суббота, 30 января 2016 г.

Кусенея Кучум. Антысаветчык Бардзілоўскі. Койданава. "Кальвіна". 2016.

    З пачаткам у 1941 годзе вайны СССР з Нямеччынай адпаведныя органы з посьпехам пачалі шукаць паўсюды прыхільнікаў Гітлера...
    5 чэрвеня 1943 г. УНКДБ па Молатоўскай вобласьці быў арыштаваны ураджэнец Саратаўскай вобласьці Фрыдрых Іёганесавіч Вэбер, які 29 чэрвеня 1943 г. паказаў, што ён, быўшы варожа настроены да існуючага ў СССР ладу, у пэрыяд Айчыннай вайны ўсталяваў сувязь па контррэвалюцыйнай працы з былым кулаком Бардзілоўскім і апошні быў залучаны для працы на германскую выведку. Бардзілоўскі стварыў на тэрыторыі Кізілаўскага раёна антысавецкую групу з кулацкіх элемэнтаў. У пэрыяд разьлютаваных бітваў пад Сталінградам Бардзілоўскі падрыхтаваў перакідку створанай ім антысавецкай групы (на заводзе № 185 імя М. Горкага) праз лінію фронту на бок немцаў для аказаньня ім дапамогі...
    29 чэрвеня 1943 г. Бардзілоўскі быў арыштаваны...
    Іосіф Сьцяпанавіч Бардзілоўскі (Бордзиловский, Бордзеловский) нар. у 1914 г. на х. Сады (в. Ждановічы) Лупалаўскага р-ну Магілёўскай вобласьці, беларус. У 1930 г. ён быў высланы разам з бацькамі як кулак на Ўрал. Быў востановлены у выбарчых правах, у 1939 г. скончыў Молатаўскі настаўніцкі інстытут (ня скончаная вышэйшая адукацыя). Пражываў у г. Кізел Молатаўскай вобласьці, тэхнік-геадэзіст у Кізілаўскім Гарвыканкаме. Жонка Бардзілоўская Лізавета Васільеўна, 1913 г. н., дачка Галіна, 1943 г. н.
    Неузабаве Бардзілоўскі паказаў, што пачаў працаваць на немцаў у лютым 1942 г., а завэрбаваў яго Сераброў і даручыў: разбурыць на Сухалесоўскай шахце горнае абсталяваньне і мэханізмы, арганізоўваць у брыгадзе так працу, каб вытворчае заданьне сыстэматычна не выконвалася, а таксама весьці антысавецкую працу сярод няўстойлівай часткі байцоў будкалённы як паражэнчага так і паклёпніцкага характару.
    Бардзілоўскі рабіў падрэзку рамянёў у транспарцёраў, не рабіў змазку мэханізмаў, не прымаў мер да ўстараненьня ненармальнай працы мэханізмаў, з-за чаго ў яго былі штодзённыя прастоі ў брыгадзе, мелі месца аварыі горных мэханізмаў. Байцам будкалённы №1654 ён даводзіў, што яны ўзяты ў будкалённу з-за таго што Савецкая ўлада ім не давярае баявую зброю, і заяўляў што Чырвоная Армія атрымае паразу і перамога будзе на боку Гітлера, бо нямецкае войска значна лепшае у баявым стаўленьні чым РСЧА.
    У другой палове сакавіка 1942 г. Бардзілоўскі працаваў на пагрузцы вугалю ў якасьці брыгадзіра шахты Сухалесаўская і ў 11 гадз. заўважыў што фармуецца састаў цягніка з гружаным вугалем. Тады ён сьвядома перавёў стрэлку і паравоз з дзьвюма плятформамі ўразаўся ў тупік, зьдзейсьніўшы крушэньне, машыніст і качагар атрымалі калецтва. За гэта Бардзілоўскі атрымаў ад немцаў грашовую ўзнагарода, каля 15 тысяч, праз Сераброва, а затым Нікалаева. У ліпені 1942 г. на чыгуначным перагоне Бардзілоўскі увечар расшрубаваў палатно, з-за чаго адбылося крушэньне паравоза і 18 вагонаў з вугалем, якое прынесла на 130.000 рублёў стратаў.
   Суд устанавіў, што Бардзілоўскі зьяўляючыся варожа настроеным супраць Савецкай улады, сыстэматычна паклёпнічаў і вёў контррэвалюцыйныя выказваньні паражэнчага характару. У жніўні 1941 г. заяўляў пра нерэнтабэльнасьць калгасаў. У жніўні і верасьні 1942 г. дамаўляўся з Вэбер Ф. І. пра пераход на бок немцаў, з намерам даць апошнім зьвесткі пра прамысловасьць разьмешчанай на Ўрале. Для забесьпячэньня сябе прадуктамі на дарогу меў намер выехаць у Губаху, дзе ўсталяваў сувязь са спэцпасяленцамі. Узімку 1942 г. паклёпнічаў на Савецкі Ўрад па пытаньні матэрыяльнага забесьпячэньня працоўных. Улетку 1943 г. выказваў намеры пра тое, што патрэбна паступіць у антысавецкую арганізацыю або стварыць такую. Віну сваю Бардзілоўскі цалкам прызнаў...
    18 сьнежня 1943 г. суд г. Молатаў па арт. 58-10 ч. II КК РСФСР засудзіў Іосіфа Бардзілоўскага да 10 гадоў пазбаўленьня волі і 3 гадам паразы ў правах.
    13 лістапада 1951 г. Бардзілоўскі быў прыняты лягпунктам № 7 Індляга. 6 студзеня 1953 г. ён быў накіраваны на паселішча ў Аймяконскі раён Якуцкай АССР. Ва Вусьць-Нэры ён быў завэрбаваны як агент “Басин” і 9 лютага 1954 г. паведаміў што на ўчастку № 3 капальні “Перамога” прымальнік золата Буламбаев скраў 100 гр. золата.
    12 красавіка 1956 г. Іосіф Бардзілоўскі быў вызвалены па Ўказе ад 3 траўня 1953 г.
    /Па матэрыялах асабістай справы/
    Кусенея Кучум,
    Койданава.