якога-небудзь тавару таму што для ўзьняцьця цаны проста пускалі чутку, што тавару няма. Некалькі разоў на працягу году купцы зьбіраліся і устанаўлівалі цэны; але часта такія згоды парушаліся — праўда, часьцей у бок падвышэньня цаны. Часта купец, прадаючы тавар, падкрэсьліваў, што ён робіць ласку, прадаючы яго вам, а часам прыходзілася весьці гутаркі, каб купец “зрабіў ласку — прадаў тавар”.
    Адрэзанасьць Верхаянску стварае спрыяючыя ўмовы для ўстанаўленьня высокае цаны на прывазныя тавары і нізкай на мясцовыя. Адсутнасьць калёснага шляху летам і працяжнасьць і дарагоўля правозу нават зімой дазваляе мясцовым купцам адчуваць сябе манапалістымі і “дабрадзеямі” краю. Галоўныя заняткі тутэйшых купцоў — гэта скупка хутравіны мамантавых біўняў, ці, пэўней, абмен іх на прывазны з Якуцку тавар. Большасьць з іх народ вандруючы, які заўсёды ўяжджае “ў якуты”, як тут кажуць. Гандаль вядзецца галоўным чынам напавер, “на кніжку”. Запісы ў гэтыя кніжкі праводзяцца прыказчыкамі ці самымі купцамі, праверыць якіх непісьменныя якуты ня могуць, і запісы выходзяць штучна перакручанымі. Прыказчык перш за ўсё цэніцца, мяркуючы па тым, як ён умее прыпісваць. Прыпісваньне так увайшло ў звычкі і натуру купцоў, што прарабляюць гэта абсалютна са ўсімі купляючымі ў іх напавер, у тым ліку нават з чыноўнікамі. Апрача прыпісваньня, у вялікай пашане абважваньне і абмерваньне. Уся дзейнасьць купцоў накіравана галоўным чынам у бок заняволеньня пакупнікоў.
    Усе згоды на набыцьцё хутравіны, аленяў, кароў і коней праводзяцца пры дапамозе сьпірту. Сьпірт у купцоў ёсьць заўжды. Карыстаючыся ўсякай праўдай і няпраўдай, яны ўвозяць яго з Якуцку, ня гледзячы на забарону, ці пэўней, карыстаючыся гэтай забаронай. Бутэльку сьпірту яны прадаюць па 10 рублёў і звыш, і за гэтым гандаль сьпіртам сам па сабе дастаўляе ім шмат карысьці. Яны ўмудраліся атрымаць ад губэрнатараў дазвол увозіць у Верхаянск для ўласнага ўжываньня па два па чатыры і больш вёдзер сьпірту. Такім дазволам яны карысталіся як свайго роду ахоўнымі граматамі на выпадках знаходжаньня ў іх кантрабанднага сьпірту, таму што вялікую колькасьць сьпірту вязуць бяз усякага дазволу.
    Апрача сьпірту ў вялікай колькасьці ўвозіўся адэкалён, але ужо на «законных падставах». Мясцовая публіка піла ў няўмерным ліку і адэкалён, вынікам чаго была сьмерць сакратара паліцэйскае ўправы. Але адэкалён, кіндэрбальзам і інш. атрымліваліся зноў такі галоўным чынам для стварэньня ўсякіх умоў.
    Занявольваньне іншародцаў, іх спайваньне, усякія “карысныя справы” ператваралі сьпірт у “вадкае золата” дзеля якога мясцовыя купцы здольны на ўсе. У выніку атрымліваўся рад крымінальных і грамадзянскіх працэсаў, героямі якіх зьяўляліся верхаянскія купцы.
    Усім гэтым парадкам дапамагае тое, што Якуцкая вобласьць зьяўляецца адсталаю краінай і ў гаспадарчых і ў адміністрацыйных адносінах. На паўночным усходзе яе яшчэ зусім пануе натуральная гаспадарка. Ва ўсёй Якуцкай вобласьці захавалася многае, панаваўшае ў Эўрапейскай Расіі да рэформы 60 70 гадоў мінулага веку. У руках спраўнікаў, засядацеляў (тут няма станавых прыставаў) сканцэнтраваны ўсе справы. У Верхаянскай акрузе, плошча якое складае 947,085 кв. вёрст, гэта значыць у два разы больш Францыі, поўным гаспадаром зьяўляецца адзін спраўнік. Калі ў 1912 годзе ў Верхаянскую і Калымскую акругі зьявіліся першыя міравыя судзьдзі, дык, пасьля таго як яны праявілі некаторую самастойнасьць, у іх са спраўнікамі пачаліся нелады. Ня гледзячы на тое, што гэта былі людзі з сувязямі ў Петраградзе, яны былі зьменены і заменены больш ужыўчывымі.

    Палітычныя ссыльныя прывучылі мясцовую публіку лічыцца з думкаю ссылкі, таму што звычайна ссыльныя шлюць карэспандэнцыю аб розных мясцовых справах і ствараюць мясцовую “грамадзкую думку”.
    — О, калі б ссыльных тут ня было, ды нашы тайоны (начальнікі) ня тое б з намі выраблялі, — неяк раз сказала мне адна якутка, якая, некалькі выдзялялася з агульнае масы, — яны вас пабайваюцца.
    Гэтаю боязьзю абумоўлівалася жаданьне мясцовых чыноўнікаў і купцоў жыць са ссылкаю ў мірных адносінах, а таксама прыняцьце імі на сябе “лібэральнае маскі”. Трэба аддаць некаторым з іх справядлівасьць, што яны адыгрываюць гэтую ролю настолькі ўдала, што ім удаецца досыць доўга заставацца ня выкрытымі. Яны могуць пагутарыць і аб “прымусе краю”, і аб “карысьці для насельніцтва”, і аб тым, якія дрэнныя расійскія парадкі, а потым паціху дакажуць.
                                                                                    X
                                                                          ССЫЛЬНЫЯ.
    Ссылка ў Сыбір пачалася амаль адначасова з далучэньнем Паўночнай Азіі да Маскоўскае дзяржавы.
    Чым далей на поўнач і ўсход пранікалі атрады казакаў, тым прасторней рабілася вобласьць, у якую адпраўлялі з Масквы “дзяржаўных злачынцаў”.
    “Масквічы, прыродныя служылы і ўсякіх чыноў людзі бязьвінна з Масквы ў Сыбір паразасланы, многія памучаны і паліцамі пабітыя, і у вадзе патоплены, а іншыя ў Сыбіры паміж гор у прорвах разьмеркаваныя”, гаворыцца ў чалабітнай псковічаў пададзенай Аляксею Міхайлавічу.
    Верхаянская акруга пачала насяляцца ссыльнымі амаль адначасова з заснаваньнем у ім першага казачага астрогу.
    З дзекабрыстаў, сасланых у Якуцкую вобласьць, А. А. Бестужаў (Марлінскі) і Чарнышоў былі ў Якуцку, а М. А. Назімаў у Сяр. Калымску; у Верхаянскай акрузе маглі быць дзекабрысты сёмага і восьмага разрадаў, але хто іменна — я дасьледаваць ня мог.
    Што датычыцца пазьнейшых ссыльных, то аб іх і ў літаратуры ёсьць дастаткова паказаньняў, і насельніцтва Верхаянску захавала шмат успамінаў.
    Першым “дзяржаўным” ссыльным у Верхаянску, якім захоўвалася памяць у мясцовых жыхароў, быў вядомы этнограф Іван Аляксандравіч Худзякоў, які прыцягваўся па справе Каракозава (замах на Аляксандра ІІ 4 красавіка 1866 г.). Згодна прысуду ён атрымаў ссылку на катаржныя работы, якія былі заменены ссылкай у Верхаянск. Худзякоў жыў у Верхаянску з 1867 па 1875 год, калі быў адвезены ў Іркуцк, дзе і памёр у 1877 годзе ў больніцы вар’ятаў.
    У сваё быцьцё ў Верхаянску Худзякоў займаўся зьбіраньнем этнаграфічных матэрыялаў аб якутах і ім зложаны “Верхаянскі зборнік”, выдадзены праз 13 год пасьля яго сьмерці Ўсходне-Сыбірскім аддзелам імпэратарскага расейскага геаграфічнага таварыства. Магчыма дапушчаць, што ў яго меліся і іншыя працы аб Верхаянскай акрузе, але яны, відаць, былі згублены ў канцылярыі іркуцкага губэрнатара.
    Пасьля Худзякова, першым і зноў адзіным ссыльным быў, відаць, Н. Н. Нікалаеў, які быў прыцягнуты па справе нечаяўцаў і адбываў катаргу. У Верхаянску ён быў паселены ў 1877 годзе; у 80-х гг. ён пераехаў у Амурскую вобласьць. У насельніцтва не захавалася аб ім ніякіх успамін.
    Адным з наступных ссыльных быў Міхась Марозаў. У № 1 “Народной Воли” ёсьць жудаснае апавяданьне аб яго прыезьдзе ў Верхаянск,
    Адседзеўшы ў турме у канцы сямідзесятых гадоў, 4 месяцы за распаўсюджваньне забароненых кніжак, Марозаў паехаў да сябе на бацькаўшчыну ў Харкаўскую губэрню, дзе атрымаў пасаду валаснога пісара. “Тутака яго зноў арыштавалі і адміністрацыйна адправілі ў Верхаянск. Марозаў са сваімі праваднікамі ехаў спачатку ў чоўне, але хутка іх захапіла зіма і прышлося схаць верхам; у Марозава ад раматусу распухла нага; ехаць далей ён ня мог, а застанавіцца і перачакаць ня было дзе — наўкола мёртвая глуш і пустэча. Станцыя ад станцыі знаходзіцца вёрст за 100-150... З распухлаю нагою Марозаў быў прымушаны працягваць сваю дарогу ў мяшку, падвешаным на сядле. З другога боку сядла для раўнавагі, быў прывязаны мяшок з харчамі. Але хутка стала немагчымым ехаць нават і такім чынам. Давялося паўзьці на стромкую гару, пакрытую сьнегам і лёдам, пры лютым марозе і палкім ветры з Ледавітага акіяну. Кожны ўзброіўся парай шастоў; утыркнуўшы адзін з іх у сьнег, ставіў на яго нагу. Выцягнуўшы за гэтым першы, утыркаў яго яшчэ вышэй і г. д. Узьбірацца інакш было зусім немагчыма. Можаце сабе ўявіць у якім становішчы Марозаў быў дастаўлены на месца прызначэньня”.
    Да гэтага расказу я магу дадаць, што праз некаторы час па прыезьдзе у Верхаянск Марозаў памёр.
    У ліку першых ссыльных былі таксама: Барысаў (служачы адэскае гарадзкое ўправы, высланы Тотлебеным), Царэўскі, Зак, Вацлаў, Серашэўскі, С. А. Стопані, В. П. Арцыбушаў, Е. Пятр. Аляксандрава, Ліон і француз Люно.
    Царэўскі быў прызначаньг ў Верхаянск пасьля пабегу ў 1878 г. з Влагодзкае губэрні, а Зак у 1879 г, з Енісейску, дзе яны былі ў адміністрацыйнай высылцы.
    Вацлаў Серашэўскі — вядомы пісьменьнік — прыбыў у Верхаянск згодна пастановы вайсковага суду. Калі яму было 19 гадоў, ён быў арыштаваны за ўдзел у варшаўскіх сацыялістычных гуртках і пасаджаны быў у цытадэль. 30 чэрвеня 1879 году ён прыняў удзел у непарадках, наладжаных вязьнямі з прычыны сьмерці аднаго з іх, Бэта, які зрабіў спробу ўцякаць і быў на месцы застрэлены вартавым. Серашэўскі аказаў супраціўленьне, калі ім хацелі аўладаць, і кінуў у жандараў дошкаю, вагою ў 8 фунтаў... 10 ліпеня 1879 г. вайсковы суд прысудзіў Серашэўскага (як недасягнуўшага поўных гадоў) да 8 год катаргі. Пры канфірмацыі судовай пастановы варшаўскі генэрал-губэрнатар, граф Коцэбу, зьмякчыў асуджаным пакараньне — “на ссылку ў вельмі далёкія месцы Сыбіру”. В. Серашэўскі прабыў у Верхаянску да 1883 г., калі пасьля няўдалай спробы ўцякаць быў пераведзены на Енгжу (Калымская акруга), а потым у Якуцкую акругу. У часе прабываньня ў Якуцкай вобласьці ім напісана вялікая этнаграфічная работа “Якуты” і рад мастацкіх твораў, стварыўшых яго славу. Сярод верхаянскага насельніцтва ён заставіў успаміны, як добры каваль. (Цяпер В. Серашэускі зьяўляецца заўзятым фашыстам і прыхільнікам Пілсудзкага).
    У 1883 г. верхаянскімі ссыльнікамі была зроблена сьмелая, але няўдалая спроба ўцячы з гэтага гіблага месца, якое ахоўваецца прасторамі мацней за усякіх сьцен. Яны былі першымі інтэлігентнымі людзьмі, якія маглі блізка пазнаёміцца з гэтай краінай. Таму, нядзіўна, што яны досыць доўга пакладалі надзею на магчымасьць уцёку з Верхаянску. У гэтай спробе прымалі ўдзел: В. Серашэўскі, Царэўскі, Зак, Ліон, Люно, Арцыбушаў і Аляксандрава. Яны збудавалі човен каля гары Бурунук, вярстах у 3-4 ад гораду, і мелі на ўвазе, спусьціўшыся на ім па Яне, выйсьці у паўночны Лёдавіты акіян. Яны шчасьліва даплылі да вусьця р. Яны, але тут іх насьцігнула пагоня, якая была адпраўлена пасьля таго, як адзін якут. якога яны сустрэлі па дарозе, паведаміў паліцыі, што бачыў на Яне вялікі човен, поўны расейцаў. За гэтую спробу некаторых ссыльных, у тым ліку і Серашэўскага, перавялі ў Калымскую акругу.
    Гэта была, відаць, першая спроба ўцякаць з Верхаянску, хаця ў афіцыяльнай “хроніцы сацыялістычнага руху ў Расіі за 1878-1887 г. г.” паміж іншым, гаворыцца, што ў траўні 1880 г. з Верхаянску ўцёк Ахрэм Пыляеў і быў спайманы. Пры арышце ён аказаў узброенае супраціўленьне і быў асуджаны на 5 год турэмнага зьняволеньня. Але ні ў літаратуры, ні ў вестках, дадзеных мясцовымі жыхарамі, я не знайшоў падмацаваньня гэтых вестак. Магчыма, што Пыляеў зрабіў спробу ўцячы з дарогі, а не з самага Верхаянску.
    У 1884 г. адбылі на Кары свае тэрміны Парфіры Іванавіч Вайнаральскі і Сяргей Піліпавіч Кавалік і паселены: першы ў Верхаянскай акрузе, а другі— у самым Верхаянску. Пазьней Вайнаральскі таксама пераехаў у Верхаянск. Абедзьве гэтыя асобы адыгралі вялікую ролю ў эпоху “хаджэньня ў народ” у пачатку сямідзесятых гадоў. П. I. Вайнаральскі быў адным з самых выдатных людзей таго часу.
    “Калі яму было каля 17 год, ён за ўдзел ў маскоўскім студэнцкім руху 1861 г. быў высланы ў адну з паўночных губэрняў. У пачатку сямідзесятых гадоў ён зьвярнуўся з ссылкі на бацькаўшчыну ў Гарадзішчанскі павет Пэнзенскае губэрні, дзе быў абраны міравым судзьдзёй, але пратрымаўся нядоўга, таму што ня быў зацьверджаны сэнатам. Вайнаральскі не належаў ні да якога пэўнага гуртка, але быў блізкі са многімі гурткамі рэвалюцыянэраў таго часу. Па усім вобразе думак ён быў анархістам. “Сярод інтэлігенцыі будаваў ён майстэрні, друкарні, агентуры, у народзе — крамкі, заезныя двары, і розныя прытоны для прапагандыстаў”. Галоўная яго дзейнасьць прашла у Паволжы. Арыштаваны ён быў у Самары ў канцы чэрвеня 1874 г. пасьля таго, як абышоў з мэтай прапаганды Сызранскі, Карсуньскі і Стаўрапольскі паветы.
    С. П. Кавалік, які абвінавачваўся разам з Вайнаральскім, як адзін з галоўнейшых арганізатараў руху, стаяў на чале гуртка яго імя. У 1874 г. ён быў арыштаваны. Разам з іншымі абвінавачанымі па “справе 193-х” ён быў пераведзены у дом папярэдняга зьняволеньня ў Пецярбурзе, адкуль у красавіку 1876 г. ён і Вайнаральскі спрабавалі ўцячы.
    Асобнае прысутнасьць санату прысудзіла Вайнаральскага і Каваліка да 10 год катаргі, якую яны адбывалі да 13 кастрычніка 1880 г. у Барысаглебскай цэнтральнай катаржнай турме (Харкаўскае губэрні). а потым на Карэ, куды яны прыбылі ў канцы лютага 1882 г.
    Па прыбыцьці ў Верхаянскую акругу, “Вайнаральскі жыў у адным са стойбішч, дзе ў яго была ўласная юрта”.
    Пасяліўшыся ў Верхаянску, Вайнаральскі разам з Кавалікам сканцэнтраваў у сваіх руках гандаль, якім займаліся там палітычныя з мэтай канкурэнцыі мясцовым купцам. Але гэтае прадпрыемства хутка лопнула, і Вайнаральскі з купцоў зноў ператварыўся ў простага ссыльнага, пражываючага на дапамогу ад казны. У 1897 г. Вайнаральскі зьвярнуўся ў Эўрапейскую Расію.
    “У Расіі ён учыніў рэвалюцыйнае турнэ па галоўнейшых гарадох, зьбіраў моладзь, імкнуўся ўдыхнуць у яе пачынаўшую занепадаць, па яго думцы, веру ў рэвалюцыю і спадзяваўся зьвязаць у больш моцную арганізацыю раскіданыя рэвалюцыйныя гурткі”. Але, “не паспеў скончыць свайго аб’езду, ён раптоўна памёр у гор. Купянску, Харкаўскае губэрні” (у 1898 г.). С. П. Кавалік у 90-х гадох пераехаў з Верхаянску спачатку ў Іркуцк, а потым у Эўрапейскую Расію. Пражываючы ў Іркуцку, Кавалік прыняў удзел у навуковай экспэдыцыі ссыльных, арганізаванай на сродкі сыбіракоў для вывучэньня Якуцкага краю і ўплыву золатапрамысловасьці на быт якутаў. У верхаянскіх жыхароў засталася аб ім памяць, як аб найлепшым матэматыку.
    У дзевяностых гадох склад ссыльных мяняецца, наступае другая паласа ссылкі сюды (1890-1905 гг.), якая дала больш дэмакратычную публіку. Яна супадае з разьвіцьцём у Расіі рабочага руху і сацыял-дэмакратыі. Але апрача сацыял-дэмакратаў тут былі і прадстаўнікі пераходных груп — ад нарадавольства да сацыял-дэмакратыі, а таксама сацыялісты-рэвалюцыянэры; не пераставалі прыяжджаць і ўдзельнікі руху васьмідзесятых гадоў, адбыўшыя ўжо катаргу. Адбываецца падзел ссылкі на партыйныя групы, Сярод ссыльных гэтае паласы няма імён, якія зрабіліся гістарычнымі, як Вайнаральскі і Кавалік, але затое ёсьць шмат людзей, якія адыгрывалі не апошнюю ролю ў падзеях 1905 г. і наступных гадох.
    Як і іх папярэднікі, яны ў агульным пакінулі добрыя ўспаміны ў насельніцтва.
    У ліку пражываўшых тут у гэтыя гады былі: Карнелі Феліксавіч Баграноўскі, Ф. І. Цобель, Міх. Іван. Брусьнёў, Мар. Мік. Мандэльштам, А. С. Белеўскі, Е. А. Прэйс, С. А. Басаў, Цукер, Лур’е, Н. Е. Сьмірноў, Н. О. Белоў, К. Ф. Петкевіч, Віньнік, Левін, Гурчэнадзе, В. Д. Гуравы, Бабушкін, Швэцаў і іншыя.
   Баграноўскі і Цобэль зьявіліся ў Верхаянск у 1890 г., пасьля сьмелае спробы ўцячы з Якуцкае акругі, у простай якуцкай “ветке” ўніз па Лене. Праплыўшы каля 1500 вёрст, яны змаглі прабрацца і далей да Вусьць-Янску, дзе, здаецца, добраахвотна здаліся паліцыі.
    Ф. Цобэль быў высланы ў Якуцкую акругу адміністрацыйна.
    У 1896 г. Баграноўскі застрэліўся.
    Праяжджаўшы праз Верхаянск незадоўга перад гэтым Г. В. Цыпэровіч вось як апісвае і жыцьцё верхаянскіх ссыльных таго часу і самога Баграноўскага.
    “Жыцьцё нашых старых верхаянскіх таварышаў здавалася абцягнутай якойсьці імглістаю плесьняй. Рух іх быў вялы, безжыцьцёвы; надзвычайная нэрвовая стомленасьць адчувалася ў іх поглядах і размовах; і нават калі хто-небудзь з іх узбуджаўся, прыкметы нэрвовае змучанасьці былі відавочны ў кожным яго руху, у кожным слове. Былі сярод іх і такія загартаваныя, моцныя натуры, якія ўмудраліся захаваць у сябе ўсё, што адбывалася ў іх у душы. Але гэтая знадворная спакойнасьць, якая межавалася з філязофскім пагарджэньнем да недастач ссылкі, каштавала надзвычайных высілкаў, і часам зусім нечакана для акаляючых канчалася трагедыяй. Укажу, напрыклад, на аднаго з верхаянскіх ссыльных — Баграноўскага. Гэта быў прыгожы чалавек, высокага росту, з адкрытым правільным тварам, які пакрыўся пышнай русай барадой. Ён прабыў у ссылцы каля васьмі год і на дзіва добра захаваўся, так што староньняму наглядальніку магло здавацца, быццам ссылка пашкадавала яго, накіраваўшы ўсе свае ўдары на іншых. А між тым хутка пасьля майго ад’езду Баграноўскі застрэліўся. Ён насіў у сваёй душы нудную, трагічную загадку, якая была вырашана куляй». У ліку першых прадстаўнікоў сацыял-дэмакратаў у Верхаянску былі М. I. Брусьнёў і М. Н. Мандэльштам.
    Мартын Нікалаевіч Мандэльштам (Лядаў) аўтар “Гісторыі Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі”, быў арыштаваны ў Маскве ў жніўні 1895 г. па справе Маскоўскай сацыял-дэмакратычнай групы. У ссылцы ён быў разам з жонкай — Лідзіяй Паўлаўнай, якая працавала ў Верхаянску ў якасьці фэльчаркі.
    Ссыльныя і гэтай паласы высунулі са свайго асяродзьдзя некалькі чалавек, якія спрабавалі ўцякаць адсюль. На гэты раз быў выбраны шлях не на поўнач, а на поўдзень. Вясной 1904 году ссыльныя рабочыя Вінік, Левін і Гурчэнадзэ, купіўшы коні, адправіліся на іх па напрамку да Якуцку. У верхавіньні ракі Дулгалаху яны заблудзіліся. Іх харчовыя прыпасы хутка скончыліся, і ім прыйшлося цягнуцца па балотах і горах галоднымі. Аслаблыя і змучаныя, яны ўрэшце выбраліся на пэўную дарогу, але блізка Якуцку былі арыштаваны. Потым іх пасялілі ў Вілюйскай акрузе. Цяжка назваць гэтую спробу інакш, як шалёна сьмелай. Але пасьля яе ўжо нельга было больш марыць аб магчымасьці ўцячы з гэтай палярнай турмы. Балоты, дрыгвы, горы, рэкі і акіян пільнуюць яе лепш, чым жандары і турэмшчыкі.
    Падводзячы вынікі ссыльным, загінуўшым у Верхаянску з канца сямідзесятых гадоў па 1905 г., прыходзіцца назваць памерлымі тут: Марозава, Хазава, Стэпані, І. Б. Эдэльмана (утапіўся), Баграноўскага (застрэліўся), Швэцава (застрэліўся). Усе гэтыя ахвяры “верхаянскіх” умоў. Успомнім таксама І. А. Худзякова, звар’яцеўшага тут.
    Пасьля раманаўскае гісторыі (ў Якуцку ў 1904 г.), калі частка якуцкіх ссыльных рашыла выказаць супраціўленьне далейшай ссылцы ў Верхаянск і Калымск і дальнія улусы Якуцкае і Вілюйскае акруг, ссылка палітычных у гэтыя месцы часова спыняецца. Амністыі 1904 і 1905 гг. зварочваюць на бацькаўшчыну ўсіх, хто таміўся тут нявольных жыхароў, за выключэньнем некалькіх чалавек, рашыўшых застацца.
    Пасьля 1905 г. ссылка сюды аднаўляецца не адразу, а толькі ў 1907-1908 гг., і дае сьпярша людзей, галоўным чынам, з новымі “традыцыямі” і поглядамі. Спачатку некалькі чалавек “дзялкоў” з новых ссыльных самі просяцца, каб іх адпраўлялі ў Калымск. Пасьля гэтага ўжо бяз усякай просьбы пачынаюць пасылаць у Калымск і Верхаянск галоўным чынам асоб, замешаных у розных экспрапрыятарскіх гісторыях; пераважаюць так званыя беспартыйныя і анархісты. Аб гэтай трэцяй паласе ссылкі ў насельніцтва складваецца іншае ўяўленьне, чым аб першых двух. Тых асьцярожных адносін к дэмакратычнаму слою насельніцтва, якім вызначаліся ссыльныя першых дзьвюх палос, у гэтых ссыльных ня было. З іх асяродзьдзя высунулася адразу некалькі чалавек, якія на першы плян паставілі нажыву. Сваім імем “дзяржаўных”, “палітычных” ссыльных яны карысталіся для таго, каб прыкрывацца ім і лепш абстаўляць розныя махінацыі. Некаторыя з іх былі нікчэмнымі шулерамі, іншыя — проста хуліганамі і нарэшце — злодзеямі. Пачаўся рад скандальных гісторый.
    Але з 1911 г. у Верхаянску і Калымску зьяўляюцца людзі, якія зноў уносяць у жыцьцё ссылкі іншы дух і адмоўныя адносіны да спосабу жыцьця і да поглядаў сваіх бліжэйшых папярэднікаў.
    Новы ўздым рабочага руху дае ссылцы новых людзей. Гэтыя новыя элемэнты дапамагаюць падзелу ссылкі на паасобныя групы. Разьмежаваньне вызначаецца на першых парах не партыйнасьцю, а перш за ўсе паводзінамі ссыльных і адносінамі да насельніцтва. Хаця хутка, асабліва ў тых мясцох, дзе ссыльных шмат, на групоўку аказвае вялікі ўхіл і партыйнасьць. Але ва ўсякім разе характэрнай рысай гэтага пэрыяду зьяўляецца вядомае збліжэньне сацыял-дэмакратаў і сацыялістаў-рэвалюцыянэраў у процівагу анархісцкай і беспартыйнай масе. Гэтаму падзелу спрыяе і прыход у ссылку ссыльнапасяленцаў і адбыўшых катаргу, сярод якіх адбываецца таксама расслаеньне, як і сярод адміністрацыйных ссыльных.
    У часе майго прыезду я застаў тут пяць чалавек ссыльных; лічачы ж і нас, прыехаўшых у чэрвені 1912 г., усяго было дзевяць чалавек. Апрача гульца Г-она, да нас было яшчэ трох рабочых і адзін студэнт.


    Наш прыезд супаў з рэзкім падзелам ссыльных на дзьве групы: у адной былі Г-он, Кацельнікаў, грузін Г. і яшчэ адзін з старых ссыльных, рабочы, з сымпатыямі да анархізму; другую стварылі ўсе астатнія, у тым ліку і я. Параўнаўча хутка адзін з членаў гэтае групы быў пераведзены ў Якуцк, і нам прышлося жыць у чацьвярых.
    Аб’ядналі нас перш за ўсё адмоўныя адносіны да спосабу жыцьця п. п. накшталт З. К-скага і Кацельнікава, да збліжэньня з чыноўнікамі і купцамі.
    Што датычыцца нашых поглядаў наогул на жыцьцё і на грамадзкі рух, то яны былі надта далёкія ад адзінства. Усе мы былі людзі зусім розныя і па разьвіцьці, і па сваім мінулым, і па поглядах на будучыню.
    Часта, калі хацелася перакінуцца словам з жывым чалавекам і мы зьбіраліся разам, выяўлялася, што агульнага ў нас мала, што інтарэсы і запатрабаваньні ў нас розныя. Прыходзілася тлумачыць ці аб мясцовых дробязях, ці тлумачыць азбучныя ісьціны. Зьвернесься пасьля такое гутаркі да сябе ў юрту і вастрэй адчуеш сваю адзіноту. Сказвалася і тое, што ў кожнага з нас было шмат “неадкладных” спраў па гаспадарцы, якія нэрвавалі і адымалі шмат часу. І мімаволі гутарка пераходзіла на тэму аб розных недастатках у гаспадарцы, аб тым, як абрыдла вазіцца з імі і г. д.
    У дваіх членаў нашае групы зусім ня было аніякіх ведаў ня толькі па грамадзкіх пытаньнях, але і самых першапачатковых. Неабходна было дапамагчы ім. Шмат разоў рабілі спробы займацца, але і тутака атрымалася мала карысьці. Праўда, з адным з іх заняткі больш ці менш наладзіліся, але пасоўваліся марудна. Пры занятках і гутарках часта даводзілася пераконвацца, што гутарка вядзецца на розных мовах. Разам з тым мімаволі ставіў сабе запытаньне: “ну, а навошта ўсе гэта?” Так няясны былі імкненьні і жаданьні і ў гэтых лепшых людзей, якія нас акружалі, агульныя абставіны дзейнічалі на іх надта моцна, і было ясна, што ім надта цяжка змагацца супроць заняволеньня імі. Недастача ўражаньняў, няўменьне карыстацца кнігай, адсутнасьць звычкі да газэты і часопісу, а галоўнае — бязрадаснасьць акаляючых абставін стваралі ў іх надзвычайна цяжкае нэрвовае становішча. Адносіцца да нас як людзей здаровых, нармальных, было нельга. Асабліва цяжка яны перажывалі доўгую ноч і даўгі дзень, Адзін з іх у гэты час бадзяўся, не лажыўся спаць, часам па некалькі сутак, з самымі хмурнымі плянамі ў галаве. Ён адчуваў, што жыцьцё яго зломана, што ён закінуты кудысьці ў асяродзьдзе, аб якім яму і ня сьнілася. На яго наваліліся якіясьці новыя погляды, якія яго кудысьці цягнулі, але разабрацца ў іх ён ня мог. То старое, што заставалася за ім, таксама малявалася яму ў двайным асьвятленьні: яму і агідна было глядзець на яго і разам з тым яно сваім спакоем, адсутнасьцю трывог, магчымасьцю ня думаць маніла яго.
    Трэці член нашае групы таксама ня мог быць названы чалавекам з цалкам здаровымі нэрвамі. Ён глыбей, чым усе астатнія ссыльныя, уваходзіў у мясцовае жыцьцё. Па сваім характары і поглядам ён ня мог зьліцца з абывацелямі, але і ня мог жыць здалёк хоць бы і ад гэткага жыцьця. Гэта падвышала яго нэрвознасьць.
    Абставіны асяродзьдзя рабілі сваю справу. Нэрвознасьць дапамагала разьвіцьцю падазронасьці. А так хацелася скласьці простыя адносіны, дзе ня было б месца заднім думкам і западазронасьці.
    Але часам стрыманасьці не хапала і ў каго-небудзь прарывалася рэзкае слова, які-небудзь рэзкі гест, і ўзьнікала “гісторыя”. Але ж гэта былі адзіныя людзі, з якімі магчыма было знайсьці хоць што-небудзь агульнае. Са зносін з імі стварылася мясцовае жыцьцё; а яно накладвала такі глыбокі сьлед на нас усіх. Нельга было забыць, што самым разважным зьяўляецца зьнішчэньне непаразуменьняў і дробязей.
    І ўсьлед за “гісторыяй” надыходзіла заміраньне, часам ня хутка, але ўсё прыходзіла. Мабыць цяжка, нудна і сумна было перажываць гэтыя “гісторыі”, але проста ігнараваць іх нельга было. Так жылі мы, людзі зусім розныя, якія сталі “прыяцелямі мімаволі”.
    Было ясна, што ў сутнасьці кожны жыве сам па сабе; што немагчыма дасягнуць збліжэньня, якога хацелася, што трэба ўваходзіць яшчэ глыбей у самога сябе, але абысьціся адзін бяз другога мы не маглі, і, ня гледзячы на ўсё, нас цягнула аднаго да другога. Але ўсе такі наогул мы бачыліся рэдка; часам па цэлым тыдням прыходзілася быць аднаму.
    Чым больш працягвалася такое жыцьцё, тым мацней станавілася патрэба ў размове з чалавекам, з якім было б больш кропак датыканьня. Некалькі разоў праяжджалі праз Верхаянск ссыльныя з Калымску, сярод якіх часам трапляліся цікавыя людзі. Калььмскія ссыльныя былі нашымі самымі блізкімі суседзямі. Хаця Якуцк ад Верхаянску бліжэй, чым Калымск, але больш падобныя ўмовы аб’ядналі нас іменна з калымскімі ссыльнымі. Па агульных завярэньнях калымскіх ссыльных, умовы жыцьця ў Калымску лепшыя ад Верхаянскіх. Цікава, што ў Калымску адчуваецца... дыханьне Амэрыкі, праўда, надта далёкае, але ўсё ж такі адчуваецца. У р. Калыму часам заходзяць амэрыканскія шхуны; у калымскіх купцоў ёсьць справы з амэрыканцамі. Апошнія вядуць вялікі гандаль на суседнім з Калымскай акругай Чукоцкім паўвостраве. Жыцьцё ссыльных у Сярэдне-Калымску ішло некалькі інакш, чым наша. Там ссыльныя бліжэй увайшлі ў жыцьцё мясцовых жыхароў, чым мы. Яны лічылі магчымым некалькі іншыя адносіны.
    Прыезды калымскіх ссыльных абуджалі нас, уносілі разнастайнасьць, і неяк цяжка было разьвітвацца з некаторымі з іх.
    Але і гутаркі з гэтымі мімалётнымі гасьцямі не давалі таго, чаго хацелася. Было так шмат пытаньняў, цікавых і палкіх; яны стаялі і патрабавалі абгаварэньня. Нарэшце, проста хацелася гутаркі, за якою магчыма было адчуваць сябе лёгка.
    Незадоўга перад гэтым мы ўсе перажылі досыць напружанае становішча. Гэта быў час чаканьня маніфэсту 21 лютага 1913 г. Сярод ссыльных было шмат надзей наконт яго; у нас яны ня былі моцнымі, але ўсё ж у некаторых варушылася думка “а калі”...? Але, нарэшце, у сакавіку мы даведаліся аб яго зьмесьце, і аказалася, што ў адносінах да двух членаў нашае кампаніі, якраз тых, якія больш за ўсіх спадзяваліся вярнуцца і больш хваравіта ад усіх пераносілі жыцьцё ў Верхаянску маніфэст ня быў ужыты.
    Цяжка было глядзець на іх і, асабліва на майго спадарожніка па дарозе сюды Б., які быў адным з гэтых нешчасьліўцаў. Відаць, у вачох расейскага ураду гэтае напалову дзіцянё, якое прызнавалася мне, што ён раней думаў, што “эсдэкі” і “сацыял-дэмакраты” — дзьве розныя партыі, які прывёз з сабою ў ссылку эвангельле, якое яму падарылі ў школе, быў надта стратным чалавекам, калі яго паслалі так далёка і нават пабаяліся паскорыць на адзін год яго прыезд на бацькаўшчыну. Праз некаторы час другі “нешчасьлівец” быў пераведзены ў лік “шчасьліўцаў” і мы пачалі называць Б. “самым страшным злачынцам”.
    Хутка, вясною таго ж году, у Верхаянск прыехаў ссыльнапасяленец, адбыўшы катаргу. Гэта быў чалавек з зусім разьбітымі нэрвамі.
    Доўгі дзень абвастрыў нэрвовае становішча ва ўсіх нас. Дастаткова было нашаму становішчу крыху ўскладніцца, як пачалася бязглуздая “гісторыя” найбольш хваравіта адбіўшаяся зноў на тым жа Б. Расказваць аб гэтай “гісторыі” я ня буду; гэта была адна з тых звычайных ссыльных гісторый, у якіх якая-небудзь дробязь і непаразуменьне, набываюць, у сілу выключных умоў, пераўвялічанае значэньне. Людзі са здаровымі нэрвамі ў нармальных абставінах могуць ліквідаваць падобную “гісторыю” ў некалькі гадзін, а тут на гэта часам патрабуецца месяцы, а то і гады. Зжылі і мы сваю гісторыю, але абышлася яна нам дорага: двое дайшлі да таго, што абамлелі і ператварыліся ў паўсьвядомых людзей, а адзін быў недалёка ад самагубства.
    Потым у Якуцку мне давялося сустрэць аднаго з тых, хто ў гэты час зьдзіўляў сваёю ненармальнасьцю. Гэта быў зусім другі чалавек. Дастаткова было папасьці яму ў некалькі лепшыя ўмовы і ён ажыў.
    Зразумела, што ва ўсіх нас верхаянскія і мясцовыя справы выклікалі агіднасьць да іх і мацнейшае жаданьне пазбавіцца хутчэй ад іх і перабрацца бліжэй да Якуцку. Але зрабіць гэта было ня так лёгка, асабліва тым, хто быў на асобным становішчы. Трэба было чакаць; хацелася бачыць людзей, шмат якім хацелася забыцца. І тое, што раней перашкаджала збліжацца з жывучымі радам людзьмі, перастала ўжо здавацца такім, як раней. Пачаліся спробы знайсьці людзей, з якімі магчыма было б сказаць слова. Зразумела, што і ў асяродзьдзі нашае групы паасобныя члены яе збліжаліся шчыльней з людзьмі, найбольш падыходзячымі адзін да другога. Але гэтага было не дастаткова.
    Я ўжо казаў, што сярод мясцовых жыхароў былі некаторыя выключэньні і, зразумела, у нас зьявілася жаданьне бліжэй з імі пазнаёміцца. Але нават не знаходзячы сардэчных адносін да сябе, часам мы ішлі да некаторых з абывацеляў проста таму, што ня ведалі аб іх нічога асабліва дрэннага. Такое было вялікае запатрабаваньне ў людзях. Але такія наведваньні не задавальнялі, а толькі павялічвалі яе, зноў напружана чакалі, калі ж, калі магчыма вырвацца адсюль?
    Доўгая палярная ноч абвастрала гэтае напружанае становішча. Балюча было даведвацца, як некаторыя з ссыльных пачыналі шукаць і іншых спосабаў забыцьця... Такім трэба было дапамагчы, але што можна зрабіць, калі ўсе акаляючыя абставіны штурхаюць чалавека ў вызначаны бок, і сам ён слабы?
                                                                             XI
                                                                         ЗВАРОТ.
    Чым бліжэй надыходзіў канец ссылкі, тым мацней хацелася хутчэй выбрацца з гэтага гіблага месца.
    Дні даўно ўжо былі зьлічаны, але яны так марудна зьмяншаліся ў ліку. Неяк ня верылася, што прыйдзе, нарэшце, дзень, калі магчыма будзе крануцца з Верхаянску.
    Мой тэрмін канчаўся ў чэрвені. Я ведаў, што калі я ня выеду адсюль да веснавога бездарожжа, то мне прыйдзецца прабыць у Якуцкай вобласьці звыш тэрміну. Я зрабіў адпаведную заяву спраўніку і праз некаторы час атрымаў паведамленьне, што мне дазволена выехаць з Верхаянску ў красавіку, з тым, каб дачакацца канца тэрміну ў Якуцкай акрузе.
    Цяпер ад’езд перастаў здавацца чымсьці нязбытным і магчыма было пачаць рыхтавацца да яго. Неўзабаве трэба было запасьціся цёплым адзеньнем, наладзіць павозку, нарыхтаваць для дарогі харчоў.
    Адміністрацыйным ссыльным неабходная для дарогі вопратка выдаецца ад казны. Але ў “казьне” запасных рэчаў няма, а ў Верхаянску цяжка дастаць што-небудзь нават з рэчаў, зробленых з аленевае скуры; за гэтым знайсьці ўсё неабходнае было ня так лёгка.
    Павозку мне на дарогу даў адзін з чыноўнікаў і заставалася толькі нарыхтаваць харчы. Я ўжо ведаў, што па дарозе да самага Якуцку я не змагу нічога купіць. На працягу некалькіх дзён я варыў павялічаную порцыю крупніку і, выліўшы яго ў талеркі, замарожваў. Такім чынам у мяне назапасілася некалькі кругоў “лёдавага крупніку”, таксама я зрабіў і з малаком. Хлеб і мяса былі замарожаны даўно.
    Усё што абрыдла, раздражняла, зараз адыходзіла. Адчувалася, што ўсе гэтыя ўмовы, якія пераносілі ў іншы сьвет, хутка будуць у мінулым, што ўжо недалёка новы пэрыяд жыцьця, на якім адаб’ецца толькі што перажытае. Было ясна, што жывучы думкамі, атрымліваючы так мала вестак аб бягучым жыцьці ў культурных месцах, нельга не адстаць. Зусім ясна стала таксама і тое, што не адразу пазбавісься ад тае меры часу, якая выпрацавалася тут; што скажацца і звычка да адзіноцтва. Нельга было сумнявацца што скончаны гэты доўгі кашмарны сон, што пачынаецца абуджэньне, зварот да жыцьця, але зьвярнуцца прыйдзецца ўжо некалькі іншым. Ці будзе гэтая перамена да лепшага, ці зробіш за гэты час крок уперад ці назад? Ці зможаш быць такім, якім быў раней?
    Аднолькавыя ўмовы выклікаюць аднолькавыя думкі. Успомніліся тыя трагедыі, аб якіх гаварылі могілкі ссыльных. Станавілася зразумелым самагубства тых, у каго тэрмін ссылкі ўжо канчаўся. “Гады, праведзеныя тут, здымаюць жыцьцё, у лепшым выпадку яны калечаць чалавека. Ня дзіва, што іншы, падводзячы вынікі, прыходзіць да сумных вывадаў, калі бачыць спусташэньне, праробленае ў ім жыцьцём у ненармальных умовах.
    З-за гэтых скаваных марозам бязьмежных прастораў выглядвае сьмерць, і ўсім, мімаволі трапіўшым сюды, прыходзіцца глядзець ёй у вочы. І шчасьлівы той, хто, паглядзеўшы ў яе твар, знойдзе ў сябе водгук таму закліку жыцьця, які прыходзіць да яго з весткаю аб магчымасьці зьвярнуцца.
    Такім шчасьліўцам лічыў я сябе, і былі зразумелы тыя нуда і зайздрасьць, з якою глядзелі на мае зборы тыя, каму належала пражыць тут яшчэ некалькі гадоў.
    Незадоўга перад маім ад’ездам наша група зноў зажыла больш шчыльным жыцьцём, зьнішчыўшы ўсе непаразуменьні. Адчувалася, што ўсё перажытае зрадніла нас, што жыцьцё тут навучыла цаніць у людзей тое, што, мабыць, раней некаторымі з нас адкідвалася як лішняе, непатрэбнае.
    Адчувалася і тая непрыкметная сувязь, якая наладзілася тутэйшымі людзьмі і прыродаю.
    Стары Апанас пачаў усё часьцей да мяне заходзіць. Прыйдзе, пасядзіць, памаўчыць і скажа:
    — Ну, вось, ты ад’яжджаеш. А я то як? Добра мы з табою жылі. Буду ўспамінаць цябе, і старая мая ўсё гаворыць аб табе. Шыбка шкадуе.
    І ў твары Апанаса і яго старой сьвяцілася тое добрае, што адбівае шчырасьць. У гэтых прыгнутых да зямлі, замытараных маразамі і недастачай людзях праявілася тое, што звычайна захавана там, дзесьці глыбока за бязьмежнымі штодзённымі трывогамі і клопатамі. І я адчуў, што яны сталі для мяне ўжо не такімі далёкімі, якімі былі раней.
    Прыходзілі разьвітацца і іншыя якуты і якуткі і неяк па-іншаму гаварылі. Яны ведалі, што ня ўбачаць мяне больш ніколі, і ў іх адкрывалася тое, што было звычайна схаваным.
    І мімаволі думка пераходзіла на перажытае і перадуманае тут, у гэтай маленькай, цёмнай юрце. І яна сама ўжо не здавалася такой чужой, як раней: у ёй заставалася штосьці сваё, блізкае.
    І гэтыя невысокія горы і раўніна, занесеная сьнегам з замёрзлай Янай і з зямлёй, якая трэскалася ад марозу, ня былі чужымі. І яны паклалі штосьці сваё, і адчувалася, што шмат разоў прыйдзецца ўспомніць аб іх. І тое, што ў іх адштурхоўвала раней, калі яны зьяўляліся для мяне турэмшчыкамі, кудысьці зьнікла. Яны быццам казалі, што гэта не яны, а людзі былі катамі, што адымалі жыцьцё.
    Надышоў дзень ад’езду. Мая юрта напоўнілася праважаючымі. Раздаю непатрэбныя рэчы. Апранаюся ў дарожнае адзеньне і адразу адчуваю сябе, як у лазьні. У дарогу я надзеў зьверх звычайнага адзеньня ватныя нагавіцы, дзьве пары заячых панчох, аленевыя камусы (боты, зробленыя з хутры з ног аленя), хутра, потым куклянку (так завецца адзеньне, якое сшыта або з падвойнай аленевай хутры з капюшонам і без разрэзу сьпераду, якое надзяецца праз галаву, або аднаго раду хутры, пакрытага другім радам аленевай замшы — таксама з капюшонам; у мяне была другая), аленевую шапку і вялікія заячыя рукавіцы.
    Алені ўжо пад’ехалі; яны запрэжаны ў павозку, у якую паверх сена пакладзены дзьве аленевыя скуры і падушка.

    Разьвітаньне скончана. Саджуся ў павозку; Апанас ахутвае мяне заячай коўдрай. Алені шмарганулі, мільганулі твары таварышаў і іншых праваднікоў, і — “бывай Верхаянск”.
    Яшчэ раз зірнуў на верхаянскія юрты, на горы, і зноў у глыбіні заварушылася штосьці падобнае да пачуцьця жалю. Але вось мы выехалі на дарогу, пераехалі праз Яну — і ўжо за межамі Верхаянску. Вячэрняя зара асьвятляла неба. Чырвоныя і ружовыя колеры зьмянялі адзін другога, а сьнег адбіваў іх. Там, куды заходзіла сонца, быў яшчэ дзень. Там было і жыцьцё, там тое, што даражэй за ўсё. Раптам ўявіў я сябе зноў у юрце, у старых абставінах. І такім мізэрным, паказалася мне жыцьцё тут. Такім жахам павеяла ад думкі апынуцца зноў у падобных абставінах, што адразу зьнік і той цень жалю, які толькі што прамільгнуў. Захацелася як мага хутчэй туды, на паўднёвы захад, дзе сапраўднае жыцьцё.
    А алені ўсё беглі і беглі. Надышла ноч. Перад вачыма на поўдні зьзяў Юпітэр. У паветры паказалася туманная дымка ад марозу. Хаця быў пачатак сакавіка, але ўночы маразы даходзілі да 50°С. Так павінна было быць і на гэты раз. Я даўно ўжо перастаў адчуваць сябе, як у лазьні, і не адчуваў цяжару, як сьпярша, калі надзеў на сябе ўсю хутравую браню. Прыходзілася ўжо папраўляць сям-там коўдру, якая злазіла. Закрывацца полагам у павозцы мне не хацелася: такою прыгожай здавалася ноч і паветра, так хацелася глядзець уперад.
    А алені ўсё беглі ды беглі. Раздаваліся характарны стук іх рагоў і лёгкае шлёпаньне капытоў ды крыкі каюры (фурмана), яка ехаў на пярэдняй нарце. Каюра то памахваў доўгай тычынай, з дапамогаю якое кіраваў аленямі, то біў ёю аленяў, то адразу саскокваў і бег наўперадзе іх. Здавалася, ня было хвіліны, каб ён заставаўся супакоены. Апрануты ён быў сьпярша лёгка — у кароткае аленевае паліто.
    Але вось і каюр надзеў зьверх паліта куклянку. Трэба было выцягваць рукі з-пад коўдры і адціраць нос. Мароз пачынаў патрабаваць, каб на яго зварочвалі больш увагі. Ён паступова залазіў усюды, але выклікаў у мяне толькі бадзёрасьць. Так радасна было на душы — нарэшце ж еду!
    Хутка і лёгка сьлізгаліся нашы нарты і павозкі, і адразу магчыма было ацаніць іх перавагу пры мясцовых умовах перад звычайнымі санямі. Галоўная каштоўнасьць нарты — гэта яе лёгкасьць і, калі так можна выказацца, гібкасьць. Для коней тут зімою нельга дастаць харчоў, а алені ня маюць сілы цягнуць цяжкія сані ці “кашавы”, лёгкія ж нарты маюць на ўвазе сілу аленяў. Сьнягі тут неглыбокія, часта прыходзіцца ехаць па рэчышчах рэчак, у якіх ляжыць шмат валуноў. Ня маючыя ў сабе ніводнага цьвіка, умацаваныя рэменем і драўлянымі шыпамі, на тонкіх бярозавых палазах, нарта лёгка пераскоквае праз тонкае каменьне і карчы, на якіх нашы сані напэўна б зламаліся. Наскочыўшы на камень ці корч, нарта загібаецца, прымае які толькі можа стан і застаецца цэлай.
    Але простая нарта бяз верху, якую даюць фурманы на станцыях, для язды ўсё ж такі нязручна, зручней і цяплей ехаць на нарце, на якой зроблены верх, абцягнуты парусінаю ці сукном, а часам і абшыты аленевай скурай. Некаторыя запасьлівыя людзі ўхітраюцца ставіць у такую павозку нават невялічкую жалезную печку. Павозка, у якой я ехаў, была некалькі нязручнай для язды на аленях — гэта была “сабачая нарта”, гэта значыць павозка, прыстасаваная для язды на сабаках. Яна вузейшая і ніжэйшая за аленевую павозку.
    Зрабілі прыпынак, заехалі ў юрту да якутаў, якія там жылі. Напіліся чаю. Я даў якуюсьці дробязь гаспадарам за клопаты. Казак, які са мною ехаў, пачаў пратэставаць:
    — Для чаго ім даваць? Гэта ў нас ня ў звычаі.
    — Але ж мы разбудзілі іх і іх дзяцей сярод ночы?
    — Вось яшчэ саромецца з імі!
    Едзем далей. Мароз стаў мацней, прыходзіцца паціскацца. Але вось і станцыя Балінская, першая ад Верхаянску, да якое лічыцца 60 вёрст. Цяпер мы праехалі гэту адлегласьць у некалькі гадзін, а летам ехалі амаль ня двое сутак.
    Калі я вылез з павозкі, то ўбачыў над гарою, каля якое стаяла станцыйная юрта, палярнае зьзяньне. Гара была досыць высокая і за гэтым само зьзяньне здавалася вышэй, чым я прывык яго бачыць звычайна. Яно было ў самым распале. Яго праменьні высока ўздымаліся, загараліся ружаватым агнём. Гэта было апошняе зьзяньне, якое я ўбачыў у яскравай форме яго.
    Але вось аленяў гоняць з лесу, дзе яны звычайна ходзяць і шукаюць ягель. Іх статак прыбег да станцыі. Застаецца загнаць у загон і выбраць са статку некалькі штук. Алень на волі прыгажэйшы ад аленя ў запрэжцы. Асабліва прыгожы самкі аленя — важанкі, з іх больш тонкімі, складнымі нагамі і рагамі.

    Едзем зноў. Едзем днём і ўначы. На станцыях застаёмся толькі для таго, каб перамяніць аленяў і закусіць. Там, дзе аленяў чакаць доўга, варым абед, ці лепш сказаць, распускаем свой лёдавы крупнік. Сьпім у павозках у часе язды. Пасьля двух сутак дарогі гэта ўжо не здавалася цяжкім. Праўда, заснуць было лягчэй днём, чым уначы. Па начох не даваў спаць мароз. Толькі пачнеш забывацца, як ужо адчуваеш, што мерзнуць рукі, ці ногі. Пачынаеш варочацца, вылазіш з павозкі, бяжыш.
    Нагрэўшыся, закручваесься ў коўдру, спадзяесься заснуць, але ня тут то было. Як быццам няма і коўдры, няма ўсяе хутравое броні, і адчуваеш, што мароз забраўся скрозь. Ахопліваюць дрыжыкі, і ўжо ня думаеш ні аб чым іншым, як толькі аб тым, каб хутчэй дабрацца да станцыі. Але станцыя далёка, і алені змарыліся. Толькі ў пачатку зімы пасьля летняга адпачынку алені бягуць надта хутка; у канцы ж яе яны змучаны, і каюр іх увесь час б’е. Ён пільна глядзіць, каб у пярэдняй нарце беглі найменш стомленыя алені, і часта перапрагае іх. Усе нарты зьвязаны адна з другой рамянямі, і пярэдняя пара аленяў прымушае бегчы ўсіх. Але вось які-небудзь алень ня можа бегчы і падае. Пачынаецца біцьцё яго да таго часу, покуль ён ня ўстане. Часам бываюць агіднейшыя сцэны. З намі ехаў адзін верхаянскі купец, які ва ўсіх падаўшых аленях западозрываў гультаёў і з якімсьці запалам зьбіваў іх. Цікавы, між іншым, спосаб, якім тунгусы — каюры звычайна тунгусы — падымаюць упаўшых аленяў. Паспрабаваўшы ўсе ўдары, у тым ліку самыя жорсткія, каюр хапае аленя за ногі і пераварочвае на сьпіну. Жывёла пачынае біцца і хутка ўстае.
    Але вось пераехалі некалькі невялікіх хрыбтоў, з верхавін якіх разгортваліся грандыёзныя сьнежныя карціны. Спераду нас віднеўся Верхаянскі хрыбет, аддзяляўшы нас ад поўдня. Хацелася хутчэй быць там. Але было яшчэ далёка.

    Нарэшце задзьмуў мацнейшы паўднёвы вецер, які ўсё ўзмацняўся і ўзмацняўся. Мы былі ўжо блізка ад Верхаянскага хрыбта і нам патрэбна было праехаць праз адно міжгор’е. Праз гэта міжтор’е прарываўся вецер, які, як кажуць, дзьме тут заўжды; вясною ён асабліва дужы. Чым бліжэй мы былі да гэтага міжгор’я тым цяжэй рабілася аленям, якія раз-у-раз прыпыняліся. Нашы павозкі пад напорам ветру нахіляліся, і здавалася, што вось-вось вецер іх пераверне. Вецер зрываў на павозках матэрыю, якою яны прыкрыты, біў у твар, і нельга было схавацца ад яго. З дзікім сьвістам ён нёсься, заляпляючы вочы, якія сьлязіліся. Твар гарэў; тая прылада, якая была ў маёй куклянцы, для таго, каб закрываць твар, не дапамагала. Яна ўся прамерзла, і ператварылася з мяккай хутры ў лёд. Калі, нарэшце, паказалася станцыя (Тоен-Тэрах), алені, ня гледзячы на сваю зморанасьць, пабеглі. Такі прывабны і мілы быў сноп іскраў, які вырываўся з коміну юрты, і які відаць быў здалёк. Так прыгожа было распрануцца і напіцца чаю перад гарэўшым камінкам.
    Цяпер дарога пайшла па рэчышчы р. Тумары, спускаючыся з Верхаянскага хрыбта. Алені беглі лёгка, пераскокваючы праз валуны. Але вось пачаліся месцы, дзе нядаўна на лёд выступіла вада. Гэта былі “наледзі”, якімі тут пакрываюцца рэчкі ў вялікія маразы, калі лёд трэскаецца і вада выступае праз шчыліны. Хутка ствараецца новы пласт лёду, дзе конь абавязкова праваліўся б, лёгкі алень сьлізгаецца і прабягае гэтыя месцы параўнаўча хутка і лёгка.
    Паступова пачалі паказвацца прыкметы, што мы выяжджаем з палярнага крута і ўяжджаем ў іншую паласу. Сьпярша панавала худасочная мадрына. Але вось пачаў сустракацца хмызьняковы кедр, схіліўшыся і быццам спаўшы на сьнезе. Мадрына стала буйнейшай. На адной са станцый я ўбачыў велічэзныя высокія мадрыны і таполі ў некалькі абхопаў таўшчыні і калі я спрабаваў абхваціць іх ствалы і ня змог, мяне ахапіла якаясьці дзіцячая радасьць. За р. Нэрай пачалі сустракацца паасобныя дробныя хвойкі. Ім я абрадаваўся, як старым прыяцелям, з якімі даўно ня бачыўся, На станцыі Сэген-Кель палярная прырода падарыла, быццам на разьвітаньне, яшчэ адной рэдкаю карцінай. Быў яскравы, сонечны, параўнаўча цёплы дзень. Праз небасхіл веерам праходзілі ледзь прыметныя перкаватыя воблакі. Наўкола сонца быў велічэзны круг з чатырма непраўдзівымі сонцамі, зьверху і зьнізу і з абудвых бакоў першага кругу было яшчэ чатыры кругі таксама з непраўдзівымі сонцамі. Ад бакавых непраўдзівых сонцаў праз усё неба, паралельна гарызонту, ішла стужка са слабымі вясёлкавымі адценьнямі, на ёй зьмяшчаліся яшчэ тры непраўдзівых сонцы: адно на поўначы і па адным на захадзе і ўсходзе. Такім чынам усяго было дванаццаць сонцаў, адно сапраўднае і 11 непраўдзівых.
    Наступнай станцыяй была станцыя Сарданах; на ёй мы разьвіталіся з аленямі. Хаця і прыемна было думаць, што далей ужо будзе спосаб перасоўваньня больш падобны на звычайны, але ўсе ж было шкада разьвітвацца з аленямі, якіх на поўначы нельга не цаніць: такая вялікая іх карысьць тут і такія яны прыгожыя.
    Хутка прышлося ўспомніць аб іх з вялікім жалем; хаця коні, якіх запрэглі ў нашы павозкі, былі досыць вялікія і па выглядзе дужыя, але везьлі дрэнна. Яны як быццам ня ўмеюць бегчы і ідуць увесь час крокам, робячы ня звыш 4 вёрст у гадзіну заўсёды застанаўліваючыся. Сумна было на іх ехаць — так хацелася хутчэй даехаць да Якуцку; і мароз і ўсе іншыя перашкоды дарогі пасьпелі добра надакучыць.
    Пераехаўшы Аланскі хрыбет, мы былі ўжо ў “краіне вазёр”, дзе іншая культура і іншы выгляд мясцовасьці. Мы то падымаліся на невялічкія прыгоркі, то спускаліся з іх. Між імі раз-у-раз пачалі пападацца вазёры. На схілах прыгоркаў рос ужо добры лес, і ўсё часьцей і часьцей пачалі сустракацца хвойкі і бярэзьнік, а потым і ельнік. Будоўлі станцый пачаліся простасьценныя, некаторыя былі сьветлыя і высокія. Самавары ўжо ня былі выпадковым зьявішчам. Якуты, што сустракаліся, былі больш рослыя, дужыя. Пачалі раз-у-раз сустракацца жыльлі якутаў, і, што асабліва радавала, прыкметы ральлі: везьлі салому, потым убачылі, як веялі хлеб. Нарэшце прыехаўшы на адну станцыю, я ўбачыў пад паветкаю сапраўдныя калёсы, колы якіх былі пакрыты жалезнымі шынамі. Як жа ж мяне ўзрадавалі гэтыя простыя калёсы! Яны казалі мне, што скончана тое бездарожжа, якое так прыгнятала, што краіна першабытных умоў ужо засталася з заду. І яшчэ больш захацелася хутчэй быць у знаёмых з дзяцінства абставінах, а коні ішлі так марудна! Але вось, праехаўшы яшчэ некалькі станцый, якія ўжо не ўяўлялі сабой адзінокіх юрт, а былі паселішчамі, мы падняліся на досыць высокую гору, на якой былі вялікія якуцкія могілкі з крыжамі, з дрэвамі, на якіх былі разьвешаны: анучы, конскае валосьсе і г. д., а потым спусьціліся на Лену, шырокую і магутную, але скаваную лёдам.
    Нашы коні увязьлі на наледзі, з якой выбрацца удалося ня хутка, заплаціўшы толькі тым, што нашы рэчы крыху падмоклі.
    Яшчэ трыццаць вёрст — і Якуцк. Я спусьціў верх сваёй павозкі і глядзеў ва ўсе вочы. За кожным узгоркам, за кожным ляском мне здаваўся Якуцк. Я ўсё запытваў фурмана і казака:
    — Далёка? А гэта не Якуцк?
    Нарэшце здалёк паказалася шэсьць агнёў. Гэта былі газакалільныя ліхтары, якія відаць здалёк. Ліхтары, ды такія яскравыя — гэта ўжо высокая ступень культуры, і яны прывязе мяне ў захапленьне. Нарэшце то, нарэшце!

    Але вось мы і на вуліцах Якуцку, па драўляных тратуарах ходзіць гарадзкая публіка. Стаяць дамы з вялікімі вокнамі і стрэхамі, некаторыя з дамоў — каменныя. Уздоўж вуліц ідуць тэлеграфныя дроты. Вось і будынак Якуцкага музэю, дзе жыве таварыш, у якога я рашыў застанавіцца. Адчыняюцца дзьверы, і я ў абставінах, сярод якіх адчуваю сябе ў сваіх камусах, куклянцы і заячых рукавіцах мядзьведзем, які залез з лесу ў гасьціную.
    Гэта было праз дзевяць сутак па выезьдзе з Верхаянску.

                                                                      ДАВЕДКА



    Віктар Паўлавіч Нагін (Ногин) /псэўданімы: М. Новоселов, П. Яблочков, Макар./ - нар. 2 (14) лютага 1878 г. у месьце Масква Расейская імпэрыі ў сям’і прыказчыка.
    У 1892 г. скончыў 4-х клясную вучэльню ў Калязіне Цьвярской губэрні. Ад 1893 г. рабочы на Багародзка-Глухаўскай тэкстыльнай мануфактуры ў Багародзку.
    У 1896 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе паступіў чаляднікам на фабрыку Паля (цяпер фабрыка імя В. П. Нагіна). Неўзабаве пачаў наведваць марксісцкія колкі. У 1897 г. ён быў адным з кіраўнікоў страйкаў на фабрыцы Паля, а ў 1898 г. на Сямёньнікаўскім заводзе.
    З 1898 г. чалец Санкт-пецярбурскай сацыял-дэмакратычнай групы “Працоўны сьцяг”. У сьнежні таго ж году быў упершыню арыштаваны і высланы пад галосны нагляд ў Палтаву, дзе ў 1900 г. увайшоў у групу садзейнічаньня бальшавіцкай газэце “Искра”.
    У жніўні 1900 г. уцёк ў Каралевец, а затым у Цюрых ды Лёндан, дзе далучыўся да ленінскай групы. Праз іскраўскую групу і зьвязаных з ёю кантрабандыстаў апынуўся ў Вільні і потым ў Санкт-Пецярбурзе, дзе быў арыштаваны ў 1901 г.
    Ад 30 жніўня 1902 г. па 13 красавіка 1903 г. адбываў ссылку ў с. Назарава Ачынскага павету Енісейскай губэрні, адкуль уцёк у Жэневу.
    Вясной 1903 г. зрабіўся агентам Арганізацыйнага камітэта па скліканьню II з’езда РСДРП, які адбыўся летам у Брусэлі, дзе ён далучыўся да бальшавікоў.
    У 1904 г. арыштаваны ў г. Мікалаеў. Адбываў зьняволеньне ў Мікалаеўскай ды Ломжінскай турме.
    У 1905 г. адбываў ссылку ў с. Кузамель на Кольскім паўвостраве, адкуль уцёк у Жэнэву.
    Вясной 1907 г. быў дэлегатам V з’езда РСДРП у Лёндане ад маскоўскай арганізацыі і быў абраны ў чальцы ЦК.
    У 1909-1910 гг. адзін з кіраўнікоў цэнтральнай партыйнай экспэдыцыі за мяжой (Ляйпцыг), трымаў сувязь з бальшавікамі Менска, Гародні, Вільні, дзе існавалі прыёмныя пункты нелегальнай літаратуры.
    У 1907 г. арыштаваны ў Маскве. У 1908 г. адбываў ссылку ў г. Бярозаў Табольскай губэрні, адкуль уцёк, але быў злоўлены ды дастаўлены ў Бярозаў, адкуль у 1909 г. ізноў уцёк у Парыж, дзе быў абраны кіраўніком Расейскага бюро ЦК.
    У 1910 г. арыштаваны у Маскве і адпраўлены ў ссылку ў г. Турынск Табольскай губэрні, адкуль уцёк у Тулу, дзе ў 1911 г. быў арыштаваны.
    12 сакавіка 1912 г. па 20 сакавіка 1914 г. знаходзіўся ў ссылцы у г. Верхаянску Якуцкай вобласьці, потым каля трох месяцаў жыў у г. Якуцку.
    З пачаткам Першай усясьветнай войны вядзе паражэнчаю прапаганду ў Саратаве, а з 1916 г. у Маскоўскай губэрні.
     Пасьля лютаўскіх падзей 1917 г. выяжджае ўжо легальна на фронт, прызываючы салдат павярнуць штыхі супраць собскага ўраду. Удзельнік 1-га зьезду ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту ў Менску.
    У красавіку 1917 г. на канфэрэнцыі РСДРП(б) разам з Каменевым і Рыкавым выступіў супроць “красавіцкіх тэзісаў” Леніна.
    У жніўні 1917 г. увайшоў у Часовы камітэт па барацьбе з контррэвалюцыяй.
    17 верасьня 1917 г. абраны старшынёй Маскоўскага Савета рабочых дэпутатаў.
    Пад час Кастрычніцкага перавароту кіраваў маскоўскім Часовым рэвалюцыйным камітэтам.
    У першым Савеце народных камісараў быў Наркомам па справах гандлю і прамысловасьці.
    4 лістапада 1917 разам з Каменевым, Зіноўевым і Рыкавым падпісаў заяву ва УЦВК у якой казалася аб неабходнасьці утварэньня сацыялістычнага ўрада са ўсіх “савецкіх” партыяў і пакінуў пасаду наркама.
    Але праз тры тыдні “прызнаў памылкі”. Займаў пасады камісара працы Маскоўскай вобласьці, а потым намесьніка наркама працы РСФСР.
    Памёр 24 траўня 1924 г. у Маскве (РСФСР, СССР) і быў пахаваны на Краснай плошчы ў брацкай магіле.
    У 1930 годзе г. Багародзк быў перайменаваны ў г. Нагінск. Вуліца імя Нагіна ёсьць у гарадах Гродна ды Петрыкаў Рэспубліцы Беларусь.
    Варвара Рукіна,
    Койданава.